epub
 
падключыць
слоўнікі

Людміла Рублеўская

Адзінка

Фантастычнае апавяданне

Вядзьмак сядзіць на лаўцы каля свайго пад'езда. У руках - кульбачка, твар - у цені вялізнага капелюша, ногі - у залапленых валёнках з галёшамі. Нават пад'ездныя п'яніцы даўно страцілі надзею займець ад гэтага глухога жабрака нейкую капейчыну - хоць выпрошвалі на «апахмелку» і ў скупечы-пракурора з першага паверха, і ў высокамаральнай піянерважатай - з пятага. Вядзьмак адсутным позіркам глядзіць у сціснутую шматпавярховікамі далеч, і бліскучыя зялёныя мухі грэюцца на ягоным шырокім капелюшы.

Хоць Вядзьмак можа вокамгненна зрабіцца падобным вось да таго бізнесмена, што вылазіць з перламутравага «мерседэса» ў швейцарскім плашчы, белай кашулі і гальштуку за пяць «баксаў»... Нічога не варта Ведзьмаку нарабіць сабе цэлы мех гэтых «баксаў» - як некалі рабіў залатыя дынары... Дык то ж было золата! А гэтыя паперкі... Цьху! Збяднеў свет, здрабнеў... І не адчувае больш Вядзьмак тае дзёрзкай, п'янкой прагі жыцця, якая штурхала яго на самыя неверагодныя ўчынкі і здзяйсненні і аднойчы аддала ва ўладу таго, чыё імя не называюць... Але гэты той, Уладар Цемры, нічога дарэмна не дае... Ён падзяліўся з Ведзьмаком сваёю ўладаю, але ўзамен пасяліў у яго душы пустэчу, страшную, халодную, безнадзейную... Якая ўсё пашыралася і пашыралася... І ўрэшце затапіла ўсю Ведзьмакову істоту... Улада заставалася. Але Вядзьмак ведаў: варта яму ўжыць яе - і ўзрасце смяротны холад у душы. І наблізіцца на адпаведную адлегласць Яна... Смерць...

Да смерці Вядзьмак ставіцца як чалавек з зубным болем да дантыста. З аднаго боку, ён ведае, што з візітам да доктара скончацца яго пакуты, але з другога боку, як мага далей адцягвае гэты візіт, баючыся новага непазбежнага і вострага болю... Як позна разумееш, што ў жыцці ўсё звязана і за ўсё трэба расплачвацца. Свет - сістэма спалучаных сасудаў. Калі адвяргаеш дабро, яго месца займае зло... А пасля, калі зло адступае, дабро, якое вернецца на сваё месца, будзе, як палючы агонь. І будзе паліць, пракаляць грэшную душу, пакуль не выпаліць дарэшты праказу зла, усе язвы і пухліны. А калі хвароба сталася невылечнай і метастазы зла працялі ўсю душу? Вечны агонь...

Вядзьмак прыплюшчвае выцвілыя вочы. Не, лепш сядзець пад ласкавым сонейкам на аблупленай лаўцы і адчуваць сябе жывым...

Да суседняга пад'езда зноў пад'язджае іншамарка. Стары павольна пераводзіць позірк на машыны, што выстраіліся ўзбоч дарогі. Поскудзь... Вядзьмак з бяссільнай злосцю і бясконцай нудою глядзіць на нумарную шыльдачку бліжэйшай машыны: «МІГ 99-99». Дзевяноста дзевяць - дзевяноста дзевяць... Нумар недастатковасці. Ведзьмаку страшэнна хочацца дадаць да яго адзінку. Ну што б ад гэтага змянілася ў свеце? Пракляты свет... Пракляты двор... Праклятая машына... Пракляты нумар... Як быццам нехта не прычыніў дзверы, і з вузкай шчыліны б'е агідны ледзяны скразняк, і вярэдзіць, і не дае адпачыць...

І Вядзьмак рашаецца. Намаганне волі нязначнае, як змірг - нават зялёныя мухі не ўзлятаюць з капелюша. І вось чорныя дзевяткі бліскучымі тлустымі п'яўкамі распростваюцца, змыкаюць галовы з хвастамі... Першая сціскаецца, скарачаецца... На акуратнай шыльдачцы - урачыстае і дасканалае 10-00. Але сіла, якая сышла ад Ведзьмака, застаялая, цёмная, няўрымсная сіла, не можа сканцэнтравацца і закончыцца ў адной - гэтай - кропцы... Як кругі ад кінутага ў ваду каменя, разыходзіцца яна па свеце і - да лічбаў нумароў усіх аўтамабіляў у свеце дадаецца адзінка... Усяго толькі адзінка... І ўсяго толькі на нумарах аўтамабіляў.

 

Ускраіна горада. Стандартны шматпавярховы мікрараён. Два міліцыянты спыняюць перламутравыя «мерседэсы». Дзень спякотны, і даішнікі выбралі месца непадалёк ад кіёска з квасам. Машыны праязджаюць рэдка, асабліва «мерседэсы». Нарэшце паказваецца адзін... Праўда, зусім не перламутравы.

- Ану, тармазнём...

Уладальнік машыны, лысаваты дзядзька ў сіняй майцы з надпісам «Мустанг» працягвае ўладарам дарогі адпаведныя дакументы.

- Звычайная праверка... Не хвалюйцеся, - малады даішнік абыякава разглядае дакументы, машыну... Раптам позірк яго ўсвідроўваецца ў тэхпашпарт так, што шафёр, яшчэ не ведаючы, што здарылася, напружваецца, як перад ударам.

