epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Гарэцкі

На імперыялістычнай вайне

Лагер
Пачатак
Мост
Дзённік
Роў
Варшлеген
Прывалы
Фарты
Аленбург
Уцёкі
Нёман
Паварот
Стаім
Пераезд
Горы
Катастрофа
Абоз
Шпіталь
Пабыўка
Ліст


(Запіскі салдата 2-й батарэі

N-скай артылерыйскай брыгады

Лявона Задумы)

 

Лагер

 

Тэрмін службы для вальнапісаных пачынаўся ў расійскім войску 1 ліпеня. Дык у самым канцы чэрвеня 1914 года, ехаў я ў бязлюдным вагоне трэцяга класа па знямелых ад пякоты і пылу і такіх убогіх жмудскіх палях у N-скую артылерыйскую брыгаду, што кватаравала ў глухім і невядомым мястэчку недалёчка ад нямецкае граніцы.

Запякло на сэрцы, калі цягнік падходзіў да станцыі нуднай, быццам тая ўжо казарма. Вакол — жоўтыя, голыя пустыры. Усё заліта нуднаю гарачынёю. Усё соннае, пыльнае, ціхае. Выхадзі — як на пакуту.

Але ў пустых і засмечаных казармах, у цёмным і непрыветным канцылярскім пакоі, даведаўся я толькі ад сухога і цьмянага чарнавусага кашчэя-пісара, што мог сюды я і не ехаць: брыгада была ў лагеры, у суседняй губерні, вёрст за сто адгэтуль.

— Чаму ты не ехаў проста туды?

— Куды мяне паслалі, туды я і прыехаў, — адказаў я кашчэю са злосцю, што ён гаворыць мне «ты» і што такія ў іх парадкі.

Кашчэй толькі ўсміхнуўся, ціха загадаў другому пісару:

— Напішы яму пасведчанне да лагеру, а білет хай купіць на свой кошт...

— Чаму так? — не ўмоўчаў я.

— Таму, што па прыказу цябе ў нашай брыгадзе яшчэ няма... Спаганяй з свайго вайсковага начальніка.

Усё тут было па-казённаму груба і неахайна. Толькі адно акно трошку адчынілі, а там прыемна, па жывому шавяліў шырокім зялёным лісцем густы клён. I ў мяне супроць розуму з'явілася жалкая, дзяціная пацеха, што хоць жа троху, да лагеру, пабуду яшчэ на волі. Узваліў скрыначку на плечы і ізноў пацягнуўся на станцыю.

У лагер я прыехаў познаю і цёмнаю начою. Начаваў у канцылярскіх сенцах, на вузенькай лаўцы, што сядзець было вузка, мулка і сцюдзёна, а на сэрцы — страшэнна брыдка. Не супакойвала наўмысная пакора і цярплівасць.

Гоман і шум у лагеры пачаўся дужа рана. Але я паспеў і ўстаць, і пахадзіць, і пасядзець, і з'есці кавалак драчоны і колькі медунічак — і ўсё яшчэ доўга-доўга мусіў чакаць. Сядзеў на канцылярскім ганачку, на сонцы, — быццам спаў, без жывых думак, без усяго.

Аж прыйшоў ткі фельдфебель, высокі рыжаваты дзяціна, гадоў пад трыццаць, і з маленькімі і рэдкімі залатымі вусікамі. Узяў мае паперы, сказаў пісару запісаць. Гаворачы, ён клаў два пальцы на ніжнюю лупу, мачыў іх, бздрынкнуўшы па ёй, і падкручваў залатыя вусікі. На мяне стараўся не глядзець.

Раптам недалёка ад канцылярыі лачуўся шум і голас. Разляглася дужая каманда-крык: «Смірна-а-а!» Гэта ішоў камандзір батарэі ў канцылярыю. I ў канцылярыі ўсе заварушыліся як ашпараныя. Фельдфебель крыкнуў:

— Устаць! Смірна а!

Усе ўскочылі, выцягнуліся, скамянелі. Паказаўся высокі і быццам задуманы афіцэр, з вусамі і падстрыжанаю бародкаю.

— Здарова, братцы! сказаў ён ціхавата і вугнава.

— Здраў-жлаў, ва-скродзь!!! — вякнулі ўсе на ўсю сілу і як адзін.

Фельдфебель, як чытаючы па кніжцы, злажыў рапарт і сказаў пра мяне. Камандзір з нейкаю няласкаю ці пагардаю павёў галавою ў мой бок.

— Здраўствуй!

— Здраўствуйце!

Ува ўсіх прабег смех, а ў фельдфебеля і прыкрасць. Хоць я быў яшчэ ў вольнай адзежы, для іх такі адказ камандзіру быў смешан і дзік.

— Ты праваслаўны?

— Праваслаўны.

— Абстрыгчы і выдаць абмундараванне! — прамармытаў ён, ужо не гледзячы на мяне.

— Слухаю, ва-скродзь! — крыкнуў фельдфебель, і абодва пайшлі з канцылярыі ў абход. У канцылярыі ўсе павесялелі і загаманілі.

Змясцілі мяне ў адной палатцы з другім вальнапісаным, на прозвішча Шалапутаў, нейкім шапялявым і, відаць, дурнаватым юнкерам, прысланым у батарэю з вайсковае школы ці то за благія ўчынкі, ці то за няздольнасць у навуках. I на пачатку мае службы найгорш мне было цярпець яго размовы і манеры, жывучы з ім разам у адной цесненькай палатцы. Вечна ён або жор, як у якую прорву, так у свой вялікі лантух, каўбасу з салам і сітны хлеб з батарэйнае крамкі, або малоў усякую лухту. Вось аднойчы гострыць ён галяк скрабсці сваю тлустую і ўсю ў чырвона-чарвівых скулачках шыю; неяк умеў гэта рабіць: сам сабе галіў шыю, нават намыльваў і нават без люстра. Я ляжаў на койцы і чытаў вайсковы статут. Касалапы, потны, падходзіць ён на сваіх кароткіх нагах-тумбах, круціць нада мною нагостраны галяк і шапялявіць:

— Які шысты халяк! Гляджыча, шэры: халяк на яч!

«На яць» — было ў яго ўлюбёным выразам, а «шэрым» ён зваў мяне, як навабранца.

Не ўгледзеўся я ў яго пальцы-абрубачкі з уціснутымі і вывернутымі кіпцікамі, як галяк скаўзануў з іх мне на грудзі ля самае шыі.

Калі я пярэчыў яму ў чым-небудзь, ён казаў без усякага жарту: «Вы яшчэ шэры, а я стары юнкер і ваш старшы». — «Ну і што?» — «А тое, што вы не салдат, а індык, бо вы ўсё нешта думаеце, як індык... Чорт вас ведае, аб чым вы ўсё думаеце». Калі я купляў яму каўбасу і сітны хлеб, ён рабіўся ветлівейшы, менш лаяўся, бо я гэтага не любіў, і даваў мне рады: «Кідайце, калега, сваё інтэлігенцтва! Ведаеце, што з інтэлігента салдат, як з гразі куля». Лаяўся ён ціха, але так паскудна, што я думаў — ніхто больш у брыгадзе гэтак не ўмее. Аднак я памыліўся. На другі ці на трэці дзень пачулі мы крык на галоўнай дарожцы перад палаткамі. Выбягаем... Маленькі, з чырвоным носікам, але з вялікімі і разлеглымі бурымі вусіламі, фарсісты афіцэр страшэнна лае салдата нашае батарэі. А лае такімі брыдкімі словамі і так іх камбінуе, што куды там дурному Шалапутаву... Салдат стаіць, выцягнуўшыся ў струнку, і маўчыць, — маўчыць, як анямеўшы, толькі тарэшчыць вочы і цягнецца яшчэ болей. Пытаюся ў Шалапутава: «Хто гэты паршывы афіцэр? Няўжо з нашае батарэі?» Шалапутаў паглядзеў на мяне з гневам, а тады са смакам адказаў, што гэта — камандзір адной батарэі нашае брыгады падпалкоўнік Гноеў, найлепшы афіцэр у брыгадзе і «шырокая руская натура».

Мне было прыемна, што хоць камандзір нашае батарэі не любіць лаяцца. Наогул, мне адразу кінулася ў вочы, што ён нечым выдзяляецца спаміж афіцэраў. 3 выгляду ён быў высокі і плячысты мужчына, злёгку пахілены, яшчэ малады, але з вусамі і барадою, падобна як на партрэтах у цара — «каб і з выгляду быць падобным да свайго імператара», як вытлумачыў мне Шалапутаў, мусіць, са слоў нейкага афіцэра. Але вочы ў яго — глыбокія і тужлівыя. Відаць, чалавек з нездаровымі нервамі, дужа дражлівы. Я думаў, што, мусіць, ён пагарджае людзьмі — і салдатамі і афіцэрамі,— але сэрца ў яго баліць, ён заўсёды аб нечым тужыць, нешта яго турбуе без адчэпкі. I я заўважыў, што ўся батарэя дужа яго баіцца, але што цішком з яго ўсе пасміхаюцца. Чуў я пра яго дзівоты: вялікай набожнасці, драбязлівай прывязнасці да парадку і ахайнасці. Казалі, што ён дужа пасварыўся з адным афіцэрам за тое, што той паклаў на яго ложак сваю шапку і газету. 6 ліпеня — першае свята, як я быў у лагеры,— усіх пагналі ў лагерную царкву. 3 людзей, незанятых дзяжурствам, толькі я адзін сядзеў у палатцы; балазе ніхто мне нічога не сказаў, дык я і не пайшоў. Камандзір з Хітруновым (гэткае прозвішча было фельдфебеля) абходзіў палаткі і пачуў мой кашаль.

— А гэта хто там такі?! — грозна спытаўся ён у фельдфебеля.

— Новы вальнапісаны, васкродзь! — вінавата адказаў Хітруноў.

— Чаму ён не ў царкве?!

— Не магу ведаць, васкродзь, — ухіліўся ад праўдзівага адказу Хітруноў, а каб яшчэ лепей вывернуцца, дадаў двухзначна: — Не захацеў пайсці... Можна было зразумець і так, што мяне пасылалі, ды я спрацівіўся і не пайшоў.

— Як яшчэ «не захацеў»?! — гняўліва і ў злосці крыкнуў камандзір.

— Чаму вы не паслалі яго?.. Вымаўляю вам, фельдфебель! — крыкнуў і шпарка засігаў даўгімі нагамі далей.

Мне было дужа прыкра і цяжка. Я сядзеў тады ў палатцы, як паняволены, і баяўся яго крыку. Але ён мяне не зачапіў, а накрычаў за хітрыкі на Хітрунова — і я адчуў, што пры ўсёй сваёй нервовасці ён умее думаць і разбірацца.

Затое другім разам зрабіў ён са мною неспадзяваную для мяне штуку... Раніца пачалася дужа добрым надвор'ем, а потым стала горача і парна, а перад абедам пайшлі па небе дажджовыя хмары, адразу пахаладнела. Я сядзеў у палатцы і пісаў ліст. Аж прыбягае адзін наш батарэец і кажа, каб я зараз бег у арудзійны парк, бо камандзір мяне кліча. Мяне?!. Здзіўлены, я схапіўся бегчы, выскачыў не апрануўшыся, а дождж вось-вось хлыне. 3 парку разыходзіліся ўсе салдаты, толькі пры адной гармаце двое нешта рабілі, і над імі стаяў камандзір. Я пабег, і ён сказаў мне: «Стой тут». Я стаяў і глядзеў, нічога не разумеючы, што яны там робяць, і чакаў дажджу. Зараз дождж і пайшоў, і буйны... Тады камандзір загадаў салдатам апрануцца (шынялі іх ляжалі тут жа, а сам не апрануўся і мякнуў на дажджы, хоць тут жа на пяску ляжала і яго накідка. Мяне ў адной летняй гімнасцёрцы за хвілінку прамачыла наскрозь, а я ўсё мусіў стаяць,— камандзір нават не паглядзеў на мяне. Нарэшце ён адпусціў іх, ускінуў на руку накідку — і пайшоў сабе моўчкі з парку, ізноў жа нічога мне не сказаўшы. Тады — што ж мне стаяць? — паплёўся за ім следам, троху астаўшыся, і я, і па дарозе стараўся дадумацца, навошта ён мяне вымачыў і навошта сам без патрэбы мокнуў, калі і накідка ляжала...

— Бягом!! — знянацку аглянуўся і крыкнуў ён на мяне. — Бягом!.. Прастудзіцца хочаш?! — I столькі ж было дражлівасці і хваравітага злавання ў яго словах.

Я пабег, смешны сам сабе і дужа пакрыўджаны.

I так блізу два тыдні жыў я ў лагеры, як астрожнік. 3 лагеру мяне нікуды не пускалі, а па лагеры я і сам хадзіць баяўся, пакуль не ўмеў аддаваць чэсці афіцэрам. Я завучваў на памяць прозвішчы ўсіх сваіх начальнікаў, ад вайсковага міністра да ўзводнага і аддзялённага. Чытаў нялюбыя мне статуты вайсковае службы. Сотні раз станавіўся «ўва фрунт» перад бярозавым калом замест начальніка, сотні раз «казыраў» — і ўсё было яшчэ нядобра, усё яшчэ не ўмеў.

У палатцы днём было душна і пыльна; ліплі, як злыя чэрці, конскія мухі. Начою было сцюдзёна і непакойна: увесь час на вадапоі ці на стайні хто-небудзь стукаў, бразгаў, крычаў на коні, лаяўся. Паднімалі ўсіх а пятай гадзіне раніцы, і выспацца было немагчыма.

Толькі яда была не дужа дрэнная, прынамсі, не горшая, чым у звычайнага, сярэдняга гаспадара ў нашай вёсцы. Адно што — мусіць, у цэлым свеце не было больш неахайных салдатаў, як у нашай батарэі (так мне тады думалася). I я еў з усімі разам, але не з агульнага баку, а з свае асобнае місачкі, як елі і некаторыя салдаты татары і яўрэі дзеля сваіх рэлігійных звычаяў. Бакаў ніколі не мылі; добра, калі хоць абдавалі перад ядою сцюдзёнаю вадою з калодзежа. 3 аднаго баку елі і варыва і кашу. Лыжкі толькі аблізвалі і насілі іх за халявамі ў ботах, пры потных анучах.

Час праходзіў ад каманды да каманды. Я хадзіў на малітвы і цягнуў з хрыпаватымі басамі і тэнарамі «Отча наш...» або «Спасі, госпадзі, людзі твоя...» — цягнуў ці маўчаў і горка пасміхаўся. Хадзіў у парк глядзець, як робяць гімнастыку ці вальтыжыроўку, хадзіў на абед і на вячэру, піў з Шалапутавым гарбату і ўсё дзівіўся на яго сабачую жарлівасць — так многа паядаў ён каўбасы і сітнага хлеба! — вучыўся аддаваць чэсць і чытаў нудныя статуты. I так жыў. I так, можна сказаць, жылі тут усе.

Увесь час мне было цяжка на сэрцы. Лісты ні з дому, ні адкуль не прыходзілі, і ад гэтага мне было яшчэ болей цяжка.

Газет, як прыехаў, я і ў вочы ні разу не бачыў. Я ўжо не ведаў, каторы я тут дзень і які цяпер дзень: можа, субота, можа, пятніца...

Я са страхам думаў, што мушу так жыць цэлых два гады*. Мне шкода было загубленага часу, загубленых маладых сіл. I калі па вечарах у пяхотнай частцы лагеру прыгожа і вясёла іграла вайсковая музыка, мяне так хапала нуда за сэрца, што слёзы мімаволі накручваліся на вачах. Я пачынаў нервавацца.

* Звычайныя салдаты служылі на цэлы год болей, і я пайшоў вальнапісаным, каб скараціць гэты тэрмін.

 

Пачатак

 

13 ліпеня, якраз у нядзелю, гадзіне а чацвертай раніцы, калі мы яшчэ спалі, да мяне скрозь сон даляцела дужая каманда:

— Абамунічвай!

Першы крыкнуў фельдфебель Хітруноў, а потым паняслося ад дзяжурнага да дзяжурнага, ад палаткі да палаткі:

— Абамунічвай! Абамуні-і-ічвай!

Шалапутаў выскачыў з палаткі ў адной кашулі, даведацца, што такое, і вярнуўся збянтэжаны, не ведаючы, жартуюць з ім ці кажуць праўду.

— «Гарох» кажа, што вайна... — прамармытаў ён, спалоханы.

«Гарохамі» салдаты завуць звыштэрмінова служачых, укладаючы ў гэтую мянушку шмат знявагі да ахвотнікаў цягнуць вайсковы хамут за казённы гарох. Шалапутаў назваў цяпер так фельдфебеля Хітрунова, і гэта было знакам дужа папсаванага гумару, бо зазвычай у іх былі жартаўліва-прыязныя адносіны.

— Вайна? Адкуль? Якая? Мусіць, нейкае непаразуменне, — праўдзіва быў здзіўлены і я, але зараз прыпомніў сабе словы свайго віленскага знаёмага, вядомага беларускага дзеяча Я. Л., які яшчэ год таму назад казаў з пэўнасцю, што вайна будзе не пазней, як цераз год-два.

Шалапутаў не размаўляў, крактаў і злосна брынкаў банькамі* і шашкаю.

* Шпорамі.

Калі мы выбеглі, уся батарэя збіралася на галоўнай дарожцы перад палаткамі. Адзін па адным падыходзілі афіцэры, якіх я дагэтуль і не бачыў, а цераз хвілін пяць, як усе пастроіліся, прыйшоў і камандзір батарэі. Прыняўшы ад дзяжурнага рапарт і паздароўкаўшыся з батарэяй, ён паглядзеў на выстраеных маўклівых людзей, памаўчаў, а потым сказаў сваім троху вугнавым, але гучным камандзірскім голасам:

— Вось, братцы! Прокляты наш вораг — Нямеччына, захацела пакрыўдзіць адзінаверную з намі, рускімі, невялічкую Сербію. Але наш бацюшка-цар гэтага не дапусціць... Мы першыя не пачнем, але калі Нямеччына палезе, мы разаб'ём ёй морду ў квас. Яна, пархатая, зажырэла, бо ўжо сорак год не ваявала. Дык мы ёй пакажам! А пакуль што, братцы, трэба пераехаць на зімовыя кватэры, каб быць бліжэй да ворага. Н-ну, р-расхадзісь!

Вось дык навіна!..

Адны маўчалі, задумаліся, другія з выгляду павесялелі, зашумелі. Але ўсё гэта было толькі звонку... А што рабілася ў сэрцы кожнага?

Я спачатку не мог сабраць думак, уцяміць усяе важнасці пачутага, але неяк мімаволі ўсцешыўся, што не трэба мне будзе цягнуць астрожнае жыццё цэлых два гады, што жыццё пойдзе ўжо цікавейшае, што я трапіў у кашу лоўка...

Потым стаў сам сябе сароміць за гэткія думкі: быццам я радуюся вайне.

I сорамна прызнацца, але мне хацелася, каб яна была, каб прыйшла нейкая перамена.

Я задумаўся і над прамоваю камандзіра. Няўжо ж можна намовіць салдата ісці на вайну з уздымам пачуцця, каб бараніць нейкую Сербію? «Адзінаверную», калі яна далёка не для ўсіх нашых батарэйцаў адзінаверная,

бо ёсць мусульмане, іудзеі, каталікі. I якія непрыгожыя словы «зажырэла», «пархатая», «морду ў квас, што я нават і не чакаў ад нашага камандзіра.

Захацелася пісаць лісты дамоў і знаёмым. Сеў пісаць — і не пішацца. Лепей пачакаць яшчэ троху, пакуль справа не зробіцца святлейшаю.

Ну і трапіў у завіруху!

Цэлы той дзень і палову другога дня мы складваліся, пакаваліся, пераязджалі на станцыю і разам з другімі вайсковымі часткамі лагеру — пяхотай, артылерыяй, сапёрамі — грузіліся, суяціміліся, куламесіліся...

Цалюсенькую ноч гарэлі вогнішчы, гаманілі і крычалі людзі, тарахцелі фурманкі, порскалі коні, а па-над усім гэтым нудна-дражліва галасілі ў ядраным паветры зорнай ночкі свісткі цягнікоў.

Я пасабляў пакаваць канцылярыю, начаваў на даўгой дашчатай скрынцы з батарэйнымі паперамі. Пісары, Беленькі і нейкія мне незнаёмыя салдаты-«арыстакраты» пілі ў баковачцы гарэлку, елі мяса з гурком і сітным хлебам і гневаліся, што я не іду ў іхнюю кампанію, а лёг спаць. Яны гаманілі ўвесь час пра вайну, пілі і елі як перад вайною, нічога сабе не шкадуючы.

Доўга ў лагеры стучэла, гручэла, ляскала жалеззем, часам чулася салдацкая песня — і ўсё гэта да познай ночы, аж пакуль я не заснуў, і начою, калі будзіўся ад гоману і свае нутраное трывогі.

Эшалон наш пайшоў на другі дзень а пятай гадзіне па абедзе.

Я быў рад, што еду, — куды, усё роўна, абы еду... Цікаўней жа наглядаць, што тут творыцца навокал, чым сядзець у тым лагеры-астрозе.

Ужо з вагона, перад адходам цягніка, я бачыў, як паміж усялякага громазду, наваленага адпраўляць, там, дзе было троху вальнейшае месца, перад вакзальным будынкам прахаджвалася пара. Ён — стромкі, харошы афіцэр, з дужа крывою шабляю, што валачылася па зямлі, яшчэ зусім маладзенькі. Яна — тож маладая, ды грубенькая, мусіць, цяжарная, пані, уся чырвона-ружовенькая і з вопраткі, і з твару. Ён усё ёй нешта казаў і казаў, нахіляючыся да яе галоўкі і ізноў ідучы проста, у задуме, а яна ўзяла з яго рук хлысцік, маўчала, сціскала хлысцік і, здаецца, плакала ціхімі слязьмі. Так мне зрабілася іх шкода, хоць і не любіў я афіцэраў і паноў. Тут — шчырае каханне і разлука...

А нашы батарэйныя «гарохі» бегалі заклапочаныя, хаваючы цяжкія думкі, бегалі, насіліся, рассаджвалі па забітых усякімі скрынкамі і сёдламі вагонах сваіх жонак і дзяцей, падавалі ім у рукі свой спакаваны скарб, а рабілі ўсё так, як панскія слугі, лёкаі: каб не дужа каму кідалася ў вочы. I брыдка, і жаласна было глядзець на іх бацькоўскі клопат у паднявольных людзей, і шкода было бедных «гарохавых» дзяцей.

Вольныя людзі прапускалі нас на станцыях як на вайну. Апраненыя бедна жанчыны вынасілі вёдры вады, бегалі па колькі раз, не шкадуючы турбацыі, каб толькі мы ўсе напіліся. Беленькія паненкі, калі такія, што гаманілі па-расійску ці па-яўрэйску, а не па-польску, кідалі нам у вагоны краскі, а як цягнік адыходзіў, махалі хустачкамі і крычалі нешта вясёлае.

Начою ў вагоне пісары нашы і з пару «гарохаў» ізноў пілі гарэлку — быццам бы гарбату, з кацялкоў, — але ў вайну ўжо не мелі веры, казалі, што вайны напэўна не будзе, і шкадавалі, што без пары скончыўся лагер. Страшэнна лаялі за гэта як немцаў, так і сербаў.

А газет я так і не мог нідзе дастаць.

Прыехалі мы на другі дзень раніцаю. Цяпер ужо я станцыю не разглядаў, і яна не была нудная, апаленая сонцам... Пачалося выкладанне рэчаў, пераезд і ў казармы, і ў склады, і ў арудзійны парк. А быў пыл, а бруд, а лаянка! Куды ні сунься — крыкі, громазд, куламеса...

На мяне ўсе забыліся, і я быў рад, што магу не лезці ў вочы без патрэбы.

Кінуў я ўвесь клопат і пайшоў на бераг Нёмну. Шчыпаў там у кустах арэхі, знайшоў колькі ягадзінак, спозненых сунічак, любаваўся з высокага берагу на прыгожую Нёмнаву вадзіцу. Было тут ціха і супакойна — і не хацелася ні аб чым думаць.

Па абедзе загадалі мне схадзіць у акалодак — больніцу для хворых салдат — на медыцынскі агляд, што бывае кожнаму новапрыбыламу ў батарэі.

Ідучы туды, я разважаў, як малое дзіця: «А вось знойдуць у мяне якую небудзь загану ў грудзёх — і забракуюць... Паеду назад! Якое шчасце!»

Там я доўга чакаў у невялікім пакоі, дзе на жалезных ложках, на голых сенніках і на падушках з сена, без посцілак і наўлачак, ляжала чалавек пяць нядужых. Пад ложкамі валяліся кінутыя боты і ўсякія транты, а на шафках, што служылі і заместа столікаў, я ўбачыў у адной кучы і шапку, і паяс, і кубак піць, і пляшачкі з лякарствамі. Мухі так ліплі; рамы былі падвойныя, з дужа пыльнымі шыбамі, і яны ляцелі адтуль, абнялі крошачкі цукру, садзіліся хворым на нос і ў вочы. Хворыя ляжалі моўчкі, заплюшчыўшы вочы,— спалі, ці што.

Жаль агарнуў мяне.

Недзе пабегаўшы, з'явіўся салдат-прыслужнік. Ён ні слова не сказаў мне, прыткнуўся на табурэтку, дастаў з кішэні пушачку ад ваксы, дзе меў махорку, і стаў круціць цыгарку. Круціў і пяяў сабе пад нос з самым тупым выглядам:

 

Ціпер жа нада мною

Та-аварішчы сміютцаа а...

Зачэм жэ ты мне чайнік пріпаяла?..

 

Потым курыў, а курачы, мыском боту пароў у ражку бліжэйшага сенніка... Пільна разглядаў, як сыплецца адтуль дробная, пацёртая саломка. Курыў доўга, а дакурыўшы, паклаў недакурачак на падлогу, напляваў на яго, старанна лучаючы, і расцёр падэшваю аж да чорных шнуроў на брудным цэменце. Тады крыкнуў:

— Сурай, а Сурай! Перавярніся ты на другі бок: зараз камісія прыйдзе аглядаць цябе.

Хворы татарчук скасіў мутныя, пачырванелыя вочы на шырокім, замшэлым ад валосся твары, кінуў у наш бок безуважны погляд, нічога не прамовіў і з трудам лёг на другі бок.

Другі хворы, даўгі і сохлы, збялелы насмерць, нечакана злез з ложка і на маёй роднай мове сказаў прыслужніку:

— Мулка... I пасунь ты сюды...

Ён паказаў, каб пасунулі ложак. Гэта, відаць, былі яго хворыя верадаванні. Ужо насілу стаяў, узяўшыся за край століка; ногі ў яго дрыжэлі.

Прыслужнік слухмяна ўзбіў сяннік, нарабіўшы пылу, тады страсануў убогую салдацкую коўдру, пасунуў дзеля віду ложак, пасобіў яму легчы і ласкава пакрыў яго коўдраю. Калі ўсё ізноў сціхла, прыслужнік падміргнуў мне, ухмыльнуўся і даволі голасна шапнуў:

— Во каму вайна не страшна...

Я нічога не адказаў, і горкі жаль яшчэ гаршы ахапіў мяне.

Аж нарэшце прыйшоў фельчар — лысы рыжавусы і з мяжджэрыстым, але добрым тварам немалады салдат. Першым чынам ён накрычаў на прыслужніка:

— Якога чорта, самдзеле, ты нічога тут не робіш? Прыбраў бы хоць троху... Бяры мятлу, мяці!

Потым запісаў мяне ў больнічную кнігу і сказаў мне:

— Ну і ўсё. Можаце ісці.

Ніякага мне агляду так і не было. Я ішоў назад збянтэжаны і ў брыдкім настроі.

 

Мост

 

16 ліпеня ўвечары батарэя наша (гарматы і частка страявых людзей) выехала на пазіцыю: вартаваць ад нямецкіх аэрапланаў чыгуначны мост на Нёмне, вярсты за дзве ад казармаў.

У казармах не спынялася незвычайнае безгалоўе, не было дзе прытуліцца, і я выпрасіўся на пазіцыю.

Першы раз начаваў я з батарэяю ў полі. Але начаваць было добра, бо мы, тэлефаністы, паставілі сабе нанач маленькую будачку-палатку.

Я дзяжурыў пры тэлефоне і заснуў з тэлефоннаю трубкаю ў руцэ. Спаў... прахапіўся раптам: нехта дыргануў ад мяне апарат! Я спалохаўся, што ён сцягне апарат, і кінуўся бегчы шукаць... Бег, бег... дзе ж парваўся дрот? Быў я ў шынялі, з рэвальверам і кінжалам на паясе; цераз плячо вісела скураная каліта з прыладамі звязваць дрот і абкручваць яго ізаліроўкаю. Я замарыўся — і балазе угрэўся, бо спаць было трошку сцюдзёнавата.

Як ішоў ціха назад — агледзеўся. Месяц. Ядрана. Туман у доле. Шуміць цягнік. Машына: пых-пых! пых-пых! пых-пых! А колы грымяць: гру-ру-ру! гру-ру-ру! гру-ру-ру!.. Хораша! Супакой і хараство агарнулі мяне. Варта жыць на свеце!

Потым я ізноў лёг і смачна спаў, без усякіх перашкод і без трывогі ў сэрцы.

Прачнуўся дужа рана і быў рад добраму надвор'ю і харошай відалі, што раскінулася далёка вакол пазіцыі. Батарэя стаяла на высокай горцы. За ганей трое відаць быў жалезны мост на Нёмне, які мы вартавалі. На вялікай узгоркаватай раўніне — хутаркі, дарогі, Нёман, тырчэла вярхамі дамоў і высокімі касцельнымі вежамі мясцечка. Ад Нёмна ўгару, па равах і курганах — лес, лес, далёка, аж пакуль яго зялёная каёмка не ахоплівае ўсю відаль.

Тым часам ліха на свеце расло, і мы штодзень даведваліся што-што новенькае, што гнала думку ад навакольнага хараства ў зусім другі бок.

У той жа дзень, 17 ліпеня, па абедзе прыйшоў з батарэі пасланец і прынёс нам навіну, што абвешчана мабілізацыя.

Дзяжурыў якраз паручнік Пупскі — кароценькі, шчарбаты, насмешлівы і злы, самы нялюбы афіцэр у батарэі. Ён скамандаваў нам усім: «Сюды! Бягом!» Мы збегліся, і ён сказаў прамову аб мабілізацыі — з уласцівым яму чарнасоценным духам. Але салдаты мала чаго зразумелі з яго слоў.

— Дык мы на Сербію? — спытаўся адзін зусім ужо па-дурному.

— Не на Сербію, а на Берлін пойдзем! — не дужа здзівіўся на гэткую няцямлівасць паручнік Пупскі.

— Куды ж гэта, ваша благародзіе?

— На нямецкую сталіцу... разумееш ты, шляпа?

А той аж засмяяўся, што паручнік злаяў яго так па-вайсковаму ласкава: шляпа!

18-га ліпеня пачаўся пабор запасных, і Гірша Беленькі, які цяпер таксама быў тэлефаністам, пераказваў мне па тэлефоне з наглядальнага пункту ля мясцечка, што ён там чуе і бачыць. «Братачка! За Нёманам у мясцечку бабы плачуць, запасных прапускаюць. Першага ўзялі а пятай гадзіне раніцы. Жонка адарвацца не магла, людзі адарвалі...» — «Дрэнна!» — «Дрэнна, братачка! Але нічога! Цяпер, відаць, лягчэй пайшло: міма мяне многа запасных едзе ў павет на мабілізацыю, дык смяюцца, шапкамі мне махаюць... Ах, братачка, жывём?» — «Жывём!» — крычу і я яму ў тэлефон. I чую, смяецца ён, — смяюся і я. Беленькі з выгляду зусім не беленькі, а рыжы і незвычайна вяснушчаты. Галава, твар, нос, вочы — усё ў яго круглае і рыжа-вяснушчатае, але ўсё яно ў яго заўсёды смяецца, мілае і сімпатычнае. Беленькі любіць жартаваць і дружыць. Ён першы больш за ўсіх спадабаўся мне ў батарэі.

Потым прыехаў на дзяжурства капітан Смірноў — ціхі, спакойны і, здаецца, добры чалавек і начальнік. Ён дужа сціплы з выгляду, сярэдняга росту, сярэдняе моцы мужчына, непрыкметны, з тварам, якіх многа, з падстрыжанаю бародкаю, з шэрымі вачмі. Першым чынам ён загадаў схадзіць на дзве змены ў лес і насячы там хвоек, каб замаскаваць нашу пазіцыю, бо ўжо можна чакаць у госці нямецкіх летуноў. I я думаў: так проста і так патрэбна — захаваць гарматы на высокай горцы ад вока ворага... А дагэтуль не было зроблена, і ні Пупскаму, ні падпаручніку Іванову, якія дагэтуль дзяжурылі, і ў голаў, мусіць, тое не прыйшло. I чаму, напрыклад, я і сам не дадумаўся, што робяць падобныя хаванкі?

Падпаручнік Іваноў — сыценькі, ружовенькі, як панскі парсючок. Ён быў прыкамандзіраваны ў нашу батарэю з пяхоты, і гэтая акалічнасць чамусьці абніжала яго афіцэрскую вартасць у вачах нашых батарэйцаў. Ён не знаў у твар усіх салдатаў батарэі; убачыўшы мяне першы раз, ён спытаўся:

— Што ж ты гэткі беленькі?

— Не магу ведаць, ваша благародзіе! — адказаў я, усхапіўшыся і аддаўшы чэсць, і быў рад, што выйшла гэта ў мяне зусім добра, як у праўдзівага салдата. А мой бліжэйшы начальнік, старшы тэлефаніст Лапцеў, пасміхнуўшыся, сказаў:

— Яны ў нас новы вальнапісаны, вашблагродзь!

Падпаручнік пачырванеў-пачырванеў...

— А а... Чаму ж вам не нашыюць шнуркоў вальнапісанага?

А Я хадзіў без гэтых шнуркоў, бо нідзе іх няможна было дастаць пакуль што.) Мне было тады смешна, што ён пачырванеў.

19-га ліпеня было адно цікавае здарэнне... Прыехала наша кухня, мы паабедалі, я сядзеў пры тэлефоне і любаваўся на шырокі прастор. Вольныя салдаты распаўзліся хто куды. Пупскі лёг спаць. У гэты час па полі гулялі месцячковы ксёндз і яго госць — клерык. 3 цікавасці яны зусім блізка падышлі да батарэі. Дзяжурны салдат крыкам адагнаў іх. Яны павярнуліся і пайшлі назад, але старшы феерверкер, кастраміч Сакалоў, загадаў дагнаць іх і прывесці на батарэю. Узбудзілі Пупскага, і ён, нездаволены, што патурбавалі, прыспаны і ўзлаваны, выйшаў з палаткі.

— Дзе шпіёны? — наўмысля крыкнуў ён.

Падвялі абодвух, спалоханых, збялелых, у чорных ксяндзоўскіх сутанах. Ксёндз быў кароценькі, грубенькі, ён здзеў перад Пупскім капялюш, і галава ў яго была круглая, чорная, з выгаленым кружком на макушцы. Ён, збіваючыся, казаў нешта перарваным ад хвалявання і абурэння голасам з дужа выразным літоўскім акцэнтам. А клерык, худы, даўгатвары і белавалосы, маўчаў і тарэшчыў свае галубыя літоўскія вочы з балючым выглядам. Паручнік нібыта і слухаць не хацеў, што яны там кажуць, стаў здзеквацца, што іх, як нямецкіх шпегаў, расстрэляць, а пакуль што ім прыйдзецца пачакаць тут з гадзінку, а потым іх павядуць да каменданта ў брыгаду. Бедныя духоўныя асобы ад нечаканае бяды і прыкрасці зусім апалі духам... Аж вось з'явіліся вызваляць іх сяляне з хутару.

— Гэта ж наш ксёндз пробашч... Вось і дом іхны, і сенажатка, і сад... Іх і земскі ведае, і іспраўнік...

Пастрашыўшы, пакпіўшы, Пупскі міласціва дазволіў ксяндзам «вынасіць свае галовы» (так і сказаў!). Яны закланяліся, а ён зарагатаў, салдаты старанна падхапілі рогат начальніка.

— За вамі цяпер будуць сачыць! — крыкнуў ім наўздагон паручнік...

Белы высокі клерык прымушана аглянуўся і прыўзняў капялюш, потым нешта пачаў казаць ксяндзу, мусіць, каб той павесялеў, а той ішоў утупіўшы вочы ў зямлю і, відаць, з вялікаю скрухаю маўчаў.

— На граніцы сямёх ксяндзоў ужо павесілі, — збрахаў Пупскі салдатам, хоць бы ўсміхнуўся, і пайшоў у палатку.

Салдаты, што прыходзілі на батарэю з казармаў, казалі, які ласкавы зрабіўся цяпер Хітруноў. Адзін салдацік, не ведаю прозвішча, нават паказаў, як цяпер «круціць хвастом» Хітруноў. Ён прасунуў скручаны канец шыняля скрозь ногі назад і прайшоўся, круцячы ім і ўдаючы Хітрунова (бздрынкаў пальцамі па ніжняй губе і падкручваў вусікі). Гэты ж салдацік казаў, што Хітруноў цяпер — стане трошку воддаль і слухае, пра што гамоняць салдаты. Я зразумеў, што Хітруноў баіцца, што на вайне яго могуць забіць свае ж салдаты за розныя крыўды.

Мяне гэта здзівіла, бо мне здавалася, што Хітруноў досыць добра абходзіцца з салдатамі, самі салдаты не раз казалі пра яго, што ён нічога сабе чалавек... Дык чаго ж яму баяцца?

Пра старшага пісара казалі, што надта «завайстрыўся»: схуд, вочы запалі, нос выцягнуўся баіцца вайны.

У казармах, казалі яны, ідзе абмундзіраванне, даюць усё новенькае шэра-зялёнага колеру. Даюць і новыя боты — і нашы тэлефаністы вельмі шкадавалі, што ў мясцечку не хочуць плаціць і пятай долі «мірнай» цаны. Але, кажуць, салдатаў на таргу — поўна!

 

* * *

 

Начою 19 — 20 ліпеня Нямеччына абвесціла вайну Расіі...

Дачакаліся. А то ўсё яшчэ ішло як бы жартам. Дык вось — цяпер я на вайне! Заб'юць? Лепей не думаць...

Увечары 19-га наша змена пайшла ў казармы на абмундзіраванне. 3 намі ішоў Шалапутаў. Ён прыходзіў на батарэю па нейкай справе да паручніка Пупскага; хваліўся, што нават піў з ім у палатцы гарбату. На пустой вуліцы ў цямноце ён крыкнуў нейкаму месцячковаму чалавеку:

— Пан! Дай прыкурыць... — і ў дадатак злаяў таго бруднай расійскай лаянкаю.

Я сказаў голасна і дрыжача ад злосці:

— Хуліган! Не чапайце вольных людзей...

Праўда, мы з ім троху засталіся, дык другія салдаты маглі не пачуць, што я так сказаў яму. Шалапутаў, знарок нядбайна і быццам уважаючы мае словы за жарт, буркнуў на мяне:

— Шляпа вы, а не салдат.

Але я пачуў, што цяпер я перастаў ужо быць з ім «шляпаю», хоць у мяне аж і ногі дрыжэлі ад злосці...

Быўшы ў казармах, перагледзеў я сваю маёмасць, пералістаў свае кніжачкі... Эх, і навошта я вёз іх столькі сюды? Усё гэта цяпер згіне, як згіну, можа, і я сам, ва славу... на славу... чаго? Вызвалення «малых» народаў? А ці вызваліцца мой народ? Што яму дасць гэтая вайна? Лепей не думаць...

Заходзіў на пошту; ніякіх пасылак не прымаюць. Лісты прынялі, але чамусьці сказалі, што і за дастаўку заказных цяпер не ручаюцца. А здаецца ж, цягнікі ходзяць так, як і раней, — дык чаму ж гэта яны так кажуць?

У мясцечку бачыў многа запасных. I ўсё болей іх прыганяюць.

— Шкандальны запас... Чы пан ест поляк? — спытаўся ў мяне крамнік, мусіць, абпалячаны жмогус, калі я купляў у яго паперу і гаварыў з ім па-беларуску.

— А што? — адказаў я сцюдзёным пытаннем.

— Ніц, прошэн пана... Тшэба модліцьсен пану Езусу!

I праўда: ужо ўсё мясцечка моліцца, вохкае, стогне — і шалёна спекулюе салдацкімі ботамі, лахманамі і чым «пан Езус» паслаў.

На гэтым мнагалюддзі я пачуў сябе ў вялікай адзіноце. Думкі мае памкнуліся дамоў, да родных. Што там цяпер? Ілья (пішу 20-га ліпеня), свята, кірмаш. Тут я зусім забыўся, што Ілья, а некалі на гэтага самага Ілью — колькі было кірмашовае ўцехі! Не, цяпер трывога і там. Плачуць бедныя людзі. Што гэта будзе, што гэта будзе? Не ведаю, што будзе, і ніхто не ведае.

Перад самым ад'ездам з пазіцыі я ўбачыў яшчэ аднаго афіцэра нашае батарэі, штабс-капітана Дамброўскага. Дагэтуль ён быў дзесь у камандзіроўцы, купляў коні для батарэі, ці што. Здаровы, круглы; твар у яго дужа грубы і дужа чырвоны, вочы заплыўшы салам; гаворыць ён па-папску: сё-сё-сё... Шалапутаў сказаў мне пра яго, што гэта — «абруселы літоўскі паляк магаметанскае рэлігіі». Часам і Шалапутаў лоўка скажа.

Дамброўскі прывёз нам навіны: «Нашы ў Нямеччыне на 50 вёрст... Немцы аж стогнуць... Пасланнік нямецкі, як абвяшчаў вайну ў Пецярбурзе, дрыжэў, аж калаціўся... Дрыжэла папера ў яго руках... Вержбалова і Эйдкунен спалены... Казакам дазволілі рабіць што хочуць, дык яны там!.. Японія забрала Кяо-Чао. Англія з флотам плыве да нашых берагоў, нам на падмогу... Наш конны полк падарваў мост... Дзесь злавілі нямецкага шпега...»

Не шкадаваў навін жыццярадасны пан Дамброўскі, але троху, мусіць, падсыпаў дзеля храбрасці.

— Пасля заўтрага і мы ўжо будзем у Прусіі! — з радасцю, вясёлы, гаманлівы, пацешыў ён нас.

У казармы прыехалі ўвечары.

Тут я пачуў ад Шалапутава, што Франц-Язэп, ад неспакою ў гэткай старасці, сканаў... «Бедны дзядуля!» — пашкадаваў шляхетны юнкер нябожчыка, шляхетнага імператара. А хадзіў ён у гэты час з даўжэразным вожыгам вакол вогнішча, на якім гарэлі кнігі з батарэйнага архіву. Паварушваў абгарэлыя пачкі і важна сапеў — асветлены з аднаго боку, цёмны з другога.

Вячэралі мы ў цямноце, пад асіннікам, што рос пры казармах. Гоман людзей, порсканне коні...

Ужо і казакоў многа прыехала. Пасля вячэры я ўбачыў колькіх і ў нашай казарме: у госці к батарэйцам прыйшлі. Яны прыгожыя людзі, але вялікія брахуны: па-важненька вярзуць усякую лухту, і лепей як пан Дамброўскі, бо з жартамі. Спадзяюцца перавярнуць дагары нагамі ўсю Германію. Віхрастыя, з чырвонымі лампасамі, досыць рослыя, самавітыя.

Многа прыгналі і запаснікаў — барадатых, гаспадарлівых людзей. Яны паважныя, маўклівыя.

Усе і ўсё перамяшалася ў казарме...

Потым — сон. Салдаты і ляжаць, і ходзяць, лаюцца, крычаць, пішуць на навялічкай шафцы-століку лісты пры адной закапцелай лямпачцы (на ўвесь аграмадны пакой). I няможна было заснуць — будзяць бесперастанку, шукаючы тых, каму ісці ў нарад, на дзяжурства. Крыкі і лаянка.

Яшчэ два дні і дзве ночы прайшлі ў такім жа вэрхале і гармідары.

Шумныя, але пустыя і нудныя для мяне дні!

 

Дзённік

 

24 ліпеня.

Выехалі з мясцечка. У паход, на граніцу. Перад тым — малебен. Прамова папа і генерала. Афіцэры ўсе перацалаваліся. Салдаты крычалі «ўра». Я маўчаў.

 

25 ліпеня.

Едзем. Адзін ездавы трапіў пад кола гарматы і зламаў нагу. Кажуць — наўмысна. А што, каб і мне так? — думаю.

Камандзір аддаў загад, каб мы, тэлефаністы, стаялі з сваімі двухколкамі і чакалі. Стаім ля саду. Вісяць над галавою вішні. Прыбягае паручнік Пупскі. «Чаму не адпрагаеце?» — «Камандзір не загадалі, ваша благародзіе!» — «Што вы...дзетачкі? Адпрагаць!» I аблаяў астатнімі словамі, а чорт ведае за што.

 

27 ліпеня.

Два дні робім акопы. Я бачу ўсё гэта першы раз у жыцці. Памагаю, але нясмела. Камандзір заўважыў — і аблаяў мяне.

 

28 ліпеня.

Акопы... Учора памыўся дажджавою вадою, што нацякло занач на брызенты на двухколцы. Сёння зусім не мыўся. Варочаемся ўсю ноч, як сабакі, пад гэтымі брызентамі. Украінец Яхімчык, новы наш запасны, кажа так: «У мэнэ собака... Я ёму будку іздэлаю...»

 

29 ліпеня.

У мяне ўкралі каробку кансерваў. Думаю на Яхімчыка, але маўчу. А ён моліцца богу, адвярнуўшыся на садок, на вішні.

 

30 ліпеня.

Няма часу. Робім акопы.

 

1 жніўня.

Выехалі. Праехалі Сімна, Красняны. Прывал. Абедаем. Сяляне-жмогусы раздавалі сала і хлеб. Я саромеўся падысці. Вельмі шкадую. З'еў тое, што даў Пякельны, і пайшоў купляць, але не прадалі.

Увечары на прывале Лабкоў палез на вішню. Камандзір пабачыў у акно і выскачыў з хаты. «У морду цябе біць? У паходзе першае: абывацеля не крыўдзі!..» I трах! трах! яго то з таго боку, то з другога. Мне казалі, што камандзір наш б'ецца, ды я не меў веры. Бачу. Нервовы ён: зазлаваўся, аж пена забіла з вуснаў.

Мы даўно стаім, а хвост нашае калоны ўсё яшчэ цягнецца міма нас на прывал да розных хутароў. Пяхоты — без ліку. Як яны змарыліся! Балазе я ў артылерыі.

 

2 жніўня.

Выступілі ў 7 1/2 раніцы. На дарозе, выстраіўшыся ў калону, чакалі нечага аж да 9 1/2. А падняліся — па загаду а 6-й, а сапраўды яшчэ раней. Хто гэтаму вінават? Начальнік калоны? Дрэнна...

 

3 жніўня.

У паходзе. Недалёчка граніца. На небе пачынае хмарыцца. Прывал. Даўгая шэрая стужка, расцягнутая па дарозе на колькі вёрст, села на зямлю. Проціў шэрсці гэтай стужцы, ціснучыся з другога боку дарогі, пляцецца нямецкая калымажка з паркаю фыжанькіх стрыжаных коні. Кіруе рыжавусы, збялелы, як палатно, немчык у чорным, хатняга вырабу гарнітуры, у сіняй камізэльцы з доўгім радам бліскучых гузікаў. Побач з ім сядзіць грузны пехацінец канваір, паставіўшы стрэльбу прыкла-дам паміж ног. Наш камандзір прапускае калымажку зырка, пытліва і троху пагардліва. Немчык дужа просіць канваіра, каб дазволіў застанавіцца. Той дабрадушна пасміхаецца і не пярэчыць. Немчык вылятае з калымажкі і кідаецца к камандзіру.

— Ваша дзіцтва!! — ловіць ён камандзірскую руку з зямлі, з каленяў, каб пацалаваць.

— Пшоў! — з нейкай зларадаснай нялюбасцю да немцаў вугнавіць горда падпалкоўнік і, адхінуўшыся, задуманы пазірае цераз нашыя галовы ў няведамыя далі.

Падыходзіць артылерыйскі кандыдат і пытаецца ў немчыка па-нямецку. Той зноў ахопліваецца надзеяй і з жалкім агнём у вачах гаворыць, гаворыць, збіваецца і ізноў гаворыць...

— Я не шпіён... Я рускі, хоць і немец... Рускі немец... Не хачу расстрэліцца. Ехаў толькі да касцёла...

Дрыжачымі рукамі дастае з калымажкі, з сена, вялікі румяны яблык і дае кандыдату. Яблык валіцца на зямлю, у пыл... Яго ловяць колькі рук, а гэтым часам салдацюга-кастраміч вокае:

— Попалсся-то! А кговоріл: нашы вашых-то как мух подавят...

— Зямляк! Ці я гэта казаў?!

— Па ко-онях! — разлягаецца каманда, і кучка рассыпаецца ад калымажкі, шэрая стужка-змяя варушыцца далей...

Неба хмарыцца. Прывал блізка Эйдкунена (Вержбалова, Кібарты). Відаць пажар. Пайшоў дождж. Ізноў вязуць таго немца. Сагнуўся, збедніўся і пакорна кіруе коньмі. Па баках — два салдаты з вінтоўкамі! «Яго могуць павесіць!» — сказаў нехта з начальнікаў.

Дзесь далёка як бы страляюць?.. Казакі гоняць нямецкую скаціну. Яны хваляцца: «Па нас кулі ум-ум-ум! Старыя немцы просяць, а мы не кідаем, гонім». Падпаручнік Іваноў з прыемнасцю і патураннем у вачах слухае казакоў і глядзіць на гладкіх, чыстых нямецкіх кароў з вялізарным вымем.

— Ты, брат, не рыкай тут у нас! — сказаў на неспакойную карову і пачырванеў.

Следам за казакамі бягуць нейкіх два кані без сёдлаў. Аднаго, добрага, каня з-пад забітага нямецкага афіцэра казакі вядуць на повадзе з сабою. Вось яшчэ казакі — гоняць бараноў і бычка. Рабаваты, віхрасты казак падганяе бычка бізуном. Бычок задзірае галаву і раве благім матам. «Ён чуе незнаёмы гоман... Да непарадку не звычны»,— жаласліва ўзіраецца на яго запасны барадаты пехацінец.

— Бу-у-ух!! — першы гарматны стрэл.

Усе троху вясёла, троху трывожна азіраюцца. Усім цікаўна. Пачынаецца нейкая нервовая беганіна. Тэлефонныя двухколкі заязджаюць за хутар. На падворку лямантуе баба хутарчыха. Стаіць, без каня яшчэ, вялікі воз, бегае заклапочаны гаспадар-жмогус. Зараз яны паедуць у тыл, уцякуць. Вержбалова нам не відаць, але дым сцелецца адтуль у наш бок. Горад запалілі немцы або казакі. Часам выбіваецца полымя. Дожджык сціх, і ледзьва відаць, як сыплецца марасіца. Гаспадар выязджае. Цямнее. Вечар. Ноч. Неспакойнае чаканне.

 

Роў

 

4 жніўня.

Добра, пагода, светла...

Ля хаты ардынарац Селязнёў падаваў камандзіру каня і нечым не дагадзіў. Камандзір тыцнуў яму ў грудзі кулаком і нервовым голасам крыкнуў: «Ёлуп!»

Капітан Смірноў кажа малодшым афіцэрам: «Дарма ноч не спалі... Вораг спалохаўся і ўцёк».

Ранне робіцца яшчэ прыгажэйшае. Зараз будзем выязджаць далей у дарогу. А начою быў страшэнны холад, на небе ззялі зоркі. Я начаваў у пуні, на ячменных снапах, пакалоўся асцюлькамі, спаў мала і трывожна.

Відаць, пойдзем у наступленне за граніцу, бо афіцэры кажуць нам, каб нічога нямецкага не елі: можа быць атручанае.

Дзесь далёка-далёка чуваць гарматныя стрэлы. Страляюць, мабыць, немцы. Перад намі на сінюсенькім краі неба хораша расплываюцца дымныя клубочкі: ірвуцца шрапнелі. Настрой падвышаецца.

Праскакаў міма нас казацкі генерал-маёр. «Гэта распуста! Тут плетухаецца гэты абоз!» — крыкнуў на ўсім скаку. А дзе гэты абоз — хто яго ведае...

Паехалі і мы.

Едзем паціху, часта спыняемся. Уздоўж усяе дарогі пяхотны ардынарац бегае, шукае нейкага батальённага.

Мы сталі з боку дарогі. Міма нас ідзе пяхота — без концу, без концу... Я ўзлез на двухколку, падняўся, паглядзеў. Штыкі, як шчэць бліскучая, даўгой змяёю ўкрылі ўсю дарогу. Там далей, наперадзе, зварочваюць убок, на поле, сыплюцца ротамі, узводамі...

Цюхае на малой кабылцы той шуканы батальённы, несамавіты пяхотны служака. Глядзіць у планы. Шрапнелі паказаліся значна бліжэй — цяпер відаць, што нямецкія. Дык зараз бой, бой!..

Недзе з бакоў патроху тахаюць вінтоўкі.

Вось першы кулямёт: тук тук-тук-тук!

«Наш, — кажа мімаезны казак, — нямецкі б'е часцей».

Раптам — наша каманда, і батарэя рухава зварухнулася і з дарогі мякка пакацілася па чорнай раллі да нейкіх кустоў. Прымчаліся к глыбачэннаму і яшчэ болей шырокаму рову. Гэта граніца: з аднаго боку стоўп з расійскім арлом і табліцаю «Расея», з другога — з нямецкім арлом і табліцаю «Нямеччына». З'ехалі ўніз, на зялёную тэрасу. Батарэя строіцца ў баявы парадак...

1 гадзіна 15 мінут дня, зараз будзем паліць «па наступаючым праціўніку»...

Як тут зацішна і прыгожа на ўлонні ў прыроды: лог, травы, кусты, ручай. Берагі рову хаваюць нас ад вока з бакоў, над намі — сіняе жнівеньскае неба. Але зараз — бой! Таварышам маім, тэлефаністам, прыкра, што я ў такі момант запісваю ў сваю кніжку. Не лайцеся, чорт вас дзяры!

 

* * *

 

5 жніўня, ранне.

Ізноў ранне, ізноў дзень... Мы наступілі і адступілі. Крыўда і здзіўленне. Ах, як ірваліся снарады па баках таго рову! Раненыя пехацінцы паўзлі а паўзлі з кустоў к ручаю. «Паганая вайна!» — з адчаем стогне адзін. «Чаму? Што ты?» — пытаецца другі з абпэцканаю ў кроў шапкаю. «Як жа, калі наша артылерыя з левага флангу палажыла сваіх казакоў і пяхоту».— «Няпраўда... Не кажы так», — сцішаў яго наш артылерыст.

Батарэя, пастраляўшы з рову, пераязджала потым на другую пазіцыю. Няслася па нямецкай зямлі наўскачка. Я бег, бег — і застаўся. Цагляныя хаты і будынкі нямецкіх хутароў, брукаваныя, абсаджаныя дрэвамі дарогі, напісы на ростанях кінуліся мне ў вочы як нешта дзіўнае, панскае. Бягу шыбчэй: збоку ад дарогі рвуцца чорным смярдзючым дымам гранаты. Спярша я не чуў страху. Джжж!!! — над самым вухам асколак. Тады я надта спужаўся, упацеў, ногі саслаблі. Прытуліўся ў канаўцы. Заўважыў у траве курапатку. Узяў яе ў рукі, бо яна не ўцякала. Сэрца яе тукае на ўсю сілу, воле цяжкое, бы камень. Здалёк прабеглі два зайчыкі. А высака-высака круціўся бусел і нічога не баяўся. Я знайшоў батарэю, калі страляніна сціхла. Ніхто не ведаў, што я быў застаўся; думалі, што я ўвесь час быў з усімі разам. Калі я сказаў, агледзеліся, што няма яшчэ двух тэлефаністаў. Неўзабаве батарэя знялася з гэтае пазіцыі, выехала на дарогу і пацягнулася назад, на граніцу. Паказалася ля нас разбітая, маленькая рота; я думаў: адзін узвод. Людзі засмучоныя, змораныя, запэцканыя. Доўга-доўга едзем назад, але ўсё яшчэ па нямецкай зямлі, — мусіць, убок куды-небудзь. Не, во той гранічны роў. Знаёмы пераезд. Ізноў у Расіі. Лягчэй зрабілася на сэрцы. Але што гэта: незадача? Адступаем?

«Тады лічыць мы сталі раны...» У нашай батарэі ўсе цэлы, толькі адзін конь падбіт — яго павялі ў роў прыстраліць. Шкада яго, як чалавека. У другіх батарэях ёсць забітыя і раненыя.

Быў позны вечар, калі мы вярнуліся на ранейшую стаянку. Гаспадар вярнуўся таксама. «Хай заб'юць усіх, нікуды не выеду», — бурчыць гэты ўпорчывы жмогус.

Афіцэры ўжо вячэраюць. «Дай каньяку!» — чуем мы скрозь акно іхную гутарку. «Калі ласка», — адказвае капітан Смірноў; потым нездаволена некаму даводзіць: «Няможна ж без патрэбы пасылаць людзей на смерць». Голасу камандзіра не чутно; ён, пэўна, маўчыць і думае сам сабе.

Вячэра наша... Порцый не хапіла. Запаснікі бурчаць, абураны. Галодны Яхімчык злосна калоціць па рэбрах свайго тэлефоннага каня і ўспамінае на прыстрэленага: «Такій гарный буў коняка, а ты... шоб ты околіў!»

Ізноў начлег на ячменных асцюльках. Сцюдзёна было страшэнна. Устаўшы яшчэ ўдосвета, я калаціўся, як у трасцы; зубы: тр-тр-тр...

Балазе ізноў вось сонейка, цеплыня, светла, прыгожа. Напіўся гарбаты і пішу. Учорашні дзень, наш першы бой — як ува сне, як у тумане.

Думкі ляцяць дамоў, да родных. А перад боем я сніў сон... Нейкія столікі, палаткі, людзі, падводы, коні. Мама крышыць мяса дробнае, чырвонае, сырое — і з гурком. I я хачу адысці ўбок і купіць ёй гуркоў. Не купіў... Не купіў дзеля свае прост недараванае неадважнасці. Мама кажа некаму: «Хваліць бога, прыждала ўжо і я помачы ад дзетак». А мне сорамна-сорамна і жаль жаль. Паводле нашых народных забабонаў, сніць сырое мяса і гуркі — дужа дрэнны знак. I я думаю: як незразумела сплятаецца ў чалавеку гэтая спадчына вякоў, перажыванні многіх пакаленняў.

 

5 жніўня па абедзе.

Абедалі хапаўшыся і зараз выступілі, каля першае гадзіны, у паход. 3 намі і першая батарэя ідзе разам. Сонца паліць — дождж будзе. Ідзём у Нямеччыну ізноў па той жа самай дарозе.

«Старыя» для нас месцы. Вёска завецца Плятэн. Бегаюць кіненыя гаспадарамі коні. Мы злавілі светла-гнядую кабылу на месца нашага забітага батарэйца. Яна не ўмее ісці вагам у гарматнай запрэжцы, дык яе паставілі везці кухню, а кухоннага рабога коніка запрэглі ў гарматную пару вынасам. I неяк дзіўна: злавілі чужую, сялянскую, кабылу па дарозе, і зрабілася яна нашаю.

Пажарышча з краю вёскі. У пагарэлым садзе засталася зялёная дулька з багатым ураджаем фруктаў. Казакі ў часе прывалу, нягледзячы на адданую нам раней забарону, зараз абтрэслі і нас яшчэ пачаставалі, назваўшы за нясмеласць «шляпамі».

Прыкра глядзець на чорныя дымныя галавешкі — балазе выязджаем у поле. Прастор, наўпрэкі цеснай нямецкай культуры, шырокі. Тут, кажуць, і адбыўся самы бой. Поле цяпер пустое, голае, нуднае. У канаўках, з бакоў добрай брукаванай дарогі, там-а-там валяецца ўбогае шкумаццё нашых салдат, быўшых у баі. Вось нейкая ніклая кучачка ля тэлеграфнага стаўпа... Першы бачаны мною труп. Наш забіты. Ляжыць ніц. Чэрап знесены — жах!..

Ізноў кучка дамкоў пад узгоркам, захаваная здалёку ад падарожнага дрэвамі. Завецца тож — Плятэн. Дзядок-немец сядзіць на лавачцы пад домам, друзленькі, беленькі, слязлівы. Болей — ні душы ўва ўсім пасёлку. Вось — нямецкая школа. Слаўны мураваны дом. У гародзе — процьма трусікаў. Ніхто на іх, нават з казакоў, не галіцца. У сенцах валяецца паламаны веласіпед. У кватэры ўсё кінута так, як было ў звычайным жыцці. На стале стаіць недаедзены абед. На белым блюдзе многа катлет. Так хочацца іх з'есці. А што, як атручаны? Выходзім... У чародным доме чарапковая страха разварочана снарадам. У гародзе на дарожцы забітая качка, а ў кустах шныхараць белыя пушыстыя, як камочак бялюсенькай лёгкай воўны, трусікі; колькі іх тут — а-ёй! Пакажа чырвонае вока — і ўцячэ, схаваецца. На градах шмат буйных гуркоў. Не ўцерпелі — і нашчыпалі.

Направа за пасёлкам, убок ад нашае дарогі, дагарвае пуня. У ёй пагарэлі цяжкараненыя, бо там быў лекарскі прыпынак немцаў. Пагарэлі толькі нашы палонныя, бо сваіх немцы паспелі вывезці. Аб гэтым кажуць паўзучыя ракам па канаве два нашы раненыя. I яны былі ў палоне і ляжалі ў той пуні. Яны рады, што не змёрзлі і не памёрлі, кінутыя адны, за мінушчую ноч. Цяпер, калі іх падабралі на насілкі, адзін зараз самлеў, а другі, белы, як з таго свету, усё намагаецца пераказаць сваім аб мінушчай страшнай начы. Хваліць немцаў, што пакуль не кінулі, дужа добра даглядалі. «А мы думалі: прыкончаць нас, — слаба ўсміхаецца ён. Але зараз іх паклалі ў фургон з чырвоным крыжам на белым палатне і павезлі. «У Расеюшку на пабыўку!» — жартуюць нашы батарэйцы.

Тым часам спераду пад'язджае разведка, і батарэя цягнецца далей.

Толькі ўзабраліся на курганок... Груды светла-сініх нямецкіх трупаў! Расшарпаныя вопраткі, прадаўленыя каскі, паломаныя карабіны і вінтоўкі, а ля кожнага забітага — цэлыя горкі гільзаў ад выстраленых патронаў. Самыя розныя, страшней адна за адну, позы мёртвых: скручаныя, ніц, наўзнак з выстаўленымі ўгару, сціснутымі кулакамі. Вось адзін скручаны, як корч, з пышнымі вусамі, абтыканы веццем,— відаць, раненага загарадзілі таварышы ад сонца, і ён памёр у страшных муках. Ці, можа, сам закрыў сябе, страляючы. Дыханне сцінае мне ў горле, не магу глядзець... Можа, работа нашае батарэі!

Я знайшоў новенькі нямецкі бінокль; узяў, пачапіў сабе цераз плячо. Тут жа ў добрай, бліскучай, з вялікім залатым арлом, афіцэрскай касцы знайшоў я недапісаны ліст забітага... Мне запякло каля сэрца, зрабілася сорамна, цяжка. Я ўлажыў ліст у каску і скарэй кінуў яе, але абдумаўся і палажыў на грудзі трупу. I тады яшчэ бачыў, што наш батарэец Талстоў, слаўны хлопец, узяў аднаго забітага немца за руку, патрымаў яе, адубелую, і ціханька палажыў. Нашто ён гэта рабіў? Мусіць, цікавіўся, што такое мёртвы.

Другія салдаты пруць рыжыя, касматыя нямецкія ранцы, поркаюцца ў іх. Цягнуць адтуль, з нейкай радаснай прагавітасцю і быццам небяспекаю, алавяную лыжку, мыла, ручнічок, кавалачак белага хлеба. Відэльцы і сталовыя нажы выкідаюць набок, як непатрэбшчыну для салдата. Нехта знайшоў у нямецкім ранцы салодкія жоўтыя сухарыкі.

Нехта даў адзін сухарык мне. Я пакаштаваў — і мне прыкра і мляўка, як бы нешта лішняе ў роце, распірае мяне...

 

Варшлеген

 

6 жніўня.

Увесь гэты дзень былі ў паходзе. Наша батарэя ізноў у авангардзе. Дагналі абоз нямецкіх мірных жыхароў. Глядзелі на нас варожа і баязліва. Едуць найболей старыя, жанчыны і дзеці. Вазы навалены ўсякім дабром, пры возе — карова з аграмадным вымем. Кожны воз — паркаю. Кіруе коньмі стары, седзячы спераду з піпкаю ў зубах; карову даглядае, седзячы адзаду, старая. Дзеці і дзяўчаты — пасярод, з катом ці з сабачкам. Дзяўчат прыгожых мала. Увесь абоз, па загаду начальніка штабу, павярнулі назад, дамоў, адкуль хто выехаў.

Праязджалі мы пустое мястэчка. На культуру завідасць глядзець! I жаль бярэ за сэрца, што Беларусь, у параўнанні, дзікая-дзікая!

На вуліцы ляжаў у пылу труп маладога нямецкага дзецюка ў залапленым на локцях пінжаку. Пры ім — паламаны веласіпед. Кажуць, гэта — пераапрануты нямецкі разведчык, забіты казацкаю пагоняю. I ўсе мы ехалі міма так, паглядзеў і адхінуўся...

З аднаго дому выходзіць наш пехацінец. У руках банка мёду і стэарынавая свечка. Нашто яна яму? З-з ганку высунуўся стары немец, знімае перад салдатам віславухі капялюш і нізка кланяецца лысаю, з піпкаю ў зубах, галавою. Салдат гэты радасна смяецца. Агідна глядзець.

Ізноў дагналі яшчэ даўжэйшы абоз нямецкіх уцекачоў. Адна прыгожая немачка смяецца і плача на сваім возе. Старая, мусіць, маці, маўкліва аглядаецца на яе і старанна сморгае вяроўку, за якую прывязана вялікая, марудная карова.

Мы ідзём пад Кёнігсберг. Дзесь глуха аддаюцца гарматныя стрэлы. Там, кажуць, б'ецца наш 20-ты корпус. Відаць далёкае і светлае зарыва.

Павялі пад канвоем нашага пехацінца. Што такое? — Арыштаваны за грабежніцтва.

Часам вядуць палонных немцаў. Не глядзяць на нас, але на маленькім прывале я з адным разгаварыўся. Ён умее па-польску, — пазнанскі немец, а можа, анямечаны паляк. Калі яго канваір, віхрасты казак, адышоўся, ён сказаў мне:

— Вашы хахлатыя такое звяр'ё... (Так ён казаў пра казакоў.)

— А мы аб вас так думаем, — адказаў я ў тон.

— Нашто вайна? — сказаў ён, памаўчаўшы.— У Расіі і так зямлі няма куды дзяваць.

— Ваш кайзер абвясціў вайну.

— Не, ваш цар. А пан ест поляк? — з небяспекаю ў голасе дадаў ён.

— Не... Але не бойцеся мяне, бо я не хачу вайны.

— Рускі народ добры, а казак бывае розны, паправіў ён на ўсякі выпадак.

Вярнуўся казак, і я пайшоў к сваім, кіўнуўшы немцу галавою.

Прыехалі на прывал начаваць. Яхімчык раптам спомніў, што пражыў не просты дзень, а спасаўскае свята. «Жывэш, як нэхрісць, на цій войні...» Але раздабыў сабе яблык і, памаліўшыся, разгаўляецца. А Беленькі, наш бязбожны іудзей, дражніцца з ім: «Яхімчык! Ты аддавай мне свае порцыі мяса: табе ж спасаўкі, пост».

«А ты, дурныця, можэ й сала з'іў 6ы?» — агрызаецца Яхімчык. Ён яшчэ не ведае, што найсмачнейшая пажыва Беленькаму — якраз сала. «Зараз будзем есці й сала, друг Яхімчык! Зараз свінню закандрычым!» — вясёла бегае Беленькі. Салдаты ўжо ловяць кур, парасят на хутары. Нашы два тэлефаністы цягнуць добрага падсвінка, — не дарма ж мы ў авангардзе і тэлефаністы.

Але што гэта? Не паспеў Яхімчык дагрызці яблык, а нашы кухары-саматужнікі абсмаліць таго падсвінка, як усіх нас вялікаю трывогаю гоняць капаць акопы. Годзе пісаць!

 

7 жніўня, раніца.

Устаў у 5 1/2. Батарэя ўся на нагах і гатова к бою. Мы стаім у вёсцы Варшлеген. Трэба запісаць, бо давядзецца, відаць, не раз яе ўспомніць, калі буду жыў.

 

7 гадзін. Пачаўся страшны бой. Ці выйдзем жывы?

 

* * *

 

8 жніўня, пятніца.

Вядуць і нясуць раненых немцаў і нашых. Збялелы, акрываўлены немец ківае галавою. Нешта перабіта ў яго шыі. Аднаго вядзе наш салдат, абняўшы, як дзяўчыну. Другога нясуць пяць нашых на руках. Яшчэ адзін ідзе шарпаючы па пылу, утупіўшы вочы. Перад афіцэрам — ува фронт. Палкоўнік яму па-нямецку: «Гут морген!» Палонны нешта кажа, але язык не служыць. «Ідзі, ідзі, галубе!» — махае палкоўнік рукою. Пайшоў, скародзячы нагамі.

Што было ўчора? Я жыў, але ранейшага мяне навекі няма.

Я быў з камандзірам на наглядным пункце. Мяне старшы паслаў на вышкі глядзець у слухавое аконца.

Унізе, за дрэвам, стаяў камандзір з вугламерам, а пры ім у акопчыку сядзеў старшы з двума лепшымі тэлефаністамі.

Кулі засыпаюць наш дамок. Вецце на дрэве напалову пасечана. Камандзір толькі хрысціцца пасля кожнае каманды. Батарэя б'е і б'е бесперасганку. Я баюся... Я нічога не бачу скрозь запыленае з другога боку акенца. Згіну без усякае карысці. Кулі пабілі акенца, калі я трошку адхінуўся. Хаваюся за комін, трасуся, атупеў. Над самаю страхою трахнуў снарад. Ахоплены дзікім страхам, засыпаны чарапкамі ад даху, бягу наніз. Каменем валюся ў акопчык. «Смерць прыйшла», — шэпча адзін таварыш. Старшы гняўліва акідае яго вокам. А камандзір за тонкім дрэўцам стаіць, прыкуты ля трубы і вугламеру... Толькі хрысціцца часцей. Гэты чалавек мае нязмерную мужнасць. Я смялею. Кулі як бы трошкі сціхаюць. «Па наступаючай кавалерыі!» — праразлівым голасам крычыць камандзір, хоць мы за два метры ад яго. Жах вісіць у паветры. Батарэя грукоча з перабоямі: штось там папсулася, — о, няшчасце! «Другое аруддзе засыпана снарадам!» — чуем перарывісты голас па тэлефону. — «У пятым збіт прыцэл», О, няшчасце, няшчасце! Мы цішэем, а кулямёты застракаталі з усіх бакоў. Наўкол перабягаюць пехацінцы. «На вышкі!!!» — грозна роўкнуў на мяне камандзір, і ўсё ён хрысціцца. Ізноў паўзу на вышкі, як загіпнатызаваны: смерць дык смерць, абы не мучыцца гэтак. О, не! не! Жыць хачу! Госпадзі, памілуй мя грэшнага! — і хочацца хрысціцца, як камандзір, але рэшткі розуму сцюдзёна шавеляцца. А пехацінцам жа ў сто раз горш... Успамінаю родных. Мыслі блытаюцца. Во яно, акенца смерць... Разбіваю ўсё шкло са злосцю. Свежая відаль. «Нямецкая кавалерыя ўцякае за горку, снарады кладуцца па ёй!» — ашалелым, праразлівым голасам крычу ўніз. Чаму я рад? «Злязай, злязай!» — гукае мяне старшы. «Гарыць дом!» Так, дамок захапіўся ад снарада. Дым смярдзючы пхнецца ў рот. Злязаю... Камандзіра і тэлефаністаў няма. Дзіўлюся. Раптам бягу. Наганяю іх. Пад кулямі шыбка ідуць з трубою і вугламерам наўскоса вуліцы к другому дому. «Падбяры футляры, — спакойна кажа камандзір. — Яны засталіся каля акопу». Бягу назад, хапаю футляры, бягу ізноў даганяць іх. А дзе ж камандзір? Забягаю за дом, куды яны пайшлі, за добрыя мураваныя сцены. Іх няма, а стаяць два казакі з адным канём і кураць. Другі конь, мабыць, здохлы ці забіты, ляжыць гарою пасярод вуліцы. «Пабеглі на батарэю», — кажуць казакі. I мне трэба ісці туды, але я баяўся смерці; ах, як хочацца быць за гэтаю сценкаю... Бягу на батарэю, а яна была ў лагчынцы, за хутарам, сажняў дзвесце адгэтуль. Бягу, а кулі над галавою так і гудуць, як пчолы. Сеў я ў канаўку адпачыць трохі. Гляджу: аж у канаўцы, цераз усю лагчыну, шмат сядзіць пехацінцаў. Страляюць патроху, а часам лапатачкамі поркаюцца, з дзірвана перад сабою заслону насыпаюць. Тады я папоўз па канаўцы, мінаючы іх. Калі поўз, дык прыгледзеўся, што некалькі пехацінцаў дужа нерухома прытуліліся к насыпанай зямлі перадам... Забітыя! Страх апанаваў мяне, я ўсхапіўся і, сагнуўшыся, пабег на ўсю сілу. Прыбег на хутар, на двор, аж там поўна батарэйцаў нашых раненых; ёсць і пехацінцы, ляжаць усе на чыстай пасцеленай саломцы. Цяжэй раненых неслі ў хату. Ніхто не мог сказаць мне, дзе дзеўся камандзір, а батарэя ўжо ізноў страляла, значыцца, недзе ён выбраў новы наглядальны пункт і адтуль па тэлефону камандаваў. «Калі ж гэта паспелі кабель к яму працягнуць з батарэі?» — здзівіўся толькі я і пабег к батарэйным тэлефаністам. Каля першага аруддзя мяне пераняў голас белавусага капітана Дыямантава, сядзеўшага ля прыцэлу, прыхінуўшыся задам да сталёвага шчыта-заслоны. Капітана гэтага я рэдка бачыў, бо ён доўгі час быў не ў батарэі, а дзесь яшчэ, у абозе, ці што. «Вальнапісаны! — крыкнуў ён. — Збегайце ў рэзервы: чаму не прысылаюць патронаў, няма ўжо чым страляць». Я кінуўся назад, скрозь сад, туды, дзе стаялі перадкі. Там за капою саломы корчыўся ранены ездавы, а над ім стаялі збянтэжаныя таварышы. Я сказаў ім, што зараз трэба ехаць у рэзервы, а яны сталі даводзіць мне, што чалавека ім не хапае, няма як ехаць. Я, дурны, падбег назад к Дыямантаву і далажыў, што ездавыя кажуць: няможна ім ехаць, чалавека бракуе. «Шляпа ты! — злаяў мяне капітан. — Сам едзь або каго з санітараў пасадзі. Пшоў!» Мне было сорамна і крыўдна, што вымагаюць, як ад добра абучанага салдата, калі я яшчэ зусім слаба ведаю службу (прыехаў у батарэю месяц таму). Крыўду маю заглушыў страх, бо на мяне згары так і сыпалася адбітае кулямі з яблыняк дробнае галлё; ляталі кулі і ніжэй. Калі я прыйшоў, ездавыя ўжо паехалі без маёй помачы. Іх таварыш ездавы сканаў. «Трэба ж яго прыбраць», — падумаў я і скіраваўся ў хату, дзе быў фельчар. Санітар Лабкоў (што камандзір біў яго за вішні) захварэў, дык замест яго з санітарам Фельдманам, нашым беларускім яўрэем, па забітага хадзіў я. Няслі пад свіст куль, кульгаючы між кустоў па садзе, а здаўся ён дужа цяжкім. Фельдман агледзеўся, што нясём не жывога, а мёртвага. Мы быццам згаварыліся і вывернулі яго з насілак пад яблыню; скуліўся ніц, як цяжкі мяшок, а самі шыбка пабеглі... Век сабе не дарую гэтай маладушнасці, калі не сказаць — трусасці, дзеля якой зняважылі памяць таварыша. Потым фельчар паслаў нас па раненага нумара, на прозвішча Жукоўскі, к аруддзю падпаручніка Іванова. Падпаручнік бадрыўся і падбадраў сваю арудзійную службу. Убачыўшы нас, ён як бы вясёла кіўнуў мне галавою ад арудзійнага шчыта-заслоны, да якога туліўся плячмі, і нешта сказаў: «Нясіце, нясіце яго скарэй»,— ці што другое. Прынеслі ўдачна і паклалі ў хаце, на ложак. Фельчар зрабіў Жукоўскаму перавязку. Тады мы закурылі — фельчар, ранены Жукоўскі і я. А Фельдман ізноў некуды пабег глядзець, ці няма новых раненых. У хаце ляжаў, на ўздзіў мне, Шалапутаў. Месяц таму назад, калі я толькі прыехаў у батарэю, мяне змясцілі ў адной палатцы з Шалапутавым. У той час гэта быў адважны ваяка на словах, хваліўся, што ён бывалы, бо прысланы ў батарэю з Віленскае вайсковае школы за нейкія грахі, велічаў сябе «старым юнкерам», а мяне менаваў «шэрым», «шпаком», «шляпаю». Цяпер ён тут ляжаў. Здаецца, спаў... Ці прыкінуўся? Можа, ранены? А ён пачуў нашу размову і кажа груба і самаўпэўненым голасам: «Усіх нас забяруць... Бачыце, абходзяць кругом». Потым устаў, закурыў з намі і пайшоў у дальні кут пакою, адвярнуўся к печы і заняўся там лёгкаю фізіялагічнаю патрэбаю. «Што вы гэта, Шалапутаў?! — застыдзіў яго фельчар. — А яшчэ вальнапісаны...» — «Ды я ў печ, нічога...» — «I на двор не хоча выйсці», — заўважыў яму ранены Жукоўскі.

Пачуўшы аб панадворку, фельчар кінуў недакураную цыгару (усе нашы салдаты шмат набралі іх у разбітых крамах у мястэчку) і пабег з хаты. За ім пайшоў і я. О, колькі ж там было раненых!.. Стагнанні, кроў... Гляджу, ля самае сценкі ляжыць нехта з жоўтымі зубамі, скалячы іх ад мукі. Я адразу не пазнаў, і мне зрабілася так цяжка, што гэта быў слаўны, вясёлы наш Талстоў. Я хацеў сказаць яму што-небудзь, чуў, што трэба нешта сказаць, звычайнае, паўсёднае і таварыскае, але ніводнага гуку не выдавалі мае вусны. Талстоў паглядзеў на мяне... У галаве ў мяне праляцела, як аднаго разу, гуляючы па валу за горадам, я пачуў нейкі хрып у канаве, за кустамі акацыі, злез туды і ўбачыў здыхаўшага сабаку. Вочы ў таго сабакі былі як і ў чалавека, калі ён дужа трудзіцца ад болю і безнадзейнасці, чуе, што канае, смерць... Сабака схаваўся, каб ніхто яго не бачыў, і яму было прыкра, што я турбую яго апошнюю часіну, — ён балюча і нездаволена захрыпеў, скорчыўся... Такі ж самы погляд кінуў на мяне цяпер Талстоў, бамбардзір-наводчык першага аруддзя. Я ўлавіў, як і фельчар акінуў яго асаблівым поглядам, як глядзяць на людзей таго свету. Потым фельчар з найвялікшаю ласкаю і далікатнасцю падаў яму закураную цыгарку, бо ён папрасіў курыць. «За паўгадзіны памрэць», — шапнуў мне фельчар, калі мы адышлі ад яго. I праўда, калі я мінут цераз дзесяць ізноў прахадзіў міма, то ўбачыў, што ён, бедны, стаў сінець і па-мёртваму заплюшчыў вочы. Асколак гранаты пасек яму кішкі. Яшчэ цераз колькі мінут падышоў фельчар, палажыў руку на яго грудзі і потым пераксціў, як нябожчыка: «Каб не так быў наеўшыся ўчора рознай зеляніны, то, можа б, і вытрымаў», — сказаў ён. Гэтая смерць зрабіла на мяне гнятучае ўражанне, я нават стаў меней баяцца куль і снарадаў. А яны ізноў пасыпаліся. Адзін пялёхнуўся ў сажалку на самым падворку — і не ўзарваўся. Чорны дым ад снарадаў заслаў паветра і ўкрыў сіняе неба, дзе чыркала крыллем бесклапотная і смелая ластаўка.

Гляджу: гадзіннік стаіць на 11 1/2 – Шкло пабіта, стрэлкі пагнуты. Калі і дзе ўдарыў — не ведаю. «Ах, каб ужо барзджэй скончылася гэтае пекла!» — прашу я няведамую сілу. Сві-і-ж-ссь! — куля праляцела над самым вухам. Хаваюся за сценку. «Дзе ж нашы галоўныя сілы?» — стогнуць там запаснікі. Усе яны хочуць жыць, каб вярнуцца карміць свае сем'і і даглядаць гаспадарку. А я атупеў, страціў яснасць думкі і чуццё вайсковае павіннасці. Плятуся, як хворы або п'яны, у хату. Батарэя паліць адзіночнымі стрэламі. Няхватка снарадаў; чакаюць з рэзерваў. У хаце ўсе нервуюцца. Прынеслі яшчэ аднаго раненага.

— Шалапутаў! Уцякай, тут раненага пакласці трэба, — кажуць там.

Шалапутаў ляжыць, як калода.

— Ведаеце, я жаліцца на санітараў буду, — панура пагражае фельчар.

— Ну? На каго? — пытаюся, як бы мне дужа цікаўна.

— Фельдман... зусім не слухаюць мяне. У Лабкова жывот баліць. Лабкоў, — паварочваецца фельчар на Лабкова, — я на вас камандзіру далажу.

— Каллі лласка... — крывіць той грымасаю свой дзяціны, бязвусы твар. Боязнь смерці сцяла яго сваімі балючымі кіпцямі.

Прыйшоў ездавы Марчук, здаравенны мужычынішча з прыгожаю, але грубаватаю беларускаю гутаркаю. Ён кажа:

— Кудой плывець ераплант, тудой ён і шпокае. А ераплант круціцца над намі, як каршун над падлаю.

Ранены Грыгар'янц толькі нешта мармыча па-армянску.

Прыйшоў феерверкер Ціхаміраў і з сваёю кастрамокою грунтоўнасцю ўва ўсякай справе намякае нешта аб палоне. Няўжо палон?

— О, Вільгельма, Вільгельма! Бог цябе пакарае, калі ты вінават у гэтай жудаснай вайне, — уголас разважае Ці хаміраў. — Бедныя людзі...

Ад Ціхамірава я даведаўся, што камандзір сядзіць на страсе аднаго дому, надалёчка ад батарэі, і адтуль па тэлефону камандуе. Усе мы змоўклі, пераможаныя тым яго геройствам, і думалі, каб доля бараніла яго ад смерці. I ўжо хочацца верыць у дзівы. На маіх жа вачах адзін запаснік-пехацінец, стоячы ў садзе, дастаў з шапкі кулю. «Як жалудом з дуба шчоўкнула», — сказаў ён з усмешкаю. Магчыма, што кулю хто-небудзь кінуў на яго, а можа, была надта далёкая, саслабелая, і зачапілася ў шапцы, але ўсе запаснікі-расійцы пераксціліся, як на дзіва... Нехта нават буркнуў, што бываюць людзі, зачараваныя ад кулі, ды ніхто яго размову не падтрымаў, бо сярод шуму і гулу ад бою там было не да вялікае размовы. Усе парупіліся схавацца за рог пуні.

Так цягнуўся гэты бясконца доўгі дзень. Ізноў і ізноў лётаў над намі аэраплан. Пяхота наша, нявідная нам, заядла па ім траскатала з вінтовак, а ён сабе знай плыве і кідае нейкія гаручыя стужкі над саменькай батарэяй.

Падпаручніка Іванова раніла, і ен прыйшоў у хату на перавязку.

— Запісаць у кнігу прыкажаце, вашродзь? — пытаецца фельчар.

— Нашто ж?.. Я лёгка. А калі трэба, ну-ну, запішы. — I засаромеўся, і «вярнуўся ў строй» з нейкаю ўрачыстасцю, хоць не без трывогі.

Бой сціх увечары. Кажуць, на падмогу нам падышла з левага боку нейкая дывізія.

Арудзійная прыслуга так запрацавалася за дзень ля гармат, што некаторыя нумары з трудам паднімалі рукі і разлівалі страву з дрыжачых лыжак. Працавалі ад 7 раніцы да 9 вечара, без абеду, то зараджаючы гарматы, то падкапваючы хабаты, то што.

Пасля вячэры прыехалі пяхотныя санітары, і пачалося падбіранне трупаў і раненых па ўсім полі.

Наш камандзір прыйшоў на падворак, стаў ля хаты, дзе ляжалі забітыя на саломе, пераксціў Талстова і сказаў: «Царства нябеснае!»

У хаце ён пацалаваўся з кожным раненым, кажучы: «Поздравляю, брат, что удостоился пострадать за веру, царя и отечество!»

Пры гэтым панавала ўрачыстая ціша, у некаторых на ваччу стаялі слёзы. Нават мне было цяжка за сваю варожасць да ўсяго гэтага прыгожага самаашуканства.

Потым здарыўся нягожы выпадак з Шалапутавым. Выходзячы на двор, камандзір убачыў яго, ляжачага ў куце, у сенцах, прымасціўшыся на нейкіх дошках, на пасцеленым шынялі.

— Ранены, Шалапутаў?! Шалапутаў! — гукнуў яго камандзір.

— Гм-му-у...

— Ты ранен, Шалапутаў?

— Нікак нет... у мяне нага...

— Што нага-а? — і схапіў яго цягнуць.

— Баліць дужа... Ударыў неяк.

— Вот яшчэ, задрыпанец, — з глыбокай і сарамлівай пагардаю сказаў герой-камандзір і шыбка, як ад чагось брыдкага, выйшаў.

3 афіцэраў у нас ранены яшчэ штабс-капітан Дамброўскі, але астаўся ў страі. А ў трэцяй батарэі забіты камандзір. Здаецца, я яго бачыў; гэта здаровы, дабрадушны мужчына-русак, з вялікімі рыжымі вусамі, на прозвішча Шылаў. Кажуць, канаючы, перад вечарам, ён пажартаваў з сваімі афіцэрамі, абступіўшымі яго: «Вот табе і Георгіеўскі крыж... Пастаўце хоць драўляны...» Трэба паясніць, што ён сваёй батарэяй нарабіў немцам такой шкоды, што яшчэ ў часе бою генерал па тэлефону сказаў яму: «Віншую вас, палкоўнік, з Георгіеўскім крыжам». Калі памёр, адзін салдат кінуўся яму на грудзі, цалаваў і плакаў. Ніводзін з бачыўшых гэта таксама не мог утрымацца ад слёз. А забіла яго куля скрозь акно на вышках, калі ён схапіў нейкія дзверы і загараджваў акно, робячы сабе наглядальны пункт. Забіты быў пад вечар, у канцы бою.

Думаю: вось і мяне магло так забіць на вышках, на доміку, што цяпер згарэўшы.

Не маю болей часу пісаць, і галава баліць ад учарашняга грукату і яшчэ болей ад маёй уласнай нервацыі.

Пішу па абедзе, паправіўшы акопчык. Ціха, спакойна. Сядзім удваіх з Воранавым на тым самым наглядальным пункце пад дрэвам, ля згарэўшага дому. Смярдзіць ад пажарышча, вецер узнімае залу і пясок і сыпле на нас. Спаць хочацца, бо цэлую блізка таго ноч, пасля ўчорашняга бою, сядзеў я з Воранавым на гэтым пажарышчы. Ах, як холадна было нам. I скрозь цэлую ноч нямецкія пражэктары свяцілі на нас і сеялі неспакой.

 

* * *

 

9 жніўня.

Канец учорашняга дня быў для мяне горкі. Старшы, смеючыся, скалоў мяне: «Вы таксама ў хаце хаваліся». Так, хаваўся... Няма як бараніцца. Я пачырванеў і маўчаў. Сёння мне весялей. Сон вярнуў мне сілу, і нейкі голас супакойвае мяне: ну і добра, што хаваўся, — ты яшчэ спатрэбішся для сваёй роднай справы.

Дык у нас, значыцца, сур'ёзная перамога. Немцы адступілі, кінуўшы многа забітых, раненых і зброі.

Сёння я прачнуўся на батарэі, каля ямы тэлефаністаў, ад светлага, цёплага жніўнага сонейка і шумнай спрэчкі ў хаце між афіцэрамі 1-га і 2-га дывізіёнаў аб трафеях.

Нож мой прапаў, і няма чым алавік застругаць для апісання афіцэрскае спрэчкі. Яна ідзе аб тым, хто збіў нямецкую 12-арудзійную батарэю, шалёна выехаўшую на голую пазіцыю, відную ад нас простым вокам. Наўкол пазіцыі гэтай няшчаснай і геройскай батарэі цяпер валяюцца парэзаныя шматы коней і людзей, кучы забітых снарадамі і задаўленых гужамі коней, агідныя і страшныя груды людзей з адарванымі рукамі, раскіданыя рэчы. Зарадныя скрынкі паўзарваны, пагнуты, пакамечаны, як папера ў жмені, некаторыя раскрэмсаны літаральна ў шчэпкі.

Прадстаўнік першага дывізіёну, худы і чорны, вусаты капітан, як відаць, новы, камандзір 3[-й] батарэі, са слязьмі на вачах клянецца, прысягаецца, што батарэя збіта ім, не паспеўшы выехаць і зрабіць 3—4 стрэлы з 2 аруддзяў.

Афіцэры 2-га дывізіёну, прыйшоўшы ў госці к нашым (я служу ў першым дывізіёне), спіраюцца... Іхныя батарэі стаялі далёка справа і ззаду ад нас, і нават я, нічога не цямячы ў артылерыйскай справе, дзівуюся, як маглі яны, а не мы, разбіць тую батарэю.

Час, лік выехаўшых адначасна нямецкіх аруддзяў, запісы камандаў, пасведчанні пехацінцаў і іншае, усе довады — горача разбіваюцца, і спрэчка схіляецца на карысць першага дывізіёну, страляўшага 13 гадзін узапар!

Даслухаўшы спіранне да канца, пайшоў я мыцца, але доўга-доўга шукаў вады і нідзе не знайшоў. Войска ўсю выпіла. У калодзежах на дне засталася адна гразь. Калодзежы тут найболей зачыненыя, з помпамі. Насілу выпрасіў вады напіцца ў камандзірскага ардынарца. Сёння і абед спозніцца, бо паехалі па ваду на рэчку, за колькі вёрст. Хадзіўшы па полі, бачыў многа забітых кароў і коней. Чаму іх не закапваюць? На дарозе бачыў цэлую гару сабраных пехацінцамі вінтовак, шынеляй: светлых, сініх — нямецкіх, і шэрых, грубейшых — нашых; ранцаў касматых, бурых — нямецкіх, і палатняных — нашых; шашак, кулямётных стужак, чаравікаў і іншага. I ўсё нясуць і нясуць...

Раптам пачуўся «венскі» гармонік! Звонкія, вясёла-гуллівыя гукі заліхвацкай полечкі скаланулі мяне. Не магу выразіць таго заблытанага клубка пачуццяў, які падкаціўся мне пад грудзі. Я пачуў мімавольныя слёзы на вачах. Думкі мае паляцелі ў ціхамірнае даўнейшае жыццё ў мілай, роднай Магілёўшчыне. Святочны дзень, скачуць, гуляюць... А тут я бачу жудаснае поле смерці пад сінім, цёплым, безмяцежным небам.

Дый раптам жа гармонік абарваўся. Можа, не даў хто іграць перад памеркшымі вачмі забітых таварышаў... А хай бы іграў перамогу жыцця над смерцю! Не ўсё роўна, што тут рабіць: плакаць ці смяяцца?

Ігранне было чутно з недалёчкага хутара, дужа вялікага, занятага пехацінцамі. Я пайшоў туды. Там на падворку і ў стадоле, на пасцеленай жоўтай саломе, поўна было раненых, абвязаных белым і акрываўленым бінтам, — немцаў і расійскіх. Там-а-там паміж раненых ляжалі непарушныя фігуры памёршых ад ран. Выскаленыя зубы, тусклыя, мятыя вочы, зблытаныя абмусоленыя вусы, — страх глядзець.

Тут і штаб. У садзе я пачуў размову начальніка нашага атраду па тэлефону з некім:

— Няма сілы сабраць. Можа, тыл падбярэць. Не меней як 700 вінтовак. Болей як 2000 чалавек... Але! Ляжаць ланцугамі, калонамі. Бог ведае, ці яны раненыя спаўзліся і памёрлі кучамі, ці так разам пабіты. Артылерыя і кулямётчыкі работалі на славу! Рад старацца, вашадзіцтва!

Міма нашага наглядальнага пункту па дарозе шмат праходзіць і праязджае розных вайсковых. Нядаўна ехаў п'яны казак. Баўтаецца на сядле. Пад адною рукою пабіты тэлефонны апарат, а ў другой — бутэлька з наліўкаю. Ён папрасіў мяне падаць яму галавешачку прыкурыць і пасуліў мне пацягнуць «трошкі» нагбом з бутэлькі. У яго, п'янога, гора: кажа, быццам «вольныя» немцы (мірныя жыхары) забілі двух яго станічнікаў, а сам насілу вырабіўся з небяспекі.

 

Прывалы

 

10 жніўня.

Мы ў далейшым паходзе. Пішу на крутым беразе нешырокай, але паўнаводнай і глыбокай рэчкі. Мост разбіт. Сапёры наводзяць пантоны. Наўкол мяне — і драцяныя загарадкі, і воўчыя ямы. Дзівуюся, чаму немцы пакінулі іх без усякага бою.

Пераехалі. Мястэчка. Разумеецца, бязлюднае. Кірха (а можа, — касцёл). Нашы каталікі забягаюць і кленчаць. Ля самай кірхі, на адчыненым акне пустога дому, грамафон, заведзены рукою ворага, пахабным дысанансам у абставінах вайны і смерці раве мірнага «пупсіка». Маладыя пехацінцы сабраліся там, смяюцца, рагочуць, і некаторыя падпяваюць па-расійску:

— Пуп-сік, мой мі-лы-ы пу-упсі-ік!..

Потым завялі неспанараўную мне нямецкую «польку», пабраліся парамі і круцяцца, як дурныя. Старэйшыя невясёла паглядаюць на іхняе выраблянне, абтрахаюць з сябе пыл, абціраюць пот, пераабуваюцца.

У другім доме знайшлі раяль. Бязмальна кожны пабарабаніў пальцамі. Урэшце, дакучыла. Наш ездавы трахнуў шашкаю ўздоўж па ўсіх пішчыках. Пехацінцы адкінулі крышку і паабдзіралі струны. Калі падходзіў нейкі афіцэр, усе ўцяклі хто куды. Забыўся адзначыць: учора нам абвясцілі, што за п'янства будуць розгі, а за грабежніцтва і разбой — расстрэл.

 

11 жніўня.

Учора ўвечары мы, тэлефаністы, абжорліся мёдам. Цэлую пасеку развярнулі. Упоцемку не столькі дасталі мёду, колькі падавілі пчол. Твар у нашага старшага разнясло, як ад скулы. У мяне таксама пакусаны рукі, бо і я хадзіў падладжваць пчол. Думаў, выйдзе ўсё па-людску, а выйшаў сорам і паскудства. Пехацінцы дакончылі нашу работу. Афіцэрскія дзеншчыкі таксама набралі для сваіх паноў міскі дзве лепшых пляйстраў. Цікаўныя вулейчыкі: сплецены з саломы і ракітніку, як у нас пляцёнкі ссыпаць канаплі. Аж я ўсцешыўся: і ў немцаў не толькі рамчакі.

Шалапутаў з батарэі прапаў бясследна. Думаюць, што ўцёк, бо ніхто не ведае, калі і куды ён дзеўся.

Сёння праязджалі першую нямецкую вёску не пустую, а з жыхарамі. Але хаваюцца ад нас.

 

12 жніўня.

Да абеда ехалі. Страшэнная санлівасць апанавала мяне, бо за гэтыя тры дні паходу дужа змарыўся фізічна (пад'язджаць на двухколцы забараняюць, трэба ісці пехатою). Яшчэ болей змарыўся розумам. Не хочацца ні аб чым думаць і разважаць.

Па абедзе капалі акопы. «Што вам рукі не служаць?» — з пагардаю сказаў мне старшы, гледзячы на маю работу.

Яго нервацыя — знак таго, што заўтра можа быць бой.

Прыходзіць дужа многа свежага войска — пяхоты, разумеецца.

Страты нашы пасля 7-га жніўня, як цяпер кажуць, страшэнныя: 50 — 60 прац[энтаў].

З'явіліся аўтамабілі з нейкім важным начальствам.

Я заўважыў, што ў мірных немцаў падняўся дух. У адной вёсцы я разгаварыўся з старым немцам, які ўмее па-польску. Казаў стары, што немцы ўжо разбілі Бельгію і Францыю. Няўжо праўда? Можа, наша начальства хавае ад нас? Той стары даў мне хлеба — чыстага, смачнага. Я даваў яму грывенік, але ён кланяецца і ўсё: «Нэйн, нэйн».

 

13 жніўня.

Уранні быў вялікі туман. Абедалі на прывале ў м. Аленбург. Зрабілі налёт на крамы з цыгарамі, віном і какао. Каб чаго з'есці добрага — нідзе няма. Немкі давалі ваду. Усе яны, хто застаўся, — бедны народ. Самі вадзілі нашых салдатаў к багатым крамам і смешна абхоплівалі перад брухам рукамі, паказваючы, што гаспадары гэтых крамаў, пузатыя буржуа, паўцякалі, а іх пакінулі адных.

Як выехалі з Аленбургу, многія з нашых батарэйцаў былі выпіўшы: смяяліся, галдзелі, і ўсе, нават не курцы, дымілі важнымі панскімі цыгарамі ў залатых апаясачках.

Я тож трошку хлябнуў нейкай смачнай смачнай і такой прыемна-гусценькай наліўкі, не ведаючы, што яна падманлівая, бо сільна хмельная...

Зараз галава ў мяне сарамліва-вясёла заработала. Аднаго толькі баяўся, каб камандзір не заўважыў, што я п’яны.

Я стараўся ісці як можна раўней і мець сур'ёзны выгляд. Але твар у мяне і вушы, як і ўва ўсіх, быў чырвоны і гарэў.

Калі ж хмель стаў спадаць, паніжаўся і мой настрой.

Тэлефонныя двухколкі ехалі з камандзірам батарэі, троху аддаліўшыся наперад ад усяе батарэі.

3 невялічкага гаю да нас даляцела колькі стрэлаў з рэвальвера ці карабіна. Зрабілася троху трывожна...

Аж едзе адтуль п'янаваты казак к нашаму камандзіру і, стараючыся не хіляцца на кані, рапартуе, што ён забіў «пару вольных немцаў-шпіёнаў».

Падаў знятыя з забітых паперы.

Камандзір разглядае і балюча крывіцца на стараннага воіна: з пашпартоў, канвертаў і замасленых запісак відаць, што гэта — расійскія чорнарабочыя, быўшы ў заробках у Нямеччыне, ішлі цяпер назад у Расію.

Казак збянтэжыўся, але не дужа: відаць, не паверыў. А сам непісьменны. I як у яго з імі выйшла, не разабраць: «Пабеглі... пабеглі... крычаў». Ведама, выпіўшы чалавек.

Мала таго: яму яшчэ прыкра, што яго не пахвалілі. Ехаў — і бурчэў на нашага камандзіра.

 

14 жніўня.

Прывал у вялізным двары нейкага барона. На галоўных дзвярах старыннага дому-палацу прылеплен белы аркуш паперы. «Пакідаючы маю маемасць, прашу ўсім карыстацца, але прашу не паліць. Старая вежа была пабудавана рыцарамі супроць паганых». Я хацеў аглядзець дом, але пры ім стаяла ўжо наша пяхотная варта, і мяне ў насяродак не пусцілі.

Воддаль, каля флігеля, поўзалі галодныя шчаняты і стагналі. Яны толькі-толькі пачалі глядзець. Сучка ўкусіла аднаго казака, і ён прапароў яе пікаю. Калі я за колькі мінут прыйшоў сюды яшчэ, нехта прыдушыў шчанят. Добра зрабіў.

Наш Яхімчык потым у дарозе доўга апавядаў мне, якая добрая сучка была ў таго штэйгера, пад началам якога быў ён у шахтах: і на задніх лапках станавілася, і смяялася, і забітага ў пяску знюхала і адкапала. А забілі таго чалавека таварышы за гуляшчую дзеўку; іх засудзілі на катаргу. Пра задушаных шчанятак ён сказаў з сваім украінскім спакоем так: «Мудрый цій чоловік, шчо вбыў: на-вішчо ж малэнькім бэз маткі страждаць».

Сёння нам чыталі ў прыказе аб вялікіх перамогах хаўруснікаў над немцамі ў Бельгіі. Значыцца, той стары мне наманіў.

Цяпер нам на прывалах у кожнай вёсцы выносяць ваду — старыя немкі, немцы і дзеці. Часам даюць нават малако, белы хлеб, яблыкі. Салдаты пры гэтым паказваюць скандальную прагавітасць.

Пасля паўдня чуецца гул ад гарматнай страляніны. Заўтра бой?

 

На прывале ў м. Грос Энгеляў я бачыў, як у пакінутай нямецкай хатцы, пад саламянаю страхою (што тут незвычайнае дзіва, бо найболей дахі чарапковыя), салдаты нашай батарэі параскідалі, параскідалі ўсё чыста і кінжаламі ламалі вялікую скрыню, дужа цяжкую, брудную. Ніяк не маглі зламаць замка. Я абазваў іх свіннямі і хуліганамі, марадзёрамі і саромеў іх, а ім хоць 6ы што. Аблаялі мяне па-расійску і назвалі «вальнашляючым» (ад «вольноопределяющйся» — вальнапісаны). Я кінуў іх і пайшоў з гэтага пярэдняга пакою ў чысцейшы пакой; там на палічцы ляжала грубая кніга ў дарагой вокладцы. Я разгарнуў — і на першай старонцы ўбачыў Вільгельма ва ўсёй яго каралеўскай і імператарскай годнасці і пышнасці. Нейкае зло мяне ўзяло, і я ўнізе да подпісу дадаў крыжык і паставіў «1914 год», што мела азначаць смерць яму ў гэтым годзе. Прыйшоў я на батарэю, гляджу — аж нясуць мне мае грамілы тую самую кніжку, каб я ўзяў сабе і ўлашчыўся. Але я не ўзяў. Яны пасмяяліся і аддалі кніжку нашаму кашавару на падтопку.

 

15 жніўня.

Едзем далей. Па дарозе часцей а часцей прыгожыя гайкі. На прыгрэтай траўцы стрыкаюць і звіняць конікі-скакунцы. У халадку прыемная раса...

Урэшце ўехалі ў вялікі нямецкі лес. Шмат вавёрак, птушак. Прабегла скрозь прасеку за ганей двое ад нас некалькі стройных дзікіх коз.

Далятае далёкая глухая страляніна з гармат.

 

Фарты

 

16 жніўня.

Учора па абедзе аж да вечару прастоялі з тэлефоннымі двухколкамі ў тым вялікім лесе. Набраліся страху. Пяхотная разведка, як на аблаве, рассыпалася наўкол нас па лесе — і скрылася з вачэй. Пасля даўгога трывожнага чакання мы пачулі далёкую перапалку з карабінаў, потым паказаліся некаторыя разведчыкі, сярод якіх былі лёгкараненыя, з рукамі ці галавамі ў свежых белых бінтах. Раптам прыляцеў з лесу і наш камандзір з батарэйнай разведкаю і раненым пяхотным афіцэрам. Усе прыехаўшыя былі ў прыгнечаным настроі. Некалі было пытацца, мы ў адзін момант звярнуліся, ударылі па конях і шпарка загрукацелі па роўнай і простай, як страла, шашы назад к батарэі. Не паспелі адскачыць і з паўганей, як на тым месцы, дзе мы стаялі, вораг стаў «крыць» цяжкімі снарадамі, незвычайнай, яшчэ не бачанай намі сілы. Лес загуў, напоўніўся гулам, трэскам і звонам. «3 фартоў шчупаюць...» — разабраў я пару слоў з нервовай гутаркі камандзіра з нашым старшым тэлефаністам, таксама спалоханым Лапцевым. 3 якіх фартоў, я не змог зразумець: няўжо мы паспелі падкаціцца так блізка да Кёнігсбергу?

Батарэю сваю дагналі на другой дарозе; яна таксама без нас, завярнулася і пацягнулася некуды ўбок і назад. Калі цямнела, былі мы перад нейкім мясцечкам. Тут, абапал усяе дарогі, стаяў аграмадны табар нямецкіх уцекачоў. Кінулася ў вочы розніца ў настроі мірных. Яны ўглядаліся на нас значна смялей; пара-другая вачэй свяцілася захаваным вызавам і злой радасцю. Якаясь рыжаватая дзяўчына смяялася і махала нам рукою, каб мы ехалі назад у Расію. Яна кіўнула галавою да свае засмучонае таварышкі, потым паслала мне рукою пацалунак. Што яна казала, я не мог пачуць за стукам колаў.

Адзін абраз з учарашняга дня пакінуў асабліва цяжкі асадак у маёй душы. Вёрст пяць па шашы ад таго табару, то астаючыся, то пераганяючы, беглі пры батарэі двое старых: грубы тучны немец і яго сухапарая сівая жонка. Немец быў чырвоны як рак, і потны, ашпараны, з вытрашчанымі непрыемнымі рачынымі вачмі. Ён прост душыўся ад беганіны. Старая раскудлачылася, зарумзалася, скакала, як падбітая. Яны шукалі начальства, якое забрала іхняга сына, хлапчука гадоў 15. Забралі хлапца за тое, што нібыта нешта дрэннае сказаў аб расійскім войску. Ніхто з нас не ведаў, хто і як яго забраў, а старыя ўсё беглі, высалапіўшы языкі, ува ўсіх нас са слязьмі пыталіся сваім незразумелым жаргонам і заглядалі ў салдацкія вочы па-сабаччу. Хух!

Потым ізноў мы, тэлефаністы і разведчыкі, загрукацелі з камандзірам ад батарэі. Пасля доўга стаялі ў цёмнай сцюдзёнай дарозе і чакалі батарэю. Я ўжо збіўся з арыентацыі, не ведаў, куды, у які бок мы кіруемся. Зноў паехалі. Цёмна — хоць вока выкаль. Забаронена курыць: над намі павіс, кажуць, дырыжабль. Начавалі, стоячы ў дарозе, не разамунічыўшы (коні ў запрэжцы). Холад, не дай божа. Макравата, прамозгла. Трывожна дрэмлецца.

Ранняе досвецце. Не магу арыентавацца. 3 усіх, здаецца, бакоў чую гарматную і з вінтовак страляніну. Першы раз у жыцці ўбачыў дырыжабль. Як чорная цыгара, цёмная, непарушная, высака-высака стаіць над намі ў хмурым небе і гіпнатызуе.

Балазе-ткі развіднелася. Сонейка сагрэла нас. Дырыжабль знік няўпрыцям. Мы занялі пазіцыю. Выкапалі акопы.

 

17 жніўня.

Стаім на той самай пазіцыі — каля нейкага Картау, невялічкага пасёлку. Нехта спомніў, што сёння свята, нядзеля. Сталі ўсе галіцца (цэлы дзень ціха, спакойна). Пагаліўся і я. Аж на душы быццам прасвятлела.

Брадзіў бясцэльна наўкол пазіцыі і... знайшоў каля рэчкі знаёмага з нашыўкамі вальнапісанага, быўшага банкавага служачага ў Вільні. Ён браў абеды ў мае кватэрнае гаспадыні — ліцвінкі на Замкавым завулку, якая ўмела пячы незвычайна смачныя наліснікі. Я насілу пазнаў яго. А яму зрабілася сорамна, што ён такі. Сядзеў босы, спусціўшы касматыя ногі ў цеплаватую вадзіцу, панураны, даўна не голены, у дужа бруднай гімнасцёрцы. Гаворыць неахвотна. Пэўны, што жывыя не будзем, у Вільню не вернемся. Смерць стаіць у яго мутных, пагаслых вачах. Яны ажывіліся пакорнай завідасцю, калі ўцяміў, што я служу не ў пяхоце, а ў артылерыі. «Вы, батарэйцы, пэўна, маеце соль. Пазычце мне дробачку, калі ласка...» Я прынёс яму шчэпаць солі, але гутарку болей не пачынаў, бо цяжка было на сэрцы ад яго выгляду. Ён казаў, што ў яго палку пасля бою 7 жніўня мала хто застаўся з другога папаўнення, з якім яго прыгналі.

 

18 жніўня.

Дождж, мокра, сцюдзёна. Пайшоў я з пазіцыі за ганей трое ў пусты дом пагрэцца трошку. Дзверы адчынены, пуста, але чую: у задняй цёмнай каморцы нешта робіцца... Схапіўся за кінжал, асцярожна гляджу: аж мізэрны пехацінец, з цыфрай 106 на пагонах, капаецца лапатачкаю ў зямлі. Цягне адтуль вялікае бярэма рознага рыззя, завязанага ў посцілку, і поркаецца ў ім. Сорамна і гідка: гэта шакал. Я яму нічога не сказаў і павярнуўся на мысічках назад. Аж улятае аграмадны чорны бусайла (таксама 106) і клапатліва практычна басуе на парозе: «А шчо, нэма часом хусточкы?» Паскудства.

 

* * *

 

19 жніўня.

У чатыры гадзіны дня бухнулі першыя стрэлы нашае батарэі ў адказ на агонь ворага. Наш трэці бой.

— Трацілавай гранатай! беглы агонь... Агонь!!!

Бух-бух-бух!.. Зашумела, загудзела, паняслося. За колькі секунд: тах, та ах, тах! — удачныя разрывы.

Запісваю каманду і ў перапынках (у другім аруддзі затрыманне: гільза не вылязае) паспяваю запісваць у сваю запісную кніжку. Нас не абстрэльваюць, і стралянне мне падабаецца: у ім ёсць сваё хараство. I тож быццам радасць чуецца ў батарэйцах, што аднатоннасць астатніх дзён урэшце ажывілася, неазначанае чаканне скончылася. Дожджык троху пакрапіў, сціх.

— Прыцэл 150... Страляць праваму аруддзю... Трацілавай гранатай... — чую з тэлефоннай трубкі. — Гатова?

— Гатова!

— Агонь!!

Няўжо бой разгарыцца? Наглядальны пункт недалёчка: у высачэнным насыпе недабудаванага жалезнадарожнага мосту. За тоўстай каменнай сценкай мосту — акоп пад трыма радамі накатнікаў. Моцная штука! Там сядзець бяспечна. I той акоп капаў уранні і я, бо знаходзіўся тады на наглядальным пункце. Нашто адаслаў мяне старшы сюды на батарэю? Тут для тэлефаністаў не акоп, а яма.

— Падрыць хабаты!

Артылерысты шыбка падрываюць хабаты (заднія канцы гармат), каб джэралы яшчэ вышэй задраліся ўгару. За пільнай працаю знаходзяць час пажартаваць, спрачаюцца, смяюцца і віртуозна лаюцца. Я ўжо звыкся з іхнай мацяршчынай: Беленькі ўламаў-ткі мяне «напляваць». Дожджык зусім прапаў. Троху бліснула сонейка; хмарныя аблокі разбягаюцца з неба. Трэці наш таварыш, флегматычны кастраміч Пашын, прынёс тым часам поўнае вядро згатаванай з свежаю парасяцінаю бульбы. Кухавар з яго добры. Але есці няма часу: ізноў каманда. Застыне бедная бульба. А без солі, якой ужо няма і ў батарэйцаў, зусім будзе нясмачная. «Братцы, давай напераменку!» — раіць Беленькі. «Жары!» — жартаўліва падштурхвае мяне локцем, аддаючы пяршынства. Жару, аж санкі трашчаць. «Хавай сваю кніжку, а то прачытаю!» — «Не, браце, дудкі! Схаваю ў халяву».— «Калі-небудзь дабяруся».— «Хіба ў Смаленску». Далей за бульбу бярэцца маўкліва-паважны Пашын. Беленькі будзе есці, калі ўсе наядуцца — далікатны чалавек!

— Па адступаючай пяхоце! Ровень болей: ноль дзесяць... Батарэя гатова?

Мы маўчым, не ведаем, што адказваць. Пытаемся на батарэі.

— Падрыць! — раве тэлефон.— Батарэя гатова?

— Не, яшчэ не гатова, — адказваем нарэшце.

— Я сказаў падрыць, а яны расселіся! — раздаецца свірэпы голас старшага са словамі камандзіра (усё перадаецца так, як кажа камандзір).

— 6-е, 7-е і 8-е гатовы, — даём адказ.

— А 5-е?

— Не...

— Страляць шостаму. Агонь!!

Ізноў каманда: падрываць!.. Але ўжо няма як: правідла замінае (палка, якою паварачваюць гармату).

— Барзджэй, барзджэй, а то вораг уцячэць... не паспееце даць яму ў патыліцу гранатай, — галосяць з наглядальнага пункту, перадаючы словы камандзіра.

— Агонь!!

Бух-бух-бух!..

А збоку дзесь далікатней троху пяе кулямёт.

Т-т-т-т!..

Б'ём аж на 6 вёрст. Жэрлы гармат глядзяць прост у неба. Гэта ці не першы раз у нашай баявой практыцы.

Але патроху кананада сціхае. Батарэйцы, ажыўленыя, пабаўленыя, адпачываюць. У акопах мокра, гразка. На зямлю сцелецца цямнота. Мінут цераз 20 пасля пальбы прыбягае, высалапіўшы язык, уваўрэлы ардынарац 2-га дывізіёну: камандзір просіць нас не страляць, бо мы... паражаем сваю пяхоту. О, пракляты, як плашкаю бахнуў па цемені.

— Чаму ж ты пехатою?! Дзе твой конь?! — гатоў разарваць яго наш заўсёды спакойны капітан Смірноў.

— Пада мною забілі каня...

— Мы, вашродзь, не паражалі... у нас прыцэл і ўравень... не таго...— мармыча арудзійны феерверкер Гладкоў, каб палягчэла хоць троху.

А з наглядальнага яшчэ пытаюцца:

— Батарэя гатова?

Адказваем:

— Мы паражаем сваю пяхоту. Мёртвая ціша ў тэлефоне.

— Добрую работку зрабілі, калі сваю пяхоту... — крыва ўсміхаецца капітан Смірноў і сам бяжыць гаварыць па тэлефону. «Камандзір пайшлі на батарэю», — перадае старшы.

А можа, дывізіённы 2-га дывізіёну памыліўся? Будзь проклята вайна!

Цёмна пісаць.

 

20 жніўня.

Усяго выпусціла наша батарэя ўчора, па маіх запісах каманды, — 1012 патронаў. «Спачатку крылі ўфімцаў, потым перанеслі на ўральцаў», — жартуюць салдаты. Сваіх пабілі...

Сёння цэлы дзень хмарна. Праляцела граза. Быў дужа вялікі гром, маланка свістала бесперастанку. Дождж заліў нашу яму. Рабілі новы акоп. Я з духу выбіўся. У Беленькага забалеў жывот: ці не надарваўся толькі, цягаючы з жалезнае дарогі шпалы? Але ж і акоп збудавалі — «маё пачценіе», як кажа здаволены Пашын.

Увечары — ціха, ціха, як макам сеяў. Месяц поўны. Свежа-сцюдзёны. Журавы ляцелі: «Кур-кур... Кур!» Беленькі пачуў іх курканне і заплакаў, зусім расклеіўся наш мілы жыдзе. Кідаем усё і пры свечцы гуляем у новым акопе ў карты. Акоп — як дом. Беленькі ўжо рагоча, цалуе мяне... «Гэта ў мяне ад бульбы жывот балеў дужа, аж да слёз». — «Сказывай бабушкіны сказкі», — бурчыць паважны Пашын.

Яшчэ пара слоў. Сёння я бачыў нашага камандзіра ў іншым асвятленні. Я чуў, як ён сказаў афіцэрам: «Забіты нямецкі салдат абгарэў, троху падсмажыўся. Падышла свіння і выела яму нагу. Адным словам — свая сваіх не пазнаша». К чэсці афіцэраў, ніхто не засмяяўся. Мабыць, і камандзір сказаў не шчыра, а для падняцця патрыятызму. Гідка!

 

21 жніўня.

Цэлы дзень ціха. Адпачываем на той жа пазіцыі. Прыязджаў наш дывізіённы. «Біце немцаў і заўтра так, як білі заўчора, — казаў ён нам. — Дзякую, братцы, за маладзецкую работу! Страты ў нас маленькія, а немцаў пабілі шмат». «Каб ты спох з такою работаю, калі праўда, што і сваіх пабілі», — сказаў Пашын.

Немцы адступілі — «Абамунічвай!». Перадкі ўжо прыехалі на батарэю.

 

Аленбург

 

22 жніўня.

Цэлую ноч ехалі, пад заліўным дажджом, на паўноч-усход і паўдзён-усход, але ўсход і ўсход... Што гэта: адступаем ці на адпачынак едзем? Ніхто нічога не кажа. Праязджалі мястэчка... ці не Аленбург толькі? Бо нешта знаёмае. А брудна, цёмна, сцюдзёна, хмарныя аблакі раз-дзіраюць неба.

 

23 жніўня.

Ехалі ехалі, нарэшце сталі на пазіцыю недалёка ад Аленбурга. Я не памыліўся, учора начою былі ў ім. Зна чыцца, троху адступілі? Гм! Але зрабілі акопы, выспаліся.

Яхімчык сёння ў добрым гумары. Пагаліўся маім галяком і разгаварыўся аб сваім хатнім жыцці.

— Усягды я толькі сварыўся з сваім бацькам, — кажа ён.

А сыноў у яго бацькі, беднага хлебароба, было многа — «сыноў як сакалоў», — а падмогі няма. Усе распаўзліся па свеце. Было Яхімчыку 15 год, заманулася і яму ісці ў шахты — «зарабіць на сябе капейку». Бацька плача, кляне яго. Але пашпарт мусіў даць. Вярнуўся Яхімчык з шахтаў, бацька ізноў плача, але з радасці. Толькі ў той жа дзень пасварыліся... Жаніцца задумаў — сварыліся, вяселле гуляў — сварыліся, пажываці сталі — сварыліся, на вайну ішоў — плакалі і сварыліся.

— I як яно тое выходзіць, што заўсёды мы сварымся? — дзівуецца Яхімчык.

Я не ўмею адказаць яму, але бачу, што Яхімчык даў сабе зарок не сварыцца з бацькам, калі вернецца з вайны. I я кажу:

— Ну вось, пабудзеце на вайне, вернецеся — перастанеце сварыцца, дык і не будзеце сварыцца...

— Та воно ж діло такэ...

А я сабе думаю: «Діло такэ, што хіба ўжо не давядзецца табе сварыцца з бацькам, мой мілы Яхімчык, бедны ты незаможнік, шахцёр і царскі салдат...»

 

24 жніўня, нядзеля.

Што-та дзеецца ў нас у дварэ? Даўно не маю ад іх ніякай вестачкі. Івана, пэўна, забралі на вайну, як запаснага. Аба мне клапоцяць. Вот-то наплачацца наша бедная мама.

Сяджу ў акопе на прыступачках уваходу і куру цыгару, наеўшыся бульбы ў 8[-м] аруддзі. Там завяліся ў мяне прыяцелі. Я ўсё болей пазнаю сваіх батарэйцаў, хаця многіх яшчэ не знаю па прозвішчы. Усе салдаты са мною добрыя і чым могуць аблягчаюць мне цяжар вайсковага жыцця на вайне. Яны думаюць, што мне, як навічку і вальнапісанаму, асабліва цяжка. Між «паноў» няма столькі вялікіх душ, колькі ёсць у «простым» народзе.

Уранні піў дрэннае какава без цукру. Потым перакрылі з Пашыным акоп. Насыпалі болей зямлі на грубейшыя дошкі, пакладзеныя ў тры рэдзі крыж-накрыж. Лёгкі снарад, можа, і не праб'е.

Крычалі «ўра». Нашым войскам узяты Львоў. За тое, што марудна збіраліся і строіліся, камандзір крыкнуў: «Зажырэлі!» Ён прачытаў тэлеграму Рэненкампа і сказаў: «Спадзяюся, што і мы не застанёмся ад сваіх баявых таварышоў». Значыцца, мы засталіся ...ці што? Наіўны і з маладым для афіцэра языком падпаручнік Іваноў, як бы ў адказ на мае думкі, сказаў мне мімаходам у размове: «У нас вось не клеіцца».

Нядобрая трывога чуецца мне ў яго словах.

 

26 жніўня.

Учора рабіў план пазіцыі, не меў часу пісаць. Учора і сёння лятаюць аэрапланы. Пяхота наша абстраляла свой жа самалёт. Лётчыкі мусілі спусціцца.

Рысаваўшы ў канцылярыі батарэі павялічаную копію нашага адцінку пазіцыі з карты 2 вёрсткі, я адным вокам прагледзеў у камандзірскай газеце «Свет» тэлеграму аб тым, што ген. Самсонаў загінуў, страты нашы вялікія... Ці няма тут сувязі з словамі падпар. Іванова: «У нас вось не клеіцца»? Камандзіру, як прыйшоў, не спадабалася, што перад маімі вачмі ляжыць «Свет»! Але ён сёння наогул не ў гумары: дзяншчык згубіў у дарозе яго прастрэлены і падраны ў баі 7-га жніўня мундзір, дарагі байцу як памятка. Планам маім ён не дужа здаволены, бо я рысую, як каморнік, а не вайсковы спецыяліст. Мне гэта надта прыкра, бо я паважаю гэтага нервовага чалавека і хачу дагадзіць яму сваёю работаю.

Цэлы вечар і ноч чакаем бою. Я дзяжуру пры тэлефоне на батарэі. Сон размарыў мяне, сяджу і ківаюся. А легчы з трубкаю баюся: засну як забіты.

 

* * *

 

27 жніўня, ранне.

Першая батарэя пачала страляць у 7 гадзін рання. Наша — пазней.

Туман, сцюдзёна, чырвонае сонейка з-за лесу выходзіць, гарачы дзень нам дакляруе...

Пішу ўвечары.

Доўга мы толькі слухалі, як з правага боку ў нас першая батарэя пушчае залп за залпам беглым агнём. Прыемна было слухаць.

Потым забухалі нашы батарэі з усіх бакоў, паляцелі цераз нас першыя нямецкія снарады і крышылі той лясок, за якім стаяў наш абоз першага разраду і куды я хадзіў у канцылярыю. Там жа, дзесь недалёчка, былі і нашы черадкі. Потым перадкі пад'ехалі бліжэй. Далёка спераду ў нас затрашчэлі кулямёты, зашпокалі вінтоўкі, усё часцей, часцей — і загудзела ўсё, як 7-га жніўня.

Ужо нам было брыдка і цяжка чакаць і не страляць. Нарэшце прамчаўся верхам наш камандзір, знедкуль з поля, на макрусенькім кані, кінуў каня на батарэі, каб вялі яго да перадкоў, пашаптаўся з капітанам Смірновым і шыбка пабег на наглядальны пункт. Цераз мінутку мы палілі і ўжо палілі да вечару. Не было ўжо ні цікавасці, ні захаплення, а толькі — упорчывая, напружаная і якаясь злая праца. Ці што доўга не стралялі перад тым, ці што адпачылі, ці што не хочацца адступаць, але ўсе як бы змовіліся акамянець у гэтай стараннай і злой, напружанай страляніне.

Снарады засыпалі батарэю, цяжкія, незвычайнай, нябачнай сілы...

Асколкі шмат разоў перабівалі нам кабель. Хадзілі злучаць па чароду — усе пабылі на валасіначку ад смерці, бо звязваць прыходзілася на гладкім полі пад страшэнным абстрэлам. З Беленькім пасля пятага бегання злучаць парваны провад была істэрыка. Прыбегшы, ён кінуўся ў акоп на дно, ёрзаў на спіне і як 6ы хацеў урыцца ў зямлю, галасіў, крычаў, лаяўся. У гэты час аглушаючы ўдар цяжкага снараду за два метры ад уваходу ў наш акоп адабраў нам прытомнасць... Зямля здрыганулася, як жывая. Тэлефон змоўк, трубка выкацілася з маіх рук. Пасыпаліся камкі зямлі, нас абняло курам і густым, чорным смярдзючым дымам. Батарэйцы 1-га аруддзя беглі цягнуць нашы трупы з ямы. Аж мы патроху выпаўзаем самі... Яны засмяяліся і павярнуліся назад. На гэты раз быў мой чарод шукаць, дзе парваўся кабель. Я пабрыў, паглядаючы на дрот, як абрэчаны. Ізноў бухнуў снарад — адзін спераду ў мяне, другі — ззаду, у 1-е аруддзе. Людзей размяло каго куды. Я таксама заваліўся, але чаго — не ведаю. I балазе так зрабіў: асколкі зазвінелі вышэй, над галавою, а два канцы дроту я ўбачыў перад самым маім носам. Атупеўшы ад страху і быццам трошачку зрадзеўшы, неслухмянымі пальцамі шыбка, збольшага — скруціў, скруціў... бо вузел не вязаўся. Пайшоў назад. Хачу шыбчэй — ногі як калоды. Пашын радасна махае рукою: тэлефон загаварыў! Няведамая сіла падхапіла маё цела, і ногі, як на спружынах, кідалі мяне бліжэй і бліжэй да ратунку-акопу. Батарэя пачула каманду — страляе. Толькі я ўкінуўся ў уваход акопчыка, як — гкрэх!!! — там, дзе я толькі што вязаў кабель, аграмадны стоўп чорнага дыму і камы дзірвану ляцяць высака ўгару... Флегматычны Пашын збялеў, як палатно. Без слоў перадае мне трубку і паважна сягае спаўняць сваю павіннасць па чароду. «Божа, ратуй яго! Божа, вярні яго!» — незвычайна напружаемся мы ў адным жаданні, не разважаючы, ёсць такая сіла ці няма такой сілы, што магла б уратаваць яго.

— Будзь проклят Вільгельм і кожны, хто хоча вайны! — шалёным голасам, над вухам, крычыць мне Беленькі і перадае з трубкі камандзірскую каманду: — Два патроны, беглы агонь... Агонь!

— Агонь!! — праразлівым, нялепым, дзікім матам крычу я каманду на батарэю.

— Агонь! — спакойна камандуе капітан Смірноў, вымаючы папяроску з зубоў.

Батарэя грукоча. Увушшу звініць, галава баліць.

— Вальнапісаны! Не крычыце так каманду, бо самі заглушаеце свае словы, — спакойна асаджвае мяне капітан.

Нервы супакойваюцца. Пашын вярнуўся. Але ў яго на вачах слёзы: ездавому (не ведаю прозвішча), яго блізкаму земляку, паднасіўшаму на батарэю снарады, вялікі асколак распароў жывот, і выпалі кішкі.

— Дзе ж ён, твой зямляк? — па-дурному пытаюся.

— Ці ж не бачыш?

Ай-ай, ля самага ж акопу фельчар з чырвоным крыжам на рукаве і сам той паранены піхаюць сінія брудныя кішкі назад пад гімнасцёрку. Пашын з сілаю швіргае ў акоп жоўтую скураную торбачку з прыладамі для звязвання кабеля — і хапаецца туды, дзе ў яго земляка вывальваюцца кішкі. Але няшчасны ўжо скаручыў нямытыя рукі на грудзях і відзіма-відзіма сінее, чарнее... Фельчар хрысціцца, Пашын таксама і абцірае слёзы рукавом наодмах, як адганяючы мух. Мне на гэты раз хочацца зрабіць, як і яны, ды рука не паднімаецца: я веру і не веру, што над гэтымі парванымі кішкамі ёсць нешта, што завецца богам.

Увечары старшы сказаў нам, камандзе тэлефаністаў, пастроіцца. Пастроіліся, чакаем. Прыйшоў камандзір, паздароўкаўся, падзякаваў за «маладзецкую работу» і, пад канец, асабліва ўрачыстым голасам абвясціў:

— Віншую, братцы! Усе будзеце прадстаўлены к Георгіеўскім крыжам.

Старшы пасля паясніў, што мне, Пашыну і другім тэлефаністам будзе крыж 4[-й] сцепені, а яму, старшаму, і Беленькаму, прадстаўленым ужо к 4[-й] сц[епені] за 7-е жніўня, будзе 3-я сцепень.

Потым камандзір пайшоў рабіць тую самую цырымонію з выбранымі з усяе батарэі (мы строіліся асобна на наглядальным пункце).

А я сядзеў і горка разважаў: «Якія ж мы героі... Георгіеўскія кавалеры? Каб не баяліся кары, каб не вайсковая дысцыпліна, ніводзін бы з нас, ні я, ні Пашын, ні Беленькі, пэўна, з месца не зрушыліся б. Дый хадзілі па чароду, часам войстра спіраючыся, каму ісці...»

А Беленькі ўжо пабрыкваў, як дзіця, і лез цалавацца. Пашын, як сціплы мужычок, ззяў нутраною радасцю, што ён цяпер будзе георгіеўскі кавалер і такім прыедзе ў сваю вёску ў Кастрамской губерні; толькі часам хмарнеў ён, адвярнуўшыся, хрысціўся і ўздыхаў: «А-ах... царства нябеснае!» I клапаціўся, каб на магілцы сябра паставіць канечне бярозавы, з сырога дрэва, добры крыж: «А вы напішаце на ім», — прасіў мяне. «Добра».

 

Уцёкі

 

29 жніўня.

Не давялося нам — ні яму ставіць, ні мне надпісваць... 27 жніўня, аб 11 — 12 гадзіне ўночы, толькі я сцёпліўся на сон градушчы — трывога: знімаемся з пазіцыі. Ехалі ноч, учорашні цэлы дзень, едзем сёння... Па маім компасу выходзіць: поўнач-усход, паўдзён-усход, але ўсход і ўсход... Што? Чаму?

Едзем хутка, спыняемся мала, не болей як на хвіліны тры, часам пяць — і зноў едзем, едзем і едзем...

Няўжо адступаем? Едзем, а ззаду ў нас, дзесь далёка, не сціхаючы грыміць кананада.

 

31 жніўня.

Адступаем... Едзем дзень і ноч, з рэдкімі, невялічкімі прываламі. Ай, як жа хочацца спаць. Сіл няма. Хай дагоняць, заб'юць, толькі б легчы і задрамаць на траўцы пад дрэвам... Сіл няма ісці, а садзіцца нам, тэлефаністам, забаронена. Адзін ездавы зваліўся, задрамаўшы, і трапіў пад колы гарматы. Шчаслівы! паклалі ў санітарны фургон, — там выспіцца ўсмак. Мой добры геній — Яхімчык. Калі старшага блізка няма, дазваляе мне праехаць трошку на яго двухколцы, а сам злязае, быццам дзеля фізіялагічнае патрэбы. На прывалах пішу, каб не заснуць. Але рука і мазгі не слухаюць мяне.

Начою свецяць пражэктары з усіх бакоў. Часцей і часцей палыхаюць зарывы.

Глуха гудзіць кананада, але дзе — няможна ўлавіць.

Даганяем якіясь даўжэнныя абозы. Разы тры мы ўжо мусілі абхадзіць іх па полі, па раллі, па канавах. Яны загарадзілі дарогу і цягнуцца, як чарапахі.

З'явілася пяхота. Сыпле ў беспарадку...

Гавораць аб разбітых немцамі абозах, аб кінутых фурманках, зарадных скрынках — і ўратаваных дамскіх шаўковых нагавічках, блюзках, сярэбраных нажах і відэльцах, награбленых марадзёрамі, галоўным чынам, абознікамі.

Занялі былі пазіцыю. Цераз паўгадзіны кінулі і паехалі яшчэ шыбчэй... Мы ўцякаем, мы бяжым... А дзе ж вораг? Яго няма...

Вось і Вержбалова! Граніца. Эх!

З'явіліся масы пехацінцаў-«шатуноў», што згубілі або кінулі свае часці. «Ратуйся, хто можа! » — цынічна кажуць яны і бягуць, бягуць на ўсход. Не армія, а зброд. Камандзір наш то маўчыць, сцяўшы зубы, то кідаецца на «шатуноў» з бізуном. Іх ловяць, збіраюць дзесяткамі, ставяць ім начальніка і гоняць пад даглядам. Яны ўсё роўна разбягаюцца, каб дзе «зарваць» што з'есці.

У Расіі пасля Нямеччыны я чую сябе... быццам выйшаў з нечага душнага і такога, дзе ўсё-ўсё вядома і няма паэзіі, і выйшаў на свежае, вольнае і ўбогае паветра...

Хочацца і ў Расіі, тут, бачыць гэтыя зручныя, з прысадамі шосы, прыгожыя цагляныя хаткі (і іншае і іншае, — абраз нямецкага поля стаіць у вачах: дрэнаж, раскіданыя ля свежае канавы дрэны, культура), але каб і наш прастор захаваць, паэтычную шырыню і волю лясоў, лужкоў. Ці гэта прызвычаенасць да свайго? Ці гэта дзве душы ўва мне — усходняя і заходняя? I сумна, чагосьці лепшага хочацца, і здаволены, што вырваўся з духаты.

 

2 верасня.

Пішу ўвечары на біваку. Прыехалі разведчыкі. У аднаго ранен конь. Бачылі непрыяцельскую кавалерыю і ланцугі непрыяцельскае пяхоты за м. Шумскам... значыцца, вёрст пяць ці меней за намі. Гарматы заўзята грымяць. Дзе?

Жыхары-жмогусы выязджаюць. Надвор'е хмарнае. Часта курыцца дожджык. А яны не заўважаюць прыкрай бязгодзіцы. З фурманак валіцца ў гразь дрэнна ўпакованы ўбогі скарб — паднімаюць як аўтаматы, бо прыдушаны ліхам. Гоняць скот. На вазах варушацца і скігочуць невялікія парсюкі. З мяшка вывалілася булка хлеба.

— Эй, дзядзька! Хлеб згубіў!

Паднімае і не абцёршы кідае на воз. Хацеў я купіць у гэтага і ў многіх, — адзін адказ: «Нейра» (няма). Жанчыны плачуць.

Туман, дымна, макрава. Паляцца вогнішчы. У балоце ўтапіўся салдат-абознік з возам. Сам выкараскаўся, а конь, кінуты, захлябнуўся.

Лаянка з жыхарамі за бульбу, за яблыкі. Хлеба не маем 4-ты дзень. Есці хочацца, у жываце нудна.

Бравы чырвоны казацкі афіцэр праляцеў на жывым, як агонь, коніку. Крычыць:

— Ребята! Немец прёт назад, отступает! Не падай духом!

Ніхто яму не паверыў.

— Бач, які сыты, нажраўся... Не падай духам, — бурчыць наш запаснік, туляк Ізотаў.

А нейкі пехацінец, ні на кога не гледзячы, закідвае мнагазначныя словы:

— У Расіі людзей многа, трэба іх перагубіць, каб...

Што — каб, ён не паясняе, але і так ува ўсіх расце небяспечная для такіх парадкаў злосць.

Адно праўда: у нас ёсць «господа офицеры», ды няма палкаводцаў. Таму такое адступленне.

Уцёкшыя з палону кажуць, што Ваўкавышкі набіты мірнымі бежанцамі, а нямецкія салдаты ўсё ламаюць, усюды шукаюць, у скляпах, у падвалах. «Мы з імі культурылісь, а яны з намі свінячуцца», — хто гэта сказаў? Ці, можа, я сам выдумаў? Не ведаю. А ўсе — скаты двухногія. Хай жыве вайна — знішчэнне скатоў скатамі! Мы не людзі, мы — быдла...

Здурнеў пяхотны капітан з нашага батарэйнага прыкрыцця. Стаў лаяцца самымі бруднымі словамі, гэтак жа лаіць бога, нанасіць сабе раны. Яго звязалі.

Бясконца пруцца абозы. У дактароў і чыноўнікаў у руках рэвальверы: пракладаюць, махаючы імі, дарогу сваім мнагацэнным фурманкам.

— Абоз, ну-ну наперад! Едзь, абоз! Застрэлю, хто загародзіць дарогу! Артылерысты, пасунься ўбок.

Наш камандзір неўспадзеўкі вынырнуў:

— Тут няма германцаў. Нашто ў вашых руках я бачу рэвальвер?

Спалоханы чыноўнік без адказу хапаецца «пад казырок». Дзедка на бабку, бабка на ўнучку, унучка на сучку...

 

З верасня.

Уцякаем далей на ўсход. Каторыя гэта суткі? Чацвёртыя ці пятыя? Не ведаю таксама, які сёння дзень.

Праязджалі вялікі сумны лес; многа грабу, елкі. Ледзьва чутны тут праследуючыя нас глухія гарматныя стрэлы.

Вялікі прывал! Наўкол — шырокае жмудскае поле, цёмна-зялёныя хутаркі («калоніі»). Змораны валюся на зямлю. Хочацца есці. Кансервы старшага не дзеля мяне... Ён жарэ, схаваўшыся, а ў мяне няма. Запаснік-пехацінец нясе хлеб. «Дзядзька, стойце! Вазьміце колькі хочаце, дайце маленькі кавалачак!» — «Вы, батарэйцы, з голаду не здохнеце. Мяне цэлы ўзвод чакае». Ай, што мне рабіць, мне страшэнна хочацца есці. Сёння і ўчора батарэя без абеду. Беленькі раіць смактаць цукар; у яго знайшлося два кавалачкі.

Сонейка заходзіць. Шумяць, адступаючы, масы людзей, вазоў, коні, гармат.

— Вярнуся я ўва Уладзівасток, — раздумана разважае прыгнаны нядаўна з запасу батарэец, быўшы прыказчык гандлёвай фірмы. — Вярнуся я к Шорыну... Абед на тры стравы... Дзве астатнія — налюбкі, выбірай якую хочаш.

— Чорт далікатны, чаго заманулася. — Калі немец не забіў, лепей застраліцца, чымся так мучыцца...

— Дурная твая гаворка.

— Ідзеш-ідзеш, а есці нечага... — Змоўкні!!! тты... халера!

А я смакчу кавалачак цукру, што даў Беленькі, але есці яшчэ болей хочацца, і я таксама кажу ў думках на гэтага прыказчыка: «Змоўкні ты, халера, з сваімі стравамі налюбкі!»

 

* * *

 

4 верасня.

Нарынулі ўспаміны аб сваёй роднай снежнай зіме са скрыпуча-лёгкімі санкамі на замеценай дарозе, з зялёным сенам у яслях у пуні, дзе грэюцца, спусціўшы галовы, нашы гнядыя коні. Прыемна яно. На вайне я люблю яго, далёкае, роднае. А тут так цяжка... Чаму? Што хлеба няма? Ці што людзі — не людзі, а быдла? I таму, і таму, і таму...

Недалёка, кажуць, Коўна. Вёрст 15 — 20. Едзем на пазіцьію. Ізноў круцяцца над намі нямецкія аэрапланы. А дзе ж вораг?

 

Нёман

 

9 верасня.

Чатыры дні не пісаў...

Перапраўляемся ізноў з Віленшчыны ў Сувальшчыну. Назад за Нёман. А ў Віленшчыну пераправа была ўвечары ці тое самае што ўночы, з 6 на 7 верасня. Апішу, як гэта было.

Выехалі з Петкялішак у паўноч 5—6 верасня. Доўга, бясконцу доўга, цялёпаліся ў гразі, пакуль развіднелася. Быў вялікі вецер.

— Куды ў гэтакую процьму?

— За Нёман!

Цераз Мазурышкі, Дарсунішкі — паехалі... «К бесу ў кішкі!» — лаюцца і жартуюць азызлыя ад холаду батарэйцы.

Абедалі на прывале.

Увечары пад распраклятым дажджом прыцягнуліся к Нёману. Стаялі... Пасунуліся трошку... Ізноў стаялі... Нейкія хаты пры дарозе; за адною хатаю здыхае конь.

Позна пачалася пераправа цераз Нёман. Круты спуск, гразь, холад, вецер з дажджом — і цёмна, ні ліха не відаць. Загразла гармата — на табе! З сілы выбіліся батарэйцы. Цягнуў і я — па калені ў нейкім жыдкім і ліпкім месіве. Ахрыплы паручнік мацяршчыннік:

— Цягні, цягні!! — і ўсё лаецца.

— Цягні сам, каб табе скулле ў глотку! Сам на кані гоцаеш ды бізуном трасеш. Во схопім і кінем торчма галавою з кручы ў Нёман, каб ты змоўк навекі. Наўкол чорна, як у тваёй душы: ніякі чорт не ўбачыць.

Мусіць, адчуў нашыя думкі, ад'ехаў, кінуў адных. Балазеткі выцягнулі без яго лаянкі. Пяхота шлёпала, шлёпала, учапілася, як саранча,— памагла.

Узлаваны Нёман. Хвалі плешчуць і абдаюць зімовай сцюжаю. На пантонах — апалчэнцы, барадатыя дзядзькі з крыжамі на шапках. На тым беразе — вогнішчы. Нёман тут ушыркі сажняў 60—70. Мераў, ідучы, на сігі.

Абаграванне. Шуканне, дзе б як абначаваць, каб хоць трошку ў сухім. Горкае пачуццё пад дзвярмі вялікага дому, занятага «гаспадамі афіцэрамі». Можна б было дзе-небудзь там прытуліцца — запёрта, не пускаюць... Сон на мокрай зямлі пад дзіравым брызентам, па якім б'юць дажджавыя каплі, як у бубен.

Уранні мясіў гразь па мясцечку, каб знайсці хоць якое-небудзь сабачае едзіва. «Нет!» — «Нема!» — «Нейра!» Салдатаў поўна, не прайсці. Розныя вайсковыя часці, драгуны, конная гвардыя, «арыстакраты». I пяхота, як гразь, заляпіла ўсё. А дождж, балота. Убогія, нешчаслівыя старыя жыды стаяць, як хворыя, ля сваіх зачыненых або і забітых дошкамі крамак... Ой, булкі, булкі!!! Расхапалі... Глядзі ды аблізвайся. Жанчыны-ліцвінкі ідуць і плачуць. I плача-мяўкае на званіцы іх каталіцкі лвон. Касцёл. Грудок гэтых жанчын на каленях. Ксёндз — як старэнькі галодны акцер.

8-га верасня, учора, пісаў лісты. Насіў у канцылярыю і чуў там ад малодшага пісара, што падпалкоўнік Гноеў казаў, быццам вайна працягнецца найболей — два месяцы. А там — мір, і на зімовыя кватэры... Якое шчасце!

Усе салдаты казалі, што два тыдні будзем тут стаяць, бо Аўстрыя ўжо просіць міру. Я не верыў, але так хацелася верыць. Ах, каб праўда! Ах, каб так!

А тым часам я шлындаў галодны. Найшоў на нашых батарэйцаў, што гулялі ў карты, схаваўшыся, каб хто не ўбачыў. Запрашалі мяне. Адмовіўся. «Які ён, чорта, вальнашляючы: у карты не гуляе і грошы ні хваробы не мае...»

Увечары, неўспадзеўкі, выехалі на пазіцыю, недалёчка адгэтуль, і да паўночы капалі акопы. Перад тым як спаць, тэлефаністы яшчэ паспрачаліся аб грыбах (побач — магутны лес) і аб цыганах (пехацінцы злавілі нейкага няпэўнага на выгляд цыгана).

Сёння, 9-га верасня 1914 году, у аўторак, уранні, бульбу варылі, накапаўшы ў пустым маёнтку нейкага пана-паляка. I мутную бурду з прасаванае гарбаты пілі. Без цукру, бо яго маюць толькі афіцэры і іхныя дзеншчыкі.

Не паспелі мы аблізацца — «Абамунічвай!».

Ізноў паехалі на той бок Нёмну.

Тады перапраўляліся начою, цяпер — удзень. Памылі ў Нёмне рукі і боты. На беразе, дзе я мыўся, дужа смярдзела ад здохлай цёлкі. Рунь сялянская змешана з гразёю, нічога тут налета не вырасце. Перад намі была незвычайна прыгожая відаль. Унізе — яшчэ макрава ад марозу, а верхавіны дрэў — ужо абліты баграю восеннага сонца.

I сёння трапіў я на бунтаўніцкую гутарку нейкага прыгнатага надоечы кудлатага запасніка.

— Дурні мы ўсе, вось чаму нам трудна, і мы тут цягаемся...

Салдаты сапраўднае (па-расійску — «действительной») службы з патрыятычным задорам зараз асадзілі яго. Але як бы і сорамна ім было, як бы і чулі троху сябе дурнямі...

 

* * *

 

10 верасня.

Пішу пасля галоднага абеду галодны і грэюся ля вогнішча.

Начою зараўлі: «Абамунічвай!» Гадзіны ў дзве. А потым прамучылі ў няведамым чаканні і выехалі толькі ў гадзін пяць.

Ізноў назад за Нёман. Нейкае пракляцце турае нас з берагу на бераг. Гэтае пракляцце, урэшце, падае свой голас: вёрст за дзесяць перад намі загрукаталі даўна не чутыя нямецкія гарматы.

Раніца была незвычайна харошая на Нёмне-рацэ... Панарама чыстая, ясная, толькі Нёман унізе дыхае густою, белаю і сцюдзёнаю, параю. Мыцца яго вадзіцаю было дужа прыемна.

 

13 верасня.

Учора, 12 верасня, пасля паўдня, на падворку хутара, ля хаты, гледзячы на ўсход сонца, прыняў я прысягу «на вернасць цару і ацечаству». Даволі мізэрненькі вайсковы попік, немаладых лецяў, пасля кароткай працэдуры, шчыра ці няшчыра, расчуліўся, абняў і пацалаваў мяне, вітаючы «высокім званнем воіна яго імператарскага вялічаства гасудара імператара Мікалая Аляксандравіча, нашага добрага, кроткага цара-батюшкі...». Калі ён гэта мне ўкладаў, я чамусьці ўздумаў на наш народны погляд на прысягненне, як баіцца наш селянін усякае, самае страшнае, кары за зламанне прысягі. Аднак, бывае, прысягаюць і фальшыва...

Да гэтага часу я служыў без прысягі, як «малады салдат».

Учора ж мяне наградзілі і першаю нашыўкаю (быў кананір, зрабіўся бамбардзір).

— Будзь стоек у баі і міласціў к ворагу! — казаў мне добры попік.

«Буду... мне цяпер усё роўна».

Хадзіў потым за камандзірам батарэі з бусоллю. Ён выбіраў лепшую пазіцыю. Калі вярнуліся назад, камандзір убачыў, што батарэйная прыслуга аднаго аруддзя, замест паляпшаць бліндажы, спіць. У будцы з вецця пад дрэвам (батарэя стаяла пад лесам). Ён пацягнуў бліжэйшага за ногі, і калі той усхапіўся, заспаны, з усяе сілы бэцнуў яму поўху. Другія паўскакалі самі. Ён даў яшчэ двум-тром і з пенай на вуснах, ад шалёнай нервовай злосці, крыкнуў перарваным, дрыжачым голасам:

— Вораг на носе, а яны дрыхнуць!

Яму было дужа прыкра, што так зрабіў. Я бачыў па яго вачах. Калі ён схаваўся ў сваёй хаце, салдаты дражнілі пабітых і насміхаліся, асабліва тыя, што спалі ды ўцяклі. Але пабітыя, з чырвонымі ад аплявух мордамі, нядоўга былі збянтэжаны і зараз пачалі смяяцца разам з усімі. Дзіўная справа: на батарэі зрабілася як бы троху весялей пасля гэтае прыгоды.

 

14 верасня.

Вайна парушае ўвесь парадак жыцця. I ў святочныя дні бадзяемся мы тут брудныя, вашывыя, нямыцькі. Я і не ведаў бы, што свята, і дзівуюся, як аб гэтым помняць тут другія.

— У царкву схадзіць няма куды, — бядуе Пашын і лае Польшчу на чым свет стаіць.

— Дурны! Тут не Польшча, а Літва, — навучае яго Беленькі.

— Не адно ліха, — не згаджаецца ўпорчывы кастраміч. — Там касцёлы, тут касцёлы — скрозь адна Польшча і паны голеныя.

У мяне радасць: прыйшлі ад родных і знаёмых доўгачаканыя лісты, а з Вільні — некалькі нумароў «Нашае нівы». Камандзір быў якраз у канцылярыі. Ён пакруціў «Нашу ніву» ў руках, з асаблівай цікаўнасцю прыгледзеўся да мяне — і нічога не сказаў.

Радасць маю зняважыў старшы пісар Лебедзеў, калі камандзір выйшаў:

— Ахвота ж пісаць газеты на такой свінячай мове. Ведь по-русски так легко научиться.

Задрыжэла ў мяне ўсё ад гневу, але што я магу сказаць гэтаму чарнасоценцу, калі ён гаворыць так не ад цемнаты, а свядома і наўмысля. Пашын так не скажа.

Добра ў хаце, у канцылярыі. А на дворы сцюдзёна. Вецер, як узімку. Ішоў на батарэю і па дарозе думаў: ці прыйдзе той час, што не будзе імперыялізму, нацыянальнага ўціску, багатых і бедных, сытых і галодных, цёплых і сцюдзёных, не будзе салдат, вайсковай службы, вайны? Калі наступіць гэты залаты век? Эх, вецер, вецер! Сцюдзёна, браце, жыць на свеце! Нашто і за што гадуем мы тут «звяроў»? Праклятыя казюлькі, на якую хваробу стварыла вас «разумная» прырода? Наіўнае пытанне! I Лебедзеў — казюлька, і я — казюлька, і ўсе мы — казюлькі. I тыя нашы заўзятыя «свядомыя» беларусы, якія заўсёды вытыкалі мне падобныя развагі як слабасць духа, нягожую дзеля праўдзівага адраджэнца рэвалюцыянера, і яны самі казюлькі...

А ўсё ж я рад, што родныя мае ўсе здаровы, што ў дварэ ўсё добра! I недарма ж мы тут ваюемся, — да нечага ж даваюемся. I калі тут не заб'юць, прыйдзе пара паваюем і за што другое...

 

Паварот

 

16 верасня.

Удосвецця выехалі за Нёман. «Цяпер ідзём наступаць», — чамусь думаюць усе. Цёмна, з поля гудзе сцюдзёны восенны вецер. У лесе зацішней. Там пахне дымам. Між соснаў мітусяцца постаці пехацінцаў.

Дождж. З левага флангу далятае далёкая кананада. Дождж яшчэ буйнейшы. Стаім. Схаваўся пад сасну. Пад ёю было некалькі пехацінцаў і між імі адзін пехацінец — вальнапісаны. Ён сказаў дзіўную навіну: «З левага боку кавалак нашага фронту займае японскі корпус». Зусім нядаўнія ворагі — японцы? Дзіўна!

 

17 верасня.

Цэлы дзень залівае нас дождж, а мы едзем, едзем і едзем. На ганках пустой, кінутай хаткі стаяў вайсковы поп і бласлаўляў нас крыжам, і так бласлаўляў усю калону, як цягнулася міма яго. Іншыя, старанныя, падходзілі, і ён даваў цалаваць крыж і руку.

Значыцца — ідзём наступаць…

 

18 верасня.

Страшная ноч! Растаропіца непралажая, вецер ёдкі, праразлівы. То адно, то другое аруддзе топіцца. Цягнуць, крычаць, лаюцца. Трэба ўсім доўга стаяць і чакаць, покуль яго выцягнуць. Я азыз і трасуся.

— Злайся, братка, па-мацернаму, — пацяплеець, — дае мне раду старшы.

 

19 верасня.

У нас ёсць ужо новы прапаршчык, маладзенькі, толькі са школы, на прозвішча Кульгацкі. Ён загаманіў са мною па-сяброўску. На маё пытанне сказаў, што ніякіх японцаў на нашым фронце няма, — наіўна было б думаць... Ад яго ж даведаўся, што ішлі мы спачатку на м. Сімна, потым падаліся на Марыямпаль і стаім ад яго за колькі вёрст. Немцаў абходзяць, і яны сёння ў 1 гадзіну дня пакінулі Марыямпаль без бою.

Цэлы дзень ехалі па глыбокай гразі пад дажджом. Сухой ніткі не было на мне.

Праязджалі вялікі панскі двор, дзе памешчык – паляк, арандатар — яўрэй, батракі — жмудзіны. Зусім як бывае і ў нас на Беларусі. Не дзіва, што ні польскія паны, ні яўрэйскія эксплуататары не спагадаюць ні літоўскаму, ні нашаму адраджэнню. Прабудзіцца народ — і зверне ім карак... Толькі ці дажывуся я да гэтае пары, цягаючыся так, як учора? Кашаль мяне душыць, левы локаць балюча ные. I што б мне захварэць як мае быць. Скончыліся б гэтыя мукі. Будзь проклята мая доля, кінуўшая мяне на вайну... I думаю: «Саромся, браце, хоць сам сябе...» — «Ребята, не падай духом».

У-у! На каго сціскаюцца мае кулакі.

 

20 верасня.

Стары салдат-пехацінец разважае:

— У японскую вайну было лепей. Сібірскае начальства рупілася, каб салдат быў сыты. Прывал 10 мінут: тут табе, заехаўшы наперад, кашавары гарачую гарбату даюць, кансервы... А тут цэлы тыдзень не еўшы ідзі-ідзі, а заблудзіў у сад гнілы яблык падняць, — афіцэр цябе хлабасцінаю па галаве... гоніць, як свінню. Не даражаць здароўем салдата: як толькі дождж, дык канешне і паход. Ды ўстураць гадзін на пяць раней, чымся прыйдзецца выступіць у дарогу — стой, калей, мучайся, няведама нашто... Ці паверыце: на мне «звяры» шаволяцца, вытрываць няможна...

Веру, бо і ў мяне таксама. Ды і ўва ўсіх чыста.

Сёння праязджалі мясцовасці, дзе ўжо ляжыць след гаспадарання немцаў. Мірныя жыхары страшэнна жаляцца на іхныя здзекі і грабежніцтва.

— Усё забралі, пакралі. Гусіну тваю зарэжа, і яшчэ пух ім абдзірай. Бульбы, як нашы, не капаюць: падавай ім чагось далікатнейшага — масла, яек, малака... Рылы — во! Відаць, на добрым хлебе гадаваліся, не то што мы. Усю лепшую вопратку забралі, коні забралі, кароў або парэзалі, або з сабою пагналі. Дзяўчат крыўдзілі...

— Ну, а што вы рабілі, як быў бой?

— Што? Дужа баяліся. У ямах сядзелі.

— Як пачаўся бой, — кажа стары жмогус, — пабег я цераз сад у бліндаж, што немцы нам параілі зрабіць. Бягу, а дрэвы ад трасяніны паветра так і хістаюцца. Сабачку майго забіла... Такі слаўны быў сабачка, цікавы...

— З ружжаў мала стралялі, а ўсё: бу-бу-бу! Ад раніцы да вечара бухалі, а мы сядзелі ці поўзалі, як здохлыя, не еўшы...

— Калі бог вам дасць зайсці ў іхную зямлю, вы там так рабіце, — гаворыць з горкай злосцю нейкая маладзіца-жмудзінка, змучаная, з мутнымі вачыма. Гаворыць добра па-расійску: відаць, служыла ў горадзе.

Другая маладзіца слухае нашу польска-расійскую размову, нічога не разумее і заліваецца гаручымі слязьмі. Потым нешта з адчаем гаворыць па-жмудзінску.

— Што яна кажа? — пытаемся.

— Кажа: ізноў прыйдуць немцы. Дурная баба! — тлумачыць старэнькі жмогус з голенымі вусамі.

 

* * *

 

22 верасня.

Учора выехалі ў першай гадзіне ночы. Ехалі па вялікай гразі, пад дажджом, на перанізваючым ветры.

Потым дзень зрабіўся ясны, сонечны, але не пацяплела, — сцюдзёна. Ля касцёлу стаялі... грымнулі стрэлы з гармат і вінтовак! Нашы ці нямецкія, — не ведаю, але нешта дужа блізка. Слабасць духа, страх смерці апанавалі мяне.

З паўдня адкрылі бой за сялом. Страляніна на ўсім фронце. Відаць, дайшлі да нямецкіх пазіцый. Наглядальнік 1-е батарэі казаў, што ў трубу Цэйса відаць, як на далёкім-далёкім узгорку пагульваюць немцы, але нашы гарматы там не дастаюць. Трашчэлі і кулямёты, але найболей біла артылерыя.

 

23 верасня.

Бой як пачаўся ўчора, так ішоў усю ноч і сёння ідзе. Гэта першы раз, каб уначы так палілі з кулямётаў і вінтовак.

— Пажар! Пажар! — закрычалі нашы тэлефаністы блізка поўначы.

Я загледзеўся на прыгожы абраз: ад снараду загарэўся дом ці стог хлеба, дым палавы, а потым чорны, густы, з языкамі полымя, прэцца ўгару к цёмнаму небу. А гэтым часам па ўсім фронце гудзіць, шуміць, бэхае, свішча, трашчыць. Кулямёты, без ліку іх з усіх бакоў: тр-тр-тр!.. Цяжкімі: гкрэх! гкрэх! — са страшнай сілаю «крые» немец нашы пяхотныя акопы і «шчупае», дзе батарэі.

Надвор'е пацішэла, устоілася; ветру няма, толькі халодна-ядрана; нагам сцюдзёна, няможна сагрэць.

Ноч я перабыў у ямцы, што падкапаў у беразе сухой канавы і заслаў лёнам з поля, пакрыўдзіў якогась няшчаснага жмогуса. Пасля прынёс снапок саломкі, як бегаў у канцылярыю на хутар па красін. Красін патрэбен быў у лямпачку для батарэйнай «адметкі» (па ёй начою наводзяць аруддзі).

Як ішоў на хутар, троху немаведама чаго баяўся, бо цёмна і пуста. Каб супакоіцца, даў волю фантазіі. Уявіў сабе, між іншым, што гэтае жмудскае поле яшчэ так нядаўна агалашалася мірнай песняй дзяўчыны-пастушкі, хлопчыкі-канюшкі клалі цяпло, грэліся, смажылі сала на важашках, казалі казкі... А цяпер?

У канцылярыі красіну не знайшоў і адабраў астатні запас у бедных хутаранаў. Гаспадыня аж плакала, але як я мог вярнуцца без красіну? Я прасіў, упрашваў, умаўляў, сварыўся, пагражаў. Самому было сумна і смешна ад свае ролі гэткага рашучага салдата.

Пераязджаем на новую пазіцыю, трошку наперад.

 

24 верасня.

Уначы было надта халодна. На фронце заціш, мы стаялі як бы на прывале, толькі гарматы былі пастаўлены гатовыя к бою, а я тым часам не мог выспацца. Спаў на зямлі пад брызентам, і хоць сябры мае добрыя пусцілі мяне легчы пасярод, я прост дубеў ад холаду. Калі яны спалі, я колькі разоў усхопліваўся і бегаў па полі, як конь-стаеннік, пад маркотным начавым бліскам месяца. Вартаўнік здзіўлена і трошку пужліва ўглядаўся на мяне: ці не здурнеў часам вальнапісаны? Вучоныя, яны... часта дурнеюць.

— Чаго вы? — не ўцерпеў, спытаўся, і сказаў не ты, а вы, што было знакам трывогі ў яго простай салдацкай душы.

А я — гоц, гоц, гоц! і крычу:

— Га? Блохі кусаюць...

— Гі-гі-гі! — супакойна засмяяўся вартаўнік, пачуўшы мой жартаўлівы голас. I сам пажартаваў са мною: — Гі-гі-гі... Даўно яны са страху паздыхалі. Хіба белыя? Гі-гі-гі...

А я, запыханы, юркнуў пад брызент і прытуліўся да Беленькага.

Раніцаю хацеў пагаманіць з прапаршчыкам Кульгацкім.

— Ваша благародзіе!..— А ён з перапуду кашляўся (мусіць, што я да яго так звярнуўся) — і:

— Андрэй! Андрэй! — гукнуў свайго дзеншчыка (майго цёзку), — пачастуй вальнапісанага чашкаю чаю. — I сам пайшоў зараз у хату, нейкую, мусіць, карчму пры заезным двары, бо толькі адна яна тут і ёсць пры дарозе. А белага хлеба ў Марыямпалі мне так і не купіў, хоць сам запрапанаваў купіць, калі ехалі сюды з-пад Нёмну. «Гаспада афіцэры ўсё разабралі», — сонна сказаў мне Андрэй на маё пытанне. Цяпер я падумаў: мусіць, прапаршчык закашляўся таму, што не купіў мне хлеба... Ці якая можа быць яшчэ прычына?

Удзень ляталі два нямецкіх аэрапланы. У гэты час батарэя па камандзе капітана Смірнова, заступаўшага камандзіра батарэі, «лупіла» па нямецкіх акопах мелінітавай гранатай. Разумеецца, хоць і ўдзень, агні з жэрлаў гармат добра бліскалі і курыўся пыл і дым. Калі вярнуўся камандзір, дык быў нездаволены, што капітан сваёю неасцярожнасцю паказаў аэрапланам месца батарэі. Дзеля гэтага, як сцямнее ізноў, здаецца, пераедзем ужо на трэцяе тут месца. А вясёлы арудзійны феерверкер, светлавусы яраславец Салаўёў, жартуе:

— Колькі выпусцілі снарадаў? 317 гранат і 39 шрапнеляў? Нічога... маё аруддзе чалавек дваццаць забіла, хопіць на гэтай пазіцыі...

Аднак жа мы паспелі выкапаць акопы, і пакідаць іх нікому не хочацца.

Ногі мае дужа зяблі ўчора цэлы дзень і сёння зябнуць — няма куды дзецца, хоць ты плач.

Хлеба няма ўжо трэці дзень. I няма дзе купіць нават за грошы, чыстая бяда прыйшла. Аб чым думае наш тыл? А сухары свае мы пагрызлі раней без дазволу.

— Вось цяпер і сядзіце на бабох, сказаў капітан Фядотаў.

— Дзе ж той боб? Дайце нам, мы яго з'ядзём!

Абеды нашы дужа дрэнныя, адна вада, і тая чорная ад гнілых капусцінак ці то ад сушанай гародніны, што рэдка-рэдка дзе баўтаецца. Ядзім два разы ў дзень, уранні і ўвечары. Адзін раз даецца порцыйка мяса, але такая малая, што і есці няма чаго. Порцыйка — закачаная ў пясок бруднымі пальцамі кашавара і арцельшчыка. Ох, гэтыя пальцы:

імі раздзіраюць мяса на порцыі, імі тут жа і смаркаюцца «ў кулак». Звараныя порцыі раскладваюць на падсцелены мяшок, а часам нават на шынялі. Як быццам так трудна прыстарацца якой чыстай дошкі.

 

* * *

 

25 верасня.

Рукі трэскаюцца ад сіверкі, пісаць холадна. А ноч блізу што і не спаў так пазяб. Ляжаў каля тэлефоннага апарату з трубкаю ў руцэ ля вуха. Ляжаў — як можна, закрыўшыся сенам, каб было цяплей. Усё роўна праварочаўся да рання з боку на бок у халоднай трасцы.

