Прабачце, паненка, у строях шляхетных, цнатлівых,
З бялюткім праборам у гладкіх, як лён, валасах.
Былі вы з гасцямі прыветнай, прыстойна-маўклівай.
І думка адна пра каханне навейвала страх.
А мне ўжо нічога ад вас не пакінулі воды,
Імклівыя воды старой радаводнай ракі.
Спадніцы крухмальныя сталі пялюшкамі потым,
Каўнер-самавяз памяняны на лыжку мукі.
І рукі, што ўмелі задумліва клавішы лашчыць,
І крыжыкам шыць, і лацінскія кніжкі гартаць,
Пасля навучыліся працы штодзённай, бяднячай,
І ўнукам нічога амаль не змаглі перадаць.
І я ці змагу на калені ў царкве апусціцца
Так проста і шчыра, ці маўзеру ў вока зірнуць
І, нат не збялеўшы, чужынцу шпурнуць завушніцы
І шлюбны пярсцёнак - а годнасці - не забяруць.
Прабачце, паненка у строгім шляхецкім убранні.
Я ведаю - вы не такой уяўлялі мяне.
Ды нейкую сувязь пакінула неба між намі,
Таму і вісіць ваш партрэт у мяне на сцяне,
Таму і складаюцца гэткія дзіўныя вершы,
Таму непамысна мне ў тлумных сучасных сяброў,
І дом мой заўсёды - як ціхая кутняя вежа,
І мову - адну выбіраю між роднасных моў.