epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Гарэцкі

Антон

абразы жыцця

I.
II.
III.
IV.
V.
VI.
VII.
VIII.
IX.
X.
XI.
XII.
XIII.
XIV.
XV.


 

I.

— А ты што за чэлавек?

— Я не чэлавек, я — пінчук.

Пагаворка.

 

Яшчэ саўсім рана... Неба сіняе — сіняе, а ні болачкі, і прыгожая бяз меры кветня наноў Іванецкіх абліта сонійкам і ўся чыста скрозь абхоплена веснавым цяплом, лёгкім і прыемным.

Пасыпаные мяккім жоўценькім пясочкам акуратные сьцежачкі замыславата раскіданы і на-крыж, і так, і гэтак і быццам бягуць у цянёк, пад гушчыну кустоў.

На зялёнай муроўцы калышыцца няроўна сьцень сонца, бліскі і цекі каторага патроху, чым яно вышэй, прабіваюцца праз лісьцё.

Белые ляпёстачкі і схілые жоўтаватые і пыльные пруцінкі цьвяткоў язьміну такіе пышна-сочна-ядрэные ў — вечары, цяпер, навідне, аслаблі, але таксама поюць і поюць паветра тонкім, рэзкаватым, мляўкім араматам. А язьміну многа: кусты, кусты...

У цьвітучай сірэні пах веснавы...

У цьвітучай акацыі звон зьвініць:

«Дзынг... дзынг...» Там і пчолы, там і шчэмялі, малые і вялікіе, жоўтые, касматые. Ой, якіе лёгкіе, добрые пахі!

А на лавачцы, за столікам, у халадку, перад клумбай белых, жоўценькіх, сізенькіх, галубенькіх, чырвоненькіх кветак, сядзіць удовая паня Іванецкая, кароценькая, грубінькая, пухлінькая і с шэрынькімі верлячымі вочкамі. Каля яе, с францускай кніжкай у руках, касавокінькая пляменніца Клава. Тут жэ бегаюць шэсць беленькіх, як сьнег, падобных адзін да другога, невялічкіх сабачак; сёмага, жырнага таксіка, чорнага, с крывымі, як карчы, нагамі, водзіць на ланцужку хлапец Лёнька Белакурчык...

Водаль стары, белы панскі дом, размалёваная, заросшая дзікім вінаградам, мураваная сьцена, а там дарога, пекарня, а далі рэчка, возера, абсаджэнае вербамі. А на дарозі, пад горкай, дзьве горнічные ў белых хвартучках возюць у павозачцы паралічную генераліху, матку Клавы.

За кустамі, каля варот, шныхаіць без шапкі, і са стрэльбай, і с торбай стары лясьнік Аўтух. Ен ня можыць адважыцца падайці бліжэй; кашляіць і перхаіць.

 

ПАНЯ (да Лёнькі). Што ты ўсё тут круцішся, хлопчык? Я табе, байбус, што прыказывала? Поніку патрэбен моцыон! Вядзі яго дальш і доўга вадзі. Пагуляў бы з ім у Англійскім парку. Ага, паглядзі там, зайдзі на стайню, ці вычысьціў Селівон Буйнага і Хахутку. Ну, ступай, ступай. Нема чаго табе тут тарчэць. Марш!

КЛАВА. Як сяньні хораша, цётачка! А на што праганяіця Лёньку? Я з ім буду ў любоў гуляць... (звонка зарагатала і крычыць усьлед хлопцу) Лёнчык! Лёнчык мой! Лёнчык!

ПАНЯ. Клаўдачка! Падумай дзіцятка, што ты гаворыш! Ну што гэта такое!

КЛАВА. Цётачка, гэта мае жарты. Ды калі нудна. Ну хто тут каля нас ёсць? Чэрняўскі — дурны, Казеллы — дзікіе, Едкі — скнарыцы. Нудна. Цёця, а ў Лёнькі вочы, як у Вово Берацінскага, праўда? што?

ПАНЯ. Клаўдачка! Клаўдачка! (заткнула вушы пальцамі). Гэта проста жах, што ты гаворыш, Я гэтага мурзу — Лёньку заўтра ж аддам у падпаскі сьвінарніку Хадосу, а табе стродка-на-стродка забараняю гаварыць аб князю і аб гэтым.. гэтым байбусу адначасна. Жах, жах, Клаўдачка!

КЛАВА (сьмяецца). Цётачка, а хто нас сягоньня павязець у Дуброўкі: гэты стары грыбазвон Стэсь ці Селівончык?

ПАНЯ. Ой-ой-ой, Клаўдачка. Ня муч мяне! (Узіраецца). Эй, хто там за аградаю? Ты, Яўтух? Што табе?

АУТУХ (кланіючыся, патходзіць). Добры дзень, добрае ранійка, вяльможная пані! Дзічынкі прынёс, грыбкоў, таго-сяго. (Патходзіць бліжэй, ставіць ля куста стрэльбу і кладзець шапку; цалуіць пані ў руку, памкаіцца пацалаваць Клаві, тая — круць! адвярнулася ад яго).

ПАНЯ. У пекарню занёс?

АУТУХ. А ўжо-ж, у кухню, пані наша дарагая! Дзічынкі, грыбкоў, таго-сяго.

ПАНЯ. Ты, Яўтух, мала адбіраіш грыбоў і ягад. За гарэлку ў цябе, мусіць, увесь лес поўны мужыкамі. Памятай, Яўтух, калі ты мне ды не сабярэш дзьве кадушачкі баравічкоў на марыноўку, я цябе пратуру са службы...

КЛАВА. Уй, цётачка, сорам! Саўсім упудзіла дзядулю. Хмы-хы-хэ!..

ПАНЯ. А парубак німа?

АУТУХ. Аб пакражах, паня шаноўна, не клапаціця. У мяне мужыкі аж вішчаць; бо як мы, значыцца, да чаго прыстаўлены... Сваё ніхай гарыць, а паньскае пільнуім, дзеля таго, як...

КЛАВА (ні то жартуючы, ні то напраўду). Слухай, дзядулька, вот ужо колькі разоў мы ездзім у лес, а я ніводнага шчэ разу не бачыла там маладых хлопчыкаў?..

АУТУХ (не паказываючы віду, што не паняў). А, паненачка мая залатая, дык як?.. ці ж я гэтых хамулаў? хіба як лажкі там будуць абкашываць?..

ПАНЯ. Каго сяньні ў лясу напаў, Яўтух?

АУТУХ. Залесянскіх дзьвюх дзевак і бабу, бельскіх хлапцоў... На самай граніцы, панічка залатая, у двору ўжо ішлі; адны, потым і другіе шэльмы. Тут я іх і злапаў. Адну хвустку здзёр, адзін хвартух, тры карзіны з абабкамі адабраў, два карцы с суніцамі, кашолачку с чарніцамі.

КЛАВА. А-ёй, дзядуга, які ты жорсткі!

ПАНЯ. У пекарню занёс?

АУТУХ. А ўжо ж, у пекарню, панічка. Занёс, аддаў там Ягоравічу.

ПАНЯ. Добра, Яўтух! Ось што, Яўтух: ты, гэта... патурбуйся, скажы тым дзеўкам, ніхай прыходзюць за сваімі хвусьцінкамі; памогуць у нас бяльлё адціраць, і хвусткі будуць мець...

АУТУХ. Добра, то добра, панічка, ды каліж яны, казінае племя, ня пойдуць, пабаяцца... Ведама, дзеўкі.

КЛАВА. Дык гэта і я — „казінае племя“! фэ, які ты, дзед неладны.

АУТУХ (схапіўся за патыліцу). Ды, паненачка мая прыгож...

ПАНЯ. Чаго ж яны пабаяцца?

АУТУХ. А так ужо пабаяцца, ведама — у паньскі двор, гэта ж не абы куды...

КЛАВА. Дзядулька! А што ж ты, жэнаты? Маладая жоначка ў цябе?

ПАНЯ. Клава! (глядзіць збоку на пляменніцу).

АУТУХ. Э-э, маладая... Пахаваў я сваю жонку. На тэй нядзелі во ўжо сёмые ўгодкі справіў.

ПАНЯ. У яго сын жэнаты, дзяцей мае.. Дураньчык такі... ІІраўда, Яўтух? Што, сварышся цяпер са сваім Антонам?

АУТУХ. Што грэх хаваць, пані наша вяльможная! Дурня не пераробіш. і сваей рады не дасі. ІІаслаў мне Бог сыночка...

КЛАВА. А што?

АУТУХ. Неўдалы сын мой, паненка любая. Да бацькі пашаны не мае, падбіваіць мужыкоў на мяне, што паньскі лес сьцерагу, паньскім сабакам навушчаіць гукаць мяне, за кажду сотачку выкараіць, а сам нібы сьвяты які прыстаўляіцца... Эт, ведама пустая галава зарадзілася...

КЛАВА. А тыж ня ўжэш, дзед?

ПАНЯ. Ну, Клаўдачка, кінем гэту размову, я табе ўсё посьля калі раскажу. А ты, Яўтух, ідзі сабе. Сьцеражы лес, прынасі грыбоў, ягад. Мужыкоў ня бойся, Антона ня слухай. А вось табе за дзічыну (даець дробных грошы).

АУТУХ. Дужа, дужа, дзякую, шаноўная панічка (цалуіць у руку). Давай вам Божачка (хочэ пацалаваць у руку і Клаві, але тая ізноў з ухмылкаю — круць!)

ПАНЯ. Ну ідзі, ідзі, не марудзь; беражы лес.

АУТУХ (бярэць стрэльбу і шапку). Супакойціся, панічка даражэнькая, залатая: сваё будзе гарэць, а паньскае прыпільнуім. Дзеля таго як мы, значыцца, пры чым састаім...

ПАНЯ. Добра, добра, ідзі!

АУТУХ. Дзякуй вам... (кланяіцца, пайшоў).

КЛАВА (пісклява крычыць). Дзядок! Лесная стража! Лясны цецярлюк і аратар! Які ты дурны, дзядокі (рагоцыць і жартуіць с паняю).

ПАНЯ (села за вузлы). Ах, Клаўдачка, цяжка жыць у гэтай мядзьведжай бярлозі, сярод гэтай дзічыны, ай цяжка! І што яшчэ, гэтые тутэйшые, самые... самые... самые немажлівые, самые дрэнные мужыкі... Асабліва ў астатніе часы: гультайё, п’янюгі, картэўнікі, а зладзюганы якіе — толькі б красьці ды красьці ў папоў...

КЛАВА (нешта думаіць). Цёця. А наша фамілія беларуская, праўда? Наш род беларускі... Іванецкіе... Іванецкіе-Дубягі... Клаўдзія Іванецкая-Дубяго... I дзядзька нябошчык таксама быў з Літвы... Цёця, твой...

ПАНЯ. Ай, Клава, я не разумею, што ты гаворыш...— Так цяжка водаль ад вялікага сьвету, сярод гэтых хамаў (перш стаіць, закаціўшы вочы на неба і злажыўшы рукі, а пасьля поркаіцца над вузламі, забылася).

КЛАВА. А цікавые тыпы. Хоць баось гэты лясьнік стары. Толькі нейкі дурны... ці хітры. Па праўдзі, як я за гэтые гады жыцьця ў сталіцы далёка-далёка атсунулася ад дзярэўні. А тут радзілася, тут расла, гадувалася ў Беларусі, а цяпер — ну, саўсім жэ не разумею і дзіўлюся, як можна пражыць доўга-доўга сярод тутэйшых „пейзан“, ха-ха!

(Цягніць словы). Нудна, нецікава, цёця, у вас, а — ёй ну-удна...

Прырода, праўда, любінькая, але простая, простая, таксама — нудная...

Ой, што йто цяпер у Пецярбурзі? Вово Барацінскі... Весна... не-э, і там цяпер пуста... Дачы, дачы... і тут, так у гэтай глушыне, ў гэтым „народзі“, сярод гэтай „зямельнай сілы“... Неціка — ава ей-ей...

Дзіўлюся, як жывуць мужыкі цэльнае жыцьцё, такоеж безыдэйнае, нецікавае, дурное, беднае... фу!

Цётачка, ну што вы там капаіцеся! Нецікава, уй... Цёця, а хто нас павязець сягоньня ў Дуброўкі: гэты стары грыбазвон Стэсь ці Селівончык?

... (Сама сабэ). Селівончык грубейшы за Лёнькі, а які, усё-ж-ткі, мускулісты... Апаллон, да душы Апаллон! Тра-та-ля-та-та- ля.. (пяець нешта): Жыцьцё, жыцьцё, што ты такое ёсць? (ірвець кветку) Любіць, ня Любіць... (пяець):

Захачу — палюблю,

Захачу — разлюблю...

Цёця! я радзілася быць прынцэсай... праўда? Што?

Захачу — палюблю...

Весна, весна, і так ну-у-удна...

ПАНЯ. Ну, Клаўдачка (паднімаіцца над вузлом) палічыла... Пойдзім за мамулькай — і чай піць. Так, ведама, цяжка дый нецікава жыць сярод потных сермяг, цяжка, Клаўдачка. Вучышся, вучышся... інстытут, балі, сьвет... і якаво то потым сярод дурнога мужычча!..

I глаўнае, што а ніякай жэ цікавасьці... (пайшлі).

Сонца ўжо — пад паўдзен, пачынае прыгрэваць. Пастухі ўжо даўно прыгналі стадак на-паранкі.

За рэчкаю, па дарозі, некаторые хлопчыкі і дзевачкі ўжо панясьлі на поверку абед касцом.

Душна... і пчолы ля акацыі глушэй гудзяць...

 

 

II.

Гарэлка ня дзеўка, не саромеючысь п'ецца.

Прыказка.

 

Добры жыд! Хоць грошы любе,

А згубіць зусім — ня згубе.

Сымон Рэука.

Сьвята. Над-вечар. Сонца на захадзі, ляхі на тры ад лесу. Людзі сьвяткуюць. Па дарозі каля каршмы, ідуць хто з гасьцей, хто з лесу, хто с поля. А каршма ня ціха; там выпіваюць, і сварацца, і цалуюцца, і болі ўсяго крычаць.

Вот у бакоўцы с пабелянымі сьценамі, закапчонымі, брудна-жырнымі і чорнымі там, гдзе выцерты яны галавамі і плечамі мужыцкім і жыдоўскімі, з адвечным гарэлачным і піўным затхла-прыкрым духам, за столікам сядзіць Аўтух, а поплеч з ім Мірон Блошка, с чорнаю кудлатаю галавою і войстраю, клінком, рыжаю бародкаю; ён удушлівы, хрыпіць, такі мізэрны, а п’яніца горкая. На ўслончыку, водаль, хлебны і пяньковы купец, ягомасць Іцка Вроўда. Аўтух і Мірон п’юць гарэлку, заедаючы хлебам і сольлю, а Іцка сядзіць каля іх з ухмылкаю, залажыў нагу за нагу, курыць. У дзьверы іншы раз лезіць рудая сукрыстая галава, а за дзьвярмі хлёпаюць пантохлі карчмара Еселя. У дальняй каморы гоман, ляскаюць бутэлкамі, часам маркотна-звонка пачынаіць іграць гармонік. На вуліцы таксама чутны галасы, сьмех.

ІЦКА БРОУДА. Ну, Аўтух, — хаўрус? Надумаўся?

АУТУХ. Слухай, Іцка! Ты мяне ўжо не вучы, дзеля таго што я сам адукован не мала, розные адукацыі прайшоў. Хочыцца табе справіць справу — так і так, слухай мяне, (паніжаіць голас), дужа не гамані, і усё будзе ладна і добра... Ня хочыш так — як ты сабе хочыш, дзела такое... А службу траціць з-за драбязы, з-за якога там глупства я не магу...

МІРОН (на яго не зьвертаюць увагі). Дзядзька Аўтух! Дзядзька Аўтух! Дзела дзелам, а гаварыўшы трэба ж, як тое кажуць, смагу праганяць... Дзядзька Аўтух! (наліў яму чарку).

ІЦКА БРОУДА. Аўтух?! Што? С цябе таго мало яшчэ, што я даю? Ты болі выхадзіш у пані Іванецкай? Фэ! гдзе твая галава. Я лічыў Аўтуха разумным чэлавекам.

МІРОН. (яму хочыцца выпіць, але пачаць першаму нібы не выпадаіць, і ён паднімае чарку і ўсё здароўкаіцца да Аўтуха) Дзядзька Аўтух! Будзь здароў! Трэба ж смагу...

АУТУХ. Слухай, Іцка! Не знаеш ты Аўтуховай галавы, о о-ох не зна-аеш! Я усё віджу... Ты ведаеш, як я с панамі гавару? Не раўнуючы, як с табою ці з ім... О-го! Паны, брат, за тое мяне любюць і даражаць мною, што я знаю абхаджэньня. Я табе не Мірон які, не хамуйла. Я знаю к каму як падайці. I ў які час падайці...

ІЦКА. Ніхто не гаворыць, Аўтух — чэлавек...

АУТУХ (з абурэньнем перэбіваючы). За што летась усіх лесьнікоў турнулі, а я, Аўтух Жабон, астаўся? А? Што тут к чаму, як ты цяміш? Вун, як у Сасонніку шулы і гонт пакралі... Усіх па шапцы, а я астаўся! О-го. Я ўсё ведаю. Мяне старынцы пабіць хацелі. I аб Купальля пільнавалі у Жаб’і і на Красны торг на кірмашы прычэпку маскоўскую робілі... Пабілі? Не-е, раней сам сканаіць, хто Аўтуха абойдзіць. У мяне галава — не Міронава.

МІРОН. Гэ. Ну, дзядзька, будзьце жывы... Каб Бог... Трэба ж смагу...

АУТУХ. На здароўе (і сам п’ець). Дурню выпіўка — шчасьце вялікае. Не-е, ты пі, ды галаву мей на плячох. Праўда, Іцка! Прапіў калі Аўтух галаву? Я п’ю, ды дзела разумею, затое мяне і паны любюць і даражаць, мною. Праўду я кажу, гаспадзін Іцка Броўда, ай не?

ІЦКА БРОУДА. Чаму не? Хто гаворыць, што не? Ну дык слухай, Аўтушок, — Мірон жэ свой чэлавек, — дубкі, што пры доўгім балоці, мае? Добра?

АУТУХ (зап’янеўшы). — Свой ня свой, мой ня твой, мог ба ты і другім разам спытацца: дзед мой казаў, што і сьцены часам чуюць і ваўкі па-сабаччу брэшуць...

МІРОН. Дзядзька Аўтух! Ды ці ж гэта вы на мяне што якое? А ці ж я калі хоць на грэх аб чым якім. Ды ніхай жэ таму язык атсохніць: і мы, хваліць Бога, да людзей і людзі да нас. Каб я за хлеб-соль ды тое – гэта... Хай жэ той дзетак сваіх ня ўвідзіць...

ІЦКА. Мірон! Мірон! Ты не кляніся, скрыўджэн ня будзіш і ты. Чуіш, ну? гэта гаворыць табе Іцка Броўда, можыш быць пэўны! А клясцца — грэх, дос.

АУТУХ (роўным голасом). К аўторку штоб было чыста ў сьвята. А ты, Мірон, ведай, ты — бедны мужык, можна сказаць — гной, дурэнь і болі нічога, а людзі с табою кампанію водзюць, не чураюцца цябе; дык разумей што к чаму.

МІРОН. Дзядзька Аўтух! Я вам заўсёгды, як роднаму бацьку, каб таму язык атсох. Ці праўда, пан Іцка Броўда?..

ІЦКА. Есель, Есель, нясі яшчэ гарэлкі... (дальш гаворыць Еселю па жыдоўску, што гешэфт зроблены, бо агой за гарэлку і родную матку аддасць).

АУТУХ. Я ўсё знаю! I жылі і жыць будзім. А бельцам я таксама не падамся! Не-е. Коні забраў — не паўзі у чужое, бо яно чужое. А папаўся — прасі, а ня тое што... За грудзі не хапай... Аўтуха і не такіе людзі прасілі. Я, к чаму прыстаўлен, таго пільную, і ўсё маё.

ЕСЕЛЬ (прыносіць гарэлку). Аўтух, Аўтух, а ў пані ты даўно быў. Аддала пэнсію!

ІЦКА БРОУДА (насьмехаючыся). Аддадуць. Паня Іванецкая аддаець на лета, ды не на гэта... (рагочыць) Каб у яе было што аддаваць. Лясы прадаець, прадасць і зямлю... Тады аддасць...

АУТУХ. Наша ў нас будзе, заплоціць.

ІЦКА БРОУДА. Ось, праўда! Маладзец Аўтух! (На вуліцы падбліжаіцца шум: гармонік, бубен, скрыпка, гоман... Ідуць хлопцы, дзеўкі, жартуючы). Каго там ліха нясець?

ЕСЕЛЬ. Бельцы з лесу ідуць. Шахцёры... гэта хвароба што за мальцы, гібелі на іх нема... (у вакно з-за сьцяны, з падворку, нехта грукнуў кулаком). Гэй, халерыя! Хто там шалеіць!

ІЦКА БРОУДА (атчыняіць вакно). Хто тут жартуіць? А-а, гэта Іван! Як жывеш, брат Іван?

(У вакно выстаўляіцца вусаты від шахцёра).

ШАХЦЕР (грубым голасам). Жывём, як жыды. А тут добрая кампанія. Аўтуху, лясной стражы, наша распраніжайшае! I пашанаваньня і віншуваньня! I „чужая душа“ тут! Здароў Мірон Блошка!

АУТУХ (надуўся, прымоўк). У ўсякага свая воля, а тымчасам і дарога: спасенніку рай, шалёнаму поле, а шахцёру — ідзі, куды ідзеш, ды ня лезь, гдзе цябе не пытаюць, гэтак яно выходзе найлепі.

ІЦКА БРОУДА. Гэ, ці мала прыказак. Мы з Іваном вып’ем, каб сьвяткі часьцей трапляліся. Ну вып’ем, Іван! Выпі, Іван! (падаець яму ў вакно чарку).

ШАХЦЕР. (Саркастычна глядзіць на Аўтуха) Аутух! Аўтух! (кваіць галавою). Стары ты хрэн, паньскі сабака. I калі ўжо ты здохніш? За што, слухай, забраў нашых коні? Патраву зробілі вялікую, пожню зьбілі, шкоду нашкодзілі? Га?.. Ускочылі толькі ў лес... Сабака ты, сабака, стары сабака, аблезлы...

АУТУХ. Машэльнік, катаржнік! Што ты лезіш? Што ты лаішся? Дэмакрат ты нешчасны!..

ІЦКА і ЕСЕЛЬ. До, до, до... Ну паўздорылі дзеля гадзіся троху, мала што бываіць. Пусьці, Іванька, я зачыню вакно, бо ўжо нерана, сьцюдзёна на дварэ.

ШАХЦЕР (атступаючы). Помні, Аўтушына праклятая! Я цябе напаю, што і піць болі не захочыш, і дзесятаму закажыш, і тату с таго сьвету пазавеш... Цьфу! (плюнуў са злосьцю) С-сабака паньскі, падліза! Я шчэ з акружным пазюкаю аб табе, я ведаю твае штучкі, падажджы... (пашоў).

АУТУХ. Праўду людзі кажуць — сабака брэшыць, вецер носіць. Ды шкода: сабачы брэх да неба не даходзіць... Га, бунтаўшчык, сібірака, з ланцуга сарваўся...

Іцка! станаві яшчэ палавінку.

МІРОН. Ну на што сварыцца? Лезіць другі блазень. Усё б мірам, усё б ладам. Сяньня тваю бутэлку, другім разам маю. Сядзеўба зьмірна. Ты — шахцёр, я — Мірон, ён — лясьнік, той — жыд... што гэта к чаму? Ці мала мясьціны у каршме, ня стоўпімся? Дык — не. Каб без сваркі — то ня можна. I што за сьвет наступіў?

(На вуліцы крык, гам. Іграюць, скачуць, галдзяць. Іван бушуіць. Часам некаторы хлапец — буян тахаіць кулаком па вакне. Есель тады дробненька гаворыць: «Галоўкаю, каб ты здох! Галоўкаю, маленькі!»)

ІЦКА БРОУДА. Ну, Аўтух, я буду спадзевацца. Чуіш? (хлопаіць па плячу; пастаяў троху і пашоў за дзьверы).

АУТУХ. (Узіраіцца ўсьлед яму). А ідзі ты ў ростані ад мае галавы. Ці ведаеш — паднёс там якую чарку, дык забратаў Аўтуха. Ашуканцы, круцялі... (звесіў галаву і задумаўся).

ЕСЕЛЬ. (Падыйшоў) Не тужы, Аўтух! Ты — разумны чэлавек (забраў бутэлкі і пашоў).

МІРОН (настраіваецца на гумар). Будзем жывы, дзядзька Аўтух! Э, гдзе наша ня гіне — яшчэ па маленкай... Зірні — яшчэ колькі засталося (устаў, выпіў і скрывіўся). Выпілі сабе, ні кому... А на здароўя нам...

I піць — памром

I ня піць — памром...

(Таёмна да Аўтуха). Яны, жыдаўё, галавою працуюць; яны, дзядзька, нашага брата каля пальца во так (паказывае) абаўюць. Дзеля таго што мужыцкая галава на ўсякіе рыхмецікі, крутню-матню, — слабая. Хай яно згарыць — пісаць ды лічыць, — ці ж гэта работа? — а я табе лепі асець жыта змалачу, а чымся драбязу якую злічыць, галаву ўсушаць. Гэта не гарэлку піць, а на гарэлку таксама са слабой галавою схавайся...

(Шэпчыць). А бяз іх, болматоў, не пражывеш, дзядзька. Хоць яны, праўда, не пад’ядуць, пакуль нашага брата не ашуюць... — «Борухотодунаі1, борухотодонаі! — кабылкі не маю»... а тымчасам ну як бяз іх пражыць, ну,скажы дзядзька, ну я — як бяз іх пражыць? Каб я быў царом, я сабе б і Еселя і Іцку Броўду ў міністэры б узяў, хварэй іх галава... Круцюць ня круцюць, а што ты бяз іх?.

АУТУХ. Я ўсё знаю... (праз дрэмоту), каб-ткі мой сын задаўся ладны... (Паднімаіць голас). Я — лясьнік, я — лясьнік, а яго б, на чом ба не стаў, у лакеі б яго вывеў... Ага! О, каб майму Антону хаця палавіна таго, што ў маей галаве... Э-эх! Дурэнь ты, Мірон. Што, што ты п’еш гарэлку, — нічога ты не разумееш. Вось і гавары с табою, мужыком... А-а (уздыхаіць маркотна), я усё знаю!

 

 

 

 

1 Борух-ата-Адонаі — Слава табе, Божэ!

III.

Ня мур павінен храмам звацца,

А цэлы сьвет, зямелька, зоры...

Напаю цябе атрутай,

Аж патомак будзе п‘яны.

Да Бога зьвярнуся — маўчыць нема Бог...

Я. Купала.

У цэркві абедня... Шэпчуць людзюхны, моляцца; сьвечкі жарка гараць прад святымі абразамі. Поўна людзей, і дзьверы і вокны атчынены, а душна... А праз рознакалёрнае шкло, зьверху, ад купола, выступаюць і льлюцца стаўбы-косы сьвету на галовы людзкіе, і на сьцены разрысованые, і на таўсценные, круглые белые стаўбы, што увесь дах дзержаць. I мост памыт, аером пасыпан, і зялёны „май“ каля вуглоў, каля стаўбоў, каля „пратэсаў“ настаўлен: вясёла і прыгожа. А дзяўчын, дзяўчын колькі! I шляхцянак і дзеравенскіх... Ой, ёсць прыгожые: зірнеш — сэрца б’ецца і гарачая кроў клеўчыкам у жылах тахаіць і прылівамі-адлівамі на шчэках гуляіць... У паркалёвых вышываных рознаю гурынаю і ў самые пекные ўзоры, кашулях, з доўгімі касьнікамі і мілымі стужачкамі у косах, с кружэўнымі каўняркамі... Вочкі іх вясёла так і бегаюць па цэркві, няўмысьля так і забягуць направа, гдзе хлопцы стаяць, альбо набожна набожна застановяцца на абразох, на сьвяцейшай Царыцы Нябеснай, што з бязконцай любоўю і нейкім сьвятым сумам пазіраіць на юр-дзяўчынак і туліць да сябе Хлопчыка-Сына.

I на дварэ, на сьвентары народу не мала, аж мітусіцца усё пад старымі ліпінамі, і ў звонніцы бабуляк стаіць і сядзіць даволі, і на звонніцу хлопчыкаў-галузаў панабівалося, і ў цэркву аж дабіцца ня можна. Направа мужчыпны найбольш... Каля сьценак старые, сівые, каля клірасу і пасярод-сярэдніх гадоў бацькі, а ў праходзі хлопцы — прыбраліся, у новых пінжаках, у жупанах, у ботах, у прыгожых кашулях, а "сьвецкіе" ў чорным і дай- жа пры манішках.

Блізка да крыласу, каля сьценкі, прад абразом Міколы сьвятога стаіць. Антон Жабанёнак са сваім маленькім сынам Іванькай. Антон шчэ малады, русавалосы, з невялікаю барадою, з глыбокімі вачамі, паглядам падобен да Хрыста на абразох. Ен у новым жупане, у новых лапцёх з недаўна забарсанымі белымі аборамі, у белых штанох; пояс на ём прыгожы старасьвецкі, што нябошчык дзед атказаў.

I Іванька у белай кашулёнцы; ах трудна ўжо яму стаяць, па бакох пазіраіць ды з вожкі на ножку перэступаіць.

Антон с пашырэннымі вачамі глядзіць на сьв. Міколу, шэпчыць і шэпчыць, шырока коціцца, і у зямлю кланяіцца, і на каленях стаіць.

 

АНТОН. Памілуй нас, Госпадзі! Спасі мяне, Госпадзі! Злітуйся над намі, Госпадзі! Божэ міласэрны! памажы нам! Сьвяты Мікола ўгоднік Божы, Мацер Божа...

(На клірасі пяюць аб пакуці, аб царстві нябесным, аб міласьці Божай).

ПОП. (кадзіць, і глядзіць у-гару, і шэпчыць) Ісусе Хрысьце! дай мне веру вялікую... Ісусе Хрысьце! не дапусьці захлібнуцца мне у моры малавернасьці... Вялікі Сын Чэлавечы! Ты — Сын Бога — дык пашлі мне веру крэпкую... Дух Сьвяты! Злітуйся, пазбаў духа майго ад мук няверыя... О, Божэ мой, Божэ маўчлівы, Божэ далёкі!

НАСТА З ДЗЯРЭУНІ. (шэпчыць) Зірні, зірні, Польцінька, які рахманы ось мой шляхцюк малады са Старасельля... Да-душы ён сюды усё пазіраіць...

ПОЛЬЦЯ. Не шапачы ты так, гэтаж мы ў цэркві...

НАСТА. Пойдзем па сьвентар у цянёк пад ліпнік: і ён выйдзіць за намі, вось пабачыш...

ПОЛЬЦЯ. Глядзі, як увабралася вун тая паненка... Шляхцянка... Ай, каб такіе каралічкі мне ...

НАСТА. Чаму ёй ня быць прыгожай, калі яна жыруіцца у бацькі змалку, чаму ёй ня мець такое чыстае лічка, калі яна жаць ходзіць і то пад зантом. I жнець у першчатачках...

ПОЛЬЦЯ. Ці-шы ты, пачуіць... Будуць сьмеяцца, што мы так дужа шэпчым у цэркві...

НАСТА. Ну пойдзім на сьвентар... (пайшлі с цэрквы; за імі доўгім паглядам кінуў шляхціц Маліноўскі, пераксціўся і таксама пашоў).

ШЛЯХЦЯНКА ФРУЗА. Манічка, угледзься на таго, што каля дзяка у бліскучых гузіках, чэрнявінькі... Вусікі прабіваюцца. Гэта ж гімназыст... На цябе ўсё, яй Богу, на цябе глядзіць...

МАНЯ (чырванеіць, вочы чорненькіе засьвяціліся). А можэ на цябе... пазіраіць...

ФРУЗА. Трэба сказаць брату, каб запрасіў яго на вечарушкі. Ен пяець ладна, а Што ж «Юрачку» скачыць — каб ты ведала...

МАНЯ. Аткуль ты знаіш?

ФРУЗА. Ен быў на вясельлі ў Ханеўскіх...

МАНЯ. Уй, ківаіць, здаецца, сюды... Не Шапчы... (абедзьвы пабожна і змірнінька стаяць і глядзяць прад сабою; шчочкі пышуць, броўкі — дужкі чорные — нявідна часам шавеляцца, пухлые губкі цьвітуць чырвоным макам, косы русые цяжкіе зьвісьлі на круглых плечках. На шляхцянак квапліва глядзіць з-за стаўба Юрка Музыка. Ен учора узяў у хадзяіна грошы, схадзіў к жыду па боты, сягоньня прыбраўся; служыць батраком у шляхціца).

АНТОН. Ксціся Іванька! Скора, скора пойдзім... Божэ міласэрны, прасьці нам... Божэ праведны, памажы нам!.. Цару нябесны, Уцешыцелю... Божэ! злітуйся.. Божэ! злітуйся... (гаворыць так разоў сорак).

ДЗЯК. Дзяцюк; (шэпчыць гімназысту). Падзівіся, як наш ацец Васіль сяньня задзіраіць вочы на неба... Мусіць з матушкаю пасварыўся у-раньні. А ты думаіш, ён так веруіць?.. (спахваціўся даець тон) До-мі-до-о-о., Го-спа-дзі, па-мі-луй...

ГІМНАЗЫСТ. (прыслухіваіцца сам да сябе, як цягніць маладым баском: "у-у-у...") А ты вялікую веру маіш?

ПОП. Аб спасеньні душ нашых Госпаду памолімся...

ХОР. Госпадзі, памілуй!

ДЗЯК. Ен, ацец Васіль, ён, брат, атэіст... Толькі табе кажу... Чэснае слова. У мяне ёсць адзін таварыш-поп, што з ім у сэмынар... (махаіць рукою к хору).

ХОР. Госпадзі, памілуй!

ДЗЯК. ... казаў, што яны там належалі да гуртка вучэнікоў-арыаністаў... Хрыста за Бога не прызнавалі, лічылі яго толькі незвычайным, вялікім чэлавекам... (махаіць рукою).

ХОР. Госпадзі, памілуй!

ДЗЯК. А цяпер наш ацец Васіль, як той казаў, ані ў Бога, ані ў чорта...

ГІМНАЗЫСТ. Ах, ах, ах... А ён, брат, мучыцца бяз веры... Горш німа, як веры ня мець.. У нас на ўроках заканавучыцель...

ДЗЯК. I гарэлку пачаў піць а. Васіль...

ГІМНАЗЫСТ. Дык чаму ён не разстрыжэцца? Хаця што ж...

ДЗЯК. Во сказаў... Чаго яму? I горшые папы ёсць. Дый дзяцей трэба вучыць, гэта ж ня што... (махаіць рукою).

ХОР. I Духаві Тваему!..

ГІМНАЗЬІСТ. А ты, слухай, «како веруеш»?

ДЗЯК. А ты?

ГІМНАЗЫСТ. Я сам ня ведаю, як табе сказаць. Мне здаецца..

ХОР Амін?..

ПОП. (выходзіць на амбону з лістком у руцэ). Ва імя Ацца, Сына, і Сьвятога Духа! (пачаў казаць пропаведзь).

ГІМНАЗЫСТ (шэпчыць дзяку). Мне здаецца. Нешта Нейкае ёсьць, Высшае, аткуль усё пайшло.. А што Яно, мы ня можэм пазнаць сваім розумам... і гэта-а... гэта... ну і можэм маліцца нечэму невядомаму... як бы сказаць... Вот у нас на уроках па закону Божаму...

ДЗЯК. Дык Бог то канешна ёсьць, але цькава — гдзе ісьцінная вера, вот што.

ПОП (гаворыць казаньне далі). Вера бяз дзела, добрага дзела, — мёртва...

АНТОН. (Аж увесь напнуўся напярод і ловіць словы папа, у вачох хваравіты агонь ад вялікага набожнага пачуцьця). Так бацюшка... так... за грахі нашы... ціху, сынок! слухай... памілуй, Госпадзі...

ДЗЯК. (таўхаіць гімназыста). Глянь на таго вун мужыка у шэрым жупане... Антон Жабанёнак...

ПОП. Зьвярніце аднаго на пуцявіну ісьціны, і праўды, і дабра, — і спасёны будзеце...

ДЗЯК (гімназысту). Бачыш? Вот забабонны мужык! Набожны, як жыд падарожны... А ты думаіш разумеіць што? Куды там — яго чорт — мужыцкі, з рагамі... Ну што-ж гаварыць, ты сам відзіш, якіе бараны мужыкі нашы... цемната, брат, — жыць тошна, пагаварыць німа с кім...

ГІМНАЗЫСТ. А ты чытаў Льва Талстога?

ДЗЯК. (замяўся) «Князя» чытаў... ці тое — «Князя Сярэбранага»... Вун, вун, Міця, шляхцяначкі сюды зіркаюць...

ГІМНАЗЫСТ. Якіе?

ДЗЯК. Каля стаўба... Галяхоўскіе... за аднэй бацька даець тысячу...

ГІМНАЗЫСТ. (бытцым і ў той бок не глядзіць). Жаніся...

ДЗЯК. Неаддадуць... Каб я сэмінарыю скончыў...

ПОП. Хто не маіць у сабе страху Божага, не жывець той, а хіба гніець... Без страху Божага людзі лаюцца, забіваюць, распустываюць... без страху Божага людзі п’юць, губяць сумленьня... А страх Божы, гэта не страх смалы пякельнай...

ІВАНЬКА. Тата! што п’юць? ці гарэлку, а? Тата!

АНТОН. Слухай, слухай, дзетка!

ІВАНЬКА. Як дзед, а? тата!

АНТОН. Маўчы, не бунтуй...

ПОП. Яны па праўдзі ня ведаюць, што творуць, бо губюць і свае душы і душы сваіх унукаў... Навукаю дайшлі, што ў сёмым калені п’яніц родзяцца калекі, дурные, малавумные... Ці-ж ня ўгодней Богу і ці-ж не здаравей для цела і душы чэлавецкай, капейку, што нясеш на гарэлку аддаць на храм Божы? Час апамятацца, братцы парахвіяне, і...

ШАХЦЕР 1-шы. (шэпчыць ня дужа ціха таварышу)... і несьці капеечкі на спадніцы тваёй матушцы...

ШАХЦЕР 2-гі. Ня лезь, не шапчы мне..

АНТОН (уражоны навіною). Госпадзі! Ня ўжо дзетачкі у чом павінны? Спасі і забарані, Божэ! сьвяты Мікола Угоднік!.. А Госпадзі ты наш!..

(У вуглу дзяды пачулі словы папа).

АДЗІН. Э, каб мы так пілі, як нашы Дзяды — прадзеды, сьвятые радзіцелькі, ніхай сьвяты лежаць... не хварэлі-б мы так ды на сто гадоў жылі...

ДРУГІ. Бог жэ ведае... ці мы, цёмные людзі, можэм што разумець. Ніхай Бог прасціць грэху, як ня выпіць?

АНТОН. (мімаволі слова-другое шэпчыць, а ўжо ня чуіць таго, што поп гаворыць далі, думкі яго пабеглі сваім шляхам) — «Чым я вінават, што бацька мой п’янствам сваім жыць сям’е усей не даець? I чым бы вінаваты былі мае унукі, каб я п’янствам арэшаў іхнае жыцьцё? Чым будуць вінаваты дзеткі мае, калі зародзяцца за грэх бацькоў сваіх малапамятнымі. Значыць, калі й навука так дайшла і бацюшка так даводзіць, значыць... як жэ гэта? На што-ж так бы даў Бог? Бог бы так не сатварыў, не устанавіў бы парадку такога... Мусіць тут яны1 умешаліся... Як гавораць, што і казу яны зробілі; адно, што яна валілася, не хадзіла, пакуль Бог ня дунуў у яе... і тут можэ яны як нашкодзілі?

Ды ці Бог дапусьціць да таго. Ці-ж так можэ быць, ці-ж так патрэбна. Ой, што кажу? Грэх, грэх... А я бацьку прасіў, а я бацьку маліў, я худога слова яму не сказаў, а ён пад старасць яшчэ горш пачаў... У лесьнікох служыць.. Людзём крыўду робіць... А хто з добрых людзей з ім у згодзі! А сьмяюцца толькі усі. А хто яго «паньскім сабакай» не лаяў? А сваркі тэй, а слоў брудных ды на старога... А за што мяне, сына свайго ядынага ня любіць, дурнем завець? А можэ і супраўды я ня поўнага вума, ды ня ведаю сам таго? А гдзе бацькін розум? Людзі у вочы яму насьмешкі робюць, а ён на тое быццым і не ўважаіць; зневагі той як бы не цяміць... Божухна! Што-й та з ім? А колькі-ж разоў Домну крыўдзіў. За што? ці вінавата яна, што заможные браты адракліся яе? нікога татка ня любіць, злуець... толькі па лесі са стрэльбай, як той воўк, як той чараўнік, адзін-адным ад золак да познага цягаецца — бадзяіцца... Абы б гарэлка! І ўсі п’юць, і ўсім клопату як бы німа, шчэ й зь мяне кпінкі кпяць... і ніхто ужо веры не маіць; у каго паўчыцца, у каго рады папрасіць? А можэ ж і канец сьвету скора, калі так? А можэ і памярці лепі скарэй, калі так? Ніхай Мусіяш-Антыхрыст не зьдзекаіцца, калі зыйдзе. А грэх! А й маліцца тады па мне ня будуць, бо па такіх ня молюцца... Дык што-ж гэта к чаму? Ня ўжо-ж і поп не знаіць, ня ўжо-ж і ў кнігах не напісано, як усё, што к чаму, аткуля яно, што будзе?» (ташнуюць Антон).

ПОП. I царства Божае будзіць на зямлі. Амін. (Усі коцяцца: поп пайшоў к аўтару).

АНТОН. Ксціся, Іванька! Ну стань на каленькі ды пасядзі, калі ножкі млеюць... Божэ! Настаў нас... Божэ! памілуй мяне грэшнага, памілуй.. (у яго на правым воку павісла сьлязіна).

ХОР. Во ве-ек ве-ка...

ДЗЯК. (гімназысту). А вун, вун... Вот лёгка можна разьвінціць мужыка страшнымі ды жалобнымі славамі! Зірні, Міця: Антон як не плачыць...

ПОП. (выйшаў с крыжам; абедня канчаіцца; людзі страшна паціснуліся уперад, каб пазнаймавацца скарэй). Братцы! Не ламіціся так! Усе, усе пасьпеіце...

СТОРАЖ. (хрыпла) Адступіце!!

ДЗЯДЗЬКА. (заціснуты хлапцамі). Не давіце, што гэта? Пастойце!!.. Пусьціце... гой!...

ХЛОПЦЫ. (здавілі яго сумысьля шчэ болі) Ня лезь уперад, нехалюзы!

АНТОН. (Адыйшоў з Іванькай к вуглу) Мы пасьпеім, дзетка. Кланяйся (сам ксціцца і кланяецца). Сьвятые мученікі, прэпадобные ангелы й архангелы, сьвяты Мікола Угоднік, маліце Бога за нас грэшных. Божэ! памілуй мяне... Госпадзі...

ІВАНЬКА. Тата, якая гэта птушачка над залатымі дзьверамі?

АНТОН. ...і ачысьці нас... Гдзе? то Дух сьвяты...

ІВАНЬКА. А чаго яна галоўкаю уніз? А, тата! Што на ёй блішчыць?

АНТОН. Ня зюкай .. бо зара пойдзем... пазалота...

ХОР. I сахрані іх на многая лета... (басы аж равуць).

Людзі расходзяцца. У цэркві пусьцеіць і пахніць дымком ад пагашэных сьвечак. Стараста с памошнікамі бразкаіць грашмі каля сьвячнога столу. Бабулькі шчэ поўзаюць па усіх вуглох і цалуюць кожды абраз, каторы не высок, дастаць можна; тры разы: вышэй, каля галавы, у ручкі і ў ножкі. У аўтарэ поп дасдаіць, што асталося у чашы і потым дзеліць з дзякам грошы. У вуглу, прад сумным раскрыжаваньнем, прад столікам ш чорнаю шырынкаю стаяць людзі, што закуплялі паніхіду. Тут жэ і талерачкі с канунам і с прылепленаю к брыжу сьвечэчкаю. Нейкая маладуха кленчыць і плачыць, але — каб таго ніхто не заўважыў. Бабулька нейкая пытаіцца у старасты, чаму з абыходам не хадзілі?...

На сьвентары гоман вясёлы, сьмешкі там-сям. Знаёмые хлопцы і дзеўкі рыхтуюцца разам іці у двору.

Некаторые старые пацягнуліся пад манапольку...

Ў вярху звонніцы, пад дахам, пішчаць стрыжыкі. У ліпніку віраб’і: «Ціў-Ціў! Ціў-ціў!..»

Сонца пячэць... Сонца і пуста...

 

 

1 нячысьцікі

IV.

За тым сьляпы плачыць,

што сьцежкі не бачыць.

Прыказка.

 

Закасіўся, загараўся

Дурнем памрэ, як радзіўся,

Сам сабой дурным зрабіўся...

Мацей Бурачок.

 

Адайшла абедня, і сыпнулі па ўсіх дарогах людзі ад села да сваіх хатак. Цягніцца патроху, з бока у бок, раздзельская дарога; каля рошчы папоўскай, каля царкоўнага зялён-гайка, пад горку каля возера панскага, па лагу, праз грэблю, сярод вербалозу, а потым з горкі, на лева, і пайшла, і пайшла... Вот і ў Сасоннік забегла: тут старые калюгі, а там карэньня, а ўжо тут убіта і ўкачана яна толькі шышачка старая колка пад нагу пападзець.

А сосны, сасонкі спакойна стаяць і ў просьветах, — гдзе дарога, гдзе палянка, гдзе балота, — грэюць на сонцы свае прыгожые колкіе кучмы. Сярод сасьняку захавалася зялёна-цямнейшая ёлка. Балота... Парасло купнікам, сакою; на самай сярэдзіне, мусіць — іржавіньне, вада мутная і цёплая, і жаб ня чуць... А з боку тонкая, гнуткая лаза, а за ёю, на луговінцы расьцець невысокая, курчавая такая бяроза; вецьця-вецьця! Венікі б — ох! Ды й рэзаць неяк шкода ажно. А пад бярозай — баравікі, а шчэ далі, дзе ўжо лог, сенажаці, там па краёх суніцы, буйные, салодкіе...

Трава тут добрая, вісока і густа; бытцым сьпіць мятлюга, нявідна дрыжыць канапелька, дзятліна белая сядзіць, званочкі калышуцца, здалёку, з лесу а брат-сестра бялеіць сінеіць мясьцінамі.

Спакойны і ціхі лес. I птушкі аб абедзі змоўкліся, пяюць неяк ня дужа галосна, а на ціху і паважна, ато і саўсім моўчкі пырхаюць сярод лісьця, скачуць на суччы. Абедня ўжо даўно адайшла, а шчэ чутна тут па Сасонніку, у дарозі — звонюць у ва ўсі званы, — панахвіду хто закупляў, Па дарозі ідуць с цэрквы. Блізка што ўсі ўжо пайшлі ўперадзі і толькі Антон з Іванькам ды з дзедам Кузьмою ідуць адзадзі паціху, бо шчэ пасьпеюць прыці, а ножкі ў хлопчыка слабые.

 

КУЗЬМА (даець Антону палавінку бліна). На-ка, на-ка, укусі троху, што там...

АНТОН. Дзякуй вам, дзядзька, але я ўжо ня буду грашыцца да хаты... Можэ Іванька?.. таму гасцініц...

КУЗЬМА. Іванька! Ідзі во блінка пакушай...

АНТОН. Я браў хлеба, ён падкрэпляўся на сьвентары.

КУЗЬМА. Ідзі-ка, бяры, весялей ногі будзіш паднімаць, ня будзіш ад ветру калыхацца...

ІВАНЬКА. Вецерам? Вет... ветрам калыхацца!? А вот жэ не. Я не хачу бліна, тут суніцы (ідзець водаль дарогі, каля дрэў).

АНТОН. Бяры сынок! Грэх табе, дзіцёнку не ўзяць, калі дзед са свае ласкі даець. Дай твой вобуй паднясу; заморышся да хаты.

ІВАНЬКА. Не-а.

КУЗЬМА. А што яму? Ен во сабе разуўся, босінькі, лёгінькі, як тая плісіца: скок! скок! (даець яму бліна).

ІВАНЬКА. Татка! А хто Сасоннік насадзіў?

КУЗЬМА (сьмяецца). Бог насадзіў, Бог усё даў...

ІВАНЬКА. А чаго дуплі у дубу? Дупліны... Там птушэняткі нечые...

АНТОН. Якіе дуплі? Шчэ сам ты дуплінка. Табе ж кажуць — Бог усё даў. Ступай пашукай там ягад пад кустом, разгарні траўку.

ІВАНЬКА. Татка, во каб цэркву па нашам гародзі паставіць, усі б к нам тады хадзілі. У званы б званілі! Ах! Ато во ідзеш, ідзеш... (аддаў бацьку лапцёнкі, троху пабавіўся, даеў блін і набег к ягодніку).

КУЗЬМА. Дзяціны розум — дзяціная гаворка. А во кажы-ка ты: гэткаму пісклёнку, у цікава, аткуль тое, што тое? Бог дае, ці чэлавек усё можэ згадаць?

На што ёсць адукаваные галовы — папы, або с паноў другі выўчыцца, з начальств і, а й то запытайся пра што — ня ведаіць.

АНТОН (закінуў вобуй на плячэ; магерку ссунуў на бакір, леваю рукою дзяржыць на сьпіні жупан, каб не было так душна; рад, што закранулі яго думкі). О, каб то людзі усё ведалі, што б тады было? Калі й так часам бывае, чэлавек поўчыцца і дурэіць, ато што б с таго было?

КУЗЬМА (усьміхаіцца). Ці ты помніш нябошчыка старога бацюшку?

АНТОН. А чаму ж. Ен жэ памёр, мне ўжо было гадоў дванадцаць.

КУЗЬМА. Я вазіў яго на сваіх коні, калі трэба куды далёка. Вып’ім, бывала, мы, — любіў, ніхай сьвят ляжыць, — едзім ды зюкаім: «Скажыце вы мне, бацюшка, — пачынаю, — ці праўда гэта, што мертвяцы па начох хадзіць могуць, чараўнікі... гэта ёсць... Ці можэ быць, каб гэта праўда!» Пасьмяецца ён: "Гу-гу гу... — грубы голас меў, — недапека ты, брат Кузьма! Пяклі цябе, ды не дапяклі... А на што табе тое ведаць? Ці хлеба дзецям тваім с таго прыбавіцца? Калі я, ацец твой духоўны, баюся і жахаюся знаці пра ўсё, тым горш табе, мужыку, гэта непатрэбна... Гу-гу-гу... Недапека ты, Кузьма!» Разумны поп быў, дарма што піў. Цяперашні маўчыць усё, хто яго ведае, што у думках маіць, не патрапіш і слова яму сказаць, з гаворкі мала чаго уцяміш... А нябошчык разумны быў, ой разумны. Ен табе ні за што не скажыць, чаго ня можна... Ато б мала-мальскага захацеў дапытацца наш брат пра набажэнства ці пра чорные кнігі? Яны знаюць, усё знаюць, а мужыку не скажуць...

АНТОН (расчуліўся). Скажыце вы мне, дзядзька, калі ласка... Чаго йта, як пад’ясі ў-дварэ да абедні і пойдзіш у цэркву, дык так нудна, цяжка-цяжка на душы, як слова ты — ня ведаю што... проста чуіцца нейкі ціжар на сэрцы, нейкі грэх, во як часам скрыўдзіш каго, чуіш брудзь нейкую на целі, нібы то мыўся дужа даўно... Так дрэнна — у цэркві трудна устоіць...

Запяюць «Херувімы» — такі сон клоніць, глядзець няможна, самі вочы такі ліпнуць...

А як пойдзіш нашча — так лёгка чуішся, так табе вясёла, радасна; у цэркві стаіш, аж палягчэіш увесь, быць на крыльлях, і сэрца прыемна-млосна б’ецца... У-двору пойдзіш — самі ногі бягуць.

КУЗЬМА. А во праўда, ці чуў ты праяву? I гдзе б ты ня быў, а калі у цэркві ідзець абедня, дык спаць хочэцца... Так ужо і спрадвеку гаворуць. Як запяюць на крыласі «херувімы» і людзі пастануць на калені і дужа-шчыра маліцца пачынаюць, тады яны1 ня могуць у цэркві быць, ангелы іх выганяюць бізунамі агнявымі, і яны альбо навопрамець бягуць вон с цэрквы, альбо хапаюцца улезьці ў такіх людзей... Ты ж, братка, пэўне чуў аб Хоўры-бабылцы? Яна такая была таксама хваравяка; так звычайна здарова, троху хіба ня дужа разумна. Як толькі «херувімскую» запяюць, яна й бразь! Аб зямлю і ну калаціцца і галавою, і нагамі, і рукамі... Скрыгочыць, аж пена з роту, а вочы выкаціць. Ато як кініцца ў аўтар ці к абразом. Гэта, кажуць, ён у яе хаваіцца. Хаваюцца яны мабыць і ў таго, хто ў дварэ да абедні пад’еў ці ноччу прад тым сьвятам грашыўся.

АНТОН. Божэ наш! Як яны абходзюць чэлавека... А во я аб Хоўры многа разоў чуў, а неяк недаваў веры; думаў, проста хвора на гэту хваробу, на падучую... Ці вы, дзядзька, самі калі відзелі?

КУЗЬМА. А ўжо ж. Леташні год аб Ільлі. «Прастол», кірмаш... Народу, народу зьехалася. Лета гарачае, людзей паўнюхтынька цэрква, а ня ўлезьці, душна... Здароваму чэлавеку і то мляўка робіцца, а хвораму і потым — таго... А сьвечкі гараць-гараць, многа іх. Ля мяне, агледзіўся, і Хоўра моліцца. Запелі «Херувімы»... Людзі: «Гурр-гур-гур!.. » на калені, а яна, гляджу, сперша бела-бела, як тая крэйда, і раптам у аўтар кінулася, але народу — сьцена, засступілі ёй, яна назад — і бразь! На ногі аднэй дзяўчыні, тая, бедная, як не самлела сама, а Хоўра пену пусьціла, галавою трах! Трах! Аб мост, а у жываце у яе нешта: «пі-і-сь!» Тут я баржджэй за ногі, Мікіта Пацкоўскі за галаву ды вон с цэрквы на ганкі; палажылі, вады ў від пырскнулі.. Ачуняла! Зараз паднялася, пайшла, толькі жалілася, што галава дужа баліць.

АНТОН. Ен мучыць... Божухна, што на сьвеці дзеіцца!

ІВАНЬКА. Татка! Якая то птушка паляцела?

АНТОН. То? — Сіўка-варонка...

ІВАНЬКА. А-а, знаю, што мама Ходзі пела: «Сіўка-варонка далігойда! А гдзе была? У Янкі на дварэ?.. Што Янка робіць?..»

КУЗЬМА (глядзіць у лос). Эх, сасонкі вун пад той бок! Хата б хата была... Палацы, паньскіе пакоі...

АНТОН. Дораг цяпер лес. Аб такой хаці і не гадай, калі на што там што — солі не дакупіцца, карасін і то па шэсць капеек ужо, а узімку шчэ быў па пяць.

КУЗЬМА. Ну вам соль хіба што ня трэба купляць. Бацьку ж паны даюць што месяца паёк... Глядзі поліўку пасаліць і ёсць чым.

АНТОН (іранічна). Есць... Усё чыста к Еселю занясець, альбо другім дваровым перэпрадасць. Як толькі дадуць...

КУЗЬМА (жалосна). Ах, ты думай! Гарэлка, усё гарэлка?

АНТОН. Каб вы ведалі дзядзічка! Другі раз да таго даходзіць, як падумаеш да чаго мы дажывемся, да чаго мы дажыліся, што такая нуда абхопіць, такая туга абгарнець. Каб ня грэх, ужо лепі памерці. Дадушы ўжо лепі...

КУЗЬМА. А што ты гаворыш! Ці ты гэта здурэў, гдзе твая галава, пабойся Бога! Аткуль ідзеш, а ці ня ён2 к табе падскачыў; ці мала што бываіць у жыцьці, як гэта можна так сказаць? Грэх, братка, вялікі грэх! Богу маліся...

 

 

АНТОН. А калі ж у жыцьці шчэ болі награшыш і другіх у грэх ні раз ні два увядзеш. Чаму мяне маленькага мамка не пахавала? Вот плачуць, як маленькіе ўміраюць, а мне здаецца, што ня можна па іх плакаць; іхные душачкі чыстые к Богу ідуць. Мой Іванька: ён цяпер, пакуль малы, што ён знаіць, многа ён награшыць? А і то, і ён далёка ня той, што як быў у калысцы. Глядзі, ён цяпер то птушэнятак пабярэць, то жучку крылкі адарвець, то ў хаці с Ходаю паб’ецца, а далі-болі, Божухна-Бацюхна, колькі шчэ грэху набярэцца? А дабра? Многа ён дабра у жыцьці пазнае? Жыць трэба, працуй, біся, як тая плотка аб лёд, клапаці увесь век аб тым, як бы пражыць, — калі ж тут аб душы надумаць? Дзед п’ець і п’ець, бацька, я, ўжо з духу выбіўся, я ўжо сілу сваю страціў, я ўжо зжыўся, як тое гаворуць — быў конь, ды зьездзіўся; зямелька ня дужа урадліва... Ды гэта ўсё нішто б, а ты чуў у сёмым калені — дурные?.. Што сягоньня бацюшка казаў з амбоны? Як ня думаеш, дык і ня думаеш, а як падумаеш, дык што ты думаеш! О-ё-ё...

КУЗЬМА. Ат! Мала што кажуць. А чаго яны самі п’юць? Табе здаецца папы ды паны ня п’юць? Ого шчэ як! Ужываюць па другому, лепі...

АНТОН. Цяжка, дзядзічка, калі чэлавек не мае прытульнага чэлавека ў жыцьці. Мяне мама — нябожчыца толькі любіла, хай сьвяцінька ляжыць... А патом ажаніўся, Домну ўзяў... Так у нас усё неяк так, ды не так... А каб не мама, даўно б наша сямейка у старцох с торбаю хадзіла. Дасада у мяне, дзядзька, на сэрцы, каб вы ведалі што за дасада...

КУЗЬМА. Дасада не расада, на градку не пасодзіш... ІІакінь ты, усяк людзі жывуць, а жывуць.

Ага, праўда, ці вашы там старые ўжо косюць разкі, ай не? Пагода устоілась, трэба рупіцца, трава сама што увайшла, каб не перастоіла.

АНТОН (у задумленьні). А косім... С чэцьвера ўзяліся...

(Выходзюць з лесу на лог; цячэць ціхі ручэй, аброс вербалозам, альшэўнікам, сакою, аерам.. Ціха, цёпла).

ІВАНЬКА (нарваў аеру і ссець мяккую беленькую сярэдзіну). Скора прыдзім... (прыгледаіцца ў ручэй) А, татулячка, колькі рыбкі маладзенькай! О — шусь! Шусь! Пабегла некуды... Каб тут ракаў у пячурах пашчупаць...

(Кузьма і Антон сьціхлі і задумаліся).

КУЗЬМА. (схапіўся за галаву). Во каб ты згарэла! А каб цябе! Гэта ж я забыўся у краму схадзіць, табакі бабі сваей узяць. А хварэй твая галава! Ці нада ж ткі!

АНТОН. (са сьвятою ухмылкаю, каторая даводзіць, што ён хоць і ня хочэ крыўдзіць чэлавека, тымчасам даўжон сказаць праўду). Гэта Бог так даў, што дзядзька забыліся, бо грэх нюхаць табаку, с сабакі яна зарадзілася. Ад дзеўкі і ад сабакі.

КУЗЬМА (сьмяецца). Што праўда, то ня грэх. Хто курыць, таго у пекла туруць, а хто нюхаіць, той сам цюхаіць... Ну, братка, мала як — сьвятлей у вачох бабі, як панюхаіць, што ты парадзіш. Ну й дасць яна мне чосу — забыўся. А прах цябе бяры! Слухай, слухай! А кажуць і так: „хто нюхаіць табачок, той добры мужычок; а хто не зажываіць табакі, не варт сабакі».

АНТОН. (задумаўся; думкі яго паляцелі туды, гдзе жудасны Копша3 складаіць торпы касьцятрупаў, а гдзе калісьці рагатые з бізунамі, хвастатые, капытатые на тонкіх ножках і са сьвінымі лычамі гонюць зьвязаных ланцугамі людзюхнаў у... агонь неўгасімы... Усе тут ёсць: і каралі, і царыцы, і міністры, і генэралы, і губэрнатары, і паны, і папы, і жыды, і цыганы, і ўсякіе другіе народы, і мужыкі, і бабы, і маламожные, і заможные, і ўсякіе, ўсякіе. I тые, што бацек не шанавалі, і тые, што дзетак распусьцілі, і тые, што Бога не баяліся, у сераду, у пятніцу мяса елі, дарма кляліся, с чужымі жонамі распусту робілі, і што нюхалі, і курылі і... Божэ, Божэ!

Вот ён, Антон, як хлопчыкам быў, занёс лусту хлеба Дзёміным украдня ад бацькі, бо яны з імі былі сярдзіты, а хлеба ўжэ ня мелі, у Спасаўкі. Як Дзёміха старая дзякавала неяк дзіўна, а яму, Антону было стыдна, стыдна, шчокі гарэлі... Чаго стыдна? А бацька ўсё-ж ткі даведаўся посьле і абсек яго вожкамі).

КУЗЬМА. Ну хваліць Бога, недалёчка ўжо, Іванька, радуйся...

 

Сонца ніжэіць. Перайшлі праз масток с патрупехлымі парэнджамі, падняліся на ўзгорак, ідуць міма магільнікі, здзеваюць шапкі і коцяцца. Над магілкамі шумяць гальлём бярозы, шэпчыць ціхая сасна, ліпа ліпаіць лісьцікам... Пахіліліся крыжыкі, сівым мохам абраслі. А дзе-ня-дзе і заваліліся крыжыкі і не знаць: ці тут магілка, ці тут так якая курганінка? Сьпяць радзіцелькі... сьпіце родные, жджыце нас, памром, каб з атомаў нашых геній нарадзіўся і палепшыў роднае жыцьцё... Жджыце нас!

 

 

1 Нячысцікі

2 нячысцік

3 па беларуск. міфалогіі — страшны магільшчык, гаспадар магільнікаў.

V.

Ці багамольны, ці бажавольны?

Прыказка.

 

Чэлавечэ! Шкада мне цябе...

З. Бядуля.

 

На тым жэ суку сеў...

Пагаворка.

 

Вечар у Жабопавай хаці. У вокны лезіць цёплая летная цямнота, а часам бліскаіць маланьня. За сталом п’яны Жабон і другі лясьнік Панас. П’юць чай (вар бяруць у блішанцы; самавара німа). Гарэлка на стале, сырое сала у талерцы.

Тут жэ на зэдліку Антон. На палу Домна Антоніха, Іванька й Хода.

Гарыць лямпа.

На дзярэўні ўжо некаторые ляглі спаць. Каля Лявонанага двара яшчэ мардуюцца нашлежнікі. Гармонік завядзець-завядзець адважна вясёлую песьню таго, каторы загуляўся — бо ўсё роўна, і сьціхніць. Батрак Карпекін, чутна, разгуляўся, пяець і на гром не дбаіць:

Прасьці мяне, выбачай,

Што я улюбіўся...

А гарманіста (Максім Сухі, ідзе, мусіць с кірмашу з Басьценавіч) падводзіць сабе на другі, маркотны лад:

Прашу ж цябе — ня гневайся,

Учора п’ян быў — прамовіўся...

Надходзіць граза, і шашлежнікі ня ведаюць, ці весці коні к Сасонніку, ці пусьціць ля гумён, на парыні, а самім схавацца ад дожджу у гумно.

Дугаіць і ціха грукочыць гром...

У хаці пад стольлю, каля трама, зьвіняць мухі у духаце, а у сенцах акуратня цыркаіць цыркун: „ Цыр! Цыр! Цыр!.. “

Домна хочэ ўжо лажыцца спаць, рана ўстаніць, ды німа як, пакуль лесьнікі не разойдуцца. Яна гаворыць дзецям, каб спалі, а яны вытрышчыўшы сонные вочкі, слухаюць, што гавораць за сталом, і не сьпяць. Антоніха зеваіць, і тады шчэ болі нейкая худая, бледая, сухарлявая; а і цяпер даволі прыгожая; яна у-цяжку.

ПАНАС. Вот і сядзі на зямлі. А што мне твая земля, калі я лепшы хлеб знайду? Земля працу любіць, а праца дурня любіць, і як не было мужыцкага царства, так яго й ня будзіць...

АНТОН. Ціж, дзядзька, так ведаіце!

ПАНАС. Ведаю... Я тое ведаю, што браток мой жывець на зямлі, бо ён мужыком зарадзіўся, такім і рукі сашчэпіць на бацькавай лаўцы. Яму гэта бацькава лаўка, бацькін кут. — О! Ня можна, ня можна с карня схадзіць, прападзеш... А на адном паўнадзельчыку раскашуешся? Вырэзалі цяпер, хутар: трох дзесяцін німа! Панком зробіўся, засьценак свой маіць, ха! Хітра, мудра з невялікім коштам. Жыві, жыві! Добра ж цяпер паны ў рэнду аддаюць аблогі, а ня будуць — пракормішся ты с хутара свайго? Бульбы насадзіш ды пану у провар завязеш па залатоўцы чэцьвярык. Накупляішся хлеба! А зямлю карміць чым? Зайцы табе упагноюць яе, ці што? Я, брат, віджу...

А так, сказаў я: „Бяры, брацішка і маю долю і сваю... Жыві, як тое кажуць: А гдзе, чорце, прывык? — А ў балоці..“ А я хлеба сабе знайду. Не на бацькавай лаўцы рукі сашчаплю, затое дзеткі мае бяз хлеба, пакуль Бог даець, не плакалі...

АУТУХ (есць сала). Хву... хвала Богу...

ПАНАС. Ці ж ён лепі за мяне жывець? Гаспадар, хадзяін, а хлеб а масьлянцы купляіць! Я — лясьнік, службу выпаўняю, што скажуць, спраўлю, і хваліць Бога: грошы грашмі, а паёк даюць што месяца, а там яшчэ адтуль-атсюль, прамадзеем, прамудруем. Вот цяпер, Аўтух, і скажы, хто разумнейшы: Я ці мой брат Пятрок? Ну?

АУТУХ (выпіў добра, але яго шчэ не разабрало). Я ўсё знаю... На зямлі жывеш — калі ладна, дык усё ладна, у лесьнікі пайшоў — калі разумны, дык ня будзіш дурнем бяз хлеба. Ат што там. Я і ў лесьнікох служу, а пад бацькінамі абразамі хлеб-соль ем.. Хто вас, братоў, разьбярэць (здароўкаіцца да Панаса с чаркой). Будзь здароў!

ПАНАС. Піце на здароўе! Яно так, ведама (ён ня ўсё зразумеў, што казаў Аўтух). Мой дзед нябожчык, ён жэ быў шляхціц, не абы які, а йто за хартоўняй дагледаў у вяльможнага Вішнявецкага; ён за харта душу б аддаў, любіў. Так і лясьнік; што лясьнік? Ці я горшы за другіх людзей? Лясьнік — адно: розум мей. Кажуць: „А-а, Панас абдзіраіць, Панас тое — гэта...» Не-е, падажджы-ка шчэ ты такіх лясьнікоў, як Панас Хартоўня, альбо дзядзька Аўтух.

АУТУХ. Ну-у, бяры, пі ды закусай (яму напрыкліло Панасава красамоўства).

ПАНАС (к Антону). Будзем жывы-здаровы!

АНТОН (невясёла і ціха). На здароўе.

ПАНАС (ізноў за сваё). Ідзеш ты ў грыбы ці ў ягады, ці коні твае нашкодзілі — падумай жэ ты, дурная галава, на лесьніка. Не лесьнікоўскае ж гэта — паньскае. Такі ж я бедны чэлавек, як і ты; ніхай сабе ты мужык, ніхай сабе дзед мой дагледаў хартоўню у вяльможнага Вішнявецкага. Што да чаго належыць? Мне тваіх коні забіраць, ці хвустку здзіраць — вялікая карысць? Гэ! Ты шануй лесьніка, шануй...

ДОМНА (сама сабе). Напіўся, гаворыць, гаворыць... Ішоў ба ўжо, — дык сядзіць, спаць не даець...

ПАНАС. Мала што я на цябе затукаю, затупаю, пастрашу, раз-другі злаю. На то мая служба. А па людзку: німа у Панаса бульбы, не хапіла да налецьця, успомні ж ты на тое, што забажаіцца табе грыбоў пасмакаваць, прыдзецца табеж часьці касіць у паноў, здарыцца ж і ў ягады схадзіць...

АУТУХ. Ат, што тое казаць. Я служу, дык я ведаю, чаго я служу. А прыдзецца да каго зайці чарку выпіць, затое цябе не забуду... (п’ець гарэлку).

АНТОН (ташнуіць, што яны так гаворуць, маўчыць усё; думаіць). „Не, нешта не так у іхнай размові.. Нешта не па правільнаму... А як жэ б трэба, як?“

ДОМНА (паціху). А ўсі лесьнікі прысягаюць Богу-Хрысту і лазоваму кусту...

АНТОН. Грэх...

АУТУХ (пільна угледаіцца на Антона). Грэх...

ІВАНЬКА. А як «лазоваму кусту».

ДОМНА. Схаваіцца сам за куст ад таго, каго не хочэ абадраць...

(Забліскала маланьня і зара загрымеў дужэйшы гром; мухі каля траму зьвіняць цішэй, цыркун змоўк).

ПАНАС (дапіў чай і перэвярнуў чашку). Ну дзякуй жэ вам... Дзякую... (па чароду жмець руку Аўтуху, Антону і Домні). Дзякуй за вячэру ды й пара ўжо мне (глядзіць шапкі).

АУТУХ. На большае прабачай... А можэ пасядзелі б шчэ, дапілі, пагаманілі...

ДОМНА (сама сабе). Во яшчэ нахаба...

ПАНАС (да Аўтуха). Пасядзём дасць Бог другім разам. А цяпер (хітра і мнагазначна). Чуеш, рагаталі каля Лявона шэльмы, сьціхлі... Думаюць: лесьнікі у-дварэ, граза, — усё можна. Ашукаецеся, дзеткі...

АУТУХ (ужо добра напіўся, пакуль той гаварыў). Ты прайдзі... гэта... каля логу... у Сасонніку (рыгаіць ад гарэлкі ці ад сала).

ДОМНА (сама сабе). Душою рыгаіш...

АУТУХ. Я золкам устану...

ДОМНА (сама сабе). Устаніш, устаніш, глядзі што.

АУТУХ. К Жаб’ю прабягу (паклаў галаву на рукі; п’ян).

ПАНАС (узяў стрэльбу). Ну, бывайце здаровы! (Узяўся за клямку і п’яна баўтануўся) От ты, хвароба, заседзіўся як... (бурчыць у сенцах і на дварэ) Цямнота ж, цямнота, Матачка Навышняя! Не дарма духата гэткая... А... ту.. гэ... Цюцічка, цюцічка... (сабака там гаўкаіць).

АУТУХ (к Антону). Чаму чаю ня п’еш? Есць... А ты, Домна, што дзяцей спаць не вядзешь? Ці рана...

ДОМНА (па палу сьцягівае дзяругі, сама сабе). Няго ж не рана... пакуль жэ нальліцёся, шлуньня сваё нацэдзіце. (Дражніць. "Не магу без чаю... бяз хлеба буду, а чаю дай..." Пан вялікі, лясьнік... Круп купіў ба...

АЎТУХ (дрэмліць, а ўсё чуіць). Хы... хы... у каго там жывот бурчыць? Маладзіца моліцца... хы...

ДОМНА. Ходачка! Хода! Пойдзім, спацькі у сенцы. Заснула... Іванька! Ідзі памаліся ды ў сенцы спаць... Божухна, як душна стала, а маланачка так і сьвеціць (бярэць Ходу на рукі і нясець у сенцы).

ІВАНЬКА (пацягнуўся, устаў, злез). А я не баюся грому... А мама з намі ляжыць?

АНТОН. Пераксціся, Іванька, ды марш у сенцы. Ну, ацькі Божку! Каўнярок рашпілі, а то засьнеш зашпілены, прыляціць ангел і станіць плакаць... Ідзі... ідзі (Іванька пашоў).

АУТУХ (праз п’яную драмоту). Галуза... С курамі б лёг... Сеч... Розгамі такіх... Я ўсё знаю... Дурні машэльнікі... Што вы мне... (сьпіць седзючы) А-хы-ы... хы-ы... (У хаці моўчкі; на дварэ патроху, а безупынна грукочыць гром, цыркун ізноў часам цыркніць, мухі толькі сонна капашацца, духата у хаці, лямпа цёмна гарыць, за вакном шапочыць лісьця і тахаіць аб сьцену шост, але рэдка).

АНТОН. (усё думаіць, даўно нешта на ўме маіць, што яго гняцець... Патроху пачынаіць дыхаць часьцей, часьцей, заваўнаўся, запыхаўся... Колькі часу сядзіць зьвесіўшы галаву на грудзі, а грудзі дышуць цяжка. Потым, калі Домна з дзяцьмі, мусіць, заснула, раптам ціхенька стаў прад сонным бацькам на калені і палажыў яму рукі на нагу... Той заківаў нагою). Тата, татуля! (голас дрыжыць і жалобны).

АУТУХ (спужаўся). Што ты! Што ты! Што?.. А?.. Чаго табе?.. (вытрышчыў здзіўленые вочы, мутные, п’яные, і аткінуўся к сьцяне).

(Грыміць дужа гром).

АНТОН. Тата! Прашу я вас, пакіньце піць гарэлку і расчытайцеся у паноў...

АУТУХ (стаў сам сабою). Дурэнь! Дурэнь! Дурэнь! А-а-а ты багамольля дурное! Ізноў некага наслухаўся!

АНТОН. Татачка, прашу ж я вас... (плачыць і хапаіць руку бацькі, каб пацалалаваць). Бо ў сёмым калені ўжо дурные...

АУТУХ (грэбліва адхапліваець руку і ногі). Адлезь ты ад мяне, сатана дурнаватая... Пень! Во чэлавек! Ашалеў саўсім, тпфру ты, адлезь табе кажу (насьмешліва і шмат п’яней). Кінуўся, выдумаў... (ізноў палажыў галаву на рукі, дрэмліць). Га ты... Ня піў з бацькам у хаці, а во нейдзе упіўся... Ну й надумаўся... Ня піў, ды упіўся...

АНТОН (перш стаіць галаву зьвесіўшы, пасьля незадачы; патроху паднімаіцца, сьцяў на ўсю сілу зубы, адходзіць, прыціскаіць кулак к грудзём). Ня ўпіўся я, ня ўпіўся, а так здурнеў... а можэ уп’юся... (шэпчыць) прападзі ты ўсё...

(Гром сціхаіць).

АУТУХ (паднімаіць галаву і бярэцца за бутэлку). Камэдзь, га! (выпіў чарку). Ну даў Бог сынка, га... Хоць ба ж палавіну бацькінага меў у галаве, хоць ба палавіну... А я гадаў: у лакеі вывяду... Куды з дурнем паткнешся? А вывеў ба, — паны мяне любяць і даражаць мною... (ізноў паклаў галаву на рукі) Але ж саўсім, саўсім дурэць пачаў, га... Дагэтуль такога не было-о, не было-о... і сьлёзынькі... зьдзяцініўся, га... Камэдзь! (усё болі пачынае дзівіцца).

АНТОН (сеў на калодачку, разуваіцца). «На што мне было? Колькі разоў — і ўсё роўна. Нічога ня выйдзіць, нічога на сьвеці ня зьменіцца, памерці... Ніхай пашкадуюць... Будуць ведаць... А Іванька і Ходачка, сіротачкі памучуцца...» (схаваў вобуй у печаркі, укруціў агонь у лямпі і лёг на сяньнік; яму душна, цела сьвярбіць. У вокны барабаніць дождж, рэдка асьвеціць усё маланьня, ціхі гром пачуіцца) «Нічога, татка, не разумеіш, ня хочыш разумець, а некалі зразумеіш... Прападай усё, чымся так жыць... Не, не прападай, а гэтак будзе найлепі... Бог усё знаіць... Спаць... Ламалюся. Бацька сядзіць...

АУТУХ. Ці чуў: сорамна сынам паньскага сабакі быць? А прыгоншчыны, сынок, не хацеў ба спазнаць? Га... усі мы панскіе сабакі... Мала што забастоўшчыкі пайшлі хадзіць, дурата адна... Га... Камэдзь!

(У вакно зняцейку стучыць вартаўнік; Антон хваравіта здрыгнуўся).

ВАРТАУНІК. Стук! Стук! (гаворыць, як с падпечча) Ці не сьпіцё яшчэ? Выйдзі, Антон, каня вазьмі. На нашлег не павялі, граза, дык хлапец прасіў каня вашага завесць у-двору. Выйдзі, Антон, вазьмі... (Антон пайшоў).

АУТУХ. (У-поцемку наліваіць чарку і п’ець; бармочыць сабе) Я ўсё знаю... Нашага каня аддалі, а самі ў паньскую пожню... Бура, пыні... А я п’ян... А дурэнь Панас заваліцца пад куст ды засьнець... Я ўсё знаю... А што ты мне: «Ня пі, ня пі...» А калі мяне нуда заедаіць, калі я ня ведаю тады, за што мне узяцца, рукі вянуць, а вып’ю — забываюся на яе, проклятую... Ты любіш у цэркву хадзіць, — хадзі сабе на здароўе, не дакарай жэ мне, што я не хаджу... А я не хачу іці, я, пані, і не пайду. А там не малітва, яго 1 толькі пацешаюць... Сьмяюцца, шэпчуцца, а ён сядзіць сабе на сьценцы ды на валовую шкуру грахі пішыць... Га-а, шальмоўства. Я за асець пайду маліцца, чараўніком ніхай завуць... Каб я умеў чараваць, я падчараў ба вам... (п’ець). А ў лясу я адзін, без людзей, дык мне спакою даволі, мне спакайней, сэрцэ ня рвець сын дурнаваты і суседцы добрые.

Я п’ю, дык мяне нуда ня гложыць. А я не магу... Адзінота... Трэба выпіць дзеля здароўя, дзеля вясёласьці... А ён надумаўся, ашалеў, гахныкаў... Камэдзь, га... Дурні, машэльнікі... Я ўсё знаю...

(Лямпа згасла, мухі сьпяць, Аўтух сапець і храпіць).

АНТОН (завёў каня ў пуню, выйшаў і убачыў зарэва на небі). А Госпадзі Міласьцівы! Гараць, гараць людзі... Закрый, забарані... К чаму Бог даець? Хаця б там дожджык буйнейшы... Прымета людзём, каб дбалі на Яго... Як жыць, як жыць?... (Успомніў як стаяў прад бацькам на каленях і цяжка уздыхнуў) Ці піць ці ня піць, ці пасварыцца ды памірыцца, ці што — усё роўна... Німа толку... Дурніца нешчасны я...

(ксціцца і йдзець у хату; там становіцца каля лаўкі на калені і пачынаіць маліцца: пераганяіць колькі раз заўчоные малітвы; кланяіцца й кланяіцца і з здаваленьнем пачуваіць, што на сэрцы лягчэй).

(Дзярэўня сьпіць).

 

 

1 нячысціка

VI.

— Гыр, гыр, гыр!...

Кусі, кусі, кусі!.. на тоеж вы

людзі, а прычэпку знайдзіш і

за шчэпку, прычынку і залучынку...

Пагаворкі.

 

Яшчэ рана-раненька. На траве раса блішчыць. Сонца не пячэць. Спакойна стаяць па лагу рэдкіе бярозы, дубкі, лазовые кусты, а водаль, за дарогай, паньскі лес яшчэ добра не прашнуўся. Ні к лесу, ні к полю не відаць а ніводнага чэлавека, толькі у просьвеці мітусяцца далёка-далёка па Казіным Лагу коні нашлежнікаў, скачуць спутаные.

Антон косіць тут сваю пожню. Ен без шапкі, бяз пояса, расшпілены, з мокрымі на лобе валасамі; шыбка махаіць касою. Ен увесь увайшоў у смак працы, яму прыемна сярод красак, але думкі не пакідаюць яго. З яснымі вачамі, з добраю лёгкасьцю на сэрцы, кожды раз, як узмахнець касою, гаворыць Антон: "Господзі, памілуй, Госпадзі, памілуй!" так ён працуіць і моліцца.

 

Ціха, цёпла і неба яснае.

 

АНТОН. (прыстоіў, выцер лоб рукавом, абцёр касу травою, убіў канцом касаўё у зямлю і пачаў тачыць (вайстрыць) касу: "Вайстры-касі... Вайстры-касі..." Думаіць). Каб так у жыцьці помніў на Бога і маліўся што часу, колькі б можна маліцца. Ато калі памаліўся ўраньні ды у вечары, дык і ўсё. I што ўжо за маленьня. Учора Домна: моліцца, а убегла сьвіньня у хатку, яна выганяіць раскарачом і шэпчыць: „Верую я во ядынаго Бога Ацца...“ Грэх адзін. Вот жыды; яго з малітвы ня зрушыш, хай дзіцёнак з лаўкі зваліцца.

Вот гэта малітва... (абгледзіўся каля сябе, зайшоў пад дуб, гдзе стаіць песчанка і ляжыць жупан, пачаў ксціцца і ўсё гаворыць: „Госпадзі, памілуй! Прасьці нам, Госпадзі!“ Потым стаў на калені і гледзячы на усход шэпчыць і ксціцца, але прымеціў, што каля лесу нехта ходзіць, устаў і узяўшыся за касу пашоў на пакос). Ці балюча травіцы, што яе косюць? Чаму-то ёй не дано голасу? А мусіць, і ў яе цума ёсць? Не, хіба дрэву і травам не балюча, калі іх рэзаць. А каню вот балюча, робіць конікам цяжка, а Бог ім не даў раю... Конь здох і ўсё яго. Дык на што ж яму боль дана ад Бога, калі раю не дано? Іншы конь болі і лепі за чэлавека працуіць, а вот... гм? (Косіць, далёка адмахіваючы касу).

Ніхай маё суседу пяройдзіць, закашывацца у чужое грэх, і ня буду... (Ад лесу, са стрэльбай і па калені намачыўшыся, ідзець Аўтух; Антон косіць, пакуль бацька не патходзіць аж к самаму яму).

АУТУХ. Памагай Бог!

АНТОН. Дзякуй ... (косіць).

АУТУХ. (Моўчкі узыйшоў да пакошэнага і ўгледаіцца удоўж па мяжэ). Ці ты гэта многа так сенажаці маеш галубец, што свайго адрэкаішся, ці што? Паглядзі, зірні, падзівіся, гэта ж ты на палавіну пакоса пакінуў свайго Банадысёвым... Ах ты, дурэнь ты (Аўтух схапіўся, што сказаў ужо «дурэнь») Аткасі тую ж гадзіну, чуеш?

АНТОН. (Дос касіць; выціраіць лоб рукавом) Ат будзіць з нас тата, перакашу няўмысьля, дагледзіць Банадысёнак — сварыцца пачанець...

АУТУХ. А глядзець на яго сваркі? Ніхай сабе горла дзярэць, а ты — сваё аткасіў, і ніхто да цябе нічога не маіць. Аткасі цяпер жэ...

АНТОН. Ну да-душы, тата, будзіць сварка... Клок тут сена, бярэмца не зьбярэцца... Межа, здаецца, так ідзець.

АУТУХ (насьмешліва). Жалобнік ты у мяне абабраўся... Дурэнь! Пакінь з аднаго боку Бандысю на поў-пакоса ды Ахрэму з другога столькі, і касіць ня трэба, бо рэз шырокі, што там... Той час аткасі, табе кажу, ну, пры маіх вачох...

АНТОН (ня пэўна думаючы, просіць). Ай, тата, ну што гэта вам зарупіла? Каліва сена... Наша пяройдзіць — перад Богам спакайней; сваркі гэтые...

АУТУХ (скідываючы стрэльбу і вырываючы з рук сына касу). А ну ж цябе к ліхой гадзіні с тваім пакоім (косіць). Зарадзілося дуплё на маю галаву (зайшоўся, залезаіць у чужое).

АНТОН (спуджэна). Татачка, яйжэ Богу закасіліся... (забегаіць і глядзіць па мяжэ). Казаў я... (прыпомніў, што няўмысьля пабажыўся). А прасьці Госпадзі, ажно пабажыўся ні за што... от ён грэх пайшоў. Тата! Ну праўда ж закасіліся...

АУТУХ (косіць). Аткасьніся ты ад мае галавы, багамольля дурное... Уступлю я свой пакос Банадысёнку нейкаму, хварэй ён, нячыстая сіла. За тое, мусіць, што у маё вешна лезіць; а ці косіць, ці гарэць — гэта ўжо закосіцца гэта ўжо мяжу здзярэць, каб яго па шкуры драла... Го-о-о, уважу я сваё? Ніхай падажджэць...

(Тымчасам, як назло, з-за дубоў, з за кустоў, паказаўся большы Банадысёнак. Таксама ідзе касіць свой рэз, бо на плячох каса і кашэль. Ен патроху падходзіць к мяжэ, каб па лініі зірнуць, ці добра адагналі мяжу Жабоны).

АНТОН (убачыў Банадысёнка і... ціха да бацькі). Ну ідзець жэ Езка, пачанець лаіцца, ах ці варта было...

АУТУХ. А маўчы ж ты! Во жвінда, зьвяга тая... Ну ніхай пачынаіць, язык маіць ня куплены, чорт яго ня ўхопіць.

ЕЗКА (перш паціху, а потым усё дужэй). Ну і што гэта, пыні, за работа, каб хто спытаўся? Асьлеп, чужога ня ўвідзіў, каб ты так, брахнінька, дзетак свіх ня ўвідзіў. (Глядзіць па мяжэ). Не атсохлі ж ручкі старэнькаму, ці маладзейшаму, не павылезьлі ж вочкі на той час...

(Аўтух пакуль што маўчыць, толькі пачынае ваўнавацца, рукі трасуцца; Антон спужаўся і шэпчыць з дасадаю: «Ах ты я-я-я-яй!»)

ЕЗКА. (Падходзіць блізка к Жабонам, а глядзіць усё па мяжэ). Каб вы пазарэзаліся гэтаю коскаю, як мала з вашае глоткі, як вы пазаграбалі б усюдых (злосна). Ссса-а-бакі паньскіе, ліха вашай матары!.. I ў паньскім як тые сьвіньні, і ў суседзкае гнятуцца... (крычыць) Халерая па вашу галаву!..

АУТУХ. (Схапіў касу і раптам замахнуўся на Езку) Маўчы!! (страшэнна запыліўся).

АНТОН. Татулька... т... т... (у яго калоцяцца зубы).

ЕЗКА. (шалеючы) А што ты за маё добрае рэзаць мяне, стары дур...

АУТУХ. Маўчы!! Маўчы табе кажуць! (махаіць касою).

ЕЗКА. Дык шчэ так! А-а... (падскочыў і схапіў Аўтуха за грудзі).

АУТУХ. Антон! Антон! Хапай стрэльбу!..

ЕЗКА. Дык так! (выхапіў касу з рук Аўтуха і аткінуў; водзюцца).

АНТОН. Божэ мой! пакіньце вы... Езачка, дзядзічка... (бегае быць авечка, потым схапіў стрэльбу і дзяржыцца з ёю).

ЕЗКА. Ды не-е... (хрыпіць; паваліў Аўтуха і душыць яго за горла).

(З-за кустоў выезджаіць на кані акружны (лясьнічы) пані Іванецкай).

АУТУХ. Антон... тонька, рат... (хрыпіць і малоціць нагамі).

АНТОН (наводзіць стрэльбу). Езка! пабойся... (кінуў стрэльбу і валачэць Езку з бацькі за плечы, той саўсім збэсьціўся).

АКРУЖНЫ. (падганяіць каня) Гэта што такое? Аўтух! (Пад’ехаў і калі Антон адбег, перавёў разы два бізуном па Езцы). Ах, ты, сібірака! Гэта што за разбойства! Здурэлі вы!

ЕЗКА. (зляцеў з Аўтуха, схапіў сваю касу і кашэль і пабег к дарозі) Ра-туй-це, хто Богу ве-ру- іць!.. А-я-ай! (сумысьля крычыць жалобна, як яго рэжуць, быццым яго там забіць хацелі) Ра-туй-це... (бяжыць, толькі песчанка аб касьсё: „брын, брын...“

АКРУЖНЫ. Ай Аўтух, Аўтух! А ты, Антон, чаго ж тут глядзеў, не разбараніў?

АНТОН. Калі ж я...

АУТУХ. (Злобна, саркастычна і скрыўджэна) Дзякую, дзякую, сыночак... Любіш бацьку...

Навокала прыемнае лёгкае паветра. Зьвялая трава даець арамат. Пачалі стркатаць скакунцы. Сонца вышэй і вышэй і жарчэй. У балоці кракнула вутка; паляцелі шпакі, у полі капашацца людзі...

 

 

VII.

Намерся, ды не ўдар.

Старасьвецкая мудрасьць.

 

Ці саву аб пень, ці пень аб саву

— усё саве баліць.

Прыказка.

 

Кепска зрабіў, што радзіўся.

М. Бурачок.

 

Ў Аўтуховай хаці ізноў гарэлка. Сам Аўтух ужо даволі выпіўшы, адзін сьляпы старэц таксама, другі, троху відушчы, цьверазей. Тут іхные хатылі, і кастылі, і на круку ліра. Антон у вясёла-сьвятым настрою. Домна смутна. Іванька заплаканы. На стале паўбутэлка і сырое старэцкае сала.

На дварэ дождж ідзець і йдзець безперэстанку. Ужо многа наліло. Вецер сьцюдзёны накалаціў з ігрушы невялічкіх ігрушак.

У хаці ад непагоды цемнавата, пахніць макрадзьдзю, сырасьцю і гарэлачным духам.

 

ХОДАЧКА. (сядзіць на палу каля маткі, глядзіць у ваконцэ; тут жэ на вакне усе лялькі яе). Сцэ будзіць дозе, мама бурбалкі скацуць на лузынах... (яна увесь час так картавіць, бо шчэ саўсім дзіцёнак).

ДОМНА. (Шыючы нешта). Будзіць, будзіць дожджык, дзетка. Ен, як сьлёзкі, пройдзіць — пройдзіць, спыніцца дый зноў...

ХОДАЧКА. Мамка, а ці пусьціце тады мяне з Іванькам цуркі прапускаць, калі соніка заблішчыць? А, мама? Ці пусьціце?

ДОМНА. ІІушчу, пушчу, каб прастудзіліся. Чуіш вун Іваньку старцы узяць хочуць, — і цябе у хатыль забяруць.

ХОДАЧКА. А я уцяку ад іх. Мама, а гдзе йта пчолкі, а? Пахаваліся, а? А зроб мне новую ляльку, мама, а?

ДОМНА. А сьціхні ж ты, назолачка... Слухай во, я табе песьню сьпяю, слухай (пачынае паціхеньку, нахіліўшыся пад шыцьцём, пець Ходзі. Іванька зарумзаны стаіць ля маткі і стругаіць кіёчык. Домна тоненька, як нітку выводзіць, пяець)

Дарогаю ды шырокаю, дуброваю ды зялёнаю

Туды б ішла ды сіротачка, туды б ішла ды маленькая

(У пярэрвах яна гаворыць с Ходай; за сталом сваім чынам).

СТАРЭЦ 1-шы. (бас, сьляпы) Ен можэ даць раду ад усякае хваробы, ад усякага паддаваньня, усё што патрэбна...

СТАРЭЦ 2-гі. (тэнар, троху відушчы) Гэта ж ён летась памог нашаму Яхіму узяць за сябе Прэску. Гэ-гэ-гэ... Абое цяпер у кучы добрынька зьбіраюць. У-зімку на кані ажно пяць мяхоў жыта нажабравалі, а які другі старэц тое выхадзіць?

СТАРЭЦ 1-шы. Ужо і насьледніка маюць... Ай насьледніцу?

СТАРЭЦ 2-гі. Насьледніка, гэ-гэ-гэ... Маюць, а як жэ. Зарадзіўся ладны старчык: па матцы сухарукі, па бацьку — бяз воч. Яхім рад. Ато, брат, задумаў ён жаніцца: Прэска а ні блізка!— «Што ён, — гаворыць, — сьлепанджа, што з ім выхадзіш? Я прыгожа, а са сваімі сухімі рукамі я за лепшага ў губэрні старца зайду». Яна, чуіш, мэцілася за аднарукага Аўласа, ён хлапец гладкі, а па кірмашох сухую руку як выставіць ды псалму як зацягніць, дык грошы так яму і сыплюцца. От яна за яго і кірувалася, гэ-гэ-гэ...

СТАРЭЦ 1-шы. А дзед Янка як даў раду — стропаная пайшла. Ен, брат, гэты Янка, усё чыста можыць..

АУТУХ. А на стрэльбу загавора ня ведаіць...

СТАРЦЫ 1-шы і 2-гі. Ня ведаіць? Ха ха ха! Гэ-гэ-гэ!.. Так (шэпчыць 1-шы) заклянець — без а ніводнага промаху, ластаўку на ляту! Ен жэ падаў пану Ступяркоўскаму, бо той не пусьціў яго у хату на нач; сохніць цяпер пан Ступяркоўскі... О!

АНТОН. (хмарнеючы) Грэх вялікі! Вялікі грэх! Усё чэлавеку просьціцца, а чараваньня — ніколі... Не вадзіся з імі, Божымі ўрагамі. Прадаўся ім — канец. Вялікі грэх, дзядзькі!

АУТУХ. Ці чуў? Спасеннік запеў. А як бацьку выратаваць ад дурнога сабакі таксама грэх можэ?

АНТОН. (утупіўся) Богу відна, гдзе грэх.

СТАРЭЦ 1-шы. Э, братка мой! Грэх у мех, а спасеньня наверх.

СТАРЭЦ 2-гі. Альбо ў торбу ды аб вугол.

СТАРЭЦ 1-шы. Цяпер толькі мы, простые людзі, баёмся грэху. Паны, брат, дый з нашых разумнейшые грэху ўжо не баяцца. Дзеля таго, што яны цяпер так дайшлі, братка: Хрыстос хадзіў па вадзе — і я пайду па вадзе, Хрыстос..

СГАРЭЦ 2-гі (перэбіваючы). ...Хрыстос летаў — і я палячу. Дык каго ім баяцца? Німа каго баяцца, дык што за грэх будзе, калі німа каго баяцца. Ен не баіцца, што яму грэх! Грэх... гэ-гэ-гэ...

СТАРЭЦ 1-шы. Хрыстос робіў сьляпых відушчымі, а заграніцкіе дактары па навукам дайшлі: сабаччае вока чэлавеку уставюць, і чэлавек бачыць усё — чысьцінька, дай Бог усякаму добраму.

СТАРЭЦ 2-гі. Чаму не? Га-гэ-гэ...

АНТОН. (вытрышчыў вочы) Як жэ гэта яны? Ці ж так?

СТАРЭЦ 1-шы. А што чараўнікі чаруюць, дык на то ім сіла даецца. Бяз гэтай сілы і людзём пражыць было б трудна. Скажым чэлавек занядужаў, карова захварэла, вужака укусіла, ці сібірская муха джыгнула — хто раду, братка, дасць? Дзед Янка, болі ніхто, бяз дзеда ня можна, ён сілу маіць, яму дзяды перэказалі.

СТАРЭЦ 2-гі. Поп казаў: «Грэх». А як пачала здыхаць цёлка, скотны доктар не даў помачы, дык і бацюшка хлапца па Янку на кані прыслаў. I карова цэла! Гэ-гэ-гэ...

СТАРЦЫ 1-шы і 2 гі. I карова цэла!

АНТОН. А ўсё-ж-ткі грэх, калі ён у загаворах да іх моліцца, грэх... Німа грэху, калі Бог памінаіцца, сьвятые, Цар Давід... А так — то грэх.

АУТУХ. Ат! Што мы ведаім...

СТАРЭЦ 1-шы (п’ець з Аўтухом). Грэх, можэ ня грэх, а спрадвеку так паводзіцца... (глядзіць у вакно) А дожджык як закурыў, як запыліў, дык і курыць і курыць...

АУТУХ. У пані сена коп на сто гніець.

СТАРЭЦ 2-гі. Коп на сто! Добра табе, панічка! Гэ-гэ-гэ...

СТАРЭЦ 1-шы. А ты думай...

АНТОН. Бог як захочыць: альбо высушыць, альбо намочыць. (і ён асьцярожнінька, есць старэцкае сала с хлебам).

АУТУХ. Ну вып’ім яшчэ па аднэй, ці што (п’юць; Антон атходзіць, каб ня піць).

ДОМНА. (дадумалася) У каго людзічкі рупяцца, працуюць; дождж — лапці хаця плятуць, граблі ладзюць, косы клепюць, вяроўкі віюць, ці што. А нашым мужчынкам нічога ня трэба. Ці хто йдзець ці хто едзіць — грым! к Аўтуховым ды за гарэлку. Антон! Ну ты ж ба хаця хамуціну тую направіў...

АУТУХ. А маўчы! Бабскі розум... Бярэшся не за сваё.

СТАРЭЦ 1-шы. А ні чапай ты яе, ведама раставацца с сынам усякай матцы тошна. На тое ж матка. А ты, Іванька, рыхтуйся.

ДОМНА. Вот, дзядуля, з гэткаю гаворкаю памаўчы. Каб я, даў Бог, сканала, колькі я сына свайго у павадыры аддам. А дзед разумны унука у павадыры аддаець! Гдзе ўжо той і гонар лесьнікоўскі?..

АУТУХ. Маўчы, сучка, табе кажуць. Не тваё дзела! Што ён у хаці высідзіць? Каня мы самі дагледзім. У Гаёк паня дазволіла пускаць... (П’ець). Я каб к лепшаму, а мне ж і абраза. Гэн! Ен жэ хоць на лапці ад гэтых дзядоў заробіць, сьвету паглядзіць.

СТАРЭЦ 2-гі. А ведама, што паглядзіць усякіх людзей, усякага сьвету, бо мы аж да Богумільска часам ходзім. Гэ гэ-гэ...

ДОМНА. Сьвет вялікі, ого!

АУТУХ. Ніхто цябе, бабы, не пытаіцца...

ДОМНА. Не дуры ты, сьвёкарка, мае галавы. За дурною галавою мужыком жыву, а дзетак сваіх забараню.

АУТУХ. (п’яна — грозна) Домна!! Каго ты будзіш слухаць?

СТАРЭЦ 1-шы. Не сярдуй, лябёдка, трэба ж і старца сьляпенькаго каму вадзіць; за гэта ж Бог і грахоў атпусьціць і сыну і матцы яго. Раней павадзілося так, што і заможные людзі дзяцей у павадыры пасылалі, як бы ў навуку добрую.

ДОМНА. Дужа табе карцяць мае грахі. Хвароба вас ведаіць, прасьці Госпадзі, што вы за людзі, — з віру, з балота. Ці вы яго чаму добраму навучыце. Устарыну ж дык і старцы — ткі былі, а вы што — п’янюгі нейкіе.

АУТУХ. (затаіў злабу да Домны) А ты, Антон, што скажыш?

АНТОН. Маленькі шчэ надта Йванька, шкода беднага. А старца вадзіць — дзела добрае, Бог грахоў прасьціць. Па-мойму ніхай ба сабе і пахадзіў... (вінавата, але цьвёрда, глядзіць на жонку і на Йваньку).

ДОМНА. Ашмурэў ты, Антон! Гэта ж ты роднага сына не шкадуіш. Што крошку сала старэцкага з’еў, дык гатоў ужо Йваньку прадаць. Божэ мой! Божэ мой! (пачынець хныкаць). Гора са сьвёкрам, а цяпер і ты гэтакі. Будзіш, будзіш, як відна, бацькаўскай удачы. Наўчыся яшчэ гарэлку піць, будзіш татухна...

АНТОН. А што ж я? (плюскаіць вачамі як недалужны).

СТАРЦЫ 1-шы і 2-гі. Гм! Гм! Гэ-гэ-гэ... Што там за дамова, гдзе быка бадзець карова? Гм!

АУТУХ. (каб прымеў, дык ба разарваў Домну; чырванеіць, выкачывае вочы і паднімаёцца з застольля) Што? Што ты сказала? Дык табе сьвёкар нос ірвець? (Наступаіць на Домну, п'яна баўтануўся) А — а ты, сучка брахлівая, агідка! Ты ў чыёй хаці сядзіш? Вон!!! Што б мае вочы цябе не бачылі, чорт цябе бяры, с тваёю заможнаю раднёю! Вон (Бярэць с крука пугу).

ДОМНА. Божухна! Што гэта яшчэ такое? (Плачучы глядзіць на Антона) Антонька!

АУТУХ. Я табе роўны, нягодная баба? Апастыляцца будзіш? А во (замахнуўся, вот-вот дасць...)

ІВАНЬКА і ХОДАЧКА. А-я-я! Дзед! А мама!

СТАРЦЫ. Пакінь .. Ахвота яшчэ. Матцы дзіцёнка жалка: свая кроў, сваё цела. Палчык ён парэжыць, ужо матцы баліць...

АНТОН. (як дурны кінуўся к бацьку і схапіў яго за грудзі) Ні чэпай, тата!! Ні чэпай! (трахнуў за грудзі, выпусьціў, сеў на зэдлік, палажыў галаву на рукі і с сударагамі гудзець) Ы-ы-ы... На... на што я на... сьве-ет на-ра-дзіў-ся... О-ё-ё...

АУТУХ. (спусьціўшы амбіцыі) Ну й дурэнь, ну й дурэнь. Вот і завыў. Бабу напудзіць трэба, каб сілу над сабою чула, а ён — сьлёзынькі, ці чуў, які шпэтненькі, дэлікатненькі. Ну й дурэнь, ах!

ДОМНА. (аправілася) Хто яго задурыў, калі ня родны бацька, разумец гэткі. Ты яго ссушыў, ня хто, усі кажуць.

АУТУХ. Што?! Ізноў! Домна!

ДОМНА. А што там: «Домна!» Я табе маўчала-маўчала, трывала — трывала, ніхай табе Бог аддаець. Я ж не за цябе, за твайго сына ішла. Ты мне мала значыш, п’яніца горкая, а я цябе шанавала, абмывала цябе, абчышчала, ніхай табе Божачка аддаець (хныкаіць). А ў людзей жэ старые ня пікнуць, знаюць на печы сядзець ды дзяцей забаўляць, а наш жэ...

АУТУХ. Ну дзеткі! Пагадзі, Домначка, калі ўжо ты пачала кыпцікі паказываць, значыць... ыгм... так... Значыць, не паласа табе, Аўтух! Турыце, турыце, дзетухны, бацьку жывога ў яму, турыце! (Да Антона) А ты, сынок, на каго руку падняў? А? Ты роднага бацьку абразіў! Мне у жыцьці не было гэткай абразы, якую ад роднага сына заробіў. Дык за грудзі яго, старага сабаку? Я ж цябе пракляну, дурня! Хто цябе на сьвет пусьціў? Прасі бацьку! (п’яна баўтануўся) Ну?! (выстаўляіць руку Антону, каб цалаваў).

АНТОН. Я й так проклят... Адлезьце ад мяне, пакіньце мяне... Што гэта, што гэта? (хліпаіць, за ім і дзеці).

АУТУХ. (Неўдала спусьціў руку, жылістую, чорную, с чорнымі кіпцямі) Так... дык так...

СТАРЦЫ (узьдзеваюць свае хатылі, ліру; да Аўтуха) Другім разам ужо, дзядзька, калі што... (станавяцца к абразом).

СТАРЭЦ 1-шы. (бас) Во ймя Ацца. Сына і сьвятога Духа. Амін...

(Антон устаець з зэдліка, каб ня быць паміж старцаў і абразоў).

СТАРЦЫ 1-шы і 2-гі. (іграіць на ліру) Памілуй, Госпадзі, а ўсю сямейку — хатку, попасі і сцалі скацінку і стаднікаў ад усякага упадку і сохрані іх, Госпадзі... (першы, бас, цягніць на увесь нас, а толькі іншые словы раўнець, лупнець бельмамі і прымоўчыць, а другі, тэнар, вядзець і вядзець тонка-вісока, без аддыхі) ...на векі вечные. Амін.

СТАРЭЦ 1-шы. Бывайце здаровінькі, хай вам Бог даець..

СТАРЭЦ 2-гі. На ўсіхную і на старэцкую долю...

(Троху відушчы тэнар уперадзі, а сьляпы, хрыпаты бас адзадзі стукаіць кійком аб зямлю і дзяржыцца матузком за пярэдняга).

АУТУХ. Пайдзіце здаровы.

ДОМНА. У ростыні вы ідзіце п’янюгі, гультаі нешчасные, мала шчэ было без вас бяды.

(Аўтух пайшоў усьлед за старцамі і нешта гамоніць на дварэ).

АНТОН. Домначка, ці балюча я таўкануў бацьку?

ДОМНА. Балюча?! Яшчэ што? Ці ты сам ня помніш?

АНТОН. Не. (Сагнуўся, палез па печ, падлажыў там пад галаву жупанок і адвярнуўся к сьценцы; закамянеў у нейкай жалобі).

ДОМНА. Не ляжы, Антон! Не выдумывай! Ты бацькіну павадку даўно знаіш...

АНТОН. (не адгукаіцца і шэпчыць сабе) «Чаго мне жыць, на што мне жыць? Адны крыўды, адна непраўда... Ці ж я хацеў абразіць тату? За што мне так накладжэна ад Бога?..»

ІВАНЬКА і ХОДАЧКА. (перш цёрлі вочкі кулакамі, а потым сь цікавасьцю угледаюцца на печ, што бацька робіць, чаго ляжыць, як хворы).

ДОМНА. Ну во: адзін наругаіцца — крычыць, а другі дзяцініцца — стогніць, а ты, баба, хаця галавою аб сьцяну біся...

 

 

VIII.

Нібы смоўж да апенкі, прырасла

ка мне вуда мая.

З. Бядуля.

 

Чорные думы заснуць не даюць...

Я. Купала.

 

Жизнь есть сонъ, а смерть пробужденіе.

Л. Толстой.

 

А што такое сон?

Звычайнае пытаньне.

 

Два сьвяты ўзапар. Першы дзень сьвят. З раньня дужа прыгожая пагода. Снапы залатога сьвету залілі ўсю зямлю, і дзярэўню, і сады, і вуліцу, скрозь шчэлкі блішчаць у пунях, праз балонкі цякуць у хату, убіліся на пол і жартуюць з дзяцьмі, што по сьвяточнаму лежаць яшчэ і хаваюць лічка, вочкі ад сонца, аткідываюць ручкі, альбо пакладуць пад галоўку, смашна смокчуць і, тропаючы ножкамі, скідываюць с сябе дзяругу. Бабы — гаспадыні управіліся каля печы, прыбраліся і гурткамі, як кучы красак, пашлі па Сасонніцкай дарозі у цэркву.

На Банадысёвым дварэ конь: „іга-га-га“... іржэць, бо адзін; прывялі хлопцы з нашлегу! Банадысь у мясьцечка паедзіць.

У Аўтуха на дварэ ціхамірна. На саломцы, на прыпёку рухаюць і порскаюць парасяткі, пчэла каля ганак: «Джынгі» зьвініць-зьвініць, набярэць нечэга і ляціць чэраз страху у сад к вульлю.

Цёпла, сьветла, прыгожа, ладна...

Але такое падвор’я, дужа яркае сонца з самага раньня бываюць перад ненасьцем.

Антон не пасьпеў яшчэ даволі пабыць на сонцы, седзячы на ставах каля сьцяны пад стрэшкай, як па небу, над лесам, ужо павалакліся рэдзенькіе фарботкі шэрэнькіх, рабенькіх балачынак... Яшчэ, яшчэ... сьвяжэй ужо паветрэ, халадней ужо паветрэ; першая болачка набегла на сонцэ, па зямле сьцень бяжыць... О! ізноў ярка, — прабегла...

Час ідзець. Антон ня ў цэркві, у дварэ. Хода з маткаю у цэркві. Іванька пашоў с хлапцамі ў лес, бацька у лесі.

Антон пахадзіў, пахадзіў. Паслаў пад павецьцю на калёсах; лёг, знізом укрыўся, задумаўся, сагрэўся. Заснуў..

А сабака пакінуў Аўтуха у лесі, уцёк у двор, падлез пад вароты, павілеў троху ды й зьвіўся пад калёсамі; часам трасець галавою і цапаіць зубамі мух, думае, хто-то яго накорміць, Домны німа ў хаці.

Парасяткі клычуць салому; схопюць у зубы, баўціль! баўціль! у абодвы бакі; пужаюцца сабакі, кусаюцца і скігочуць.

Салома на калёсах у перадку, ківаіцца ад вецярку, ато не ківаіцца...

 

АНТОН. (думае мімаволі). «Домны німа, Хода зь ёю, а Йванька гдзе? І бацькі німа... Гукнуў можэ унука с сабою у лес, бытцым у ягады, і карэц з бяросты падэкляраваў сагнуць, а павёў Іваньку к старцам на Глухую Паляну. Яны там часта па дарозі пасядзець заходзюць. На ліру іграюць, гарэлку п’юць, сала прагуць, чэраз цяпло скачуць, псальмы пяюць, лявоніху скачуць пад ліру... Німа Іванькі ... Ен ужо старчык — павадырок. Валасы доўгіе, шапка дзіравая, зімавая, хлопьпя павылезла зь яе. Кіёк у маленькіх худзенькіх ручэчках даўгі-доўгі, вышэй хлапца самага удвайня. Ідуць старцы па дарозі, сярод маладога лесу.

Птушкі пяюць. Краскі па бакох дарогі цьвітуць, пахнуць, калышуцца. Іванька напярод с хатыльком на плечах, — ён усё па бакох зіркаіць, — за ім на матузку троху відушчы з белым вялікім хатылём на плечах і с торбаю на баку, а на самым задзі дзяржыцца за матуз сьляпы; ён, старэйшы, сагнуўся пад сваім хатылём, валачэць ногі, кійком дзюбаіць цьверда, ліру падтрасаіць, падпраўляіць на сабе. Жартуіць, каб весялей было. Іваньку бадрыць.

СЛЯПЫ СТАРЭЦ. Ну, Іванька, дайдзім зара да Варкалабава, к старэй пападзе пойдзім за нябожчыкаў маліцца — пірог табе дасць... А за скацінку памолімся — другі.

ТРОХУ ВІДУШЧЫ. Толькі ты, хлапец, калі прыдзіш, дык альбо вочы на вышэйшые абразы паднімай, пад лоб закачывай, альбо ў зямлю ўпірай.

СЬЛЯПЫ. Па бакох ня зіркай, яна не залюбіць, скажэ: «Што вы за старцы, ваша малітва да Бога не даходна...»

ТРОХУ ВІДУШЧЫ. Ды тоненька падцягівай, калі дзед змоўкніць, усё с перадышкаю лягчэй.

СЬЛЯПЫ. А ну братцы, сядзім ды троху папрактыкуім...

ТРОХУ ВІДУШЧЫ. О, захацелася бабі маку — пасядзім. А калі ты ў Варкалабаві апынешся? Усі лепшые мясьціны займуць другіе старцы, спрытнейшые... Ідучы можна.

УСІ (цягнуць; Іванька як толькі чуцен хрыпіць тоненька)

Спасі, Госпадзі, жыватоў!

Стадку ад усякага ўпадку.

Сьвяты Хрол коні, а Барыс сьвіньні...

(пяюць і далі, толькі Антон не разьбярэць слоў, бо ён гэту псальму умеіць толькі дагэтуль).

«СЬЛЯПЫ. (аддыхаючы) А што будзім вучыцелю пець, калі запросіць да сябе? Ды пэўне запросіць, можэ й госьці будуць. Хіба тую, што дзяўчына Бога не пазнала?

(Каля Антона, пад калёсамі скігачыць сабака, мухі яму вушы ядуць, і дуіць ветрык)

УСІ (цягнуць, Сьляпы маркотна падводзіць на ліры).

А ў нядзельку вельмі рана,

Раней таго званы білі.

I ў крыніцы вада грала,

Во й там дзеўка ваду брала...

(I пяюць далі, ды Антон таксама не прыпомніць, як гэта пелі старцы, калі ён быў у вучыцеля і слухаў).

ТРОХУ ВІДУШЧЫ. А ты, Іванюга, запаведзі заўчыў?

ІВАНЬКА. Трошку заўчыў...

«СЬЛЯПЫ. Кажы за мною. Першая. Аз есь Гасподзь Бог твой на небі, каторы вывяў цябе з Егіпецкай зямлі...

ІВАНЬКА. З Іпяцкай зямлі... (няўмеючы гаворыць за ім і бунтуіцца).

СЬЛЯПЫ. Другое. Не ўзывай пана Бога па йменьню дарма. Трэцьцяе. Помні дзень сьвяціць нядзельны. Чацьвертае. ІІІануй матку і бацьку: пражывеш даўгалетне...

(Далей Антон успомніў, што ён бацьку ўжо не шануіць, і яму стала трудна дыхаць, як бы хто на яго наваліўся; ён зьехаў на калёсах уніз, галава закрылася знізам).

Ай не, гэта Банадысенак... Ай не, гэта ён, Антон...

А во што йта за лес? — Там, гдзе касіў той раз сена... Не, мусіць, гэта Глухая Паляна...

I старцы тут, на Глухой Паляні атпачываюць. А сын-павадыр узлез на старца-бацьку і душыць яго... А дрэва валіцца-валіцца... вот кахніць на сына, ня будзе ён жыць доўгалетне, бо бацьку душыць. Не, ніхто нікога ня душыць, — старэц адзін абуваіцца, а лазовы куст ківаіцца...

Вот Іванька пад арэхавым кусьцікам, жупанок падаслаўшы, хатылёк у-голавы падлажыўшы, сьпіць; а старцы раду радзяць, хочуць нечым, што чараўнік Янка даў, мазаць вочкі малому Іваньку. Ой, будзіць старчык сьляпы... Уставай, уставай Іванька, хапайся, хапайся, бяжы...

Уцёк, уцёк... У сваёй хатцы. Матка кашулю яго вашывую ў печ у агонь кідаіць, цёплаю летнаю вядзіцаю цыпкі на ножках абмываіць, сінячкі яго гладзіць, ручкі ад сіверкі пашчэпаные аліваю масьліць, за шыйку абшчапіла, жалеіць...

А дзед пугу падняў, — вісока-вісока замахнуўся-намерыўся... Не дам! Не дам Іваньку біць!..

А Йванька ляжыць, уміраіць, лобік беленькі ад мукі-болі у складачкі моршчыць, сьлязу роніць...

Заб’ю бацьку за Йваньку!

Узьдзяюць зялезы на рукі, на ногі, вязуць у Сібір далёкую, у катаргу векавечную!.. Прыкуюць таамацька к камню пад зямлёю і аж да самае сьмерці на сьвет ня пусьцюць... Не ўбачу я болі ні бацькі... (ах! бацьку пахавалі...) ні Домны, ні дзетак, ні свае хаткі, ні свайго коніка, ні свайго сабачку, ні ўбачу ніколі, ні разу, ні разу...

А сямейку маю будуць зневажаць без мяне, сібірнікам зваць...

А Домна заліваіцца-плачыць, горка плачыць, як тады, калі на дзяжу садзілі, касу расплеталі, пад вянец рыхтувалі і выпраўлялі...

Цалаваўся з Домнай... Салодка, крэпка- крэпка, на ўсю сілу... Сорамна... прад Богам...

Едуць к вянцу... Антон! Антон! — Хто там завець? — Поп цябе гукаіць. Праспаведаць трэба цябе, кажуць, што к штундынстам за Дрыбін езьдзіў ты... — Бацюшка, бацюшка! Я Домну бяру за сябе? — А на што бацьку набіў? Ня будзіш даўгалетні, бо крыўдзіш бацьку, не шануіш, абразіш!.. — Бацюшка, бацюшка! — Ах ты, ах ты, дэмакрат ты, у вайстрог цябе забраць, на цэлу ноч п’яным стражнікам на зьдзек аддаць, як Дудзячонка з Несьцерава... Ніхай высьпяткамі ў самы від б’юць, гваздамі с падашоў. на вачох, і плююць табе, кархаюць ніхай... Каб кроў, кроў... Каб зьмясіць у гразь, у бруд... — Біце! Біце! — О-лё-лё... — Сьвісь! —Ратуйце!.. Кусі, кусі, кусі!.. Петуй яго каламі! — Ой! — Ай! Мазгі, мазгі цякуць! — Затапчы іх у пыл... — Ой, ня выйце бабулькі, не званіце званы... — Едуць, едуць на конях з бізунамі...— Не паддавайся, Стой, братцы! — Што вы, што вы, тож бацюшка с крыжам... — Бацюшка, я Домну бяру... Я хацеў ба дапытацца, вы с кніг усё ведаеце, гдзе канец сьвету? Што. каб так ішоў ды йшоў цэлы век, ці дайшоў бы ў такую мясьціну, гдзе бераг зямлі, а далей крута-крута, абрыў, земля сыпліцца, корні ў ёй, як тая гара Богумільская, а там бяздонная прорва, туман, цёмна-цёмна, цямнота спрадвечная і ўсё... А што там у тумані? А пекла гдзе? А чаму ня чутна, як там стогнуць?

Адлезьце ад мяне, дзядзька Кузьма, не дакучайце! Як гэта поп можэ ня ведаць. Ен усё ведаіць, толькі ня хочэ сказаць... А Бог Саваоф у Піліпа на абразу у куце, валасы і барада сівенькіе сівенькіе, зьверху над галавою вока, страшнае такое, вялікае, а руку далоньню выставіў і пільна — грозна узіраіцца. А Ен вялікі-вялікі, расьцець-расцець, кала яго сьвет і глядзець ня можна, блішчыць усё, блішчыць..

(Антон дрыжыць; час ідзець; сонца павярнуло і залезло пад павець на калесы).

Вялікае — тоўстае — цяжкое нешта стала прад вачамі, ногі растуць, растуць, доўгіе-доўгіе.

(Так пачувалося нешта Антону, калі маленькі хварэў і ўжо пачаў лепшыць)

Пахніць нечым чыстым, як краскі на лагу вясною, і рэзкім... I маленькаму, даўно-даўно, пахла так... Галава трошку балела... І цяпер як-раз так... Во німа...

А поп усё глядзіць і глядзіць у самую сярэдзіну... Не міргаіць, вочы яго чырванеюць, кроўю наліваюцца... Чараўнік! Нясіце грамніцу і сьвянцоную ваду, выкапайце калючага дзеда, асінку і крапівы — жыгучкі нарвіце... Ніхто ня чуіць, німа нікога... Значыць сьвету канец... Страшны Суд, сьветапрэстаўленьня. Тужліва, тужліва... Так нудна, ай як нудна, сэрцэ баліць, горка у горлі, плакаць — стагнаць хочэцца, ды ўжо позна, нічога, нічога не нарадзіш... Канец, канец, не пасьпеў спакутывацца, прапаў жа, прапаў... Агонь! Што яшчэ за агонь, то ня сонца ўгрэло, не... I смурод, чад.

Гэ! То ж нашы канюшкі цяпло у панскім лясу разлажылі і коні пасуць. Ад паноў зямлю адабралі, бедным людзём аддалі, нікога ужо не баяцца... І Аўтуха не баяцца... Бацька стрэльбу наводзіць, а яны ўсі на яго накінуліся, ўсім раптам сваім і каламі, каламі... На сяле сабакі выюць, сьмерць чуюць... А бацька крычыць: «Антон! Антон! Рат"...

(Прашнуўся. Кала яго бацька. Прыйшоў з лесу, стрэльба на плечах. Сабака хвастом віляіць і віхчыць. Антон страшэнна устрывожэны; галава яго быць нечым — сьвінцом, чым — наліта).

АУТУХ. Антон! Дабудзіцца ня можна. Лёг на сонцы і пад вецер: і галаву напячэш і прастудзішся...

АНТОН. А што — я спаў?

АУТУХ. Во пытаіцца! Спаў, але і стагнаў, хіба сніў што дурное...

АНТОН. Добра ня помню.

АУТУХ. Агоўтаішся, дык прыпомніш. Уставай, зара з абедні папрыдуць... Ідзі, дай мне ўкусіць, што там есць сяньня...

Захадзіўся ў лесі. А сабака мяне кінуў здахата. Трэба будзе ўзяць шчанючка ў пана Будагоўскага у Дубасні.

АНТОН. А гэтага куды? (У яго гнёт на сэрцы, і ён ідзець, як не саўсім прытомны чэлавек).

АУТУХ. Знайду дарогу, здохні ён...

(Абодвы пашлі ў хату).

 

 

IX.

Абы б беда, а шыя будзіць.

Прыказка.

 

У простага сына натуры пануіць толькі адна кароткая філазофія: „Гэтак трэба...“

З. Бядуля.

 

Марна над кроквай ржавее каса.

Я. Купала.

 

Да вечара:

 

ДОМНА. (прышоўшы с цэрквы і выстаўляючы гаршкі) Антон, што ты гэткі белы і быццым плакаць рыхтуішся ці мне так здаецца..

АНТОН. Табе здаецца... так я.

АУТУХ. Ну, лезь за стол будзім палуднаваць, ты ж і са мною нічога ня еў...

АНТОН. Не хачу есьці... (бярэць шапку).

ДОМНА. Што з гэтым чэлавекам? Куды ж ты?

АНТОН. Пайду... каня глядзець у лесі.

АУТУХ. Што ты гаварыць ня хочыш з намі?

АНТОН. А? (пайшоў за дзьверы).

ХОДАЧКА і ЙВАНЬКА. Чаго татка пашоў?

АУТУХ. Спытайся, калі патрапіш, у свайго таткі, куды ён пайшоў...

ДОМНА. Во чэлавек, чэлавек...

(Усі паціху ядуць кулеш і потым, перакеціўшыся, расходзяцца хто куды).

 

Позна вечарам:

 

ДОМНА. Сьпіце, сьпіце, мае дзеткі, ато дзед сварыцца будзе, што не даецё заснуць яму, ён заўтра раненька на аблаву пойдзіць.

ІВАНЬКА. У Цёмны Лес?

ДОМНА. У Цёмны Лес, толькі сьпі...

ХОДА. Мамка лямпу загасіла, а таткі німа і не вячэрыў..

ДОМНА. Сьпі, ён к некаму зайшоў.

ХОДА. Не а, татка прыдзіць.

НЕХТА. (шамаіць на вуліцы каля сьценкі, потым у вакно) Ляп! ляп! ляп!

ДОМНА. Ці ты, Антон?

НЕХТА. (глуха з-за вакна) Я... адчыні...

ДОМНА. Ляжыце, ня бойціся... (пайшла па двор; гамоніць там з Антонам).

ДОМНА. (уходзіць) Гдзе ж гэта цябе насіла Божа помач у такую пару. Каб у сьвята аддыхнуць, бадзяешся нівесь гдзе... і цалюткі дзень (чыркаіць сернікамі).

АНТОН. Аддыхну... (садзіцца на лаўку, мокры, змучэны, вочы ўваліліся).

ДОМНА. (ставіць яму на стол міскі с крупеняю і варывом) Еж ды лажыся, атпачывай... (палезла на пол).

АНТОН. (маўчыць; паменьшыў агонь у лямпі і разуваіцца, потым памыў рукі, сеў за стол, пачарэпаў ложкі дзьве варыва і сядзіць) Домна!

ДОМНА. (паўсонна) Што?

АНТОН. Бацька сьпіць?

ДОМНА. Сьпіць у сенцах, і ты сьпі...

АНТОН. А-га... (тушыць агонь і моліцца Богу).

 

Ноччу:

 

АУТУХ. (паўзець у хату і мацаіць на лаўцы) Згыркалі карэц... і гдзе яны яго хаваюць... Не набгом жэ піць мне з вадзянкі... А тут хто?! Хто ля вокна?..

АНТОН. (ціха) Я...

АУТУХ. Ці ты позна прышоў? Чагож ты сядзіш, кладзіся спаць...

АНТОН. У вакно гляджу... дождж ідзець...

АУТУХ. Ужо зараіць, чаму ня сыпіш, кажу? (стукаіць карцом) Во куды запёрлі, на суднік, знайдзі у поцемку... Лажыся, Антон... Што ты вытвараеш?..

АНТОН. (маўчыць) Ы-кы... (уздыхнуў).

АУТУХ. Не сядзі... (пайшоў у сенцы).

АНТОН. (пасядзеў яшчэ) Ой, ой, ой.. (мімаволі паойкаў і пашоў на двор).

ДОМНА. (прашнулася) Іванька, Іванька, Ходачка! Ходка! Можэ вонкі хочэце? Устаньце...

ХОДА. Ы-мы мы .. Я не хачу...

ДОМНА. Ну хадзі ты Йванька! (пайшлі цупаючы у цямноці).

АНТОН. (па спатканьня). Гэта я, ідзіце йдзіце...

ДОМНА. Чаго ты ўсё ходзіш? Я ня ведаю, ці лажыўся ты?

АНТОН. Лажыўся, спаў... (кладзецца на лаўцы, але ізноў, калі жонка с сынам прышлі пазаснулі, ўстаў і ходзіць па хаці, а то ў пуню пойдзіць, то с сабакам па дварэ пагамоніць, то сядзіць за стол і ўзіраіцца праз вакно у цемень; дождж перэстаў, толькі са стрэх капліць і цурбоніць у цэбр ля ганак).

Ціха ў хаці; Домна часам варушыцца і моніць карову праз сон, дзеткі цяжка дыхаюць і стогнуць.

 

Досьветкамі:

 

(Антон пашукаў бацькаў вобуй на печы, унёс вады і ўздаець, той мыіцца, пойдзіць на аблаву).

АУТУХ. «Пырсь, пырсь, пырсь!» Ня лі памнога... Спаў ба, я і без цябе пайшоў ба.

АНТОН. Усё роўна...

АУТУХ. (выціраіцца) Ніхай сабе, ўсё роўна... (ксціцца і моліцца).

АНТОН. (шавеліць губамі) Та-тулька... Татулька... (прычэпна угледаіцца на бацьку, потым шукаіць яму шапку, кладзець у скурацяную ахотніцкую торбу скобку хлеба).

АУТУХ. (памаліўся, сабраўся, пераксціўся перад абразамі). Ну пайду... Не забудзься на разок схадзіць, каб не патравілі там нашага пайшоў, Антон усьлед).

АНТОН. Схаджу, схаджу... (шэпчыць) Та-туль-ка... Татулька... (Доўга глядзіць усьлед бацьку на вуліцы, аж пакуль той не схаваўся за гарою).

 

ДЗЕНЬ:

 

АНТОН. Домначка! Пасядзі ты сяньні у хаці, сходзіш, даведаішся цёткі другім разам...

ДОМНА. Ай, не выдумывай.

АНТОН. Ну, дык вазьмі ты с сабою Іваньку й Ходачку.

ДОМНА. Пасядзяць і з бацькам у хаці.

АНТОН. Нудна мне сягоньні, Домначка...

ДОМНА. Яно ж і відаць: «Домначка ды Домначка». Разлашчыўся...

АНТОН. Дужа мне ня хочыцца аднаму аставацца...

ДОМНА. Ці ты гэта хворы чым, Антон, ці што с табою? Нешта — усё дно, як маленькі. Ну ты скажы мне, прызнайся, што табе, а? Баліць што?

АНТОН. Нічога мне не баліць. А так, ня ведаю, дасада нейкая... Дык ідзі сабе к цётцы, ідзі. (уздыхнуў) Я пабуду з дзяцьмі. Ды не баўся ж там, скора варочайся. Чуіш?

ДОМНА. Чую... (завязываіць хвустку). Ня ўжо ж я глуха?

ХОДА. Мамачка, вазьмі мяне с сабою, вазьмі, вазьмі...

ДОМНА. Ты маленька, ня дойдзіш.

ХОДА. Я ўжо бліноў пад’ела, дайду, а вот жэ дайду.

ДОМНА. А ня дойдзіш! Я табе гасьцінца ад цёткі прынясу (прыбралася, апранулася) Ну, не пускайце ж сабаку...

ІВАНЬКА. (узяў скарыначку хлеба) На, Буян, на!.. Цю-цю-цю...

БУЯН. Гаў-ву-у... (выіць і ня йдзець у хату).

ДОМНА. Што гэта яму яшчэ? На, цюцька, на... (Буян убег у хату) Ну дзяржыце ж яго, пакуль далёка зайду, ато зьбяжыць (пайшла).

АНТОН. Ня пусьцім... (Глядзіць у вакно за Домнай).

Раньня было пагодлівае. Кроплі дожджу павісьлі у саду на лісьці, сонца ў іх блішчыць... Вада з бацьвіньня на гародзі добра не сьцекла, вада на лажку, на нізінках. Па небу ёсць аблокі, але мала. Сонца грэіць, ды не надта; веіць вецяр ціхінькі і шуміць бяроза вецьцем.

Антон каля ў поле завёў, парасяткам сыварадкі наліў у карытца, памыяк сабацы у чэрапку даў, вароты запёр... Нудны, смутны, невясёлы, аб нечым думаіць. Робіць усё — чыста мэханічна.

 

Пад паўдзён:

 

(Пакарміў дзяцей, сказаў, каб ішлі пад ігрушай пагулялі, сам пахадзіў па двару, па пунях, па гароду, на гумно схадзіў, прыйшоў у хату і стаў па калені прад абразамі. Кланяіцца, кланяіцца, глядзіць на абразы, цьмянны такі стаў, паклоніцца, пацалуіць зямлю дый ізноў. А нічога ня шэпчыць...)

АНТОН. (у вакно) Ходачка! Ці ведаіш, дзэтка, гдзе дзед брусок схаваў?

ХОДА. (з вуліцы) Што, тата? Брусок? Які?

АНТОН. Што нажы, косы войстраць..

ХОДА. Можэ ў заложашніку?

ІВАНЬКА. Не! Мама ў суднік схавала.

АНТОН. А... Ну ладна, ладна, гуляйце сабе... (пайшоў і дастаў брусок, паклаў на лаўку; потым пашоў пад павець, атчапіў касу ад касаўя і нясець у хату; пераксціўся і пачынае тачыць касу. Прыходзюць дзеці; дзівяцца).

ІВАНЬКА. Тата! (здзіўлена) Ці касіць пойдзіш, а сягоньня ж сьвяты дзень?

АНТОН. Да не: гэта во пойдзім каня глядзець к лесу, дык там каля крыжа сакі у балоці нарэжу кароўцы к вечару.

ХОДА. Татка! I я пайду?

АНТОН. Трэба, дачушка, і цябе узяць, пойдзіш і ты...

(На вуліцы пачынае выць Буян).

ІВАНЬКА. (спуджэна) Чаго йта наш цюцька усё выіць?

АНТОН. Зьбегай, згані, дык перэстаніць... (натачыў касу). Ходачка, ўздай мне вадзіцы па рукі.

ХОДА. (уздаець ваду) Чаго ў цябе, татулька, чорна пад кіпцямі, а? Гразь?

АНТОН. Гразь, дачушка. Трэба вымыць (вымываіць мазалістые рукі, чорные ад працы, дастаець і бруд с-пад кіпцяў, каб было чыста; мыіць і від).

ХОДА. А чаго ж, татулька, у дзень мыішся?

АНТОН. А ў сьвята можна. Памыйся і ты. (Прыходзіць Іванька) I ты, Іванька. памыйся.

(Дзеці мыюцца, пырскаюць, забаўляюцца; Антон абціраіцца адным канцом рушніка, ім даець другі).

ІВАНЬКА. Пойдзім?

АНТОН. А ўжо... (ксціцца на абразы) Трэба Буяна у хату паманіць, ато зьбяжыць за намі, астанецца двор адзін (бярэць скарынку і, атчыніўшы дзьверы, пачынаіць з дзяцьмі маніць сабаку у хату; віхліць, а ня йдзець).

АНТОН. Ну, прах з ім. Ніхай бяжыць і ён з намі... (пайшлі; Антон схаваў касу пад палу).

ХОДА. I ягад, тата, а? I ягад?

АНТОН. Што «і ягад?» Ну добра, добра...

(Ідуць па гародзі, па мяжэ, сярод канапеляк, потым па полю між маладога жыта, ірвуць васілёчкі).

ІВАНЬКА. Татка, жыта каласіцца?

АНТОН. Каласіцца. Ты ж глядзі.

ХОДА. Татка, я вянок спляту.

АНТОН. Спляці, дзетка; с калосься і з васількоў; прыгожа будзіць.

ІВАНЬКА. Татулька! I я спляту...

АНТОН. Табе не падходзіць, ты ж хлопчык.

(Буян забегаіць наперад і пачынае скігітаць).

ІВАНЬКА. Ізноў цюцька...

АНТОН. Гэта ён так... (маўчыць).

ХОДА. Есьцькі хочыць, а?

(Узыйшлі на лог; дзеці ірвуць званочкі, канапельку, божые сьлёзкі, рамон, мыльца, казеліц; патроху-патроху падходзюць пад лес. Уперадзі відаць нізіна, рэчка, а з-за рошчы далёка далёка бялеіцца паньскі провар. Навокала з адпаго боку дарогі жыта, з другога парыня.

Тут на ўзгорку пры дарозі,

Пры адным — аднэй бярозі,

Патрупехлы, пачарнелы,

Стаіць крыжык анямелы.

Ен парос сівым мохамі пахіліўся. Антон садзіцца каля яго).

ІВАНЬКА. Ці тут сядзім? А каня глядзець?

АНТОН. П-посьля.. п-пагля-дзём... (пачыпае няроўна дьіхаць).

ХОДА. I сакі посьля парэжым?

АНТОН. П-посьля (дастаець касу с-пад палы і кладзець каля сябе).

Хода пляцець вянок водаль троху, занялася там.

АНТОН. Іванька! Х-хадзі, сынок, я... я табе у галоўцы п-пашукаю...

ІВАНЬКА. А ў мяне мама учора шукала... (падходзіць і кладзець галоўку на ногі бацьку).

АНТОН. (калоціцца, як у трасцы) В-во так... ляж, ляж...

ІВАНЬКА. Татка, ці табе сьцюдзёна?

АНТОН. Н-не... н-не...(сьціскаіць зубы і водзіць леваю рукою па белых валосіках сына, другою бярэць касу) П-павярніся, дзетка, во-о т-так... (павярнуў дзіцёнка за галоўку і раптам шах! касою па шыйцы).

ІВАНЬКА. Та-та о-у-мэ-у... (тропнуўся; кроў забіла цурком; галоўка закацілася на бок) Хр... Хр...

Сабака атскочыў у бок і брэшыць, наставіўшы вушы.

ХОДА. (моўчкі азірнулася і, страшна вытрашчыўшы вочы, глядзіць з жахам, ня могучы парушыцца) А-е-а...

АНТОН. (на Ходу) Хадзі сюды! (хочыць падняцца, каб злавіць Ходу, ня можыць).

ХОДА.(зірнула ў бок і непрытомна закрычала) А Йванька? (пабегла па дарозі з усяе сілы, але не шпарка, бо ногі заплетаюцца; сабака — ўсьлед, скігочыць і хвост падагнуў у ногі).

АНТОН. Дзе-е-ткі... Б-бо-жэ... (вісока падняўшы галаву, водзіць касою сабе па горлу, перш тупым бокам; рука трасецца, увесь ён калоціцца; перэвярнуў касу і шмуляіць па глотцы... Кроў чырвона чорная палілася цурочкамі па жупану. Выкаціўшы вочы, патроху схіляіцца на бок; каса валіцца, абпэцканная ў кроў. Белы, белы, гдзе німа крыві, ляжыць і стогніць. Ліцо сказілося ад мукі. Кроў цячэць... Многа крыві... Яна патроху чарнеіць і запекаіцца на сонцы, хоць яно ўжо на захадзі).

У лясу пяюць дзеўкі й хлопцы.

 

 

X.

На тых ігрышчах і гульбішчах

бясоўскіх умыкалі жон сабе...

Сівая старына.

 

Гандзю-душка, не чурайся

Дый на Божу волю здайся;

Прыгарнісь да сэрца мога

I не зважай на нікога...

З нейкай песенькі.

 

— „Што такое жыцьцё?

Замест атказу ён аткасаў рукаво з лахмоцьця на сваей руцэ і паказаў страшную гнілую, смуродную, глыбокую рану...

А каля іх пелі салаўі; лілі арамат, красавалі пышные, белые й чырвоные рожы“.

Успамін В. Гаршыну.

 

Недалёчка адгэтуль, каля лесу, пад рэчкаю, на скошаным лажочку гуляюць хлопцы й дзеўкі. Разлажылі цяпло, скачуць чэраз яго, ірвуць каля рэчкі неабкошэные у кустох незабудкі, а вышэй, каля дрэў, белы рамон, прынясьлі і васількоў і калосься і ўюць вянкі і пушчаюць у рэчку; некаторыс гутаюцца на вецьці, іншые частуюцца тым, што прынясьлі. Пяюць, сьмяюцца, рагочуць, жартуюць.

Пагода ладная, мясьціна прыгожая; адгэтуль добра відаць у даль дарога, абсаджэная дрэвамі, паньскі провар, хаты, бліскучы крыж на цэркві, і пры дарозі, з-за жыта, каля парыні, выглядае вяршына анямелага крыжыка прыдарожнага.

ШАХЦЕР. (садзіць пад бярозай са сваею Настулькай, тут жэ піва ад Еселя і дэлікатэсы) Ну, слухай, Насьця, сьмех-сьмехам, торба з мехам, а я не жартуючы кажу табе — дасць бацька за табою гнядога жэрабка, дык справім вясельля без аніводнай застановачкі... Ато, брат, трудна адразу разжывацца... Як мы будзім?

НАСТА. Я ня ведаю.. Вы пагаманіце с таткам.

ШАХЦЕР. I пагаманю. Але ты мне скажы, могуць вашы аддаць жэрабка? Ня будзіць гэта цяжка для свайго двара? А там я падумаю, а Насьцёха-лісьцёха ткі будзіць мая...

НАСТА. (заірдзелася) Можэ брат скрывіцца, ды толькі не... Ай, вы ўсё сьмеіцёся...

ШАХЦЕР. Каб я жыў... Ну, слухай, зьеж от гэту цукерачку, смашней будзім цалавацца...

НАСТА. А йдзіце вы...

ШАХЦЕР. Пайду, пайду... (цалуюцца).

 

Пад арэшынай:

 

МАКСІМ. (да Зены) От ужо і пажартаваць с табой ня можна... паненка... Запышэла, загардзілася...

ЗЕНА. (падпускаіць альлегорыю) Калі ў цябе дурные жарты... У людзей гэтак не паводзіцца... (палажыла яму руку па шыю і ласкочыць).

МАКСІМ. Цап!! (Яна атхапіла руку) А ну, ну пажартуім (лезіць каб і яе пяласкатаць).

ЗЕНА. Нахабства! Зухвальства! (б’ець яго па руцэ і сьмяецца).

 

Расхаджываюць па лагу:

 

МІХАЛКА. («масковец», але Масквы бачыў мала; у лакірованых ботах, «какаіць» і «благародзіцца»; прыхахуліўся да меньшай старастоўвачкі Ганны; тая ад сораму аж гарыць). Да как-ста вы, Анна Хомаўна, располагаіце, віць ў наша ўрэмья не то-уж, как мы ста, собственно говора, па сымпаці и і такжа далее, а оццы тока уш: «Благаславіце, папаша да мамаша-та, выдайце прыданае, ці как лі падзеравенску пасаг празываіцца, што уш прэдназначэна, і тока ўсіво... А ўсё супружэственное прэдпалагаіцца к таму, как, значыцца, мы, я да вот вы — уж, Анна Хомоўна, па сымпаціи і ўсё такое, алі что жанесклонная анціпація можэць быць, как вы панімаіце... Скажыце: жысць ці лі сьмерць?

МІХАСЬ. (крычыць з бярозы, увідзеўшы Міхалку) А-а, ці-лі, ці-лі, выліцелі...

МІХАЛКА. Какое здзѣся у нас неабразованіе, можна сказаць, і цемната... Нікакого абрашчэнія, как хуліганы ці-лі уш... (круціць вусікі і пазіраіць па мыскі сваіх ботаў). Так рэшайце, Анна Хомоўна...

ГАННАЧКА. А ў нас усе, ведама, па дзеравенску, а я ня ведаю, што як татка. Я і гаварыць правільна, па-паньску ня ўмею, вам будзіць сорамна з-за мяне, мужычкі...

МІХАЛКА. Да что-ста, я можна сказаць, мужык, навук велікіх не проходзіл, как говорыцца; сперва сьміются, конечна, і поляком ругаюць, дражняць могілёўскім мякіннікам, а потом нічаво, совершэнна как по горадзкому. А вы как жа, што разумеіцца, дзеравенскія, ды ўсе жэ, как ваш папаша стараста, ў домі самавар і ўсё такоя...

ГАННАЧКА (ідзець уздыхаючы, ня ведае, шго гаварыць; з гарашчымі шчочкамі глядзіць уперад, не звертаючы асаблівай увагі ні на што, расчулілася). Ах! Так... і што...

МІХАЛКА. Анюта-точка, так как ста уш? (нежна залезаіць ёй у вочкі; ёй пачынае робіцца троху брыдка).

 

На лажку:

 

ЯГОР. Го-го-го!. Падажджы... падажджы... (доляецца з Мархвай, адбіраіць персцень, хочэ паваліць, ды яна не слабейшая; абое уваўрэлі і расхрысталіся).

МАРХВА. Ягор!.. Ці чуіш ты? Адлезь!! Я ж табе не маленькая... х... ж... х... (сапець). Ягор! Што гэта за наруга? А ма-а-ма!

(Хлопцы глядзяць і заліваюцца, мягнуць со сьмеху).

АНДРЭЙ (падскочыў да Полькі і схапіў за хвартук). Ненагляда мая!..

ПОЛЬКА. (невялічкая, верлавокая за надта) Ой! шалёны! (Дала яму добрага каршня) Страмнік ты, дурэнь!

ХЛОПЦЫ. I то-балазе! Га-га-га... Во скасавурылася: капейку дала.. Гэ-гэ-гэ... Лацьвей с такою, паненкаю любіцца... Ха-ха- ха!.. А найзлашчы Андрэю... Андрэй не дурэй!.. Іга-га-га.

АНДРЭЙ. (комільгом пракаціўся ад таўхаля Полькі і пачаў яшчэ вытвараць) Ай ты шуціца-маркуціца мая! Зазлувалася й шчупнуці не дала!..

ХЛОПЦЫ. Іга-га-га!..

ПОЛЬКА. Агідкі! Гульняў лепшых ня ўмеіце .. (пабегла да груда дзяўчын).

ХЛОПЦЫ. І-га-га-га!..

 

Бягуць к цяплу:

 

МІКОЛА. Гэй-гоп! Хлопчыкі!.. Гэй гоп, дзевачкі!.. (скачыць чэраз цяпло, за ім хлопцы і, як козы, дзеўкі).

АУГІНКА. (разьбеглася, падхапіла спадніцу) О лёп! (перэскачыла, заблуталася і завалілася, па яе пачалі сыпацца адзадзі).

ХЛОПЦЫ і ДЗЕУКІ. (валюцца сумысьля і адзін другога валюць) Задавілі! Ой! Пусьціце! Ня лезь, гад, па руцэ дам! Груд малы! Груд малы! Пацалуй, дык пушчу... Ці ты ашалеў? Ня цісьніце, ай! Ай! І (капашацца, як ракі; дзеўкі найболі зьверху, каб не запэцкацца ў зелень на траве).

АНТОСЯ. (на вецьці) Гу-та-шы... Дурні хлопцы нашы... Гу-та-рэ-лі, — хлопцы паздурэлі...

ІГНАТ. А дзевачкі ашмурэ-э-лі... (гутаіць яе, аж спадніца раздуваіцца ад ветру).

Над рэчкай другіе дзяўчыны хапаюцца, пакуль не прыбеглі хлопцы, пусьціць вянкі...

Збоку падходзіць яшчэ груд хлапцоў с суседніх дзеравень, мусіць, духам чуюць, гдзе дзеўкі; яны з бубнам і скрыпкаю...

ДЗЕУКІ (пяюць):

Вы дзеўкі дзевачкі,

Пойдзім у лужочкі,

Пойдзім у лужочкі,

Мы заўём вяно-о-очкі...

Хлопцы іграюць і бубняць; адзін наперадзі ўсіх скачыць, пяець прыпеўкі і прыстаўляіцца:

Ні па небу хмара ходзіць —

Па нябеснай высаце.

Ні па дзеўках хлопцы плачуць —

Па дзявоцкай красаце...

МАТРУНА. Хліманёнак пабыў у сьвеці, дык толькі й знаіць свае паскудные прыпеўкі...

ЛЕКСА. Звык... Не, сяньні, так сабе, ато як пачанець непрыгожые пець... і лаіцца.

МАРТЫН. Братцы, цяпло добрае: нясіце яйкі, яешанку спражом; бабы ў залужжа пайшлі прэгч...

ДЗЕУКІ (не зважаючы на хлапцоў, паўплеталі розные касьнікі ў вянкі і здзеваюць перстні і пяюць жалосна).

Ой рана, рана русалкі сядзелі

Русалкі сядзелі ды й дзевак гукалі:

— Дзевачкі красачкі, дайце нам кашулі,

Ой рана, рана, дайце нам кашулі; —

Сядзім у халадочку ды й заўём вяночкі...

Ой рана, рана...

ХЛОПЦЫ. (мардуюцца, лезуць к дзеўкам, ірвуць перстні, пяюць, скачуць, іграюць, жартуюць).

НАВУМ (дражніць дзеўчын).

Сватай мяне, такі-сякі,

Ня ўводзь ў худу славу...

Ой, гоп, уха-ха-ха...

КАСЬЦЮК.

Ох і што каму за дзела,

Што дзевачка с хлапцом села...

  Ой, гоп, уха-ха-ха...

ЗЬМІТРОК.

Хлопчык з дзеўчынкай злюбіўся,

А ўжо, й волічкі рашыўся...

Ой, гоп, уха-ха-ха...

ЦІМОХ.

З бацькам, з маткай пасваруся,

  Грэху набяруся —

З мілай, любай сустрэнуся,

  Не нагаваруся...

Ой, гоп, уха-ха-ха...

(Хапаюць кожды сабе сваю і пачынаюць парамі круціцца і пець прыпеўкі.

Потым адны пайшлі ў кусты, другіе к цяплу, трэцьціе пускаюць вянкі на рацэ і пяюць).

АДНА. Мой паплыў, паплыў, сястрычкі!..

ДРУГАЯ. Патануў... патануў... гой, ліха маё, лі-іха...

ТАЦЯНКА. Кідзёх! Ой!!! О-ё-ій...

СКАЛАЗУБЫ. Тацянка, Тацянка, што с табою здзеіцца да вянца, чаго твой вяночык парваўся, гэткі прыгожы развязаўся?

ДЗЕУКІ. (пяюць, вядучы абабраную „Лёлю“ ў вянку, сыплюць на яе краскі).

А што ж ты, рожа, адна ў гародзі?

  Рожа мая чырвоная!

Непраўда ж твая, я ж тут не адна —

Што ёсць красачкі, то ўсе са мною,

перэда мною...

ХЛОПЦЫ. (наперабой)

Гуляй, гуляй красна рожачка адна,

Бо ёсць ў мяне шчэ й палепі за цябе

I вачамі і броўкамі пачарней,

Гой-гой, гой-гой, шчэ й лічэнкам крумяней...

(Большая частка дзеўчын рыхтуюцца іці да хаты).

Ой, дамоў, дамоў!

На дварэ не рана,

На дварэ не рана,

Раса прыпала...

(Ідуць па дарозі, па лажку, абшчапіліся, ірвуць васількі, пяюць).

ЗОСЯ. Сястрычэнькі! Хто ж там бегаіць, зірніце туды, наперадзі каля парыні?

СТЭПКА (блізарука). Авечка ад статку адбілася...

ВУЛЬКА. Дзевачка бяжыць..

ЯХІМ. Гэта нашская... Чаго яе хапіла?

(Пабеглі к ёй у-грунь).

ГАННА. Ай, Божухна, там нешта нядобрае... (ірвецца бежч).

МАСКОВЕЦ (дзяржыць яе за рукі). Да што-ста мы за дурачкамі пабягім? Мы уш і па малому дойдем-с... Ерунда какая прэпалагаіцца...

ХЛОПЦЫ і ДЗЕУКІ (бягуць). Гэта Хода Лесьнікова! Хто яе скрыўдзіў?

(Запыхаліся і прыбеглі к Ходзі).

ХОДА. (Зарумзанная, асіпла, хрыпіць грудзьмі, гаворыць як толькі чутна). Та-та... І-вань-ка... та-ам... кро-оў... гу-гу... ы-ы... (стогніць і плачыць-сіпіць).

УСЕ. Што такое? Што такое? Ходачка, хто цябе? Ай дзе татка? Што Іваньку? Чаго ж ты плачыш? Скажы нам, а?..

ХОДА. Ка-со-ю... кроў... вун там...

ШАХЦЕР. Братцы, тут нешта важнае... Гэй, хто, — бяжым туды, як магчымасьці... Гэй! Дзевачкі, вазьміце Ходку, паднясіце...

(Пабеглі па дарозі да крыжа).

АНТОН (слаба рушыць адною рукою і хліпочыць горлам). Сю-ую-хлю-схлю-джы... (хочэ сказаць "сюды“; абхапіў рану на глотцы).

ШАХЦЕР. Браткі, беда!.. А я-я... Хто ж гэта іх?

НАУМ. Іванька... Іванька...

НЕХТА. Па урадніка...

ДРУГІЕ. Ой ой-ой!.. А Божачка! (анямелі).

ШАХЦЕР. Ну, хлопцы, хто шпарчэй за канём, а вы, эй, бярыце дзядзьку Антона... Што ж, павядзём, пакуль конь, падпашкі у бальніцу да мясьцечка... За вадою, Касьцюк! Жыва, гэй...

ДЗЕУКІ (плачуць). Іванька, Іванька... Нежывенечкі... Кроў... (ня могуць глядзець і цягнуцца глядзець).

АНТОН (кратаіцца). Брл... бжрл... брыць-крл-кі-хр...

ЗЬМІТРОК. Маўчы, маўчы, дзядзічка Антонька, кроў пачынае іці...

ШАХЦЕР. За ногі, за ногі... А ты, Йван, за галаву!

АНТОН. Крлых-хліп... (верніцца да трупіка Іванькі; дзірка ў горлі атчыняіцца).

ЦІМОХ. Ен хацеў сказаць: «браткі».

ШАХЦЕР. Не глядзі, не глядзі... Дзеўкі, бяжыце шпарчэй да хаты... Каб там прырухтавалі...

ДЗЕУЧАТЫ (абціраюць сьлёзы, іншые бягуць). Што прырухтаваць... Ах, ай, ой...

ХЛОПЧЫКІ. Што ты думай... (нясуць ужо з балота вады ў шапках).

(Каля Йванькі асталіся хто сцярэжч; Вулька накрыла сваім паркалёвым хвартучком; плачыць аж заходзіцца. У Ганначкі сударгі адплачу, накрываіць Іваньку хвусткаю).

МАСКОВЕЦ (спакоіць Ганначку). Да уж бросьця-та плакаць, Анна Хомоўна... Да віць ў Маскве на дні-та сколькі раз так бывает, ці лі хто наплачытца?..

МУЗЫКІ — скамарохі (інструмэнты пахавалі пад пахі). Як ты ў Маскве уцэліў?

МАСКОВЕЦ (ня чуіць). Неабразованвасць...

СКАЛАЗУБ (сумна). Эх! Падгуляў дзядзька Антон: такое надвор’е і дзеўкі ў лясу, а ён увесь гумар папсуваў...

ШАХЦЕР (і другіе ўжо колькі ганей адыйшлі, вядуць рэзаніка, горла абкруцілі паясамі і абвязалі дзявоцкімі стужкамі; потым нясуць, бо аслабеў). Яшчэ, яшчэ, брацікі, каб даў Бог да бальніцы... (шэпчыць) ...Жывога... (дужэй) Толькі ня зюкай, дзядзька Антонька!..

(На сустрэчу у карэці, па пары, паня Іванецкая і Клава).

КЛАВА. Селівончык! Ць-шы... Стой. Што гэта? Што... каго нясуць?

ПАНЯ. Паганяй, паганяй, дурэнь! Зарэзалі буяны некага... Ды паганяй жэ, ёлуп!

КЛАВА. Цёця, цёця! Мы дайдзім, саўсім жэ недалёчка, ніхай баржджэй вязуць гэтага гаротніка у бальніцу... Ой, цёця мая...

ШАХЦЕР. Каб вам даў Бог, здароўічка, паненачка дарагая! Замарыліся, а пакуль падводу падгонюць... (шэпчыць) Хоць ба па дарозі не памёр...

КЛАВА. Нічога, нічога... Кладзіце, брахнінькі, яго... Цётка, вылезайце, ня можна марудзіць...

ПАНЯ. Клавачка! (цішком да яе) Не выдумывай, давядуць... Антон гэта... рана... (шэпчыць) Усі падушкі выпэцкаюць...

АНТОН (заварушыўся на зямле). А ух-грп-дш...

КЛАВА. Цётка! (крычыць істэрычна). Вылезайце, кажу вам!.. (заплакала).

ПАНЯ. (патроху выпаўзаіць хлопцы ёй асьцярожна памагаюць). Чыя ж гэта работка? Клавачка! Нэрвы... ізноў... Такое спатканьне... Ай, хуліганы, хуліганы... За Аўтухом спасылайце ў Цёмны Лес, аблава канчаіцца. Ах, далёка...

ХЛОПЦЫ. Добра, панічка, вялікі дзякуй... (сьцелюць пінжакі ў карэці на падушкі і потым кладуць Антона; Селівон заварачываіцца. Шахцёр і Навум селі абапал, паехалі).

КЛАВА (прыціснула белую насатачку к вочам і пашла па дарозі, ні дажыдаючы пані). Бедные людзі, жалобные людзі... і цёця... і я... і мы... сорам, сорам нам! Жыцьцё... што робіць?

ПАНЯ (яе вядуць хлопцы пад-пашкі). Клавачка! Клавачка! Мон... (хочэ гаварыць па-французску, каб хлопцы ня ведалі; Клава ні адгукаіцца). Во й кажды раз гарэлка вас да чаго неладнага давядзець... Разгультаіліся, толькі водку...

ХЛОПЦЫ. Ня мы ж тут, паніч...

ПАНЯ. Значыцца грошы многа зарабляіце... Касцы ў мяне, у пані сваей, па рублю, а?.. А хто ж яго? Клавачка!

КЛАВА (смуткуіць). Пецярбург... студэнт Міця... Гутаркі... белые ночы... ідэі... Дэмократызм... Німа нічога... Сьмеялася... Гады зацішша... Гдзе тое захапленьне... Ну-да... Сорам... Мужыкі... Як жыць?.. Цёця... Лясьнік... Абдзіраньня... Драбяза... Брыдота... I так прашлындыць... да сьмерці... I ўсё...

 

 

XI.

Упокой, Господзі, душы усопшихъ раб Твоихъ...

 

Цямнеіць... У Жабона каля хаты, пад вакном, заткнутым анучкаю, стаіць царкоўны стары крыж і падраная старая пратэса. Каля хаты і ў хаці гоман. У хаці пахніць мертвяцом і воскам. На лаўцы ляжыць прыбраны Іванька с чорнаю паміткаю на галаве і з венчыкам паверх яе на лобе. Псалтыр чытаюць вучэнічкі земскай школкі памеранку. Бабы сідзяць, ходзюць, моляцца, плачуць. Домну унімаюць, хворай Ходачцы бліноў даюць, — ня есць, — ды вады падносюць. Хаўтуры... мужыцке хаўтуры...

 

ЧЫТАКА. Упокой, Госпадзі, душу новопрестаўленнаго раба Твоего Іоанна... (папраўляіцца) ...младенца Іоанна, идѣже нѣсть болѣзни, печаль...

ДОМНА. (выбілася з духу, пакуль прышла, цяпер ад гора зайшлася, прыпадзець да ножак сына і выіць)

А маё ж ты, дзіцятычка,

Куды ж ты проціў ночачкі выбраўся,

Не пашкадаваў жэ нас твой татачка,

А Бог жэ сьвяты ведаіць, што ён меў на ўме...

СУСЕДКА. Ну дос, дос, мая кумачка.

ЧЫТАКА. Блаженъ мужъ, иже не иде на совѣтъ нечестивыхѣ, и на пути грѣшныхъ не ста, н на сѣдалищѣ губителей не сѣде...

ДОМНА (ізноў).

А цяпер жэ аб нас людзячкі будуць судзіць і гаварыць,

А гдзе ж яны былі, чаго маўчалі раней таго...

БАБУЛЬКА (скрыпіць). О-о, людзюхны... хацела б ты, лябёдка... Цяпер і радня — балеваць хоць да-дня, а як ня пір, дык хоць ты ў вір... Людзюхны.

ДОМНА.

А мой жэ ты зязюлёк,

А мая пралесачка кволая,

Сыночак даражэнькі,

А я ж цябе выхварэла, вымаліла,

Пад сэрцэм насіла, Бога прасіла...

Цяпер жэ ты, мая ягадка недасьпелая,

Адкацілася ж ты без пары...

БАБУЛЬКІ. А ведама, праведные душачкі й Богу ўгодны... К нам во старым ішла б ты, сьмертухна-матухна, дык не...

ДОМНА. (хліпочыць с сударгамі)

Хто ж цябе там будзе прыглядаць,

Да каго ж ты там прыхінешся,

А што ж гэта твой татачка задумаў,

А ці жывенік ён сам тамыцька,

Ці за сыночкам пайшоў?..

Бог жэ сьвяты ведаіць яго,

А за гэта мне Бог паслаў,

А баліць-ломіць мая галовачка,

А што дзеіцца, а што будзіць, а-я-ай...

(ажно хістаіцца ад плачу).

СУСЕДКІ. (адводзюць ае). Ну дос, дос, кумачка, Домначка, родненькая, Богу маліся лягчэй яго душачцы будзе ад матачкі атсравацца... Даволі, досыць... Ах, Божэ наш, Божэ наш... Усякай матцы гора ды гора; то дзетачак вынасі, выхварэй, то іх узгадуй, сілачку накладзі, ато яны у сьвет пойдуць, на нас забудуцца... Гдзе там... Ну хадзі ж ты, кумачка, выпі во вады, ну пакінь плакаць, родненькая... (Домна плачыць і ламаіць рукі, суседкі хліпаюць).

У ПАРОЗІ ПАЦІХУ. Стары Аўтух у мясьцечка кінуўся... На аблаві быў... — Ах, ах, добра што яму адразу ўсяго не сказалі, кажуць, застраліцца хацеў, як дачуўся... — Ня можэ быць, не такі чэлавек, камень... — А наўрад ці выжывіць Антон, усё горла перашмуляў... на адным храшчычку засталося... — Дактары зашылі; о, брат, узяліся, паненка запіску прыслала... — Якіе дактары? Глаўнага німа, паехаў у госьці; адзін хвэльчар... — I што тая запіска, крыві сьцякло многа... А яшчэ каб ён маўчаў, ато пачанець гаварыць, а горла... дзірка... рана расчыніцца, разьзявіцца, дык яму ня можна дыхаць... — пакуль хлопцы даўміліся прывязаць галаву цясёмкамі пад пахі, ато, загаворыцца, а галава кідзёх! Ад’едзіць, — дзірка вялікая... — Уй! — Толькі кроў адтуль точыць і точыць... — Касою... А-я-я...

МУЖЧЫНЫ. — Ці труну майструюць. — А пашоў Езка Банадысёнак на панскі двор, паненка дошчак дала, там зляпаіць ды й прынясець... — Езка? Ці памірыліся? — А не кажы... — Ці праўда-то, паненка і грошы на хаўтуры колькі там дала? — А можэ толькі пэнсію Аўтухову, не плацілі ж акуратне... Не, паненка ад сябе дала; кажуць і Ходку хочэ ўзяць на ўзгадаваньня, вучыць будзе. — Ціж Домна аддасць? Матка... Паня старая не захочыць...

БАНАДЫСЕНАК. (прыносіць у сенцы гробік) Едуць, здаецца, едуць с-пад мясьцечка...

ХЛОПЧЫКІ. (бягуць у хату) Памёр! Памёр! Да-душы памёр! З мясьцечка прыехалі...

ХАТНІЕ. Што? Што?

ХЛОПЧЫКІ. Антон у бальніцы памёр, кроў зыйшла...

ДОМНА. Э-эк... (завалілася).

БАБЫ. Вады! Вады! Бярыце... паднімайце... (нясуць яе на пол)

АДЗІН. (шэпчыць у парозі другому) без папа... Не прыняў папа...

ДРУГІ. Што? хто? Антон?

ПЕРШЫ. Так памёр, не захацеў спаведацца...

ДРУГІ. Ах, ах, ах! Што б то значыло? Тут нешта ёсць... А поп?

ПЕРШЫ. А што ж поп? Сказаў, быццым Антон быў ужо непрытомен, калі гаварыў, што ня трэба яму папа...

ДРУГІ. I пашоў? А хаваць гдзе?

ПЕРШЫ. I пашоў... Пахаваіць на магільніку.. на гаю...

(Уходзіць Жабон, чарней зямлі, на людзей не глядзіць, ксіцца...)

ЖАБОН (раптам валіцца на калені прад Іванькай, шэпчыць, а можэ думаць). О, Навышні! Пакараў ты дом мой... цяжка пакараў. За што? За што??. (колькі часу стаіць-ляжыць зьнямеўшы).

УСІ. Узіраюцца, хліпясьлівые плачуць, чытака зажалобна чытаіць, Домну атхаіваюць, Хода на палу нешта трызьніць.

А ўжо тымчасам саўсім позна, цёмна. На вуліцы гамонюць.

ЯКАУ (с-пад-ціха, злосьліва). Даскакаўся Аўтух, жывога сына ў магілу ўвагнаў...

ГАУРЫЛА. Ен і нябожчык змалку нябога нейкі быў.. Хто разьбярэць іх, бацьку с сынам? Грэх, братцы і на дзеда, на Аўтуха навалівацца надта! Што праўда — то ня грэх, гарэлка губіць яго дужа, ды хто ж ня п’ець у наш, у век дурны? Цяпера з ім, ой гэткая беда!.. Як ён аправіцца?

ЯКАУ. Ладзен, ладзен ён, твой добрэнькі Аўтух, сабака паньскі, абдзірала... Паліцыя ніхай возьміцца яшчэ, не падаруіцца яму...

КАРПА. А што ж паліцыя? Паліцыя? Памойму, паліцыя нічым-чагенька ні зачэпіць. Хлапчышку пахаваюць тут, Антона там, бо там жэ і выпыты робілі... Шчэ гаварыў ён троху...— «Сам», — шэпчыць, — «сам...» хрыпіць на ўсякае пытаньне, а як пачалі дабівацца чаго, за што, зь якіх прычын, — гаротнік занямеў, ні слова не прамовіў, дыхнуў, як рыба, разы тры, паціху пацягнуўся, крыж-на-крыж рукі сашчапіў, сканаў...

ГАУРЫЛА. Ага, брат, трудна раскапаць, ад чаго бывае што на сьвеці! З-за бацькі? Дык а ці мала ж іх, ці мала ж іх, дурных бацькоў? Трываюць дзеці іншые, трывай і ты. I, хваліць Бога, бачым мы — цяпер сынкі на бацькох езьдзюць... I ён, нябожчык ба паехаў, каб захацеў... Другі сынок даўно б і с хаты вытурыў старога Аўтуха. Не, мусіць, наш Антон такім нялюдзкім зарадзіўся. Планета ў яго такая...

ВАНАДЫСЬ. А і праўда. Бывала маленькі Антонька — як той ваўчок. Адзін, ваўчком, адзін заўсёды... Ад клумлівай блазноты водаль... Галузываць, гарэзываць ён не любіў, рахманы быў хлапчышка. Але часінай плачыць нема-ведама чаго — то ўжо загана. I сам Аўтух казаў: «Што гэта за дзіцёнак: дурны — дык не дурны, каб хваравяка — не, а штосьці ё-такое». Падрос Антон, Аўтух інакш і не сварыўся, як толькі: «Ах, дурэнь! Ну і дурэнь жэ ты!»

ГАУРЫЛА. А так падумаць, што за жыцьцё яго было? Аўтух заробіць дый прап’ець, а не заробіць — с хаты цягніць ды ўсё і прагуляіць. Ато к сабе усякай шабадрэні араву прывядзець і п’янствуіць. Заўсёды сварка, непрыемнасць, а хлеб — аткуль ён? Дзеткі малы. I Домна высахла аж выпятрыла ўся... Заможные браты па сьмерці бацькі і нос вярнуць пачалі ад яе, што за такога на сухоты пашла яна.

БАНАДЫСЬ. Каб то знацьцё, як калі будзе. Антон ёй дужа упадобіў, што гэткі зьмірны, ціхі, сьціплы, што не гуляшчы...

ГАУРЫЛА. А можэ і супраўды пайшоў ён на той сьвет таго, што так ад Бога было яму ўжо прэдзначэна...

ДЗЕМКА. (сам недалужны чэлавек, асьмеліўся сказаць) Во-во-во... Яно напэўна ў галаве было такое, як тое кажыцца, такое распалажэньне... Пачаў, гэта, задумывацца ён: «А што й к чаму? Чаго я буду жыць? А дай-ка я вот так і так..» Ну вот, як яно гэта... дык і так...

ХВЕДАР. Ніхай іх Бог сьвяты разсудзіць, не нам гадаць.

ЯКАУ. А будзе добра ведаць дзядзька Аўтушок, як коні забіраць, як хвусткі абдзіраць, як лаіцца, здзікацца і копы як дзяліць... Усё, усё прыпомніцца... Бог не целя, бачыць круцеля... Бяз сына дый пад старасць... Ніхай, ніхай...

ДРУГІЕ. I як табе ня сорам, Якаў? На каго Бог, на таго й людзі. Не варта гэтак. I без цябе вялікае нешчасьця...

АДЗІН (узбурыўся). А ты... а ты... Якубка, будзіш помніць, як... як табе дубкі вазіць... праз ноч... і з лесу паньскага... а ці будзіш помніць?... а?

ЯКАУ. Лес Божы, а не паньскі... I мой таксама, як пані Іванецкай...

ТОЙ. А каб хто сьсек дубок твой, што пад мохам? а?

ЯКАУ. Сячы ў таго, у каго многа, а мне і самому адзін патрэбен...

ТОЙ. А... а... а...

(Ідуць с хаты маладзіцы і гамоняць праміж-собку, што Домна пачала загаварывацца, ладна калі мінецца так...)

ЯКАУ. Ніхай ведаіць лясьнік, як гарэлку піць людзкую... (Дражніць) «О, я-лясь-нік! О, я-разумны! І што вы мне! Хто мне укажыць?» А што? Вот і указка, брат. А ну ка пакракчы... Мне што? Бог яму аддасць, як ён лясьнічыму назводзіў на мяне... Ну, а нябожчыку — то рай прасьветлы, спакой вечны... А дзядзьку Аўтуха я вызукываў добра, што ён за птушка ёсць такая!

УСЕ. (угледаюцца у цемені на дзьверы). Маўчы, маўчы... Здаецца ён... Здаецца ён ідзець...

(Супраўды йдзець Жабон, як цар с пасаду скінуты; каля яго, хоць і ніхто не бачыць, душа Іванькіна калышыцца ў паветры і ад жалобы нікніць, і безгалосна енчыць, і мітусіцца паміж тым і нашым свьетам...).

 

 

XII.

— Сьпешна табе!

Прывітаньне ткальлі,

калі яна за кроснамі.

Дурны пасьпех — людзём на сьмех.

Прыказка

 

На пастаці нечэга стаяці.

таксама Прыказка.

 

Пасеяла зара ключы

Каля пастаці ідучы.

З песьні.

 

— Папаў пальцам у неба...

— Папаў не папаў, а у неба пападаў...

Пагаворкі.

 

— Не тлумач другім таго,

чаго сам добра не разумеіш...

— Дык ніхай мне тлумачуць...

 

— Гутарка, — срэбра, а моўчкі — злота!

— А што с таго злота, што ў гарах ляжыць, нікому карысьці не даець?

 

У брыльках і розных шапках, алеганцкі стукаючы кіёчкам, ідуць і йдуць па асфальтнаму тратуару і іншы касавурыцца у бок, як бягуць адзіноткамі і пад пашку са сваім у мяхох, у шапачках, з мухтамі, прыгожые ды й ой! Якіе прыгожые, ато й саўсім такіе сабе, і ў дарагіх — уух! Пальто і ў памятых пальто, старэнькіх, а электрыцкі сьвет заліў мёртва-вясёлым мігаценьнем вокны і вуліцу, а коні звозьнікаў ляскаюць, а звозьнікі лаюцца, а самакаты гудзяць і бягуць на людзей, але зьвіляюць... Вуліца грыміць і звоніць. Стрэлка гадзінніка на вуглу вуліцы падбіраіцца пад поўнач. А прыкра-ненармальнае для прышэльца жыцьцё кіпіць; зірнуць тут на неба — яно нейкае чорнае, а зоры не зьяюць.

Ідуць, ідуць, ідуць... Чэлавек у чырвоным, абшыты залатымі гузамі і шнуркамі, с паглядам маючага крадзеную душу атчыняіць і зачыняіць шкляные дзьверы пад белымі буйнымі літэрамі „Славянская кафейня" Блазя. Ідуць... А ў сярэдзіні нясецца з-заду музыка і за столікамі людзей, людзей, безталач, гам, шум, і усё музыка стройна- прыгожа сквярэцца сярод яго, б гаюць у ва ўсім белым с праборамі на аблізанай галаве чэлавекі, носюць... — Што закажэце: Кофе, чай, вада, пірожные, цукеркі, шоколад? — Тэ, тэ, тэ... Э? Нэ, нэ, нэ... Та-о у... Газэты... Палітыка... Нуда...

 

За столікам навідне:

 

АДНА. (нарумянена. Бровы падсмурыжэны чорным, губы намазаны чырвоным, скасіла вузкіе вочкі на ахфіцэра і гаворыць да другой даволі голасна) У мяне сяньні вечар сцёрся... Ха-ха, сьцё-ёрся... У тэатр позна, знаёмых не спаткала. А жадалосяб... ведаіш чаго?

ДРУГАЯ. (Такая самая) О-хэ-хэ, ці мала чаго бажаюць маладые дзяўчынкі? Адзіноткі... як мы. Ад каго залежыць? А? Так... так, так... Ад у тых, ад каго залежыць — камні замест сэрдэнька, мне здаецца... (кідаіць вочкам многазначна на ахвіцэраў).

 

Ахвіцэрскі столік:

 

ВУСАТЫ. (да таварыша, бразгаючы ботамі) Трохрублёвыя...

МАЛАДЗЕЙШЫ. (часам ня ведае, куды схаваць вочы, рукі і шаблю; грудзі выпінаіць) Кепства... Дрэнь... I ўсё дрэнь... Нічога асаблівага...

ВУСАТЫ. Псіхалогіі шукаіш, чыжык? „Плюнь, — пойдзім купацца“ сказаў Чэхаў: Лаві мамэнт! — лэпшая "псіхалогія“ і філасофія.

ЛЫСЫ. Патрывайце, маладзічок, ня ўгледзіце як вялікага псіхолога пераробім на прававернага армейца...

МЯЖДЖЭРЫСТЫ. Ато, ведаеце паедзім цяпер, а? Што?

СУХАШЧАВЫ. Ці варта? Цела німа... хаця тая, што... формы, формы — вот у чом усё..

ВУСАТЫ. (ціха) А грошы маіце столькі, як смаку?

МАЛАДЗЕЙШЫ. Надакучыло... (кідаіць вокам у той бок, круціць газэту і гаворыць, каб гаварыць). Кепства... А на палітычным небасхілі... у палітычным паветрыку сьвяжэй запахло... Немцаў... прыдзіцца... падраць за вуха... за культурнае вуха... Заносяцца... немчурышкі.. і дрэнь... ўсё дрэнь.,, нудна, маё вы хрысталюбівае...

 

Столік газэтных рук.

 

АДЗІН. Плоціць кажды за сябе..

ДРУГІ. (звоніць булдавешкай кійка па брыжу століка; крычыць) Чэ-а-эк!! (к таварышу ціха) У мяне медзь... Пакладзі і за мяне беленькіх... аддам на вуліцы...

 

Столік зьвёзданосцаў.

 

— I на службу не явіўся; ноч да віднага рэзаўся.

— Банк загроб, усіх абчысьціў... I ўсе спусьціў і далажыў свайго...

— А жонка атрахнула пыл ад мініатурных ножак, дала забулдызі волю і... і с князем круціцца, ха-ха-ха!

— Я баюся за яго... Кажуць казённых грабануў... Каб не пайшоў да прадзедаў, да мінскіх мужыкоў... Ен з мужыкоў; радня ўжо не паддзержыць; кляпсік паднімі і трэсь! Са духі упакой...

— А чорт з ім...

 

Столік романтыкаў.

 

— Слухай, варта жыць? Я — адзінок! Ніводнай здаровай душы... Балота, драгва, гады, німа людзей.

— Ты саўсім ня ведаіш жыцьця. Ты ідэаліст, ты, чорт цябе ведаіць, што ты за чэлавек, спазьніўся ты радзіцца.

— Даволі зьведаў, ну а калі гэты Цялёпіч і Шылоўскі, ды й Дзюбко, калі яны... гэткіе жулікі... гэткая дрэнь лепшай маркі... І Вайткунская... вужака, падкалодная... не падарую!

— Ты сам троху вінават: трэба ж асьцярожна..

(Музыкі цягнуць серэнаду Шуберта; нейкая прыгажуньня з журналам «Музыка» у руках наставіла вуха, віоланчэліст загледзіўся туды і сфалчаваў, яна сказіла ссохлые губы).

 

Столік тоўстых.

 

— А накархаць мне на парод. Быдла страшыць, а пакажы бізун — быдлам і астанецца. Вы чыталі «Хам ідзець?» Геніально напісано, хаця я і не ва ўсім згаджаюся с панам аўтарам.

— Пане дарагі! Тымчасам калі нашаму сьвятому пасяданьню ў краю і быдла пачане калякі падстаўляць, дык аднэю паньскаю пагардай быдла не сьціхамірыш. Бізун патрэбен, бізун, і як найхутчэй, пане дарагі.

— Э, пыні, калі праўду, пыні, казаць, дык уся, пыні, бутафорыя з гэтым дурным адраджэньнем нашага «быдла», пыні, гэта, пыні, глупства, пакуль німа, кажу, пыні, вялікай эканаміцкай спрэчкі ў нас, пыні, з гэтым быдлам... Эканаміцкая вайна, от, пыні, чаго можна баяцца, пыні...

— Так, так, шаноўны пане, выйдзе на тое, калі мы самі будзім спаць, дый правіцельства ня будзе нам спагадаць, выйдзе на тое, шаноўны пане, зьесьць быдла нас і само не разжыруіцца...

— I само, пыні, з голаду здохніць, пыні... Нічога ня будзе... I культура згіне.

 

Столік у кутку.

 

ПОЛЬСКІ ПУБЛІЦЫСТ. Слухайце, пане... Вы не так зразумелі маю апошнюю стацьцю у «Кур’еры Народным...» Мне цяпер ясна, што вы не ўцямілі маей думкі... Ня тое — мне, як віжу, не удалося сказаць тое, што хацеў... Вот што... Я, разумеіцца, не магу вымагаць ад вас, як ад песьняра-рамантыка і песьняра — у многам лірыка, но магу вымагаць, каб вы у сваіх творах давалі новага чэлавека, чэлавека будучыны, чэлавека, каторы наўчыў ба ваша грамадзянства, што рабіць? Праклятае пытаньне, што рабіць? I апрача таго...

МАСКОУСКІ ДЭМАКРАТ. Увага, увага, увага! От што: можна гаварыць, можна пісаць на тэмы, што — рабіць, па якой дарозі ісьці, можна цэлые томы спісаць, але пакуль гэта будзе толькі рыторыка, пакуль гэта будуць толькі словы і словы без жывога чэлавека, пакуль у вашай маладой літэратуры ня будзіць мастацкага тыпа новага чэлавека, датуль вы будзеце... будзеце... ну таптацца на аднэй мясьціні...

БЕЛАРУСКІ АУТОР. Добра... Але што гэта літэратура? Літэратура адбіваіць жыцьцё... Калі ў нас яшчэ німа такога тыпа, значыцца жыцьцё не ствар...

ПОЛЬСКІ ПУБЛІЦЫСТ. Слухайце, паночку! Вы хапілі агульные тэмы... Ці там літэратура-фатаграфія жыцьця, ці літэратура — ўсё, і мінулае, і цяперашняе, і будучае, і мажлівае, і немажлівае, і рэальна-жыцьцёвае, і жывушчае ў думках, і так далі, і так, далі, уся душа істоты... Гэта ня тое, а я хачу сказаць, што ваша літэратура дэмасу, народа, народа селянскага і народа, што прашнуўся да жыцьця, яна цяпер, асабліва цяпер, на першых сігах разьвіцьця, яна павінна мець троху-многа свае асобна-карыстные дамаганьня і законы... Ах, ня тое... Вот што, у вас цяпер літэратура... То жарты на жаданьне чытакі, то там тыпы жыцьця — слабенькіе, мізэрные, абросшые драбязою сваіх жыцьцёвых невялічкіх інтэрэсаў, жалкінькіх ідэальцаў, то плак і плак без канца аб гаротнай долі, аб нешчаснай долі, аб незадачах мінуўшчыны і ціжарах цяперашняга часу... Ды досыць ужо вам! Вы так самі на сябе нагоніце нуду і немач безнадзейнага абы-якога жыцьця— гультайства, і другіх псуіцё, блудзіце у трох соснах, нагаворыце жалобных слоў аб тым... гэта... А вы дайце новага, жывога чэлавека, каторы па праўдзі б жыў і жыцьцём сваім паказаў, як трэба жыць, як глядзець у будучыну, ды й не глядзець, а браць яе са ўсіх бакоў рукамі... Стварыце гэткі тып новага чэлавека... хоць такога, якім бы ен па вашаму, толькі па вашаму павінен ба быць, каб прачытаўшы ваш твор, вісачэй галаву падняў чэлавек, каб у яго жывей кроў пабегла па жылах, каб рукі самі хапаліся за працу, от што... Ато, ведаеце, з гэтымі енкамі, што ж...

БЕЛАРУСКІ АУТОР. Добра, добра...

МАСКОУСКІ ДЭМАКРАТ. Дый на што вам так карціць у вашай літэратуры гэта жалобнае жыцьцё? Ну напісалі, паказалі другім людзём і сабе, што вам дрэнна і што у вас баліць, паплакалі троху дый досыць. Шукайце новага чэлавека, які ён павінен быць? А прычыны вашай нядолі вы ўжо палічылі, зразумелі, знаючы іх, шукайце раду, лекі. Эканаміцкае ярмо, гарэлка, цемната...

ПОЛЬСКІ ПУБЛІЦЫСТ (прагледаў газэту, нечым асабліва зацікавіўся). О, О, О... саўсім не спадзеванна знайшоў на нашу тэму... Вы чыталі вячэрные газэты? Гаварыце, гаварыце, я чую... толькі так прагледзіў... Цікавая тэлеграма... Бог ведае што такое... Слухайце паны! (чытаіць) З Магілёўшчыны пішуць... „У глухім кутку, далёка ад горада і ад жалезнай дарогі, у аднэй дзярэўні надовічы шчэ досыць малады селянін Антон Жабон, гукнуўшы дзяцей сваіх, хлопчыка і дзевачку, пад прыдарожны крыж, зарэзаў касою сына і страшна зраніў сябе. Дзевачка уцекла. Памёр у бальніцы у вялікіх муках. Прычыны — незразумелы; адны шукаюць іх у нездаволеннасьці самагубцы сваім бацькам, лясьніком тутэйшых паноў, п’яніцаю і гулякам; другіе гавораць аб хваравітай набожнасьці пакойнага і яго цягаценьню да ўсяго таёмнага; доктар знайшоў у мазгу нябожчыка невялікіе заломы; дзед і прадзед Жабона — алкаголікі; Антон Ж. гарэлкі не ўжываў; жыў у беднаце, не ўсягды маючы хлеба. Удава жонка ад гора пачала загаварывацца, баяцца, што адурэіць. Самагубства сярод тутэйшых мужыкоў наагул дужа рэдкі...“

МАСКОУСКІ ДЭМАКРАТ. Гм... Што за псіхалогія магла быць у самагубцы? Адначэ...

БЕЛАРУСКІ АУТОР. Вот вам і тыпы...

ПОЛЬСКІ ПУБЛІЦЫСТ. Так... А мяне тут цікавіць адно, — чаму шукаюць ці шукаіць там хто прычын у гэтым, як тут, хваравітай набожнасьці і цягаценьні да ўсяго таёмнага... Мне гэта не зразумела...

БЕЛАРУСКІ АУТОР. Вашмосьці гэта не зразумела? А...

МАСКОУСКІ ДЭМАКРАТ. Пашукаўшы добра прычын, яшчэ можна зразумець, хаця ўсё-ж-ткі для мужыка гэта незвычайна...

БЕЛАРУСКІ АУТОР. Паны, паны! Вы не кіраваліся зразумець, і вам не зразумело... А чаму ж мне, беларусу, і беларусу-рабынічу, бо бацька мой служыў прыгон, чаму мне саўсім па духу і зразумело як мессіанство польскага народу, так і кіраваньне да Бога і чуда народу рускага па Дастаеўскаму, і гэтые стараверы, і сектанты, духаборы і далі,і далі.

МАСКОУСКІ ДЭМАКРАТ і ПОЛЬСКІ ПУБЛІЦЫСТ. Чаму? Ад чаго?

БЕЛАРУСКІ АУТОР. Чаго? А таго, што я сын свайго народу... А народ мой, — народ-паэт, народ-лірнік, народ, каторы у гістарычным жыцьці сваім заўсёды больш схіляўся к патрэбам душы, чымся к патрэбам цела. Сілай духа свайго ён ўладаў над крэпкімі і страшнымі ваякамі-літоўцамі, што заваевалі яго фізычна. Вялікімі скарбамі сваей паэтычна-чэлавецкай душы ён праз вякі дзяліўся с Польшчаю і карміў Маскоўшчыну. Дзеля цела у жыцьці ён дабіваўся хлеба штодзеннага, а дзеля душы ён шукаў і шукаў без канца і стварыў цікавейшую гісторыю, багатую не заваеваньнямі другіх народаў, а заваеваньнямі духа, заваеваньнямі ў вызучэньні самага сябе... Толькі ён ня любіў запісываць, паказываць, выстаўляць. Успомніце змаганьня хрысьціянства с паганскай верай, а потым вялікі рух у справах веры у пазьнейшые часы, кальвінізм, служэньня акультным навукам, езуіцтва, унія.. Цяпер у майго народа крызіс: старые багі струпехлі, а новых... новые мала ведамы... І сусьветна новые багі, багі цела, багі што даюць ці могуць даць поўнае здаваленьня толькі целу, гэтые багі не надта падабаюцца беларусу... I вот, каб стварыць тып „новага беларуса“, каб угадаць, якім павінен ён быць і будзе, гэты ўладар будучыны, трэба памірыць у душэ беларуса старое з новым, трэба вышукаць, што у яго душэ жывуча са старыны і на чым будаваць новае.... Трэба шукаць, прычыны крызыса, бо п’янства, непісьменнасць, бяднота — ўсё гэта абставы крызыса... А мы шукаім прычыны...

МАСКОУСКІ ДЭМАКРАТ. А па-мойму атказ адзін: ня вытрываў агульна-народнага крызыса гэты селянін Антон праз тое... Не, не так... Ніякага асаблівага крызыса й німа — зарэзаўся, бо дзяды былі алкаголікі, а ён ня піў, ды хоць бы й піў...

ПОЛЬСКІ ПУБЛІЦЫСТ. (да беларускага аўтара). Выбачайце паночку — вашы думкі дужа цікавы, але троху заплутаны і па праўдзі парадоксальны... Гісторыя, прыгоншчына, псіхіка, абасабленьне і зніштажэньне інтэлігенцыі і тое, што не у народа, а у інтэлігенцыі і учасьці народнай маладзёжы німа веры і сьвятых заданьнёў, усё гэта радзіло адно другое, ішло адно за другім і магло косым бокам памагчы Антону зарэзацца, але тое, ад чаго ён зарэзаўся, яно таксама радзіцца магло і радзілося ад прычын, што я казаў, але яно цяпер глаўнае і самастойнае і гэта ёсць — соціально-эканаміцкая немажлівае у нашы часы жыцьцё народу. Ен ня меў чаго есьці...

МАСКОУСКІ ДЭМАКРАТ. Скажу я, красамоўцы мае, усі мы троху забалбаталіся. Унукі нашы знайдуць прычыны і разгледзюцца у нашых часох, а мы дужа блізкі да сваіх часоў, і калі што паднесць к самым вачам — нічога ня ўвідзіш... Адно я знаю і буду гаварыць: літэратура ваша, беларуская, не марудзячы павінна выявіць беларусам новага чэлавека — беларуса, вот і ўсё...

ПОЛЬСКІ ПУБЛІЦЫСТ. I вера новага чэлавека будзіць новаю вераю, і сьвятые заданьня новага чэлавека будуць новымі сьвятымі заданьнямі для вашых маладых і адраджоных... Стварыце новага чэлавека!

МАСКОУСКІ ДЭМАКРАТ. Бярыцеся, дзядзька, за пяро і пішыце раман „Што рабіць?..“

БЕЛАРУСКІ АУТОР. Дзякую за добрую раду... Шкада, што яна дзеля мяне ня нова... Жыцьцё дасць атказ...

МАСКОУСКІ ДЭМАКРАТ і ПОЛЬСКІ ІІУБЛІЦЫСТ. Эх, вы, песьняр селянскага здаровага народа! Адразу відаць псіхіка беларуса! Ды што вы: „жыцьцё... жыцьцё...“ Вы самі тварыце жыцьцё!

БЕЛАРУСКІ АУТОР. А што вы думаеце? I створым! I створым...

МАСКОУСКІ ДЭМАКРАТ і ПОЛЬСКІ ПУБЛІЦЫСТ. О, О! Так, так... Вялікіе словы, каб даў Бог і працу...

БЕЛАРУСКІ АУТОР. А так! Уцямім прычыны і дадзім новага чэлавека, бо уцяміць прычыны — ўжо стаць троху новым...

У сусьветнай літэратуры творы, ў каторых паказывалісь аднаму якому грамадзянству новые шляхі жыцьця, новые заданьня, такіе творы больш, чым другіе дачасны і скора забываюцца новымі пакаленьнямі. Але значэньне такіх твораў, што казаць, аграмаднае, і калі у іх уплесць агульна-чэлавецкіе пытаньня, яны ня скора патрапюць у Лету.

МАСКОУСКІ ДЭМАКРАТ. Да чаго вы гэта?

БЕЛАРУСКІ АУТОР. Так... паміж іншага... А ніхай плачым, апеваім нядолю — шукаім добрых заданьняў... Ня можна ж адразу стварыць сабе ідэал... Што? Не? Ідэал, што хутка дасьціглы — не вялікі ідэал... I наагул — дасьціглы ідэал — не ідэал... Што? Вядомые праўды? Ну...

А вот, паночкі, ўся вага і значэньне вашых слоў — гэта творамі паддаць сілы, энэргіі, імпэту... так. Дый песьняры нуды, смутку часта дабіваліся сваімі песьнямі саўсім наадваротнага... («Дзынг, дзынг, дзынг!") Дайце тры шклянкі вады і «Нашу навіну...» А ўжо пара, ведаіце, і да хаты..."

ПОЛЬСКІ ПУБЛІЦЫСТ А так... Што іграюць?.. Вы не знаёмы с тым, вун сеў...

МАСКОУСКІ ДЭМАКРАТ. А я ўсё думаю, цікава б было паехаць туды, на тое сяло, гдзе гэты селянін-самагубца... Распытацца б...

БЕЛАРУСКІ АУТОР. А... Зрабіў дурату... Шукаў-шукаў, можэ свайго Бога і... Не, не шуканьні Бога зробілі яго дурным, а тые абставы, у якіх ён жыў і шукаў...

МАСКОУСКІ ДЭМАКРАТ. А часам і супраўды быў дурнават?... У мазгу дактары... Што?

БЕЛАРУСКІ АУТОР. Ніхай, ніхай шукаюць... Добра... На добрае выйдзіць... Гісторыя, прыгон, неўдалые рэформы з даруваньнем волі, неўдалая рэвалюцыя сьляпых, і с цяжкімі умовамі адраджэньне... ах! Ніхай шукаюць... А новые людзі і ўжо ёсць... Што? Вы думаіце! А ўжо ж... Дайце, пыні, часу, — якое грамадзянства, такіе пісьменнікі, — знайдуць і новые людзі свайго песьняра... Знайдуць... («Ляп, ляп, ляп!») Я плачу... Зара, зара... Вазьміце... Пойдзім... I самая гэта зьява: плачым, стогнім, хныкаім, ня ведаім, куды дыбаць і што гэта ўсім спрыклілося, — добра! Значыцца рэакцыя ідзець добраю дарожкаю... Ох, як прарвець! Ніхай дасьпеіць... I ўся брудзь, і ўвесь гной сьцячэць, болька ачысьціцца, загоіцца... Нічога, нічога... Гісторыя не памыляіцца і хаця адным крыўдна-абразна і сумна, а другім Добра, яна ідзець так (махаіць пальцам прад сабою і вядзець па сталу). Пойдзім, пойдзім... Мы цяпер пад горкаю, а лепшые нашы вун куды ўжо на горку ўзлезлі, а с часам і ўсі на гарэ будзім... А? Іду... Прахадзіце, калі ласка... А так... праўда, праўда... Тэлеграма дужа цікавая... Ох, заседзіліся... (Выходзюць; чэлавек у чырвоным, абшыты залатымі гузамі, атчыняіць дзьверы, глядзіць так, як бы маіць крадзеную душу...)

 

 

XIII.

 

Нешырокая, мякка-пыльная, сумная дарога далёка-далёка пайшла й пайшла з горкі на горку, з лажчынкі на курганок, з логу чэраз мосьцік на раўніну... А з бакоў абапал у ва ўсі канцы калышыцца, шуміць зялёна-жоўтае жыта. Ось дунуў ветрык і пашоў ганяць панём воўны, што прыгожа бягуць то ўверх то ўніз, то ўверх то ўніз аж пакуль не супакоіцца ветрык. Салома-то буйная і колас добры — Божухна, забарані ад граду і ад пякоты і дай умалот; верніць наша ніўка працу мужыцкую. А па дарозі калдыбаюць дзьве чэлавецкіе падобы... Вот, вот ужо віднеіцца і крыж маўклівы прыдарожны, крыж пахілы...

Угодкі па сыну і ўнуку ня ходзіць Аўтух спраўляць на мясьцечковы гай, гдзе пахавалі парэзаные кавалкі незразумелага Антона, ня ходзіць і на дзеравенскі могільнік, на абдзірванелую магілку невялічкую, гдзе могуць убачыць тутэйшые людзі і пачануць малоць языкамі і пальцамі паказываць.

Не! К гэтаму крыжу сьвятому пляцецца ён, сюды цягніць яго.

А сумна-прыгожа тут бяроза шуміць, далей лучыстая рэчка блішчыць сярод травы, лазы, аіра, а там лес паўстаў сьцяною вялікаю, зялёнаю асілкаў расьлінага царства, а з-за лесу панскі провар бялеіцца.

Пастарэў Аўтух, а Ходачка падрасла; як тая трасьцінка — тонепька, худзенька, белінька, квола, у вачох, не дзяціную думу хаваючых, васількі жытные адбіваюцца, сінеюць. А не пазнаць Аўтуха; быццым падрос, повышэў, хоць і сагнуўся пад белым хатылём; вочы глыбей уваліліся, валасы адраслі, але сам, увесь, нейкі чысьцейшы стаў...

Аўтух! Аўтух! Вот ён гэты крыж за колькі сігоў ад цабе — што ў душэ тваёй дзеіцца? Чаго ты прыціснуў руку да сэрца, чаго ніжэй згорбіўся і чаго так цьвёрда — пакутна пазіраіш с пад ілба, выцьвяўшымі вачамі на траўку каля крыжа? Хода! Дзіцятка беларускае, селянскае! Кланяйся, кланяйся ўслед за дзедам, ксціся, маліся. Ніхто ня езьдзіць па дарозі, ніхто не падзівіць, не зразумеўшы, ніхто не перашкодзіць. I тут траўка, як усюдых траўка, і гэты крыж, як крыжы, што бяз ліку па роднай зямельцы, і з вас некалі вырасьцець траўка, а маліся, клазяйся тут — ад Бога так жыцьцё дадзена. Сьмеяліся, калі сьмех быў, і плачым, калі сьлёзы цякуць.

Не зьбівайся, Хода, усьлед за дзедам кажы, маліся...

АУТУХ. У царстві Тваём рабоў Божых спамяні...

Кузьму, Госпадзі, спамяні...

ХОДА. Кузьму, Госпадзі, спамяні...

(Так, так, сястрычка, хоць тоненька, шэпялява, гавары, гавары...)

АУТУХ. Лукаша, Госпадзі, спамяні...

ХОДА. Лукаша, Госпадзі, спамяні...

АУТУХ. Антона, раба Твайго, Госпадзі, спамяні у царстві Тваём...

(Не ўважай, не загледайся, маё дзіцятка, што цякуць сьлёзы па худых шчэках дзедавых і вісяць у маршчынах, акуратна кажы...)

ХОДА. Антона... Твайго спамяні... у Тваём...

АУТУХ. Прасьці яму, прасьці яму і дай рай прасьветлы...

ХОДА. Прасьці яму... і дай яму рай... сьветлы...

АУТУХ. ... Прасьветлы...

ХОДА. Прасьветлы.

АУТУХ. Маладзенца Івана, Госпадзі спамяні...

ХОДА. Івана, Госпадзі, спамяні... Дзед! Ці гэта Іваньку?

АУТУХ. Маўчы... маліся... Іваньку...

Домну, Госпадзі, спамяні...

ХОДА. Дзед! Маму? Мама ж ты казаў жыва, толькі хварэіць. А? Дзя-ду-улька!..

АУТУХ. Няго ж не... хварэіць... у Магіславі ў Жоўтым домі.

ХОДА. А ці (хочэ распытацца).

АУТУХ. (махаіць рукою, каб маўчала, пакуль ён дамоліцца). Госпадзі спамяні... Божэ прасьці! Злітуйся, Мацер Божа, над намі . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

(Перэгнаўшы колькі раз сваю невялічкую лічбу малітваў, з асаблівай шчырасьцю пакланіўшыся і прыціснуўшы шчэпці пальцаў к грудзём, Аўтух скідаіць старэцкі хатыль, садзіцца с Ходай на траўку і пачынае вынімаць лусты хлеба, чорнага, скрэмсанага, прэснакі і камы пшоннай кашы, што зварыла яму бабылка ў Асмолаві. Разсцілаіць хвусьціначку с кашаю і ксціцца, гледзячы на усход).

АУТУХ. Дай жэ ім Божэ спакой вечны, царства нябеснае, рай прасьветлы! Пухам зямліца... Сьвятые радзіцелькі, хадзіце к нам есьці... (сам кашу есць, бяручы карынкаю, а Ходзі даў ложку, што носіць с сабою). Еш, еш, Хадоська, не разсыпай, памінай татульку, бабу (не памятаеш нябожчыцу...), братульку... Еш, набірайся сілкі...

ХОДА. Дзед! А які ж гэта Жоўты дом?

АУТУХ. Бальніца такая... людзей лечуць... усякіх...

ХОДА. А калі, ці скора мама палепшыіць і верніцца у-двору, а?

АУТУХ. Мы-ы... калі? Верніцца дасць Бог...

ХОДА. Ато я ўжо даўно, даўно не бачыла мамкі... Якая то яна цяпер? Я ўжо й ня помню, якая была яна... Вот Іваньку, дык помню: белые валосікі... (задумалася і пачынае хмурыцца).

АУТУХ. (клапатліва) Еш, еш, дзетка... Раскажы, дык як гэта уцекала ты ад паноў у сваю хату...

ХОДА. (разгоўтаючыся) Я ж казала ўжо... даўно..

АУТУХ. Німа нічога, што казала, яшчэ раскажы ..

ХОДА. Я плакала... Старая паня гаворыць на мяне: румза! А я шчэ горш... Паненка дала мне: «Еш з гэтай талерачкі, Ходзя, тут салодкае...» І пакінулі мяне у вялікім нейкім пакою... Я ня ведала, як тое салодкае трэба есьці, талерачка звалілася й разьбілася... Я дужа спужалася, а прышоў стары плюгавы пан дый пачаў сварыцца. Я плакала...

АУТУХ. Ведаю, ведаю, мая котка, як ты жыла па паньску... Відаць не суджона табе ў панох жыць... Эх! думаў я, што выйдзе с цябе, хоць пакаёўка добрая — не! Мусіць так лепі... Дзіцятка маё, да чаго я дажы... (адвярнуўся)... ўся...

ХОДА. Дзядуль, а ці зайдзім мы паглядзець на сваю хату?

АУТУХ. А што на яе глядзець?

ХОДА. А так...

АУТУХ. Жыд-каваль Міхаль, калі помніш яго, жывець у ёй цяпер...

ХОДА. Зайдзім...

АУТУХ. Маўчы! Тут ня людзі, а гады... Тры гады ня быў тут на дзярэўні, як зямлю Самусёнку перэдаў, і не пайду... Што ты разумеіш... Скажуць, Аўтух у старцох с торбаю ходзіць... Лясьніком быў... А што яны разумеюць... Ці я старэц? Што зямлю перэдаў, якое каму дзела да таго; я арэнду бяру... браў... З даўгоў вылез... сына пахаваў, унука пахаваў... Успамянуў па людзку... Грошы ды грошы... Пахоў добры трэба... на адну гарэлку колькі выйдзе... Хто пойдзе, хто прыхінецца, хто будзе спагадаць, калі да людзей не па людзку... не вазьмі гарэлкі... А нявестку лячыў... Ці многа той зямлі было... От так і пайшло... А ці я сам здолію так працаваць, як зямелька вымагае... Знайду кут... і унучку ўзгадую... Што каму да таго, што я у чужую старану пайшоў? А я гонар маю... Мала што у жыцьці бываіць... А жыць далі трэба... Што ты, дзіцятка, разумеіш? Эх, нічога... А паня — хай ёй Бог аддасць, як радзеў ёй, вераю — праўдаю, сваё губіў, а паньскае пільнаваў, а яна мяне са службы далоў... Хай ёй Бог аддасць... Я аб паненцы не кажу... А што дубкі Броўда зьвёз — ці я вінават, што у Мірона язык доўгі, сабаччы, ня выкарыў ён яму, за маё добрае, за маю хлеб-соль... Я ж не пайшоў абору падпаліваць, як той бунтаўшчык, дэмакрат Мяхвод... „Папоў паліць... паноў біць... Не паньскі лес — наш, Бог усім даў, не паньская земля, а таго, хто мазалі ад яе на руцэ маіць... Што вы сьпіцё? Чымся патроху гніць, лепі адразу, альбо здохнуць, альбо пану галаву скруціць...“ Дагаварыўся... I Якаўку тое будзіць... Пакорміць вошы... Дурні! А што я адзін? Я служыў, працу пакладаў, с суседзямі спрыкляўся, а йто... Каб жэ то ўсі... Ато як на каго брэхаць, ці хоць бы лесьніка лаіць, дык усі, ато прышло да дзела — адзін за другога... Як тые віраб’і: "Хуррр!..“ Хто гдзе, хто куды, а таго німа — вошы карміць пайшоў... А што я... я не пайшоў красьці, я не пайшоў таго... Толькі гаварыць мастакі... Дурні! А я ўсё ведаю... Сама сканаіць! Прыдзіць час... I Броўда сканаіць... нахапаіць паньскіх лясоў, нажарэцца мужыцкай крыві, дый лопнуць яго лантухі... Маёншчык, пыні, тысячнік, а дубкі крадзець, каб схварэў... Тысячы дзесяцін лесу маіць, дубкі крадзець, каб ты апох... А Аўтуха па шыі... Гы — погань! Я не кажу, паненка памагала... А незадалося сынка вывясць у людзі, каб іншы розум, ці Бог яго ведае, чаго яму не хапало, лакеем быў ба, а так... Ой... I дачушка ў бацьку... не патрапіла сярод паноў жыць... Ніхай... усё роўна... Толькі к жыдом у батрачкі не аддам; канаць буду — не аддам! Каб яны кпілі з мужыка, каб яны агоям звалі... А куды ж я аддам? Куды ж я аддам цябе, унучка, а? Лу куды ж я падзену цябе, каб ты зямлю сьлязою не паіла, дзеда не праклінала... Здохну я скора... Памру, ніхай сабе памру... здохну... А на каго ж я цябе пакіну, — у жыдоў дрэнна, у панкоў ня лепі, у свайго брата мужыка шчэ хіба, але гдзе ж... Нійдзе не салодка сіраціні безпасажніцы у батрачках векаваць... Жывеш, жывеш да лепшага дый здохніш пад плотам... Што хто ведаіць?. Пойдзім за Багумільска, там нас мала знаюць, там людзі, добрые, пражывём... Ат! Вожухна, чаму я не сканаў маленькі у бацькінай хатцы? Ня думай, Ходка, мы — не старцы, мы сваю зямлю маім, хоць... аддаджэна наўсёды мусіць... у арэнду... бо грошы... за тое Аўтух даўгоў не маіць... Я сады у шляхціца буду сьцярэжч, ты пойдзіш грады палоць... Мы не старцы... А што зайдзім пераначэваць, капусты у людзей сербанём, на тое мы людзі, на тое мы хрысьціяня... I я не праганяў чэлавека... А й жыд і той пусьціць пераначэваць... А і я жыда пушчаў... У жыда — не ў свайго брата, на кут не залезіш і вобуй не пасуш... а... Мы — не старцы, Хадоська, чуіш? Дзед твой не старэц... У-у... Ну памолімся ды пойдзім... (зьбіраіць хатыль, бубніць усё і пачынае маліцца, але ніяк не настроіцца на належны лад... моліцца).

ХОДКА. (задумалася і гаворыць мімаволі). Мама-ачка!

 

 

XIV.

 

I калі ў рэторці наўчонага будзе пачынацца чэлавецкае жыцьцё — душа астанецца сьлепа аж да сьмерці свайго цела... а можэ і па сьмерці яго...

 

Мутны, прахаладаўшы Няпро плёскаўся... Лайбы лезьлі на бераг, крычалі лайбашнікі хрыпата... А пазадзі, у горадзі, на гарэ званілі, а гуд горада заціхаў патроху... Круціўся з дрэва пажоўклы лісьцік, на лагу скублі дзьве лахматые, бурая і нейкай масьці, каровы, агледаліся па лес. А за логам шчэ нейкіе жыдоўскіе, мешчанскіе хаты, каршмы міналіся... Абмоклы сад, правідны, згалеў многа; за паломаным тынам, пад дулькаю, на мокрай траве — дулькі, што самі зваліліся...

Хлопчыкі с торбамі, с кніжкамі...

Сівы дзед — мешчанін пад рэзьвінамі с трэсянай саломаю ідзець ступою, піпку сьсець...

Сопцэ бліснуло!.. Цямнеіць... ізноў блісьніць.

Пустые гародні... капуста шчэ вун стаіць ля рэчкі. Калюгі... фаэтон з боку на бок гутаіцца...

Гай, домікі, сад, палі... за вісокім ты нам вялікі дом.

— Аткуль вык? Сабаччы?..

— Жаноцкі ў домі..

Вароты... Палісаднік. Двор. На кінутым бульбоўніку і бацьвішчы блішчыць раса. Кветкі памерзлые, рута, мята...

— Вот іх...

Па сьцежачцы, па кругу ходзюць у доўгіх шэрых сьвітках, жупанох чэлавецкіе падобы, даўгаполые, паходжые...

Ідзець, ідзець — баўціль! Рукою, пашоў... махіль! Галавою... Балмочыць... цішэіць... бубніць. Кручэные воўцы.

Жорсткі па вачох стораж с пруцінаю за імі і пазіраіць.

НЕЙКІ. (чорны, вус абголен, вус другі адрос; азірнуўся на прыезджых, рот разьзявіў страшэнна шырока), О-по-чы!! О-по-чы! Чэ-ла-век залез у ге-е-э!-нну!

ДРУГІ. Кажу тое куды я... б’ешся ці па што уцехай ад цябе туды хлебца... А конь брык, ніхай сабе ён галава... а мне без вушэй... Пажалюся...

ГРОЗНЫ. А юс у пуню! Дзе-дзе-дзе!.. Дзюшка, дзюшка, дзюшка! А выць!! Ць, ць, ць!..

МАЛАДАЯ.(бела-бела, вочы вялікіе, масьляные, чорные і пустые, губы чырвоны, як рожа чырвона). Мо-ой лю-бы, лю-лю-бы... Ненаглядны мой! Прыдзіш? Праўда, прыдзіш? Смутна мне і млосна на сэрцы, пры-ы-дзі-і... (выхапіла с-пад шэрага капшука чорные, цяжкіе валасы). Прыгожынькі мой!

НЕХТА. (праз рашотку у вакно). Воскрэсенія дзень, прасьвяцімся, людзіе! Пасха Гасподня, Пас... (вакно грукнуло і зачынілося).

АДЗІН. Мэ-э... гу-гу-у... (плачыць, трэць вочы кулакамі, гразнымі, чорнымі) Авой! Авэк! (высулупіў незнаёмым язык доўгі і тоўсты).

 

ДОКТАР. Домна Жабанёнкава... Так... Усю гісторыю добра ведаю... Зьбіраіце матэр’ялы?

БЕЛАРУСКІ АУТОР. Зьбіраю, а больш так, як кажыцца, пазнаёміцца... цікавасць...

ДОКТАР. А я працую над другім... Вашмосць пэўне чулі, як чатыры гады назад мужыкі забілі дзіцёначка быццым народжэннага антыхрыста... Працэс цікавы, усе псіхіатры і экспэрты разьдзяліліся... Маю вялікі шмат матэр’ялу... I цікава, да чаго прыбіўся, вечарком раскажу і пакажу... Убачыце псіхіку беларуса... У Магілёўшчыні было...

БЕЛАРУСКІ АУТОР. Ведаю... відзіў і „прарока“, з яго пачалося там... (ня хочэ далі гаварыць і нарвуіцца ад гулу сігоў у праходзі і зыку ў асобных камерах за мурам). Домна — ціхая?

ДОКТАР. Ціхая, але часам б’ецца... шалеіць... Ад непамернай сэрдэчнай нуды; і нуда яе паступова большаіць пры кождым абурэньню мімавольных і хваравітых успамінаў таго, с чаго пачалося...

Сягоньня якраз падходзіць часіна... Другая квадра... Пасадзілі ў асобны...

СТОРАЖ. Атчыняць, пане?

ДОКТАР. Атчыняй... Атступіце... „Грук, грук, грук!“ Домна! Домна! Даведацца цябе прышлі, не клапаці, не тужы...

ДОМНА. Аэй... снедаць знайшлі... аэй... не хачу... позны палудзень пад вечар... бягу я... аэй... торбу к горбу... ааэй... Стужкі на шыі... прыбраліся усі дзеўкі... і на кірмаш... я хоць галавою аб сьценку... аэй... Сьвёкар... ён... За папом едзьце... А ямку не глыбокую... Ды калі ж я не хачу... аэй... не дам, не чэпайце... аэй, ня рушце мяне... баліць горла... аэй... у ручкі, у ножкі пацалую, не адрэзайце галаву... аэй... ня рушце вы мяне... а галовачка мая бедная... ЬІ-ы... (кідаіцца).

ДОКТАР. Домна, Домна, не тужы.... (гладзіць на яе).

БЕЛАРУСКІ АУТОР. У-ух!.. (уздыхаіць).

ДОКТАР. Што вы? Ну як? Не угледайцеся так, яна баіцца пільнага пагляду...

БЕЛАРУСКІ АУТОР. Горка глядзець, доктар! Худая, абадраная, зьбітая, чорная ро – ух... Ці варта чэлавеку радзіцца, каб жыць?..

ДОКТАР. Вы мяне, дзядзьку хворых, дзівіце... Але гэта з непрывычкі... Не варта, пане дабрадзею, радзіцца на хваробу, а радзіцца на добрае жыцьцё гатоў ето раз радзіцца.

БЕЛАРУСКІ АУТОР. Пойдзім...Цяжка... (пашйлі, стораж зачыняіць) Добра, доктар, Вы знаіце гісторыю Домны: толькі праца і мукі, мукі і праца, гора, ні аткуль сьвету, радасьці, урэшці гэткае нешчасьце, як для маткі і жонкі, і... і наканец Бог адабраў розум... За што? За якіе грахі? Страшна...

ДОКТАР. За што? Ды я і не дапушчаю тут гэткага пытаньня. Ня можна тут пытацца, — за што? Ні завошто! Законы матэрыі, ці тое, што вы гукаіце Богам, ідуць сваім парадкам, адно выходзіць з другога і родзіць трэцьцяе, і толькі. У іх німа мук, дабра ці зла, — гэта ёсць толькі у людзей. А ўжо віна людзкая, чаму ня содзюць у гурмы п’янюг, чаму падзяліліся на паноў і сьмердаў, чаму не атручаюць безнадзейна хворых, а давюць лепшых і здаравейшых, чаму гадуюць у дзяцей гэткі сьветапагляд, што тые, вырасшы, робюць самагубства...

БЕЛАРУСКІ АУТОР. Ах, не, доктар... На што ж тые законы вашы далі чэлавеку разуменьне сваей сьлепаты... А што вы думаіце? Можэ гэта разуменьне і натварыло бяды з Антонам, мужам Домны, і яе пакалечыло наўсёды... А?

ДОКТАР. Я вас не разумею. Я прызнаю фізіологію толькі. Дрэнна мне — значыцца арганізм мой папсуваўся, пуда ў мяне — значыцца жывот мой не варыць добра, і ў целі адтаго нешта ну як бы засурылося, гэта адбіваіцца на нэрвах, і ўсё. Душа? Я не разумею... Есць мозг... А так, па вашаму, праўда: калі ёсць нейкі дух і ён несьмяротны, ён не павінен псувацца, а чаго жён папсуваўся у Домны? Дзеля яе німа ўжо таго сьвету, бо дух яе папсуваўся, і я, як доктар, кажу — папсуваўся наўсёды, яна не паправіцца; каб пазваляў закон, я атруціў ба яе...

БЕЛАРУСКІ АУТОР. А Антон? Ня ўжо ж мукі яго, самагубства яго — не драма чэлавецкага духа, а ненармальны выпадак, бо целу было дрэнна? А мукі сытых?

ДОКТАР. I сыты хварэіць, бо арганізм папсуваўся... Ніякай вышэйшай маркоты сусьветнай німа!

БЕЛАРУСКІ АУТОР. Значыць — усё роўна... Значыць — рай на зямле, калі знойдуць райскіе законы жыцьця целу... I зробюць мажлівым гэта жыцьцё на зямле... Рай, калі ўсе сьвіньнямі сытымі на зямле будуць?..

ДОКТАР. Усё роўна, але жыцьцё розума, не душы; не, жыцьцё розума будзіць датуль, дакуль жыцьцё цела, і яно патрэбна для цела...

БЕЛАРУСКІ АУТОР. Лепш памерці, чымся жыць „вумнай“ жывёлінай.

ДОКТАР. Лепі быць здаровым чэлавекам, чымся нейкай пакалечэнай падобай здаровага чэлавека...

БЕЛАРУСКІ АУТОР (думаіць). I, і, мілы, любы доктар, жыць?

ДОКТАР. Жыць... А што напалавіну памёрла. ніхай саўсім памрэць... — — — — — — — — — — — — — — — — — — — —— — — — — —

Толькі, не, гэта я пагарачыўся — і тое, што напалавіну да сьмерці дайшло... маіць жыць, бо хто ведае... будзе шчэ здарова... пачанець жыць...

БЕЛАРУСКІ АУТОР. Жыць яно маіць, бо можэ яно толькі здавалося такім... такім не жыцьцёвым... (павясялелі).

 

 

XV.

 

— Як выйду за гай, як зірну ў свой край, затужуся я, зажуруся я... — пела мне дзядзіна мая, маленькаму.

Пела тужліва, але з надзеяй і верай, і слухаў ба яе, слухаў... Мне было добра, добра каля дзядзінкі Хрысьцёны...

 

* * *

 

Гады мае, гады! На якім каню дагнаць вас у полі шырокім, за дуброваю зялёнай?...

 

* * *

 

Песьні мае, песьні душы маей, песьні без надзеі, бяз веры...

Мінулося!

Сьцюдзёна мне было, жуда мяне жудзіла... там.. у жыцьці... Бо я забыўся быў, як пела сьляпенькая дзядзіна мая...

I вот — жыць!

Схадзіў я на паклон крыжу твайму пахіламу, Антоне, пасядзеў пад бярозкаю шумна-ціхаю, падзівіўся на край родны беларускі.

— Жыць!

Вечны спакой табе, Антоне, і табе, Іванька!

Я цьвёрда стаю... Расьцець нешта непамернае ва мне... Павадыры! Гдзе вы? Браты сястрычкі, ідзіце за мною. Дзядзінка! Выстагнаўся твой пляменнік.

— Жыць!


22.02.1914

Тэкст падаецца паводле выдання: Гарэцкі, М. Антон (абразы жыцця). - Вільня – друкарня «Швітуріс» - 1919 г. - 129 с.