Сёння не мыўся (другі дзень). Хлеба прывязлі фунты па два (ці меней) на чалавека. Хадзіў «у тыл», шукаць хлеба, яблыкаў. Нідзе нічога... У касцёл зайшоў, бачыў там груд розных лахманоў, знесеных сялянамі на сховы. Салдаты хацелі расцягнуць, але ім не далі сваім гвалтам бабы.

Пры касцёле сярод кучкі старых жмогусаў і салдатаў чуў жудасную гісторыю, як немцы гвалцілі дзяўчат-жмудзінак... Аж не ймецца веры. Нейкі вайсковы пісар, відаць, свежанькі на фронце і чалавек кніжны, з вялікім абурэннем і ўзварушлівасцю лаяў, лаяў немцаў: «Гэтак яны прышчэпліваюць сваю культуру... ах, сволачы!» Потым яго размова перайшла на дужа патрыятычную маскоўскую ноту і нагнала на жмогусаў таскнату, а на мяне прыкрасць. «Ну што: дрэнна вам пад Расіяй? Пад немцамі лепей? Скаштавалі? Вы каталікі, а ў нас вы маеце ўсякае права, а вось вам нямецкая культура... скаштавалі!»

Настрой ува ўсіх дрэнны. Немцы не адступаюць. Па дарозе пляцецца шмат нашых раненых пехацінцаў; трасуцца ад холаду. Яны невясёла пераказваюць, што немцы падманяюць нашых то нібы кінутымі перадкамі разбітае батарэі, то белым флагам, а потым косяць кулямётам «як капусту». Акопы яны сабе нарабілі з таўсценнага сасновага бярвення і рэек з жалезнае дарогі. Ім там цёпла: паставілі печачкі, нацягнулі пярын ад мірных жыхароў, кажухоў, нават сталоў і крэслаў.

Жывуць, як паны, у сваёй хаце. «Ім хоць бы што... Выбі іх адтуль нашымі свісцёлкамі!*»

* Лёгкай палявой артылерыяй. Шпорамі.

Чуецца з усіх бакоў нараканне, што ў нас няма цяжкай артылерыі... і наогул парадку.

Раніцаю троху спаў (на восенным сонейку). Прачнуўся; на зямлі ў лагчынах шараватая пароша — вястуння недалёчкае зімы. Толькі чаму яна не весяліць, як у сваёй роднай вёсачцы, дзе з яе прыходам вяжуцца ў успамінах бліны, скваркі, драная бульба з салам, малацьба ўдосвецце, капанне буракоў, дабіранне канапелек, сечка капусты?..

Ух, капуста нагадала кулямётную «капусту»!

Я пачынаю бунтаваць супроць начальства, што на зямлі і што на небе.

Навіны за дзень:

Елі нясмачную нішчымную бульбу, накрадзеную з поля хутаран.

Пілі цагляны («кірпічны») чай з хлебам.

Прыйшла мне тэлеграма; яна мяне спалохала была страшна і здзівіла. «Вам тэлеграма!» — «Дзе? Якая? Што такое?» — «Сцяпана забралі. Паведамі здароўе...» Аж яна ішла даўжэй за ліст! А я быў падумаў: няўжо каго забілі?

На гэтай пазіцыі маем ужо 4 забітых, 8 раненых і адну папсаваную гармату. I гэта ў батарэі, а што ж у пяхоце?

Кажуць, быццам 10-я армія (ген.[ерала] Мішчанкі) абышла немцаў і пагнала. Яны павінны і тут уцячы, і гэтага ўсім нам дужа хочацца, бо чацвёрты дзень стаім у нейкім напружаным чаканні і калеем у дрэнненькіх акопах.

Камандзір N-скае батарэі ехаў ля нас п'яны, чырвоны, з заліхвацкімі бураватымі вусікамі і крычаў:

— Хлопцы! Камандзір корпусу загадаў узяць пазіцыю ўва што б тое ні стала.

Першая батарэя некуды паехала; уначы, мабыць, і мы пераедзем.

Прыехаў у нашу батарэю новы афіцэр, толькі што прайзведзены падпаручнік Сізоў. Маладзенькі, далікатны і сарамлівы, як дзяўчына. Але стройны, высокі, прыгожы. Усё ў яго новенькае. Жоўтае сядло скрыпіць і пахне фабрыкаю. Новенькая шэрая шынель — да пят, з дзявочым станам і выстаўляецца на грудзях кругла і выпукла. Пазнаёміўся са мною — як з роўным. Сядзеў у нашым, тэлефонным, акопе і шмат чаго казаў нам і частаваў нас цукеркамі і шакаладам. Ён хоча быць для ўсіх добры і даступны. Гаварылі з ім пра дрэнныя салдацкія абеды (ён вінавата зганіў і афіцэрскія), пра нуднае жыццё на пазіцыі, пра лёгкую магчымасць смерці, пра вайну («пасля вайны, і яна скора скончыцца, нас, вайсковых, на руках будуць насіць»), пра 2014 год («рай будзе на зямлі»), пра чалавека, што «як кропля ў моры», і г. д. Калі мы засталіся толькі ўдваіх у акопе (Беленькі пайшоў па абед), гутарка ізноў узбілася на лёгка магчымую смерць, і падпаручнік Сізоў удаўся ў містыцызм. З не спадзяванай блізкасцю прызнаўся ён мне, што ў яго ёсць «маленькі святы абразок ад слаўнай дзяўчыны», з якою ён пазнаёміўся «нядаўна і даволі арыгінальным спосабам». Нядаўна пазнаёміўшыся, яна дакляравала прыйсці на вакзал праваджаць яго на фронт, «прыйшла і прынясла абразок». «Абразок майго ангела», — з пачуццём і маладою сарамлівасцю адзначыў Сізоў. Ён з любасцю намаляваў мне «сімпатычны тып рускай дзяўчыны». «Яна казала, — раздумана спамінаў ён, — калі мне будзе пагражаць небяспека, смерць ці што, каб памаліўся святому, што на абразку, і ўспомніў на яе...» Цяпер падпаручнік піша ёй лісты і з нецярплівасцю чакае водпуску. «Але спачатку трэба зрабіць што-небудзь і на фронце, — канчаў ён размову.— Вось вы ўжо прадстаўлены к крыжу, як я вам зайздрую!»

Стралялі сёння «па непрыяцельскіх акопах» (такая была каманда). Выпусцілі, паводле маіх запісаў, 9 гранат і 381 шрапнель. Увечары паедзем на другую пазіцыю.

 

Стаім

 

26 верасня.

Стаім на той самай пазіцыі, не пераехалі. На падмогу нам прыслалі, кажуць, чатыры цяжкіх аруддзі і марціры. Пад'ехалі нібыта к нам начою.

Грымела ўсю ноч. Немцы стаяць. Абстралялі наш наглядальны пункт цяжкімі снарадамі. Разарвалася болей за трыста снарадаў на адной маленечкай горцы, дзе быў гэты пункт. Дрэва пашчапана там на трэскі. Зямлю развярнула — не апісаць. Камандзір і тэлефаністы, балазеткі, у пярэрве абстрэлу ўцяклі. Абстрэл гэты няма што і раўнаваць да ранейшых баёў: гэта была жудасць неапісальная... Зямля стагнала, і ўсе мы, седзячы збоку, стагна лі або нямелі, закрыўшыся далонямі. Батарэя тэрарызавана, Няма ў мяне жадання апісваць, бо думкі і словы спаралізаваны гэтым дзікім, страшным гулам, што звініць яшчэ ў вушах.

На адну рэч хапае слоў: «звяры», «звяры», «звяры» ці, каб не траціць фігуральных выразаў на паскудства, проста — буйныя белыя вошы. На нагах, на спіне, усюды. Поўзаюць, варушацца. Можна здурнець.

 

27 верасня.

Стаім на той жа пазіцыі. На фронце заціш, вайна з вашмі.

Сніў, што чытаю газеты. Ах, каб спраўдзілася.

 

28 верасня.

Цалютку ноч, пазменна, капалі акопы недалёчка ад старой пазіцыі, з якой яшчэ не зняліся. Зрабілі добрыя бліндажы, хоць і дужа пакрыўдзілі будынкі хутарца жмогуса.

 

29 верасня.

Забіты чалавек, забіты чалавек... Што тут асаблівага? Здаецца, нічога. А як уяўляю сабе тыя страшныя, мутныя, мёртвыя вочы, вывернутыя мазгі, кроў, сцягнутыя сутаргай і пастаўленыя ўгору адубеўшыя рукі са сціснутымі кулакамі, — тады толькі чую значэнне слоў «забіты чалавек». Духовага ж безабраззя ўва ўсёй глыбіні адчуць не магу. Атупеў.

Я лічу па сваіх запісах каманды, колькі патронаў за дзень выпусціла батарэя, раўнадушна дакладваю аб тым капітану Смірнову, перадаю ад тэлефона дужым голасам каманду: «Адзін патрон — беглы агонь!» — і мяне гэта не чапае. А я ж пасабляю, не — не пасабляю, а сам разам з другімі старанна забіваю людзей. Забіваю такіх жа нявольнікаў, як сам. Што гэта я раблю? Пакуль што я не адчуў усяе глыбіні гэтага жаху! Не адчуў, а толькі думаў, што тут — вялікі страх, і жудасную сутнасць гэтага страху я зразумею толькі некалі пасля... –

Значок, каторым адзначаюць праўдзівых герояў, — сказана было, як раздавалі Георгіеўскія крыжы. А тым часам...

Седзячы цэлы дзень у акопах, пад страшэнным абстрэлам, 4-га жніўня «праўдзівыя героі» — падпрапаршчык X. і старшы феерверкер Z. — пасылалі па розных справах пад кулі ніжніх чыноў, а самі «рабілі» ў акопе і закапвалі лапатачкамі.

7-га жніўня, у другім баі, падпрапаршчык Ф. С., што яму даюць крыжы 4-й, З-й і ўжо 2-й ступені і што быў у той дзень арудзійным феерверкам, рабіў тое самае, тое не закапваў, а выкідаў з акопу на лапатачцы. Што ж, з разумнага погляду так і трэба, калі можна ўратаваць жыццё, не робячы непатрэбнай рызыкі. Але чаму ж не далі крыжоў тым ніжнім чынам, што павінны былі дзеля службы вылязаць з акопу і бегаць пад кулямі? «На ўсіх не хопіць». Значыцца, усе — падобныя «героі», а злашча ў пяхоце, дзе непараўнана болей рызыкі. А ці там гэтак шчодра даюць крыжы?

Мы, тэлефаністы, дасталі іх за той бой, калі зазвычай далёка не па-геройску спіраліся: «Ты ідзі злучаць провад!» — «А сам?» — «А ты?» — «А чарод чый?» — «А я за цябе старшы: мусіш слухаць».

Дык у чым жа праўдзівае геройства і ці шмат пад гэтымі крыжамі герояў? Ці я, можа, нядобра разумею слова «геройства»? На сучаснай вайне — усе героі ці, лепей кажучы, няма герояў, а ёсць болей ці меней дысцыплінаванае быдла.

 

Можна да крыві грудзі раздрапаць ад паразітаў. Сядзеў у гімнасцёрцы на голае цела і мыў сарочку ў сцюдзёнай вадзе без мыла.

— Пустое, брат, дзела! — сказаў Пашын. — Без вару рады не дасі.

Напісаў тату пісьмо, каб нічога не прысылалі, а толькі — парашку «Арагац» труціць гэтых белых бандытаў, і як найскарэй.

 

З0 верасня.

Жывеш тут нямыцькай, ваюючы з вашмі і хцівым сабакам кідаючыся на вядро з казённаю бурдою.

Грымяць гарматы, нягледзячы ні на дождж, ні на холад, ні на гразь, ні на цямноту начы. Грымяць...

Нашто і за што?

Тыя сацыялісты, штоадразу заявіліся «паражэнцамі», за сваю цвёрдасць духу маюць будучыню. Не баюся ў гэты момант саглядатаяў, — хай прачытаюць маю кніжачку і расстраляюць палявым судом. Толькі... ці надоўга ў мяне гэткай смеласці?

За сённяшні дзень батарэя выпусціла 426 шрапнеляў і 114 гранат. Ну і быў дзянёк! Але годзе апісвання баявых прыгажосцей...

Дзевяты дзень бою на гэтай пазіцыі...

Сёння пабіў сваіх вошы. Мыт у мяне і ў Беленькага. Ці не ад бульбы? Ядзім з кухні толькі ўвечары, бо ўдзень пад'язджаць кухні забаронена. Паглядзець згары, дык здасца, што тут — мёртвае поле, нікога няма, ніхто не едзе і не ідзе, нічога нідзе не варушыцца, пустыня... А колькі сядзіць тут людзей, як мышэй у норах.

Прывезлі трохі хлеба. Выдалі па 21 крошцы (кавалку) цукру.

У ногі сцюдзёна. Боты працякаюць.

Выпарыцца 6 у лазні, надзець чыстую кашулю, павячэраць смачна і легчы спаць у цёпленькім. Нічога болей не хачу на свеце!

Ах ты, доля мая, доля! Доля горкая мая!

I не адна мая: цэлых мільёнаў.

 

* * *

 

1 кастрычніка.

Сёння прыйшоў ліст ад родных, пасланы 9-га жніўня. Вось дык пошта... Нічога, усё добра. Стахвана забралі, але спадзяецца, што, як апалчэнец, на пазіцыю доўга, а можа, і зусім не трапіць. Сям'я яго жыве ў нас. Лаўрынька паедзе вучыцца. Ураджай у нас сёлета добры. З Цёмналесся пабралі шмат людзей. Як праваджалі, усе вельмі плакалі. Але гарэлка забаронена,— і ніякіх скандалаў, ніякіх п'яных выбрыкаў. Ціха, спакойна — і мора слёз, усюды поўна плачу і жалю... Прадракаюць блізкі канец вайне...

Нічога, усё добра, і радасць мая, што атрымаў ліст, радасць мая — ціхая і супакойная. А можа, — тупая? Тут атупееш.

I калі было тое 9-е жніўня! За гэты час магло быць колькі змен, колькі навін. Ці жывеш ты яшчэ на свеце, мой браце Стахване?

Лепей пра гэта не думаць і вярнуцца да сваіх штодзённых тутэйшых спраў.

Праўда, справы даволі аднастайныя. Што сёння было?

Еў брукшу і мак на голым і нудным гародзе жмогуса, каб хоць троху перастала ссаць пад лыжачкай. Спаў гэтую ноч у хаце на саломе. Бачыў, як дывізіённы ад'ютант раздаваў крыжы. Героі лаяліся, спрачаліся: «Яму не варта, таму няма за што!..» — «Ён быў-ткі пад агнём!..» — «А я што — пад снегам?»

Чуў, як у сенцах касавокі «халуй» (так салдаты завуць дзеншчыкоў), родам туляк, казаў, што ён, вярнуўшыся з вайны, укіне салдацкую вопратку ў агонь у печы, каб пагарэла «ўся гэтая брыдота». Потым ён ганіў «хахлоў» (а так салдаты завуць сваіх таварышаў, якія родам з Украіны і таксама з Беларусі), што яны свой паёк цукру і гарбаты не спажываюць самі, а прадаюць крамнікам, каб злажыць грошы і вярнуцца з службы дамоў у лакірованых ботах, элегантамі. «Гарбаты піць не ўмеюць хахлы: фу-фу-у! — дзьмуць, ды як сабакі: хляўк! хляўк!» Яго таварыш, дзяншчык з беларусаў, спакойна бараніўся:

— А што мне твая гарбата? Калі я добра пад'ем, дык і вады нап'юся смагла. У нас, як касіць ідуць, сала ці сыраквашы з хлебам наядуцца. А ў вас, праўда, як сабакі: жыдзенькае гарбаты сёрб-сёрб! — і пабег хартом-чартом на сенажаць. Якая ў яго можа быць работа? Яму б толькі на гармошцы тады рыпаць.

Цярпліва даслухаўшы спрэчку да канца, я папрасіў у іх вады памыцца, але яны абодва мне адмовілі, сказалі, што няма ў іх вады, і бурчэлі мне ўслед:

— Не вялікі пан, паходзіць і так.

— Вальнашляючы... трэба было даць...

— Чаму не даў? Гэта ж твой хахол.

Тады я пайшоў у хату, дзе месцілася канцылярыя дывізіёну (я быў сёння прысланы сюды для сувязі з батарэяй).

Тут распівалі гарбатку з малаком пісары. Старшы над імі быў вусаты паляк ці апалячаны беларус з Віленшчыны, чамусь з расійскім прозвішчам — Маслоў. На грудзях у яго была прышыта георгіеўская стужачка. Пан пісар Маслоў засыпаў мяне пшэпрашамі, пане-пане, прошэн пана. Ён чуў, відаць ад некага, што я паляк. Далікатна ўзвёўшы гутарку на польскую мову, Маслоў моцна бедаваў, што, на жаль, не ўмее пісаць гэтаю «найдалікатнейшаю ў свеце» моваю.

— Па рускаму так далікатна не напішаш, як па-польскаму. А я друк чытаю, а пісаць не ўмею... О о, каб я ды ўмеў пісаць па-польскаму!

Што б ён тады зрабіў, ён не даказваў.

Маслоў, відаць, не быў селянін, бо надта непрыгожа абходзіўся з старым гаспадаром хаты, ціхамірным і пакорным жмогусам з сівымі стрыжанымі вусамі і маленькімі вочкамі, і высмейваў яму, што каталік, а па-польску ўмее толькі пяць-дзесяць слоў.

— Гаспадары тут жывуць як свінні, але ўсяго маюць. А вось з вышэйшых хто польскіх (мабыць, сябе Маслоў залічаў да гэтых вышэйшых) — тыя бядуюць. У

Расіі ходу яны не маюць... Другі і вялікую адукацыю дастаў, а сядзіць без працы, і ніхто яму не плоціць пенсіі, або ён займаець зусім нізкую супроць сябе ваканцыю.

Кажучы так, пан Маслоў асцярожна заглядаў ад столу ў мае вочы, шукаючы спагады. Але ў размову ўбіўся ардынарац.

— Вось, прыкладам, як наш пан Маслоў: усяго толькі пісарам!

Маслоў крыху збянтэжыўся, пачуўшы насмешку, ды не падаў віду і прыняў ардынарцавы словы як камплімент сабе.

— Можа, дурню, гарбаты хочаш? — спытаўся ён у ардынарца масляным галаском, пад якім хавалася ёлкасць. — Толькі без млека, бо не хопіць пану вальнапісанаму.

— Я сваёй напіўся! — вясёла адказаў ардынарац.

Адвярнула і мяне ад пачастункаў пісара.

— Як будзе ў Польшчы свой круль, вот тады пан Маслоў сваё здабудзе, — ізноў пажартаваў ардынарац.

Маслоў моцна пачырванеў, ды толькі замест адказваць ардынарцу накінуўся на беднага жмогуса, павярнуўшы свае вусы на яго ў парог хаты.

— Каб гэтыя дурні не забываліся так, што яны ёсць палякі і павінны дабівацца. Польшчы, то... то...

Не скончыў і шчупянуўся, ці не сказаў лішняга. Расправіў і падкруціў рыжыя свае вусішчы і абвёў вышэйшымі, але не зусім бяспечнымі вачыма кампанію. Другія пісары моўчкі сёрбалі гарбату і не паднімалі вочаў.

Увайшоў ад'ютант дывізіёну, шчуплы штабс-капітан, таксама паляк з Беларусі, магаметанін. Маслоў перад начальствам дужа «цягнуўся», асабліва ўваччу другіх салдатаў перад гэтым ад'ютантам. Цяпер ён, як спружына, сарваўся з месца і гаркнуў на ўсю хату каманду.

— Уста-аць!! Смірна-а!..

Потым ён закамянеў перад сваёю шклянкаю з гарбатаю, і мы ўсе ўсталі і закамянелі. Гутарка наша скончылася. I гаспадар-жмогус тож устаў і выцягнуў свае рукі ўздоўж ног, як салдат.

Калі афіцэр скамандаваў: «Вольна!» — я, ардынарац і гаспадар выйшлі з хаты ў сенцы. Там ардынарац яшчэ далей талкаваў жмогусу (хоць той нічога не разумеў):

— Гаспадару ўсё роўна: будзе ў Польшчы круль ці не. Падаткі яшчэ большыя за зямлю прыйдзецца плаціць, бо Польшча замалая, каб мець свайго круля... Праўда, ацец?

Жмогус толькі качаў галавою і зрэдку мармытаў нешта ў сваёй, незразумелай нам мове.

Я пайшоў к тэлефону і далей не чуў.

 

* * *

 

2 кастрычніка.

11-ты дзень тут...

Сёння 2 кастрычніка, але цёпла, сонечна, пагодліва. Уранні думаў, гледзячы на балота з вадою пры нашай пазіцыі, якое бывае гэтае балота ранняю вясною. Жабы, ці, як у нашай вёсцы кажуць, люгашкі — ква-а, ква-а... — а лаза гаркава пахне.

Страляніна мала чутна, а мы саўсім не страляем.

Хадзіў па гародзе і шукаў маку. Знайшоў усяго некалькі і то падгніўшых мачынак. З'еў іх і адну брукшынку, пару мачынак прынёс Беленькаму. Спамінаў: малым быўшы ў Цёмным Лесе, трос з дзяцьмі мак і еў «лыжачкамі», што мы лоўка рабілі з мачынак.

Дарагі татачка, прышліце «Арагацу» і запісную кніжку.

Тэлефон наш сёння ўночы троху падмок, бо ў акопе на дне макравата ад блізкага балота. Было троху сваркі.

Кажуць, што немцы начою пайшлі ў атаку, але былі «начыста» скошаны нашымі кулямётамі. Нямецкі пражэктар разбіт.

 

3 кастрычніка.

Пухам табе чужая зямелька!.. Прыйшоў ліст з дому, дзе сумная навіна: Ляксей Піліпёнак забіт. Першая ахвяра з нашае вёскі Малоху вайны.

«И сколько, сколько их в борьбе за край родной, удалых, молодых...» — зубрыў некалі ў расійскай школе і з расійскай хрэстаматыі.

За які родны край, і наогул, — за што? Ці ж Беларусь будзе мець нейкую палёгку ад гэтай вайны? А не здарыцца так, што, дастаўшы перамогу на фронце, расійская рэакцыя ўзмацуецца і загне нас у яшчэ горшы рог?

Ляксейка, Ляксейка! Спакой вечны табе! Бедная матка твая.

Прыйшла і «Наша ніва» за 25 верасня. Колькі радасці прыносіць мне наша друкаванае «мужыцкае» слова! Нервы мае распускаюцца... Але чаго мне саромецца, што я тут, на гэтай проклятай вайне, з нежаданымі спазмамі ў горле і прыкрымі хваравітымі слязьмі на вачах цалую лісты з дому і «Нашу ніву» з Вільні? Чаго саромецца мне? Эх вы, слёзы, слёзы, дурныя вы слёзы: не засцілайце мне вачэй. I ты, дурное сэрца, не сціскайся болем і жалем.

У нумары — «Летапісцы» З. Бядулі. Яны мне тут душу перавярнулі. Шкода мне цябе, мая бедная, убогая, невучоная і такая багатая творчым духам мужыцкая бацькаўшчына. Плач, выпісвай, як летапісец, свае няведамыя шырокаму свету і такія, можа, малаважныя на яго шырокі погляд мукі свае. «Волат» — незразумела; відаць, што аўтар не сядзеў у акопах. Перадавіцы К-лы пераліванне з пустога ў парожняе.

Прабаваў сёння ўсведамляць аднаго салдата-беларуса з нашага пяхотнага прыкрыцця. Прачытаў яму кавалачак з «Летапісцаў».

– Вот саўсім па-простаму, дзеравенскі язык. Як яго? Маларасійскі завуць, ці што?

— А ў вас як гавораць?

— I ў нас так: ні па-польску, ні па-руску.

— Вы каталік-беларус?

— Але... Мы польскай веры, польскія.

Чытаю яму: «Даражэнькі сынок!..» — і далей з апавядання.

— Так у вас гавораць? Ці, можа, што не так?

— Вот, вот... Зусім так... Ха-ха-ха!

Трагічны смех!

Але нарэшце ён зразумеў мяне і сказаў:

— Калі так, як кажаце, дык Беларусь павінна быць. Што ж, ці мы чым горшыя за другіх? Гэта добра, гэта справядліва: «Што трэба свабоды, зямлі чалавеку...» Гэта лоўка! Толькі... — ён стаў муляцца ў сваіх развагах, спыніўся.

— Што ж «толькі»?..

— Толькі аднаго баюся: як застанемся самі па сабе, без расійскіх і польскіх, жыды нас зусім заядуць.

— Чаму заядуць? Як будзе ўсім воля, усе будуць роўныя, дык нашто ім нас заядаць? А вы ведаеце, што вось гэта, што я вам чытаў, напісаў наш беларускі жыд?

— Ці праўда?! Не можа быць!

— I праўда, і можа быць...

А ўсё ж на пункце аб жыдах мы не пачулі поўнай еднасці. У яго вачах так і засталася нейкая нявера, нешта няпэўнае, хоць ён і казаў, як бы патураючы мне:

— Што ж... На мой век жыдоў выстарчыць (хопіць). I нічога, апроч добрага, сам я ад іх не бачыў.

А я ўжо мусіў ісці на батарэю.

Пра падпаручніка Сізова салдаты кажуць: «Чуць не плача ў акопе». Яму хочацца «нешта зрабіць на фронце, каб не сорамна было, прыехаўшы ў водпуск». Яму хочацца руху, дзейнасці, прыгожае вайны, а тут сядзі і сядзі ў гнілым акопе. Як ён быў рад, што камандзір батарэі даручыў яму зрабіць бліндаж на нашым наглядальным пункце ў пяхотных акопах, на самай пярэдняй лініі. Як ён цяпер цешыцца, што зрабіў гэты бліндаж, — пэўна ж, не сваімі, а салдацкімі рукамі. Вось ён вярнуўся. Сіняе, хоць і блізка вечар, восеннае неба, лятуць галкі і вароны. Ціха. Падпаручнік з захапленнем апавядае, што немцы абстралялі іх з вінтовак, але нічога: бліндаж зроблены, і сам ён, падпаручнік Сізоў, «адзінаццаць куль у іх выпусціў». Гаворыць, і язык у яго тоўсты, мясісты і чырвоны; моладасць і здароўе... Сам прынёс салдатам лісты з канцылярыі і радасна-ласкава раздае іх.

 

4 кастрычніка.

13-ты дзень тут... Ночаю згарэў ад нямецкага снарада хутарок, дзе мы абаграваліся. Цяпер няма дзе абагравацца. Пазіцыя гэтая страшэнна знялюбела. У часе пажару ўзлаваліся мы і жарнулі па нямецкім акопе «два патроны, беглы агонь». Страляніна па гэтай камандзе, калі ўся батарэя дружна грукоча, мне найболей падабаецца.

Беленькі дастаў пасылку, і мы ўсе паласаваліся, смакавалі: ляндрынкі, шакалад, курылі папяроскі. Адным разам усё з'елі, і сам Беленькі, усе гамонячы і гамонячы ад радасці, дужа вясёлы, з'еў найменей. У яго аж румянец па шчаках разліўся і вочы заблішчэлі, як выпіўшы. Наеўшыся, кінуўся мяне цалаваць, крычаў: «Жывём, браце Лявон»! Увечары ён троху апаў духам, але, разгаманіўшыся, ізноў павесялеў, прызнаўся мне, што ўтоіў ад кампаніі адну плітку шакаладу, і мы з'елі яе ўдваіх з ім. Елі па малым кавалачку цэлую ноч, бо дзяжурылі.

 

5 кастрычніка.

Пісьмо з дому. Бедная ты, мая мамачка! I ўсе маткі больш маюць за дзяцей гора, чымся ўцехі. Разважаў на тэму: ці можна было б зрабІць так, каб знішчыць любоў родных? Чалавецтва было 6 шчаслівейшае. Сумна!

 

6 кастрычніка.

15-ты дзень тут... Цяжка. Перабег да нас нямецкі салдат. Гаворыць, што ім чатыры дні есці нічога не давалі. Паляк пазнанец. Я ў расійскім войску — як той паляк у нямецкім. Значыцца?..

Хлеба другі дзень няма. Купіў у жмогуса гнілых дулек на 15 к. Папсаваў бруха. Не хочацца пісаць.

 

7 кастрычніка.

За дзень батарэяй выпушчана З7 гранат і 9З шрапнелі.

Усё на свеце дрэнна.

 

8 кастрычніка.

Сённяшняй начою на дрэве ля пажарышча (дзе быў раней хутарок і мы хадзілі абагравацца) задавіўся на рамні ад карабіна яўрэй, дабраволец з пяхотнага прыкрыцця нашае батарэі. Ува ўсіх цяжка і брыдка на душы. У прыкрыцці чалавек пяцьдзесят, і я гэтага дабравольца раней, на жаль, не заўважыў. Ды яны ж там і мяняюцца часта. Салдаты наогул страшэнна не любяць дабравольцаў. Заўсёды дражняць: «Дабраволец... за дзень да прызыву запісаўся». Можа, і тут здзекі таварышаў былі адной з прычын самагубства? Ніхто нічога не ведае. Адзін наш батарэец-кастраміч злаяў беднага самагубцу так: «Лахудра... вошы заелі». Беленькі маўчыць, і я маўчу. Яшчэ зусім малады хлопец, з інтэлігентным, як відаць, тварам, а цяпер страшна і брыдка на яго глядзець. Згінуў. Шкода, цяжка, непрыемна... Не хочацца болей пісаць.

Ужо 17 дзён стаім тут.

I абрыдла мне гэтая пазіцыя страшэнна.

 

9 кастрычніка.

18-ты дзень тут... Учора ўсё гаманілі, што замірэнне скора будзе, не пазней 25-га гэтага месяца. Ну і даў немец замірэнне, што і языкі ў гаманіўшых сцяла... Змрокам, калі наш камандзір раз'юшыўся і стаў пускаць «два патроны, беглы агонь», немец падгледзеў, мабыць, бліск ад стрэлаў і схапіў кірунак на батарэю; або раней, удзень, са змяйковага аэрастату прымеціў, што людзі тут ходзяць, бо хадзілі пехацінцы з батарэйнага прыкрыцця і нашы батарэйцы насілі салому ў зямлянку «гарохам». Раптоўна, ані з тога, ані з сёга, толькі канчаўся дзень, толькі ўжо цямнела — бухнула па нас першая граната... Блізюхтанька ад батарэі, у самае балота. Зараз яшчэ, яшчэ, пералёт, недалёт, узяў «у вілку», засмаліў...

— Намяры ў равочкі!! — крычыць першы раз такім аглашоным голасам капітан Фядотаў.

Намярамі завуцца салдаты пры аруддзі, бо праца іхная размяркована па нумарах. I я заўважыў адным вокам, збоку і знізу, бо ўжо ўкінуўся ў акоп, як і капітанавы ногі беглі хавацца. Мусіць, усе тым часам пахаваліся, бо капітан Фядотаў заўсёды хаваецца апошні. На батарэі стала мёртвая ціша, свая, наша, а ў ёй гкрэхала чужое...

Мы сядзелі ў акопе, — я і Беленькі, а Пашын не паспеў і ўкаціўся недзе ў акоп першага ці другога аруддзя, бліжэйшага да нас, — сядзелі і са страхам прыслухваліся, як дрыжыць пад намі зямля ад удараў. Ізноў чуем, як некалькі снарадаў лягло перад батарэяй, некалькі адзаду ў яе. «Папраўляе вілку», — варушыцца прыгнечаная думка. Потым страшэнныя разрывы абы-дзе, а ўсё на батарэі. Грукат жудасны і безупынны. «Беленькі, што ты цяпер думаеш?» — неўспадзеўкі для сябе самога пытаюся, каб хоць трохі развеяць страх. «Думаю: сюды, сюды, у нас кахнець», — адказвае Беленькі, і вусны яго варочаюцца не так, як заўсёды. «I я таксама думаю». — «Ггэта... уссе ттак». Няма слоў і вобразных параўнанняў, каб выказаць усё гнятучае чуцце чакання смерці ад кожнага гудзячага снараду.

Перастала-ткі... Ох, уздыхаем, як пасля хваробы.

— Ці ёсць раненыя і забітыя на батарэі? — пытаецца камандзір па тэлефону.

Забегалі, засуяціліся.

— Ёсць ці не? — выпаўзаюць з акопаў, азіраюцца.

— Здаецца, усе жывы-здаровы, — разводзіць ува ўсе бакі рукамі асабліва ласкавы цяпер капітан Фядотаў.

— Вот смаліў, дык смаліў!

— У душу б яго так смаліла! — хрысцяцца, і лаюцца, і смяюцца салдаты.

А кругом нас паразварачваны ў зямлі страшэнныя ямы, на дне якіх зямля як бы абпалена, як бы пабялела. Аглядаюць гэтыя ямы, супакойваюцца, жартуюць. Гэтак шчасліва абышлося: праўдзівае пекла было, а ніхто ні ранен, ні забіт, і ўсе акопы, і ўсе аруддзі цэлы.

Раптам бяжыць ад сваіх убогіх акопчыкаў пехацінец з нашага батарэйнага прыкрыцця*. Хрыпіць спуджана і дзіка:

* Чалавек пяцьдзесят, сто ці і цэлая рота, што пасылаецца быць пры батарэі на выпадак неспадзяваных нападаў ворага, асабліва ў паходзе.

— Хвэльчара! Насілкі! Двох параніла... Кісяля забіла... Можа, і яшчэ ёсць: развярнула ўвесь акоп.

Падпаручнік Іваноў пайшоў з санітарамі туды. Аднаго раніла ў шчаку, адарвала палову языка, другога — у патыліцу, а трэці, той самы нешчаслівы Кісель, якому я чытаў «Летапісцаў» З. Бядулі і які баяўся жыдоў, яшчэ каўкнуў ротам разы два, як мы прыйшлі з санітарамі, і быў гатоў. Усе гэтыя людзі — з запасу, немаладыя.

Стаім тут 18 дзён...

Колькі ж яшчэ будзем стаяць?

Абрыдла! Усё мне тут абрыдла!

 

10 кастрычніка.

Раней некалі салдаты прарочылі замірэнне на сённяшні дзень. Цяпер адкладзена да 25-га гэтага месяца. Хто ведае, што будзе гэтага 25-га? Ці дажывём мы да яго? А калі дажывём і міру не будзе, салдаты яшчэ далей адкладуць, — «пакуль збярэцца музыканцкая каманда ў пехацінцаў, а то няма каму іграць адбой». Так у нас тут жартуюць.

Сёння — сцюдзёны вецер, дробненькая мрось, хмары са ўсіх бакоў. Усё нешта прымоўкла, не страляюць. Салдаты найболей сядзяць у акопах. Што ім рабіць? Узводны выйграў у карты некалькі рублёў і паслаў нумара на хутары па гусіну (купіць, а калі ўдасца — украсці), і будзе частаваць сваіх. А што будзем есці, калі тут доўга пастаім — і ўсё купім, і ўсё тут пакрадзем? Сёння мы елі нішчымную бульбу, «і то балазе».

Учора ўвечары адзін снарад нямецкі трапіў у штаб палка, узарваў ракеты і спаліў хату. Надта хораша выглядала, як сноп ракетаў рассыпаўся па цёмным небе!

Ах, каб нам гэткая цяжкая артылерыя, якую маюць немцы. Добра хаця, што немцы горш за нас страляюць, а то была б нам лазня.

Пехацінцы з прыкрыцця астатнімі падзеямі тэрарызаваны. Ува ўчорашнім няшчасці бачаць кару боскую за смерць жыда-дабравольца. Сваімі вечнымі прычэпкамі: «Дабраволец... казённая шкура... запісаўся за дзень да прызыву» і да таго падобнымі — давялі да самагубства. Я думаю, што каб і наш Беленькі чуў сто разоў на дзень: «Жыд, жыд-балавід, табе зад, а мне від», дык і не чуючы знявагі, а толькі ад аднаго ідыёцкага паўторвання кінуўся б у пятлю.

Па абедзе мы выкапалі сабе талакою (за табаку Беленькага) новенькі тэлефонны акоп, дужа добры, з акенцам, ну — як бы зямлянку. Стаіць на сухім грудку, і вада пад нагамі, як у старым, не чвякае.

Змрокам наклікаў мяне ў сваю хату камандзір. Я пайшоў з яго пасланцом ардынарцам. Толькі падышлі да хутара, як страшэнна «цяжкі» (вялікі дужа, мяркуючы па сіле ўзрыву, «чамадан») бабухнуў у дрэва ля пуні... Гкрэхнула так, што затраслося ўсё. Мы ўскочылі ў сенцы і адтуль, калі чаропкі разляцеліся, убачылі вялізны куль дыму, зямлі — месца ўзрыву. А ў сенцах Дзікан (беларус з Міншчыны, які некалі спрачаўся з другім дзеншчыком у справе піцця «хахламі» гарбаты), памыўшы талеркі ад афіцэрскага абеду, іграў на скрыпцы сваю вечную кадрылю. Ён так «злякаўся», што аж скрыпку ўпусціў з рук. Засаромеўся нас, падняў скрыпку і аглядаў яе з усіх бакоў, і да вуха прыкладаў: ці не пабілася, бо «ўраніў неяк няўмысля...». Выбег спуджаны камандзір: «Дзе? Дзе?» Але болей немец не страляў. I чаму быў пушчаны гэты адзін, такі вялізны і такі дарагі «чамадан»? Я не разумею. Калі сціхла і камандзір гукнуў мяне ў хату, я першы раз убачыў на яго грудзях нашытую георгіеўскую стужачку. Ужо не раз я чуў, як салдаты казалі, што, убачыўшы камандзіра з тою стужачкаю, трэба яго віншаваць, і казалі, як трэба віншаваць. I я сказаў цяпер:

— Маю гонар радавацца, ваша высокаблагародзіе, бачачы на грудзях...

— Дзякуй! – перабунтаваў ён мяне.

— ...доблеснага начальніка заслужоную награду!

— Вось, значыцца... — пачаў ён даваць мне працу, быццам хацеў, каб я перастаў казаць сваю рацэю.

— Дай божа другі! — разышоўся я і раптам спужаўся: мая рука нялёгкая, што, як на маё жаданне будзе яму другі крыж... драўляны? Ах, навошта я сказаў астатнія словы!

Камандзір заказаў мне работу: з 2-вярстовае карты зрабіць 1-вёрстку і, апроч таго, нарысаваць пазіцыю батарэі ў маштабе 1/8400.

Я пайшоў працаваць у канцылярыю, за вярсту адгэтуль, і па дарозе, восеннай, цёмнай, бязлюднай, думаў: каб цяпер ляцеў снарад і адарваў бы мне палец на левай руцэ, — я чарціў бы праваю і паказаў бы рану толькі скончыўшы заказаную мне камандзірам працу. Хай бы ведалі, які я... Зразумела, што я зараз і лаяў сам сябе за падобныя разважанні і дзівіўся, чаму падобнае глупства лезе ў галаву: ці то пад уплывам чытанай мною раней расійскай літаратуры, ці то яшчэ з якіх прычын...

 

* * *

 

11 кастрычніка.

Учора, ішоўшы з канцылярыі назад на батарэю, я заблудзіўся, узапрэў ад хады і ад боязні, што не знайду батарэю. Пасля маіх высокіх разважанняў — самая камічная прыгода. А карту я так і не паспеў начарціць, балазе ўзяўся за гэта падпаручнік Сізоў. Спаў я ў хаце, вошы шукаў, раздзеўся, добра спаў. Хто можа адчуць гэтую радасць і прыемнасць: спаць раздзеўшыся? Толькі той, хто блізу месяц спаў у ботах і ў шынялі... А начаваў гэта я на тым хутары, дзе афіцэры начуюць, толькі ў другой палавіне. Цяпер сяджу ў акопе і ў рукавічках пішу.

 

12 кастрычніка.

Не пішацца. Не ведаю, які сёння дзень, і лянуюся вылічаць. На левым фланзе вялікі бой, а ў нас — толькі з паразітамі бой. Ціха, нудна і цяжка.

 

13 кастрычніка.

Жонка плача, што раса падзе; сястра плача, што ручай цячэ; матка плача, што рака плыве...

Сёння раніца марозлівая. Лог белы ад парошы. У паветры не туман, а густая, цёплая пара. Ногі шыбка ідуць па скрыпучай траўцы.

За кустом выкінуў з дзесятак белых, чарнаватых пасярод, буйных вошын. Палягчэла на душы.

Па абедзе разбіраў і чысціў карабін. Трэба памазаць, а няма чым. Пашын пажартаваў: даў раду чым памазаць, але і гэтага ў нас мала, бо кормяць толькі ўвечары адною бурдою.

Пад вечар прост замучыла пякотка. Мусіць, ад хлеба. Трымаемся хлебам.

Апроч таго, меў другую прыкрасць. Праходзячы міма камандзіра, не аддаў чэсці, бо думаў, што не дваццаць жа разоў на дзень аддаваць. Аказваецца, яшчэ няважны я салдат: хоць сто разоў праходзіш міма, трэба казыраць і казыраць. Дастаў добрую праборку ад камандзіра, потым ад старшага. Старшаму за мяне было ад камандзіра вымова. Ану вас усіх к чорту!

 

Пераезд

 

15 кастрычніка, 5-я гадзіна раніцы.

Сёння апаўночы з'ехалі з пазіцыі, на якой стаялі аж 2З даўгіх-даўгіх і нудных-нудных дні. Яе пасля нас заняла N-ская брыгада.

Куды едзем — не ведаю. Кіруемся на левы фланг.

У дарозе пакалелі. Ноч — як год.

Цяпер затое ем бліны ў цёплай хатцы добрага жмогуса (стаім на біваку). Гаспадар з жалем пазірае на маю прагавітасць і шкадуе салдата: «Салдотус — як сабак...» — «Так, ацец! Салдацкая доля — сабацкая».

Цягнемся далей.

Балота пад нагамі. Скрозь — туман; часам нешта сыплецца мокранькае і драбнюсенькае, туман не туман, дождж не дождж; дзесь варона: кра-кра кра! Мокрае лісце пад дрэвамі, дым з коміна ў хутарцоў, сабачка: гаў-гаў гаў!

Куды мы едзем?

 

16 кастрычніка.

На бівак прыехалі ўчора позным вечарам. Некалькі снарадных скрынак асталося ў дарозе, утапіўшыся ў гразі, і прыехалі ўночы. Коні нашы выбіліся з духу, пара ад іх ідзе, як белы дым. Людзі замардаваліся, цягнучы з балота гарматы, фурманкі і коней.

Начуем паміж гор.

Сёння дарога сушэй, і туману няма.

Навакол — горы, лагчыны, балотцы. Нямецкі аэрастат, як таўстая кішка ў небе, вісіць і вісіць. Здаваўся далёка справа, цяпер мы едзем проста на яго.

Прывал. Пяхота збірае трэсачкі грэць ваду ў сваіх кацялках і «апраўляецца», дзесяць раз ступіць адтуль, дзе п'юць гарбату і ядуць хлеб. Наш камандзір даў аднаму бізуна па спіне і шалёна крыкнуў: «Свінні!!»

Я надумаўся бегчы на бліжэйшы хутар, спадзяваўся купіць там хоць трошку хлеба. Хлеба я не дастаў, бо там ужо поўны двор салдатаў, але затое ўбачыў незвычайна прыгожых дзяўчат-жмудзінак. Іх было тры сястры. Прыгожая старэйшая, а яшчэ болей — меншанькая. Стройная, лоб высокі і белы, вусначкі крыху ўзнятыя, вочы доўгія і галубыя, дзве пушыстыя касы ззаду — светлыя і трошку кудравяцца, а форма рукі — ну прост класічная, асабліва ў сялянскай дзяўчынкі. Кожны рух, погляд, шаволяцца вусны — з нейкай простай, але харошай дзявочай грацыяй. Салодка было глядзець на яе мілае жмудзінскае і агульна-людское хараство. А сярэдняя — нецікаўная... «I чаму пакрыўдзіла прырода побач з гэткімі сёстрамі?» — думаў я. Меншанькая дужа падобна да старэйшай, але ў старэйшай усё ў пышным, сталым красаванні. Стаіць яна змычкаю лёну, не апрануўшыся, толькі накінуўшы на плечы цёпленькую хустку (косы выпушчаны поверх), стаіць і з пытліва-сумным чаканнем углядаецца, як салдаты ламаюць палкі ў плоце, крышаць дзіравую карзінку — на цяпло гатаваць у кацялках гарбату. Мне так захацелася пачуць яе голас, што аж сэрца застукала.

Я папрасіў:

— Прашам донас (хлеб), сурыс (сыр), пена (малако), кяўшыне (яйкі), яблыкас (гэтае слова стварыў «па-жмудзінску» сам)... Пінегу, пінегу (грошы)! — закрычаў я, каб не падумала, што дарма хачу. Болей не меў запасу слоў.

— Нека нейра... нека нейра (нічога няма)! — адказала яна ветліва, крышку засмучона ціхім, але прыемным гучным голасам. I пайшла ў сад на матчына гуканне.

I я туды падышоў. Там «гаспадаріс» (так тут кажуць) з хлапцом, падобным да сярэдняе сястры, бегалі паміж яблыняк, хапаліся то за куфры, вынесеныя сюды з

хаты, то за кубел, то за груд убогага рыззя, і клапатліва, трывожна гаманілі і крычалі ў сваёй мове.

Я маркотны пацягнуўся з горкі, ад хутара, уніз к ручаю, дзе стаяла батарэя.

Ззіў-ж-ж — цю-юў! — злавешча прапяяла раптам неспадзяваная шрапнель і шпокнула на горцы над хутарам. Абстрэл быў гэткі нечаканы, што я ўталопіўся там, дзе стаяў...

Гляджу: пяхота сыпле ўніз, як бульба, бразгае кацялкамі, куляецца з вінтоўкамі ў адстаўленай руцэ — скок! скок! — хто куды, цераз плот, цераз канаву і навакол усяго хутара. З другой хаты хапаюцца ўцячы пяхотныя афіцэры, між іх знедкуль заблукаўся з сваёю скрыпкаю ў руках наш Дзікан. Бяжыць прытка, перагнаў усіх.

— Трывога!

Жжу-жшу-гру укх! — вагам, з растучымі націскамі ў гуках, як 6ы вал за валам, яшчэ болей злавешча прагудзела і, раптоўна змоўкнуўшы, а потым глушачы ўсё ў адзін жудасны момант, грокнулася троху воддаль ад хутара першая граната.

Сярод пяхоты ўзнялася невыражоная паніка, закапашыліся, як здзічэлы раскопаны мурашнік, бразгаталі кацялкамі, лапаткамі, цягнулі вінтоўкі за штык і беглі безвач ува ўсе бакі. Спакойны выгляд батарэі і крыкі афіцэраў абразумілі іх. Паваліліся пад узмежкі, прытуліліся пад бераг рэчкі, але бегчы перасталі, зніклі...

— Па конях!! — горда скамандаваў наш камандзір, батарэя рванулася, камандзір паехаў шыбка, а за ім стужкаю-вужакаю, не астаючыся, шыбка папаўзла батарэя наперад па дарозе.

 

* * *

 

17 кастрычніка.

Усяго я ўчора не дапісаў.

Як мы ад'ехалі ад таго хутара, абстрэл перастаў. Але перад самай ужо пазіцыяй трэба было пераехаць высокае голае месца. Мы пра гэта не ведалі, афіцэры нам не сказалі. А можа, і ведаў толькі камандзір. Выйшла нам гэта новаю неспадзяванкаю. Вораг з свайго проклятага аэрастату ўгледзеў. Толькі галава калоны ўзабралася на горку — гранаты, шрапнелі, гкрах-бух... Батарэя рынулася наўперад шалёным галопам. Потым я бачыў толькі тое, што было перад самымі вачмі. Я ішоў, а калі ўсё паняслося на злом карку, я ўчарэпіўся адзаду за тэлефонную двухколку, адарваўся, адкаціўся. Усхапіўся, пабег... Снарадная скрынка перакулілася, і коні цягнулі яе нейкі час дагары каткамі, кінуліся на дыбкі, убок, зблыталіся, заваліліся. Дзве пары вынасаў (коні), не ведаю, ад каторых аруддзяў, вырваліся з запрэжкі, праляцелі міма мяне па полі, пад свістам асколкаў і грукатам узрываў, цягнучы абарваныя пастромкі, кінуліся на лог, у балота і адразу ўскочылі па шыю. Потым я прысеў на адзін момант пад прыдарожнаю канаўкаю, бачыў, што на дарозе ляжыць шапка, нехта згубіў, мяшок аўса і нашы батарэйныя лапаты адвязаліся і паскідаліся. Батарэйцы і нейкія пехацінцы скакалі па полі, як вераб'і, быццам гуляючы з асколкамі ў хаванкі. Было гэта адзін момант. Пехацінец бег, хаваўся пад быльнік, ізноў выбег, страціўшы ад страху розум, махнуў рукамі і перакуліўся, — ранены... I я сарваўся і паляцеў наўперад, бо тут хавацца — смерць... Самая задняя гармата грыміць міма на адным коле, а другое задралася ўгару. У коней грывы задраліся, а людзі абшчапілі іх за шыі — і так шыбка-шыбка едуць. Я ўбачыў, што арудзійныя нумары ўзляпіліся на дула, на ўсю гармату, што зазвычай забараняецца. I я, не ведаю, якімі сіламі, кінуўся да іх і ўскочыў верхам на самы задраны кончык дула. Ніхто мяне не спіхнуў, нехта ж (дагэтуль не ведаю хто) схапіў спераду за гімнасцёрку і цягнуў, каб я не адваліўся набак, так я і ўседзеў. Зараз батарэя паехала з гары, і тут было зацішней, але ўвесь строй збунтаваўся, каб не наехаць на другіх, кідаліся міма, у бакі. I тут ізноў невялічкі пад'ём, на вышэйшым месцы хутар, і на хутар таксама б'юць снарады. Што было, пераказаць і нават уздумаць і разабрацца — трудна. Пярэднія зрабіліся заднімі. Нумары разбегліся, як спуджанае стада курапатак; непрыгожа прысядаюць да зямлі, калі рвецца снарад. Кожнае аруддзе, кожная запрэжка, кожны чалавек ірваўся і пёр наперад сам па сабе — галопам, скокам, наўскачка, рассыпаўшыся хто куды. Чорным дымам засцілалі іх гранаты. Свістала і сыпала смяротным гарохам з сівога клубочка-хмаркі шрапнель. Смерць таму, у каго яна клубіцца над самаю галавою. Бягу, бягу — у горле суха, горача, хрыпата. Вось наша тэлефонка — перакульнулася, конь заваліўся, ляжыць: ці жывы, ці забіты? Міма, міма!

Ужо не тое... троху сцішылася... змоўкла! Мы ўцяклі, мы перад высокаю гарою. Тут пазіцыя. Мы ўцяклі... А там, збоку і ззаду, на гэтым проклятым перавале, які мы пераязджалі, стаіць пад смерцю яшчэ адна батарэя, — якая, не ведаю. Чаго ж яна стаіць? Занясло яе пылам курам і чорным дымам завалакло. Чаго яна стаіць? Жудасна глядзець, як яна там гіне. Відаць: яшчэ бегаюць, капошацца там людзюхны, а па іх усё: гкрэ-эх! Дж-ж-фю-юў! I раптам гэтая пабітая, памёршая батарэя загрукатала!.. Забліскалі стрэлы, цераз нашы галовы зашумела, паняслося тое, што яна выстраліла. Батарэя бароніцца! Як радасны веснавы гром, гручыць яна нам увушшу. Яна бароніць сваю пяхоту, дае магчымасць заняць ёй выгодныя пазіцыі. Бароніць, аддаючы сябе ў ахвяру. Я нічога не разумею: адкуль яна там узялася, калі яна там стала? Я думаў, што і яна ехала, як і мы, у адной з намі калоне. Мусіць, не.

Ах — мы ў гарах! Горы, горы! Тут, збоку, лагчына. Хутаркі. Балота, торф капалі, вада. А навокал спераду — высокія горы!

— Скарэй! Скарэй!!! Скарэй!!! — чую, крычыць камандзір, крычыць капітан Смірноў, крычаць батарэйцы.

— Скарэй! Ратаваць таварышаў ад смерці!!

Дурныя слёзы засцілаюць усё перад табою. Батарэя гатова к бою? Не? Ах, чаму не? Мала людзей. Усе, хто можа, на пазіцыю! Першае наша аруддзе ўжо страляе. Пехацінцы гуськом нясуць ад

перадкоў, з лагчыны, латкі з снарадамі. Батарэйцы — з імі. Сізоў ласкава шлёпае шашкаю па спінах, падганяе! Страляе другое! Гранатаю, гранатаю! Дзе ж людзі? Збягаюцца спозненыя нумары... Жарнулі б усёю батарэяю, — людзей мала! Скарэй! Скарэй!! Скарэй!!!

Радасць, радасць! З гары крычаць: «Абстрэлены аэрастат спускаецца на зямлю, спусціўся, спусціўся!» Спусціўся...

А калі я бег сюды міма хутаркоў, з бліжэйшага двара выйшлі тры старыя жмудзінкі, ідуць — шалёныя — на другі хутарок.

— Куды вы? Азад!! — памятаю, крыкнуў на іх, як у нас крычыць пастух на кароў.— Заб'юць вас тут, у пограб лезьце, хавайцеся!

Не разумеюць маёй мовы жмудзячкі... Свірэпа махаю на іх абедзвюма рукамі, каб вярнуліся. Пастаялі, паўзіраліся, назад панура папляліся.

Потым мы акопы капаць, тэлефоны правадзіць завінуліся. Уся батарэя страляць пачала.

Да цёмнага стралялі.

Тэлефон наш зараз перабіла (адразу два драты). Чатырох батарэйцаў раніла: феерверкера Абаротава, Пічугіна, Баяшку (цяжка) і запаснага Чысцякова. А якія былі страты ад пераезду — пакуль што не ведаю. Кажуць, аднак, што зусім маленькія: чалавек пяць, ездавых і нумароў, лёгка параніла, — і ўсё. I мяне дзівіць: ці гэта шчаслівы выпадак, што мала стратаў пасля такога пякельнага абстрэлу, ці што?

Тут пясок, капаць было лёгка, але акоп наш тэлефонны — «ад сонца толькі», як казаў Чарноў, прыйшоўшы да нас на кароткі час з наглядальнага пункту. Чарноў казаў, што нейкаму беднаму пехацінцу галаву адарвала, ляжыць там у нізінцы, дзе торф капалі. Уцякаў ад абстрэлу, як пераязджалі, і лёг. Ад Чарнова ж мы даведаліся, што тая батарэя, якая страляла з перавалу, — трэцяя батарэя нашага ж дывізіёну, і ішла ў адной з намі калоне. У яе дужа цяжкія страты, «але ўсім дадуць крыжы, і на месяц — у тыл», — казаў Чарноў. Пад'ехалі мы да нямецкіх пазіцыяў незвычайна блізка: простым вокам відаць была карзіна, падвешаная пад аэрастатам, у якой сядзяць нагля дальнікі.

Сёння «каўбаса» (аэрастат) ізноў вісіць, толькі значна далей ад нас.

Кажуць, уночы пойдзем далей. Кажуць, што ўчора наша пяхота забрала многа немцаў у палон і многа пабіла і параніла.

 

Батарэя страляе. Страляніна на ўсім фронце... Некалі пісаць. Пісаць у вязёнках трудна.

Трошку сціхла. Калі гэта пішу, выпушчана ўжо 807 шрапнеляў і 408 гранат. Нямецкія снарады пералятаюць цераз нас, бо мы за гарою, у «мёртвай прасторы». Усе чамусь зрабіліся надта пэўны, а ў маёй душы ёсць трывога нейкая... Саромеюся нават прызнацца, сказаць уголас.

 

Горы

 

18 кастрычніка.

Стаім за гэтымі гарамі, у гэтай «мёртвай прасторы», і я хачу верыць, што можа быць такое месца за гарою, дзе снарады не ўпадуць. Але штосьці тут няпэўнае...

Учора да цёмнага стралялі. Прыйшоў вечар... Мароз бярэцца. Ногі на замёрзлай руні пада мною не правальваюцца. Месяц сярод сівых, панура сцюдзёных, хмар сунецца і шпарка бяжыць...

Капаем акоп: я, Пашын і Беленькі. Сварымся, няма ладу. Пашын лае нас абаіх «арыстакратамі» і кідае зямлю цэлымі кучамі, як волат. Беленькі — за архітэктара, і лае Пашына і мяне за няўмельства будаваць акопы, а сам капне-капне трошку і памінутна садзіцца абціраць пот. Я цягаю з хутара жэрдзі на пакрышку і не бачу толку ў Беленькавай архітэктуры, бурчу. Сварымся затое, што ўсім нам цяжка.

Пайшоў я на адзін хутар. Спакойны гаспадар не дае нічога браць. Таргуецца нават за аглоблі ад саней. Гаворыць па-расійску, а здаецца, — немец, а не літовец. Можа, шпег? Да граніцы тут 4 вярсты, з гары ўдзень відаць Вержбалова (казаў падпар.[учнік] Сізоў). А я і баюся: ноч, цёмна, я адзін на хутары з гэтым падазроным гаспадаром.

Пайшоў на другі хутар, выламаць якія-небудзь дзверцы; чую, у хаце выюць... Уваходжу: дзеці гудуць, бабы плачуць, рукі ломяць, хапаюць посцілкі, падушкі, кідаюцца. «Арклю, арклю (конь?)... Важой (ехаць)... Ах ах-аей... Дэва, дэва (бог)!..» Гаспадарас кідаецца да мяне: ці можна цяпер ехаць, ці заб'юць іх нямецкія снарады, ці нойдзем мы далей адгэтуль, наперад? Хлопчык умее троху па расійску, мабыць, хоча пахваліцца гэтым, кажа: «Нета яйка... Афіцэрас убіяі ўсю курыца...» Дурненькі! Я прыйшоў не па яйкі, не па курыцу, мне дошкі патрэбны на акоп. Гладжу па галоўцы, — смяецца. I гаспадарас паспакайнеў. Сказаў я ім ласкавае слова і пайшоў без дзверцаў.

— Арыстакрат! Капайце ж самі, чорт вас бяры! — лаецца Пашын, швіргае лапату, садзіцца на ўскапаны пясок і бярэцца за курыва.

— Вальнашляючы... Дзверцаў не можаце дастаць! — кіпяціцца Беленькі, таксама кідаючы работу, і доўга не можа абцерці ўсяго свайго вялікага поту.

А потым пайшлі ўсе ўтраіх, знялі і прыпёрлі цэлыя вароты з хутару таго падазронага гаспадара.

Акоп так і не выкапалі. Накідалі ў ямку лёну, накрылі яе варотамі — і так начавалі.

Сёння чуў, як адзін пехацінец казаў другому, што снарадам забіла двух «вольных» на хутары ў той час, як гэты пехацінец з другім сваім таварышам куплялі на хутары бульбу.

— Даражыліся, цягнулі душу з цела, а снарад як бэхне! Нас не зачапіла, бо ўжо былі іх кінуўшы і адышоўшы, а яны, глядзім, гатовы... Вярнуліся мы, забралі бульбу так.

 

Дзіця Сізоў. Усё запісвае, але чытаў запісанае батарэйцам. Напісаў аб тым, як гэтыя батарэйцы частавалі бульбаю галоднага пехацінца, не меўшага нават хлеба. Апавядае салдатам пра сваё хатняе жыццё (ён — адзіны сын старэнькага адстаўнога пяхотнага капітана), кажа, адкуль родам, як вучыўся, як любіць Расію і народ і што гатоў за іх памерці... Салдаты любяць яго, але некаторыя цішком пасмейваюцца. «Пенсію буду пасылаць дамоў, — прызнаецца ён, — а то ногды заб'юць, дык санітары з мёртвага возьмуць». У яго выпаўзла беленькая (значыцца, вошына) з-пад пярчаткі, — пачырванеў, як мак.

 

Страляем ад 2-й гадзіны дня да познага вечара. Дайшло да тысячы ўжо патронаў. Бой не сціхае на ўсім фронце. Чую з трубкі, цэнтральная перадае некаму тэлефанаграму, што наша пяхота заняла фальварак Капсодзе і засела там пад згубным арудзійным абстрэлам... Незразумелая трывога гняце мяне: рука не хоча болей пісаць.

Сёння хлеба прывязуць уночы — адна ўцеха.

 

19 кастрычніка.

Нас моцна абстрэльваюць,— вось табе і «мёртвая прастора». Але, праўда, снарады то пералятаюць, то не далятаюць.

Бой па ўсім фронце.

 

20 кастрычніка.

Божа, божа! Асколкам гранаты забіт падпаручнік П. К. Сізоў. За пяць мінут перад тым гаманіў у нашым тэлефонным акопе і трактаваў нас сітным хлебам... Выйшаў абедаць і не дайшоў да хаты.

 

21 кастрычніка.

Абраз ляжачага наўзнак П. К. Сізова, у новенькім даўгім шынялі, у чысценькіх валенках, з белай хустачкай на разбітай асколкам галаве, — мучае мяне. Вытрашчаныя мёртвыя вочы, скрыўлены рот, пасінелыя шчокі, на якіх у мёртвага ўжо вырасла брудзь, прабіты чэрап — усё гэта пад хустачкаю. А далей — стройны, як дзяўчына, як жывы, толькі ногі тырчаць адубеўшы...

Сёння прывязалі яго на ложа гарматы (без труны) і з пачэснаю вартаю павезлі ў штаб, хаваць. Каня яго вялі за ім пад сядлом, у повадзе. Вечны спакой!

 

22 кастрычніка.

Учора пераехалі на новую пазіцыю. Пасля смерці падпаручніка камандзіру і ўсім нам цяжка было там заставацца!

 

23 кастрычніка.

Агнём нашага левага аруддзя запалена пуня ў панскім двары Капсодзе (там ізноў немцы).

На батарэі — чатыры лёгкараненых.

Дагэтуль намі выпушчана 260 шрапнеляў і 301 граната. Стралялі па выязджаючай батарэі, па адступаючай пяхоце, па гаўбічнай батарэі, па пяхотных акопах. Прыцэлы нашы ад 54,5 да 150.

Сёння рваліся наўкол нас «чамаданы».

Учора ўвечары і сення ўранні быў густы сцюдзёны туман. Удзень паказалася халоднае кастрычніцкае сонца. Ногі зяблі. Купіў у падпрапаршчыка Хвёдара Смірнова, шчарбатага чалавека, няма аднаго пярэдняга зуба, смярдзючы казённы кажушок з цёплай баранняй шэрсцю. Заплаціў дорага: пяць рублёў. Цяпер маю толькі два рублі — і ўсе мае рэсурсы.

— Падпрапаршчык, герой, а казённым таргуець,— казаў Пашын і лаяў мяне, што я пераплаціў «гэтаму подламу гароху».

А мне ўсё думаецца пра смерць Сізова. Каб ужо скарэй замірэнне! Хай раняць, толькі каб жывым застацца...

Сёння з 12 гадзіны пачалося, як кажуць, наступленне 25-е дывізіі! Мы тож б'ёмся, пасабляем ёй. Гарматы грымяць, кулямёты трашчаць.

Мы страляем блізу без пярэрвы. Ды ў адной перадышцы я паспеў усё-ткі задрамаць.

Сёння і не мыўся.

Учора, калі Беленькі пайшоў стрыгчы капітана Смірнова, мы (я і Пашын) пры свечцы, якая гарыць у нас у акопе, шукалі ў вопратцы. Беленькі «шукаўся» перад вячэраю. Дужа бедаваў, што еў сваю порцыю мяса не памыўшы рук. А ў нас вады не было. «Чаму зупаю не памыў?» — жартам даў раду Пашын пасля вячэры. Беленькі яшчэ болей бедаваў. Елі ўтраіх з аднаго вядра, як заўсёды. Толькі хлеб цяпер хаваем паасобку. Захацеў так рабіць Беленькі, — не для сябе, а для мяне, бо Пашын надта многа паядаў хлеба. Я, нізкі чалавек, прыстаў на прапазіцыю Беленькага.

Ад нашае пазіцыі да граніцы цяпер і трох вёрст не будзе.

Штабс-капітан Дамброўскі ізноў захварэў. «Халуі» казалі, што першую ж ноч афіцэрам спаць не даваў. Усхопіцца скрозь сон, як закрычыць на ўсю хату: «Пара! Пара! Уставайце! Снарады валяцца на дом! Уставайце!» Усіх тармошыць — чырвоны, з вялікаю галавою, татарскім тварам. Аж страх. Ізноў адправілі быць пакуль што пры ўпраўленні брыгады. Цікава, ці робіць ён такі гармідар начою там?

За дзень выпушчана 499 патронаў.

Нягледзячы на абстаноўку, мне прысніўся распусны сон. На сэрцы — камень. Трэба дзяжурыць — і не спаць. Ай, як хочацца спаць!

 

24 кастрычніка.

Прыйшоў ліст ад майго меншага, майго мілага браткі. А ліст разламаны «ваеннаю цэнзураю», — гэта што за навіна? Мне прышлюць пасылку... о, радасць!

Прыехалі, палепшаўшы, два раненыя 7-га жніўня. Камандзір з імі цалаваўся. Адзін з іх, Драб, Горадзенскае губерні, заплакаў...

Учора на батарэі — 4 лёгкараненых і ездавога Кучынскага пераехала тэлефонка; скалечан надта цяжка, фельчар баіцца, што не выжыве.

Свеціць чырвонае зімовае сонца. Начою — месяц поўны, месяц ясны.

Было ціха, толькі з левага боку нейкая батарэя нашае брыгады пусціла залпам некалькі чародаў. Рэдка дзе гкрэхалі «чамаданы». Часам іграў кулямёт. Свяціліся ракеты. Ды мала. Трывогі не было.

Бамбардзір-наводчык Валодзін (кастраміч) разважае аб вайне: «Калі ўжо яна кончыцца, звязаліся з дрэнню, трэба нам было лезці за сербаў, яны там штогоду ваююць. Колькі нашага брата выйшла на вайну, а што нам: прыбавіцца хоць па дзесяціне ай што? Чаго не хапае багатым чарцям, што лезуць у вайну? Здаецца, і сыты і п'яны. З жыру шалеюць, сволачы, а ты за іх жыццём накладай». Казаў разважна і самавіта і хлябаў гарачую спітую гарбату. I мяне частаваў гарбатаю.

 

Катастрофа

 

Пішу па абедзе (24-га кастрычніка). Выехалі... бо аказалася, што нямецкія акопы — пустыя. Начою немцы цішком уцяклі.

Едзем...

Восеннае сонца спакойна гуляе. Ветракі-млыны заснулі. Пустынна. Аднак там-тут пачынаецца сонны рух. Жыхары, як пчолы вясною з вулля, асцярожна выпаўзаюць.

Во, збоку шашы, кадцыбае вольны чалавек. Падняў з зямлі каску, раздушаную колам, падзяржаў двума пальцамі і кінуў у канаву. Двое хлопцаў збіраюць гільзы. Паднялі паломаную стрэльбу, але ўбачылі саддатаў, кінулі яе і пабеглі ўцякаць.

На гаці ў яме ляжыць здохлы конь. Раздуўся, як гара, і ўжо смярдзіць. А ў багне пакінута пустая снарадная скрынка. На ўзгорку — доўгая алея старых ліпін, дзеля чагось без жаласці ссечаных.

Цягнуцца акопы немцаў. У іх — пярыны, лаўкі, сталы, бляшаныя печкі, гаршкі з літоўскіх хат. Валяюцца пляшкі, гарахвяныя кансервы, папера ад шакаладу. Пачкі патронаў. Цэлыя кучкі гільзаў. Цягнуцца рады драцяных загародак.

I... знаёмыя мясцовасці! Вось тая горка з дрэвамі, па якой мы палілі 4-га жніўня.

Засмучэнне і трывога на сэрцы. Не пацяшае перамога. Сумныя малюнкі!

Крыжы на полі, на краях лесу, ля дарогі за канаваю. Змывае дождж слабыя карандашныя напісы: «Тут пакояцца рускія воіны, забітыя пры здабыванні г. Сталюпэнену 4 га жніўня 1914 году». Відаць, у адной магіле пахаваны і немцы, бо на адной з іх стаіць другі крыж з напісам: «Тутака пакояцца германскія воіны, забітыя пры абароне места С. 4-га жніўня 1914 году». Яшчэ колькі сігоў, і дошка: «Магіла воінаў-яўрэяў».

Іншыя крыжы са звязаных кіёчкаў. I ўжо пахіліліся, і ўжо борзда заваляцца. I згубіцца месца апошняга супакаення воіна.

 

25 кастрычніка.

Учора заначавалі рана, яшчэ відным вечарам. Сёння выехалі ў 8 гадзін раніцы (пішу на прывале).

Прапаршчык Валк (латыш) даў мне ўчора вялікі, фунты два ці болей, кавалак беленькага хлеба. Я даў патроху кожнаму тэлефаністу, сам толькі пакушаў — і кавалачак схаваў у ранец. Цераз малы час шчупянуўся — няма. Хацеў зрабіць скандал, але раздумаўся, пакінуў так. Думаў на Яхімчыка, думаў на старшага... А хто яго ведае, хто так паджартаваў.

Адусюль на нямецкай зямлі вее на мяне нейкім мёртвым пахам. Чую мярцвячыну, хоць ты што...

Надта спакойна расселіся мы на чужой зямлі на воку ў ворага. Быць жа не можа, каб за намі не сачылі. А мы сабе — душым кур, варым парасяціну, — ой, нядобра!

— Начальства ведае лепей за вас! — скалоў за гэткія развагі старшы мяне і Беленькага, але і сам хаваў у голасе нездавальненне справамі і трывогу.

Сёння гадзіне а 10-й пачалося.

Едзем спакойна, — раптам ні з таго ні з гэтага — пу-ухсь! — лёгкая шрапнелька над самай батарэяй.

— Немцы з правага боку!

Тут жа на дарозе зняліся з перадкоў і пастроіліся к бою. Камандзір узлез на перадок і стаяў з біноклем у руках, загарадзіўшыся так-сяк арудзійным шчытом.

Стаім. Нічога не відаць, не чуваць. Пяхота некуды бяжыць з дарогі.

— Ах, гэтыя разведчыкі!

Ізноў колькі шрапнелек расплылося белымі кудравымі клубочкамі.

Мне зрабілася ворашна.

— Нас абкружаюць, — сее нейкі пехацінец паніку. — Камандзір нашае дывізіі, нямецкая морда, нябось ведае, што робіць.

Ці ж можа быць? Генерал-лейтэнант N.? Гэткі горды, стройны на кані, з задранаю галавою... Сівая бародка...

Няўжо — палон?

Незвычайна яскрава спамінаю ўчорашні сон... Я ў сваёй вёсцы... Чырвоныя-чырвоныя, аж чорныя, сліўкі ля Паўлюковага саду, на зямлі, на вуліцы, ля плоту... Ідзе Максім, салдата Захаронка сын, з ім яго жонка, і ў яе на ўлонні іх «свавольны» дзіцёнак... I нейкі кот драпае яму яго дзяціны твар... Я з імі здароўкаюся, як заўсёды ў нас вядзецца. Але, абмінаючы іх, заўважаю, што адна нага ў мяне як быццам карацейшая?.. А трымаюся героем! Пайшоў... Сустрэўся з сваёю даўнаю сімпатыяй — Зенаю, сястрою гэтага самага Максіма. Прапусціла мяне пільна вачмі, а я быццам нічога і не заўважыў...

Усё ізноў сціхла. Ніхто нічога не ведае, адкуль і хто страляў, што такое? Камандзір наш нездаволена гамоніць пра нешта з камандзірам дывізіёну. Той разводзіць рукамі...

Строімся, супакайваемся, едзем далей. Тэлефонкі з камандзірам — наперадзе. Перад намі ідзе батальён пяхоты, за намі — таксама.

Ізноў усё спакойна...

Толькі ліха нагнала зайцоў. Адкуль іх столькі? Адзін кінуўся якраз цераз дарогу. Камандзір пераксціўся і дзеля чагось збочыў (адзін, без ардынарца і разведчыкаў) і паехаў далёка ад дарогі ўправа. Мы едзем дарогаю далей. А ён захацеў, мусіць, абмінуць, што заяц перабег дарогу...

Стаім. Ізноў нейкая трывога далёка спераду, на дарозе... Чаго чакаем? Камандзір некуды паехаў з старшым.

Што гэта дзеецца? Нешта ды не так... Трывога, трывога спавівае сэрца тамучым нечым...

(Канец дзённіка.)

 

* * *

 

Ізноў пішу. Пішу, калі мінулася пасля таго шмат дзён.

...Троху супакоіўшыся, мы паехалі далей. Наўкола нас усё было ціха. Маўчала пустое восеннае поле, маўчалі бязлюдныя разбураныя нямецкія сялібы, абгарэлыя рэшткі каменных сцен. Заснулі цішою горкі, зрытыя акопамі.

Нехта нам казаў, што абстралялі нас немцы з лёгкай гарматкі, падвезенай на аўтамабільнай платформе па шашы. Такое тлумачэнне ўсіх нас раздражніла: дзе ж была наша разведка? Аб чым клапоціцца начальства?

Ехалі далей...

Неўспадзеўкі ляціць па полі к батарэі, як віхар ці бомба, раз'юшаны казак... Без шапкі, расхрыстаны, мокры ад поту, з абадраным да крыві бокам у каня.

— Дзе начальства? — грозна крыкнуу ён нам, укапаўшы з разбегу каня нагамі ў зямлю.

Камандзір наш сам паспяшыў к яму:

— У чым, казак, справа?

— За вярсту адгэтуль наступае нямецкая пяхота!! — як громам выпаліў у нас і паляцеў далей.

Я не магу ўздумаць, як што потым рабілася. Бачыў толькі спалоханыя твары пехацінцаў нашага батальёну, што заляглі пад горкаю, а некаторыя дзяўбалі замёрзлую зямлю лапатачкамі, каб зрабіць сабе ямачкі; чуў нейкія крыкі — каманду, ці што; дзесь з левага боку і спераду разлягліся ў паветры першыя, рэдкія стрэлы з вінтовак.

Батарэя скацілася з дарогі ўніз, к вузкай, але глыбокай і быстрай рэчачцы, за сажняў сто ад дарогі. Перадкі батарэйныя кінуліся ўздоўж рэчкі, каб перабрацца на той бок; ездавыя кінжаламі секлі альшэўнік, каб хоць троху накідаць у рэчку мост-пераправу. Мы не паспелі ні выкапаць акопаў, ні правесці тэлефону ў дывізіён. Батарэя зараз пачала страляць, і я мусіў дрыжачымі ад раздражнёнасці і трывогі рукамі запісваць каманду. Камандзір узлез на перадок ува ўвесь свой вялікі рост — і з біноклем у руках камандаваў. Хацелася пакланіцца перад яго геройскай постаццю — гатовай мішэнню для ворага. Над намі закруціўся аэраплан і пачаў кідаць на нас нейкія бліскучыя ў паветры стужкі, паказваючы сваім, дзе мы. Калі я троху абдумаўся, гул ад бою — гарматнага, кулямётнага, вінтовачнага — заглушыў усё. Батарэя апынулася пад абстрэлам. Альшэўнік гутаўся і крышыўся ад снарадаў, галлё сыпалася ў рэчку, з усіх бакоў гудзелі над галавою кулі. Потым зашпэкалі і зларадасна захвюкалі шрапнелі. Пачуў я — стогнуць раненыя, убачыў мімаглядам, гледзячы ў запісы камандаў, што цягнуцца некуды людзі ў крыві, убачыў санітараў з чырвонымі крыжамі на рукавах і палатняныя насілкі.

Да мяне падпоўз бела-сінявы, з мукаю ў вачах, наш старшы тэлефаніст і папрасіў, каб я завёў яго на перавязачны пункт. Я кінуў пісаць («Нашто цяпер пісаць?» — падумаў я) і з вялікім трудам павёў яго ўздоўж рэчкі, не знаходзячы пераправы. Тут, у норках пад берагам, сядзелі пехацінцы з нашага батарэйнага прыкрыцця; некаторыя, быццам тыя страусы, былі схаваўшы галаву ў ямку. Адзін пехацінец пасобіў мне весці старшага, бо старшы ледзьва пераступаў нагамі, ён быў ранены куляю ў спіну, між самых лапатак, і балюча стагнаў. Калі гэтак ішлі, пехацінец заўважыў у сябе на боце кроў, потым закульгаў ад болю, але не кінуў весці старшага са мною далей. Мы ўжо аддаліліся ад батарэі на добрыя гоні, падарожжа здалося страшэнна доўгім і цяжкім, — і ўсё ж мы не знайшлі яшчэ перавязачнага пункту. У другім баку мы ўбачылі, што едзе шпітальны фургон, і скіраваліся туды напрасцень, па полі. На нашу радасць, фургон спыніўся. На ім шалохалася на кійку палатнішча з чырвоным крыжам, і я, чуўшы пра міжнародныя законы вайны, з уцехаю падумаў, што тут ужо нас не абстраляюць. Аж як толькі мы падышлі на сажняў паўсотню ад фургону, побач з ім бухнуўся і страшэнна разарваўся «чамадан», узняўшы гару зямлі ўвелькі з добрую хату, і абняў усё чорным смярдзючым дымам. Зазвінелі, загулі асколкі. Адзін конь заваліўся і задрыгаў нагамі, другі стаў ірвацца на дыбкі. Нам трэ было б зараз легчы, а мы пнуліся на ўсю сілу да фургону, як бы ратунак быў для нас у фургоне. Потым я агледзеўся, што пехацінца з намі няма: ён ляжаў адзаду. Зараз выскачылі з фургону санітары, схапілі без усякага жалю самлелага старшага і ўкінулі яго ў фургон. «I той варушыцца!» — крыкнуў адзін санітар таварышу і пабег да пехацінца, схапіў яго пад рукі адзаду і, задам бегучы да фургону, прывалок і яго. I яго ўкінулі ў фургон. Фурман адрэзаў раменне на забітым кані, сеў верхам на другога, засморгаў рукамі і нагамі — і вялізны фургон на адным кані шалёна паскакаў ад мяне па полі. А я кінуў туды вокам і пабег назад — колькі меў сілы...

Я бег і перакідаў з рукі ў руку шашку і рэвальвер старшага, каб здаць іх, прытаміўся. Аж недалёчка ад батарэі, у глыбокім раўку, убачыў батарэйнага трубача, з трубою з кутасамі на плячы, якую ён заўсягды насіў пры сабе, але ні разу, ад самага лагеру, не іграў. «Зайграе адбой, як скончыцца вайна», — жартавалі часам салдаты. «Трубач павінен знаходзіцца там, дзе камандзір, чаму ж ён тут хаваецца?» — прыйшло мне цяпер у думку. Аднак я з радасцю, што не адзін ужо, прысеў ля яго і са смакам зацягнуўся цыгаркаю з яго махоркі. Троху пагадзя я сказаў яму, што мы ж павінны зараз ісці на батарэю... Сам першы я не ішоў, і яго таксама быццам што прыкавала да зямлі, хоць ён і чуў нейкі сорам і не глядзеў мне ў вочы. Потым ён больш асмеліўся і супакоіў маё і сваё сумленне тым, што «ўсё роўна мы цяпер там нічога не пасобім, што батарэя прапала, дык нашто дарма лезці ў пагібель...». Скурыўшы яшчэ па адной папяросцы, мы, аднак, неўзабаве пачулі страшэнную нуду, нязносную адзіноту і, радыя прычыне, што адзін снарад трапіў і ў наш равок, сарваліся і пабеглі туды, дзе павінны былі быць з усімі разам. Усё ж прыкрасць за тую маладушнасць так і засталася ў мяне на сэрцы.

Падходзячы да батарэі, я заўважыў, што агонь зрабіўся як бы лягчэйшы ці, лепей кажучы, выясніўся і стаў нармальным, прызвычайным. Затое боль сціснуў мне сэрца, калі я надышоў на абрыве рэчкі на два трупы нашых ездавых, са

сцятымі ў руках бізунамі, убачыў разбітую перакуленую тэлефонную двухколку, далей — цэлую запрэжку забітых коні, кіненую снарадную скрынку і раскіданыя гарматныя патроны. Пехацінцы з прыкрыцця падбіралі патроны і няслі на батарэю, а з імі хадзіў наш прапаршчык, латыш Валк, маладзенькі белабрысы хлопец, і прасіў: «Насіце, братцы, насіце!» Я прылажыў руку да казырка і па дурному спытаўся: «Ваша благароддзе! А што мне рабіць?» — «Што хочаце»,— безуважна, заняты сваімі думкамі, адказаў ён. Я ўбачыў, як цяжка слабенькаму пехацінцу несці патронны латок — бляшанку з чатырма снарадамі, схапіўся за другую ручку, і паняслі ўдваіх. Я раней ніколі не насіў і не ведаў, што яны гэткія цяжкія. Мы насілу перабраліся па кладцы на другі бок рэчкі, ледзьва не зваліліся ў ваду... Але я быў ізноў на батарэі. Агонь, значна было, пацішэў. Батарэйцы паспелі, працуючы напераменку, выкапаць равочкі ў пояс чалавека. Успомніўшы на свой абавязак рысаваць план пазіцыі, я ўзяўся за гэта і разгледзеўся, што нашы перадкі стаяць на адным беразе з батарэяй, не дужа воддаль ад яе, у зацішнай нізінцы. Камандзір стаяў, як і раней, на адным кінутым тут перадку, з біноклем пры вачах. Раптам ён саскочыў на зямлю і слабым, негім, першы раз чутым мною ад яго голасам шыбка сказаў капітану: «Антон Антонавіч!.. Бяда з правага боку... Чатыры гарматы стаўце пад простым кутам...» Я быў блізка і пачуў. Словы тыя абпяклі мяне. А камандзір, падхапіўшы полы шыняля, сам кінуўся да бліжэйшае гарматы і схапіўся за кола разам з усімі. Умомант адна палова батарэі страляла, як і дагэтуль, проста к фронту, а другая — у правы бок, пад кутом у 90°. Я ўгледзеўся туды, у правы бок, адкуль мы раніцаю ехалі, а цяпер туды стралялі, і ўбачыў бліжэй як за вярсту калону коннікаў. Спярша можна было падумаць, што гэта едуць нашы казакі, ажно зараз чатыры нашы гарматы засыпалі іх шрапнелямі, і яны зніклі за будынкамі. Гэта была нямецкая кавалерыя, што я са страхам зразумеў.

Калі яна перастала ляцець на нас, агонь нямецкіх батарэй падужэў (ці так толькі здалося), а што далей, то станавіўся ўсё дужэй і дужэй. Нас засыпала снарадамі, якія ляцелі цяпер не толькі проста з фронту, але і з правага боку — і аж быццам трошку справа-ззаду. Кулямётныя і вінтовачныя кулі ляцелі міма нас сляпцом, затое артылерыйскі абстрэл выдаваўся яшчэ страшнейшым. Памятаю: не столькі дзеля праўдзівае патрэбы, колькі дзеля таго, каб некуды пасунуцца, я пайшоў па латкі яшчэ раз. Пад круцейшым беражком шмат ляжала перавязаных раненых — і батарэйцаў і пехацінцаў, санітары ўсё няслі і няслі новых, на санітараў пакрыкваў наш лысы фельчар Лябёдкін, з шапкай набакір і з аблітаю няўмысля ёдам рукою. Я нёс латок удваіх з нейкім старым-старым, барадатым, пехацінцам. Нёс не столькі ён, колькі я, ён толькі цягнуўся, учапіўшыся за ручку, але ішлі даволі шчасна. Заставалася нам да гармат — як хлопчык можа дамахнуць шубінаю, аж тут наляцела чародная бура агню. Латок вываліўся з нашых рук. Дзе падзеўся барадаты, я не заўважыў, бо сам кумільгам рынуўся ў арудзійны акопчык. Там поўна прылягло нумароў, і маё прыбыцце іх не ўсцешыла, бо і так не было там куды дзецца, але — колькі маглі — паціснуліся. Я прымасціўся з крайчыку, утуліўшы між іх галаву і плечы. Нумары са смуткам шапталіся, што ў некалькіх нашых гарматах збіты прыцэлы, у адной заскапіўся патрон, у другой яшчэ нешта нядобрае, і няма як страляць. I праўда, калі я прыслухаўся, батарэя жудасна маўчала. З правага флангу над самаю нашаю галавою са свістам пранасіліся шрапнелі, аднак пераляталі дальш. З фронту ж гудзелі і па абодвух берагах рэчкі гкрэхалі гранаты. Чаропкі ад гранат і вынішчалі батарэю. «Калі да начы не забяруць — можа, выберамся жывыя», — пачуў я размову. У гэты самы час з гукатам і грукатам ударыўся снарад, блізюхтанька, на тым месцы, дзе мы кінулі латок, не далей. Балючы момант чакання... і пасыпалася камкамі зямля, зазвінелі меншыя і загудзелі большыя асколкі. Мяне штось дужа стукнула ў правае сцягно, аж троху падкінула мяне. Я падумаў, што ўдарыла адляцеўшым каменем ці мёрзлым камком зямлі. Шчупнуў рукою — мокра, зірнуў — кроў?.. I млявасць пайшла па целе, а крануў нагою наўмысля, каб ведаць, — дык адзервянела, як бывае, што заседзіш і замлее. Я агледзеўся: дзе ж той камень, што так дужа рэзнуў мяне? «Вальнапісанага раніла!» — крыкнуў над вухам адзін нумар, якога я ведаў толькі ў твар, а на імя не ведаў. Нехта зараз адпароў ад маіх штаноў прышыты асабовы бінток, адшпіліў мне адзежу і туга абкруціў мне ім нагу па голым целе (.бруднаватым, што мне чамусь было сорамна!). Я нагінаўся набок, каб убачыць рану, ды не мог дастаць вокам — і ізноў мне было сорамна і нібы нейкая крыўда, што ў такое месца трапіла. «Паўзіце, паўзіце!» — загадаў узводны, і я папоўз назад, на рэчку, пад бераг. Зрабілася заціш да чароднага залпу, і я ўзняўся паўзці, а тады пайшоў, цягнучы нагу і папіраючыся з аднаго боку шашкаю, а з другога карабінам. Быў рад, што не забіла і што ранены, паеду з фронту, але мучыўся і корчыўся, немаведама чаго, болей як трэба, — баяўся, каб яшчэ не забіла, не папсавала шчасця, дык наўмысля павялічваў сваю больку немаведама перад кім, што во глядзі, не чапай ужо мяне. Прапаршчык Валк ішоў міма і спытаўся спагадліва: «Вы ранены?» — «Няўжо ж не!!» — па-беларуску і грубіянскім голасам адказаў я, і гэтак было сказана неспадзявана для мяне самога. Валк і не пачуў ці, можа, не зразумеў, што я сказаў, і пайшоў.

Я, мабыць, з гадзіну ляжаў потым пад берагам рэчкі, адзін, зябнучы, і сотню раз, атупеўшы, шаптаў: «Калі гэта скончыцца? Калі гэта скончыцца?» Кананада не сціхала. Галлё з шумам ляцела ў рэчку, часам шлёпаліся ў ваду кулі. Міма мяне адзін раз прабеглі, прыгнуўшыся і гуськом, пехацінцы; адзін зачапіўся за маю раненую нагу, і я дзіка прахрыпеў нешта ад болю.

Батарэя маўчала... Потым радасна і дзёрзка бухнула першая гармата: заскеплены патрон здолелі выцягнуць. За ёю зараз стрэліла другая... Ой, колькі радасці! Батарэя жыве, батарэя б'ецца! Я не ўлежаў: пасмялеў і пацягнуўся туды, дзе фельчар перавязваў раненых. Паўзу... раптоўна батарэя змоўкла ізноў... Маўчыць злавешча... Кінуўся некуды з усіх ног фельчар, за ім санітары... Што такое? Страшна... Нейкае нядобрае маўчанне прайшло скрозь па батарэі, — але во батарэя ізноў бухае, толькі патроху, нудна пушчае патрон за патронам. Пляцецца назад фельчар, зусім без шапкі, дужа лысы чалавек. Гляджу: у яго на вачах слёзы? «Вальнапісаны! — панурана кажа ён мне. — Камандзір наш... царства нябеснае!» і глытнуў, хліпнуўшы, і хрысціцца дробнымі крыжыкамі, абцірае кулаком у ёдзе рыжыя абвіслыя вусы. Я камянею, зразумеўшы страшную праўду. Камандзір быў забіт напавал, шрапнельнаю куляю ў лоб, так што прабіла якраз пасяродку звёздку на шапцы. Гэта адзначыў мне фельчар, і я сам падумаў: герою — геройская смерць.

Што дзеялася далей на батарэі, я не ведаю. Мяне павялі на перавязачны пункт двое нашых ездавых. Потым яны перадалі мяне нашаму тэлефаністу Пашыну і аднаму лёгкараненаму пехацінцу. Перавязачнага пункту мы не знайшлі і зблудзілі з дарогі. Надхадзіла ноч. Пашын страшэнна мацярыўся, лаяў усе перавязачныя пункты на свеце, і я цяпер не меў нялюбасці да яго кастраміцкай натуры. Ён не хацеў, каб аб ім падумалі, што ён наўмысля ўчапіўся ў раненага, каб не быць пад агнём на батарэі, але кінуць мяне не меў духу. Пехацінец — гатоў быў весці мяне хоць да Вільні, каб толькі далей адгэтуль, і ён доўга разважаў аб богу і аб «вялікім граху нашым — мацернай лайбе». «Наша матка — зямля, а мы яе так зневажаем, вось бог і карае нас».

Была ноч, калі мы ўзбіліся на вялікую дарогу. Неба над намі — цямнява-сіняе, з зоркамі, паветра ядранае, і хацелася слухаць, успамінаючы ноч і цішу ў родным полі, у спакойным часе. Але, калі я слухаў, мне здавалася, што фронт выцягнуўся дугою і нямецкія снарады бомкаюць дзесь за Вержбаловам, а ляцяць якраз над намі, толькі высока-высока ў небе. Доўга і звонка, ясна, аж прыгожа, як ляцяць... Але — ць! Сорам за такое хараство і любаванне. А галоўнае-ткі — страх... П

ашын далей не мог... Пасадзіў мяне на краі канавы, пацалаваўся са мною і вярнуўся шукаць батарэю.

Мы сядзелі з пехацінцам удваіх, бо я не мог ісці і апіраючыся на яго, і чамусьці ўвесь час чакалі палону. Ён сам баяўся і мяне страшыў, хоць і маўчаў, гэты незнаёмы, няведамы мне чалавек. Баяліся кожнага руху навакол, баяліся цемні — і рады былі, што цёмна. Мне стала сцюдзёна, часам я ўжо троху калаціўся, і ох як брыдка было, што сядзім... ні туды ні сюды... Каб толькі ён мяне не кінуў! Аж вось пачулі, што нехта едзе, і пехацінец пацягнуў мяне ў бок ад дарогі на раллю. Затаіўшы дыханне, слухалі... Гоман расійскі. Пехацінец крыкнуў: «Братцы! Стойце!!.» — і пайшоў на дарогу. Гэта ехалі два казакі. Параіўшыся міжсобку, яны зрабілі так: адзін застаўся пры нас, а другі паскакаў на той недалёчкі адгэтуль хутар, адкуль яны ехалі. Ён вярнуўся з нейкаю дашчатаю, для пакавання, скрынкаю, паставіўшы яе на раскатнік на двух колах і прычапіўшы неяк той раскатнік да свайго казацкага каня. Мяне пасадзілі ў скрынку і, пад трымліваючы скрынку з двух бакоў, павязлі на хутар, што быў далей, наперад па дарозе.

На хутары казакі засеклі шашкаю і зварылі не абсмаліўшы добрае завадское парася, такое белацелае, тлустае. У склепе натрапілі на пляшку наліўкі. Толькі я ўжо не мог ні піць, ні есці... Аж нялюба мне было. Потым, калі я ўжо драмаў, слухаючы хваравітае, мляўкае дрыжэнне ў сваім целе, адзін казак, а каторы — я іх не мог разрозніць, стукаў усё ды стукаў па ўсіх кутах, ламаў замкі, знайшоў рознае судзінне і між іншым старэнькі мікраскоп. Я чуў, як яны, казакі і пехацінец, гаманілі, што гэта, мусіць, нейкая шпягоўская прылада. Не пашкадавалі, узбудзілі мяне, каб паказаць мне, бо я ўчоны. Калі я сказаў, што яно такое, казак, які знайшоў, спытаўся, ці дарагая штука, і шчыра ўсцешыўся, што дарагая. I клапатліва шкадаваў, чаму я не вып'ю налівачкі для здароўя. А я толькі чуў, што мне дужа няладна...

Выехалі адтуль да свету. Цяпер пасадзілі мяне верхам у казацкае сядло таго казака, што ўзяў мікраскоп. Ён ішоў і вёў каня. Быў добры са мною незвычайна, але мне дужа балела, і трасца калаціла...

Навакол там і там гарэлі хутары, асвятляючы нашы, людскія з конскімі, постаці. А дарога была зусім пустая, толькі дзесь па другой дарозе грукатала, адступаючы, расійская батарэя ці, можа, абоз; часам бліскаў нямецкі пражэктар і каротка стракатаў наш ці не наш кулямёт. А мы ўсё паціху сунуліся.

Казакі прывязлі мяне ў палявы шпіталь суседняе з нашаю дывізіі, далёка ўлева, што мяне дужа здзівіла, як мы маглі сюды трапіць, калі ўсё, здаецца, ехалі проста назад. Было вёрст дзесяць ці болей улева ад той дарогі, па якой наступала наша батарэя.

 

Абоз

 

Уранні к хаце, у якой месціўся палявы шпіталь, падагналі шмат убогіх сялянскіх фурманак. Палажылі ў іх цяжкараненых, па два чалавекі на фурманку, пакрылі тонкімі і старэнькімі шэрымі салдацкімі коўдрамі, — толькі белыя твары глядзелі на неба ды бялеліся бінты ў раненых у галаву. Лёгкараненых — шэрую салдацкую грамаду з белымі перавязкамі, найчасцей на руках, пусцілі пеша, разам з санітарамі. I так паехалі. I так пайшлі і паехалі на станцыю Вількавышкі, за трыццаць вёрст.

Надвор'е было добрае: хоць і халоднае, як заўсёды ў кастрычніку, але сухое.

«Каб толькі не пайшоў у дарозе дождж», — думаў я. «Ну, але ж да вечару, пэўна, пастаіць пагода, а мы паспеем даехаць».

Я быў здаволены; я быў рады ехаць на свежым паветры і глядзець, лежачы, на шэрае неба.

Аднак зрабілася неўзабаве троху прыкра, што едуць незвычайна марудна, не болей вярсты ў гадзіну. Часта спыняліся, здымалі некага, перакладалі, ці што. I гэта было яшчэ болей прыкра, хоць тады не трасло.

Фурманкі былі дужа дрогкія, падсцеленае сена зараз злежалася, а дарога рабілася чым далей, тым усё горш, камяністая і няроўная...

Спярша я крапіўся, апіраўся рукамі, сціскаў зубы, жывот і ўсё цела. Потым мімаволі стаў траціць цярплівасць і лагодны настрой.

Скрозь сціснутыя ад болю зубы стаў крычаць, калі дужа падкідала на каменнях:

— Цішэй, цішэй!.. Стойце ж, стойце! Замучыце!

Назе было дужа больна, і так трасло і падкідала на кожным камені і на кожнай сухой калюзе.

Абоз расцягнуўся на паўвярсты ці болей. То тая, то тая фурманка спынялася, аставалася, даганяла пярэднюю, калі тая спынялася. I я чуў і спераду і ззаду на фурманках стагналі, злоснае бурчэнне, жальбу. Толькі санітары і лёгкараненыя вясёла ішлі побач ці ззаду, абганялі, аставаліся, курылі і гаманілі, нават нешта вясёлае казалі і смяяліся.

Мой сусед, што ляжаў побач, з левага боку, нейкі пехацінец, спачатку дужа стагнаў, потым зрабіўся цішэй і нарэшце зусім сціх. Я з страхам падумаў, ці не памрэ ён ужо, лежачы з ім тут на адной фурманцы.

Калі не дужа трасло, я думаў, што такое боль, чаму яго няможна ўявіць, калі перастае балець, і чаму ен ёсць ува ўсіх жывых істот. Што такое боль? Раздражненне нерваў — і ён ёсць як бы толькі ў думках таго, каму баліць. Можа, і ў дрэва ён ёсць, калі дрэва сякуць сякераю, толькі мы гэтага не ведаем.

Я кляў вайну, кляў благую медыцынскую помач, горка думаў, што медыцынская навука яшчэ дужа слабая навука, хоць і пішуць у газетах і журналах аб розных незвычайных аперацыях, быццам і ў сэрцы могуць нешта вычысціць, разрэзаць, зашыць — і вылечыць. Я кляў усе дрогкія фурманкі ў свеце, горка думаючы, як проста зрабіць селяніну нешта лепшае, не такое дрогкае, і дзе ж гэта зробяць някруткія, бесталковыя жмогусы-фурманшчыкі.

Мне балела цяпер, калі і не трасло. Да нагі няможна было дакрануцца, няможна было ані колькі яе павярнуць. А здаровая нага зябла, і ўсяму мне рабілася брыдка сцюдзёна.

Я думаў, колькі ўжо гадзін мы едзем. Можа, дзве? Можа, чатыры?

Сусед паварушыўся і папрасіў курыць. Жмогус не чуў, і я няласкава крыкнуў яму ў спіну:

— Стой! Стой жа ты!

Дзед-жмогус пачуў, нічога не сказаў і спыніў каня. Тады паглядзеў цераз плячо, а тады злез з фурманкі.

— Ён курыць просіць... — сказаў я капрызна.

Дзед-жмогус, з сівенькаю няголенаю шчацінаю на твары, дастаў капшук, скруціў дзве цыгаркі, закурыў спярша адну, потым другую і даў закураную ўжо. Той узяў яе слабою рукою і панёс у вусны. — Калі ласка, і мне скруціце, — папрасіў я такім капрызным, хворым голасам, што аж самому было сорамна. Дзед, нічога не кажучы, скруціў і мне, я ўзяў і прыкурыў ад яго папяроскі сам. Паехалі, курачы, але той не многа курыў і кінуў недакураную. Праехалі яшчэ трошку, і я ўбачыў, што ён пераксціўся белаю рукою, нямытаю з таго часу, як ранілі, з гразёю між пальцаў. Я глядзеў на яго з нявераю: ці ён даедзе і не памрэ ў дарозе, ці ён і дужа слабы? Дзед часцей аглядаўся на яго.

— Пастойце... Пастойце... – ізноў папрасіў.

Дзед спыніў фурманку, а я кінуў папяроску ў поле.

— Паміраю, братцы... — сказаў, і горкая грымаса з'явілася на сінім, худым, валасатым твары.

Я нахмурыўся на яго і з жалем і з прыкрасцю, што ён так кажа.

А дзед-жмогус глядзеў спагадна, але не дужа трывожна, як пабочны добры чалавек.

— Даруй мне, браце! — сказаў той, скасіўшы вочы да мяне.

— Бог даруе... — прашаптаў я без ахвоты тое, што зазвычаена казаць, калі так просяць перад споведдзю або перад смерцю. Мяне цікавіла глядзець на сіні твар, і ён лічыў патрэбным усё ж адвесці вочы.

— Даруй мне, дзед! — звярнуўся вачмі і да жмогуса.

— Бок даруйт... — прашамкаў жмогус, і паплыла сляза па яго маршчыне на няголеную шчэць, аж я здзівіўся.

– Санітары! Хадзіце сюды, санітары! — крыкнуў я раптам голасна і ўзняў галаву.

А іх трэба чакаць яшчэ.

Падышоў адзін, падышоў другі з насілкамі, зусім не хапаліся, паглядзелі, ці варта здымаць, а тады знялі, палажылі на насілкі і паняслі назад, дзе ішла лазарэтная лінейка, палатняная буда з чырвонымі крыжамі па баках.

Дзед жмогус узяў у рукі лейцы і ізноў сеў спераду, а на вольнае месца паказалі санітары лёгкараненаму, і той сеў з прыемнасцю пасля хадзьбы — барадаты рыжы здаровы салдат, толькі рука падвязана і на канцы забінтована, што як падушка.

Я адвярнуўся ад яго і маўчаў. Боль прытупеў, было ўсё роўна як баліць. Заплюшчыў вочы, бо рэзала вочы святло з высокага шэрага неба. Здавалася, што

гэта Стахван вязе мяне ў школу, нага мерзне, і брат сеў на яе, каб сагрэць. Патроху разлівалася цяпло па ўсім целе.

I было добра, толькі ўсё змагаўся з нейкімі перашкодамі, ніяк не мог мець поўнае ўдачы, каб было зусім добра, некуды ехаў і не мог даехаць, бачыў, што матцы не падабаецца, але яна толькі маўчыць, а я і не хацеў таго, ды калі ж так выйшла... То лягчэла, я бачыў перад сабою неба, вечар, то ізноў горшала, і я не хацеў глядзець. Пакорна чакаў, хоць і марудна цягнулася падарожжа, непрыемна было так доўга чакаць. На ўхабах кідала, баяўся вываліцца — і спамінаў, што я ранены, што мне сніцца, нага ные болем, і лепей спаць, каб не чакаць, калі ўжо-ткі прыедуць на станцыю.

Прахапіўся я ў чорнай цямноце. На твар сыпаліся дробныя капачкі дажджу. Не толькі млела цела, а страшэнны холад забраўся пад коўдру, скрозь па ўсёй спіне было сцюдзёна.

Транспарт стаяў у нейкай вялікай вёсцы ці ў мясцечку.

З левага боку ад фурманкі было святло ў вялікіх вокнах, спераду таксама свяціліся далёкія акенцы, а то ўсё было чорна.

Нікога блізка не было, далей недзе гаманілі, і конь порскнуў там. Нехта пайшоў на ганак, у гэтую хату з асветленымі вокнамі, але не адгукнуўся мне.

Я гукаў, прасіў, стагнаў, каб мяне ўзялі ў хату пагрэцца, бо мяне трасло, як асіну ветрам-холадам.

Ніхто не чуў, транспарт стаяў, ішоў дождж, было цёмна... Дзесь далёка і глуха, як ліхая і мінулая здань, пачуліся гарматныя стрэлы, а можа, толькі здалося?

Я не помніў і не ведаў, якім дзівам злез з фурманкі, узабраўся на высокі ганак, прапоўз у цёмныя сенцы і адчыніў дзверы ў цёплую і светлую кухню. Там гарэлі дровы ў пліце, ляжалі на падлозе салдаты, і я лёг з імі. I хацеў бы ляжаць так вечна, каб толькі транспарт не пайшоў без мяне...

А калі неяк дужа скора прыехалі на станцыю і наяву засвяціліся агні, сінія і жоўтыя, і крыкнула машына, я дзівіўся і не цяміў, быў сапраўды ў кухні ці не, і хто мяне адтуль пасадзіў ізноў на фурманку. Тут дожджык ішоў парадачны, і так хацелася скарэй быць у вагоне-цяплушцы, дзе суха, цёпла, гладка на нарах і дзе так даўно-даўно я не быў. I калі машына ізноў крыкнула і прашумеў міма паравоз, — радасць ахапіла. Нарэшце адсунуліся дзверы, з святла ў цямноту паказалася ў белым халатоне міласэрная сястра, падышлі санітары з ліхтаром і з насілкамі. Знялі, палажылі, падалі ў вагон. Троху таўханулі, і болем рэзнула ў паху, але што ж: некалі ім, колькі яшчэ там чакае на фурманках. I сорамна трошку, што так шмат са мною клопату, але ж заслужыў. Толькі нашто, нашто ўсё гэта? Колькі дарма траціцца часу, сіл, грошы! Не трэба вайны...

Якая радасць ляжаць у цёплым вагоне! Мяне паклалі на верхнія нары, ля сценкі, як на палаці ў хаце, і было чуваць, як па крышы вагона барабаніць дождж.

Тут ужо ляжала чалавек дзесяць. Сястра была не маладая і не дужа прыгожая, але ласкавая. Два санітары — апалчэнцы.

Раздзелі, накрылі, далі гарбаты ў белым кубку і цвёрды кухан.

Так хацелася — і не елася...

Прыемна пацягнуцца і заснуць. А цягнік пойдзе — і закалыша... Канец мучэнню.

 

Шпіталь

 

Нага сагнута дугою, няможна ёю крануць, каб страшэнна не забалела. Пісаць забараняюць. Дый рукі не слухаюць. Нудна ляжаць у шпіталі, хоць і добра пасля пазіцыі. В

ечная памяць нашаму слаўнаму камандзіру-герою. А хто ж то цяпер камандуе батарэяй? Мусіць, капітан Смірноў.

Так было першыя дні ў шпіталі.

А потым — божа, як не хацелася паміраць! Чаму ад мяне хавалі, што могуць адрэзаць нагу? Што такое — глыбокая флегмона? Дагэтуль жа ўсё было добра. Чаму цяпер так скача тэмпература?

I сорам — гэты вечар перад аперацыяй... Дзікі боль і дзікі плач, і крыкі дзяціныя, няшчырыя, хваравітыя:

— Дайце мне цыяністага калію. Я не магу так мучыцца! Я не магу! Я не хачу! Ратуйце!

I слёзы пад нацягненаю на голаў коўдраю. Далі не цыяністага калію, а брому. Потым старшая сястра ласкава саромела:

— Эх вы, інтэлігенты!

Праўда, сорам: мог бы болей быць цярплівым.

I аперацыя... Страшна. Будуць рабіць пад хлараформам. А што, як сэрца не вытрымае? Слухаюць — адзін доктар, другі доктар... Чаго яны маўкліва перакідаюцца вачмі? Сястрыца бразгае аперацыйным начыннем, раскладае нейкія бліскучыя ножычкі і ўсякія штукі. I яна ж нервуецца... дура!

Голы ляжаў на стале, у адной кашулі, без нагавіц. Тут сораму няма. Але ўсё ж брыдка... Сястра маладзенькая, харошая...

Паклалі на твар сетачку, запахла хлараформам, і ўзяла цікавасць, як гэта наступае той сон.

Мне здалося, што я апускаюся некуды, апускаюся, паляцеў...

— Лічыце да паўсотні, — кажа стары доктар.

— Адзін, два, тры, чатыры, пяць... I лічыў, і лічыў: пятнаццаць... дваццаць... трыццаць... трыццаць адзін, трыццаць два... I думаў: «Вось, можа, і не засну... Яшчэ будзе клопат...» Толькі цела некуды ўсё глыбей і лягчэй ляціць, ляціць, ляціць... Прыемны і хваравіты лёгкі туман засцілае думкі... Уніз, уніз, уніз... Сорак два, сорак тры... Шэптам: сорак чатыры... Ледзьва чуваць: сорак... пяць... Канец.

Няма прытомнасці. Налічыў да 45 — і памёр. Так, мусіць, і паміраюць людзі, з такой жа паступовай утратаю прытомнасці.

Калі цела рэзалі вострымі нажамі, калі перабіралі шчыпчыкамі жылы, калі скрозь дзірачкі ў жывым мясе працягвалі дрэнажныя трубачкі, калі забівалі ў раны тугія тампоны, — мычэў і сціхаў. I слухалі часта сэрца: ці б'ецца?

Потым белага, бескрывянога, але жывога, завезлі ў палату і палажылі на старое месца. Было мляўка, нудзіла — і лёгка прыемна. Аперацыю зрабілі.

— А дзе ж тая куля? Дасталі?

— Маўчыце, не размаўляйце! Пасля!

 

* * *

 

I так дзень па дні...

I дзень за днём.

Я лепшаю. Я дужэю. Салодкая пакута на сэрцы і ўва ўсім целе.

Прыходзяць нейкія дамы-дабрадзейкі. Прыносяць гасцінцаў: яблычка, цукерачку, Евангелле. Не, дайце газету! Сумна ў газетах. Дзе ты цяпер, дарагая батарэя? Дзе вы, мілыя таварышы? Не тут, не тут, не з гэтымі дамамі-дабрадзейкамі і сястрыцамі мая душа, а там, там, у акопах. I мімаволі выступаюць слёзы. Трэба схавацца з гэтымі слязьмі. Тут, паміж гэтых ваяўніча настроеных жыхароў тылу, ніхто не можа ўявіць сабе, што перажывае батарэя. Яны пытаюцца і пытаюцца, як там нашым бедненькім салдацікам у акопах, але брыдка гаварыць з імі пра гэта. Адчапіцеся, адчапіцеся!

З дому пішуць: трывожацца, тата хоча прыехаць у шпіталь, Стахван даўно не падае вестак аб сабе, як яго забралі і многіх забралі, многіх, многіх, рады, што аперацыя мінулася, чакаюць дамоў, на каляды... Ых!

Тэмпература дагэтуль скача. Доктар клапатліва і нездаволена аглядае кожны дзень. Нешта не так зрабілі? Асколку ў назе не знайшлі, а дзе ж ён мог падзецца? Не вылез жа сам?

Я капрызны, дрэнны хворы, але што ж я вінаваты, калі гэткі час ляжу плазам і на 19-ты дзень па аперацыі ледзьва-ледзьва магу крануць нагою?

А гэтыя страшныя мукі на перавязках, калі мне ў жывым мясе працягваюць дрэнажныя трубачкі... Ых!

 

* * *

 

Палата невялікая, і ўсе ў ёй цяжкараненыя. Якраз супроць мяне —

Саксан, цяжкаранены салдат — немец з Саратаўскае губерні. Саксан усіх ненавідзіць і пасцелю сабе слаць дазваляе толькі няні ці той сястрыцы, што пісала лісты да яго родных пад яго дыктоўку. I што яму перасцілаць, і што яму падкладаць паветраныя пузыры, калі ў яго пролежань на пролежні і гніе ў яго мяса, дух цяжкі, аж дыханне сцінае, і толькі падскуранымі ўпырскваннямі, морфіем трымаецца чалавек... Ён памрэ. I ўжо перасталі шкадаваць яму морфію і даюць, абы ён маўчаў.

А ён часта не маўчыць, і як прыйдуць да яго, ён крычыць:

— Уцякайце ад мяне, а то як схаплю стул, дык усіх вас біць пачну...

Паміраў ён начою ў канцы лістападу. Гукнуў няню. I яна прыйшла.

— Што вам? — пытаецца, а сама баіцца, бачыць, што мітусяцца ў яго вочы.

— Прашчай! — хрыпла і няласкава шэпча Саксан. — Я папрашчацца гукнуў... — і падае няні руку з адных касцей.

— Не трэба рукі, — хрыпла шэпча і няня, а сама баіцца ўзяць. — Што вы выдумалі, вы яшчэ будзеце жыць.

— Не, не мані... — і дастае з-пад падушкі два срэбраныя рублі.

— Не трэба мне... Нашто вы мне даіцё?!

— Не дуры, няня... бяры. Дай піць...

— Ну, схаваю, але аддам, як устанеце на ногі, — і падае вады. Налівае з графіна, і графін барабаніць аб шклянку, трасуцца яе рукі.

Я гляджу і думаю: «I нашто яно гэта? I што ж гэта такое? Жыў чалавек — і памірае. Проста ўсё. I няма нічога вышэйшага... I вечная загадка... А я вось папраўляюся, буду яшчэ жыць». I сорамна мне. I чую: хляхоча вада ў Саксанавым горле, — памірае. Ы!

 

* * *

 

I так дзень па дні...

Прыходзіць няня, пачынае гаманіць. А на ложку, дзе быў Саксан, цяпер ляжыць хворы на грудзі, надоечы прывезлі з аўстрыйскага фронту.

Няня спамінае Саксана, спамінае два рублі, што даў ёй перад смерцю.

— Як даў, скора і памёр. А перад тым сабака на вуліцы выў. Саксан ведаў, што памрэ. Бывала, прынясуць яму падушачкі дыхаць, дык ён як кінець: «Што вы мне даіцё іх? Усё роўна я памру...» Усе яго дужа жалавалі. I ўсе сёстры дужа плакалі... У старога доктара рука цяжкая, — паніжаным голасам прызнаецца няня. — Пасля яго апярацыі то найболей паміраюць. А ў чорнага рука лягчэйшая.

— Мяне рэзаў чорны, а чаму ж няма папраўкі?

Няня смяецца.

— Цераз месяц скакаць на ігрышчы будзеце. Уся ваша хвароба ад думак. Меней думайце.

Потым уздыхае:

— Усяк бывае... Я тут ужо многа чаго нагледзелася. Адзін надоечы на вуліцы памёр, як разгружалі з вагонаў. Другога прыняслі да нас, пажыў мінуты тры, папрасіўся на басон і на басоне сканаў. Я басон дзяржала, — аж страх... Адзін во тут, побач з вашым ложкам, ляжаў. Рука ў яго. Як прысталі, як прысталі: у вас будзе антонаў агонь, ніяк няможна, мы вам адрэжам. I ўмовілі. Памёр пад нажом.

Прыходзіць сястра і далікатна высылае гаманлівую няню з нашай палаты ў «лёгкую».

 

I так ідзе дзень за днём, ноч за ночай. Нага сагнута дугою, і я ўсё яшчэ не магу ёю крануць без страшэннага болю.

Пісаць забараняюць, дый рукі не слухаюць.

Прыязджаў з батарэі і быў у мяне падпрапаршчык С. Камандуе цяпер капітан Смірноў. Вечная памяць нашаму слаўнаму камандзіру-герою.

Па загаду капітана Смірнова ўсе мае запісы мне з батарэі высланы. Дзякуй яму. Прывёз падпрапаршчык С.

С. мне з радасцю і шчыра пахваліўся, што заходзіў да жонкі аднаго свайго прыяцеля, таксама падпрапаршчыка, які цяпер на вайне. Яна дужа добра прыняла яго, частавала, гарбатаю паіла, прасіла, каб болей казаў пра мужа, пра вайну — і з вялікае ласкі запрасіла яго начаваць у яе і спала з ім, усё гамонячы.

— Слаўная жанчына! На рэдкасць! — казаў С.

I мне гэта не было прыкра і нават падабалася.

Кожную ноч сняцца сны, што я ў батарэі, што нас абстрэльваюць, канец, канец... Тра-та тах! — над галавою. Кідаюся ў акопчык. Чую: па спіне, па назе сыплюцца палючыя, дробненькія ўдары куль. «Раніла! Ці не ў жывот? Можа, я ўжо паміраю?..» I прачынаюся ў страсе.

 

Смяротная нуда... Сястра спыталася ў мяне, ці хачу я вярнуцца на пазіцыю. Ад гэтых разумных сёстраў жыцця няма. Здаецца, у газетах, праклятая, піша. Ваяўніча настроена... Ну, ідзі сама, ваюй.

А ў другой палаце гаманлівая няня распусціла язык аб некім: «Памрэць... Няма што гаварыць. У гарачую ваду доктар пасадзіў».

 

Суседу майму сёння рабілі аперацыю: адрэзалі руку. Усю ноч не даваў спаць, а перад тым ляжаў цэлы дзень як мёртвы. А цяпер: «Братцы!.. За родзіну!.. Асцярожна!.. Кінем ранцы!.. Камандзір палка... братцы!..»

I калі ён крычыць, мне сніцца: страшны грукат ад разрыву снарадаў. Кулі сыплюцца ў нагу, як іголкамі хто коле...

Потым сніў хворую маму. Прачнуўшыся, не мог стрымаць слёз.

Дзесяткі раз сняцца белыя гнілыя яйцы, зялёныя дулькі, чырвона-чорныя сліўкі. Рана яшчэ гнаіцца.

Ездзіў з сястрыцаю ў рэнтгенаўскі кабінет. Свежае марознае паветра ахмяліла мяне.

Людзі бягуць і едуць па вуліцы, там дзесь пяюць, іграюць, спраўляюць каляды. Цяжка тут уявіць батарэйнае жыццё.

Мой аўчынны кажушок такі брудны і, галоўнае, страшна смярдзючы.

Мяне адпускаюць дамоў! Далоў нуду! Хай красуе жыццё!

Не... нудна. Рана не гоіцца, асколак сядзіць у назе, а я мушу сядзець у шпіталі... Будзь проклята, вайна!

 

* * *

 

Пяты месяц вайны. Людскі статак не паспеў яшчэ ацверазець ад патрыятычнага чаду, і шыкарныя N-скія фабрыканціхі і самавітыя купчыхі навыперадкі бавяцца ў дабрадзейнасць. Частуюць «бедных салдацікаў» гасцінцамі з сваіх уласных фабрык і пытаюцца ў іх аб вайне. З асабліваю прыемнасцю слухаюць пераказы аб штыкавых баях. Малапісьменным і бязрукім пішуць лісты. З далікатнаю на выгляд пакораю адукаванага чалавека спісваюць яны салдацкімі паклонамі ажно чатыры старонкі...

Ціха і супакойна ў палатах перад самым вечарам, — такім часам, калі з мутнага зімовага надвор'я паўзе ўжо скрозь падвойныя рамы нявідны сумны змрок.

Раненыя спяць або ляжаць бязмоўна ў думах. Прыгожая пустэча ахінае чалавека.

Але паляць электрычнасць, і знікае панурая цямнота, і ў светласці ажываюць гукі. У зале — галасы, і нават смех, і размова аб калядных падарунках.

Зялёная пахучая хвойка ад самага рання стаіць у зале, ды яе не прыбіраюць, бо яна не ёсць дазволена, хоць і не ёсць забаронена нейкім цыркулярам духоўнага ведамства, як звычай, пераняты ад немцаў.

Сёстры бегаюць з кісетамі, падобнымі да тых, што ў іх носяць мужыкі табаку і прылады курыць: крэсіва, смолку і трут. Кісеты сцягнуты шнуркамі, у іх уторкнуты невялічкія хваёвыя лапкі, і бакі вабліва распіраюцца.

Як толькі я выкалдыбаў на сваіх трох скрыпучых кастылях з палаты ў залу, дык і мне сястрычка Пудра паднесла кісецік. I я браў яго, аглядаючы фальшыва-безуважна, а з праўдзіваю цікавасцю да таго, што ў ім ёсць, і дзякаваў для прылікі.

Пакруціўшыся ў зале, я незабавам закульгаў у сваю блізу пустую пасля апошняй эвакуацыі палату. I сеў сабе на сваё ложка, хоць і балела троху нага, калі сядзеў. I адчыніў кісет. Наверсе ляжала кніжачка запісваць, а ніжэй — яблык, салодкія асушачкі, цукеркі і арэхі.

Як заядлы смакунец, зараз узяўся есці. Еў-еў, і ўсё карцела есці. I думаў: «У мяне такая благая натура, што як бачу ля сябе салодкае, дык ніяк не ўцерплю, пакуль не з'ем усяго чыста».

I так праходзіў той дурны святочны вечар: у пустых размовах і ў паяданні салодкага і запіванні вадою.

А потым балеў жывот. I я аддаўся сумным разважанням, што не кожны можа дастаць сёння кісет такі, як гэты, што на пазіцыях сцюдзёна, што край наш бедны, край наш цёмны — хвойнік, мох ды верасок, што ў гэту проклятую нешчаслівую гадзіну заліт ён скрозь слязьмі, спавіт галечай, абязвечан, абяздолен.

Я думаў аб сваіх братах-сялянах.

— Што вы гэтак засмуціліся? — спыталася сястрыца Пудра, і той жа час пачырванела, і ў дол утупіла свае вочкі, абпушаныя стральчастымі расніцамі. Яна сентыментальная і часта чырванее, і часта абпраўляе сваю белую намітачку, і, мусіць, хоча замуж.

— Не кожны можа дастаць сёння кісет, а на пазіцыях сцюдзёна, — адказаў я і зморшчыўся і скорчыўся ад болю ў жываце.

— Так... вайна, вайна... жах, — уздыхала і сястрыца Пудра, а я няўважна слухаў, бо ўсё чакаў і думаў, калі ўжо яна выйдзе з гэтае палаты ў якую другую, а я таксама выйду за патрэбай, каб перастаў балець жывот.

А сястрыца Пудра прыхінулася на ўскрайчык майго ложка, паглядзела на мяне смяшлівенька-прычэпліва, гуляючы са мною вочкамі, і паважна заўважыла:

— Вы павінны цяпер запісаць у гэтай кніжачцы фаміліі ўсіх нашых сёсцер.

— Ведаеце, кніжачка такая элеганцкая, што неяк шкода яе пэцкаць...— бухнуў, не падумаўшы, ці можна так казаць.

Сястра пакрыўдзілася дужа. I пайшла. А ў мяне і ў думцы не было яе крыўдзіць. Было прыкра за мімавольнае прастацкае слова. «А... сказаў, дык і сказаў!» Укрыўся коўдраю, падцягнуў пад саменькі жывот здаровую нагу, адвярнуўся ад святла і сцішыўся.

Выхадзіць — не хацелася ўжо турбавацца, пастанавіў, што боль і так пяройдзе, за ноч бруха памякчэе.

На тым і задрамаў, падумаўшы толькі: «А ўсё ж я дужа яшчэ хворы».

 

— Казак! На вайне быў? Кураціну еў?

У вялікую палату, дзе месцяцца здаравейшыя, хадзячыя, любяць усе схадзіцца з розных палат. Там часта бывае бяседа. Кожны стараецца пераказаць якую-небудзь забаўную гісторыю ці пасмяшыць усю кампанію якім-небудзь жартам. Там жа ляжыць адзін дужа тыповы служака, унтэр-афіцэр з трыма Георгіеўскімі крыжамі, якія заўсёды прышпільвае на халат, і ходзіць і ляжыць у халаце ад самае раніцы да познага вечара, аж пакуль раздзявацца нанач. У яго бравы салдацкі выгляд, валасы на галаве каротка абстрыжаныя і спераду стаяць вожыкам, а бялявыя вусы — старанна падкручаныя, быццам шыльцы. Як і ўсе такія салдаты, герой, між іншым, выстаўляецца перад другімі пехацінцамі сяброўствам з артылерыстамі і сваёй вольнасцю з казакамі.

Калі ў наш шпіталь прывезлі маладога панурага казака, віхрастага бландына з адсечанымі пальцамі на правай руцэ, і калі ён пачаў пасля аперацыі хадзіць у вялікую палату гуляць у шашкі, герой заўсёды, як толькі пакажацца ў дзвярах даўгая віхрастая постаць і перад ёю абкручаная белым рука на падвязцы, голасна і тэатральна крычыць яму:

— Казак! На вайне быў? Кураціну еў?

Казак — маўклівы, пануры дзяцюк, і гэтая акалічнасць трохі асаджвае героя назад на ложка. Аднак, усеўшыся як мае быць для даўжэйшае размовы і паправіўшы адной рукой халат свой і крыжы (другая па локаць адрэзана), ён пачынае столькі гаварыць, што паспявае і за сябе і за казака. Розных гісторый для бяседы назбіраў ён за час вайсковага жыцця вялікі запас. Праўда, некаторыя, што найболей яму даспадобы, пераказаў у гэтым шпіталі па колькі ўжо разоў, але ўмее, калі хоча, пацешыць грамаду, сплясці заўсёды што-што і новае.

— Казак! На вайне быў? Кураціну еў?