- Не ваша машына...

- Прабачце... Тут нейкая памылка... Я на гэтай машыне ўжо чатыры гады езджу. Усе ведаюць... і дакументы...

- Вось-вось, дакументы... У тэхпашпарце стаіць нумар сорак дзевяць - дзевятнаццаць, а на машыне які?

Шафёр выскоквае з машыны і няўцямна аглядае сваё ўладанне: 50-20. Ён працірае вочы, кратае рукою нумар, аббягае вакол машыны... Але хіба можна паверыць у ягонае мармытанне пра хуліганаў, якія толькі што, на хаду, памянялі шыльды?

- Спадар міліцыянт! На маёй машыне толькі што хуліганы памянялі нумар! - а гэта ўжо голас збоку. Чырванатвары дзядзька ў кашулі-«каўбойцы», сапраўдны «шафяруга» з выгляду, ляціць да дарожных улад з-за кіёска з квасам... Старэйшы з даішнікаў інстынктыўна паварочваецца да службовай «тачкі»...

- Стась! Глянь на нумар нашай машыны! - міліцыянт чамусьці гаворыць шэптам, нібы баіцца наклікаць большыя няшчасці.

Праз паўгадзіны органы аховы правапарадку віруюць. Процьма затрыманых з-за падазрэння ва ўгоне, бясконцая колькасць заяў і тэлефонных званкоў пра хуліганскую змену нумароў... У атмасферы агульнай разгубленасці заўважаецца заканамернасць - цяперашнія лічбы нумароў на адзінку большыя за тыя, што былі на скрадзеных... Навіна ўзбударажвае вуліцы. Аўтааматары кідаюцца да гаражоў. Вартаўнікі аўтастаянак зачыняюцца ў службовых памяшканнях пад аховай сабак. Шафёры адмаўляюцца выязджаць з падмененымі нумарамі. Адразу некалькі рэлігійных сектаў аб'яўляюць, што таямнічая з'ява - знак канца свету, а дзве секты абвяшчаюць аўтамабілі інструментамі д'ябла, што вядуць да пагібелі ўсё чалавецтва. Ва ўлётках, якія раздаюцца на аўтобусных прыпынках і ў падземных пераходах, прыводзяцца жахлівыя факты пра аварыі на дарогах і страхотлівыя лічбы загінуўшых людзей... Там-сям успыхваюць вогнішчы, чуваць выбухі... Гэта самадзейныя інквізітары паляць «спараджэнні д'ябла». Транспартная сувязь перарываецца. Бо нянавісць, народжаная страхам і невядомасцю, перакідваецца на ні ў чым не павінныя тралейбусы, аўтобусы і трамваі... Уваходы ў метро кропяць свянцонай вадой і загароджваюць збітымі з дошак крыжамі.

Людзі кідаюцца ў крамы, на апошняе скупляюць прадукты, запалкі, мыла... Пасля ніхто нічога не купляе - а проста бярэ, што зможа. Уздоўж вуліц зеўраюць пабітыя вітрыны, сцелецца смярдзючы дым, чуюцца выбухі... Пад нагамі самотных прахожых храбусціць пабітае шкло, рассыпаныя крупы, нечыя акуляры...

Тое ж адбываецца ў іншых краінах. Больш-менш пазбеглі ўсеагульнага вар'яцтва адна Афрыка ды іншыя блаславёныя месцы, дзе тубыльцы звыклі перасоўвацца з дапамогай аленяў, вярблюдаў, ровараў ды тым жа спосабам, што і прабацька Адам...

Але той Час, якога ніхто не павінен ведаць, як сказана ў Бібліі, яшчэ не настаў. Складаны механізм быў сапсаваны недарэчным скрананнем аднаго шрубчыка... Вялікі Механік і Канструктар Сусвету прыбраў драбніцу, і зноў закруціліся ўсе колцы і спіралі, і Час Даданай Адзінкі быў адрэзаны і выкінуты з жыцця Сусвету, як выразаюць з магнітафоннай стужкі змяты кавалак. Стужка склейваецца, касета ўкладваецца ў магнітафон, націскаецца адпаведная клавіша...

Зло вярнулася ў кропку сыходу, як джын у бутэльку, непамерна памножанае, сканцэнтраванае і смертаноснае...

 

У двары шэрага пяціпавярховіка стаяць некалькі аўтамабіляў. Дзеці бегаюць каля іх, зазіраюць у бакавыя люстэркі... Маленькая дзяўчынка ў паласатых шортах выносіць з пад'езда вялікае вядро смецця, трымаючы абедзвюма рукамі чорнае пластмасавае восілка, дыбае ў бок смеццевых кантэйнераў... Высокі хударлявы алкаголік у пінжаку на голае цела спыняецца перад старым, які сядзіць на лаўцы перад пад'ездам у вялікім капелюшы, у валёнках з галёшамі...

- Слухай, стары, ну будзь ты хоць раз чалавекам... - бубніць п'яніца. - Ну дай хоць на піва... Я табе заўтра вярну, чуеш ты, пень стары?

П'яніца пхае старога ў плячо. Стары, як лялька, бокам валіцца на лаўку, капялюш коціцца па зямлі, і зялёныя мухі абурана кружацца над ім.

- Ё-маё... - перапалохана мармыча п'яніца, адступае назад, спатыкаецца аб кульбачку, якая выпала з рук старога, і таксама падае, разумеючы адно - гэты ўжо яму не пазычыць...


2007?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая