epub
 
падключыць
слоўнікі

Макар Паслядовіч

З табою побач

Частка першая
  І
  ІІ
  ІІІ
  IV
  V
  VI
  VII
  VIII
  ІХ
  Х
  ХІ
  ХІІ
  ХІІІ
  XIV
  XV
  XVI
  XVII
  XVIII
Частка другая
  І
  ІІ
  ІІІ
  IV
  V
  VI
  VII
  VIII
  ІХ
  Х
  ХІ
  XII
  XIII
  XIV
Частка трэцяя
  І
  ІІ
  ІІІ
  IV
  V
  VI
  VII
  VIII
  ІХ
  Х
  ХІ
  XII
  XIII
  XIV
  XV
  XVI
  XVII
  XVIII
  XIX
  ХХ
  ХХІ
  XXII
  ХХІІІ


 

Частка першая

 

 

І

Антон Карніцкі не думаў выступаць на нарадзе. Седзячы ў прэзідыуме, ён толькі з цікавасцю аглядаў поўную залу людзей, занятых дакладам старшыні райвыканкома Фамы Гаўрылавіча Кісяля. Антон Сафронавіч наперад ведаў, што скажа Кісель пра вынікі веснавой сяўбы, пра падрыхтоўку да ўборкі, да зімы... Віктар Зыблюк, аграном райза, які сядзеў побач Карніцкага, часам аж уздрыгваў, калі Кісель замест «перспектывы» з націскам і натхненнем вымаўляў « перакспякціва ».

— А вы чаго хвалюецеся? — запытаўся Карніцкі ў Зыблюка, заўважыўшы яго чарговы нецярплівы рух.— Як надрукавана на машынцы, ён так і чытае.

— На машынцы надрукавана правільна! — запярэчыў у адчаі Зыблюк.— Я сам пісаў гэты даклад.

— Вы? — шчыра здзівіўся Карніцкі.— А што Кісель? Хіба, як я, інвалід? Пяра не можа трымаць?

Пасля жахлівага выбуху толавага зараду Антон Сафронавіч трохі недачуваў і з гэтай прычыны гаварыў досыць гучна. Таму на іх размову звярнулі ўвагу з залы, потым павярнуўся першы сакратар райкома Яўген Данілавіч Драпеза, які вёў нараду. Падняўшы ўгору палец, ён дакорліва паківаў галавою.

Зыблюк у момант адхіснуўся ад Карніцкага і зрабіў такі ўважлівы выгляд, нібы ён самы зацікаўлены слухач і цэніць кожнае слова прамоўцы.

Кісель тым часам гаварыў і гаварыў. Гэта былі нудныя, усім вядомая з раённай газеты лічбы і факты, без вывадаў, без абагульненняў. Аднастайны, манатонны звон кроплі з неахайна закручанага крана... Трэба было вывезці гною і торфу столькі-та тон, вывезена столькі-та. Пасеяць збожжавых і кармавых культур столькі-та гектараў, пасеяна столькі-та... Вядома, гэтага трошкі малавата для далейшага развіцця жывёлагадоўлі. Каровам, напрыклад, патрэбна поўная норма сена, поўная норма сакавітых кармоў, канцэнтратаў, а іх трошачкі не хапае... Праўда, у калгасе «Партызан», дзе старшынёю таварыш Карніцкі, хапае ўсяго... Там перакспякцівы...

«Невук халерны! — злосна зморшчыўся Карніцкі.— Дыназаўр! Не дзіўна, што ён праз меру баіцца гэтага прайдзісвета Галакі».

Нечаканасці заўсёды наводзяць паніку на абмежаваных людзей. Асабліва на тых, хто вельмі клапоціцца пра свой уласны спакой. Карніцкі не толькі не любіў гэткіх асоб, а нават ненавідзеў. Трэба сказаць, што яны той жа самай меркай плацілі і яму, Карніцкаму. Праўда, не адкрыта. У вочы яму ліслівілі, пахвальвалі за новыя і смелыя думкі, а ў душы жадалі ўсялякага ліха. «Ласкавае цялятка дзвюх матак ссе, а гордае — ніводнае»,— чуў часам Карніцкі любімую прымаўку Кісяля.

— У вашай прыказцы філасофія рабаўласнікаў,— не вытрымаў аднойчы Антон Сафронавіч.— У ёй няма нават намёку на чалавечую годнасць альбо народную мудрасць...

— А мы, братка, ніколі універсітэтаў не канчалі, каб філасофстваваць...— чамусьці з крыўдай адказаў тады Кісель.— Як гаварылі нашы бацькі, так і мы гаворым — па-простаму. І ў інстытутах не было калі вучыцца: рэвалюцыя, грамадзянская вайна, калектывізацыя, Айчынная вайна...

— За трыццаць пяць год савецкай улады можна было скончыць пяць інстытутаў, хто хацеў,— суха адрэзаў Карніцкі.

— А сеяць, жаць, малаціць хто будзе? — шчыра здзіўляўся Кісель, пазіраючы на Антона Сафронавіча, як на дзівака.— Хлеб, як і метал, аснова нашай эканомікі, а за ім ужо ідзе навука і культура. Так што, браток, няма чаго папікаць мяне старою філасофіяй. Тут галава ўся трашчыць, каб своечасова пасеяць і своечасова разлічыцца з дзяржавай.

Увосень, калі пачыналі працаваць палітшколы, Кісель абвяшчаў, што ён займаецца самастойна, і гэтым справа абмяжоўвалася. Потым разгортвалася падрыхтоўка да веснавой сяўбы, сяўба, уборка, хлебаздача, пасяджэнні, выезды ў калгасы, раённыя нарады, пленумы, дзе яму абавязкова трэба было выступаць, і Кісель забываўся, куды запхнуў падручнікі для самастойнай вучобы. У дадатак да дзяржаўных клопатаў былі клопаты і асабістыя. Час ад часу Домна Сцяпанаўна, жонка, турбавала яго заказамі на адрэзы з драпу і габардзіну, так патрэбныя дзвюм дочкам і сыну, загадамі даставіць сена для каровы, вобмешку для вепрукоў і ячмень альбо авёс індыкам і курам.

Кісялю не ставала часу нават прачытаць той ці іншы цікавы артыкул у газеце, за выключэннем тых выпадкаў, калі крытыкаваўся яго раён. Тады ён па некалькі разоў праглядаў гэты допіс і з крыўдай гаварыў:

— Ну, навошта так востра, што аж у вачах цёмна робіцца? Нібы мы наўмысля так зрабілі, нібы мы свядомыя неахайнікі? Мы, якія ваявалі за савецкую ўладу! Ды і хто крытыкуе! Недзе ён пад стол пешшу хадзіў, калі я ўжо старшынёю сельсавета быў. А цяпер яму і гэта не так і тое не гэтак. На табе, братка, мой партфель, пабачым, як ты пакіруеш.

— Ну што вы, Фама Гаўрылавіч! Чалавек піша праўду, аграном сам, ведае справу.

— Аграном! А чаму ён не мог зайсці ў райвыканком і сказаць, як камуніст камуністу, гэтую праўду ў вочы? Навошта займаць газеты, званіць на ўсю рэспубліку пра няскошаную атаву?

— Ён і гаварыў вам, але вы забыліся.

— Тут з такім народам і не на такое забудзешся. Трэба разумець, што ў нас не фабрыка, не завод, дзе табе ўсё і паднясуць і падвязуць, а ты ведай толькі адно — рабі... Мы хлебаробы. Усё ў нас залежыць ад надвор’я, ад нябеснай канцылярыі. А яна пакуль што нам не падпарадкавана. Ты хочаш сонца, а табе насылаюць адтуль дождж, халепу, галалёд. Ты разлічваеш на сто пудоў жыта, а вырастае толькі сорак. І хоць ты нема раві, на калені станавіся перад коласам, ён табе не павялічыць зярнят. Бывае і наадварот. Вырасце збажына на дзіва, густая, з важкім калоссем. Душа цешыцца, пазіраючы на яе. Не сто, а можа, сто пяцьдзесят пудоў з гектара! І што ж выходзіць? Наляціць перад самым жнівом навальніца з градам і ад краю ў край усё вымалаціць. Насення, і таго не вернеш. А нарыхтоўкі выконваць трэба? Каго тады за бокі возьмуць? Фаму Гаўрылавіча! І так возьмуць, што не ў галаве табе будзе універсітэт і палітшкола. Так што крытыкаваць лягчэй, чым кіраваць і адказваць. Я кладуся спаць, і мне нават у сне сніцца то папярэджанне, то вымова за няўпраўку. Вось што такое быць старшынёю райвыканкома ў вёсцы, быць хлебаробам!..

Антон Карніцкі, прыпамінаючы гэтыя размовы, паглядаў то на Кісяля, то на залу. Некаторыя з прысутных у зале пачыналі драмаць. Вочы ў многіх пасалавелі ўжо, але людзі яшчэ трымаліся, змагаючыся з магутным гіпнозам манатоннай прамовы.

А за высокімі вокнамі Дома культуры, у якім адбывалася нарада, тым часам ішло няспыннае жыццё. Прамчаўся грузавік з чырвоным прапашным трактарам у кузаве, паволі праехала фурманка са срабрыстымі малочнымі бітонамі і флегматычным сівабародым фурманам. Цыбатая шэрая індзюшка, якая нечага доўга тапталася каля ганка пашывачнай арцелі, раптам часта зацвыргала і павяла праз вуліцу, пад засень аброслых інеем ліп, свайго чырвонаносага кавалера. Прайшлі з партфелямі і палявымі сумкамі хлапчукі-школьнікі. На чыгуначнай станцыі час ад часу прарэзліва пасвіствала «кукушка». Неўзабаве з-за жоўтага дома дыстанцыі пуці, нібы з самога будынка, высунуліся спярша дзве светлыя бензінавыя цыстэрны, а за імі — чорны як жук манеўровы паравоз. Да пашывачнай арцелі пад’ехаў цёмна-зялёны «ГАЗ-56», развярнуўся і задам пачаў пасоўвацца ў двор. Са службовага ходу паказаліся дзяўчаты. Яны выносілі і кідалі ў кузаў вязанкі цёмна-сініх ватовак...

Усё ў дакладзе Кісяля было прывычнае, знаёмае. Карніцкаму здавалася, што такі даклад Кісяля ён чуў летась і пазалетась. Адны і тыя ж думкі, бадай адны і тыя ж лічбы, прозвішчы, з тою толькі розніцай, што Плінтус раней гаспадарыў у калгасе «Зара», а сёння ў «Чырвонай Дуброве». Апанас Галака, перадаўшы выбітыя дарогі і паламаныя масты другому чалавеку, асеў у калгасе «Зара». І цяпер, як і тыя разы, Карніцкаму хацелася хутчэй апынуцца ў сваім родным калгасе, на полі, куды тралююць торф і гной, альбо на ферме, каб сваім вокам бачыць, як ідзе работа.

Раптам у прамове Кісяля пачуліся нейкія жаллівыя ноткі. У зале чамусьці адразу ўстрапянуліся. Карніцкі павярнуўся ў бок старшыні райвыканкома. Дабратлівы твар Кісяля быў засмучаны і пакрыўджаны, здавалася, чалавеку нанеслі толькі што вялікую і незаслужаную знявагу.

— Цяпер я скажу трохі пра старшыню калгаса «Зара» таварыша Галаку. Вы яго ўсе ведаеце. Дык вот я пачуў, што ён прадаў пазаўчора з фермы ў прыватныя рукі свінаматку і дванаццаць парасят за тысячу рублёў, каб выплаціць сабе пенсію. А план па свінагадоўлі там не выкананы. Дык я пытаюся ў вас, да якога часу ў нас будуць прадаўжацца такія ненармальнасці? Нядобра, таварыш Галака, ты робіш! Няправільна!

Карніцкі моцна сцяў губы і дапытліва паглядзеў у той бок, дзе сядзеў Галака. Вочы ў апошняга былі прыжмураны, доўгі цяжкі нос ківаўся з боку ў бок, нібы вынюхваючы нешта ў паветры. Заўважыўшы на сабе позірк Карніцкага, Галака нахабна ўсміхнуўся.

Кісель нарэшце скончыў сваю прамову і, выціраючы хусткай шыю і шырокі потны лоб, пайшоў на сваё месца ў прэзідыуме. Яўген Данілавіч устаў і папрасіў, каб запісваліся для слова ў спрэчках. Нехта з залы крыкнуў, што трэба зрабіць перапынак. Яго падтрымала некалькі галасоў, і народ, не чакаючы рашэння прэзідыума, адразу паваліў на вуліцу.

— Абвяшчаецца перапынак на пятнаццаць хвілін,— запознена паведаміў Яўген Данілавіч.

Карніцкі падышоў да яго і запытаўся:

— Дасі слова ў спрэчках? Кароценькае, для даведкі?

— Калі ласка, можаш выступаць адразу пасля перапынку,— стомлена адказаў Яўген Данілавіч.

Учора ён быў на паляванні, увесь дзень ганяючыся па глыбокім снезе за дзікамі. Цяпер у яго ламала ногі, спіну, і ён вяла ставіўся да ўсяго навакольнага.

Да іх падышоў Кісель.

— Ну, як табе, таварыш Карніцкі, спадабаўся мой даклад? Бачыў, як закруціў носам Галака, калі я сказаў праўду? Ох, брат, не любяць некаторыя таварышы, калі ім гаворыш праўду у вочы! А гаварыць трэба. На тое і крытыка існуе.

— За такія справы трэба не крытыкаваць, а пад суд аддаваць,— жорстка прамовіў Карніцкі.— Адных, што разбазарваюць грамадскае дабро, другіх за тое, што ім патураюць.

Кісель збянтэжана развёў рукамі.

— Ну, брат, і сказаў жа ты...

Зала была ўжо амаль пустая. Людзі тоўпіліся на дварэ, сабраўшыся групкамі, пыхкаючы папяросамі. Да Карніцкага, калі ён выйшаў і спыніўся на ганку, рушыла Анна Мікалаеўна Рамашка, участковы аграном МТС. У белай ваўнянай хустцы, з лёгкімі зморшчыкамі каля вялікіх цёмных вачэй яна ўся аж свяцілася ад усмешкі. Карніцкі ступіў ёй насустрач і працягнуў левую руку для прывітання.

— Вы чулі, Антон Сафронавіч, што пра вас гавораць? — запраўляючы нейкім няўлоўна прыгожым рухам рукі пасярэбраную пасму цёмных валасоў пад хусту, прамовіла Анна Мікалаеўна.— Нібы вы пераманьваеце з суседніх калгасаў мужчын і хлопцаў. Некаторыя старшыні думаюць пісаць скаргу на вас у райком.

— Ну, гэтаму ўжо ніхто не паверыць,— усміхнуўся ў адказ Карніцкі.

— Чаму?

— Таму, што ўсе ведаюць мой цяжкі характар.

— Такое ў вас сапраўды ёсць... Але...

— Дык дзе ж тут логіка? — відаць, думаючы ў гэтую хвіліну пра нешта іншае, запытаўся Карніцкі.— Кісель сам мне неаднойчы гаварыў, што я не прыслухоўваюся да людзей і раблю, што мне задумаецца, што я — дэспат. Дык каму ёсць ахвота трапіць у такія рукі?

— І тым не менш людзі бягуць да вас. Нечым вы іх прынаджваеце.

— Ва ўсім вінаваты наш жаночы полк і працадзень. Вы самі, Анна Мікалаеўна, аднойчы сказалі, што ў нашым калгасе самыя прыгожыя дзяўчаты. Дык вось няхай гэтыя старшыні-балбатуны падаюць скаргу на іх, а не на мяне. Нікога з мужчын я не ўпрошваў і не прымушаў ісці ў наш калгас у прымы... А калі ўпрошваў і нават прымушаў да працы, дык што ж тут злачыннага? За злачынства я лічу кражу, круцельства, падман і, калі хочаце, нават бяздзейнасць.

У зале зазвінеў званок, абвяшчаючы аб сканчэнні перапынку. Старшыні, аграномы, дырэктары МТС і трактарысты не спяшаючыся пачалі падымацца на ганак. Міма Карніцкага і Анны Мікалаеўны, паводзячы носам з боку ў бок і зіркаючы заўсёды насцярожанымі вачамі, прайшоў Галака. Карніцкі пачакаў хвіліну і падхапіў Анну Мікалаеўну пад руку.

— Хочаце паслухаць маю ацэнку даклада? Хоць і нязручна выступаць першым, калі цябе абралі ў прэзідыум, але нічога не зробіш.

Анна Мікалаеўна, адчуўшы дотык моцнай мужчынскай рукі, уздрыганулася. Раптам прыпомнілася, ды не прыпомнілася, а паўстала, як жывое, сваё, здаецца, такое нядаўняе! Яна і Аркадзь. Такі ж моцны, такі ж шыракаплечы асілак, як і Карніцкі! Вядома, намнога маладзейшы за цяперашняга старшыню. І такі прыгожы, што калі яны праходзілі па вуліцы, на іх азіраліся і дзяўчаты і маладзіцы. Яна тады хмурылася ад гэтых позіркаў, якія здаваліся ёй нахабнымі, нават бессаромнымі... Бо скіраваны яны былі галоўным чынам на Аркадзя. Яна тады тулілася да яго шчыльней, нібы асцерагалася, што яго нечакана могуць ад яе перахапіць, адабраць. Ён у такую хвіліну здзіўлена паглядаў на яе сваімі блакітнымі вачамі, не разумеючы яе раптоўнага хвалявання. У іх ужо было двое дзяцей — Косцік і Слава, а яе трывога за Аркадзя не змяншалася...

І ўсё змяла і развеяла вайна!.. Мінула шмат часу, калі яна атрымала жахлівае паведамленне пра яго гераічную смерць, але і цяпер яна сярод начы прачыналася ад яго голасу, ад яго жывой усмешкі.

Карніцкі і Анна Мікалаеўна дайшлі да самай сцэны, як старшыня абвясціў, што слова мае Карніцкі. Карніцкі вызваліў сваю руку і ўзняўся на трыбуну. Усё ў зале сцішылася ў момант.

— Я, таварышы, хачу пагаварыць толькі пра адну вельмі цікавую справу. Гэта аб продажы Галакам свінаматкі і дванаццаці парасят. Усе мы ведаем гэтага чалавека. Мы яго сустракалі то фінагентам, то смалакурам, то загадчыкам райдараддзела. Мы ведаем, дзе ён і жыве: здалёку прыкметны яго пакрыты цынкавай бляхай даміна каля банка! Дай божа, каб такія хаты мелі ўсе нашы калгаснікі...

— Ты, брат, не вельмі стагні,— перапыніў Карніцкага Кісель.— У тваіх калгаснікаў ёсць хаты, пакрытыя і шыферам і цынкам.

Карніцкі скоса паглядзеў на Кісяля і нічога не адказаў на рэпліку.

— Та-ак,— прадаўжаў ён далей,— паслалі мы Галаку ўздымаць сельскую гаспадарку. Не ўзняў, думалі, раённую прамысловасць, дык, можа, ураджай яму будзе па сіле. Чалавек ён вяртлявы, вочы вострыя мае. Спярша ён расцягаў столь з фермы, каб абгарадзіць сад, а цяпер за сала ўзяўся. А наш старшыня райвыканкома толькі дакорліва ківае галавою, як бацька на шалапута-школьніка. І голас такі млявы: «Дык я ў вас, таварышы, пытаюся, да якога часу ў нас будуць прадаўжацца такія ненармальнасці?» Чулі, якім тонам было сказана? І пра каго сказана?! Пра што сказана?! Нібы няўважлівае дзіця згубіла звычайны аловак, які каштуе дваццаць восем капеек, а тата па-апякунску павучае: «Нядобра, сынок, робіш!» Дык жа тут, таварышы, не аловак, і Галака не малое дзіцянё. Гэта досыць бывалы тата. Некалі ў партызанах са сваім гаспадарчым узводам ён забяспечваў харчамі і вопраткай цэлы атрад! Калі захоча, ён можа дастаць бляхі не толькі на сваю хату, а і на ўвесь калгас, дзе ён старшынёю!

Анна Мікалаеўна, слухаючы Карніцкага, падлавіла сябе на думцы, што так, а не іначай, магла б сказаць і яна. Вядома, без гэтага бязлітаснага перадражнівання, без імітацыі голасу Кісяля. Яна ведала, што для Карніцкага не было меры ў ацэнках, калі чалавек рабіў не так, як павінен быў рабіць. Анна Мікалаеўна зірнула на Кісяля. Ён сядзеў хмуры, панураны.

— Я адкажу на сумнае запытанне таварыша Кісяля, да якога часу будуць прадаўжацца гэткія ненармальнасці,— пасля некаторай паўзы загаварыў Карніцкі далей.— Да таго часу, пакуль такія людзі, як, напрыклад, Галака, прыехаўшы ў калгас на працу, не пачнуць, у першую чаргу, выбіраць сабе месца на тамтэйшых могілках!

Дырэктар МТС Барысевіч, які сядзеў побач Анны Мікалаеўны, шумна зварухнуўся на сваім месцы і здзіўлена паціснуў плячамі. Яўген Данілавіч непакойліва і падазрона ўтаропіў свае вочы на Карніцкага: ці не звар’яцеў часам ён, дарваўшыся да трыбуны? Бываюць графаманы, якія нават не ўяўляюць, што яны вярзуць! Падманныя ідэі водзяць іх пяром па паперы, прымушаюць мянціць языком на сходзе. Людзі тады насцярожваюцца, як і цяпер вось у гэтай зале. У некаторых вачах відаць устрывожанасць, хваляванне, нават жаль. Здараецца, што ад вядомага, нават ад блізкага чалавека ты чакаеш праўды, разумнага слова парады, а ён табе ляпне такое, што няёмка нават слухаць. Калі Анна Мікалаеўна пачула апошнія словы Карніцкага, сэрца яе непрыемна сціснулася ад холаду. Яна азірнулася і паглядзела туды, дзе сядзеў Галака. Сярод мноства збянтэжаных, збітых з панталыку людзей рабаваты твар Галакі ўвесь зіхацеў ад злараднай ухмылкі. Ад гэтага яго нос выглядаў яшчэ больш шырокім і цяжэйшым. І раптам ухмылка знікла, і вочы, прытоеныя ў вузкіх шчылінах павекаў, пакруглелі, як толькі зноў пачуўся голас Карніцкага:

— Хутка будзе год, як мы параілі калгаснікам абраць Галаку за старшыню суседняга калгаса «Зара». А што змянілася там за гэты час? Ды нічога. Усё як стаяла на месцы, дык і стаіць. А чаму стаіць? Таму, што не было сапраўднага гаспадара, а толькі госць, дачнік, прыватная асоба, чужая да радасцей і гора людзей, якія хочуць жыць па-сапраўднаму, па-чалавечы. Здарыцца на ферме якая бяда, людзі бягуць да Галакі. А Галакі, першага дарадцы і кіраўніка, няма ў калгасе, ён за дваццаць кіламетраў жыве, у райцэнтры. За год не выбраў, небарака, часу перабрацца ў калгас. Народ глядзіць на Галаку, як на чужога чалавека, як на гастралёра. Я ведаў адну асобу, якая адразу пасля вызвалення Беларусі папрасіла, каб яе накіравалі на працу ў родны калгас. Усялякія там былі людзі, і сустрэлі гэтую асобу па-рознаму. Адны ўзрадаваліся, што чалавек не збаяўся руінаў і хоча памагчы хутчэй вылезці з зямлянак. Другія злараднічалі: пасядзіць год і ўцячэ. Што яму, адукаванаму, тут рабіць? Працуе гэтая асоба месяц, другі. Адны ёй памагаюць аднаўляць калгас, другія толькі плёткі пашыраюць. З’явіўся, кажуць, на нашу галаву камандзір, герой! Не такіх бачылі! Не такіх перажылі! І вось гэтая асоба аднойчы на праўленні выносіць прапанову абгарадзіць могілкі. Тут адразу пытанні: «Навошта гэта, дарагі таварыш?» — «А на тое,— адказвае,— калі я памру і мяне пахаваюць, дык няхай на маёй магіле не рыюцца свінні і не топчуцца каровы! Вось для чаго!..» І людзі правільна зразумелі душу свайго старшыні. Ён навек, значыць, звязаў свой лёс з іх лёсам. А Галаку што: душу ўсю сваю ён пакінуў у райцэнтры, а рукі запусціў у калгасную кішэню... Дык як жа можна задаваць такія пытанні, якія задае кіраўнік раёна? Тут трэба хутчэй званіць у міліцыю, у пракуратуру. Ратуйце, хлопцы, расцягваецца грамадская гаспадарка — аснова нашага ладу і дабрабыту людзей!

Гэта адно пытанне. Другое будзе аб працадні. І тут Галака павінен адказваць не менш, як і за разбазарванне. Можа, нават і не толькі ён, а і я як камуніст, таварыш Кісель і сакратар райкома Драпеза. «Ну, добра,— скажа таварыш Кісель,— калгас выконвае планы сяўбы і нарыхтовак, чаго ж ты хочаш?» А што там,— адкажу,— народ атрымлівае за сваю працу? Сорамна нават гаварыць! А гэта ж жывыя людзі, якія гадуюць дзяцей, нашу змену, нашу будучыню! Але што такім, як Кісель, наша будучыня! Што таварышу Кісялю да працадня! Для яго гэта пусты гук, які не кранае яго ўласнага дабрабыту. Асабіста я хацеў бы, каб за нізкі працадзень кіраўнік адказваў, як і за невыкананне дзяржаўных паставак. Тады б Галака не сядзеў бы па тры дні на тыдні пад сваім цынкавым дахам у райцэнтры, а таварыш Кісель не пытаўся б млявым голасам, да якога часу будуць прадаўжацца такія ненармальнасці. Вось і ўсё, пра што я не мог не сказаць.

У Анны Мікалаеўны нібы зваліўся з плеч цяжкі камень, калі яна пачула гром воплескаў. Асабліва моцна пляскалі ў тым баку, дзе сядзелі трактарысты і брыгадзіры трактарных і палявых брыгад. Анна Мікалаеўна перавяла позірк на Кісяля. Ён быў надзьмуты і нерухомы. Яўген Данілавіч павярнуўся да Карніцкага і нешта яму даводзіў, дакорліва ківаючы галавою. Карніцкі выслухаў яго і нецярпліва адмахнуўся рукою. Дырэктар МТС нахіліўся да Анны Мікалаеўны і шпарка прагаварыў:

— Усё гэта, вядома, правільна. Толькі Карніцкі абраў не тую аўдыторыю. Вось, каб на бюро райкома... ці на пленуме. Так падрываць аўтарытэт перад масамі...

— Сапраўдны аўтарытэт набываецца і трымаецца справай, а не балбатнёю,— адказала Анна Мікалаеўна.— Я згодна з тым, што сказаў Карніцкі.

 

ІІ

 

Калі быў абвешчан перапынак на абед, Яўген Данілавіч сказаў Кісялю, пакрыўджанаму выступленнем Карніцкага:

— Пойдзем да мяне. Пачастую цябе смажанымі лінямі.

— Дык жа мяне чакаюць дома.

— Папярэдзіш па тэлефоне, каб не чакалі,— параіў Яўген Данілавіч.

Яўгену Данілавічу таксама не спадабалася выступленне Карніцкага, але ён пакуль што не хацеў пра гэта гаварыць старшыні райвыканкома. Яўген Данілавіч ведаў, што Карніцкі недалюблівае і яго самога. Праўда, сакратар райкома не зусім быў здаволены прамовай Кісяля. Найбольш яму не спадабалася гэта чортавая «перакспякціва». А варта было Кісялю больш уважліва прачытаць гэтае слова, каб вымаўляць яго правільна. Вінаваты тут быў і аграном Зыблюк: ведае чалавек, што ў Кісяля нелады з мовай, і ўсё ж, як наўмысля, крута пасаліў даклад гэтай «перакспякцівай». Добра яшчэ, што прыдзірлівы Карніцкі задаволіўся толькі адным тонам прамовы і не выставіў на пасмешышча дзікую бязграматнасць Кісяля.

Аднак, нягледзячы на гэта, у душы Яўгена Данілавіча расла нездаволенасць Карніцкім. Вельмі шмат чаго дазваляе сабе радавы старшыня калгаса! Сёння ён перадражніў Кісяля, а заўтра прычэпіцца і да яго самога, Яўгена Данілавіча — першага сакратара райкома. Ужо сёння Карніцкі зрабіў досыць празрысты намёк аб адказнасці за нізкі ўраджай і працадзень у многіх калгасах раёна.

Балбатаць, вядома, лягчэй, чым рабіць. Некалі ён, Яўген Данілавіч, таксама думаў хапаць зоркі з неба. Але мары — адно, а сапраўднасць — другое. Непрыемнасці часта налятаюць на цябе найбольш з таго боку, адкуль іх не чакаеш. Ніводны чалавек у свеце не хоча, каб яго лаялі, нават злодзей, прайдзісвет, нават гультай. Добра Карніцкаму балбатаць, ну, крытыкаваць, калі ў яго адзін толькі калгас. Тут, на невялічкай тэрыторыі, якая праглядаецца з краю ў край, вядома, можна кіраваць. А калі ты адказваеш не за адзін, а за ўсе калгасы? Калі ў многіх з іх старшыні не такія, як бы табе хацелася, калі ўсюды не хапае людзей? Узяць, напрыклад, такую рэч, як дарогі. У раёне няма ніводнага кіламетра, па якім можна б было праехаць з хуткасцю ў сорак кіламетраў. То выбоіны і размытыя грэблі, то трухлявыя масты. Дарожны аддзел пры райвыканкоме — адна фікцыя, зарплата яго работнікам — выкіданне дзяржаўных грошай на вецер. Можна іх за гэта крытыкаваць, але што гэта паможа справе? Калгасы на рамонт дарог людзей не даюць, бо ў іх саміх не стае, каб управіцца з сяўбою і ўборкай. Больш таго, каб не рабочыя з горада, не служачыя, не студэнты і школьнікі,— ой, колькі б бульбы зімавала на полі! І хто тут вінаваты, калі гаварыць праўду? Ніхто! А каго б’юць за дрэнныя дарогі? — Сакратара райкома. І за што яго толькі не б’юць! За сяўбу і ўборку, за лесанарыхтоўкі і мясапастаўкі, за сіласаванне і ўтыльсыравіну, за дрэнную падпіску на газеты і парушэнне рэвалюцыйнай законнасці, за нізкія надоі малака! Было і такое, калі нехта трахануў толам плёс на рэчцы, і ў рэдакцыю адной з газет паляцела пісьмо, што ў раёне няма барацьбы з браканьерствам. Вінаваты сакратар райкома Яўген Данілавіч. Было нават некалькі злых пісем, нібыта для Яўгена Данілавіча таксама законы не пісаны — любіць ён пацешыць сябе паляваннем на слонак і глушцоў у недазволены час. Добра яшчэ, што пра казла ніхто не вякнуў!

Таму не дзіва, калі даводзіцца часам ужыць і крутое, салёнае слова. Праўда, не заўсёды, але яно адно памагае лепш, чым цэлыя лекцыі на выхаваўчую тэму. Адзін толькі Карніцкі сустрэў у штыкі такі метад размовы з сабою. Было тое вясною, Яўген Данілавіч дачуўся, што гэты шалёны старшыня самавольна скараціў плошчу пад авёс і ячмень і павялічыў плошчу пад лён. Пачуўшы пра гэтае самаўпраўства, Яўген Данілавіч загадаў неадкладна выклікаць Карніцкага ў райком.

— Ты што ж, у госпада бога, крышыш дзяржаўныя планы? Што, абрыдзела мець пры сабе партыйны білет? Дык я пакладу яго ў незгаральную шафу, як рабіў ужо не раз з такімі разумнымі, як ты. Бач яго, знайшоўся наватар! Што, адным ільнасемем будзеш выконваць збожжапастаўкі? Дык запомні навек: нічога з гэтага не выйдзе!..

Яўген Данілавіч бачыў, як раптам збялеў твар Карніцкага, нібыта ў ім не засталося ніводнай крывінкі. Толькі неяк дзіка пакруглелі і зрабіліся яшчэ больш сінімі вочы. Цяжка ўстаўшы з крэсла, ён загаварыў глуха, відаць, ледзь стрымліваючы самога сябе:

— Дарэмна ты, Яўген Данілавіч, выхваляешся сваёй лаянкай. За вайну я таксама прайшоў некаторыя курсы па гэтай справе. Павер, што самыя разбэшчаныя хуліганы пальчыкі аблізалі б, каб я перадаў ім адпаведны набор скаромных слоў. Не прымушай, каб я выкарыстаў іх супроць цябе. Я не хачу гэтага рабіць. Навошта? Розуму ад гэтага ў мяне не пабольшае, як яго не пабольшае ў цябе... Адно я табе параю: перш чым што-небудзь сказаць, трэба раней падумаць... А наконт змены планаў сяўбы, дык я пра гэта ўжо гаварыў на пленуме райкома. Будзь пэўны, што я ад іх не адступлюся. Бывай здароў і раз назаўсёды запомні: размаўляць са мною пры дапамозе мата я нікому не дазволю.

— Ты таксама не святы! — крыкнуў Яўген Данілавіч наўздагон Карніцкаму.— А наконт самаўпраўства з планамі мы яшчэ пагаворым на бюро. Чуеш?

Карніцкі нічога на гэта не адказаў, нават не прыпыніў кроку. Моўчкі штурхануў адзінай левай рукою дзверы і знік у іх, упарты і натапыраны.

Упартасць, самастойнасць былі якраз тымі самымі чалавечымі якасцямі, якіх не любіў Яўген Данілавіч. Такіх людзей ніколі не пераканаеш, яны цябе ніколі не паслухаюцца. Асабліва жорсткімі і натапыранымі сталі яны пасля вераснёўскага Пленума ЦК... Многія з іх прыехалі ў калгасы амаль на гатовенькае: людзі ўжо даўно забыліся, калі павылазілі з зямлянак, набудавалі канюшань, кароўнікаў, свінарнікаў, на фермах тысячы галоў жывёлы, у МТС замест пяці-шасці старых партызанскіх трактараў — па сорак, па пяцьдзесят новенькіх машын. Райцэнтр ператварыўся са зруйнаванага вайною мястэчка ў прыгожы гарадок. З Домам культуры, магазінамі, прамкамбінатамі, лазняй. Ды што там казаць: адных электрастанцый пабудавана ў гарадку аж шэсць! Яны ёсць у прамкамбінаце, у заготзбожжы, у дыстанцыі пуці. Нават у рэдакцыі райгазеты свая ўласная электрастанцыя! А што тут было, калі ён, Яўген Данілавіч, вярнуўся з лесу? Пустыня Сахара! Трэба было ўсё пачынаць нанава. Што ж, і пачалі, і зрабілі. Начэй недасыпалі. А цяпер многія, асабліва прыезджыя, насамі круцяць. І тое ім не гэтак, і гэтае не так. Чэпяцца да кожнага твайго слова... Як гэты аднарукі чорт Карніцкі прычапіўся сёння да выступлення Кісяля. Бачыце, яму не спадабалася, якім тонам было сказана пра махінацыю Галакі. Хоць і ў прэзідыум абралі, а ўсё роўна не вытрываў! Усё роўна язык свярбіць, зараза!..

Яўген Данілавіч і Кісель, думаючы кожны сваё, дайшлі да шчыльнай і высокай дашчанай агарожы. Яўген Данілавіч піхнуў пафарбаваную ў зялёны колер брамку і прапусціў наперад Кісяля. Абодвум, як толькі яны ўвайшлі на двор, адразу кінулася на вочы мітусня ў паветцы. Чорна-белы сетэр Джэк, то прыпадаючы на пярэднія лапы, то раптам ускокваючы і прымаючы дурасліва-грозную позу, глуха пагыркваючы, вёў атаку на прывязанага там дзікага казла Давіда. Праўда, Давіда не асабліва хвалявалі гэтыя дзяціныя забавы яго сябра. Спакойна стоячы задам да сцяны, ён час ад часу паволі выгінаў высокую тонкую шыю і намерваўся на Джэка то адным, то другім рогам.

— Туба, Джэк! — раздражнена крыкнуў Яўген Данілавіч.— Туба!

Джэк толькі на момант азірнуўся, прывітальна павіляў гаспадару калматым хвастом і яшчэ больш зацята аднавіў атакі на Давіда.

— Неслух твой Джэк,— стомлена і дакорліва прамовіў Кісель.— Учора як прычапіўся да індыкоў, дык ледзьве Домна Сцяпанаўна яго адагнала. Мусіць, падумаў, дурніца, што натрапіў на глушцоў.

— Джэк! — ужо злосна, увесь наліваючыся чырванню, крыкнуў Яўген Данілавіч.— Джэк!

Сетэр адразу аціх і, падтуліўшы хвост, адышоў ад казла. Яўген Данілавіч панура рушыў на ганак.

У пярэдняй яго і Кісяля сустрэла жонка, Вера Васільеўна, яшчэ не старая жанчына. Коратка і дапытліва зірнуўшы на Яўгена Данілавіча цёмна-карымі вачамі, яна праспявала:

— Што там за шум вы ўзнялі на дварэ?

Яўген Данілавіч нездаволена паморшчыўся.

— Яшчэ пытаецца, што за шум. Гэты разбойнік зноў напаў на Давіда. А ты сядзіш у хаце і не чуеш.

— Ну, так, мне вельмі стае часу мірыць тваіх казлоў і сабак,— усміхаючыся Кісялю, адказала Вера Васільеўна.— Ды і не такі Давід, каб даваць сябе ў крыўду. Няма чаго за яго баяцца. Калі ён не на прывязі, Джэк і не адважыцца да яго падступіцца.

Яна адразу перамяніла гаворку і, звяртаючыся да аднаго Кісяля, зацікаўлена запыталася:

— Ну, як там, Фама Гаўрылавіч, сустрэлі ваш даклад? Шмат было пытанняў?

— Як звычайна, Вера Васільеўна,— выціраючы клятчастай хусцінкай потны твар і крыху палыселую галаву, прамовіў Кісель.— Пытанняў, можна сказаць, і не было. Адразу перайшлі да спрэчак.

— Карніцкі выступаў? Ён прыехаў?

— Не, ён выступаў, не прыехаўшы,— заспяшаўся Яўген Данілавіч.— Пытаецца, як сляпая дарогі. Хіба ты Карніцкага не ведаеш? Яму пачапі на рот замок, дык ён аблае чалавека адным сваім позіркам.

— Калі варта, дык і палаяць не пашкодзіць,— нецярпліва адмахнулася ад мужа рукою Вера Васільеўна.— І пра што ж ён гаварыў?

— Пра ўсё, што яму не падабаецца,— замест Кісяля нехаця адказаў Яўген Данілавіч.— Ты, Верачка, памылілася, калі выбірала прафесію. Табе не настаўніцай быць, а следчым па асоба важных справах. Давай вось лепш, што там у цябе ёсць, на стол. Не мучай Фаму і мяне голадам.

— Ага,— успомніў цяпер нешта Фама Гаўрылавіч, што, разам з крыўдай на Карніцкага, круцілася ў яго галаве,— мне трэба пазваніць дадому, каб не чакалі.

Ён прайшоў у кабінет Яўгена Данілавіча і папрасіў тэлефаністку пошты злучыць яго з кватэрай.

Вера Васільеўна ў часе абеду зноў была распачала гаворку пра выступленне Карніцкага, але абодва мужчыны адказвалі ёй нехаця, а Яўген Данілавіч нават зазлаваў. Звяртаючыся нібы да аднаго толькі Кісяля, прамовіў здзіўлена:

— Ведаеш, Фама, не разумею я гэтай бабскай прыроды. Мне здаецца, жанчын цікавіць толькі самае незвычайнае, самае скандальнае, што можа быць на свеце. І так яны трымаюцца ў прысутнасці мужчын. А што ж яны гавораць, калі збяруцца адны!

— Тое, што і з вамі,— адказала Вера Васільеўна.— А што датычыцца скандальных гісторый, дык мужчыны іх таксама не абыходзяць сваёй увагай. Раманы і п’есы на гэтую тэму яшчэ, на жаль, знаходзяць сабе прыхільнікаў у роўнай ступені як сярод нас, так і сярод вас. Успомніце, з якім смакам вы балбаталі, калі да Карніцкага прыязджала яго першая жонка. Як нецярпліва вы чакалі скандалу і як расчараваліся, калі ўсё абышлося ціха.

— Гэта яшчэ невядома, хто найбольш хваляваўся тады: вы ці мы,— запярэчыў Яўген Данілавіч.

— І невядома яшчэ, як яно пойдзе далей,— набіраючы кончыкам нажа соль з сальніцы, умяшаўся ў спрэчку Фама Гаўрылавіч.— Вось вам і герой ваш: кінуў у Маскве сваю сям’ю — жонку, дзяцей, і з’ехаў за божы свет. А што, каб так зрабіў, скажам, Яўген Данілавіч альбо, напрыклад, я? А-а? Што б вы, нашы жонкі, тады сказалі?

Вера Васільеўна спачувальна паглядзела на Кісяля.

— Ну, гэтага, дапусцім, ні вы, Фама Гаўрылавіч, ні Жэня не адважыцеся зрабіць. Для гэтага трэба мець асаблівы характар.

— А што ж тут асаблівага? — гучна чаўкаючы, шчыра здзівіўся Кісель.— Кінуў адну і запісаўся з другою. За такое геройства біць трэба, а не выхваляць яго! Каб, скажам, які свістунок, а то — бывалы чалавек, тата. Не, нездарма кажа народная прымаўка: сівізна ў бараду, а нячысты ў рабро. Вось які ён, ваш Карніцкі!

— Дарэмна ты, Фама, увязваешся з ёю ў спрэчку,— думаючы нешта сваё, параіў Яўген Данілавіч.— У маёй Веры Васільеўны характар настойлівы. Прыблізна такі, як і ў Карніцкага: ты ёй адно, а яна табе другое. І ніколі не паўторыць за табою: так, правільна, Жэня, ці які там д’ябал. Яна ўсё ведае, усё для яе ясна.

— Ты вельмі памыляешся! — запярэчыла Вера Васільеўна.— Для мяне, напрыклад, няясна, чаго вы так баіцеся вопыту Карніцкага, нават яго самога. Чаму вы не стараецеся, каб таварышы, якіх вы паслалі ў калгасы пасля вераснёўскага Пленума ЦК, перасяліліся туды з сем’ямі? Многія з іх палову рабочага тыдня туляюцца каля сваіх сядзіб у гарадку.

— А каго ты да нарады бачыла, каб туляўся ў райцэнтры? — насцярогся Яўген Данілавіч.

— Ды многіх,— нехаця ўжо адказала Вера Васільеўна.— І пракурора, і кіраўніка банка, і загадчыка чайной. Нібы іх і не пасылалі ў калгасы... Адна іх нага там, другая тут...

— Ну і паскуднікі! — вылаяўся Фама Гаўрылавіч.— Ні сумлення ў іх няма, ні сораму. Праз іх і нам галаву намыляць.

— Пакуль нам, дык я першы прывяду ў норму гэтых дачнікаў.

— Шынкевіч таксама добрая цаца! — падчэпліваючы відэльцам сакавітую бакавіну ліня, абурана прадаўжаў Фама Гаўрылавіч.— Вельмі ўжо любіць, як і Карніцкі, павучаць другіх. То яму не так зрабіў, то няправільна слова вымавіў. І адно ў нас робіцца не па-людску, і другое павінна быць лепшым. А сам як заваліцца ў калгас, дык за ім тэлеграмы-маланкі трэба пасылаць, каб вярнуўся ў райком. Па тыднях там сядзіць і філасофствуе з брыгадзірамі, пастухамі і дзецьмі. Тут за адзін дзень чатыры калгасы аблятаеш і то не спраўляешся ўсё дапільнаваць...

— Так, Шынкевіч яшчэ не разумее, што такое адказнасць,— чамусьці задуменна прамовіў Яўген Данілавіч.— Ён абураецца, што мы трымаем на пасадзе старшыні Апанаса Галаку. А паспрабуй пакінуць Галаку без адказнай работы! Ды ён тады пачне пісаць паклёпы і ў Мінск і ў Маскву! І адказваць, важдацца з усім гэтым трэба будзе мне, а не другому сакратару Шынкевічу...

 

ІІІ

Другому сакратару райкома Раману Шынкевічу сапраўды не сядзелася ў райкоме. Трэба сказаць, што Яўген Данілавіч яго і не асабліва затрымліваў тут. Многа было пытанняў, па якіх яны, як кажуць, не сышліся характарамі. Пачалося з таго, што Шынкевіч, неўзабаве пасля прыезду ў раён, зайшоў у кабінет Драпезы з перадавіцай «Правды». Там досыць жорстка крытыкаваліся вобласці і раёны, якія адставалі з падрыхтоўкай да веснавой сяўбы.

Яўген Данілавіч стаяў за сваім пісьмовым сталом. Левая рука Драпезы была ў кішэні, праваю ён трымаў тэлефонную трубку. Гэта была верная прыкмета дрэннага настрою Яўгена Данілавіча. Інакш бы ён слухаў седзячы і пагладжваў левай рукою раскладзеныя на стале паперы ці газеты.

— ...Чакай, чакай,— пасля некаторага маўчання пачаў Яўген Данілавіч.— Ты мне там пушкі не залівай пра валёнкі і галалёд. Зразумеў? Калі праз два дні лес не будзе вывезены, пехатою даставіш у райком партыйны білет. Зразумеў?

Трубка з грукатам лягла на вілку настольнага апарата.

— Лялькі чортавыя! — коратка, неяк скоса зірнуўшы на Шынкевіча, вылаяўся Драпеза.— Калі салдата пасылаюць у бой, ён ніколі не адмаўляецца, апраўдваючыся тым, што ў яго няма патронаў альбо стапталіся падэшвы. А тут падавай ім валёнкі і вухналі...

— Перш чым падаць каманду да атакі, руплівы камандзір праверыць, ці ёсць з чым у салдата ісці ў бой,— усміхнуўся Шынкевіч.— Голымі рукамі не вельмі цяпер паваюеш.

— Добра, добра,— паморшчыўся Драпеза.— Трошкі ведаем і ваенную справу... Ну, што там у цябе?

— Чытаў, Яўген Данілавіч? — працягваючы Драпезу газету, запытаўся Шынкевіч.— Здорава нас тут крытыкуюць.

— Нас? — голас Драпезы адразу зрабіўся трывожным, а карыя вочы замітусіліся.— Як жа я прапусціў. Зноў за лесанарыхтоўкі, а-а?

— Не. За дрэнную падрыхтоўку да сяўбы.

— Фу ты, чорт! — усё больш хвалюючыся, выдыхнуў Драпеза.— Ды ты сядай, Раман Пятровіч. Прачытаем і абмяркуем, што нам рабіць. Дзе тут нас лаюць?

Шынкевіч моўчкі паказаў на перадавіцу і сеў насупраць Драпезы. Драпеза напружана, абапёршыся локцямі на стол, пачаў чытаць. Чытаў ён, варушачы, як школьнік, губамі. І ў гэтым было нешта па-дзіцячаму наіўнае. З выгляду ён яшчэ быў малайчына, не зважаючы на свае пяцьдзесят пяць год. Драпеза лёгка садзіўся і ўставаў, не ў прыклад Кісялю, у якога ўсё крактала і стагнала. Можа, таму што Драпеза быў у раёне самым заядлым паляўнічым і сяды-тады выязджаў на рыбалку, у той час як Кісель хваравіта моршчыўся ад думкі, што яму давядзецца хоць адну ноч паспаць не ў сваёй пасцелі. Сапраўднай трагедыяй для старшыні райвыканкома было і недаспаць якую гадзіну да нормы. Ён тады ўвесь дзень каму трэба і каму не трэба скардзіўся на сваё здароўе, а раённыя зласмешнікі не праміналі гэтага пры сустрэчы адзін з адным:

— Чуў, брат, пра страшную аварыю? Фама Гаўрылавіч недаспаў сёння пяць цэлых і пяць дзесятых хвіліны! Цяпер пайшоў у больніцу пытацца, што яму трэба рабіць...

Драпеза, наадварот, мог недаспаць і дзве і тры гадзіны, мог ад ранку да вечара мясіць глыбокі снег са стрэльбай, даганяючы паднятага сабакамі ікластага дзіка. Варта было каму-небудзь з паляўнічых ціхенька пастукаць сярод ночы Яўгену Данілавічу ў акно і сказаць, што статак свіней знаходзіцца ў тым ці іншым месцы, як сакратар райкома лёгка расставаўся з цяплом і ўтульнасцю сваёй спальні і імчаўся на «Пабедзе» ў самыя дальнія мясціны.

Шынкевічу нават здавалася, што Яўген Данілавіч зусім не пастарэў за апошнія дзесяць год. Такі ж самы рухавы і сухаваты твар, кароткі і крыху касаваты позірк вачэй запомніўся Шынкевічу і ў штабной партызанскай зямлянцы ў 1942 годзе. Тады Шынкевіч, у той час камандзір падрыўной групы, лічыў, што ўсе ў брыгадзе маглі памыляцца, маглі сказаць якую-небудзь недарэчнасць, толькі не камбрыг Драпеза. Здавалася, усё, што ёй гаварыў ці рабіў, у яго было загадзя абдумана і разлічана, нават крута пасоленае слова, калі хто рабіў не так, як трэба. Партызаны яго любілі і паважалі, асабліва за яго адносіны да раненых. Для іх ён не шкадаваў аддаць свой апошні кавалак хлеба, сваю апошнюю пару бялізны, апошнюю папяросу.

Праўда, у той час Шынкевіч заўважыў у характары Драпезы адну асаблівасць, якой не надаў пэўнага значэння і якая праявілася найбольш яскрава ў дні аднаўлення...

Цяпер Драпеза, скончыўшы чытаць, шумна і глыбока задыхаў, як плывец, што з апошніх сіл дабраўся, нарэшце, да запаветнага берага. Потым скупая ўсмешка азначылася на яго твары.

— Ну і жартаўнік жа ты, Раман Пятровіч! У мяне спачатку нават у грудзях пахаладзела. Толькі ўсыпалі нам за лесанарыхтоўкі, а тут — на табе — ужо лупцуюць за веснавую сяўбу. Прачытаў і супакоіўся. Ніводнага слоўца пра наш раён.

— А факты?

— Што факты?

— Такія, як і ў нас.

— Ну і што з таго? — Драпеза пазіраў ужо на Шынкевіча паблажліва, як глядзіць дарослы на малое дзіця, калі яно памылілася.— Будзь пэўны, каб у нас было дрэнна з падрыхтоўкай да сяўбы, дык бы не пасаромеліся назваць не толькі раён, але і тваё і маё прозвішчы. І ў абком не забыліся б паклікаць! Але пакуль што няма для гэтага прычын. За дваццатае месца ў рэспубліканскай зводцы яшчэ нікога не лаялі. У першую чаргу, Раман Пятровіч, трэба выпраўляць тое, за што б’юць.

Драпеза быў ужо спакойны, і ў апошніх словах чуліся нават павучальныя ноткі чалавека бывалага і спрактыкаванага. Позірк, здавалася, гаварыў Шынкевічу: «Ты, брат, яшчэ дзіця ў такіх справах! Партыйная школа і універсітэт, якія ты скончыў, гэта далёка не тое, што самастойная практычная работа на працягу многіх год. Ні ў адным падручніку не вычытаеш такіх рэцэптаў, якія табе дае практыка. Ёсць работнікі, якім ты хоць сто лекцый прачытай пра свядомыя адносіны да працы, хоць сто фільмаў ім пакажы,— даручанае ім заданне не зрушаць з месца, пакуль не прыгрозіш персанальнай справай. І трэба сказаць, памагае. Непавароткі чалавек робіцца тады жвавым, як уюн на гарачай патэльні, ён табе тады дзень і ноч будзе рваць і шкуматаць, а заданне выканае. А ты — некультурна гэта, Яўген Данілавіч, старыя ў вас метады. Ну і няхай сабе!»

— Мне ўсё ж няясна,— загаварыў усхвалявана Шынкевіч, — чаму вы не звяртаеце ўвагі на факты. Ну, добра. Сёння ў іх яшчэ няма адраса, але заўтра яго назавуць. Я кажу гэта не таму, што ўнікаю адказнасці. Я ніяк не магу пагадзіцца з тым, каб мы адставалі.

— А ў чым, я пытаюся, мы адстаём? — Драпеза нездаволена паглядзеў на Шынкевіча.

— У тым, пра што вы чыталі ў перадавіцы. Калі хочаце ведаць, дык нават трыццаць тысяч тон угнаенняў — гэта фікцыя.

— Што-о?

— Я сказаў фікцыя,— паўтарыў Шынкевіч.— Магчыма, гэта слова недакладнае. Больш правільна будзе — шырма, за якою схаваны факты.

— Вось як! Ну, давай, давай,— хаваючы насцярожаны позірк, падахвоціў Драпеза.

— Калі ласка. З трыццаці тысяч тон угнаенняў, як вам вядома, дваццаць тысяч вывез толькі адзін Карніцкі...

— Псс!..

— ...і раён схаваўся за яго, як за сцяну. На ўсе астатнія калгасы прыпадае толькі дзесяць тысяч тон. Гэта сапраўдны правал, Яўген Данілавіч! І калі мы не прымем самых рашучых мер, дык не ведаю, што і будзе.

— Што ты прапануеш?

— Склікаць неадкладна бюро райкома, дзе паставім справаздачу, ну, напрыклад, Плінтуса ці Галакі як старшынь самых адсталых калгасаў, і Карніцкага як перадавога.

— Карніцкага? — перапытаў Драпеза.— Не-не, не трэба!

Шынкевіч у здзіўленні паглядзеў на Яўгена Данілавіча.

— Чаму не трэба? Я вас не разумею.

— Таму што ты не ведаеш гэтага чалавека,— рэзка і злосна загаварыў Драпеза.— Гэта кар’ерыст, самаўпраўца, ашуканец. Каб не ён, мы былі б сёння па рэспубліцы на першым месцы!..

— Яўген Данілавіч!

— Слухаць пра яго не хачу!

— Але ж «Партызан» лепшы калгас у вобласці, адзін з лепшых у рэспубліцы!

— А ты ведаеш, колькі на Карніцкага ляжыць у мяне заяў? Ведаеш, колькі на яго заяў пісалі і ў Мінск, і ў Маскву? Ты яшчэ навічок, якога ён спрытна абвёў вакол пальца.

— Я пакуль што і ў вочы яго не бачыў,— запярэчыў Шынкевіч.— Я толькі шмат пра яго чуў і чытаў. І вельмі хачу з ім пазнаёміцца. Справы гавораць за яго.

— Супроць яго! — паправіў Шынкевіча Драпеза.— Паспрабуй толькі сказаць яму, што ён робіць няправільна,— і ты ўжо яго вораг навекі. Табе не расказвалі гісторыю з жытам?

— Не.

— Дык вот, праязджаю я пазалетась полем у яго калгасе і натрапляю на такое відовішча. Стаіць каля густога жыта фурманка, а калгаснік справа налева махае касою ў зялёнай і густой збажыне. Дзікасць! Шкодніцтва. Спыняю машыну і загадваю зараз жа кінуць касіць: «Хто дазволіў? Чаму? Пад суд за такія справы!» А чалавек глядзіць на мяне і ўхмыляецца па-разбойніцку. «Гэта вы,— кажа,— нашаму старшыні Карніцкаму загадайце, а не мне. Ён сказаў мне касіць жыта на падкормку каровам, я і кашу». Мяне тут узарвала. Хіба, пытаю, ты мяне не ведаеш? Я сакратар райкома. Пакуль не позна, кладзі касу на воз, і каб я цябе апошні раз бачыў каля зялёнага жыта. У твайго, кажу, бацькі адсохла б рука, каб яго хто прымусіў так рабіць. Гэта ж хлеб, які ўваходзіць у дзяржаўны план. І што ты думаеш? Паслухаўся? Дзе ты бачыў! «Я, таварыш сакратар, быў у арміі, на вайне, і ведаю статут каравульнай службы. Там салдата не мае права зняць з паста нават камандарм. Бо на гэта ёсць развадзяшчы і каравульны начальнік. Тут таварыш сакратар, вядома, не армія, дык вам, прабачце, трэба звярнуцца да брыгадзіра ці старшыні...» Сказаў і зноў пачаў махаць касою. Я ў калгас, знайшоў Карніцкага і загадаў, каб ён зараз жа прыпыніў шкодную касьбу, калі не хоча, каб яго выклікалі на бюро. А ён, разбойнік, толькі смяецца. «Гэта мы, таварыш Драпеза, малако ў дайніцу косім. Жыта пасеяна спецыяльна для падкормкі. Яно, як кажуць, не ўваходзіць у хлебны баланс краіны. Гэта — проста кармавая база, а значыць — звышпланавае малако, тлушч...»

Яўген Данілавіч недагаварыў, што адбылося далей, але пра вынікі гэтай сутычкі Шынкевіч трошкі чуў. Пасля гэтага Драпеза зусім не стаў ездзіць да Карніцкага, і Карніцкі, як толькі можна было, унікаў сустрэчы з Драпезам. У Карніцкага знайшліся прыхільнікі ў абкоме партыі, якія параілі Драпезу не асабліва настырацца з наравістым старшынёю.

Драпеза нават узрадаваўся такому ўмяшанню абкома. Гэтым як бы здымалася адказнасць за тое, што рабілася ў калгасе. Баба з воза — каню лягчэй. Каб было можна, Драпеза зусім бы забыўся, што ў яго раёне ёсць такі калгас «Партызан». Рана ці позна, а ўсё гэта павінна было прыйсці да пэўнага канца, вынікаў якога сёння ніхто не мог прадбачыць. Шынкевічу цяпер хацелася толькі аднаго — хутчэй спаткацца з Карніцкім.

— Ведаеце што, Яўген Данілавіч,— пачаў Шынкевіч.— Я збіраюся пад’ехаць дні на два-тры ў «Партызан».

— Я думаю, што ты сёння ж вылеціш адтуль куляй,— панура ўсміхнуўся Драпеза.— Што ж, як кажуць, ні пуху ні пяра.

Драпеза адпускаў Шынкевіча ў гэтую паездку з вялікай ахвотай. Па-першае, менш будзе дурыць галаву рознымі прычэпкамі, а па-другое, недзе ў глыбіні душы ён мімаволі жадаў Шынкевічу добрай сутычкі з Карніцкім.

 

IV

Шынкевіч, перад тым як ехаць у «Партызан», вырашыў зайсці на кватэру, каб захапіць з сабою ручнік, мыла, зубную шчотку. У яго яшчэ не выходзіла з галавы размова з Драпезам. «Тут не пра нас пішуць!..»

За тыдзень перад гэтым яны разгаварыліся пра справы ў раёне. «Усё ў нас адбудавана, зроблена нават больш, чым да вайны,— здаволена сказаў тады Драпеза.— Каб не сельскагаспадарчыя кампаніі, дык жыць можна. Кампаніі нас заразаюць. То веснавая сяўба, то ўборка, то збожжанарыхтоўкі».

Цяпер у раёне галоўнай «кампаніяй» лічыліся лесанарыхтоўкі. Драпеза безвылазна сядзеў у райкоме, трымаючы, як ён сказаў, «у баявым напружанні» леспрамгас, сельсаветы і калгасы, нецярпліва чакаючы часу, калі можна будзе напісаць рапарт і ўздыхнуць з палёгкай. Чарговая «кампанія», як правіла, пачыналася тады, калі ў абласной альбо рэспубліканскіх газетах з’яўляліся крытычныя артыкулы пра адставанне раёна. Тады спешна склікалася бюро райкома, і ў сельсаветы імчаліся ўпаўнаважаныя. Загадчык нафтабазы, кіраўнік банка, старшыня камітэта нарыхтовак, кіраўнікі прамкамбіната, канторы заготжывёлы, ільнозавода, пракурор, начальнік міліцыі, нават суддзя і рэдактар газеты адкладвалі ўбок свае справы і шукалі спадарожных машын.

І толькі ў «Партызане» не паяўляліся ўпаўнаважаныя. Толькі Карніцкаму не званіў Драпеза, патрабуючы працаваць з «агеньчыкам» ці, наадварот, абяцаючы паставіць на бюро яго справаздачу. Драпеза ў апошні час аднабакова абвясціў гэты калгас нейтральнай дзяржавай, даўшы зразумець Карніцкаму: калі ты, чорт, мяне не зачэпіш, дык я таксама цябе не крану. Але нейтралітэт, як вядома, бывае розны. Два бакі, што называюць сябе высокімі, абвяшчаюць яго на пэўны час або — на ўсе часы. Драпеза, аднак, не верыў, што гэты неафіцыйны нейтралітэт можа цягнуцца доўга. Вельмі ўжо ўчэпістыя і задзірыстыя вочы ў Карніцкага і шалёны характар. Раней ці пазней, мяркуючы па абставінах, ён абавязкова распачне бітву, не шкадуючы самога сябе, як не шкадаваў і ў час вайны. Таму, не зважаючы на перамір’е, Драпеза не губляў пільнасці і трымаў адпаведны запас пораху ў сваіх парахаўніцах. Адной з такіх парахаўніц былі скаргі на грубыя адносіны Карніцкага да калгаснікаў, потым розныя заявы, у якіх старшыня «Партызана» абвінавачваўся ў самаўпраўстве, у непавазе да некаторых адказных раённых работнікаў, асабліва да начальніка міліцыі маёра Шаўкова. Надыдзе час, і ўсё гэта можна будзе прывесці ў рух, якога не вытрымлівалі і не такія асобы!

Шынкевіч, думаючы пра ўсё гэта, не заўважыў, як праляцеў час. «Пабеда» спынілася каля цаглянага аднапавярховага дома з высокімі і шырокімі вокнамі. Шафёр Алесь Жывіца, коратка зірнуўшы на Шынкевіча, запытаўся:

— Можна мне, Раман Пятровіч, адлучыцца хвілін на дзесяць? Тут жыве мой швагер, дык жонка прасіла перадаць яму тое-сёе.

— Калі ласка. Можаш адтуль адразу ехаць у райком.

Сінія вочы Алеся Жывіцы зрабіліся нейкімі разгубленымі.

— У райком? А як жа вы?

— Я застануся тут дні на тры.

— На тры дні?!

— Чаго ты здзівіўся?

— Тут ніхто і на дзень не затрымліваецца,— пасля некаторай паўзы адказаў Жывіца.— Асабліва, хто сустракаецца з Карніцкім упершыню... Ну, але гэта ваша справа. Дык, кажаце, можна ехаць у райком? Тады, можа, заўтра па вас прыехаць?

— Не трэба. Як-небудзь дабяруся сам.

— Ну што ж. Бывайце здаровы, Раман Пятровіч.

Жывіца зухавата развярнуўся. І пакуль праязджаў паўз сакратара, прыцішыўшы хаду, дык увесь час чакальна паглядаў на яго, відаць, спадзеючыся, што ён яшчэ адумаецца і загадае спыніцца. Раман Пятровіч усміхнуўся і развітальна памахаў Жывіцу рукою. Той рэзка падбавіў газу і ўключыў вышэйшую хуткасць. Раман Пятровіч застаўся на заснежанай вуліцы адзін.

Першае, што Шынкевічу кінулася на вочы, як толькі ён азірнуўся,— двухпавярховая школа на ўзгорку, абшытая вагонкай і пафарбаваная ў салатны колер. Бадай такіх жа самых памераў быў і калгасны клуб з сярэбранымі літарамі — «Дом культуры» — на чырвоным шкле шыльды. Далей, па гэтым жа баку шырокай вуліцы, за маладымі беластволымі бярозамі невялічкага гаю, стаялі гаражы з мноствам дзвярэй, доўгі свіран, пакрыты, як і большасць будынкаў, шыферам. А вуліца цягнулася далей, абсаджаная дэкаратыўнымі дрэвамі, над якімі ціха пазвоньвалі ад подыху ветру электрычныя і радыёправады. Большасць хат абапал вуліцы была зроблена ў гладкі вугал. За кожным домам, ужо раўняючыся верхавінамі з вільчыкамі дахаў, быў сад. Дом праўлення стаяў бадай на самым вышэйшым месцы, і адсюль, калі Шынкевіч павярнуўся ў другі бок, паўстала панарама ўсяго калгаснага пасёлка, падобнага на добраўпарадкаванае мястэчка, а не вёску. Вуліц было некалькі, падзеленых на кварталы аднолькавых памераў і ўпрыгожаных строгімі шнурамі прысад. Але найбольшае ўражанне пакідалі жывёлагадоўчыя фермы, з усіх бакоў абгароджаныя высокімі парканамі і строгімі радамі прысад. Іх даўжэразныя і шырачэзныя дахі, шматлікія вокны ў сценах хутчэй нагадвалі ангары для самалётаў, чым хлявы для кароў і свіней. Чырвоная цагляная вежа воданапоркі эфектна і ганарыста ўздымала сваю галаву над шматлікімі будынкамі фермы. За фермай пачынаўся сад, якому, здавалася, не было ні канца ні краю. Недзе непадалёку, відаць, за домам праўлення, сыта чуфыкаў лакамабіль. І ўсё гэта, што зараз убачыў Шынкевіч, ніяк не вязалася з рознымі пагалоскамі пра Антона Карніцкага. Ніяк не верылася, што некалі тут былі адны папялішчы. Здавалася, што гэтае прыгожае паселішча стаіць тут спрадвеку, не старэючы і не хілячыся на бок смалістымі сценамі сваіх хат.

Бываюць такія моманты, калі ты раптам адчуваеш, што нехта стаў за тваёй спіною і вывучае цябе сваім позіркам. Магчыма, такое адчуванне перадаецца праз самы нязначны шум, яшчэ табою не ўсвядомлены, і ты мімаволі азіраешся. Шынкевіч заўважаў гэта яшчэ ў час працы ў падполлі, ва ўмовах, калі трэба бачыць не толькі тое, што робіцца наперадзе, але і тое, што адбываецца за тваёю спіною.

Калі цяпер Шынкевіч шпарка азірнуўся, дык убачыў перад сабою каржакаватага чалавека ў чорным драпавым паліто з каракулевым каўняром, у высокай стаўбунаватай шапцы. На нагах у яго былі белыя фетравыя валёнкі з галёшамі. Пусты правы рукаў паліто быў засунуты ў кішэню. Але не адзенне прыцягнула ўвагу Шынкевіча. Тут не было нічога асаблівага. Шынкевіч па пустым правым рукаве здагадаўся, што перад ім Карніцкі, старшыня «Партызана».

Карніцкі стаяў перад Шынкевічам не проста, а крыху выставіўшы правае плячо наперад, нібы падрыхтаваны да адпору, калі прыезджы пачне атаку. Блакітныя вочы былі прытоеныя пад бронзавага колеру павекамі, над якімі насцярожана тапырыліся калматыя светлыя бровы. Прамы, з ледзь прыкметнай гарбінкай нос і тонкія, моцна сцятыя губы былі бадай прыгожымі. Штосьці насцярожанае, але валявое адчувалася ў халаднаватым сінім бляску вачэй, ва ўсёй постаці гэтага чалавека.

— Добры дзень,— сказаў ён пасля пэўнай паўзы Шынкевічу такім тонам, у якім выразна чулася патрабаванне назваць сябе.

— Добры дзень,— адказаў Шынкевіч.— Калі не памыляюся, вы Антон Сафронавіч Карніцкі?

— Дапусцім. А вы?

— Шынкевіч. Сакратар райкома,— працягваючы для прывітання руку, сказаў Шынкевіч.

Карніцкі падаў яму левую руку.

— Чуў такое прозвішча. І па якой справе вы прыехалі?

— Прыехаў проста так, паглядзець, як жывеце. Павучыцца ў вас.

— Чаму?

— Усяму лепшаму. У вас яно добра відаць.

— А дзе вы тое лепшае тут убачылі? Нам яшчэ далёка да лепшага! Усё ў нас ідзе не ўгару, а коціцца ўніз.

— Я вас не разумею!

— А што тут разумець?! — нечакана люта крыкнуў Карніцкі.— За тое, што робіцца ў нашым калгасе, не хваліць нас трэба, а біць, як сідараву казу, пад суд аддаваць! Павучыцца, кажаце, прыехалі... А вы ведаеце, што ў нас за год здохла дваццаць курэй, пятнаццаць гусей? А сёння прырэзалі Калінку...

— А хто гэтая Калінка?

Карніцкі невідушчымі вачамі паглядзеў на Шынкевіча.

— Карова, рэкардыстка. Цяпер пяць тысяч кілаграмаў малака выкрэслівай з плана! Пяць тысяч кілаграмаў!

— Бываюць няшчасныя выпадкі,— паспачуваў Шынкевіч, але ад гэтага атрымаўся эфект, як ад бензіну, які выплюхнулі з вядра ў агонь.

— Няшчасныя выпадкі?! — увесь барвовы, крыкнуў Карніцкі.— А дзе, запытаюся я ў вас, быў старшыня? Дзе былі тыя, каму даручан непасрэдны догляд жывёлы? Няшчасныя выпадкі бываюць толькі на паляванні, але і там усё залежыць ад чалавека. Страляе, дурная варона, па цецеруку і трапляе ў чалавека, які за кустом косіць траву... А вы, таварыш Шынкевіч, дзе працавалі, пакуль не прыехалі ў наш раён?

Такі нечаканы і рэзкі паварот размовы трохі здзівіў Шынкевіча. Карніцкі, відаць, хацеў ведаць, што за асоба стаіць перад ім і як яму з ёю трымацца далей. Шынкевіч адказаў, што канчаў універсітэт.

— Гэта добра, хоць і пазнавата трошкі для цяперашняга часу,— уважліва паглядзеўшы на Шынкевіча, прамовіў Карніцкі.— Цяпер рэдка ўжо калі ўбачыш на студэнцкай лаве барадатых слухачоў, якія толькі што вярнуліся з франтоў альбо трапілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы для партыйнай работы. А да універсітэта дзе былі?

— У партыйнай школе.

— А да школы?

— Сакратаром райкома камсамола,— адказаў Шынкевіч і, ведаючы, што гэта не задаволіць Карніцкага, паведаміў, што да вайны скончыў сельскагаспадарчы тэхнікум, у час гітлераўскай акупацыі быў у падполлі, у партызанскім атрадзе, ваяваў на фронце.

— Далёка дайшлі?

— Да Эльбы.

— Цяжкавата было?

— Усяго ставала,— адказаў Шынкевіч.— Толькі, думаю, цяпер мне трапілася яшчэ цяжэйшая праца. Там камандавалі мною, я камандаваў іншымі. Тут трэба растлумачваць і кіраваць. Там у мяне была рота мужчын, салдат, а тут сорак пяць тысяч чалавек, з іх большая палова жанчын і дзяцей, якім не крыкнеш: «На лінейку!»

— Драпеза навучыць вас падаваць такія каманды!

— Пакуль што я яго не ведаю,— пачуўшы ў голасе Карніцкага з’едлівыя ноткі, проста адказаў Шынкевіч.— Як мала ведаю і вас, Антон Сафронавіч. Пакуль што я толькі вывучаю справы, калі можна так сказаць, яшчэ вучуся. Перад прыездам у ваш калгас я пабываў у «Новым жыцці», у калгасе «Зара».

— Ну, і якія вы зрабілі вывады?

— Пакуль што не асабліва вясёлыя. Магчымасці там вялікія, я сказаў бы неабмежаваныя, а зроблена вельмі мала. І я пачынаю разумець чаму. І вось, каб канчаткова пераканацца ў сваіх думках, мне трэба паглядзець, як працуеце вы. Пражыць у вас хоць бы два-тры дні.

— Што ж, калі ласка,— прамовіў Карніцкі.— Вам у першую чаргу патрэбна кватэра. Можаце спыніцца ў любой хаце, калі гаспадар дасць згоду. У мяне для вас будзе нецікава ўжо таму, што я ўстаю досвіткам.

 

V

Раман Шынкевіч трошкі ведаў біяграфію старшыні «Партызана». Калі ў 1941 годзе гітлераўскія орды рынуліся на нашу краіну, Антон Карніцкі знаходзіўся на Далёкім Усходзе. Весткі, якія даходзілі туды пра справы на фронце, штодня рабіліся больш трывожнымі. Цяжка было ў той час слухаць зводкі Саўінфармбюро, якія паведамлялі пра новыя напрамкі варожых удараў. Было відаць, што чорныя орды шалёнага фюрэра нацэльваліся на сталіцу нашай радзімы — Маскву. Крыўдна было думаць, што дарагія твайму сэрцу мясціны ўжо топча жалезны бот ненавіснага акупанта. Брэст, Мінск, Бабруйск, Орша, Пінск патанулі ў крывавай імгле варожага нашэсця. А за гэтыя гарады, за свабоду і незалежнасць роднага краю Карніцкі змагаўся яшчэ ў дні грамадзянскай вайны, вадзіў у бой свае партызанскія атрады супроць кайзераўскіх і белапольскіх захопнікаў.

Нават калі быў заключан мір з белапалякамі, Карніцкі не мог супакоіцца. Родная яго Беларусь была несправядліва разрэзана на дзве часткі. За гвалтоўнай мяжой зноў запанаваў прыгнёт эксплуататара і жандара.

Праўда, у першую хвіліну многія не звярнулі на гэтую мяжу асаблівай увагі. Людзі па-ранейшаму хадзілі ў госці адзін да аднаго, адведвалі родных і знаёмых ва ўсходніх ці заходніх вёсках, адкрыта перавозілі цераз дзяржаўную мяжу маладых, пераводзілі пасаг — вепрукоў, кароў, коней.

Век хадзілі браты Пятрок і Кастусь, жывучы за чатыры кіламетры адзін ад аднаго, у розных вёсках, у госці, ніхто не забараняў хадзіць іх дзецям, унукам, праўнукам, а тут на табе: няможна, забаронена! І каму? Братам, якія ў адным акопе адбіваліся ад немцаў дзе-небудзь на Стаходзе ці Нарачы, потым, калі зашумеў над франтамі магутны вецер рэвалюцыі, зрывалі залатыя пагоны з памешчыцкіх і купецкіх сынкоў.

Многія, аддзеленыя цяпер мяжою, пабывалі за час вайны ў рэвалюцыйным Петраградзе, у Маскве, сваімі вачамі бачылі Леніна, змагаліся ў славутай конніцы Будзённага, хадзілі ў атакі супроць белых генералаў. І раптам гэтых людзей спыняюць на паўдарозе і гавораць, што далей ісці забаронена! Прыгонны бізун зноў засвістаў у заходніх вёсках. Усюды спешна будаваліся паліцэйскія ўчасткі-пастарункі, гарнізонныя казармы. Тайная паліцыя пачала снаваць сваё густое павуцінне нават у самых аддаленых і глухіх беларускіх паселішчах. Турмы Вільні і Гродна штодня папаўняліся зняволенымі, якіх шпіёны западозрылі ў бальшавіцкай агітацыі, абвінавацілі ў захопе памешчыцкай маёмасці або затрымалі ўпоцемку з ленінскімі брашурамі за пазухай.

І першае пытанне, якое задавалі таму, хто трапіў у лапы тайнай паліцыі, было:

— Ты Пчалу ведаеш? Прызнавайся адразу, каб засталіся цэлымі твае зубы і косці! Ну-у?

Дапытвалі ў Баранавічах і Ваўкавыску, у Маладзечна і Пінску. Катавалі гумовымі кіямі, шампаламі, прыкладамі, калолі іголкамі, расціскалі пальцы дзвярамі.

— Ты ведаеш Пчалу?

Абяцалі тысячы злотых, багатыя фальваркі, прыбытныя пасады, частавалі віном, дарагімі пахучымі цыгарэтамі, каб толькі чалавек адказаў на гэтае запытанне.

Часам, у самы разгар допыту, чорныя шыбы ў вокнах дэфензівы паволі набракалі барвовай чырванню і на стале шэфа трывожна званіў тэлефон. Жандары хапаліся за трубку, і неўзабаве іх твары рабіліся шэрымі, як зрэбнае палатно.

— Што? Пчала? У маёнтку?!

Часам жандараў, нібы ўраганам, вымятала са службовых кабінетаў, у адной бялізне — з цёплых пасцеляў на калючы дождж восеньскай ночы, каб толькі не трапіць на відушчыя вочы гэтай грознай Пчалы. Бо там, дзе яна пралятала, гарэлі асадніцкія логавы, палалі маёнткі, пастарункі, казармы...

Было ў паводзінах Пчалы штосьці дзёрзкае, нават неверагоднае. Яе лавілі ў аколіцах Пінска, дзе сем гадзін таму назад яна знішчыла шэсць паліцыянтаў і вызваліла з-пад іх канвою дзесяць зняволеных, а тут паведамлялі па тэлефоне, што Пчала пяць гадзін таму назад разграміла і знішчыла самы буйны пастарунак каля Маладзечна!

Хто яна, гэтая таямнічая, грозная і няўлоўная Пчала, блізкую прысутнасць якой у той ці іншай мясцовасці можна вызначыць па досыць верных прыкметах: па-першае, насельніцтва з нянавісцю пазірае паліцыянтам у вочы, па-другое, адмаўляецца плаціць розныя штрафы і патрабуе, каб былі адкрыты школы на роднай мове. А многія праз меру смелыя пачынаюць расказваць, што яны слухалі ўчора па радыё з Мінска і Масквы. Па адных пагалосках, якія даходзілі да тайнай паліцыі, Пчала — гэта толькі мянушка маладой польскай настаўніцы — камуністкі з Варшавы. Сапраўднае яе прозвішча — Гаруноўская. Яна, арганізаваўшы атрад, помсціць Пілсудскаму за расстралянага бацьку. Другія даносы сцвярджалі адваротнае: Пчала — мянушка мужчыны, росту метраў так са тры, з шырачэзнымі плячамі і чорнай, як у цыгана, барадою. Вочы карыя і пабліскваюць з-пад насупленых калматых брывей, як два распаленыя вугалі. З сабою ён носіць, апрача вінтоўкі, па пісталету ў кожнай кішэні, гранаты. Такая ж самая зброя і ва ўсіх яго падначаленых. Некаторыя з даносчыкаў нават бачылі, як гэтыя страшныя асілкі перакочвалі цераз шашу ў Белавежскай пушчы дзве лёгкія гарматы. Праверка слядоў ад колаў, тэрмінова зробленая артылерыстамі бліжэйшага гарнізона, аднак не пацвердзіла такіх непрыемных вестак. След вёў на бліжэйшую леснічоўку і заканчваўся пад нагружанай сухім ламаччам фурай стражніка.

Сотні і тысячы розных фактаў, назіранняў, прыкмет сабралася ў галоўнага шэфа тайнай паліцыі, і ніводная з іх не наводзіла на след, не выкрывала прыстанішча Пчалы. Карныя атрады з’яўляліся на месца здарэння тады, калі яе і след прастываў. Пастарунак знаходзіўся на ўскраіне вёскі, а ні адзін чалавек не заўважыў, як раўло полымя і чорны дым узнімаўся аж пад самыя хмары! Нават стрэлаў не чулі! Уся вёска, пяцьсот жыхароў, стаяла перад акупантамі, як глухая і нямая сцяна. І так скрозь, дзе пралятала Пчала, гэты помслівы прывід, нечаканы пярун з яснага неба, які раструшчвае на пыл самыя моцныя камяні.

Асабліва частыя і адчувальныя ўдары наносіліся Пчалою ў Пінскім ваяводстве. Газеты, якія падтрымлівалі крывавую зграю Пілсудскага і аднолькава нападалі як на беларускіх, так і на польскіх прагрэсіўных дзеячаў, пачалі крычаць пра бяздзейнасць пінскага ваяводы. Трэба агнём і мячом выпаліць самавольства на «крэсах усходніх»! Так, чаго добрага, і не агледзішся, як тубыльцы прагоняць адміністрацыю Пілсудскага і далучацца да тых, хто прагнаў памешчыкаў і цяпер гаспадарыць на памешчыцкай зямлі, як на сваёй уласнай! У Пінску павінен сядзець жалезны ваявода, а не гэтая нікчэмная асоба!..

Жалезны ваявода нарэшце быў падабраны і накіраваны ў Пінск, каб прыняць справы ад свайго няўдалага калегі. З панам Максімовічам у спецыяльным цягніку ехалі і новыя вышэйшыя чыноўнікі ваяводства, шэфы пастарункаў, старасты паветаў, пераапранутыя афіцэры дэфензівы. Ваявода Максімовіч вырашыў распачаць шырокі наступ на бунтарскія гміны і вёскі са сваімі людзьмі, якіх падбіраў асабіста.

У салон-вагоне пана Максімовіча знаходзіліся і дзве пані. За акном мільгалі вузенькія сялянскія палоскі, асветленыя вялым вераснёўскім сонцам, праплывалі бары з гонкімі медзянымі стваламі сосен. Убачыўшы лес, пані ажывіліся. Адна з іх, з шустрымі зеленаватымі вачамі, запыталася ў Максімовіча:

— Як пан думае, доўга нам яшчэ засталося ехаць?

Ваявода зірнуў на залаты наручны гадзіннік і адказаў:

— Цяпер другая гадзіна. Я думаю, што а трэцяй мы будзем у Пінску. А што, пані Свідэрскай надакучыла ў цягніку?

— О, не! — бліснуўшы чароўнай усмешкай, адказала пані Свідэрская.— Я вельмі люблю доўгія паездкі! Праўда, пані Жыбуртова?

Рот тоўстай і хваравітай з твару пані Жыбурт у гэты момант быў запоўнены кавалкам сакавітага яблыка. Яна адказала, толькі калі праглынула ежу і выцерла ружовай хусцінкай свае шырокія губы:

— Пані Анна ехала б дзень і ноч, пане Максімовіч. Прычым для яе ўсё роўна, куды ехаць,— трапіць яна дадому ці да гэтай разбойніцы Пчалы.

— О, Пчала! — усклікнула ў нейкім блазенскім захапленні пані Свідэрская, і яе вялікія вочы аж заіскрыліся.— Гэта ж нейкая рамантычная асоба! Кажуць, што яна вельмі прыгожая.

— Гэта бандыт,— суха перапыніў яе пан Максімовіч.— Мне проста непрыемна, пані Анна, слухаць, што вы гаворыце пра нашых ворагаў. Якое можа быць хараство ў чалавека, які падрывае асновы нашага ладу, узнімае паўстанні на крэсах?

— А вы яго бачылі?

— Не. Але, спадзяюся, хутка ўбачу ў жалезных наручніках і з пятлёю на шыі. Са мною едуць людзі, якім і не такія пчолы траплялі ў сеці.

— Гэта нічога не азначае,— упарта дамагалася свайго пані Свідэрская.— Кажуць, што яшчэ не было выпадку, каб ён пакрыўдзіў жанчыну...

— Чаму ж ён, а не яна? — працягваючы пульхную руку да вазы з яблыкамі, запыталася недалёкая пані Жыбурт.

— Таму што гэта мужчына, пані Жыбурт. Яму трыццаць пяць год і завуць яго Ясем Гібэкам...

Пані Жыбурт нават разявіла рот ад здзіўлення:

— Што пані Анна гаворыць! Адкуль пані Анна пра яго ведае? Значыць, ён паляк?

— Так, паляк,— сур’ёзна адказала пані Свідэрская, нібы той быў яе добры знаёмы.

У гэты момант цягнік пачаў прыцішаць хаду, колы заляскаталі па стрэлках. За акном праплывалі будынкі нейкага паселішча. Прамільгнула будка стрэлачніка. Ваявода прынік да акна і праз хвіліну паведаміў:

— Станцыя Лоўча. Хутка Пінск.

Раптам цягнік, які мінуў станцыю і зноў пачаў быў набіраць хуткасць, прарэзліва заскрыгатаў тармазамі і стаў. Ваяводу і пані Жыбурт хістанула з канапы спярша наперад, а потым кінула зноў на канапу. Пані Свідэрская ў хваляванні ступіла да акна, але, апрача густых лазовых кустоў каля насыпу, нічога не ўбачыла. У гэты момант магутны разложысты выбух скалануў вагон. Пані Свідэрскай здалося, што пад ёю расступілася зямля і яна правальваецца ў бездань. Аглушаная такой жахлівай нечаканасцю, яна ўсё ж пачула, як хляснулі дзверы ў канцы вагона і нехта крыкнуў нецярпліва і патрабавальна на чыстай польскай мове:

— Кладзь бронь!

Пані Свідэрская зняможана асела на канапу. Нягледзячы на страх, адчуванні пані Свідэрскай чамусьці сталі вастрэйшымі. Яна бачыла, што ніжняя сківіца ваяводы калацілася, растапыраныя доўгія пальцы рук сутаргава перабіралі ў паветры. Пані Жыбурт закрыла твар пульхнымі рукамі, адвярнулася ад дзвярэй і ткнулася галавою ў кут, чакаючы смяротнага ўдару. У вагоне чулася імклівая і прыглушаная каманда, брынчэла зброя.

— А, дзве пані! — пачула пані Свідэрская над галавою незнаёмы і, здавалася, узрадаваны голас.— Вельмі прашу прабачэння за турботы. У жыцці, разумееце, па-рознаму бывае...

Перамагаючы страх, пані Свідэрская падняла галаву. Сярэдняга росту каржакаваты чалавек у саматканым суконным фрэнчы стаяў насупраць, не спускаючы з ваяводы ўважлівага і насцярожнага позірку блакітных вачэй. Чалавек быў у шэрай кепцы, з-пад казырка якой звешваўся на высокі лоб свавольны кудзёрык светлых валасоў. Увесь твар, адкрыты і шчыры, быў павернуты да пані Свідэрскай, але вочы яго ўчэпіста сачылі за кожным рухам ваяводы. Пані Свідэрская ўся аж скаланулася, заўважыўшы ў іх стальны, бязлітасны бляск.

— Няхай і пан ваявода нам прабачыць за дачасную сустрэчу. Але мы не маглі ніяк стрымацца, калі нашы варшаўскія сябры перадалі, што вы паабяцалі нам перад сваім ад’ездам у Пінск. Мы згодны з вамі, што лазы на Палессі хопіць. Мёд, як кажуць, за мёд. І не крыўдуйце вельмі за нашу беднасць... Чмель!

— Я тут,— пачуўся побач густы бас.

Чалавек з блакітнымі вачамі крышачку адсунуўся ўбок, каб даць дарогу свайму таварышу, постаць якога засланіла акно.

— Я вас слухаю, таварыш Пчала.

— Вывесці пана ваяводу на свежае паветра.

— Ёсць, таварыш Пчала, вывесці ваяводу на свежае паветра. Эй, пане Максімовіч, устаць! Смірна!

Чалавек, якога называлі Пчалою, няўлоўным і нейкім прызвычаеным рухам выхапіў з правай кішэні Максімовічавага пінжака чорны браўнінг і тут жа схаваў у левай кішэні свайго даматканага фрэнча.

— Ёсць яшчэ зброя?

— Н-няма, п-пане Пчала...

— Вывесці!

Пані Свідэрская ўсхапілася з мяккай канапы.

— Вы яго расстраляеце?! Завошта?!. Зараз жа спыніце вашых людзей!..

Вясёлая ўсмешка мільганула на вуснах чалавека ў грубым сялянскім адзенні.

— О, пані... не ведаю, як вас зваць. Не турбуйцеся. Ён зараз вернецца да вас. Мы толькі папросім яго перадаць пану Пілсудскаму адну параду ад беларускіх пчол і чмялёў... Прашу прабачэння!

І ён не выйшаў, а неяк выслізнуў з салон-вагона, прамільгнуў паўз яе, як страшны цень, якога нішто не можа стрымаць і затрымаць.

Цікаўная пані Свідэрская хацела выйсці ў калідор, каб паглядзець, куды павядуць Максімовіча, і ледзь не дакранулася да вінтовачнай рулі партызанскага вартавога.

— Назад, маладзіца! — прамовіў вартавы, гайдануўшы руляй перад яе тварам.— Усім загадана пазіраць на нашу сустрэчу з ваяводам праз тыя вокны.

Гавораць, што жаночая цікаўнасць мацней нават за страх смерці. Пані Жыбурт ужо расплюшчыла свае вочы, як непрытомная, абвяла позіркам салон-вагон, тлустыя, спацелыя ад страху каркі чыноўнікаў і жандараў. Яна яшчэ не магла гаварыць, а пыталася кіўком галавы і позіркам у Свідэрскай, дзе пан ваявода? Пані Свідэрская паклікала яе пальцам да акна. Пані Жыбурт паволі падсунулася да ніжняга кутка шыбіны. Спярша яна ўбачыла толькі сіняе неба, потым жаўталісты хмызняк і на яго фоне кепкі і шапкі з адкіднымі навушшамі, над якімі ўзляталі канцы зялёных лазовых дубцоў. Чуўся праз шчыліну прыглушаны голас: «...дзесяць, адзінаццаць... дванаццаць...» Пераадольваючы страх, баючыся, што ёй зараз пальнуць у твар, пані Жыбурт паднялася яшчэ трошкі...

— Матка боска!.. Якая страшэнная ганьба!.. Яму цяпер нельга ехаць у Пінск! — прашаптала яна, пазіраючы на пані Свідэрскую напалоханымі вачамі.— Яны яго караюць, як простага чалавека!.. Як вы можаце так спакойна глядзець?!

Пані Свідэрская пэўны час маўчала, потым, не паварочваючыся да пані Жыбурт, прамовіла ў задуменні:

— Яны ўжо зніклі... Пан ваявода вяртаецца ў вагон... А Пчала... Усё ж ён прыгожы мужчына!.. Яму не больш як трыццаць год...

Толькі па пэўным часе ганарыстая і храбрая світа ваяводы Максімовіча крыху ачуняла ад свайго жывёльнага страху. Шэф дэфензівы загадаў паклікаць у вагон машыніста. Высветлілася, што цягнік затрымаў чалавек у саматканым суконным фрэнчы. Паравозная брыгада палічыла яго за пуцявога абходчыка. Ён выставіў чырвоны сігнал небяспекі і, калі цягнік пачаў прыпыняцца, ускочыў у будку машыніста. У руках яго быў ужо не сігнальны сцяжок, а пісталет. Чалавек загадаў брыгадзе зараз жа адчапіць паравоз і пусціць яго на бліжэйшы мосцік.

— Як толькі паравоз кранецца, саскоквайце пад адхон. Мост замініраваны,— папярэдзіў брыгаду ўзброены чалавек і кінуўся да вагона ваяводы.

І тады палезлі на насып з карабінамі і пісталетамі людзі, відаць, падначаленыя гэтага ўяўнага пуцявога абходчыка. Іх было не менш як сто чалавек!..

Расказваючы пра затрыманне цягніка, машыніст трошачкі перабольшваў. У нападзе ўдзельнічала чалавек семнаццаць. Але так гэтым таўстапузым і трэба! Цяпер яны зноў сталі храбрымі, калі партызанаў і след прастыў. А якіх паўгадзіны таму назад калаціліся ад страху, паслухмяна выкідвалі праз вокны сваю зброю: карабіны, пісталеты, шаблі...

Партызаны тым часам усё далей і далей адыходзілі ад чыгункі. Следам за Антонам Карніцкім, які кіраваў гэтай аперацыяй, ішоў Васіль Каравай, здаравенны хлопец з пышнымі рыжымі вусамі. Ён быў нечым нездаволены, часта прыпыняўся і азіраўся назад, нібы хацеў вярнуцца да чыгункі.

— Ты чаго сапеш, як паравоз? — запытаўся ў Каравая Карніцкі.

— Можа, мы не так зрабілі, Антон? — загаварыў Каравай.— Злавіць такога вялікага гада і выпусціць жывога? Можа, яго варта было расстраляць?

— Не, Васіль. Усё зроблена правільна. Чалавек павінен заўсёды зазіраць наперад. Каб мы яго расстралялі, дык бы зграя Пілсудскага абвясціла яго пакутнікам, святым чалавекам. Можа, панастаўлялі б яму помнікаў, капліц. А пра тое, як абышліся з Максімовічам мы, давядзецца ім маўчаць. Дзе ж гэта відана, каб сярод белага дня простыя палешукі затрымалі такую шляхетную асобу і адлупцавалі нібы тую сідараву казу...

 

VI

Цікаўная спадарожніца нешчаслівага ваяводы казала няпраўду. Карніцкаму, які насіў партызанскую мянушку Пчала, у той час было яшчэ далёка да трыццаці год. Былы франтавік, актыўны ўдзельнік Кастрычніцкай рэвалюцыі, арганізатар партызанскага атрада супроць кайзераўскіх акупантаў, Карніцкі ніяк не мог пагадзіцца з аднаўленнем ладу памешчыкаў і капіталістаў. Партыйныя арганізацыі Заходняй Беларусі праводзілі ў падполлі самаахвярную работу, рыхтуючы людзей да ўсенароднага ўзброенага паўстання: узмацнялі тлумачальную работу па гарадах і вёсках, выпускалі і пашыралі лістоўкі, збіралі зброю. Усё гэта для Карніцкага, які начытаўся раманаў Тургенева і Чарнышэўскага, Шарля дэ Кастэра, Віктора Гюго, Войніч і Вальтэра Скота, было вельмі сумным і нецікавым.

— Пакуль мы тут самі сабе чытаем пропаведзі,— гаварыў ён на падпольным партыйным сходзе,— яны падвозяць да граніцы гарматы і кулямёты, калючы дрот і цэмент. А мы паперкі з малітвамі наклейваем на хаты і парканы: «Дарагія таварышы! Не плаціце акупантам падаткаў, не ездзіце на шарваркі...» Я ў партыю ўступаў не для таго, каб далікатна раскланьвацца з акупантамі.

— А ты хочаш адзін іх адолець?

— Адзін не адзін, але я не магу цярпець, калі варожы бот топча нашу зямлю. І з ворагам трэба размаўляць не шэптам адозваў, а громам гранат і кулямётаў. Штодня, штогадзіны! Праўда, Васіль?

— Іначай і нельга,— падтакваў басам свайму старому дружбаку і камандзіру Васіль Каравай, варухнуўшы шырокім плячом.— Балбатня тут не паможа.

— Ну вось, бачыце! — урачыста паглядаў на кіраўніка падпольнай групы Карніцкі.— Два за вайну з акупантамі, тры супроць.

— Глупства ты кажаш, Антон! Зразумей, што пасля вашых налётаў прыязджаюць карныя атрады, да бою з якімі мы яшчэ не падрыхтаваны. Яны хапаюцца і катуюць ні ў чым не павінных людзей. А вы ў гэты час, не маючы сілы супроць гэтых бандытаў, адседжваецеся ў хатах.

— І потым наносім такія моцныя ўдары, што аж небу горача робіцца,— лічачы, што размова скончана, устаў Карніцкі.— Увязвацца ў бітву з рэгулярнымі часцямі не наша справа.

За Карніцкім следам уставаў і Каравай, і тады ў варыўні, дзе пры святле васковай свечкі адбывалася нарада, рабілася цесна. Людзі выходзілі па адным і танулі ў чарнаце ночы, абмацваючы ў кішэні халаднаваты метал пісталета. Смерць падсцерагала іх на кожным кроку.

— Эх, хораша там, у маіх Пышкавічах! — часам шаптаў свайму дружбаку Карніцкі.— Усюды свае людзі — ад воласці і да самай сталіцы! Усюды мірна аруць, сеюць, спяваюць у жніво песні. Людзі проста і адкрыта пазіраюць адзін аднаму ў вочы. А тут бізун, гумовыя кіі... Ты, Васіль, памятаеш пышкавіцкіх дзяўчат? Не выветрылася з тваёй галавы Верачка?

— Кінь ты, Антон! — бомкаў Каравай.

— Не, брат, не кіну. Мне хлопцы перадавалі, што яна два дні раўла, калі мы паехалі сюды. Я-то думаю, такі кавалер! На галаве рэпка з чырвонай зоркаю, цёплыя вочы, залатыя вусы, даўгія, як у імператара Аляксандра ІІ. А самае галоўнае, што сарамяжы. За цэлы вечар ніводнага слова з цябе не выціснеш... Дзяўчаты такіх любяць!

— Затое ты, як цецярук... Не ведаю, як па мне, а Паліна ад акна не адыходзіць, калі ты не з’яўляешся да іх. І на што б тут глядзець, калі казаць праўду? Росту, можна сказаць, ніжэй сярэдняга, вочы бабскія, твар голы, як у ксяндза. Усяго і мужчынскай прыкметы, што нячэсаныя віхры пад казырком. Надзень на цябе сукенку, капялюшык, дык вахмістры з пастарунка не дадуць табе праходу...

— Фю-у-у!..— свіснуў Карніцкі.— А ты, хоць і Чмель, можаш часамі выказаць цікавую чалавечую думку. Зараз прыйдзем дадому і праверым.

Яны ніколі не разлучаліся, гэтыя два дружбакі. Падпольшчыкі і партызаны любілі іх за шалёную адвагу, за рызыкоўныя маланкавыя налёты на варожыя гарнізоны. Усюды ў іх былі сябры, якія давалі ім прытулак, папярэджвалі аб небяспецы, паведамлялі пра злыя намеры акупантаў. Яшчэ спецыяльны цягнік не адышоў і на сотню кіламетраў ад Варшавы, а Карніцкі праз паляка-тэлеграфіста ўжо ведаў, у якім вагоне і ў якім купэ размясціўся ваявода і колькі з ім узброеных людзей. Лічбы баявых, як кажуць, адзінак аднаго і другога боку былі не ў карысць Карніцкага. Але ён яшчэ ніколі не адступаўся ад справы, якую яму даручала партыйная падпольная арганізацыя. Наадварот, чым цяжэйшыя былі перашкоды, тым большая развівалася энергія і вельмі напружана і ясна працавалі думкі. Калі паказаўся дымок доўгачаканага цягніка, Карніцкі аддзяліўся ад групы партызан, якім загадаў залегчы ў кустах, пераскочыў цераз кювет і дастаў чырвоны сцяжок небяспекі...

Праз дзён тры Карніцкаму прынеслі газету, у якой коратка паведамлялася, што «гасцінна» сустрэты пінскімі партызанамі ваявода вымушан быў падаць у адстаўку з прычыны дрэннага стану здароўя. Вядома, там ні слова не было пра дубцы, Пчалу і яго хлопцаў. Але, як гэта растлумачыў партызанам Карніцкі, так заўсёды прынята рабіць у вышэйшых сферах, калі падрыхтаваныя для народа лазовыя дубцы пачынаюць пасвістваць па задах саміх арыстакратаў. Як бы там ні было, а праўда заўсёды возьме верх.

Карніцкі, сам таго не заўважаючы, захапляўся ў часе размовы са сваімі партызанамі. Яму здавалася, што яшчэ не ўсе ацэньваюць тыя ці іншыя падзеі так, як ацэньвае іх ён, не ўсе ўсведамляюць пастаўленую задачу. Ён, каб гэта было красамоўна і пераканаўча, прыводзіў у часе гутаркі вытрымкі з твораў Леніна, Талстога, Гогаля, з баек Крылова. І тады вочы партызан былі альбо задуменныя і заклапочаныя, альбо раптам чуўся дружны выбух смеху і мільгалі на тварах вясёлыя ўсмешкі.

— Каб ты скіс! — хапаўся часам за жывот Васіль Каравай.— І трэба ж так прыстасаваць байку Крылова да старасты павету!..

Карніцкі чакаў, пакуль людзі ўволю нарагочуцца, а потым пытаўся, уважліва паглядаючы на людзей:

— Ну што, правільна?

— Правільна, таварыш камандзір! Як у люстры!..— ажыўлена адказвалі партызаны.

Вочы Карніцкага адразу вузелі. Ён загадваў свайму памочніку Васілю Караваю яшчэ раз прайсціся перад хлопцамі. Толькі без смеху, без крыўляння, а так, як і належыць сур’ёзнаму і строгаму афіцэру, які прымчаўся ў дэфензіву з асобым даручэннем. Васіль Каравай папраўляў на сабе форменную шапку, зіхотныя пагоны на шынялі, праводзіў рукою па сваіх пышных рыжаватых вусах і паважным крокам ішоў проста на Карніцкага.

— Адставіць! Так ходзяць толькі гусакі! Ты маёр, разумееш, маёр! Позірк у цябе павінен быць сыты, нібы ты ўсяго ўжо наглядзеўся, усё зведаў. І разам з тым крышку насцярожаны. Крок трэба расцягваць, тулавам, паўтараю, не гойдаць. Галаву паварочвай таксама не спяшаючыся. Паколькі даручэнне ў цябе ганаровае, то зубы асабліва не шчэр. Табе няма часу разводзіць далікацтва... Ну, пачынай нанава, пане маёр!

Каравай вяртаўся на ранейшае месца, як акцёр, які не задаволіў у час рэпетыцыі патрабавальнага вока рэжысёра, і паўтараў усё спачатку.

— Так, добра. Далей, як толькі з’явіцца шэф, буду весці размову я.

Калі сцямнелася, некалькі вазкоў і саней падлятала да абгароджанага шчыльным парканам пастарунка і салідная постаць афіцэра знікала ў вузенькай брамцы. За ім прабіралася яшчэ некалькі чалавек, якія станавіліся каля вокан і дзвярэй. І неўзабаве доўгія і прагавітыя языкі агню вырываліся з вокнаў, чапляліся за дах, ускручваліся да самага вільчыка. І ўсе, даведаўшыся, што гарыць жандармерыя, ужо ведалі: у аколіцах з’явілася Пчала! І ніхто не адважваўся тушыць падпаленае Пчалою.

Дарэмна шукалі яе слядоў у пушчах, у суседніх лясных гушчарах. Яна знікала так жа нябачна, як і з’яўлялася. Яна вылятала на кароткі момант з-пад саламяных стрэх і, зрабіўшы сваю справу, зноў вярталася пад тую ж самую страху. Зноў ператваралася ў мірнага земляроба, стэльмаха, шаўца ці каваля. Налятала раз’ятраная вайсковая часць, жандары. Пагражалі, дапытвалі, катавалі. Хто? Дзе яны? Куды пайшлі? І часта той, хто толькі ўчора рагатаў разам з Карніцкім і з Караваем, адказваў, здзіўлена пазіраючы ў вочы акупантаў: «Пчала? Цяпер жа зіма! Чаго ёй трэба на вуліцы ў такі сівер?..»

А Пчала ўжо лятала далёка ад гэтых мясцін. Побач яе гудзеў Чмель. Часам яны разлучаліся, траплялі ў самыя нечаканыя навальніцы з вогненнымі грознымі перунамі. Але ні Карніцкі, ні Каравай не зварочвалі з абранага шляху. Яны выходзілі з бітвы яшчэ больш моцныя, больш навучаныя злой непагодай і праглі новага бою. Праўда, Карніцкі часам адчуваў вялікую стомленасць — вынік няспыннага і звышчалавечага напружання. Асабліва ён востра яе адчуў незадоўга да вызвалення Заходняй Беларусі Чырвонай Арміяй.

Аднойчы ён правёў тры бяссонныя ночы, выбіраючыся з падрыхтаванай яму дэфензівай пасткі. Ён ужо абмінуў небяспечнае месца, як раптам пачуў за сваёю спіною нечыя павольныя крокі: туп-туп...

Ён азірнуўся, але нічога не разабраў у чарнаце ночы. Прыслухаўся нічога не чуваць, гэта яму, відаць, здалося. Карніцкі паправіў на плячы карабін і рушыў далей. Аднак не паспеў ён ступіць і пяці крокаў, як зноў пачуліся за спіною чужыя крокі: туп-туп-туп. Карніцкі кінуўся бегчы, але чужыя крокі за спіною не адставалі. Яны былі таропкія і гулкія. Зрываючы з пляча карабін, Карніцкі скочыў убок і паваліўся на нешта мяккае і калючае, відаць, на маладыя елачкі, і стаў чакаць, трымаючы палец на спуску. Сэрца яго шалёна калацілася, у вушах грымела: туп-туп-туп-туп-туп...

Ён яшчэ з хвіліну ўслухоўваўся ў глухую цішыню начнога лесу і засмяяўся сам сабе нервова і хрыпата:

— Ну і дурны ж ты, Антон! Удары свайго сэрца палічыў за чужыя крокі. Так, брат, нядоўга паваюеш.

Крыху супакоіўшыся, Карніцкі ўстаў і агледзеўся. Граніца, да якой ён ішоў, была непадалёку.

Праз паўгадзіны пад яго нагамі зачвякала вада. Пачынаўся луг, а за ім рэчка. Яшчэ якіх дзвесце метраў Карніцкі вымушаны быў ступаць асцярожна, часта прыпыняцца і прыслухоўвацца. Нарэшце правая нага яго ўжо не намацала зямлі і павісла ў паветры. Карніцкі адхіснуўся назад і шпарка прысеў. Проста перад сабой ён убачыў на доле зеленаватыя зоркі, якія трапяталіся і, здаецца, па-змоўніцку падміргвалі яму: «Не марудзь, хутчэй ідзі наперад!»

Карніцкі паволі ссунуўся з берага ў халодную зорную бездань. Спярша вада яму была па пояс. Вадаросты чапляліся за яго ногі, замаруджвалі хаду. Крокаў праз пяць ён ужо не даставаў дна і паплыў, гучна плёскаючы па вадзе рукамі.

— Стой! Не варушыся! — пачуў ён уладны і моцны шэпт, як выбраўся на супрацьлеглы бераг.

Але ён ужо не мог ні падняць угору рукі, ні, каб і хацеў, паварушыцца. Нехта, здаравенны, як мядзведзь, абхапіў яго сваімі жалезнымі лапішчамі ззаду, адарваў ад зямлі ўгору.

— Зброя ёсць?

— Пусці, чорт лазаты! — адчуваючы, што перакінуты цераз плечы і прыціснуты пагранічнікам карабін хутка пераломіць яму хрыбет, вылаяўся Карніцкі.— Пытаецца, як сляпы сонца...

— Ну-ну!.. Не размаўляць!

З цемры гэтым часам вынырнулі яшчэ дзве невыразныя постаці. Асілак расслабіў свае жалезныя абдымкі і загадаў тым, што падышлі:

— Абшукайце яго!

Спрытныя рукі шпарка намацалі ў правай кішэні Карніцкага пісталет, дзве прывязаныя да пояса гранаты, падсумкі з вінтовачнымі абоймамі, карабін.

— Вы адны перайшлі граніцу?

— Адзін. Хутчэй вядзіце на заставу.

— Мы самі ведаем, што рабіць. Хто яшчэ павінен быў тут альбо ў іншым месцы перабрацца сюды з таго берага?

— Не ведаю,— ужо калоцячыся ад холаду, адказаў Карніцкі.— Пчолы поначы не лятаюць...

Сумятлівы рух вакол Карніцкага прыпыніўся. Адзін з тых, якія яго затрымалі, запытаўся пасля некаторай паўзы:

— А што яны робяць?

— Спяць у вуллі...

У той жа момант старэйшы загадаў адпусціць Карніцкага. Яго правялі на заставу. Дзяжурны, чарнявы прыгажун з двума трохкутнікамі на пятліцах, спярша дапытліва зірнуў на затрыманага вялікімі карымі вачамі. Потым, спаткаўшыся з яго нейкім блазнюкаватым позіркам вачэй, усхапіўся з-за стала, залямантаваў на ўвесь пакой:

— Таварыш камандзір?! Якім чынам? Сядайце, калі ласка!.. Я зараз жа далажу начальніку...

— Чакайце, Міхаленя,— махнуў рукой Карніцкі, пазнаўшы ў дзяжурным свайго былога партызана.— На мне няма сухой ніткі. Раней прынясі што-небудзь пераапрануцца. Не так проста цяпер пераходзіць дзяржаўную граніцу.

 

VII

Начальнік пагранзаставы, у якога ў гэты дзень начаваў госць, ужо збіраўся класціся спаць, калі яму далажылі, што затрыман яшчэ адзін парушальнік.

— Чулі вы, таварыш Асокін, дзе на другіх участках такую навіну? — запытаўся начальнік пагранзаставы ў свайго госця.— Гэта пяты выпадак за адны суткі! Мяне толькі здзіўляе, як яны прабіраюцца праз паліцэйскія і асадніцкія кардоны? У дадатак пілсудчыкі ўвялі ў Палескім ваяводстве стан аблогі. Усе мястэчкі і вёскі перапоўнены карнікамі. Бадай кожную ноч мы бачым заравы пажараў. Перабежчыкі гаварылі, што гэта гараць сялянскія хаты... У ваенным вучылішчы я нават не ўяўляў, якая гэта неспакойная служба на граніцы!

— Не думайце, што ваш участак самы цяжкі,— загаварыў госць.— І на Украіне, як мне вядома, не лягчэй. Няма горш, калі граніца падзяляе народ на дзве часткі. Гэта ненатуральна, гэта зроблена насуперак самой прыродзе і чалавечаму розуму. Надыдзе час, і зверскія ўмовы рыжскага міру, на якія мы вымушаны былі згадзіцца, будуць змецены самім жыццём. А цяпер давай зірнем на затрыманага.

Яны апранулі шынялі, начальнік узяў электрычны ліхтарык і паціху, каб не разбудзіць жонку і дачку, якія, відаць, паснулі ў суседнім пакоі, выйшлі на ганак. Восеньская ноч была цёмная і халаднаватая. З лесу, што з усіх бакоў акружаў заставу, патыхала тонкімі пахамі верасоў. Пасвечваючы электрычным ліхтарыкам больш для госця, чым для сябе, начальнік заставы накіраваўся да асветленага акна казармы.

Антон Карніцкі, седзячы на крэсле спіною да дзвярэй, усцягваў бот, калі Міхаленя раптам ускочыў з-за стала і паспешліва пачаў дакладваць пра затрыманне парушальніка.

— Ану, устаць! — холадна і жорстка падаў каманду начальнік заставы.— Чуеце?

— Гэта, таварыш начальнік, мой былы камандзір Пчала...— яшчэ больш заспяшаўся дзяжурны.— Антон Сафронавіч Карніцкі...

Цяпер ужо захваляваўся госць начальніка заставы, Асокін. Нешта знаёмае паказалася яму, калі ўбачыў перад сабою ўпарты карак затрыманага, яго русыя, гладка зачасаныя валасы. А калі затрыманы нарэшце ўправіўся з пазычаным абуткам і павярнуў твар да ўвайшоўшых, Асокін, заўважыўшы шрам над левым вокам, крыкнуў узрадавана і разам з тым здзіўлена:

— Антон?!

— Пётр Антонавіч?!.— у сваю чаргу не стрымаўся Карніцкі.— Бацька мой хросны!.. Вось дык сустрэча! Скажы, ці можна мне, як парушальніку дзяржаўнай граніцы, абняць цябе? Ці ты зараз загадаеш падпарадкаванаму табе начальніку заставы пасадзіць мяне ў каталажку? Май, аднак, на ўвазе, што я не аказваў тваім хлопцам ніякага супраціўлення, нават падараваў ім карабін, дзве гранаты, пісталет і сотню патронаў да яго... Як гаворыцца, добраахвотна і поўнасцю капітуляваў. Такое маё апошняе слова на рубяжы двух светаў. Ну, чаго ж ты маўчыш, хросны?

Цяпер ужо Асокін стаў нейкі строгі і ўрачысты. Ён быў бадай на цэлую галаву вышэй за Карніцкага і пазіраў на яго зверху ўніз. Скрыжаваўшы на сваіх грудзях здаравенныя рабочыя рукі, на якія некалі ў акопах з асцярогай паглядалі царскія афіцэры, Асокін загаварыў ціха, але патрабавальна:

— Скажы, сыне мой, а ці не пайшоў ты за гэты час супроць свайго сумлення? Прызнайся, пакуль не позна!.. Ці не праносіў ты цераз граніцу каменьчыкаў для запальнічак, падэшвеннай скуры, парфумы вядомай у гэтым грэшным свеце французскай фірмы Каці?..

— Не, бацька,— пакорліва адказаў Карніцкі.

— Тады, сын мой, ці не завагаўся ты перад бляскам ганебнага металу, які завецца золатам? Ці не забыўся ты, што сказаў пра яго Уладзімір Ільіч Ленін? А можа, цябе спакусілі прыгожыя сукенкі і жакеты выпешчаных купецкіх і памешчыцкіх дачок і ты адважыўся прыняць нават іх веру? Спавядайся, нічога не ўтойвай, сын мой.

— Не, бацька,— усё тым жа пакорлівым голасам прадаўжаў Карніцкі.— Нікчэмнасці, пра якія ты мне напомніў, не пахіснулі маіх пераконанняў. Ніколі я не забываўся, што такое «павукі» і «мухі», нідзе не саступаў дарогі таўстапузым...

— Дык падыдзі тады да мяне, сын мой... пацалуемся, як добрыя, верныя хрысціяне...

Міхаленя і начальнік заставы, усміхаючыся, глядзелі і слухалі гэты незвычайны для заставы рытуал. Асокін, крышку схіліўшыся, абняў Карніцкага і адарваў ад падлогі. Потым такое ж паспрабаваў зрабіць Карніцкі з Асокіным, але ў яго не хапіла сілы: «бацька хросны» аказаўся досыць важкай асобай!

— У акопах пад Баранавічамі ты быў нашмат лягчэйшы,— прамовіў ён да Асокіна нейкім роблена сумным голасам.— Відаць, савецкі лад, ціхія і мірныя дні часам садзейнічаюць капіталістычнаму накапленню нават пралетарскім жыватам. А па той бок граніцы, пад клапатлівым наглядам паліцаяў і карнікаў, ты зрабіўся б лёгкі, як пушынка. Асабліва ў часе аблаў, калі табе даводзіцца хадзіць нібы па лязе брытвы...

Купанне ў халоднай рэчцы, відаць, давала сябе адчуваць. Нягледзячы на сухую вопратку, якую яму даў Міхаленя, Карніцкага пачынала калаціць. Асокін заўважыў, што тонкія губы яго хрышчэніка пасінелі.

— Ну, трошкі пажартавалі, і досыць,— ужо сур’ёзна загаварыў Асокін.— Табе трэба выпіць гарачай гарбаты і легчы ў цёплую пасцель, таварыш рэвалюцыянер... Пайшлі...

Дома начальнік заставы паставіў на стол шумны самавар і, пашаптаўшыся з Асокіным, дастаў з буфета бутэльку гарэлкі.

— Лепшы спосаб вылечыцца ад прастуды — гэта выпіць нанач гарбаты з гарэлкай,— сеўшы насупраць Карніцкага, сказаў Асокін.— А потым мы накрыем цябе што найцяплей. Ты добра прапацееш і раніцою выскачыш з ложка яшчэ здаравейшы, як быў.

Начальнік заставы тым часам нарэзаў на талерку вэнджанай шынкі, паставіў масла. Стол быў засланы чыстым белым абрусам, у прыгожай фарфоравай хлебніцы ляжалі белыя лусты пшанічнага пірага. Карніцкі абвёў позіркам пакой. Два высокія акны, рамы і вушакі якіх былі пафарбаваны цынкавымі бяліламі, свежыя шпалеры на сценах. Новы дубовы буфет, новыя дубовыя крэслы, мяккая канапа, лёгкія сеткі гардзін і зеляніна вазонаў на адмысловых падстаўках каля іх — прымусілі яго неяк загадкава ўсміхнуцца. Асокін, які ўважліва паглядаў на Карніцкага сваімі шэрымі вачамі, запытаўся:

— Ты чаго ўсміхаешся?

— Так сабе. Успомніў нешта...

— Напрыклад.

— Можа, скажу заўтра. Сёння позна.

— Што ж, пачакаем да заўтра,— спакойна прамовіў Асокін.— А цяпер выпі гарэлкі з гарачай гарбатай і павячэрай.

— Слухаюся, хросны.

Яго паклалі на канапе і добра ўкрылі, хоць у сталовай было цёпла.

Утульна абсталяваная, як мае быць, кватэра начальніка заставы і шпітальная чысціня пасцелі за некалькі крокаў ад граніцы, якая перарэзала Беларусь на дзве часткі, насцярожылі Карніцкага. Але ён быў такі стомлены і ў дадатак прастуджаны, што вырашыў пагаварыць пра гэта пасля адпачынку.

 

VIII

Пётр Антонавіч Асокін прачнуўся амаль адначасова з гаспадаром, калі сіняе світанне зазірала ў акно. Карніцкі яшчэ спаў. Кажух, якім яго накрылі паўзверх коўдры, ссунуўся на падлогу. Асокін, ступаючы босымі нагамі па халаднаватай падлозе, ціха падышоў да свайго хрышчэніка. Карніцкі дыхаў роўна. Светлыя яго валасы былі зблытаны і звалянымі пасмамі ляжалі на высокім ілбе. Відаць, яго добра прабраў за ноч гарачы пот. У дыханні Карніцкага Асокін не ўчуў нават самага лёгкага хрыпу. Значыць, пераправа праз ледзяную ваду абышлася шчасліва. Ступаючы на цыпках, Асокін вярнуўся ў кабінет начальніка заставы, шчыльна прыкрыў за сабою дзверы.

— Пчолка ваша жывая? — паціху запытаўся начальнік заставы.

— Здаецца, усё ў парадку.

— Вы даўно ведаеце Карніцкага?

— З тысяча дзевяцьсот шаснаццатага года. Сустрэўся я з ім у акопах пад Баранавічамі. Ён, як і я, камандаваў узводам. Я пачаў прыглядацца да Карніцкага, распытваць салдат пра яго. Зграбны, нават крышку фарсісты унтэр аказаўся сынам селяніна з-пад Бабруйска. Скончыў царкоўна-прыходскую школу ў сваёй вёсцы і арганізаваныя земствам курсы садаводаў, але вучыцца далей не хапала сродкаў. Карніцкі паспрабаваў уладкавацца за садоўніка ў суседнім маёнтку. Там з яго толькі пасмяяліся і выставілі за дзверы. У пачатку вайны хлопца мабілізавалі ў армію і накіравалі ў палкавую школу, са школы — адразу ў акопы. Паразмаўляў я з ім сам-насам адзін раз, другі. Бачу, зацікавіла яго. Пачаў ён расказваць мне пра парадкі на вёсцы, пра галечу. Я яму — пра фабрычнае жыццё. Усё павінна быць не так, як ёсць, а інакш...

Карніцкі прагна прачытваў усё, што я яму даваў: лістоўкі, брашуры, добра ведаючы, што можа яму за гэта быць, калі іх у яго знойдуць. Калі пасля лютаўскай рэвалюцыі пачаў развальвацца фронт, Карніцкі разам з многімі рушыў дадому. За сотні кіламетраў ён прыцягнуў вінтоўку, наган, дзве гранаты, тры сотні патронаў. У сваёй воласці ён дапамагаў арганізоўваць савецкую ўладу, адбіраць зямлю ў памешчыкаў. А як толькі немцы парушылі перамір’е і захапілі значную частку Беларусі, Карніцкі па даручэнню партыйнага падпольнага камітэта арганізаваў з былых франтавікоў партызанскі атрад і распачаў зацятую барацьбу з акупантамі. Пасля выгнання Чырвонай Арміяй кайзераўскіх захопнікаў мы прынялі яго ў партыю. І я першы даў яму рэкамендацыю. З таго часу ён жартам пачаў зваць мяне хросным бацькам. Мы накіравалі яго ў Маскву на курсы камандзіраў. Потым Карніцкі ўдзельнічаў у разгроме Юдзеніча пад Петраградам, Дзянікіна на поўдні, каб неўзабаве вярнуцца на Беларусь і распачаць барацьбу за вызваленне роднай яму зямлі ад белапалякаў. Мне здаецца, што ён стаў назаўсёды прафесіянальным ваенным чалавекам. Самае цікавае, што за дзесяць гадоў баёў на фронце і ў партызанах Карніцкага ні разу не шарпанула куля. Хоць ён і гаворыць сам, што, ходзячы каля вады, нельга не замачыць ног...

— Мне Міхаленя расказваў, як яны рабілі напад на цягнік ваяводы,— загаварыў начальнік заставы.— Я думаю, што гэта была шчаслівая ўдача.

— Не, гэта быў дакладны разлік.

Асокін гаварыў і прыслухоўваўся, што робіцца ў сталовай. Там было па-ранейшаму ціха. Карніцкі, відаць, спаў. Апрануўшыся, яны асцярожна прачынілі дзверы, каб прайсці на кухню да ўмывальніка. Пасцель Карніцкага была пустая. Асокін весела ўхмыльнуўся сам сабе і паківаў галавою.

— Бачыў, што робіцца на свеце? Пакуль мы балбаталі, яго і след прастыў. Можа, зноў драпануў у Заходнюю!

— Цяпер не так лёгка прайсці, Пётр Антонавіч. Хлопцы ў мяне надзейныя.

— Ты ведаеш сваіх хлопцаў, а я — Карніцкага,— чамусьці ў задуменні адказаў Асокін.— Відаць, нешта сур’ёзнае там здарылася, калі ён так нечакана з’явіўся тут. Ды і выгляд у яго не асабліва вясёлы.

Карніцкага не было і на кухні. Па мокрым мыле на рукамыйніку Асокін зразумеў, што хрышчэнік паспеў памыцца. Ужо добра развіднела. На пляцы перад казармай праходзілі страявыя вучэнні чырвонаармейцаў. У большасці гэта былі камсамольцы, якіх вабіла суровая рамантыка службы на граніцы. У ціхі сонечны дзень і ў непрагляднай слоце начы, стаіўшыся каля куста альбо тоўстага камля сасны, пільна ўглядаліся яны ў той, чужы бок, адкуль маглі з’явіцца няпрошаныя госці.

Шмат увагі аддаваў Асокін умацаванню граніцы. Працуючы ў палітупраўленні пагранвойск, ён часта выязджаў на заставы, гутарыў з камандзірамі і чырвонаармейцамі аб іх пільнасці і абавязках, дапамагаў наладзіць іх побыт, адпачынак. Раіўся з сялянамі пагранічных вёсак і камун. Людзі любілі і паважалі Асокіна за яго спакойны і разважлівы характар.

— А я, дзядзя Пеця, ужо не сплю,— пачуў Асокін за сваёю спіною вясёлы дзіцячы голас.— І мамка мая таксама не спіць.

— Хіба я не казаў, што ты самая руплівая пагранічніца! — падымаючы на рукі чатырохгадовую дачку начальніка заставы, засмяяўся Асокін.— Хочаш, Зіначка, паехаць са мною ў Мінск?

— Давай паедзем,— ахвотна згадзілася Зіначка.

— Ах ты, здрадніца,— усклікнула, зайшоўшы гэтым часам на кухню, жонка начальніка заставы.— Пакідаеш тут адных татку і мамку?

— Не,— запярэчыла Зіначка.— Мы і вас забяром у Мінск. Паехалі! Ту-ту-у...

Дзядзя Пеця зараз жа ператварыўся ў паравоз. Ён засоп, зачуфыкаў і рушыў з месца. Зіначка моцна ўчапілася сваімі пухлявымі пальчыкамі ў яго густыя рыжаватыя валасы, шчаслівая ад вясёлага падарожжа. «Паравоз», бадзёра чуфыкаючы, не толькі вёз Зіначку, але і абвяшчаў, дзе яны праязджаюць: станцыя Кухня, раз’езд Сталовая, горад Кабінет. Пакуль Асокін і Зіначка гулялі ў цягнік, вярнуўся Карніцкі са сваім былым партызанам Міхаленем. Карыя вочы Міхалені былі нечым засмучаныя, прыгожы смуглявы твар — нерухомы. На запытанне Асокіна, што здарылася, Міхаленя паведаміў пра выпадак на граніцы. Пад самую раніцу, якраз насупраць нашых сакрэтаў, пілсудчыкі схапілі хлопца-падлетка, якому заставалася прабегчы, можа, дзесяць крокаў, каб апынуцца на нашым баку. Яго павалілі на зямлю і пачалі збіваць шампаламі, ботамі, а пасля, ужо непрытомнага, павалаклі ад граніцы.

— А вы, таварыш Міхаленя, чаго хацелі ад капіталістычнага ладу? — суха запытаўся Асокін.— Каб яго верныя служкі вадзілі нашых людзей подручкі, абдымаліся, як браты?

— Не, таварыш Асокін,— горача загаварыў Міхаленя.— Я ведаю, што воўк заўсёды застанецца воўкам, хоць тысячы разоў назаві яго дэмакратам альбо лібералам. Але я, таварышы, напрыклад, не вытрымаў бы, каб на маіх вачах так здзекаваліся з чалавека ды яшчэ падлетка. А мы, камуністы, гэтым часам вымушаны сядзець у сакрэце побач і рабіць выгляд, нібы нас тут зусім няма. А-а? Чаму я не маю права, бачачы такі гвалт, устаць і крыкнуць: стой, гад, што ты вытвараеш?!

Выслухаўшы такую гарачую прамову Міхалені, Асокін чамусьці спярша ўважліва паглядзеў на Карніцкага. Але яго хрышчэнік у гэтую хвіліну праз меру ўважліва вывучаў узоры фіранак на акне.

— Паслухайце, дзеці мае, што я вам скажу зараз,— звяртаючыся і да Міхалені і да Карніцкага, нейкім урачыстым тонам загаварыў Асокін.— Вельмі пахвальна, што ў вас жывуць такія высакародныя пачуцці, але імі аднымі кіравацца нельга. Трэба яшчэ мець у галаве заўсёды і крышачку розуму. А ён патрабуе ад нас вытрымкі, свядомай жалезнай дысцыпліны. Мы сёння знаходзімся не на звычайнай сялянскай мяжы, а на лініі дзяржаўнай граніцы. Самавольнічаць на ёй нікому не дазваляецца. Здаецца, што ж там такога, калі нашы сакрэты падымуцца на поўны рост і пададуць каманду гвалтаўнікам прыпыніць здзекі над чалавекам? Альбо адкрыюць пальбу па іх ці рынуцца ратаваць пакрыўджанага? Гэта, таварышы, ужо называлася б не звычайнай суседскай бойкай, а ваенным канфліктам, умяшаннем адной дзяржавы ва ўнутраныя справы другой. А вы ведаеце, што і без гэтага за мяжою гавораць пра нас, бальшавікоў, несусветнае глупства. Толькі яны, капіталісты, дабрадзеі: рахманыя, свабодалюбівыя, а мы і такія, і сякія, і гэтакія. А хто пасылаў праз дзяржаўную граніцу банды адборных галаварэзаў Булак-Балаховіча і Савінкава забіваць нашых мірных людзей, паліць нашы мірныя вёскі? Пілсудскі, Брыян, Чэмберлен. Аднак, знішчаючы і гонячы прэч з нашай зямлі іх крывавых пасланцоў, ніводзін чырвонаармеец не пераступіў у хвіліну свайго найвялікшага гневу і ліхаманкі бою дзяржаўны рубеж...

— Пётр Антонавіч,— раптам кінуўшы разглядаць узоры гардзін, запытаўся Карніцкі.— А ты думаеш, мы правільна зрабілі, калі разважаць па-ваеннаму? Прыпыніўшы пагоню на граніцы, мы тым самым далі галоўным забойцам і катам выратаваць сваю скуру. Многія з гэтых белагвардзейцаў аселі цяпер у дэфензіве, наняліся карнікамі... Правільна гэта?

Зіначцы сумна стала слухаць такія нецікавыя і незразумелыя для яе размовы, і яна папрасілася на кухню да мамкі. Асокін правёў яе лагодным позіркам і ўвесь павярнуўся да Карніцкага.

— Ну я ўжо не ведаю, Антон, што сёння ў тваёй галаве! Няхай сабе з ваеннага пункту гледжання мы зрабілі трошачкі і не так, але з палітычнага атрымалася правільна. Мы прымусілі таго-сяго за мяжою задумацца і прыняць хоць бы да ведама, што мы стрымліваем слова, паважаем падпісаныя намі міжнародныя дагаворы аб дзяржаўных граніцах. А наконт таго, што белагвардзейцы паспелі ўцячы, мы самі вінаваты. Хіба тады наша граніца была такая, як сёння? Хіба на ёй было столькі людзей і яна так ахоўвалася, як зараз? Ды ты цяпер не пройдзеш і вярсты ад граніцы, каб цябе не заўважылі тут, як старонняга чалавека, і не паведамілі на заставу! Сотні парушальнікаў затрыманы піянерамі, камсамольцамі, пажылымі сялянамі. Можна ўжо сказаць, што граніцу ахоўваюць не толькі тыя, каму гэта непасрэдна даручана, а ўвесь народ. Пакуль ты, Антон, там партызаніў,— мы тут не спалі ў шапку. Бачыў, чада маё, як выглядае застава?

— Бачыў,— нехаця буркнуў Карніцкі.— Адгароджваемся ад сваіх родных братоў, як ад нейкіх туркаў. А не ты некалі гаварыў мне, што камунізм змяце ўсе граніцы? А-а? Забыўся?

— Не, чада маё, не забыўся. Казаў і кажу зараз.

— Дык навошта іх вельмі ўмацоўваць? Хіба толькі, каб камунізму цяжэй было іх змятаць? Не, хросны, як сабе хочаш, але мне шмат чаго незразумела. Некалі мы разам з табою білі буржуяў, купцоў, адбіралі ад іх фабрыкі, зямлю, крамы, а цяпер кажам, што чапаць гэтых эксплуататараў і крывасмокаў нясвоечасова. Міне яшчэ які год, і мы пачнем прасіць у гэтай свалаты прабачэння...

— Ды што такое ты, чада маё, вярзеш? — у здзіўленні запытаўся Асокін.— Хто табе сказаў, што біць сваіх паразітаў нясвоечасова?

— А хіба ты не чуў пра новую пастанову Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі? Там чорным па белым напісана, што ўзброеную барацьбу супроць пілсудчыкаў трэба лічыць нясвоечасовай.

— І правільна напісана. Значыць, народ яшчэ не падрыхтаваны да ўсеагульнага выступлення супроць прыгнятальнікаў. Відаць, там яшчэ напісана пра ўзмацненне масавай работы, прапаганду і агітацыю сярод рабочых і сялян. А гэта таксама барацьба!

— Гэта пропаведзі, хросны!

— Такія, як ты называеш, пропаведзі, бываюць часам страшнейшыя для акупантаў, чым твае партызанскія налёты. Не, браток Антон, мне здаецца, што табе трэба трошачкі падвучыцца. Адстаў ты ад жыцця за апошні час. І здорава адстаў! Цяпер я цябе з сваіх рук не выпушчу.

— Знайшоў блазнюка! Можа, яшчэ захочаш мяне маннай кашкай карміць? Паіць, як немаўлёнка, разбаўленым малачком?

— Замры, чортава насенне! — з робленай суровасцю прыкрыкнуў Асокін.— Калі не хочаш, каб я цябе, як злоснага парушальніка дзяржаўнай граніцы, пасадзіў у каталажку. Паедзеш ты цяпер, чада маё, у Мінск, там у мяне ёсць добра знаёмы дзядзька, які, трэба думаць, табе прыйдзецца даспадобы.

— А як яго зваць? — безуважна, думаючы аб нечым іншым, запытаўся Карніцкі.

— Яго прозвішча Камвуз.

— Як, як?

— Камвуз, чада маё: Камуністычны універсітэт. Знаёмства Карніцкага з камвузам зацягнулася на цэлых тры гады.

 

ІХ

Яму здавалася, што назаўсёды адышлі ў мінулае цёмныя партызанскія ночы, грозныя зарывы пажараў над драпежнымі гнёздамі памешчыкаў і паліцыянтаў. Вакол яго былі людзі, занятыя выключна мірнымі справамі. Сталіцу Беларусі Карніцкі памятаў, як горад, перапоўнены ў час першай сусветнай вайны ўзброенымі салдатамі, афіцэрамі, а пазней — чырвонаармейцамі. Цяпер Мінскам заўладала, здавалася, незлічоная армія школьнікаў і студэнтаў. Ніколі раней гэты горад не бачыў такога нашэсця людзей з кнігамі і агульнымі сшыткамі пад пахай! Стваралася ўражанне, што і Кастрычніцкая рэвалюцыя была зроблена нібы толькі для таго, каб найбольш народу пасадзіць за вучнёўскія парты. Пад школы, тэхнікумы, рабфакі, агульнаадукацыйныя курсы, інстытуты былі адведзены найбольш прасторныя і прыгажэйшыя дамы. Для Дзяржаўнага універсітэта будаваўся непадалёку ад Віленскага вакзала нават спецыяльны гарадок. Муляры, цесляры, тынкоўшчыкі ўдзень працавалі на рыштаваннях, а ўвечары, нягледзячы на стомленасць, спяшаліся, хто ў гурткі па ліквідацыі непісьменнасці, а хто на падрыхтоўчыя курсы. Конка, адзіны ў той час від грамадскага транспарту, не спраўлялася перавозіць прагных да ведаў пасажыраў, і многім з іх даводзілася за чатыры і пяць кіламетраў хадзіць пешкам. Карніцкага хвалявала гэтая неўгамаваная прага ведаў, асабліва людзей яго пакалення, якому пры царскай уладзе дзверы ў навуку былі зачынены. Цяпер, калі ласка, вучыся на каго хочаш! Былыя франтавікі і партызаны, якія па некалькі разоў знаходзіліся на валасок ад смерці, пераможцы белагвардзейскіх і замежных ордаў, баявыя будзёнаўцы і чапаеўцы ціхамірна сядзелі на адной парце з юнакамі і дзяўчатамі і хваляваліся, як дзеці, перад залікамі альбо экзаменамі.

Не менш хваляваліся і выкладчыкі. Прызвычаеныя за многія гады да пэўнага кантынгенту сваіх слухачоў, яны часам забываліся і замест «таварышы» гаварылі «панове». Тады «панове», якія часам з-за недахопу паліва не скідалі на лекцыі з сябе досыць патрапаных шынялёў альбо сялянскіх кажухоў, гучна рагаталі ад дзікай няўважлівасці выкладчыка. Найбольш гарачыя не вытрымлівалі і зараз жа, зняважаныя такім зваротам, урачыста абвяшчалі, што шаноўныя паны даўно паўцякалі за граніцу, а тут засталіся поўнымі гаспадарамі адны простыя людзі — таварышы.

Некаторых студэнтаў зневажала нават лепшае ўбранне на сваім таварышу: белая, адпрасаваная кашуля, гальштук, начышчаныя да бляску боты ці камашы. І, магчыма, зневажала таму, што такімі ахайненькімі яны бачылі да рэвалюцыі сваіх прыгнятальнікаў: розных царскіх чыноўнікаў, маёнткавых кіраўнічых. Цяпер найбольш шыкоўна адзяваліся нэпманы, іх сынкі і дочкі. Дарагія футры, тонкія ваўняныя тканіны, шоўк, залатыя гадзіннікі і пярсцёнкі, кантрабандная замежная парфума былі не па кішэні чалавеку, які жыў толькі з сваёй працы. Усім гэтым маглі карыстацца тыя, у каго, побач з кааператыўным магазінам, была ўласная крама, уласны рэстаран альбо майстэрня з наёмнымі рабочымі.

Праўда, Карніцкага спярша абуралі тлустыя самаздаволеныя фізіяноміі новых прадпрыемцаў. Аднойчы, пасля заняткаў у камвузе ён зайшоў да Асокіна на кватэру ўзяць у яго «Этыку» Спінозы. Асокіны якраз абедалі. Пасярод стала, вывернутая з каструлі, яшчэ дымела бабка, якую любіў і Карніцкі. Жонка Асокіна, Мар’я Тарасаўна, якраз наразала яе і клала на талеркі. Спярша дзецям — Васільку і Людачцы, а потым ужо і гаспадару. Пажадаўшы прыемнага апетыту, Карніцкі хацеў прайсці ў кабінет Асокіна, але Мар’я Тарасаўна загарадзіла яму дарогу.

— Чакайце, чакайце, паважаны студэнцік! Ану, марш да стала. Я сёння нібы прадчувала, што вы зойдзеце, і таму не паленавалася прыгатаваць наш агульны ласунак. Вось ваша талерка.

— Мне нешта не хочацца,— паспрабаваў быў стрымаць самога сябе Карніцкі.— Нібы я наўмысля спяшаўся да вас на абед.

— Ніколі не крыві душою, хрышчэнік,— абазваўся ад стала Асокін.— Сядай, пакуль я не раззлаваўся і не ўзяўся за рэмень.

Васілёк і Людачка зарагаталі ад такога грознага тону бацькі. Мар’я Тарасаўна тым часам адшаткавала і паклала Карніцкаму на талерку два ладныя скрылі бабкі, наліла з глінянага збана шклянку малака.

Калі Карніцкі сеў і ўзяўся за бабку, Асокін усё тым жа ўрачыстым голасам папярэдзіў:

— Май, чада маё, на ўвазе: трэба быць заўсёды слухмяным у гэтым доме, дзе ёсць і Спіноза, і Дзідро, і Фур’е. Апрача таго, я здабыў сёння Гельвецыя, які досыць цікава разважае аб розуме. Наша пагранічная брація падала ўжо чатыры заяўкі на чытанне гэтай кніжыцы. Твая заяўка будзе пятая.

— За Гельвецыя, Пётр Антонавіч, я гатовы даесці ўсю вашу бабку,— з робленай пакорлівасцю адказаў Карніцкі.— Нават без малочнай закрасы.

— То-та ж,— буркнуў здаволены Асокін.— Такую бабку можа пячы толькі Мар’я Тарасаўна і ніхто іншы на гэтым неспакойным свеце.

— Ах, каб ты скіс! — засмяялася гаспадыня і звярнулася да Карніцкага.— Ведаеце, Антон Сафронавіч, чаго ён так падлізваецца?

— Пакуль што не.

— Хоча зноў выманіць грошы на кніжкі? Мусіць, нагледзеў ужо, можа, нават дамовіўся. Нездарма перад абедам ён шаптаўся ў сваім кабінеце з гэтым сухенькім букіністам...

Асокін працаваў і вучыўся на вячэрнім аддзяленні юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Ніхто ў палітупраўленні пагранвойск акругі не любіў так кніг, як Асокін. Іх ён выбіраў для сваёй бібліятэкі ў кнігарні, адшукваў на рынках у прадаўцоў рознай хатняй старызны. Гэтая яго страсць часам рабіла досыць сур’ёзныя спусташэнні ў сямейным бюджэце. Мар’я Тарасаўна спярша пярэчыла, даводзіла, што кніжкі цяпер можна атрымліваць у бібліятэцы імя Леніна, Пушкіна, Талстога. Пётр Антонавіч ахвотна згаджаўся, каб праз два ці тры дні зноў з таямнічым выглядам звярнуцца да жонкі:

— Ты чула калі-небудзь пра Буало? Хочаш, я цябе з ім сёння пазнаёмлю.

— Колькі? — строга пыталася Мар’я Тарасаўна.

— Ат, глупства. Якіх там пару рублёў. Разумееш, «Паэтычная крытыка». Будзеш чытаць і дзівіцца, як мала мы яшчэ чаго ведаем...

Пасля абеду Асокін і Карніцкі рушылі ў кабінет, адна сцяна якога была ўся застаўлена высокімі, да самой столі, стэлажамі. Кнігамі асокінскай бібліятэкі Карніцкі карыстаўся даволі часта. Але сёння ён зайшоў да Пятра Антонавіча па зусім іншай справе.

— Ты, хросны, чытаў верш «Спатканне» Малчанава ў «Камсамольскай праўдзе»? — запытаўся Карніцкі, шчыльна зачыніўшы дзверы, нібы не хочучы, каб іх размову пачула Мар’я Тарасаўна.

— Дапусцім,— неазначальна адказаў Асокін.— А ў чым справа?

— А ў тым, што праз гэты верш рабфакаўскія камсамольцы паднялі цэлую бузу. Збіраюцца пісаць пратэст у рэдакцыю.

— Ого! Нават пратэст?

— Так, пратэст. Супроць мяшчанскіх пропаведзей. У вершы расказваецца, як лірычны герой разлюбіў простую работніцу завода і захапіўся другой дзяўчынай. Вось як ён распісвае на апошнім спатканні са сваёй старой сяброўкай якасці гэтай другой дзяўчыны:

 

Она весельем не богата,

Но женской лаской не бедна,

Под пышным заревом заката

Она красивой рождена.

 

 

Справа, вядома, не толькі ў тым, што яна прыгажэйшая, страйнейшая за работніцу. Я не памятаю папярэдніх радкоў, але за імі ідуць такія прыгажосці, як:

 

И стягивает грудь тугую

Жакет изысканный на ней.

 

 

І жорсткае развітанне:

 

— Прощай! Зовет тебя высокий

Гудок к фабричным воротам.

 

 

Ну што ты на гэта скажаш, Пётр Антонавіч?

— Мне здаецца, напісана гладка...

— А мне напляваць на такую гладкасць. У самым прыгожым збане могуць быць самыя брудныя памыі, нават атрута. Дык што, я павінен кланяцца гэтаму збану, станавіцца перад ім на калені? Ах, якое хараство, ах, як смачна! Не, хросны. Я пахвалю любы пасудак, калі ў ім будзе чысты бярозавы сок!

Карніцкі вымавіў усё гэта адным дыхам, потым прайшоўся па пакоі і загаварыў больш спакойна:

— Прызнаюся табе шчыра, верш мне спярша спадабаўся. Новы твор, гучныя радкі, прывабны, як у песні, строй слоў. І раптам нейкае непрыемнае адчуванне. Бачыце, не магу я з ёй сябраваць і кахаць, бо ў яе няма дарагога жакеціка! І грудзі, разумееце, не такія пругкія, як у нэпманскіх распусніц...

— Відаць, на жакецікі раззлаваліся не толькі рабфакаўскія камсамольцы, але і больш сталыя асобы,— усміхнуўся Асокін.— Дык я павінен табе сказаць, што камсамольцы-пагранічнікі таксама зашумелі пра гэты верш. Чытаюць, спрачаюцца, якім павінен быць малады чалавек нашага часу.

— На рабфаку не толькі спрачаюцца, а робяць належныя вывады. Заўтра там будзе разглядацца справа Паліны Лазарэўскай. Надумалася, дурніца, дастаць сабе лодачкі і ходзіць у іх на заняткі.

— Ну дык і што з таго? Няхай носіць на здароўе. Хіба толькі адны буржуі павінны хораша адзявацца? А працоўны чалавек будзе і надалей хадзіць у рызманах? Рэвалюцыю мы зрабілі для таго, каб не адзінкі, а ўсе людзі жылі добра!

— Няхай бы яна лепш патраціла свае грошы на кнігі, а не на мяшчанскія транты. Каб, скажам, гэта была нэпманская ці кулацкая дачка, дык бы і цацкацца не варта: вон з камсамола і з рабфака. А то свой чалавек, бацька, кажуць, увесь век батрачыў у розных маёнтках. Толькі пасля рэвалюцыі атрымаў зямлю.

— Ды чаго ты вельмі хвалюешся пра гэтую Лазарэўскую? Ці не закахаўся ты ў яе? — ужо нецярпліва запытаўся Асокін.

— Яшчэ што выдумай! Ці такое мне цяпер у галаве, калі ідзе вялікая бітва! Я проста не ведаю, як лепш зрабіць. Райком партыі даручыў мне кіраваць гэтай гаварыльняй.

 

Х

Паліна Лазарэўская, альбо проста Поля, як яе звалі дзяўчаты і хлопцы, была напалохана нечаканымі падзеямі. Каб не злашчасны верш «Спатканне», магчыма, ніхто не звярнуў бы ўвагі на яе прыгожыя малочныя лодачкі. Многія студэнты палічылі лодачкі, як мяшчанскі, нэпманскі выклік пэўнаму рэвалюцыйнаму стылю: апранацца проста і строга. Для дзяўчат у той час моднымі былі так званы юнгштурмаўскі касцюм ахоўнага колеру, зграбныя боты, кепка. Хлопцы звычайна хадзілі ў талстоўках, бобрыкавых паліто. Гальштук альбо капялюш лічыліся ганебнымі атрыбутамі старога свету. Нават у Чырвонай Арміі вопратка камандзіраў нічым не адрознівалася ад вопраткі радавых байцоў. У простых шэрых шынялях хадзілі камандзіры палкоў, дывізій, камандуючыя ваенных акруг, нават Народны камісар абароны, нават сакратар Цэнтральнага Камітэта партыі Сталін. А тут нейкае дзяўчо... У Яшы Бляхмана, сакратара камсамольскай ячэйкі, усё аж закіпела ў грудзях, калі ён убачыў на Поліных нагах нахабны буржуазны абутак. Гэта была здрада рэвалюцыі, адкрыты пераход Полі ў лагер тых, хто завёў уласныя магазіны, рэстараны, майстэрні. Сёння лодачкі, заўтра пярсцёнкі, завушніцы, пасля нафарбаваныя губы — і загінула навекі непадкупная камсамольская душа! Трэба, пакуль не позна, даць бой агіднаму мяшчанству!

На сходзе Поля сядзела, як на гарачым вуголлі. Ніколі на рабфаку не збіралася гэтулькі людзей. Прыйшло шмат студэнтаў з універсітэта. Пытанне, якое стаяла на парадку дня, называлася звычайна — дакладам пра маральнае аблічча камсамольца. Але якраз напярэдадні сходу ў «Камсамольскай праўдзе» быў надрукаваны верш Уладзіміра Маякоўскага «Дзяўчыне, якую пакінуў Іван Малчанаў», і ўсё зноў закіпела нанава. Адны ўсё яшчэ абаранялі «Спатканне», другія, атрымаўшы ў асобе Маякоўскага такое магутнае падмацаванне, рынуліся ў атаку на прыхільнікаў «ціхіх рэчак» і «адмысловых жакетаў». Трэба сказаць, што рады абаронцаў «Спаткання» вельмі хутка радзелі, але тыя, хто ў іх заставаўся, трымаліся досыць упарта. Гэта і палохала Полю. Яна ведала, што Яшка Бляхман не саступіць ні на крок, не пойдзе ні на якія кампрамісы нават з родным бацькам.

Час ад часу пахопліва расчосваючы сваю пышную чорную шавялюру растапыранымі пальцамі, Яшка Бляхман загаварыў пра жалезную волю камсамольцаў, якія побач з камуністамі самаахвярна змагаліся на шматлікіх франтах грамадзянскай вайны, грамілі банды пятлюраўцаў, антонаўцаў, балахоўцаў, потым пайшлі ў часці асобага прызначэння. Камсамольцы-партызаны, камсамольцы-падпольшчыкі, камсамольцы-агітатары, якія ні на хвіліну не прыпыняюць барацьбы супроць белапольскіх акупантаў у Заходняй Беларусі! Іх там не палохаюць ні допыты ў дэфензіве, ні турмы, ні канцлагеры, ні шыбеніцы. Бо гэтыя людзі кіруюцца ў сваёй дзейнасці вялікімі ідэямі Маркса, Энгельса, Леніна. Упаў у няроўнай барацьбе адзін, на яго месца становяцца дзесяткі, сотні, тысячы. І раней ці крышку пазней, а ўсюды, па ўсёй нашай планеце запануе сацыялістычны лад, усюды будуць савецкія рэспублікі, пераможа ўлада рабочых і сялян!..

Сын мінскага друкара і сам друкар, Яшка Бляхман умеў і любіў гаварыць, як заўважыла Поля, прыгожа. Худы, сухотны твар Яшкі, тонкія губы, вялікія цёмныя вочы ўвесь час былі ў руху.

— Сярод нас ёсць таварышы,— пасля некаторай паўзы загаварыў далей Яшка,— якім вельмі спадабаўся верш «Спатканне». Яны яго перачытваюць па некалькі разоў, завучваюць на памяць. Як жа?! Вельмі ім спадабаліся радкі, у якіх пішацца, што:

 

Кто устал, имеет право

У тихой речки отдохнуть.

 

 

А я вам скажу, што прахалоджвацца каля «ціхіх рэчак» нам, маладой гвардыі, не выпадае. Ворагі замежныя і ўнутраныя толькі і чакаюць, каб мы страцілі класавую пільнасць. Яны лезуць праз любую шчыліну, каб сарваць наша сацыялістычнае будаўніцтва...

Яшка Бляхман, на зайздрасць многім студэнтам, заўсёды выступаў без паперкі ў руках. Ён нават не баяўся, калі яго перапынялі рэплікамі. Наадварот, заўвагі з залы настройвалі яго яшчэ на большы запал. Так здарылася і цяпер. Нехта не стрымаўся і крыкнуў, што многае, пра што зараз гаворыць Яшка, можна прачытаць у газетах... Яшка шпарка грабянуў растапыранымі пальцамі сваю чорную шавялюру і задзірыста адказаў:

— Бачыш, таварыш Верабей, не ўсе яшчэ ў нас атрымліваюць такія выдатныя адзнакі, як ты. Нездарма цябе за твае акадэмічныя поспехі па два разы на год выклікаюць на бюро...

Усе прысутныя зарагаталі, і многія пачалі адшукваць позіркамі Вераб’я, аднаго з самых гультаяватых студэнтаў рабфака. Поля заўважыла, што ўсміхнуўся нават Карніцкі, які, як прадстаўнік райкома, сядзеў у прэзідыуме сходу. І гэтая прысутнасць прадстаўніка райкома, і тое, што ў апошнія дні некаторыя знаёмыя студэнты пачалі нібы не заўважаць Полі, нават адварочваліся пры сустрэчы ў другі бок, палохала яе.

І вось Яшка Бляхман, яшчэ раз грабянуўшы растапыранымі пальцамі свае валасы, загаварыў пра рабфакаўскія справы, пра паводзіны студэнтаў:

— Нам, таварышы, трэба быць асабліва пільнымі, бо за якія сорак-пяцьдзесят кіламетраў адсюль праходзіць дзяржаўная мяжа. Ворагі могуць прабірацца праз яе, каб разбэшчваць і псаваць нашых людзей, прышчапляць чужыя пралетарскаму светапогляду ідэі і густы. Фактаў далёка шукаць не трэба. Варта толькі зірнуць на абутак студэнткі трэцяга курса Паліны Лазарэўскай, і кожнаму стане ясна, што шкоднае мяшчанства пачынае ажываць у нашым здаровым у асноўным асяроддзі. Пакуль не позна, мы павінны ўдарыць па ім, ударыць, не вагаючыся і не марудзячы. Вядома, каб справа тычылася адной толькі Лазарэўскай, бадай ці варта было б склікаць сход. Але ў мяшчанкі Лазарэўскай, як гэта ні дзіўна, знайшліся патуральнікі і нават абаронцы. Я не хачу называць іх прозвішчаў. Я думаю, што яны самі тут выступяць і прызнаюцца, каго яны абараняюць.

— А ты не саромейся, назаві! — узрушана крыкнуў нехта з залы.

Яшка Бляхман нібы і не чуў гэтага пытання і сеў за пакрыты чырвоным паркалем стол побач з Карніцкім.

Старшыня сходу ўстаў і запытаўся, як рабіць далей: дакладчык будзе адказваць на пытанні ці можна пачынаць спрэчкі? І адразу з розных куткоў залы зашугала:

— Няма чаго пытацца!

— Разгортвай бой з мяшчанамі!

— Прашу даць мне слова!

— Чаму табе? Першым запішы Міхася Сароку.

Чалавек некалькі ўсхапілася са сваіх месц і рушыла да прэзідыума. Старшыня спярша стукаў алоўкам аб графін з вадою, а пасля пачаў грукатаць кулаком па стале і крычаць, зрываючыся на візгат:

— Ціх-ха!.. Чакайце!.. Не ўсе адразу!.. Слова мае Міхась Сарока. Ціх-ха!..

— К чорту Сароку! Заступніка мяшчанскага...

— Не слухай іх, Міхась. Кажы!

Міхась Сарока нібы нехаця ўстаў і, крышку падкульгваючы на правую нагу, пачаў прабірацца наперад. На яго смуглявым, прадаўгаватым твары Паліна Лазарэўская не заўважыла ні злой усмешкі, ні ціхага смутку. Здавалася, уся ўвага яго спакойных шэрых вачэй была звернута на тое, каб не паслізнуцца ў праходзе і добра дайсці да месца. Два гады таму назад ён, надрукаваўшы ў газеце допіс, выкрыў у сваім сельсавеце групу кулакоў, якія ўтойвалі зямлю ад абкладання падаткам. У позні восеньскі вечар, калі Міхась вяртаўся са сходу камсамольскай ячэйкі, яму як селькору за гэта адпомсцілі стрэламі з абрэза. Адна куля прабіла лёгкія, а дзве трапілі ў нагу, пакрышылі косць.

— Перш чым пачаць гаварыць,— уважліва зірнуўшы на Яшку Бляхмана, прамовіў Міхась,— я хацеў бы запытацца, што мы сёння абмяркоўваем: верш «Спатканне» ці персанальную справу Лазарэўскай?

— І адно і другое,— замест Яшкі Бляхмана адказаў, папраўляючы партупею, старшыня сходу.— Мы выклікалі Лазарэўскую на бюро, прапанавалі ёй замяніць лодачкі на звычайныя чаравікі альбо боты, але яна не паслухалася...

— І добра зрабіла, што не паслухалася,— нейкім задзірыстым тонам загаварыў Міхась.— Бляхман, відаць, думае, што калі чалавек пралетарскага паходжання, дык ён павінен хадзіць у нячышчаных шкрабаках і рызманах? А ўсё лепшае няхай апранаюць буржуі-недабіткі? Ды вы зірніце на Лазарэўскую ў яе новых убёрах. Яна ў дзесяць разоў зрабілася цяпер прыгажэйшай за малчанаўскую паненку! І пляваць мне на тых, якія нарадзіліся «под пышным заревом заката»! Ідзе цяпер Лазарэўская па вуліцы, а на яе ўсе хлопцы азіраюцца: якая красуня! Дык хіба гэта дрэнна?! Раней у нашым інтэрнаце рэдка хто штодня чысціў свой абутак, а цяпер толькі і чуеш: «Хлопцы, дзе шчотка? Хлопцы, хто ўзяў ваксу?» Бачыце, неяк нязручна ў неахайным выглядзе паказвацца перад ахайнымі дзяўчатамі. Я вам, таварышы, скажу па сакрэту нават большае. Як вядома, Паліна кіруе ў нас мопраўскай ячэйкай. Дык цяпер многія студэнты нават ахвотней пачалі плаціць членскія ўзносы, каб яшчэ адзін разок зірнуць на зграбную дзяўчыну... І дарэмна тут Яша Бляхман стараецца прышпіліць Лазарэўскай мяшчанскі ярлык!..

Пакуль Міхась гаварыў, у прэзідыум сходу адна за адною перадаваліся запіскі. Старшыня чытаў іх і зараз жа нешта сабе занатоўваў алоўкам на лісце паперы. Адну запіску ён паказаў Карніцкаму. Той прачытаў, усміхнуўся і паглядзеў на Паліну ўважлівым і разам з тым спачувальным позіркам. Паліне нават здалося, што ён ледзь прыкметна падміргнуў ёй, нібы кажучы: не турбуйся, калі што якое, я цябе падтрымаю.

Пасля Міхася Сарокі, якому нечакана пачалі апладзіраваць, да прэзідыума дробненькім шпаркім крокам падкаціўся студэнт першага курса Васіль Казелька, чырванашчокі, нізенькі хлопец. Аж захліпаючыся, ён пачаў не гаварыць, а крычаць нейкім візгатлівым бабскім голасам:

— Мы тут выслухалі, так сказаць, і першага — таварыша Бляхмана, і другога — таварыша Сароку. Мне спадабалася, што сказаў першы — таварыш Бляхман, і другі — таварыш Сарока. У нашай «Камсамольскай праўдзе» мне спадабаўся верш таварыша Малчанава і верш таварыша Маякоўскага. Наогул, усё правільна. І я з усім, так сказаць, згодзен. Толькі ў мяне ёсць адна прапанова. Давайце папросім нашых беларускіх паэтаў напісаць добрую песню на матыў «Кірпічыкаў» і надрукаваць яе з нотамі ў газеце «Чырвоная змена». Я, так сказаць, скончыў...

Усе прысутныя ў першую хвіліну былі збянтэжаны непераборлівасцю прамоўцы, яго шпаркай, нібы кулямётная чарга, балбатнёй. Потым на ўсю залу разлёгся вясёлы рогат, пачуўся свіст, уедлівыя выкрыкі: «Згоднік», «Безыдэйнае трапло!», «Чаму нічога не сказаў пра мяшчанку Лазарэўскую?»

Па ўзрушаных выкрыках Паліна зразумела, што гэта толькі пачатак, што, можа, лепш бы было ўстаць зараз і прызнацца пра сваю памылку. У нас радуюцца і вераць, калі чалавек прызнае сваю памылку і абяцае яе выправіць. Толькі неразумныя альбо ўпартыя людзі адважваюцца спрачацца з калектывам. Але гэта прыблізна тое самае, што пляваць супроць моцнага ветру: твая ж сліна запырскае самога цябе! Паліна, аднак, ведала і другое: многім дзяўчатам і хлопцам вельмі спадабалася хараство і яе лодачак і жакета, на якія яна патраціла так цяжка сабраныя на працягу, здавалася, усяго жыцця грошы. Магчыма, каб не гэты злашчасны малчанаўскі верш, ніхто б на яе і не накінуўся. Ва ўсім вінаваты верш «Спатканне!» У рэдакцыю паляцелі то гнеўныя без меры, то ўзрадаваныя лісты чытачоў. «Камсамольская праўда» друкавала ў парадку дыскусіі як адны, так і другія... Паліне найбольш падабаліся лісты, якія згаджаліся з аўтарам «Спаткання»...

Сход тым часам працягваўся. Адзін са студэнтаў з пафасам прачытаў ад пачатку да канца верш Уладзіміра Маякоўскага і зараз жа засумняваўся, ці можна цяпер давяраць Лазарэўскай збор мопраўскіх членскіх узносаў? Справу дапамогі гераічным вязням капіталу нельга давяраць чалавеку, які страціў сваё пралетарскае аблічча. І не трэба прасіць беларускіх паэтаў, каб яны пісалі яшчэ адны мяшчанскія «Кірпічыкі». Трэба прасіць Янку Купалу і Якуба Коласа ствараць новыя вершы пра камсамольскую рэвалюцыйную пільнасць, пра маладыя камуны...

— Таварышы...— як праз сон пачула Лазарэўская голас старшыні сходу.— Ужо другая гадзіна ночы, а яшчэ не выступіла і палавіна таварышаў, якія запісаліся ў спрэчках. Ёсць прапанова прадоўжыць сход заўтра.

 

ХІ

Да гэтага сходу Антон Карніцкі неяк не заўважаў Лазарэўскай. Ён праходзіў паўз яе, як праходзіў паўз многіх іншых дзяўчат. Яны яго чамусьці не хвалявалі. Можа, таму, што жыццё яго да камвуза было заўсёды запоўнена калі не баямі, дык напружанай падрыхтоўкай да іх. Нідзе падоўгу ён не затрымліваўся са сваімі партызанамі. Галоўнае — рэвалюцыя, вызваленне прыгнечаных з-пад несправядлівага і ненавіснага прыгону эксплуататараў. Ён, Антон Карніцкі, салдат, які павінен заўсёды лічыць сябе мабілізаваным, каб па першаму сігналу рынуцца ў атаку. Таму нават у камвузе Карніцкі хадзіў у армейскай ахоўнай форме. Усе гузікі заўсёды былі на сваім месцы, боты заўсёды зіхацелі. Яшчэ на фронце і ў партызанскім атрадзе Карніцкі заўважыў, што ахайныя людзі — найбольш дысцыплінаваныя, найбольш дакладныя, калі справа тычылася выканання самага цяжкага баявога даручэння.

Цяпер ён пазіраў час ад часу на Паліну Лазарэўскую і думаў, што, магчыма, Асокін казаў праўду: «Хіба толькі адны буржуі павінны хораша адзявацца? А працоўны чалавек будзе і надалей хадзіць у рызманах?» Гэтыя асокінскія словы не выходзілі ў Карніцкага з галавы, калі ён слухаў суровую пропаведзь расчухранага Бляхмана, усхваляваныя выступленні іншых студэнтаў. Большасць камсамольцаў асуджала верш Малчанава. Адзін з прамоўцаў, паказваючы пальцам на Лазарэўскую, з уздымам прачытаў:

 

Знаю я —

        в жакетах в этих

на Петровке бабья банда.

Эти

        польские жакетки

к нам

        привозят

                контрабандой.

 

 

Словы «бабью банду» і «контрабанду» прамоўца вымавіў з асаблівым націскам.

Лазарэўская, нібы падсудная, сядзела на тым самым месцы, што і ўчора. Раптам яе вузкія плечы ўздрыгануліся, а ў вялікіх карых вачах бліснулі слёзы. Карніцкі бачыў, як шпарка яна закрыла твар далонямі і апусціла галаву. Плечы яе час ад часу ўздрыгвалі ад немага плачу. Гэтага Карніцкі ўжо не мог вытрымаць.

— Дазвольце мне сказаць некалькі слоў,— папрасіў ён у старшыні сходу.

— Калі ласка,— устрапянуўся старшыня і зараз жа абвясціў: — Слова мае таварыш Карніцкі.

— Мне асабіста, таварышы,— пачаў Карніцкі,— спадабалася, як трымалася на гэтым сходзе Паліна Лазарэўская. Каб так лупцавалі на працягу двух вечароў, скажам, Бляхмана альбо нават самага здаравейшага з прысутных, дык ён бы скінуў не толькі свае чаравікі, але і нагавіцы. Абы ціха! Абы адчапіліся! А тут смалілі па Лазарэўскай і з вінтовак, і з кулямётаў, і з цяжкіх гармат, а яна не пахіснулася, не здалася, не здрадзіла свайму перакананню. Мне здаецца, што чалавек, які не саступае ў малым, ніколі не саступіць і ў вялікім. Сапраўды, чаму наша прыгожая Поля, дачка спрадвечнага панскага парабка, павінна апранацца горш за розных задрыпаных дваранак? Ды вы, калі на тое пайшло, пасадзіце на галаву сапраўднага рэвалюцыянера хоць залатую царскую карону, ён ад гэтага не зменіць свайго светапогляду, не адмовіцца ад сваіх ідэй! Вось што для нас самае важнае, вось што мы, у першую чаргу, павінны шанаваць і паважаць. Хіба Лазарэўская пачала горш вучыцца альбо дрэнна выконваць грамадскія нагрузкі? Не! Дык завошта ж мы яе тут прабіраем, параўноўваем з той асобай, перад якой становіцца на калені герой верша Малчанава? Паліна Лазарэўская — наш чалавек... Апрача таго, яна жанчына, у якой пачуццё прыгожага развіта больш, чым у мужчыны. Давайце, таварышы, усе разам шанаваць гэтае пачуццё і падтрымліваць яго ў кожным чалавеку...

Карніцкі на момант змоўк і мімаволі паглядзеў на Лазарэўскую. Позіркі іх сустрэліся. У вачах Полі ён убачыў не толькі шчырую падзяку за падтрымку ў цяжкую для яе хвіліну. Яны ўсе зіхацелі цеплынёю і ціхай пяшчотай, якіх Карніцкі ніколі і ні ў кога іншага раней не заўважаў. Хіба толькі ў Таісы... Але гэта было шмат год таму назад, яшчэ да мабілізацыі яго, вясковага хлопца, у армію...

— Я, таварышы, скончыў...— у нейкім замяшанні, злуючыся на самога сябе, прамовіў Карніцкі і сеў на сваё месца.

Далей ён быў ужо безуважны да ўсяго, што рабілася навокал, бадай не ўслухоўваўся ў прапанову Яшкі Бляхмана: прызнаць няправільным, непралетарскім верш «Спатканне» Івана Малчанава і вітаць рэвалюцыйнага паэта Уладзіміра Маякоўскага. Карніцкі толькі на момант насцярогся, пачуўшы строгі голас Яшкі Бляхмана пра бязлітасную барацьбу камсамольцаў з варожымі ўплывамі сярод моладзі. Аднак імя Лазарэўскай нідзе не ўспаміналася. Калі старшыня паставіў праект рэзалюцыі на галасаванне, Карніцкі зноў паглядзеў у бок Лазарэўскай. Яна пазірала на яго. У яе вялікіх карых вачах была ціхая падзяка і даверлівасць.

Карніцкі не вытрымаў і ўсміхнуўся.

Лазарэўская чакала яго каля выхаду. І Карніцкі зусім не здзівіўся, калі яна ступіла да яго і прамовіла:

— Можна з вамі пагаварыць, таварыш Карніцкі?

— Калі ласка. Я вас слухаю.

Паўз іх, ажыўлена размаўляючы, праходзілі студэнты. Адны паспешліва і ўсё яшчэ апанаваныя неспакойным духам сходу, другія — ўжо абыякавыя да ўсялякіх вялікіх праблем, апрача праблемы хутчэйшага адпачынку. Карніцкі, які недалюбліваў зацягнутыя сходы, страшэнна стаміўся.

— Я хачу падзякаваць вам за тое, што падтрымалі мяне. Хоць, можа, і не варта было гэтае рабіць.

— Вось як?! — ажывіўся Карніцкі.— Упершыню сустракаю чалавека, які не ведае — добра яно ці дрэнна, калі яму дапамагаюць!

Яны ішлі па ціхай Падгорнай вуліцы, слаба асветленай электрычнымі ліхтарамі.

— Бачыце, я сама яшчэ не пераканана ў сваёй праваце. Адны — за мяне, другія — супроць. Мне здаецца, трэба, каб было што-небудзь адно.

— Гэтае адно — вы сама, Поля,— нечакана ласкава і для сябе і для Лазарэўскай загаварыў Карніцкі.— Каб чалавек і хацеў, дык ён не можа дагадзіць усім. На свеце, як мне здаецца, яшчэ шмат эгаізму, які вельмі перашкаджае жыць людзям. Калі гаварыць пра чалавека, дык самае важнае ў ім яго сутнасць, душа, а не тое, як ён выглядае звонку. Я неаднойчы сустракаў вельмі прыгожанькіх і ахайненькіх асоб, каб неўзабаве пераканацца, што гэта толькі маска, лічына, пад якою хаваецца люты марадзёр альбо садыст. І наадварот, шмат якія грубаватыя з выгляду людзі не шкадавалі свайго жыцця, ратуючы з бяды безабароннага чалавека.

— Як вы, таварыш Карніцкі, ратавалі сёння мяне,— паціху прамовіла Лазарэўская.

— Сапраўды гераічны ўчынак! — весела ўсклікнуў Карніцкі.— Навакол была такая небяспека, што мяне яшчэ дзівіць, як я выскачыў з гэтай бітвы жывым. А колькі было нароблена крыві! Колькі засталося на полі бою забітых і параненых,— проста жах! Адзін толькі Яшка Бляхман трымаўся бясстрашна, як і належыць загартаванаму ў цяжкіх бітвах правадыру...

— Вы жартуеце, а ў мяне сэрца заходзілася ад крыўды, калі ён мяне параўноўваў з усялякімі паразітамі,— са смуткам загаварыла Лазарэўская.— Завошта? Што я хачу жыць і апранацца лепш, як мая маці? Што я люблю прыгожае адзенне, кветкі? Нядаўна я купіла на рынку вазон і прынесла ў інтэрнат. Дык некаторыя дзяўчаты накінуліся на мяне, што я мяшчанка, захапляюся ганебнымі геранямі... Хоць гэта быў алеандр, а не герань.

— Якая вы неасцярожная!

— Чаму?

— Кажуць, у лісцях алеандры ёсць атрута. Такая ж, відаць, небяспечная, як і вашы лодачкі...

Карніцкі і сам не ведаў, адкуль у яго сёння браўся такі настрой, ад якога не хацелася гаварыць сур’ёзна нават пра самыя сур’ёзныя справы. Магчыма, гэта ішло ад прысутнасці Лазарэўскай. Лазарэўскай, у сваю чаргу, было добра з Карніцкім. Яна крышку чула, што гэты чалавек яшчэ нядаўна прымушаў калаціцца ад жаху паліцыянтаў і асаднікаў, а цяпер, такі просты і мірны, ідзе побач з ёю, стараецца адцягнуць яе ўвагу ад прыкрых думак, не надае ніякага значэння ўсяму таму, што благога гаварылі пра яе на сходзе.

— Давайце пойдзем на плошчу Свабоды і там пасядзім на скверы,— раптам прапанаваў Карніцкі.

Поля згадзілася.

Па Ленінскай вуліцы яны выйшлі на плошчу Свабоды. Неўзабаве пад іх нагамі зашамацела нацярушанае з дрэў лісце, якім былі ўсыпаны ўсе лаўкі. Ён нейкім няўлоўным рухам рукі змёў лісце на зямлю і прапанаваў Лазарэўскай сесці.

Пэўны час яны сядзелі моўчкі, прыслухоўваючыся да начных гукаў. Горад патроху засынаў. Толькі каля гасцініцы «Еўропа» яшчэ чуліся галасы, відаць, запозненых наведвальнікаў рэстарана. Правізгатаў, паварочваючы з Ленінскай вуліцы на плошчу Свабоды, апошні вагончык конкі. І ўсё навокал неўзабаве сціхла. Адны дрэвы яшчэ аб нечым перашэптваліся сваім каляным і важкім лісцем.

— Вам не сумна са мною? — павярнуўшыся тварам да Карніцкага, ажыўлена запыталася Лазарэўская.— Чаму вы маўчыцё? Раскажыце што-небудзь пра сябе! Пра мяне вы за апошнія два сходы ўсе ўведалі. Нават тое, чаго не было.

— Вы, Поля, зноў вяртаецеся да старога! — прамовіў Карніцкі з нейкім папрокам у голасе.— Сказаць па шчырасці, я вельмі не люблю людзей, якія часта стогнуць альбо выхваляюцца добрасумленнасцю ці, што яшчэ горш, сваёй незвычайнай адвагай. Я ведаў аднаго чалавека, які ўласнай рукою напісаў у аўтабіяграфіі, што ён зрабіў гераічныя ўцёкі з паліцыі. Калі ніхто не хваліць, дык трэба, думае небарака, самому пахваліць сябе... Цяпер на ўсіх, хто не заблудзіў у гэтую паліцыю і так, як гэты герой, не ўцякаў, з яе, ён глядзіць, нібы крумкач на куранят.

— Вы расказваеце не пра людзей, а пра нейкіх хамелеонаў,— ціха адказала Лазарэўская.— Але для іх у нас досыць халаднаватае надвор’е.

— Нічога, яны ўмеюць прыстасоўвацца і прыкідвацца, думаючы, што нехта дурнейшы за іх альбо слепавокі. Аднаму яны паліслівяць, другому пусцяць пылок у вочы рэвалюцыйнай фразай, трэцяму, азірнуўшыся, паспачуваюць, калі партыя вытурыць яго са сваіх радоў за апартунізм. Прырода, як вядома, не любіць пустаты. І там, дзе мы паслабляем свае пазіцыі, іх неадкладна займае вораг. Сказаць праўду, мне вельмі падабаўся накал, з якім выступалі на сходзе многія камсамольцы. І яны ваявалі не за свае асабістыя інтарэсы, а за вас, Паліна. Нават той жа Яшка Бляхман! Можа, атрымалася гэта крыху грубавата, не так, як трэба... Ды ліха з ім! Мы свае ж людзі, як сказаў Маякоўскі...

 

ХІІ

Праз тыдзень яны зноў сустрэліся на скверы. Дзень быў сонечны і на дзіва цёплы для такой пары года. Ужо бадай усё лісце абсыпалася з дрэў і пышным, стракатым дываном укрыла навакол траву і алеі. Лазарэўская, якая крышку спазнялася, яшчэ зводдаля ўбачыла, што Карніцкі ўжо тут. Але ён быў не адзін. Побач з ім сядзеў чалавек у чорным бобрыкавым паліто і чорнай аксамітнай кепцы. Калі Лазарэўская падышла бліжэй і прывіталася з Карніцкім, чалавек у бобрыкавым паліто ўважліва агледзеў яе з галавы да ног шэрымі невыразнымі вочкамі праз халоднае шкло акуляраў і зараз жа ўстаў. Нос у яго быў нейкі кароткі, нібы абсечаны, а голас — крышачку гамзаваты.

— Я, Антон Сафронавіч, усё не веру, што вы перадумаеце,— працягваючы Карніцкаму сваю вузкую і доўгую далонь рукі, паспешліва загаварыў ён.— Наша грамадскасць павінна ведаць пра гераічныя справы партызан. Улічыце, што па Беларусі ўжо не васемнаццаць працэнтаў пісьменных, як было да рэвалюцыі, а больш як шэсцьдзесят. Ёсць цяпер каму чытаць. Да пабачэння!

— Бывайце,— кінуў яму безуважна адно слова Карніцкі. І калі Лазарэўская, правёўшы позіркам даўгалыгую постаць незнаёмага ёй чалавека, села, загаварыў ажыўлена: — Давайце, Паліна Фёдараўна, пойдзем адсюль. Я асцерагаюся, што гэты чалавечак яшчэ раз сюды вернецца.

— А хто ён такі?

— Той, што выхваляўся ў сваёй аўтабіяграфіі пра гераічныя ўцёкі. Яго завуць Ігнатам Пацапенем.

— Што яму ад вас трэба?

— А я і сам яшчэ добра не разабраўся,— шчыра адказаў Карніцкі.— Думаю толькі, што яго шумныя клопаты аб грамадскіх інтарэсах — дымавая заслона, шырма для нейкіх марадзёрскіх аперацый. Але вы не зазлуеце на мяне, калі я зараз прапаную вам адну авантуру?

— Гледзячы якую.

— Напрыклад, развітацца з вамі да вечара? Перад нашым спатканнем да мяне з’явіўся адзін з маіх партызан. Жывы вырваўся з кіпцюроў дэфензівы і сёння ноччу перайшоў граніцу. Трэба яму дапамагчы хутчэй уладкавацца і адпачыць... А ўвечары давайце сходзім у тэатр на «Кастуся Каліноўскага». Білеты ўжо ў мяне ў кішэні.

У першую хвіліну Лазарэўскую пакрыўдзіў гэты раптоўны паварот справы. Але вочы ў Карніцкага былі такія шчырыя, што яна не вытрымала і адказала:

— Рабіце, Антон Сафронавіч, як вам выпадае... Я таксама яшчэ не бачыла «Кастуся Каліноўскага».

— Ну вось і добра! — заспяшаўся Карніцкі.— Толькі не крыўдуйце. Зразумейце, што абставіны часта вымушаюць чалавека рабіць не так, як ён запісаў гэта ў сваім раскладзе.

Дамовіўшыся пра час сустрэчы ў тэатры, Карніцкі паціснуў Лазарэўскай руку і таропкім крокам рушыў па засыпанай лісцем алеі. Лазарэўская вырашыла перачакаць хвілін пяць, каб на адзіноце разабрацца ў сваіх пачуццях. Да знаёмства з Карніцкім заляцальнікаў было ў яе нямала. Яны прызначалі Лазарэўскай спатканні, калі яна працавала яшчэ ў хаце-чытальні пры валасным выканаўчым камітэце, і пазней, ужо на рабфаку. Са студэнтаў хіба толькі адзін Яшка Бляхман, заняты па горла сусветнымі праблемамі, праходзіў безуважна каля яе. Лазарэўская выслухоўвала іх гарачыя прызнанні і чамусьці не знаходзіла на іх водгуку ў сваёй душы. Адных яна шкадавала, з другіх смяялася, але нікому яшчэ не казала, што кахае толькі яго аднаго, што ён той чалавек, пра якога яна даўно марыла. Некаторыя сяброўкі пачалі лічыць яе праз меру ганарыстай, праз меру пераборлівай, некаторыя хлопцы нават кінулі з ёю вітацца і пачалі распускаць паміж студэнтаў розныя небыліцы. Нейкі пільны чалавечак неўзабаве пачаў пісаць у бюро ячэйкі заявы, што Лазарэўская ніякая не батрачка, а самая чыстакроўная дваранка, якая прабралася на рабфак па падробных дакументах. Хоць гэта былі ананімкі, Яшка Бляхман вырашыў асабіста з’ездзіць на радзіму Лазарэўскай і праверыць усё на месцы. Не паспеў ён вярнуцца ў Мінск, як на рабфак прыйшлі яшчэ два лісты, якія абвінавачвалі Лазарэўскую ў сувязях з нэпманскімі сынкамі. Лазарэўская нібыта дапамагала ім збываць кантрабандныя тавары. І хоць ва ўсіх ананімках была самая злосная хлусня, Лазарэўская адчувала, што ўзаемаадносіны яе з калектывам ужо не такія шчырыя і непасрэдныя, як раней. «Ну і добра! — вырашыла яна.— Не хочаце верыць мне, верце сабачым даносам! Самае важнае, што ў нас савецкая ўлада, а яна не дазволіць нікому крыўдзіць бязвіннага чалавека. Апрача рабфакаўскай ячэйкі ёсць райком, акружком, ЦК камсамола рэспублікі. Ёсць Масква!»

Адчуваючы за сваёй спіною такую вялікую сілу, Лазарэўская аднойчы не вытрымала і на запытанне Яшкі Бляхмана, з кім гэта яна была ўчора ўвечары ў кіно «Спартак», адказала:

— Што, зноў атрымаў сігналы? Дык ведай, мяне запрасіў сын князя Радзівіла! З кім жа іншым можа хаўрусаваць дваранка Лазарэўская?!.

— Ну, ты не блазнуй,— грабянуўшы растапыранымі пальцамі сваю шавялюру, без злосці адказаў Бляхман.— Я ў цябе проста пытаюся.

— Як пытаешся, так і адказваю. Мне, Яшанька, абрыдла твая мышыная гульня ў пільнасць...

Цяпер, правёўшы позіркам Карніцкага, Паліна падумала, што, магчыма, яна і сама вінавата ў тым, што здарылася. Карніцкі лічыць апошні сход нармальнай з’явай. Мы, гаварыў ён, будуем грамадства, якога яшчэ не ведала гісторыя. І ў гэтым грамадстве не павінна быць месца эгаізму — адной са страшнейшых праяў старога ладу, калі прапаведвалася, што чалавек чалавеку — воўк, калі людзі жылі па прымаўцы: мая хата з краю — я нічога не знаю. Не, наша хата цяпер не з краю. Яна ўжо знаходзіцца ў цэнтры свету, і на яе з вялікай надзеяй і спачуваннем паглядаюць усе прыгнечаныя народы зямлі... Яны хочуць зрабіць са сваімі прыгнятальнікамі так, як зрабілі мы... І мы не можам стаяць у баку ад іх справядлівай барацьбы...

Дзяўчына і сама яшчэ не ўсведамляла, чым вабіў яе гэты чалавек. Можа, тым, што не вельмі выхваляўся сваім мінулым. Расказвалі, што калі ў Карніцкага пачалі аднойчы распытваць пра яго гераічныя справы, ён толькі скупа ўсміхнуўся і адказаў:

— Усё выдумана! Ну які з мяне, школьніка, можа быць герой? Як толькі падыходзяць экзамены ці залікі, дык уся мая душа ў пяты спаўзае ад страху...

Увечары, седзячы побач з Лазарэўскай у тэатры, Карніцкі прагнымі вачамі глядзеў на сцэну, дзе Кастусь Каліноўскі, пераапрануты ў форму афіцэра царскай арміі, вёў размову са сваім злейшым ворагам — віленскім генерал-губернатарам Мураўёвым. Лазарэўская дакранулася да локця Карніцкага і хацела ў яго нешта запытацца. Карніцкі ўздрыгануўся ад гэтага дотыку і здзіўлена паглядзеў на Паліну, відаць, нездаволены, што нехта перашкодзіў яму сачыць за драматычным развіццём дзеі. І хоць дзяўчына яшчэ нічога не паспела сказаць, Карніцкі затрос далоняй і прашаптаў:

— Цсс! Пасля!..

Калі пачаўся антракт, яны выйшлі ў фае. Твар Карніцкага быў узрушаны, вочы яго паблісквалі. Лазарэўская заўважыла, што сярод гледачоў ёсць шмат знаёмых Карніцкага. Некаторыя з іх займалі буйныя дзяржаўныя пасады, але яны віталіся з Карніцкім за руку, як з самым сваім блізкім сябрам. Сакратар Цэнтральнага выканаўчага камітэта Лайкоў, светлавалосы асілак і прыгажун, яшчэ зводдаля весела заківаў галавою і запытаўся проста:

— Ну як, Антон? Спадабалася?

— Пабачым далей,— нібы нехаця адказаў Карніцкі.— Мне здаецца, у падзеях ёсць трошкі прыгодніцкага. Ці варта было Каліноўскаму, кіраўніку паўстання, лезці ў гэтае воўчае логава? А пакуль што мне п’еса падабаецца. Разумееш, часам я забываўся, дзе знаходжуся, і вельмі хацеў кінуцца на дапамогу рэвалюцыянерам. Ну, але тут ужо, відаць, вінаваты нашы слаўныя акцёры. Паліна Фёдараўна ў захапленні ад іх ігры.

— Паліна Фёдараўна? — перапытаў былы кіраўнік «Рудабельскай савецкай рэспублікі» Лайкоў.— А хто такая Паліна Фёдараўна?

Лазарэўская ў час размовы Лайкова з Карніцкім крыху адступілася ўбок. Цяпер Карніцкі заклапочана азірнуўся, падхапіў яе пад руку, загаварыў нейкім прабачлівым тонам:

— Знаёмцеся. Гэта, Максім Сцяпанавіч, Паліна Фёдараўна — мая жонка.

Такога раптоўнага і своеасаблівага прызнання Лазарэўская зусім не чакала. Што гэта: бяскрыўдны жарт ці, магчыма, нават здзек? Не паспела яна запярэчыць, разгневацца на такое самавольства, як Максім Сцяпанавіч паціснуў яе руку і загаварыў прачула:

— Я вельмі рад, Паліна Фёдараўна, што Антон Сафронавіч нарэшце вырашыў стаць сямейным чалавекам. Мы ўжо лічылі яго вечным салдатам-добраахвотнікам. Варта толькі дзе-небудзь пачацца якой несправядлівасці, як Антон ляціць туды, каб дапамагчы пакрыўджаным. Праўда, ад гэтага ўмяшання яму часам дастаюцца адны толькі шышкі, а пірагамі карыстаюцца другія. Будзем спадзявацца, што цяпер ён трошку паспакайнее. Заходзьце, калі ласка, да нас у любую вольную хвіліну.

Апрача Лайкова, сярод гледачоў аказалася шмат іншых знаёмых Карніцкага. Партыйныя работнікі, вучоныя з інстытута беларускай культуры, інжынеры, паэты, камандзіры Чырвонай Арміі, якія па-дружбацку віталіся з Антонам Сафронавічам пасля таго, калі адышоў Лайкоў, скіравалі думкі і адчуванні Лазарэўскай у іншы бок. Ёй стала хораша і прыемна ад такога таварыства. Многія названыя Карніцкім прозвішчы яна часта сустракала ў друку. Цяпер, пазнаёміўшыся з імі, Лазарэўская здзівілася, што яе ўяўленні аб гэтых людзях раней былі зусім іншыя. Напрыклад, аўтара завучанай на памяць паэмы «Босыя на вогнішчы» яна ўяўляла імклівым і непакойлівым волатам, а тут перад ёю стаяў на дзіва сціплы, на дзіва ціхі чалавек, росту так сярэдняга, з лагодным і нейкім нібыта вінаватым позіркам вачэй. З ім была яго красуня-жонка, актрыса, якая выконвала ролю галоўнай гераіні ў мастацкім фільме «Грышка свінапас». Лазарэўская пазнала яе адразу. Ёй толькі не спадабалася, што яна курыла і была нейкая няўважлівая да ўсяго навакольнага. І сваю вузкую, халаднаватую далонь актрыса працягнула Лазарэўскай як бы нехаця, каб зараз жа забыцца на таго, хто толькі адну хвіліну таму назад вітаўся з ёю.

— Глядзі, Уладзя, наш паўстанец таксама прыйшоў на прэм’еру,— пачула Лазарэўская крышачку гартанны характэрны голас.— Ну, спадабалася вам, таварыш Карніцкі, як змагаліся за волю нашы прадзеды?

Лазарэўская павярнулася на голас і ўбачыла, не верачы сваім вачам, за які крок ад сябе Янку Купалу. Ён, як і намнога маладзейшы за яго Міхась Чарот, таксама прывітаўся за руку з ажыўленым без меры ад гэтай сустрэчы Карніцкім. Карніцкі, аднак, знаёмячы Паліну са славутым паэтам, ужо не паўтарыў таго, што сказаў Лайкову. Паліна Фёдараўна,— сказаў ён проста,— таксама захацела прагледзець новы спектакль. Гэта, дзядзька Янка, слухачка рабфака.

— І вы, Антон, відаць, ужо завербавалі яе ў свой партызанскі атрад? — усміхаючыся, запытаўся Янка Купала.— Чатыры мільёны беларусаў яшчэ стогнуць ад шляхецкага ярма. Быць таго не можа, каб вы пагадзіліся з тым, што робіцца па той бок граніцы.

— Не, дзядзька Янка,— паціху, але пераканана адказаў Карніцкі.— Я веру ў хуткае ўз’яднанне беларускага народа. А каб вы ведалі, як там прыслухоўваюцца да кожнага слова мінскага радыё! У мяне сёння начуе Васіль Каравай. Памятаеце, я пра яго вам расказваў? Ён тыдзень таму назад чуў у хаце аднаго радзівілаўскага лесніка верш «А ў Вісле плавае тапелец». Ваша слова абмінае ўсе граніцы, усіх жандараў, шпікаў, каб падбадзёрваць і ўздымаць людзей на барацьбу за свае правы.

— Васіль Каравай, ваш памочнік, жывы? — шпарка загаварыў Янка Купала.— Я вельмі рад. Ведаеце што: зайдзіце, калі ласка, з ім заўтра да мяне.

— Дзякую за запрашэнне, дзядзька Янка. Але ж мы можам перашкодзіць у працы...

— Яшчэ што выдумайце! — абурыўся паэт.— Я сам ведаю, хто мне перашкаджае, а хто дапамагае. Да вячэрніх апошніх паведамленняў у мяне знойдзецца гадзінка-другая вольнага часу...

— Праўда, таварыш Карніцкі, мы вас заўтра будзем чакаць,— умяшалася ў гаворку мужчын Уладзіслава Францаўна.— Янка мне задурыў галаву, ці не пакрыўдзіліся вы часам на нас, што забыліся на сцежку да зялёнай таполі на Кастрычніцкай вуліцы.

— Не ўпрошвай яго, Уладзя! — роблена строгім голасам прамовіў Янка Купала.— Яму ж будзе горш, калі я сам да яго прыйду ды яшчэ прывяду з сабою цэлы батальён маладнякоўцаў.

Як не раз чула Паліна, сям’я Янкі Купалы была адна з самых гасцінных у Мінску. Пачынаючыя маладыя пісьменнікі — студэнты, селькоры і рабкоры, выкладчыкі літаратуры сярэдніх і вышэйшых школ часта папросту заходзілі да вялікага песняра, каб прачытаць яму свой першы твор альбо атрымаць тую ці іншую параду. Аднак перш чым загаварыць пра справу, Іван Дамінікавіч пытаўся ў наведвальніка, ці не падсілкаваўся б ён чым. «Уладзя, — чулася тады з кабінета.— Хадзі, калі ласка, сюды на хвілінку».

І Уладзіслава Францаўна ўжо спяшалася на гэты кліч, каб неўзабаве частаваць чалавека, якога, магчыма, толькі ўпершыню бачыла ў вочы. Бо, апрача маладых літаратараў, тут бывалі старшыні першых сельскагаспадарчых камун, кіраўнікі вясковых драматычных гурткоў, камандзіры Чырвонай Арміі, камуністы-падпольшчыкі з Заходняй Беларусі. Гэта неўтаймоўная прага да знаёмства і сустрэч з найбольш дзейнымі людзьмі, відаць, была жыццёвай патрэбай вялікага паэта Беларусі. Яго захапляла ўсё новае, што з’яўлялася ў гаспадарчым і палітычным жыцці рэспублікі, усёй савецкай краіны. Кожны новы завод, электрастанцыя, камуна. Асабліва радавала яго моладзь, камсамольцы, арляняты, як ён ласкава іх называў.

Івана Дамінікавіча і Уладзіславу Францаўну ўжо абступілі іншыя гледачы спектакля, а ў душы Лазарэўскай гучалі бясконца дарагія радкі:

 

Гэй, узвейце сваім крыллем,

Арляняты, буйна, бурна,

На мінулых дзён магіле,

Над санлівасцю хаўтурнай!..

 

 

Яна на памяць вывучыла ўвесь верш, разы два чытала яго ўголас сяброўкам. І сёння ўпершыню сустрэлася сам-насам з аўтарам гэтых радкоў, які палымянымі словамі абуджаў нацыянальную свядомасць свайго народа, спяваў на поўны голас пра перамогу Кастрычніка.

Як добра, што яна спаткалася з Карніцкім! З ім яна ўваходзіла ў новы свет паважаных людзей, за натхнёнай працай якіх сочыць уся рэспубліка. Гэтыя людзі, як зразумела Лазарэўская, паважалі Карніцкага. «Скажы мне, хто твае сябры, і я скажу табе, хто ты»,— прыгадалася ёй пад канец спектакля.

Карніцкі тым часам па-ранейшаму ўважліва сачыў за падзеямі на сцэне. Твар яго быў напружаны, губы моцна сцятыя. Калі пачала захінацца заслона, ён усхапіўся з крэсла і гучна запляскаў акцёрам. І ні ў кога другога не бачыла Лазарэўская такой непасрэднай шчырасці, такога вялікага хвалявання, як у Карніцкага.

— Гэта здорава! — пабліскваючы вачамі, прамовіў ён Лазарэўскай.— Шкада, што Васіль не мог з намі пайсці. Ён бы разявіў рот ад захаплення!

 

ХІІІ

Лазарэўская чакала, што, развітваючыся ў гэты вечар, яны дамовяцца пра наступную сустрэчу. Магчыма, нават заўтра. Але Карніцкі чамусьці маўчаў. Праўда, заўтрашні дзень у яго быў увесь запоўнены: вучоба, партыйны сход пасля заняткаў, сустрэча з Янкам Купалам...

— Мы хутка ўбачымся, Поля,— моцна паціснуўшы Лазарэўскай руку, нечакана назваў ён яе па імю.— Абавязкова! Мне вельмі добра з вамі. Я на многае тады забываюся. І разам з тым многае ўспамінаю.

Аднак сустрэліся яны толькі праз месяц. Карніцкі, зразумела Лазарэўская, быў вельмі заняты то ўладкаваннем свайго памочніка Васіля Каравая ў камвузе, то выездамі на вёску па камандзіроўках партыйных органаў. Між іншым, ён прыслаў ёй аднекуль з-пад Віцебска свой першы ліст, у якім расхвальваў чароўную прыгажосць Наддзвіння: магутныя сосны неабсяжных бароў і крынічную чысціню шматлікіх азёр. «Дарэмна балбочуць некаторыя знаўцы пра аднастайны і самотны пейзаж Беларусі,— пісаў Карніцкі.— Як на поўдні, так і на поўначы нашай рэспублікі ёсць адметная прыгажосць. І не заўважаць яе можа хіба толькі сляпы ці абыякавы да ўсяго жывога чалавек. Уявіце сабе дарогу, якая віецца паміж узгоркаў, зарослых сасняком, уваходзіць у невялічкую вёску і потым крута прастуе на гару. Усё вышэй і вышэй. Уз’едзеш на самы хіб гэтай гары, зірнеш з яе наперад, і сэрца тваё ўстрапянецца ад здавальнення. Разлеглася проста перад табою далёка ўнізе блакітная, як неба, роўнядзь возера. А навакол яго залатая аправа з восеньскіх хмызнякоў: беразняк, асіннік, арэшнік, ясень, клёны. Можна гадзінамі любавацца то барвовымі, то аранжавымі, то светла-жоўтымі ўбёрамі дрэў, і гэта ніколькі вам не надакучыць! Праедзеш кіламетры тры-чатыры, а там зноў возера, да якога падышлі дружнай цёмна-зялёнай грамадой высачэзныя яліны... Так, любуючыся наваколлем, даехаў я да мэты свайго падарожжа — камуны «Ленінскі шлях».

Карніцкі не пісаў, чаго ён так тэрмінова ездзіў на Віцебшчыну. У кожным разе не для таго, каб любавацца прыгожымі краявідамі ў напружаныя дні вучобы.

Ды Лазарэўская не вельмі і цікавілася яго справамі. Ёй хацелася толькі як мага хутчэй з ім пабачыцца, зноў пачуць яго голас. Да кожнай сустрэчы яна рыхтавалася, як да самага вялікага свята.

Яна ўжо не адчувала ніякай злосці ні на Бляхмана, ні на ўсіх тых, хто выступаў супроць яе. Наадварот, яна весела і першай віталася з імі пры сустрэчы. Васіль Казелька, які на сходзе валіў у адну кучу і станоўчае і адмоўнае, нават ледзь не захліпнуўся ад здавальнення.

— Бачылі, хлопцы, як выглядае Лазарэўская пасля такой лупцоўкі? — узрушана загаварыў ён аднойчы да сваіх таварышаў.— Стала лёгенькая, як ластаўка. І ўсміхаецца кожнаму сустрэчнаму. Відаць, калі чалавека добра адпачасаваць, дык ён заўсёды робіцца лепшы і разумнейшы...

— А ты як думаў? — нібы насур’ёз падтрымаў такія вывады Казелькі Міхась Сарока.— Вельмі шкада, што той сход не пачалі з цябе...

Яны размаўлялі ў доўгім і гулкім калідоры пасля чарговай лекцыі і не заўважылі, як да іх падышоў незнаёмы чалавек у жоўтай скураной куртцы, якая, здавалася, аж трашчала на яго шырокіх плячах.

— Здарова, братва! — басавіта прамовіў ён да хлопцаў.— Ці не можаце падказаць, дзе мне можна знайсці Паліну Лазарэўскую?

— Яна толькі што тут праходзіла,— уважліва агледзеўшы незнаёмага, адказаў Міхась Сарока.— Хадземце са мною. Я дапамагу вам яе адшукаць.

— Вось дзякую, браток,— усміхнуўся ў свае рыжыя вусы незнаёмы.— Весела тут у вас. Можна сказаць, адна моладзь. І дзяўчат больш, як у нас.

Чалавек у скураной куртцы быў Васіль Каравай. Знайшоўшы Лазарэўскую недзе ў канцы калідора, ён перадаў ёй запіску ад Карніцкага.

Каб Васіль і не называў сябе, Лазарэўская пазнала б яго адразу па яго акуратных рыжых вусах на шырокім твары, па магутнай постаці. Пакуль Лазарэўская чытала запіску, былы памочнік Карніцкага спадцішка вывучаў дзяўчыну і, відаць, застаўся здаволены выбарам свайго камандзіра, бо зараз жа непрыкметна павёў па сваіх вусах і скоса зірнуў на куртку, каб здзьмухнуць з яе рукава ледзь прыкметную пылінку.

Вярнуўшыся да Карніцкага, Васіль перадаў яму адказ Лазарэўскай і зараз жа прамовіў узрушана:

— Ведаеш, Антон, што я табе скажу? Не падабаюцца мне вашы спатканні на нейкіх, як вы дамаўляецеся, старых месцах! Лепш адразу ідзіце ў загс і афармляйце ўсё па законнаму статуту. А то і гэтая каралева зробіць, як Таіса... У такіх прыгожых дзяўчат заўсёды шмат паклоннікаў.

— Дзякую, сваток, за параду,— усміхнуўся на такую рашучую прапанову свайго сябра Карніцкі.— Але мы яшчэ мала ведаем адзін аднаго.

— Дзівак чалавек! Хіба гэта камвуз, каб расцягваць вывучэнне на якія тры гады? Гэта ж чыста сардэчная справа, і яна не любіць адкладаў. Ці мала які хлопец падвернецца ёй заўтра, і табе зноў выйдзе адстаўка. Ды яно неяк і ў пакоі весялей, калі ў ім жыве жанчына! Тады ты зусім па-іншаму глядзіш на свет... Разумееш, завядуцца на стале ўсялякія кветкі, нейкая ўтульнасць... А то як у казарме. Сядзіш тут па вечарах, нібы той бірук...

Каравай, распісваючы непрытульнасць халасцяцкага пакойчыка Карніцкага, нават плюнуў. Карніцкі ў вясёлым здзіўленні паглядаў на свайго друга. Потым устаў з канапы і, засунуўшы рукі ў кішэні, прайшоўся да акна, адтуль да дзвярэй. Паглядзеў, ці шчыльна яны зачынены, каб зараз жа запытацца ў Каравая:

— Паслухай Васіль. З якога часу ты стаў такім зацятым прыхільнікам сям’і? Што здарылася? У атрадзе я чуў ад цябе іншыя пропаведзі!

— Мала што было ў атрадзе! — унікаючы дапытлівага позірку Карніцкага, буркнуў Каравай.— Што было, браток, тое сплыло...

— Не, не сплыло! Кажы адразу, што здарылася?

— Ды чаго ты да мяне прычапіўся! — ужо не вытрываў Каравай.— Ну, разумееш... Учора я запісаўся ў загсе. Добрая дзяўчына. Яе завуць Верай...

— Эх ты, рэвалюцыянер!.. Нават мне, свайму сябру, нічога не сказаў!

— А як я мог табе сказаць, калі цябе не было ў Мінску. Пашлюць цябе куды ў камандзіроўку на год ці на два, дык я павінен сядзець склаўшы рукі і чакаць, пакуль ты вернешся? Няма дурняў! Вось збірайся зараз жа, пойдзем да мяне. Убачыш, што я не памыліўся...

— А раптам заўтра выклік? Васіль, збірайся! Як ты цяпер зробіш?

Васіль Каравай усхапіўся з крэсла.

— Адно другому не перашкодзіць, Антон! — прамовіў урачыста.— Сам пабачыш. Я ад цябе не адстану ні на крок...

 

XIV

Крым. Паўднёвае гарыстае ўзбярэжжа. Сівая і вечна неспакойная грыва марскога прыбою. Хвалі адна за адною набягаюць на бераг, шуршаць і шыпяць у рознакаляровых каменьчыках галькі. Белыя, як соль, чорныя, як вугаль, зялёныя, ружовыя, шэрыя, мутна-вадзяністыя, яны перакочваюцца адзін цераз адзін, падскокваюць у шыпучай пене і неўзабаве, няважкія ў празрыстай плёнцы вады, адбягаюць назад, нібы для сустрэчы з чарговай хваляй. А хвалі ідуць бясконца, пагрозна ўздымаючы перад самым берагам крутыя зеленаватыя хібы, трасучы белай грывай і з глухім і цяжкім стогнам абвальваючыся на цёплы пясок, каб паляжаць тут і пагрэцца пасля халоднага і непрыветнага марскога бяздоння. Але ніколі няма ім спакою і адпачынку. Бяздонне ўжо кліча іх у цёмныя нетры, сцягвае з пясчанай пасцелі, усмоктвае да астатняй кропкі сваім ненаедным жаралом, каб зноў вышпурнуць іх на паверхню і гнаць перад сабою: няхай точаць і абмываюць каменьчыкі, зацята б’юцца з жалезна непахіснымі скаламі берага, з гарамі, вяршыні якіх узняліся над морам вышэй хмар! Адны з гэтых гор у кучаравым зяленіве хмызнякоў, другія падставілі свае каменныя голыя грудзі пад вецер і сонца.

Ужо цэлы тыдзень Антон Карніцкі, устаючы перад усходам сонца, бадзяўся па прыбярэжным вільготным пяску курорта. Спярша ён ніяк не мог прывыкнуць да няўмоўчных глыбокіх уздыхаў мора. Нават у самае ціхае надвор’е яно варушылася і глуха ўздыхала, як агромністае жывое стварэнне. Здавалася, яно ніколі не спала, заўсёды было ў руху, як і пагранічнікі, што таропка спяшаліся з карабінамі за плячамі на свае пасты. Маладыя, чыста паголеныя хлопцы ўважліва і ўчэпіста аглядалі самотную постаць руплівага курортніка і моўчкі праходзілі міма. Яшчэ спаў бераг, беласценныя дамы пад бляшанымі і чарапічнымі дахамі, там-сям затуленыя каштанамі, пірамідальнымі таполямі, акацыямі, а на моры ўжо ішла работа. Завіхаліся каля сецяў рыбакі, некалькі парусных лодак маячыла на небасхіле. Удалечыні, цягнучы за сабою чорную паласу дыму, ішоў параход. Адсюль ён выглядаў зусім маленькім, зусім маларухавым, здаваўся ледзь прыкметнай кропкай на неабсяжнай і велічнай паверхні мора.

Гадзіне а сёмай на пляжы паяўлялася Надзейка. Карніцкі, заўважыўшы яшчэ ў брамцы мілую клятчастую сукенку дачкі, усміхаўся і адварочваўся, нібы вельмі заняты пошукамі самацветаў. Надзейка заўсёды падбягала да яго ззаду, ён чуў, як гурчала галька пад яе нагамі, потым крокі рабіліся асцярожныя і затоеныя. Дачакаўшыся моманту, калі кіпучая хваля абвальвалася з шумам на бераг, Надзейка налятала на бацьку, абдымала яго рукамі і павісала на ім.

— Ага, злавіла,— аж заходзячыся ад радасці, крычала яна.— Будзеш другі раз ведаць, як хадзіць без мяне па самацветы! Ну што, спалохаўся? Праўда ж?

— А ты як думала?

Ён падымаў яе на рукі, прытульваў да сябе і нёс уздоўж белай грывы прыбою, адчуваючы, як горача яна горнецца да яго, моцна абхапіўшы халаднаватымі засмужанымі рукамі яго шыю.

— Вядома, спалохаўся! — шчаслівая, што яе лёгка нясуць такія моцныя, такія дарагія ёй бацькавы рукі, балбатала яна.— Ты можаш мяне данесці вунь да таго каменя?

— Паспрабую.

— Не трэба. Я хачу ісці сама. Пакажы мне, колькі ты назбіраў самацветаў.

Надзейка саслізгвала на пясок і заклапочана аглядала кішэні пісягістай піжамы, папярэдне загадаўшы:

— Рукі ўгору! Не варушыцца!

— Я і не варушуся.

— Ой, мамачкі, колькі тут у цябе кантрабанды! Анька, дурнічка, спіць і не ведае, што ў татавых кішэнях. Ой, такіх прыгожых самацветаў мы яшчэ ніколі не знаходзілі! Як называецца во гэты камень?

— Нефрыт.

— А гэты?

Яна даставала з яго кішэні і раскладала на сваёй далоньцы чырвоныя альбо аранжавыя сердалікі, блакітныя аквамарыны, празрыста-фіялетавыя аметысты, малочна-шэрыя халцэдоны, цяжкія кавалачкі халоднага крышталю. Два пагранічнікі, якія вярталіся з начнога паста на заставу, з усмешкай паглядалі на гэты прыдзірлівы вобыск затрыманага парушальніка. Надзейка тады нездаволена паварочвалася ў бок вясёлых чырвонаармейцаў, смешна моршчыла твар і, пабліскваючы залацістымі вачамі, высалоплівала язык. Хлопцы рагаталі, і адзін з іх узрушана гаварыў, падкідваючы на плячы вінтоўку:

— Вось гэта клас!

— Можаш апусціць рукі,— міласціва дазваляла Надзейка бацьку, калі кішэні піжамы былі апарожнены.— І другі раз не хадзі адзін. Зразумела?

— Ёсць не хадзіць аднаму, таварыш Надзя.

Яна зноў клала каменьчыкі ў яго кішэню, бралася за яго руку і, ідучы побач, гаварыла, думаючы пра нешта сваё, затоенае:

— Я хачу, каб ты заўсёды быў са мною. Я хачу заўсёды быць з табою, татка. І мамка заўсёды добра спіць, калі ты дома.

Праз хвіліну яна азіралася і тармашыла бацьку за піжаму.

— Ой, мамачкі, паглядзі, колькі хворых за намі цягнецца! Адзін, два, тры... Як буслы на лузе...

Карніцкі спыняўся, праводзіў вачамі па ўзмор’і і, нібы нічога не разумеючы, пытаўся:

— Дзе ты бачыш хворых? Мне адсюль відаць толькі людзі, якія выйшлі паглядзець, што выкінула за ноч мора. Дык яны ж здаровыя!

— А вот і не! І ты таксама нездаровы.

— І я?

— І ты.

— Чым жа я хварэю, таварыш доктар?

— Тым, чым і яны. Каменнай хваробай.

— Вось дык здорава!

— А ты не смейся. Ведаеш тую цёцю, што сядзіць у сталоўцы разам з намі? Гэта яна так сказала!

— А хіба яна доктар?

— Я не ведаю, але яна казала, што чалавек прыязджае на курорт нармальны. Але толькі на два-тры дні. А потым вар’яцее і пачынае збіраць каменьчыкі.

Яны паварочвалі дадому. Ім пачалі трапляцца маладыя і пажылыя людзі, нават сівыя дзяды і бабулі, якія заклапочана шнырылі вачамі па намытай морам бясконцай градзе галькі. У першы дзень прыезду, наглядаючы курортнікаў, якія чарадою хадзілі ўздоўж прыбою, Карніцкі спярша смяяўся: салідныя таты і мамы, вядомыя на ўсю краіну наватары прамысловасці і сельскай гаспадаркі, вучоныя і літаратары, а займаюцца, як малыя дзеці, збіраннем рознакаляровых каменьчыкаў! З самым сур’ёзным выглядам і зацята спрачаюцца пасля абеду ці вячэры пра няўлоўны і загадкавы колер агата, нібы ад гэтага залежаў лёс цэлай дзяржавы! Як школьнікі, выхваляюцца адзін перад адным удалымі калекцыямі самацветаў, упрошваюць адзін аднаго памяняць рэдкі нефрыт на аметыст. Нездарма нехта трапна назваў пошукі самацветаў «каменнай хваробай».

На другі дзень, выходзячы пасля купання з вады, Карніцкі раптам, нібы яму хто скаваў ногі, прыпыніўся і пачаў прыглядацца да плыткага дна. Потым, як зачараваны, схіляўся ўсё ніжэй і ніжэй, нарэшце, асцярожна апускаў руку ў ваду, каб дакрануцца да каменьчыка, які, здавалася, дыхаў і свяціўся ціхім зеленаватым святлом. Гэтакую прыгажосць нельга было пераступіць, абыякава абысці альбо ступіць на яе нагамі. Хацелася ўзяць яе на далонь, узяць пяшчотна, як жывое і далікатнае стварэнне. Вось узрадуюцца Надзейка, Анечка, нават Паліна! І, падымаючы з дна мора звычайны агат, ён у тую хвіліну і не падазраваў, што разам з ім ён падымае і каварны мікроб хваробы, які ўжо заўтра ўскруціць яго з пасцелі яшчэ досвіткам і пагоніць уздоўж прыбою...

Неўзабаве паказалася і Паліна Фёдараўна з Анечкай. Анечцы толькі шэсць год, яна на два гады маладзейшая за Надзю. У кароценькай васільковай сукенцы, з адтапыранымі ўбок коскамі, заўсёды заклапочаная, яна часта чапляецца нагамі за сустрэчныя круглыя галышы, хоць і трымаецца за руку мамы. Антон Карніцкі крута паварочваецца назад і ідзе насустрач Паліне Фёдараўне. Надзейка ўважліва глядзіць наперад і тады гаворыць бацьку:

— Паглядзі, татка. Праўда ж, наша мама вельмі прыгожая!

— Праўда.

— Ой, каб ты ведаў, колькі яна плакала, калі ты некуды далёка ездзіў!

— А ты адкуль ведаеш? Ты ж яшчэ тады толькі поўзала.

— Мне казала бабка. Ты навечны добраахвотнік... Паглядзі, татка, якая палахлівая наша Анька. Баіцца ісці з таго боку, дзе вада. А я ніколечкі не палохаюся.

Яна вырывала сваю руку з бацькавай і ўзбягала на шыпучую і рухавую пену прыбою, смяялася і махала рукамі, як неаперанае птушанё доўгімі і вузкімі крыллямі. Залацістыя вочы Паліны Фёдараўны тады напаўняліся страхам, і яна крычала строга, ледзь не ў роспачы:

— На-адзя!..

Надзя, не азіраючыся, імчалася наперад уздоўж пеністай паласы. Часамі бліскучыя пырскі аблівалі яе ўсю, але яна не звяртала на гэта ўвагі.

— Уся па табе пайшла! — убачыўшы, што Надзя, нарэшце, выбегла на сухапуцце і вяртаецца да іх, з палёгкай прамовіла Паліна Фёдараўна.— Такая ж кручаная, як і ты.

— Не кручаная, а смелая, Поля. І смелая таму, што тут мы з табою. Яна адна ніколі б не адважылася бегчы так блізка ад хвалі. У Надзі звычайнае здаровае пачуццё веры ў чалавека, які павінен прыйсці ёй на дапамогу ў цяжкую хвіліну. Я люблю такіх людзей.

— Ты сам часта хадзіў па лязе. А як было ў той час мне? Другія спакойна днююць дома, кладуцца штоночы спакойна спаць, а я, як праклятая лёсам удава, не ведала спакою. І завошта? Чаму?

— Ну, ці варта табе, Поля, тлумачыць чаму? Я не мог іначай. Што — мне, а праз мяне іншым не было спакою. Што я таксама, як і другія, мог спакойна заставацца дома. Як той конь у канюшні. А раніцою прыходзіць гаспадар, надзяе на яго хамут, запрагае ў воз і сцябае сырамятнай пугай па спіне. Пасля рэвалюцыі я не мог нікому дазволіць такой ласкі, каб на мяне зноў нацягнулі стары хамут і па-ранейшаму лупцавалі, як сідараву казу.

— Ну, і чаго ты дамогся? Каб не Чырвоная Армія, дык бы заходняя частка Беларусі і па сённяшні дзень была б пад акупантамі. Вельмі памаглі твае партызанскія геройствы!

— Чаму ты лічыш, што мае? Нас было шмат. У кожным ваяводстве, у кожным павеце, у кожнай вёсцы ў нас была зброя, былі партызаны. Мы, колькі ў нас было сілы, рабілі сваю справу. Калі можна так сказаць, мы працярэблівалі шлях, падрыхтоўвалі масты для Арміі Вызвалення. І гэта ўжо лепш, чым сядзець склаўшы рукі.

— Цябе маглі расстраляць іспанскія фашысты!

— А я ім не даўся ў лапы ні разу. Дык што, па-твойму, лепш?

— З табою спрачацца — толькі нервы псаваць. Ты і дзяцей так выхоўваеш, каб яны сваімі ўчынкамі турбавалі другіх.

— Мне здаецца, што цяпер я самы ціхі ў Савецкім Саюзе чалавек, прыкладны сем’янін. Удзень працую, увечары вучуся і акуратненька з’яўляюся нанач дахаты. А зараз збіраю каменьчыкі і любуюся, як гэтым рамяством займаюцца больш салідныя людзі. Я, напрыклад, не чакаў, што спаткаю за такім заняткам аўтара вядомага падручніка па біялогіі прафесара Дабрынскага і славутага пісьменніка Міхайлава. Ты ведаеш, Поля, Міхайлаў таксама некалі быў у партызанах на Далёкім Усходзе.

— А я думаю, чаму так хутка вы з ім спеліся!

— Нармальна,— здаволена ўсміхнуўшыся, адказаў Карніцкі.— Чалавек ён, што трэба.

У гэтую хвіліну разложыста забрынчаў гонг, склікаючы курортнікаў на снеданне. Анечка, якая каля вады ўвесь час трымалася моцна за маміну руку, устрапянулася і пацягнула Паліну Фёдараўну ў бок сталовай. Анечку палохалі хвалі, што бясконцай грознай чарадою каціліся на бераг, палохала шыпучая коўдра пены. Анечка ішла, увесь час баязліва паглядаючы на ваду, чаплялася жоўтымі сандалікамі за вапенныя галышы. Карніцкі ўзяў дачку на рукі і панёс да сталовай, якая знаходзілася ля самага мора. Абапал цэментовых ступеняў стаяла некалькі скрынак з алеандрамі, густа ўсыпанымі ружовымі бутонамі кветак. Дзве вымураваныя і атынкаваныя вапнай чатырохвугольныя тумбы для скульптур яшчэ не былі заняты. На адной з іх, абхапіўшы сухімі маршчыністымі рукамі калені, сядзеў прафесар Дабрынскі. Ён, відаць, паснедаў і цяпер, паклаўшы коратка падстрыжаную бараду на калені, вострымі цікаўнымі вачамі пазіраў на мора. Убачыўшы Карніцкага з сям’ёю, Дабрынскі жвава ўзняў галаву і весела запытаўся пасля прывітання:

— Ну што, Антон Сафронавіч? Ідзём пасля снедання па каменьчыкі? Гэты бок,— Дабрынскі кіўнуў галавою ўправа,— я даследаваў да снедання. Магу пахваліцца выдатным нефрытам. Зірніце, калі ласка, на яго афарбоўку...

Карніцкі вымушан быў прыпыніцца, каб пацешыць вядомага вучонага сваёй увагай да прадмета яго страсці. Узяўшы халаднаваты і важкі каменьчык, Карніцкі пачаў разглядаць яго на сонцы.

— Як? Зайздросна? — прыплюшчыўшы стомленыя чырванаватыя павекі, зацікаўлена дапытваўся вучоны.— Міхайлаў ледзь не наступіў на яго нагою і прайшоў міма, дзівак! І колькі я яму разоў казаў, што самацветы — гэта не грыбы, іх трэба ўмець шукаць... Увогуле, гэтым каменем я яму добра папсаваў сёння апетыт! Хутчэй снедайце — і ў забой!

У сталовай поўна было народу. Адно толькі чуўся прыглушаны бразгат нажоў і відэльцаў, невыразныя галасы дарослых. Урачыста снавалі між сталоў афіцыянткі ў беласнежных фартухах. Калі Карніцкі, вітаючыся са знаёмымі, праходзіў да свайго стала, гэтую заклапочаную чалавечую службу нечакана ўстрывожыў прарэзлівы, віскатлівы дзіцячы крык:

— Ма-а-ма!.. Ма-а!..

Па ўсёй зале зарыпелі крэслы, людзі павярнуліся ў бок на крык. Жанчына з доўгім і вузкім носам, якая сядзела непадалёку ад Карніцкіх, напалоханымі вачамі ўтаропілася ў застыглага над талеркай з рысавай кашай хлопчыка.

— Чаго? Чаго ты, Лёвачка, спалохаўся? Ну, скажы!

Хлопчык з хвіліну падумаў, акружаны напружанай увагай дарослых і малых, і важна прамовіў:

— Нічога. Там пчала.

— Дзе «там»?

— За акном,— растлумачыў Лёвачка і лена ўзяўся за відэлец.

Крэслы ў зале зноў зашоргалі аб падлогу, бацькі пачалі усаджваць малых на свае месцы, і перапыненае дзікім віскатам снеданне прадаўжалася.

Толькі цяпер, пасля размовы з Палінай Фёдараўнай, Карніцкі больш уважліва прыгледзеўся да сваёй суседкі, якую ўсе звалі Вікторыяй Аркадзеўнай. На яе высокі, досыць прыгожы лоб звісала густая грыўка чорных бліскучых валасоў, прамы нос быў, праўда, крыху цяжкаватым для вузкага яе твару з поўнымі, чуллівымі губамі. Вялікія карыя вочы глядзелі ўважліва і выпрабавальна.

Вікторыя Аркадзеўна належала, як здавалася Карніцкаму, да той катэгорыі жанчын, якія лепш за камісара фінансаў ведалі заробкі інжынераў-наватараў, архітэктараў, вучоных, кампазітараў, мастакоў, успаміналі пры кожным зручным выпадку пра блізкае знаёмства і нават сяброўства з гэтымі людзьмі. Яны маглі расказаць, каму з іх дактары прыпісалі адпачынак на паўднёвым беразе Крыма, хто пабудаваў цудоўную ўласную дачу за сто крокаў ад мора, у каго жонка ведзьма, а ў каго, наадварот, ціхая і рахманая, як авечка.

Некаторыя з гэтых дам паспелі пабываць у санаторыях Каўказскага ўзбярэжжа, дзе, як яны расказвалі Паліне Фёдараўне, вельмі стаміліся, і цяпер прыехалі сюды адпачыць па-сапраўднаму. Тут не так шумна, як на іншых курортах, ніхто тут не забараняе хадзіць у сталовую ў піжамах і халатах альбо загараць без купальнікаў. Сухія, з пергаментнай скурай на твары і руках, але з шустрымі вачамі бабулькі разам з тым расказвалі і шмат чаго цікавага з жыцця славутых вучоных, пісьменнікаў, мастакоў, пра іх цяжкую і самаахвярную працу ў часы царскага самаўладства. Аднак з гэтых гутарак Паліна Фёдараўна, якой і самой абрыдзела небяспечнае і напружанае жыццё, калі Антона на кожным кроку падсцерагала смерць, вырознівала толькі шчаслівыя моманты, бесклапотны час, утульнасць і спакой у доміку над морам. Ёсць жа шчасліўцы, што пялёскаюцца ў цёплай і густой вадзе мора па два-тры месяцы штогод!

Яна чула, якую выключную вынаходлівасць і дасціпнасць праяўлялі часам некаторыя мужчыны, каб раздабыць для сям’і двухмесячную пуцёўку альбо дастаць жонцы на касцюм шыкоўны матэрыял. Антон быў далёкі ад усіх гэтых спраў, ён у іх нічога не разумеў. Вось і цяпер, трапіўшы пад вялікім сямейным і грамадскім націскам на курорт, у першы ж дзень «захварэў каменнай хваробай» і нічога не хоча слухаць пра тое, што робіцца навакол. А калі не збірае каменьчыкаў, дык чытае кнігі.

Толькі аднойчы паспрабаваў ён умяшацца ў гарачую спрэчку, і так груба, што жанчыны з гуртка Вікторыі Аркадзеўны два дні не размаўлялі з Палінай Фёдараўнай, а крытык Ігнат Пацапень, на якога не асабліва спагадліва паглядала Вікторыя Аркадзеўна, перастаў нават вітацца з Карніцкім...

А здарылася гэта вось якім чынам. Аднойчы, захапіўшы з сабою «Узнятую цаліну» Шолахава, Карніцкі прыстроіўся на пляжы пад тэнтам. Мора ў гэты час было спакойнае і ляніва пялёскалася аб гальку. Ён, аднак, не заўважаў ні гэтага плёскату, ні шуму на суседнім жаночым пляжы, заняты размовай Давыдава з дзедам Шчукаром. Тут якраз паспела прыйсці шумная чацвёрка старых курортных сяброў, з якіх Карніцкі ведаў толькі прозвішча чалавека з кароткім, нібы абсечаным, носам, на якім красаваліся акуляры ў залатой аправе. Ён у часе знаёмства называў сябе, крышку гугнявячы, крытыкам. Прозвішча яго было Ігнат Пацапень. Курортныя плеткары расказвалі, што, апрача артыкулаў, ён тайком ад сваіх знаёмых ужо год дзесяць піша раманы і п’есы, і дзесяты год яго жонка, настаўніца па прафесіі, бязлітасна бракуе іх, як несусветнае глупства. Тыя гады, прыязджаючы разам з ім на адпачынак, яна не дазваляла яму залазіць вельмі ў вучоныя спрэчкі і своечасова, калі здаралася ёй быць у гэты час непадалёку, ратавала яго ад ганебнага разгрому, гукнуўшы ўладарным голасам:

— Ігнат!

Пацапень тады ўздрыгваў, пачынаў заікацца і спешна адыходзіў ад праціўнікаў.

Сёлета Ігнат Пацапень прыехаў адзін і зараз жа пачаў круціцца каля Вікторыі Аркадзеўны. Яна, аднак, аддавала перавагу архітэктару Касачу, чалавеку з кароткімі чорнымі вусікамі і непакойлівымі вачамі. Трэці — лысы і кругленькі, увесь малінавага, як і цюбецейка, колеру — заўсёды нецярпліва чакаў Касача і першы крычаў яму «дзень добры» ці «добры вечар». Прозвішча яго Карніцкі ніяк не мог запомніць: ні то Рак, ні то Крак. Чацвёрты з той каманды, сярэдняга росту, але з на дзіва кароткімі нагамі і шырокім, доўгім жыватом і далёка выстаўленым наперад падбароддзем, прыходзіў на пляж звычайна апошнім, калі спрэчка паміж худым Касачом і кругленькім малінавым праціўнікам ужо была ў разгары. І пра што яны толькі не спрачаліся! Якіх толькі тэм не краналі! Іх хвалявала ўсё на свеце! І золата «Чорнага прынца», і цана на кавуны і дыні ў Мелітопалі, вышыня Гаўрызанкара і прыбіральні ў японскім горадзе.

— Японскі горад...— спрабаваў гугнявіць, умешваючыся ў спрэчку, Ігнат Пацапень. Але Касач адмахваўся ад яго нецярплівым рухам, як ад назойлівай мухі, і зноў накідваўся на свайго малінавага апанента. Яны спрачаліся гадзіну, дзве, кожную хвіліну збіраючыся рынуцца ў цёплую і густую ваду, каб асвяжыцца. Яны ўжо даходзілі, нібы прыміраныя ў тым ці іншым пытанні, да белай пены прыбою, як раптам Рак, ці то Крак, успамінаў нешта такое, з чым ніяк не мог пагадзіцца Касач. І яны, як два раздражнёныя пеўні, зноў адступаліся, ледзь замачыўшы ногі, на сухі пясок, потым забіраліся вышэй і, нарэшце, сядалі на лаўках пад тэнтам і тут балбаталі аж да таго часу, пакуль не брынчаў сігнал на абед.

Сёння яны прыйшлі пасля снедання на пляж усе разам. Не паспеў Карніцкі паслухаць тлумачэнні дзеда Шчукара, чаму ён хоча ўступіць у партыю, як непакойлівая тройка разам з Ігнатам Пацапенем шумна расселася пад тэнтам і прадаўжала пачатую яшчэ на хаду спрэчку пра сучасную літаратуру.

Як жа мянташылі іх языкі, калі яны гаварылі пра творы, якія любіў Карніцкі! Колькі ляпсусаў знаходзілі яны ў той ці іншай кнізе! Лэпаючы па сваіх сухіх локцях, Касач даводзіў, што галоўны герой не герой, калі чытачу невядома, што ён есць у часе снедання, абеду альбо вячэры. Пазаўчора, напрыклад, з прачытаных пяцісот старонак рамана ён дакладна падлічыў, што герой сядае за стол толькі дзесяць разоў. Гэта ж дыстрофік! Гэта ж адступленне ад праўды жыцця! Хіба яно так апісваецца ў Рабле альбо Заля? Альбо ў Талстога ці Гогаля?

— Тып — гэта...— пачаў быў узрушана Ігнат Пацапень. Доўгажывоты, аднак, перапыніў яго басавітым голасам:

— Тып? Пры чым тут нейкі тып? У нас яшчэ няма моцнай і жорсткай крытыкі, якая б агнём і жалезам выпальвала з твораў такія амаральныя з’явы.

— Ну, вось бачыце! — варухнуў сухімі локцямі Касач.— Вы таксама чыталі гэты раман? Вы, значыць, згодны са мною?

— Зусім не.

— Як? Чаму?

— Таму, што вельмі ўжо многа героі гэтай кнігі ядуць і п’юць.

— Вы гаворыце нейкае глупства! — пагладжваючы валасатыя лыткі, усклікнуў Касач.— Яны недаядаюць і недапіваюць!

Доўгажывоты люта паглядзеў на Касача.

— Яны пераядаюць і перапіваюць, паважаны таварыш Касач. Але мне напляваць на іх апетыт. Вы, як і рэдактар, не заўважылі больш страшнага. Там школьнікі сядзяць за агульным сталом і бачаць, як іх бацькі і госці п’юць гарэлку. Хіба яно так бывае ў жыцці?

— Ці бывае? — шпарка перапытаў Рак, ці Крак, і зараз жа адказаў вясёлым голасам.— Бывае!

— У жыцці можа быць, але не ў творах! Праўда, тут дзецям наліваюць не гарэлку ці віно, а ліманад. Дапусцім. А што такое ліманад у чарцы? Гэта адзін крок да п’янства, асабліва ўлічваючы дзіцячую псіхалогію, псіхіку, у якой вы яшчэ не знойдзеце ні на кроплю ўстойлівасці і сталасці...

— Тып — гэта...

— Адчапіцеся, таварыш Пацапень, са сваім тыпам,— накінуўся на яго Касач.— Хіба такія бедныя тыпы стваралі Пушкін і Гогаль, Дастаеўскі і Тургенеў, Талстой і Чэхаў? У іх творах характары і вобразы такія, што сучасныя, сённяшнія ў параўнанні з мінулымі — бледны цень, няўлоўны прывід, нясмелая і няўпэўненая заяўка на вобраз і характар. Анегін, Чычыкаў, Плюшкін, Сабакевіч, Раскольнікаў, Вронскі, Карэнін — гімалайскія вяршыні ўсяго непаўторнага ў мастацтве. Вядома, нам патрэбны Чапаевы, Карчагіны, Давыдавы. Ніхто супроць гэтага нічога не мае. Але ж гэта толькі адзін бок нашага жыцця. А дзе, запытаю я вас, сапраўдныя жулікі, прайдзісветы, казнакрады, хабарнікі, кар’ерысты, паклёпнікі, ганарліўцы, злодзеі, ад якіх цябе кідала б у пот, калаціла ад галавы да пят, калі ты чытаеш пра іх учынкі? Не, дробненькія ў нас адмоўныя вобразы, тыпы!

— Тып — гэта з’ява эпохі! — нарэшце, увесь потны ад натугі, дамогся свайго Ігнат Пацапень.

Гэты недалёкі чалавек з абсечаным носам сваім нахабствам нашчэнт узлаваў тройку крытычных «геніяў». Яны, чмыхнуўшы насамі, як бы па камандзе павярнуліся да яго спіною. Пакрыўджаны такой яўнай няўвагай, заканадаўца літаратурных норм пабрыў уздоўж прыбою, час ад часу спыняючыся і калупаючы босаю нагою каменьчыкі галькі.

Дружбакі некаторы час маўчалі. Касач нават устаў і падышоў да вады, куды, на радасць Карніцкага, пацягліся і астатнія. Аднак, не паспеўшы намачыць сваіх лытак, яны распачалі новую спрэчку і зноў вярнуліся пад тэнт. Цяпер яны ўжо размяркоўвалі кожны на свой густ прэміі, выдавалі альбо адбіралі ордэны і медалі за літаратурныя поспехі. Узяць хоць бы Міхайлава...

Без меры раздражнены гэтай дзікай балбатнёю потных голых крытыкаў, Карніцкі, нарэшце, не стрымаўся:

— Паслухайце, хлопцы, што я скажу. Вашы вучоныя спрэчкі выедзенага яйка не варты... Яны мне абрыдзелі, як авадні запрэжанаму каню. Зразумелі? Ідзіце лепш пакупайцеся!

— Гэта... гэта, прабачце, нахабства...— не верачы сваім вушам, прамовіў Касач.— Якое вы маеце права размаўляць такім тонам? Хто вы такі тут, каб умешвацца ў нашу творчую дыскусію?

— Ад вашай дыскусіі патыхае, як з прыбіральні. Гэта па-першае. Па-другое, я не дазволю пляваць на тое, што я люблю. Напрыклад, на Міхайлава. Зразумела?

— Вы дзівак! — мякка і пераканана загаварыў ні то Рак, ні то Крак. — Хіба мы вам перашкаджаем? Да гэтага часу, як мне вядома, пляж лічыўся грамадскім месцам.

— Тым больш. Тады навошта вы, балбатуны і плеткары, цягаеце сюды ўсялякі бруд і смецце?

Гэта дзікая спрэчка вельмі стаміла Карніцкага, і ён разлёгся на лаве. Тройка «геніяў» перазірнулася і моўчкі рушыла ў ваду.

 

XV

Карніцкі не надаваў асаблівага значэння таму, што адбылося на пляжы. Ці мала яму даводзілася за сваё партызанскае жыццё перапыняць усялякіх плётак і сварак! Але гэта было сярод людзей, якія часта ад яго залежалі, для якіх яго слова камандзіра было законам.

Карніцкага прыемна здзіўляла і радавала, што найбольш праслаўленыя сваёй працай людзі, сапраўдныя таленты, былі простымі ў абыходжанні. Яны з аднолькавай чалавечай павагай віталіся і размаўлялі як з дырэктарам дома адпачынку, так і з вартаўніком, заходзілі да рыбаловаў, цікавіліся іх жыццём, працай, заробкамі. Гэтыя, з якімі ён пасварыўся на пляжы, нікуды не хадзілі, ні з кім, апрача пэўнага кола людзей, не размаўлялі. Нават няўдалы крытык і нешчаслівы раманіст Ігнат Пацапень праходзіў каля людзей з такім выглядам, нібы ён стварыў нешта нават лепшае, чым Гогаль альбо Талстой. Аднойчы ад яго выгляду прыйшла ў захапленне дружная група данбаскіх маладых шахцёраў, якія з рукзакамі за спіною выбраліся ў горы. Ігнат Пацапень ішоў па алеі калматых кіпарысаў важны, з нейкімі невідушчымі вачамі і гатовы падмяць пад сябе першага сустрэчнага. Хлопцы дружна саступілі ў духмяны гушчар прысады, захопленыя такой тэатральнай манерай невядомага ім чалавека з абсечаным носам. Ігнат Пацапень не адхіліўся ад прамой лініі ні на нітку. Адзін з шахцёраў не вытрымаў і ўсклікнуў наўздагон:

— Ось дык птыця!

На што другі, высокі, з саламяным капелюшом на галаве, адказаў басам:

— Та хіба ж гэта птыця! То — гусак!

Прозвішча Пацапеня Карніцкі сустракаў час ад часу ў мінскіх газетах. Свае артыкулы пра маладых пісьменнікаў гэты крытык пачынаў з разгляду вобразаў і кампазіцыі «Тараса Бульбы», «Мадам Бавары», «Піквікскага клуба», «Анны Карэнінай». «Колькі там праўды жыцця, хараства, паэзіі! Узвышаюцца гэтыя творы і характары іх герояў у сусветнай літаратуры, як зіхотныя вяршыні самых высокіх гор зямнога шара. Цяпер, калі ў нас ёсць эталон, сказаць папросту — узор,— пісаў Пацапень,— дык мы можам смела перайсці да разгляду так званай «спробы пяра» маладога і здольнага таварыша. Возьмем, напрыклад, яго галоўнага героя Васіля. Ці падобны ён хоць адной рысай на магутны і ўсёсакрушальны вобраз славутага запарожскага палкоўніка?» Пацапень падцягваў за каршэнь героя-небараку да Тараса Бульбы, загадваў яму станавіцца побач, хапаў яго за валасы і выпростваў так, што ў няшчаснага ажно іскры з вачэй сыпаліся.

Але як лагодна і пяшчотна спяваў Пацапень, калі разглядаў твор рэдактара часопіса, у якім звычайна друкаваў свае артыкулы. Жалезны і грозны тон у яго голасе раптам рабіўся мяккі і лагодны. Якім захапленнем свяціўся яго твар, трапяталіся губы, чулліва ўздрыгвалі ноздры! Гэта быў ужо не грозны крытык Пацапень, а легкакрылы жаўранак, казачны шызы галубок, салавей! «Калі мы раней гаварылі, што тып — з’ява эпохі,— спяваў Пацапень,— дык цяпер на пэўнай падставе можам смела сказаць, што героі паважанага аўтара стаяць над усімі эпохамі! Асабліва ўдаўся аўтару яго галоўны герой, чалавек без аніякіх заган, без аніякіх промахаў як і ўвесь твор!..»

Праўда, у рэдакцыях, чуў Карніцкі, здорава падпраўлялі як зубадрабільныя, так і мядовыя артыкулы Ігната Пацапеня. Адзін з вядомых пісьменнікаў, старшыня саюза, прачытаўшы пра сябе хвалебны артыкул Пацапеня, назваў гэтага крытыка падхалімам. Другі ўдар нанёс Пацапеню няшчасны Васіль, якога падхапілі тысячы і тысячы чытачоў, загаілі яму бязлітасныя раны, запэўнілі пад камсамольскай прысягай, што ніякім Пацапеням не аддадуць яго ў крыўду. Ён стаў любімцам рабочых, калгаснікаў, студэнтаў, вучняў сярэдніх школ. Аўтара некалі разнесенага Пацапенем твора прызначылі рэдактарам часопіса. У Пацапеня галава пайшла кругам. Ён вырашыў сам заняцца стварэннем з’явы эпохі — тыпаў. Яму параілі лепш пачаць з нарысаў. Тут у нас столькі багатага матэрыялу і выдатных людзей, што нашы калгаснікі толькі марылі пра іх! А цяпер, калі ласка, у кожным горадзе, у кожным калгасе нявыдуманыя, жывыя героі, удзельнікі Кастрычніка, грамадзянскай вайны, індустрыялізацыі, калектывізацыі. Дзеці рабочых і сялян вывучыліся пры савецкай уладзе на інжынераў, настаўнікаў, артыстаў, мастакоў, на афіцэраў Чырвонай Арміі. Колькі людзей падняла і паставіла рэвалюцыя на ногі, дала ім моцныя крылы для палёту!

І Пацапень пачаў пісаць нарысы. Пра выдатных калгаснікаў і старшынь, пра рабочых і вынаходцаў-інжынераў. Палову нарыса звычайна займала апісанне прыроды, як называў гэта сам Пацапень,— пейзаж. Калі справа ішла пра вёску, то заўсёды шумелі сосны і елкі, шумеў дождж, шумеў вецер. Ён апісваў, як шумела мяцеліца і шумела салома страхі. Страхі, якую накрываў яго дзед і пасля перакрываў бацька. Сам герой яшчэ не перакрываў гэтай страхі, але думае перакрываць. Калі перакрые, дык перакрытая яна пастаіць даўжэй, чым не перакрытая. Ідучы раніцою на калгасную працу, герой успамінаў, што каля старой ігрушы-дзічкі ходзіць не толькі ён сам, але некалі хадзілі яго бацькі, дзяды, прадзеды. Аднойчы, як расказваў бацька, прыляцеў на яе верхавіну чорны цецярук... А вунь там, каля тае студні, пазалетась дзед Ахрэм паслізнуўся і зламаў нагу. Пакуль герой даходзіў да канюшні, нарыс быў гатовы. Ён звычайна канчаўся вечарынкай, а калі людзі зноў траплялі на двор, дык тут ужо шумела мяцеліца і шумелі сосны за вёскай.

У нарысах пра інжынераў і рабочых мяцеліца і дождж звінелі, звінелі высокія заводскія каміны, малаткі, зубілы, увесь цэх, дзе працаваў герой. Герой слухаў гэты звон і думаў, што такога звону не чуў яго бацька, дзед, прадзед. А не чулі яны звону таму, што тут некалькі год таму назад нічога не было. Але вось з’явіліся людзі са звонкімі сякерамі, звонкімі рыдлёўкамі — і ўсё навакол зазвінела і звініць па сённяшні дзень. Нарыс заканчваўся звонкай вечарынкай у звонкім клубе. А людзі разыходзіліся па кватэрах у звонкай цішыні...

Нарысы былі выдадзены асобнай кніжкай. Ігнат Пацапень, якога рэдакцыя накіравала, каб ён напісаў нарыс пра аднаго з партызанскіх камандзіраў Заходняй Беларусі, падарыў Карніцкаму сваё тварэнне на памяць. Карніцкі, як гэта заведзена ў такіх выпадках, паціснуў аўтару руку і пажадаў удачы.

— Я цяпер працую над раманам,— патупіўшы сціпла вочы, адказаў Ігнат Пацапень.— Хутка вы зможаце яго атрымаць. А цяпер папрашу вас расказаць пра сябе. Пра тое, як вы трапілі ў Іспанію і як доўга там ваявалі супроць фашыстаў. Каравай таксама быў з вамі ў Інтэрнацыянальнай брыгадзе? Вы разам з ім і на адным параходзе адплывалі з Гдыні? Пілсудчыкі не стараліся вас затрымаць?

Карніцкі ледзь паспяваў адказваць. Ігнат Пацапень вельмі спяшаўся, бо нарыс трэба было здаць у адзін з бліжэйшых нумароў газеты.

Дзён праз пяць да Карніцкага зайшоў Васіль Каравай. З незалежным выглядам рассеўшыся на канапе, ён важна пагладзіў свае пышныя вусы і прабасіў:

— Ты, можа, даў бы мне закурыць, былы камандзір Інтэрнацыянальнага батальёна?

— Ты што, здурэў, Вася? Хіба не ведаеш, што я не куру?

— А хто даставаў партабак перад Пацапенем і прыпальваў ад яго запалкі «Казбек»? Можа, скажаш — я?

— Адчапіся, блазнюк. Ніколі я не займаўся такімі справамі.

— Не займаўся, дык не займаўся,— усміхнуўся ў рыжаватыя вусы Каравай.— На, калі ласка, чытай пра нашы прыгоды. Ты, аказваецца, хадзіў у атаку не з іспанцамі, а з французамі! А камандзірам майго ўзвода быў не паляк, а самы чыстакроўны англічанін з Лондана! — Каравай дастаў з фрэнча газету і працягнуў яе Карніцкаму.— Глядзі там на трэцяй старонцы знізу, заядлы курэц! Увогуле нічога страшнага няма. Але навошта блытаць Джона з Леонам і твайго любімца Зыгмуся Валешчыка з Марцінам Гансенам? Душа ў іх-то адна, а характары розныя. Вось я цяпер дастаю і запальваю папяросу. Дык навошта выдумляць, што я не куру?

Карніцкі, заняты чытаннем, не слухаў, што балбатаў Каравай. Усё, пра што пісаў Пацапень, выглядала ў сапраўднасці трошкі інакш. Карніцкі нібы нанава перажываў сустрэчу з камуністам Зыгмусем Валешчыкам у Таруні, падарожжа начным поездам у Гдыню, адкуль адыходзіў параход у Гаўр. Іх было дванаццаць добраахвотнікаў — пяць беларусаў і сем палякаў, якія не маглі заставацца ўбаку, калі на галовы іспанскіх жанчын і дзяцей фашысцкія самалёты выкульвалі бомбы. На маладую рэспубліку наступала сусветная рэакцыя, узброеная навейшымі танкамі, знішчальнікамі, бамбардзіроўшчыкамі. Фашысцкага мяцежніка Франко падтрымлівалі імперыялісты Англіі, ЗША, Францыі, Германіі, Італіі.

— Нех іх забіе перун огністы! — лаяўся Валешчык, калі параход, на які іх перавёз на лодцы знаёмы чалавек, апынуўся ў адкрытым моры.— То ест барбажынство. То вшыстко робі злото! А мы, роботніцы, мусімы стаць в строне і патшыць, як оні бомбы вален?! Не, пане Карніцкі, я так не могэ...

Паўставаў у памяці і пераход франка-іспанскай граніцы каля Андоры, і хвалюючая сустрэча добраахвотнікаў з барселонцамі. А далей камяністыя акопы Гвадалахары і Тэруэла, вогненныя ночы Мадрыда. Цяпер, праз некалькі год пасля тых баёў, Карніцкаму стала неяк страшнавата, калі ён чытаў, як Хуста Лопас і ён прабіраліся з глыбокага фашысцкага тылу да сваіх... Цяпер нават цяжка ўявіць, як яны дапаўзлі да лініі рэспубліканцаў, скаціліся жывыя ў адратоўчыя акопы... Наогул, кулі абміналі Карніцкага. Зыгмуся Валешчыка, якога ён сустрэў на барыкадах Мадрыда, раніла два разы, праўда, няцяжка. «Ты, браце Антон, нібы заварожаны,— жартаваў Валешчык.— Столькі жандараў і фашыстаў перабіў, а цябе хоць бы дзе драпанула.— Можа, ты ведаеш якія малітвы супроць смерці? Дык навучы нас!»

Праўда, шмат чаго другараднага і нязначнага Пацапень выставіў на першы план, наблытаў з прозвішчамі, шалёную навальніцу каля Гібралтара замяніў на ціхую і зорную ноч. Самае дзіўнае, аднак, было пад канец нарыса. Аказваецца, два разы быў паранены не Зыгмусь Валешчык, а ён, Карніцкі!.. І добра, што побач з ім быў яго неразлучны сябра Хуста Лопас. Ён, як пушынку, падхапіў непрытомнага Карніцкага і перанёс у бяспечнае месца...

Прачытаўшы пра такую прыгоду, Карніцкі спярша зарагатаў. Гэта была нейкая дзіцячая выдумка, недаравальная для дарослага чалавека. Пазней, спаткаўшыся выпадкова з Пацапенем на вуліцы, ён запытаўся ў яго, навошта яму спатрэбілася такое перакручванне фактаў. Пацапень, нават не пачырванеўшы, шпарка адказаў:

— О, таварыш Карніцкі, вы, відаць, мала разбіраецеся ў літаратурных справах. Гэта мне спатрэбілася для рамантыкі. У Іспанію вы ездзілі не апельсіны есці, а ваяваць з фашыстамі. А якая ж гэта вайна, калі вас там нават не ранілі? Гэтаму чытачы не павераць. Таму я вымушаны быў хоць лёгка параніць вас два разы, так сказаць, напоўніць сухі матэрыял драматычнымі момантамі... У каго я толькі не пытаўся, усе адказвалі, што нарыс напісан цікава і займальна.

— Вы там нахлусілі! Вы несумленны чалавек!

— Што? Як вы сказалі? — таргануў абсечаным носам Пацапень.— Ну, гэта вы ўжо занадта. Давайце развітаемся, як сябры...

Ён працягнуў Карніцкаму руку. Карніцкі яе не прыняў і пайшоў сваёй дарогай. З таго часу ён нават не вітаўся з Пацапенем, аж пакуль не апынуўся разам на курорце. Пацапень першы падышоў тут да яго і папрасіў прабачэння за сваю памылку.

Пасля сутычкі на пляжы з трыма «геніямі», якія паспелі раззваніць сярод курортнікаў пра хамскае выхаванне Карніцкага, апошні раптам адчуў да сябе нейкую асаблівую ўвагу. Тыя, што ніколі з ім не віталіся, пачалі цяпер вітацца. Другія, наадварот, ужо не пазнавалі яго і пры сустрэчы адварочваліся ў другі бок. У сталоўцы ён пераймаў цікаўныя позіркі, асабліва з боку жанчын. Ён чуў нават шэпты пра сваё мінулае. Вікторыя Аркадзеўна аднойчы пасля вячэры не ўстала адразу, а, трахануўшы чорнай грыўкай, запыталася:

— Гэта праўда, Антон Сафронавіч, што вы доўгі час партызанілі супроць белапольскіх акупантаў, а пасля ваявалі ў Іспаніі?

— Магчыма...

— Калі так, тады вы цяпер самы знатны чалавек у нашым санаторыі,— пабліскваючы сваім залатым узбраеннем, лагодна прамовіла Вікторыя Аркадзеўна.— Чуеш, Надзейка, хто твой папа?

У Надзейкі быў поўны рот рысавай кашы, і яна толькі кіўнула галавою, прамармытаўшы нешта няпэўнае:

— Ым-ыгу...

Вікторыя Аркадзеўна ўжо не спяшалася ўставаць з-за стала. Зірнуўшы ў кут, дзе звычайна сталавалася тройка «геніяў», і заўважыўшы, што там ужо нікога няма, яна загаварыла пра іх, як пра пустабрэхаў. Праўда, усе яны працавітыя людзі, старыя курортныя знаёмыя, якія штогод стараюцца выязджаць на адпачынак у адзін час і ў адно і тое ж месца. І вельмі любяць памянціць языкамі. Пасяджэнняў і сходаў, без якіх яны, відаць, жыць не могуць, тут няма, дык трэба хоць на пляжы наладзіць дыскусію. Пасля спрэчак яны вяртаюцца ў свае пакоі здаволеныя і шчаслівыя... Вікторыя Аркадзеўна, прыцішыўшы голас, пачала расказваць нават некаторыя інтымныя падрабязнасці з іх жыцця, пра іх звычкі. Нарэшце, перад самым развітаннем, прамовіла, правёўшы гладкай поўнай рукою па валасах Анечкі:

— Добра, што вы іх адпачасавалі, Антон Сафронавіч! А ўвогуле, яны ўжо не зусім благія людзі. Дабранач!

Вікторыя Аркадзеўна, з годнасцю раскланьваючыся направа і налева, рушыла са сталовай.

Ігнат Пацапень, скончыўшы вячэраць, сядзеў на адной з драўляных лавак, якія стаялі ўздоўж балюстрады зацэментаванай танцавальнай пляцоўкі. Унізе, нябачнае ў цёплым вячэрнім змроку, прытомлена ўздыхала і варушылася мора. Убачыўшы Вікторыю Аркадзеўну, Ігнат Пацапень усхапіўся з лаўкі. Вікторыя Аркадзеўна прыпынілася і пачакала, пакуль ён да яе дойдзе.

— Ну, а сёння што цікавага вы мне пра яго раскажаце? — запыталася яна, калі Пацапень узяў яе пад руку і яны пайшлі па высыпанай галькай шаргатлівай дарожцы.— У Антона Сафронавіча характар, відаць, крамянёвы? Як вы лічыце?

Ігнат Пацапень увесь трапятаўся. Гэтулькі часу ён не мог падступіцца да Вікторыі Аркадзеўны, вельмі шукаючы і ніяк не знаходзячы прычын для больш блізкага знаёмства, а тут рыбка сама да цябе падплыла. І не простая і не далёкая плотка, а рыбіна, якая тонка разбіраецца ў далікатных і ласых прынадах. Мала таго, што ўмее адрозніць чорнае ад белага сама, дык навучае гэтаму іншых, так сказаць, прывівае людзям густы. Варта толькі ёй было паморшчыцца на той ці іншы капялюшык, на тую ці іншую сукенку, на туфлі, на паводзіны той ці іншай асобы, як усё гэта, жывое і нежывое, лічылася ўжо назаўсёды асуджаным, зганьбаваным, знішчаным.

Гавораць, што Вікторыя Аркадзеўна раней захаплялася прафесіяй урача, паступіла пасля сярэдняй школы ў медыцынскі інстытут. Праз два гады яна, аднак, прамяняла яго на філалагічны факультэт універсітэта, пачала друкаваць у шматтыражцы байкі, кароценькія гумарыстычныя апавяданні. Але найбольш праявіўся яе талент у кравецкай справе. Спярша яна шыла сукенкі сяброўкам-студэнткам, потым жонкам выкладчыкаў і прафесараў. І студэнткі і жонкі прафесараў раззванілі на ўвесь горад пра кравецкія здольнасці будучай настаўніцы. Ад заказаў не было адбою. Вікторыя Аркадзеўна ўсё ж праявіла характар, атрымала дыплом, але працаваць настаўніцай не паехала. Вельмі ўжо мізэрнымі выглядалі заробкі педагогаў у параўнанні з тым, што яна атрымлівала і магла ў далейшым атрымліваць яшчэ больш ад сталічных модніц. Гэта была краўчыха, якая ўмела падбірала фасоны, колеры, ад якіх тоўстыя заказчыцы выглядалі танчэйшымі, худыя — больш поўнымі, непрыгожыя і нязграбныя — больш прывабнымі і зграбнымі.

Вікторыю Аркадзеўну пачалі хваліць ужо не толькі за яе кравецкія здольнасці, але і за ўмельства падтрымліваць і весці размовы на любую тэму: з ёй ніколі не было сумна. З артысткамі яна магла пахваліць альбо зганіць спектакль, з доктаркамі — паспрачацца пра спосабы лячэння рака. Літаратура, выяўленчае мастацтва, музыка, архітэктура — усё гэта не мінала цікаўнасці, арыгінальных і смелых думак Вікторыі Аркадзеўны. Многія жонкі дзеячаў мастацтва альбо вучоных часта выказвалі перад сваімі мужыкамі такія сур’ёзныя перакананні і погляды на тую ці іншую з’яву, што апошнія толькі дзівіліся і радаваліся за культурны рост сваіх каштоўных палавін. Некаторыя жанчыны, сталыя заказчыцы, пачалі давяраць ёй нават сямейныя таямніцы, пыталіся ў яе парады, як ім трымацца з крыху лёгкадумнымі сваімі мужыкамі. І Вікторыя Аркадзеўна лічылася сталым дарадцам, вакол яе заўсёды было пэўнае кола добра знаёмых жанчын і мужчын.

Жыла яна багата, не шкадавала грошай на ўпрыгожанні і гарнітуры, па два, а то і па тры месяцы адпачывала на поўдні, дзе часам выконвала тэрміновыя заказы. Расказвалі, што яна была выйшла замуж, яшчэ калі вучылася ў медыцынскім інстытуце, але муж аказаўся дужа благім чалавекам, і яны разышліся. З таго часу, як сцвярджалі злыя языкі, Вікторыя Аркадзеўна стала вельмі пераборлівай і асцярожнай у адносінах з мужчынамі. Яна ніколі не дазваляла ні сабе, ні ім пераходзіць пэўную мяжу як у гаворцы, так і ва ўчынках. Калі асобы, падкупленыя яе спагадлівымі словамі і летуценным бляскам карых вачэй, дазвалялі сабе тыя ці іншыя вольнасці, яна з пагардай і гідлівасцю адварочвалася ад іх, каб пасля жорстка выставіць іх на пасмешышча свайго кола людзей.

Такая была гэтая жанчына, якую чамусьці ў першыя дні неўзлюбіла Паліна Фёдараўна. Распешчаная ліслівасцю і павагай сваіх заказчыц, Вікторыя Аркадзеўна трымалася незалежна і ганарліва з людзьмі мала прыкметнымі і сціплымі, нібы іх і зусім не існавала на свеце. Але ў жыцці, як вядома, нішто не стаіць на адным месцы. Часта здараецца, што добрыя дружбакі робяцца ворагамі, а ўчарашнія ворагі пачынаюць сябраваць і памагаць адзін аднаму.

Пачуўшы сярод пэўнага кола курортнікаў размову пра грубы выпад Карніцкага супроць «геніяў», Ігнат Пацапень вырашыў умяшацца ў спрэчку, тым больш што тут была Вікторыя Аркадзеўна, жанчына, чый гнуткі стан, чые поўныя рукі ён бачыў у сне.

— Нічога іншага,— пачаў Пацапень,— нельга было і чакаць ад чалавека, які амаль дваццаць год не выпускаў з рук зброі. Мы з вамі спакойна працавалі, вучыліся, адпачывалі, а ён гэтым часам, рызыкуючы кожную хвіліну сваёй галавой, знішчаў акупантаў. У дадатак ён павінен быў берагчы і партызанскія сем’і, якія вымушаны былі мяняць кватэры, хавацца ад паліцэйскіх і асаднікаў...

Ігнату Пацапеню ніхто не перашкаджаў. Яго цяпер слухалі з увагай. Нават у карых і выпрабавальных вачах Вікторыі Аркадзеўны паблісквала самая жывая цікаўнасць. І Пацапень увесь загарэўся, задыхаў на поўныя грудзі, у яго нават знікла гугнявасць, калі ён расказваў пра найбольш яркія моманты з біяграфіі Карніцкага. Прычым ён перайначваў і перакручваў факты яшчэ больш, чым у вядомым Карніцкаму і Караваю нарысе.

— Карніцкі, калі трапіў у Іспанію, камандаваў там Інтэрнацыянальнай брыгадай,— дадаў ён, падагрэты ласкавым позіркам Вікторыі Аркадзеўны.

Архітэктар Касач, як і трэба было чакаць, не вытрымаў.

— Дазвольце, дазвольце, таварыш Пацапень,— перапыніў ён.— Вы нешта блытаеце. Як мне вядома, Інтэрнацыянальнай брыгадай камандаваў венгерскі генерал Лукач.

Пацапень затрымаўся толькі на нейкі нязначны момант. Тройка «геніяў» перазірнулася і ўжо рыхтавалася даць бой Пацапеню як хлусу, што адважыўся вадзіць за нос прыстойных людзей.

— А як вядома і мне, таварыш Касач,— заўважыў суха Пацапень,— генерал Лукач загінуў у часе бою. Назавіце, калі вам гэта вядома, камандзіра, які заступіў месца Лукача? Карніцкі, вядома, вам не прызнаецца і нават будзе пярэчыць. Такі ўжо ў яго характар. Я расказваю тое, што было. Пра многія ваенныя справы Карніцкага не ведае нават яго жонка. Ён умее трымаць язык за зубамі, умее, калі патрэбна, прыкінуцца прасцячком і недалёкім чалавечкам. Але, запэўняю вас, Карніцкі ніколі не забываецца ні на благое, ні на добрае. У яго выключная памяць, і многія ўрыўкі з даўно прачытаных любімых кніг ён можа паўтарыць ад слова да слова.

— Ну, гэта ўжо нейкае выключэнне з правіла! — усклікнуў даўгапузы геній.

— Чаму выключэнне?! — ускіпеў Касач.— Вы, дарагі, усё мераеце на свой аршын. Чалавек — жывое стварэнне, і яго нельга класці на пракрустава ложа. Часта мы спрачаемся пра людзей і справы, якіх мы добра не разумеем, і з гэтай прычыны не хочам прызнаваць іх за факт. Гэта, я думаю, ідзе ад таго, што часам мы далей свайго носа нічога не бачым. І тады мы крычым, што гэта няпраўда, што гэта не тыпова...

— Тып — гэта з’ява...— здаволены сённяшнімі сваімі поспехамі важна быў пачаў Ігнат Пацапень, але ў гэтую хвіліну здарылася нечаканае, ад чаго наш герой ледзь не абамлеў ад радасці. Недаступная і ганарыстая каралева, уладар яго патаемных мар і жаданняў, Вікторыя Аркадзеўна сама ўзяла яго пад руку і пацягнула з пахучага кіпарысавага ценю на сонца.

— Хадзем адсюль, Ігнат Рыгоравіч. Пачалося тое, чаго не люблю і я. Цяпер яны будуць тут спрачацца, пакуль у іх не павіснуць языкі. Прызнацца, я і не падазравала, якая цікавая сям’я прыстроілася за маім столікам. Трэба пазнаёміць з ёю маіх прыяцеляў. Трэба запрасіць Карніцкіх у госці.

 

XVI

У першыя дні самотная, ні з кім не знаёмая, Паліна Фёдараўна апынулася цяпер у самым цэнтры ўвагі курортных дам. Вымушаная раней увесь час пражыцца на санцапёку, яна цяпер заўсёды знаходзіла вольнае месца пад парусінавым грыбам. Калі яна часам спазнялася і хто-небудзь займаў гэтае месца, Вікторыя Аркадзеўна папярэджвала:

— Вы, мілачка, хіба не ведаеце, што тут адпачывае з дзецьмі Карніцкая. Вам давядзецца саступіць, як толькі яна прыйдзе.

Паліну Фёдараўну гукалі праз адчыненае акно, ідучы на рынак па кавуны і дыні альбо ў калгасны паграбок, дзе прадавалі з тоўстых дубовых бочак сухое вінаграднае віно. У Вікторыі Аркадзеўны было многа знаёмых і сярод мясцовых жыхароў. Прастадушная Паліна Фёдараўна толькі здзіўлялася, як славутая краўчыха кланялася ў адказ на прывітанні то направа, то налева альбо, паказваючы на белы домік пад жалабаватай татарскай чарапіцай, паведамляла:

— А там жыве мой добры знаёмы Мікалай Прохаравіч. Гэта яго ўласны домік. Многія, Паліна Фёдараўна, сядзяць тут цэлае лета і толькі на зіму вяртаюцца дадому. Яны першыя ў нашай краіне маюць на сваім стале свежую гародніну, ігрушы, вінаград. А якое тут цудоўнае паветра! А мора! Хто пабываў тут хоць адзін раз, ніколі гэтага не забудзе! Заўсёды яго пацягне на поўдзень! Скажыце, вам спадабалася мора?

— Ну, што вы пытаецеся, Вікторыя Аркадзеўна! Я пра такое нават і ў сне не сніла!

Паліне Фёдараўне сапраўды падабалася тут і мора, і паветра, і, у апошні час, цудоўная чалавечая ўвага, якая для яе была нават даражэй за ўсе іншыя прыгажосці поўдня. Як часта мы ашукваемся ў сваіх адносінах да людзей! Раней яна, Паліна Фёдараўна, лічыла Вікторыю Аркадзеўну і ганарыстай, і задавакай, і ўсё гэта толькі праз тое, што яны не ведалі адна адну. І золата яна чапляе на сябе, аказваецца, не для таго, каб пакрасавацца, пафанабэрыцца, а проста, каб яго хто не выцягнуў з чамадана, калі гаспадыня пойдзе на пляж альбо ў сталовую.

Вікторыя Аркадзеўна прымярала на Паліне Фёдараўне свой бранзалет, надзявала на яе тонкую і ўжо засмужаную шыю жамчужныя пацеркі і падавала ёй люстэрка. І як усё гэта пасавала Паліне Фёдараўне! Нейкі захоплены дзявочы твар бачыла яна ў люстэрку, нейкія вільготныя і крыху здзіўленыя свяціліся ў ім залацістыя вочы. Нанізаныя на нітку цёплыя перламутравыя гарошыны скаланулі яе ўсю ад галавы да пят, растрывожылі і расхвалявалі. Вось бы паглядзеў на яе ў гэтую хвіліну Антон!

— Ніхто не скажа, што вы ўжо маці дваіх дзяцей, а не дзяўчына! — як праз сон, дайшоў да яе голас Вікторыі Аркадзеўны.— А каб жа вы яшчэ падбіралі адпаведныя колеры сукенак, надзелі на галаву замест хусцінкі капялюшык! Але нічога, мы як-небудзь давядзем вас да ладу. Вы разумееце, жанчына заўсёды павінна выглядаць ахайнай і свежай. Вопратка, прычоска, паходка радуюць альбо гневаюць вашага мужа. Запомніце гэта, Паліна Фёдараўна.

Вікторыя Аркадзеўна знаёміла Паліну Фёдараўну ўсё з новымі і новымі курортніцамі і курортнікамі, кожны раз растлумачваючы:

— Жонка партызана Карніцкага. Памятаеце, я вам пра яго расказвала...

Пакуль Паліна Фёдараўна праходзіла пад кіраўніцтвам Вікторыі Аркадзеўны курсы жаночай прыгажосці і прывабнасці, перарабляла свае сукенкі, запісвала адрасы новых знаёмых, Карніцкі разам з прафесарам Дабрынскім бадзяўся па ўзбярэжжы. Аднойчы Паліна Фёдараўна настояла, каб схадзіць у госці да аднаго са знаёмых Вікторыі Аркадзеўны. Запрашаць прыйшоў сам гаспадар, які таксама «хварэў каменнай хваробай» і неаднойчы сустракаўся з Карніцкім на пляжы. Пакуль не селі за стол, гаспадар паказаў Карніцкаму свой сад з абрыкосавымі і персікавымі дрэвамі, некалькі маладых кустоў вінаграду, утульны белы домік з вымураванай каменнай агарожай, калекцыю знойдзеных за апошні год самацветаў. Потым, калі селі за стол, гаспадар неяк абвяў пасля другой чаркі, гаспадыня зараз жа адканваіравала яго ў спальню. У другія госці, вызначаныя планам Вікторыі Аркадзеўны, Карніцкі адмовіўся ісці.

— Ты, разумееш, як непрыгожа адмаўляцца,— паспрабавала яго ўгаворваць Паліна Фёдараўна.— Гэта чалавек вядомы, лаўрэат.

— Ну, і на здароўе. Калі хочаш, ідзі з Вікторыяй Аркадзеўнай, а ў мяне сёння няма ахвоты піць гарэлку.

— Не абавязкова ў гасцях піць. Можна так пасядзець, пагаманіць.

— Ведаю я гэтыя гамонкі, ад якіх назаўтра моташна галаве.

— Тады і я не пайду! — успыліла Паліна Фёдараўна.— Ты адзічаў у лесе, табе ўжо не хочацца сустракацца з людзьмі.

— Эх ты, залатавокая мая! — прытульваючы жонку да сябе, засмяяўся Антон Сафронавіч.— Чым парыцца ў гасцях, лепш падыхаць лішнюю хвіліну марскім паветрам.

І ён дыхаў ім ад усходу да захаду сонца, любуючыся ў ветранае надвор’е грукатлівым набегам цяжкіх зеленаватых валаў на бераг альбо прыслухоўваючыся да ціхіх і ласкавых шэптаў мора ў ціхую раніцу. Карніцкі быў нават рады, што Паліна Фёдараўна, такая самотная ў першыя дні, знайшла сабе тут сябровак, якія ставяцца да яе з павагай, цягнуць яе ў сваю кампанію. Дзеці Карніцкіх пасябравалі з іншымі дзецьмі. Вялікая справа — дружба, асабліва для Паліны Фёдараўны. Колькі яна нахвалявалася, пакуль ён змагаўся ў Іспаніі! Адтуль не вельмі напішаш, не вельмі супакоіш. Тым больш што Паліна Фёдараўна нейкім чынам дачулася пра смерць аднаго з лепшых сяброў Карніцкага — Міхалені. А яны паехалі бадай адначасова і ваявалі там з фашыстамі ў адным атрадзе... І раптам ліст. Антон быў жывы і абяцаў хутка вярнуцца. Тады, пісаў ён, мы будзем жыць як захочам і дзе захочам: у Мінску, у Кіеве, у Маскве. Улетку будзем ездзіць адпачываць на вёску, хадзіць па ягады і грыбы, а не — дык паедзем на поўдзень, дзе вінаград, мора. Чалавек, калі вельмі захоча, можа шмат чаго дасягнуць. І самае страшнае для чалавека — бяздзейнасць і страта веры ў свае сілы. Тады нават самыя неўгамаваныя асілкі робяцца бездапаможнымі, як дзеці; арганізм іх, пазбаўлены адратоўчага руху, старэе і дачасна выходзіць з жыццёвага строю...

Карніцкі пераконваў, і Паліна Фёдараўна верыла яму. Усё, што ён абяцаў, збылося. Яны пасля вяртання Антона з Іспаніі некаторы час жылі ў Мінску. Абласны камітэт партыі накіраваў Карніцкага на работу ў органы Народнага Камісарыята Унутраных Спраў. Пазней яго перавялі ў Маскву, дзе працаваў тады яго франтавы таварыш, былы іванаўскі ткач Пётр Антонавіч Асокін. Праўда, з кватэрай на новым месцы было не вельмі важна. Але, нягледзячы на гэта, Паліна Фёдараўна адчувала сябе, як у прыгожым казачным сне. Цяпер ёй, наадварот, снілася жахлівае, вайна: нечалавечыя крыкі і стрэлы, ад якіх яна ўсхоплівалася на ложку і дзікімі вачамі абводзіла вакол сябе.

— Супакойся, Поля! — мякка гаварыў Антон.— Зноў нешта страшнае сасніла?

— Ой, што мне прыснілася, Антон... Цябе і Васіля схапілі жандары, цягнулі на расстрэл. Навакол агонь, пажары... Надзейкі няма... Ноч...

— Цяпер гэта ўжо ніколі не вернецца, Поля. Ніколі ўжо не давядзецца табе калаціцца ад невядомасці і страху. Спі, адпачывай.

— А ты?

— Я яшчэ крышку пачытаю. Сама ведаеш, удзень мне няма часу.

Яму ніколі не было часу. Часта яму даводзілася ўставаць нават сярод ночы і тэрмінова выязджаць па асоба важных заданнях на некалькі дзён. Паліна Фёдараўна ўзненавідзела тэлефон, які ў любую хвіліну падымаў з ложка яе мужа, адрываў яго ад сям’і. Часам ёй здавалася, што ён толькі чакае гэтых званкоў, бо вельмі ўжо ахвотна і хутка апранаецца, нібы затрымка дома на якую адну хвіліну можа выклікаць землетрасенне.

Паліна Фёдараўна параўноўвала сваё жыццё з жыццём іншых сем’яў і знаходзіла вялікую розніцу. Для другіх былі супольныя дні, тыдні, гады. Муж кожную ноч начаваў дома, раніцою, паснедаўшы разам, ён ішоў на працу, каб увечары зноў вярнуцца ў сям’ю. Усё ў другіх ішло неяк гладка і зладжана, у кватэрах стаялі рэчы, набытыя на многія гады, нейкай сталай утульнасцю дыхала з кожнага кутка. А ў іх з Антонам у пакоі ўсё выглядала, як на пасажырскім вакзале, куды чалавек зазірае, каб перабыць час да прыходу цягніка. Танны жалезны ложак для Анечкі, вялікі ложак, на якім спіць разам з Надзейкай Паліна Фёдараўна, і раскладушка для Антона. Пасярэдзіне пакоя, якраз пад лямпай, чатырохкутны просты стол, пакрыты чыстай белай сурвэткай. На цыбатай лазовай этажэрцы ўсё запхана кнігамі. З-пад ложкаў відаць чамаданы, як напамінак аб тым, што гаспадары не асабліва могуць разлічваць на гэты пакой. Увечары і на досвітку вельмі выразна чуліся тут паравозныя гудкі, нібы папярэджанне пра новую і доўгую дарогу. І Паліне Фёдараўне часам здавалася, што яна са сваёй сям’ёю падобна на маленькую пясчынку, падхопленую ўраганам, які разбушаваўся над зямлёю. Магчыма, гэта ішло ад таго, што на свеце было неспакойна. Дзесьці гула вайна, распачатая гітлераўскай Германіяй. Немцы акупіравалі Нарвегію, Бельгію, Галандыю, Чэхаславакію. У газетах паведамлялася пра цяжкія налёты фашысцкіх самалётаў на Лондан. З кожным днём Антон рабіўся нейкім заклапочаным і аднойчы паведаміў, што, магчыма, давядзецца перабірацца на новае месца. Заўважыўшы спалох у вачах жонкі, ён растлумачыў, што справа ідзе толькі пра яго аднаго, пра нейкую доўгую камандзіроўку. Сям’я, вядома, застанецца ў Маскве. Але гэта яшчэ канчаткова не вырашана, і таму яго адпускаюць у адпачынак і забяспечваюць пуцёўкамі на паўднёвы бераг Крыма.

Карніцкія, асабліва Паліна Фёдараўна, не заўважылі, як праляцеў час на курорце. Увесь чорны, як цыган, Антон Сафронавіч пачаў жартаваць з жонкі. Прыехала сюды худая, скура ды косці, а цяпер — глядзі якая пышная дама! Раней саромелася ў сталоўцы ўзняць галаву ад талеркі, а цяпер трымаецца незалежна і нават пакрыквае па-апякунску на незнаёмых ёй раней дзяўчат. А тыя, праводзячы іх разам са сталымі мужчынамі і жанчынамі да аўтобуса, пішчаць: «Шчаслівай вам дарогі, Паліна Фёдараўна!» Нясуць на руках Анечку, піхаюць цукеркі Надзейцы. Вікторыя Аркадзеўна ў час развітання выглядала сумнай, нібы навекі разлучалася са сваімі лепшымі сябрамі. Прыйшлі іх праводзіць прафесар Дабрынскі, Пацапень, нават тройка геніяў з архітэктарам Касачом.

І развітваючыся з усімі гэтымі добрымі людзьмі, радуючыся, што пазнаў іх лепшыя якасці, Карніцкі нават не падазраваў у тую хвіліну, што Паліна Фёдараўна ад’язджае з курорта трошкі не такою, якою яна сюды прыехала. І гэтыя яе новыя якасці выявяцца нечакана і непахісна ў самую цяжкую для яго хвіліну.

 

XVII

Адразу пасля звароту дадому Карніцкага накіравалі на Далёкі Усход. Паколькі Паліне Фёдараўне ўжо абрыдзелі пераезды з месца на месца, яны вырашылі, што сям’я застанецца ў Маскве. У гэты час Надзейка ўжо хадзіла ў першы клас. Перад пачаткам навучальнага года Вікторыя Аркадзеўна таксама хвалявалася за Надзейку. Яна ўвяла бацькам у вушы, што такое прыгожае дзіця павінна быць і прыгожа апранута. Якасць і колер тканіны, улічваючы колер валасоў, вачэй, нават паходку, адыгрывае тут немалую ролю. Банты ў касічках, сукеначкі, панчохі, туфелькі, паліто асенняе, паліто зімовае павінны быць належным чынам дапасаваны. На марозы, вядома, лепш справіць футра, і такія, якраз на яе рост, ёсць. Вікторыя Аркадзеўна ўжо нагледзела іх у адным з універмагаў на вуліцы Горкага. Пакуль людзі «не расхапілі», трэба зараз жа ехаць разам з Надзейкай і забраць.

Праўда, усе гэтыя клопаты Вікторыі Аркадзеўны каштавалі Карніцкім нямала грошай, але Надзейка сапраўды была апранута з густам. Усім хацелася пазіраць на яе, дачакацца шчаслівай дзіцячай усмешкі, ад якой так хораша робіцца на сэрцы.

Дык што ж казаць пра бацькоў! Якой маме не хочацца, каб яе дзіця было самым прыгожым, самым разумным!

Надзейка, аднак, па-іншаму глядзела на свет. Для яе гэтыя шыкоўныя ўпрыгожанні былі што жалезныя кайданы. Зімою яе сябры зрабілі ў двары снежную горку, вакол якой усё варушылася, як у мурашніку. Адны ўзбіраліся на яе з санкамі, другія на лыжах. Як хораша было злятаць адтуль уніз! Колькі тут было выдумкі, вынаходніцтва. Асабліва гэтым вызначаўся Косцік, сын рабочага з завода імя Ільіча. Косціка ўжо не задавальнялі ні санкі, ні лыжы. Куды цікавей узяць кавалак бляхі, важна сесці на яго і скаціцца з горкі не цішэй, чым на лыжах. І ўсім ужо неўзабаве было нецікава карыстацца лыжамі і санкамі. Косцік устанавіў чаргу на бляху і строга сачыў за парадкам, пакуль не падышоў час садзіцца Надзейцы. Тут ён злітасцівіўся і сказаў, што яна можа з’ехаць запар два разы. Ой, як гэта было цікава для Надзейкі! Яна аж пішчала ад задавальнення. Пад канец бляха зачапілася за нешта, і Надзейка пакацілася ў футры па снезе, як калматы клубочак. Гэта натхніла Косціка на яшчэ нябачаны ў гэтым двары нумар. Як віхор, узляцеў хлопец на горку, прысеў на карачкі і так, проста на падэшвах, апынуўся ўнізе. Потым ён саслізгваў з горкі пад зайздрослівымі позіркамі прысутных, на жываце, спаўзаў на спіне. Надзейка, захопленая такім цудоўным адкрыццём, уся аж трапяталася, стараючыся не адстаць ад іншых. Уся поўсць на яе футры была пакамлычана і забіта снегам. Паліна Фёдараўна ледзь не абамлела, убачыўшы праз акно такое недаравальнае знішчэнне дарагіх убёраў, і зараз жа паклікала дзіця дадому.

— Ты толькі паглядзі на сваю дачушку! — уводзячы заплаканую Надзейку у пакой, звярнулася яна ўсхваляваным голасам да мужа.— Ці варта ёй пасля гэтага спраўляць што-небудзь добрае? Хіба яна падобна на людскае дзіця? То ж беспрытульшчына нейкая! А футра цяпер хіба на сметнік выкінуць.

— А я табе што казаў, калі вы з Вікторыяй Аркадзеўнай займаліся яе ўбёрамі? — спакойна адказаў Антон Сафронавіч.— Апранаць цёпла і проста. А вы чапляеце на яе ліха ведае што. Зрабілі з жывога дзіцяці манекен для дэманстрацыі кравецкіх густаў Вікторыі Аркадзеўны.

— Ну, вось табе і на,— злавала Паліна Фёдараўна.— Цяпер яна не то што ў футры, а ў адной сукенцы пачне качацца па снезе.

— Тады я не прывязу ёй вялікіх кедравых шышак з арэхамі,— паабяцаў Карніцкі Надзейцы.— Усё аддам Анечцы.

Вядома, пасля такой размовы Надзейка абяцала, яшчэ зусім не ўпэўненая, што стрымае слова, катацца толькі на санках, а не на дарагім футры. Мама ніколі не паскардзіцца на паводзіны Надзейкі татку. Гэта быў мілы безадказны лепет дзіцяці, якое адразу забываецца на самыя ўрачыстыя словы, калі сустракаецца з кожнай новай і нязведанай ім самім з’явай. Карніцкі ведаў цану такой дзіцячай прысягі. Некалі, ходзячы ў школу ў лыкавых лапцях, ён прастудзіўся, доўга хварэў. Калі крышку паправіўся, бацька зняў з крука на сцяне клумак, развязаў і дастаў з яго боты. Гэтыя боты ён справіў упершыню, калі жаніўся. Потым ён надзяваў іх толькі ў вялікія святы — разы два-тры на год. Увесь астатні час хадзіў у лапцях.

— Вось, Тоня,— расчулена прамовіў бацька, падаючы яму боты.— Накруціш пабольш ануч на ногі і паходзіш у ботах, пакуль не падмерзне. Толькі абыходзь вялікую гразь і лужыны, бо вельмі псуецца тавар ад вільгаці.

Антон, узрушаны такой вялікай ахвярай, абяцаў у тую хвіліну бацьку абыходзіць і гразь, і лужыны. Але што гэта была за справа — ісці ў ботах і не паспрабаваць, ці прапускаюць яны ваду? І Антон наўмысля, азірнуўшыся крадком на свой двор, выбіраў па вуліцы самыя большыя лужыны, самую глыбокую гразь, каб толькі адчуць, што нават у такой багне ногі твае застаюцца сухімі.

З гэтай прычыны, думаў цяпер Карніцкі, мы часам даруем сваім дзецям тое, што некалі ў маленстве даводзілася рабіць і перажываць нам самім. Бывае і наадварот: стаўшы сталымі, мы часта забываемся на сваё маленства і патрабуем ад нашых дзяцей шмат чаго, што неўласціва іх узросту. Адны бацькі, якія некалі гадаваліся ў беднасці і галечы, стаўшы цяпер заможнымі, трацяць усе свае грошы на завельмі шыкоўныя ўбёры для сваіх дзяцей, другія ўсё лепшае спраўляюць сабе, апранаюць дзяцей абы-як і яшчэ павучаюць, што пры цару Гароху яны самі боса хадзілі ў школу і, дзякаваць богу, жывыя засталіся...

Заняты па горла сваімі службовымі справамі і вучобай, Карніцкі толькі зрэдку ўмешваўся ў выхаванне дзяцей. Далёкая і адказная камандзіроўка за тысячы кіламетраў зноў адрывала яго ад сям’і на неакрэслены час. Ды, калі казаць праўду, дома ён хутчэй быў госцем, чым гаспадаром, і таму не хацеў крыўдзіць хоць адзіным словам ні Паліну Фёдараўну, ні сваіх дзяцей. Усяго яго да астатку паглынала работа. Тое, што не падабалася Паліне Фёдараўне.

І ён павінен быў тлумачыць ёй, як малому дзіцяці, што яго работа звязана з бяспекай і спакоем усіх тых, хто працуе на фабрыках і заводах, у саўгасах і калгасах, хто ходзіць вучыцца ў школу і каго бацькі носяць у дзіцячыя яслі на руках. Яны павінны, не асцерагаючыся злога чалавека, адчуваць сябе ўпэўнена на вуліцах нашых гарадоў і вёсак, у пасажырскіх цягніках і самалётах, на курортах і дома. А для таго каб людзі спакойна працавалі і пасля маглі, як ім захочацца, адпачыць, нехта павінен быць на варце гэтага спакою працы і адпачынку, нехта павінен быў не спаць. Мы, тлумачыў ён жонцы, павінны не толькі лавіць і караць злачынцаў, але і папярэджваць злачынствы. Савецкі двор, савецкі дом павінны быць чыстыя ад бруду і паскудства старога капіталістычнага свету. І ён, Карніцкі, вельмі ганарыцца, што партыя даверыла яму такую адказную і пачэсную работу. У абкоме ўспомнілі, што ён з першых дзён Кастрычніка працаваў у Мінскай рабоча-сялянскай міліцыі, якую арганізаваў Фрунзе, мае сякі-такі вопыт барацьбы з варожымі элементамі.

Ён, аднак, не расказваў Паліне Фёдараўне пра шматлікія выпадкі, калі яму даводзілася разам з падначаленымі людзьмі кідацца ў пагоню за ўзброенымі да зубоў бандытамі, грабежнікамі, падсцерагаць іх за сотні кіламетраў ад месца злачынства, абяззбройваць альбо знішчаць, калі яны не здаваліся. Гэта былі адпетыя нягоднікі, бязлітасныя галаварэзы, якія страцілі ўсялякае чалавечае аблічча. Яны без ніякага шкадавання прыстрэльвалі ў часе ўцёкаў сваіх напарнікаў, калі заўважалі, што тыя адстаюць, могуць трапіць у рукі Карніцкага і выкрыць усю банду.

Да паездкі на курорт Паліна Фёдараўна вельмі сумавала, калі ён доўга затрымліваўся на рабоце альбо ў камандзіроўцы. Цяпер Вікторыя Аркадзеўна рашуча і крута павярнула самотны і крыху сарамяжы характар жонкі Карніцкага ў практычны бок жыцця. Чорная грыўка, ад якой так соладка замірала сэрца Пацапеня, вядома, не рабіла на Паліну Фёдараўну асаблівага ўражання, затое словы яе знаходзілі водгук у душы жонкі былога партызана.

— Калі ты, мілачка, сама пра сябе не думаеш, дык табе не паможа нават самы чулы муж. Май на ўвазе, гэтыя асобы ў цывільных пінжаках альбо ў ваенных мундзірах часам нават не здагадваюцца, што хвалюе сапраўдную жанчыну. Наша псіхіка больш складаная і далікатная, чым яны сабе ўяўляюць. Некаторыя з нас вельмі шмат чаго трацяць у жыцці праз сваю залішнюю сарамяжнасць, праз дробязныя гаспадарчыя разлікі. Ну, мы ўсе ведаем, што Антон Сафронавіч цудоўны чалавек, добры сем’янін, але ці сказаў ён табе хоць раз, каб ты насіла лепшыя сукенкі, модныя паліто, прыгажэйшыя чаравікі, адмысловыя капялюшыкі? Ты сама бачыла, як пасуюць табе завушніцы, бранзалеты, каралі. Дык часам трэба падказаць мужу, што ты любіш, што найбольш табе падабаецца. Кожная наша жанчына мае поўнае права на лепшыя ўбёры, але часам гэтым правам карыстаюцца незаслужана такія дубіны, якія не могуць памножыць шэсць на дзесяць і не ведаюць, хто такі Грыбаедаў. У іх і чарнабуркі, і раскошныя футры, і шыкоўныя сумачкі толькі праз тое, што ў свой час іх фізіяномія,— а не сэрца, не розум,— завабіла хлопца. Часта, чужыя душою і мужу і сваім дзецям, яны жывуць у шмат разоў лепш за тых жанчын, якія недасынаюць каля калысак, вырабляюць машыны, працуюць на калгасных фермах, вядуць урокі ў школах. Іх, гэтых пафарбаваных багатым мужавым заробкам дам, абсалютна не цікавіць, хто перамог у Іспаніі: рэакцыянеры ці камуністы, і колькі ў нас выплаўлена металу за мінулы год. Іх нават не цікавіць, двойку ці пяцёрку атрымала сёння іх роднае дзіця ў школе. Дык чым ты, мілачка, горшая за гэты людскі пустацвет, каб не браць ад жыцця тое, на што ты маеш права?

«Яна нейкая вар’ятка,— часам думала Паліна Фёдараўна, слухаючы такія павучанні Вікторыі Аркадзеўны.— Заўсёды чаўпе пра адно і тое ж. А калі ў чалавека сапраўды няма за што справіць добрую вопратку? Калі ў яго на руках шасцёра або васьмёра дзяцей? Наспраўляеш тут сабе і чарнабурак і футраў...»

Аднак, ідучы атрымліваць па даверанасці зарплату мужа, Паліна Фёдараўна ўсё часцей, чым звычайна, затрымлівалася перад люстэркам, а вяртаючыся з грашыма, заходзіла ў прамтаварныя магазіны, каб выбраць сабе адрэз на новую сукенку альбо прымераць модны капялюшык. Яна ўжо часам шкадавала, што так патрацілася на футра для Надзейкі. Антон Сафронавіч казаў праўду, што дзяцей трэба апранаць больш проста. За два месяцы забавы каля снежнай горкі Надзейка давяла дарагое футра да такога стану, што яго нельга было ўжо апранаць.

Паліну Фёдараўну ўсё часцей цягнула на вуліцу, у тэатры, кіно. Тым больш што Антон Сафронавіч амаль у кожным лісце напамінаў ёй, каб яна не сумавала, а схадзіла паглядзець новую пастаноўку і пасля напісала яму пра сваё ўражанне. І Паліна Фёдараўна, калі адна, а часцей з Вікторыяй Аркадзеўнай, наведвала і тэатры, і музеі, і кіно. Колькі яна знаходзіла тут новага і цікавага! З якімі толькі людзьмі не знаёміла яе Вікторыя Аркадзеўна! Ёй па-сяброўску паціскалі руку кіраўнікі розных устаноў і прадпрыемстваў, сівабародыя і начыста паголеныя лаўрэаты Сталінскіх прэмій — стваральнікі выдатных станкоў і зброі, новых гатункаў збожжа і хвалюючых кніг. Многія з іх ведалі, хто такі Карніцкі, распытвалі, дзе ён цяпер працуе, як яго здароўе? Праўда, некаторыя жонкі гэтых вядомых людзей, кліенткі Вікторыі Аркадзеўны, здзіўлена ўздымалі бровы, калі Паліна Фёдараўна называла прозвішча свайго мужа:

— Карніцкі? Прабачце, але хто ён: вынаходца, паэт, вучоны?

Тады Вікторыя Аркадзеўна нешта ціха шаптала даме на вуха, і тая міласціва ўсміхалася Паліне Фёдараўне:

— Ага, наш Шэрлак Холмс! Чаму ж вы не захапілі яго з сабою?

— Ён у камандзіроўцы,— папросту адказвала Паліна Фёдараўна.

— Ага, зразумела. Ловіць шпіёнаў і дыверсантаў? Гэта ж вельмі рамантычна!..

Размаўляючы са славутымі людзьмі і іх жонкамі ў перапынках спектакляў Вялікага тэатра альбо МХАТа, Паліна Фёдараўна часта параўноўвала свой сённяшні дзень з гадамі ранейшага жыцця. Тут была цеплыня, над галавою зіхацелі багатыя люстры, самыя спакуслівыя прысмакі ляжалі ў буфеце. З табою размаўляюць людзі, імёны якіх вядомы не толькі ў нас, але і далёка за межамі. І ёй здавалася, што, каб цяпер, калі яна ўведала гэты сонечна-яркі свет, ёй зноў давялося вярнуцца ў вёску і там зноў займацца сельскай гаспадаркай, дык яна не вытрымала б і аднаго дня!

А між тым на свеце рабілася нядобрае. Вясною 1941 года ўся Заходняя Еўропа, за выключэннем Англіі, апынулася пад фашысцкім кантролем. Але гэтыя падзеі былі так далёка ад Паліны Фёдараўны, што ёй нават цяжка было ўявіць іх памеры, іх небяспеку для яе дзяцей, для яе самой і Антона Сафронавіча. І калі раніцою 22 чэрвеня 1941 года з рэпрадуктара пачуліся словы урадавага паведамлення пра варварскія налёты гітлераўскіх бамбардзіроўшчыкаў на савецкія гарады, Паліна Фёдараўна не магла звесці духу. Прыгожы і вялікі свет, у які яна ўвайшла разам з Антонам Сафронавічам, зацягваўся чорнымі цяжкімі хмарамі.

 

XVIII

Ад гэтага часу бязлітасныя падзеі разгортваліся так імкліва, што іх не мог бы, як здавалася Паліне Фёдараўне, вытлумачыць і Антон Сафронавіч. Варожыя танкавыя арміі захапілі Брэст, Баранавічы, Мінск, Оршу і пасоўваліся далей на ўсход. Бежанцы з Беларусі, Украіны і Прыбалтыкі, ратуючыся ад акупантаў, запрудзілі Маскву. З захаду ішлі бясконца эшалоны, нагружаныя абсталяваннем з фабрык і заводаў, перапоўненыя старымі і жанчынамі з дзецьмі. Варожы ўдар быў такі імклівы, што многія з іх не паспелі захапіць з сабою нават самыя патрэбныя рэчы. А радыё штодня перадавала пра ўсё новыя і новыя напрамкі, па якіх на ўсход цякла, здавалася, нічым не стрыманая жалезная лавіна вайны. Бежанцы, з якімі сустракалася напалоханая грознымі падзеямі Паліна Фёдараўна, расказвалі пра зверскія бамбардзіроўкі знаёмых ёй гарадоў і вёсак, пра масавыя расстрэлы гітлераўцамі мірнага насельніцтва. У захопленых ворагам абласцях рабілася нешта нечувана жахлівае, такое, што Паліне Фёдараўне нават цяжка было паверыць.

Раніцой 13 ліпеня 1941 года Паліна Фёдараўна пачула ў калідоры ўсхваляваныя галасы, а потым стук у дзверы. Яна адчыніла і ўбачыла перад сабою нізенькую, з пакутніцкім тварам жанчыну, каля якой стаялі два хлапчукі з клуначкамі ў руках. Вопратка і на жанчыне і на дзецях была пакамечаная, вочы запалыя, відаць, ад бяссонніцы.

— Што, не пазнала? — запыталася, ледзь варухнуўшы губамі, жанчына.

Толькі цяпер Паліна Фёдараўна разглядзела, што перад ёю жонка Васіля Каравая з Мечыкам і Колем.

— Верачка, родненькая! — абнімаючы сяброўку, ускрыкнула Паліна Фёдараўна.— Хутчэй заходзьце! Ох, якія вы страшныя!.. А дзе Васіль?

— Нічога мы пра яго не ведаем,— цяжка сядаючы каля стала, адказала Вера.— Ён, відаць, застаўся пад немцамі.

— Як? Што ты кажаш?

— А што я сказала? — нібы спрасоння, у сваю чаргу перапытала Вера і здзіўлена азірнулася.— Пра што гэта мы з табою гаворым?.. Мы, Поля, трое сутак не спалі. Наш эшалон бамбілі і абстрэльвалі з самалётаў, можа, дзесяць разоў.

Вера ледзь варушыла тонкімі, нібы папечанымі губамі. Потым галава яе бяссільна ўпала на стол.

Паліна Фёдараўна зараз жа разгарнула раскладушку, кінула на яе падушку, прасціну, коўдру, распранула млявую Веру і паклала спаць. Потым сцягнула капу са свайго ложка і загадала ўкладвацца Мечыку і Колю. Мечык, які таксама ледзь трымаўся на нагах, паспеў паведаміць тое, пра што недаказала яго змардаваная маці:

— Наш тата, цёця Поля, застаўся ў лесе ў партызанах...

На далейшую гаворку ў яго таксама не хапіла сілы.

Паліна Фёдараўна, каб не перашкаджаць адпачынку страшэнна стомленых людзей, выправіла Надзейку і Анечку гуляць на двор, а сама схапіла кашолку і рушыла ў прадуктовы магазін.

«Як добра, што яны з Антонам Сафронавічам перабраліся з Мінска ў Маскву!.. Мечык сказаў, што бацька застаўся ў партызанах. Але што яны могуць зрабіць з гэтай шалёнай армадай, націск якой пакуль што не можа стрымаць нават наша Чырвоная Армія!» — разважала Паліна.

Вера і яе дзеці спалі як забітыя, аж да самага вечара. Паліна Фёдараўна сама некалі перажывала гэтую смяротную стомленасць, калі табе не ў галаве ні яда, ні гаворка, ні ўвесь свет. І таму спачувала Веры, уваходзіла ў пакой паціху, прыслухоўваючыся да ледзь чутнага глыбокага дыхання сяброўкі і яе дзяцей.

Вера выглядала такой маленькай, што здавалася, пад коўдрай ляжыць не сталая жанчына і маці дваіх дзяцей, а нейкі падлетак.

Некалі Антон Сафронавіч жартаваў з Каравая ў прысутнасці Веры:

— Ну, брат Васіль, і выбраў жа ты сабе жонку, што на адной сваёй далоні яе падымеш! Мая графіня хоць роўная са мною і вага салідная. А гэта ж дзіцянё няшчаснае!.. Заморак!..

Паволі пагладжваючы свае пышныя вусы, Васіль Каравай дабрадушна адказваў:

— Справа, дружа, была крыху інакш. Не я, а яна мяне выбрала. Паглядзела, што мой характар — крэмень, ну і адважылася пайсці за такога галаварэза. Праўда, Верачка?

— Абодва вы добрыя цацы на брахню,— пярэчыла Вера.— Гаварыць ёсць што, ды няма чаго слухаць. Я яго выбірала! Сам заўсёды напрошваўся на спатканні, бегаў да мяне ў самую страшную завіруху.

— Адважны быў хлопец,— басавіта, але прымірэнча гудзеў Каравай.

Аднак Карніцкія ведалі, што гэты адважны хлопец у дачыненні да сваёй Веры быў як самае рахманае цяля. Граза пілсудскіх пастарункаў, першы сярод партызан асілак, Каравай пакорліва выслухоўваў і выконваў розныя загады сваёй маленькай жонкі, хадзіў перад ёю, як гавораць, па шнуры. Яна ж вырашыла і яго далейшы лёс. Абком хацеў накіраваць яго працаваць у органы міліцыі. Пра гэта яму сказаў Карніцкі. Вера, аднак, рашуча паўстала супроць такой прапановы.

— Толькі паспрабуй даць згоду, тады і дадому не прыходзь! — папярэдзіла яна мужа.— Наваяваўся ўжо! Хопіць!

— Ты разумееш, Верачка...— паспрабаваў быў нешта давесці Каравай, якому не хацелася разлучацца з Карніцкім.— Я ў гэтых справах стары стрэляны верабей...

Верачка ўтароплівала ў гэтага старога вераб’я доўгі позірк сваіх зеленаватых вачэй,— і той адразу заціхаў і губляўся.

— Дык жа я не кажу, што пайду туды працаваць. Эт, хопіць з мяне і цывільнай работы. Напрыклад, бухгалтарам. Я некалі крышку вывучаў гэтую справу... Ну, супакойся, Верачка...

Яго накіравалі працаваць загадчыкам аднаго з аддзелаў абласнога выканаўчага камітэта вызваленага ад белапольскай акупацыі Палесся. Раз’ехаўшыся ў розныя бакі, Карніцкія і Каравай увесь час перапісваліся. І вось гэтая праклятая вайна... І невядома ўжо, дзе Васіль Каравай, невядома, ці жывы!

Вера прачнулася, калі сцямнела. Усхапіўшыся з раскладушкі, яна непакойліва і трывожна азірнулася: убачыўшы на ложку ўскалмачаныя галовы сваіх дзяцей, слаба ўсміхнулася Паліне Фёдараўне, якая паціху расстаўляла на стале талеркі.

— Каб ты бачыла, Поля, што робіцца на чыгунцы, на шашы, на палявых дарогах, на лясных сцежках! — нейкім ператруджаным голасам загаварыла Вера.— Усё перапоўнена людзьмі. Гавораць, што даўней так не ўцякалі ад чумы, як цяпер ад фашыстаў!..

— А ты іх бачыла? — не стрымалася Паліна Фёдараўна.

— Яны два разы нас пераймалі і варочалі назад. На нашых вачах яны расстралялі цэлую сям’ю. Выхапілі з натоўпу двух старых, маладую яшчэ жанчыну і яе траіх дзяцей. Скамандавалі ім ісці ў Маскву... Мечык і Коля таксама бачылі, як усіх іх скасіла чарга з аўтамата... Гэта было каля Бабруйска...

Вера з дзецьмі пабыла ў Карніцкіх дзён тры і выехала ў Свярдлоўск, дзе жыла яе родная сястра.

Весткі з фронту тым часам прыходзілі ўсё больш і больш грозныя. У пачатку жніўня гітлераўскія полчышчы былі ўжо каля Смаленска. Неўзабаве пачаліся налёты варожых самалётаў на Маскву. У Паліны Фёдараўны ўсё абарвалася ў грудзях, калі яна ўпершыню пачула перарывіста-трывожнае выццё сірэны. Не памятаючы сябе, яна схапіла дзяцей і, не зачыніўшы нават пакоя, памчалася з імі да бліжэйшай станцыі метро. Там яны прасядзелі да самага адбою паветранай трывогі. Надзейка ўвесь час калацілася як асінавы лісток, Анечка ж трымалася спакойна, нават абыякава.

Паліна Фёдараўна раптам агледзелася, што ў метро яны прымчаліся як стаяць, у той час калі некаторыя прыбеглі з чамаданамі, клункамі адзежы альбо кашолкамі з харчамі.

Уцёкі ў метро на гэты раз былі дарэмныя. Гітлераўцы альбо не прарваліся да Масквы, альбо перад самай сталіцай павярнулі на які другі горад. Паліна Фёдараўна чула толькі глухаватыя ўздрыгі зямлі. Гэта, як высветлілася пазней, білі зеніткі.

А потым былі такія налёты, калі Паліне Фёдараўне здавалася, што надышлі астатнія хвіліны яе жыцця. Неба над сталіцай зрабілася барвовым ад пажараў, усё грукатала і калацілася навокал, жалезныя аскепкі зенітных снарадаў барабанілі па дахах, віскаталі па каменнях бруку... Затым дзесяткі і сотні тысяч жыхароў сталіцы, у тым ліку і Вікторыя Аркадзеўна, пачалі капаць акопы, супрацьтанкавыя равы, будаваць надаўбні, каб перагарадзіць ворагу дарогу да сталіцы. На ўскраінных вуліцах спешна ўзводзіліся барыкады. І Паліна Фёдараўна ўжо шкадавала, што не паехала з Антонам Сафронавічам на Далёкі Усход, што не выехала на Урал разам з Верай. Праўда, неўзабаве налёты бамбардзіроўшчыкаў зменшыліся. Толькі зрэдку і на вялікай вышыні прарываліся адзінкавыя самалёты. Папаўзлі розныя нядобрыя чуткі, што гітлераўцы падцягваюць сілы і рыхтуюцца да рашучага штурму. Апавядалі пра шпіёнаў, якія пад відам бежанцаў прабраліся ў Маскву. Усё навокал рэзка змянілася, стала непазнавальным, і ў першую чаргу людзі.

Вікторыя Аркадзеўна вельмі пахудзела за час работы на абаронных умацаваннях. Адразу пасля звароту ў горад яна зайшла да Карніцкіх. У гэтай жанчыне, апранутай у сінюю ватоўку, з грубымі і заквэцанымі ў гліну простымі ботамі на нагах, з шэрай ваўнянай хусткай на галаве, ужо цяжка было пазнаць заканадаўцу апошніх мод, адпрасаваную культурай асобу. На далонях у яе з’явіліся шорсткія мазалі, рысы твару пагрубелі, толькі, здаецца, вочы сталі больш порсткімі і рухавымі.

— Божа мой, Вікторыя Аркадзеўна! — усклікнула Карніцкая, адчыніўшы на стук дзверы.— Адкуль у такім выглядзе?

— З акопаў,— заходзячы ў пакой, адказала Вікторыя Аркадзеўна.— У вас ёсць чым-небудзь падмацавацца?

— Бульба і селядцы. Будзеце есці?

— Запраста! — коратка вымавіла госця, ужываючы нейкае новае слова.

Вікторыя Аркадзеўна крышку супакоіла Карніцкую, расказала ёй пра свежыя сілы, якія сабраны пад Масквою для адпору ворагу. Па яе словах, тут, у горадзе, нават цяжка было ўявіць памеры канцэнтрацыі нашых войск, рашучы настрой сярод байцоў і камандзіраў. Што ж датычыцца яе, Вікторыі Аркадзеўны, дык яна ўжо вызначыла сваё месца ў гэтую цяжкую для радзімы часіну і пойдзе працаваць на завод. Каму цяпер у галаве яе моды...

— На завод? — здзівілася Карніцкая.— А што вы там будзеце рабіць?

— Што загадаюць. Запраста. Мужчыны бадай усе пойдуць на фронт. Значыць, нехта павінен заняць іх месца. Хочаце, я прыстрою там і вас. Дырэктар, як і яго жонка, мае старыя знаёмыя.

— А Надзейка, Анечка?

— Дык гэта ж запраста: Надзейка, як звычайна, будзе хадзіць у школу, Анечка ў дзіцячы сад. Ну як, згода? Майце на ўвазе, марудзіць цяпер з гэтай справай нельга.

— Я падумаю. Трэба пра гэта напісаць Антону Сафронавічу. Параіцца.

— А чаго вы там будзеце раіцца? Я ўпэўнена, што ён нічога іншага вам і не параіць. Ды вы і не дзяўчынка, каб у такую хвіліну не адказваць за свае ўчынкі. Увогуле, мы разам пачынаем працу на заводзе. Ага, ледзь не забылася. Прывітанне вам ад нашага агульнага знаёмага. Здагадваецеся, каго я сустрэла на акопах?

— Не.

— Пацапеня. Вось быў нумар!

— Што, і ён капаў акопы?

— Не. Ён прыязджаў туды як карэспандэнт газеты. Важны такі, у шынялі, з пісталетам пры боку. І ведаеце, Паліна Фёдараўна, армейская форма яму лепш пасуе, чым розныя там капелюшы і пінжакі. Ён цяпер выглядае больш сталым, асабліва ў акулярах. І ведаеце, што ён мне сказаў перад развітаннем? Вы нават ніколі не здагадаецеся!

— Што напісаў чарговы верш ці аповесць?

— Не, зусім наадварот. Ён сказаў, што падаў рапарт, каб яго накіравалі ў тыл ворага для партызанскай барацьбы. Рамантык!

— Ён звар’яцеў,— пераканана адказала Паліна Фёдараўна.— Нездарма Антон аднойчы сказаў мне, што не ўсе ў гэтага Пацапеня, як гавораць, дома.

Незадоўга да таго як пачаліся жорсткія баі пад Масквою, Паліна Фёдараўна атрымала пісьмо. Антон Сафронавіч пісаў, што куток, дзе ён знаходзіцца, такі ціхі, што аж не верыцца, што недзе лютуе смерць, гараць падпаленыя ворагам чалавечыя здабыткі. «Мы хутка можам убачыцца, калі ты зойдзеш да майго начальніка і скажаш, каб ён выканаў маю просьбу. Ён, вядома, будзе адмаўляць, але ты папярэдзь яго, што я ўжо напісаў заяву ў высокія інстанцыі. Толькі не марудзь, рабі ўсё па-партызанку і настойліва. Май на ўвазе, я паслаў ужо тры рапарты, а ні на адзін з іх не атрымаў адказу. Відаць, там паклалі іх пад сукно...»

Прачытаўшы пісьмо, Паліна Фёдараўна неадкладна пазваніла старому знаёмаму мужа — Асокіну і папрасіла, каб ён яе прыняў па вельмі важнай справе. Той адказаў, што ён такую ласку можа зрабіць хоць зараз. Пакуль Паліна Фёдараўна апранецца, папярэдзіў Асокін, машына будзе каля пад’езда.

Усхваляваная хуткай сустрэчай з Антонам Сафронавічам, Паліна Фёдараўна і не агледзелася, як апынулася ля знаёмай установы. Пропуск быў ужо гатовы. Яна схапіла яго і паднялася па шырокай мармуровай лесвіцы на другі паверх. Пастукала ў высокія дубовыя дзверы і, пачуўшы ў адказ «можна», увайшла. Высокі, з сівымі скронямі, Асокін, убачыўшы Паліну Фёдараўну, устаў з-за стала і пайшоў ёй насустрач. У гэтую хвіліну Карніцкай нават не прыходзіла ў галаву, што ў Антона Сафронавіча за просьба і чаму палкоўнік Асокін не можа яе выканаць. Патомны іванаўскі ткач, ён нагледзеў Карніцкага яшчэ ў першую сусветную вайну, калі апынуўся разам з ім у адным узводзе, спаў з ім у казарме і сядзеў у акопах побач.

— Як жыццё, як дочкі? — прывітаўшыся і пасадзіўшы Паліну Фёдараўну, запытаўся Асокін.— Надзейка, Анечка здаровы?

— Дзякую, Пётр Антонавіч. Яны цяпер хочуць толькі аднаго.

— А што такое? Можа, я магу памагчы? Тады калі ласка.

— Мне Антон Сафронавіч напісаў, што ён паслаў заяву ў Крэмль,— сказала яна.— І якраз пра тое самае, аб чым прасіў вас.

Усмешка адразу знікла з твару Асокіна.

— А вы, Паліна Фёдараўна, ведаеце, чаго ён просіць?

— Так. Ведаю.

— Ён вам пісаў?

— Пісаў,— схлусіла Паліна Фёдараўна.— А ўвогуле, мне здаецца, усё роўна, ведаю я ці не ведаю. Я думаю, што ў тым, чаго ён просіць, няма нічога благога ні для сям’і, ні для дзяржавы.

— Ну што вы, Паліна Фёдараўна, кажаце! Ніхто ў гэтым не сумняваецца. Мы проста хацелі, каб ён пакуль што адтуль не выязджаў...

— Чаму гэта? — запярэчыла, перапыняючы Асокіна, Паліна Фёдараўна.— Я вам ужо сказала, што яго заява знаходзіцца ў Крамлі...

— Супакойцеся, Паліна Фёдараўна. Мы таксама трошкі ведаем характар Антона Сафронавіча. Сёння зноў у мяне вялася размова з маім начальнікам. Ён нарэшце аддаў загад выклікаць Карніцкага ў Маскву.

Паліна Фёдараўна ўся засвяцілася ад радасці. Яна ўсхапілася з крэсла, як дзяўчынка, схапіла і горача паціснула руку Пятра Антонавіча, зусім не здзіўляючыся, што рука гэтая стала нейкая вялая, не такая, якая паціскала яе руку ў час прывітання. Ён выцягнуў з кішэні хустку і разы са два гучна патрубіў у яе раптоўна пачырванелым носам. Потым настала цішыня, нейкая няёмкая хвіліна, калі аднаму хочацца скакаць ад радасці, але ён саромеецца прысутнасці другога. А другі, шкадуючы першага, усё ніяк не адважыцца сказаць яму адкрыта ўсё.

— Цяпер, калі справа канчаткова вырашана, скажыце мне шчыра, Паліна Фёдараўна: вы ахвотна згаджаецеся, каб ён там апынуўся?

— Дзе там? — усё яшчэ шчасліва ўсміхаючыся, запыталася Карніцкая.

— Ну, куды ён просіцца.

— А куды ён просіцца?

— У партызаны. У тыл ворага.

Паліна Фёдараўна пахіснулася і ледзь утрымалася на нагах. Усяго яна чакала ад Антона Сафронавіча: просьбы, каб яго перавялі ў Маскву альбо, наадварот, каб памаглі ёй і дзецям перабрацца да яго. Яна нават думала, што ён вырашыў хадайнічаць, як рабілі ў гэтыя дні сотні і тысячы савецкіх людзей, аб пасылцы яго на фронт. Але яна ніколі не магла падумаць, каб ён наважыўся рынуцца ў вогненную бездань.

Нічога не цямячы з таго, што гаварыў Асокін, праводзячы яе да дзвярэй, уся нібы аглушаная, яна паволі сышла па лесвіцы і апынулася на вуліцы.

З шэрага неба церушыўся дробны снег. Па белай плошчы імчаліся зялёныя грузавікі з байцамі ў новенькіх шэрых шынялях. Рабочыя ў сініх ватоўках закладалі шкляныя вітрыны магазінаў мяшкамі з пяском. Недзе далёка-далёка цяжка грукаталі гарматы.

Паліна Фёдараўна вярталася дадому з нейкім раздвоеным пачуццём, характар якога яна не магла ні вызначыць, ні выказаць.

 

Частка другая

 

 

І

Халодная снежаньская ноч. Цяжкі транспартны самалёт, ледзь адарваўшыся ад зямлі, пачаў набіраць вышыню. Карніцкі з палёгкай уздыхнуў. Нарэшце! Яны ляцяць на Беларусь, у глыбокі тыл ворага. Шаснаццаць адборных байцоў, больш правільна — добраахвотнікаў. Праўда, яны выглядаюць цяпер не зусім зграбна, нейкімі мешкаватымі з парашутамі за плячамі, густа перакрыжаваныя паверх кажушкоў скуранымі і тканымі пасамі. Вунь сядзіць Кастусь Мялешка, каржакаваты, з арліным профілем славутага рускага палкаводца Баграціёна, з ахайна падстрыжанымі бакамі. Дабрадушны, як і ўсе дужыя людзі, ён толькі скупа ўсміхаўся, калі хлопцы празвалі яго «князем». Старшы лейтэнант запасу Мялешка да вайны выкладаў гісторыю ў адной з сярэдніх школ Мінска. Ён быў прызначаны намеснікам камандзіра спецгрупы. Побач з Мялешкам іспанец Хуста Лопас. Чорныя, як антрацыт, вочы ўвесь час у руху. Хусту цяпер займае ўсё: і што там пачаў паказваць альтыметр, і ці добра прымацаваны перад пілоцкай кабінай грузавыя парашуты з толам. А чаго гэта вельмі размахаліся рукамі ў самым хвасце фюзеляжа Навічок і Касцючэнка? Потым Хуста Лопас хутка паварочваецца да бліжэйшага акна і правярае, ці шчыльна зацягнута чорная маскіровачная шторка.

Пасля перамогі фашыстаў у Іспаніі, Лопас вымушаны быў пакінуць сваю радзіму і эмігрыраваць у Савецкі Саюз. Цяпер Лопас папрасіў Карніцкага ўзяць яго на Беларусь, каб разам з ім змагацца супроць агульнага ворага. Многія з людзей спецгрупы прайшлі вялікія выпрабаванні на фронце, стрымліваючы шалёную фашысцкую навалу на подступах да Масквы. Многія праявілі свае ратныя здольнасці ў знішчальных батальёнах. Мялешка, выконваючы заданні Цэнтральнага партызанскага штаба, два разы пераходзіў лінію фронту недзе ў раёне Віцебска. Ён расказаў Карніцкаму шмат чаго цікавага пра тое, што робіцца на акупіраванай ворагам тэрыторыі. Ад Мялешкі Карніцкі ўпершыню дачуўся пра лёс свайго былога памочніка Васіля Каравая. Аказваецца, яго дружбак адным з першых распачаў зацятую партызанскую барацьбу з акупантамі ў родных мясцінах. Недзе ў старобінскіх і любанскіх лясах згуртоўвае народ сакратар Мінскага абкома партыі Васіль Казлоў. У Цэнтральным партызанскім штабе Карніцкаму расказалі пра баявыя справы Заслонава, Шмырова, Пакроўскага, Каржа, Паўлоўскага, Бумажкова. Былыя партыйныя і савецкія работнікі, настаўнікі і аграномы, трактарысты і садаводы раптам, калі надышла цяжкая хвіліна, аказаліся вельмі таленавітымі ваеннымі арганізатарамі. Яны ўмела наладжвалі засады, палілі масты і казармы, разганялі і знішчалі варожыя гарнізоны.

Слухаючы пра такія справы, Карніцкі ўздрыгваў ад нецярплівасці. І ў такі рашучы час яго, салдата, хацелі трымаць у зацішным і далёкім ад агню месцы! Нібы забыліся на яго шматгадовы баявы вопыт.

Асокін некалі жартаваў, што Карніцкі можа прайсці з завязанымі вачамі па многіх раёнах Беларусі і нідзе не спатыкнецца. А цяпер, крэкчучы, згадзіўся на пасылку яго ў тыл ворага. Згадзіўся таму, што ён, Карніцкі, прыціснуў яго да сцяны пагрозай паскардзіцца ў Цэнтральны Камітэт партыі. Нават і ў гэтай справе не абышлося, як гаворыцца, без зацятай барацьбы.

Цэлы месяц пасля звароту ў Маскву Карніцкі патраціў на падбор людзей у сваю спецгрупу, на іх вышкаленне.

Ахвотнікаў ляцець у варожы тыл было шмат. Карніцкі толькі здзіўляўся, адкуль людзі дачуваліся пра тое, чым ён цяпер займаўся. Асабліва настойліва дамагаўся паездкі ў акупіраваныя раёны Пацапень. Ён дзень пры дні штурмаваў работнікаў Цэнтральнага партызанскага штаба, пакуль не даведаўся, што трэба будзе выкідвацца з самалёта на парашуце. Гэта навіна адразу збіла з яго ўвесь ваяўнічы запал і прымусіла паціху адступіць. Пацапень баяўся вышыні. У яго заходзілася сэрца і галава ішла кругам, калі ён глядзеў у пралёт лесвіцы з якога-небудзь чацвёртага паверха.

Такія людзі не падыходзілі Карніцкаму. Кожнага, хто хацеў трапіць у спецгрупу, Карніцкі папярэджваў, што яны накіроўваюцца не на святочную прагулку. Ім давядзецца часам недаядаць, вылежваць цэлыя гадзіны на халодным снезе, падпаўзаць да мэты па ледзяной вадзе, у баях здабываць боепрыпасы ў гітлераўцаў. З усіх чатырох бакоў партызан будзе акружаны бязлітасным ворагам. А калі так, дык кожны павінен быць гатовы да самага страшнага і небяспечнага. Цяжка хадзіць каля вады і не замачыць ногі... Дык вось, падумай добра перад гэтай небяспечнай дарогай і лепш адразу адкажы, што не стае ў цябе пораху на такія справы. У тыл ворага мы ідзём не на месяц, а да самага дня вызвалення беларускай зямлі. Мы самі павінны шукаць там сустрэчы з ворагам. Біць яго ўначы, удзень, кожную хвіліну! Бязлітасна помсціць за шыбеніцы і расстрэлы савецкіх людзей. Першай і самай магутнай нашай зброяй павінна быць нянавісць да кожнага фашыста. Калі не ўзарвецца падкладзеная табою пад рэйку міна, ты сам павінен кінуцца на пуць і спыніць варожы эшалон! Твая нянавісць няхай будзе мацнейшая за самыя велізарныя толавыя зарады.

Многім, хто чуў Карніцкага ўпершыню, здавалася, што ён размаўляе пра даўно вядомыя ўсім ісціны. Пра гэта можна прачытаць штодня ў газетах і лістоўках, якія заклікалі да мабілізацыі ўсіх сіл народа. Людзі цяпер пісьменныя і могуць самі разбірацца, што і як. Гэты чалавек, які прайшоў баявы шлях ад салдата рускай арміі да падпалкоўніка Савецкай Арміі, здавалася, наўмысля ўскладняў справы, падыходзіў да іх праз меру насцярожана. Магчыма, да гэтага прывучылі небяспекі доўгіх год франтавога і партызанскага жыцця. Усё, відаць, для Карніцкага было ясна і зразумела, і ён хацеў, каб гэтай яго свядомасцю быў прасякнуты кожны яго баец. Тонкія ноздры Карніцкага ўздрыгвалі, а ў шэрых вачах паблісквалі задзёрыстыя іскрынкі, калі ён гаварыў аб тым, што яны павінны рабіць.

— Мы, хлопцы, будзем ганяць гэтых новаеўрапейскіх банкартаў так, як, кажуць, некалі ганялі Марку па пекле. Каб яны са страху перад намі ніколі не маглі мець чыстай бялізны! Адзін наш князь Баграціён, калі толькі вельмі захоча, пагоніць перад сабою, як паршывых авечак, цэлую дывізію звар’яцелага нямецкага яфрэйтара!

Падрыўнікі з вясёлым рогатам паварочваліся да Кастуся Мялешкі. Мялешка нездаволена моршчыўся ад гэтага жарту і дакорліва ківаў галавою з доўгімі вузкімі бакамі:

— Нічога смешнага тут няма, таварыш камандзір... На месцы будзе відаць, хто каго пагоніць перад сабою. У баі могуць сустрэцца розныя нечаканасці.

— Кожную нечаканасць сапраўдны партызан павінен выкарыстоўваць для сваёй перамогі. На гэта ў цябе і галава ёсць. І ты павінен варушыць ёю так, каб твайму ворагу заўсёды было млосна.

Калі жартам, а калі і сур’ёзна Карніцкі расказваў пра многія выпадкі са свайго баявога жыцця. Пасланы аднойчы ў белагвардзейскі тыл, Карніцкі павінен быў захапіць і пераправіць на наш бок жывым аднаго з буйнейшых і небяспечных агентаў варожай разведкі. Цэлы месяц цярпліва і настойліва, рызыкуючы на кожным кроку жыццём, высочваў Карніцкі праціўніка, пакуль не пасадзіў яго ў спецыяльна збудаваную скрыню. Гэтую скрыню паклалі на воз пад сена і кіламетры тры везлі па дарозе, па якой конна гойсалі чубатыя і насцярожаныя карнікі. Варта было запхнутаму ў скрыню белагвардзейцу падаць голас, каб усё правалілася. Карніцкі паспакайнеў толькі тады, як апынуўся з незвычайным грузам у глухім яры, дзе перадаў здабычу надзейным людзям. Але якое ж было яго здзіўленне, калі на адной з людных вуліц занятага ворагам горада ён праз месяц зноў тварам у твар сутыкнуўся з гэтым чалавекам. Злоўлены і вывезены ім варожы разведчык паўстаў, як нябожчык з таго свету жывы, здаровы, з лёгкай і таямнічай усмешкай:

— Добры дзень, пане Карніцкі. Я вельмі рад, што нарэшце, адшукаў вас.

— Гара з гарою не сыходзяцца...— сціскаючы ў кішэні пісталет, паціху адказаў Карніцкі.— Паспрабуйце толькі каго-небудзь гукнуць, і вас ужо не будзе.

— Ну, што вы, Антон Сафронавіч! — азірнуўшыся навокал, заспяшаўся чалавек.— Мне проста трэба з вамі пагаварыць. У любым зручным для вас месцы...

Нябожчык, як яго назваў Карніцкі, аказаўся досыць разумнай асобай... А варта было Карніцкаму не стрымацца, націснуць на спуск, і ўсё загінула б...

— Вытрымка для партызана самае галоўнае. Майце, хлопцы, гэта на ўвазе.

З дня ў дзень Карніцкі рыхтаваў сваіх людзей да сустрэчы з ворагам. Кожны чалавек з яго баявой групы павінен быў ведаць усе віды айчыннай і трафейнай зброі, шматлікія спосабы вырабу і закладкі мін. Галоўная ж іх задача — падрыў варожых эшалонаў, мастоў, казармаў, складаў з боепрыпасамі і гаручым. Для гэтага патрэбна будзе шмат узрыўчаткі. Карніцкі загадаў падрыхтаваць шэсць грузавых парашутаў для спуску толу. Усё, здавалася, ішло добра, пакуль не пачалася пасадка ў самалёт. Лётчыкі пагрузілі адзін мяшок, другі, трэці і рашуча загарадзілі дарогу чацвёртаму. Антон Сафронавіч гэтым часам размаўляў непадалёку з Палінай Фёдараўнай і Асокіным, якія прыехалі яго праводзіць. Пачуўшы зацятыя спрэчкі каля самалёта, ён нецярпліва гукнуў у змрок:

— Што там за гармідар, Князь? Ці не можна цішэй?

— Цішэй нельга, таварыш камандзір! — абурана закрычаў Мялешка.— Лётчыкі выкінулі назад тры парашуты з толам.

Карніцкі ўмомант забыўся і на жонку і на Асокіна. Яго нібы навальнічным ветрам панесла да ледзь прыкметнага праёму дзвярэй самалёта, у якіх застыла каржакаватая постаць бортмеханіка.

— Вы чаму выкідваеце наш груз? — люта закрычаў Карніцкі.

— Мы не выкідваем, Антон Сафронавіч, а проста не прапускаем. Самалёт і так перагружаны.

— Паклічце сюды свайго камандзіра.

Камандзір падышоў да Карніцкага і пачаў даводзіць, што больш мяшкоў яны браць не могуць.

— Мы, Антон Сафронавіч, і так узялі крытычную нагрузку. Разумееце? Праўда, яе можна павялічыць яшчэ, напрыклад, за кошт гаручага альбо вашых людзей. Але ж на гэтае мы не згодзімся: ні я, ні вы. Паліва нам патрэбна, каб вярнуцца назад, а ўсе вашы людзі, відаць, патрэбны будуць там. Паўтараю, што мы не можам прыняць на борт ніводнага лішняга кілаграма.

— Ага, зразумела! Як гавораць, не куецца, дык плешчацца,— раптам чамусьці лёгка згадзіўся Карніцкі.— Таварыш Мялешка!

— Я тут, таварыш камандзір.

— Бярыце гэтыя тры парашуты і неадкладна адпраўце на склад. А хлопцам скажыце, каб развіталіся са сваімі блізкімі і таварышамі. Яны іх чакаюць каля варот...

— Дык жа, тава...

«Князь» хацеў сказаць, што хлопцы паразвіталіся ўжо даўно і цяпер каля варот іх ніхто не чакае, але лёгкі ўмоўны штуршок Карніцкага прымусіў яго схамянуцца.

Далей адбылося вось што. Як толькі грузавік з трыма не прынятымі на борт парашутнымі мяшкамі ад’ехаў на паўсотню метраў ад самалёта і спыніўся, «Князь» падвёў да яго ўсю групу дэсантнікаў. У цемры пачуўся трэск разрываемай тканіны і прыглушаны голас Карніцкага:

— Напіхай, хто колькі здолее, у кішэні альбо за пазуху!..

Калі да іх падышлі Асокін з Палінай Фёдараўнай, бадай увесь мяшок быў спарожнены. Карніцкі загадаў Мялешку весці людзей на пасадку.

— Антон Сафронавіч,— узяўшы Карніцкага пад руку, загаварыў Асокін.— Вельмі прашу, беражы сябе.

Карніцкі ўвесь натапырыўся:

— А што, Пётр Антонавіч, Паліна не магла сказаць мне пра гэта сама?

— Я табе казала тысячу разоў. Не пра сябе я думаю, а пра нашых дзяцей...

— А пра каго думаю я?

— Каб ты больш пра іх думаў, дык бы рабіў па іншаму...

Голас у Паліны Фёдараўны задрыжаў ад крыўды. Яна была гатова заплакаць. Пётр Антонавіч умяшаўся з грубаватай ласкавасцю:

— Сціхніце вы, шэршні! Цалуйцеся, як маладыя, і спадзявайцеся на самае лепшае. Тады благое за сто вёрст будзе ад вас уцякаць. Ну-у?!.

Паліна Фёдараўна першая і з нейкай ліхаманкавай паспешлівасцю прытулілася да мужа, абедзвюма рукамі абняла за шыю. Але губы яе былі халодныя і каляныя... Нейкія як бы чужыя...

Сагрэў Антона Сафронавіча ў хвіліну развітання бадай толькі Асокін. Колішні іванаўскі ткач яшчэ захаваў у сабе сілу і цеплыню. Цёплыя былі і прасмыленыя густым тытунёвым дымам яго вусы, быў цёплы і крышачку хрыплаваты голас:

— Трымайся там, Антоша... А дзяцей тваіх мы тут дагледзім...

 

ІІ

На паўночны ўсход ад вядомага на Беларусі возера Выганаўскае ёсць так званыя Пашукоўскія лясы. Тут гордыя вяршаліны векавых дубоў, елак і сосен, здаецца, размаўляюць з самым небам. У нізкіх мясцінах пушчы, на яе мокрых глебах, разросся алешнік, асіннік. Улетку гэтае неасяжнае зялёнае мора ціха пазвоньвае або ласкава шэпчацца над тваёю галавою крамяным наваскаваным лісцем, зімою глуха стогне і рыпіць настуджаным голым веццем. Няўтульна і непрыветна зімою ў лісцвяным лесе. Рэдка калі пачуеш тут дапытлівы цокат вавёркі, вясёлы посвіст сініцы.

Зусім па-іншаму адчуваеш сябе зімою ў вечназялёным яловым або сасновым гушчары. То праляціць рыжай маланкай з дрэва на дрэва вавёрка, то руплівы даглядчык лесу — стракаты дзяцел,— засадзіўшы сасновую шышку ў расколіну сухой асіны, заклапочана замалоціць па ёй вострай дзюбай, дастаючы поўныя зярняты. То прамільгне, як шэры цень, паміж таўшчэразных камлёў трапяткая каза, каб тут жа знікнуць у маладым бярозавым зарасніку.

А вось, разварочваючы шырокую баразну ў снезе, прайшлі дзікі. Прайшлі зусім блізка ад лесніка Рыгора Хаецкага. Ён назіраў гэты ўстрывожаны рух жыхароў пушчы з-за тоўстай дуплаватай асіны. Было відаць, што дзічыну выпудзілі з яе дзённага прыстанішча людзі. Хаецкі па аднаму яму вядомых прыкметах мог вызначыць, ратуюцца дзікі ад галоднай воўчай зграі ці ад самай небяспечнай для іх істоты — чалавека. Але якія людзі і чаго апынуліся ў Малінаўцы — самых глухіх кварталах, дзе нават у яркі сонечны дзень не ўбачыш, што робіцца ад цябе за пяць крокаў? Найбольш бяспечнага і зручнага прыстанішча, чым тыя мясціны, дзікі не маглі больш нідзе знайсці. Пасля начных налётаў на бліжэйшыя сялянскія палеткі яны заўсёды вярталіся ў Малінаўку і ныралі пад яе цёплую зялёную коўдру. Адтуль іх магла ўзняць і выгнаць толькі дружная і напорыстая зграя паляўнічых сабак. Але хіба цяпер людзям да палявання? У першы дзень прыходу немцы павывешвалі аб’явы, каб насельніцтва неадкладна здало радыёпрыёмнікі, паляўнічыя стрэльбы, набоі.

Паляўнічыя стрэльбы не дазвалялася мець нават леснікам. За ўтойванне і хаванне зброі вызначалася ў загадах акупантаў адно толькі пакаранне: расстрэл.

Чамусьці неўзлюбілі акупанты і верных сяброў чалавека — сабак. За кожнага сабаку, дарослы ён ці яшчэ малое шчаня, накладваўся вялікі падатак. Дзіўная справа, сабакі адчувалі, што за прыяцелі з’явіліся на нашай зямлі. Варта было толькі якому гітлераўцу ці паліцаю загрукаць падкаванымі абцасамі каля крайняй хаты, а ўжо трывожны сабачы лямант разлягаўся на ўсю вёску. Асабліва люта накідваліся розныя там Жукі і Дунаі на паліцаяў. Каб зберагчы ў належным выглядзе свае мышастыя і чорныя шынялі, здраднікі не шкадавалі куль. Пасля чарговага наезду паліцаяў на чале са старшым начальнікам Чорным Фомкам у леснічоўку Хаецкага назаўсёды сціх Палкан — адзін з лепшых ганчакоў у тутэйшых мясцінах. Яму вельмі захацелася сарвацца з ланцуга і кінуцца з ашчэранай пашчай на прадстаўніка «новаеўрапейскага ладу». Не паспеў Хаецкі цыкнуць на сабаку, як апошні ўсадзіў свае вострыя іклы ў шырокі зад Чорнага Фомкі.

Пасля гэтага Чорны Фомка так разбушаваўся ў леснічоўцы, ажно Хаецкі ўжо не спадзяваўся, што той пакіне тут каго-небудзь жывога... Нешта, аднак, стрымлівала гэтага галаварэза ад расправы з сям’ёю лесніка. Ад’язджаючы з лесу, Фомка ўсё яшчэ строгім голасам запытаўся, ці шмат тут дзікоў і дзе іх межышчы.

— Ты павінен дакладна вывучыць іх дыслакацыю! — сядаючы сваім пашарпаным задам у вазок, загадаў Хаецкаму Фомка.— І нікому вельмі не разбрэхвайся, пра што я ў цябе пытаўся. Калі не хочаш, каб тваю галаву пратачыла куля.

Цяпер, убачыўшы спуджаных дзікоў, Хаецкі падумаў, што, можа, іх узняў са сваёй чорнашынельнай прадажнай зграяй Чорны Фомка. Але ж ён ніколі не займаўся паляваннем. Пры белапаляках гэты багаты хутаранец верай і праўдай служыў дэфензіве, даносячы туды на ўдзельнікаў вызваленчага руху. У часе ўз’яднання Беларусі Фомка некуды знік. З’явіўся ён на свой хутар толькі разам з гітлераўскімі акупантамі і адразу быў прызначаны імі за начальніка паліцыі. Ганяўся ён за маладымі падпольшчыкамі, іх бацькамі, за ўсімі, каго падазраваў у партызанскай дзейнасці. Ад пэўных людзей Хаецкі чуў, нібы Фомка выхваляўся перад намеснікам Вільгельма Кубэ ў Баранавічах, што каб яму далі дзве сотні нямецкіх салдат, дык бы ён звёў са свету ўсіх партызан. Праўда, хоць хутар Фомкі быў за якой паўвярсты ад нямецкага гарнізона, гэты храбры ваяка не адважваўся дома начаваць. Наведваўся ён туды толькі ўдзень, каб паглядзець, як ідзе работа, і аддаць розныя загады сваім двум парабкам. Пабліскваючы залатым зубам з-пад верхняй губы, Чорны Фомка гаварыў ім тое, што яму гаварылі немцы:

— Толькі працуйце, спадары, шчыра. Калі будзе збудавана новая Еўропа, вялікая Германія на вас не забудзецца. Кожны атрымае тады сваё...

Калі дзікі схаваліся ў лясных нетрах, Хаецкі паправіў за поясам сякеру і рушыў дадому. Па дарозе ён час ад часу прыпыняўся і прыслухоўваўся. Але ніводзін старонні гук не трывожыў больш панурай і сцюдзёнай лясной цішыні. Пачынала цямнецца. Разам з вячэрнім змрокам пачынала спакайнець і на сэрцы. Сёння ні немцы, ні паліцаі ўжо тут не з’явяцца.

Хаецкі жыў у леснічоўцы толькі з жонкай. Старэйшая дачка, Насця, за год да вайны выйшла замуж за машыніста мінскага дэпо, а меншы сын, Алік, паступіў у рамесніцкае вучылішча, якое нібыта эвакуіравалася на Урал. Цяпер яны нічога не ведалі пра лёс сваіх дзяцей. Часам яны нават радаваліся, што іх няма з імі. Бо вельмі ўжо нястрымная і гарачая стала сучасная моладзь. Без роздуму, не параіўшыся са старэйшымі, лезе на ўзброенага ад галавы да пят акупанта...

Зімою, асабліва ў лесе, цямнее вельмі хутка. Каб не снег, дык Хаецкаму давялося б ужо толькі вобмацкам трапіць у варотцы. Таму ён і не заўважыў, як нехта аддзяліўся ад рогу яго хаты і перагарадзіў яму дарогу. Хаецкі пачуў толькі стрыманы, але цвёрды голас:

— Стой! Хто ідзе?

— Я... я...— падпарадкоўваючыся загаду невядомай асобы, разгублена адказаў Хаецкі. І паправіўся пасля некаторай паўзы: — Я. Ляснік.

— Прозвішча? — усё тым жа патрабавальным шэптам запытаўся невядомы.

У хаце жонка Алена запаліла лямпу. Святло акна выхапіла з цемры постаць невядомага. Ён шпарка адступіўся ў змрок. Але і гэтага кароткага моманту было досыць, каб ляснік убачыў зялёныя ватовыя штаны незнаёмага чалавека, кароткі армейскі кажушок, шэрую шапку-вушанку з пяцікутнай зоркай і куртаты аўтамат з тоўстым дыскам...

— Ты што: не чуў? Прозвішча?

— Хаецкі... Рыгор Хаецкі.

— Наперад. У хату! — пачуў Хаецкі за сваёй спіною другі голас.— Хутка!

У хаце тым часам Алена ўжо завешвала вокны посцілкамі. Пачуўшы бразгат дзвярэй і тупат ног, Алена азірнулася. І ў гэтым яе руху Хаецкі не заўважыў ніякай разгубленасці альбо здзіўлення. Хутчэй за ўсё — толькі цікавасць, як яе муж успрыме тое, што адбываецца ў хаце.

Каля стала, па адзін і па другі яго краі, сядзела два такіх жа самых хлопцы, як і той, што затрымаў Хаецкага. На іх былі гэткія ж ватнікі, кароткія армейскія кажушкі і аўтаматы на грудзях. Толькі шапкі-вушанкі былі не на галовах, а ляжалі на лаве побач сваіх гаспадароў.

Убачыўшы Хаецкага, абодва аўтаматчыкі ўсталі. Адзін з іх заўсміхаўся і нецярпліва ступіў насустрач. Прамовіў, працягваючы руку для прывітання:

— Здарова, Рыгор!

— Зда... зда... Добры вечар,— нарэшце вымавіў Хаецкі, стараючыся прыпомніць, дзе і калі ён чуў гэты рэзкі голас.

— Што, не пазнаеш?

— Гэта... Ну... Нешта нібы...

Алена тым часам ужо завесіла ўсе вокны і цяпер стаяла, узяўшыся рукамі ў бокі. Хаецкі злосна зірнуў на жонку. Баба халерная!.. Некалі яна так старанна і ахвотна завешвала вокны, калі прыходзіў сюды са сваімі хлопцамі той, што наводзіў страх на паліцэйскія ўправы, на панскіх ваяводаў... Даўно гэта было!.. Той таксама гаварыў: «Здарова, Рыгор!..»

— Антон Сафронавіч?..— яшчэ няўпэўнена прамовіў Хаецкі.— Не можа быць!

— Чаму не можа быць? Вось Аленка адразу паверыла, што я — гэта я, а не хто іншы...

— Тут... у такі час... Якім чынам?

Карніцкі падняў руку ўгару:

— Вырашылі праведаць родныя мясціны, купілі білеты на самалёт — І ў дарогу. Усяго якія тры гадзіны — і вось мы дома...

— Не жартуйце, Антон Сафронавіч. Гэты дом цяпер страшнейшы за самую страшную турму. Сядзіш у ім, як у пастцы...

Карніцкі здзіўлена павярнуўся да жонкі Хаецкага:

— Што я чую, Аленка?!. І ад каго?.. Што ты з ім зрабіла, што ён стаў такім баязліўцам?

— Больш слухайце вы яго, Антон Сафронавіч, дык ён вам набалбоча. Гэта яго нядаўна «бобікі» настрашылі. Відаць, думаюць наладзіць паляванне. Распытвалі ў яго пра дзікоў.

— Ну дык чаму ім не памагчы пазабаўляцца. Патаміліся, небаракі, рэжучы людзей... Няхай ужо адпачнуць хоць у пушчы... Раскажы, Рыгор, як гэта было. Расказвай мне ўсё! Так, як расказваў калісьці!

 

ІІІ

Ляснік Рыгор Хаецкі, пуцявы абходчык Іван Скавыш з-пад Баранавіч, каваль Барэйка, дарожны раманцёр Гладкі... Карніцкі прыпамінаў многіх іншых людзей, якія памаглі яму ў мінулым. Да адных ён заходзіў сам, да некаторых пасылаў Рыгора Хаецкага. Заткнуўшы за пояс сякеру, ляснік ішоў раўнаважным крокам у вёску альбо мястэчка, зазіраючы там то ў адзін, то ў другі двор. Таўстазадыя гітлераўцы і паліцаі часам затрымлівалі яго і, скоса паглядаючы на сякеру, патрабавалі дакументаў.

— Я ляснік,— паволі дастаючы з кішэні паперы, тлумачыў Хаецкі.— Шукаю парубшчыкаў. Учора сярод белага дня дзве такія бярозы спусцілі...

— Беоза? Вас іст дас беоза? Дас іст партызан? Бандыт?

— О, не... найн, пан! — спяшаўся Хаецкі.— Бяроза — гольц... дровы...

Адных задавальнялі прачытаныя дакументы і тлумачэнні Хаецкага. Другія люта крычалі, красамоўна ляпаючы далоняй па аўтамаце ці пісталеце:

— Раўс!.. Прэч!..

Заўважыўшы Хаецкага на падворку паліцэйскай казармы, на ганак выскокваў праз меру пільны «бобік».

— Ты чаго тут вынюхваеш, сабака? Марш адсюль!

— Сёння ў мяне тры сасны зрэзалі. Дык, можа, яны за вашым парканам, на суседняй сядзібе...

— Пляваць мы хацелі на твае сосны! А каб нават і мы зрэзалі, дык што? Пахукаеш на наш след? Нам усё дазволена. Вось зараз пальну ў патыліцу, дык немцы толькі падзякуюць!

— А я хіба не на немцаў раблю? — агрызаўся Хаецкі.— Хочаш паглядзець, кім падпісаны мае аўсвайсы? Сам Чорны Фомка іх праверыў і нават даручэнне пэўнае мне даў...

— Не Фомка, а спадар Фама Дарахвеевіч Воўк,— ужо цішэючы, тлумачыў бобік.— Гэта бальшавіцкія агенты празвалі яго Фомкам. Самагонка ў цябе ёсць?

— Нясі сюды пляшку. Для такога храбрага ваякі магу са шклянку нацадзіць...

— Ты не вельмі выскаляйся, сабака! — аж чарнеючы ад злосці, крычаў бобік.— Глядзі ў мяне...

Карніцкі хмурыўся, калі Хаецкі расказваў яму пра такія сутычкі ў часе адказнага падарожжа.

— Каб гэта, Рыгор, было астатні раз! Стрымлівай сябе. Дарэмна ты ляпнуў, што Фомка дае табе нейкія заданні...

— Я, Антон, сказаў пэўнае... Можа, гэтаму жарабку палюбоўніцу падабраць альбо самагонкі выгнаць на яго хаўтуры... Разумей, як хочаш.

— Усё роўна ты не павінен распускаць язык. Я сам яшчэ не ўпэўнены, для чаго ім спатрэбіліся дзікі. Пажывём — пабачым. Калі пра іх пытаўся галоўны нямецкі ляснічы з Баранавіч, гэта іншая справа. Ён паляўнічы. І раптам — Фомка-паліцай! Мне здаецца, тут можа быць нешта цікавае і для нас. Калі абяцалі прыйсці хлопцы з Ляхавіч?

— Заўтра а восьмай гадзіне. Сустрэча пад вілаватым дубам.

— Добра. Я з імі пагавару. А ты паслязаўтра збірайся да Васіля Каравая. Скажы, што яго чакае Пчала.

Назаўтра «ляхавіцкія хлопцы» адыходзілі ад Карніцкага, абцяжараныя толавымі зарадамі. «Князь» Мялешка адрываў іх са сваіх каштоўных запасаў, нібы кавалкі ўласнага сэрца. Многіх прагных да такога дабра ён і ў вочы не бачыў. Карніцкі проста загадваў яму падрыхтаваць адпаведнай сілы зарады і пераправіць іх поцемкам у дупло тоўстай асіны на ўзлессі. Дупло гэтае назаўтра было пустое...

— Антон Сафронавіч! — прыслухоўваючыся да глухога шуму сосен за акном зямлянкі, ныў Мялешка.— Чатыры пуды толу як карова языком злізала. А мы самі не выкарысталі яшчэ ніводнага кавалка. Усё займаемся гэтымі чортавымі зямлянкамі. Паязды з немцамі тым часам пруцца на ўсход...

— Ты што, падыходы да чыгункі ведаеш лепш за тых, хто тут нарадзіўся?

— Затое я лепш ведаю, як іх падрываць.

— Я таксама некалі думаў, што як зраблю што-небудзь сам, дык ніхто лепш за мяне не зробіць.— Карніцкі паварочваўся да нар, на якіх ляжаў Лопас: — Памятаеш, Хуста, наш першы эшалон каля Кардовы?

— Там быў мост...

— А хто здымаў варту і закладваў зарады? Хто лепш мог гэта зрабіць, як не людзі, якія жылі непадалёку? Яны ведалі не толькі, дзе і які вартавы стаіць, але нават калі ён ходзіць у прыбіральню. Усё тады аформілі тры простыя іспанцы, чыгуначнікі. Мне асталося толькі падпаліць шнур. Дык жа такую работу можа зрабіць і малое дзіця, дарагі Князь.

— Вы зноў жартуеце, Антон Сафронавіч! Мне вось аж рукі свярбяць. Так і просяцца трахануць якую-небудзь казарму альбо паравоз.

— Яшчэ натрахаешся. Вось вернецца ад Каравая Хаецкі, тады ты не знойдзеш часу на яду ад свайго трахання. Спаць!

Каб Мялешка даведаўся пра планы, якія поўнілі галаву Карніцкага, ён бы аціх адразу. Магчыма, гэта і добра, што чалавеку не дадзена чытаць чужых думак. Ён бы ўбачыў часам, што ад яго патрабуюць больш, чым ён можа зрабіць.

Праз дні тры пасля адыходу Хаецкага ад Каравая непадалёку ад Баранавіч паляцеў пад адхон эшалон з танкамі. Не паспелі гітлераўцы ачысціць і адрамантаваць пуць, як узляцеў у паветра мост на семсот пяцідзесятым кіламетры. А з эшалонам гаручага, які накіроўваўся на Сарны, здарылася таксама нешта нечаканае. Ён запалаў хвілін праз дзесяць пасля адыходу са станцыі. Гіганцкі вогненны факел, асвятляючы на многія кіламетры навакольныя палі і лясы, ашалела імчаўся наперад, пакуль не пачалі ўзрывацца цыстэрны. Густыя барвовыя клубы дыму, пераганяючы адзін аднаго, рвануліся ў неба.

Гэта было вялікай нечаканасцю для Фрыдрыха Фенса, намесніка гаўляйтэра па Баранавіцкай вобласці. Да апошняга часу ён лічыў давераную яму тэрыторыю ўціхаміранай. Тыя, каго гестапа прызнала небяспечнымі для вялікай Германіі, ужо даўно ляжаць у вялізных равах. Асобныя каманды, выконваючы загад генерала, дзейнічалі ў гарадах і вёсках вобласці з непахіснай цвёрдасцю. Генерал не чуў ні пра адзін выпадак, каб хто-небудзь з падначаленых яму асоб завагаўся нават ад плачу немаўлёнка, якога жывым кідалі ў яму. Таму Фрыдрых Фенс з годнасцю прыняў падзяку гаўляйтэра за свае рашучыя мерапрыемствы.

І раптам такія перуны сярод зімняй цішыні! Вы*клікаць сюды начальніка гестапа!

— Вы дрэнна выконваеце свае абавязкі! — загрымеў генерал, калі начальнік гестапа апынуўся ў яго кабінеце.— Тры выбухі за адзін тыдзень! Вы ведаеце, колькі затрымана эшалонаў пад Баранавічамі? Эшалонаў, якія так патрэбны нашаму фюрэру пад Масквою!

— Мы прынялі меры, пан генерал. Не сёння, дык заўтра, а знойдзем вінаватых.

— Ох, мой бог! Пра якіх вінаватых вы гаворыце, пан палкоўнік! Вінаваты ўсе, хто тут яшчэ жывы! Я вам неаднойчы казаў: страляйце першага сустрэчнага з мясцовых людзей і вы не памыліцеся. Кожны з іх наш зацяты вораг. Яны спяць і сняць, што нас ужо тут няма. А гэтыя паперкі вы бачылі, пан палкоўнік? Мне пераклалі іх тэкст, у якім гаворыцца, што бальшавіцкія арміі гоняць нас ад Масквы. Чаму вы дазваляеце, пан палкоўнік, каб сярод насельніцтва пашыраліся такія навіны? Заўтра я павінен ведаць, хто іх распускае. Запомніце гэта!..

Карніцкі нічога не ведаў пра гэтую размову ў кабінеце намесніка гаўляйтэра. Ён быў заняты тым, каб выбухі, якія распачалі на камунікацыях ворага яго людзі, не перапыняліся ні на адзін дзень. Аднойчы сярод начы да яго з’явіўся былы памочнік Васіль Каравай. Яны абняліся і расцалаваліся, нібы трыццаць год не бачылі адзін аднаго. Карніцкі заўважыў, што Васіль стаў нейкі самаўпэўнены. На ім была зеленаватага колеру бякеша з дарагога сукна, на нагах буркі з закасанымі халявамі, на поясе — трафейны пісталет. Час ад часу пагладжваючы свае пышныя рыжыя вусы на шырокім твары, Каравай расказваў пра справы. Ён ужо камандаваў вялікім атрадам. Штаб гэтага атрада размяшчаўся ў лесе непадалёку ад роднай вёскі. Тэрыторыя гэтага раёна была ачышчана партызанамі ад варожых гарнізонаў. Некаторыя паліцэйскія ўчасткі Каравай абяззбройваў без адзінага стрэлу. Дзеля гэтага ён пераапранаўся ў форму нямецкага афіцэра, пераапранаў у нямецкія шынялі сваіх партызан і з’яўляўся ў воласць нібы па справах нагляду за работай паліцаяў. Мішка Галубовіч, які ўмеў гаварыць па-нямецку, быў у яго за перакладчыка. Бобікі выцягваліся ў струнку, убачыўшы ў казарме гітлераўскага маёра з сярдзітымі рыжымі вусамі. Мішка гэтым часам, няшчадна лаючыся на нямецкай і рускай мовах, загадваў начальніку паліцыі сабраць усіх сваіх падначаленых нібыта для паходу супроць партызан. За якую гадзіну ад варожага гарнізона ў воласці не аставалася ніякага следу.

— Пераходзь, Антон Сафронавіч, да нас,— падымаючы за сталом чарку, прапанаваў Каравай Карніцкаму.— Будзем, як і раней, ваяваць разам. Прымай ад мяне камандаванне брыгадай. Хутка ў нас будуць тысячы людзей, а пад кантролем многія раёны.

— Не, Васіль, мне і тут хопіць работы. Хачу ўзяць сталае шэфства над суседнімі чыгункамі і шашою. Табе Хаецкі сказаў, што мне трэба?

— Так. Дваццаць адборных хлопцаў згадзіліся перайсці да цябе. І сярод іх Мішка Галубовіч — твой зямляк і лепшы мой разведчык. Ну, вядома, з узбраеннем. Дару табе яшчэ дзесяць саней. Увогуле, рабі, як табе лепш. Ты хутка, відаць, сустрэнешся з двума цікавымі атрадамі. Адным камандуе старшыня калгаса Нікодым Барсук, а другім — былы афіцэр Чырвонай Арміі Мікола Віхор. У кожнага з іх свая фантазія наконт барацьбы з акупантамі... Асабліва ў Нікодыма Барсука...

— Напрыклад?

Каравай загадкава ўсміхнуўся ў свае рыжаватыя вусы.

— Сам пабачыш. Нашы разведчыкі ўжо мелі сутычку з барсукоўцамі. Мішка Галубовіч можа табе шмат цікавага пра іх расказаць.

Карніцкі падарыў Караваю новенькі аўтамат і два дыскі. Расказаў, што Вера з хлопцамі шчасліва дабралася да Масквы і выехала адтуль у Свярдлоўск.

— Праўда? — неяк неазначальна запытаўся Каравай.— Давай вып’ем за іх здароўе.

У Карніцкага было заданне Цэнтральнага партызанскага штаба, якое тычылася навакольных партызанскіх атрадаў і падпольных груп. Ён вырашыў выканаць яго ў першую чаргу адначасова з баявой аперацыяй. Апрача таго, у саміх камандзіраў атрадаў і кіраўнікоў падпольных груп маглі быць пытанні, якія ён дапамог бы ім вырашыць. У той час пераважная большасць партызанскіх атрадаў яшчэ не мела сталай сувязі з Вялікай зямлёю. Антон Сафронавіч захапіў з сабою рацыю, свежыя газеты, брашуры. У любы дзень ён мог размаўляць з Масквою, расказаць пра справы ў тыле ворага.

Карніцкага многія ведалі ў гэтых мясцінах. Ведаў яго і Нікодым Барсук. Ужо дні праз чатыры Мішка Галубовіч, вярнуўшыся з разведкі, далажыў, што ў навакольных вёсках разышліся пагалоскі пра з’яўленне Пчалы. Вялікая і незлічоная цяпер у яе сіла! І ўсе партызаны апрануты па-вайсковаму, усе чыста паголеныя, усе ўзброеныя аўтаматамі. У Пчалы ёсць супрацьтанкавыя стрэльбы, гарматы, ёсць нават танкі. Яна такая ж бязлітасная да ворагаў, да акупантаў, як і раней. У адным з мястэчкаў каля Пінска яна ўзарвала кінатэатр, дзе было дзвесце гітлераўцаў. Каля Маладзечна спусціла пад адхон варожы цягнік з боепрыпасамі, каля Навагрудка знішчыла цэлую дывізію эсэсаўцаў. Карніцкі, слухаючы ў зямлянцы гэтыя паведамленні Мішкі Галубовіча, толькі моршчыўся ад нездаволення. Яны яшчэ не зрабілі і паловы таго, чаго хацелася народу. Заспакойвала толькі адно: выдуманыя падзеі адбываліся далёка ад месца іх лагера.

Карніцкаму пакуль што не хацелася звяртаць увагі акупантаў на Пашукоўскі лес. Каравай папярэдзіў яго, што ў гэтым лесе, калі падрыхтавацца як след, можна будзе сустрэцца з досыць буйнай зверыною. Трэба толькі наладзіць сувязь з суседнім лесніком...

А пакуль што Карніцкі паслаў Нікодыму Барсуку на Воўчую выспу запіску, каб ён з’явіўся ў Пашукоўскі лес.

 

IV

Цэлы тыдзень чакаў і не дачакаўся Карніцкі адказу на пасланую запіску. Воўчая выспа маўчала, нібы яе не было на свеце, і ўсе гаворкі пра яе пануранага важака — гэта неспакойная фантазія разведчыкаў. Відаць, усяму гэтаму непаразуменню прычынай была нямецкая форма, якой быў упрыгожыў сябе і сваіх сяброў Мішка, каб смялей прабрацца ў горад, у гарнізон. Але тое, што ашуквала сустрэчных немцаў, якія віталіся з ім сваім гамзатым «хайль Гітлер», абурыла і насцярожыла Нікодыма Барсука. У дадатак Мішка яшчэ пачаў распытваць, ці праўда, што ў іх ёсць супрацьтанкавая гармата? Магчыма, што гэта і было прычынай глухога маўчання Воўчай выспы. Магла быць яшчэ і такая прычына: барсукі асцерагаліся расплаты за патасоўку з Мішкам і яго сябрамі.

Заняты гэтымі думкамі, Карніцкі сеў на каня і рушыў у дарогу. За ім, стрымліваючы наравістую Сароку, ляцеў Мішка, цяпер ужо нязменны спадарожнік Карніцкага.

— Старажытныя людзі! — загаварыў Мішка, калі яны выехалі з вёскі на снегавы прастор поля, агароджаны цёмнай сцяною лесу.— Але мне здаецца, што там ёсць і добрыя хлопцы. Іх трэба толькі расшавяліць.

— Ты газеты, кніжкі ўзяў? — коратка перапыніў яго Карніцкі.

— Тут, у сумцы,— паспешліва адказаў Мішка і дадаў ужо нейкім пакрыўджаным тонам: — Калі быў загад узяць, дык узяў...

— Вельмі добра. Толькі ты ўжо не задзірайся...

— А калі я задзіраўся? — паглядаючы на Карніцкага здзіўленым нявінным позіркам, запярэчыў Мішка.— Калі хочаце ведаць, Антон Сафронавіч, хто самы ціхі хлапец у караваеўскай брыгадзе, дык я вам скажу.

— Ну, хто?

— Я, Антон Сафронавіч.

— Ты?

— А хто ж можа быць другі? Я толькі не магу цярпець несправядлівасці. Дзе гэта хто бачыў, каб так недалікатна людзей нашай брыгады сустракалі! Гэта ж аўстралійскія бушмены і то так бы не зрабілі. А ён, Барсук, камандуе на гэтай Воўчай выспе, як сярэдневяковы кароль! Ну, я...

— А вось сёння пачуем, што ты там нарабіў,— прамовіў Карніцкі.

— Ну вось, цяпер ужо я вінаваты! Ва ўсім вінаваты Мішка. Вінаваты, што першы разведаў пра супрацьтанкавую гармату... Няхай бы хто другі паспрабаваў здабыць такую таямніцу!..

Мішка, пакрыўджаны, змоўк і толькі час ад часу злосна сморгаў павадамі аброць. Сарока ніяк не хацела разумець, што трэба ехаць проста, і старалася, прыгнуўшы галаву, імкліва рынуцца на бакавую сцежку. І толькі калі ўехалі ў лес, яна патроху супакоілася, відаць, зразумеўшы бескарыснасць сваіх намаганняў павярнуць дахаты.

Карніцкі наракаў і не наракаў на Мішку. Ён асуджаў і не асуджаў Нікодыма Барсука. Кожны ў гэтай бязлітаснай вайне з ворагам змагаўся, як ведаў і разумеў. Адзін лез, прабіраўся, рызыкуючы кожную хвіліну сваім жыццём, у самы нямецкі гарнізон, каб разведаць альбо дастаць патрэбнае, другі, наадварот, нікуды са сваёй хаты ці зямлянкі не вылазіў, але ўжо ніколі, не зважаючы на самыя цяжкія страты, не сыходзіў з месца пры налётах эсэсаўцаў і паліцэйскіх.

Нікодым Барсук не пасылаў сваіх людзей ні ў гарнізон, каб уведаць, што замышляюць немцы, ні на чыгунку, каб скідаць пад адхон нямецкія эшалоны. Нікога ён не прапускаў і ў свой лагер, асцерагаючыся нямецкіх шпіёнаў. У калгас, як ён называў свой атрад, ён прымаў толькі сваю радню, толькі людзей з прозвішчам Барсук. Калі чалавек пачынаў пярэчыць і гаварыў, што яму ўжо няма куды ісці, хіба толькі на нямецкую шыбеніцу, ён спакойна перапыняў яго і гаварыў:

— Пачакай, хлопец, пачакай. Дыспут мы з табою пасля вайны пачнём. А што няма куды ісці, дык ты хлусіш. Цяпер атрады па лясах, як грыбы, павырасталі. Каб было ціха і добра, махай адсюль да Каравая. І проста каці, бо ў нас тут скрозь уся зона замініравана. Не дай божа, падарвешся, не дачакаўшы міру...— А павярнуўшыся да патруля, дадаў сурова: — А вы, хлопцы, не выклікайце мяне па такіх справах. Рабіце так, як у статуце запісана.— І ўжо далей не абзываўся ніводным словам, паварочваўся і ішоў у лагер. «Хлопцы» ў момант выправоджвалі са сваёй зоны непажаданага чалавека.

Другім разам хлопцы, як Нікодым Барсук называў сваіх байцоў,— было ім па семнаццаць ці па шэсцьдзесят год,— коратка пыталіся, пераняўшы чалавека:

— Як прозвішча?

— Вы жартуеце, ці што? Да вайны пяць год на адной парце сядзелі ў школе, разам курсы трактарыстаў канчалі...

— Нічога, браток, не зробіш. Такі загад старшыні. У свой «калгас» мы прымаем толькі Барсукоў...

Такія пагалоскі хадзілі пра Нікодыма Барсука і яго атрад, які ён называў калгасам. У яго не было камандзіраў аддзяленняў, узводаў, рот. Былі звеннявыя, брыгадзіры, намеснік старшыні, сам ён, старшыня. Карніцкі яшчэ чуў, што Барсук забараніў сваім «калгаснікам» галіцца і граць на патэфоне альбо на гармоніку: «Калі на нашай зямлі чужыя людзі пануюць, дык няма чаго вельмі падстрайвацца і вясёлыя песні іграць».

Колькі людзей было ў Нікодыма Барсука, Карніцкі не ведаў. Адно толькі было вядома, што ўся вёска Барсукі — усе пяцьдзесят гаспадарак — кінулі свае хаты, хлявы і гумны і рушылі далей ад немцаў. Перасяліліся ў адну ноч са сваімі коньмі, каровамі, свіннямі, курамі, сабакамі і катамі на Воўчую выспу, пакапалі там зямлянкі, парабілі яловыя паветкі для жывёлы і нікога туды не прапускаюць.

Глуха і замкнёна жылі барсукоўцы. Не звязаныя з іншымі атрадамі, не чуючы ніводнага слова з Вялікай зямлі, яны былі падобны на загнаных і адрэзаных ад усяго свету людзей. Успамінаючы свае пакінутыя хаты, у якіх цяпер гуляе сівер, яны рабіліся ўсё больш панурыя. Яны даволі часта пераймалі варожыя машыны, якія ўляталі ў іх уладанні. Барсукоўцаў зусім не цікавіла, куды і чаго ехалі машыны, не стараліся ўведаць, якія паперы ляжалі ў афіцэрскіх партфелях і палявых сумках. Паперы яны часцей за ўсё знішчалі. Здабытую зброю выдавалі тым, хто яе не меў, паводле складзенага рахункаводам Паўлам Барсуком і падпісанага Нікодымам Бурсуком спіса...

Заняты такімі думкамі пра Барсука і яго калгас, Карніцкі не заўважыў, як яны праехалі лес і апынуліся на грэблі цераз балота. Яны прабіраліся цяпер сярод густых нізкарослых хмызнякоў бярэзніку, лазы і каржакаватага хвойніку. Драцяныя галінкі багуну і буячніку, пераплятаючыся паміж сабою ўнізе, утваралі, здавалася, густую цёмна-шэрую сетку, праз якую за тры крокі ад сябе ўжо нічога не ўбачыш, нічога не пачуеш. Цёпла ўхутанае тоўстым пластом моху, гэтае балота замярзала як след толькі ў самыя суровыя зімы. Грэбля, па якой яны ехалі, была выслана яшчэ, можа, у самыя даўнія часы бярвенцамі, пакіданымі проста на твань. Многія бярвенцы ўжо згнілі. Цяпер белая посцілка снегу аднолькава роўна ўкрывала і ацалелыя бярвенцы і мяккае цеста торфу, схаванае тонкай ледзяной скарынкай. Карніцкаму і Мішку трэба было ўвесь час пільнавацца замаскаваных снегам адтулін, каб не ўгрузіць коней. Два чорныя, як вугаль, цецерукі, павіснуўшы на кволай кроне бярэзінкі, бясстрашна і з цікаўнасцю наглядалі за людзьмі, якія да іх набліжаліся.

— Каб не гэтыя немцы, тут бы цяпер трактары хадзілі,— нарэшце пасля доўгага маўчання загаварыў Мішка.— Ужо былі пачалі капаць магістральны канал ад Кацягоў. Ужо многа вады было сцягнута. Але Нікодым Барсук, перабраўшыся сюды, загаціў канал, каб зноў паднялася вада... Хутка мы павернем на сцежку, і вы ўбачыце гэтых барсукоўцаў... Толькі прыглядацца трэба добра.

Хвілін праз пяць Мішка крыкнуў: «Тут паваротка!..» — таркануўшы абцасамі Сароку, вырваўся наперад Карніцкага. Карніцкі ўбачыў вузкі прасвет у шчыльнай сцяне зарасніку, а на снезе конскія сляды, якія выводзілі з балотных нетраў на грэблю.

— Гэта нашы сляды,— растлумачыў свайму камандзіру Мішка.— Сюдою мы вярталіся тады з Барсукоў дадому.

— Вялікае ж вы кола зрабілі,— адказаў Карніцкі.

А Мішка крыкнуў ні то здзіўлена, ні то абурана:

— Вялізнае кола? Нішто сабе. Пасля таго шуму ў горадзе нам ніяк ужо не выпадала зноў набліжацца да яго. А гэты барадаты апостал не хацеў нас пускаць на сцежку. Едзьце, кажа, той дарогай, адкуль прыехалі. Тут, кажа, нідзе няма ходу... А я яму кажу: «Мы, дзед, паедзем тудою, дзе нам будзе лепш». Ну, ён, відаць, пакрыўдзіўся, што я яго пры ўсіх людзях назваў дзедам, і загадаў нас не пускаць на сцежку. Праз гэта мы і патузаліся...— тут Мішка змоўк і, нібы апраўдваючыся, растлумачыў: — А варочацца нам па старой дарозе нельга было: немцы маглі выставіць засаду і парэзаць нас, як курапатак. Ды якое хто мае права нам, караваеўцам, паказваць, дзе можна ехаць, а дзе — не?! Хіба...

Мішка не дагаварыў, бо Сарока раптам захрапла і памкнулася рынуцца ў гушчар. Мішка ледзь стрымаў яе.

Проста перад сабою ён убачыў чалавека ў доўгім жоўтым кажуху з вінтоўкай напагатове.

— Сыдзі з дарогі, пудзіла! — суха і ўнушальна прапанаваў чалавеку Мішка.— Хіба не пазнаеш? Я цябе пазнаў, а ты мяне не. Свае едуць.

— Куды? — не мяняючы, аднак, позы, строга запытаўся чалавек у кажуху і быстрым позіркам паглядзеў, што робіцца далей, за Мішкам і яго кабылай. Мішка азірнуўся і ўбачыў за Карніцкім яшчэ адну такую ж постаць у доўгім кажуху і з вінтоўкай. Цяпер Мішку і яго камандзіру нельга ўжо было крануцца без дазволу ні наперад, ні назад. Усміхнуўшыся, хлопец запытаўся ў чалавека:

— Што, ужо ўсе вашы з багуну павыпаўзалі?

— Ты, хлопец, не балбачы, як цецярук, а кажы, куды і чаго едзеце? І што вы за людзі?

— Мы?..— Мішка, пачуўшы за сваёю спіною, што камандзір заняўся гаворкай з другім барсукоўцам, выпаліў: — Я Мішка Галубовіч, а другі — Пчала, калі чулі.

— Пчала, кажаш?.. Другі — Пчала?

— Ну так, Пчала, камандзір наш. Буду я яшчэ з кім другім ездзіць!

Чалавек у кажуху не ведаў ужо, што рабіць са сваёй вінтоўкай. Ён спярша апусціў яе ложам на снег, потым падняў і павесіў на плечы.

— Дык... гэты таварыш... з пісталецікам адным... Пчала?

— А што, хіба гармату ён павінен з сабою цягаць?

Пярэдні вартавы раптам гукнуў прыцішаным голасам:

— Алекса!..

І тады гушчар навокал зашумеў і затрашчаў голлем, багуном пад нагамі. Людзі адзін за адным выныралі на сцежку. З вінтоўкамі, аўтаматамі, паляўнічымі дубальтоўкамі. У кажухах, у ватніках, з доўгімі бародамі. Яны сышліся каля пярэдняга вартавога, і той нешта ім зашаптаў, кіўнуўшы галавою ў бок Мішкі і Карніцкага. Мішка яшчэ раз пачуў здзіўленае: «Той, з пісталецікам». Потым барсукоўцы расступіліся, даючы дарогу.

— Можна ехаць, таварыш Карніцкі!

Мішка шпарка прыціснуўся да зарасніку, каб даць дарогу свайму камандзіру.

Аднак, праехаўшы крокаў дзесяць, Карніцкі раптам спыніў каня.

— Хто ў вас тут старшы?

Чалавек, які загарадзіў ім сцежку, хутка абазваўся:

— Я, таварыш Карніцкі.

— Вы ведаеце статут каравульнай службы?

Старшы, яшчэ нічога не разумеючы, паціснуў плячамі.

— Мы, таварыш Карніцкі, мірныя людзі і вайсковымі справамі не займаемся...

Карніцкі ўсміхнуўся.

— Тады навошта ў вас вінтоўкі, навошта вы з імі робіце засады?

— Дык жа немец альбо паліцай пралезуць на нашу тэрыторыю! — шчыра здзівіўся барсуковец.— Як жа так можна цяпер жыць без вінтоўкі?

— Гэта вядома. Толькі вы нас не ведаеце асабіста і павінны рабіць так: патрабаваць ад нас нашу зброю і завесці нас у штаб ці праўленне калгаса, як вы называеце. І толькі калі пераканаецеся, хто перад вамі,— аддасце або не аддасце зброю. Такі, напрыклад, парадак заведзены ў атрадзе Каравая!

— Гэта-то і мы ведаем,— ажывіўся чалавек у доўгім кажуху.— Дык што з таго? Заязджаюць гэта на тым тыдні да нас немцы. Ну, было гэтак, як сёння. Толькі на другой дарозе. Ну, мы іх прапусцілі, каб ім ніяк нельга было выскачыць з нашага мяха, і камандуем ім: рукі ўгору. А яны тады давай нахваляць нас усякімі сваімі распіснымі словамі. Тут падыходзяць нашы людзі і шэпчуць нашаму брыгадзіру, што гэтыя немцы фальшывыя, бо размаўлялі паміж сабою па-нашаму. Ну, тады мы кажам гэтым фальшывым немцам: «Давайце вашу зброю, завядзём вас да старшыні, і там няхай ён разбіраецца». Дык вы думаеце, таварыш Карніцкі, гэтыя фальшывыя немцы аддалі зброю? Дзе бачылі! Пачалі крычаць, што яны караваеўцы і нікому сваёй зброі не аддадуць. Яшчэ пачалі пасміхацца з тых, каторыя бароды доўгія носяць. Апосталамі давай дражніць. Нашы таксама не стрымаліся, учапіліся за нямецкія мундзіры і пачалі іх калашмаціць. Можа б, і да горшага дайшло, але тут адзін наш пазнаў нейкага Мішку, з якім разам у Мінску вучыліся...

— Мішку? — перапытаў Карніцкі і строга паглядзеў у той бок, дзе павінен быць Мішка. Але Мішкі ўжо не было відаць.— Добра, я з ім пагутару як след. І чым скончылася?

— Так мы і разышліся. Яны трохі падралі нашы кажухі, а мы іх нямецкія шынялі. Але зброі хлопцы вашы нам не аддалі. Дык цяпер мы ўжо і не ведаем, як рабіць з незнаёмымі людзьмі вашай брыгады: па статуту альбо без яго?

— Рабіце па статуту. Іначай што можа быць? Вы, таварышы, ведаеце, каго можаце прапусціць у самы лагер? Схамянецеся, ды позна будзе!

 

V

У той час калі пануры Нікодым Барсук акапаўся сярод балот на Воўчай выспе і нікуды не вылазіў, атрад «Смерць фашызму», часта парушаючы так званыя «дзяржаўныя граніцы», лятаў па ўсім раёне. Рэдка калі яго можна было застаць там, дзе ён спыніўся ўчора. Таму, каб не зацягваць доўга свайго падарожжа, Карніцкі накіраваў Мішку ў штаб брыгады да Каравая даведацца, дзе можна сёння знайсці Міколу Віхора. Адначасова ён папрасіў Каравая вылучыць да яго, Карніцкага, аддзяленне на чале з Абдулам Каніфеевым. Гэта на выпадак, калі можна будзе дамовіцца пра супрацьтанкавую гармату.

— Артысты спыніліся раніцою ў Кажарыне,— праз дзве гадзіны далажыў Мішка.— Ёсць некаторыя звесткі, што яны рыхтуюць нейкую пастаноўку. Мікола Віхор прыслаў сувязнога, каб мы пазычылі ім сотню ракет.

— Сотню ракет? Навошта?

— Для нейкай складанай аперацыі, таварыш камандзір.

Пакуль Карніцкі знаёміўся з Барсукамі, надвор’е перамянілася. Нізкія шэрыя хмары, якія папаўзлі з захаду, пачалі высяваць па зямлі густы снег. Зусім сцямнелася, калі Карніцкі выбраўся з балота і, паслаўшы наперад двух разведчыкаў, накіраваўся зімнікам у бок Кажарына. Ехалі моўчкі, абмінаючы вёскі і пасёлкі, нізка прыціснутыя да зямлі цемраю, засыпаныя халодным снегам. Глухая халодная цішыня панавала навакол. Мішку здавалася, што ўсюды і ўсё вымерла альбо застыла ў начным сне і толькі яны адны шавеляцца, думаюць і імкнуць наперад. Мішку было нават страшнавата трошкі. Прызвычаіўшыся да вайны працаваць удзень, а ноччу адпачываць у мяккай пасцелі альбо вечарам сядзець у цёплым, ярка асветленым пакоі і чытаць кнігу, калі на дварэ бушавала мяцеліца, ён цяпер вымушан рабіць і дзейнічаць іначай. Няхай сабе вузкія сцежкі абліты скупым святлом месяца ці іх зусім не відаць у чорнай начной імгле, сухая гулкая цішыня ловіць ледзь жывы трэск галінкі альбо шумна і неспакойна плешчуцца па зямлі шырокія дажджавыя пасмы,— заўсёды павінен Мішка быць у дарозе, а не — то падрыхтаваны да яе. Нягледзячы на тое што большасць аперацый ажыццяўлялася ноччу, Мішка ўсё яшчэ як след не мог прызвычаіцца да цемры. У цемры сціхалі яго жарты, нават у самых бяспечных месцах, і яму здавалася, што каб ён і сказаў які вясёлы жарт, дык бы ён выглядаў нават для самога сябе чужым і дзікім. Зусім іншая справа ўдзень, калі навакольнае зноў набывае свае звыклыя формы! І цяпер, хутчэй адчуваючы, чым бачачы сваіх таварышаў, Мішка маўчаў і толькі думаў. Думаў пра тое, што каб не немцы, дык бы ён, Мішка, не гоцаўся, залеплены снегам, у сядле, а сядзеў бы такой парою ў кіно «Чырвоная зорка» альбо спяшаўся б па напоенай электрычным святлом вуліцы ў драматычны тэатр... Але кіно ляжыць цяпер руінамі, а ў тэатры самаздаволеныя ганарыстыя немцы спраўляюць свае балі...

Мікола Віхор сапраўды быў у Кажарыне. Ашчацініўшыся моцнымі каравуламі і лятучымі групамі, якія імклівымі зданямі рэйдавалі па наваколлі, нібы вёску заняў не звычайны атрад, а размясціўся ў ёй Цэнтральны партызанскі штаб, віхораўцы, аднак, не спалі. На ахутанай цемраю вуліцы адчувалася несціханае бурнае жыццё. Пырхалі прывязаныя да платоў і парканаў коні, старожкі цокат цугляў перамешваўся з лязгатам зброі і прыглушанымі воклічамі людзей, якія невыразнымі ценямі шмыгалі каля хат.

— Стой! Пароль? — загарадзіў уваход у чорную прорву брамкі вартавы. Але Карніцкі маўчаў. За ўсё цяпер адказваў віхораўскі патруль, ён і праводзіў іх да штаба. Тое, што не рабілася ў барсукоўскім калгасе, тут ажыццяўлялася з няўхільнай, нават, як здалося Карніцкаму, прыдзірлівай стараннасцю. І ўсё ж нават цяпер Карніцкі адчуваў ва ўсім гэтым чыста ваенным рытуале нейкую спешку, характэрную для людзей, якія баяцца спазніцца на астатні ў гэты дзень цягнік.

— Здарылася, Антон Сафронавіч, недаравальнае нахабства! — крыкнуў нейкім пакрыўджаным голасам Віхор да Карніцкага ўжо ў хаце, падводзячы яго да стала, на якім ляжала карта.— Пакуль я ачышчаў ад паліцэйскіх Восава, немцы паспелі паставіць у Ляўках гарнізон! Як вам гэта падабаецца, Антон Сафронавіч?

— Таксама, як вам, таварыш Віхор. Колькі там іх?

— Сто асоб!..

Тут Мікола Віхор імкліва павярнуўся да чалавека ў кубанцы і ў чорным матроскім бушлаце:

— Іх узбраенне, Зязюля?

Чалавек у бушлаце адарваў позірк ад карты і ўсміхнуўся.

— Узбраенне не асабліва важнае, таварыш старшы лейтэнант. У іх няма самалётаў, танкаў і гармат. Ну, дзесяць кулямётаў, чатыры мінамёты, дваццаць аўтаматаў і іншую драбязу, як гранаты і вінтоўкі, лічыць не варта...

— Ну, вядома,— у тон Зязюлю адказаў Карніцкі і шматзначна зірнуў на Віхора.— Відаць, вы лічыце сапраўднай зброяй толькі падводныя лодкі і дрэдноуты?

— Не, Антон Сафронавіч! У мяне ў атрадзе толькі сто пяцьдзесят чалавек. Але вы пабачыце, як паляцяць з Ляўкоў фрыцы! Аж снег будзе за імі курэць. Давай, Зязюля, далей!.. А вы, Антон Сафронавіч, сядайце вось тут. Сёння нам трэба пачаць і скончыць... Дык хто займае Гарбаты мост?

— Я, таварыш старшы лейтэнант,— абазваўся адзін з камандзіраў, якія сядзелі на лаўцы.

— Далей!..

Гэта быў працяг нарады, спешнае планаванне, якое толькі на момант перапынілася, калі з’явіўся тут камандзір спецгрупы. Стваралася ўражанне, што людзі завіхаюцца, каб не спазніцца на нейкі пажар, які, калі толькі яго не затушыць упачатку, забушуе пагрозна шырокай лавінай і спапяліць увесь свет, усё жывое. Мікола Віхор гаварыў рэзка і адрывіста. Часта сказы яго зляталі з языка няскончанымі... Гэта ішло ад таго, што ён у гэтую хвіліну не знаходзіў слоў, каб выказаць свае непакойлівыя думкі. Часта Мікола Віхор, уяўляючы далейшае развіццё свайго плана, нават забываўся, дзе ён цяпер.

— Атака, неймаверны націск пачынаецца намі ў лоб. Глухая снежная бездань!.. І ўсё раптам загараецца. Кулямёты, аўтаматы... Частыя посвісты куль над галовамі фрыцаў... Тады ракеты... Зноў... І раптам дзвесце пяцьдзесят здаровых галасоў... Ур-ра!.. Каб у нямецкіх салдат аж вушныя перапонкі палопалі... Ад крыку нашага «ўра»... увесь гарнізон збягаецца ў гэты бок... Тады пачынае правы... на дзвесце пяцьдзесят чалавек... фланг... Гарбаты мост пачынае... І немцы аглушаны... Збянтэжаны, разгублены... Яны нічога не разумеюць...

Мікола Віхор гаварыў, усё больш захапляючыся сваім планам і захапляючы падначаленых, якія шчытна абступілі стол з картай. Гэта была ў большасці моладзь камсамольскага ўзросту, са свавольнымі чубамі, якія вытыркаліся то з-пад кепак альбо кучомак ці нават з-пад капелюшоў, падцягнутых, каб не звеяў вецер, лёгкімі тасёмкавымі падбароднікамі. Кожны партызан віхораўскага атрада меў такое ўбранне, якое чым-небудзь ды адрознівалася ад адзення сябра. Адно толькі было нязменна абавязковым у кожнага віхораўца — гэта чырвоная зорка, і яе насілі не на шапках, а на левым баку грудзей, як заслужаныя героі носяць ордэны. У свой атрад Мікола Віхор прымаў у большасці такіх людзей, якія прыходзілі да яго, забіўшы гітлераўца ці паліцая. Вінтоўкі і аўтаматы ў віхораўцаў былі толькі нямецкія, здабытыя альбо ў баях, альбо адкрадзеныя ў нямецкім гарнізоне і перапраўленыя ў атрад сувязнымі з горада.

Яшчэ пра адно вельмі стараўся, зыходзячы з аднаму яму вядомых меркаванняў, Мікола Віхор: у патрэбных месцах і ў патрэбны момант каб людзі гаварылі, што ў яго атрадзе не паўтары сотні, а не менш як паўтары тысячы! Дзеля гэтага ў час начных рэйдаў ён па два, а то і па тры разы праязджаў праз адну і тую ж вёску ў адным і тым жа кірунку.

На чыгунку ён ніколі не вылазіў. Асноўным сваім абавязкам ён лічыў ачышчаць населеныя пункты ад нямецкіх і паліцэйскіх гарнізонаў і пераймаць аўтамашыны з грузам ці жывой сілай на шашы і звычайных дарогах. За размаітае ўбранне віхораўцаў празвалі артыстамі, а іх камандзіра — «інспектарам нямецкіх гарнізонаў».

Паяўленне нямецкага гарнізона ў Ляўках, якія лічыліся на яго тэрыторыі, Мікола Віхор прыняў як цяжкую знявагу, на якую трэба было імкліва і неадкладна адказаць.

— Паслухайце, таварыш Віхор,— не стрымаўся Карніцкі.— Я трошкі чуў пра асабовы склад вашага атрада. Адкуль жа ў вас раптам ледзь не цэлая тысяча чалавек?

Мікола Віхор здзіўлена паглядзеў спярша на Карніцкага, а потым на сваіх камандзіраў. І толькі пасля здагадаўся, што некаторыя важныя дэталі, добра вядомыя яму, яшчэ невядомыя Карніцкаму.

— Бачыце, Антон Сафронавіч, у нас ёсць дадатковыя рэзервы. Гэта, як кажуць, для шумавых эфектаў. Ну, не тысяча, дык трыста чалавек: мужчыны і моладзь з Кажарына і з Восава. Усё гэта падрыхтавана і перападрыхтавана. Яны займаюць па ўказанні партызан бяспечныя месцы ў Цімашковым рове, — тут Віхор нахіліўся да стала і паказаў Карніцкаму гэты роў на карце.— Другая група гучнагалосых хлопцаў размяшчаецца за насыпам шашы. Зірніце, калі ласка, сюды. Вось Ляўкі са спіртзаводам, а тут шаша... Вы правяралі падыходы да завода з боку шашы, таварыш Зязюля?

— Так точна, таварыш камандзір. Дзве гадзіны таму назад там было ўсё ў парадку.

— Вельмі добра. Дык як вы, Антон Сафронавіч, ацэньваеце наш план? У атаку пойдзе толькі сто пяцьдзесят чалавек, а крычаць «ура» будзе паўтысячы. Вось і ўсё.

Тут Віхор шматзначна паглядзеў на сваіх падначаленых і потым дапытліва ўтаропіўся сваім непакойлівым позіркам на Карніцкага.

Штосьці юнацка-гарэзнае было ў хітра прыжмураных вачах Міколы Віхора. І Карніцкі ціха прагаварыў:

— Выкладвайце свой план да канца, таварыш Віхор.

— А што? — нібы не разумеючы, нявінна запытаўся камандзір атрада.— Хіба я не пра ўсё расказаў?

— Для мяне гэтага мала,— наўмысля суха прамовіў Карніцкі.— Вы цвёрда ўпэўнены ў поспеху нашай аперацыі? Якія для гэтага ў вас ёсць яшчэ падставы?

Мікола Віхор не вытрымаў. Тое, што ён зберагаў, як адну са святых задум свайго плана, давялося цяпер выкладаць гэтаму патрабавальнаму чалавеку. Нахіліўшыся да вуха Карніцкага, Мікола Віхор прашаптаў:

— Дзесяць нашых адборных хлопцаў, падпольшчыкаў, толькі і чакаюць у Ляўках сігналу...

— Гэта іншая справа. Значыць, вы цвёрда вырашылі сёння ж прагнаць гэтых галаварэзаў з Ляўкоў?

— Так точна, Антон Сафронавіч. Яны без духу паляцяць у горад.

— А чаму іх зусім не знішчыць? Вы гасцінец пакідаеце адкрыты?

— Адкрыты, Антон Сафронавіч.

Карніцкі ўстаў з лаўкі. Следам за ім імкліва падхапіўся, шмаргануўшы аб сцяну аўтаматам, і Мішка.

— Пакліч сюды Каніфеева.

Мішка кінуўся выконваць загад свайго камандзіра.

І калі здаравенны, бадай што вышэйшы за ўсіх у хаце, Абдул Каніфееў строга адчаканіў адпаведныя ў такім разе словы, Карніцкі запытаўся:

— Восаўскі могільнік ведаеш?

— Ведаю, таварыш камандзір!

— Зараз жа займай там пазіцыю. І каб ніводзін гітлеравец не прайшоў там жывы. Зразумела? Ні ў Ляўкі, ні з Ляўкоў!

Яны выйшлі на двор. Снег ужо не наліпаў на твар. Вуліца апусцела. Велічная глухая цішыня агарнула вёску, усю зямлю.

Зеленаватыя вочы Вялікай Мядзведзіцы насцярожана міргалі з-за быстралётных лёгкіх хмарак. Карніцкі павярнуўся ў бок Ляўкоў, куды, схаваная цемраю, наступала неспакойлівая нянавісць Міколы Віхора. Але і там пакуль што было ціха, так, як бывае перад вялікай навальніцай...

 

VI

Карніцкаму не спадабалася, як ваююць Барсук і Віхор. Адзін падсцерагаў акупантаў каля сваіх зямлянак і нікуды не вылазіў, другі стараўся, колькі ў яго ставала сілы, адагнаць ворага ад сябе як мага далей. Мікола Віхор праганяў гітлераўцаў з аднае вёскі, а яны займалі другую і ў дадатак жорстка помсцілі насельніцтву за тое, што яно давала прытулак партызанам. Пасля той ці іншай удалай аперацыі Мікола Віхор далёка адыходзіў ад месца бою, затойваўся ў самых глухіх месцах так, што нават спрактыкаваныя разведчыкі Каравая не маглі адшукаць яго слядоў, каб наладзіць сувязь. А тым часам на безабаронныя вёскі, якія давалі прытулак Міколу Віхору, наляталі эсэсаўскія часці. Гітлераўцы рупліва абшуквалі хаты, скляпы, хлевушкі, хапалі сівых дзядоў, жанчын і дзяцей і гналі на выган, дзе былі расстаўлены кулямёты. Другія тым часам падпальвалі будынкі. Агонь прагна ўядаўся ў сухія стрэхі, рваўся ўгору і неўзабаве ператвараўся ў суцэльнае мора, якое раўло на ўсё наваколле. І тады пачыналася расправа над людзьмі...

Кайзераўскія і белапольскія войскі, з якімі некалі змагаўся Карніцкі, шукалі галоўным чынам партызан — людзей, што ўзнялі супроць акупантаў зброю. Гітлераўскія ж акупанты, наадварот, накідваліся ў першую чаргу на мірнае насельніцтва. Каравай, які аставаўся тут з першага дня акупацыі, пацвердзіў тое, што Карніцкі чуў яшчэ ў Маскве. Ніколі раней Беларусь не ведала ў часы варожага нашэсця такога катавання бяззбройных людзей, як цяпер. У Мінску і Магілёве, у Віцебску і Пінску, у Баранавічах і Лідзе, па ўсіх гарадах і мястэчах з’явіліся шыбеніцы, у навакольных ярах і спецыяльна выкапаных агромністых траншэях ад рання да вечара грукалі кулямёты, аўтаматы, пісталеты.

У атрадзе Міколы Віхора ваявалі былыя ваеннапалонныя, якія вырваліся з бабруйскага канцлагера. Гітлераўцы наўмысля падпальвалі там казармы, і калі знясіленыя голадам і катаваннямі людзі пачыналі выскакваць праз вокны, іх сустракалі кулямётным агнём. За кароткі момант вакол палаючых будынкаў вырасталі жахлівыя валы з тысяч трупаў. Тых, хто ўцалеў пасля гэтага зверскага пабоішча, пачыналі грузіць у халодныя вагоны і вугляркі і вывозіць на Захад. Карыстаючыся цемрай, ваеннапалонныя на поўным хаду цягніка выкульваліся пад адхон на цвёрдую, як камень, і ледзь прыпарушаную снегам зямлю, каб толькі вырвацца з няволі. Тысячы свежых магіл уздоўж чыгункі азначылі шлях гэтых эшалонаў смерці...

Усё кіпела ў грудзях у Карніцкага, калі ён чуў пра зверскія здзекі над чалавечай годнасцю, калі ён бачыў, як узнімаліся аж да самых хмар дымы падпаленых гітлераўцамі вёсак. А на чыгунках дзень і ноч грукаталі з захаду на ўсход цягнікі з варожымі салдатамі і танкамі, з гарматамі і снарадамі, імкнулі да Масквы — да сэрца Радзімы.

Таму Карніцкі і прапанаваў Міколу Віхору не проста разбіць і прагнаць варожы гарнізон з Ляўкоў, а знішчыць яго. Ніякай літасці ворагам! Кроў за кроў! Няхай у іх дыбам становяцца валасы ад народнай помсты. Няхай гітлераўцы спяць і сняць сваю магілу на нашай зямлі! Няхай яны баяцца выйсці з казармы нават у прыбіральню. Адна можа быць размова з бандытамі — агонь і тол! Няхай як грозны баявы гімн гучыць у тваім сэрцы заклік вялікага Янкі Купалы:

 

Партызаны, партызаны,

        Беларускія сыны!

За няволю, за кайданы

Рэжце гітлерцаў паганых,

        Каб не ўскрэслі век яны.

 

 

Карніцкі не памыліўся, калі вырашыў зрабіць засаду на могілках. Гітлераўцы, не вытрымаўшы шалёнага націску атрада Міколы Віхора, сапраўды рынуліся наўцёкі ў бок Баранавіч. І ні адзін з іх не прашыўся праз агнявую загароду Абдула Каніфеева. Калі заціхлі стрэлы і група, якою камандаваў Карніцкі, падабрала пры няпэўным месячным святле трафеі — вінтоўкі, аўтаматы і патроны, сюды прымчаўся Мікола Віхор.

— Антон Сафронавіч! — крыкнуў ён нейкім таропкім голасам.— Нам трэба хутчэй адыходзіць. Хутка развіднее, а дарога яшчэ доўгая... Пакуль мы дойдзем пешшу да Кажарына, каб сесці на коней...

— Забітыя і раненыя ёсць? — не слухаючы Віхора, запытаўся Карніцкі.

— Забітых няма, а раненых пяць чалавек. Іх ужо і накіраваў я ў Кажарына. Здорава мы правялі аперацыю! Заўтра гэтыя новаеўрапейцы прыпруцца сюды з самалётамі і з танкамі. Спамянеце маё слова. Так што нам трэба адсюль змывацца ў зацішнае месца.

— А як жа людзі?

— Якія людзі? — нічога не зразумеў Віхор.

— Ну, у Ляўках, у Кажарыне. Тыя, што памагалі вам крычаць «ура» ў час атакі, якія кармілі і сагравалі вас у сваіх хатах. Гітлераўцы накінуцца на іх, як сцярвятнікі.

— А што мы можам зрабіць супроць танкаў і гармат? Гэта ж пэўная смерць усяму атраду, калі астацца ў вёсцы! Хутчэй пайшлі, Антон Сафронавіч!.. Толькі вы адны са сваімі людзьмі тут і асталіся...

Сапраўды, навакол, нават у Ляўках, панавала ціша. Яны выйшлі на дарогу, згінаючыся ад цяжару падабранай на полі бою зброі, і накіраваліся да Кажарына. Хутка ў цемры забліскалі агеньчыкі хат. Скрозь па вуліцы чуліся ажыўленыя галасы і воклічы, недзе рыпеў гармонік. Карніцкі з Віхорам зноў зайшлі ў тую хату, адкуль выйшлі перад боем. Тут ужо сядзеў каля стала начальнік штаба Зязюля і разглядаў новенькі нямецкі аўтамат. Каля яго стоўпіліся партызаны.

Твары ў многіх былі яшчэ ўзрушаныя, вочы паблісквалі пры святле падвешанай да столі лямпы.

Мікола Віхор, як толькі пераступіў парог, загадаў Зязюлю падаваць каманду да выступлення, паўтарыўшы тое, што ён каля могілак сказаў Карніцкаму. З кухні ўвайшоў гаспадар. Вочы ў яго былі хмурыя і нейкія чужыя. Унікаючы позірку Міколы Віхора, ён прапанаваў:

— Вы, можа, хоць бы паснедалі перад дарогай. Я сказаў гаспадыні, каб падрыхтавала ўсё лепшае. Нябось добра вытрухаліся, ідучы на смерць.

— Дык жа мы і так здорава ў вас памалацілі ўсяго,— весела адказаў Віхор.

— Эх, чаго там шкадаваць,— бездапаможна махнуў рукою гаспадар.— Усё роўна заўтра ці паслязаўтра ўсё згарыць альбо дастанецца гэтым галаварэзам. Баранавіцкія карнікі добра ведаюць, што рабіць з тымі, у каго спыняюцца партызаны альбо чые сыны ў Чырвонай Арміі.

— Нічога, дзядзька Апанас,— супакоіў яго Віхор.— Загляне сонца і ў наша аконца. А за пачастунак дзякуем. Мы вельмі спяшаемся.

У тоне Міколы Віхора Карніцкі падлавіў нейкую абыякавасць, тое, чаго ён вельмі не любіў. Ледзьве стрымліваючы сябе, ён звярнуўся да гаспадара:

— Давайце, дзядзька Апанас, што там у вас падрыхтавана. Няхай таварыш Віхор уцякае са сваімі баявымі хлопцамі ад немцаў. З вамі астанецца Пчала. Вось вы, дзядзька Апанас, сказалі, што сюды прыедуць карнікі, каб караць народ. Няправільна гэта, дзядзька Апанас. Гэта не яны нас, а мы іх павінны караць. Гэта яны павінны баяцца нас, а не мы іх. Памятаеце, дзядзька Апанас, Пчалу?

Пануры твар гаспадара патроху ажывіўся. Відаць, мінулае паўстала перад яго вачамі, калі, як апантаныя, уцякалі ў буйныя гарады жандары і паліцыянты, калі палалі пастарункі і памешчыцкія маёнткі.

— Чаму не памятаю,— з усмешкай адказаў, углядаючыся ў твар Карніцкага, дзядзька Апанас.— Ох, і калаціліся ж тады акупанты!

— І цяпер будуць калаціцца! — хутчэй да Міколы Віхора, чым да гаспадара, прамовіў Карніцкі.— Будуць калаціцца ад страху ў цягніках і на аўтамашынах, нават у танках, калі паспрабуюць прарвацца ў тую ці іншую вёску. Сёння я дам радыёграму ў Цэнтральны партызанскі штаб, як храбра атрад Міколы Віхора перарэзаў гітлераўцаў у Ляўках і потым збег у лес, калі трэба было бараніць вёскі...

Мікола Віхор няёмка пераступіў з нагі на нагу.

— Дык я ж, Антон Сафронавіч, яшчэ тут. І, можа, хачу астацца разам з вамі. Вы нічога мне не сказалі пра свае планы. Я нават не супраць, каб вы камандавалі атрадам.

— Не, атрадам будзеце камандаваць вы. Як упаўнаважаны Цэнтральнага партызанскага штаба, я толькі хачу аднаго: каб кожны наш атрад шукаў сустрэчы з акупантамі!

Гаспадыня ўжо ўносіла з кухні талеркі з салам, каравай хлеба. Дзядзька Апанас прыцягнуў вялізны гарлач і, нібы святыя дары, асцярожна паставіў яго на стол. Вочы ў Зязюлі адразу пасвятлелі, калі па хаце разышоўся востры потых самагонкі.

— Відаць, міравая, падла! — у захапленні прамовіў начальнік штаба.— Бач, аж дымок з яе віхурыць!

— Свая, праваслаўная,— здаволена ўсміхнуўся дзядзька Апанас, наліваючы ў шклянкі.— Давайце, хлопцы, вып’ем за нашу Чырвоную Армію.

— А ў цябе, дзядзька Апанас, ёсць хто ў арміі? — запытаўся Карніцкі.

— Два нашыя там,— замест Апанаса адказала гаспадыня.— Сыны Сашка і Віцька. Сашка быў на абавязковай службе, а меншы, Віцька, пайшоў добраахвотнікам, калі нашы адступалі...

Карніцкі закусваў і думаў пра Нікодыма Барсука. Рана ці позна, а гітлераўцы прарвуцца да яго затоеных пад калматымі кронамі зямлянак. Таму, калі ён, Карніцкі, пераедзе да Барсука, дык ён не парушыць яго канспірацыі. І гэта трэба зрабіць неадкладна, каб не зацягваць задуманых яшчэ ў Маскве аперацый супроць акупантаў. Лепшага месца для ваеннага лагера цяжка і знайсці. Калі яны развіталіся з гаспадарамі і выйшлі з хаты, Мікола Віхор запытаў паціху:

— А цяпер куды, Антон Сафронавіч?

— На Воўчую выспу. А ў чым справа?

Віхор пэўны час не адказваў. Нарэшце Карніцкі пачуў яго ўсхваляваны голас:

— Тут мы пра вас шмат чаго чулі. Я... ну і мае таварышы... У вас такі баявы вопыт. Перад самай атакай параіліся... Каб вы камандавалі намі, таварыш падпалкоўнік!

— Вось як! Ну што ж. Паедзем тады разам на Воўчую выспу і там абмяркуем...

Колькі часу можна ваяваць, заўсёды лезці ў агонь бою і аставацца жывым. Антон Карніцкі ніколі не задумваўся над гэтым. Калі Мішка Галубовіч распытваў яго пра мінулыя партызанскія справы, Карніцкі вельмі неахвотна і досыць скупа расказваў пра іх. Ці быў ён ранены? Не, ні разу. Але калі заўсёды ходзіш каля вады, дык рана ці позна, а замочыш ногі. Так і на вайне. Некаторых раніць па пяць разоў, а яны пакачаюцца месяц-другі ў шпіталі і зноў становяцца ў строй. Абы хадзілі ногі, абы цэлыя аставаліся рукі. Каб націскаць на спуск, кідаць гранаты, падкладваць міны...

 

Нікодым Барсук спярша не вельмі прыхільна сустрэў у сваім логаве шумных віхораўцаў. Толькі прысутнасць Карніцкага выратавала яго ад канфлікту з няпрошанымі гасцямі, якія заявілі, што тут ім вельмі спадабалася... Побач з барсукоўскімі зямлянкамі пачалі вырастаць зямлянкі віхораўцаў. Але пабудовай іх была занята толькі нязначная частка людзей. Асноўныя сілы атрада дзень пры дні выязджалі на аперацыі. Створаныя Карніцкім падрыўныя групы падпільноўвалі варожыя цягнікі на чыгунках і аўтамашыны на шашы Брэст — Бабруйск. Праз усю ноч да Воўчай выспы даляталі прыглушаныя далечынёю выбухі. Па пэўным часе сувязныя і разведчыкі дакладвалі пра вынікі падрыву. Кожнай раніцы ў штабной зямлянцы адбывалася нарада, на якой абмяркоўваліся баявыя вынікі мінулага дня. «Пад адхон спушчаны эшалон са снарадамі, на шашы знішчана пяць аўтамашын з гітлераўцамі»,— дакладваў Віхор. «Мала! — нездаволена моршчыўся Карніцкі.— А чаму астаўся цэлым мост у Крупіцы? Чаму далі ўцячы паліцаям у Хоціне? Паслалі туды самых адважных партызан, а яны спалохаліся нейкіх гітлераўскіх цыганюкоў у чорных шынялях!.. Давядзецца, мусіць, прасіць дапамогі ў Нікодыма Барсука. Гэтыя апосталы барадатыя, яны згадзіліся быць ахоўнікамі лагера, зробяць справу ціха і па-людску... І бог Саваоф залічыць іх яшчэ пры жыцці да святых за барацьбу з супастатамі-акупантамі...»

У часе нарады ў зямлянцы то панавала напружаная ціша, то чуўся дружны выбух смеху. Праз паўгадзіны ўсе разыходзіліся па сваіх справах...

Аднойчы з Баранавіч прыйшла на Воўчую выспу доўгачаканая вестка. Баранавіцкія шэфы вырашылі наладзіць паляванне на дзікоў у Пашукоўскай пушчы. Карніцкі ўстрапянуўся. Буйная зверына, за якою ён вёў пільны нагляд, сама ішла да яго... Верныя і крывавыя памочнікі гаўляйтэра не павінны выйсці жывымі з Пашукоўскіх лясоў! Карніцкі не мог знайсці сабе месца ад хвалявання. Ён паслаў Мішку Галубовіча да Хаецкага. Той яшчэ нічога не ведаў. Не прайшло і двух дзён, як Хаецкі сам прымчаў на кані. «Хутчэй рыхтуйцеся да засады! У нядзелю раніцою...»

Усё рабілася, як было дамоўлена з лесніком. Мішку Галубовіча аж калаціла ўсяго, калі непадалёку ад яго праехалі адны сані, другія, трэція... цэлы абоз гітлераўцаў з аўтаматамі і паляўнічымі стрэльбамі! А Карніцкі нават не зварухнуўся, нібы зачараваны, глядзеў ён на мышастыя шынялі і зялёныя паляўнічыя курткі з дарагімі цёплымі каўнярамі. Толькі губы старога партызана ледзь прыкметна і нячутна варушыліся. Магчыма, ён падлічваў тых, што сядзелі на санях. Калі зніклі апошнія сані, Мішка Галубовіч з крыўдай у голасе зашаптаў:

— Што ж гэта такое, таварыш камандзір?! Чаму мы не стралялі?

— Ціха ты! — такім жа шэптам адказаў Карніцкі.— Мы будзем у іх страляць пасля палявання. Інакш яны адразу здагадаліся б, што ляснік наш чалавек, і знішчылі б яго і яго сям’ю. А так выйдзе, нібы мы выпадкова натрапілі на іх і распачалі страляніну. Так што супакойся. Той, хто хоча паляваць на буйную зверыну, павінен мець і вялікую цярплівасць...

Час цягнуўся марудна, доўга. Яны ляжалі і сядзелі ў выкапаных снежных акопах і чулі паляўнічыя стрэлы і крыкі. Па нейкім часе каля іх прамчаўся, як шалёны, стары сякач. Карніцкаму здалося, што недзе ён бачыў гэты вузкі і доўгі лыч, жоўтыя кінжалы іклаў. Потым усё сціхла і насцеражылася. Ужо на зямлю асядаў вячэрні змрок, калі, нарэшце, паказаліся першыя сані. Карніцкі намацаў каля сябе падрыхтаваны толавы зарад. Усё на месцы. Ён падняў аўтамат і даў кароткую чаргу па санях. І ў тую ж хвіліну ўсё навокал затрашчала і забліскала маланкавымі ўспышкамі стрэлаў. Некаторыя гітлераўцы, пачуўшы страляніну, як змеі, саслізнулі з саней і, залёгшы за пні і каля дрэў, пачалі адстрэльвацца. Асабліва часта біў у напрамку партызанскіх аўтаматных успышак адзін гітлеравец. Карніцкі даў па ім кароткую чаргу. Ужо бадай што зусім сцямнела, і Карніцкі не бачыў вынікаў сваіх стрэлаў. Нечакана метраў за пятнаццаць ад яго зноў забліскалі зеленаватыя ўспышкі варожага аўтамата. Карніцкі прыгнуўся ў акопчыку, каб неўзабаве шпурнуць толавы зарад у бок стрэлаў. Раптам усё неба над яго галавою зазіхацела пякельным агнём, які абваліў яго на зямлю... Усё заглухла і патанула ў небыцці...

 

VII

Бывае часамі, калі пасля доўгіх тыдняў, духаты і спёкі загараюцца на далёкім вячэрнім небасхіле палахліва-мітуслівыя зарніцы. І ўсё тады насцярожваецца навакол, затойваецца ў нерухомым гарачым паветры: і хаты, пакрытыя саламянымі стрэхамі, і густыя шатры прысядзібных дрэў. Не варухнецца, не шапатне ў напружана-ўрачыстым чаканні навальніцы ніводзін ліст, ніводнае каліўца травы. Згасаюць у вокнах самыя познія агні, чарната ночы робіцца гусцейшая, каб больш выразна загулялі ў небе трапяткія перуновыя сполахі. Стомлены дзённай працай, засынае ў сваёй пасцелі чалавек, пакуль яго не абудзіць грукатлівы, як гарматы стрэл, удар маланкі. Усхопліваецца чалавек з ложка і прыслухоўваецца да цяжкага і гулкага плёскату дажджу за глухімі сценамі хаты, да разложыстых выбухаў над зямлёю. Як усё перайначылася навакол! Як гудзе і гамоніць на ўвесь голас стары клён!

Карніцкага абудзіў цяпер не разложысты грукат бою, а пакутліва-пякучая цішыня. У першую хвіліну ён нават не зразумеў, што з ім сталася. У вачах яго яшчэ мільгалі, нібы маланкі далёкай навальніцы, зеленаватыя сполахі. Навакол была цемра, глухая цішыня, якая толькі паволі ажывала і мігцела ад кароткіх успышак. Тады ён пачаў заўважаць нейкія неакрэсленыя абрысы чорных дрэў, белыя постаці, якія шпарка, але нячутна, нібы цені, перабягалі ад камля да камля. Нехта сыпануў Карніцкаму ў твар сцюдзёным калючым прысакам, які адразу зрабіўся мокры. Дык гэта ж снег! Снег, на які яго абваліў выбух толавага зараду. Але чаму не чуваць грукату стрэлаў, а толькі відаць агонь? І агонь гэты ўспыхвае з ім побач, нават над яго галавою! Нямы, але пакутліва-пякучы агонь бою!

Карніцкі рвануўся, каб устаць. Першае, што ён адчуў ад гэтага руху, быў нястрымны боль, які працяў яго наскрозь. Карніцкі ледзьве зноў не страціў прытомнасць. Але ўжо нехта абмацваў яго, прыпадымаў за плечы. У гэтую хвіліну дзесьці за дрэвамі шуганула ўгору ракета, і пры яе сіняватым святле Карніцкі пазнаў схілены над ім і пакарэжаны нямою гаворкай твар Мішкі Галубовіча. Той быў чамусьці без шапкі, светлыя касмылі яго валасоў мітусіліся перад вачамі Карніцкага. Раптам Мішка, нібы яго апякло агнём, здрыгануўся і паднёс да свайго твару далонь правай рукі. Уся яна была ў крыві. Тады Мішка павярнуўся да гушчару і ўсё з тым жа пакарэжаным у нямым крыку тварам некага паклікаў. Карніцкі добра зразумеў гэты рух. Так клічуць на дапамогу, калі каго трэба вынесці з-пад агню. Па тым, што да іх падбег толькі адзін чалавек, Карніцкі здагадаўся, што бой яшчэ не скончыўся. Ён не стрымаўся і вылаяўся, не пачуўшы свайго голасу. Ён зноў убачыў з цемры зеленаватыя ўспышкі і ўвесь аж закалаціўся ад лютай злосці.

— Чакайце!.. Наперад! Наперад!.. За Радзіму... Бі іх, гадаў...

Яго асцярожна апусцілі зноў у снегавы акопчык. Перамагаючы страшэнны боль і млявасць ва ўсім целе, Карніцкі падняў галаву, каб сачыць за боем. Успышкі стрэлаў, сваіх і чужых, мільгалі ўжо наперадзе, то гусцеючы, то знікаючы на кароткі момант зусім.

— Наперад... Рэжце паганых...

Раптам у яго забалела шыя, і ён паспрабаваў сесці. Але нешта яго не пускала, трымала, нібы абцугамі, на зямлі. Ён ужо не адчуваў правай рукі, холад калючымі іголкамі поўз па ёй усё вышэй і вышэй. Хутка холад дабярэцца да грудзей, да сэрца, і тады канец, тады ўсё стане для цябе абыякава: і гэтыя ўспышкі агню, і чысты бляск зорак, што навіслі над вяршалінамі, і Надзейка, і Анечка, і Паліна Фёдараўна... На нейкі кароткі момант перад ім паўстаў цёплы сонечны бераг Чорнага мора, шаргатлівы шум хваль і лёгкія постаці яго дзяцей. Яны ідуць да яго па мокрай гальцы ўздоўж беласнежнай паласы прыбою. Усе ўчатырох — сям’я, цеплыня якой сагравала Антона Сафронавіча, дзе б ён ні быў. У свой час яны дамовіліся, што будуць прыязджаць туды на адпачынак кожнае лета... Дамаўляліся, не ведаючы, што іх чакае наперадзе...

— Бі іх гадаў... Бі...

Ён ужо не памятаў, што крычаў далей. Гарачая млосць паліла яго цела, туманіла галаву... Нехта то падыходзіў да яго, пасвечваючы электрычным ліхтарыкам, то аддаляўся...

А тым часам Мішка Галубовіч, які ў часе выбуху быў непадалёку ад Карніцкага, адчуў, што і яго самога нібы расплюшчыла на мёрзлай зямлі гарачай паветранай хваляй. У вушах у Мішкі ўсё звінела, рукі калаціліся і ніяк не маглі намацаць аўтамата. Адзін момант Мішку здалося, што аўтамат у яго вырвала разам з рукамі. Недзе побач ляжаў у цемры Хуста Лопас. Не памятаючы самога сябе, Мішка дзіка закрычаў у лютым грукаце стрэлаў:

— Хуста! Хуста!.. Камандзіра забіла!..

— Дур’як! — пачуўся з цемры прыглушаны голас Лопаса.— Зач’ем панік?

Гэтыя словы трошкі ацвярозілі Мішку. Ён нарэшце намацаў аўтамат і падпоўз з ім да нерухомага Карніцкага. Ад першага дотыку Мішкавых рук Карніцкі заварушыўся. Калі ўзнялася ракета, Мішка адчуў, што яго правая далонь, якую ён падлажыў пад правы бок Карніцкага, натрапіла на нешта цёплае і клейкае. Гэта была кроў. Мішка зноў дзіка закрычаў, клічучы Лопаса. Яны ўдвух паспрабавалі падняць камандзіра, але ён спыніў іх, ляскаючы зубамі і лаючыся самымі апошнімі словамі. Гэтыя словы прымусілі Мішку зараз жа ўсхапіцца на ногі і памчацца да цёмнай групы фурманак і зеленаватых успышак варожых стрэлаў. Адно яму толькі запомнілася: у ліхаманцы начной атакі напружана-трывожнае і пакутлівае ржанне каня. Яно нарадзілася дзесьці ў гушчары лесу і разложыстым рэхам зашугала паміж чорных пірамід дрэў:

— Іў-га-га... Іў-га-га...

Мішка ўпершыню чуў такі палахліва-трывожны голас дужай і рахманай жывёліны, відаць, параненай выпадковым стрэлам. Ён перастаў нават звяртаць увагу на паныла-ўедлівае сыканне куль. У гэтую хвіліну яму нават не прыходзіла ў галаву, што адна з іх можа працяць грудзі і назаўсёды абваліць на снег.

— Іў-га-га... Іў-га-га!..— аж грымела ў Мішкавых вушах пакутлівае ржанне. Але і яно неўзабаве было заглушана нецярпліва-патрабавальным голасам Карніцкага. Грукат стрэлаў, лаянка параненага камандзіра, гарластыя крыкі «ўра» — усё злілося ў адзін разложысты гул, ад якога ў Мішкі скамянела сэрца і да болю яснай зрабілася галава. Страляючы перад сабою, Мішка выскачыў на палянку, наткнуўся на нешта цвёрдае і ўпаў. Пад сабою ён адчуў не калючы снег, а нешта мешкаватае. Левая рука Мішкава намацала нечы нерухомы і халодны, як лёд, твар, шурпатае шынельнае сукно. Мішка адразу здагадаўся, што ён наляцеў на сані і паваліўся на забітых гітлераўцаў. У гэты момант крокаў за пятнаццаць ад саней тарканулася з цемры некалькі зеленаватых язычкоў аўтаматнай чаргі. Мішка саслізнуў за сані і выцягнуў з сумкі толавы зарад. Гітлеравец страляў у напрамку партызанскіх акопаў, дзе цяпер сцякаў крывёю Карніцкі; з-за вывараці хлопец ужо не заўважыў, што неяк адразу прыглухла страляніна, што з правага боку разлягаюцца ўсхваляваныя галасы партызан, якія заляцелі ў гарачцы бою за абоз. Мішка прыўзняўся над санямі і шпурнуў у бок вывараці зарад. Пасля выбуху адтуль пачулася захлёбістае скавытанне, па якім Мішка вызначыў, што небяспека мінулася і цяпер можна смела выходзіць са свайго часовага ўкрыцця.

Выбухам толавага зараду, які Мішка шпурнуў у зацятага гітлераўца, фактычна і закончыўся лясны бой з акупантамі. Ледзь толькі заціхлі стрэлы, як Хуста Лопас пачаў клікаць Кастуся Мялешку. Мішка першы рынуўся на пакінуты пагорак, асвятляючы сабе дарогу электрычным ліхтарыкам. Тое, што ён убачыў і пачуў неўзабаве, скаланула хлопца ад галавы да пят. Карніцкі з заплюшчанымі вачамі, з белым, як снег, тварам, напаўляжаў на каленях Хусты Лопаса. Губы камандзіра ледзь прыкметна варушыліся. Ён, відаць, нешта гаварыў, але слоў яго нельга было разабраць. Падтрымліваючы Карніцкага, Хуста цягнуў за яго правы рукаў і ніяк не мог яго падняць. Мішка, падсвечваючы дрыготкім святлом ліхтарыка, кінуўся на дапамогу. І зараз жа яго рукі адхіснуліся, нібы іх апякло распаленым жалезам. Ліхтарык згас. Але і ў непраніклай пасля святла цемры перад Мішкавымі вачамі заместа правай рукі ў камандзіра крывянела бадай што да самых плеч жудасная мешаніна аўчыннага ашмоцця і чалавечага цела. Канцы гэтага ашмоцця прымерзлі да дна акопчыка... У гэты час ужо якіх пяць-шэсць ліхтарыкаў асвятлялі прыкутага да зямлі Карніцкага. Мішка баяўся зірнуць на твар свайго камандзіра. Яму здалося, што ён ужо не дыхае, не варушыць збялелымі вуснамі... І калі апошні шматок рукава быў вызвалены з крывавай ледзяной лужыны, у напружанай цішыні пачуўся ціхі, як шэпт, голас:

— Хло-оп... цы... Прыс-с-ст-рэ-эльце...

Мішка ледзь не паваліўся ад гэтых слоў. Яму здавалася, што гэта нейкі кашмарны сон, які сціскае тваё сэрца ў камяк і яно вось зараз перастане трапятацца. Толькі ўладны, крыху прыглушаны голас Кастуся Мялешкі вярнуў яго да рэальнасці.

— Хутчэй падымайце! На сані!.. Асцярожна!.. Пабольш кажухоў! Віхор!

— Я тут, таварыш камандзір,— абазваўся Мікола Віхор.

— Падабраць усе трафеі і забраць у гітлераўцаў усе дакументы, усе паперы!

— Ёсць, таварыш камісар.

Карніцкага асцярожна вынеслі на дарогу і, паслаўшы на санях кажухі, апусцілі ў гэтае калматае ложышча. Мішка сцягнуў са сваіх плеч кажушок і прыкрыў ім камандзіра. Яшчэ некалькі кажухоў апынулася на возе. Не чакаючы, пакуль пад’едуць астатнія партызанскія фурманкі, Кастусь Мялешка сеў на сані разам з Лопасам і Мішкам і загадаў ехаць.

Яны ехалі па той дарозе, якою гітлераўцы вярталіся з палявання.

— Кіруй проста ў лагер Драпезы,— загадаў Мялешка фурману.— І гані, каб з-пад палазоў аж іскры сыпаліся.

Ён яшчэ паціху запытаўся ў Хусты, ці добра той перавязаў раны Карніцкаму? Іспанец адказаў, што ён зрабіў усё магчымае. Цяпер была адна надзея на хірурга. Як дрэнна, што ў іх атрадзе няма такога спецыяліста! Карніцкі праз сваю прагнасць да зброі і толу не знайшоў у самалёце месца для доктара. Цяпер вось цягні чалавека ў чужы атрад за дваццаць кіламетраў... І невядома яшчэ, што там за доктар...

— Доктар правільны,— адказаў Мішка камісару.— Нездарма падабраў яго пад сваё крыло Драпеза. Хірург, скончыў ваенна-медыцынскую акадэмію. Ды я ведаю Талаконцава...

 

VIII

Мішка сапраўды ведаў Якава Пятровіча Талаконцава. Незадоўга да паяўлення ў гэтых месцах Карніцкага Васіль Каравай паслаў Мішку на чале групы разведчыкаў пад Баранавічы. У часе прыпынку на адным з хутароў знаёмыя калгаснікі паведамілі партызанам, што іх хоча пабачыць адзін з прыпіснікоў. Іх тут жыве двое. Яны ўцяклі з эшалона, у якім гітлераўцы везлі на захад ваеннапалонных з бабруйскага канцлагера. Скрываўленыя і змардаваныя, яны ледзьве жывыя дабраліся да бліжэйшай вёскі. Адтуль іх зараз жа пераправілі на санях далей ад чыгункі, прыстроілі на глухім хутары, дзе жылі толькі муж з жонкай. Прозвішча старога было Баешка, да вайны ён працаваў слесарам у Мінскім паравозным дэпо. Пасля таго як Мінск захапілі акупанты, Баешка адмовіўся ісці да іх на працу. Яго арыштавалі бадай у адзін дзень з Мішкам Галубовічам і моцна збілі. Баешка нарэшце даў згоду вярнуцца ў дэпо, абы толькі выбрацца з-за жалезных кратаў. Праз два дні ён апынуўся з жонкай у родных мясцінах і асталяваўся на хутары былога асадніка. З цягам часу Баешкаў хутар ператварыўся ў пераправачны пункт і людзей і патрэбных партызанам матэрыялаў. У Баешкі ваеннапалонныя крыху падлячыліся, ачунялі ад лагернага голаду і пачалі корпацца па гаспадарцы. Аднаго з іх, здаравілу з шырокім тварам і рухавымі шэрымі вачамі, звалі Сямёнам Рокашам. Рокаш казаў, што да прызыву ў армію ён працаваў трактарыстам у адной з МТС Кастрамской вобласці. На хутары ён нечакана праявіў здольнасці ў шавецкай справе. Людзі пачалі несці яму на рамонт старыя разлезлыя чаравікі, падзёртыя боты, валёнкі з працёртымі пятамі. Пакуль шавец сукаў і смаліў дратву або падбіваў падмёткі, заказчык пакурваў і апавядаў пра апошнія навіны на вёсцы альбо пра падзеі ў Баранавічах ці Мінску. Рокаша, здавалася, мала цікавіла, колькі ўчора прайшло за дзень нямецкіх эшалонаў на ўсход і колькі вярталася ў Германію, як пра гэта расказваў гаспадару знаёмы чыгуначнік. Яго гітлераўцы прымусілі працаваць на станцыі вадалівам. Калі гаспадар не верыў, напрыклад, што за дзень прайшло на захад шэсць эшалонаў з параненымі фрыцамі, заказчык Рокаша аж чырванеў ад натугі.

— Што, няпраўду, можа, кажу? Спытай у Герасіма. Ён таксама бачыў. Дакладна шэсць эшалонаў. Пасажырскіх вагонаў, відаць, не хапае ўжо, дык таварняк прыстасавалі. І вошай, відаць, нямала напладзілі на сабе, пакуль пад Маскву перліся. Добра нашы іх сустрэлі каля сталіцы! А ты чуў, колькі вагонаў разбіта ў Котліне, калі партызаны спусцілі пад адхон састаў? Ад пятнаццаці вагонаў асталіся адны драбы! Забітых толькі вывезлі яны шэсцьдзесят чалавек. А параненых дык і палічыць не палічыш... Тры дні цягнікі не маглі прайсці ні туды і ні сюды, пакуль ачышчалі ад завалаў пуці... Толькі ты, брат, гэта нікому не кажы. За такія рэчы немцы адразу намыляць мне вяроўку... Цяпер начальства ў Баранавічах такое ж акуратнае, як і ў Мінску. Галоўны баранавіцкі шэф — намеснік самога гаўляйтэра Кубэ.

Рокаш нібы і не слухаў, што апавядаў балбатлівы чыгуначнік. Часам раніцою, калі Талаконцаў збіраўся разам з гаспадаром ехаць у лес па дровы, шавец падыходзіў да апранутага ў старэнькі кажушок доктара і гаварыў яму паціху:

— Вы, Якаў Пятровіч, заскочце там да лесніка. Шапніце яму, што ўчора на ўсход прайшло чатыры эшалоны з танкамі. А ў Восаве пастаўлены нямецкі гарнізон. Сто дваццаць чалавек, шэсць цяжкіх кулямётаў.

Доктар часта спачувальна паглядаў на Рокаша:

— Каму патрэбны гэтыя вашы звесткі? Ад таго, што вы будзеце наглядаць збоку гітлераўскія ваенныя маршыраванні, ім ад гэтага ні на кроплю не стане горш. Іншая справа, каб мы траханулі толам які эшалон альбо абвалілі чыгуначны мост. Эх, Сёма, Сёма!.. Мы, брат, з табою цяпер такія ваякі, што толькі адна ганьба...

На фронце льецца кроў, гінуць тысячы найлепшых сыноў нашай Радзімы, а мы тут, у тыле ворага, грэем каля цёплай печы свае жываты і падлічваем, колькі ўзброеных да зубоў гітлераўцаў куды сёння праехала, каб страляць у патыліцу нашым жанчынам і нашым дзецям. Звар’яцець можна, калі пачнеш думаць пра ўсё гэта!

— Што вы такое гаворыце! — азіраючыся па двары, шаптаў Сямён.— Няхай таму язык адсохне, калі хто скажа, што мне хацелася тут апынуцца. А хіба я не памятаю, якога вас прыгналі ў бабруйскі лагер! А допыты, а катаванні, каб ваеннапалонныя выдавалі гітлераўцам камуністаў і афіцэраў? Калі я скакаў на хаду з вагона, я не бачыў, траплю я на мерзлую зямлю нагамі ці галавою. Каб толькі вырвацца з няволі. Цяпер у мяне ў грудзях толькі адно — хутчэй зноў узяць у рукі вінтоўку і страляць у гэтыя мышастыя шынялі...

— Ну дык ты і страляй, а не збірай бабскія плёткі...

Сямён яшчэ раз азірнуўся, каб пераканацца, што няма тут старонніх людзей.

— Пра гэтыя плёткі, Якаў Пятровіч, можа, трэба ведаць там,— тут Сёма шматзначна ківаў галавою на ўсход.— Вы ўжо, калі ласка, зрабіце так, як я прасіў.

Якаў Пятровіч паціскаў плячамі і ехаў у лес. Яго часам забаўляла, з якой празмернай сур’ёзнасцю, чалавек досыць пажылы, прымаў гэтыя Сямёнавы паведамленні, перапытваючы ў доктара па два і тры разы пра адно і тое ж.

— Чатыры эшалоны, кажаце? Немцаў? Венграў? Італьянцаў? А-а, з танкамі! Але ж пры танках, мусіць, і салдаты ехалі? Не казаў вам Сямён, хто яны?

Якаў Пятровіч лічыў усё гэта блазенскай гульнёю ў змову. Сямён і сам тады-сяды наведваўся да лесніка альбо прыходзіў на вёску, каб пагаварыць з дзяўчатамі. Вядома, хлопец нежанаты, хіба яму ў галаве сям’я: жонка, дзеці? Якаву Пятровічу цяпер здавалася, што ён назаўсёды страціў і сваю сям’ю і самога сябе як спецыяліста, як афіцэра Чырвонай Арміі. Чаго ён толькі не нагледзеўся ў бабруйскім лагеры ваеннапалонных! Хто там не пабыў, ніколі не паверыць у тыя кашмары, якія адбываліся за сцяною з калючага дроту. Цяпер, паволі набіраючыся сілы, акружаны ўвагай вясковых людзей, ён прыходзіў да аднаго непахіснага пераканання. З тымі, хто прынёс на нашу зямлю агонь і смерць, трэба размаўляць толькі адной мовай: мовай кулямётаў і толу. Лепей бы ён вучыўся не на доктара, а на танкіста, лётчыка, сапёра! Сямёну Якаў Пятровіч загадаў не гаварыць, што ён доктар, хірург па спецыяльнасці. Ён, Талаконцаў, звычайны калгаснік, які ўмее араць, сеяць, касіць, ведае, як лепш даглядаць жывёлу. А паколькі такіх спецыялістаў і сваіх хапае ў кожнай вёсцы, дык попыт на Якава Пятровіча быў не асабліва вялікі. Іншая справа — шавец. У час акупацыі даставалі людзі закінутыя ў мірны час на вышкі старыя чаравікі, халявы ад зношаных ботаў і цягнулі да Сямёна. Многія выкарыстоўвалі яго рамяство як прычыну, каб шапнуць яму тое-сёе. Сямён таксама не аставаўся ў даўгу перад сваімі кліентамі. Тое, што ўчора адбылося на фронце, часта сёння было ўжо вядома і Якаву Пятровічу. Так ён даведаўся пра зацятыя баі з гітлераўцамі пад Масквою... Чырвоная Армія, ад якой, як неаднойчы выхваляліся гебельсаўскія пісакі, не асталося ніводнай дывізіі, жыла і змагалася за кожную пядзю роднай зямлі. Што ні дзень, то ўсё часцей праходзілі на захад эшалоны з параненымі захопнікамі. А ім на змену пёрліся на ўсход цягнікі, перапоўненыя здаровымі гітлераўцамі. Пёрліся няспынна, з чыста нямецкай дакладнасцю, са строгімі перапынкамі ў часе. І раптам у гэтую дакладную і няшчадную ваенную машыну недзе каля Мінска ўдарыў першы выбух партызанскай міны. Паляцеў пад адхон першы варожы поезд, вагоны, крышачы адзін аднаго, запоўнілі сваімі жалезнымі драбамі глыбокую выемку. Тры дні незварушна стаялі эшалоны, чакаючы, пакуль вычысцяць выемку і паправяць пуці. Ледзь толькі аднавіўся рух, як зноў загрымелі выбухі — недзе каля Барысава, каля Мар’інай Горкі, пад Гомелем, каб ужо не аціхаць аж да самага звароту Савецкай Арміі.

Гэтыя першыя партызанскія міны ўстрасянулі і Якава Пятровіча. Чорныя яго вочы ажывіліся, доўгі, з моцнай ніжняй сківіцай твар пасвятлеў.

— Вось як трэба з імі ваяваць! — сказаў ён аднойчы Сямёну.— Як некалі ў гэтых месцах ваявала з панамі Пчала. Чуў пра такога партызана? Адно яго імя, кажуць, наводзіла жах на самых шалёных акупантаў. Трэба, Сямён, і нам брацца за справу. Даставаць тол ды вылазіць на чыгунку.

Сямён Рокаш, аднак, інакш паглядзеў на такую прапанову.

— Нам, Якаў Пятровіч, загадана сядзець на месцы і не рыпацца... Вядома, пакуль што...

— Загадана? Што ты балбочаш? Хто мае права даваць нам такія загады?

— Ёсць, Якаў Пятровіч, такія людзі,— ухіліўся ад прамога адказу Сямён.— У першую чаргу гэта тычыцца вас.

— Мяне? Каму я цяпер у галаве!

— Гэта вам толькі здаецца, Якаў Пятровіч, што вы нікому не патрэбны. Можа, у гэтую хвіліну пра вас думае тая самая Пчала...

— Вярзе, не ведаю што! Пчалы тут даўно і след прастыў. Адны легенды асталіся.

— Ну, калі не самая Пчала, дык Пчаляняты,— пачынаў адступаць Сямён.— У кожным разе нам трэба быць напагатове.

— Ці не можна, Сёма, крышку ясней? — прасіў Якаў Пятровіч. Але Сямён толькі паціскаў плячамі і на гэтым канчаў гаворку.

Было ясна, што Сямён ведае шмат чаго больш, ды не хоча казаць.

Ён часта прыносіў дадому перапісаныя алоўкам зводкі Саўінфармбюро, якія даваў чытаць Якаву Пятровічу і гаспадару. Разы два ён уставаў сярод ночы, запрагаў каня і знікаў да самай раніцы. Аднойчы ўвечары ён увесь задыханы прымчаўся дадому і весела папярэдзіў Якава Пятровіча, што зараз на іх хутар будзе партызанскі налёт. Сапраўды хвілін праз дваццаць на двары пачулася пырханне коней, лязгат зброі і прыглушаныя галасы людзей. Нехта з іх асцярожна пастукаў у шыбіну, патрабуючы каго-небудзь выйсці на двор. Выйшаў Сямён. Потым у хату ўвайшло трое ўзброеных нямецкімі аўтаматамі людзей. Адзін з іх, бялявы, у чорным кажушку хлопец, запытаўся ў Сямёна, хто тут Якаў Пятровіч Талаконцаў?

— Я,— падаўся наперад доктар.

— Ну і добра, што вы,— неяк грубавата і разам з тым узрадавана адказаў бялявы.— Вы можаце сабрацца ў дарогу за дзесяць хвілін?

— Надоўга? — недарэчна запытаўся Якаў Пятровіч.— Што можна браць з сабою?

Бялявы весела перазірнуўся са сваімі сябрамі.

— Пра тое, на які час, мне невядома. Відаць, пакуль не скончыцца вайна. Што тычыцца багажа, дык бярыце з сабою хоць усю хату, калі таварыш Баешка дазволіць. Ён таксама паедзе з намі. Каб не дастацца гітлераўцам у лапы. Мы яго хутка даставім да яго камандзіра. Хутчэй таварышы, варушыцеся!..

Бялявы — а гэта быў Мішка Галубовіч — перад гэтым некалькі разоў сустракаўся з Сямёнам у хаце лесніка, атрымліваў ад яго самога і праз гаспадара леснічоўкі патрэбныя звесткі. Сямён расказаў Галубовічу, што разам з ім на хутары жыве доктар, хірург Якаў Пятровіч Талаконцаў. Пра гэта Мішка далажыў Васілю Караваю.

— Перавесці яго ў брыгаду! — загадаў Мішку камбрыг.— І як мага хутчэй, пакуль другія атрады не перахапілі.

Тое, чаго асцерагаўся Васіль Каравай, і здарылася. Здарылася не на хутары, а па дарозе ў брыгаду, калі Мішка Галубовіч лічыў сваё важнае заданне бадай што выкананым. З хутара выехалі ціха. На санях — а іх было пяцёра — сядзелі партызаны, Сямён, Якаў Пятровіч, Баешка і гаспадыня. Баешка быў сувязным атрада, пры якім дыслацыраваўся падпольны райком партыі на чале з Драпезам. Мішка падгаворваў Баешку перабірацца да Каравая, расхвальваючы на ўсе лады свайго камбрыга, сваіх таварышаў — партызан.

— У Васіля Каравая людзі выконваюць самыя шалёныя баявыя аперацыі, прабіраюцца ў самае нутро варожых гарнізонаў і так даюць ім прыкурыць, што аж небу горача робіцца! А што ў Драпезы? Гаспадарчы ўзвод, а не атрад! Ну, будзеш там хадзіць у каравул альбо прымусяць цябе, салдата, круціць друкарскую машыну... Так што, дзядзька Баешка, давай прамым рэйсам да нас!

— Не, таварыш Галубовіч,— цвёрда заявіў гаспадар.— Я не магу так рабіць. І прашу цябе памагчы мне дабрацца ў свой атрад. Там у мяне і радня ёсць: швагер, два пляменнікі.

— Ну што ж, не хочаш, дык як хочаш,— суха ўжо адказаў Мішка і загадаў хлопцам, якія ехалі на пярэдніх санях, каб яны не прамінулі поцемкам павароткі ў атрад Драпезы. Больш Мішка не прамовіў ні слова, аж пакуль іх не аклікнуў з цемры хрыплаваты голас вартавога. Праз паўгадзіны яны ўжо апынуліся ў лагеры.

Мішку тут ведалі. Зайшоўшы ў штабную зямлянку, Мішка далажыў камандзіру атрада, па якой справе ён сюды заехаў. Побач камандзіра сядзеў сакратар падпольнага райкома Драпеза. Ён, відаць, зазірнуў сюды на кароткі час, бо не распранаўся. На ім было жоўтае скураное паліто, белыя буркі з падкасанымі халявамі.

— Кажаш, з аперацыі? — пацікавіўся Драпеза.— Ну, і што вы здабылі?

— Хірурга, таварыш сакратар,— прастадушна адказаў Мішка.— Вось крыху пагрэемся і дадому.

Драпезу мала цікавіла, што будзе рабіць Мішка пасля пагрэўкі. Ён прапусціў міма вушэй яго апошнія словы.

— Хірурга, кажаш? — перапытаў ажыўлена.— А дзе вы яго знайшлі? Прозвішча?

Мішка адказаў і на гэтыя пытанні. Драпеза шматзначна перазірнуўся з камандзірам атрада і неяк паспешліва і ласкава параіў Мішку:

— Ты вось што, таварыш Галубовіч, ідзі зараз і пакліч гэтага твайго хірурга сюды. Я тое-сёе пра яго ведаю. А сам са сваімі хлопцамі пачакай ў зямлянцы разведчыкаў. Паедзеце дадому, захопіце з сабою пакет Караваю.

Мішка, яшчэ не падазраючы, прывёў у штабную зямлянку Якава Пятровіча, гукнуў хлопцаў і рушыў з імі да разведчыкаў. Там ён, чакаючы канца размовы Драпезы з Якавам Пятровічам, прабыў з гадзіну, аж да таго часу, пакуль не з’явіўся нейкі незнаёмы партызан і не паклікаў да Драпезы. Той адзін сядзеў за прыстроеным у кутку столікам. Спаткаў Драпеза Мішку цяпер чамусьці халаднавата, нібы ён, Мішка, даставіў сакратару нешта непрыемнае. Працягваючы Мішку канверт, растлумачыў:

— Аддасі Караваю асабіста. І адразу, як толькі прыедзеш. А твайго хірурга мы пакуль што затрымаем. Нам трэба высветліць, што гэта за чалавек. Так і Караваю перадай. Можаш ісці.

Мішка разгублена азірнуўся, нават міжволі заглянуў пад стол, нібы там мог схавацца доктар. Не, яны былі ў штабе толькі ўдвух. І Мішка, праклінаючы самога сябе, што звярнуў у часе аперацыі з прамой дарогі, ледзь не крыкнуў:

— Мы, таварыш сакратар, і самі добра абнюхалі гэтага чалавека! Ён нават сам пра сябе не ведае такога, што ведаю пра яго я. І я павінен выканаць загад камбрыга — даставіць яго ў сваю брыгаду. Нікуды я адсюль не паеду, пакуль вы не аддасце мне доктара!.. Не паеду, няхай мяне хоць расстраляюць!..

Драпеза спярша абыякава паглядаў на гэтае Мішкава шаленства. Потым твар яго паволі пачаў святлець, пакуль на ім не бліснула шчырая ўсмешка захаплення.

— Эх, брат, і разбушаваўся ж ты! — устаючы з-за стала, прамовіў Драпеза.— Правільна робіш, што настойліва дамагаешся свайго. Так і трэба. Ты — сапраўдны камсамолец, сапраўдны партызан! Хвалю, хвалю. Але твайго доктара мы пакуль што затрымаем. Адказнасць за ўсё я вазьму на сябе. Зразумела?

— Таварыш сакратар!..

Драпеза не даў яму гаварыць, лёгенька піхаючы яго да выхаду з зямлянкі. Прызвычаены намацваць нагамі перашкоды ў любой цемры, Мішка цяпер ледзьве не паляцеў потырч, спатыкнуўшыся аб першую прыступку. Калючая чорная халадэча сцяла яму разгарачаны твар. Нехта падхапіў Мішку пад рукі і пацягнуў да суседняй зямлянкі. Мішка пачаў вырывацца, пакуль не пачуў знаёмы голас камандзіра атрада:

— Не ўпірайся, дзівак. Хадзем на хвілінку ў гэты палац. Я хачу табе паказаць, як мы жывём.

У зямлянцы было горача. На бляшаным чорным конусе газнічкі палахліва трапятаўся жаўтаваты язычок агню, які толькі збольшага асвятляў нары, стол з дзвюма прапацелымі бутэлькамі, пышны рыжы чуб камандзіра разведкі і ўсхваляваны, зарослы кароткім сівым шчаціннем твар Баешкі. Убачыўшы Мішку, яны падхапіліся, замітусіліся, адбіраючы ад яго аўтамат, здзіраючы кажушок. Шклянкі былі ўжо наліты, сала і хлеб накрышаны і накроены.

— Сядай, браток! — нібы сляпога, падводзячы Мішку за рукаў да стала, запрашаў камандзір.— На, бяры сваю чарку, і вып’ем за поўны разгром акупантаў.

«Каб вас халера пабрала!» —ледзь не прамовіў уголас Мішка. І, злуючыся на самога сябе, на ўвішных гаспадароў, на ўвесь свет, пачаў глытаць пякучую, як спірт, самагонку.

А Драпеза тым часам яшчэ раз выклікаў да сябе Якава Пятровіча Талаконцава.

— Так,— сказаў Яўген Данілавіч, рукою запрашаючы доктара сесці на лаўку, зробленую з круглых бярозавых жардзінак.— Дамоўлена, што ты і твой сябра Рокаш астаняцеся ў нас. Я думаю, што ты пярэчыць не будзеш?

— Мне ўсё роўна, таварыш камісар. Абы ваяваць. А ў якім атрадзе — не мае ніякага значэння.

— Ну вось і добра,— згадзіўся Драпеза.— А як ты думаеш ваяваць?

— Я хацеў бы, каб вы накіравалі мяне ў якую-небудзь падрыўную групу, калі можна.

— Для чаго?

— Хадзіць разам з усімі на засады, падкладваць міны пад рэйкі...

— А яшчэ чаго ты хочаш?

Голас у Драпезы быў ласкавы, зычлівы. Якаў Пятровіч з павагай глядзеў на валявы, энергічны твар камісара, які цяпер пабольшваў агонь у настольнай лямпе, відаць, для таго, каб лепш бачыць доктара. На нейкі час у зямлянцы запанавала маўчанне. Абапёршыся локцямі на стол, Драпеза пільна ўглядаўся ў вочы Якава Пятровіча, нібы не верачы таму, што пачуў ад яго. Нарэшце загаварыў тонам, які не дапускаў ніякіх пярэчанняў.

— Пасады, на якія ты просішся, усе заняты. Добраахвотнікаў страляць у ворага, падрываць яго чыгункі, паліць склады ў нас хапае. Вось хоць зараз магу прыйсці ў любую вёску, каб толькі запытацца, хто хоча ісці да нас у дыверсійныя групы, дык ад людзей адбою не будзе. Знойдуцца ўсюды спецыялісты і страляць і падрываць. А калі хто пакуль што не вельмі разбіраецца ў ваенным майстэрстве, дык мае хлопцы за тыдзень, самае большае — два, зробяць іх сапраўднымі акадэмікамі. А вось паспрабуй ты мне дастаць для атрада добрага доктара, ды яшчэ хірурга. На доктара, сам ведаеш, трэба пяць альбо шэсць год вучыцца ў інстытуце ці акадэміі. Так што, браток, сядзі тут, у атрадзе, і не рыпайся. Зразумела?

— Бачыце, таварыш камісар...— пачаў быў Якаў Пятровіч, але Драпеза суха яго перапыніў:

— Чакай. Ты, браток, чалавек ваенны і павінен ведаць дысцыпліну. Тое, што я сказаў, ёсць загад. Зразумела?

— Зразумела, таварыш камісар. Дазволіце ісці?

— Гэта ўжо іншая размова. Цяпер я даручаю табе адказнае, можна сказаць, урадавае заданне. Падрыхтуй свае прапановы па арганізацыі ў нас шпіталя. Заўтра ж. І можаш да мяне звяртацца з такімі справамі ў любую хвіліну.

Калі Якаў Пятровіч выйшаў на двор, з супрацьлеглай зямлянкі, праз квадратную раміну акна, да яго даляцела песня:

 

Славное море — священный Байкал,

Славный мой парус — кафтан дыроватый...

 

 

У дружным страі крыху п’янаватых галасоў ён выразніў адзін нейкі знаёмы голас. Праўда, цяпер ён быў крышку хрыплаваты, крышку тужлівы. Якаў Пятровіч спыніўся, падняў галаву, прыслухоўваючыся да недзе чутага перад гэтым голасу, стараючыся прыгадаць, каму ён належыць. Раптам з высокага і чорнага неба сарвалася і рынулася ўніз, цягнучы за сабою недаўгавечную зеленаватую нітку, зорка. І калі яна згасла дзесьці за цёмнымі вяршалінамі дрэў, Якаў Пятровіч здагадаўся, што ў зямлянцы спявае Мішка Галубовіч...

 

ІХ

Васіль Каравай ледзьве не адарваў Мішку галавы, атрымаўшы замест доктара паперку Драпезы. Дзесяць сутак арышту ад камбрыга, строгая вымова па камсамольскай лініі. Каб надалей не быў варонай і не разяўляў рота там, дзе не трэба. З таго часу Мішка ўжо ніколі не заязджаў у Драпезаў лагер. Яму сорамна было сустракацца з людзьмі, якія не толькі выхапілі ад яго доктара, але ў дадатак і напаілі. Ён, Мішка, нават спяваў з імі песні, абдымаўся і цалаваўся з іх камандзірам... У грудзях усё аж кіпела, калі хлопец успамінаў ганебны зварот у брыгаду.

Цяпер цяжкапараненага Карніцкага яны вымушаны везці за многія кіламетры да гэтых праворыстых суседзяў, замест таго каб ратаваць яго сваімі сіламі. Але Мішка ўжо гатовы быў палезці сёння хоць у самае пекла, абы толькі зберагчы жыццё Карніцкаму. Седзячы побач камандзіра на санях, ён час ад часу нахіляўся ўпоцемку да гурбы кажухоў, каб паслухаць, як дыхае камандзір. І нічога Мішка не мог пачуць, бо ўсё заглушала прарэзлівае рыпенне палазоў, глухі стукат конскіх капытоў, частае пырханне разгарачаных коней. Фурманку, на якой везлі Карніцкага, ужо нагналі астатнія сані. Мялешка саслізнуў на снег, каб перасесці на іх.

— Хутчэй паганяй! — нецярпліва крыкнуў Мішка фурману.— Едзе, як тры дні не еўшы... Давай сюды лейцы і сядай на маё месца.

Мішка бадай што сілком вырваў лейцы з рук фурмана і напружана шыпянуў на каня. У разгарачаны Мішкаў твар паляцелі з-пад конскіх капытоў халодныя камякі снегу. З чорнай імглы, якая ахутвала ўсю прастору, ледзь прыкметна вырысоўваліся то паасобныя высокія дрэвы, то нізкарослыя і шырокія кусты на бакавіне дарогі. Навакол нідзе не было відаць ніводнага агню, апрача бязмежнага зорнага россыпу ў неасяжнай вышыні неба. Толькі гэтае адзінае няпэўнае зеленаватае святло значыла цяпер партызанам дарогу ў лагер Драпезы. Каб не страціць арыенціру, Мішку трэба было глядзець не проста на яе, а крышку поверх і ў чорна-імглістую далячынь ніжэй дрыготнага зорнага агню. Мішка ў час заўважаў глыбокія выбоіны і закамянелыя ад марозаў купіны, каб прытрымаць каня і асцярожна праехаць перашкоды... Часам Карніцкі глуха стагнаў у сваім кажуховым логвішчы, і гэта радавала і разам з тым палохала Мішку. Радавала, што камандзір жывы, палохала, што гэта, можа, апошні яго стогн, апошняе дыханне, і Мішка зласліва шыпеў на каня, сцябаў па ім туга напятай ляйчынаю.

Праз некаторы час дарога і ўсё навакольнае пачало бачыцца выразней. Адзін край неба заняўся халодным зарывам. Яно ўздымалася над зямлёю ўсё вышэй і вышэй, пакуль недзе на самым яго нізе не паказаўся мутнавата-чырвоны месяц. Калі ён увесь вылузаўся з чорнага густога небасхілу і паяснеў, Мішка азірнуўся на сані. У гэты момант зноў пачуўся глухі стогн Карніцкага, кажухі, якія прыкрывалі камандзіра, заварушыліся. Кастусь Мялешка прытрымаў іх і прашаптаў Мішку:

— Хутчэй!

— Націскай! — крыкнуў нехта з другіх, задніх саней.— Ужо недалёка асталося... Ты чуў, Мішка, каго мы сёння прыстукнулі? Надзейнага намесніка самога гаўляйтэра. Іх фюрэр завые на ўвесь Берлін, калі даведаецца пра гэта.

Мішка нічога не адказаў. Наперадзе замаячыла на дарозе нешта жывое. І хоць яны былі недалёка ад лагера Драпезы, Мішка падрыхтаваў на кожны выпадак аўтамат, адрывіста крыкнуўшы Міколу Віхору пра невядомых падарожнікаў. У тую ж хвіліну трое задніх саней імкліва абмінулі Мішку і памчаліся насустрач невядомым. Мішка прытрымаў каня, але, пачуўшы наперадзе пасля ўзрушаных воклічаў даволі мірную гамонку, зноў тузануў за лейцы. Хутка ён убачыў двое саней, якія, даючы яму дарогу, з’ехалі на абочыну. У санях сядзелі людзі ў белых маскіровачных халатах. Гэта, відаць, ехалі на чыгунку падрыўнікі Драпезы.

Праз паўгадзіны Мішка пад’ехаў да штабной зямлянкі, дзе яго ўжо чакаў Кастусь Мялешка. Ён прымчаў сюды першым, падняў на ногі Драпезу, доктара Якава Пятровіча. Падсвечваючы электрычным ліхтарыкам, Якаў Пятровіч загадаў Мішку ехаць за ім. Мішка злез з саней і, узяўшы каня за аброць, павёў яго следам за доктарам. Хутка яны спыніліся перад доўгай зямлянкай. Хуста Лопас скінуў з нерухомага Карніцкага кажухі. Мішка, Кастусь Мялешка і Якаў Пятровіч асцярожна знялі камандзіра з саней і пачалі спускацца па сходках. Драпеза штурхануў дзверы, адкуль у твар партызанам дыхнула цяплом і ўтульнасцю. Мішку здалося, што яны трапілі пасля начнога пекла бою ў нейкі ціхі палац, у якім нельга размаўляць на ўвесь голас. Сцены і столь памяшкання былі абцягнуты белым парашутным шоўкам. На складаных жалезных ложках ляжалі беласнежныя прасціны, у пабеленай грубцы гарэлі сухія дровы.

Вочы ў Карніцкага былі заплюшчаныя, калі яго распраналі і клалі на ложак. Мішка адвярнуўся, як толькі доктар узяўся за крывавае лахмоцце камандзіра. Рабіў гэта Якаў Пятровіч шпарка і моўчкі. У гэтую хвіліну на адной з шаўковых сцен варухнулася бліскучае палатно. Дзве жанчыны ў белых халатах, з белымі хусцінкамі выйшлі наперад. Адна з іх сярэдняга росту, з вялікімі цёмнымі вачамі і з тонкімі чорнымі брывамі. Мішка яе ў лагеры Драпезы сустракаў і раней. Гэта была Анна Мікалаеўна Рамашка, былы аграном, а ў атрадзе старшая медсястра. За Аннай Мікалаеўнай дробненька тупала рыжая і дураслівая Зоська з напалоханымі шэрымі вачамі. Якаў Пятровіч тым часам ужо зразаў нажом гімнасцёрку Карніцкага. Анна Мікалаеўна з жахліва скамянелым тварам, але на дзіва рухавымі рукамі пачала яму памагаць.

— Ваду, бінты!..— нібы самому сабе сказаў Якаў Пятровіч.

Але Зоська зразумела, што гэта тычыцца яе, і хутка знікла за шаўковым полагам.

Правая рука Карніцкага была адарвана выбухам бадай што па самы локаць. Вышэй локця Лопас моцна пераціснуў яе бінтам, каб затрымаць кроў. Карніцкі ляжаў нерухома, пластом, і толькі грудзі ледзь прыкметна то падымаліся, то апускаліся. Якаў Пятровіч выцягнуў з кішэні халата фанендаскоп і пачаў выслухоўваць Карніцкага. Затым доктар выпрастаўся і няпэўна паціснуў плячамі.

— Патрэбна неадкладная аперацыя,— нарэшце кінуў ён адрывіста.— А ў нас няма хірургічнай пілкі. Тое, пра што я напамінаў вам, Яўген Данілавіч, даўно.

Драпеза няёмка пераступіў з нагі на нагу.

— Цяпер пра гэта дарэмна ўспамінаць, Якаў Пятровіч,— прамовіў ён сярдзітым шэптам.— Кулямёт, нават гармату цяпер лягчэй дастаць, чым вашую пілку. А можа, падыдзе звычайная садовая?

— Нэ-э, лепш слясарная. Але і яе, як мне вядома, няма ў атрадзе.

— Паспрабуем дастаць дзе-небудзь у іншым месцы,— кінуў Драпеза і рушыў на двор. Следам за ім выскачыў і Мішка.

На дварэ ўжо быў досвітак. Неба на ўсходзе зрабілася барвовае. Грукалі дзверы зямлянак, засененых магутнымі кронамі векавых сосен, снавалі сюды-туды заклапочаныя людзі. Ужо можна было разгледзець іх размаітую вопратку: доўгія і кароткія сялянскія кажухі, салдацкія шынялі, картовыя чорныя ватоўкі і, зайздрасць многіх партызан,— зялёныя армейскія бушлаты. Каля штабной зямлянкі стаяла некалькі запрэжаных саней, акружаных людзьмі. Мішка здагадаўся, што гэта фурманкі, на якіх яны сюды прыехалі. Там, відаць, ішла размова пра ўчарашні бой. Калі Драпеза з Мішкам праходзілі паўз натоўп, адтуль пачулася:

— ...налічылі сорак пяць гэтых арыйцаў...

— ...генерал там і два палкоўнікі...

— ...гэта дык засада!

Мішка ні на крок не адставаў ад Драпезы. Калі ў шпіталі зайшла размова пра пілку, ад якой цяпер залежала жыццё Карніцкага, Мішка вырашыў, што яму трэба самому памагчы яе адшукаць, хоць, можа, давядзецца лезці ў ашчэраную пашчу ворага. Каб гэта было ў Барсуках, дык бы там доўга шукаць такога інструмента не давялося. Каваль Рабінка, перабіраючыся на Воўчую выспу, нічога не пакінуў у калгаснай кузні. Мішка нават падумаў, ці не лепш цяпер адразу ляцець у свой лагер? Гэта ж якіх дваццаць кіламетраў. Ён нават загаварыў пра свой намер з Драпезам.

— Не трэба,— безуважна адказаў камісар.— Мы павінны даражыць кожнай хвілінай.

Яны спусціліся ў штабную зямлянку, у якой было чалавек пяць партызан і сярод іх — камандзір атрада Песенька, з якім Мішка не так даўно распяваў п’яныя песні. У зямлянцы, відаць, таксама абмяркоўвалі вынікі засады. Мішка пачуў толькі нечы голас, які запэўняў, што гітлераўцы гэтага ніколі не даруюць. Убачыўшы ў зямлянцы Драпезу і Мішку, прысутныя змоўклі і ўсхапіліся з бярозавых лавак.

— Вось што, Песенька,— загаварыў Драпеза, павітаўшыся.— Карніцкаму будуць рабіць складаную аперацыю. Для гэтага патрэбна хірургічная пілка, якую мы шукаем ужо цэлы месяц. Цяпер даставай мне хоць слясарную. Рабі што хочаш, а каб праз дзве гадзіны — самае большае — гэты інструмент быў у Якава Пятровіча. Зразумела?

— Зразумела, таварыш камісар.

— Варушы галавою. Пашлі хлопцаў у Кавалі. Дзейнічай.

— Ёсць, таварыш камісар, дзейнічаць.

Праз якіх дзесяць хвілін Мішка ўжо імчаўся верхам на кані ў бліжэйшую вёску Кавалі. Разам з ім ехала пяць хлопцаў Песенькі на чале з доўгім і сухім, як таран, начальнікам разведкі Васькам. Яны па загуменні праехалі ў двор, на якім узвышалася тоўстая хваіна з шырокім буславым гняздом на вяршаліне. Васька, азіраючыся па баках, увайшоў у хату, адкуль неўзабаве выскачыў у адной кашулі, але з шэрай заячай шапкай на галаве, падлетак. Бліснуўшы на Мішку і яго аўтамат поўнымі захаплення вачамі, хлопец знік за рогам хаты.

— Вось як трэба дзейнічаць, жэўжыкі! — прамовіў павучальна Васька, выйшаўшы з хаты.— Праз дзесяць хвілін у нас будзе тое, што патрэбна доктару. А як ты думаў!

Доўгі, як жардзіна, з сухім аскетычным тварам і крышку цяжкаватым носам, Васька быў поўны годнасці і нейкага непахіснага спакою. Чорны нямецкі аўтамат упрыгожваў яго грудзі. Васька быў апрануты ў мышастага колеру нямецкі шынель. Толькі чырвоная стужка на шэрай кубанцы сведчыла, што гэта партызан, а не гітлераўскі ваяка.

— Кожнае адказнае заданне трэба ўмець выконваць,— пазіраючы на трафейны гадзіннік, пачаў тлумачыць Мішку Васька.— А для гэтага камандзір павінен ведаць, каму такое заданне даручаць. Адзін можа дастаць цэлую гармату з поўным баявым камплектам, другі табе пустога вінтовачнага патрона не знойдзе. Бо ў яго няма ніякіх так званых каналаў, ды ён і не ведае гэтых каналаў. Правільна я кажу, хлопцы?

«Хлопцы, да якіх звярнуўся Васька, дружна пацвердзілі, што іх камандзір заўсёды гаворыць толькі праўду.

— Бачыў, якія ў мяне арлы? А як ты думаў! — падміргнуў камандзір разведкі Мішку.— Не тады карміць сабак, як на паляванне ісці. Каб нам, разведчыкам, загадзя даручылі, дык бы мы не то што хірургічную пілку, а цэлы хірургічны кабінет, ці як там яно называецца, арганізавалі. Наогул, усё тое, чым дактары рэжуць і патрошаць людзей... Я да вайны працаваў кінамеханікам. Паказваў людзям «Вясёлых рабят», «Пуцёўку ў жыццё». Мяне тут па ўсіх вёсках кожны сабака ведае. Магу цяпер зайсці ў любую хату, і каб толькі намякнуў, што мне патрэбна тое-сёе, дык людзі ўсё мне з-пад зямлі дастануць. Толькі, браток, так і трэба рабіць. А як думаў!..

Васька гаварыў і ўжо нецярпліва паглядаў на вуліцу, бо з часу пасылкі хлопца на заданне мінула ўжо не дзесяць, а можа, усіх дваццаць хвілін. З хаты выйшаў сівабароды дзед у накінуты на плечы жоўтым кажусе і пазваў Ваську да сябе. Камандзір разведкі, важна расцягваючы крок, падышоў да ганка.

— Можа б, вы, дзеткі, не калелі тут на такім марозе, а зайшлі ў хату і сагрэліся б троху? Кліч іх, Васька,— пачуў Мішка дзедаў голас.— А можа, з вас хто і есці сёння не еў? Дык падсілкуецеся, пакуль унучак вернецца.

— Другім разам, бацька,— адказаў, ужо нецярпліва паглядаючы на гадзіннік, Васька.— Сёння нам не да яды.

Тым часам з-за рога хаты паказаўся расчырванелы ад бегу ўнук старога. У руках у яго нічога не было.

— Усё абшукалі, дзядзька Вася, нічога не знайшлі,— далажыў ён камандзіру разведкі.

— Ну вось, я так і ведаў! — спахмурнеў Васька.— Абавязкова цябе падвядуць, разбойнікі!.. Ведаеш што, збегай зараз жа да Рамана, перадай яму ад майго імя: кроў з носа, а каб дастаў садовую пілку. Я яе ў яго бачыў на тым тыдні.

— Тою яго садовай пілкай рэдзькі не перарэжаш, а не то што жывой касці,— умяшаўся ў Васькавы загады дзед.— Лепш я сам пайду, а вы тым часам пагрэйцеся ў хаце. Коней сваіх пад павець завядзіце.

Аднак не паспелі партызаны паставіць коней пад павець і зайсці ў хату, як вярнуўся дзед. Ён быў усхваляваны.

— Вось вам пілка, хлопчыкі. Толькі я чуў брыдкую навіну. Захар прасіў пераказаць табе, Васька, што ў Пашукоўскі лес паехалі немцы. З танкамі, і на машынах, і на фурманках. Няйначай, як блакада на партызан. Мусіць, нашы хлопцы добра ім недзе насалілі...

— Якое там насалілі, дзед! — перадаючы досыць іржавае палатно слясарнай пілкі Мішку, растлумачыў Васька.— Усё гітлераўскае начальства з Баранавіч аформілі як належыць... Падпільнавалі ўчора ўвечары... Усіх да аднаго!

— Ай-я-яй...

— Будзьце тут напагатове,— узлазячы на каня, папярэдзіў Васька.— Калі што якое — адразу ў лес. Там як-небудзь адаб’ёмся.

Яны выехалі на загуменне і галопам памчаліся ў лагер. Азірнуўшыся на Пашукоўскія лясы, Мішка заўважыў над іх чорнай градою сярэбраны зіхотны крыжык самалёта, які, здавалася, нерухома вісеў у бялёсым паветры. Перарывістае выццё матора пачулася значна пазней, калі хлопцы ставілі коней у паветкі.

— Мацаюць, сволачы! — коратка зірнуўшы некуды поверх калматых сасновых крон, вылаяўся Васька.— Уяўляю, як яны цяпер прынюхваюцца там да кожнага следу на снезе.

 

Х

У лагеры ўжо ведалі пра наезд мотамеханізаванай групы гітлераўцаў у Пашукоўскі лес. Нельга было разлічваць на тое, што вораг абмяжуецца толькі вывазкай забітых. Двухфюзеляжны самалёт «фоке-вульф», пакружыўшы над Пашукоўскім лесам, пачаў забірацца ў глыб партызанскай зоны. Некалькі разоў ён праляцеў туды-сюды над Воўчай выспай, а потым пачаў кружыць над гарой Высокай. Трэба было чакаць пасля гэтай паветранай разведкі хуткага налёту бамбардзіроўшчыкаў і наземнай атакі адборных эсэсаўскіх часцей. Драпеза загадаў патушыць усе пячуркі ў зямлянках, каб іх дым не выдаваў ворагу партызанскага прыстанішча. Былі высунуты далёка наперад узмоцненыя сакрэты і каравулы, прыводзіліся ў парадак акопы на схіле гары Высокай — адзінае месца, куды маглі прарвацца ў лагер чарнакрыжыя танкі. За тыл не трэба было непакоіцца: перш чым дабрацца да лагера, гітлераўцам давялося б вытрымаць бой з вялікім атрадам Васіля Каравая, з вышкаленымі па-ваеннаму партызанамі Бондара. Менш за ўсё Драпеза турбаваўся пра барсукоўцаў. Там цяпер размяшчаўся атрад Міколы Віхора з парашутыстамі Карніцкага. Але цяпер пра бяспеку Воўчай выспы паклапаціўся сам Мікола Віхор. Пакуль «фоке-вульф» кружыўся над Пашукоўскім лесам, у Віхора выспеў даволі эфектны план адцягнуць увагу гітлераўцаў ад Воўчай выспы.

— Ведаеце, таварыш камісар, што я хачу вам прапанаваць? — звярнуўся ён да Драпезы.— Каб нам выйграць час для адпаведнай падрыхтоўкі і адпаведных манеўраў, трэба зараз жа арганізаваць для гэтых нахабнікаў новы партызанскі лагер.

— Гэта ж якім чынам?

— А вось такім,— ужо весела пачаў тлумачыць Віхор.— Трэба, як гаворыцца, пусціць ім пылок у іх паганыя вочы... Вам калі-небудзь падумалася, што ў Ласіным бродзе найлепшае месца для лагера?

— Я яшчэ не звар’яцеў, каб лезці ў тую камарню,— буркнуў Драпеза.

— І я таксама лічу гэты яловы і альховы гушчар непрыгодным для нашага здароўя,— ахвотна згадзіўся Віхор.— А калі там цяпер раскласці ў некалькіх месцах агонь, каб з яго падымаліся над лесам не вельмі ўжо наглыя, але досыць прыкметныя з самалёта дымы, дык лепшай радасці гітлераўцам мы і не прыдумаем. Бо ім вядома, што дзе ў лесе дым, там ёсць і агонь, а дзе агонь, там — донар вэтэр! — і партызан... Пакуль яны будуць «шмайсаваць» туды бомбы, мы тым часам разведаем пра варожыя сілы, дамовімся са сваімі суседзямі пра абарону. Ну як?

Мікола Віхор ужо нецярпліва паглядзеў на Драпезу. Драпеза з хвіліну маўчаў, нібы вагаючыся, прымаць такую прапанову ці адмовіцца ад яе.

— Давай паспрабуем,— нарэшце згадзіўся ён.— Я зараз пашлю туды хлопцаў. Песенька!

— Я вас слухаю, таварыш камісар.

— Ты вось што, Песенька, зрабі,— узяўшы камандзіра атрада за гузік бушлата, загаварыў Драпеза.— Падрыхтуй самых лепшых коней для шпіталя, калі нам давядзецца адсюль выязджаць. Зразумела? Ну, і зрабі тое, пра што мы цяпер гаварылі з Віхорам. Паглядзім, як той казаў, што з гэтага выйдзе.

— Ну вось і добра,— заспяшаўся Мікола Віхор.— Я зараз еду на Воўчую выспу да сваіх. Заскочу толькі на хвілінку да Карніцкага. І трэба ж было здарыцца такому няшчасцю!

Перад уваходам у шпіталь Мікола Віхор убачыў Мішку Галубовіча. Той сядзеў на карачках перад гурбай высыпанага на снег жоўтага пяску і, набіраючы яго на анучку, старанна ачышчаў ад іржы слясарскую пілку. Убачыўшы Міколу Віхора, Міша весела яму ўсміхнуўся.

— Антон Сафронавіч апрытомнеў! — узрушаным шэптам загаварыў Мішка.— Я толькі што з ім размаўляў. Ён упэўнены, што яшчэ паваюе...

Мікола Віхор асцярожна адчыніў дзверы шпіталя і, як толькі ўвайшоў, адразу спаткаўся з адкрытым і па-ранейшаму нецярплівым позіркам Карніцкага...

— Я ўжо думаў, што ты там... на Воўчай выспе...— крышку хрыпаючы, з патрабавальнымі ноткамі ў голасе, загаварыў Карніцкі да Віхора.— Завёз мяне сюды, ну і дзякуй... А ты павінен быць там, дзе твае салдаты. Даўно павінен быць там... Ты ж цяпер, можна сказаць, галоўнакамандуючы Воўчай выспы...

— Таварыш камандзір!

Карніцкі моцна зморшчыўся ні то ад болю, ні то ад гучнага шэпту Міколы Віхора. Пакрыты цёплаю коўдраю да самага падбароддзя, ён павярнуў набок галаву, заплюшчыў вочы. На паблеклым ад страты крыві твары заільсніўся дробны пот.

— Антон Сафронавіч,— нахіляючыся да Карніцкага, зноў прашаптаў Мікола Віхор.— Я чакаю вашых загадаў...

Карніцкі нібы і не чуў гэтых слоў, хоць вочы яго цяпер былі адкрытыя. Але яны чамусьці пазіралі не ў Віхоравы вочы, а на яго губы, як гэта робяць глуханямыя, калі размаўляюць адзін з адным.

— Ты вось што, Коля... Загадай ад майго імя, каб Нікодым вывеў усіх баб і дзяцей з Воўчай выспы... Няхай іх прыме Каравай. Там ім будзе спакайней. Скажы Мялешку, каб радыёграму ў Цэнтральны партызанскі штаб пра ўчарашнюю засаду... Па форме... Радыст яе ведае... А цяпер на Воўчую выспу. І няхай падрыўныя групы не злазяць з чыгункі.

— Антон Сафронавіч!..— пачаў быў Мікола Віхор, але Карніцкі яго перапыніў:

— Ты мне нічога, Коля, не кажы. Я зусім не чую... Едзь!

Мішка ўжо канчаў чысціць пілку, калі Мікола Віхор выйшаў са шпіталя з нейкімі падазрона пачырванелымі вачамі. Прыпыніўшыся каля Мішкі і чамусьці ўнікаючы яго позірку, Віхор загаварыў напружаным шэптам, нібы іх тут маглі падслухаць непатрэбныя людзі.

— Ну, мне час ехаць. А табе я пакідаю для абароны камандзіра цэлы ўзвод. Глядзі, каб усё добра было. У цяжкую хвіліну чакайце тут нашай дапамогі.

У гэтую хвіліну на лес абваліўся разложысты маторны грукат, ад якога, здавалася, гайдануліся аблепленыя снегам кроны сосен. Проста над галовамі Мішкі і Віхора ашалела прамчаўся ў напрамку Ласінага броду «фоке-вульф».

— Ты тут толькі не палохайся, калі пачуеш бамбёжку,— папярэдзіў Мішку Віхор.— Калі Драпеза выканае мой план, немцы з гразёю змяшаюць увесь Ласіны брод.

Мікола Віхор коратка расказаў Мішку пра сваю выдумку і заспяшаўся на Воўчую выспу. Мішка яшчэ раз агледзеў пілку, начышчаную да срабрыстага бляску, і рушыў у аперацыйнае аддзяленне. Тут ужо ішла таропкая падрыхтоўка. На адным са столікаў шумеў прымус, на якім стаяла ванначка з інструментамі. Якаў Пятровіч узяў з Мішкавых рук пілку і, упэўніўшыся, што яна, нарэшце, даведзена да ладу, кінуў яе ў бурлівы кіпецень. Анна Мікалаеўна і Зоська мылі рукі. Хутка да іх далучыўся і Якаў Пятровіч.

— Спірт падрыхтавалі? — намыльваючы свае доўгія і крыху вузлаватыя пальцы, запытаў ён у Анны Мікалаеўны.

— Усё на месцы, Якаў Пятровіч. Я толькі не ведаю, ці будзе з гэтага якая карысць.

— А што лепшае мы можам прыдумаць? Хто мог спадзявацца, што нам хутка давядзецца рабіць такія цяжкія аперацыі? Усе падпольшчыкі ў першую чаргу клапаціліся пра зброю: кулямёты, вінтоўкі, патроны, тол, а не пра хірургічныя пілкі і хлараформ. Вось мы цяпер і павінны расплачвацца за гэтую аднабокасць. Магчыма, дзе-небудзь у суседніх атрадах гэтых атрыбутаў хірургіі дый шмат чаго іншага з медыцынскіх прыладаў і запасаў хапае з лішкам. Але для іх пошукаў патрэбен час, а яго ў нас няма. Дый надвор’е сёння не такое, каб займацца гэтымі справамі. Мне не падабаецца неадчэпнае выццё самалёта... Так што давядзецца выкарыстаць, як гавораць, свой спосаб. Тым больш што Карніцкі прапанаваў яго мне сам. Трэба думаць, што ён нядрэнна ведае свой арганізм.

— А што, калі ён не засне?

— Ён абяцаў мне заснуць. Ён сам вызначыў сабе снатворную дозу. І я лічу, што двухсот пяцідзесяці грамаў з яго хопіць.

— Ды ад гэтага згарэць можна! — жахнулася Зоська.

— Калі ён не згарэў ад выбуху толавага зараду, дык, думаю, вытрывае і нашу спіртовую міну. Паўтараю, у яго на дзіва трывалы арганізм... Яго цела, здаецца, сплецена з адных мускулаў. Няспыннае напружанне на працягу многіх год не толькі не аслабіла яго, а, наадварот, яшчэ загартавала, як гартуе вада распаленую сталь. Такія людзі жывучыя, як кошкі. Мы павінны выкарыстаць нават самую мізэрную магчымасць і выратаваць хоць левую руку. Праўда, з ёю давядзецца добра паваждацца...

На лагер зноў абваліўся ашалелы грукат матора. «Фоке-вульф», як прагавіты ганчак дзічыну, выглядваў з паветра сляды людзей, каб рынуць на іх галовы агонь і смерць. За тое, што гэтыя людзі не толькі не скарыліся, а яшчэ ўзнялі супраць акупантаў зброю. Прабіраюцца ў кажушках і світках да ваенных казармаў і складаў, спускаюць пад адхон эшалоны з танкамі, якія спяшаюцца на ўсход...

Мішку здавалася, што і доктар, і Анна Мікалаеўна, і рыжая дураслівая Зоська вельмі ўжо марудна мыюць і перамываюць свае рукі, калі навакол такі неспакой і на лагер вось-вось могуць рушыць гітлераўцы... Таму Мішка з палёгкай устрапянуўся, калі Якаў Пятровіч загадаў даваць Карніцкаму спірт.

Хуста Лопас бадай ні на хвіліну не адыходзіў ад Антона Сафронавіча. Ён вырашыў не пакідаць Карніцкага і ў часе аперацыі. Мала што можа здарыцца, калі лепш, чым спрактыкаваная рука доктара, патрэбна будзе твая таварыская дапамога. Можа, нават давядзецца даваць для яго сваю кроў. Запіўшы спірт вадою, Карніцкі глыбока ўздыхнуў і зняможаны апусціўся на падушку.

— Вось, Хуста, і прымчаліся мы з табою да фінішу,— загаварыў камандзір паволі і хрыпаватым голасам.— Ніколі я не думаў, што давядзецца ваяваць супраць варожай арміі на сваёй зямлі... Памятаеш нашу першую сустрэчу ў Мадрыдзе?.. Потым мы пайшлі на поўдзень, у тыл ворага, пятнаццаць іспанскіх хлопцаў і я. Памятаеш наш першы эшалон?..— Карніцкі на некаторы час змоўк, нібы прыслухоўваючыся да самога сябе. Далей загаварыў павольна, прыпыняючыся, каб глыбей дыхнуць.— Асабліва нам цяжка было прабірацца зноў на поўнач. У часе пераправы на лодцы цераз Гвадалквівір нас ледзьве не перарэзала з кулямёта паліцыя мясцовага дыктатара... Вось... давялося там затрымацца на цэлы дзень, каб паказаць ім, што азначае слова партызаны... Цяпер ты памагаеш нам, як некалі я памагаў вам. Вораг у нас агульны. Але я ніколі не спадзяваўся, што ён адважыцца прарвацца праз нашы граніцы і страляць па нас каля... парогаў родных хат... што абложыць мяне каля роднага парога...

Голас яго цішэў, ён мармытаў ужо нешта невыразнае, пакуль зусім не змоўк. Вочы яго заплюшчыліся, толькі яшчэ некаторы час ледзь прыкметна варушыліся губы. У такім стане яго і ўбачыў Якаў Пятровіч, калі з працягнутымі рукамі зайшоў у пакой. Стараючыся ні да чаго імі не дакранацца, ён нахіліўся адным вухам да твару Карніцкага, паслухаў, як б’ецца сэрца, і кінуў — кароткае і прыглушанае:

— На стол!

Два незнаёмыя Мішку партызаны, апранутыя ў белыя халаты, паставілі каля ложка насілкі, спрытна і шпарка, нібы гэтую справу яны рабілі ўвесь свой век, змахнулі з Карніцкага коўдру і неўзабаве панеслі яго ў другую палавіну зямлянкі. Якаў Пятровіч зрабіўся зусім іншым чалавекам. Ніякага следу не асталося ад яго ранейшай павольнасці і нязграбнасці. Гэта быў уладарны дэспат, воля якога выконвалася маланкава і бясспрэчна па якім адным маўклівым знаку рукі ці вачэй. Анна Мікалаеўна, Зоська, два апранутыя ў белыя халаты асілкі паслужліва і таксама моўчкі лавілі позіркам кожны рух хірурга.

— Распрануць!

Мішка не быў упэўнены, вымавіў Якаў Пятровіч гэтае слова ўголас ці толькі падаў маўклівы знак, толькі пасля гэтага адзін з мужчын адкінуў з грудзей і рук Карніцкага прасціну, у якую яго загарнулі пасля прыезду ў лагер.

— А цяпер папрашу вас, таварышы, выйсці адсюль,— зірнуўшы на Мішку і Лопаса, ужо выразна прамовіў Якаў Пятровіч.

Мішка досыць ахвотна выканаў гэты загад і рушыў да дзвярэй. Ён не мог глядзець, як будуць там рэзаць і пілаваць жывое... Толькі Хуста Лопас не скрануўся з месца. Яго засмужаны твар адразу зрабіўся шэры, губы задрыжалі, а ў чорных вачах забліскалі маланкі.

— Ну, чаго ж вы? — спахмурнеў і нецярпліва прамовіў да яго Якаў Пятровіч.— Пачакайце там, на двары.

— Я не хачу двор! Я там, дзе камарада Антон... Баста!..

Мішка паспрабаваў быў угаварыць Хусту выканаць загад Якава Пятровіча, але іспанец паглядзеў на яго такімі вачамі, што хлопец адступіўся.

— Добра, няхай астаецца, толькі з умовай: трэба апрануць белы халат,— крануты настойлівасцю Хусты, прамовіў Якаў Пятровіч.

Выскачыўшы са шпіталя, Мішка быў аслеплены сонцам і зіхатлівым снегам. Абрыдлае і перарывістае выццё «фоке-вульфа» сціхла. Прыплюшчваючы вочы ад святла, Мішка вырашыў адшукаць сваіх хлопцаў, якія, відаць, паразбрыдаліся па зямлянках. Частку іх ён знайшоў у зямлянцы, размешчанай непадалёку ад шпіталя. Людзі тут сядзелі і стаялі, чамусьці не распранаючыся. Убачыўшы Мішку, да яго ступіў Сямён Рокаш.

— Ну, як там? — запытаўся паціху.— Пачалі?

Мішка моўчкі кіўнуў галавою.

— Якаў Пятровіч усё зробіць як належыць,— запэўніў Сямён Рокаш.— А мы тут падрыхтаваліся на ўсякі выпадак. Нашы хлопцы, што дзяжураць на гары Высокай, казалі, нібы бачылі пажар у Пашукоўскім лесе. Відаць, акупанты спалілі леснікову хату. Ты не ведаеш, Хаецкі астаўся там?

— Карніцкі загадаў Міколу Віхору вывезці Хаецкага і яго сям’ю, як толькі скончыцца бой. Самога Хаецкага мы бачылі на нямецкіх санях, калі яны ехалі на паляванне. Цяпер я нічога пра яго і сям’ю не ведаю. Але я думаю, што Віхор выканаў загад камандзіра.

Сямён Рокаш паведаміў Мішку, што камандаванне размеркавала ўсе сілы на выпадак варожай атакі. Ён, Сямён Рокаш, як кулямётчык, стары Баешка і яшчэ некалькі чалавек далучацца да яго, Мішкавага, узвода. На схіле гары Высокай праведзены такія-сякія падрыхтаванні, і цяпер людзі зайшлі ў зямлянку, каб пагрэцца і адпачыць.

І Сямён Рокаш і стары чыгуначнік Баешка адчувалі сябе тут цяпер сваімі людзьмі. Некалі яшчэ ў Мінску Баешка, прачытаўшы гітлераўскія афішкі пра «новаеўрапейскі парадак», сказаў, што пасля гэтага парадку тут астанецца адна голая зямля. Пакуль Баешку не арыштавалі за нявыхад на работу, стары даставаў недзе такія навіны, што аж сэрца крывёю аблівалася. Стары чыгуначнік бачыў сваімі вачамі, як гітлераўцы закідалі гранатамі перапоўненую жанчынамі і дзецьмі хату на Камароўцы, як азвярэлыя аўтаматчыкі расстрэльвалі нашых палонных на Койданаўскім тракце. Акупанты страляюць у чалавека толькі за тое, што ён непрыхільна на іх зірнуў. Пры гэтым у Баешкі быў такі напалоханы выгляд, што Мішка аднойчы не стрымаўся і назваў яго «начальнікам панікі»...

Цяпер гэты «начальнік панікі» незалежна рассеўся на нарах, падпяразаны па кажушку нямецкімі падсумкамі з патронамі. Убачыўшы, як Сямён узяў з кута цяжкую дубовую калодку і лёгка перанёс яе бліжэй да печкі, «начальнік панікі» прамовіў у захапленні:

— Ну і здаравенны ж ты, Сямён!

Сямён коратка ўсміхнуўся, пыхнуў дымком папяросы, прамовіў урачыста-ўпэўненым голасам:

— Кажуць, мая косць па дзеду пайшла. Дзед жыў да дзевяноста год.

— Да дзевяноста?!

— А што тут за дзіва? Гэтакі-то доўгі век. Кажуць, шчупакі жывуць і па дзвесце. Дык то ж рыба, стварэнне неразумнае і цёмнае. А чалавек, які ўсё ведае і ўсім на свеце кіруе, павінен жыць вечна.

— Ну, вядомая справа! — не вытрымаў «начальнік панікі», папраўляючы падсумак.— Дай такому вылюдку, як Гітлер, жыць вечна, дык ён усіх чарвякоў з зямлі павыбірае і павыдушвае, а не то што людзей.

— Я кажу пра чалавека, а не пра гітлераўцаў,— спакойна растлумачыў Сямён.

— А я пра каго думаю? — узрушана закрычаў Баешка.— Ты мяне не лаві на словах. Не замятай следу, каб збіць з тропу... Дык вось... Ці ў касці той справа? Вось ты, калі выйдзеш жывы з вайны, і за паўсотню не дацягнеш. Бо ўсё ты хочаш ведаць, усяго дасягнуць. Усё хочаш рабіць па-свойму. Ды тут яшчэ гэтыя разбойнікі паўжыцця адабралі... Мы цяпер не жывём, а гарым. І душою і целам... І ён яшчэ раўняецца па свайму дзеду! А што твой дзед зрабіў такое? Нічога! Араў, сеяў, жаў. Век у лазовых лапцях хадзіў, жаніўся і то ў пазычаных ботах. Абыходзіла твайго дзеда, што робіцца недзе за тысячы вёрстаў, у Францыі, у Амерыцы. А цябе гэта цікавіць, ты жыў не будзеш, калі прапусціш якую міжнародную навіну! Чытаеш газеты, радыё слухаеш. Адкрыюць раней які новы інстытут у Мінску, табе ўжо карціць: для чаго ён, што там вывучаюць, можа, табе варта ўсадзіць туды свой нос? Дык я табе скажу, мы за дваццаць пяць год рэвалюцыі зрабілі для нашага краю багацця і культуры больш, як нашы дзяды і прадзеды за тысячу год!

Сямён быў непахісны. Нейкі неспакойны дух пярэчлівасці апанаваў сёння маладога кулямётчыка.

— Нашы прадзеды ўжо тое добра зрабілі для нас, што не сышлі са сваёй зямлі. Нікому чужому яе не аддалі.

— А ты аддаеш?

— Я? — перапытаў Сямён.— Калі ласка! Вярніце мне сюды савецкую ўладу, дык я вам усю гэту зямлю аддам. У навечнае карыстанне.

— Бач, які ты разумны. Вярні яму савецкую ўладу! А ты што, слабы, каб яе вярнуць?

— Дык я ж кажу, што не слабы. І вы не слабыя. Гэта нам часам толькі здаецца, што мы слабыя. Мы, брат, часта і не думаем, якія мы моцныя, якая ў нас сіла да жыцця. Вось вы расказвалі, якога вам тады Мішку ўкінулі паліцыянты ў камеру пасля допыту. На ім, казалі вы, жывога месца не аставалася: ні сесці, ні пашавяліцца не мог. Твар увесь чорны, вочы пазапухалі... Вы ўжо думалі — канец хлопцу, бо большага, здавалася, нельга было вытрываць!.. А паглядзіце цяпер на яго фотакартку, прыгледзьцеся, якія ён пераходы робіць, якія міны цягае...

— Цягае цяпер... Бо напружанне вялікае. А скончыцца вайна — тады ўсё і адрыгнецца. І камера гестапа, і бяссоныя дні і ночы. Тады ты адчуеш, што і сэрца тваё надарвана, у баку пачынае калоць.

— У баку няхай сабе коле, толькі каб не ў мяне...

«Начальнік панікі» прапусціў міма вушэй жарт і прадаўжаў далей:

— Яно табе і цяпер, можа, коле, але ты не заўважаеш. Няма табе часу прыслухоўвацца, што робіцца з тваім целам. Бо цяпер сама больш баліць табе і ўсім нам — душа.

— Душа? — перапытаў Сямён.

— То ж, душа. А калі пячэ душу, тады не адчуваеш іншай хваробы. Я вот вам раскажу пра чалавека. Ён цяпер, як і мы, у лесе. Толькі не ў нашым, а ў суседнім атрадзе. Я гэтага чалавека яшчэ да вайны добра ведаў. У нашым паравозным дэпо слесарам працаваў. Дактары тады яго з рук не выпускалі. І прафесары, і акадэмікі няньчыліся з ім. Хаця каб не памёр чалавек, хаця каб яшчэ пару год даўжэй пражыў. Самі ведаеце, як у нас было з чалавекам да вайны. Для яго, калі трохі занядужае, і клінікі, і шпіталі, і дамы адпачынку. Хочаш — у Друскеніках, у Клёнках мацуйся, а не — у Крым, на Каўказ цябе павязуць. Там чысценькае паветра, горы, вадзіца светлая і цёплая... Плёхайся, колькі патрэбна. Ну, і садавіны там усякія паўднёвыя: вінаград, апельсіны, мандарыны. Тут у нас ужо туман, дажджы восеньскія льюць, а там яшчэ можна спаць на дварэ ў адной кашулі. Вядома, поўдзень, курорт. Ад сонца, як ад паравознай топкі, спекатою дыхае...

— У Крыме я адпачываў,— перапыніў у задуменні «начальніка панікі» Мішка.— У Артэку. Цяпер нават не верыцца, што я некалі там быў...

«Начальнік панікі» сурова паглядзеў на Мішку.

— Не перапыняй, хлопец. Дык вот і з маім знаёмым сталася. Дактары ці акадэмікі знайшлі раптам, што ў яго нейкая хвароба страўніка. І адразу павялі атаку на чалавека: чорнага хлеба не есці, сала не есці, мяса ў рот не браць. Толькі белыя піражкі альбо абаранкі, свежае масла і ўсякія іншыя далікатныя прысмакі. І на Каўказ яму прафсаюз пуцёўку цягне. Прыносяць білет на поезд «Мінск — Мінеральныя Воды». Хаця каб чалавек дакладна выконваў доктарскі рэжым, ці як яго там называюць. Каб хоць на пару год даўжэй пражыў!..

І вот я сустракаюся з гэтым чалавекам, калі мы ўжо са сваёй старой у асадніцкай хаце апынуліся. Прыйшоў ён да мяне з вёскі. Жоўты ўвесь, сухі, адны вочы гараць неспакойна. Так і так. Сёе і тое. «Ну, як з вашай хваробай?» — пытаюся нарэшце. «А я яе не чую,— адказвае.— І чорны хлеб, і сала, і мяса,— кажа,— ужо магу есці. Толькі бяда, што няма. Немцы ўсё з вёскі выкачваюць. Я ўжо,— кажа,— пачаў думаць, ці не залішне мяне акадэмікі настрашылі гэтай хваробай? Ці не залішняя ў нас была раскоша для чалавека?» Урэшце просіць, каб я яму дастаў толу альбо патронаў для аўтамата. І выгляд у яго быў такі, што гэты тол і патроны цяпер даражэй для яго, чым французскія булачкі і свежае масла. Чулі, можа, як у Зарэччы першыя нямецкія машыны паляцелі ў неба? Гэта быў мой тол і яго, хворага таго, работа! А яго, гэтага хворага, да вайны на гарматны стрэл у ваенкамат не падпускалі. «Нягодзен для войска»,— ды ўсё.

— А што я вам казаў? — устаючы з калоды, урачыста-спакойна прамовіў Сямён.— Чалавек часта і не думае, які ён моцны і што яшчэ ён можа зрабіць. Па-мойму, значыць, выходзіць. Калі ў яго моцная, па дзеду, косць.

— Дзярмо тут твая косць! — ускіпеў «начальнік панікі».— Гэту тваю косць немцы за адну хвіліну распатроняць, калі ў ёй моцнай жывой душы не будзе! Душа, розум чалавечы ўсім камандуе, усё трымае. Не Мішкава костка вытрымала там, у гестапа, катаванні. Душа, розум усё вытрымалі і перамаглі. Я пра гэтую справу думаю так: калі цябе збіваюць, катуюць, а ты паспавядаўся толькі, прызнаўся, што зрабіў, дык канец. Яны дамагаюцца гэтага не для таго, каб дараваць табе жыццё: смерці тваёй, знішчэння захацелі, падлюгі. Бо калі не гэта, дык навошта катаваць? Праўда, Мішка?

— Правільна, таварыш Баешка,— проста адказаў Мішка.— Я сам так думаў. І яшчэ я адно думаў... калі нас пачалі дапытваць... што калі чалавек на вайне страціў сваю зброю, дык ён страціў і сваю свабоду, сваё жыццё... Але тут таварыш Баешка кажа пра напружанне. А я недзе чытаў, што ў часе вялікага выпрабавання арганізм абнаўляецца, робіцца трывалейшы, у ім нарастаюць нейкія новыя клеткі. І я думаю, што пасля вайны, калі міне небяспека, мы возьмемся за мірную працу такія дужыя, якія мы, можа, не былі і да вайны. І тады свет убачыць, на што здольны савецкі чалавек.

Партызаны паглядзелі адзін на аднаго, але нічога не прамовілі. У гэты момант нехта адчыніў дзверы, і ў зямлянку разам з марозным паветрам уварваўся напружаны і цяжкі гул матораў. Усе адразу прыціхлі і насцеражыліся. А гул нарастаў, мацнеў, шырыўся, пераходзячы ў грукатлівы нястрымны прыбой. Некалькі чалавек рынулася з зямлянкі, але пры выхадзе іх спыніў уладны Драпезаў голас:

— Назад! Галубовіч тут?

Мішка рынуўся з зямлянкі.

— Тут, таварыш камісар.

— Да мяне.

Калі Мішка падбег да камісара, які стаяў каля таўшчэразнага камля сасны, у сінім прасвеце высокіх вяршалін замільгалі тупарылыя «юнкерсы». Мішка паспеў налічыць дзесяць бамбардзіроўшчыкаў. Яны пранесліся за гарой Высокай бокам і зніклі ў напрамку Ласінага броду.

— Усе з зямлянкі! Са зброяй! — падаў каманду Драпеза.— Рассыпацца і не вытыркацца!

Пагрымліваючы зброяй, людзі вынырвалі з зямлянак і беглі ў гушчар. Апошні падняўся паважна па прыступках «начальнік панікі». Не паспеў ён прайсці якія тры крокі, як усё навакол напоўнілася шалёным грукатам, ад якога, здавалася, пахіснулася зямля, пахіснуліся хвоі. З крон градам пасыпаліся на зямлю сухія шышкі. Баешка прыпыніўся і падняў галаву, узіраючыся ў блакітны прасвет.

— Ты чаго, дзед, разявіў рот? — чамусьці весела закрычаў на яго Драпеза.— Не захацеў ісці начальнікам бабскага лагера, дык цяпер тут паскачаш. Ад першай бамбёжкі ногі да зямлі прыкіпелі... Уцякай у гушчар!

«Начальнік панікі» няўцямліва паглядзеў на Драпезу.

— Я ў Мінску, таварыш камісар, і не такой музыкі наслухаўся ў першыя дні вайны. Там бомбы за сто метраў ад мяне падалі. А тут...

Апошнія яго словы патанулі ў новым грукаце і гуле. Са шпіталя выскачыў санітар у белым халаце. Убачыўшы пад сасною Драпезу і Мішку, павёў позіркам па небе і зноў знік у зямлянцы.

А самалёты ўсё валілі і валілі бомбы на Ласіны брод. Неўзабаве адтуль пацягнула ўедлівым і чадным смуродам. Прымчаўся верхам на кані начальнік разведкі Васька.

— Таварыш камісар!.. Немцы ідуць на Высокую!..

— Што ты балбочаш! Адкуль?

— З Пашукоўскіх лясоў.

Драпеза моцна вылаяўся. Па яго разліках яны павінны былі наступаць на Ласіны брод, куды самалёты звальвалі бомбы на падманныя партызанскія дымы. Васькава данясенне адразу ўстрывожыла Драпезу. Ён амаль подбегам рушыў у штабную зямлянку. Праз хвілін пяць адтуль выскачыў камандзір атрада Песенька. Загрымеў сігнал баявой трывогі. Пачуліся рэзкія словы каманды. Збягаючыся да зямлянак, выстройваліся партызаны. Мішка зрабіў пераклічку, таропка агледзеў зброю і павёў свой узвод у акопы на сустрэчу з ворагам. Перад гэтым ён забег у шпіталь. Якаў Пятровіч усё яшчэ рабіў аперацыю...

— Не турбуйцеся,— супакоіў Мішку Хуста.— Рабі сваю справу. Небяспека — ёсць фурманкі. Драпеза загадаў вывозіць шпіталь... Ідзі...

 

ХІ

Гітлераўцы, нават не прыпыніўшыся, змялі лёгкую заслону сакрэтаў і каравулаў каля гаці, рушылі на гару Высокую. Дарэмныя былі намаганні Васькавай разведвальнай групы збіць галоўную сілу карнікаў на падманны след. Эсэсаўцы і паліцэйскія бадай зусім не звярталі ўвагі на агонь па сваіх флангах, нібы загадзя ведалі, што гэта не што іншае, як партызанская хітрасць. Было відаць, што ворага вёў чалавек, які ведаў тутэйшую мясцовасць. Мішка Галубовіч к гэтаму часу ўжо размясціўся са сваім узводам каля завалаў і ў акопах.

— Ну, цяпер ты можаш паказаць немцам сваю моцную косць,— нібы прадаўжаючы раней пачатую гутарку, прашаптаў «начальнік панікі» да Сямёна Рокаша.— Чуе маё сэрца, што нам сёння будзе горача, як у паравознай топцы.

— А чаму не? — проста адказаў Рокаш, папраўляючы свой кулямёт.— Толькі здаецца мне, што такому дзеду, як вы, лепш гэтым часам сядзець пры штабе брыгады і вязаць венікі.

— Што-а? Як ты сказаў?

— Я сказаў, каб вы не вельмі гаманілі, дзядуля,— усё тым жа роўным тонам прашаптаў Сямён.— А то немцы пачуюць, што вы тут, дык ад страху засмуродзяць нам усё паветра...

«Начальнік панікі» змоўк, але не таму, што пагадзіўся з бязлітасна-спакойнымі довадамі Сямёна Рокаша. Падзеі, якія далей пачалі разгортвацца з небывалай у гэтай лясной цішыні хуткасцю, захапілі ўсю яго ўвагу, абвастрылі да незвычайнасці яго слых і зрок.

Гітлераўцаў яшчэ не было відаць, але ўсе адчувалі іх няўхільна-бязлітаснае набліжэнне. Адзін за адным выныралі з нізкарослага балотнага хвойніку сувязныя і, часта азіраючыся на грэблю, аб нечым дакладвалі камісару. Драпеза, выслухаўшы двух чалавек, зняў групу аўтаматчыкаў з лініі абароны і паслаў іх у той бок, адкуль прыйшлі разведчыкі. Потым прымчаўся верхам на кані Васька. Ён адклікаў Драпезу і, час ад часу азіраючыся на грэблю, загаварыў коратка і адрывіста. Потым Васька таргануў за повад каня і, узнімаючы зіхотны снежны пыл, знік у кірунку грэблі.

Хвіліны праз дзве пасля яго ад’езду на схіле гары Высокай паказаліся запрэжаныя ў сані коні. Мішка Галубовіч азірнуўся і замахаў рукамі, паказаў мігамі, каб падводчыкі не вытыркваліся на палянку, а ззаду аб’язджалі гару. Ад гэтай хвіліны камандзір узвода прыслухоўваўся ўжо не толькі да таго, што робіцца наперадзе, але бадай з такім самым напружаннем паглядаў на лагер. «Начальнік панікі» таксама прыслухаўся і раптам пачуў далёкую, ледзь улоўную страляніну за гарой Высокай. Яна то ўзмацнялася, ператвараючыся ў няспынны гул бою, то заціхала зусім. І тады далятала сюды лёгкае рыпенне палазоў па снезе. Мішка Галубовіч, стараючыся стрымліваць хваляванне, падышоў да Сямёна Рокаша.

— У Ласіным бродзе страляюць, Сёма,— ціха пачаў камандзір узвода, саскочыўшы ў акоп і шчытна абсаджваючы на правай руцэ пальцы жоўтай скураной пальчаткі.— Мы павінны трымацца тут да таго часу, пакуль Бондар ці Мікола Віхор не ўдараць па немцах з тылу...

— Як гэта? — павярнуўся «начальнік панікі» да Мішкі Галубовіча.— Тады выходзіць, што нас абкружаюць? Наступаюць ужо з двух бакоў? Я-то добра чую, што робіцца ў Ласіным бродзе!

— Гэта мяне мала абыходзіць, што там робіцца,— суха адказаў Галубовіч.— Камандаванне таксама трошкі разбіраецца ў гэтых справах. А нам дадзены загад, і мы яго павінны выканаць. Няхай сабе смерць! Чуеце? Нашы хлопцы на левым флангу сустракаюць немцаў! Ужо блізка. Падрыхтуйся, Сёма!

Мішка Галубовіч зноў выскачыў з акопа і рушыў на левы фланг, а Сямён Рокаш раптам утаропіўся сваімі спакойнымі шэрымі вачамі ў «начальніка панікі».

— Ты чаго? — захваляваўся той і нечага неспакойна падняў і агледзеў сваю вінтоўку, усяго сябе — ад валёнак да заплямленага снегам жоўтага кажушка.— Чаго ты глядзіш на мяне, як сарока на вавёрку?

Сямён Рокаш прагаварыў у глыбокай задуме:

— Каб вы ведалі, дзядзька Баешка, як я зайздрошчу тым людзям, што цяпер на фронце. Пад Вязьмаю, пад Тарапцом...

Аўтаматчыкі, якіх Мішка Галубовіч паслаў насустрач немцам, зноў паявіліся каля акопаў. Адзін быў без шапкі. Левая яго рука бездапаможна звісала пры боку. Сямён Рокаш уздрыгануўся і павярнуўся да грэблі. Цяпер паміж ім і немцамі была мёртвая прастора. Астатнія разведчыкі, што сачылі за прасоўваннем ворага і паведамлялі аб гэтым Драпезу ці Песеньку, занялі сваё месца ў акопах. Ціха зрабілася на агнявой лініі. І раптам у гэтую цішыню ўварваўся злавесны шум мноства ног па рыпучым снезе. Нават чулася ўжо прыглушанае пакашліванне і цяжкое пырханне матора.

— Танкі! — коратка крыкнуў нехта.— Напэўна, у іх ёсць танкі.

— Глупства! Паніка! — не стрымаўся камандзір узвода.— Гэта грузавікі, ніякіх танкаў тут няма... Увага! Агонь распачынаць толькі па камандзе.

Сямён Рокаш не спускаў позірку з вузкага снежнага прасвету грэблі. Раптам у гэтым прасвеце зачарнеліся асобныя дробныя фігуркі. Да іх было кіламетра паўтара, а можа, і два. Такія ж чорныя фігуркі замільгалі на фоне беластволага дробнага бярэзніку. Поўнячы ўсю грэблю, яны расцякаліся перад палянкай у розныя бакі, зусім не маскуючыся, а, наадварот, яшчэ, здавалася, наўмысля выяўляючы перад партызанамі сваю грозную сілу.

— На левы фланг больш напіхаюцца, падлюгі! — прыгнуўшыся да ўторкнутай у снег ялінкі, прашаптаў Баешка.— Мне здаецца, там шмат паліцаяў. Адны немцы не ішлі б так адкрыта па незнаёмай мясціне...

— Уга, што іх там валіць! А гэта што!

Шаргатліва-шыпучы пошчак пачуўся ад бярэзніку і прамчаўся, захлёбіста выючы, над акопамі. І зараз жа на гары Высокай узвіхурыўся пад сонцам мутны слуп снегу. Партызаны толькі на момант азірнуліся. А снежныя слупы ўжо вырасталі адзін за адным над купчастым хвойнікам гары, абсякалі цёмныя лапы векавых елак на ўскраіне лагера.

— Сумнавата цяпер гаспадарчаму ўзводу,— неяк весела прамовіў да Баешкі разведчык, які толькі што саслізнуў у акоп.— Пакуль пагрузяць на вазы свае чыгуны, вёдры, пакуль кароў давядуць да ладу...

— Іх, можа, ужо даўно там няма,— адказаў Баешка, хутчэй разабраўшыся, чым пачуўшы ў грукаце мінамётаў словы разведчыка.— Дык ты ўжо нагледзеўся на іх. Блізка ты быў ад іх? — Баешка кіўнуў галавою на немцаў.

Разведчык цыркануў праз зубы слінаю.

— Нагледзеўся, хай яны павыдыхаюць. Усіх паліцаяў, відаць, таксама пабралі з сабою. Аднаго з іх, Чорнага Фомку, я разгледзеў у бінокль. Памятаеце, як ён часта чапляўся да Рокаша, калі вы яшчэ сядзелі на хутары?.. Мне здаецца, што яны трошкі гарэлкі хапілі для храбрасці. Кожны наш след, як ганчакі, нюхаюць...

На гэтым іх гаворка перапынілася. Агнявыя сполахі замігцелі перад акопамі, часта засланяючы тое, што рабілася наперадзе. Адна міна з пругкім звонам раскалола паветра метраў за дзесяць ад Сямёна Рокаша, вырвала і змяла Баешкаву маскіровачную хваінку, насыпала за каўнер снегу. Сямён Рокаш не адводзіў позірку ад грэблі. Чорная плынь варожых салдат усё цякла і цякла, беручы на левы фланг, мусіць, для абыходу лагера з тылу. І пакуль не перапыняўся рух на грэблі, размешчаныя перад палянкай для атакі варожыя ланцугі яшчэ не краналіся з месца. Яны бадай зусім не хаваліся, іх чорныя постаці выразна і пагрозна вырысоўваліся на зіхотна-снежнай белі.

Усё ішло так, як складаліся абставіны. Заўважыўшы мноства сцежак, пратаптаных разведчыкамі на левы фланг, гітлераўцы рушылі туды асноўныя сілы, пакінуўшы на правым флангу ўздоўж шашы больш лёгкую заслону.

На левым флангу, які абараняў другі ўзвод Песенькі, ужо застракаталі кулямёты, суха зашчоўкалі аўтаматы. Агонь набліжаўся. Кулі, нарэшце, пачалі ўзнімаць лёгкі снежны пылок і перад акопамі Мішкі Галубовіча. Потым чорныя постаці немцаў выкаціліся з хмызнякоў на палянку і шпарка рушылі наперад. Яны ішлі, выпрастаўшыся на ўвесь рост, тонкія і, здавалася, непамерна доўгія, то сыходзячыся па два альбо па тры разам, то зноў разыходзячыся. У гэты час зямля каля акопаў закалацілася, загрукатала выбухамі мін. І за ўзвіхуранай у неба снежнай заслонай ужо зніклі з позірку немцы, бярэзнік, адкуль адзін за адным выкідваліся на гару Высокую іх бязлітасна-ўпартыя ланцугі для атакі.

Мішка Галубовіч праціснуўся па акопе да Сямёна Рокаша. Схапіў яго за плячо. Закрычаў у самае вуха:

— Сёма, браток! Так гэтыя псіхі нам на галаву зваляцца. Мы не можам страляць уцёмную. Паўзі з кулямётам да ельніку каля грэблі... Там будзе відаць кожная мыш. Хутчэй, браточак!..

Ён яшчэ нешта крычаў, але Сямён Рокаш ужо не чуў. Падхапіўшы кулямёт, ён выбраўся з акопа і рушыў шырокім крокам уздоўж завалаў. За ім, прыгінаючыся ад цяжару дыскаў, ляцеў Віктар Царанок, нязменны яго спадарожнік у часе паходаў на падрывы чыгункі. У ельніку было трохі зацішней. Прайшоўшы крокаў сто ўглыб, Сямён Рокаш згледзеў фурманкі з людзьмі грамадзянскага лагера. Сівабароды стары ў доўгай сукнянай свіце, пазнаўшы Рокаша, кінуўся насустрач.

— Гэтае, здароў, Сёма!.. Што там, гэтае, чуваць?

— Націскаюць, дзядзька Павел,— адказаў, не спыняючыся, Рокаш.— Можа, і цётка Баешка тут?

— Яна, гэтае, з намі,— заспяшаўся стары.— Ты б, можа, гэтае, паразмаўляў з ёю? А-а? Бо немаведама, як яно давядзецца... З Волмы, кажуць, цэлая дывізія сасэсаўцаў наступае. І, гэтае, танкі з імі. І чарапы чалавечыя на іх намаляваны... Гэтае...

Сямён Рокаш павярнуў зноў на ўскрай лесу. Стары, часамі пасцёбваючы па снезе пужкай ад хвалявання, ішоў побач. Заняты гаворкай, ён не заўважыў, як апынуўся каля палянкі, за якіх дзвесце крокаў да немцаў.

— Гэтае... А-я-яй...

Стары раптам захлынуўся ад жаху, як малое дзіця, убачыўшы так блізка ад сябе варожых салдат. Яны ўжо наступалі на партызанскія акопы кароткімі перабежкамі, часта падаючы на зямлю і страляючы ў кірунку ўзнятай мінамі сцяны снежнага пылу.

— А-я-яй!

Дзед Павел рынуўся ў гушчар, чапляючыся за карчы, налятаючы невідушчымі ад страху вачамі на кусты. Сямён Рокаш упаў у снег каля шырокай купіны і, калі доўгія постаці карнікаў усхапіліся для перабежкі, націснуў на гашэтку.

У першы момант немцы не заўважылі, адкуль пачаўся гэты знішчальны агонь. За парадзелым ланцугом ішоў другі. Падоўжны агонь з «Дзегцярова» хутка спустошыў і гэтую лінію. Трэці ланцуг, не дабегшы крокаў дваццаць да забітых, раптам павярнуў назад. Чорны Фомка, які крайні бег на левым флангу побач з обер-яфрэйтарам, шматзначна павёў рукою ўздоўж зрэзанага пісягамі снегу. Гітлеравец здагадліва заківаў галавою...

— Дыск! — люта крыкнуў Рокаш.

Царанок з маланкавай хуткасцю выканаў загад.

Некалькі гітлераўцаў, якія асталіся жывыя, паспрабавалі, зашываючыся ў снег, як чарвякі, адпаўзці назад у бярэзнік. Аднаго разу Віктар Царанок нават усхапіўся, каб лепш бачыць недабітых карнікаў. Хутка палянка ператварылася ў мёртвую пустэльню, густа ўсеяную нерухомымі гітлераўцамі.

— А цяпер на новае месца, Віцька!

Прыгінаючыся да зямлі, Сямён скочыў у бок грэблі. Рэдкія арэхавыя кусты хавалі іх ад немцаў. Рокаш асцярожна выглянуў праз кусты на грэблю. І тут яго аглушыла незвычайная цішыня. Ён здзіўлена паглядзеў на гару Высокую. Снежная сцяна пылу ўжо асела на зямлю, рассеялася ў паветры, і ўся гара зіхацела пад студзеньскім сонцам ужо мірная і ўрачыста-велічная. Нібы ніколі не бушаваў на ёй ураган смерці. Каб не гэтыя глініста-шэрыя варонкі ад мін каля акопаў, не чорныя купіны варожых трупаў на палянцы...

— Даўно гэта так? — шэптам спытаўся, павярнуўшыся да Царанка, Рокаш.

— Што? — не зразумеў Царанок.

— Ну, ціхата каля акопаў.

— Адкуль жа мне ведаць? — пакрыўдзіўся чамусьці Царанок. — Ад гэтага «Дзегцярова» ў мяне і цяпер у вушах грыміць. А ты бачыў, як знямеў стары Павел, калі немцаў і паліцаяў зблізку ўбачыў? Можа, і цяпер лыткі дрыжаць. Нават пугу сваю з рук выпусціў...

Царанок гаварыў шэптам, так яму адказваў і Рокаш, прыслухоўваючыся да ледзь улоўных шолахаў, невыразных шумаў у лясным гушчары. Неўзабаве ўсё там загрымела ад кулямётнага і вінтовачнага агню. Магутнае і шырокае «ўра» страсянула пушчу.

Сямён Рокаш і Царанок усхапіліся на ногі.

— Нашы! Відаць, Віхор прыляцеў! Цяпер трэба глядзець тут добра. Каб гэтых гадаў не пусціць цераз грэблю. Глядзі, Віцька...

Бярэзнік, які доўгі час маўчаў і не варушыўся, раптам ажыў. Чорная лава немцаў кінулася цераз грэблю да партызан, каб зараз жа адкаціцца назад у выратавальны хмызняк, падалей ад гэтага жахлівага прасвету.

— Апошні дыск! — у смутку прашаптаў Царанок.— І што мы цяпер будзем рабіць? Чуеш, Сямён?..

Сямён Рокаш чуў: «ура!» ужо грымела каля грэблі. А Сямён бачыў, як у бярэзніку замітусіліся гітлераўцы і рынуліся ў гушчар. Потым на дарогу выскачыла некалькі коннікаў. Сэрца Сямёна радасна ўздрыганулася. Ён пазнаў віхораўцаў.

— Мы сваё зрабілі, Віцька,— прамовіў Рокаш, падымаючы кулямёт. Падняў, ступіў некалькі крокаў і раптам з шырока расплюшчанымі вачамі паваліўся на снег. Віцька кінуўся да яго. Але ў гэты момант смяротна-пякучы агонь разануў па яго спіне, і ён моўчкі ткнуўся тварам у чысты снег. Далей ён ужо нічога не чуў і не бачыў.

Сямён Рокаш чуў і кароткую чаргу з аўтамата і асцярожныя крокі па рыпучым снезе. Аднак ён не мог паварушыць ні рукамі, ні нагамі. Нехта зусім блізка падышоў да яго. Перамагаючы слабасць, Сямён павярнуў галаву і згледзеў над сабою ненавісны твар Чорнага Фомкі. Халодна мігацелі яго высокія залатыя зубы з-пад хваравіта-чуллівай верхняй губы.

— А, прыпіснік! Здароў, браточак!.. Ну што, страшна цяпер табе? А-а! Баляць цяпер твае ножкі?

Фомка пазіраў на Рокаша звужанымі і ад гэтага, здавалася, вострымі, як бязлітаснае лязо брытвы, вачамі. Указальны палец сутаргава падрыгваў каля спускавога кручка нямецкага аўтамата. Уся яго доўгая постаць, зацягненая ў мышасты шынель, была ў ліхаманкавым напружанні паляўнічага, які даскочыў да смяротна параненага магутнага ляснога жыхара, каб паглядзець зблізку на яго жывога яшчэ, але ўжо бяссільнага. Рокаш, адчуваючы, як з кожнай хвілінай імкліва сплывае крывёю яго жыццё ціха адказаў:

— Мне і цяпер не страшна...

— Што-а? Не страшна?.. Дык, можа, табе хоць весела? А-а?

— Цяжка мне... Падлюга ты... Няма сілы... плюнуць у тваю... морду сабачую...

 

XII

Наступаючы на гітлераўцаў альбо адбіваючыся ад іх, Драпеза заўсёды памятаў пра свае тылы. Тылы — гэта не толькі зямлянкі, катлы, коні, хлеб, каровы,— усё тое, да чаго партызаны вярталіся пасля засады, бою, падрыўной аперацыі ці разведкі, каб абагрэцца, падмацавацца і адпачыць. Тылы, у першую чаргу, як лічыў Драпеза,— гэта параненыя і хворыя таварышы, людзі бездапаможныя, якіх ты не павінен пакідаць на з’ед гітлераўцам, нават калі табе самому пагражае смерць. На другім месцы пасля клопатаў пра раненых стаялі ў жалезных запаведзях Драпезы тол, гранаты, патроны, наогул узбраенне і радыёпрыёмнікі з запасам батарэй. Гэтае дабро, у выпадку адступлення з лагера, павінна было вывозіцца, як і людзі са шпіталя, неадкладна і ў найбольш бяспечныя месцы. Драпеза асабіста сачыў за эвакуацыяй, даваў накіраванні ўрачу, камандзіру гаспадарчага ўзвода. Дзесьці ў непралазных нетрах маладога ельніку альбо на глухіх балотных выспачках былі загадзя падрыхтаваны патаемныя сховішчы, старанна замаскіраваныя зямлянкі, у якія мог трапіць толькі той, хто іх будаваў. Туды накіроўвалася з пэўнымі людзьмі найбольш дарагое і каштоўнае для партызан. Міналася небяспека, і ўсё зноў — і людзі і рэчы — вярталася з патаемных сховішчаў у стары альбо нанава збудаваны лагер.

Як толькі Драпеза дачуўся, што ў Пашукоўскім лесе з’явіліся гітлераўцы, ён у першую чаргу падумаў пра гэтыя сховішчы. Толькі якая-небудзь незвычайная выпадковасць магла прымусіць акупантаў абмежавацца прачосваннем мясцовасці, дзе Карніцкі перарэзаў фашысцкіх главароў Баранавіцкай вобласці. Пра гэта, мусіць, ужо ведае Вільгельм Кубэ, а можа, і сам Гітлер. Інакш не з’явіліся б тут так раптоўна для партызан адборныя эсэсаўскія часці, як далажыў пра гэта Васька, і эскадрылля бамбардзіроўшчыкаў. Пра звычайныя варожыя экспедыцыі Драпеза даведваўся заўсёды загадзя.

Таму, яшчэ да пачатку бою на гары Высокай, пэўныя людзі былі папярэджаны, куды яны павінны накіраваць раненых, узрыўчатку і абсталяванне радыёзямлянкі. Выпадковыя міны, якія пераляцелі гару Высокую і разарваліся непадалёку ад штаба, прыспешылі гэтую эвакуацыю. Драпеза кінуўся да шпіталя, дзе ўжо стаялі напагатове фурманкі.

— Хутчэй нагружайце! — крыкнуў камісар на апранутых у доўгія кажухі партызан.— Каб праз пяць хвілін ад вас тут і духу не асталося.

— Дык жа яшчэ не скончана аперацыя. Доктар адрэзаў Карніцкаму толькі адну руку,— запярэчыў чорнабароды камандзір гаспадарчага ўзвода.

— Маўчаць! Выносьце астатніх раненых і хворых!.. Хочаце, каб ім усім фашысты галовы паадразалі? Хутчэй варушыцеся!

І Драпеза нецярпліва і моцна штурхануў дзверы шпіталя.

Якаў Пятровіч толькі што закончыў ампутацыю правай рукі і цяпер рабіў перавязку. Час ад часу доктар кідаў непакойлівы позірк на раптоўна схуднелы твар Карніцкага, сківіцы якога пачалі неяк сутаргава торгацца. На лбе то з’яўляліся, то знікалі глыбокія зморшчынкі. Пад прасціною заварушыліся ногі. Усё сведчыла пра хуткае абуджэнне ад п’янага сну. Яно адбылося амаль адначасова з грукатам бою, які ўварваўся ў зямлянку, як толькі раз’юшаны Драпеза штурхануў дзверы. Усе, апрача Якава Пятровіча, павярнуліся да камісара, на грудзях якога вісеў аўтамат.

— Згортвай баявыя аперацыі, Талаконцаў! — прыцішаным, але па-ранейшаму нецярпліва-ўладным голасам прамовіў Драпеза.— Зараз сюды заявяцца немцы. Ты іх добра ведаеш... На гэты раз яны цябе ўжо не пагрузяць у эшалон. Хутчэй!

Твар Якава Пятровіча адразу зрабіўся барвовы. Рукі прыкметна задрыжалі. Ледзь стрымліваючыся, ён глуха адказаў:

— Я тады так хацеў трапіць у той эшалон, як цяпер вы... Я на фронце, таварыш камісар, не пакідаў раненых, не пакіну і тут.

Разложысты грукат ад разрываў мін, захлёбістая траскатня кулямётаў, усхваляваныя чалавечыя галасы абудзілі Карніцкага. Ён расплюшчыў вочы, яшчэ нейкія пасалавелыя і невідушчыя, паволі павёў імі па столі зямлянкі, па сценах. Потым паспрабаваў адразу ўсхапіцца, рвануўшы галаву ўгору. Ад гэтага намагання твар яго адразу абсыпала потам. З губ зляцела некалькі моцных слоў... Анна Мікалаеўна здрыганулася, і ў яе балюча сціснулася сэрца ад нейкай тужлівай бездапаможнасці ў голасе камандзіра. Такую жальбу яна чула толькі ў галашэнні дзяцей, якіх пакрыўдзілі грубыя і чэрствыя дарослыя.

Якаў Пятровіч, якога калючыя Драпезавы словы вывелі на нейкі момант з раўнавагі, нахіліўся да самага твару Карніцкага.

— Антон Сафронавіч! — на ўсю сілу закрычаў доктар у яго левае вуха.— Недалёка немцы... Аперацыю закончым у цішэйшым месцы. Зараз трэба выязджаць. Чуеце, што робіцца за гарою Высокай?

Скасіўшы вочы, Карніцкі з пакутлівай дапытлівасцю пазіраў, як варушацца губы ў доктара. Ён толькі пятае цераз дзесятае разабраў, што сказаў доктар. У правым плячы Карніцкага ўжо не пякло полымем. Затое цяпер мацней пякло ў пясці левай рукі. Здавалася, што з яе здзёрлі ўсю скуру, і аголеныя нервы труціць і перацірае пажарсцвелая павязка... Глухата перашкаджала Карніцкаму чуць, што яму гавораць. Таму ён вырашыў цяпер адказваць на ўсё, што з ім будзе рабіць доктар, толькі адным словам «добра». Так зрабіў ён і на гэты раз.

— Просціны! — выпрастаўся Якаў Пятровіч.— Загорнем яго ў просціны, у коўдры — і на сані. Сабраць усе інструменты, лякарствы!

«Нарабіў ты, брат, спраў і сабе і ўсім нам,— паглядаючы, як санітары, вывучаныя за кароткі час Якавам Пятровічам, спрытна загортваюць і захутваюць бездапаможнага Карніцкага,— падумаў Драпеза.— Здаецца, і глядзець няма на што, а гэтулькі варожай сілы рынулася сюды, трапіўшы на твой след. Пяхоты, самалётаў, магчыма, танкаў. Бо нешта ўжо зараўло, загрукатала за Ласіным бродам пасля паветранага налёту. Відаць, сюды кінулі ваенныя часці нават з Мінска. Як жа акупанты могуць дараваць гэты разлічаны і трапны ўдар!..»

Захапляючыся паспяхова праведзенай Карніцкім аперацыяй, Драпеза адначасова і наракаў на яго: цяпер акупанты пачнуць ганяцца за імі, як шалёныя, і многіх сваіх байцоў не пачуе той ці іншы камандзір на вячэрняй пераклічцы...

Карніцкага шпарка вынеслі пад грукат і гул страляніны і паклалі на сані. Фурман з аўтаматам на грудзях таргануў за лейцы, і сані, візгочучы палазамі, рвануліся ў глыб лесу наўздагон фурманак з іншымі параненымі і хворымі.

Якаў Пятровіч і Анна Мікалаеўна, хапаючы і пакуючы інструменты і лякарствы, не паспелі нават скінуць з сябе халатаў. Кажухі яны апранулі ўжо на возе.

Конь бег шырокай рыссю, расхінаючы дугой у бакі калматыя лапкі ельніку. Часам напятыя галіны балюча сцябалі па галовах седакоў, атрасаючы камякі зацвярдзелага снегу. Ніколі раней Якаву Пятровічу не даводзілася рабіць складаных аперацый у такіх дзікіх умовах. А як жа было цярпець чалавеку, якога ў часе гэтай аперацыі сцягваюць са стала, кідаюць на сані і мчаць без духу ў невядомасць! Праўда, грукат бою каля гары Высокай аддаляўся і цішэў, але затое хвілін праз дваццаць усе, хто быў каля Карніцкага, пачулі цяжкі гул самалётаў. Заглушаючы і аддаленую страляніну і парыпванне саней, ён шырокім жалезным валам накочваўся на лес. У гэты час фурманкі вырваліся з цёмных нетраў ельніку на высокі груд, зарослы меднастволымі соснамі. Якаў Пятровіч і Анна Мікалаеўна амаль адначасова паднялі ў неба галовы і ўбачылі бадай што проста над сабою тры распластаныя тупарылыя самалёты. З-пад іх пачалі зрывацца ўніз нейкія чорныя кропкі. Яны хутка рабіліся нябачнымі, раствараючыся ў ясным марозным паветры, якое ўжо напаўнялася тугім прарэзлівым свістам, візгатам, злавесным шоргатам. Ледзяныя абцугі страху ашчаперылі сэрца Анны Мікалаеўны і пачалі сціскаць яго да болю ў вушах. Яна заплюшчыла вочы, і ў гэты момант зямля ў перуновым грукаце і громе гайданулася пад санямі.

Разам з тугой выбуховай хваляй па ствалах і калматых кронах дрэў ударылі асколкі. Перамешаны з ігліцай іней завіхурыў у паветры. Неўзабаве ў гэтай шэра-зялёнай калючай імгле паказалася група коннікаў. Анна Мікалаеўна, якая да гэтага часу крыху ачуняла, пазнала ў адным з іх Васіля Каравая. Яго рыжаватыя вусы былі злосна натапыраныя. Саскочыўшы з каня, Каравай кінуўся да Карніцкага.

— Антон!..— закрычаў Каравай напружана-віскатлівым голасам.— Зараз жа паедзем да мяне. Інакш яны тут цябе даканаюць. А ў маю зону ніводная змяя не адважыцца палезці. Пакуль што трымайся, Антон!.. У Маскве ўжо ведаюць пра твае справы.

— Добра...— ледзьве паварушыў губамі Карніцкі.

Відаць, нехта паспеў паведаміць Караваю і пра стан здароўя Карніцкага. Былы памочнік Пчалы ні пра што не распытваў ні ў хірурга, ні ў Анны Мікалаеўны, нібы лепш за ўсіх на свеце ведаў, што ў гэтую хвіліну трэба рабіць.

Ён загадаў Талаконцаву павярнуць увесь шпіталь на санях зусім у супрацьлеглы бок. Калі Талаконцаў паспрабаваў запярэчыць нешта пра парушэнне загадаў Драпезы, Каравай нецярпліва адрэзаў:

— Рабіце, таварыш Талаконцаў, што я загадваю! Разбірацца будзем пасля. Драпеза, відаць, не ведае, што робіцца навакол. Інакш бы ён не палез у бой, які яму навязалі немцы.

Становішча каля гары Высокай сапраўды змянялася з кожнай хвілінай. Напалоханыя нечаканым ударам віхораўскіх коннікаў, гітлераўцы спярша разгубіліся і рынуліся наўцёкі. Але гэта была толькі нязначная частка тых сіл, якія гаўляйтэр накіраваў супроць партызан. Разведка Каравая данесла, што на бліжэйшую чыгуначную станцыю прыбыў і пачаў разгружацца яшчэ адзін эшалон з танкамі і бронетранспарцёрамі. У выключных выпадках намеснік Гітлера мог затрымаць нават палявыя часці, якія ехалі на фронт, і кінуць іх супроць партызан. Вырашыўшы прыняць бой, Драпеза з Песенькам не ўлічылі адной рашаючай акалічнасці — сваіх боепрыпасаў. Іх магло хапіць толькі на адзін-другі маланкавы налёт, на адну-другую засаду, але не на зацятую і працяглую абарону супроць добра ўзброеных армейскіх часцей. Апрача гэтага, Драпеза і Песенька павінны былі ўзважыць і палітычныя матывы, якімі кіраваліся акупанты: ні ў якім разе не дараваць партызанам знішчэння баранавіцкага акруговага начальства. Бо тое, што здарылася з Фрыдрыхам Фенсам, магло напаткаць і самога гаўляйтэра! Гэта Каравай зразумеў з таго, у якой сляпой злосці, не зважаючы на цяжкія страты, гітлераўцы лезлі на гару Высокую, засыпалі лес авіябомбамі. Цяпер яны не пашкадуюць нічога, каб адрэзаць скаваныя раптоўным ударам сілы Драпезы ад асноўнага партызанскага раёна і знішчыць іх да апошняга байца.

Драпеза па сваёй нявопытнасці пайшоў на тое, чаго ні ў якім разе не дазволіў бы сабе такі спрактыкаваны падпольшчык і партызан, як Карніцкі. Каравай і па сённяшні дзень ганарыўся, што доўгія гады ваяваў побач з гэтым чалавекам.

«Што яны з табою зрабілі, Антоша! — з невымоўным болем у сэрцы падумаў Каравай.— Хоць ты неаднойчы гаварыў, што, ходзячы каля вады, нельга не памачыць ног, але ты ўжо не салдат, Антон! Нават калі і выжывеш!.. А каб ты выжыў,— мы знойдзем табе і зацішны кут і лекі».

Грукат бою аддаляўся і цішэў. Разам з тым змяншалася і небяспека. Якаў Пятровіч крыкнуў на пярэднія сані, каб ехалі больш павольна. Седзячы побач з Карніцкім, Талаконцаў стараўся прыкрыць сабою яго твар ад снегу і пругкіх галін арэшніку, якія навісалі над вузкай лясной дарогай.

Магутныя лясныя нетры раскрывалі перад народнымі мсціўцамі свае грудзі, каб затуліць іх ад ворага, сагрэць і надаць ім новых сіл для далейшай зацятай барацьбы.

Як любіў лес Антон Сафронавіч! Як злаваўся, калі хто дзеля нейкай дурной забаўкі зразаў хоць дубчык, каб памахаць ім у паветры, а пасля кідаў пад ногі.

— Ты ведаеш, што ты зглуміў? — крычаў Карніцкі. — Гэта ж цэлае дрэва: бервяно людзям на хату, дошкі на стол, на шафу, на паркан. Каб свінні не лазілі ў твой гарод і не рыліся там.

— Ну, ужо і дошкі, таварыш камандзір, з такога пруціка!..

— А ты, здаравіла, з чаго вырас? Некалі, відаць, і глядзець не было на што, адным мезеным пальцам цябе падымалі. А цяпер ходзіш, і зямля пад табою ўгінаецца. Бо даглядзелі цябе бацькі, выпаілі, выкармілі, ад хвароб розных вылечвалі. Дрэва — таксама жывое стварэнне, любіць ласку і догляд, а ты яго чыкнуў ножыкам, і тваім унукам, можа, давядзецца праз такіх, як ты, прывозіць сюды матэрыял за тысячы кіламетраў...

Абыякавы, здавалася партызанам, быў цяпер Антон Карніцкі да ўсяго навакольнага. Ён то хваравіта моршчыўся і стагнаў, калі сані дрогаліся на тоўстых карэннях дрэў, то надоўга заплюшчваў павекі і цяжка дыхаў напаўадкрытым ротам.

Хутчэй бы даехаць да ціхага месца і добра агледзець левую руку. У Якава Пятровіча была надзея, што яе яшчэ можна выратаваць. Які б моцны ні быў чалавек, але без рук ён бездапаможны, як малое дзіця...

Відаць, гэта ж самае хвалявала і Кастуся Мялешку. Падсеўшы на сані, ён ціха запытаўся ў хірурга:

— Што вы думаеце рабіць з левай, таварыш Талаконцаў?

— Прыедзем — пабачым,— неазначальна адказаў хірург.— Каб захаваць жыццё камандзіра, патрэбна ампутацыя. Лячэнне знявечанай пясці звязана з вялікай рызыкай для жыцця.

— А вы паспрабуйце яе вылечыць,— у голасе Мялешкі Талаконцаў адчуў не толькі просьбу, але і патрабаванне, нават загад.— Не выбірайце лёгкіх рашэнняў, калі справа ідзе пра далейшы лёс чалавека.

 

XIII

Міналі дні і тыдні. З поўдня падзьмулі цёплыя вятры, сонца ўсё вышэй і вышэй уздымалася над зямлёю. Пачаў асядаць і раставаць снег. Са старых такавішчаў да партызанскіх зямлянак даходзілі раніцою тлумныя вясельныя песні цецерукоў. Ужо набраклі і покаліся ад веснавога соку пупышкі на дрэвах. Антон Сафронавіч усё яшчэ ляжаў у шпіталі. Паволі, вельмі паволі загойваліся яго раны. Але чым далей адыходзіў у мінулае жахлівы выбух, тым больш неспакойна рабілася на сэрцы ў Карніцкага.

— Адваяваўся наш камандзір! — пачуў ён аднойчы гутарку двух партызан.— Гэтулькі год чалавек не выпускаў з рук зброі, і тут, на табе, за адзін момант яе вырвала разам з рукамі. Ён цяпер ужо і не салдат і не работнік...

Так, які ўжо з цябе салдат альбо работнік! Ты нават не можаш сам апрануцца, не можаш сам адчыніць дзвярэй, не можаш сам есці. Цябе людзі вымушаны карміць з лыжачкі!

Такім, як ён, адразу падаюць каманду выйсці са строю, выключаюць са спісаў байцоў, ваенкамат назаўсёды здымае з уліку. Бо чалавеку, які не можа трымаць зброі, няма чаго рабіць у арміі. Пра тое, чым такому інваліду можна займацца, калі надыдуць мірныя дні, Антон Сафронавіч яшчэ не думаў. Часам яму здавалася, што гэта кашмарны сон, які, варта толькі прачнуцца, адразу знікне. Знікнуць з рук недарэчныя бінты, а з вачэй — шпітальная зямлянка, доктар, сёстры...

І яны знікалі ад нястрымнага жадання Карніцкага жыць і дзейнічаць. Правая яго рука зноў моцна сціскала пісталет. Навакол шугала ўгору зеленаватае полымя выбухаў, адзін за адным куляліся ў чорную прорву вагоны. З жандарамі, эсэсаўцамі, каб навучаныя імі сабакі-аўчаркі ўжо ніколі не душылі дзяцей за горла.

А то вяртаўся ён дадому з чарговага баявога задання і хапаў на рукі Надзейку і Анечку. Адну на правую, другую на левую руку. Дочкі весела шчабяталі, як тыя ластаўкі, і туліліся да яго...

Якое шчасце для салдата вярнуцца пасля цяжкага паходу ў мілы сэрцу родны кут, дзе яго чакаюць! Якім ласкавым цяплом пабліскваюць вочы родных, дарагіх табе людзей! Тады і ў табе самім столькі радасці, што яе, здаецца, хопіць на цэлы свет...

Але вось нешта з грукатам валілася на падлогу, і адразу знікала з вачэй Карніцкага ўсё, чым ён жыў і дыхаў. Гэта быў толькі сон! Хворы яго сусед падымаў з падлогі паваленую мыліцу, каб выйсці з зямлянкі. У вокны зазірала раніца. Навакол пачыналі варушыцца на нарах параненыя партызаны, большасць якіх хутка выпішацца, каб зноў стаць у баявы строй. Калі на зямлю апусціцца змрок, яны будуць падпаўзаць да варожых дотаў, мастоў, чыгуначнага палатна, падбірацца з гранатамі да акон варожай казармы. Будуць жыць і змагацца.

Партызаны Карніцкага прыходзілі і прыязджалі за многія кіламетры, каб праведаць свайго цяжка параненага камандзіра. Часам у шпітальнай зямлянцы з’яўляліся Кастусь Мялешка і Хуста Лопас. Яны расказвалі пра справы ў атрадзе, раіліся з ім наконт чарговай баявой аперацыі. Антон Карніцкі ажыўляўся. Прасіў, каб перад ім клалі ваенную карту, і даваў парады, з якога боку лепш падабрацца да ворага.

— Найважнейшая задача атрада — наносіць фашыстам самыя моцныя ўдары. Больш знішчым мы гітлераўцаў тут, менш тады іх будзе на фронце. Гэта — запаведзь для кожнага партызана. І глядзіце, каб разведка працавала па-людску. Без яе партызан — бездапаможны, сляпы чалавек. Мацуйце і трымайце сталую сувязь з надзейнымі людзьмі, якія жывуць у гарнізонах. Няхай яны сочаць за кожным крокам ворага, загадзя папярэджваюць пра яго планы і намеры. Усімі сродкамі набліжайце дзень вызвалення роднай зямлі ад фашысцкіх галаварэзаў!

Ён захапляўся сам і захапляў усіх, хто яго слухаў. Якаў Пятровіч, які заставаў каля ложка Карніцкага такую ваенную нараду з наведвальнікамі, спярша абураўся. Ён нават загадаў нікога са старонніх без яго асабістага дазволу ў шпіталь не прапускаць. Але гэтыя словы ўваходзілі наведвальнікам у адно вуха і зараз жа выляталі праз другое.

Праўда, доктар заўважыў і іншае. Карніцкі пасля такіх сустрэч рабіўся нейкі весялейшы, яго вочы паблісквалі больш жвава. Здавалася, што ад гэтага хутчэй пачалі загойвацца раны. І аднойчы раніцою, пасля чарговай перавязкі, Карніцкі рашуча заявіў Талаконцаву:

— Якаў Пятровіч, выпішыце мяне з вашай установы.

Талаконцаву здалося, што яго хворы трызніць.

— Як гэта выпісаць? — запытаўся ён, няўцямна паглядаючы на Карніцкага.— Куды? Навошта?

— Я хачу ў свой атрад. Цяпер пачынаюцца самыя гарачыя баі. А я ўжо здаровы.

— Супакойцеся і нават не гаварыце пра гэта. Зараз вас будуць карміць. Паправіцеся, я разбінтую вашу левую руку, і тады вам адразу трэба перапраўляцца на Вялікую зямлю. Вы ўжо наваяваліся, Антон Сафронавіч. Вам тут, у гэтым агні, няма больш чаго рабіць.

— А мне здаецца, што мне тут хопіць работы да прыходу Савецкай Арміі. Паслязаўтра я павінен буду з вамі развітацца.

Дарэмна Талаконцаў стараўся затрымаць Карніцкага ад безразважнага, як яму здавалася, учынку. Праз два дні Антон Сафронавіч ужо апынуўся на Воўчай выспе ў сваім атрадзе. Большасць людзей разам з Кастусём Мялешкам была ў гэты дзень на аперацыі. Зайшоўшы з Мішкам у штабную зямлянку, Карніцкі загадаў паклікаць радыста. І калі той з’явіўся, Антон Сафронавіч загаварыў да яго:

— Сядай, браток, пашлём тэлеграму ў Цэнтральны штаб. Пішы: «Выздаравеў. Прыступіў да выканання абавязкаў. Карніцкі».

Радыст здзіўлена паглядзеў на пусты правы рукаў камандзіра, перавёў позірк на марлевы капшук левай рукі, якая вісела на перавязі, і зноў схіліўся над паперай.

Карніцкі зрабіў выгляд, што не заўважыў здзіўлення ў вачах радыста. Няхай сабе здзіўляецца! А ён будзе ваяваць па-ранейшаму. Гэта няважна, што няма чым трымаць зброі. Не абавязкова камандзіру атрада страляць. Ён будзе распрацоўваць аперацыі, кіраваць імі. Выканаўцаў цяпер хапае. З вёсак і гарадоў няспынна прыходзілі новыя людзі. Атрад павялічваўся. У ім ужо налічвалася каля чатырохсот партызан. А некалі іх прызямлілася толькі шаснаццаць.

Шаснаццаць і чатырыста! Чатырыста добраахвотнікаў, якім толькі загадай, дык яны, як гаворыцца, рукамі павырываюць колы з-пад нямецкіх эшалонаў, каб тыя не каціліся на фронт!..

Перад Антонам Карніцкім сядзелі і стаялі камандзіры рот і ўзводаў, якія сышліся ў зямлянку на нараду. Ён па-ранейшаму прыдзірліва і строга аглядаў іх выпраўку, распытваў у кожнага паасобку, што зроблена за апошнія дні. Аказваецца, яго хлопцы не спалі ў шапку. Пакуль ён адлежваўся ў шпіталі, яны дзень пры дні выконвалі самыя цяжкія заданні. Кастусь Мялешка ўмела кіраваў людзьмі!

Праўда, можна было зрабіць значна больш. Пра гэта Антон Карніцкі і загаварыў, выслухаўшы рапарты камандзіраў. У апошні час гітлераўцы спешна пачалі высякаць лес вакол сваіх гарнізонаў, а таксама ўздоўж чыгунак і шашы. Так, лічылі яны, партызанам нельга будзе да іх падабрацца. Засцерагаючы паравозы ад падрываў, акупанты прычаплялі ў іх спераду платформы з баластам. Дарэмная справа! Нішто не выратуе фашыстаў ад справядлівай кулі партызан. Кожная з іх павінна трапіць у цэль, павінна біць гадаў у самае сэрца. Паветра, якім мы дыхаем, і зямля, па якой мы ходзім, хутка будуць ачышчаны ад гэтай погані, калі Савецкая Армія пачне новае наступленне. Але мы павінны ўзмацніць удары па варожых камунікацыях, па варожых логвішчах. Вядома, лесам ці зараснікам падбірацца да фашыста лягчэй. Дрэва — добры друг партызана. А што, як няма яго з табою побач каля чыгункі альбо шашы? Прыпынішся і будзеш глядзець здалёку на недаступныя эшалоны? Глупства! Дзе няма дрэў, дык ёсць трава, ёсць купіны, разоры, па якіх можна непрыкметна падпаўзці з толавымі зарадамі. Трэба толькі добра захацець, паварушыць галавою!..

Антон Карніцкі гатовы быў хоць заўтра ісці са сваімі партызанамі на аперацыю. Але недарэмна яго затрымліваў у шпіталі Якаў Пятровіч. Незагоеныя раны зноў абвалілі камандзіра атрада ўжо на другі дзень уцёку. Талаконцаў, даведаўшыся пра гэта, прымчаўся ў зямлянку Карніцкага.

— Цяпер без майго дазволу вы адсюль не выйдзеце! — рашуча заявіў доктар.— Трэба берагчы сябе. А то атрымаецца, як у той песні, памятаеце?

 

Ни сказок о нас не расскажут,

Ни песен о нас не споют.

 

 

— Гэта, дарагі Якаў Пятровіч, пра мяшчан, якія «как черви слепые живут»,— паморшчыўся Карніцкі.— А пра подзвігі савецкіх людзей у дні вайны будуць і песні спяваць і казкі расказваць.

Яшчэ з месяц пасля бадзёрай тэлеграмы ў Цэнтральны штаб вымушаны быў Антон Карніцкі ваяваць са сваімі цяжкімі ранамі. Толькі моцны, загартаваны за доўгія гады вайны арганізм мог вытрымаць такія жорсткія выпрабаванні. Паступова вярталася ранейшая сіла. Усё часцей пачаў выходзіць камандзір з зямлянкі, зазіраць у штаб. Цяпер, як здавалася Карніцкаму, ён мог па-сапраўднаму пачаць выконваць свае абавязкі камандзіра атрада.

І гітлераўцы хутка адчулі яго знішчальныя ўдары. Адзін за адным ляцелі пад адхон цягнікі, якія накіроўваліся на фронт, падрываліся вадакачкі і казармы, абвальваліся ў рэкі масты, з варожых логаваў знікалі без следу афіцэры і агенты гестапа.

Да Антона Карніцкага прыязджалі камандзіры суседніх партызанскіх атрадаў, каб параіцца, як лепш арганізаваць разведку альбо правесці тую ці іншую баявую аперацыю. І ён радаваўся, што, не зважаючы на цяжкае калецтва, яшчэ патрэбен людзям.

Аднак у яго сэрцы адначасова рос і неспакой. Здаралася гэта ў тыя дні, калі партызаны адыходзілі на самыя небяспечныя заданні. Тады Карніцкаму хацелася самому быць з імі разам. Нават дасканала распрацаваным планам не прадугледзіш усяго таго, што сваімі вачамі ўбачыш на месцы.

І Антон Карніцкі аднойчы не вытрымаў і сам павёў людзей на найбольш адказную аперацыю. Пасля выканання задання партызаны вымушаны былі адыходзіць пад шалёным агнём ворага. Кулі злавесна сыкалі ў паветры. Антон Карніцкі загадаў класціся на зямлю і адпаўзаць.

А сам паўзці не мог! У дадатак да гэтага ён яшчэ і недачуваў. Ён не чуў трэску галінак пад нагамі, не чуў, што шэпчуць яму таварышы.

Увесь чорны, як зямля, вярнуўся Антон Сафронавіч у лагер. Панура паглядаючы на забінтаваную левую руку, хадзіў ён па зямлянцы з кута ў кут. Пракляты выбух! Як ён жорстка ўсё перайначыў. Замест таго каб памагаць, як было раней, іншым, ён, Карніцкі, сам не можа цяпер абысціся без чужой дапамогі. Яго ўсё яшчэ былі вымушаны карміць, як малое дзіця, з лыжачкі! Апранаць яго, абуваць!..

Ці не стаў ён, салдат, нахлебнікам у гэтых суровых людзей, якія, не шкадуючы жыцця, вядуць цяжкі бой з фашысцкімі захопнікамі? Ці не час яму шчыра, як камуністу, прызнацца ў сваёй бездапаможнасці і выйсці са строю! Каб не замінаць іншым у іх барацьбе за свабоду і незалежнасць Савецкай Радзімы!

Бяссонная была ў Антона Карніцкага гэтая ноч. Прыдрамнуў ён крышку толькі пад раніцу. І зноў паўсталі перад ім крутыя горныя сцежкі Іспаніі, па якіх ён, поўны неўтаймоўнай энергіі і сілы, прабіраўся са сваімі бясстрашнымі сябрамі ў варожы тыл. Было і такое, калі яму здалося, што ён апынуўся адзін сярод напаленых сонцам голых скал, што яго сябры-іспанцы зніклі... Антон Карніцкі ў роспачы азірнуўся і зараз жа пачуў знаёмы голас Хуста Лопаса:

— Камарада Антон!.. Камарада Антон! Вам тэлеграма!..

Карніцкі прачнуўся і моцна вылаяўся. Ён быў не ў Іспаніі, а ляжаў у сваёй зямлянцы. Перад ім стаялі Хуста Лопас і радыст. У руках у радыста быў шматок паперы.

— Чытай,— вяла прамовіў Карніцкі.

Тэлеграма была з Цэнтральнага партызанскага штаба. Карніцкаму загадвалі вылятаць у Маскву.

— Што? Ужо нехта паспеў набрахаць пра мае рукі? — не памятаючы сябе, люта закрычаў Карніцкі,— Антон Карніцкі не салдат, а нахлебнік?! Захацелі ад мяне збавіцца? Ану, памажыце апрануцца! Мы яшчэ паваюем!

— Так, паваюем, камарада Антон,— падтрымаў яго Лопас. — Толькі вам не трэба хадзіць у бой. Пра гэта ўсе партызаны гавораць.

— Пажывём — пабачым...— суха адказаў Карніцкі пасля доўгага маўчання.— Пакуль цэлая галава на плячах...

Ён з нейкай шалёнай настойлівасцю браўся за падрыхтоўку новых аперацый. Толькі неспакой яго і трывога за свой далейшы лёс не змяншаліся. Можа, людзі наўмысля не падаюць віду, што сённяшні іх камандзір ужо не той, які быў учора? Можа, яны для прыліку па-ранейшаму горнуцца да яго. Але не! Па-ранейшаму прыязджаюць да яго раіцца камандзіры суседніх атрадаў, справы не стаяць на адным месцы! Выбухі мін яго падрыўных груп разлягаюцца навакол! Чыгуначныя пуці на станцыях запханы эшалонамі, якія па некалькі дзён не могуць прарвацца на Усход праз горы патрушчаных паравозаў, вагонаў, нагрувашчаных танкаў.

Не, відаць, ён, Антон Карніцкі, яшчэ тут патрэбен!

 

XIV

Калі Карніцкі, прадчуваючы нешта нядобрае ў тэлеграмах Цэнтральнага штаба, не спяшаўся на партызанскі аэрадром вядомай цяпер балотнай выспы Зыслаў, дык Васіль Каравай не марудзіў і хвіліны. Рыхтаваліся буйнейшыя аперацыі, якія пасля ўвайшлі ў гісторыю барацьбы з фашысцкімі захопнікамі пад назвай «рэйкавай вайны». Камандзіры партызанскіх злучэнняў маглі многае падказаць у распрацоўцы планаў, і Васіль Каравай думаў, што яго выклікалі толькі для справаздачы.

Былому памочніку Карніцкага не цярпелася сустрэцца з начальнікам штаба генералам Асокіным. Але генерала якраз выклікалі ў Цэнтральны Камітэт партыі.

— Вы сёння адпачывайце, таварыш Каравай,— параіў ад’ютант генерала.— А заўтра, калі ласка, прыходзьце а дзесятай гадзіне. Пётр Антонавіч вельмі хоча з вамі сустрэцца.

Гэтае «Пётр Антонавіч», вымаўленае неяк па-цывільнаму, прыгадала Караваю даваенныя часы, мірную цішыню Мінска, сям’ю. Як яны там жывуць сёння ў Свярдлоўску. Вера, хлопцы? Трэба будзе адпрасіцца ў Пятра Антонавіча і з’ездзіць на пару дзён.

Назаўтра раніцою Васіль Каравай з’явіўся да Асокіна ў дакладна вызначаны час.

— Пётр Антонавіч вас чакае,— паведаміў яму ад’ютант,— заходзьце.

Васіль Каравай злёгку дакрануўся да сваіх пышных вусоў, нібы для таго, каб упэўніцца, што яны на месцы і ў належным парадку, ступіў у кабінет.

— Здравія жалаю, таварыш генерал. Палкоўнік Каравай па вашаму загаду прыбыў.

Генерал Асокін сядзеў за сваім пісьмовым сталом, схіліўшыся над паперамі. Ад гучнага караваеўскага голасу ён здрыгануўся і падняў галаву. Потым шпарка ўстаў з крэсла і пайшоў насустрач партызанскаму палкоўніку.

— У-ух, які ты шумны, братка! — па-прасцецку і шчыра здзівіўся Асокін. — «Таварыш генерал!..», «Здравія жалаю!..»

Яны пацалаваліся некалькі разоў. Потым Асокін адступіўся крыху, любуючыся магутнай і ладнай постаццю Каравая.

— Пётр Антонавіч...

— То-та ж! — здаволена буркнуў Асокін.— А то — «генерал»!.. Разваяваліся там, чэрці лазатыя, што невядома, як цяпер будзе настроіць вас на мірны лад. Ну, сядай і расказвай.

— Я ўчора перадаў вашаму ад’ютанту падрабязны рапарт.

— Я яго прачытаў. Ты мне растлумач тое, чаго няма ў рапарце. Што там у вас атрымалася з Карніцкім? Чаму ён утаіў, што яму ампутавалі руку?

— Я думаю, ён баяўся, каб яго не адклікалі на Вялікую зямлю, Пётр Антонавіч. Ён хоча ваяваць з акупантамі да прыходу туды нашай арміі.

— Во-во... Бязрукі ваяка! А куды варта дысцыпліна? Ён нават не адказаў на дзве апошнія радыёграмы, якімі мы адклікалі яго ў Маскву! Што нам з ім цяпер рабіць? Ты яго добра ведаеш. Парай.

— А вы, Пётр Антонавіч, пашліце трэцюю. Напішыце, што ён вельмі патрэбен тут.

— Вельмі патрэбен? Гм... можа, ты маеш рацыю. Гэта не адстаўка, а новае заданне. А-а? Сёння павінен быць падпісаны Указ аб прысваенні Карніцкаму звання Героя Савецкага Саюза. Мы павіншуем яго і загадаем вылятаць у Маскву...

 

Пасля гэтай размовы мінуў месяц. Карніцкі ў афіцэрскім кіцелі з пустым правым рукавом і левай рукою на перавязі апынуўся на лесвічнай пляцоўцы новага дома. У апошнім лісце жонка пісала, што ім далі новую кватэру, што Асокін памог ім перабрацца. Надзейка і Анечка вельмі сумуюць па бацьку і не могуць дачакацца, калі скончыцца вайна. Яны па пяць разоў перачытваюць кожны яго ліст...

І вось ён сам прыехаў... І не адзін, а з Мішкам. У Мішкі за плячамі поўны рэчавы мяшок. Карніцкі быў разгублены. Ён нават азірнуўся, перш чым сказаць:

— Ну, вось мы і на сваёй базе, Мішка. Смела звані, стукай у гэтыя дзверы.

Мішка націснуў на кнопку званка. За дзвярамі пачуліся лёгкія крокі. Карніцкі іх пазнаў. Дзверы расчыніліся. У іх праёме — Паліна Фёдараўна.

— Антон! — радасна закрычала яна — Ант... Божа мой!..

Яна зірнула на пусты правы рукаў, на забінтаваную левую руку і ў жаху адступілася назад.

А ў гэты час з-за Паліны Фёдараўны паказаліся Надзейка і Анечка. З крыкам «Татка!» яны абнялі за шыю схіленага да іх бацьку, зусім не заўважаючы яго калецтва.

Карніцкі пацалаваўся з дзецьмі, прамовіў урачыстым голасам:

— Абвяшчаецца пасадка на самалёт «Партызанскі край — Вялікая зямля».

Надзейка і Анечка павіслі на яго шыі, і так ён унёс іх у пакой.

Мішка ўвайшоў следам, прыкрыўшы за сабою дзверы. Зняў з-за плеч рэчавы мяшок, паклаў яго ў кутку каля дзвярэй. Зірнуў на Паліну Фёдараўну, якая ніякавата стаяла каля стала. Карніцкі тым часам, абышоўшы з дзецьмі вакол стала, абвясціў усё тым жа ўрачыстым голасам:

— Масква, самалёт ідзе на пасадку.

Ён сеў разам з дзецьмі на канапе.

— Расказвайце ўсё. Слова даецца Анне Антонаўне.

Надзейка, зазіраючы ў твар, прашчабятала:

— Хадзем, я табе пакажу новенькую ванну, новенькую спальню, новенькі кабінет. Дзядзька Асокін прывёз нам пяцьдзесят новенькіх ключоў і сказаў — выбірайце, Героі Савецкага Саюза, любую кватэру ў новенькім доме. Ой, татка, як тут весела!

Яна пацягнула бацьку за крысо кіцеля з пакоя. За імі выйшла і Анечка.

Паліна Фёдараўна толькі цяпер схамянулася і падала Мішку крэсла.

— Сядайце, калі ласка. Мне здаецца, я недзе вас бачыла.

— У Пышкавічах, Паліна Фёдараўна. Галубовічаў памятаеце?

— Памятаю.

— Дык вось я іх сын, Мішка. Антон Сафронавіч узяў мяне ў свой атрад, як толькі прыляцеў з Масквы.

Паліна Фёдараўна, азірнуўшыся на дзверы, нахілілася да Мішкі:

— Даўно... гэтае з ім?

— Што?

Паліна Фёдараўна паказала на сваю правую, потым левую руку.

— Паўгода.

— Паўгода!.. Як жа ён пісаў нам лісты?

Мішка, пазіраючы зачараванымі вачамі праз акно на заліты сонечным святлом Крэмль, прамовіў:

— Лісты пісаў я.

— Вы? Але ж дакладна яго почырк!

— Я, Паліна Фёдараўна, умею рабіць любыя нямецкія аўсвайсы.

— Цяпер зразумела... А бацькі вашы... дзе яны?

— Мацуюцца ў лесе.

— Чаму ў лесе? А Пышкавічы?

— Ад Пышкавіч асталіся адны галавешкі. Вы, Паліна Фёдараўна, не пазнаеце цяпер Беларусі. Бадай што ўся яна перабралася ў лес. Напрыклад, на Воўчай выспе можна сустрэць больш людзей, чым на якім гарадскім праспекце.

— А сады?

— І сады пагарэлі.

— Ах, як шкада!

— Людзей, Паліна Фёдараўна, больш шкада. Сады можна новыя пасадзіць. Мой бацька казаў, што Антон Сафронавіч яшчэ да рэвалюцыі вучыўся на садоўніка і перад вайною скончыў Чкалаўскі сельскагаспадарчы інстытут. Ён ведае, як што садзіць і гадаваць. Вось прагонім гітлераўцаў, вы пераедзеце ў Пышкавічы...

У дзвярах паказаўся Карніцкі з дзецьмі.

— Мішка! — рашуча перапыніў ён свайго ад’ютанта.— Пакажы Надзейцы і Анечцы, што там ёсць у тваім цудоўным мяшочку. Ідзіце, дзеткі, да дзядзькі Мішы...

І нейкім па-шыбельніцку вясёлым тонам прамовіў да жонкі:

— А ты, Поля, набяры нумар майго хроснага бацькі, Асокіна, і скажы яму толькі два словы: «Антон дома». Я хачу, каб у мяне былі сёння самыя лепшыя сябры нашай сям’і.

У калідоры трынкнуў званок. Карніцкая, якая безуважна ўзялася за трубку тэлефона, зноў паклала яе і пайшла адчыняць дзверы. Паштальёнка сунула ёй газету.

— Ваша «Правда». Чытайце, Паліна Фёдараўна, на другой старонцы.

— Дзякую.

Яна зачыніла дзверы і разгарнула газету. Але тое, што яна ўбачыла на другой старонцы ўнізе, не ўсхвалявала яе, як раней. Падаючы мужу газету, прамовіла:

— Нарыс пра цябе.

— «Гэта твой сын, Радзіма...» І мой партрэт? Адкуль?

— Тыдзень таму назад заходзіў карэспандэнт «Правды». Распытваў пра цябе. Папрасіў твой фотаздымак.

Увечары прыйшоў генерал Асокін. Паліна Фёдараўна насіла з кухні і ставіла на стол ежу. Ёй памагаў Мішка.

Карніцкі звярнуўся да Асокіна.

— Разбінтуй мне руку, хросны...

Жонка схамянулася, падышла да мужа:

— Я сама...

— Не жаночая гэта справа, Поля. А раптам і гэтай рукі няма?..

— Не кажы так, Антон,— перапыніў яго Асокін.— Хадзем у кабінет.

Яны рушылі ў кабінет. Асокін шчыльна прычыніў дзверы. Запытаўся, беручыся за перавязь:

— Вы што — пасварыліся?

— Не... Скажы, ты пазнаў мой почырк?

— У апошніх лістах быў толькі твой дух, а не рука.

— Вось бачыш. А яна не пазнала!

— Не надавай гэтаму значэння.

— У семнаццатым годзе адзін іванаўскі ткач вучыў аднаго беларускага хлопца ўсяму надаваць значэнне. Памятаеш акопы пад Баранавічамі?

— Калі яно было?!

— Так, даўно. Але з таго часу я інакш пачаў глядзець на людзей і іх справы. Бачыш гэтыя пальцы?

— Было работы твайму доктару!

— Яго прозвішча Талаконцаў. Каб ты ведаў, з чаго ён, чараўнік, змайстраваў гэтую руку!.. Так, цяпер я поўны інвалід...

— Супакойся, Антон. Хопіць табе работы. Будзеш выступаць на заводах, у калгасах.

— А што далей? Пазіраць на свой пусты правы рукаў? З Масквы ты праводзіў групу, якая налічвала толькі шаснаццаць байцоў. Сёння вакол іх ужо сабралася чатырыста чалавек адборных партызан. Ты і Галінін жыўцом адарвалі мяне ад маіх хлопцаў, каб ператварыць у бяздумнага пенсіянера. Толькі з гэтага ў вас нічога не выйдзе!..

 

Частка трэцяя

 

 

І

На кватэры ў Карніцкага часта званіў тэлефон. Антона Сафронавіча запрашалі на фабрыкі і заводы, у саўгасы і калгасы: расказаць пра барацьбу беларускага народа з фашысцкімі захопнікамі. Раптам з’явілася шмат новых знаёмых, якія вельмі хацелі, каб ён разам з жонкай пабываў у іх у гасцях.

Увесь савецкі народ у той час перажываў вялікі ўздым пасля нядаўняй і грознай небяспекі. Нашы арміі няўхільна пасоўваліся на захад, вызваляючы ўсё новыя і новыя землі. У Беларусі савецкія войскі дайшлі да Дняпра і рыхтаваліся да новых удараў па ворагу.

Антон Карніцкі штодня нецярпліва чакаў апошніх паведамленняў па радыё. Над Масквою ўсё часцей і часцей грукаталі салюты перамогі, і вячэрняе неба падоўгу зіхацела ад рознакаляровых ракет.

Яшчэ ў партызанскім шпіталі Карніцкі пачаў думаць пра свой далейшы лёс. Вось скончыцца вайна, і кожны чалавек вернецца да ранейшых спраў. А куды вернецца ён? У органы дзяржаўнай бяспекі? Дык жа там, як і ў арміі, патрэбны фізічна здаровыя людзі.

І вось тады ўпершыню неяк па-іншаму стаў ён глядзець на свае Пышкавічы. А што, калі пераехаць туды назаўсёды?.. Жыць і працаваць. Але гэта было яшчэ нешта няпэўнае, невыразнае, як след бліскавіцы. Уцёкі са шпіталя, далейшыя напружаныя баі з гітлераўцамі толькі на некаторы момант аддалілі ідэю, якая пазней ужо не давала яму спакою.

Пакуль што ён яшчэ нікому пра яе не казаў. Ён цяпер быў пенсіянер, часам — дакладчык, як жартаўліва сам сябе называў... Да гэтага часу ўсё сваё свядомае жыццё ён выконваў любую работу, вынікі якой добра былі відаць не толькі яму, але і многім людзям. Заўсёды ён быў у калектыве і з калектывам. Дзесяткі і сотні людзей слухалі, што гаворыць ён, ён слухаў, што гавораць іншыя: тычылася гэта вялікіх дзяржаўных планаў ці лёсу таго альбо іншага чалавека. Антона Сафронавіча выклікалі на нарады, дзе вырашаліся сур’ёзныя пытанні, яго часта падымалі сярод ночы тэлефонныя званкі. І ён, як нястомны салдат, тэрмінова павінен быў імчацца на такія заданні, з якіх не заўсёды можаш вярнуцца жывы.

А тут раптам усё заглухла. Ён астаўся адзін. Пенсіянер! Спі, колькі хочаш. Хочаш — рабі, хочаш — не рабі... Ужо ніколі сярод ночы не зазвоніць патрабавальна-трывожны званок. «Уставай, Антон Сафронавіч, ты нам вельмі патрэбен!» Не, цяпер ён ужо нікому не патрэбен! У часе вялікай атакі яго выбіла з сядла, на якое яму больш не сесці, каб дагнаць тых, хто імчыцца наперад.

Дык не ж! Ён яшчэ будзе змагацца! Камуністы, якія некалі рэкамендавалі яго ў партыю, вучылі быць заўсёды ініцыятыўным і настойлівым, вучылі заўсёды глядзець наперад!

Паліна Фёдараўна тым часам пачала заўважаць у Антона нейкую ўсхваляванасць, калі гаворка заходзіла пра будучыню.

Некаторыя іх знаёмыя палкоўнікі і падпалкоўнікі, дэмабілізаваныя, як і Карніцкі, з арміі, заняліся ўласнымі дачамі. Слухаючы гамонку пра асабістыя зямельныя ўчасткі, салідныя катэджы і плантацыі агрэсту альбо клубнікі, Антон з’едліва ўсміхаўся.

Добра знаёмы Карніцкаму чалавек, прадбачлівасцю і гаспадарлівасцю якога захаплялася Паліна Фёдараўна, мог бы яшчэ працаваць і працаваць на грамадска карыснай рабоце. Як гаворыцца, усе яго рукі і ногі асталіся цэлыя: проста палічылі чалавека нягодным для службы ў арміі па нейкіх там невядомых унутраных хваробах. Аднак гэтыя ўнутраныя хваробы зусім не перашкаджаюць яму па два і тры разы на дзень лятаць з аднаго канца горада ў другі ў пошуках танных дошчак, пакосту, шкла альбо вельмі ўрадлівага гатунку чорных парэчак.

Карніцкі таксама часцей пачаў вандраваць па горадзе. Левая яго рука ўжо загаілася. Зайшоўшы ў кніжны магазін, ён перагортваў старонкі новых сельскагаспадарчых брашур і падручнікаў. Асабліва яго цікавілі нарысы пра перадавыя калгасы і саўгасы. Вярнуўшыся дадому з такімі навінкамі, ён прачытваў іх ад пачатку да канца. Ніхто яго ўжо больш не турбаваў. У любую хвіліну ён мог цяпер паехаць куды толькі захочацца: на дзень, на тыдзень, нават на ўвесь год.

І ён пачаў ездзіць. Спярша ў калгас імя Сталіна Маскоўскай вобласці, да старшыні Фёдара Сцяпанавіча Генералава, потым яго пацягнула ў славуты саўгас «Караваева» Кастрамской вобласці. Герой Сацыялістычнай Працы Станіслаў Іванавіч Штэйман ніколі раней не сустракаў такога цікаўнага наведвальніка, як гэты падпалкоўнік дзяржбяспекі ў адстаўцы — Герой Савецкага Саюза.

Колькі славутыя каровы-кастрамічкі даюць кілаграмаў малака! Як іх трэба даглядаць? Дзе і з кім трэба гаварыць, каб дастаць на развод з дзесятак, а то і больш каштоўных цялят?

Разам з вядомым на ўсю краіну заатэхнікам Карніцкі ішоў на саўгасныя фермы, каб сваімі вачамі паглядзець на працу даярак, пачуць ад іх слова пра новую пароду кароў. Ён не мог запісваць. Але з маленства ў яго была добрая памяць. Яна захавалася і да гэтага часу. Таму ён усё, што яму расказвалі, запамінаў.

Усхваляваны нечуванымі раней надоямі і ўраджаямі, вяртаўся Антон Сафронавіч з паездак у лепшыя саўгасы і калгасы. Яму хацелася расказаць пра свае ўражанні жонцы, але яна чамусьці вельмі непрыхільна ставілася да яго захаплення сельскай гаспадаркай. Часам Карніцкі нават не знаходзіў кніг, якія прынёс з магазіна ўчора.

Аднойчы яна зноў загаварыла пра будаўніцтва дачы. Васіль Каравай, чула яна, і той думае асталявацца ў Маскве і зладаваць дзе-небудзь непадалёку прыгожы дачны домік. А ён, Антон, каб захацеў, дык бы яму далі ўчастак і ў Крыме ці на Каўказе...

— А можа, нам лепш паехаць у Пышкавічы?

— Ты што, звар’яцеў? Кінуць такую кватэру?

— А што я тут буду рабіць?

— Я ўжо табе не раз казала. Даволі ты наваяваўся за сваё жыццё. Можаш пажыць спакойна.

— Мне не стае работы. Ты разумееш, што я не магу сядзець без справы. А ў Пышкавічах мне яе хопіць. І дзецям там будзе лепш. Усюды чыстае паветра, рэчка....

— Нікуды я з Масквы не паеду. Запомні гэта, і дзяцей ад сябе не адпушчу.

Надзейка і Анечка нават не падазравалі, што адбываецца ў сям’і. Яны радаваліся, што бацька з імі і яго ўжо ніколі і нікуды не выклічуць надоўга. Як толькі грымеў чарговы салют, дочкі з вясёлым шумам урываліся ў пакой, дзе працаваў бацька, і цягнулі яго да акна. Радыё паведамляла пра вызваленыя Савецкай Арміяй новыя гарады, пра аднаўленне там народнай гаспадаркі пасля выгнання фашысцкіх захопнікаў. Хутка стануць вольнымі і яго Пышкавічы. І тады ён ажыццявіць сваю мару, якая нарадзілася ў партызанскім шпіталі. Узняць з попелу і руін калгас, зрабіць яго яшчэ прыгажэйшым, чым быў ён да вайны. Пра гэта ён нядаўна і напісаў заяву ў партыйныя органы. Цяпер ён з нецярплівасцю чакаў адтуль выкліку. І Антона Карніцкага неўзабаве выклікалі. Яго просьбу аб накіраванні ў родную вёску Пышкавічы сустрэлі прыхільна. «Калі ласка, Антон Сафронавіч, як толькі будзе вызвалена ад акупантаў ваша вёска, можаце туды ехаць. Вам акажуць адпаведную дапамогу».

Дадому Карніцкі ляцеў, як на крылах. Яму зноў дазволілі вярнуцца ў строй, памаглі выбрацца з глухога тупіка, у які загнаў пракляты выбух толавага зарада. Цяпер трэба дзейнічаць! Неадкладна, зараз жа!

 

ІІ

Паліна Фёдараўна пазваніла Вікторыі Аркадзеўне і папрасіла, каб тая даведалася ў архітэктара Лазарэвіча, ці хутка будзе гатовы праект дачы.

— А гэты чараўнік, Полечка, якраз у мяне і сядзіць,— праспявала Вікторыя Аркадзеўна.— Мы зараз з ім зробім налёт на вашу базу. Запраста!

Паклаўшы тэлефонную трубку, Вікторыя Аркадзеўна рашуча траханула чорнай грыўкай і скамандавала свайму госцю:

— Сашка, на лінейку!

Сашка, якому Вікторыя Аркадзеўна загадала станавіцца на лінейку, быў ужо ў салідным узросце. Бліскучую яго лысіну акаймоўваў венчык рэдкіх і лёгенькіх, як пух, валасоў. На чыста паголеным, але стомленым твары архітэктара свяціліся шэрыя, разумныя вочы. Лазарэвіча спярша шакіравалі і фамільярныя адносіны да яго гэтай прыгожай жанчыны і яе ледзь не блатняцкі жаргон. Магчыма, гэта была звычайная бравада, якая прыстала да яе ў цяжкія ваенныя дні. Пэўны час Вікторыя Аркадзеўна хадзіла нават у простых кірзавых ботах і кароткай ватоўцы, хоць у яе ставала лепшага адзення і абутку. Яна нават навучылася цыркаць праз зубы слінаю. Цяпер Вікторыя Аркадзеўна зноў пачала апранацца па-ранейшаму прыгожа і напамінала сваім знаёмым, што хутка ўсіх іх давядзе да належнага парадку.

— Пасля ўсяго, што было, ды каб не апрануцца?! Не думаць пра свой дабрабыт?! Не, прабачце!.. Няхай тыя, хто нарабіў нашаму народу столькі гора, трасуць цяпер сваімі рызманамі. А мы, пераможцы, павінны жыць па-каралеўску.

Калі хто-небудзь жартам пытаўся ў Вікторыі Аркадзеўны, калі гэта будзе, яна пераканана адказвала:

— Вельмі хутка. Амерыканцы нам памогуць.

Апынуўшыся цяпер з Лазарэвічам на вуліцы, яны вырашылі ісці да Карніцкіх пешшу. Летні дзень быў сонечны. Паўз іх імчалі тралейбусы, аўтобусы, легкавыя машыны. На шырокім тратуары — паспешлівы людскі паток, у якім трапляліся афіцэры з чамаданамі і салдаты з рэчавымі мяшкамі за плячамі. Узяўшы Вікторыю Аркадзеўну пад руку, Лазарэвіч паволі крочыў краем тратуара. Час ад часу ён кідаў кароткі позірк на той ці іншы дом. Некаторыя з іх былі яшчэ пакрыты камуфляжам. Каля аднаго дома Лазарэвіч раптам адхіснуўся, пацягнуўшы за сабою і Вікторыю Аркадзеўну. Высока ўгары, стоячы на падвешанай люльцы, рабочы шырокімі ўзмахамі пэндзля забельваў камуфляж, і некалькі кропель зляцела адтуль на рукаў Лазарэвіча.

Дзверы ім адчыніла Паліна Фёдараўна.

— Заходзьце, калі ласка. Хутка павінен вярнуцца і Антон Сафронавіч.

— А куды ён пайшоў?

— Яго выклікалі ў абком.

— Маглі б ужо і не турбаваць такога чалавека,— буркнуў Лазарэвіч, вешаючы ў пярэдняй капялюш.— Не любіць наша начальства абыходзіцца без людзей. Інвалідам і тым не даюць спакою. Відаць, зноў пашлюць выступаць дзе-небудзь на мітынгу... Ну, Паліна Фёдараўна, ваш агульны з Вікторыяй Аркадзеўнай заказ я выканаў. Можаце цяпер крытыкаваць: лаяць, хваліць, што вам лепш падабаецца.

Ён адкрыў вечка чорнага круглага футарала і дастаў адтуль некалькі лістоў ватмана. Паклаўшы ўсё гэта на стол, Лазарэвіч пачаў заклапочана падпраўляць лёгенькі венчык сваіх валасоў.

— Я ўжо глядзела, Полечка,— разгортваючы паперы, загаварыла Вікторыя Аркадзеўна.— Каравай пасівее ад зайздрасці, калі ўбачыць вашу дачу.

Яны схіліліся над ватманам, але ў гэтую хвіліну ў пярэдняй зазвінелі два працяжныя званкі. І адразу расчыніліся дзверы з кабінета. З іх спярша паказалася Надзейка, а за ёю Анечка. З крыкам «Татка!» дзяўчынкі кінуліся ў пярэднюю. Адтуль пачуліся ўзрушаныя дзіцячыя галасы: «Татка, татка!» і здаволеная каманда Карніцкага: «Смі-ір-рна!.. шагам ар-рш!» З пярэдняй увайшлі, маршыруючы і ўсміхаючыся шчасліва, Анечка, за ёю Надзейка, а за Надзейкай Карніцкі.

Анечка, захопленая гульнёю, прамаршыравала вакол стала, за ёй Надзейка, бацька. Карніцкі каля ўваходных дзвярэй крануў рукою Надзейку і шапнуў ёй, каб яна хавалася за ім. Яны зніклі у пярэдняй. Анечка схамянулася, калі ў пакоі, апрача маці і гасцей, ужо нікога не было. Яна кінулася ў спальню, пачала шукаць пад ложкамі, пабегла потым у кабінет, адтуль — у кухню. Нікога і там! Тады Анечка кінулася ў ванны пакой.

Карніцкі і Надзейка тым часам прытуліліся за расчыненымі дзвярыма. Анечка іх не заўважыла і з плачам: «Мама, мама!» пабегла ў сталовую.

Надзейка запыталася змоўніцкім голасам у бацькі:

— Прачыталі нашу заяву?

— Прачыталі...

— Ехаць...

— Ух, якія свядомыя людзі ў абкоме!

Пачуліся крокі, Карніцкі і Надзейка схамянуліся, калі Паліна Фёдараўна зазірнула ў ванны пакой. Яны з нявінным відам падаліся ёй насустрач.

— Як табе не сорам, Антон,— прамовіла Паліна Фёдараўна.— Лазарэвіч даўно цябе чакае. Ты нават не прывітаўся ні з ім, ні з Вікторыяй Аркадзеўнай.

— Ну, што ж, падавай мяне свайму Лазарэвічу,— адказаў Антон Сафронавіч, ідучы за Палінай Фёдараўнай у сталовую.— Я стану паслухмяным хлопчыкам.

У сталовай Лазарэвіч ужо сам выпростваў скруткі ватману. Паціснуўшы пададзеную Карніцкім левую руку, прапанаваў:

— Зірніце, калі ласка, на гэты ліст.

— Ого! Выдатны асабняк.

— Яго можна пабудаваць і тут і на Чарнаморскім узбярэжжы. Вось першы паверх. Пярэдняя, гасціны пакой, кухня, ванны пакой, сталовая, спальня. Ваш рабочы кабінет будзе на другім паверсе. Там жа, побач, пакой адпачынку.

— А тут што?

— Гараж. Трэба думаць, што зямлі для вашай гаспадаркі не пашкадуюць. Гэты ўчастак засадзім фруктовымі дрэвамі. Тут, калі захочаце, будзе вінаграднік. Пограб я спланаваў пад гаражом... як у палкоўніка Курыцына.

— Ага, як у Курыцына... А канюшню вы не прадугледзелі?

Паліна Фёдараўна няўцямна паглядзела на мужа: жартуе ён ці кажа сур’ёзна?

— Прабачце, але Паліна Фёдараўна нічога не гаварыла пра канюшню.

Карніцкі дапытліва паглядзеў на жонку. Тая заўважыла ў вачах яго задзірысты, нядобры бляск.

— Скажыце, таварыш Лазарэвіч, а сучасны кароўнік, галоў так на сто пяцьдзесят, вы можаце спланаваць?

— Антон! — з жахам у вачах прамовіла Паліна Фёдараўна.

— З падвеснымі пуцямі, з аўтапаілкамі і сіласнай вежай? А-а?

— Вы жартуеце, Антон Сафронавіч!

— Не.

— Антон! — у нейкай злой роспачы гукнула Паліна Фёдараўна.— Ты зноў бярэшся за сваё!

— Гэта ты чапляешся за сваё,— ужо не стрымліваючыся, крыкнуў Антон Сафронавіч.— Навошта ты зводзіш людзей? Каму гэта патрэбна, калі мы едзем у Пышкавічы?

— Ездзіў ты без мяне ў Іспанію, у гітлераўскі тыл! Мне да тваіх вандраванняў не прывыкаць...

— Я туды ездзіў часова. У родную вёску мы паедзем назаўсёды.

— Ты звар’яцеў? З тваім здароўем? Губіць дзяцей.

— І там жывуць дзеці...

Лазарэвіч шпарка ўстаў.

— Вы прабачце, але мне трэба ісці... Я забягу заўтра... Вы тут астаяцеся, Вікторыя Аркадзеўна?

— Не. Пойдзем разам.

Паліна Фёдараўна правяла іх. Увайшла Надзейка. Яна, відаць, усё чула. Прытулілася да бацькі, прамовіла, зазіраючы яму ў вочы:

— І я, татка, паеду з табою! Праўда ж!

Карніцкі пяшчотна пачаў гладзіць яе галаву. Сказаў у задуменні:

— Любая мая! Ты яшчэ нічога не разумееш. Ты прыедзеш, але трошкі пазней.

 

ІІІ

Спадарожная машына давезла Карніцкага з чыгуначнай станцыі да райцэнтра.

Сям-там відаць былі голыя печы, самотныя домікі. Каля аднаго з іх шафёр важдаўся з маторам старога трафейнага «опеля». Матор працаваў з перабоямі, пастрэльваў. Антон Сафронавіч запытаўся ў шафёра, дзе райком партыі. Шафёр, уважліва агледзеўшы Карніцкага, кіўнуў моўчкі на дзверы доміка. Антон Сафронавіч рашуча ступіў на ганак.

У кабінеце сакратара сядзеў Яўген Данілавіч Драпеза. Убачыўшы Карніцкага, ён устаў з-за стала і рушыў насустрач.

— Антон Сафронавіч!

Яны абняліся і пацалаваліся. Карніцкаму здалося, што Драпезава вопратка яшчэ патыхае дымам партызанскіх лясных агнёў. Вочы ў Карніцкага заблішчалі, а на губах з’явілася шчырая і цёплая ўсмешка.

— Ну, расказвай, Данілавіч, дзе цяпер нашы гайдамакі?

— Недзе далёка на захадзе, Антон Сафронавіч. Далучыліся да гвардзейскай часці і рушылі наперад. А мяне, бачыш, пакінулі тут.

— Чуў у абкоме. Ну, і як, таварыш сакратар райкома?

— Цяжка, Антон Сафронавіч! Навакол, бачыш, пустыня Сахара. Людзей мала.

— А я, Данілавіч? Возьмеш мяне на ўлік?

— З дарагою душою. Магу хоць сёння саступіць сваю пасаду. Надоўга да нас?

— Назусім.

— Як назусім?

— А вось глядзі,— дастаючы з кішэні кіцеля і падаючы Драпезу паперку, прамовіў Карніцкі.

— Ого! Аўтарытэтная ўстанова. Але ж, Сафронавіч... Гэта немагчыма!.. Ты бачыў свае Пышкавічы?

— Не яшчэ. А што?

— Ніводнай хаты, ніводнага хлява! На ўсю вёску астаўся адзін певень. Дый той, бачыш, нейкі ненармальны.

— А што?

— Каго ні сустрэне — дзяўбецца. І стараецца, падлюга, якраз у вока пацэліць.

— А людзі там ёсць?

— Людзі-то ёсць, але ім няма, як і ўсюды, за што рук зачапіць. Паслалі мы туды старшынёю, калі ведаеш, Яўхіма Лапыра. Ён у брыгадзе Іванова камандаваў гаспадарчым узводам.

— Ну і што?

— Ну і нічога.

— Дрэнна, калі нічога. Ты мяне падкінеш у родную вёску?

— Хоць зараз. Але, можа, ты галодны? Зойдзем да мяне падмацуемся. А-а?

— Дзякую. Я падмацаваўся на станцыі.

Патрэскваючы і пастрэльваючы маторам, «опель» ехаў у Пышкавічы. Карніцкі, які сядзеў побач з шафёрам, прагна азіраўся навакол. Усюды даўно вядомая яму карціна: абсмаленыя пажарам дрэвы, шырокія хібы зямлянак, сярод якіх сям-там недарэчна тырчалі на папялішчах печы.

Пасярод вуліцы падлетак у зухавата ссунутай на бок пілотцы дражніўся дубчыкам з ваяўнічым рыжым пеўнем. Певень стараўся абмінуць дубчык і падскокваў, каб дзеўбануць хлопца. Пачуўшы страляніну матора, хлопец выпрастаўся і зацікаўлена падаўся да машыны, з якой вылезлі Карніцкі і Драпеза. За хлопцам, прыгнуўшы галаву, гнаўся певень. Хлопец адбіваўся ад яго, не азіраючыся, нагою.

— Здарова, зямляк! — весела сустрэў хлопца Карніцкі.— Як цябе завуць?

Захопленыя вочы хлопца былі ўтароплены ў Залатую Зорку Карніцкага. Адказаў паважна:

— Косцік. А вы — дзядзька Антон?

— Вока ў цябе партызанскае. Ці не Таісы ты сын?

— Ну,

— Маці жывая, здаровая?

— Ну.

— Ты Лапыра не бачыў? — запытаўся Драпеза.

— Лапыр дома,— адбіваючыся ад пеўня, адказаў Косцік.— Святкуе перамогу над немцамі.

— Гукні яго сюды.

Косцік подбегам кінуўся да Лапыровай зямлянкі. Здаравенны, няголены, потны ад выпітай гарэлкі, Лапыр сядзеў разам з гасцямі за сталом. На стале — міскі з ядою, бутэлькі, кубак. Госці, стараючыся не пакрыўдзіць гаспадара, нібыта зацікаўлена слухалі, як ён гаварыў:

— Немцы сюды во, а мы во туды. Немцы туды, а мы сюды. І во ім. Трасца ў нос. Зразумеў, Карп?

— Каб цябе качкі затапталі! — выгукнуў тоненькім галаском стары.— Зразумеў.

— А ты кажаш — гаспадарчы ўзвод. Мы, брат, кармілі і паілі цэлую брыгаду. Дысцыплінка!

 

IV

Па праўдзе кажучы, Драпеза не цвёрда верыў у тое, што Карніцкі назаўсёды прыехаў у Пышкавічы.

«Падпалкоўнік у адстаўцы, Герой Савецкага Саюза, чалавек забяспечаны, як ён мог рынуцца бяздумна на такую, бадай што катаржную, работу? Як ён можа даглядаць іншых, калі яму самому патрэбен догляд? Гэта не так сабе, тут нешта нейкае ёсць!» — думаў Яўген Данілавіч, час ад часу паглядаючы на Карніцкага. Позірк сакратара райкома мімаволі спыняўся то на пустым правым рукаве афіцэрскага кіцеля Карніцкага, то сачыў за рухам пакалечанай выбухам левай рукі... А Яўхіма Лапыра падпольны райком яшчэ за месяц да вызвалення вырашыў рэкамендаваць старшынёю «Партызана». У Лапыра і рукі і ногі асталіся цэлымі. Ні разу і ніводная куля яго не шарпанула, ад галавы да пят увесь здаровы, як бугай, і не такі ўжо, як гавораць, ёлупень. Адзіная была ў Лапыра вада: трошкі захапляўся гарэлкай. Вядома, зусім святых, якія б грэбавалі гэтай заразай, мала на свеце. Але ж трэба ведаць меру! Патрэбна нейкая важная прычына! Праўда, Лапыр яе знаходзіў хутка. Сёння — ладная здабыча каштоўнай солі для атрада, заўтра — удалая аперацыя па разгрому фашысцкага гарнізона альбо знішчэнне чыгуначнага моста. Чаму ж не выпіць! Гавораць, што італьянцы і французы і за стол не сядуць, калі на ім не стаіць добры гарлач віна. А мы чым горшыя? Мы, якія лупцуем гітлераўцаў і па хвасце і па грыве! Вось толькі скончым з вайною, тады ў нас пачнецца суцэльны банкет... Праўда, на тым пасяджэнні райкома, яшчэ ў лесе, Лапыра папярэдзілі, што сцежка, па якой ён часам ступае, досыць коўзкая: на ёй можна не толькі набіць сабе бакі, але і зламаць галаву.

— Я гэта разумею,— ціха адказаў тады Лапыр.— І прызнаю сваю памылку.

Такога пакаяння хапіла, каб адразу ж спыніўся ўвесь крытычны агонь. Душа Яўгена Данілавіча адразу памякчэла, калі ён убачыў на шырокім твары Лапыра пакору і паслушэнства.

А сёння, на табе, сярод белага дня зноў узяўся за старое!..

Пачуўшы ад Косціка, што ў калгас прыехаў Драпеза і выклікае яго да сябе, Лапыр хутка ўстаў з-за стала і рушыў з зямлянкі.

Убачыўшы каля трафейнай машыны сакратара райкома і Карніцкага, Лапыр паправіў на гімнасцёрцы свае ўзнагароды і зухавата казырнуў:

— Добры дзень, таварыш камандзір!

— Свіння табе таварыш, а не я! — не стрымаўся Яўген Данілавіч.— Што ты абяцаў, калі табе давалі бронь? Дзе тваё сумленне? Людзі на фронце кроў праліваюць не для таго, каб усялякія прайдзісветы дзень пры дні жлукцілі гарэлку!.. Зараз жа збяры сход!

Лапыр паспрабаваў быў усміхнуцца, але Яўген Данілавіч ужо стаў да яго спіною. Ён не мог спакойна пазіраць на гэтую атупелую ад хмелю фізіяномію і загаварыў з Карніцкім пра планы аднаўлення Пышкавіч. Карніцкі слухаў з нейкімі вясёлымі вачамі. У яго галаве было, відаць, штосьці сваё, задуманае даўно... Ён з маленства ведаў тутэйшую зямлю, усе пагоркі і нізіны, напэўна, памятаў, дзе і як стаяла тая ці іншая хата.

— Аднаўленне, Яўген Данілавіч, мы пачнём не з гаспадаркі, хат там ці хлявоў, а з працоўнай дысцыпліны! — пазіраючы ўдалячынь, адно толькі прамовіў Карніцкі, калі Яўген Данілавіч скончыў гаворку.— Хто яшчэ з камуністаў ёсць у Пышкавічах?

— Нядаўна вярнуўся са шпіталя Андрэй Сцяпанавіч Каліта, даваенны бухгалтар «Партызана». У яго пяць ці шэсць раненняў.

— Рукі і галава цэлыя? — хутка і ўжо з нейкім неспакоем запытаўся Карніцкі.

— Цэлыя. Але хадзіць без кія яму цяжкавата.

— Навошта яму хадзіць! Ён будзе ў нас сядзець, Яўген Данілавіч! Мы з ім найлепшыя сябры. Я яго любіў і паважаў нават лепш, як роднага брата. І не памятаю, каб ён хоць раз мне схлусіў...

— Дарэчы, у якім палацы ты тут збіраешся жыць? — кіўнуўшы на зямлянкі, запытаўся Яўген Данілавіч.

— Пагляджу, што робіцца на бацькоўскім панадворку. Наогул, такія пытанні, як ежа і кватэра, мяне ніколі не хвалявалі, таварыш сакратар. Нават у самыя цяжкія часы ўсё гэтае неяк уладжвалася само сабою.

Пакуль яны так размаўлялі, вёска патроху ажывала. Ад зямлянкі да зямлянкі забегалі падлеткі, мабілізаваныя Лапыром. На вуліцу выходзілі жанчыны, сівабародыя старыя. Пастаяўшы з хвіліну насупраць сваіх зямлянак, яны падаваліся да машыны. Першым, аднак, прымчаўся сюды, крышку накульгваючы, не зусім яшчэ стары мужчына. Ён адразу павіснуў на шыі ў Карніцкага і залямантаваў:

— Антон!.. Братачка!.. Як табе не сорам абмінаць свой кут?!. Пайшлі!.. Настася і пляменнікі ўсе вочы праглядзелі!.. А ён стаіць, як бяздомак, сярод вуліцы!..

— Мой старэйшы брат Сцяпан,— вызваляючыся ад учэпістых рук, прамовіў да Яўгена Данілавіча Карніцкі. І дадаў нібы жартам: — Любіць пафіласофстваваць.

— Ай, што ты тут кажаш нашаму дарагому сакратару пра гэту ... ну, хіласохію! Пайшлі лепш у нашу новую камяніцу!.. Жывём мы цяпер, Антон, як даўнейшыя старцы...

Сцяпан, цягнучы Антона за рукаў, не прамінуў, каб не паглядзець праз шкло ў сярэдзіну нізенькага « опеля ».

— Гэта твой чамадан ляжыць у гэтай новай Еўропе? — запытаўся ён, кіўнуўшы на машыну.

— Мой.

— Дык я забяру і яго. Можа, хоць пераначуеш дома. Праўда, дастаткі ў нас не даваенныя. Божа мой... Дзяды нашы рабілі, бацькі нашы рабілі, мы таксама рабілі, а прыйшлі гэтыя супастаты — і ўсё пад корань. Ніякага знаку, ніякай зачапкі, каб зноў пачынаць жыць! На векі вечныя ўсё спляжылі!..

— Выходзіць, асталося цяпер толькі легчы ды паміраць? — запытаўся Карніцкі ў Сцяпана.

— Ну, не адразу ўжо. Чалавек да ўсяго павінен прыстасоўвацца.

— Зразумела,— працягнуў, думаючы пра нешта сваё, Карніцкі. І нечакана запытаўся: — Рыдлёўка ў цябе ёсць?

— Рыдлёўка?.. Ёсць нейкая...

— Гэта добра. А бярвенні чые тут?

— Мае... нашы, Антоша. Шэсць штучак. Партызаны былі падвезлі. Ну, заходзьце ў нашае падземнае логава. Божа мой... Пасля двара і сонейка тут, як у магіле. Дзе вы тут, Насця, дзеткі? Нікога і нічога не відаць...

— Зноў расстагнаўся! — пачуўся з глыбіні зямлянкі нездаволены жаночы голас.— Апантаны!..

— Цсс... Паглядзі, хто да нас прыйшоў. Чалавек, які з Міхаілам Іванавічам у Крамлі за ручку здароўкаўся. Наш герой Антон. Чым мы яго, такога чалавека, частаваць будзем? Ёсць там што на сёння ў цябе? А я тут прабягу ў адно месца...

Карніцкага пачыналі ўжо злаваць Сцяпанавы стогны. Увесь час ён баяўся: і калі працаваў аднаасобнікам, і ўжо ў калгасе, і ўбачыўшы ў Пышкавічах фашысцкую салдатню. Яму здавалася, што яны з’явіліся сюды толькі праз Антона. Ён так і сказаў тады, увесь калоцячыся ад жаху, Насці: «Калі ў цябе пачнуць распытваць пра Антона, чэкістага, дык скажы, што ён ніякая нам не радня і мы яго знаць не знаем, ведаць не ведаем!»

Альбо заходзілі ўначы партызаны, каб папрасіць які пуд хлеба альбо проста крышку сагрэцца і пераабуцца, як на яго зноў находзіў страх: а што калі даведаюцца немцы? Яны, можа, ужо намыльваюць на яго шыю вяроўку, каб, як толькі развіднее, прымчацца ў Пышкавічы і павесіць на першым, якое трапіцца, дрэве?

І можа, так яно і здарылася б, каб не Насця. Яна, як і ўсе ў Пышкавічах, памагала партызанам, як і ўсе, у час небяспекі хапала за рукі дзяцей і бегла з імі ў лес. Тады нехаця бег следам за сям’ёю і Сцяпан, часта скуголячы:

— Чаго ты ляціш, як на злом галавы? Мы ж ім нічога не зрабілі. Вунь дзед Пятро астаўся, асталася Апанасіха з малымі дзецьмі. Як толькі нас пяроймуць, дык адразу кулю ў лоб. Значыць, вінаваты, калі ўцякаеце!..

Дзеда Пятра гітлераўцы сцягнулі з печы і павесілі. Апанасіху з дзецьмі ўкінулі ў глыбокую студню, дзе яны зайшліся ад вады. Пышкавічы ад першай да астатняй хаты спалілі за «сувязь з партызанамі».

Партызаны памаглі пышкавіцкім хлебаробам збудаваць зямлянкі, засеяць, як хапіла насення, палеткі. Камандаванню трэба было думаць не толькі пра налёты на варожыя гарнізоны, дыверсіі на чыгунках і шашы, але і здабываць хлеб для лясной арміі, для мірных людзей — старых, жанчын, дзяцей.

Так выжыла разам з усімі, хто выжыў, і Сцяпанава сям’я. Тое-сёе Карніцкі пачуў пра брата, як прыляцеў сюды са сваімі дэсантнікамі. Аднак вестак ніякіх пра сябе яму не перадаваў, добра ведаючы яго баязлівы характар.

Цяпер яму найбольш шчыра ўзрадаваліся Насця і пляменнікі — Васька і Сёмка. Пляменнікі не адводзілі сваіх захопленых позіркаў ад дзядзькавай Залатой Зоркі, а Насця заплакала, убачыўшы ў яго пусты рукаў.

— Каб іх усіх, хто пачынае войны, зямля на сабе не насіла! — выцершы слёзы і крыху супакоіўшыся, загаварыла Настася.— Лепш бы маці ўтапіла тое сваё дзіця, з якога можа вырасці душагуб і забойца. Колькі яшчэ па свеце ходзіць злодзеяў і прайдзісветаў! І ўвесь іх клопат толькі пра тое, як бы спрытней накінуцца на тое, што ты здабудзеш цяжкай працай. Пачнеш абараняць сваё, законнае, дык табе за гэта адсякуць рукі, а то і галаву.

— А ты ім не паддавайся,— усміхнуўся Карніцкі, тулячы да сябе самага меншага пляменніка, Ваську.— Праўда, Васіль Сцяпанавіч?

— Праўда,— нясмела працягваючы руку да Зоркі, безуважна адказаў Васька.

Зорка гэтым часам ужо бліскала на яго трапяткіх пальчыках. Твар хлопца зазіхацеў ад шчаслівай усмешкі.

— А ордэнаў, а медалёў у цябе, дзядзька, няма? — зайздросцячы Ваську, запытаўся Сёмка.

— Ёсць, Сямён Сцяпанавіч. Яны асталіся ў Маскве.

— А чаму ты іх не ўзяў з сабою?

— Прывязу другім разам. Вось пабудую тут сабе дом, дык адразу і прывязу.

Настася тым часам ужо гаспадарыла каля печы. Пачуўшы размову пра Маскву, яна запыталася:

— Як жа там твае: Поля, Анечка, Надзейка? Чаму яны не прыехалі?

— Дзякую, Насця. Як гаворыцца, жывыя і здаровыя. Атрымалі новую кватэру. Пра пераезд пакуль што не думаюць.

— Вядома, тут цяпер для іх не вялікі мёд. Гэта не то што перад вайною, калі скрозь хаты стаялі, у кожнага было малако, сала, хлеб, а ўвосень і садавіна. Усё за вайну як праз зямлю правалілася.

— А мы ўсё гэта зноў дастанем, Насця!

— Ды ўжо ж. Калі не думаць пра лепшае, дык не варта і чалавекам звацца.

— Мала думаць, трэба працаваць! — умяшаўся ў сямейную размову Драпеза.— Антон Сафронавіч вам тут паможа. Як старшыня калгаса.

— Старшыня калгаса? — перапытала, нібы не дачуўшы, Насця.— Як жа, вельмі трэба яму лезці ў гэтую нэндзу!

Тым часам з’явіўся Сцяпан. Хоць дзверы зямлянкі і былі адчынены насцеж, ён ступіў у іх праём неяк бачком, нібы баяўся за што-небудзь зачапіцца.

З аднае і другое кішэні яго штаноў тырчалі горлы чорных бутэлек.

— Бачыў, Яўген Данілавіч, што робіцца на свеце? — кіўнуўшы галавою на Сцяпана, прамовіў Карніцкі. — Каго ні запытайся, стогнуць, што цяжка жыць. А самагонка адкуль бярэцца? Не з пяску ж яе ціснуць! Не, Сцяпан, ты гэтыя свае цацкі прымі са стала. Нам трэба выступаць на сходзе.

— Ну дык і што з таго? Па шклянцы можна.

— Ні кроплі.

Сцяпан паціснуў плячамі, але не прыняў гарэлкі. Насця паставіла на стол дзве міскі крупніку, паклала на алюмініевую талерку акраец чорнага хлеба. Карніцкі перакуліў левай рукой свой чамаданчык, шчоўкнулі зашчапкі.

— Тут у мяне ёсць свіная тушонка. На, бяры, Насця. Усё даставай адсюль. А гэта вам, жэўжыкі,— працягнуў ён Ваську папяровы мяшэчак з цукеркамі,— прыслалі Надзейка і Анечка.

Хутка пасёрбаўшы крупніку, Карніцкі і Драпеза выправіліся на сход.

 

V

Выступаючы на сходзе, Карніцкі загаварыў не пра тое, што ёсць, а пра тое, што павінна быць. Спярша Драпеза нават паморшчыўся. «Неканкрэтна! Нейкая казка для дзяцей! — думаў Яўген Данілавіч, слухаючы Карніцкага.— Нейкі рамантык! Распісвае ледзь не тое, што будзе хіба толькі пры камунізме. Але людзі слухаюць». Мікалай Галубовіч, бацька Мішкі, ад’ютант Карніцкага, нават разявіў рот, нібы не ўсё дойдзе да яго праз вушы. А Карніцкі, як здалося Драпезу, пачаў нават захапляцца і сам. Голас яго стаў нейкі ўсхваляваны:

— Гэта ўсё тваё і тваіх дзяцей, Мікалай!.. Спрадвечныя балоты ты пераўтварыў у багатыя палі, на якіх збожжа вырастае вышэй самога цябе! Бедныя суглінкі аж стогнуць ад ураджаяў жоўтага лубіну, канюшыны, бульбы. Горы налітых сонечным сокам антонавак, папяровак, пепінак і слуцкіх бэраў дае табе выгадаваная тваімі рукамі садовая пушча! Тысячы выдатных кароў пасвіцца на цёплых росах. А колькі ў тваёй гаспадарцы стала сытых свіней, танкарунных авечак, белых курэй. З руін і папялішчаў узняў ты прыгожыя фермы, канюшні, гаражы, школы, клубы, жылыя дамы. І ўсюды і скрозь — пышныя дрэвы — сябры чалавека...

А паглядзі цяпер на свой двор, на сваю хату, Мікалай! Хіба была ў цябе такая да вайны? Хіба было такое ў твайго бацькі, дзеда? Багацце ў твой дом прыйшло ад таго, што багаты стаў калгас, а багаты ён стаў ад таго, што ты працаваў добрасумленна і на ўсю сілу. Ёсць добрая народная прымаўка — усе за аднаго і адзін за ўсіх!..

Вочы Мікалая Галубовіча сталі вясёлыя. У сівых вусах з’явілася нястрымная ўсмешка. Ён азірнуўся на натоўп жанчын, падлеткаў і інвалідаў з мыліцамі і выгукнуў:

— А ядрыт тваю качана! Не жыццё, а рай нябесны!

Пачуўся дружны рогат. Усе павярнуліся да Мікалая.

— Ох, і ўмее разварушыць тваю душу наш новы старшыня! — усё яшчэ ўсміхаючыся, растлумачыў Мікалай.— Чуў, Лапыр?

— Балбатаць цяпер кожны ўмее... Ці надоўга ў яго хопіць духу. Калі няма ні кала ні двара.

Усе азірнуліся навакол, каб убачыць замест прыгожага пасёлка і хат пачарнелыя печы, зямлянкі, зарослыя дзядоўнікам і палыном. Недзе ўдалечыні, за сцяною лесу, уздымаліся дымы пажараў.

Паўз сход, які сабраўся пад абсмаленай агнём таполяй, праязджала некалькі фурманак ваеннага абозу.

Коні былі задыханыя. Адзін з паркі аж хістаўся. Пажылы і вусаты ваенны з пагонамі старшыны, які сядзеў на першай фурманцы, падаў каманду:

— Стоп! Замяніць знясіленых коней!

Потым звярнуўся да людзей пад таполяй:

— Цікава, да мінскай шашы далёка?

— Шэсць кіламетраў, таварыш старшына! — замілаванымі вачамі паглядаючы на выпражанага каня, адказаў Карніцкі.

— Цікава, цікава, таварыш Герой Савецкага Саюза. На карце пасёлак, буйная вёска, нават гарадок, а ў натуры — пустэльня. На сотні кіламетраў... Перапрэглі коней?

— Перапрэглі, таварыш старшына! — адказаў салдат.

— Паехалі!

Абоз крануўся, пакідаючы пасля сябе двух знясіленых коней. Адзін з іх разлёгся на запыленай траве. Карніцкі падышоў да яго, пачаў гладзіць па шыі. Навакол стоўпіліся калгаснікі. Дзеці аднекуль прашыліся праз натоўп з пукамі травы. Паднеслі каню да пысы.

Мікалай, узяўшыся за пысу другога каня, паглядзеў яму ў зубы.

— Восем год, Антон Сафронавіч.

— Вось, таварышы, у нас ужо і ёсць за што зачапіць рукі. Адразу дзве конскія сілы.

— Такіх конскіх сіл каля шашы — хоць гаць гаці.

— Праўда? — устрапянуўся Карніцкі.— Пяць працадзён за кожнага такога каня! Дзядзька Мікалай!

— Я за яго,— усміхаючыся, абазваўся Мікалай.

— Падбярыце сабе людзей і зараз жа агледзьце мясцовасць абапал шашы. Як тыя цыганы, цягніце ўсё ў наш калгасны табар... Ясна?

— Ясна, Антон Сафронавіч!

— Дзед Жораў!

Высокі худы стары, са смяшынкай у блакітных вачах, павярнуўся да Карніцкага:

— Чаго?

— Вазьміце гэтых двух рысакоў пад сваю апеку.

— Іх, Сафронавіч, раней трэба ў Сочы на курорт адправіць. Пакачаюцца там з месяц на пляжы, дык, можа, што і выйдзе.

— Гы-гы-гы,— зарагатаў здаволена Лапыр.— Лепш у Лівадзію... Во.

Карніцкі востра паглядзеў на былога ўжо старшыню:

— Лівадзію трэба раней адбудаваць, таварыш Лапыр. У цябе каля зямлянкі ляжыць матэрыял. Ты нам пазычыш яго на канюшню.

Лапыр адразу спахмурнеў. Адказаў панура:

— Ён мне патрэбен самому.

— Праз месяц мы табе вернем.

— У мяне, Сафронавіч, можна ўзяць чатыры бярвенцы,— прамовіў дзед Жораў.— А паветку для коней трэба зрабіць.

— Яе зробіць са сваёй будаўнічай брыгадай Лапыр. Заўтра да вечара коні павінны стаяць пад дахам. Ясна, таварыш Лапыр?

Вочы ў Карніцкага сталі жорсткія, бязлітасныя.

— Ясна,— досыць гучна адказаў Лапыр. Але зараз жа адвярнуўся і прамовіў паціху: — Убачыш ты мяне ў будаўнічай брыгадзе, як сваю правую руку.

— Гы-гы-гы... га-га-га...— зарагаталі бліжэйшыя да Лапыра калгаснікі. Некаторыя, наадварот, накінуліся на яго з дакорам:

— Што ты вярзеш, Яўхім!

— Калі чалавек не дачуе, дык хіба ўсё можна плявузгаць?

— У чым там справа? — звярнуўшы ўвагу на ажыўленне каля Лапыра, запытаўся Карніцкі.— Хвіліначку ўвагі. Цяпер нам трэба вырашыць справу з крэдытам. Я ўжо вам расказваў, што бачыў у саўгасе «Караваева» і суседніх калгасах выдатных кароў-кастрамічак. Яны даюць па пяць і па шэсць тысяч літраў малака. Я лічу, што нам трэба пазычыць тысяч трыста рублёў у банку і закупіць, колькі нам адпусцяць, кастрамічак.

— Многа трыста тысяч!

— Мала!

— Бяры, калі даюць!

— А хто будзе вяртаць?

— Галасуй, Яўген Данілавіч,— крыкнуў Мікалай Галубовіч.— Я за добрых кароў і за трыста тысяч.

— Хто за гэтую прапанову, прашу падняць рукі,— гукнуў Драпеза.— Так. Большасць за трыста тысяч. На гэтым сход дазвольце лічыць закрытым. За работу, таварышы!..

Людзі пачалі разыходзіцца. Лапыр і дзед Жораў рушылі паўз зямлянкі дадому.

— Чуў, як загаварыў ваш Герой, калі вы абралі яго за старшыню? — азірнуўшыся навакол, прамовіў Лапыр.— Як у штрафным батальёне! Ён вам яшчэ пакажа, дзе ракі зімуюць... Во!

— Пажывём — пабачым...

— Ужо відаць, што няма ў яго душы. Гэтулькі чалавек за вайну перарэзаў...

— А калі гэтыя чалавекі заганялі баб і дзяцей у калгасныя гумны і палілі жыўцом, дык хіба іх шкадаваць?

— Вядома, не. Але і яго сэрца агрубела, яно ўжо не ведае літасці...

— Ад зайздрасці ў цябе гэта ідзе, Яўхімка,— спыніўшыся перад сваёй зямлянкай, адказаў дзед Жораў.— Што цябе скінулі, а яго абралі.

— Пляваў я на яго! Ён тут доўга не пратрымаецца без жончынага догляду. Ён сам сабе нават бота не ўсцягне!

 

VI

Мікола Галубовіч рассеўся на невялікім пагорку ў засені маладога зарасніку. З важным відам паднёсшы да вачэй палявы бінокль, стары пачаў глядзець на шашу. У акуляры паўсталі высокія кроны прыдарожных бяроз. Па шашы мчаліся аўтамашыны з салдатамі, кацюшы, гарматы. Недзе ў вышыні загрымела сіняе неба. Мікола пачаў глядзець паверх бярозавых прысад. Пад сонцам забліскалі алюмініевыя фюзеляжы знішчальнікаў.

— Але ж сілішча! — усклікнуў Галубовіч.— Дзіва што гітлераўцы далі драла!

Каля Міколы сядзелі тры падлеткі. Самы большы з іх, бялявы, з блакітнымі вачамі, не вытрываў:

— Дайце мне зірнуць, дзядзька Мікалай.

— На, Косцік, глядзі, толькі не праваронь. Калі што якое — адразу падай сігнал.

— Хіба я малы! — цыркнуўшы слінай, адказаў Косцік.

Зайздросліва паглядаючы на бінокль у руках Косціка, адзін з хлапцоў папрасіў:

— Тады, Косцік, дасі мне трошкі паглядзець. Добра?

— І мне,— схамянуўся трэці хлопец.

— Раней памый рукі,— строга адказаў Косцік.— Гэта бінокль нашага Героя.

Хлопец паглядзеў на свае рукі, ускочыў, нібы шукаючы вады. Ступіў у хмызняк, але зараз жа шпарка падаўся назад і моцна прашаптаў:

— Ён сюды ідзе!

— Хто? — прыпальваючы папяросу, запытаўся Мікалай.

— Герой!

З кустоў сапраўды выходзіў Карніцкі. Крок яго быў разгоністы. Вочы — нецярплівыя. Мікалай хутка ўстаў.

— Ну як? — запытаўся Карніцкі.

— Тое-сёе ёсць,— адказаў, ухмыляючыся, Мікалай.— Хадзіце сюды.

Ён падаўся праз беразнячок.

На невялічкім прыгалку пасвілася пяцёра худых, скура ды косці, коней.

— У гэтага кароста,— падышоўшы з Карніцкім да буланага каня, паведаміў Мікалай.— Але ён яшчэ малады...

— Вылечым! — абышоўшы навакол, адказаў Карніцкі.— Што яшчэ?

— Зірніце сюды, Антон Сафронавіч. Я думаю, спатрэбіцца ў нашым табары.

На зямлі ляжала ў кучы некалькі колаў, жалезны прэнт, шыны, ліст тоўстага жалеза, бухта дроту.

Карніцкі нахіліўся, памацаў дрот рукою, прамовіў здаволена:

— Будуць свае цвікі!

У гэты час даляцеў прарэзлівы Косцікаў голас:

— Дзядзька Мікалай! Едуць!..

— Зараз,— ідучы праз кусты, крыкнуў Мікалай.— Што там?

— Зірніце! — перадаючы бінокль Мікалаю, адказаў Косцік.— Я налічыў аж сорак дзве фурманкі.

Мікалай узяў бінокль. У акуляры паўстала перад ім шаша.

Нашы аўтаматчыкі вялі доўгую калону ваеннапалонных немцаў. Насустрач ім ішоў конны абоз на захад. Коні былі, як на падбор, сытыя, рухавыя. Адна парка, другая, а ў хвасце абозу запасныя жвавыя коні. Мікалай апусціў бінокль і прамовіў расчаравана:

— Гэтыя не прыстануць да самага Берліна... Я, Антон Сафронавіч, седзячы тут, падумаў, што кожнае дзяжурства можна смела даручыць Косціку.

— Правільна. Бяры, Косцік, мой бінокль. Прызначаю цябе начальнікам трафейнай каманды.

Пышкавічы ажылі і заварушыліся. Разам з бухгалтарам Андрэем Сцяпанавічам Калітою Карніцкі абышоў усе зямлянкі, каб выявіць тых, хто мог выконваць хоць самую лёгкую работу. Былі складзены брыгады. Частка людзей ужо на другі дзень пасля сходу пачала здабываць торф. Лапыр паспрабаваў быў адмовіцца ад кіраўніцтва будаўнічай брыгадай. Ён сказаў, што пойдзе ў райком, будзе пісаць нават у Мінск. Ён лепш пойдзе на фронт.

— Хочаш на фронт? — зірнуўшы на Лапыра вясёлымі вачамі, запытаўся Карніцкі.— Я сёння ж дамоўлюся з ваенкаматам, каб цябе знялі з брані.

Лапыр спалохаўся і выйшаў на працу.

Карніцкі спяшаўся за дзень пабываць усюды, каб паглядзець, як ідзе работа. Каваль Зубарык так-сяк зладаваў кузню, паставіў вентылятарнае самаробнае паддувала. Да кузні цягнулі жалеза. Вакол яе ляжалі паасобныя колы, бухта дроту, шчыт супрацьтанкавай нямецкай гарматы.

Зубарык і хлопец-падлетак заканчвалі ўжо зборку першых калёс, калі сюды падышоў Карніцкі.

— Першы транспарт гатовы, таварыш старшыня!

— Вельмі добра,— усміхнуўся Карніцкі.— А ход лёгкі?

Ён упёрся рукою ў драбінку, папхнуў. Калёсы падаліся наперад. Падлетак схапіўся за аглоблі і пацягнуў. Зубарык таксама паспешліва стаў побач з Карніцкім. Так яны аб’ехалі вакол кузні і прыпыніліся на ранейшым месцы.

Карніцкі дастаў з кішэні хустку і выцер ёю спацелы лоб. Прамовіў да хлопца:

— Бяжы пакліч сюды бухгалтара Каліту. На адной назе!

Хлопец кінуўся прэч ад кузні.

— Колькі могуць каштаваць такія калёсы? — запытаўся Карніцкі ў каваля.

— Хто яго ведае. Можа, тысячу, а можа, і дзве.

— А да вайны.

— Здаецца, пяцьсот рублёў.

— Добра. А бухта такога дроту?

— Такі дрот каштаваў два рублі за кілаграм.

— Колькі тут будзе кілаграм?

— Ды, відаць, кілаграмаў са сто. Бухта яшчэ не пачатая.

— Значыць, дзвесце рублёў,— прамовіў Карніцкі і павярнуўся. Перад ім у армейскай форме са шматлікімі нашыўкамі раненняў стаяў Андрэй Сцяпанавіч Каліта. Каліта абапіраўся на акораны бярозавы кій.

— Бачыў, Андрэй Сцяпанавіч? — кіўнуўшы галавой на калёсы, запытаўся Карніцкі.— Афармляй па ўсіх правілах у калгасны актыў гэты транспарт. На пяцьсот рублёў.

— Ёсць, Антон Сафронавіч.

— Коні аформіў?

— Па ўсіх правілах.

— І дрот запрыбыткуй. Прыбыткуй, Андрэй Сцяпанавіч, усё. Нават трэску, якая трапляе ў калгасную кладовую. Будзь руплівы, як некалі твой славуты цёзка Каліта — князь маскоўскі. Памятаеш, што сказаў пра ўлік Уладзімір Ільіч? Улік — гэта сацыялізм!

Косцік гэтым часам гойсаў са сваімі сябрамі па наваколлі. На грудзях хлопца красаваўся палявы бінокль. Пілотка была зухавата ссунута набок.

— Раз, два, тры... левай, левай, левай...— чулася каманда.— Полк, стой!..

«Полк» слухмяна спыніўся і аціх.

Косцік са строгім выразам на твары падняў да вачэй бінокль і ўбачыў кусты, паасобныя дрэўцы і і паміж іх аўтапрычэп з бочкамі. Каля аўтапрычэпа валяліся нейкія скрынкі, каністры. Косцік перадаў бінокль Мірыку:

— Зірні, Мірон, вунь туды.

— А тады мне,— папрасіў Славік.— Праўда ж, Косцік?

— Паглядзіш і ты,— дазволіў Косцік.

— Ай-я-яй! — ускрыкнуў Мірык.— «Тыгра»!..

— Прычэп, а не «тыгра»,— запярэчыў Косцік.

— «Тыгра»! — упарта паўтарыў Мірык.— Заграз у балоце!.. Вунь, правей ад бочак...

Косцік моўчкі ўзяў бінокль, паглядзеў у яго і адразу стаў строгім. Прашаптаў:

— Цс-с... За мною!

Ён прыгнуўся і пачаў перабягаць ад куста да куста. За ім, дакладна паўтараючы яго рухі, падаліся два яго дружбакі. Далей Косцік кінуўся на зямлю і папоўз.

— Наперад! — час ад часу азіраючыся на хлопцаў, строга камандаваў Косцік.

Хлопцы самаахвярна паўзлі за ім.

— Падрыхтаваць гранаты!

Яны перапаўзлі цераз глыбокія, напоўненыя вадою каляіны ад тракаў і аўтамабільных колаў. За якіх дваццаць крокаў ад прычэпа Косцік усхапіўся на ногі і з крыкам «ура» кінуў уяўную гранату.

— Бба-бух!.. Наперад!..

Так яны заўладалі, як гаворыцца ў ваенных зводках, аўтапрычэпам, «тыграм», каб зараз жа паведаміць Карніцкаму. Гадзіны праз дзве тут ужо быў цэлы натоўп. У аўтапрычэп запрэглі дзве паркі коней. Мікалай з лейцамі ў руках падаў каманду:

— Ну, памагай!

Пажылыя мужчыны, жанчыны, падлеткі абляпілі прычэп, упёрліся ў яго хто рукамі, хто плячом. Косцік са сваімі сябрамі таксама прыняў актыўны ўдзел. Не даступіўшыся праз дарослых да прычэпа, хлопцы схапіліся і пачалі цягнуць за пастронкі.

— Но-о, паехалі! — сморгаў Мікалай коней за лейцы.

Нагружаны аўтапрычэп паволі крануўся і рушыў у кірунку калгаса.

— Пайшло, пайшло!

— Націскай!

Карніцкі і Каліта, якія таксама памагалі скрануць каштоўны воз, прыпыніліся і пачалі глядзець, як ён аддаляўся.

Карніцкі звярнуўся да Каліты:

— Ты агледзеў танк? Як матор?

— Матор павінен працаваць.

— Але як нам выцягнуць яго з балота?

— Выцягнем, Антон Сафронавіч. Ёсць тросы. Зробім калаўрот, і ён выпаўзе як міленькі...

— Ну дык рабі. А я заўтра падскочу ў Мінск. Будзем каваць жалеза, пакуль гарачае.

 

VII

Да Мінска Карніцкі дабраўся на спадарожнай ваеннай машыне. Апынуўшыся ў Лошыцы, дзе размясціўся Цэнтральны партызанскі штаб, ён пайшоў па вуліцы, запоўненай фурманкамі. Туды-сюды снавалі ўзброеныя людзі ў самай размаітай вопратцы, з чырвонымі стужкамі на шапках. Праляталі коннікі. Насустрач Карніцкаму маршыраваў партызанскі ўзвод. Вусаты, зухаваты ўзводны, адступіўшы ўбок, прапускаў сваіх людзей пад каманду «левай, левай, левай».

Тут жа на вуліцы стаяў распрэжаны воз, які дружна абступілі партызаны. На разасланым шынялі ляжалі хлеб, сала, стаялі бутэлькі з гарэлкай. Барадаты партызан з ордэнам Чырвонай Зоркі, падымаючы алюмініевы кубак, выгукнуў:

— За цёмную ноч, хлопцы!

— За цёмную ноч! — дружна падтрымалі гэты тост астатнія.

— Дзе тут штаб генерала Каравая? — запытаўся ў барадатага партызана Карніцкі.

Трымаючы ў адной руцэ кавалак сала, у другой лусту хлеба, барадаты адказаў:

— Вунь у тым доме, таварыш Герой Савецкага Саюза. Можа, перакуліце з намі чарку?

— Дзякую, хлопцы,— суха адказаў Карніцкі і рушыў ад воза.

У другім месцы ён напаткаў групу хлопцаў і дзяўчат. Іх вінтоўкі, аўтаматы і самазарадкі былі павешаны на плот. Прыгожы дзявочы голас запяваў: «Славное море, священный Байкал»,— каб дружны і моцны хор вёў песню далей.

Перад уваходам у варотцы Карніцкі ўсміхнуўся і прыпыніўся. Два бязвусыя юнакі з аўтаматамі на грудзях і зухавата ссунутымі на патыліцу пілоткамі прымацоўвалі казлу рэмень з нямецкай кабурой ад пісталета...

— Куды вы рыхтуеце гэтага ваяку? — запытаўся Карніцкі.— На дыверсію?

Адзін з хлопцаў азірнуўся. Убачыўшы Залатую Зорку, хуценька выпрастаўся і ўзяў пад казырок. Адчаканіў:

— На Усебеларускі партызанскі парад, таварыш Герой Савецкага Саюза! — І дадаў больш проста:

— Ён у нашым атрадзе з першых дзён вайны. Прывыклі мы да яго...

Вось і кабінет Каравая. Вусаты прыгажун быў ужо ў генеральскай форме і сядзеў за сталом, слухаючы, што яму тлумачыў сярэдніх год партызан з ордэнам Айчыннай вайны на грудзях:

— ...Матрунчыка ў армію, Кацяша ў армію, Давыдзюка ў армію, а мяне, Лахмытку, у запас?

— Не ў запас, садовая твая галава, а на самы агнявы рубеж.

— Які ж гэта агнявы рубеж, таварыш генерал, старшынёю нашага калгаса? Мне яшчэ да Берліна хочацца дайсці!

— Мала што каму хочацца! А хто будзе аднаўляць народную гаспадарку? Ёсць загад неадкладна дэмабілізаваць з арміі настаўнікаў, інжынераў, эканамістаў, старшынь калгасаў. Мяне, брат, самога звальняюць у запас. Так што ідзі і не дуры мне галавы. Адразу пасля парада чашы ў свой калгас.

— Дык жа там, самі ведаеце, засталіся адны галавешкі. Сто год пройдзе, пакуль людзі стануць на ногі!..

— А ты пастарайся паставіць іх на ногі за пяць год.

— Дазволіце ісці?

— Ідзі. Вазьмі сабе на разжыўку дзесяць коней са свайго атрада.

— Дзякую, таварыш генерал.

Карніцкі чуў размову пра коней і адразу, прывітаўшыся з Караваевым, запытаўся:

— Пра якіх вы тут коней гаварылі?

— А табе яны патрэбны?

— Яшчэ і як!

— Дзесяць магу адпусціць. З вупражжу, з калёсамі.

— Толькі дзесяць?

— Ну, пятнаццаць.

— Дваццаць. Не менш! Я табе, калі ляцеў у Маскву, перадаў шэсцьдзесят...

— Добра. Ты будзеш заўтра на парадзе?

— Не, мне няма часу...

— Эх, Антон, Антон. Хіба табе трэба тое, куды ты палез! З такою галавою, з такімі заслугамі! Табе б арміяй камандаваць, кіраваць камісарыятам...

— А калгасам могуць кіраваць безгаловыя? А-а?

— Ну, не безгаловыя. Але не вельмі хітры розум патрэбен, каб гадаваць бульбу і агуркі. Усяго сябе ты мяняеш на дробязь. Ты, які некалі марыў пра сусветную рэвалюцыю, пра шчасце ўсіх людзей на зямлі... А цяпер што! Як гэта часам спяваў твой доктар Талаконцаў:

 

Ни сказок о нас не расскажут,

Ни песен о нас не споют!

 

 

Так, здаецца?

На твары ў Карніцкага, пакуль ён слухаў Каравая, увесь час была спачувальная ўсмешка, у вачах мігцелі задзірлівыя агеньчыкі. Ён нават не мог сядзець на месцы, устаў і прайшоўся туды-сюды. Калі Каравай скончыў, Антон Сафронавіч спыніўся перад ім і прамовіў у захапленні:

— Гляджу я на цябе, Васіль, і вачам не веру. Да мяне ў атрад ты некалі прыбег у лапцях. А цяпер, дзіва, дый годзе, генерал! Ядрыт тваю качана, як кажа Мішкаў бацька. Сын няграматнага палескага галотніка прабіўся ў генералы...

— А ты не пакінуў блазнаваць, Антон...— нездаволена паморшчыўся Каравай.

— Чаму ты думаеш, што я блазную? Хіба ж гэта не праўда, што ад тваіх спраў калаціліся тут розныя фоны-бароны, якія скончылі, можа, па дзве ці па тры ваенныя акадэміі? Кажучы попрасту, ты іх лупцаваў як сідараву казу. Але мяне гэта, Васіль, не здзіўляе...

— Я не ведаю, што наогул можа здзівіць такога чалавека, як ты,— буркнуў Каравай.

— Здзіўляе твой погляд на сельскую гаспадарку... Калі гаварыць пра цыбулю і агуркі, дык іх амерыканскія фермеры ўмеюць гадаваць не горш за нас. І ўраджаі збожжа яны збіраюць не меншыя, як мы.

— Ну, ты гаворыш не тое. Наша сельская гаспадарка самая перадавая ў свеце. Як жа тады ў нас могуць быць нізкія ўраджаі?

— А сам ты бачыў гэтыя ўраджаі? Ведаеш, якія яны павінны быць у нас?

— Не крычы вельмі... Каму трэба, той пра іх паклапоціцца.

— А ты, а я? Будзем стаяць збоку і любавацца? Дык вось я табе адказваю на тваё пытанне. У калгас я паехаў не толькі для таго, каб гадаваць цыбулю і агуркі, а будаваць камунізм.

— Ну што ж. Будуй. Толькі прашу цябе, Антон, не аспрэчвай некаторыя верныя погляды... Ты раней быў больш асцярожны...

— Вунь яно што!.. А я, грэшны чалавек, лічыў, што партыя вучыла мяне трошкі думаць і самому. Што ж адказаць на тваю параду? Ты ведаеш, як трымаюцца з жонкамі некаторыя разумныя мужыкі?

— Ну?

— Яны слухаюць сваіх баб, ніколі ім не пярэчаць, але робяць наадварот.

— Зноў пачаў блазнаваць!

— Не заўсёды ж быць надзьмутым. Дарэчы, куды ты думаеш пайсці працаваць, як скончыцца вайна?

— Мая вайна канчаецца пасля заўтрашняга парада. Мяне прызначаюць намеснікам камісара лясной гаспадаркі.

— З якой гэта рацыі? Ты ж не лесавод! Хоць, як мне здаецца, ніхто так не любіць лес, як мы, партызаны.

 

VIII

Час ад часу вярталіся ў калгас з вайны людзі. Гэта былі толькі, як і Карніцкі, інваліды. Хто без рукі, хто без нагі, альбо па шмат разоў прастрэленыя, як Андрэй Каліта. Пакуль што толькі адзін вярнуўся цэлым і непашкоджаным — былы брыгадзір Адам Лабека. Ад шашы, дзе ён злез са спадарожнай машыны, пяць кіламетраў да Пышкавіч Адам Лабека ішоў без меры доўга.

Часта ён асядаў то на прыдарожны камень, то проста на зямлю і, цяжка дыхаючы, паглядаў вялікімі цёмнымі вачамі ў бок Пышкавіч. Іх чамусьці не было відаць з-за ўзгорка: ні прывычна дарагіх стрэх з куртатымі камінамі, ні нават тапалёвых вяршалін. Некалі да вайны Адам Лабека, не адчуваючы стомы, праходзіў дарогу да шашы за якіх сорак хвілін. А цяпер ногі сталі нібы алавяныя, рукі калоцяцца, па ўсім целе разыходзіцца гарачая млосць. Рэчавы мяшок з акрайцам хлеба і адной бляшанкай кансерваў ціснуў яго да зямлі, як каменная гара. На ўзгорку, адкуль як на далоні паўсталі недарэчныя хібы пышкавіцкіх зямлянак і рэдкія чорныя шкілеты прысядзібных дрэў, Адам Лабека зноў зняможана асеў на зямлю. У вачах у яго на момант успыхнула нешта жывое, нават крыху паружавела пергаментная скура ахайна паголенага твару. Але ўжо ў наступную хвіліну рот яго пакарэжыла ад болю ў грудзях, лоб дробнай расою ўкрыў пот.

Адам Лабека глуха застагнаў і паваліўся на бок, паволі падкурчыў адну нагу, потым другую. Боль не сунімаўся. Адам Лабека перакаціўся на спіну. Так ён адчуў сябе крыху лепш. Ціхае сіняе неба над яго галавою, ласкавы, цёплы павеў ветрыку, шчаслівае цырліканне жаўранка ў сонечнай вышыні паволі знаходзілі радасны водгук у яго душы.

Ён, Адам Лабека, зноў на сваёй зямлі! Зноў дыхае паветрам сваёй радзімы, пазірае ў родную сінь неба! Нават даўкія пахі прыдарожнага палыну здаліся яму цяпер неймаверна роднымі і дарагімі. Ён працягнуў правую руку да буйнага каліва горкай травы, якое пахіствалася ад ветрыку. Правёў пяшчотна вузлаватымі пальцамі па кволых і нейкіх халаднаватых лісцях. Усміхнуўся сам сабе і заплюшчыў вочы. Адама Лабеку хіліла на сон. Так было заўсёды пасля пякучых прыступаў болю. Вось ён адпачне трошкі і тады, як гаворыцца, зробіць апошні рывок да роднага парога...

Але адпачыць яму не давялося. Пачуўся цокат колаў на жалезных восях, пырханне коней. Адам Лабека павярнуў, не падымаючыся, галаву. Да яго набліжаўся цэлы абоз фурманак. Неўзабаве пярэдні воз параўняўся з ім і прыпыніўся. З воза саскочыў чалавек у афіцэрскім кіцелі і Залатою Зоркаю Героя.

— Эй, салдат! — гукнуў ён, стаўшы над распасцёртым на зямлі Лабекам.— Далёка куды ідзеш?

Нешта знаёмае пачулася Адаму Лабеку ў шпаркім і нецярплівым голасе Героя. Толькі вось пусты правы рукаў?.. У таго, якога ён, можа, тысячу год таму назад ведаў і сустракаў, былі дзве цэлыя рукі.

— Іду ў Пышкавічы,— цяжка дыхаючы, адказаў Лабека. Ён намогся і сеў.

— На пабыўку?

— Навекі, таварыш Герой Савецкага Саюза.

— Хто ж гэта расседжваецца за якіх сто крокаў ад дому? Ты павінен ляцець, як на крылах!

— Няма ў мяне крылаў, таварыш Герой. Усе іх выскублі немцы за два гады палону. Па пёрку, па пушынцы.

— Зразумела. Уставай і сядай на воз. Хлопцы, памажыце яму.

Хлопцы кінулі дубцы, якімі паганялі коней, і падхапілі Адама Лабеку пад рукі.

— Што вы!.. Я сам!..— паспрабаваў быў пярэчыць Лабека.— Як малога якога...

— Ты сам будзеш садзіцца цэлы год! — засмяяўся чалавек у афіцэрскім кіцелі.— А хлопцы ўладкуюць цябе за пяць секунд. Хіба няпраўда? Да чыёй зямлянкі цябе падвезці?

— А вы хіба ведаеце каго-небудзь з Пышкавіч?

— Чуў пра некаторых.

Толькі цяпер Адам Лабека пазнаў свайго земляка Карніцкага. Пазнаў па шраме пад правым вокам.

— Я вас памятаю, Антон Сафронавіч,— сказаў ён проста.— Як падышлі да мяне, то не пазнаў. Голас, здаецца, знаёмы, а каб сказаць пэўна, хоць забі, не магу. А цяпер нібы ў галаве пасвятлела. Цяпер успомніў.

— А як цябе завуць?

— Да вайны мяне звалі Адамам Лабекам...

— А цяпер што, ты перамяніў сваё прозвішча?

Адам Лабека нібы і не чуў гэтага пытання.

— Быў такі брыгадзір у калгасе «Партызан». На Усесаюзную выстаўку ў Маскву ездзіў. Там паказвалі экспанаты з яго брыгады: лён, бульбу, канюшыну... Усе, якія ў нас жывуць народы, дзівіліся, што можа, калі захоча, гадаваць чалавек у Пышкавічах.

— Чакай,— суха перапыніў яго Карніцкі.— Я гэта чуў. Толькі вось не разумею, чаму ты гаворыш пра сябе, як пра нейкага нябожчыка? Няўжо ты не Адам Лабека, даваенны брыгадзір другой пышкавіцкай брыгады?

— А я і сам добра не ведаю, Антон Сафронавіч. Адны гавораць, што я ранейшы Адам Лабека, другія, наадварот, даводзяць, што ад ранейшага Адама Лабекі астаўся толькі пылок. Каму верыць — невядома...

Сэрца ў Карніцкага зашчымела ад болю. «Эх, браток, і траханула ж па табе вайна! З выгляду нібы і чалавек, салдат. Новенькая гімнасцёрка, штаны, яшчэ добрыя кірзавыя боты. Відаць, прыадзеўся ў часці, якая вызваляла лагер. То-та будзе радасці жонцы, дзецям, як убачаць дарагі для іх твар! Пакуль ён не напалохае іх сваёй вар’яцкай трызнёю...»

Карніцкі перавёў свой позірк з Адама Лабекі на Пышкавічы. Адсюль ён адрозніваў кожную зямлянку, ледзь не пазнаваў па постацях людзей. Каля Лапыровай зямлянкі быў цэлы натоўп. Што там здарылася? Можа, якое няшчасце?

Вунь па вуліцы паўзе стракаты танк з аўтапрычэпам. На прычэпе гара бярвенняў. З натоўпу, які сабраўся каля Лапыровага двара, некаторыя пачалі махаць рукамі. Значыць, з Лапыром благога не здарылася! На дварэ ў яго відаць сталы, вакол іх сядзяць людзі. Крышку воддаль нейкая мітусня, нібы танцы. Карніцкі ўважліва прыгледзеўся, і твар у яго набрак злою чырванню. Так і ёсць! Танцы сярод белага дня!

Ён ужо не мог сядзець на возе. Саскочыў і шпарка пайшоў наперад.

— Чаго гэта тут у вас «тыгры» разгульваюць? — крыкнуў яму наўздагон фурман.— Коні, таварыш Карніцкі, пачалі пудзіцца. Можа, ёсць іншая дарога да вашых дотаў?

— Едзьце за мною,— загадаў Карніцкі.— Я зараз скажу, каб заглушылі матор.

Танк з аўтапрычэпам ішоў проста на Карніцкага. Праз адчынены люк вадзіцеля выглядаў Андрэй Каліта. Карніцкі паказаў яму рукою, каб з’язджаў набок і глушыў матор. Калі матор чмыхнуў і заглух, Каліта высунуўся з люка.

— Што такое, Антон Сафронавіч?

— Там коні. Яны пудзяцца.

— Коні? Дасталі?

— Дваццаць пяць.

— Вось дык здорава! І ўсе нармальныя?

— Пабачыш. Канюшня гатова?

— Не, Антон Сафронавіч! Лапыр ужо другі дзень спраўляе дзень свайго нараджэння.

— Ашчаслівіў, мярзотнік, свет сваёй асобай. Ты вось што, Андрэй Сцяпанавіч. Арганізуй разам з Таісай для партызан абед і адпачынак. Заўтра раненька хлопцы павінны выехаць у Мінск.

— Будзе зроблена, Антон Сафронавіч.

Дарэмна Каліта і Галубовіч папярэджвалі Лапыра, каб не наладжваў папойкі.

— Я чалавек, а не парабак Карніцкага,— адказаў ім Лапыр.— Хачу раблю, хачу гуляю. Пляваць мне на ўсе яго загады...

— Глядзі, каб не каяўся, Яўхім,— прыгразіў Галубовіч.— Старшыня прывядзе коней, а іх і ставіць няма дзе.

— Цяпер цёпла. Пастаяць на свежым паветры. А ты не лезь у падбрахалы Карніцкага. Думаеш, вельмі ён ашчаслівіў твайго Мішку, што ўзяў быў у свае халуі? Лепш вось падыдзеш да мяне і вып’еш, што няма ўжо тут эсэсаўцаў.

— Смалы ты напіся за майго Мішку!..— вылаяўся Галубовіч і ўжо не чапіўся да Лапыра.

Каля Лапыровай зямлянкі грымела цяпер музыка. Ігралі два сівыя дзяды — Апанас і Карп. Танцавалі дзяўчаты і хлопцы — падлеткі. Вочы ў Лапыра, які сядзеў разам з гасцямі за сталом, былі ўжо досыць мутныя. Душа яго, аднак, бачыла ўсё. І што ёсць яшчэ самагонка ў бутэльках і збанах, і што дзед Карп вельмі ж старанна вытылінгвае на цымбалах. Лапыр расчуліўся, наліў поўную шклянку гарэлкі і, пахістваючыся, падышоў да Карпа. Цераз плечы працягнуў да яго носа пітво.

— Ах, каб цябе качкі затапталі! — у захапленні прамовіў стары, асцярожліва беручы шклянку з жалезнай лапішчы гаспадара.— На многія лета, Яўхім Дзям’янавіч!

— Пі, пі, Карп!.. Пры Герою наўрад ці давядзецца.

Ён падняў галаву і аж адхіснуўся назад. Проста яму ў вочы пазіралі сухія, жорсткія вочы Карніцкага.

— Здарова, імяніннічак! Прыйшоў павіншаваць цябе з паспяховым нараджэннем!

Музыка адразу сціхла. Людзі сышліся ў адну шчыльную групу. Пазіралі з цікавасцю і напружаннем на двух чалавек, якія стаялі адзін насупроць аднаго. Лапыр быў бадай на галаву вышэйшы за Карніцкага.

— Дзякую, Антон Сафронавіч...— прадчуваючы нядобрае, працадзіў ён праз зубы.— Сядайце да стала, выпіце чарку...

Ён узяў Карніцкага пад руку, каб ісці да стала, але старшыня адступіўся ад Лапыра.

— Выпіць мы заўсёды паспеем, Яўхім. Дзень нараджэння — вялікая дата ў жыцці чалавека. Людзі павінны радавацца, што ім неяк лепш і весялей стала жыць ад тваіх працавітых рук, ад твайго добрага розуму. Ты ім заўсёды паможаш не пустымі і нікчэмнымі спачуваннямі, а шчырай справай. Асабліва ў такія напружаныя і цяжкія дні, як цяпер. Вялікае табе дзякуй за канюшню. Дваццаць пяць коней ужо стаяць пад яе дахам...

— Паглядзіце, што робіцца на вуліцы! — крыкнуў гэтым часам нехта здаля.— Цэлы абоз!..

Людзі рынуліся з Лапыровага двара. Засталіся тут толькі гаспадар, Карніцкі і дзед Карп.

— Ты ведаеш, мярзотнік, што рабілі за такія справы ў партызанах? — ужо не стрымліваючыся, люта крыкнуў Карніцкі.— Два такія рабочыя дні выкінуць сабаку пад хвост!

— Ну, ты не вельмі тут разыходзься,— пагрозна ступіў Лапыр да Карніцкага.— Хочаш, я табе пакажу, дзе ракі зімуюць.

— Ты? Мне?

Нянавісць ужо асляпіла Лапыра. Ён здаравеннымі ручышчамі схапіў старшыню за грудзі. Наблізіў поўныя нянавісці вочы Карніцкага да сваіх вачэй.

— Хочаш? Зараз з цябе толькі мокрае месца астанецца!

Да Лапыра з галашэннем рынулася жонка. Учапілася за гімнасцёрку.

— Яўхімка, што ты робіш? Не губі нашых дзяцей!..

— Прэч, курынае дзярмо! — Лапыр толькі зварухнуўся, і жонка адляцела ад яго, як пушынка.

І ў тую ж хвіліну Карніцкі хутка падставіў Лапыру правую нагу і махнуў рукою перад яго носам.

Ратуючыся ад удару, Лапыр рэзка адхіснуўся назад і апынуўся на зямлі за якіх пяць метраў. Ён яшчэ нічога не разумеў, што з ім здарылася. Як яно здарылася? Твар яго быў разгублены, нават ашаломлены.

 

ІХ

Увечары Карніцкі сядзеў у зямлянцы Каліты. На стале скупа свяціла газнічка. Старшыня праглядаў улік работы за дзень. Бухгалтар сядзеў насупроць яго і курыў.

— Колькі сёння прывезена бярвенняў? — паглядаючы на Каліту, запытаўся Карніцкі.

— Сорак кубаметраў, Антон Сафронавіч. Мерка.

— Меркі бываюць розныя, Андрэй Сцяпанавіч. Па некаторых мерках нас павінны былі пабіць гітлераўцы, а выйшла наадварот. Цяпер для нас з табою самае важнае, самае галоўнае — прадукцыйнасць працы, як сказаў Ленін. Мы павінны працаваць і за тых, хто яшчэ на фронце. Ведаеш, што пастанавілі на сваім сходзе нашы камсамольцы?

— Пакуль што не.

— Усе, хто можа трымаць сякеру ці рыдлёўку,— на работу! Дома астаюцца толькі хворыя. А калі ты хворы — прынясі, калі ласка, даведку ад доктара.

— Дык жа ў нас сельскагаспадарчая арцель, а не завод.

— Дай божа, каб і ў нас была такая арганізацыя працы і працоўная дысцыпліна, як у рабочых.

— Тады мы, можа, прымем яшчэ пастанову: аплачваць працу не натурай, а грашыма? А-а?

— Ты не смейся. Некалі дойдзем і да гэтага. Не заўсёды мы будзем сядзець на тысячных прыбытках.

— А як іначай?

— Будуць у нас і мільёны.

— Мільёны? Адкуль?

— Ведаеш расказ пра спадчыну? Паміраў чалавек і сказаў сваім сынам, што ў садзе закапаны клад. Дзе — няхай самі шукаюць... Сыны перакапалі, перабралі рукамі ад краю да краю ўсю зямлю. Праўда, золата яны не знайшлі, але дрэвы на перакапанай зямлі далі найвялікшы ўраджай. І гэты ўраджай быў для сыноў самым лепшым кладам. Так будзем рабіць і мы.

— Шчасце, што той зямлі не патрэбен быў гной. А для нашай пакуль што няма і воза.

— Гной мы здабудзем з балота. Торф!

— Невялікі з яго наедак для раслін.

— Будзем кампаставаць з гноем. Балота ў нас хапае. Мы цяпер паставім яго на службу ўраджаям. Ты, Андрэй Сцяпанавіч, націскай на вывазку дрэва... Можа, нам зрабіць яшчэ адзін аўтапрычэп?

Полымя газнічкі загайдалася, ледзь не згасла. Карніцкі зірнуў на дзверы. У іх стаяла маці Косціка — Таіса.

— Позна вы засядзеліся, начальнікі! — прамовіла яна.— Усе Пышкавічы даўно спяць.

— А ты хіба са сталіцы, што гуляеш да поўначы? — устаючы, запытаўся Каліта.

— Я выконваю грамадскія абавязкі. Лапырыха прасіла, каб ты, Антон, нікуды не паведамляў пра Яўхіма.

— Як гэта не паведамляць? — здзівіўся Каліта.— Замах на старшыню калгаса, ды яшчэ Героя Савецкага Саюза. Палітычная справа!

— Звычайнае хуліганства п’янага і злога чалавека,— паморшчыўся Карніцкі.— Дык што — пісаць пра гэта ў Мінск, у Маскву? Не! З тымі, хто нам сапраўды перашкаджае, мы самі справімся! Іх адзінкі, а нас цэлы батальён.

— Рабі, Антон, як лепш і для сябе і для калгаса,— сказала Таіса.

— Можа, усё ж паведаміць у міліцыю? — прапанаваў Каліта.

— Ты што, звар’яцеў? Лапыра могуць забраць, а хто тады ў нас рабіць за яго будзе? Міліцыянер? Суддзя?

— Лепш бы ты, Антон, не чапаў гэтага Лапыра...

— Чаму, Таіса?

— У яго родны брат недзе вялікім начальнікам. Ён заўсёды заступіцца за Яўхіма.

— Нічога. Бог не выдасць — свіння не з’есць.

 

Х

На другі дзень у зямлянцы Каліты сабралася праўленне. Апрача Каліты, тут былі Таіса, Галубовіч, стары цясляр дзед Жораў, маладзіца Ванда. Карніцкі, аднак, чамусьці марудзіў і нецярпліва паглядаў праз невялічкае акенца на вуліцу.

— Час пачынаць, Антон Сафронавіч,— прапанавала Таіса.— Каго мы чакаем?

— Адама Лабеку. Я прасіў яго падысці.

Усе пераглянуліся. Дзед Жораў паціснуў плячамі і прамовіў:

— Бачыў я, старшыня, нашага Лабеку. Невялікі ўжо з яго работнік. Ды і гаворыць, нібы не пры сваім розуме. Проста шкада яго. У бальніцы яму трэба ляжаць, а не засядаць на праўленнях.

— Ты, дзед Жораў, у нас вялікі доктар. Ты б і мяне адправіў у белыя шпітальныя палаты. Але Адама Лабеку мы будзем лячыць у нашым калгасе. Па рэцэптах нашага дарагога Ільіча!

Усе зноў пераглянуліся. Карніцкі, аднак, сказаў Вандзе, каб яна схадзіла да Адама Лабекі і ад яго імя папрасіла прыйсці на праўленне абавязкова.

— Пасланец важнецкі! — у нейкім захапленні гукнуў Каліта.— Такая мёртвага ажывіць і прывядзе.

— Ай, што вы такое гаворыце, Андрэй Сцяпанавіч?! — здаволена засмяялася Ванда.— Хіба я чараўніца?

Яна паправіла на сабе сінюю, з белымі гарошынамі, сукенку і пайшла з зямлянкі. Каліта з ціхай пяшчотай у вачах глядзеў на яе лёгкую і стройную постаць.

Яшчэ не ўпэўнены, што Адам Лабека здолее прыйсці на пасяджэнне, Карніцкі вырашыў далей не цягнуць. На парадку дня стаяла і такое важнае пытанне, як падрыхтоўка да жніва. Трэба было вырашыць неадкладна адну справу. Як вядома, акупанты, каб дарэшты знішчыць калгасны лад, правялі так званую «зямельную рэформу». Яны парэзалі грамадскае поле зноў на вузкія палоскі. Кожны, хто атрымаў такую палоску, павінен быў пад пагрозай смерці засяваць яе і здаваць ураджай акупантам. Праўда, захопнікам не заўсёды ўдавалася ўзяць тое, што ім хацелася. Партызаны своечасова папярэджвалі насельніцтва аб грабежніцкіх планах акупантаў. Часта уварваўшыся ў вёску, гітлераўцы знаходзілі адны абабітыя снапы і ні каліва ў засеках. Часта, акружыўшы вёску, яны прымушалі калгаснікаў распачынаць малацьбу пад іх пільным наглядам. Па дарозе ад вёскі і да гарнізона выстаўляліся ўзброеныя аўтаматамі і ручнымі кулямётамі патрулі. Яны павінны былі засцерагаць машыны з нарабаваным дабром ад нападаў партызан. Па ўсёй Беларусі ішла бязлітасная барацьба за хлеб. Раённыя падпольныя камітэты партыі заклікалі насельніцтва не даваць ворагу ні кілаграма збожжа. Кожнае зярнятка павінна служыць толькі справе вызвалення ад ненавісных акупантаў. Партызаны памагалі сялянам не толькі засяваць палеткі, але і ўладкоўваць як належыць ураджай. Праўда, ён быў не вельмі важны. Поле не ўгнойвалі, ды яго і не было чым угнойваць: жывёла пайшла на звод. Зямля пакуль што дыхала толькі тым, што атрымала пры калгасным ладзе.

— Перш чым абмеркаваць план уборкі,— пачаў цяпер Карніцкі,— я хацеў бы ў вас запытацца пра абагульненне ўсіх пасеваў. Некаторыя прапануюць, каб кожную палоску жыта жаў і малаціў той, хто яе засяваў. Правільна гэта?

— Глупства нейкае! — не стрымаўся Каліта.— Мы ўжо з табою дамовіліся, Антон Сафронавіч...

— Не спяшайся, Андрэй,— перапыніў яго Карніцкі.— А можа, хто прапануе іншы спосаб? Таіса?

Таіса хутка ўстала. Яна абвяла позіркам усіх прысутных, нібы не разумеючы, чаго яны сюды сабраліся. Потым адказала:

— Чаго там пытацца!.. Жаць і здаваць дзяржаве збожжа, як і да вайны,— усім калгасам! Мала хто што плявузгае.

Яна села. Тады, не ўстаючы, загаварыў дзед Жораў:

— Я-то, на мой дурны розум, зрабіў бы іначай. Хто сеяў — няхай той жне і малоціць. Ён тады не будзе глядзець — будні гэта дзень ці нядзелька. Нават малыя тады ідуць на помач. А калгасам што — мы не маем права, не па закону прымушаць падлеткаў рабіць. Крымінальная справа! Ну, а ўсё астатняе рабіць — будаўніцтва там ці сяўба — калектыўна.

Не паспеў Карніцкі выказаць некаторых сваіх заўваг да прапановы дзеда Жорава, як Таіса зноў усхапілася і бразнула такое, што стары нават на момант прыкрыў далоняй маршчыністы твар. Карніцкі ажывіўся і вясёлымі вачамі паглядзеў на Каліту. Той рагатнуў, але зараз жа зноў зрабіўся сур’ёзны і ўважлівы.

— ...а яшчэ цябе, такога супастата, партызаны сваім кашаварам трымалі! У падпольнай газеце расхвальвалі, як ты смачна карміў падрыўнікоў! Можа, і тады ўжо ты глядзеў не ў тыя вароты. Мой Іван не для таго паклаў сваю галаву на фронце, каб я і Косцік зноў, як тыя аднаасобнікі, поўзалі па вузенькай палосцы! Галасуй, Антон, супроць дзеда Жорава! Іначай мы век не дойдзем да сапраўднага жыцця!

— Чаго ты, дзеўка, ускіпела? — разважна загаварыў стары цясляр, калі Таіса села.— Кідаецца, не раўнуючы як тая мядзведзіца на цяля! А ісці варыць хлопцам у лесе кашу мне ваенкамат позвы не прысылаў. Сам, добраахвотна пайшоў.

— Адчапіся,— вяла адказала Таіса.— Не магу слухаць, калі чалавек гаворыць не тое, што трэба.

— Ціха, таварышы! — прыпыніў іх спрэчку Карніцкі. — Што скажа наш Мікалай?

— А што тут доўга гаварыць? Галасуй, тады ўбачыш.

Гэтым часам у дзвярах і паказалася Ванда. За ёю ішоў Адам Лабека. Пераступіўшы парог, ён стаў і прыпёрся да вушака, нібы чакаючы, што яму зараз прапануюць выйсці адсюль.

— Сядай, Адаме,— чамусьці заспяшаўся Карніцкі і растлумачыў: — Ты цяпер у нас самы спрактыкаваны ў калгасных справах, дарагі чалавек. Без тваёй парады мы ніяк не можам абысціся. Вось зараз мы меркавалі: жаць жыта па палосках ці абагульняць усе пасевы і пачынаць уборку калектыўна. Што скажаш ты?

— А вы будзеце мяне слухаць? — голас у Адама быў кволы, па-дзіцячаму наіўны. Дзед Жораў падняў галаву і падміргнуў Карніцкаму: «Хіба не казаў я табе?» Старшыня зразумеў яго позірк, але адказаў Лабеку:

— Што ты, Адаме, схамяніся! Нам дорага кожнае слова, якое паможа «Партызану» зноў красавацца на Усесаюзнай выстаўцы ў Маскве. Вось адпачнеш, тады мы цябе прызначым брыгадзірам. Калі ласка, праяўляй свае здольнасці на ўсю сілу.

— Ліха яго ведае, што тут сказаць,— апусціўшы вочы, нібы да самога сябе прамовіў Лабека.— Найлепшае жыццё мелася ў нас да вайны. Але ж гэта было даўно. Можа, тысячу год назад... Адразу пасля калектывізацыі... Калі абагульнілі і палоскі і коней. Па статуту...

— Значыць, ты за абагульненне пасеваў? — цярпліва выслухаўшы крыху бязладную і глухаватую гаворку Лабекі, запытаўся Карніцкі.

— Ага... Мне можна ісці?

— Хвіліначку, Адаме. Ды сядай ты, нарэшце! — ужо нецярпліва прамовіў Карніцкі.— У нагах, як вядома, праўды няма.

Адам Лабека слухмяна ступіў наперад і сеў побач з Вандай на палку.

Прапанова абагульніць пасевы была прынята аднагалосна. Тады Андрэй Каліта пачаў расказваць пра план уборкі і здачы збожжа дзяржаве. Усё ў гэтым плане было ўлічана і разлічана да астатняй драбніцы. Калі Андрэй скончыў, Лабека нясмела запытаўся:

— Мне можна?

— Давай, кажы,— прапанаваў Карніцкі.

— У мяне толькі пытанне,— усё тым жа кволым голасам, але ўжо з нейкай ледзь прыкметнай іскрынкай цікаўнасці загаварыў Лабека.— Як можна за столькі працадзён усё выканаць, калі да вайны іх ішло бадай што ў два разы? Памятаеш, Андрэй, як дружна працавалі ў другой брыгадзе? І то ледзьве ўпраўляліся! І мужчын жа тады колькі было!

— Мы трошкі павялічылі нормы выпрацоўкі, Адам,— растлумачыў Карніцкі.— Я думаю, што агульны сход іх зацвердзіць, як зацвердзіць і ўвесь наш план.

— Пра нормы мы думалі, праўда, яшчэ да вайны,— прыпомніў Лабека.— Чалавек можа выканаць большую работу.

Пасля ўдакладненняў быў прыняты і план уборкі. У бягучых справах Каліта павёў размову аб пакаранні Яўхіма Лапыра за арганізацыю п’янкі. Карніцкі прапанаваў зняць яго з брыгадзіраў і аштрафаваць на дзесяць працадзён.

— А хто ж будзе замест Лапыра? — не стрымаўся дзед Жораў.

— Ты, дзед Жораў,— адразу адказаў Карніцкі.— Ад заўтрашняга дня прымай вярхоўнае камандаванне над будаўнікамі і здавай гатовенькія аб’екты ў тэрмін. За адставанне, май на ўвазе, па галоўцы не пагладзім. Вось і ўсе нашы справы, таварышы.

Карніцкі развітаўся і выйшаў з зямлянкі. Следам за ім падаўся і Лабека. Ціха было навакол. Поўны ясны месяц асвятляў гламаздаватыя хібы зямлянак. Патыхала аднекуль вільгаццю і палыном.

— Антон Сафронавіч! — усё тым жа кволым голасам гукнуў Лабека.— А мне што заўтра рабіць?

— Адпачывай, Адам, набірайся сіл. Ты моцна павінен стаць на ногі. Каб цябе не валіў вецер.

— Мяне, Сафронавіч, валіў не вецер, а людзі.

— Якія людзі, Адам?

— Усялякія...

— Усялякія? Плюнь ты цяпер на гэтых усялякіх! Ты савецкі чалавек, Адам! А савецкі чалавек павінен з годнасцю трымаць сваю галаву. Усюды і заўсёды! Не можаш ужо дыхнуць без працы — пакіруй пакуль што торфанарыхтоўкамі. Гэта і недалёка ад вёскі і якраз будзе па тваёй сіле. Прыйдзе жніво — прызначым цябе брыгадзірам другой палявой брыгады, як да вайны.

 

ХІ

Карніцкі ўставаў у калгасе першым. Яшчэ спалі пляменнікі, Настася, Сцяпан, а Антон Сафронавіч ужо ўсхопліваўся з нізенькага жалезнага ложка. Кожны дзень у гэтую хвіліну пачыналася не зусім прыемнае. Ён усё яшчэ не мог сам апрануцца, усцягнуць боты. Яшчэ непаслухмянымі былі пальцы левай рукі. Талаконцаў запэўняў, што яны з цягам часу памацнеюць, калі Карніцкі будзе акуратна выконваць заданні так званай лячэбнай фізкультуры, часцей згінаць і разгінаць іх. І Карніцкі варушыў гэтымі пальцамі, калі ўставаў, варушыў, ідучы па вуліцы, нават не даваў ім спакою ў сне. Толькі б хутчэй яны памацнелі!

І сёння, як і заўсёды, Карніцкі пачаў разварушваць Сцяпана, каб устаў і памог яму апрануцца. І сёння, як і заўсёды, Сцяпан доўга пазяхаў, охаў, пакуль ссунуў свае ногі з нар.

— Шалёны ты чалавек, Антон! — пачынаў брат сваю старую песню.— На дварэ яшчэ цемень. Хіба табе трэба больш, як іншым? Каб мне ішоў такі аклад, як табе, дык бы я дзень і ноч спаў. У сухаце, у цёпленькай пасцелі. Я вот не магу дачакацца, калі той камунізм прыйдзе. Гавораць, што тады кожны чалавек, што захоча, тое і рабіць будзе. Тады спі колькі хочаш, еш і пі што захочаш. Рай!

— Ты, Сцяпан, яшчэ і да сацыялізма не дарос! — перапыніў братаву балбатню Карніцкі.— Колькі ты ўчора абчасаў бярвенняў?

— А-а, табе ўжо далажылі!.. Колькі было па сіле, столькі і абчасаў. Я іх не лічыў...

— Стары дзед Жораў зрабіў у два разы больш за цябе. Глядзі, будзеш марнаваць час, аштрафуем, як і Лапыра.

Сцяпан недаверліва паглядзеў у вочы брату.

— Як гэта аштрафуеш? Роднага брата?

— Зразумей, што ты як брат старшыні павінен працаваць, ну, калі не больш, дык не менш, чым усе калгаснікі. А ты нават на працу выходзіш пазней за іншых. Глядзі, каб гэта было астатні раз!

Пасля такой размовы Сцяпан ужо непрыязнымі вачамі стаў пазіраць на Антона. Знайшоўся герой вучыць свайго старэйшага брата, пагражаць штрафам! Прыехаў сюды ад няма чаго рабіць, пачаў гаспадарыць у яго, Сцяпанавай, зямлянцы, як у сваёй уласнай хаце. Пачаў нават упікаць, што кладзешся спаць з нямытымі нагамі... Можаш сабе збудаваць такі палац і выбірацца адсюль хоць сёння! Але ці ўседзіш ты там адзін без маёй дапамогі! Лепш бы ты зусім выехаў з Пышкавіч!

У Пышкавічах былі дзве пустыя зямлянкі. Карніцкі перабраўся ў адну з іх. Таіса пабяліла тут печ, чыста падмяла гліняную падлогу, вымыла і выцерла акенцы. Карніцкі ўздыхнуў на поўныя грудзі, апынуўшыся ўвечары сам-насам.

Але вось мінулася кароткая летняя ноч. Ужо даўно прагарланіў у Пышкавічах разбойны певень, пачало ўсходзіць сонца, сабраліся на штодзённы ранішні нарад брыгадзіры, а Карніцкі ўсё не выходзіў з зямлянкі.

— Праспаў нешта наш Сафронавіч,— пачаў хвалявацца Мікалай.

— Ён, можа, пад’язджае да Масквы,— патрэсваючы медалямі на здаравенных грудзях, ухмыльнуўся Лапыр.

— Схадзі, Таіска, паглядзі, што з ім,— прапанаваў дзед Жораў.— Далажы свайму камандзіру, што яго штаб на месцы.

Карніцкі тым часам спрабаваў усцягнуць на нагу бот і не мог. Твар у старшыні спацеў, у вачах была злосць і шаленства. У нянавісці Карніцкі шпурнуў бот. Ён паляцеў і ледзь не трапіў у Таісу, якая адчыніла дзверы.

— Добра ж ты сустракаеш сваіх калгаснікаў, Антон! — усміхаючыся, сказала яна і падняла бот.— Ці не думаеш босы выходзіць на вуліцу?

Сціскаючы пальцы ў кулак, Карніцкі крыкнуў з нейкай дзіцячай упартасцю і крыўдай:

— Пайду босы!

— Каб людзі смяяліся? Многія і так не вераць, што ты насур’ёз прыехаў...

— А ты верыш?

— Я сама яшчэ не ведаю, Антон... Давай сюды сваю нагу.

Яна памагла яму ўсцягнуць бот.

— Навошта ты шыў іх у абліпачку? Табе цяпер патрэбны не такія.

— Ты пашкадаваць мяне прыйшла?

— Не, памагчы,— усцягваючы другі бот, адказала яна.

— Ты спазнілася, Таіса!

— Пра што ты гаворыш, Антон?

— Ты ведаеш пра што.

— Я тады чакала цябе шэсць год.

— І выскачыла за Івана?

— Ты не чапай нябожчыкаў. Ён быў не такі кручаны, як ты. А табе трэба было ўсюды паспець. Першыя немцы, белапалякі, кранштацкі мяцеж, паны ў Заходняй... Ты думаў, што калі цябе там не будзе, дык праваліцца ўся зямля. Мне здаецца, ты цяпер пабойваешся...

— Я? Каго?

— Самога сябе.

Карніцкі як браўся апрануць кіцель, так і знямеў. Паглядзеў на Таісу ашаломленымі вачамі. Рука ніяк не магла справіцца з гузікамі. Таіса схамянулася, памагла яму зашпіліць кіцель. Паправіла Залатую Зорку, прамовіла ў задуменні:

— Дорага дастаюцца чалавеку такія ўзнагароды...

І нечакана хутка пайшла з зямлянкі.

 

Увечары Каліта прынёс Карніцкаму малаабуваныя кірзавыя боты. Яны былі раскашнейшыя за хромавыя. Карніцкі паспрабаваў іх усцягнуць на ногі сам і астаўся вельмі здаволены.

— Ну вось, цяпер парадак! — усміхнуўся Каліта.— Цяпер ты сапраўды незалежны чалавек. Толькі мне трошкі страшнавата робіцца.

— Чаго?

— Заўтра ўсхопішся сярод ночы. А то і зусім не ляжаш спаць.

— Няма цяпер калі разлежвацца, Андрэй. Вось скончым кароўнік, прывязём, калі нам дадуць, кастрамічак, тады і адпачнём. Бо што гэта за калгас без кароў?! Ну, дзякую пакуль што за абутак.

— Як сабе хочаш,— сказаў, устаючы, Каліта.— Ты чуў, гавораць, што Лапыр напісаў на цябе скаргу ў райком?

— А няхай піша, куды хоча. Абы толькі добра рабіў. Усё астатняе мяне мала цікавіць.

Мінула яшчэ адна ноч. Цяпер Карніцкага ўжо не турбавала, што некага ён павінен будзіць. Вуліца, на якую ён выйшаў, была ціхая і сонная. Карніцкі збочыў на калгасны двор. Тут стаіць «тыгр» з аўтапрычэпам. Акуратна складзены штабялі акоранага і неакоранага бярвення. Бялеюць укопаныя ў зямлю дубовыя слупы вялікай будыніны, у якую пакладзена некалькі вянцоў. Карніцкі ўваходзіць у сярэдзіну зруба, азіраецца. Падымае кінутую скоблю і кладзе каля шула на бервяно. Адыходзіцца ад зруба, прыпыняецца, каб паглядзець на яго зводдаль.

І замест зруба бачыць ён вялікі прыгожы кароўнік з высокімі шастамі маланкаадводаў па канцах. З расчыненых варот кароўніка даяркі ў белых халатах выносяць і грузяць на машыну бітоны. Сярод іх Паліна Фёдараўна. Убачыўшы Карніцкага, яна з цёплай усмешкай махае яму рукой.

Карніцкі хмурыцца, і адразу знікае гэты малюнак. Тырчаць слупы распачатай будовы. Карніцкі шпарка паварочваецца і ідзе прэч. Непадалёку стаяць у рад дзесяткі два драбінак. Адна драбінка вытыркаецца нешто на метр з рада. Карніцкі ўпёрся ў яе плячом і падкаціў. Паглядзеў — стаяць роўна ўсе — і рушыў прэч, на луг, дзе пасвіліся коні.

За прырэчнымі чаротамі ён заўважыў дымок ад вогнішча. Каля агню ляжаў на разасланым шынялі Мікола Галубовіч. Ён быў у ватоўцы і ў шапцы-вушанцы. Пачуўшы крокі Карніцкага, Мікола прыўзняўся і сеў.

— Добры дзень, Мікола.

— Добры дзень, старшыня. Паклон вам ад Мішкі.

— Дзякую. Як ён там ваюе?

— Піша, што атрымаў трэці ордэн. Зорачку.

— Добры ў цябе сын, Мікалай. І ў партызанах і на фронце заўсёды першы. Як тут нашы трактары?

— Запасаюцца гаручым, старшыня.

— Хадзем глянем.

— Давай,— устаючы, гаворыць Мікалай.

Яны ідуць да коней, занятых сакавітай роснай травою. Карніцкі падступіўся да аднаго з іх і пачаў гладзіць з пяшчотай па спіне.

— Эх ты, белалобы! Колькі трэба будзе перавярнуць работы.

— Конь, як і чалавек, баіцца не работы, а няўвагі да сябе,— зазначыў Галубовіч.— Вы ідзіце зірніце на Шустрага.

— А што? — насцярожана запытаўся Карніцкі.

— Учора да крыві змуляў персі... Бачыце, не дае нават да сябе падступіцца. А да гэтага быў такі рахманы...

— Да каго прымацаваны?

— Гэтая круціхвостка, удава Ванда, на ім ездзіць. Відаць, без галавы напяла церассядзельнік. Пачаў увечары дакараць, адно толькі сораму набраўся. Вядома, ні мужа, ні дзяцей няма, дык баба шалее... Прыгразіла, што сёння не пойдзе на работу...

— Добра. Я з ёю пагавару. Гані коней дадому.

Ужо ўзыходзіла сонца, калі Карніцкі вярнуўся ў вёску. Сям-там былі відаць жанчыны з вёдрамі, недзе рупліва кляпалі касу. Карніцкі паглядзеў паўзверх зямлянак. З усіх каміноў віліся лёгкія дымы. Толькі над зямлянкай Ванды не было дыму.

Карніцкі, адказваючы на прывітанні сустрэчных ці вітаючыся першым, хутка падышоў да зямлянкі Ванды, спусціўся па сходках і пастукаў у дзверы.

— Хто там? — дайшоў да яго слабы жаночы голас.

— Я, Карніцкі. Адчыні.

Праз дзверы ён чуў, як бразнула засаўка. Дзверы адчыніліся, і ў глыбіні зямлянкі Карніцкі ўбачыў жанчыну ў адной кашулі, з пышнымі валасамі, якія рассыпаліся па голых прыгожых плячах. Спакойна, нібы выхваляючыся сваёй зграбнай постаццю, Ванда дайшла да ложка, лягла і прыкрылася коўдрай толькі да грудзей.

— Ты чаму не ўстаеш і не паліш у печы? — запытаўся Карніцкі.

— Я хворая,— спакойна пазіраючы ў твар старшыні, прамовіла Ванда.

— Што ў цябе баліць?

— Усярэдзіне нешта пячэ. Вось тут,— дакранаючыся поўнай рукой да грудзей, адказала Ванда.— Зачыні дзверы, а то зайшоў, як у хлеў.

— Ты мяне не вучы, як заходзіць у хату. У цябе вельмі душна.

— Тады было душна, а цяпер скразняк.

Карніцкі прычыніў дзверы.

— Табе, можа, прывезці доктара?

— Доктар мне не паможа.

— Значыць, ты не хворая. Прыкідваешся?

— Ідзі памацай мой лоб. Не бойся, я цябе не з’ем.

— Твой лоб такі, як і заўсёды.

— Не, ты памацай!

Карніцкі ступіў да ложка, паклаў руку на лоб Вандзе.

Тая схапіла яго руку, прытуліла да сваіх грудзей. Пацягнулася тварам да твару Карніцкага.

— Любы мой! Антон! Дарагі...

— Ты звар’яцела! Пусці руку...

— Не пушчу! Ты памятаеш шпіталь у брыгадзе Каравая?

— Ну?

— Памятаеш сястру, якая памагала Талаконцаву?

— Памятаю. Ну і што?

— Мне страшна было глядзець на цябе. Я хацела толькі аднаго: каб ты астаўся жывы! Нават без рук, без ног. Толькі б адны твае ясныя вочы!..

— Не трэба, Ванда. У мяне ёсць жонка...

— Жонка?! Дзе яна, твая жонка? Ты быў ёй мілы, калі вазіў яе на курорты і дачу... А цяпер?

— Яна даглядае маіх дзяцей.

— Прывязі іх сюды, і я дагледжу іх не горш, як твая царыца...

— Ты гаворыш не тое, Ванда.

— Тое! Каб яна цябе кахала, яна б за табою жывой пад лёд палезла, у агонь, а не то што ў зямлянку!

— Гэта не твая справа. Снедай і зараз жа ідзі з рыдлёўкай на балота. Пра тваё каханне пагаворым у вольны час... І пра каня, якога ты змуляла...

 

Тым часам, пазвоньваючы медалямі, Лапыр з сякераю за поясам паволі ступаў вялізнымі ботамі па пыльнай вуліцы. Скрозь варушыліся людзі. То групамі, то паасобку яны спяшаліся ў адным кірунку.

Косцік з рыдлёўкай на плячы вёў за сабою каманду хлопцаў.

— Левай, левай, левай! — чуўся яго строгі голас.— Шырэй крок!

Лапыр павярнуў на калгасную сядзібу, да кучы бярвенняў каля новай пабудовы. Тут ужо кіпела работа. Дзед Жораў, узмахваючы сякерай, часаў бервяно. Сыта шоргала ў тоўстай калодзе падоўжная піла, выразаючы шырокую дошку. Два барадатыя калгаснікі прыладжвалі на сцяне бервяно. Таіса, якая падышла да дзеда Жорава амаль адначасова з Лапыром, запытала:

— Ты, Яўхім, не бачыў Героя? Час яму снедаць.

— Яго сёння частуе Ванда,— чамусьці ўхмыльнуўся Лапыр.

— Брэша немаведама што,— прабурчаў дзед Жораў.— Бярыся за работу.

— Не верыце — паглядзіце.

Таіса і дзед Жораў зірнулі на зямлянку Ванды. Дзверы яе расчыніліся, і ў іх паказаўся Карніцкі.

 

XII

Андрэй Каліта недарэмна папярэджваў Карніцкага. Раззлаваны пераводам з брыгадзіраў у радавыя цесляры, Лапыр сапраўды напісаў скаргу Драпезу. Адтуль прыслалі паперку, каб Антон Сафронавіч неадкладна з’явіўся ў райком і даў тлумачэнні.

Карніцкі, прачытаўшы паперку, весела ўсміхнуўся і прамовіў да Каліты:

— Гэта, дарагі Андрэй, пачатак атакі. У нас ёсць яшчэ асобы, якія прэтэндуюць толькі на чын, на званне, а не на карысную для грамадства працу. У чалавека тупая галава, ён трох путных слоў звязаць не можа, а прапануй яму пасаду камісара па замежных справах — не пахіснецца, не задумаецца, а дасць згоду. Як гаворыцца, дзе б ні працаваць — толькі б не працаваць!

— Лапыр напіша яшчэ і ў Мінск і ў Маскву.

— Я ўжо табе сказаў, што няхай піша, куды хоча. Мне толькі шкада людзей, якіх яго непісьменныя заявы будуць адрываць ад сур’ёзных спраў. Ну, я пайшоў на поле.

— А райком? — насцярожана зірнуўшы на старшыню, запытаўся Каліта.

— Не турбуйся, пагляджу, як ідзе работа, і пайду.

— Можа, Мікалай цябе падвязе?

— Ты звар’яцеў? Каб Лапырова заява зрывала з работы старшыню, конюха ды яшчэ і каня? Не, брат, упраўлюся і адзін. Будзь спакойны, нашага паважанага Яўгена Данілавіча я не падвяду, калі справа ідзе нават пра такую каштоўную «кадру», як Яўхім Лапыр.

Па тым, як Карніцкі наўмысля перакруціў слова і вымавіў яго з асаблівым націскам, Каліта зразумеў, што гутарка з Яўгенам Данілавічам будзе не вельмі лагодная.

Карніцкі паправіў у кішэні пусты рукаў кіцеля і нецярплівым крокам накіраваўся да балота.

Дзесяткі людзей — мужчыны, жанчыны, падлеткі — капалі тут торф. Старшыні захацелася паглядзець, як працуе Косцік. Ён раз-поразу выкідваў на край канавы вільготныя чорныя камякі.

Карніцкі загаварыў з дзедам Карпам, але нічога не прамінаў вокам з таго, што адбывалася навакол.

Вось Косцік вылазіць з канавы, здаволена аглядае работу. Ідзе зірнуць, колькі зрабілі дарослыя. Спыняецца ў захапленні перад участкам Ванды, якая, ні на каго не азіраючыся, выкідвае і выкідвае з канавы торф.

Косцік хутка вяртаецца да сяброў.

— Ідзіце гляньце! Цётка Ванда выкапала, будзь здароў! Больш як хто!

Хлопцы выскакваюць з канавы, бягуць да Ванды, якая па-ранейшаму працуе зацята.

Хлопцы стаялі і моўчкі пазіралі, калі пачуўся патрабавальны і нездаволены голас Таісы.

Косцік падышоў да маці.

— Ты не глядзі на гэтую... Ванду. Рабі сваё.

— Чаму?

— Так...

— Дык жа яна лепш за ўсіх робіць. А дзядзька Антон сказаў вучыцца ў лепшых...

— Ты вучыся ў мужчын.

— А якія ў нас мужчыны? Хіба адзін Лапыр. Але і таго, будзь здароў, дзядзька Антон валяе!..

— Я табе паздароўкаю! Ідзі канчай.

Косцік здзіўлена паціснуў плячамі і рушыў ад маці. Падышоўшы да сваіх дружбакоў, якія ўсё яшчэ глядзелі, як працуе Ванда, Косцік загадаў:

— На месца!

Ён зноў скочыў у канаву, узяў рыдлёўку і з маланкавай хуткасцю пачаў выкідваць торф.

Карніцкі абышоў навакол вялізныя гурбы нарыхтаванага торфу і накіраваўся ў мястэчка.

 

У прыёмнай райкома, перабіраючы нейкія паперы, сядзела дзяўчына. Карніцкі павітаўся з ёю і запытаў, ці ёсць Драпеза.

— Заходзьце, калі ласка,— адказала дзяўчына.— Яўген Данілавіч вас чакае.

Драпеза стаяў каля стала спіною да дзвярэй і крычаў у тэлефонную трубку:

— Ты мне, золатка, баек такіх не расказвай. Зразумеў? Калі праз гадзіну трактары не выедуць у калгасы — наракай на сябе. Зразумеў?

— З кім гэта ты так міла размаўляеш? — запытаўся Карніцкі, калі Драпеза кінуў на вілку трубку і павярнуўся, каб сесці за стол.

— А, Антон Сафронавіч!.. Разумееш, прапясочваў дырэктара МТС Барысевіча.

— Што ён такое адпаліў?

— Тры дні таму назад нам прыслалі з Куйбышаўскай вобласці пяць спраўных трактараў. Дык Барысевіч трымае іх на сядзібе і чакае, калі выйдуць з рамонту два старыя, каб усе разам рушылі з МТС. Без параднасці не можа, сукін сын, абысціся...

— Нам адзін трактар будзе?

— Ты, Сафронавіч, жартуеш? Гэтулькі нацягаў коней!

— Хочаш — абмяняю на нямецкі танк? Дам спраўную гармату ў прыдачу.

— Не, і не прасі. Трактары мы пашлём туды, дзе няма коней. У мяне ёсць лепшая для цябе навіна. Ты заходзіў у Мінску да таварыша Галініна?

— А што?

— Сёння мне пазванілі ад яго, што можна ехаць у Кастрамскую вобласць па караваеўскіх кароў.

— Колькі адпускаюць?

— Шэсцьдзесят.

— Дзякую, Яўген Данілавіч, за такую навіну. Можна ісці?

— Хвіліначку, Антон Сафронавіч. Што ты зрабіў з Лапыром?

— А нічога. Ён захацеў праверыць, ці ведаю я некаторыя прыёмы абароны. Цяпер у нас усё ў парадку.

— Не думаю. Дзе ён працуе?

— У будаўнічай брыгадзе.

— Кім?

— Цесляром.

— Вось бачыш, Сафронавіч, як нядобра выходзіць. Са старшыні ў брыгадзіры, з брыгадзіраў у радавыя, а хутка ты зробіш яго пастухом.

— Пастух з яго не выйдзе. Для гэтага трэба мець нешта светлае ў галаве. Няхай пакуль што памахае сякерай.

— Абком не згодзен з табою.

— Вось як! Ужо ведаюць і там!

— Так. І яшчэ... пра твае сувязі з...

— Дагаворвай да канца.

— Глупства... Ну, нейкія там бабскія справы. Адным словам, ёсць указанне забраць ад цябе Лапыра і паслаць у «Перамогу» старшынёю. Скажаш, каб ён заўтра з’явіўся ў райком.

— Няхай адсохне мне язык, калі я перадам гэтаму прайдзісвету такое даручэнне! Каб ён ехаў губіць «Перамогу»?! Запомні, што і там я яму не дам спакою!

— Кінь, Сафронавіч! Знайшоў чужаземнага ворага!

— Часам свой, тутэйшы, шкодзіць нашай справе не менш, чым прышлы.

— Баюся, што чым далей, то ты робішся больш нястрыманым. У атрадзе ты быў спакайнейшы. Я не пазнаю цябе, таварыш камандзір.

— Я таксама часам не пазнаю сябе, таварыш камісар,— нібы прыслухоўваючыся да самога сябе, загаварыў Карніцкі.— Відаць, вайна паклала на кожнага з нас свой адметны знак. Некалі я гатовы быў ляцець памагаць сусветнай рэвалюцыі ў любую частку свету. Цяпер жа мне чамусьці ўяўляецца, што сусветнай рэвалюцыі я найбольш памагу тут, калі буду дбаць, каб кожны чалавек жыў у самым лепшым доме, меў удосталь самых розных харчоў і адзення, адпачываў як належыць. Прыедзе ў Пышкавічы замежны госць, паглядзіць на наш самы высокі у свеце узровень жыцця ды хутчэй заспяшаецца дадому — гнаць к чортавай матары сваіх памешчыкаў і капіталістаў. І ніякія паклёпы на наш лад, ніякія там штыхі ўзурпатараў яго ўжо там не стрымаюць. А гэты высокі ўзровень сам не прыйдзе, яго нам не пададуць на залатым падносе. Яго трэба, не зважаючы ні на што, сваімі рукамі здабываць з зямлі... Вось аб чым я думаў у партызанскім шпіталі, думаў дні і ночы ў вядомых табе абставінах... Я ледзьве тады не звар’яцеў ад бяздзейнасці. Цяпер, Яўген Данілавіч, я зноў жыву...

— Усё вельмі добра, пра што ты так доўга расказваў. Але, прашу цябе, будзь больш памяркоўны. Разумееш, Сафронавіч, каб не было гэтых заяў, скаргаў. Ты маеш справу з жывымі людзьмі.

— Гэтага я табе, Яўген Данілавіч, абяцаць не магу. Людзі бываюць розныя. У мяне няма часу на паклоны і рэверансы тым, хто блытаецца пад нагамі, перашкаджае нашай хадзе наперад.

Карніцкі шпарка ўстаў, моўчкі падаў Яўгену Данілавічу левую руку і пайшоў з кабінета.

 

XIII

Мінула з тыдзень пасля ад’езду Карніцкага ў Кастраму. Некаторыя нават узрадаваліся, што няма ў Пышкавічах гэтага непакойлівага чалавека. Пачалі разыходзіцца пагалоскі, што Карніцкі, відаць, не вернецца. Зойдзе ў Маскве праведаць сям’ю і астанецца там назаўсёды... У поўнай выгадзе, у належным доглядзе... Лягчэй дыхаць, калі за табою не сочаць яго ўчэпістыя, пільныя вочы. Ранішні нарад брыгадзіраў праводзіў цяпер Андрэй Каліта. З ім можна было паспрачацца, давесці сваё. Каліта цярпліва выслухоўваў самыя супярэчлівыя думкі і парады, каб потым знайсці нешта агульнае. Ён падоўгу растлумачваў чалавеку, пераконваў яго, чаму трэба рабіць так, а не іначай.

— Ты, стары, трошкі памыляешся,— чуўся раніцою на нарадзе яго спакойны голас.— У першую чаргу нам трэба скончыць кароўнік. Бо, калі пачнецца ўборка — касьба, жніво, тады нам будзе не да будоўлі. Барацьба за хлеб, самі ведаеце,— барацьба за сацыялізм.

Таіса заўважыла, што Каліту слухалі, паважалі за ціхі, разважлівы характар, але разам з тым не ўсе і не заўсёды выконвалі яго загады. Адзін лічыў, што яму трэба сёння з’ездзіць з цыбуляй у горад на рынак, у другога нешта ўсё разбалелася ўсярэдзіне, трэцяя падумала, што калі які дзянёк і не выйдзе на працу, дык зямля ад гэтага не праваліцца. Працоўная дысцыпліна, не зважаючы на тлумачэнні і пераконанні Каліты, пахіснулася. У дадатак да ўсяго ў брыгадзе, якая нарыхтоўвала торф, пачалася грызня. І цяжка было Каліту разабрацца, хто вінаваты: Адам Лабека ці дзед Карп?

Нягледзячы на сваю нямогласць, Адам Лабека не вытрываў і выйшаў на працу. Ён нават захапіў рыдлёўку, думаючы, колькі хопіць сілы, капаць торф. Людзі ў гэты дзень сыходзіліся паволі, падоўгу размаўлялі, перш чым пачаць работу. Адам Лабека заняў сабе ўчастак побач з участкам дзеда Карпа. Старога яшчэ не было. Учора Лапыр сам сабе наладзіў праводзіны ў «Перамогу» і запрасіў дзеда Карпа з цымбаламі. Казалі, што Карп там здорава напіўся і прасіў Лапыра ўзяць яго ў свой калгас.

— Я сам не думаю там доўга камандаваць,— запярэчыў Лапыр.— Вось прыедуць камісіі, прагоняць Карніцкага, тады мяне зноў адкамандзіруюць у Пышкавічы. Зразумела цяпер, дзед Карп, чаму я не хачу браць цябе ў «Перамогу»?

— Ой, каб цябе качкі затапталі,— усклікнуў у захапленні дзед Карп.— Вып’ем за мілую тваю душу, Яўхімка!

Сёння ў дзеда Карпа трашчала галава, ён нават не думаў выходзіць на працу, вытрымліваючы жорсткую пропаведзь і праклёны жонкі Просі:

— А няўжо ж да вас, п’янчугаў, ніхто і ніколі не дабярэцца?! Людзі вунь на фронце свае галовы за ўсіх нас кладуць, а вы тут штодня вачэй ад гарэлкі прадраць не можаце, нехрысці! Ну каб сказаў, што ты малады, а то ж порхаўка старая, парахня з цябе сыплецца. Ідзеш — і штаны з цябе спаўзаюць. І лезе, каб табе і ногі і рукі пакруціла! Скарачае гэтай чорнай сівухай свой паганы век, жлукта няшчасная.

— Ну, ты не вельмі лайся! — паспрабаваў быў суцішыць неймаверна разгневаную палавіну дзед Карп.— Адкасніся!

— Я табе адкаснуся! — яшчэ больш ускіпела бабка Прося.— Хіба ты чалаавек? Памочыць хто анучу ў самагонку і замахае перад тваім паганым носам, дык ты гатовы за гэтай смярдзючай анучай чорт ведае куды ісці... Але не дачакаешся!.. Добра, што Антон Сафронавіч вярнуўся. Ён такіх, як ты, хутка працвярэзіць!

Ад гэтых слоў дзед Карп адразу зрабіўся жвавы і досыць хутка злез з палка, на якім збіраўся вылежаць сваю п’яную хваробу. На стале ўжо дымела парай алюмініевая міска з бульбянымі крышанамі, ляжала луста хлеба. Дзед Карп стаў сёрбаць гарачую поліўку, час ад часу з непакоем пазіраючы ў расчыненыя насцеж дзверы. Не ставала, каб Герой сам зазірнуў сюды! Няўжо ён сапраўды вярнуўся, каб яго качкі затапталі?! У Карпа не было ніякай ахвоты сустракацца сёння з ім. Яму ўжо, відаць, далажылі пра чарговую гулянку ў Лапыра...

Дзед Карп нават не даеў поліўкі. Яму стала душна ў зямлянцы. Хутчэй на балота! Следам за бабкай Просяй, якая таропка ішла з рыдлёўкай на плячы і не азіралася. За крайнімі зямлянкамі дзед Карп трошкі паспакайнеў. Адсюль ён убачыў людзей, якія варушыліся каля чорных гурбаў торфу, убачыў белую роўную стужку вады. Па прапанове Карніцкага была вызначана лінія магістральнага канала да рэчкі, каб адразу атрымаць дзве карысці: здабыць торф і асушыць балота. На балоце яны будуць садзіць моркву, капусту, сеяць жыта, канюшыну, садзіць бульбу. А высушаны торф з канала і калектараў пойдзе на подсціл у хлявы, на кампосты. Каб і спустошаныя за вайну пяскі пачалі даваць добры ўраджай.

Аднак у гэтую хвіліну дзеда Карпа не захапляла не толькі будучыня, але і сённяшні дзень. Куды лепш было б узяць адну-другую чарчыну на пахмел! Тады б не так ныла ўсё ўсярэдзіне. А то, можна сказаць, адразу ж з бяседы ў спрадвечную дрыгву! Лапыру што? Яму не трэба важдацца з рыдлёўкай. Сёння, відаць, ходзіць па «Перамозе» і камандуе, засунуўшы ручкі ў кішэні. Ніякіх табе нормаў, якія ты павінен паказваць брыгадзіру. Адны жывенькія працадні!

Так, зайздросцячы ўжо новай Лапыровай пасадзе, дзед Карп дабраўся да свайго ўчастка і ўваткнуў вострую рыдлёўку ў торф. Дастаў самасад, скруціў папяросу і закурыў. Ванда, якая капала торф побач, кіўнула яму прывітальна галавою. Дзед Карп трасянуў ёй у адказ сваёй рыжай барадой і запытаўся з робленай абыякавасцю:

— Герой тут яшчэ не паказваўся?

— А хіба ён прыехаў? — здзівілася Ванда.— Я нешта не чула. Вам, мусіць, нахлусілі. Ну, як было ўчора, дзядуля, на бяседзе?

— А так сабе,— паморшчыўся дзед Карп, адшукваючы злым позіркам бабку Просю. Як спрытна яна яго ашукала! «Добра, што Антон Сафронавіч вярнуўся...» Трапло чортава! Сагнала з палка, можна сказаць, хворага чалавека. Цяпер мне нязручна кідаць работу і вяртацца дадому. Што ж, можна і тут адпачыць. Сонейка, цеплыня.

— Вы да Лапыра хадзілі з цымбаламі, дзед Карп? — пацікавілася Ванда.

— Ага, дзеўка, пайграў трошкі. Чаму ты пытаешся?

— Я люблю музыку. Дзень бы і ноч яе слухала.

Гэта расчуліла дзеда Карпа. Ён падышоў да Ванды і сеў на купіне.

— Ах, каб цябе качкі затапталі! Ты добры чалавек, Ванда. Я вось часам гляджу на цябе і дзіўлюся.

— Чаго?

— Ты ж была сястрою: і да вайны і ў партызанах. Цяпер бы магла зноў прыладзіцца ў райбальніцы. Работа там чыстая, далікатная. І ладных мужчын у райцэнтры больш. У міліцыі, у ваенкамаце... А яна, нібы без галавы, палезла ў гэтую дрыгву.

Ванда лёгка выскачыла з канавы і села насупраць старога. Загаварыла ні то сур’ёзна, ні то жартуючы:

— Абрыдзела мне, дзед Карп, глядзець на хворых і параненых людзей. Сэрца маё там збалелася... Хочацца пабыць сярод тых, хто не стогне ад пакут... А каму я трэба буду, той мяне і тут знойдзе.

Дзед Карп пыхнуў дымком. Загаварыў разважна:

— Ну, такіх хвацкіх кавалераў тут нямашака.

Ванду пацяшала гэтая размова. Яна коратка ўсміхнулася:

— Вось захачу, дык і ты, дзед Карп, перабяжыш ад бабкі Просі ў маю зямлянку. А якое вялікае ігрышча наладзім!

— А думаеш, каб цябе качкі затапталі, спалохаюся? Стары конь, чула, баразны не папсуе.

Гэтым часам і падышоў да іх Адам Лабека.

— Дзень добры, дзядзька Карп,— павітаўся ён.— Нешта вы вельмі спазніліся на работу. Сонца хутка над поўднем стане, а вы ні разу не капянулі рыдлёўкай. Нядобра будзе, калі Антон Сафронавіч даведаецца. Некаторыя людзі па норме хутка выганяць.

— Адпачну вось трошкі, дык я іх усіх пераганю з нормамі,— яшчэ ціхамірна адказаў дзед Карп.— А ты, Адам, дарэмна выскачыў загадзя сюды. Я каб такім вярнуўся, дык бы цэлы месяц нікуды з хаты не вылазіў.

— Як хто можа, так і робіць,— буркнуў Лабека і пайшоў да свайго ўчастка. Там ён узяўся за рыдлёўку, але ўжо хвілін праз пяць увесь пакрыўся потам і зняможана асеў на зямлю. У вачах яго пачалі мітусіцца вясёлкавыя кругі, сэрца пагрозна калацілася. Здавалася, яшчэ адна якая хвіліна, і яно не вытрывае шалёнай калатні, разарвецца. Можа, Карніцкі казаў праўду, папярэджваючы пра адпачынак. Нездарма Лабеку не ўзялі і ў армію. Неўзабаве пасля вызвалення з лагера яго, як і многіх, выклікалі ў санчасць. Пажылы падпалкоўнік медыцынскай службы, выслухаўшы Адама Лабеку, сказаў з бацькоўскай грубаватай ласкай:

— Вось што, сынок. Зброю пакуль што вы насіць не можаце. Мы вам выпішам пуцёвачку проста дадому. Старайцеся так праз паўгода падшукаць лёгкую работку. Тады можаце пражыць гадкоў трыццаць — сорак. А там — як захочаце...

Перад гэтым Лабека памыўся ў салдацкай паходнай лазні, атрымаў новенькае абмундзіраванне, каб ужо ніколі не вяртацца ў ваенны строй. А цяпер, відаць, не работнік ён і ў калгасе. А як бы рабілася, каб хоць крышку здароўя!

Як ён зайздросціў тым, хто без асаблівай стомы выкідваў і выкідваў цяпер на край магістральнага канала камякі торфу. Асабліва зацята працавалі Таіса і Ванда. Яны толькі на якую хвілінку вылазілі наверх, каб адпачыць, і зноў браліся за работу. А ў дзеда Карпа работа, наадварот, валілася сёння з рук. Было відаць, што ён проста адбываў свой працадзень. Нават прыцягнуў з бліжэйшай стажарні пук галля, парыжэлых астаткаў сена, прыстроіў сабе пасцель і разлёгся на ёй. Тут Лабека ўжо не стрымаўся. Падышоўшы да дзеда Карпа, ён стаў чакаць, калі той, нарэшце, возьмецца за рыдлёўку.

Дзед Карп, аднак, не падаў і выгляду, што яго вельмі абыходзіць поза Адама Лабекі. Але так не магло цягнуцца вечна. І дзед Карп загаварыў першы:

— Ты чаго стаіш нада мною, як той сасэсавец?

— Хто? Хто? — не паверыў сваім вушам Лабека.

— Ну, сасэсавец... Былі такія нямецкія прыганятыя.

— Вы не ведаеце, што гаворыце, дзядзька Карп!

— Кажу, што чуеш. Тыя, калі сюды прыйшлі, таксама над душою так стаялі. Прымушалі людзей рамантаваць дарогі там ці масты і ставілі сваіх прыганятых. Каб людзі не сядзелі, а рабілі. Як жа іначай, у іх Еўропа, новыя парадкі!.. А я магу цяпер плюнуць на тваю сабачую стойку і пайсці дадому.

Але дадому пайшоў не дзед Карп, а Адам Лабека. У вушах у яго ўсё гудзела, вочы не разбіралі дарогі. Ён нават забыўся на сваю рыдлёўку.

— Навошта вы яго аблаялі, дзед Карп! — заступілася за Лабеку Ванда.— Што ён вам такое зняважлівае сказаў? У чалавека ледзьве дух трымаецца, а вы яго зусім хочаце звесці са свету!

— Няхай вельмі не выслугоўваецца!

Да іх пачалі збягацца людзі. Прося, даведаўшыся ад Ванды пра спрэчку, пачала лаяць старога. Ніхто ў тлуме і гуле не заўважыў, як тут апынуўся Андрэй Каліта. Голас яго быў узрушаны, нават крышку вінаваты.

— Ванда! Таіса! Ганна! Маруся! — выгукнуў Каліта.— Хутчэй у калгас! На адной назе!

Усе кінулі дзеда Карпа і павярнуліся да Каліты. Абапіраючыся на кіёк, ён стаяў па другі бок магістральнага канала.

— А што там такое? — запыталася Ванда.

— Вярнуўся Антон Сафронавіч з Галубовічам і Косцікам. Прыгналі цэлы статак кастрамічак. Хутчэй!..

Кароўнік дзед Жораў управіўся скончыць якраз у пару. Гурт кастрамічак красаваўся цяпер на фоне смаліста-жоўтай, нейкай святочнай будыніны. Глядзець кароў сабраліся ўсе, хто толькі дачуўся пра такую навіну: старыя, падлеткі, дзеці. Адны стаялі нерухома, іншыя абыходзілі кароў, пяшчотна гладзілі па спіне.

Надзейка, за левую ручку якой трымалася Анечка, тлумачыла:

— Во гэта, бачыш, стаіць карова. Каля той, бачыш, яшчэ карова. За ёю, бачыш, трэцяя... Татка сказаў, што ўсе тут каровы. Бачыце?

Пышкавіцкія хлапчукі і дзяўчаткі, якія з павагай сустрэлі адукаваную сталічную госцю, уважліва сачылі за яе чысценькімі пальчыкамі. Адзін з хлапчукоў, недаверліва бліснуўшы вочкамі, запытаўся:

— А ты ведаеш, як завецца тая вялікая карова? З вяроўкай у носе?

— Гэта Карат,— упэўнена адказала Надзейка.

— Не Карат, а бык,— паправіў яе хлопчык.— І ён колецца. Вось так — мр-муў!..

— Няпраўда! — запярэчыла Надзейка.— Татка з Косцікам і дзядзькам Мікалаем давалі яму ў вагоне траву. І ён не калоўся...

— Я хачу к татку,— цягнучы Надзейку за руку, прасіла Анечка.

— Твой татка ў хляве,— растлумачыў хлопчык.— Хадзем, я пакажу.

Карніцкі і Мікалай ішлі тым часам уздоўж кармушак і правяралі ланцугі. За імі паважна, з урачыстай мінай на твары, ступаў дзед Жораў.

Усё тут сваімі рукамі перамацаў. Можна прывязаць не толькі кароў, але і мядзведзяў.

— Трафарэткі гатовы? — запытаўся Карніцкі.

— Шэсцьдзесят штук, як дамоўлена. Клічка, узрост, вага.

— Трэба шэсцьдзесят пяць.

— Шэсцьдзесят пяць?

Мікалай паляпаў старога брыгадзіра па плячы і растлумачыў:

— Пяць кароў, дзядзька Жораў, кастрамскія калгаснікі нам далі звыш плана. За тое, што ты варыў добрую кашу ў партызанах, а Сафронавіч хораша расказваў пра гэта на сходах. Не кожны родны брат так цябе сустрэне, як сустракалі нас!

— Татка! — раптам пачуўся вокліч Надзейкі. — Паглядзі, якая вялікая альтанка.

Карніцкі ласкава ўсміхнуўся і павярнуў галаву на голас Надзейкі. Акружаная сваімі новымі сябрамі, яна стаяла разам з Анечкай у канцы кароўніка.

— Гэта не альтанка, дочка, а кватэра для Карата.

 

XIV

Увечары Косцік даставаў з рэчавага мяшка кансервы, загорнутыя ў паперу пакункі. Растлумачваў маці, якая стаяла побач:

— Гэта цукар. Тут бекон, сала такое папалам з мясам. Два кілаграмы селядцоў. Па ліміту.

— Як ты сказаў?

— Па ліміту. Кніжачка такая ў дзядзькі Антона ёсць. На яе ў магазінах выдаюць харчы і прамтавары. Ён мне купіў чаравікі і кашулю, а табе тканіну на сукенку.

— Нашто ты, Косцік, браў?

— Гаворыць немаведама што! Гэта падарунак! А харчы ў агульны кацёл. Так і цётка Поля сказала.

— Калі ж яна пераедзе?

— Калі тут будзе такая кватэра, як і ў горадзе.

— Значыць, ніколі!

— Не, дзядзька Мікалай сказаў, што такую кватэру калгас свайму старшыні збудуе.

Адчыніліся дзверы. У зямлянку ўвайшлі Надзейка, Анечка, Карніцкі.

— Гэта, дзеткі, цёця Таіса. Яна нас зараз напоіць і накорміць.

— Чаму ж не, сядайце толькі за стол.

Таіса пачала ставіць міскі і талеркі на стол, дастала з печы чыгун.

— Я хачу малачка! — рашуча заявіла Анечка.

— Што я табе казала, Антон? — наліваючы з чыгуна булён у талеркі і міскі, прамовіла Таіса.— А ты хацеў увесь удой везці на малочны завод.

— А ты хіба забылася пра першую калгасную запаведзь?

— Кожную запаведзь трэба выконваць з галавою. Нельга аддаваць самае апошняе, якое патрэбна табе самому.

— Апошняе і самае дарагое ў чалавека — жыццё! Калі было трэба, і яго не шкадавалі.

— То на фронце, у партызанах. І аддавалі, і аддаюць, каб добра жылося дзецям.

— Усім нашым дзецям, Таіса! У Пышкавічах ёсць бульба маладая, агуркі свежыя, цыбулька. Захацеў — грыбкоў альбо ягадак у лесе назбіраеш, а ў горадзе нічога гэтага не знойдзеш на бруку. Праўда, Надзейка?

— Праўда, татка. Цыбуля і агуркі толькі на рынку. Дзесяць рублёў за кілаграм.

— Дзесяць рублёў?! — не паверыў Косцік.

— І то не заўсёды бывае.

— Няма, дык будзе! — адказаў Карніцкі.— На той год мы павінны засадзіць гароднінай што найбольш зямлі...

— Во-во! — засмяялася Таіса.— То раней аж падаў, каб дастаць кароў, а цяпер пра гарод заспяваў... А лён, а свінні?

— І лён, і свінні, і сад!

— Неўгамаваны, вясёлы ты чалавек, Антон! Відаць, хораша з табою жыць Полі...

 

XV

У Мінск Паліна Фёдараўна прыехала раніцою. Яна жахнулася, убачыўшы руіны замест горада. Такое могуць зрабіць толькі самыя моцныя землетрасенні, ашалелая і сляпая стыхія, супроць якой пакуль што бездапаможны чалавечы розум. Многія пакаленні людзей выраблялі цэглу, абпальвалі вапну, тралявалі з бліжэйшых бароў і пушчаў дрэвы, каб будаваць жылыя дамы, крамы, майстэрні, фабрыкі, заводы, клубы, бібліятэкі, школы... І ад усёй гэтай працы асталіся толькі попел, хаатычныя горы друзу, пакарэжанага ў пякельным агні металу. Сярод шэрых гурбаў камення і цэглы разрасліся густыя хмызнякі лебяды, калючага дзядоўніку. Сям-там сустракаліся невялікія дзялянкі бульбы, нават жыта. І гэта ў цэнтры горада, непадалёку ад вакзала, ад Дома ўрада, закамуфліраваны гмах якога нейкім дзівам астаўся непашкоджаным.

Па дарозе з Масквы Паліна Фёдараўна бачыла чыгуначныя станцыі, вёскі, мястэчкі, гарады, праз якія прамчаўся жахлівы ўраган вайны. Мусіць, патрэбны будуць стагоддзі, каб усё зноў увайшло ў норму і людзі пачалі жыць так, як жылі да вайны. У Пышкавічах карціна, відаць, не прыгажэйшая, чым тут у Мінску. Як мог Антон Сафронавіч адважыцца цягнуць дзяцей у гэтае пекла? Як яна, маці, адважылася іх адпусціць? Так можа рабіць толькі бессардэчны эгаіст! Нават Вікторыю Аркадзеўну абурыла лёгкая падатлівасць Паліны Фёдараўны.

— Пакуль не позна, хутчэй едзьце ў яго чортавыя Пышкавічы і забярыце ад гэтага варвара дзяцей. Запраста. Трэба, любая, ваяваць за сваё шчасце. Само яно ніколі не прыбяжыць у вашы рукі. А тады, спамяніце маё слова, Антон Сафронавіч доўга там не пратрымаецца. Я пераконана, што Надзейку і Анечку ён схапіў як тых заложнікаў, каб прымусіць вас пераехаць у Пышкавічы. Глядзіце ж там, не паддавайцеся!

Успамінаючы гэтыя наказы, Паліна Фёдараўна накіравалася ў Дом урада, дзе працаваў Васіль Каравай. Ён гэтым часам вёў размову са старшынёй калгаса сваёй роднай вёскі, які прыехаў да свайго знатнага земляка дастаць лесу звыш плана.

— Дык як будзе, таварыш генерал? Хоць бы дзве сотні кубаметраў...

— Ні кубаметра! Атрымлівай, што вызначыў райвыканком. Табе дай волю, дык ты спляжыш усе лясы ў рэспубліцы! Час будавацца з цэглы, камення, саману...

У дзвярах з’явілася сакратарка.

— Васіль Дарафеевіч. Да вас просіцца Карніцкая.

— Паліна Фёдараўна? Адкуль?.. Ну, прасі, прасі. А ты, браток, ідзі і не дуры маёй галавы. Што, на фабрыкі і заводы будзем завозіць з Сібіры? Не! Як гавораць, бывай здароў!

Каравай дастаў з кішэні грошы.

— На, перадай там разам з паклонам маёй маці. Скажы, што, можа, хутка я яе праведаю.

Увайшла Паліна Фёдараўна. Каравай устаў з-за стала, ступіў ёй насустрач.

— Полечка, дарагая! З Пышкавіч?

— З Масквы.

Яны абняліся і пацалаваліся, як добрыя сябры. Папраўляючы свае пышныя вусы, Каравай запытаўся:

— Маіх даўно бачыла? Веру, дзяцей?

— Пазаўчора.

— Як яны там?

— Здаровыя. Нядаўна ездзілі глядзець, як будуецца дача.

— Ну, то і добра. А Антон, гавораць, бушуе на сваёй радзіме. Назапасіў на зіму сена, скончыў уборку збожжа. Сам не спіць і другім не дае. Калгаснікі хочуць к твайму прыезду закончыць для вас дом. Баяцца, што Карніцкі кіне іх і вернецца ў горад.

— Яны яго яшчэ не ведаюць!

— І дзеці, кажуць, абжыліся. Вельмі ім спадабалася зямлянка...

— Нічога. Я хутка іх выведу з яе. Толькі б дабрацца да Пышкавіч.

— Дабярэшся. Я табе дам свайго «козліка»...

 

XVI

Нечаканы прыезд Паліны Фёдараўны ўсхваляваў Карніцкага. Ён толькі што прыйшоў на поле, каб паглядзець на сяўбу жыта, як неўзабаве прымчаўся на кані Косцік.

— Дзядзька Антон! Там прыехала цётка Поля.

— Прыехала! — увесь устрапянуўся, шчаслівы без меры Карніцкі.

— На легкавой машыне.

— Ух ты, нават на легкавой?! Ляці і скажы, што зараз буду.

Ён разгоністым крокам нацянькі накіраваўся да вёскі. Проста па полі, дзе калгаснікі рыдлёўкамі растрасалі сухі торф. Некалькі парак заворвалі ўжо ўгноенае поле. Усе калгаснікі здзіўлена паглядалі, як шпарка, бадай не звяртаючы ні на каго ўвагі, імчаўся ў вёску старшыня.

Мікалай Галубовіч, які ішоў за плугам, нават прыпыніў коней. Запытаўся:

— Што такое, Сафронавіч?

— Поля прыехала! — адмахнуўся ад яго Карніцкі.

— Парадак! Цяпер цябе не пацягне з Пышкавіч!

Карніцкі яго ўжо не чуў. У вачах з’явілася нават нешта па-хлапечы гарэзнае. Па дарозе ўбачыў дзярнінку, разагнаўся і ўдарыў, як футбаліст, нагою. Дзярнінка шыбанула ўгору. Дзве жанчыны, якія растрасалі торф, здзіўлена пераглянуліся і паціснулі плячамі.

— Ці не звар’яцеў наш Сафронавіч? — сказала адна з іх.

Карніцкі быў ужо каля могілак. Побач са старымі роўнымі і пахіленымі крыжамі стаялі чырвоныя абеліскі — магілы салдат і партызан.

Карніцкі мінуў прысады, і тут адразу паўстала перад яго позіркам калгасная сядзіба. Непадалёку ад кароўніка ўзвышаліся вялізныя сцірты сена — запасы на зіму. Крыху ўводдаль гула малатарня, каля якой завіхаліся людзі.

За апошні час у Пышкавічах з’явілася некалькі прыгожых хат і няскончаных зрубаў. На адным з іх, каля якога праходзіў Карніцкі, цесляры стаўлялі кроквы. Дзед Жораў, убачыўшы Карніцкага, крыкнуў са зруба:

— Чуў, старшыня? Княгіня твая прыехала, а печ мы не скончылі...

— Абыдземся пакуль што, дзед Жораў.

— Каля сваёй хаты старшыня ўбачыў цёмна-зялёны «газік». Шафёр, сагнуўшыся ў дугу, корпаўся ў разяўленай пашчы машыны. Карніцкі весела крыкнуў яму «дзень добры» і хуценька ўзбег на ганак.

Пакуль Антона Сафронавіча не было дома, Паліна Фёдараўна паспела агледзець і дачок і хату. Усё навакол яе было яшчэ пустэльна-няўтульнае: гламаздаватыя неатынкаваныя сцены, непафарбаваная падлога, тры грубыя жалезныя ложкі, пастаўленыя ў рад, як у казарме. Пышны букет белых рамонкаў на непакрытым стале яшчэ больш падкрэсліваў галечу кватэры. Пасля прывычна мілай сэрцу цеплыні гарадскіх пакояў усё тут было для Паліны Фёдараўны халодным, чужым, нават варожым.

А Надзейка, шчаслівая, што нарэшце прыехала сюды і маці, шчабятала:

— Ой, мамка, як тут добра! Мы тут хадзілі па ягады і грыбы. Са сваімі брацікамі Васькам і Сёмкам, з Косцікам. Да нас у зямлянку часта заходзілі дзядзька Мікалай, дзядзька Андрэй, цётка Таіса, цётка Ванда... Цётка Ванда намарынавала нам шмат баравікоў...

— У яе сярэбраны партызанскі медаль,— перапыніла Надзейку Анечка. Яна ўзяла ў мыцельніку бярозавы венік, каб паказаць, як умее падмятаць хату.

— Кінь, Анечка, венік! — строга прыкрыкнула на дачку Паліна Фёдараўна.— Рана яшчэ табе ім займацца.

— А я сама падмятала зямлянку. Татка хваліў, а ты крычыш... Цётка Таіса і цётка Ванда...

— Кінь плявузгаць! — ужо ў нейкай злосці моцна прашаптала Паліна Фёдараўна.— Заўтра паедзем дадому.

— Дык мы ж дома!

— Хіба гэта дом? — здзіўляючы дзяцей нечакана-ласкавым тонам, загаварыла Паліна Фёдараўна.— Тут хутка завядуцца прусакі і чорныя тараканы. Ведаеце, з такімі вялізнымі вусамі. Вы будзеце спаць, а яны ўспаўзуць на тварык і пачнуць кусацца.

— Ну, татка тады ім пакажа! — прыгразіла Анечка.— Вунь ён ідзе. Зараз я яго напалохаю.

Анечка кінула ў кут венік і прытаілася каля вушака. Як толькі бацька ступіў у хату, заверашчала ззаду:

— Стой! Не варушыся!..

— Ах ты, разбойніца! — з робленым страхам усклікнуў Антон Сафронавіч.— Хто гэта наладжвае засады на роднага бацьку? Вось скажу Косціку, каб ён больш не браў цябе з сабою ні ў лес, ні на рэчку.

— Няхай сабе,— надзьмулася Анечка.— Мама сказала, што мы заўтра паедзем у горад.

Апошніх гэтых слоў меншай дачкі хапіла, каб ясны і вясёлы твар у Антона Сафронавіча зрабіўся панурым, а ногі адразу пацяжэлі. Паліна Фёдараўна, наадварот, лёгенька, як дзяўчынка, усхапілася з лаўкі. Самае непрыемнае, што належала гаварыць ёй, сказала, не надаючы па сваёй дзіцячай наіўнасці гэтаму асаблівага значэння, Анечка. Паліна Фёдараўна ўся прыгарнулася да яго, моцна абняўшы за шыю. Але гэта была не шчырасць, гарачая радасць ад спаткання, а толькі падабенства яе. Антон Сафронавіч нават крыва ўсміхнуўся. Так кідаюцца адно да аднаго ў абдымкі акцёры на сцэне, выконваючы завучаныя ролі. У жыцці часам бывае, як і на сцэне. Вунь ідуць муж з жонкай, паглядзець збоку — адна любата. Пры людзях яны ходзяць пад руку, пяшчотна ўсміхаюцца адно аднаму, а застануцца сам-насам — і яны ўжо чужыя, калі толькі не ворагі. Стараюцца не саступіць адно аднаму самую малую драбніцу...

Нешта падобнае на акцёрскую ігру адчувалася цяпер і ў паводзінах Паліны Фёдараўны пры сустрэчы з мужам. Яму хацелася адштурхнуць яе ад сябе, перапыніць гэты зняважлівы для яго душы спектакль з пацалункамі, які вымушаны былі глядзець Надзейка і Анечка. Шануючы, аднак, дзяцей, ён намаганнем волі стрымаўся, злуючыся ўжо без меры на самога сябе. Настаўнікі, якія вучылі ў апошнія гады Паліну Фёдараўну, аказаліся мацнейшымі за яго, Антона-партызана! Яны, відаць, не перапынялі сваёй выхаваўчай работы і тады, калі яго галава была ацэнена гітлераўцамі ў дзвесце тысяч марак... Чаму ён не прагнаў яшчэ да вайны, на курорце, гэтых прыліпістых мяшчанскіх апекуноў Паліны Фёдараўны з іх мышынымі ідэаламі жыцця? Уласная віла, мяхі грошай, служанка ў доме, каб вас халера пабрала!.. Праўда, служанку гэтыя мяшчане, каб такое азначэнне не вельмі драла вушы, называюць пры людзях домработніцай. Але гэта для дурненькіх, якіх у нас, на шчасце, не вельмі шмат. Гаспадар сам здаровы, як бугай, яго жонка таксама здаровая, нідзе не працуе, дома ў іх толькі двое дзяцей, і дзікі галас сярод знаёмых і незнаёмых: «Ратуйце! Домработніца збегла на завод. Памажыце знайсці новую!»