З тых слоў пачынае герой сваю размову і тады, калі ў гісторыі фігуруюць казакі.

Слухачы цясней падходзяць да паведача, асабліва апалчэнцы і наогул усякія «маладыя», «шэрыя» і «шляпы», з пачцівасцю глядзяць на героя, а ён, накруціўшы цэлаю рукою свае бялявенькія шыльцы і па-забіяцку крутнуўшы ўгору галавою, кажа сваёю маскоўскаю скорагаворкаю:

— Я бумажки в оба кармана... Казак тоже... «Много ли?» — грыт... Сочли: у меня 870, у него тоже... рублей 900.

Быўшы родам з-пад Масквы, чалавек гэты страшэнна брыдка лаецца, або, як кажуць салдаты, «мацярыцца».

— Лоўка! Вось гэта лоўка! — пачціва і радасна хваляць яго з грамады, а ўся салдацкая грамада ў такі момант вельмі рагоча.

— Але чаго ж вы к пану прычапіліся? — чуецца тым часам у канцы ціхі голас.

Панам маскаль кліча паляка і беларуса, а тут, у пераказе, ім быў нейкі крамнік у глухім польскім мясцечку.

— Прычапіліся чаго? — паўтарае пытанне з іроніяй у голасе апавядальнік.

— Ах ты, шляпа! — ласкава, для красамоўства лаіць, павярнуўшыся, таго, хто ў яго аб гэтым запытаўся.

— Вядома, шляпа! — ізноў вялікім рогатам стараецца пасведчыць грамада хворых і раненых салдатаў, што ўсе яны, апроч таго аднаго, не «шляпы». I троху сцішыўшыся, не падбіраючы рассыпаных шашак, ізноў з пільнасцю глядзяць усе на рот і на бліскучыя, два белых, адзін жоўценькі, крыжы.

— Мы і не думалі чапіцца: пан прычапіўся сам да нас! — павялічыўшы іронію, з большай прыемнасцю пераказвае ранейшае герой. — Нас, знацца, сабралося траёх: два казакі і я. Зайшлі ў краму к пану, набралі ўсяго чыста, чаго толькі хацелі: папярос, асушкаў, шакаладу. «Ты не плаці, бо ён за ўсіх заплаціць», — гаворыць мне адзін казак на другога таварыша. А той спачатку ля дзвярэй стаяў, на вуліцу глядзеў. «Добра!» — думаю сабе ды ўсё піхаю ў клумак, абы ўлезла. Падышоў, кінуў той казак на прылавак колькі там капеек... Вось тады наш пан завыў!

— Казак! На вайне быў? Кураціну еў? — з вудаллю пытаецца ён ізноў у панурага казака, калі падбіраецца да фіналу гісторыі.

А той маўчыць, толькі для ветласці ківае прыхільна галавою.

— Пан наш вые, халяруе! А вось адзін казак як схопіць з похвы шаблю, як замахнецца, — прыпёр пана да сценкі. «Молчать!» — грит... Заняло ў пана духі. Тады яны ўсё ў мех, у мех, у мех. Адзін сабе на плечы, — айда ў сотню. А гэты, што застаўся, як схопіць лом у рукі, як бухне, братка мой, па грашавой касе, аж пыл, аж дым, куды там! Разбілася каса. «Не зявай........!» — крычыць мне мой казак. Палічылі: у мяне 870, у яго таксама рублёў 900. Чуем, нехта ідзе. Кінулі, бяжым на вуліцу. Га! — бягуць нам на падмогу... Чорт вас дзяры, лупіце, а з нас даволі! Ціхім трактам — далей, далей... Дагнаў я сваю часць. А цераз колькі дзён, слава ці, госпадзі, мяне і раніла ў нагу, першы раз. Лячыўся ў Багародску, выпісаў у шпіталь жану. Пераначавала, грошы аддаў: едзь сабе, галубка, з богам!..

— Лоўка, вось гэта лоўка!

— Як каму ручыць...

Усе рагочуць.

 

* * *

 

А таму хвораму на грудзі, што прывезлі з аўстрыйскага фронту, болей выпадае ляжаць у больніцы для псіхічна-хворых, чым тут, у нас. Ляжыць ён на Саксанавым месцы.

Наша палата празвала яго Рускім, бо ён, калі яго забірае хвароба, крычыць шмат разоў бесперастанку:

— Я рускі! Я рускі! Рускі, рускі!..

На выгляд гэта ёсць даволі здаровы мужчына. Ён сярэдняга росту, добрага складу, шыракаплечы, і грудзі ў яго звычайныя. На твары ніякай хваравітасці не відаць, — пэўна ж, калі ўважаць на тое, што чалавек прыехаў не з гасцей, а з акопаў. I толькі ў вачах гаротніка ё штосьці такое, што выдае і цяжкую хваробу, і муку, і безнадзейнасць. Вочы ў яго праваліліся, зрабіліся маленькімі. Галоўнае ж, яны страшэнна змарнаваныя, нейкія змятыя, сцёртыя. Трэба прыгледзіцца да іх, і тады відаць у іх боль.

Дзіўная гісторыя выйшла з гэтым нешчаслівым чалавекам.

З пэўнасцю можна сказаць, што да вайны ці, лепей кажучы, да мабілізацыі — Рускі быў звычайным земляробам Магілёўскае губерні: быў здаровы, але крышку павольны; здольны ад прыроды, але цёмны, грубы. Апрануты па-салдацку, ён нічым не змяніўся, толькі прытарнаваўся да свайго новага жыцця.

I на пазіцыі, у часе доўгага і спакойнага стаяння ў зацішку малаважнага фронту, болей за другіх сваіх таварышаў любіў Рускі туляцца па пустых, кінутых сялянскіх дварах і поркацца там, шукаючы пажытку.

Увечары, першым змрокам, ішоў ён цягацца па зрытых акопамі палях, знаходзіў пустое бульбянішча — капаўся там сваёю маленькаю пехацінскаю лапатачкаю дзеля якога дзесятку непадабраных гаспадаром і свіннямі бульбін. Хаця яму за гэта дакаралі, не кідаў свайго блукання ў цёмным полі, і тая памаўзлівасць згубіла яго.

Аднойчы Рускі, няўпрыцям для самога сябе, забрыў лішне далёка ў бок аўстрыяцкіх пазіцый, за сваю перадавую старожу, і так забавіўся, шукаючы пажытку, што было ўжо зусім цёмна.

Троху спалоханы, асцярожна плёўся ён назад, заткнуўшы лапатачку за пояс і маючы ў адной руцэ кацялок з накапанаю бульбаю, а ў другой — стрэльбу на ўсякую неспадзяванку.

Толькі ўзняўся ён на нейкі невялічкі ўзгорачак, як знянацку ашаламеў: перад ім стаяў аўстрыяк... Абодва разам прыселі да зямлі: Рускі прысеў ад страху, а той, мусіць, таксама. Дзеелася адзін момант, а здалося дужа доўга.

Аўстрыяк тады першы кажа:

— Руськый! Я маю горілку...

— Я табе нічога не зраблю! — адказаў Рускі зусім лагодна, і смела ўстаў і пайшоў да яго бліжэй.

Аўстрыяка таксама падняўся, разы два ступіў і падаў руку. Ворагі прывіталіся, як даўныя сябры. Потым ізноў селі, толькі ўжо побач — і стрэльбы паклалі, кожны пры сваім баку.

Хаця блізу што зусім не гаманілі, бо языкі варочаліся туга, дый мала чаго яны разумелі ў словах той таго, але так выйшла неўзабаве, што выпілі аўстрыякаву гарэлку, заелі яго падсітным хлебцам і закурылі па кручонцы з махоркі Рускага. Гарэлкі было — адно толькі званне: па чарцы, можа, ці па дзве на брата. Пілі набгом — спярша аўстрыяк, а тады Рускі. Калі зрабілі ўсё і трэба было расхадзіцца, пачулі нейкую прыкрасць. Ды аўстрыяк падбодрыўся і сказаў:

— Чы веды менэ до Русіі, чы разойдэмся.

Рускі паскроб ля вуха, як бы й запраўды разважаў, што тут рабіць. Паглядзеў, задраўшы галаву, і адказаў:

— Не, братка, ідзі сабе да сваіх.

Аўстрыяк быццам трохі, нябачна, замаркоціўся. Але падаў руку. Рускі паціснуў яе. I завярнуліся ў свае бакі.

Аўстрыяк адыходзіў шпарчэй. Рускі павалюхаў марудна і няскладна, як мядзведзь. Яго прыціснула тое, што не меў часу падумаць, як гэта што было. Ён хапаўся ўцяміць, ці ўсё добра ён рабіў. I раптам бліснула яму ў галаве, і ён, каб не спазніцца і каб пасля не шкадаваць, што быў варонаю, ён, ужо ступіўшы разоў дзесяць, сказаў сам сабе: «Э, што ж я за ваяка». I не сказаў, толькі бліснула яму так у галаве... Павярнуўся, злажыўся стрэльбаю і без дум паціснуў пальцам:

— Тах!

Гул быў глухі і невялікі. Аўстрыяк спачатку зарыўся носам і бразнуў бляшанаю пляшкаю, з якой пілі гарэлку, аб сваю стрэльбу. Потым перавярнуўся тварам дагары — і вельмі жалосна і з працягам застагнаў.

Калі Рускі падбег і нахіліўся над яго чубатаю шапачкаю і даўна падстрыганымі вусамі, дык у цямноце мала чаго ўбачыў, але пачуў, як ён яшчэ дадаў, гаворачы быццам аб нейкім трэцім:

— Шчо ж цій москаль наробыв... Зостанэцьца моя жынка й діты...

Безнадзейная крыўда чулася ад яго; апошнія словы ледзь выдыхнуў, бо ўжо канаў. Раскінуў рукі і ногі. Рускаму здалося, што смяротная пялёнка, як у той курыцы, засцілае яго жаўтавыя бялкі.

— А колькі ж іх маеш? — з апалым сэрцам спытаўся Рускі і мімаволі, выглядаючы сабе падмацаванне, агледзеўся наўкол, у ночным змроку.

— Ді-ты...

Забіты яшчэ раз пацягнуўся, замкнуў паволі вочы і быў гатоў.

Рускі перахрысціўся над мёртвым і палез у яго кішэню ў штанах. Выцягнуў адтуль пакамечаны ад доўгага часу і замаслены ліст у канверце. Болей нічога не было, і ён расчаравана ці нездаволена падраў яго на колькі частак. Абдумаўшыся, падняў іх з зямлі, каб пасля скурыць. I зноў кінуў. Аж рукі трохі дрыжэлі, і было брыдка, што так блазнуе, быццам не ворага забіў, а якога свайго. Смялей памацаў у яго за пазухаю, ува ўсіх кішэнях і ў шапцы і зноў нічога добрага не знайшоў. Аглядаючы яго боты, ці варта здзіраць, глянуў незнарок у цямноту ночы, спалохаўся... Схапіў кацялок з бульбаю ў адну руку, дзве стрэльбы за раменне — у другую і пусціўся бегчы што ёсць духу, да сваіх.

У роце яму не далі веры, што забіў аўстрыяка, і думалі, што прост у полі дзе знайшоў гэтую аўстрыяцкую стрэльбу. Але, праўда, была яна нядаўна ношаная, «цёплая» і пачышчаная. Можа, і забіў?

Толькі чалавек з таго часу перамяніўся. Быў дужа маркотны, кінуў брадзіць па дварах і бульбоўніках, упадабаў ляжаць на зямлі з раскіненымі нагамі і рукамі... Урэшце зазябіў сабе грудзі, і яго адправілі з пазіцый і прывезлі спярша ў нейкі паўднёвы горад, а потым у наш шпіталь, глыбей у тыл.

Тут не ведаюць, як яго разумець. Доктар Гэрмэер, немец з Дзвінску, якога мы ўсе не любім, лічыць Рускага за прыкідаку, іначай не заве, як «сімулянтам», і нават у вочы яму кажа:

— Ты, прахвост, прыкідаешся! Ты ўсё гэта выдумаў! Падлечым табе грудзі і ўсё роўна паедзеш ізноў на фронт.

Другі доктар, старшы, на прозвішча Квяткоўскі, а родам, як кажуць, з-пад Баранавіч, старанна лечыць яму грудзі рознымі ўдыханнямі і паветранымі ваннамі, а на яго нервы зважае мала і быццам не чуе, калі таго пачынае забіраць хвароба:

— Я рускі! Я рускі! Рускі, рускі!..

— Ну-ну-ну, гэта не столь важна, — гаворыць старшы доктар Рускаму, пераходзячы да другіх хворых і раненых.

«Не столь важна! Не вельмі важна, гм!» — думаю сабе я.

Я на свае вушы чуў ад Рускага аб тым, як ён забіў беднага аўстрыяка, і спярша таксама не паверыў: ці мала хітрых бестый бывае паміж салдат. Аднак, я на свае вочы бачыў, у першую ж яго ноч у нашым шпіталі, як ён горка плакаў і жаліўся, што яму ўсё нешта здаецца. Няшчасны, нягледзячы на бром і падскурнае ўпырсківанне, заліваўся слязьмі так шчыра і жалосна і так доўга, што ніяк не можна было яму не верыць...

 

Пабыўка

 

Дробны снег марудна сыплецца, а я стаю ля пуні і гляджу на снег і на ўсё ў задуме.

Яшчэ і месяца няма, як вярнуўся дамоў, і вось ізноў такое звычайнае, нуднае жыццё, як быццам не было ані тых акопаў, ані той аперацыі. Ізноў нудна і нецікава...

Прахапіўся ад задумы, агледзеўся пад белым снегавым смуткам і паціху пайшоў на вуліцу.

Благі вецер з убогім скогатам ціснецца скрозь шчэлкі ў надворных будынках. Ціхім мычэннем жаляцца каровы, цягаючы сувалку з тых шчэлак. I болей — ніякіх гукаў. Бесперастанку круцяцца дробныя сняжынкі ў памутнеўшым ад вечару паветры. З-за рогу хаты прэцца гусцейшая замятуха.

Няма чаго рабіць і няма куды ісці... «Ну што? Ну куды?» Узыходжу назад на падворак. Ля павеці ўзяў сякеру, пакруціў у руках і паклаў назад. Буян раптам падхапіўся з належанага месца на санях, заківаў хвастом і з буйнаю ласкаю скакнўў на грудзі.

— А, ццябе ваўкі!

З усяго маху даў яму выспяткам пад бруха. Бедны сабака заекатаў каротка і сціх. Гледзячы на яго, зрабілася сорамна, але не хацеў паддавацца.

— А, ццябе ваўкі... Усцешыўся!

З сенцаў паказалася маці, прыстоіла ў дзвярах, гукнула:

— Ча ты ўсё на сцюжы калееш? А ішоў бы ў хату пагрэўся.

— А што табе? Прыйду...

I здалося, што і яна паглядзела такімі ж скрыўджанымі вачмі, як Буян. I яна зараз маўкліва схавалася за дзвярмі.

Пайду да Самусёвых, дзе зазвычай гуляюць у карты і так збіраюцца пасядзець.

Па дарозе разганяю сваю прыкрую злосць, але ніякай цвёрдасці не маю. Думаю, што злосць такая таму, што маці стаіць уваччу пакорная і няшчасная, а люблю яе, і шкода, што яна ў такіх растоптаных, калматых лапцях.

I так трэба жыць усё жыццё, і мучыцца — няведама на што...

У Самусёвых плавае шызы дым ад махоркі. У застоллі, у жупанах і хто ў шапцы, сядзіць колькі чалавек гульцоў, заняўшыся картамі, а на палу і на лаўках — за грэбнямі бабы. Па нячыстай, зашумечанай зямлі, у холадзе, поўзае галаногі, саплівы, замурзаны хлопчык і бавіцца сваімі цацкамі-паленнямі.

— Рэдка, рэдка залучаеш да нас, галубок! — вітае з-за печку вечна добрая і супакойная Самусіха.

— Хоць бы зманіў нам што пра вайну, — ласкава пажартаваў і Самусь, запрашаючы бліжэй да столу.

— А то і не ведаем, як там нашы хлопчыкі ваююцца з проклятым германцам.

— Што ж я вам скажу: вайна, ну і вайна... — стараюся быць ласкавым і звычайным. Прыхінуўся к лаўцы — і не маю ніякай ахвоты гаманіць пра тое, што так далёка засталося ад мяне, як бы і не было ў памяці зусім.

— Ці праўда гэта, кажуць, што яны вочы нашым выкалваюць? — нібы безуважна, але з пахаванаю трывогаю па мужу, пытаецца Самусёва нявестка, хоць яе мужык і не на фронце яшчэ, а стаіць дзесь у Сібіры.

— Сам не бачыў, а бывае ўсяго.

— Так.

— Ат, мала што плятуць бабы! — адгукаецца за картамі Панаська Арцямёнкаў, што заўсёды цэлае лета служыць дзе-небудзь падпаскам ці батраком, прыходзячы да бацькі толькі перад калядамі. I дзіўна мне, калі ён паспеў так вырасці, што і гаворыць ужо як вялікі.

— Пажджы, пажджы, Панаська! — ківае старою галавою Самусіха. — Пажджы... казалі, што і на цябе рыхтуе пісар абротку.

— Дык што? Нячым я тут буду лаіцца штодня з братаваю ды бульбу есці нішчымную... Гы! Там два разы на дні ялавічыны салдатам даюць.

Сказаў дзёрзка і адважна, ды неяк пачулася ў голасе, быццам збянтэжыўся хлапец, што гэтак гаворыць.

— Пад'ясі, дзеткі... Ць! Без ялавічыны, ды на сваёй печы, то лепей, мой ты Панаська.

Але яе словы толькі болей раздражнілі яго.

— Дык што?!

I з злосцю хлэпнуў, гэткі яшчэ блазнючок, карцінай. А чые карты, Трахім Цішчанок, бурчыць на яго:

— Ну, ты не дужа... не сваімі...

— Дык што?! Гаршы не будзе... Праваліся яна тут наскрозьдоння, свая печ!

 

* * *

 

Нецікава ў Самусёвых. Выходжу на вуліцу... Зімовая ціша, замятуха, завеяныя, маўклівыя, з замёрзлымі малымі акенцамі хаткі... Непрытульнасць і нуда... А-ах!

I тады ўздумаў на тых, што там, на пазіцыі, засталіся яшчэ, калі я паехаў, і вось цяпер, у гэты самы момант, сядзяць у сцюдзёных ямах, чакаючы з нецярплівасцю то раніцы, то вечара, то калі прыедзе кухня, то калі прывязуць хлеба. Шкода іх, шкода... Бедныя, любыя!

Але з самага споду душы вылязае тое, што мучыць тут, удаму. Так, думкі іхныя лятуць у гэты момант сюды, пад родныя стрэхі, на сваю цёплую печ, да гэтых шчаслівых ціхамірных дзён, дзе есць святло і цяпло ў хаце. Лятуць з поля смерці, з тых сцюдзёных ям, з бясконцага няшчасця дзён. Лятуць... Яны там цяпер толькі і думаюць аб гэтым, болей ні аб чым...

Ну, дык жа і няхай сядзяць, няхай калеюць... Няхай, няхай!..

Зайшоў на двор, узяў пад павеццю рэзгіны і пайшоў на гумно.

Адтуль, з-пад варот, кінуліся ўгору галубцы. Але, падбегшы, убачыў, што на таку іх некалькі засталося. Вулькаюць, тапыраць ад холаду пер'ікі, перавальваюцца на чырвоненькіх, шызенькіх лапках, дзяўбуць зярняткі, убітыя цапамі ў ток.

Ціханька прасунуўся на ток, узяў ля стараны адну мятлу і другую — і заткнуў дзіркі пад варотамі. Тады падняў лапату, схаваўся за саху і свіснуў на іх раптам з усяе сілы, аж задрыжэў.

Пур! пур! пур! — як людзі перад страхам, замяталіся, пакінулі найлепшую яду і ў смяротнай тузе кінуліся пад вароты, біліся крылкамі, каб вылецець.

Шубнуў лапатаю ў самы груд — і ўбачыў аднаго з паломаным, абвіслым крылкам. Схапіў яго і сударжна сціснуў у руцэ. Адчуў, як б'ецца сэрца і ў галуба і ў самога.

Размахнуўся і з дзікім імпэтам трахнуў яго аб саху галоўкаю, як толькі ножкі яму тут не адарваліся. I брыдліва кінуў, як напханую апілкамі і пакромсаную дзяціную ляльку.

А тады зірнуў на апаскуджаную такім учынкам руку і пайшоў накладаць ношку.

Узяўся за вілкі — рабіць струшанку. Рухава і высока падкідаў салому і сена, чуў нейкую лёгкасць на сэрцы, і запяяў паціху, а што далей, то дужэй:

А ты, скрыпка, іграй шыбка,

А ты, дудка, іграй жудка...

 

Эх, перавозы ціхае маладосці мае!

Гэтую песню пяюць у нас карагодам, пяюць прыгожа, і я заўсёды любіў яе. Цяпер пяяў не ўсю, а толькі гэтую зваротку, і не столькі зваротку, колькі прыпеў, што можна цягнуць яго як хочаш доўга і як хочаш у сэрцы.

Эх, перавозы ціхае маладосці мае!

Зрабіў струшанку, узваліў рэзгіны на плечы, замкнуў гумно і здаволены паплёўся з ношкаю дамоў.

Ноч, зімовая, цёмная, даўгая ноч спаўзае на зямлю. Цішэе надвор'е. Замятуха перастала, і паваліў вялікім і густым хлопам снег. Усё пабялела і пачысцела.

I ў пуні, калі клаў сена пад драбінкі, а конь замінаў сваёю вялікаю конскаю галавою, з прагавітасцю і смакам хапаючы сена з рук, — не ўзлаваўся на яго. Абшчапіў тую галаву за гладкія санкі і прытуліўся да шыі.

— Канёк мой! Гнядзенькі мой! Усё добра будзе!

А конь хрумстаў сена і трос вушмі.

 

Калі прыйшоў у хату, святла яшчэ не запалілі. Сам узяўся за лямпу і стаў шукаць серчыкі.

— Ніколі ў вас нічога не знойдзеш на сваім месцы.

— Яны, здаецца, над чалеснікам ляжалі, — бароніцца сваім сварліва-пакутным голасам нявестка.

— А ты, калі ведаеш дзе, дык узяла б ды сама запаліла... Шкло во хоць бы трошку пачысціла.

— Ці яго начысцішся...

— Каб ты хоць раз яго чысціла.

I мне шкода і прыкра... Яна тужыць па Стахвану, а я з ёю няласкавы і грубы.

Лямпа асвятліла скнарым святлом хату.

Стол наш высокі і дрэнны, абы-як пакрыты нячыстым абрусом. Зэдлік ківаецца на няроўных ножках. На акне, дзе пабіта шыба, змякла скомканая старая кохта. На лаўках валяюцца крошкі ад хлеба, дробнае рыззё і ўсякае шумецце. На падлозе насмечана і наліта, валяюцца кійкі, стружкі, дзяціныя цацкі і брудныя ашмёткі, — як дзеці гулялі, так і засталося, На палу — склычаныя і незасланыя пасцелі, А ўздоўж сцяны там усякая адзежа грудам, — навалена, як трапілася. Над дзвярмі, на калках, пара хамутоў, каб раменныя гужы на дварэ не замярзалі і не псаваліся; і вісячыя канцы заўсёды б'юць па шапцы на парозе, як быццам хто наўмысля іх адкідае. Ад дзяцінае люлькі і з печы, дзе сушацца абмочаныя сеннікі, цягне цяжкім смуродным духам. Цэбар з памыйкамі, кадушка з лугам, абвязаная маміным фартухом і абсыпаная залою і попелам, ночвы з мукою і свіны жолаб з мякінаю, зялёны, ніколі не чышчаны самавар з пагнутым бокам і без ручкі, глёк з дзёгцем, пляшкі з красінам, рэшата ў муцэ, атопак з канцом аборыны... а наліта, не сцёрта... Прусы абгрызлі на сцяне газеціну, прылепленую мякішкам, вылезлі і шаволяць вусамі, бегаюць!..

Як гэта ўсё далёка ад таго, ад той культурнасці, якую бачыў я ў сялянскіх хатах ува Усходняй Прусіі.

I як кожны вечар, і цяпер мама дастае гаршкі з печы, а тата ўнёс сабе вады ў карцы з сянец і, набраўшы ў рот, лье з роту на рукі, мые перад вячэраю. Нявестка корміць на запечку малога, схіліўшыся абвіслымі голымі грудзьмі, а большыя дзеці скрыпаюць на печы, усадзіўшы лучынінку ў шчэлку ў бэльцы. Забава! I я некалі так забаўляўся...

— Выганьце ж Буяна вон...—кажа мама, калі тата садзіцца за стол.

Буян круціўся ля столу, а цяпер хаваецца пад стол.

— Пашэў вэн! — вякнула з запечку нявестка.

— Хлебам яго паманіце, — параіў я на злосць.

— Во, яшчэ хлеба яму даваць, — лагодна пярэчыць мама, хапае чапялу, падсунула яе пад стол і забарабаніла Буяну пад мордаю. А той там сядзіць і вухам не вядзе.

— Пусці-тка ты, во я яму! — борздзенька выхапіў тата чапялу з яе рук. I грозна закрычаў: — Пашэў вэн! Каб ты здох! Во я табе!

Буян яўкнуў ад чапялы, як даў яму тата па баку, з сабачым упудам праскочыў па-над лаўкаю да зачыненых дзвярэй і аж запішчэў, паглядаючы на клямку і назад.

Тады тата трошачку прыадчыняе дзверы і так грукае па яго задку чапялою, што бедны Буян раве і кумільгам коціцца на двор.

— Ты заб'еш яго так, — кажа мама на татаву злосць.

— А глядзець на яго? Спатворылі сабаку, а цяпер шкадуеце, — дрыжача адказвае тата і стараецца супакоіцца, бо аж трасуцца ў яго рукі.

Селі вячэраць.

Усе ядзім з аднае міскі драўлянымі лыжкамі. Тата, укусіўшы хлеба, збірае кусанікам і крошачкі на стале (прыціскае кусанік да стальніцы) і падстаўляе пад лыжку, каб не капала на стол. Дзяцём далёка даставаць, дык яны дужа разліваюць, льюць сабе на грудзі, абліваюцца... Брыдка глядзець, як у дзяўчынкі паўзуць саплі, а яна скрозь увесь час чмыхае носам і наводмах сморгае пад ім рукавом кашулёнкі. Яна пялёскаецца ў місцы, выбірае з капусты лепшы грыб. Выцягнула адзін, пакаштавала яго на зубах, пашчупала пальцамі і плёхнула назад у міску.

Трах! — стукнула ёй матка лыжкаю ў лоб...

— Ты ж еш, калі выцягнула, паскуда!

Дзяўчынка захлібнулася, завыла і паціснулася пад стол.

— Ніяк без гвалту не абойдзецца, — кажу скрозь зубы, і зараз пашкадаваў, што сказаў, бо яна пасля гэтага загала сіла яшчэ дужэй.

Тады нявестка ўзлавалася, што дачка не сціхае, выйшла з застолля, кінула дзіцёнка ў люльку так, што і той заплакаў, схапіла атопак з аборынаю, выцягнула яе з-пад лаўкі за ручку і больна секанула канцом аборыны, і ўзняўся звычайны для кожнага абедання і вячэрання плач і крык.

— Сціхнеш ты ці не?! — крычыць нявестка.

— У-у-у! — румзае малая і ніяк не сціхае.

Тады матка бярэцца ізноў біць яе.

— Ну дос ужо, дос! — ратуе, нарэшце, унучку баба, калі бачыць, што кары ўжо досыць.— Хадзі ж ка ты ка мне, мая ж ты любенькая! Хадзі ж ты ка мне, мая худзенькая румзачка! Не плач жа, не плач, а то матка ізноў будзе біць... Цыц!

— Не бярыце яе, на боскую міласць! Гэтак чыста паспатворым дзяцей...— з блізкімі слязьмі крычыць нявестка.

— А ўжо ж... я вінавата: я паспатворыла... — I ў голасе мамы досыць прыкрасці.

Так пачынаецца сварка.

— Калі ішоў на вайну, хай бы з сабою браў, як мне тутацька... ні разачку... спакою няма...

I нявестка заплакала. Спачатку ўсё ў хаце прыціхла, толькі яна плакала. Але яна потым скляла дзяцей:

— Каб ужо хоць пагібель на іх ад мае галавы...

— Цыц! — узвышае тады голас тата. — Што ты дзяцей клянеш? Яны чым вінаваты?

— А праваліся ён і паёк разам з імі, як за яго мяне грызуць а грызуць.

На дзяцей выдаюць ад казны паёк, па рублю, два і тры рублі ў месяц, але грошы нявестка не аддае ў гаспадарку, і ў гэтым хаваецца прычына сварак.

— Хто цябе грызець і за што? Ці мы сабакі якія, га?

Нічога не адказвае нявестка на татавы словы, каб сваімі моўчкамі яшчэ болей усім дапячы; узяла дзіцёнка, захліпала слязней і палезла на запечак, не еўшы крупені.

«Так і заўсёды, так і заўсёды, — разважаю я, сёрбаючы пракіслую ўжо крупеню з бобам. — Дзе ж тут скажаш, каб прыбіралі ў хаце...»

— Я не буду жыць удаму... Я паеду служыць у горад... — неспадзявана для сябе нават самога кажу я, не паднімаючы вачэй, ціха і цвёрда.

— А ча табе ехаць? Ай заскучаў па гарадской жысці? — адгукаецца тата вінаватым, але наўмысля спакойным голасам, як бы нічога асаблівага не было. — Ну, ча табе ехаць? Месяцу яшчэ з намі не пабыў, не адпачыў пасля раны... Што ж, перагародку рабі ў хаце, як казаў... Хто без цябе зробіць? Мы так, як тыя свінні, увесь век у балоце жыць будзем. А ты ж свету пабачыў, табе чысцей хочацца...

— Згары яна! — само сабою выскачыла з вялікаю злосцю. — I праўда, жывём па-свінячаму. Да нас запрасіць нікога няможна, бо сорамна за нашы парадкі.

— Хваліць бога, дагэтуль людзі не абходзілі, а жывём па дастатках, — пакрыўдзіўся і тата. Памаўчаўшы і голасна сёрбаючы крупеню з самага ўжо дна, ён дадае: — Мы, сынок, не паны і не жыды, каб кожнаму пад нос талерачку падстаўляць... Мы і з аднае міскі дастанем, абы даваў бог што даставаць...

— А на хваробу мы гадуем дзвюх кароў, калі абедзве ялаўкі, як падлы, — крычу я мімаволі. — Дзяцём малака няма!

— А для пагною, сынок! — з наўмыснаю пакораю і цвёрдасцю адказвае тата. — А што ялаўкі — бык летась трапіўся маладзенькі зусім...

 

Потым моляцца нанач богу і кладуцца спаць.

Тата з размахам ксціцца, і кланяецца, і шэпча то дужэй, то цішэй. Мама горача дробненька мармыча, але ўсё бегаючы, бо і памаліцца не мае часу. Яна прыпыняецца толькі, каб пераксціцца, а то — сцірае з лаўкі, прыстаўляе к ёй зэдлік, як мурашка, валачэ сяннік рабіць мне пасцелю. Нявестка, супакоеная той парою, ксціць на палу дзяцей, згарнуўшы дробную ручку ў сваю руку.

— Забарані, божухна, тату на вайне...

— Забалані, бозухна, татку на вайне, — паўторвае хлопчык і пытаецца: — А ці далёка, мамацка, вайна?

— Маліся, а не пытайся... Усё табе ведаць, малому... Прасі во бога, каб нашы кароўкі малочныя былі.

А мая, мая пытаецца ў мяне здалёк і далікатна:

— Мусіць, ты і ўчора не маліўшыся лёг? Надта ж неспакойна спаў, мармытаў, зюкаў, стагнаў...

Мне ж не хочацца нават гаварыць. Яны мяне з такою радасцю чакалі, а не прынёс я ім весялосці ў хату. Так, мала смеху ў нашай хаце. I я ў тым нямала вінават... Няхай сабе!

Моўчкі спамінаю свой учорашні сон. Мне так ясна, так выразна снілася ўчора, што я на пазіцыі, што немцы наступаюць... Шрапнелі рвуцца над нашаю хатаю, тут, у нашай вёсцы, і я прытуліўся да надворнае сценкі, ля якое сплю, і чую, як шрапнель над комінам: тра-ах! Кулі па страсе, па вуліцы: пук! пук! пук! I ля саменькае спіны, і во ў спіну, аж горача, горача... Хачу ўцякаць, — нага мёртвая, не скрануць, ніяк не магу ісці... I думаю: як мне жыць такому, з такою нагою?

 

Нехта барабаніць у акно:

— Адчыніце!

— А во...— узнімае галаву тата. — Хто там? — падыходзіць ён да акна.

— Я... ці ж не пазналі?

— Ці не Сцяпанька? — спрасонку крычыць мама.

— Ну, што ты йта?! – родненька-родненька і ласкава адгукаецца нявестка.

I ўва ўсіх няпэўна-радасная, сумна-трывожная надзея, нават у мяне: «Ці не Сцяпанька (старэйшы брат) нейкім дзівам трапіў з вайны ўдвору?» Аж халадзее пад сэрцам.

Ды не: голас сватаў, нявесткінага дзядзькі.

Тата адчыняе і варочаецца з ім разам. Мама паліць святло.

— У воласці быў. Мімаездам завярнуў. Нейкая паперына табе, сваток... — падае мне з за пазухі пакет.

Я ўжо мімаволі баюся ўсякіх паперын. Неспакойна рву пакет, лаўлю вачмі літары...

— Ну? Што там? Што ж нічога не кажаш?

— Гэта... ад воінскага начальніка, — адказваю няроўным голасам. — Дзеля нечага гукаюць на тую сераду. Можа, па білет...

Усяе праўды не кажу ім адразу. Там напісана, што выйшаў новы закон і ўсе белабілетнікі павінны з'явіцца на доктарскі перагляд.

«Возьмуць ізноў», — пячэ мне пад сэрцам.

— А лістоў, дзядзька, няма? — нібы зусім роўным і спакойным голасам пытаецца нявестка. I раптам хліпае, не стрымаўшыся.

— Не... Пытаўся... Няма... — вінавата адказвае сваёй асірацелай пляменніцы сват і хлопае вачыма. — Не дзіва: цяпер жа так прападаюць лісты ў дарозе, стараецца дадаць ён весялей і рупіцца хутчэй дамоў.

— Нешта не піша наш Стахван, — уздыхае тата.

А мама не кажа ні слова. Маўчыць мама...

 

* * *

 

I сват пайшоў, і лямпу даўно ізноў патушылі, і ўсе заснулі, спяць, а я не магу заснуць. Колькі разоў брахалі сабакі за садам ля гумна і па дварах, пяялі пеўні, цурбоніла пад пол з-пад малога Васілька, пляменніка майго. Думаў я, што будуць яго, беднага, заўтра біць за тую бяду. I думаў аб сваім жыцці. Уздумаў, як сам быў малы, і часта здавалася тады, што дужа мне цяжка на гэтым свеце, а не ведаў, а не ведаў, што тое гора дзяцінае будзе шчасцем здавацца цяпер.

«Заб'юць цяпер... I к ліху новае жыццё... Ну і чорт яго бяры, такое жыццё, — не шкода...»

Але нейкі ком падкаціўся, і заныла ўсё.

I так пераходамі думалася то лепшае, то горшае. А ўсё наогул — нядобра, прыкра, цяжка...

 

Ліст

 

Дарагі наш таварыш Лявон Задума!

Пішам мы табе, твае баявыя батарэйныя таварышы, з пазіцыі, з Усходняй Прусіі, што мы, дзякуй богу, жывы і здаровы, чаго і табе жадаем, добрага здароўя і ўсякага поспеху ў справах тваіх.

I паведамляем мы табе, дарагі таварыш, што махорачку і паперу атрымалі, і не так дораг гасцінец, як дорага памяць, што не забыўся там на нас, як мы пакутуем за матушку Расею і за ўсё на свеце. Шчыра дзякуем Андрэю Мікалаічу Сухому і ўсім тым грамадзянам, яго і тваім знаёмым, што склаліся нам на махорачку, каб весялей нам тут было. Пасылаем ім усім наш нізкі паклон, ад ясных вачэй да сырой зямлі.

Таксама і табе, наш баявы таварыш Лявон Задума, пасылаем свой нізкі паклон і прывет, і радуемся, што застаўся ты пры назе, а не адрэзалі, і што на пабыўку дамоў пусцілі. Гуляй, весяліся там, пакуль можна пагуляць, а калі забяруць ізноў і пашлюць на фронт, ад чаго няхай цябе бог бароніць, дык старайся ўсё ж ткі, каб ізноў трапіць у сваю родную батарэю, бо могуць паслаць у другую часць.

Яшчэ кланяецца вам ваш добры знаёмы, старшы батарэйны фельчар Сямён Сямёнавіч Лябёдкін, і вашы добрыя знаёмыя, батарэйныя санітары Абрам Фельдман і Мі рон Лабкоў і жадаюць вам добрага здароўя і ўсяго найлепшага.

Яшчэ кланяецца вам старшы тэлефаніст Пашын і ўся каманда тэлефаністаў і выведчыкаў, а таксама ўсе батарэйцы, якія вас помняць і не забываюць.

А што вы пытаецеся пра вашага дарагога таварыша Гіршу Беленькага, дык усім нам цяжка на сэрцы, пішучы, што ў апошнім баі пагінуў наш слаўны таварыш і Георгіеўскі кавалер 1-й і 2-й сцепені Гірша Беленькі геройскай смерцю, калі пад смертаносным агнём хадзіў злучаць перабіты провад.

А брат старшага тэлефаніста Лапцева пісаў цяперашняму старшаму тэлефаністу Пашыну з родзіны, з Кастрамской губерні, што памёр Лапцеў у шпіталі ў Маскве на аперацыі.

Яшчэ забілі ў нас яго благародзіе прапаршчыка Вільгельма Георгіевіча Валка, хай будзе яму вечная памяць за добрае сэрца і справядлівасць да ніжніх чыноў.

Яшчэ забілі ездавога ад тэлефоннае двухколкі Яхімчыка і яшчэ некаторых менш знаёмых вам людзей з батарэйнай прыслугі. А то найбольш было параненых, і шмат каго параніла цяжка, так што старых батарэйцаў цяпер засталося ў батарэі мала, хоць некаторыя ўжо павярнуліся ізноў, але найбольш цяпер новыя людзі, якіх вы не ведаеце. Батарэяй камандуе яго высокаблагародзіе, нядаўна праізведзены ў падпалкоўнікі Антон Антонавіч Смірноў, камандзір баявы і чалавек да ніжняга чына, можна сказаць, справядлівы.

Яшчэ на батарэі цяпер капітан Дыямантаў, што быў раней у абозе. А таксама прыехаў нядаўна з камандзіроўкі паручнік Пупскі, ужо праізведзены за выслугу гадоў у штабс-капітаны. I ні ў чым ён не змяніўся, так што самі ведаеце... (Напісанае далей — густа замазана.) Усіх павысілі ў чыне і далі нагароду. Толькі штабс-капітан Дамброўскі застаўся ў сваім чыне, часта хварэе і знаходзіцца цяпер, можна сказаць, увесь час у штабе брыгады. Таксама там і падпаручнік Кульгацкі, ад'ютантам, даўно ўжо. А паручнік Іваноў захварэў і лечыцца ў Вільні.

Жонка нябожчыка камандзіра батарэі прыслала ўсім нам гасцінцаў на каляды і кожнаму батарэйцу фатаграфічную картачку нябожчыка камандзіра, вечная яму памяць. Таксама прыслаў на батарэю пуд махоркі бацька нябожчыка падпаручніка Сізовага.

Скалазубага падпрапаршчыка Смірновага разжалавалі ў феерверкеры за продаж казённага дабра і перавялі ў другую батарэю. Фельдфебель Хітруноў быў ранены ў плячо і цяпер знаходзіцца ў абозе. Таксама там і Шалапутаў, простым ездавым, хоць і юнкер, і дзе ён быў увесь час, невядома, а нядаўна аб'явіўся ў абозе.

I ты пытаешся, баявы наш таварыш Лявон Задума, ці былі яшчэ баі і якія змены і навіны. Так што баі былі вялікія, а якія змены і навіны, дык мы табе збольшага апісалі. У тым баі, калі ты быў ранены, кінулі мы дзве разбітыя гарматы, а шэсць, даў бог, вывезлі і начою адступілі назад у горы. А цяпер ізноў стаім на яго зямлі і спадзяёмся тут перазімаваць.

Яшчэ раз нізка кланяемся і жадаем здароўя і поспеху ў справах і каб добра пагуляў і паправіўся.

Застаёмся твае баявыя таварышы, курым махорачку і ўспамінаем цябе.

За ўсіх пісаў ваш пакорны слуга, старшы фельчар 2-й батарэі N-скай артылерыйскай брыгады, Георгіеўскі кавалер Сямён Сямёнавіч Лябёдкін.

 


1914-1915; 1919-1920; 1925-1926; 1928

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: http://www.rv-blr.com/demo/all_glava/412