epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Гарэцкі

Літоўскі хутарок

I
II
III
IV
V
VI
VII


I

 

Худое лета выдарылася хутарку. Сядзеў ён паміж гор, і ўся ярына выгарала. Дый жа ставок, што сінеў пад гарою, блізка што высахнуў, а ў студні даўно вады не было. Гліністая дарожка, што вілася ад хутарка ўніз, вакол стаўка да Вержбалоўскага шасэ, закамянела і патрэскалася.

Па вясне хадзілі чуткі, што будуць у тутэйшых ваколіцах вялікія дзяржаўныя манёўры, сам імператар прыедзе. Газеты ж прыходзілі толькі кунігасу (свяшчэнніку), ды і то рэдка, і вайны ніхто з хутарцоў не спадзяваўся.

Калі ж познаю начою з фанаром у руках прыскакаў на хутарок конны ад гміны і забарабаніў у вакеніцу, уся сямейка мігам ускочыла і спалохалася. Нібыта прыйшло заканчэнне злыбед усяго лета.

А калі пасланец уваліўся ўвесь у пыле ў хату, рупліва дастаў паперу і загадаў гаспадару хутарка Яну Шымкунасу той час запрагаць каня і ехаць у гміну для патрэб мабілізацыі, бо абвешчана вайна з прусамі, — у хаце прайшоў жах і запанавала смяценне.

— Так... вайна, знача, — неслухмяным языком сказаў Ян і пачаў рыхтавацца.

Усе маўчалі.

Ніякіх выгукаў, ніякіх пытанняў. Толькі гаспадыня, старая Даміцэля, адразу ўзяўшы ў думку сыноў сваіх: Блажыса, што апошні год у войску служыў, і Дамяніка, што ў шахтах быў, усхліпнула і дрыжачым голасам сказала дочкам:

— Збірайце бацьку ў дарогу.

Большая, Монця, узняўшыся на падушцы, з падпёртаю шчакою, быццам застыгла ў думках, а меншанькая, Ядвіська, нервова заклапаціла па хаце.

У гэту ноч ужо не заснулі.

А на другі дзень, як свет, пацяклі па ўсёй ваколіцы жаночыя слёзы, былі хліпанне і выццё, малітвы і кляцьба. Праваджалі запасных. Звон бажніцы (цэрквы) смутна і багамаленна гукаў усіх пад'ярэмных пад купал храма да ног раскрыжаванага за словы любові і міру.

Плакаў зморшчаны сівенькі кунігас, благаслаўляючы духоўных дзяцей на шлях брані, заказуючы храбрасць у баі і літасцівасць да зможанага ворага; плакала, уздрыгваючы ўся, колькі было людзей, бажніца. Істава хрысціліся і малебным поглядам прыліпалі да абраза спасіцеля ў цернявым вянку і не ўтрымлівалі буйных слёз пагуканыя запасныя.

А на вуліцы — цёплае сонейка; пяюць без клопату птушкі, гудзяць у ліпняку пчолы. Усё — як усягды. Не даецца веры навінам.

Правадзілі... Доўга стаяла асірацелая таўпа з сівенькім кунігасам паперадзе. I ўсё яшчэ махала тым любым, што пайшлі спраўляць крывяныя хаўтуры.

— Су деў, су деў!.. (з Богам!) — Доўга шчэ адгукаліся тыя, махаючы шапкамі.

— Прашчайце! прашчайце! Схаваліся за ўзгорак.

 

 

II

 

Мабілізацыя канчалася.

Ля хутарка на горцы стаяла паўбатарэя: вартавала мост ад ворага з паветра. Некалькі вольных ад дзяжурства салдатаў, нібы забыўшыся, што вот-вот можа быць пераход, бойка і той свет, чаёўнічалі сабе ля вогнішча, скалілі зубы, хадзілі дажа купацца ў лужу на ставок ці шчыпалі гарох. А то, абышоўшы далёка кругом, падбіраліся да сям'і хутаранаў-літвінаў, што жалі авёс, і пачыналі заводзіць з імі знаёмасць.

Салдаты-назірачы дзівіліся ў біноклі ці трубу Цэйса і, рагочучы, абвяшчалі, што «наша бяроць», чорненькая ўжо смяецца, а беленькая не хоча і не глядзіць, — усё жне. Потым хапаліся за працу: касілі, вязалі і насілі снапы. Ярмашчук і Дудзік жалі, і ўсе ўвесь час смяяліся з дзяўчынамі і вялі гутарку з панам-татулем, катораму падабалася работа салдат, іх вясёласць і жарты і велічанне панам.