Усё гэта прамільгнула ў галаве Карніцкага ў час сустрэчы, якая хутчэй за ўсё нагадвала апошняе развітанне. Паліна Фёдараўна, усё яшчэ выконваючы завучаную ролю клапатлівай маці і жонкі, даставала з чамадана прывезеныя пачастункі, балбатала пра Васіля Каравая, агульных знаёмых, толькі Антон Сафронавіч яе ўжо бадай што не слухаў. Ён думаў пра тое, што яму тады сказала ў сваёй зямлянцы Ванда: «Каб яна была сапраўдная жонка, дык бы яна за табою жывой пад лёд палезла!» А як узварушыліся калгаснікі, калі ўбачылі разам з ім яго дзяцей, пачулі пра хуткі прыезд Паліны Фёдараўны. Неадкладна збудаваць для сям’і старшыні хату! Ён паспрабаваў запярэчыць на праўленні, нават груба аблаяў Каліту, калі той вынес такую прапанову. Аднак Каліта не пакрыўдзіўся. Перачакаў, пакуль скончыў Карніцкі, і сказаў з нейкай разважна-халоднай перакананасцю: «Ты прабач, Антон, але я хачу быць шчырым. Усё гэта добра, што ты памог Пышкавічам дастаць коней, кароў, пасварыўся за калгасную дысцыпліну нават са Сцяпанам. Але людзі табе не павераць да таго часу, пакуль ты не збудуеш сабе дом і не перавязеш сюды ўсю сваю сям’ю. Каб, скажам, ты прыехаў сюды ад сухой скарынкі хлеба ці цябе за які нядобры ўчынак выправадзілі з горада, тады б з табою была ў нас іншая размова. А ў цябе ж там на сённяшні дзень, прабач, хіба аднаго птушынага малака не ставала! Чаго, гавораць людзі, ён палез у такі розрух? Можа, толькі пазабаўляцца? Апрыкрае, і ты скажаш усім сваім землякам: «Бывайце здаровы...» Не, Антон, не пярэч! Мы хочам толькі аднаго: радасці! Так што ад заўтрашняга дня, дзед Жораў, бярыся за хату для старшыні!..»

Навошта ён тады праявіў слабасць, не трымаўся цвёрда да канца? Можа, таму, што ў яго была надзея на перамену ў поглядах Паліны Фёдараўны? Калі ён, вяртаючыся з Кастрамы, зайшоў дадому, жонка ўзрадавалася, выправіла з ім нават дзяцей, паабяцала, што хутка і сама прыедзе.

І вось прыехала!

Забраць дзяцей і падгаварыць яго вярнуцца ў горад!..

Надзейка і Анечка даўно паснулі, а яны ўсё яшчэ сядзелі адно насупраць аднаго за сталом, на якім недарэчна тырчаў венік з белых рамонкаў, асветлены газнічкай. Ніколі раней іх размова не стамляла так Карніцкага, як сёння. Паліна Фёдараўна гаварыла, нібы апраўдваючыся:

— Зразумей мяне, Антон. Не магу я тут астацца. Цяжка мне тут!..

— Трошкі цішэй! — з трывогай азірнуўшыся на ложак, дзе спалі Надзейка і Анечка, папярэдзіў Карніцкі. — Няхай хоць яны адпачнуць.

— ...за ўсё жыццё ты не мог прыдумаць нічога горшага для сям’і, як гэтыя Пышкавічы. Тут жа ўсё смярдзіць гноем. А паглядзі на сябе! Адна скура ды косці. Спіш толькі якія чатыры гадзіны...

— Табе трэба працаваць, Поля...

— А я хіба гульма гуляю? Хто даглядае тваіх дзяцей?

— Гавары цішэй!.. Працаваць на калгаснай рабоце.

— Вось як! І на якой пасадзе?

— Пасад многа. Хочаш — даяркай, хочаш — у палявой брыгадзе. Адразу паспакайнееш.

— Во-во. Ты, можа, у плуг хутка мяне запражэш!

— Не кажы глупства.

— Я заўсёды кажу глупства.

— Не хочаш працаваць у калгасе — даглядай дзяцей. Ім тут добра.

— Гэта табе добра, а не ім! Яны мне расказвалі, як ім было добра. Мыцца ў брудных начоўках. Самім падмятаць хату...

— Няхай з малых год прывучаюцца да працы.

— А чаму гэта Каравай не прывучае сваіх дзяцей, чаму не прывучае палкоўнік Курыцын? Курыцын адразу пасля вайны пайшоў на пенсію, хоць мог бы яшчэ працаваць і працаваць. Жонка здаровая, дачка дарослая, а трымаюць прыслугу! Курыцына толькі камандуе. Хоча — сядзіць дома, хоча — едзе на сваю дачу. Чым ты, чым я горшыя за Курыцыных?

— Загаварыла пра нейкае дзярмо... Паразітаў... Давай лепш спаць.

— А заўтра я паеду... І Надзейка, і Анечка...

— Ты, Поля, падумай добра. Я не хачу, каб на мяне калгаснікі глядзелі, як на дачніка.

— А што тут страшнага?

— Для старшыні не толькі страшнае, а нават ганебнае. Людзі ўжо тады не вераць яму. А гэта страшна, калі табе не вераць...

Раніцою ўсё для Карніцкага здавалася нейкім нядобрым сном.

Шафёр, з якім прыехала Паліна Фёдараўна, ужо сядзеў за рулём. Каля машыны стаялі калгаснікі. Мужчыны, жанчыны, дзеці. Сярод іх былі дзед Жораў з сякерай за поясам, Каліта з кіем у руках, Таіса, Ванда. Усе насцярожана, нават непрыязна глядзелі на ганак. Паказалася Паліна Фёдараўна з чамаданам. Яна вяла за руку Анечку. Анечка ўсхліпвала.

— Не раві! — закрычала на яе Паліна Фёдараўна.— Хутка мы сядзем на поезд.

— Я не хачу на поезд! — выціраючы кулачком слёзы, заенчыла Анечка.

Надзейка ўвесь час не адыходзіла ад бацькі, раз-пораз выціраючы ціхія слёзы.

— Супакойся, Надзейка,— развясельваў яе Антон Сафронавіч.— Я вас ніколі не пакіну.

Шафёр выскачыў з-за руля, узяў у Паліны Фёдараўны чамадан, паставіў у машыну. Падняў і пасадзіў на задняе сядзенне Надзейку.

— Ты прыязджай, татка! — праз слёзы крыкнула Надзейка. Яна пацягнулася з машыны і павісла ў бацькі на шыі, цалавала твар мокрымі, гарачымі губамі.

— І мяне, татка! — кінулася да бацькі Анечка.

Ён падхапіў яе левай рукою, падняў і прытуліў да сябе. Потым перадаў Паліне Фёдараўне, якая ўжо сядзела ў машыне побач з шафёрам. Паліна Фёдараўна пацягнулася да Антона Сафронавіча, але ён адвярнуўся і, натапыраны ўвесь, адступіўся ад машыны.

Паліна Фёдараўна падцяла губы. Скоса азірнулася на маўклівых і насцярожаных людзей. Крыкнула недарэчна зухавата:

— Паехалі, Косця.

Людзі моўчкі расступіліся. Завуркатаў матор. З-пад колаў пыхнуў пылок. Машына кранулася і пачала набіраць хуткасць, уздымаючы клубы пылу.

Карніцкі паволі павярнуўся да натоўпу і ўбачыў дапытлівыя і насцярожаныя вочы Каліты, нейкую ўрачыстую ўсмешку на твары Ванды, пераняў поўны годнасці позірк Таісы...

Усе маўчалі, і гэтае маўчанне, асабліва нейкая змоўніцкая нерухомасць людзей, прымусіла Карніцкага схамянуцца. На твары яго з’явілася крывая, злая ўсмешка, якая хутка перайначылася ў хваравітую грымасу.

— Вось і ўсё...— прамовіў ён нібы сам сабе.

Вочы яго зрабіліся халоднымі, нават жорсткімі.

— Андрэй Сцяпанавіч!

Каліта ўстрапянуўся, ступіў крок наперад і спыніўся ў чаканні, паглядаючы на Карніцкага...

— Скажыце Сымонісе, каб сёння ж перабіралася з дзецьмі ў маю хату. Ясна?

— Ясна,— як рэха, паўтарыў Каліта.

— Дзед Жораў!

— Я слухаю, Антон...

— Бачыў нашы могілкі?.. Там пахаваны салдаты, партызаны. Пахаваны бацька мой, маці...

Людзі ўзварушыліся. У іх вачах Карніцкі заўважыў здзіўленне, нават страх.

— Заўтра, дзед Жораў, завязіце туды матэрыял. Могілкі трэба абгарадзіць.

Дзед Жораў збянтэжана паціснуў плячамі. Азірнуўся на людзей, потым перавёў дапытлівы позірк на старшыню.

— Я не хачу, калі мяне там пахаваюць, каб свінні корпаліся па маёй магіле,— пазіраючы дзеду Жораву ў вочы, растлумачыў Карніцкі.

Толькі цяпер усё зразумеў і павесялеў Каліта.

— Ну, брат, і сказаў жа ты! Я ўжо думаў, ці не звар’яцеў часам наш старшыня?.. Яно бывае, калі якая спадніца галаву чалавеку затлуміць... Не, няхай паміраюць нашы ворагі. А мы з табою — горы перавернем! Вось толькі няхай усе нашы хлопцы з вайны вернуцца...

 

XVII

Драпеза не менш, калі нават не больш за Каліту і Карніцкага, чакаў звароту з фронту людзей. Пасля перамогі над гітлераўскай Германіяй пачалі прыходзіць дадому галоўным чынам настаўнікі і інжынеры. Аднак масавая дэмабілізацыя з арміі пачалася, калі была разгромлена імперыялістычная Японія. Цяпер, думаў Драпеза, можна па-сапраўднаму ўзяцца за аднаўленне: будаваць фермы, асвойваць пасяўныя плошчы, ставіць новыя школы, пераводзіць людзей з зямлянак у хаты. Аднаўляць разбураную акупантамі народную гаспадарку дапамагала ўся савецкая краіна. Саюзны ўрад адпусціў рэспубліцы велізарныя сумы грошай. Эшалон за эшалонам ішлі з усходу на Беларусь будаўнічыя матэрыялы: цэгла і цэмент, шкло і цвікі, бляха і шыфер. Усё гэта размяркоўвалася ў Мінску па абласцях, у абласцях па раёнах, а ў раёнах — па сельсаветах і калгасах.

Сотні наведвальнікаў з’яўляліся штодня ў райцэнтр з просьбай адпусціць ім крэдыт, дрэва, шкло, цвікі. Раніцою старшыня райвыканкома Фама Гаўрылавіч Кісель ледзь прабіваўся ў свой кабінет праз натоўп мужчын, салдатак, удоў. Многіх з іх Кісель ведаў не толькі ў твар, а нават часта называў па імю. Пачаў ён працу з сакратара сельсавета. Потым быў абраны старшынёю сельсавета, далей — сакратаром, а незадоўга да вайны і старшынёй райвыканкома. Эвакуіраваўшыся на Урал, Кісель да самага вызвалення Беларусі кіраваў там у адным з раёнаў канторай. «Заготжывёлы». Цяпер ён зноў заняў сваю даваенную пасаду. Праўда, яна была ўжо не такая спакойная, як раней. Людзі таксама сталі больш неспакойныя: патрабавальныя, нават настырлівыя. Адзін інвалід, з прышпіленай вышэй калена левай калашыною, разгляд заявы якога зацягнуўся, прыйшоў у кабінет Фамы Гаўрылавіча з усёй сям’ёю — жанчынай і чатырма дзецьмі — і сказаў, што астанецца тут дняваць і начаваць, пакуль яму не памогуць перабрацца з зямлянкі хоць у якую хату. Дарэмна яго пераконваў Фама Гаўрылавіч пайсці дадому і чакаць там вырашэння справы:

— У нас, братка, па ўсёй рэспубліцы акупанты чатырыста тысяч хат спалілі. Іх за адзін дзень не адбудуеш. Ты сам толькі адзін, а ў мяне ў раёне аж сорак тысяч чалавек. Што, калі ўсе разам кінуцца сюды з сем’ямі?

— Я ўжо чуў ад вас, таварыш Кісель, такое. Цяпер я адсюль нікуды не пайду!

— Не пойдзеш, дык наракай тады, братка, на самога сябе. Я зараз пазваню ў міліцыю.

Ён сапраўды пазваніў.

Неўзабаве з’явіўся ў кабінет маёр Шаўкоў з двума міліцыянерамі. Шаўкоў дзейнічаў хутка і рашуча.

— Хто? — шпарка запытаўся ні то ў Фамы Гаўрылавіча, ні то ў інваліда.— А, гэты! Ясна. Ану, марш адсюль! Ж-жыва!

У гэтую хвіліну расчыніліся дзверы і ў кабінет увайшоў Драпеза.

— Што тут за спектакль, Фама? — строга запытаўся сакратар райкома ў Кісяля.— Як ты дапусціўся да гэтага?

Драпезу, відаць, тэрмінова пазванілі ці з райвыканкома, ці з міліцыі, і ён захацеў сам разабрацца ў тым, што тут робіцца. Інвалід, убачыўшы Драпезу, нечакана жвава падхапіўся з крэсла, каб гукнуць бадзёра:

— Добры дзень, таварыш камісар!

— Сядай, сядай, Рокаш,— кіўнуўшы галавою ў знак прывітання, усё тым жа строгім голасам прамовіў Драпеза.— Зноў разваяваўся? Забыўся, што тут не агнявая лінія?

— Не забыўся, таварыш камісар!.. Эшалоны пад адхон было спускаць лягчэй...— Рокаш нядобра зірнуў на Шаўкова і закончыў: — Пакуль гэты суслік адсюль не выберацца, я і слова больш не скажу...

— Асцярожней, асцярожней! — ашалела крыкнуў Шаўкоў.— Зневажаць пры выкананні службовых абавязкаў...

— Бачыў я, як ты іх выконваеш у піўным ларку. На пяцьсот рублёў перавыканалі там з Лапыром план у Дар’і-загадчыцы.

Рокаш як стаяў, цяжка пагойдваючыся на мыліцах, так раптам крута павярнуўся і рушыў да дзвярэй. За ім, нібы па камандзе, падалася ціхманая жонка, за ёю — дзеці. Шаўкоў, з памутнелымі ад злосці вачамі, памкнуўся быў пераняць Рокаша. Драпеза, аднак, своечасова схапіў яго за рукаў і рвануў на сябе.

— Не туды лезеш, Шаўкоў! Хіба можна так з людзьмі?

— А мне напляваць на такіх! Яму ў зубы я глядзець не збіраюся. Ёсць у нас некаторы матэрыяльчык!

— Які матэрыяльчык? — карыя вочы Драпезы зрабіліся халоднымі і жорсткімі.— Пра бой каля гары Высокай, дзе гітлераўцы перарэзалі Рокашу ногі з аўтамата? Альбо пра тое, што наш урад узнагародзіў яго двума ордэнамі?.. Думай, што гаворыш, таварыш Шаўкоў!

— Маскіровачка, таварыш Драпеза, маскіровачка. А што ён рабіў да партызан? А-а?

— Тое, што нам было патрэбна. Зразумела? А цяпер ідзі...

Шаўкоў, аднак, пайшоў не адразу. Ён яшчэ з хвіліну таптаўся перад Кісялёвым сталом, разы два вымавіў шматзначна: «Та-ак... добра!» І толькі пасля гэтага накіраваўся дробненькім крокам, у суправаджэнні падначаленых, да дзвярэй.

Яўген Данілавіч ужо не звяртаў на яго ўвагі.

— Давай сюды, Фама, заяву Рокаша. Гэта ж чорт ведае што! Мы тады ледзьве выратавалі гэтага хлопца з кіпцюроў смерці, а ты яго хочаш даканаць цяпер, калі на свеце ўсюды мір і спакой! Ды, відаць, Рокаш больш думае пра жанчыну і яе дзяцей, а не пра сябе. Палез, дзівак, добраахвотна на сваю галаву ў такія цяжкія прымы.

Калі Фама Гаўрылавіч адшукаў у тоўстым стосе папер заяву, Яўген Данілавіч бегла яе прачытаў. У наступную хвіліну наўскасяк заявы быў напісаны кароткі загад старшыні калгаса «Перамога» Яўхіму Лапыру ў месячны тэрмін перасяліць сям’ю інваліда Айчыннай вайны Рокаша ў новы дом.

— У другі раз пра такія заявы ад інвалідаў і сірат абавязкова паведамляй мне, Фама! — ужо адыходзячы, сказаў Драпеза.— З астатнімі разбірайся сам. І ніколі не валаводзь. А то здагадаўся клікаць на дапамогу гэтага алкаголіка Шаўкова!

Як толькі Драпеза выйшаў, Фама Гаўрылавіч дастаў з шуфляды бутэлечку з валяр’янавымі кроплямі і пачаў іх адлічваць у шклянку з вадою.

Пасля гэтай сутычкі з інвалідам ён пачаў хадзіць да Драпезы бадай што з усімі заявамі, якія паступалі ў райвыканком. Адны патрабавалі крэдыту на будоўлю, размаітых матэрыялаў: бярвення, дошак, цэглы, цвікоў, шкла. Другія прасілі даць кароў, вопратку, абутак. Было шмат заяў ад юнакоў і дзяўчат са скаргамі на старшынь калгасаў. У Мінску, разам з аднаўленнем даваенных прадпрыемстваў, пачалося будаўніцтва трактарнага і аўтамабільнага заводаў. Цэнтральны Камітэт камсамола звярнуўся з заклікам да моладзі рэспублікі — прыняць самы актыўны ўдзел у будаўніцтве. Знайшліся такія кіраўнікі калгасаў, якія пачалі затрыліваць тых, хто хацеў ехаць у сталіцу, апраўдваючыся тым, што ў іх саміх не стае рабочай сілы. І Фаме Гаўрылавічу трэба было прымаць адпаведныя рашэнні, якія не заўсёды і ўсіх задавальнялі. Многія пачыналі пісаць заявы на яго — хто ў райком, а хто ў Мінск, у Маскву. Спалохаўшыся асабістай адказнасці, ён вырашыў нічога не рабіць самастойна. Калі што якое, дык можна было апраўдацца, што так ці іначай яму параіў зрабіць сакратар райкома. Поўны вялікай энергіі, Яўген Данілавіч і не заўважыў падсунутай яму чужой работы. Ён увесь увайшоў у яе, заняты ад самага ранку і да позняй ночы. У яго ўжо не ставала часу прачытаць цікавую кнігу альбо артыкул у газеце. Яму не прыходзіла ў галаву, чаму гэта няма заяў пра хаты і кароў з Пышкавіч, дзе гаспадарыў Карніцкі. Заявы адтуль пісаліся толькі пра абрэзку прысядзібных участкаў і пра штрафы за нявыхады на працу альбо забракаваную старшынёй работу.

Праўда, аднойчы дырэктар банка з вясёлай усмешкай паведаміў, што «Партызан» за два гады цалкам вярнуў дзяржаве атрыманы крэдыт. Разлічыўся, можна сказаць, цыбуляй і агуркамі.

— Як цыбуляй і агуркамі? — запытаўся Драпеза, які быў заняты падсунутымі Кісялём заявамі.

— А так. Яны пасадзілі пяць гектараў агуркоў і пяць гектараў цыбулі. І за ўсе гэтыя культуры яны атрымалі чатырыста тысяч рублёў. Выходзіць, што кожны гектар гароду даў ім па сорак тысяч рублёў прыбытку! Там, аказваецца, умеюць улічваць кожную капейку. А мне такія акуратныя кліенты, Яўген Данілавіч, вельмі падабаюцца. Я ахвотна буду пазычаць ім цэлыя мільёны...

 

XVIII

Мішка Галубовіч бадай што апошнім вярнуўся з вайны ў Пышкавічы. Калі Адам Лабека ледзьве дацёгся ад шашы дадому, дык Мішка нават не заўважыў, як апынуўся на ўзгорку, з якога ён мог бачыць сваю вёску. Ці яму здалося пасля бясконца доўгіх год вайны, ці яно было напраўду, але Пышкавічы выглядалі цяпер прыгажэйшымі, чым да вайны. Была позняя восень, з неба церушыўся калючы дождж, толькі Мішка нічога гэтага не заўважаў. Ён бачыў новыя хаты, з якіх сям-там уздымаліся прыветныя дымы. Мішка, аднак, хутка пасуровеў, згледзеўшы паміж хат, якраз насупраць вялізнай калгаснай будыніны, недарэчны земляны капец. У апошнім лісце, атрыманым з дому ў Маньчжурыі, бацька ў другі ці трэці раз спамінаў пра гэты капец, пра яго ўпартага гаспадара. Усе ўжо даўно перабраліся ў новыя дамы, паруйнавалі свае зямлянкі, а толькі адзін чалавек на ўсе Пышкавічы ўсё яшчэ не можа развітацца з вільготнымі, як у склепе, сценамі...

«Нічога! —усміхнуўся сам сабе Мішка.— Мы ўмеем законна афармляць такія справы. Зробім усё па-сапёрнаму».

Першы свой візіт пасля сустрэчы з бацькамі ён зрабіў свайму былому камандзіру. Карніцкі сядзеў каля стала і чытаў нейкую кнігу, калі Мішка, кіцель якога ўпрыгожвалі зіхотныя ордэны і медалі, завітаў у яго зямлянку.

Выцягнуўшыся ў струнку, былы ад’ютант прыклаў руку да казырка і адрапартаваў:

— Дазвольце далажыць, таварыш падпалкоўнік, малодшы лейтэнант Міхась Галубовіч прыбыў па заканчэнні вайны ў ваша распараджэнне.

Карніцкі ў момант падхапіўся і закрычаў нейкім віскатлівым голасам:

— Вольна, Мішка, вольна!

Ён запрасіў свайго былога ад’ютанта сесці, расказаць, як ваявалася пасля партызан.

— Яшчэ нагаворымся, таварыш камандзір. Бацька, маці і я запрашаем вас у госці. Сёння, як толькі сцямнеецца.

— Дзякую, Мішка. Прыйду абавязкова. Ды сядай ты, нарэшце!

— Няма часу, таварыш камандзір. Я яшчэ не выканаў запрашальны план. А вы некалі самі мяне вучылі не заспакойвацца і даводзіць справу да канца.

— Што ж, дзейнічай, Мішка!..

 

Сталы ў Мікалая Галубовіча былі застаўлены ежай і бутэлькамі. Сабраліся ўсе, каго запрасіў Мішка. Ён зрабіў так, што Карніцкі і Таіса селі побач на самым відным месцы. Мікалай даў слова Карніцкаму. Старшыня павітаў франтавікоў са зваротам дадому. «Сіла, якая зламала фашысцкую Германію, цяпер павінна праявіцца на поўную магутнасць і ў дні мірнай працы. Калі мы будзем працаваць як належыць, дык «Партызан» прагрыміць сваімі творчымі справамі на ўсю вобласць, на ўсю рэспубліку. У бліжэйшы час нам трэба...»

— Перацягнуць старшыню з зямлянкі ў добры дом,— умяшаўся Каліта.

— Старшыня пачакае,— нездаволены, што яго перапынілі, адказаў Карніцкі.— Яму не прызвычайвацца да земляных палацаў. Я прапаную тост за вечны мір, за росквіт нашай Радзімы!..

Мішка ахвотна падтрымаў гэты тост. Калі ўсе трошкі падвыпілі і заняліся гаворкай, Мішка па-змоўніцку перамігнуўся з некаторымі хлопцамі. Тыя накіраваліся да выхаду.

Была ясная месячная ноч. Аднекуль даляталі гукі гармоніка.

— Пайшлі, хлопцы! — скамандаваў Мішка.

Яны неўзабаве апынуліся каля зямлянкі Карніцкага. Мішка рашуча ўвайшоў у яе, пасвяціў электрычным ліхтарыкам. Хлопцы паспешліва пачалі хапаць і выносіць рэчы.

— А цяпер за работу!..

Карніцкі гадзіны праз тры развітаўся з гаспадарамі. Устала, каб ісці, і Таіса. Мішка праводзіў іх. Падышоўшы да сваёй зямлянкі, Карніцкі знямеў на месцы. З зямлі тырчалі канцы накатніка, валяліся сарваныя з вушака дзверы...

— Ая-яй! — здзівіўся Мішка.— Абвалілася!.. Добра, што вас тут не было.

— Гэта твая работка, разбойнік! — люта закрычаў Карніцкі.

— Што вы, Антон Сафронавіч! Ды няхай мяне пакарае нячысцік!.. Давядзецца вам цяпер, відаць, перабірацца да нас...

— Няхай да цябе перабіраецца твой нячысцік! — буркнуў Карніцкі.— Пайшлі, Таіса...

 

XIX

Заняты па горла гаспадарчымі справамі, лятаючы па будаўнічыя матэрыялы і ўгнаенне ў райцэнтр, нават у Мінск, Карніцкі пэўны час і не падазраваў пра некаторыя непрыемныя падзеі, якія наспявалі ў калгасе. Знешне, здаецца, усё ішло як і належыць. Брыгадзіры, як звычайна, збіраліся штовечар на кароткую нараду, раніцою наступнага дня першымі выходзілі на работу. Людзі запрагалі коней, выганялі з гаража аўтамашыны і ехалі хто па дрэва, а хто перавозіць з лугоў сена на кароўнік і канюшні. Цесляры і стальмахі ішлі на электрастанцыю, дзе калгасныя механікі ўстанаўлялі ў непакрытых сценах лакамабіль і дынама. Трэба было як найхутчэй паставіць там кроквы, накрыць дах, парабіць вокны і дзверы. Апрача таго, да надыходу халадоў і мяцеліц неабходна было падрыхтаваць павець для торфу і пракласці ад яе рэйкі ў качагарку. Якім малым здаваўся цяпер для Карніцкага восеньскі дзень! Не паспееш, устаўшы досвіткам, абысці ўсе брыгады, як зямлю ўжо ахутваў змрок, асабліва нечакана-шпаркі ў хмарнае надвор’е. Карніцкі, вяртаючыся дадому, абыходзіў канюшні, кароўнік, электрастанцыю, каб паглядзець, колькі зроблена за дзень. І заўсёды аставаўся нездаволены. Усё, здавалася, не зрушыла з месца, было такім, якім ён бачыў гэта раніцою. Аднойчы яго асабліва абурыла работа Кандрата Сенькі, якому ён даручыў устаноўку слупоў для электралініі. За дзень яго брыгада з пяці чалавек акарыла толькі дзесяць слупоў. Па два слупы на чалавека!

Гэта было нечуванае марнатраўства рабочага часу. Запхнуўшы злосна пусты рукаў кіцеля ў кішэню, Карніцкі рушыў па цёмнай вуліцы да хаты Кандрата Сенькі.

Той, калі да яго зайшоў Карніцкі, самотна сядзеў на покуце. Невялічкая газнічка, пастаўленая пасярод стала на перакуленым збане, толькі збольшага асвятляла невялікую хату. Каля печы адзін пры адным стаялі два нізкія і вузкія жалезныя ложкі. Самаробная, афарбаваная ў жоўты колер шафа ледзь не краналася столі ў прасценку паміж двума вокнамі. Доўгая лава ішла ўздоўж усёй сцяны, з кута ў кут. Насупраць печы на ёй стаяла вядро з вадою, пры ім — алюмініевы кубак. Прызвычаеныя да самага слабага святла вочы ў Карніцкага яшчэ заўважылі на лаве непадалёку ад вядра скоблю і сякеру...

— Ты што, адзін у хаце? — шпарка і суха запытаўся Карніцкі.— А жонка, дзеці?

— Пайшлі да людзей па малако,— неяк безуважна і стомлена адказаў Кандрат.— Свая карова запусцілася.

— Што, яшчэ не вячэраў?

— А калі было? — замест адказу нехаця запытаўся Кандрат.— Толькі што паклаў зброю на лаве, потым праводзіў гэтую электрычнасць... Бачыш, як зіхаціць у хаце?..

Кандрат падняў са стала руку, і жоўтае кволае полымя газнічкі ледзь не згасла ад руху паветра.

— Калі будзеш працаваць так, як сёння, дык святло ў тваёй хаце не зазіхаціць і праз сто год!

— Ну-у? — крыху ажывіўшыся, не паверыў Кандрат. І зараз жа загаварыў разважліва.— Сто год — мнагавата, Антон Сафронавіч. Калі праз пяцьдзесят, дык яшчэ можна вытрываць... Гэта свінням і каровам трэба рабіць праводку сёння, а чалавек можа пачакаць. Ён, чалавек, жывёліна цярплівая... Ды навошта мне і маім дзецям электрычнасць? Нафты і газы ў нашай краіне — на цэлы свет. Бляхі на смаркачыкі таксама хопіць...

— Што?.. Што ты сказаў?..

Карніцкаму здалося, што яму раптам не стала ў гэтай хаце паветра. Пусты рукаў вылез з кішэні кіцеля і бязвольна абвіс. Але ўсё бушавала ў грудзях Карніцкага. На нейкі момант старшыні нават здалося, што ён пакутуе ў цяжкім кашмарным сне, калі на цябе зроблены нечаканы напад і не хапае сілы не толькі адбіцца, але і крыкнуць на ўвесь голас, паклікаць каго-небудзь на дапамогу. Навакол чужыя людзі, халодныя, безуважныя да твайго гора. А самым страшным у чалавеку Карніцкі лічыў абыякавасць. Але тое, што ён цяпер пачуў, убачыў,— было не сон. Перад ім, асветлены газнічкай, сапраўды сядзеў Кандрат Сенька. Гэта яго цёмныя, крыху пакручастыя валасы навісалі над высокім ілбом, гэта яго цёмныя прыжмураныя вочы глядзелі на Карніцкага з нейкім спакойным выклікам. Толькі ноздры прамога носа ледзь прыкметна і неспакойна ўздрыгвалі.

— Паўтары, што ты сказаў! — ступіўшы крок да стала, крыкнуў Карніцкі.— Я хачу яшчэ раз паслухаць тваю песню.

— А песня, Антон Сафронавіч, ужо і скончылася,— паволі ўстаючы з-за стала, прамовіў Кандрат.— Ты сам быў у партызанах і ведаеш, што мы балбатаць не любім. Інакш бы эсэсаўцы перарэзалі нас нашчэнт. А мы выжылі. Мы іх білі нават тады, калі яны стралялі нам у самае сэрца.

— Я-то гляджу, якое яно ў цябе стала моцнае пасля гэтых стрэлаў. Як капшук з гнілой вадой! Мала таго што сам не хочаш рабіць, дык і іншых падбіваеш на гультайства. Ты ведаеш, што рабілі партызаны з такімі асобамі ў часе атакі? Расстрэльвалі на месцы! Каб ты хадзіў у атаку, дык бы цяпер, у час аднаўлення, не вярэкаў сваім паганым языком усялякую лухту.

— Я ў атаку хадзіў не для таго, каб цяпер у першую чаргу асвятляць электрычнасцю свінячыя стойлы, а я і мае дзеці сляпілі вочы ад гэтага смаркачыка,— нібы прыпамінаючы нешта цяжкае і пакутлівае, загаварыў Кандрат. Ён, здавалася, забыўся, што яго з хвіліну таму назад у яго ж уласнай хаце зневажалі самымі горшымі словамі.— Я, як ты ведаеш, Антон Сафронавіч, вярнуўся з вайны на шмат пазней за цябе. Пачаў я яе тут, у нашай вёсцы, ужо на другі дзень акупацыі. Многія ў Пышкавічах і па сённяшні дзень не ведаюць, хто вывешваў зводкі Саўінфармбюро, заклікаў хаваць ад акупантаў збожжа, не даваць ім нічога нават на ламаны грош. Потым падпалы і ўзрывы мастоў, знішчэнне паліцаяў і гестапаўцаў. Я рабіў разам з хлопцамі тое, за што гітлераўцы не расстрэльвалі, а вешалі... Калі акупантаў пагнала наша Савецкая Армія, мы атрымалі загад ісці на захад. Для таго, каб разведваць шляхі для армейскіх часцей. На граніцы з Польшчай мы апранулі ваенную форму і пайшлі далей ужо як салдаты. І дзе б нам ні даводзілася бываць, заўсёды мы думалі і гаварылі пра тое, як мы хораша зажывём пасля такой страшнай вайны. У нас пастануць прасторныя і светлыя хаты. Усім нашым дзецям будзе ставаць ежы, вопраткі, абутку, каб яны раслі дужымі і здаровымі. Мінула тры гады пасля вайны, а дзе ўсё яно ў маіх дзяцей? І ты цяпер гаворыш, што я не хадзіў у атаку!.. Хадзіў, Антон Сафронавіч! Нават не памятаю, колькі разоў...

— Відаць па тваіх сённяшніх справах, як ты хадзіў!

Кандрат Сенька, які ў час гутаркі паволі шнураваў ад парога да шафы, раптам крута спыніўся каля стала. Спакойныя цёмныя яго вочы ў момант зрабіліся шалёнымі, а твар ад вуха да вуха пакарэжыла сутарга. Правая яго рука пацяглася да каўняра выцвілай на сонцы салдацкай гімнасцёркі і з трэскам распаласавала яе ад верху да нізу. Толькі пырснулі ў бакі металічныя гузікі. Следам за гімнасцёркай трэснула і сподняя кашуля, агаляючы грудзі з дзвюма ружаватымі і маршчакаватымі плямамі.

— Пазнаеш, Антон Сафронавіч, чый пацалунак? — глухім і хрыпатым голасам крыкнуў Кандрат.— А цяпер зірні, кудою гэтыя цацкі выскачылі і колькі яны з мяне сіл вынеслі... Падабаюцца табе такія яміны?.. А ты гаворыш — не хадзіў у атаку!..

Апошнія словы Кандрат вымавіў напружаным шэптам. У дрыготкім шэрым святле Карніцкі заўважыў на белых, знявечаных прабоінамі плячах Кандрата буйныя кроплі поту.

— Абхініся, дурань! — з грубаватай ласкай параіў Карніцкі.— Сэрца ў цябе, відаць, не вельмі важнае...

— Я на яго не крыўдую,— буркнуў Кандрат і, захінуўшыся распаласаванай гімнасцёркай, пачаў збіраць рассыпаныя на стале паперы. Сярод іх Карніцкі заўважыў трохкутнікі франтавых лістоў.

— Што гэта ты пакуеш?

Кандрат толькі па пэўным часе адказаў на гэтае пытанне.

— Тасую свае франтавыя памылкі. Тое, што мне сёння вылезла праз бок! А ты яшчэ прыпёрся грызці мае вантробы. Мала таго, што заўтра мне хоць на развод з маёй жонкай падавай, дык і ты насыпаў солі на раны...

— Які развод! Што ты чаўпеш?

— Тое, што ты чуеш...— ужо стомленым голасам крыкнуў Кандрат.— І ні па якое малако жонка не пайшла. Проста забрала дзяцей і перабралася да бацькоў. І ва ўсім я сам, дурань, вінаваты!.. Праз лісты вось гэтыя!

— А ты што — лаяў яе ў гэтых лістах? Зневажаў?

— Каб жа лаяў... Цяпер бы, можа, яна мяне шанавала. А то, як блазнюк той, залатыя горы абяцаў. І не спаліла агнём той аловак, якім я пісаў!.. Сёння яна ўсё мне ўспомніла ды яшчэ свайго дабавіла. Ніколі я не думаў, што гэтулькі злога агню можа сядзець у бабе. Паверыш, гэтыя сцены як не загарэліся, калі пачала бушаваць... Я ёй адно слова, яна мне дзесяць, я ёй два, яна, можа, тысячу...

Кандрат выхапіў з кучы папер першы, які яму трапіўся, трохкутні канверт і працягнуў яго старшыні. Антон Сафронавіч разгарнуў пісьмо левай рукой і пачаў чытаць, нахіліўшыся да газнічкі.

— Ты, брат, аказваецца, маляваць умееш,— дачытаўшы да канца, з ледзь прыкметнай усмешкай сказаў ён.— Але пры чым тут франтавы ліст? Чаго вы з Анютай не падзялілі?

— Ад гэтага ж і ўсё няшчасце, што няма чаго дзяліць,— панура сказаў Кандрат.— Сам ведаеш, ніякіх пасылак я дадому, як Саўка Рапецька, не прысылаў, тоўстых чамаданаў пасля дэмабілізацыі — не прывалок. З аднюсенькай абсмаленай на вайне душою вярнуўся. Вядома, што супруга, як далікатна пішацца пра жонак знатных людзей, была вельмі рада. У першую нашу мірную ноч усе мае раны і шрамы абцалавала. Якія, кажа, ты мне салодкія лісты прысылаў! А пра свае страшныя раны нават слоўцам не намякнуў. Ты ж мог там, без майго ведама, і памерці!.. Няхай гэтыя праклятыя войны на сухі лес ідуць. Колькі яны жывых людзей пераелі, колькі гора народу нарабілі!.. Але я, відаць, самая шчаслівая на свеце: ты вярнуўся жывы, і цяпер мне нічога больш не трэба.

Шчабеча ад радасці ўсялякае глупства бабскае. А мне, салдату, гэтым часам ужо карціць, як бы дзяцей прыабуць, прыадзець, каб яны выглядалі не горш, як у іншых. Тады гэта была не такая простая справа. Усё ж навакол зруйнавана, у сельмагах крамніны кот наплакаў. Даводзілася перакройваць старое, перашываць з дарослых на малых. Сам ведаеш, як яно гарыць хутка ў дзетвары і на плячах і на нагах. А ў Рапецькі і чаравічкі якраз яго дзецям па мерцы, і сукеначкі, і штонікі, і ўсё гэта новенькае, нібы з цэйхгауза. Дык жа ў цэйхгаузе такіх рэчаў не бывае. Там адно баявое, салдацкае, і яго выдаюць па строгай норме — няхай сабе вайна, няхай сабе мірныя дні. Баба, аднак, нічога ведаць не хоча. А чаму ў мяне няма гэтага... Будзе, кажу, табе ўсё. Нават адпачынак, як у горадзе, дай толькі калгасу моцна стаць на ногі. Хутка, можа, і каля печы табе не давядзецца корпацца. Хлеб атрымаеш, як у сталіцы, гатовы з магазіна, нават рэстаран свой калгасны абсталюем. Папалуднуем там і адразу ў кіно альбо на футбол... Старшыня, кажу, у нас правільны, на пяць, на дзесяць год наперад зазірае...

Толькі я гэта вымавіў, як на яе нібы варам лінулі. Ага, крычыць, нават занадта правільны: зазірае толькі ў свае свінарнікі і кароўнікі, у павышаныя нормы выпрацоўкі, а як у хаце жывуць — яму не ў галаве. А сапраўднаму старшыні не пашкодзіла б, можа, паспытаць, што ў тае ці іншае гаспадыні ў гаршку варыцца, паглядзець, як мужык з жонкай сяймуюць, чаму адзін менш працуе, а мае ў тры столкі больш за самага стараннага чалавека пры той жа рабоце? Можа, трэба калі нас, адных баб, сабраць ды і пагаманіць пра сёе-тое...

Кандрат дастаў з кішэні капшук, скруціў папяросу. Над сталом загойдалася шызая пасма дыму.

— Вось, таварыш старшыня, якія справы. Заместа таго каб лаяць мяне, ты ўціхамір маю супругу. А то ўся работа з рук валіцца.

Карніцкі ступіў да Кандрата і паклаў яму на плячо сваю пакалечаную руку. Ад яе дотыку Кандрат уздрыгануўся, але зараз жа паспакайнеў. Гэта была рука друга, таварыша, якая яго падтрымлівала яшчэ ў самыя цяжкія дні вайны.

— Добра, Кандрат. Я пагавару з Анютай. Калі ўсё яно было так, як ты расказваеш...

— Ну, можа, і я крышку пагарачыўся. Ведаеш, мяне ўсяго аж калоціць, як толькі пры мне зайздросцяць прайдзісветам.

— Я цябе разумею, Кандрат. Ды гэтых прайдзісветаў ужо не так і шмат, як некаторым здаецца. Інакш бы не ўздымаліся з руін нашы гарады і вёскі. Так што няварта панікаваць. Ну, бывай здаровы.

 

ХХ

Старая прымаўка: «Гара з гарой не сходзяцца, а чалавек з чалавекам — заўсёды» — аказалася досыць правільнай. Так думаў Ігнат Пацапень, апынуўшыся ў кабінеце начальніка абласнога сельгасупраўлення Юльяна Рыгоравіча Лапыра. Паціснуўшы над заваленым паперамі сталом рукі, яны некаторы момант вывучалі адзін аднаго. Пацапень заўважыў, што, нягледзячы на сваю мажную постаць, Юльян Рыгоравіч асоба досыць рухавая. У яго шэрых і пукатых вачах было штосьці непахіснае, крышачку нават насцярожанае. Ігнату Пацапеню ўжо здалося, што гаспадар гэтага кабінета ад першага позірку здагадаўся, па якой справе завітаў сюды наведвальнік у мяккім фетравым капелюшы і чорным драпавым паліто.

— Я вас слухаю... э... мг...

— Ігнат Пацапень, Юльян Рыгоравіч,— памог ён гаспадару кабінета.— Як гаворыцца, будучы вучоны.

— Э-э... мг... таварыш Пацапень...

— Я, Юльян Рыгоравіч, падрыхтоўваю матэрыялы для кандыдацкай дысертацыі і прыйшоў да вас за таварыскай парадай. Я чуў, што вы добра ведаеце ледзь не кожны калгас у сваёй вобласці.

— Э-э... Немагчымая справа...

— Мне патрэбен такі калгас, у якім бы мяне не толькі разумелі, але і памагалі. Гэта будзе карысна не толькі для аднаго мяне, але і для калгаса, дзе я хацеў бы правесці пэўныя доследы. Дысертацыю я мяркую выдаць асобнай кнігай...

Замест насцярожанасці ў Лапыра ў вачах з’явілася звычайная цікаўнасць.

— А якая тэма?

— Я пакуль што назваў сваю працу ўмоўна: «Максімальная трываласць буйнай рагатай жывёлы пры мінімальных кармавых рацыёнах».

— Арыгінальна...

— А як жа іначай? Па пратаптаных сцежках, ведаеце, хадзіць лягчэй. У нас сустракаюцца выпадкі, калі на адну тэму пішацца за год па сто і дзвесце дысертацый. Куды гэта варта? Наколькі мне вядома з тэматычных планаў многіх навуковых устаноў і даследчых інстытутаў, за такую працу, як мая, на бліжэйшыя часы яшчэ ніхто не падаваў заяўкі. Вы, як спецыяліст, павінны разумець, якое практычнае значэнне яна можа мець для нашай сельскай гаспадаркі ў гады недародаў, вымачак, сухавеяў.

— Э-э... Прабачце. Мне здаецца, я недзе сустракаў ваша прозвішча. Яшчэ да вайны.

— Магчыма. Я пісаў крытычныя артыкулы, фельетоны. Калі ласка, магу паказаць вам выразкі з газет.

Пацапень паважна разгарнуў модную жоўтую тэчку і падаў Юльяну Рыгоравічу свае досыць пажоўклыя артыкулы і фельетоны. Гэта было пэўным пасведчаннем яго асобы. Лапыр мімаходзь зірнуў на загалоўкі, больш уважліва — на друкаваныя подпісы і ўжо з нейкай павагай вярнуў выразкі гаспадару.

— Што ж, магу вам, таварыш Пацапень, параіць некалькі калгасаў.

— Мне патрэбен толькі адзін. Прычым такі, дзе б старшыня стварыў мне адпаведныя ўмовы.

— Хочаце ў «Перамогу»? Праўда, мне трошкі нязручна раіць вам гэтую гаспадарку...

— Чаму?

— Там старшынёй мой брат Яўхім Рыгоравіч. Ды і выглядае гаспадарка пакуль што не вельмі важна...

— Глупства! Для мяне яшчэ лепш! Я думаю, вы напішаце брату пару шчырых слоўцаў. Чаго там саромецца! Трэба памагаць адзін аднаму. Вы, Юльян Рыгоравіч, вывучалі калі-небудзь законы акустыкі?

— Я, таварыш Пацапень, скончыў сельскагаспадарчую акадэмію. А там, як вам вядома, такіх прадметаў няма ў праграме.

— Няважна, Юльян Рыгоравіч. Справа ў тым, што перад вамі стаяць два будынкі, скажам тэатральныя. Адзін з выгляду такі прыгожы, што ад яго, здаецца, не адыходзіў бы ўвесь свой век. А другі — страхоцце: сцены гламаздаватыя, тынк увесь аблупіўся, уваходныя дзверы рыпяць, як даўно не мазаныя колы. Але зойдзеш у залу, сядзеш на крэсла ў самым далёкім куце і тут адразу пазнаеш схаванае за несамавітым выглядам хараство. Кожнае слова акцёра, нават сказанае ціхім шэптам, ты чуеш выразна, нібы табе шэпчуць у самае вуха. Рэзананс! А ў тым, у прыгожым будынку вы, Юльян Рыгоравіч, будзеце нібы глухі, хоць акцёр раве на ўсю сілу. Няма там рэзанансу. Голас чалавека там перайначваецца, раздрабняецца на шрот. Бо парушаны будаўнікамі законы акустыкі. Так, Юльян Рыгоравіч, і з калгасам, якім кіруе ваш брат. Я пастараюся, каб ён набыў добрае гучанне.

Лапыр напісаў брату запіску, даў будучаму вучонаму мужу свой «газік».

Усё ішло нядрэнна. Седзячы ў машыне, Пацапень думаў пра Вікторыю Аркадзеўну. За час вайны ён зблізіўся з ёю яшчэ больш. Вікторыя Аркадзеўна суцяшала яго, калі было атрымана жахлівае паведамленне пра смерць жонкі. Гітлераўцы расстралялі яе за дапамогу партызанам. Вікторыя Аркадзеўна, пачуўшы гэта ад панурага Пацапеня, нават заплакала. Уся ў слязах яна здавалася няшчаснаму ўдаўцу яшчэ больш прыгажэйшай. Ён не стрымаўся, каб не абняць яе за плечы. Вікторыя Аркадзеўна не адхіснулася ад яго. Яна калацілася, як у ліхаманцы.

— Бандыты! Вандалы! — усхліпвала яна, тулячыся ўжо да Пацапеня.

З гэтага дня Пацапень пачаў наведваць яе часцей. Калі скончылася вайна, яны пайшлі ў загс.

— Табе трэба кінуць гэтую няўдзячную літаратурную работу, Ігнат,— гаварыла яна яму.— Ад яе адны непрыемнасці. Іншая справа навука. Я ведаю яе па маіх заказчыцах. Людзі ў ёй жывуць як трэба. Асабліва дактары, акадэмікі. Напішаш кандыдацкую дысертацыю, потым — доктарскую. Ну, вядома, я таксама пра гэта паклапачуся, і ты будзеш мець вагу, грошы.

— Дык жа, разумееш, раней мне трэба здаць кандыдацкі мінімум. Па-другое, невядома, па якой галіне лепш пайсці.

— Паглядзім. Я параюся са сваімі заказчыцамі. Галоўнае, ніколі і нічога не трэба баяцца.

Так перабраўся Ігнат Пацапень з мастацкай літаратуры ў жывёлагадоўчую, каб мець сваё, не падобнае на іншых, імя.

Шафёр добра ведаў дарогу. Ён расхвальваў Пацапеню братоў Лапыроў, якія адзін за аднаго гатовы пайсці ў агонь і ваду. Гасцей сваіх яны ніколі не крыўдзяць. Заўсёды ў іх ёсць і чарка і скварка. Пацапеню ад апошніх слоў зрабілася неяк цёпла на душы, ён ужо не звяртаў увагі на віхлянне машыны па выслізганым снезе шашы. Шафёр, аднак, моцна трымаў руль і не дазваляў колам ляцець куды не трэба. Так даехалі яны да праўлення, звычайнай сялянскай хаты. На парозе яе пыхкаў таўстой самаробнай папяросай чорнабароды чалавек у паношаным армейскім бушлаце.

— Яўхім Рыгоравіч тут? — не глушачы матора, запытаўся шафёр.

— Няма,— буркнуў чорнабароды.

— А дзе ён?

— А ты хіба не ведаеш? Сёння субота. Дык ён, відаць, паехаў у «Партызан».

— Зразумела.

Шафёр збіраўся ўжо націснуць на счапленне, як чорнабароды параіў:

— Вы раней зазірніце да Дар’і. Бо ён, здаецца, паехаў сёння дадому з перасадкай у «півах і водах»...

— Ясна. Ведаю дарогу і туды!

У «півах і водах» Лапыра не аказалася. Круглатварая тоўстая загадчыца ларка сказала, што ён сёння да яе не заходзіў і, мусіць, ужо ніколі сюды не зазірне.

— Хіба ён святы? — запытаўся шафёр.— Даў строгі абет?

— Не ён, а Драпеза. Учора застаў тут Лапыра і яшчэ аднаго чалавечка... Прыгразіў і ім і мне. Пачала я гаварыць пра фінплан, дык ён як закрычыць, што мне аж млосна зрабілася...

Дар’я яшчэ нешта гаварыла наўздагон шафёру і Пацапеню, але тыя ўжо яе не слухалі.

— Не надта баіцца Яўхім Рыгоравіч Драпезавага крыку,— сказаў шафёр будучаму вучонаму, як толькі машына выехала з райцэнтра.— За Яўхіма Рыгоравіча заўсёды заступіцца другі Рыгоравіч. Карніцкі спрабаваў яго падкалупнуць, нават абрэзаў прысядзібны ўчастак за нявыхад жонкі на работу. Толькі ў вобласці ўсю гэтую атаку адбілі.

Пацапень аж падскочыў на сядзенні.

— Дык гэта той «Партызан», дзе кіруе Антон Сафронавіч Карніцкі?

— А вы адкуль яго ведаеце?

— Мы з ім добрыя знаёмыя. Я нядаўна бачыў яго жонку, дзяцей.

Шафёр весела ўхмыльнуўся.

— Шанцуе ж чалавеку. Аж тры жонкі мае. Адна ў горадзе, дзве тут.

— Ну, гэта хлусня! Якія тут могуць быць жонкі? Я ведаю толькі Паліну Фёдараўну.

— Ды не. Я гэтых, тутэйшых, нават ведаю, як завуць. Адну — Таісай, а другую — Вандай. Запытайцеся ў Яўхіма Рыгоравіча. Ён вам не схлусіць. Да Таісы ваш добры знаёмы перабраўся назусім, але ж не кідае заляцацца і да Ванды. Гавораць, што нават паслаў у сталіцу паперы, каб іх узнагародзілі, нібыта як лепшых даярак. Ну, калі запыталіся тыя, каму належыць, у Юльяна Рыгоравіча, ці варта такіх узнагароджваць дык ён адказаў, што няварта. І яму вераць. Бо ён начальнік над усімі абласнымі калгасамі. Ну, вось і «Партызан».

Пацапень пачаў прагна азірацца. Абапал шырокай, абсаджанай маладымі дрэўцамі вуліцы стаялі за невысокімі парканамі хаты. Далей, на прасторным двары з турнікамі і лесвіцай, узвышаўся двухпавярховы будынак, відаць, школа. Зноў хаты, потым прасторная даміна са шматлікімі вокнамі: «Дом культуры» — прачытаў Пацапень прымацаваную над прыгожым ганкам шыльду. Далей ён бачыў гаражы, доўгія кароўнікі, свірны і важкія сцірты сена і канюшыны. Усё гэта мала нагадвала абраны для яго навуковага подзвігу калгас з пакрыўленымі хлявамі і абскубенымі бадай да самых калоў стагамі.

«Можна было б чыркануць нарысец! — падумаў Ігнат Пацапень.— Карніцкі, аказваецца, не сядзеў тут склаўшы рукі. Заўтра трэба яго наведаць».

Яўхім Лапыр збудаваў сабе дом не горшы, калі не лепшы, як астатнія. Ён быў пакрыты цынкавай бляхай, абгароджаны шчыльным, высокім парканам. Спыніўшы машыну, шафёр, як свой тут чалавек, прайшоў у брамку, каб расчыніць пафарбаваныя ў жоўты колер вароты. Ігнат Пацапень яшчэ на вуліцы злез з машыны і цяпер падаўся ў двор. Усё тут было акуратнае. Акуратна прачышчаная ад снегу дарога да гаража, акуратны хлявок, далей, у садку, такая ж акуратная лазня, з якой курэла шызая пара. Там, відаць, мыліся.

На ганку нехта затупацеў. Пацапень азірнуўся. Ён убачыў высокую худую жанчыну, якая хуталася ў белую ваўняную хустку. Жанчына чамусьці вінавата зірнула на Пацапеня і сказала.

— Заходзьце ж у хату, а я пайду скажу майму. Ён ужо з гадзіну як сядзіць у лазні.

— Вы не турбуйцеся! — усклікнуў Пацапень.— Няхай мыецца.

— Ну што вы. Ён адразу прыбягае, калі хто прыязджае на Юльянавым «газіку». Юльян Рыгоравіч абы-каму яго не дае.

Пачуўшы гэта, Ігнат Пацапень узрадаваўся. Яму пашанцавала трапіць да тых людзей, якія яму патрэбны.

Праз гадзіну ён ужо сядзеў за сталом у цёплым пакоі і чокаўся з гаспадаром, гаспадыняй і шафёрам. Шафёра тут папросту звалі Паўлікам і налівалі яму роўную з усімі чарку.

— У мяне, таварыш Пацапень, во, скрозь поўная дэмакратыя. Як там, на службе, так і тут, дома. Пі, колькі душа дазваляе! А душа ніколі чалавека не падводзіць. Як некалі было ў партызанах, во...

— Вы, Яўхім Рыгоравіч, таксама былі ў партызанах? — адчуваючы ўжо лёгкі хмель у галаве, запытаўся Ігнат.

— А як жа. Хто ў іх не быў. Вы ў якой ваявалі брыгадзе? У дзядзькі Сцёпы? У Суворава? Ці, можа, з Івановым грамілі паліцаяў?

— Бачыце, я...— замяўся Пацапень.— Мы некалі дамаўляліся з Карніцкім...

Лапыр адразу працверазеў і ашчаперыў бутэльку з гарэлкай.

— Дарэмна дамаўляцца з гэтым разбойнікам. З ім вы ніколі піва не зварыце. Хіба мой брат вам нічога пра яго не расказваў? Шкада!.. Давайце падымем чарку за Юльяна. Толькі, як заўсёды, да дна. Во-о!..

— Можа, табе хопіць, Яўхім? — паспрабавала шапнуць мужу жонка.— Ты ж бадай цэлую паўлітру выпіў у лазні.

— Адкасніся!

Ён зноў наліваў у шклянкі, піў, падганяў піць Пацапеня, Паўліка. Яму здалося, што такога дружацкага хлопца, як сённяшні госць, ён яшчэ не сустракаў у сваёй хаце.

— Кажаш, гэта во, навуковы пункт у «Перамозе»?..— бубніў ён.— Давай, брат шуруй. Хочаш — на каровах, хочаш — на свіннях. Мне для цябе, такога, нічога не шкада.

 

ХХІ

Зіма была ў самай сіле. Па белай пышкавіцкай вуліцы час ад часу пралятала лёгкая пазёмка. Карніцкі паволі ішоў уздоўж прывязаных да колікаў дрэўцаў маладых прысад. Паўз яго адна за адною праязджалі нагружаныя гноем фурманкі. Іх перагнаў трактар, цягнучы на прычэпе цэлую гару торфу. На машыне зухавата сядзеў Косцік. Сустрэўшы Мішку Галубовіча, Косцік не прыпыняючы трактара, нешта крыкнуў. Мішка паважна кіўнуў у адказ галавою.

У першыя гады аднаўлення Карніцкі супакойваў людзей, што вось яны напружана папрацуюць улетку, затое добра адпачнуць, калі снегам пакрыюцца палі, сенажаці, гароды. Надышла зіма, але работы не паменела. Трэба было вывезці і скампаставаць разам з гноем падрыхтаваны за лета торф, ператраляваць з чыгуначнай станцыі калійную соль і суперфасфат. Будаўнічая брыгада патрабавала лесаматэрыялаў, цэглы. Ад ранку і да цямна ўсе коні былі ў раз’ездах. Тут адбылася першая сутычка Карніцкага з дырэктарам МТС Барысевічам. Старшыня «Партызана» папрасіў каб яму памаглі вытраляваць торф і гной трактарам. Яны ж дарэмна стаяць цэлую зіму на сядзібе! Нечуванае і недаравальнае марнатраўства! Барысевіч дзіка паглядзеў на Карніцкага: ці пры сваім ён розуме? Яшчэ чаго не ставала! Трактары прызначаны для ворыва, сяўбы, абмалоту. Падыдуць такія работы, тады, калі ласка, МТС сама, без розных там тваіх патрабаванняў, прышле. Карніцкі звярнуўся ў райком. Драпеза толькі паціснуў плячамі. Барысевіч стары работнік, у яго ёсць пэўныя інструкцыі...

— А калі гэтыя інструкцыі састарэлі? Калі яны не памагаюць, а наадварот, перашкаджаюць уздыму калгаснай вытворчасці?

— Не мы з табой, Антон Сафронавіч, іх пісалі, не мы іх будзем і ламаць.

— Ды ты зразумей, што гэта ненармальна. Больш як сто конскіх сіл ва ўсіх маторах! Больш як табун коней працуе толькі паўгода, а ўвесь астатні час гульма гуляе!

Драпеза падумаў з хвіліну і адказаў:

— Сапраўды, яно трошкі ненармальна. Можа, таму, што ў нас яшчэ мала машын.

— Тым больш яны павінны працаваць з поўнай нагрузкай! Загадай Барысевічу, каб даў нам адзін трактар.

— Гэтага, Сафронавіч, я не маю права рабіць.

— Ну і чорт з вамі! — ускіпеў Карніцкі.

Толькі праз некалькі год Барысевіч, нарэшце, зміласцівіўся і прыслаў у «Партызан» трактар для вывазкі ўгнаенняў. Цяпер Косцік, які яшчэ летась скончыў курсы механізатараў, дзень пры дні цягаў торф з балота.

Карніцкі збіраўся ўжо заглянуць на ферму, калі пачуў аўтамабільны сігнал. Па вуліцы імчала «Пабеда». Параўняўшыся з Карніцкім, трохі збочыла і спынілася. З яе вылез чалавек у карычневым драпавым паліто з каракулевым каўняром і каракулевай шапцы. Карніцкі толькі момант пазіраў на яго падазрона, а потым увесь расплыўся ад усмешкі:

— Асокін! Бацька хросны!

І кінуўся насустрач.

Асокін, як заўважыў Карніцкі, пастарэў, але вочы па-ранейшаму засталіся маладыя, цікаўныя.

— Здарова, здарова, хрышчэнік! — весела выгукнуў Асокін.— Скажы ты мне, што ў вас тут за канспірацыя?

— Напрыклад?

— Пытаюся ў канторы, дзе страшыня, дык усе там раней пераглянуліся, а потым пачалі распытваць, хто я і па якой справе прыехаў? Толькі па часе мне сказалі, што ты можаш быць альбо на полі, альбо на фермах.

— Не сярдуў, хросны. Мы проста ратуемся ад камісій і расследвальнікаў.

— Вось як? А ў чым справа?

— Ты ведаеш, што да рэвалюцыі на Беларусі было восемдзесят працэнтаў непісьменных?

— Пры чым тут гісторыя?

— А пры тым, што цяпер у нас усе пісьменныя, і яны ведаюць, дзе райком, Вярхоўны Савет, ЦК. Не дало праўленне каня на рынак альбо пастанавілі на сходзе адлічыць у непадзельны фонд трыццаць пяць працэнтаў замест дваццаці. Ну і пішуць. Парушэнне статута! Самаўпраўства! А калі ёсць скаргі, дык на іх трэба рэагаваць. Прыязджаюць камісіі за камісіямі.

— І правільна робяць. На лісты працоўных трэба рэагаваць.

— На жаль, гэтыя лісты працоўных піша, як мне здаецца, адзін чалавек.

— Хто?

— Ёсць такі... Лапыр Яўхім. Старшыня «Перамогі». Ты праз яе праязджаў.

— Лапыр, кажаш? Дык яго ўжо няма на свеце.

— А дзе ж ён дзеўся?

— Кажуць, праваліўся з канём пад лёд. Не верыш, запытайся ў майго шафёра. Знайшлі толькі шапку. Там цяпер прыехала міліцыя. Калгаснікі рэжуць лёд.

— Усё роўна не веру.

— Дзівак чалавек. А калі ён ужо нябожчык, дык я прызнаюся, што ў мяне яго заява на цябе. Ты сказаў на партыйным сходзе, што абком мала звяртае ўвагі на сельскую гаспадарку.

— А што, многа? За столькі год ты першы з вобласці, ды і то па заяве зазірнуў. А чаму нельга было прыехаць раней? Паглядзець, што ў нас дрэнна, а што добра? Падказаць, параіць?

— Добра... Ну, вядзі, хрышчэнік, паказвай.

 

А тым часам у «Перамозе», на беразе рэчкі, віраваў натоўп. Два работнікі ў міліцэйскай форме наглядалі, як калгаснікі пілавалі лёд, абмацвалі шастамі дно. Начальнік міліцыі, капітан Бабкоў, якога прызначылі замест Шаўкова, звярнуўся да прысутных:

— Скажыце, хто бачыў нябожчыка ў апошні раз?

Твары ў людзей былі панурыя, некаторыя адвярнуліся, некаторыя адышлі ў натоўп ад дапытлівага позірку капітана. Толькі адна маладзіца з вясёлымі блакітнымі вачамі ўсміхнулася і паказала рукою на няголенага чорнабародага чалавека.

— Апанас Шыла яго бачыў, таварыш афіцэр. Яны ўчора разам з Лапыром п’янстваваць пачыналі. З імі быў яшчэ вучоны, што кароў на вяроўках падвешвае...

— Вы? — ступіўшы да Шылы, запытаўся капітан.— Калі вы рассталіся з Лапыром?

— Я не памятаю. Можа, апоўначы, а можа, пасля паўночы... Лапыр збіраўся ехаць у «Партызан» да сваёй жонкі...

— Як жа, хіба патрэбна яму такая драбіна, калі ў Барках гладкая палюбоўніца грэе! — усміхнулася маладзіца з блакітнымі вачамі.

— Давайце, грамадзянін Шыла, пройдземце ў кантору,— прапанаваў Бабкоў.

Шыла, за ім Бабкоў выбраліся з натоўпу. Насустрач ім ляцела ў расхрыстанай ватоўцы, з вырачанымі ад роспачы вачамі Лапырыха. Яна галасіла:

— А Яўхімка, а любы!.. А на каго ты мяне і дзетак пакінуў?!. А чаго табе трэба было лезці ў начальства!.. За божы свет!..

— Трэба было б рабіць труну,— панура сказаў нехта ў натоўпе.

— Дык жа яго не знайшлі.

— Знойдуць. Недалёка рыбацкая перагародка з нератамі. Нідзе ён дзенецца.

Праз паўгадзіны Бабкоў з шустрай маладзіцай імчаліся на санях у Баркі. Пад’ехаўшы да крайняй хаты пад высокай сцяной магутных сосен, начальнік міліцыі саскочыў з саней і накіраваўся ў хату.

Лапыр з ачмурэлымі вачамі сядзеў за сталом. Адною рукой ён абнімаў маладзіцу, другою трымаў шклянку з гарэлкай. Рука яго калацілася. Гарэлка плёскалася на закуску... Калі грукнулі дзверы, Лапыр азірнуўся і ажыўлена гукнуў:

— Во, бра-ат... А казалі, што цябе разжалавалі, Шаўкоў. Сядай, во...

— Досыць, таварыш Лапыр. Уставайце!

— Э-э... во... Хто ты такі? Не маеш права!..

Бабкоў падхапіў Лапыра пад руку і павёў з хаты.

 

XXII

Раман Шынкевіч, асталяваўшыся на кватэры ў Галубовічаў, дзень пры дні вывучаў калгасныя справы. Раніцою ён уставаў разам з Мішкам і ішоў паслухаць, што будуць гаварыць на нарадзе брыгадзіраў, зазіраў на фермы, падоўгу распытваў у галоўнага бухгалтара Каліты пра сабекошт збожжа, бульбы, сіласу, малака ў першыя дні аднаўлення і цяпер. Ён ужо запоўніў прывезеныя два блакноты і пазычыў у Мішкі, які кіраваў першай брыгадай, досыць тоўсты агульны сшытак.

Не запісваў ён толькі тое, што яму расказвалі пра Карніцкага. Для гэтага спатрэбілася б вельмі шмат часу і паперы. А часу ў Шынкевіча было вельмі мала. Трэба прымаць нейкія рашучыя і неадкладныя меры, каб тое, што робіцца ў нашых лепшых калгасах, зараз жа пашыралася на суседнія гаспадаркі. У першую чаргу мы павінны паклапаціцца, каб на чале кожнага калгаса стаў добрасумленны і адукаваны чалавек, які грамадскія інтарэсы ставіць вышэй за свае ўласныя...

Шынкевіч нават запісаў пра гэта ў свой агульны сшытак. Запісаў і зараз жа задумаўся. Ці правільна яно? Ці не штучны тут падзел, калі ўзяць такіх людзей, як Антон Карніцкі? Уласнае ў іх непадзельна з грамадскім, грамадскае стала асабістым, як душа. Чаго Карніцкаму не ставала для бязбеднага жыцця? Грошай? Кватэры? Альбо ён не ведаў, што яго чакае ў роднай вёсцы? А хіба не ён казаў сваім партызанам, што нельга хадзіць каля вады і не памачыць ног? І казаў не для таго, каб напалохаць, а проста і адкрыта папярэджваў пра небяспеку, падрыхтоўваў іх і самога сябе да перамагання любых цяжкасцей.

Дзеля вялікай мэты!

Думкі Шынкевіча былі перапынены гучнымі галасамі за дзвярамі, потым рашучым стукам. Неўзабаве дзверы расчыніліся і ў іх паказалася высокая постаць сакратара абкома.

— Пётр Антонавіч! — узрадавана крыкнуў Шынкевіч і ўсхапіўся з крэсла.

— Вольна, Раман, вольна,— працягваючы Шынкевічу сваю шырокую далонь, прабасіў крышку застуджаным голасам Асокін.— Кажуць, што ты заграз тут у Пышкавічах па самыя вушы. Драпеза не можа ніяк цябе дачакацца, каб здаць свае справы.

— Вы жартуеце, Пётр Антонавіч,— падстаўляючы Асокіну крэсла, адказаў Шынкевіч.— Мне так хочацца забрацца нават у самы адсталы калгас і паспрабаваць зрабіць яго хоць крышачку падобным на «Партызана»...

— А яшчэ чаго табе хочацца? — распранаючыся і сядаючы на крэсла, запытаўся Асокін.— Блазнаваць з Кісяля, што ён недаспаў ноль цэлых і пяць дзесятых хвіліны? Штодня палохаць Драпезу крытычнымі артыкуламі пра ваш раён?

Асокін дастаў з кішэні клятчастую насавую хустку і гучна патрубіў у яе сваім застуджаным носам. Шынкевіч усхвалявана прайшоўся з кута ў кут свайго невялічкага пакойчыка.

— Разумных, Пётр Антонавіч, ніхто не зробіць дурнымі, а палахлівых — храбрымі. Я вельмі не люблю людзей з вялікімі прэтэнзіямі — хто б яны ні былі. Якую яны могуць адкрываць мне перспектыву, калі не ведаюць, як правільна пішацца гэтае слова? Дык хіба я павінен ім патураць, падтакваць? Навошта тады мяне вучылі ў камсамоле, партыі, універсітэце?..

— Эх ты, сатырык! — коратка ўсміхнуўся Асокін.— Ноль цэлых і пяць дзесятых хвіліны...

Шынкевіч нават крышку разгубіўся. Відаць, Асокіну нагаварылі ў раёне пра яго, што было і чаго не было. Тут яшчэ не любілі падоўгу заседжвацца ў калгасах, заходзіць у хаты радавых калгаснікаў, каб паглядзець, як яны жывуць, пацікавіцца іх патрэбамі.

— Ну, расказвай, Рамане, што ты тут пачуў, што тут убачыў,— паклаўшы на стол свае здаравенныя рукі, ужо сур’ёзна загаварыў Асокін.— А потым пойдзем да Карніцкага. Ты, відаць, ужо чуў, што мы з ім старыя сябры. Між іншым, ты яму крышку спадабаўся. А Карніцкі, наколькі я яго ведаю, рэдка калі памыляецца ў людзях. Ён сказаў, што з Драпезы можа атрымацца неблагі старшыня райвыканкома...

 

Мінула зіма, непрыкметна праляцела лета. Карніцкі ў самым лепшым настроі ішоў полем. «Партызан» першы год сеяў кукурузу, і яна ўрадзіла на славу. Цяпер ледзь прыкметна шавяліліся шырокія цёмна-зялёныя стужкі лісцяў ад лёгкага подыху ветру. Усюды былі відаць тоўстыя качалкі пачаткаў. Каліта працягнуў руку да аднаго з іх і абламаў.

— Глядзі, Антон, што тут робіцца зярнят! Трэба падлічыць...

Карніцкі адказаў у задуменні:

— Іх, Андрэй, падлічаць зімою каровы і свінні... Пайшлі далей.

Паказаўся кукурузаўборачны камбайн, побач якога ішла грузавая машына. З элеватара густа сыпалася ў яе кузаў сіласная маса. Кузаў якраз напоўніўся, і даўшы газ, грузавік адышоў. Пакуль другая машына пад’ехала пад элеватар, маса густа валілася на зямлю.

Вочы Карніцкага пакруглелі, гнеўна заторгаліся жаўлакі. Ён кінуўся наперад і падняў перад камбайнам руку.

— Стой! Стой, разбойнік!

Камбайнер прыпыніў машыну.

— Што такое, Антон Сафронавіч?

— Што такое?! Ідзі падбяры, што нарассыпаў.

— Гэта не мая справа. Барысевіч загадаў не спыняць машыны ў часе замены. Я падпарадкуюся яму.

— Можаш падпарадкавацца хоць чорту лысаму, а рабі так, як патрэбна калгасу.

Ззаду падышоў другі агрэгат. Заглушыўшы матор, з камбайна сышоў Косцік.

— Ты, Косця, таксама вывальваеш сілас на зямлю? — строга запытаўся Карніцкі.

— Бывае... ухіліўся ад прамога адказу Косцік.

— Што гэта азначае?

— Ну, калі тут дырэктар МТС...

— Вось як! Ты ў дыпламаты палез. Дык перадай свайму дырэктару, што я прымушу яго збіраць сілас у шапку. Ясна?

— Ясна,— спахмурнеўшы, адказаў Косцік.

— Па машынах!.. А гэта што там?

Усе азірнуліся. Да іх набліжалася палявой дарогай «Пабеда».

— Шынкевіч едзе,— упэўнена прамовіў Каліта.

Карніцкі і Каліта рушылі ад камбайна. «Пабеда» спынілася, і з яе вылез заклапочаны Шынкевіч.

— Добры дзень, хлебаробы.

— Добры дзень, таварыш сакратар.

— На паляўнічага і звер бяжыць. Сядайце ў машыну, падкіну ў хату, а там далей,— выціраючы хусцінкай пот з твару, прамовіў Шынкевіч.— Нас выклікаюць у абком.

— Ого! — устрапянуўся Каліта.— Хіба я табе не казаў, Антон, што нас туды абавязкова паклічуць расказаць пра свой вопыт? Нездарма інструктар абкома сядзеў у нас цэлы тыдзень.

 

З фермы Таіса вярнулася, як звычайна, калі сцямнела. Уключыўшы электрычнае святло яна агледзела пакой. Антона яшчэ не было. Вельмі надоўга ён затрымаўся ў горадзе. Таіса паспешліва пачала хапаць з буфета талеркі, хлеб. Нарэшце пачуліся знаёмыя доўгачаканыя крокі. Яна зірнула на гадзіннік. Антон быў галодны! Зайшоўшы ў хату, ён прывітаўся і ўважліва паглядзеў на яе.

— Ты чаго такая, Таіса?

— Якая?

— Ну, нібы спяшаешся на пажар.

— А то не?! З калгаснай работай ледзьве спраўляюся, а тут яшчэ свая, каб яна затанула, гаспадарка. Ты паглядзі на мае рукі, Антон!

— Добрыя працавітыя рукі.

— А пальцы якія!

— І пальцы добрыя.

— Добрыя?! Як граблі. Паспрабаваў бы ты сам надаіць столькі цыстэрнаў малака за год дык бы ведаў, што гэта азначае.

— Я ведаю. Праз тыдзень установім даільныя апараты. Усё дамоўлена.

— Я не пра гэта.

— А пра што?

— На якое ліха мне свая карова? Замест таго каб адпачыць пасля фермы, як чалавек, я павінна яшчэ тлуміць галаву гэтай прыватнай гаспадаркай! Хіба мне трэба столькі малака? Вось вазьму ды завяду карову на ферму.

— Рана яшчэ пра гэта гаварыць. Прыйдзе час, што аднымі грашыма будзем аплачваць работу. Пабудуем сваю пякарню, сталовую. Хочаш — гатуй дома, а не — хадзі ў калгасны рэстаран.

— Ну і выдумшчык ты! Вось еш тут, а я пабягу падаю карову.

Яна знікла за дзвярыма, а Карніцкі сеў за стол і, перш чым пачаць есці, дастаў з кішэні канверт. Вочы яго сталі вясёлымі. Ён здаволена паківаў галавою. Узяў лыжку і пачаў есці суп.

Праглынуў яго адну, другую лыжку і пачаў нецярпліва паглядаць на дзверы. Зноў прачытаў ліст, які паклаў быў на край стала.

Такіх лістоў ён яшчэ ніколі не атрымліваў. Раней, асабліва пасля семінара, праведзенага ў «Партызане» абкомам, яму пісалі многія. Карэспандэнты газет, расказваючы сваім чытачам пра новае ў Пышкавічах, прыгадалі некаторыя моманты з біяграфіі Карніцкага. Праз тыдзень прыйшоў першы ліст. Капітан Чырвонасцяжнага Балтыйскага флоту віншаваў Карніцкага і жадаў многіх год здароўя і натхнёнай працы на карысць сацыялістычнай Радзімы. Другое пісьмо ад вучняў адной далёкаўсходняй сярэдняй школы. І ўжо далей ён штодня атрымліваў не менш як па чатыры лісты. Яму пісалі сакратары райкомаў і даяркі, інжынеры-будаўнікі і сталявары, геолагі і старшыні калгасаў. Адзін ліст прыйшоў ад гарпунёра кітабойнай флатыліі «Слава»...

Аказаўся жывы і здаровы Мікола Віхор. Ён скончыў пасля вайны аспірантуру, абараніў кандыдацкую дысертацыю і хацеў бы пераехаць на сталую працу ў «Партызан». Карніцкі паслаў яму тэлеграму: «Прыязджай неадкладна...»

Як шкадаваў Антон Сафронавіч, што няма цяпер з ім Надзейкі! Як не ставала яму Анечкі! Яны радаваліся б цяпер з ім вялікай чалавечай увазе, якая надае табе сілы і натхнення, яны б памагалі адпісваць лісты. А то даводзілася яму прасіць Мішку Галубовіча, Косціка, часам стомленую за дзень Таісу...

У кухні забразгаў посуд.

— Гэта ты, Таіса?

— Я. А што?

— Мяне, Таіса, выклікаюць у Маскву.

Яна адказала толькі па пэўным часе. І то нейкім не сваім голасам:

— Што ж, гэта добра. Значыць, ты некаму там патрэбен.

— Паеду заўтра раніцою...

 

Колькі ад таго часу мінула дзён? Таісе здавалася, што цэлы век. Яна, задуманая, ішла па вуліцы Пышкавіч. Гучаў суладны з думкамі Таісы голас Карніцкага яшчэ з першага сходу: «Усё тваё і тваіх дзяцей, Мікалай... З руін і папялішчаў узняў ты прыгожыя фермы, канюшні, гаражы, жылыя дамы...» Таіса схамянулася, азірнулася. Няма любімага чалавека!

Яе дагнала Ванда.

— Чакай, Таіса...

Яны ішлі ў жывёлагадоўчы гарадок, агароджаны і абсаджаны клёнамі, ліпамі, з якіх часам зрываецца пажоўклы ліст. Таіса нагнулася, падняла толькі што сарваны лёгкім ветрыкам кляновы ліст. Паклала на далонь.

— Вось і прайшла яго маладосць!..— нібы сама сабе прамовіла Таіса.

— Затое ты расквітнела, калі Антон перабраўся да цябе. Толькі глядзі, нешта ён часта пачаў ездзіць у сталіцу.

— А ты хіба не спрабавала прыгарнуць яго да сябе? Ты б даўно кінула ферму, каб не Антон! Такая тут цяжкая работа.

Яны ўжо ўваходзілі ў кароўнік.

— Не крычы! — папрасіла Ванда, заўважыўшы, як на іх зацікаўлена паглядаюць з праходу дзве даяркі ў беласнежных халатах, з вёдрамі ў руках.— Для мяне няма найлепшага чалавека, як Андрэй.

Таіса ішла хадою стомленага чалавека паўз сытых кастрамічак. Дзве даяркі пазіралі ёй услед, пакуль яна не знікла ў бакавых дзвярах.

— А хто цяпер будзе ў нас старшынёю? — запыталася адна маладзіца ў другой.

— Відаць, Каліта.

 

Увечары Ванда сядзела за сталом і нешта запісвала, зазіраючы час ад часу ў разгорнутую кнігу. Андрэй Каліта яшчэ не вяртаўся з канторы. Ціхая музыка з рэпрадуктара зусім ёй не перашкаджала. Раптам музыка скончылася. Пачуўся нейкі ўрачыста-святочны голас дыктара: «Увага, увага. Перадаём Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб узнагароджанні перадавікоў жывёлагадоўлі...

...За дасягнутыя поспехі ў аднаўленні разбуранай вайной гаспадаркі, за паспяховае развіццё жывёлагадоўлі прысвоіць званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка» старшыні калгаса «Партызан» Герою Савецкага Саюза Карніцкаму Антону Сафронавічу, загадчыцы малочнай фермы Камлюк Вандзе Нічыпараўне...

...узнагародзіць ордэнам Леніна... даярку Сітнік Таісу Гаўрылаўну».

Ванда ўсхапілася з-за стала і замітусілася па хаце, не ведаючы, за што зачапіць рукі. Потым схапіла з вешалкі хусцінку і кінулася з хаты. Хутчэй да Таісы!

Прымацаваны на слупе каля праўлення рэпрадуктар грымеў на ўсю вуліцу:

«...Каліту Андрэя Сцяпанавіча — сакратара партыйнай арганізацыі калгаса «Партызан», Галубовіча Мікалая Дзям’янавіча — старшага конюха калгаса «Партызан».

Таіса стаяла пасярод хаты і нібы зачараваная глядзела на рэпрадуктар.

Са шчаслівым плачам, заглушаючы рэпрадуктар, Ванда моцна абняла Таісу.

— Таіса, любая!.. Ты чула?.. Нас узнагародзілі!..

— Дык чаго ж ты равеш?.. Супакойся!..

— Чаго равеш... Я, дурная, некалі хацела кідаць ферму... Мяне прасілі, каб у райбальніцу варочалася...

У расчыненыя дзверы ўвайшоў з кіем дзед Жораў.

— Вось вы дзе, гераіні. Віншую. І мяне можаце павіншаваць...

— Дзякуем, дзед Жораў. А вас з чым?

— Я-то трохі недачуў. Што Жораў, дык добра разабраў, а там нібы вушы залажыла ад радасці... То ж ці відана. Дзе Крэмль, а дзе Пышкавічы. І на табе. Усё адтуль бачаць!..

Ён па-старэчы сеў на крэсла. Таіса і Ванда ўсё яшчэ стаялі абняўшыся, пакуль не прыйшлі Каліта і Мікалай Галубовіч. Хутка ў хаце нельга было павярнуцца. Людзі віншавалі адзін аднаго, пакуль усё не перакрыў голас Каліты:

— Дарагія таварышы. У мяне ёсць прапанова. Давайце ўсе ў клуб на мітынг.

— Як шкада, што ўжо няма тут Сафронавіча! — уздыхнуў дзед Жораў.

— Што за размовы ў нас пайшлі! — абурана крыкнуў Каліта.— Сафронавіч у Маскве па выкліку, на пленуме. Там прымаюцца важнейшыя рашэнні па сельскай гаспадарцы. Трэба да прыезду старшыні закончыць дом. Усе маюць свае хаты, адзін старшыня, як бяздомак, жыве на чужой кватэры. І нікуды не варта што да гэтага часу ў яго няма хатняга камісара.

Каліта шматзначна паглядзеў на Таісу і закончыў:

— Але дзён праз пяць мы і ў гэтай справе навядзём патрэбны парадак. Як толькі Сафронавіч вернецца дадому!

 

ХХІІІ

Карніцкі вярнуўся ў калгас праз тыдзень. Каліта першы завітаў у хату да старшыні, каб паслухаць, пра што гаварылася ў Маскве. Хоць многае было ўжо вядома з газет і радыёперадач, але жывы расказ пра сустрэчу з кіраўнікамі партыі і ўраду не можа замяніць ніякая, нават падрабязлівая інфармацыя.

— Мы пачулі там шмат новага і вельмі цікавага для нас, хлебаробаў,— загаварыў Антон Сафронавіч, прайшоўшыся па хаце.— Закупачныя цэны на сельскагаспадарчыя прадукты будуць павялічаны. Гэта азначае, што ў калгаснай касе прыбавіцца больш грошай на новыя пабудовы.

— Дык жа і добра,— ахвотна пацвердзіў Каліта.— У Маскве нібы падслухалі, пра што думаюць калгаснікі.

— Эканоміка, паважаны Андрэй Сцяпанавіч. Цяпер, брат, самае галоўнае — найбольшае атрыманне прадукцыі з кожнага гектара пры найменшай затраце працы. Трактары, камбайны, іншыя сельскагаспадарчыя машыны, як табе вядома, вырашана перадаць з МТС калгасам. Думаю, ты не супроць такой пастановы?

— Пытаецца, як кум сонца! — засмяяўся Каліта.— Мы, Антоне, прымеркавалі ўжо, як гаворыцца, на вока, колькі чаго можна купіць у МТС. Атрымліваецца мільён дзвесце тысяч рублёў. Генерал, пачуўшы пра такую суму, аж за галаву схапіўся...

— Генерал? — перапытаў здзіўлены Карніцкі.— Пры чым тут нейкі генерал?

— А хіба Таіса яшчэ нічога табе не гаварыла? — у сваю чаргу перапытаў Каліта.— Твой дружок генерал Васіль Каравай сядзіць у нас ужо трэці дзень. Праўда, я не сказаў бы, што Таіса спаткала яго вельмі прыязна.

— У яе для гэтага ёсць свае прычыны,— заўважыў Карніцкі.— Але дзе ён спыніўся?

— Я паглядзеў на не вельмі ласкавыя адносіны Таісы да знатнага госця і запрасіў яго да сябе. Разумееш, у маёй халасцяцкай хаце нібы неяк пасвятлела ад залатых пагонаў. Тым больш што таварыш генерал вельмі здорава цікавіўся нашай гаспадаркай.

Карніцкі чамусьці толькі недаверліва хмыкнуў ад апошніх слоў Андрэя Сцяпанавіча.

— Наколькі мне вядома, ён цікавіцца нашай гаспадаркай, як звычайны абывацель...

— А вось і не! — рашуча запярэчыў Андрэй Сцяпанавіч.— Ад рання і да вечара ён тырчыць то на фермах, то на брыгадных дварах, запісвае нашы надоі, ураджаі, нормы выпрацоўкі, сабекошт прадукцыі. Ужо запоўніў два блакноты і ўзяўся за трэці. І вельмі падрабязна распытвае пра выкарыстанне асушаных балот. Мне здаецца, Антон Сафронавіч, генерал зусім правільны.

— Дык, можа, ён прыехаў з Мінска па даручэнню? Ну, напрыклад, з абласнога камітэта партыі альбо міністэрства?

— Не,— упэўнена адказаў Андрэй Сцяпанавіч,— Прыехаў, як гаворыцца, па ўласным жаданні. Паглядзець адно, другое і абмеркаваць разам з табою нейкі яго стратэгічны план.

— Ну што ж. Пакуль Таіса занята на ферме, давай пашукаем гэтага таварыша генерала. Паслухаем, што ён нам скажа. Дзіва, дый годзе! Васіль Каравай зацікавіўся сельскай гаспадаркай!..

Антон Сафронавіч успомніў даўнюю размову з Караваем у Цэнтральным штабе напярэдадні партызанскага парада. Тады былы яго памочнік нават спрабаваў адгаварыць яго, Антона, ад пераезду на сталае жыхарства ў родную вёску. Даводзіў, што бульбу і цыбулю людзі здолеюць вырошчваць і без Карніцкага. А яму, чалавеку заслужанаму, знойдзецца месца і ў горадзе: у Мінску, Маскве ці недзе каля цёплага Чорнага мора. Аднойчы, пасля вядомага налёту Паліны Фёдараўны ў Пышкавічы, Карніцкі нават палаяўся, сустрэўшыся са сваім былым памочнікам у яго на кватэры. Там быў яшчэ адзін госць Каравая, супрацоўнік міністэрства гандлю, які некалькі разоў ездзіў за граніцу. Васіль Каравай у захапленні слухаў яго расказы пра заходнія краіны і час ад часу выгукваў: «Не шкодзіла б, Антон, і нам там пабываць, паглядзець, як там жывуць людзі!» Карніцкі не стрымаўся:

— А Іспанія? Хіба забыўся?

— Ну, я пратопаў па ёй пад фашысцкімі кулямі як салдат! — сказаў Каравай.— Нам тады, як табе вядома, было не да прыгажосцяў. Цяпер я праехаўся б па некаторых краінах як турыст. А-а?

— Што ж, гэта не блага, калі ёсць ахвота да вандровак,— нібы згаджаючыся з Караваем, загаварыў Карніцкі.— Я ўжо сустракаўся з некаторымі такімі падарожнікамі. Палятае гэткі, высалапіўшы язык, па рымах і парыжах, па афінах і стамбулах і пачынае слінявіць: «Ах, якое там хараство! Ах, якія там старажытнасці!» А запытайцеся ў яго, што такое Зыслаў, дык ён і рот разявіць. Некаторыя нашы замежныя ваяжоры нават не ведаюць, як выглядаюць Енісей, Байкал, Каўказскія горы.

Трэба сказаць, што тое-сёе ў пасляваенных паводзінах Васіля Каравая не спадабалася Карніцкаму. Напрыклад, замілаванне ўласнай шыкоўнай дачай і ўмяшанне ў сямейнае жыццё свайго былога камандзіра: каб ён памірыўся з Палінай Фёдараўнай і выехаў з Пышкавіч. Але найбольш раздражнялі Карніцкага генеральскія парадныя пагоны Каравая.

Ужо даўно змоўклі кулямёты і гарматы, былыя салдаты, лейтэнанты, палкоўнікі і генералы, пераапрануўшыся ў цывільнае, паспелі не толькі аднавіць разбураную гітлераўцамі народную гаспадарку, але і пабудаваць на Беларусі такія волаты, як трактарны і аўтамабільны заводы, камвольны камбінат, новыя магутныя электрастанцыі, а Васіль Каравай не мог развітацца са сваім бліскучым мундзірам. А як жа: сустрэчныя салдаты і афіцэры, ваенныя і нават міліцэйскія работнікі зараз жа ўскідваюць руку пад казырок! Во якая прыемнасць! Ну і жанчыны, вядома, часам не стрымаюцца і гукнуць адна адной: «Глядзі, які бравы генерал ідзе!» А каб ён цёгся ў цывільным, дык хіба толькі знаёмы кіўне яму галавою...

Таіса, якой даводзілася разам з Карніцкім выязджаць у сталіцу, заўсёды насцярожвалася пры генеральскіх візітах у гасцініцу, дзе яны спыняліся. Ёй здавалася, што Каравай сустракаецца з Антонам Сафронавічам толькі для таго, каб разладзіць яе шчасце. І варта ёй праявіць нават малую няўважлівасць да Карніцкага, як яго пацягне ў старую сям’ю. Ён жа ніколі не перапыняў сувязі са сваімі дзецьмі, акуратна пераводзіў ім грошы, пасылаў пісьмы. Праўда, пісала іх Таіса, а Карніцкі толькі дыктаваў. У гэтых пісьмах ён гаварыў, што самая важная для дачок задача — добра вучыцца, набываць што найбольш ведаў, раіў расці праўдзівымі і добрымі, заступацца, колькі ёсць сілы, за слабейшых сваіх сяброў, калі іх крыўдзяць дужыя. Якія ўжо маленькія і кволыя пчолы, але і яны перамагаюць, дружна абараняючыся, касалапага разбойніка і грабежніка Мішку Таптыгіна. І амаль у кожным пісьме ён напамінаў Надзейцы і Анечцы, каб яны слухаліся маці. Калі Таіса казала Карніцкаму, што Паліна Фёдараўна можа выкарыстаць гэтую яго параду супроць яго ж самога, ён адказваў упэўнена.

— Нічога страшнага няма. Дзеці часам адчуваюць дабро і зло нават лепш, чым некаторыя дарослыя.

Кожны раз, калі Антон Сафронавіч выязджаў куды-небудзь з калгаса адзін, Таіса ніяк не магла спакойна дачакацца яго вяртання. Косцік ужо быў прызваны ў армію і праходзіў службу дзесьці ў Германіі. Праўда, часта заходзілі да Таісы суседкі, каб расказаць пра апошнія вясковыя навіны ці пачуць што-небудзь свежае ад яе. Так яна даведалася пра нечаканы прыезд у калгас Васіля Каравая. Яны сустрэліся раніцою на ферме, куды Каравай з’явіўся разам з Андрэем Сцяпанавічам. Таісу зусім не ўзрадвала ні бліскучая форма, ні выдатная ветлівасць Каравая з даяркамі. Толькі адна Ванда, якая неаднойчы сустракалася з Караваем на небяспечных партызанскіх пуцявінах, уся зазіхацела ад радаснай усмешкі.

— Добрага здароўя, таварыш генерал! — павіталася па-дзявоцку звонкім голасам.— Баец другога атрада першай партызанскай брыгады Ванда Камлюк...

— Добры дзень, Ванда,— шчыра ўзрадаваўшыся ад такой сустрэчы, перапыніў даярку Каравай.— Я чуў, што да Чырвонай баявой Зоркі табе далучаюць яшчэ Зорку Героя Сацыялістычнай Працы. Віншую ад шчырага сэрца.

— Вялікі дзякуй, таварыш генерал,— зусім не бянтэжачыся, адказала Ванда.— Гэтую вялікую ўзнагароду я лічу як аванс, які яшчэ трэба адрабіць, каб не сорамна было глядзець людзям у вочы. А вы, таварыш генерал, можа, зноў збіраеце сваіх партызан на вайну?

— Чаму на вайну, Ванда? Адкуль ты гэта ўзяла?

— А ваенная форма навошта? Я нават падумала, убачыўшы вас, у мундзіры і пры пагонах, ці не затрубіць баявы збор!..

— Язычок у цябе, Ванда Нічыпараўна, па-ранейшаму востры як брытва! — весела заківаў галавою Каравай.— І ніколечкі ты за гэтыя пасляваенныя гады не пастарэла.

— Старэюць, таварыш генерал, тыя, каму ёсць час думаць пра старасць. А ў нас кожны год новыя планы, новыя вышыні. З благім здароўем іх не адолееш. Ну дык мы разам са сваім важаком Антонам Сафронавічам і стараемся быць заўсёды маладымі і дужымі. Вы мне прабачце, але цяпер у нас па графіку самае даенне... я павінна заняцца сваімі справамі. Калі што трэба, заходзьце з Андрэем Сцяпанавічам да мяне.

Трэба сказаць, што Карніцкі крыху здагадаўся, чаго прыехаў у Пышкавічы Васіль Каравай... Гады два таму назад ён, нібы між іншым, паскардзіўся Карніцкаму, што праца ў міністэрстве яго нездавальняе, што ад яе не застаецца прыкметнага і адчувальнага следу. Цяпер па дарозе на ферму Каліта расказаў пра перапалку Ванды з Караваем.

— Ну і правільна зрабіла! — жвава загаварыў Карніцкі.— На якую трасцу яму, дэмабілізаванаму чалавеку, цягаць штодня пагоны? Толькі, мусіць, таму, што ў нас паважаюць ваенных людзей, любяць іх як абаронцаў мірнай нашай працы? Але ж сеяць жыта ці саджаць лес можна без пагонаў. Нават спадручней без іх. У кожным разе, не зачэпішся імі за сук. Проста, ён цягае іх для форсу.

Таіса толькі што вызвалілася на ферме і ўжо вярталася дадому. Карніцкі, не саромячыся Каліты, прытуліў яе да сябе левай рукою, і так, побач, яны прайшлі некалькі крокаў. Потым яна асцярожна зняла яго руку са свайго пляча і, даведаўшыся, што мужчыны ідуць шукаць Каравая, папрасіла доўга не затрымлівацца.

— Ведаеш што, Таіса,— ласкава загаварыў Карніцкі.— Падрыхтуй, што там у цябе ёсць, для сустрэчы з маім старым другам. Ну, зразумела, Андрэй Сцяпанавіч таксама пасядзіць гадзінку з намі.

Ужо запальваліся ў хатах агні, калі яны падышлі да сядзібы Каліты. Праз акно Карніцкі ўбачыў схіленую над сталом мажную постаць Каравая. Ён нешта пісаў, пыхкаючы папяросай. Генерал, відаць, спаліў іх нямала: паветра ў пакоі было шызае ад дыму і новае яго воблачка пагойдвалася каля павешанай над сталом электрычнай лямпачкі. Мусіць, пачуўшы на двары крокі, былы партызанскі камандзір хуценька ступіў да акна, піхнуў адну яго палавіну і гукнуў у вечаровае сутонне:

— Антон?

— Ён саменькі, Васіль! — ужо ўзышоўшы на ганак, весела азваўся Карніцкі.— Аказваецца, ты не забыўся вырозніваць мае крокі.

— Яшчэ трошкі таго-сяго засталося ў памяці ад нашых начных рэйдаў...

Замест адказу Карніцкага Каравай пачуў бразгат клямкі ўваходных дзвярэй. Іх адчыніў і саступіўся ўбок, каб прапусціць наперад Карніцкага, Андрэй Каліта.

У хаце яны, аднак, павіталіся стрымана, як старыя салдаты. Каравай павіншаваў свайго надзейнага сябра з другой Залатой Зоркай Героя і пажадаў не вельмі ўпірацца, калі за далейшыя поспехі яму прызначаць і трэцюю такую высокую ўзнагароду.

Карніцкі падзякаваў за віншаванне, прысеў каля стала і адразу ж падгарнуў да сябе ўсе блакноты і сшыткі Каравая. Бегла пачаў праглядаць запісы пра ранейшае і сённяшняе. Усё ў гэтых лічбах і фактах было для яго вядомае, тое, што яны ўжо зрабілі за пасляваенныя гады напружанай працы.

Усё гэта ён ведаў на памяць, усё гэта перакіпела ў яго ў крыві. Адсунуўшы кароткім рухам запісы, Карніцкі ўважліва паглядзеў на Каравая і запытаўся амаль суха:

— Навошта табе ўсё гэта?

— Бачыш, Антон, якая справа,— вытрымаўшы патрабавальны і строгі позірк сябра, пачаў Каравай.— Мне патрэбен твой вопыт, твая парада. Нядаўна я ездзіў у сваю родную вёску. І паглядзеў, што там не ўсё робіцца так, як належыць. Мне здаецца, у іх няма і палавіны таго, што ёсць у Пышкавічах! А прыродныя ўмовы і там і тут аднолькавыя. Старшыня калгаса там добры чалавек, але ніяк не можа арганізаваць людзей. Залезлі па вушы ў даўгі дзяржаве, ураджаі і надоі малака нізкія, а сабекошт прадукцыі высокі. Прыходзяць да мяне калгаснікі, распытваюць пра здароўе, ці не цяжка для мяне праца ў міністэрстве, а потым адразу — ці даўно я сустракаўся з табою? Разумееш, які далікатны намёк мне: Карніцкі вунь дапамае сваім землякам, а ты ў канцылярыі засеў!

— Што ж, можа, яны і праўду кажуць,— відаць, думаючы пра нешта сваё, загаварыў Карніцкі.— Але ж сапраўды, граза гітлераўскіх гарнізонаў, баявы камандзір цэлага партызанскага злучэння пайшоў на лёгкі хлеб. Нават мяне спакушаў ціхімі закуткамі жыцця. Памятаеш нашу размову?

— Была ў мяне такая аварыя,— шчыра прызнаўся Каравай.— Цяпер я падаў заяву ў абком, каб мяне накіравалі ў родны калгас. І маю просьбу задаволілі. Як вы думаце, сябры, атрымаецца што добрае з маіх планаў?

Каравай дапытліва глядзеў то на Карніцкага, то на Каліту. Можна было адразу яго супакоіць, сказаць, што ўсё цяпер зменіцца, забурліць у адсталым палескім калгасе, як толькі там з’явіцца былы партызанскі камандзір. Прымчыць туды з гатовымі планамі, з самымі лепшымі намерамі... Але перад Караваем сядзелі людзі, якія самаробнымі цвікамі прыбівалі латы на першых кароўніках і канюшнях, простымі рыдлёўкамі асушалі першыя гектары балота, лячылі пакрытых каростаю коней, каб можна іх было запрэгчы ў плуг... Каліта зірнуў на Карніцкага. Карніцкі зірнуў на Каліту і падміргнуў:

— Скажы, Андрэй Сцяпанавіч!

— А што тут можна сказаць, Антон Сафронавіч? Усё, мне думаецца, будзе залежаць ад таварыша Каравая. Калі ён паедзе туды назаўсёды як стары сталы жыхар, дык справа ясная. Інакш ці варта было б важдацца з гэтымі сшыткамі.

Карніцкі згодна кіўнуў галавою. Тое ж самае мог сказаць і ён. Сказаць адкрыта і шчыра. Але тое, што Каравай прыехаў да яго параіцца перад абранай ім нялёгкай, але пачэснай і адказнай дарогай, усхвалявала Карніцкага.

— Ідзі, Васіль, куды цябе кліча сэрца,— вымавіў ён прачула.— І памятай, што я заўсёды дапамагу ў цяжкую для цябе хвіліну.


1960?

Тэкст падаецца паводле выдання: Макар Паслядовіч. З табою побач. Аповесць. - Мн.: Маст. літ. - 1984. - с. 5-319
Крыніца: скан