epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Дзівадла

1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14


 

 

1

Малевіч стаяў на тралейбусным прыпынку. З вежы кутняга дома абазваўся гадзіннік. Перачакаўшы бой, стрэлка на блакітным цыферблаце падскочыла і паказала палавіну восьмай. Як на такі час, сонца шчыравала не па-вераснёваму — ранішні халадок ад камяніц ужо амаль не адчуваўся.

Малевіч адступіў пад разгалістую ліпку: не ўгадаў апрануцца! На ім былі хатняй вязкі світар і прагумаваны плашч — шэры, тканы ў рубчык, з неймавернага мацунку плашчоў. У іх ездзяць на бульбу і канчаюць інстытуты, трасуцца з грыбнымі кошыкамі на грузавіках, кідаюць пад бок, варачы юшку на прыазёрным цяпельцы, нарэшце, у прыстойным выглядзе, перадаюць сынам, і той самы цыкл паўтараецца.

Малевіч любіў моцныя рэчы; праўда, іншых яму і насіць было нельга. Маці, калі быў хлапчуком, набірала яму на адзежу «чортаву скуру» — корт, які не ведаў зносу, і шыла навырост. Але месяцы праз два, многа праз тры, у падлетка рукавы заязджалі на локці, а калошы падбіраліся да каленяў — гэтак яго гнала ў рост.

Не лягчэй было і зараз. Гатовыя чаравікі і пінжакі пры сажнёвых плячах і слановых ступнях Малевіча выглядалі недамеркамі. Атэлье і майстэрні пасавалі перад магутным заказчыкам. Калі боты пачыналі падбівацца, ём хмурнеў: зноў ідзі некуды, прасіся. Нестандартны заказ: на пашыўку ішло больш за паўтары нормы хрому і падэшвы. Адно што капылы былі свае — папрасіў у арцелі, забіраючы ўпершыню пашытыя аб нагу боты. Чаму ж не аддаць! Калі яшчэ давядзецца шыць на такую нажышчу!

Праз ласку абутнікаў у сям’і лёгка падтрымліваліся мір і раўнавага. Не дайшоўшы ў чым ладу з жонкаю, Малевіч смехам браў пад паху капылы і падаваўся ў дзверы. «Ідзі, ідзі,— чулася ўслед,— дзе ты, такая ламачына, падзенешся?» Малевіч касавурыўся ў люстра: трэльяжнае шкло не змяшчала ўсёй постаці — відзён быў адзін плячук, дый той мерыўся вылузацца з пінжака.

Абое рагаталі, хоць жарт быў са стажам, і нязгода як ціха пачыналася, так і знікала.

Малевіч лёгка насіў па зямлі сваё мажное цела. Мала хто не азіраўся на здараўца з ружовымі па-дзіцячы шчокамі і неверагодна яснымі вачыма — так і хінула загаварыць.

— І якое ў цябе, чорта, можа быць сэрца? — падсмейваліся дружбакі студэнцкіх гадоў.

— А вось...— ён камячыў пальцы ў кулак, і рука ператваралася ў попліску з булдавешкаю, як у Салаўя-разбойніка з рыначных акварэляў.

Сябры з пашанай абмацвалі кулак і заўважалі, што такім «сэрцам» смела заб’еш бугая, абы толькі паміж рагоў уцэліў.

— А прозвішча ў цябе — ні смех, ні падсмешак. Далі памылачку продкі, выбіраючы. Ну які ты Малевіч? Ты — гульня прыроды, выкапень, дзіва-дзіўнае. Словам — дзівадла...

Курсавыя лінгвісты падвялі навуковы грунт: маўляў, у чэхаў дзівадла — тэатр, месца, дзе глядзяць, дзівяцца, а ў нас — тое, на што глядзяць, з чаго дзівяцца, нешта выключнае.

 

2

...Мякка падтармазіўшы, падкаціўся тралейбус. Чарга перад Малевічам пажвавела. У самы хвост падстроілася дзяўчынка, ражкі белага хвартушка развяваліся, і гэта рабіла яе падобнай да страказы. Малая трымалася праз меру спаважна, усім сваім выглядам і спрэс новенькай формай падкрэсліваючы, што для яе нядаўна празвінеў школьны званок.

— Праходзьце! — абазваўся Малевіч, прапускаючы наперад школьніцу.

Усю саліднасць дзяўчынкі нібыта ветрам здзьмула: яна хмыкнула, затуліла рот далонькай і пырхнула ў вагон. Ёй кажуць «вы»! І такі дзядзька, перад кім яна — акурат верабей перад кіёскам з газіроўкаю.

Следам за школьніцай хацеў уціснуцца збоку невысокі чалавек з падголенымі ў чорную нітку вусікамі. Нечакана, апанаваны юнацкім гарэзніцтвам, Малевіч узяў яго за каўнер і паставіў на тратуар крокі за два ад сябе, як гэта рабіў невялікі кран каля магазіна, здымаючы з машыны кантэйнеры. Вусаценькі аслупянеў, потым падбег, ускочыў-такі ў тралейбус на хаду і тут даў волю крыку і абурэнню.

Вагон не хаваў усмешак. Бабка ў завязанай ражкамі пад бараду хусціне рэзонна тлумачыла, што такіх трэба вучыць: не паважаюць старэйшых і ўсюды ўтыкаюцца без чаргі.

Віноўнік неспадзяванага здарэння памалу падаваўся па праходзе — далей ад абражанага! Плашч, што і так ляжаў на ім у абліўку, напінаўся яшчэ больш, вось-вось, здавалася, пырснуць ва ўсе бакі гузікі. Гэта, аднак, не псавала і не абмальвала ўсяе постаці, буйнай і ў нечым зграбнай. Малевіч на добрую галаву ўзвышаўся над пасажырамі і прымушаў абыходзіць сябе з маўкліваю павагаю, а праз гэта саромеўся, памыкаўся саступіць убок першы і ўцягваў галаву, нібы хацеў зменшыцца ў памерах.

Тым часам чалавек з вусікамі пагражаў міліцыяй і заядаўся ўсё горш. Не знайшоўшы падтрымкі ў пасажыраў, ён, нарэшце, выгыркнуў: «Дзівадла нейкае!» — і сціх.

Малевіч наракаў на сябе: і ўспала ж такое насланнё! Сапраўды з’явіся міліцыя — як тут апраўдаешся? Спазніцца ж на цягнік праз гэта ён мог: тэрміновая камандзіроўка паляцела б да ўсіх чарцей.

— О, такога б нам у каманду! — да яго даляцелі прышапоткі двух падлеткаў з мячом.— Закладаў бы мячы проста ў сетку.

Малевіч зірнуў на абліччы баскетбалістаў, нібы прысыпаныя злёгку карыцай. Яны, відаць, ехалі на трэніроўку і ледзь стрымліваліся, каб не пачаць пасовак у тралейбусе.

Засмактала пад лыжачкай, як заўсёды пасля непрыемнасці, заманулася ўкусіць чаго-небудзь. Ды не зараз жа! Адсакоча цягнік першыя кіламетры, можна будзе папрасіць у правадніка чаю, а ў партфелі ёсць хлеб з маслам і белы сыр, пасыпаны кменам.

