epub
 
падключыць
слоўнікі

Людміла Рублеўская

Аблога

Агні гараць на вежах. Вораг блізка.

Бывай, мой дружа! Нам не адстаяць

Ні дом, дзе мы гайдаліся ў калысках,

Ні храм, дзе нас хацелі адпяваць.

І колькі ні стаяць на гэтых сценах,

Зруйнуюць іх. Дарэмна ты - герой,

Бо ціха выпаўзае здрада з ценю

У час, калі патрэбны кожны вой.

Зруйнуюцца, згараць метал і дрэва,

Камень і шкло... Што застанецца нам?

Але што - сцены? Горад стане гневам,

І сэрцам стане зруйнаваны храм.

І мы і ў гэтым свеце, і ў наступны

Ідзём з любоўю да зямлі сваёй.

Гараць агні на вежах недаступных

Душы тваёй, душы маёй жывой.

 


2007?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая