epub
 
падключыць
слоўнікі

Макар Краўцоў

Раманс

Ціха спаў стары лес недалёчка,

На балоце кулік чыркацеў,

Той вясны была цёмная ночка,

Што не вернецца зноў, каб хацеў.

 

Хутка недзе схавалася вёска,

Ўсё гусцела й гусцела імгла;

Твая мілая, доўгая коска

Чорнай стужкай на плечы лягла.

 

Яшчэ зоркамі вочкі свяцілі.

Шчасце-моладасць грэла душу...

Тыя думкі, што нас засмуцілі,

Я дагэтуль, як шчасце, нашу.

 

«Нас нядоля ліхая злучыла,

І ў наплыве сляпога чуцця

Ўсю атруту пазнаць навучыла»...

Дый заплакала ты, як дзіця.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Было жудасна нам сярод ночы,

Лёд нядолі застыў каля нас.

Ты, як ангел, мне глянула ў вочы

І пачула: «Расстацца нам час»...

 

1918, Менск

 


1918

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая