Вы жылі, паненкі-шыпшыны,
На маёй пакутнай зямлі.
Ад бацькоў, багатых і слынных,
Ад партрэтаў фамільных пыльных
У бядачкі-курсісткі йшлі.
Састрыгалі цяжкія косы,
Як адвечны жаночы шлях.
Не над пяльцамі - а над прозай
Дастаеўскага і Спінозы
Вы сядзелі па вечарах.
Як вы верылі, як любілі!
Як за любымі йшлі ў народ!
Толькі ў дзеўках часцей хадзілі
Ці ўміралі вы ад сухот.
І ў дзявочых танклявых пальцах
Скальпель цвёрды быў, як душа.
Толькі ў ятрасці пракламацый
Ды ў самоце падчас вакацый
Голас ваш цудоўны дрыжаў.
Вас цураліся нават блізкія,
І дзівіліся з вас віжы:
Што вам сілы давала выстаяць,
Польскі гонар у сэрцы вытравіць,
Беларускамі быць і жыць?
Перад вамі, бы прад святымі,
На калені хочацца ўстаць.
Хоць магілы вашы забылі,
Сэрцы вашыя маладыя
На шыпшыне вясной гараць.