Малевіч прыпёрся бокам да спінкі крэсла, за вісячую ручку ён не браўся, на гэта была горкая навука. Тармазне знянацку вадзіцель, пасажыры валяцца адзін на аднаго і ўсе разам на Малевіча: ён стаяў, як дуб сярод буралому, вінавата паглядаў на адарваную ручку, заціснутую ў кулаку, і загадзя панурваў галаву. Паспрабуй абярыся дакораў і кпін: папсуў дзяржаўную маёмасць!

На прывакзальнай плошчы Малевіч сышоў, яго правялі позіркі хлопцаў з мячом, пасміхнулася ўслед і падобная да страказы дзяўчынка. Тралейбус рушыў далей, на момант у акне з’явілася перакошанае шклом аблічча вусаценькага. Адчулася нейкая палёгка і нават прыемнасць. «Чаму б гэта?» — здзівіўся сам сабе Малевіч. А! Той, вусаценькі, кінуў слоўца «дзівадла». Думаў абразіць, а ўсяго толькі напамянуў. Павеяла вострым скразняком маладых гадоў, нібыта нехта раптоўна адчыніў у іх дзверы наросхліст.

 

3

Малевіч ехаў у горад свае маладосці. Уласна кажучы, усведамленне гэтага чамусьці спазнілася, прыйшло толькі ў вагоне, калі ён адарваўся ад аднастайнага пояса ўздарожных ялін за акном і сеў на паліцу пад хрумсткай бялізнай. Палёгка, што была апанавала істоту, калі дыхнула свежасцю юнацтва, гэта палёгка змянілася трывогай, прадчуваннем блізкага неспакою.

Што ж можа здарыцца? У сям’і ў яго — ціхая і ясная цеплыня, калі чалавечай душы можна дужэць і расці. Сын, Мікітка, кожнага вечара на ўсе вочы чакае тату. І не паспее той павесіць кепку, як адразу ж агартаецца ў дзіцячыя турботы і забавы. Пачынае здавацца, што ў доме прыбавілася яшчэ на аднаго хлапчука, хоць і занадта вялікага, але не менш захопленага майстраваннем самакатаў ці якой-небудзь адмысловай канструкцыі ветрачка.

Сярод розруху, учыненага імі ў кватэры, лёгка плавала Надзея Паўлаўна, жонка Малевіча. Невысокая, не тоненькая ўжо, аднак і без асаблівага збыткавання ў фігуры, яна ўсмешліва паводзілася з сваімі паднагляднымі, і калі толькі паспявала нагатаваць ежы, напрасаваць чыстых кашуль, неўзаметку стаўляць на месца пазрушваныя рэчы.

Падзеі і пачуцці студэнцкіх гадоў, здавалася, даўно перагарэлі і засланіліся попелам. Але аднекуль, нібы з-за тумановай заслоны часу, спачатку ў цьмяных абрысах, а пасля ўсё выразней пачало вымалёўвацца тое, што не можа ні паўтарыцца ў жыцці, ні знікнуць.

У горадзе маладосці, зусім блізка ўжо, пэўна, за нейкаю сотняй кіламетраў, некалі засталіся ненабытыя набыткі і непапраўныя страты.

А калі так, можа і варушыць гэтага не варта.

 

4

Падымацца ў камандзіроўку яму даводзілася не вельмі часта, а ў такую ехаў упершыню. Машыны, якія здольны прыняць на сябе цэлую гару пяску ці металу, перасталі выходзіць з заводскай брамы. І хоць бы праз што людскае, а то не хапала абіўкі на сядзенні. Напамінкі па тэлефоне, нават грозныя тэлеграмы як быццам губляліся ў паветры, не даходзячы да пастаўшчыка.

— Трэба падштурхнуць. І як належыць,— сказаў дырэктар завода, пачынаючы нараду.

Перад ім сядзелі людзі, здольныя здабываць усё, нават шоўк з выхлапное трубы, дамагацца без чаргі нарадаў і вагонаў, у вокамгненне наладжваць пагрузку і выгрузку. Аднак на гэты раз выбар прыпаў ні на кога з іх, абвыклых да сваіх нялёгкіх абавязкаў.

— Давядзецца з’ездзіць вам, Усевалад Макаравіч! — Дырэктар зрабіў крок з-за стала і спыніўся каля Малевіча.— Не падважыш угаворамі,— ён перайшоў на крыху фамільярны тон,— дык выглядам націснеш. Стукні кулаком. Раз, але каб стол на трэскі. Ну, шчасліва! — паціснуў руку, пасміхнуўся:— Што, у вас у родзе ва ўсіх такія габарыты? Твае прадзеды, мусіць, не малявак лавілі і лусты сабе не абмальвалі...

Не праз выгляд, вядома, было даручана ехаць Малевічу. Хапіла б тут і проста ўвішнага забеспячэнца: справіўся б, узрадаваны з магчымасці падняцца на прыступку службовай лесвіцы, бо трапіў на ласкавейшае вока начальству. Малевіч рабіў кожную работу, спярша адшукаўшы ў ёй сэрцавінку, без чаго не магло быць патрэбнага зруху. Паказваць жа, што называецца, зробленае перад людзьмі не ўмеў дый не хацеў, не рваўся да святочных трыбун і звычайных выступленняў. Таму на нарадах, калі ўсе меркаванні вычэрпваліся, а прамоўцы выдыхаліся, дырэктар нязменна пытаў апошняй рады: «Дык як будзем рабіць?» — і глядзеў на Малевіча.

Нельга сказаць, што той адразу высмыкваў з клубка ўратоўчую нітачку, але да сутнасці патрэбы ўсё ж дабіраўся, і «што рабіць?» высвятлялася як быццам само сабою.

Заводскі аддзел працы і заработнай платы, куды трапіў Малевіч пасля інстытута, непрыкметна перайшоў на ягоныя плечы. Ён не абмяжоўваўся сваёю доляй работы, а прыхватваў і начальніцкую, дый таго-сяго з супрацоўнікаў. Неяк ужо так выходзіла — выдаваўся вольны час.

Праз паўгода Малевіч атрымаў павышэнне. Пачалі жартаваць: маўляў, чалавек не толькі на сваім месцы, а і на месцы начальніка, а таму і называецца намеснікам.

Дырэктар завода і не думаў рабіць прыемнае Малевічу, пасылаючы яго як назнарок наўздагон за маладымі гадамі. Трэба было паставіць справу на трывалы грунт, каб перабоі ў забеспячэнні не перабунтоўвалі рытму вытворчасці ў канцы квартала, карацей — папярэдзіць магчымыя цяжкасці і надалей.

Хто зробіць гэта найлепей, дырэктар ведаў. Толькі Малевіч не мог пакуль уявіць, адкуль і як пачне выконваць даручэнне. Да таго ж, ад яго ніяк не адступалася дзіўнае прадчуванне.

 

5

На станцыях, дзе спыняўся цягнік, у купэ нікога не падсадзілі, і Малевічу стала нуднавата. Адчыніў дзверы, каб мець прозірк у абодва бакі. Гэта не дадало новых краявідаў, за акном бег такі самы хмызняк з балотцамі, не знайшлося і ніводнай змаркочанай душы, прагнай зрэзацца ў шахматы,— вагонныя суседзі не ўказвалі духу.

Выйшаў у калідор і толькі сабраўся вымераць крокамі суравы нападложнік ад дзвярэй да дзвярэй, як на яго ледзь не з абдымкамі наляцеў работнік заводскага аддзела забеспячэння. Франтаваты, у доўгім віслым пінжаку з распоркамі, па прозвішчы Дзякуйчык, не надта малады, але для ўсіх чыста — Віцька.

— А я вас шукаю-шукаю, Усевалад Макаравіч! — Ён быў падвяселены.— Учора дырэкцыя ў апошнюю хвіліну вырашыла далучыць да вашай асобы і маю. Вы, так сказаць, для прадстаўніцтва, а я — для абходнага манеўру і ўсякай іншай чорнай работкі.

Дзякуйчык зарагатаў і даў сабе пстрычку па горле: які манеўр ён меў на ўвазе, не пакідала сумняванняў. Малевіч нехацькі паціснуў гарачую вялую далонь і слухаў далей.

— Ну, а калі мы разам ідзём на паляванне, дык павінны і супольна ўкусіць хлеба. Укусіць, вядома, пасля, а перш...— ён зноў зарагатаў, відаць, здаволены са свае дасціпнасці.— Згода? Пайшлі. А тое ўсё,— Дзякуйчык зрабіў змоўніцкія вочы і перайшоў на паўшэпт,— тое ўсё закапаем і пасыплем жвірам... Хоць яна — дзяўчына з перчыкам!

Сустрэча не вельмі ўзрадавала: усваталі спадарожніка, няма чаго сказаць! Ды што гэта — недавер ці які-небудзь сапраўды дыпламатычны ход? І Малевіч паспяшаўся адмовіцца, адгаварыцца галаўным болем ад кампаніі, хоць некалькі хвілін назад шукаў магчымасці распачаць гаворку, абы з людзьмі.

«Яшчэ гэтага не хапала»,— падумаў ён пра Дзякуйчыка, застаўшыся адзін. Самае непрыемнае адчулася ў тым, так таемна зробленым, напамінку.

 

6

Выпадак быў не менш недарэчны за сённяшні, на тралейбусным прыпынку. З тыдзень назад, збіраючыся пасля работы дамоў, Малевіч пачуў, быццам у апусцелым будынку хутка і ўсхвалявана гартаюцца старонкі вялікай кнігі. «Не адзін я заседзеўся!» — падумалася яму. А гук зрабіўся як бы крыху вільготны, і праз момант стала ясна, што гэта нехта плача, кароткімі рыўкамі цягнучы ў сябе паветра.

Малевіч штурхануў дзверы ў планавы аддзел і адразу ж пацягнуў іх назад: насупраць уваходу, над сталом з непрыбранымі папкамі, уздрыгвалі ад узрыдаў жаночыя плечы. Пайсці, даць чалавеку супакоіцца самому? А можа няшчасце? І Малевіч ступіў у пакой.

Ад папер прыўзняліся светлыя вочы ў крыху падпухшых павеках. Марына, зусім дзеўчанё! Яна заўсёды сустракала Малевіча ўсмешкай, а зараз толькі зірнула і зноў панурылася. Слёзы не цяклі і не ліліся, а выскоквалі з-пад павек адна за адною, быццам хтосьці вылузваў са струкоў гарошыны і пстрыкаў іх пальцамі ў паветра.

— А на вуліцы сонца,— не ведаючы чаму, пачаў Малевіч і дадаў ужо зусім недарэчы: — Папырскаў быў дожджык, ды зноў суха...

Светлыя гарошыны перасталі выкочвацца, і Марына цераз сілу паспрабавала пасміхнуцца.

— Ну чаго, чаго вы? Ніколі такіх зарумзаных не бачылі?

— Я, уласна кажучы, і не гляджу...

— Дык ішлі б сабе...

Малевіч не пакрыўдзіўся: чалавек ведае, што яму лепей, хай выплачацца адна. У калідоры з насценгазеты паўгадавой даўнасці пазіраў слон з яго, Малевіча, абліччам; абвешаны падшыўкамі папер і арыфмометрамі, ён дабрадушліва пісаў хобатам: «І нестолькі павалаку!»

Малевіч спыніўся каля газетнага шчыта.

Ён не ведаў, што было ў абед. Марына забегла ў суседні пакой перасміхнуцца са сваёю сімпатыяй, Дзякуйчыкам. Віцька трымаў перад вачыма два білеты і адразу ж згроб іх у шуфляду. Размова не склеілася, Марына вярнулася да сябе ўстурбаваная, але з патайнай надзеяй: ёй хочуць зрабіць нечаканку, запросяць у кіно ці на канцэрт пазней. Але Віцька Дзякуйчык знік задоўга да канца работы і больш не паказваўся.

Марына падышла да шчыта з газетаю, дзе стаяў Малевіч. Слядоў засмучэння на твары было амаль не знаць, дзяўчына паспела зазірнуць у люстэрка і прабегчыся па твары пухоўкай.

— Шчасліва заставацца!

— Заставацца, нашто? Я скончыў работу і плакаць не збіраюся...

Ён схамянуўся, але позна. Дзяўчына падціснула губу і была памкнулася ў дзверы, але збянтэжанасць Малевіча нечым развесяліла яе.

— Доўга мне чакаць? — Марына падхапіла яго пад руку.— Я жыву...— Яна назвала завулак на супрацьлеглым баку горада.— Там увечары цёмна і страшна. Ну вось, калі вы такі чулы і спагадлівы, пойдзеце са мной да трамвая. А потым — да нашай брамы...

 

На трамвайную лінію выходзілі цераз лапіну зялёнага, дзе паміж рэдкіх соснаў раслі чаромха і арэшнік,— нядаўна гэтае месца было ўскраінай лесу. Але наўкруга з’явілася агароджа з жоўтай керамікі, у ёй прарабілі ўваходы, нараскідалі там-сям блёклай памалёўкі будачак з акенцамі, адкуль голасна перагаворваліся між сабой прадаўшчыцы газет, вады, папярос,— і лес стаў называцца паркам.

Марына і Малевіч прайшліся па бакавой алеі, з’елі марожанага, дасталі з напаўзаплыўшага ручая каліва незабудкі і падышлі да каруселі. Дурыцца, дык дурыцца! — глянулі адно на аднаго і асядлалі драўляных конікаў з наравіста выгнутымі шыямі.

Дзеці, што стаялі навокал, дружна закрычалі:

— Гулівер паехаў!

— Які з яго Гулівер! — лабаты хлапчук тузануў за рукаў свайго сябра.— Сціхні! Гулівер — гэта як наш тата: страшэнна многа есць і здаравенна за вуха закручвае.

Паляпаўшы сваіх «коней» па маляванай грыве, Малевіч і Марына зноў абышлі парк. Калі сцежка павяла іх да выхаду, быццам па змове, павярнулі назад. Малевіч не спяшаўся адвітвацца, адчуўшы праз удаванае свавольства і развязнасць, як моцна дзяўчыне не хочацца заставацца адной. А Марыне чамусьці ўявілася, нібыта воля гэтага дужага чалавека паддаецца хісткай і нетрывалай волі яе, Марынчынай. Яна выдумляла і загадвала, ён слухаў і выконваў, як гэта робяць дарослыя, дагаджаючы хвораму дзіцёнку. Пачалася гульня, не сумысная, не знарочыстая гульня ў весялосць,— проста чалавек дапамагаў чалавеку.

Нарэшце, ногі самі павялі іх уздоўж трамвайных рэек. Ішлі ад аднаго прыпынку да другога, абяцаючы самі сабе, што з наступнага абавязкова паедуць. Так, крыху прытомленыя, прыблукалі ў пасёлак суседняга завода. Сярод неонавых рэклам і шыльдаў ружавела назва кінатэатра.

Марына спахмурнела. Гульня ў весялосць, якую так міла падтрымлівае гэты слаўны чалавек, канчаецца. Тым часам літары над уваходам у кіно змянялі адценні, нібы падражніваліся, напаміналі. Заўчора яна была тут. І Віцька сядзеў поруч...

Усе дзяўчыніны смуткі з незразумелай дакладнасцю перадаліся Малевічу. Не пытаючы згоды, рынуўся да касы.

Неўзабаве Марына адчула сябе здаволенай і нават адпомшчанай. У фае, за старым галінастым фікусам, сядзелі Дзякуйчык і Марфа Пятроўна, супрацоўніца з іхняга аддзела кадраў. Упраўленцкія дзяўчаты падсмейваліся: абедзвюма рукамі трымае за хвост кожны адыходзячы дзень. Валасы ў яе з сіва-зелянцовых сталі агніста-каштанавымі, а лупленыя, нібы апараныя, шчокі набылі надзейную грунтоўку і роўны колер дасягненняў сучаснай парфюмерыі. Марфа Пятроўна нядаўна выдала замуж дачку і зараз сама хадзіла ў нявестах. У пасаг разам з нязменна гарачым сэрцам і зморшчанай, у сінія жылкі рукою дакляравалася кааператыўная кватэра.

Убачыўшы Марыну, Дзякуйчык, няйначай, удавіўся недаказаным словам і знік у курылцы. Марфа Пятроўна ані не збянтэжылася і завяла з хрыпатцой заігранай пласцінкі:

— І вы тут, Марынка? Разбіваеце сям’ю? — яна глянула на Малевіча.— Ну, ну, жартую... Гэты Віцька... пацягнуў мяне ў кіно і вось запэўняе, што сэрца шукае другое сэрца ўсё жыццё... Смех...

У голасе дрыжала нотка доўгай адзіноты: і не верылася ў запэўненні, і вельмі хацелася паверыць.

— Як бы вы адказалі, Марынка? — яна змушана пасміхнулася.— Вы, праўда, да яго нічога не маеце?

Марына не магла падняць вачэй. Малевіч зірнуў спадылба на лапатуху і адмануўся, што пойдзе пазваніць.

Не шукаючы ніякіх аўтаматаў, рвануў дзверы ў курыльны пакой; Дзякуйчык, у самым парозе, прыпальваў папяросу ад яшчэ не дакуранай. •

— Шпэнт! — кінуў яму Малевіч і паўтарыў: — Шпэнт! — дзіўнае, невядома адкуль узнікшае слова, якога не толькі ніколі не гаварыў, нават і не чуў. Але, здаецца, і нельга было іначай, абразлівей сказаць на гэтага чалавека са слядамі штучнай завіўкі ў валасах.

— Што ты плёў гэтай...— Малевіч стараўся саўладаць з сабою, каб не ляпнуць чаго-небудзь крыўднага...

— А што можна сказаць, калі кошка фарбуецца пад коцік?

Малевіч глыбока дыхнуў і падціснуў сківіцу.

— Ды разумееш ты, што яна замуж ішла, калі ты ў пялюшках вякаў? Памаўчы. І Марыну за квартал абыходзь...

Віцька Дзякуйчык зноў выціснуў з сябе ўсмешачку:

— Аб чым гук? Хочаш сам забіць мядзведзя?

Малевіч стаў да яго ўсутыч.

— Ну, ну,— нібы адпіхаючыся, замахаў рукамі Віцька.— Выбачай, але ўсе яны адным здорам мазаны...

Далі другі сігнал. Прытрымаўшы плюшавую парцьеру, Малевіч правёў Марыну ў залу. Марфа Пятроўна заставалася ў фае, пакуль не згасла апошняя лямпачка: спадарожніка не было — мусіць, выслізнуў на вуліцу за людскімі плячыма.

— Жанчына, што ж вы? — папярэдзіла білецёрша.

Марфа Пятроўна села на першае незанятае месца, прыціснула да гарачых шчок хустачку ды так і не падняла вачэй да канца сеансу.

На экране, як на тое, раскручвалася слязлівая гісторыя пра ашуканую. Марына самым сапраўдным чынам узрушылася і штохвіліны хапала Малевіча за руку. Абцяжаная перажытым галоўка хілілася пашукаць прытулку на плячы, каб не сядзеў ён каменна-нерухома, нібы валун, выпадкам укінуты ў рыплівае крэселка ўскраіннага кіно.

...Ужо каля свайго дома Марына пасміхнулася:

— Ну вось, цяпер ідзіце. Выдумляйце жонцы: канчаў тэрміновую работу, сустрэў старога таварыша...

— А я скажу, як было.

— Усё-ўсё? — яна ледзь не запляскала ў ладкі.— І пра кіно, і што дзяўчыну дамоў праводзілі?

Малевіч кіўнуў галавою. Марына глядзела, сілячыся зразумець, якога чалавека паслаў ёй лёс разважыць гаркоту.

— А што, калі я закамандую яшчэ раз? — Не чакаючы адказу, казала далей: — Нагніце галаву. Ніжэй, яшчэ ніжэй... А то... я не дастану.

Дзяўчына даткнулася губамі да ягонай шчакі і шапнула:

— Дзівадла!

 

7

Цягнік прыйшоў надвечар. Малевіч заспяшаўся з вакзала, каб не ўвязаўся Віцька, а то, чаго добрага, і ў адзін нумар трапіш. Усё абышлося. Ён закінуў у гасцініцу свой нецяжкі партфель — шукаць каго-небудзь на фабрыцы ўжо не мела сэнсу.

Выйшаў на плошчу і сумеўся: куды ісці? Як найлепей сустрэцца з горадам пасля такой доўгай разлукі?

Колькі ні хадзіў, ніводнай вуліцы так і не пазнаў. Ні Лермантаўскай, што тройчы гарэла ў грамадзянскую і не зусім паднялася з прыску апошняй вайны, ні Палявой, дзе некалі, будучы студэнтам, кватараваў у сваякоў. Палавіну былой ускраіны пад назвай Акравак, дзе было ўлюбёнае месца купання моладзі, займала свежая агароджа з дошак. «Завод»,— не без задавальнення растлумачыў сустрэчны. Завод, аднак, яшчэ не будаваўся: катлаваны чакалі падмуркаў. Малевіч успомніў: сапраўды, сюды выязджалі яго знаёмыя, праекціроўшчыкі,— у калгасах наўкол горада добра раслі буракі, і цукровы завод стаяў у ліку першачарговых будоўляў.

На самым змярканні прыблукаўся ў гарадскі сад. Больш за ўсё тут было яблынь; старыя і не так даўно пасаджаныя, яны не маглі схаваць пад лісцем ёмкіх наліваных антонавак.

Малевіч сеў на лаўку...

...Няўжо гэта ніколі не вернецца! Першы пушок над губою, прагныя на сонца вочы, дзёрзкія парыванні ў палёты і ў падарожжы!.. Вячорныя праходкі пад брамкаю ў першай і таму самай лепшай на свеце. Цераз платы звешваюцца душныя галіны бэзу, па адной запальваюцца лямпы ў вокнах, і ад духавой музыкі з парку соладка і трывожна замлявае сэрца. А ты ходзіш і ходзіш па дрымотнай вулачцы і вось ужо больш угадваеш, чым бачыш, дзявочую постаць, паветраную, амаль няўлоўную ў сіняватай цішыні позняга адвячорку. І вы ўжо разам рушыце на музыку, пад якую твайму сэрцу вельмі хочацца танцаваць, і поруч стукае абцасікамі такое ж маладое сэрца, што таксама парываецца ў танец.

Малевіч абудзіўся ад думак. Паветра пакрысе гусцела, падсіньвалася, акурат як і ў тыя змярканні юнацкай пары. Дзесьці непадалёку аднастайна плыла размова. Гаварылі жанчыны, больш адна, не спыняючыся, з адценнем нейкай шчаслівасці, нечага раптоўна знойдзенага.

— А прыйдзі я сюды трохі пазней — і мы б размінуліся. Тут яшчэ нікога няма з нашых тэхнікумаўцаў? Як гэта лёс падараваў мне цябе, Манечка? Дзякуй яму...

Голас быў са шчарбацінкай і, калі жанчына гаварыла цішэй, здаваўся знаёмым.

— Я лячылася ў Друскеніках. Добра спачывала, весела, а пад сэрцам усё шчымела: зусім поруч горад, дзе ўсё пачыналася, і ты не ўбачыш яго, не пастаіш каля мамчыных ганкаў! Вось і прыехала. І не пайшла нікуды, пра начлег не падумала, а проста сюды, у сад. Здаецца, так як і было: і ты каля пляча, і нам па васемнаццаць.

Жанчына змоўкла і глынула паветра, каб не задыхнуцца ва ўспомненым.

— Мы тут некалі сядзелі... Ты ж ведаеш, Манечка, з кім...

«Вера!» — ледзь не гукнуў Малевіч, але адразу ж унутраны голас у ім прамовіў: «Няпраўда!» Быў ужо ўзняў руку, нібы хацеў абараніцца ад неадчэпнага трызнення, і ўсё ж устаў, пакіраваўся ў суседнюю алею, на галасы.

Успыхнуў ліхтар на слупе, і Малевіч ужо не здолеў ступіць далей ніводнага кроку. Няхай мог ашукацца слых, але вачэй жа не падманеш. Раптоўнае святло выхваціла са змроку лаўку, яблыню і пад яе галінай з буйным, быццам пазалочаным, яблыкам жаночую постаць.

Ён намагаўся адагнаць уяву, што безліч разоў падымала за сабой у натоўпы вакзальных перонаў і гарадскіх вуліц наўздагон за сустрэчнымі, такімі ж падобнымі да аднае, страчанай ім. Бег пазнаваць і ашуквацца, і рвацца зноў ў пошукі, горбячы плечы ад чарговай няўдачы.

Цяпер ён, не раз ужо знявераны, каб яшчэ ўмацавацца ў гэтым сваім нявер’і, паклікаў на дапамогу іронію: «Ну, вось табе і райскі сад, і спакушальніца, і нават яблык напагатове. Хіба што змея нестае!»

Спроба засланіцца біблейным паданнем была марная: на яго глядзела тая, чыё імя ён хацеў вымавіць,— Вера. Толькі не колішняя тонкая неўтаймоўніца, а статная жанчына з маладым абліччам, яшчэ дзіўна нейк падмалоджаным нешырокаю сівай пасмай над вачыма.

І ўсё ж Малевіч збаяўся адразу абазвацца: мала якім падабенствам можа пакпіць лёс. Прыўзняў капялюш:

— Я таксама тут некалі жыў... І, пачуўшы...

— Севал!

Жанчына ўсхапілася і, ужо трымаючы яго за рукі, упохапкі хутчэй шаптала, чым гаварыла:

— Дзівадла! І цябе павяло сюды, заманулася на нашы мясціны? Значыць, помніш?

 

Каб жа што магло развеяцца з яго душы пад гаманкімі ліўнямі і пякучым сонцам у гарачай турбоце часу!

Стаялі, не стыдаючыся людзей, і ўсё заглядалі адно аднаму ў вочы, проста на сцяжыне парку, дзе калісьці пакрыжаваліся іх маладыя шляхі. Не, не такога мацунку пачуццё асляпіла іх тады, каб шугнуць і заліцца ці прыхавацца пад нехалодным, але ўсё ж папялком успамінаў.

Людзьмі ўладаюць пачуцці і пачуццейкі. Мы не заўсёды здольны правесці мяжу паміж імі. Але мінае час, і ад пачуццейкаў не застаецца і знаку, як пасля цвятлівага феерверку на асенняй вуліцы, калі вачам усё ўяўляюцца шматкалёрныя россыпы зор, а ў паветры — нічога ані, толькі рэзка патыхае дымны шлейф згарэўшых вымудраў піратэхнікі, і ад гэтага робіцца яшчэ цямней і непрытульней.

Сапраўдныя пачуцці, прыйшоўшы раз, ужо не разлучаюцца з намі, як памёршыя зоры. Іх даўно няма, яны нямаведама калі разбіліся ў сутычках з іншымі светамі ці самі сабою дайшлі і разбурыліся, расшэйгаўшы ўсю сваю агністую сілу. А светлавы сігнал, самы апошні, пасланы ў момант згасання, усё яшчэ ўражае вочы бясконцых людскіх пакаленняў, як і той, што вылучылі яны, загарэўшыся ў амаль недаступнай пазнанню даўнасці. Яны не здаваліся зорамі, а былі імі і таму маюць права на памяць аб сабе і самі падтрымліваюць яе, ззяючы для нас з такой самай красой і сілай, як і для першых насельнікаў Зямлі.

 

Вера і Усевалад не бачыліся ад той клапатное вясны, якая мелася вывесці іх з-за партаў тэхнікума так патрэбнымі краіне меліяратарамі і гідратэхнікамі і, галоўнае, паяднаць іх лёсы. А прыйшло раптоўнае, ледзь не назаўсёднае расстанне.

Яны ўсё так жа стаялі на алеі нерухома, няйначай баяліся разлучыць рукі, каб не спудзіць сустрэчу: а можа гэта не ява, а ўсяго толькі сненне, выкліканае прагным жаданнем іх абоіх спаткацца. Але пад нагамі была сапраўды зямля іхняй маладосці. Дзе яшчэ раз-поразу гулка падалі б на дол яблыкі — не маглі ўжо трываць і трымацца на галінах?

Вера ледзь адольвала жаданне прыхінуцца шчакою да шорсткага плашча і каторы раз паўтарала:

— А я так і думала: зайду ў сад — і адразу ж убачу цябе... Аж і Манечка тут...

Маня? Ах, гэта ж тая самая Верчына сяброўка-неразлучка! Буйнаватая на свае гады, з круглявым невыразным тварам, што ніяк не трымаўся ў памяці і пасаваў да нягучнага прозвішча — Лубяга, ці што? — Малевіч не мог ужо ўспомніць дакладна.

Так, Маня глядзела на іх добрымі вачыма: усё ведала, разумела і ўсяму спагадала.

 

8

Вера была няўрымслівым духам іхняга курса. Салістка студэнцкага хору, яна пасля спеўкі спяшалася на баскетбол, потым бегла на рэпетыцыю ў танцавальным гуртку. Ды не свяціла вачыма, адказваючы настаўнікам на лекцыях, магла закінуць уласную думку пра толькі выпушчаны раман, і ўсё гэта лёгка, быццам гуляючы.

Сказаць на яе прыгожая — не скажаш. Але, калі насцярожана стаяла яна, зрыхтаваўшыся да танцу, не дзяўчына — птушка на ўзлёце, уся ў парыванні хутчэй ператварыцца ў рух,— мусіць, не аднаму Усеваладу бачылася невыказнага строю хараство. А на першай лекцыі, з неадагнаным сном на павеках, нагадвала яна падгледжанае ў лясных вандроўках: ускраіна белага гаю на ўсходзе сонца, вострыя шыльцы травы ў шызай неабабітай расе і дзікае казлянё, успёршыся капытком на жаўтаваты атожылак вербалозу, дастае малады салодкі лісток.

Канчаўся спектакль ці самадзейны канцэрт, і Вера назаўтра садзілася за бібліятэчны стол. Задумвалася над уразіўшай кнігай, паглыблялася ў пісьмовыя работы і разлікі. На абліччы праразаліся рысы тых жанчын, што распасціралі здзёртую з галавы чырвоную хусціну замест упаўшага доле штандара, выносілі з бою параненых, пакідалі на снезе сляды босых ног у апошняй дарозе на касцёр. Агеньчык у яе вачах мацнеў і, здавалася, свяціў не з аблічча, а аднекуль з патайнае глыбіні: што б ні ўзнікала там, усё выходзіла на відавок — гнеў дык гнеў, смутак дык смутак.

Дзяўчыне ставала ўвагі ад бліжэйшага, не вельмі пакуль шырокага кола людзей, з якімі яна вучылася. Не ў прыклад многім асобам такое ўдачы, яна не абцяжвала нікога сваёй прысутнасцю, не чакала, каб падхоплівалася кожнае яе слова, падкрэслівалася яе неабходнасць у чым-небудзь, на што звычайна хварэюць раздураныя ўшанаваннем сябелюбцы.

Неяк само сабою выходзіла — без Веры ўсё складалася не так. Варта было ёй апазніцца з вакацый ці, скажам, застудзіць горла, легкадумна паспяваўшы на лыжнай вылазцы, абвыклы парадак рэчаў зрушваўся, нібыта душа іх кудысьці адлятала. Хор выступаў без бляску, у спартыўных сутычках каманды з камандаю не пракідваўся агеньчык, нават пануры матэматык, згледзеўшы з-пад акуляраў, што ў аўдыторыі Верчына месца пустуе, нездаволена хмыкаў і пачынаў ганяць па ўсім курсе, не скупячыся на благія ацэнкі.

Вера адчувала гэта, не была абыякавай да чалавечых адносін, але, паўторым зноў, яна аніяк не дбала, каб падтрымліваць у раўнавазе зменлівыя хвалі іх. Настаўнікі, таварышы, прыгажэйшыя і, што зусім дзіўна, брыдчэйшыя таварышкі самі не спускалі яе са становішча ўсеагульнай улюбёнкі. Людзі старэйшага веку бачылі ў ёй руплівую і разумную дачку, а равеснікі — уважлівую сястрычку, гатовую адгукнуцца слязой на слязу, усмешкай на ўсмешку.

Дзяўчына не вылучала нікога з сваіх аднакурснікаў, а бываць сярод хлопцаў бывала, і ў густым іх гурце. Не больш шанцавала і будучым каморнікам, сур’ёзным маладым людзям, якія лічылі сваім абавязкам наведваць усе тэхнікумскія вечары. Як толькі хто-небудзь найбольш настойлівы пасля стыпендыі, калі свет здаецца асабліва ружовым, а колькасць атрыманых у касе жоўтых і зялёных паперак — невычарпальнай, падлятаў з білетамі на рэдкасны гастрольны спектакль, Вера някрыўдна пыталася: «А Маня? Мы ж з ёю змовіліся ісці ў кіно». І ўцякала з сяброўкаю на танныя сеансы ў першы бліжэйшы клуб.

Маня зараз вяла Веру і Усевалада да сябе на кватэру.

Бяссонная ноч за сталом з непрыбраным чайным посудам адкрыла Малевічу вочы на многае, дасюль невядомае. Накарміўшы гасцей, гаспадыня пайшла спаць, і яны да відна перабіралі ўсе свае сцежкі, седзячы ў вялікім, з трыма вокнамі, пакоі.

 

9

Усевалад і Вера давучыліся да перадвыпускное пары, так добра і не заўважыўшы адно аднаго. Прыйшоў час брацца за дыпломныя заданні, набліжалася экзаменацыйная мітусня.

Каб крыху разважыцца і адпачыць ад кругласутачнага сядзення над канспектамі, нейк перад вечарам выпускнікі гулялі ў валейбол у клубе. Дзяўчаты супроць хлопцаў.

Вера, расчырванеўшыся, чыстая дзяўчынка-журавінка, пра якую сама хораша спявала, выбегла на двор. Як на сярэдзіну красавіка, было цёпла — маладыя бярэзіны ўжо добра ўзелянеліся, а лапушныя цюльпаны пазвоньвалі з клумбаў у чырвоныя і жоўтыя званочкі.

Дзяўчына спынілася каля калонкі:

— Вады!

Усевалад качнуў колькі разоў падважнік. Было чуваць, як па трубе падымаецца з глыбіні тугі вадзяны слуп.

У гарлавіне зашумела. Дзяўчына падставіла губы і зараз жа адскочыла, апырсканая маленькаю пеністай патокай, узрадаванай свайму выйсцю на белы свет. Кроплі паляцелі на Малевіча.

— Пі разам!

Хлопец нахіліўся і ўбачыў адлучанае вузкім шкляным струменем яе аблічча. Проста перад яго вуснамі былі напаўраскрытыя, прыпаўшыя да вады — дзявочыя. Ён падаўся крыху наперад, зрабіў глыток і праз халаднаватую вільгаць адчуў цеплыню, дотык другіх губ.

Усевалад заплюшчыў вочы для смеласці і пацалаваў яе цераз струмень.

— Севал, што ты! — дзяўчына адбеглася, крыху ахаладалыя пасля гульні шчокі зноў густа пачырванелі.

Першы раз на сваім жыцці Усевалад праводзіў дзяўчыну. Праз увесь горад нёс за ёю, нязвыкла ціхаю, спартыўны чамаданчык з падручнікамі і таксама не вымавіў ніводнага слова. На ганку дома, дзе жылі Верчыны бацькі, прыселі. Дзяўчына прыціснула далоньку да ягонай шчакі і засмяялася. Не задзірыста, бесклапотна, як заўсёды, а з адценнем незнаёмай датуль турботы і шчаслівасці.

У Севала зайшлося сэрца, і заходзілася з той пары кожны раз ад аднаго толькі ўспаміну. Вера, зазіраючы яму ў вочы, шаптала:

— А ты не смей пасміхацца! Табе нічога не дарована. Ты можа думаеш, што я хацела, каб ты зрабіў так? Не хацела, зусім не хацела...

