epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Багдановіч

Слуцкія ткальлі

Ім не пабачыць роднай хаты,

Ня ўчуць ім дзетак галасы.

Яны у панскі двор узяты

Ткаць залатыя паясы.

І цягам доўгія часіны,

Аб шчасьці ўжо забыўшы сны,

Свае шырокія тканіны

На лад пэрсідзкі ткуць яны.

А за сьцяной шляхі у поле,

Шуміць чарэмха ля вакна, –

І думкі мкнуцца мімаволі

Туды, дзе расьцьвіла вясна.

Там так вясёла і прыгожа:

Зіяюць срэбрам ручайкі,

І у зялёных хвалях збожжа

Закрасавалі васількі.

Там шчыры бор шуміць сувора...

Ты тчэш, бязвольная рука,

Заміж пэрсідзкага узора

Цьвяток радзімы васілька.

 


1913-1917?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/41623