epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Багдановіч

«Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы...»

Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы

У ціхую сінюю ноч

I сказаць:

«Бачыце гэтыя буйныя зоркі,

Ясныя зоркі Геркулеса?

Да іх ляціць нашае сонца,

I нясецца за сонцам зямля.

Хто мы такія?

Толькі падарожныя, – папутнікі сярод нябёс.

Нашто ж на зямлі

Сваркі і звадкі, боль і горыч,

Калі ўсе мы разам ляцім

Да зор?»

 


1915?

Тэкст падаецца паводле выдання: Багдановіч, М. Поўны збор твораў : у 3 т. / М. Багдановіч. – 2-е выд. – Мінск : Беларус. навука, 2001. – Т. 1 : Вершы, паэмы, пераклады, наследаванні, чарнавыя накіды. – 751 с.
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/378