Па-дзіцячы смешна пакаяўшыся, спахмурнела. Потым прымусіла некалькі разоў паабяцаць не насміхацца з таго, што яна скажа. І ўсё ж не асмелілася вымавіць уголас, зноў пашаптала распаўсюджаны сярод дзяцей забабон:

— Калі двое пацалуюцца, дык яны ўжо — муж і жонка. Так і ў мамы з татам было. Ды які ж ты муж? Дзівадла!.. Але я ніколі не разлюблю цябе, Севал...

Яна чмокнула хлопца ў шчаку, гучна, як малыя перад сном цалуюць сваіх маці, і знікла за дзвярыма.

Рэшту ночы Усевалад прахадзіў пад яе вокнамі на ціхай вуліцы, яна, дарэчы, так і называлася — Ціхая. Абы развіднела, ён пастукае туды і вылажыць бацькам: мы з Верай — на парозе самастойнасці і хочам жыць разам.

Раніца прымусіла сябе пачакаць. Першы з дому выйшаў Верчын бацька, Ігнат Мацвеевіч. Да пояса голы, ён у глыбіні двара пачаў практыкаванні з гантэлямі. Усевалад адчыніў брамку, але ад аднаго выгляду гэтага высокага, буйнога складу ваеннага чалавека, камандзіра часці, раскватараванай у гарадку, хлопцава рашучасць пахіснулася. Зайшоў і стаяў, нават не павітаўшыся.

Ігнат Мацвеевіч лёгка прысядаў, выгінаў налітае здароўем цела, даставаў рукамі зямлю і пакрэктваў ад задавальнення: машына працуе без рыпу, мускулы слухмяна скарачаюцца, грудзі ўбіраюць пяць тысяч кубікаў паветра.

— Вы да сына, малады чалавек?

Усевалад кіўнуў галавою. Гэта не была мана — Верчын брат, Васіль, вучыўся ў тым жа тэхнікуме, курсам ніжэй,— а на праўду не хапіла адвагі.

— Яшчэ спіць мой гультай! Давай разам рабіць зарадку. А потым — снедаць.

У гэтым доме наведванні тэхнікумцаў былі не ў навіну. Ігнат Мацвеевіч любіў пагаварыць з маладымі, прывеціць і далікатна, каб не пакрыўдзіліся, накарміць іх. Малевіч упадабаўся яму, можа нагадаў самога сябе ў юнацтве, такога ж юнака атлетычнага складу і дзявочай сарамяжлівасці.

— Ну, давай сюды руку! І добра ўпірайся. А цяпер паспрабуй скрануць мяне з месца. Цягні на сябе!

Колькі ні тужыўся Усевалад, Ігнат Мацвеевіч стаяў непарушна. Затое, калі яны памяняліся ролямі, хлопец, як бачыш, падаўся наперад і ледзь не клюнуў носам.

— Хопіць! — засмяяўся пераможца.— Дуж ты, браце, быццам палескі вол. Праўда, і спрыту ў цябе не больш. Не абразіўся?

Ігнат Мацвеевіч дастаў вады з калодзежа і пачаў абцірацца, падкідаючы новаму знаёмаму пытанні. А той нязмушана, нібы і на самай справе сваяку, расказваў пра родную вёску Замошша, пра бацькоў і ўсіх хатніх — словам, пра ўсё, апрача таго, што не выходзіла з думак.

На снеданні ён сядзеў каля гаспадара, еў кіслае малако з бульбаю і не падымаў вачэй: баяўся — як гляне на Верачку, сакрэт возьме дый выкрыецца. Бянтэжылі і не вельмі прыязныя позіркі гаспадыні стала: мусіць, яна яшчэ не спала і тое-сёе ўчула з іхняга развітання. Потым студэнты, усе ўтраіх, пайшлі ў тэхнікум.

Ад таго часу, дзе б ні здарылася быць Веры, абавязкова з’яўляўся і Усевалад: рыхтаваліся за адным сталом у бібліятэцы, разам падвячоркавалі ў студэнцкім буфеце, поруч сядзелі на студэнцкай самадзейнасці, і хлопец з адданасцю сен-бернара насіў следам яе руды спартыўны чамаданчык.

У адну з нядзель Вера і Маня меліся прыйсці да Малевіча. Пры доме ў яго быў садок і два сталы ў цяньку — раскладай колькі ўлезе чарцяжы і ватманы. З раніцы Усевалад узяўся за парадак: мыў і скроб свой цеснаваты пакойчык, мёў двор і чысціў сцежкі. Братавая вярнулася з рынку і спляснула рукамі:

— Ого, Дзівадла! Навёў глянец, хоць нявесту вядзі.

Усевалад пачырванеў і мыркнуў:

— А чаму ж бы і не так?

Вера прыйшла адна — сяброўцы давялося чакаць чаргі ў зубніка. «Давай забяром патрэбныя паперы — і да нас дамоў». Заходзіць у пакой не хацела, хіба што на хвіліначку. Парадавалася залітаму цветам кусту півоні: «Гэта ты мне даруеш такі букет!» І зайшла.

Дамоўленая хвілінка непрыкметна зацягнулася да вечара. Тады і было канчаткова вырашана: ехаць у адно месца на работу, жыць адным домам.

Не спатрэбілася шмат часу, каб падзеі павярнуліся вельмі рэзка. Выпускнікі ўжо адчувалі сябе на самастойных нагах, сабраліся, хацелі змовіцца, як будуць гуляць развітальную вечарынку. І раптам Вера, звычайная завадатарка ва ўсіх такіх справах, не прыйшла на змовіны. Што з ёю? Усевалад затрывожыўся, спытацца не было ў каго — Верчын брат Васіль прыстаў да рыбалоўнай арцелі на ўсё лета, хацеў сам зарабіць на гарнітур.

Прачакаўшы марна відную пару, Усевалад кінуўся на Ціхую. Дом быў на замку. Ігнат Мацвеевіч сыскаўся каля поўначы, змрочны, негаваркі. Падаў руку і ўпусціў у кватэру.

Нібыта ў адказ на пытанне, што само выгаворвалася і бязгучна злятала з хлопцавых губ, Ігнат Мацвеевіч вынес яму з другога пакоя паперку.

Пісала Верына маці: «Даруй, не дачакалася. Цяжка захварэла Даша, тэлеграфавалі — выязджаць неадкладна. Да цягніка — гадзіна. Бяру з сабой Веру, не спадзяюся на свае сілы».

Усевалад ведаў: Даша — улюбёная Верына цётка — жыве каля Чарнігава. А яшчэ ж наперадзе апошні экзамен, размеркаванне на работу, вечарына. Ці паспеюць вярнуцца? І наогул, як быць яму зараз?

— А мне нічога няма? — вырвалася ў хлопца.

Ігнат Мацвеевіч зрабіў выгляд, што здзівіўся:

— Хіба гэта абавязкова?

Жарт прагучаў абразліва, і Усевалад ступіў да дзвярэй. Ігнат Мацвеевіч зразумеў, але тону не змяніў:

— У маладосці многа чаго здаецца, а мінае час — і людзі аглядаюцца на іншае. Праверце сябе...

Давялося ісці напрасцяк: расказаў нарэшце ўсё. Глядзеў проста, чакаў бацькавага прысуду. А той маўчаў, і даволі доўга.