— Няго сюды, да мяне на хутар, можа прыйсці герман? Няго тут на маім родным полі, блізка хаты маёй страляць будуць? I тутака ляжаць будуць забітыя? Не, не можа таго быць! А то што ж тады? — во праз што млела сэрца ў старога.

— Не клапаціцеся вы, татуля! Не прыйдзе да вас герман. Мы яго так турнём, — супакойваў яго бойкі, курносы, папсованы воспаю кастраміч.

— Ты не ведаеш, братка: прусы — народ кітры (хітры), — трывожыўся стары.

Увечары салдаты гасцявалі ў хутарку.

Нягледзячы на тое, што дзяўчаты гаварылі з «москолюсамі» ўбогай мяшанкай руска-польскіх слоў, салдаты, дзякуючы магнэчнай сіле прыгажосці, пачувалі ў сабе паўнату шчасця ад знаёмства з імі. Праўдзівая прыгажосць сярод літовак страчаецца нячаста, але прынадных дзяўчынак на Літве даволі.

Чорненькая Ядвіся не была так прыгожа, як большая, Монця, але яе бойкія, вясёлыя чорненькія вочкі, чырвона-смугленькія з ямачкамі шчочкі, дзяціна-капрызны са смяшком склад вуснаў, маладыя, круглыя ручкі, гібкасць і крутасць паланялі салдатаў, не ведаўшых, чым і як ёй дагадзіць.

Беленькая Монця мела больш строгую красу і была сур'ёзней і неяк задумней. Гэта быў тып літвінкі. Прадаўгаваты тварык з шэрымі, сумнымі, удаўжонага разрэзу вачамі; круглы, але правільны нос; рот з рысамі, лёгка даючымі пакорліва-сумную ўсмешку; роўныя, белыя зубы, доўгая, багатая белакурая з завіточкамі каса.

Не кожны салдат рашаўся жартаваць з Монцяю.

— Куды паненкі схаваюцца, як прыйдзе германец? — вёў за ядою гутарку малодшы феерверкер Сініца.

— А чаго мы схаваюцца? — бліскае чорненькімі вочкамі Ядвіся. Ах, каб ёй яшчэ троху слоў. — Я не бус (не буду) схаваюцца... Прусы — народ лабай гражус... прыгожы (прусы — народ дужа прыгожы).

Уся хата дрыжыць ад звонкага, адылі закароткага смеху. Толькі задумная Монця ледзь усміхнулася на словы смяшлівае сястронкі.

Пачалі развітвацца. Салдаты дастаюць «пінегу» (грошы).

— Не, не... Грэх браць у салдата. Наш Блажыс таксама ў войску. Вы ідзіцё на смерць за ўсіх. Не.

I адварочваецца ад платы.

Але хто заможней, пакідае грошы на стале.

— Добрыя людзі, — кажуць у хаце после іх, — вясёлыя.

— Добрыя людзі, — кажуць салдаты па дарозе, — сумленныя людзі.

А тым часам трывога аб крывавую будучыню ўсё расла, даходзіла да хутарка і сяліла там смутак і клопат, хоць ужо ўсе трохі і прывыклі, што вайна.

Стары, седзячы іногды ўвечары ля салдацкага вогнішча і сапучы піпкаю, гаварыў, шукаючы спагады і даючы і не даючы веры самому сабе.

— Баюся, што хлеб сабраць не паспею. Збяру ў гумно, што ёсць, а прыйдуць свае ці чужыя — і спаляць.

— Не бойся,— супакойваў салдат.— Хто цябе будзе паліць? Мірных жыхароў чапаць забараняецца.

 

 

III

 

I вось два ворагі-асілкі сышліся. Нарання будзе бой. Сталі закопвацца ў зямлю. Ночы з пазіцыі прыйшлі да хутара салдаты (не тыя, што сцераглі мост, тыя ўжо даўно былі дзесьці ўперадзе). Пачалі ламаць вароты, дзверы, платкі на будоўлю бліндажоў. Ян выйшаў з хаты.

— Няможна! Не далі! Я не далі, — казаў ён салдату, што цягнуў вершкавую дошку-паліцу.

— Няможна? Возьмем... Вайна, дзядуля. Табе заплацяць.

Салдаты ідуць і ідуць.

Ян нікога не разумее. Учора ён раздарыў шмат хлеба і сала. Так, па-хрысціянску, без грошай. I прыемна самому было. Яму і цяпер не шкода. Толькі нашто ўсё руйнуюць. Прыкрасць. Без вайны зглумуюць.

Надышоў дзень. Калоны войска ідуць туды і сюды. Грымяць цялежкі, кухні, гарматы. Скачуць вершнікі. А ранне такое сонечнае, цёплае. Прыпякае. Неба сіняе-сіняе. А ўдалі над лесам выплываюць знедкуль белыя клубочкі дыму. Пакажуцца і паволі расплывуцца, Там жа нешта гудзіць, як далёкі ціхі гром.

— Што то, зямляк? — пытаецца літвін у сумятліва бягучага пехацінца.

— Што то? — ізноў пытаецца ён тэлефаністаў, што шпарка разматваюць шпульку з кабелем.

— Што? Шрапнелі... Уцякай, дзед, назад!

Ян узняў далонь над вачмі і пільна ўглядаецца ў тыя белыя клубочкі высока над лесам. Не, ён не кіне свае сялібы, свае гаспадаркі. I ён спакойны: жонка і дочкі з вузламі і пакункамі яшчэ досвіткамі пайшлі ў касцёл, далёка ў тыл.

— Тра-рах!

Ян здрыгнуўся мімаволі і як толькі не зваліўся на дол ад раптоўнасці. Сабачка жалабна заскігатаў і кумільгам рынуўся пад вароты. Аграмадны чорны стоўб зямлі і газаў уздымаўся на пакаце гары, а міма ляцелі і клаліся на палату чарапкі: дзвыгд!.. пук! — пелі і пукалі яны. Ян палажыў рукою крыж на сябе і зайшоў за вугал, прыхінуўся да сценкі. Чуваць, як за гарою быццам чым хлопаюць ці бабы на падоле бялізну перуць; перш рэдка і дзе-нідзе: тах! тах! А потым усё часцей і часцей, і пасыпалася дробна, як гарох аб сцяну: хлоп-лоп-лоп!

— Са стрэльбаў,— сказаў сам сабе стары.

Сэрца стукала. Чуе: запрацаваў кулямёт, роўна і доўга: тра-та-та, а збоку і адзадзі, у лагу, куды ўчора артылерысты цягалі дошкі, круглякі і жэрдзі, разам у цішы пачулася рэзкая, дужая каманда:

— А адзін патрон, беглы агонь!!

Разам, аглушаючы, тарарахнуў залп усёй батарэі. Ян неяк ненаўмысна пабег у хату, стаў, кіраваўся абдумаць і зноў выбег за вароты.

— Гэта ж свае... чаго баяцца.

I потым ужо цалюткі дзень, да канца бою, стары не мог апамятацца і агоўтацца і зрабіцца такім, як заўсёды, і думаць, як заўсёды. Нібы пялёнка нейкая заслала вочы, нібы ўва сне плыло ўсё ў бездонне часу, толькі ні на каліва не пакідала балючае пачуццё чакання канца бою, чакання ночы і нейкая прыглушаная трывога аб сабе і аб жонцы з дочкамі і аб сваіх салдатах.

Беглі міма пехацінцы, скакалі патронныя двухколкі, прагрукатала з лагчыны на новую пазіцыю батарэя, на хутар пляліся лёгка раненыя. Стары паіў іх вадою, падаслаў у хаце і на двары чысценькай, сёлетняга першага абмалоту, саломкі. Блукаючы, абы не сядзець, ён за дваром набрыў на забітага. Перш хацеў вярнуцца і не зірнуць, ды нешта цягнула туды. Стаў і глядзеў, глядзеў, бутуваўся папарадкаваць думкі, уцяміць, але думка была неслухмяна ці затупілася, і ён такі аклумлена дзівіўся доўга на аскаленыя зубы, крывяны твар і раскінутыя рукі.

К ночы, калі пачало заціхаць, успомніў Ян, што ўвесь дзень нічога не еў і не карміў скоту. Ноч. Ранне. Ізноў сонца, ізноў дзень. Не даецца веры, што ўсё ціха. Немцы адышліся. Уранні ў садзе Шымкунаса сівавусы палкоўнік гаманіў з некім па тэлефону:

— Няма сілы падабраць. Ляжаць цэпкамі, калонамі. Бог іх ведае, ці забіты так, ці параненыя спаўзліся ў адзін груд. Трупаў не менш трох тысячаў на адной маёй пазіцыі. Можа быць, тыл падбярэ.

Ян чуе і не можа цяміць: ці шмат то ў адным грудзе забітых і як яны спаўзліся? Прыйшла жонка са збялелай проці звычайнага Монцяй і нервова-сумятлівай Ядвіськай. Яны праседзелі ў касцёле і не бачылі бою, толькі маліліся, плакалі і пужаліся кананады. У хаце Монця села ля акна, па-свойму падпёршыся рукою. Без слёз плакала сухімі вачамі. Ядвіська разоў дзесяць вылятала за садок і з-за вуголчыка дзівілася на палатняныя насілкі з капкамі крыві і барадатых, у пыле, санітараў з чырвоным крыжам на рукаве, на нерухомых сініх нямецкіх салдатаў у жоўтых ботах з гваздамі, на фурманкі, дзе крахтавалі, стагналі раненыя, на шпаркі самакат, што курыў то ў той бок, то ў той, па шляху.

Убачыла, як санітар папярэдне пары троху сунуўся на камлыжку, а насілкі варухнуліся, ранены ледзь утрымаўся, і ўсміхнулася. Схапіла жменьку валасоў і моцна рванула сябе за смех.

Ян ездзіў з падводаю збіраць на пахаці забітых.

Перад вечарам вярнуўся маўклівы і замораны.

На роспыты сям'і адказваў марудна і неахвотна. I кажучы аб другое, бачыў перад сабою ашклянелыя вочы, рукі са сціснутымі кіпцямі і ўзнятыя ўгору і кроў. I як ён, прывёзшы іх да брацкай магілы, па загаду санітараў хапаў за ногі, як за дубцы, і кідаў з калёс у яму, нібы дровы.

Салдаты часам поркаліся ў нямецкіх рыжых і касматых ранцах, даставалі салодкія жоўценькія сухаркі і частавалі Яна.

Ён папробаваў, і цяпер яму прыкра і мляўка.

 

 

IV

 

Заціхлі гарматы: пасунуліся на захад. Хутарок астаўся ў тыле. Пайшлі...

Хутарцы ўздыхнулі вальней. I думалі, што навальніца мінула. Ждалі лістоў ад Блажыса, але пошта была раскідана той навальніцай, і Даміцэля блізка месяца дарэмна штодня ўранні і ўвечары ў малітвах пыталася, ці жывы сыны яе? Лістоў не было, вешчых сноў не снілася, трывога не міналася.

Ян колькі разоў падвозіў хлеб на пазіцыю. Вярнуўшыся, шмат расказваў у двары аб тое, што бачыў.

Крэпка верылі ўсе, што не адыдуць ужо нашы і не прыйдуць сюды немцы.

А мінуўся месяц, і вестка аб адступленні ўразіла хутарок больш, чым некалі вестка аб вайне. Тры пары, дзень і ноч, гудзіць маць-зямля. Дымяць пажары. Чырванее неба. Выюць сабакі. Тарарахкаюць пушкі і павозкі.

— Рускія ўцякаюць...

Вот з аднаго хутара выйшла гаспадыня, старая літвінка, зірнула на лог свой, акопамі зрыты і гэтак кінуты, пачула жалобнае мычанне непакормленага ў сумяціцы скоту, абхапіла галаву рукамі і завыла сама, як той бедны сабака.

А ў касцёлах, бажніцах — трывожны звон, у званіцы навалена вузлоў спалоханых уцекачоў, там богамаленцы і сівы дзядок — кунігас. Дрыжачымі рукамі благаслаўляў тых, што па дарозе забягалі са стрэльбамі ў руках, каталікі.

Курыў па полі дожджык і, урэшце, паліў як з вядра. Клум, гразь. Адзадзі страляніна, і збоку лятуць ужо снарады. Там нейкія крыкі, вазня, уцекачы-жыхары з цэлым возам убогага шкумацця поўзаюць у гразі ля калёс і беднага каня, што прыстаў у патапечы.

А ў хутары Шымкунаса голаснае выццё. Блажыс ішоў са сваім палком міма роднай хаты і забег да сваіх на пяць мінутак.

— Што нам рабіць, сыночак, што? — Кладуць яму ў торбу сала і каўбасу, сыр і хлеба.

— Сам не з'ясі, таварышаў пачастуеш, — нечым будзённым чуецца сярод гора і плачу.

I не пускаюць таго з хаты. Матка і Ядвіська прыніклі да яго і выюць; ужо Монця падае торбу і роніць слёзы, а бацька ўсіх супакойвае і сам плача.

— Ужо не ўцеч вам, — кажа сын, — выкапайце за дваром ямку і накрыйце тоўстым бярвеннем з зямлёю. Калі будуць біцца, хавайцеся туды, а пакуль што хоць у паграбніцу. Бывайце, бывайце!

— Цалуе бацьку, хапае матчыны рукі, абшчапіў сясцёр, схапіў стрэльбу і торбу і пабег даганяць свой полк.

— Калі што, дай вестачку, Блажыс!

А наўкола сяліб і ўздоўж шасэ ўжо рыюць зямлю нямецкія гарматы.

Ядвіся палезла на вышкі, кінулася на сена і аддалася панаванню гора. Нітка думак парвалася, і дзяўчынка плакала доўга і няўцешна, чуючы толькі, што на свеце робіцца нешта незразумела страшнае, што на хатку прыйшло незвычайнае няшчасце, што герман іх забірае.

Выплакалася Ядвіся ўволю і троху прыціхла, у пакоі з прыемнасцю палепшанага пацягнулася на мяккім паху чым сене, закінула рукі за галаву, глыбока ўздыхнула і прыслухалася. Гарматны гул не сціхаў, але далятаў здалёку, як глухі гром, глухімі раскатамі. Наўкола ж блізка ўсё было ціха. З хаты не чуваць было ані гуку.

Шкло вакенца на вышках ледзь дрынчэла і званіла, калі мацней гудзеў гул. Мусі, дожджык ішоў: вакенца было затуманена дробнымі капачкамі, запацела.

На вышкі залезла кошка, упёрлася зялёнымі зрэнкамі на дзяўчыну, падняла хвост і замяўкала.

— Кыць-кыць-кыць, — паманіла Ядвіся, але вуха яе раптам уразілася рэзкім хлопаннем унізе, блізка возера.

Яна мігам скочыла, падбегла да шыбкі, працёрла яе ад туману і глянула на поле.

Дожджык ішоў. Людзей не было відаць, але паміж гор то тут, то там хлопала, і на міг віднеўся клубочак пару, як ад дыхання ў мароз.

Прыгледзеўшыся, убачыла Ядвіся, што за хутарам, куды пайшло рускае войска, па ўсім полі, у лагчынах і па адхону гары пераскаквалі, як вераб'і, адбягалі назад і прысядалі, нібы перапырхвалі, шэрыя са штыкамі і старэцкімі хатылькамі фігуркі. I ўсё нешта хлопала.

— Матка боска! То ж яны страляюць, — спалохана даўмелася Ядвіська і заламала, аж хрэснулі, пальцы.

Адна шэрая, абчэпленая торбамі кароценькая фігурка бегла саўсім недалёка ад пруда, па канаўцы ля шасэ. Во прысела, выставіла стрэльбу да лесу, рэзка хлопнула, — і раз, і два, і тры. Усхапілася і шпарка-шпарка пакацілася ад хутарка.

Ядвіся не мела сілы аглянуцца. Во фігурка ўзмахнула ўгору рукі і кінула стрэльбу. А воддаль яе і блізка пыл на раллі там, тута курыцца, як пыл на дарозе, калі пачынаецца буйны дождж. Прысела фігурка, потым сярдзіта пачала рваць з сябе тыя торбачкі; ізноў ускочыла, схапілася за грудзі, замяталася туды сюды ў бакі, кінулася ніц на дол і асталася ляжаць нерухома.

Шлёпалі тыя буйныя каплі па возеры, раскідаючы дробныя пырскі, і ўкола возера ўжо ляжала яшчэ некалькі такіх фігурак.

Пачуўся з пад лесу грукат, конскі тупат, страляніна і крык.

Ядвіся прыльнула вокам да ваконца і ўбачыла: ад лесу на шасэ важка імчыцца конніца ў сініх мундзірах з флажкамі на канцы пік.

Ту-ту-ту-тук!..— Як гарохам, забарабаніла па сцяне хаты.

— Ядвіся! Ядвіся! — даляцеў голас са слязамі крыклівы знізу.

Дзяўчынка кінулася да лесвічкі.

Дзы-ынз! — пасыпалася вакенца, і ў дзіру са злыбедным свістам уляцела яшчэ некалькі куль.

Не паспела Ядвіська дабегчы з бацькам да пограба, як да хутарка наўскачка падляцелі нямецкія кавалерысты.

— Прусы, – уздрыгнула і акамянела дзяўчына і ўжо не магла адвесці застылых вачэй ад тых. Ногі неспадзявана аслаблі, дажа згібаліся, зрабілася сцюдзёна. I Ядвіся проці волі хрыпла і дужа ціха шапнула, узняўшы руку: — Не рушце!..

 

 

V

 

У Янавай хаце за сталом сядзяць нямецкія пехацінцы. П'юць кофе, малако, ядуць хлеб з маслам, яйкі. На лавах навалены шынелі, ранцы. У кутку — стрэльбы. На масту пасцелена салома. Каля столу стаіць Ян і гамоніць з салдатамі. Ад печы да столу бегае Ядвіська. Монця з маткаю на печы. Салдат жыд перакладае таварышам, што кажа гаспадар па-літоўску.

— Во, дзед, — кажа адзін салдат, — у вас, у Расіі, баюць, што ў нас ужо есці няма чаго. На-ка табе кавалачак хлеба, ці не бялей наш будзе, ха-ха. Скажы яму, Глюкман.

— Бярэце, бярэце, гаспадар, што ж,— гаворыць Глюкман, — пакаштуйце нашскага хлеба. Ян віхаецца і бярэ.

— Дзякую, браткі. А мы да чорнага прызвыклі.

— Дадай, Глюкман, што калі ў нас не хопіць хлеба, мы ў рускіх адбяром... Дзяўчына, даліце кофе!

Ядвіся зразумела, пачырванела і ўсміхнулася.

— Зараз, пане, зараз.

— Старому што ні кажы, ці ён вінават?

— Па-вашаму, Цымерман, стары не вінават? А ён жа паляк, ён не рускі, ён і гаварыць па-руску не ўмее, а чаму ідзе з рускімі на нас? Як ён жыве пад уладай рускіх? Як батрак, хлеба няма, а як брудна. I яны ўсе тут таксама. А ў Германіі ён чалавекам быў бы.

— Ведаеце,— заступаецца Глюкман,— ён паляк, але тутэйшы: па-польску тож не разумее, гаворыць па-літоўску. I ён нічога таго не разумее, дарма вы на яго. Ён жыве і жыве. Я жыў у Расіі, дык я знаю. Праўда, усе тут так. Яны простыя людзі, яны не разумеюць. Маладзенькі хлопчык шэпча вусатаму брудэру:

— А гэта дзяўчонка нічога сабе, адылі што на печы, яшчэ прыгажэйшая. А вусаты чуе і кажа:

— Глюкман! Растлумач запечнай дзяўчыне: няхай не баіцца, мы не з'ямо яе, няхай не хаваецца.

— Ай, ну што там, — кажа ім жыд, — пакіньце вы іх чапаць, ну, простыя, бедныя сабе людзі, і ўсё.

На двары чуецца гоман і стук. Уходзіць дзяншчык і крычыць:

— Ідзіце вы! Тут будзе кватэра панам лейтэнантам. Салдаты нездаволена спыняюць абед і рыхтуюцца выхадзіць. На стол кідаюць маркі. Іншыя датыкаюць пальцамі каскі і смяюцца Ядвісі.

Дзеншчыкі ўжо знайшлі галень і даюць у руку дзяўчыне, каб мяла. Уходзіць у хату афіцэр, ззаду яшчэ два.

— О-о-о! Тут нам будзе, паны, нядрэнна. Бруднавата, ды што зробіш?

— Дый наконт дзяўчонак надта ж ладна! Дзівеце, што за матэрыял.

— Дзеля паляпшэння заняпалых народаў і дзеля найлепшага прывіцця высшай нашай культуры фізічным шляхам.

— Паны! Заўсёды вы так. Яны ж могуць разумець па-нямецку.

— Эт! Адразу відаць, што вы не дужа даўно змянілі штацкі гарнітур на ваенны... Вы нас не разумееце.

— Ці я магу саромецца, — кажа другі,— гэтых дзікароў.

— Ну, літвін, забірай сваіх хатніх і выхадзі ў другую хату.

Так запанавалі на хутарку ў Шымкунаса немцы.

— Ну, што, як там, — пыталіся рускія салдаты ў сваіх разведчыкаў, што хадзілі далёка за Нёман.

— Ды як там, — адказвалі разведчыкі, — танцуюць немцы ў Марыампалі пад грамафоны, мірным людзям за ўсё-ўсякае штых да грудзей, а дзяўчын ды маладзіц крыўдзяць.

 

VI

 

Прайшло роўна два тыдні. I зноў рушылі на захад шэра-бліскучыя тупацячыя рускія грамады. Сумныя малюнкі!

Крыжы на полі, на краях лесу, ля дарогі за канаваю. Змывае дождж слабыя карандашныя надпісы.

«Тутака пакояцца рускія воіны, забітыя пры здабыванні места С. 4.жніўня 1914 года».

Відавочна, у адной магіле пахаваны і немцы, бо на адной з іх стаіць другі крыж з надпісам:

«Тутака пакояцца германскія воіны, забітыя пры абароне места С. 4 жніўня 1914 года».

Яшчэ колькі сігоў і дошка: «Магіла воінаў[...]».

Іншыя крыжы са звязаных кіёчкаў. I ўжо пахіліліся, і ўжо борзда заваляцца. I згубіцца месца апошняга супакаення воіна.

Цягнуцца акопы немцаў. У іх — пярыны, лаўкі, сталы, бляшаныя печкі, гаршкі з літоўскіх хат.

Валяюцца пляшкі, гарахвяныя кансервы, папера ад шакаладу. Пачкі патронаў. Цэлыя кучкі гільзаў. Цягнуцца рады дроту.

Асенняе сонца спакойна гуляе. Ветракі-млыны заснулі. Пустынна. Аднак там, тут пачынаецца сонны рух. Жыхары, як пчолы вясною з вулля, асцярожна выпаўзаюць.

Во, збоку шасэ калдыбае дзед. Падняў з зямлі каску, раздушаную катком, падзяржаў двума пальцамі і кінуў у канаву. Двое хлопцаў збіраюць гільзы. Паднялі паломаную стрэльбу, але ўбачылі салдатаў, кінулі яе і пабеглі ўцякаць.

На гаці ў яме ляжыць здохлы конь. Раздуўся, як гара, і ўжо смярдзіць. А ў багне пакінута пустая снарадная скрынка. А на ўзгорку — доўгая алея старых ліп, дзеля чагосьці без усякае жаласці ссечаных. Яны загарадзілі дарогу.

— Мы ведалі, што незабавам прыдзеце. Але чаму адступілі? Хіба яго сіла больш? Кінулі нас...

— Зразумей, дзед, што іншы раз трэба адысці дзеля даспеху ў вайне.

Слухае дзед і маўчыць.

— Ну, што: крыўдзілі вас?

— А Божа мой. Усё ўзялі: блізка ўсіх коней, каровак, зімовую адзежу. Спрачацца няможна было — забілі б. А да начальнікаў не даступішся. I ўсё паелі: кароў, свіней рэзалі, гусей, курэй.

Прымушалі яшчэ пух дзеля іх абдзіраць.

Бульбы не любяць. Пыкі вы якія! Нашы салдацікі, калі бяруць — перша за ўсё бульбу, а ім пісклят трэба, пірагоў.

А страху колькі! Учора, як выганялі вы іх, мы ў пограбе сядзелі. Дрэвы ад стрэлу хісталіся. Бу-бу-бу. З рання да ночы бухае, а мы седзімо не піўшы, не еўшы ды смертухны чакаем.

— Ну, цяпер турыце яго нашчэнт, а мы адзадзі будзем ісці: скацінку сваю шукаць.

— I ўсе злыя германы. Адзін толькі трохі заступаўся, саромеў сваіх. А яны лаюць яго. Знаёмы хутарок...

Па адхону гары — ямкі ад снарадаў. У сцяне хаты — меціны ад куль.

Бегае сабака і бесталач гаўкае.

Тут вялікае гора.

Не чуваць вясёлых галаскоў прыгажух-дзяўчатак. Монцю немцы павялі з грудам літоўцаў нібы акопы капаць, а Ядвіська хворая, непрытомная ляжыць, трызніць, бедная:

— Не рушце! Не рушце! Ратуйце!

 

 

VII

 

На Вержбалоўскіх пазіцыях немцы ўмацаваліся і сталі. Жыхары з бліжэйшых хутаркоў уцяклі назад, пагналі за сабою скот. Ян Шымкунас выправіў сям'ю, а сам астаўся ў хутарку пад абстрэлам.

Цэлы дзень сядзеў ён, напрануўшы жупан, у сцюдзёнай хаце, а ўвечары выходзіў з двара і пудліва пытаўся, страчаючы салдатаў:

— Не хоча адступаць герман?

Быў строгі наказ войску мірных жыхароў не чапаць, а за ўсё плаціць. Але, адстоіўшы тут месяц, у дні, калі не паспяваў да часу фуражыр з хлебам, траплялі салдаты на хутаркі.

У адно ранне Ян дагледзеў, што нехта начою падушыў яго пчол і паламаў калодкі, шукаючы мёд.

Праходзілі міма салдаты, і Ян, ні да каго не звяртаючыся, жаліўся:

— Ах, Божа мой! Не пашкадавалі маіх пчолак. Чужы пакрыўдзіў і свае ж не даруюць.

Маўчалі салдаты.

А калі ў іншы вечар прыходзіла да старога Даміцэля, раскладала на стале хлеб і што варанае, ці крышыла сухі сыр у цёплую ваду і падкрапляла мужа, ён гаманіў з ёю, што і бульба з ямаў прападае, і кублы ў садзе, што былі вынесены ад пажару, паломаны.

Але ў той быў больш балючы клопат:

— Дзе-то наша Монценька? Ці жыў то Блажыс? Чаму нічога не піша Дамянік і сам не едзець? — плакала яна.

Вярнулаткі дзяўчына, але не борзда, цераз месяц адышлі немцы яшчэ дальш, і вярнуліся з палону работнікі-літоўцы. Прыйшлі дзяўчаты і маладухі.

Ішлі, бяднягі, ледзь жывыя: нага за нагу. Чорныя, што зямля чорная.

Няможна было пазнаць Монцю.

Сляды мук, перажытага сораму і гвалту адбіліся страшным выглядам на твары.

На роспыт маткі, з плачам абшчапіўшай яе, Монця прараніла шапатком некалькі слоў праз сілу. Па збялеламу і цьмяна-бруднаму твару цяклі слёзы, пакідаючы палоскі. Адзежа зрабілася шкумаццём.

Дзяўчына прытулілася да хворай сястры, потым адарвалася, схапіла матку за руку і завыла.

— Мамулечка! Няхай бы забілі мяне, чым так зрабілі мне...

Цераз колькі дзён матка, баючыся, каб саўсім не выйшла з розуму дзеўка, павяла яе да кунігаса.

Ківаў ён жалобна сівенькаю галавою.

Калі будзе, то і твой гэта дзіцёнак, Монька. Маліся матцы Божай.

— Не хачу я яго, — залівалася слязамі Монця.

— Маліся, Монечка, — Бог дасць дзіва, і ўсё абыдзецца так, як Богу заўгодна.

— А калі не будзе дзіва? Не магу я маліцца і жыць не хачу.

— Монечка! Дзетачка мая,— супакойвала матка, не ведаючы, што рабіць, а стары кунігас клаў далоні на галаву няшчаснай і ўзнімаў угору вочы і маліўся, аж дрыжучы ад нервовага парушэння: від гэтых мук яго паствы кроіў яго сэрца.

Прайшлі спакойна, хоць і нявесёла каляды. Зіма была дужа сцюдзёная, ветры вялікія, незвычайныя гурбы і сумёты. Белым пакрывам пахаваў Бог бруд зямлі, апаганенай грэхам чалавека — убійства і разбурэння ў прыродзе. Па чутках з фронту думалася людзям, што надоўга застылі дзве варожыя сцяны і, мусі, не парушацца да вёсначкі. Дык другое адступленне было падобна да грому на сінім безвоблачным небе.

Батарэя, што сцерагла некалі мост, патрапіла, уцякаючы, на старую дарогу.

Феерверкер Сініца збочыў ад шасэ да хутарка.

Няможна пазнаць, што той самы. Палова будоўлі згарэла, толькі хата дзівам уцалела. На двары, сярод абгарэлага, чорнага будавання — здохлая ці забітая сучачка. Страха ў хаце прабіта. На печы сядзіць саўсім ужо сляпая Даміцэля. Яна разгарнула на нагах, як дзіцёнак, ліст з Масквы ад раненага сына Блажыса. Дзіра ў столі вялікая, адтуль свеціць. Хата сцюдзёна, як пуня. Тут жа дзядзька Ян. Сядзіць ля стала на шклянках ад пабітага вакна, папраўляе саламянае заткала ў вакне і сапе ў піпку, дзе замест табакі — хлоп са сцяны. Даўно ён не галіўся, не часаўся, змарнеў.

Ян сумна паглядае на адыходзячае рускае войска і часам нешта шапоча.

— Здароў, дзядзька Ян! Ах, як жа ў вас...

— Ад учарашняга бою, братка.

— А дзяўчаты вашы дзе?

— Уцяклі ўчора, ды ўжо, мусі, не паспеюць на машыну.

Як наўмысна, і яны з вузламі на парог.

— Добры дзень! Ці пазнаеце? Чаму вярнуліся?

— Куды мы пойдзем ад цэваса (бацькі) і мамы? — і заплакалі абедзве. Чаму ж раней не ўцякалі?

— Чаму? Так... не ведалі.— I па тону гэтага адказу няможна ўцяміць, чаму літовец так прыкут да свайго гнязда і ці сапраўды ён не ведаў.

— Ну, бывайце здаровы. Страху папраўляйце. Лікісвейкас!

— Су дзеў! — а самі плачуць, як пакінутыя на загубу.

Сініца пагнаў каня.

Возера замёрзла, але ўсярэдзіне былі павадкі на лёдзе і блішчэлі на чырвоным ад марозу сонцы. Блішчыць снег. Варона акалелая знедкуль узялася. Па снегавой дарозе коламі гармат глыбокія выбіты калюгі. Асцярожна спускаецца з гары калона войска адступаючага, як нейкая шэрая ўстужка, толькі трапечацца і безупынна паўзе.

Адзадзі і справа гудзіць глухая, асцервянелая, нястрыманая кананада.

Хутарок цямнеючаю плямаю астаецца далёка адзадзі.

 


07.04.1915

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: http://www.rv-blr.com/demo/all_glava/41