epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Бессаромны Трубкін

 

 

Я вярнуўся з горада і сядзеў на ганку, слухаючы вечаровы пошум хвой, якія падступалі пад самыя сцены дачных дамочкаў.

— А да цябе тут сабачка прыходзіў,— раптам пачуўся голас.

Ён стаяў, упёршы рукі ў бокі, і пазіраў мне ў твар. Кароценькія портачкі з шлейкаю цераз плячо не маглі схаваць свежых струпоў на пазбіваных каленях. Не лепей было і з локцямі, я прыкмеціў гэта, калі ён падняў руку, каб засланіцца ад сонца.

Хлопчык быў чорнагаловы і зусім дробненькі. Загар прыстаў да яго цельца, тугога і зграбнага, так густа, як быццам карычневая скура асмуглела не на ветры, а закурылася дзе-небудзь у смалярні і яшчэ пахне хвойным дымком. З вуснаў малога не сыходзіла ўсмешка, гэта рабіла раток яго крыху шыракаватым, але не брыдзіла аблічча. Бо яшчэ ж усміхаліся два радкі снежных зубоў, такіх сляпуча белых, нібыта хапіў ён маладога сняжку з галіны і не стуляе губ, каб не растаў; усміхаліся з-пад доўгіх веек буйныя цёплыя чарніцы, і ўсё гэта — усмешка не ўсмешка, ззянне не ззянне — ператварала маленькую постаць, у камячок святла.

— Сабачка доўга чакаў, ён такі харошанькі,— зноў абазваўся хлопчык.

— Чаму ж ты яго не папрасіў застацца?

— Яму надакучыла. Ён павіляў хвастом і пабег. Туды.

Хлопчык крутнуўся і паказаў рукою на лес. На нейкі момант, калі я не бачыў яго ўсмешкі, на дварэ, здавалася, паменшала святла, як быццам набег пералётны воблак. Але ён зноў павярнуўся да мяне тварыкам, і ўсё засвяцілася па-ранейшаму.

— Не смуціся, ён вернецца,— суцешыў мяне хлопчык.— Я казаў, што ты сёння прыедзеш.

«Харошанькі сабачка», што так прыпаў да вока майму суразмоўніку, быў, відаць, не хто іншы, як вядомы ўсяму нашаму пасёлку Дазор, рудавата-белы дварняк з нявыліняўшай поўсцю, валацуга без пэўных заняткаў і сталага месца пражывання. Сабака, як прыдумалі вострыя языкі, працаваў у некалькіх дварах на паўстаўкі. Строга пільнуючыся чаргі, ён прыходзіў раніцаю пад чые-небудзь дзверы і падаваў голас: я — ваш вартаўнік, самі разумееце, што трэба рабіць. Ежаю ён не грэбаваў, з’ядаў, колькі б чаго ні вынеслі. Пасля клаўся каля ганка — адрабляць харчы: гаўкаў на ўсіх прахожых, у тым ліку і на тых, хто карміў яго напярэдадні. Праз гадзіну Дазор знікаў, і хрыплаваты брэх паказваў, што ён пачаў варту на другім участку.

— Як зваць яго, таго сабачку? — запытаў я, каб праверыць сваю здагадку.

— Не ведаю. Я з ім зусім нядаўна пазнаёміўся. Гэта мяне Сіма пазнаёміла.

— А цябе як зваць? — пацікавіўся я.

Малы пераступіў з нагі на нагу і падаў мне руку:

— Трубкін.

— Добра, будзем знаёмы. Што ж, таварыш Трубкін, цябе і дома так клічуць?

Трубкін пырснуў у кулачок.

— Таварыш — мне яшчэ ніхто не гаварыў. Дома я — Лізавецік.

Цяпер давялося пасміхнуцца мне.

— Не, Трубкін, тут нешта не тое. Лізавецік... Можа ты дзяўчынка?

— І не думаў быць плаксам. Мая мама, праўда, дзяўчынка. Тата так на яе і кажа: дзяўчынка, Лізаветка. А на мяне — Лізавецік.

— Гэта значыць — Лізавецін сынок?

Трубкін здзівіўся:

— Адкуль ты ведаеш? Гэтак мой тата выдумаў. Але на вуліцы я павінен гаварыць на сябе — Трубкін. Калі згублюся, каб ведалі, да каго завесці.

— А як зараз будзем лічыць — ты згубіўся?

— Відаць, згубіўся, калі ласка.

— Вось як... Выходзіць, цябе трэба весці дамоў?

— Выходзіць, калі ласка.— Хлопчык апусціў галаву.— Я пачакаў бы яшчэ таго сабачку,— з нясмелай надзеяй прамовіў ён,— але хочацца, калі ласка, хлеба.

Я пасадзіў яго за столік на верандзе, накроіў батона і наліў яму і сабе малака.

— Поўны? — Трубкін зірнуў на кубак.— Многа. Дзецям трэба наліваць тры чвэрткі.

— Нічога, не з’ясі, дык хай застаецца.

— Ты нейкі дзівак.— Трубкін паціснуў плячамі.— Застанецца, а потым што, выліваць? Малака ж ніхто дарам не дае.

Бесклапотны ўзрост і тым больш адкрытая ўсмешка майго госця ніяк не пасавалі да гэтага занадта практычнага тону. Некаторы час мы елі моўчкі.

— А чаму ты не намазваеш хлеб варэннем? — спытаў ён, адпіваючы глыток малака.

— Хочаш?

— Хачу, калі ласка.

Я дастаў слоік журавін і ўзяўся за кансервавы нож.

— Што ты! Не пачынай! — рашуча запярэчыў Трубкін.— Хай на зіму будзе. Ды гэта куплёнае, а на дачы трэба есці сваё. Бо нашто ж тая дача!

Я запрапанаваў хлопчыку замену, сподак свежых суніц.

— Ты, мусіць, не ўмееш нічога рабіць у запас,— пашкадаваў ён.

— Не,— шчыра прызнаўся я.

— Вось і мой тата такі. А дзед і бабка — абое ўмеюць. І сырых ягад мы не ядзім. Шкодна. Цяпер нам бабка дае тое, што ў прамінулым-замінулым годзе варылі. Тады, кажа, леташнія слоікі пачнём.

Тым часам з поўным кубкам малака і шкоднымі сырымі ягадамі было пакончана.

Трубкін падзякаваў і сказаў:

— Трэба, калі ласка, памыць рукі.

Я спахапіўся і папрасіў прабачэння, што мы не зрабілі гэта перад ядою.

Старанна намыльваючы чорныя лапкі, Трубкін раіў:

— І ты заўсёды так рабі. Пасля абеду — пальцы тлустыя, плямы застаюцца, штаноў не накупляешся.

Пра дом ён забыўся, і мы пачалі перагортваць часопіс з каляровымі малюнкамі.

— I я мог бы, калі ласка, памаляваць.— Ён паглядзеў на мяне, відавочна, не жадаючы пачуць адмовы.— Мне толькі аловак, я магу і на газеце.

Вялікі аркуш паперы ў клетачку значна павысіў настрой мастака.

— На добрай паперы і малюнкі добрыя,— сказаў ён.— А ў цябе многа такой? Мусіць, заявы пішаш? Мой дзед любіць пісаць заявы. Кажа, што ёсць людзі благія і яго крыўдзяць. І ты благі?

Што адказаць, я не ведаў, і мы ўзяліся за маляванне. Хутка я высветліў, што кружок з двума трыкутнікамі ўгары і закруткам унізе трэба лічыць за мыш. Два кружкі, пастаўленыя адзін на адзін, таксама з трыкутнікамі — вушы — і загагулінай — хвост называюцца кошкай. Соль і алей пры ўсіх намаганнях ,—, нават крыху высалапіўшы язык, нікому з нас намаляваць не ўдалося. Затое я дазнаўся многа каштоўнага для абыходку ў свеце. Прасіць што-небудзь у знаёмых, а яшчэ горш у незнаёмых — брыдка. Можна маўкліва згадзіцца на прапанову з’есці цукерку і сказаць толькі «калі ласка». Маляваць, вядома, прыемна, але толку ад гэтага ніякага. Куды больш карысці прарываць маркоўку на градах і здымаць з лісцяў вусень. За гэта дзед налічвае працадні і дае за кожны авансам капейку. Манеты Трубкін кладзе ў «катка» — у яго між вушэй дзірачка. Калі ён праз два гады пойдзе ў школу, бабка адамкне скарбонку і купіць панчошкі. Тата і мама прыязджаюць толькі ў нядзелю, прывозяць прадукты і даюць дзеду грошы. Тады Трубкін не поле грады, а ідзе з бацькам на рэчку. І яшчэ дзед кажа, што добра было б на кожным рагу ўчастка навязаць па сабаку. Хай адпужваюць зайцаў, каб не аб’ядалі яблынь.

Вочы ў Трубкіна загарэліся. Чатыры сабакі каля дому, і ўсе гаўкаюць, і кожнага можна пагладзіць! Гэта яму, відавочна, падабалася.

— Але я іх усё роўна не пабачу,— уздыхнуў ён.— Зімою мы тут не жывём.

Вычарпаўшы ўсё ўмельства ў галіне малявання жывёл і дрэў, Трубкін адкінуўся на спінку крэсла і глядзеў праз акно. Я прасачыў за позіркам хлопчыка: проста ў пакой звісала галіна з белымі наліванымі яблыкамі.

— Можа пакаштуем?

— Сырыя, шкодна,— няўпэўнена прамовіў ён.

— Давай праверым, узлезь на падваконне і нарві.

— Сам? — не паверыў Трубкін.

Аднак паўтараць запрашэння не давялося. Ён, не хаваючы асалоды, рваў самыя буйныя яблыкі і перадаваў мне.

— Давай не будзем мыць! — Трубкін па-змоўніцку зірнуў на мяне.

Мы елі нямытыя яблыкі, суцяшаючы сябе тым, што ўчора быў дождж, а каб і не было, дык яны ўсё роўна чыстыя дый так смачней. Раптам Трубкін суняўся:

— А ты не будзеш выціскаць яблычны сок на зіму?

Супакоены маім адказам, Трубкін з’еў яшчэ яблык і пазяхнуў. Ён такі добра змарыўся. Бо сядзеў каля нашага ганка з паўдня, усё чакаў, ці не вернецца бадзяга Дазор. Здрадлівая Сіма, яго малая суседка, пазнаёміўшы хлопчыка з сабакам, таксама збегла, а куды ісці, Трубкін забыўся.

Вечарэла. Дзе жывуць дзед і бабка Трубкіна, я не ведаў. Прыкметы іхняй дачы мала давалі для пошукаў: акурат гэтак выглядалі амаль усе дачныя дамы. Я вагаўся, што рабіць?

— Ты, мусіць, баішся хадзіць вечарам? — прыйшоў на выручку Трубкін.— Я мог бы, калі ласка, паспаць і тут. Знойдуць! Калі я губляюся, дык дзед бяжыць у адзін канец пасёлка, а баба — у другі.

Пакідаць яго нанач мне здавалася рызыкоўным. Тым больш, што дзед і баба бегаюць дзесьці, можа шукаюць у лесе ці ў суседнім паселішчы.

— Вы не бачылі часам чорненькага хлопчыка? — пачуўся голас з вуліцы.

— Бабка! — шапнуў хлопчык, ён сціснуўся на крэсле і зрабіўся яшчэ меншы.

Мне стала шкада дзіцяці. Каб крыху падбадзёрыць яго, я спытаў з удаванай весялосцю:

— Што будзем рабіць, таварыш Трубкін! Трэба абзывацца.

Ён зірнуў на мяне. У позірку было бязгучнае асуджэнне за здраду нашым сяброўскім інтарэсам і просьба: не скажы нічога лішняга.

Хлопчык павольна падышоў да акна:

— Я тут!

Бабка аказалася таўсматай жанчынай, гадоў так за сорак пяць, з вусамі маладога Будзённага.

— А-яй! — нараспеў загаварыла яна.— Сам нічога не робіш і ў чалавека час адабраў. Дзякуй жа вам. Бессаромны ты! От згубіцца і сядзіць цэлы дзень у чужых людзей. А бабка ламі галаву, шукай. І без цябе клопату хапае!

Так прыгаворваючы, яна павяла Трубкіна на вуліцу. Каля брамкі ён памахаў рукою:

— Я мог бы і заўтра, калі ласка, табе памаляваць. Можа і сабачка прыйдзе. Я хачу яго не баяцца.

1964

 


1964

Тэкст падаецца паводле выдання: Лужанін М. Збор твораў: У 4-х т. Т. 4. Кароткія аповесці; Апавяданні; Вершы і паэмы; Роздумы і турботы. - Мінск, Мастацкая літаратура, 1981. - 623 с.
Крыніца: скан