— Мяняць слова — не ў натуры мае дачкі. Дый не ў вашай, здаецца.— Улічваючы ўрачыстасць і напружанасць моманту, Ігнат Мацвеевіч не гаварыў «ты», як заўсёды таварышам і таварышкам сваіх дзяцей.— Толькі адно — ранавата нам расставацца з ёю. А наогул, я не супроць такога сына,— ён абняў за плечы Усевалада.— Быў бы рад убачыць ваша шчасце. Але ці ўдасца? Не палохайся...

Ігнат Мацвеевіч дастаў з буфета няпоўны графін і паўгалоўкі галандскага сыру.

— Гарэлку каштаваў ужо? Не? Пара, мужчынскі клопат збіраешся ўзяць на плечы.

Яны чокнуліся.

— Я гаварыў не пра адно тваё шчасце.— Ігнат Мацвеевіч расціснуў у далоні пару грэцкіх арэхаў і пачаставаў Усевалада.— Ты павінен умець трымаць язык за зубамі, таму скажу больш. Апошні месяц я ўсё лаўлю сябе на адной думцы: зараз пачнецца. Якая ў нас заходняя граніца? Сам ведаеш. Не так вялікая, а неспакойная. Чакаць першага ўдару трэба тут.

Усевалад нецярпліва паварушыўся.

— Ведаю, што хочаш сказаць. І сам сабе кажу тое самае: сілы ў нас хапае, як цяжка ні прыпякала, усё роўна ўпраўляліся. Святая праўда. Але сіла — адно, а вера ў яе — другое. Пакуль што веры ў нас больш. Што казаць, вера дадае сілы, часам робіць чалавека неадольным. Аднак ворагаў многа, і неслабых, так што можа быць скрутна.

Ігнат Мацвеевіч змоўк, нібы спахапіўся — замнога турботы ўскладае адразу на юнака.

— Камсамолец?

Усевалад кіўнуў галавою.

— А я — з тваіх год камуніст. Ад Перакопа. Можаш мне паверыць: перамога здабываецца хутчэй, калі чалавек зрыхтаваны да цяжкай работы, а не для параднай пагулянкі. Мне здаецца, ты не ахвотнік рабіць што-небудзь напаказ і свой абавязак выканаеш. Толькі будзь гатовы да ўсяго вось цяпер, зараз: крані — і ўнутраная спружына ў сэрцы ў момант распрастаецца. Магчыма, такі стан прыйдзе не адразу і не да ўсіх у адзін час. Затое, калі прыйдзе, усе злыя замахі ператруцца на парахню. І яшчэ невядома, дзе зробіць апошні крок наша вера і сіла...

 

10

Неўзабаве ўпалі першыя бомбы. Бамбілі, уласна кажучы, не гарадок, а ваенны аэрадром непадалёку. Дзе там было здаваць экзамены і гуляць вечарыны, хоць Вера ўжо вярнулася дамоў.

Са скалочанай намеснікам ваенкома ротай навучэнцаў рушыў на ўсход і Усевалад. І праз усю вайну, калі зарываўся ў тлусты чарназём сярод голага стэпу, плыў пад бомбамі на пераправах цераз вялікія рэкі, кідаўся ў гарачцы шпітальных начэй, нарэшце, галіўся на прывале пад саменькай нямецкай сталіцай,— усюды стаяла перад вачыма бярэзіна з надламаным вяршком і каля яе — апаленая горам дзяўчына.

Вера як ухапілася за гэта дрэўца на прывакзальным скверыку, так і не расшчапіла пальцаў, не прыхінулася да свайго Севала, калі ён нахіліўся апошні раз абняць і пацалаваў пры ўсіх.

Зволены з арміі начыстую, Малевіч адразу ж кінуўся на пошукі. Не далячыўся, выпрасіўся раней часу ў шпіталі і ўжо адною нагою стаяў у сваім гарадку. Але трэба ж было грузавіку ўзбіцца на жалязяку сярод лясной дарогі за Бабруйскам, і з хмызняку агрызнулася аўтаматная чарга. Раненне было нецяжкое, але трапіў ён у родныя мясціны яшчэ праз некалькі месяцаў. І нічога не пачуў, нічога не дазнаўся. Брат з жонкаю, у каго кватараваў студэнтам, выехалі ў вёску — дамок згарэў, старажылаў і знаёмых сустрэць не ўдавалася.

Верчына вуліца была выгараўшы ўся. У самым канцы, што ўпіраўся ў жытняе поле, тырчала нешта — будка не будка, хлеў не хлеў — сцены з калоў, пераплеценых лазой і абмазаных глінаю. З-пад накрытай гарэлай бляхаю павеці вылез стары ў лапленых-пералапленых портках і наўздзіў белай кашулі з крухмальным каўняром.

— Давай курыць, Дзівадла,— абазваўся ён,— бо і гаварыць з табой не буду. Тры гады не дымнуў ні разу, а ў немца не папрасіў.

Тут і Малевіч пазнаў у старым тэхнікумаўскага вартаўніка, што даваў званкі і пільнаваў парадку на калідорах; тут і даведаўся крыху, праўда, не шмат. Дзед бачыў Веру і Васіля, тады адсюль ужо не было куды падавацца — скрозь заступілі нямецкія часці. Дзе падзеліся потым — бог святы ведае!

Але ў тоне яго гучала мнагазначнасць. Разумей, браток, куды ішлі людзі, калі яны былі сумленныя. Само сабою, і ён памагаў партызанам, хаваў нашых людзей, паведамляў, каму трэба, калі мог чаго дазнацца. А за гэта яму — дапамога і памяць: бачыш, у якіх кашулях фарсіць. Партызанскія сябрукі забеглі і абдаравалі мукою, салам; курыва, праўда, у саміх не было. І чамадан — вунь у кутку — адабралі ў нейкага панка; не паспеў уцячы з немцамі, дык гаспадара за шкірку, а чамадан — яму. Шкада толькі — повен кашуль, і хоць бы портачкі якія лядайкія. А кашулі — на тоўсты карак, каўнер як хамут, затое з віцебскім кляймом; нямецкага — умёр бы, не насіў.

Адсыпаўшы дзеду махоркі, Малевіч паспрабаваў разабрацца на адзіноце. Значыць, Вера не паехала таго ж дня разам з маці, як дамаўляліся пры яго адыходзе, засталася чакаць Васіля з яго рыбалоўнага падарожжа.

Што ж далей? Пэўна, ёсць сэнс пашукаць сваю страту сярод былых насельнікаў партызанскіх буданоў. Дзеля гэтага лепей застацца дзе ў вялікім горадзе — больш знаёмстваў, хутчэй сустрэнеш колішніх партызанаў і падпольшчыкаў, яны не засталіся ў цяню і ў мірны час.

Людзі, нават з такою слабенькаю асветаю, як у яго, усюды былі наросхапы. І Малевіч стаў працаваць, праўда, не па спецыяльнасці, у адным з буйнейшых гарадоў рэспублікі. Працаваў, вечарамі падвучваўся, набываў новую прафесію, а тым часам не спускаў з думкі аднаго. Распытваў ва ўсіх, варта каму было абазвацца, што меў дачыненне да партызанаў ці перабыў акупацыю ў блізкіх да ягонага гарадка мясцінах.

Дый бясконца пісаў. У адрасныя сталы гарадоў, дзе асядала патока бежанцаў з занятых фашыстамі земляў, у даведачныя бюро, якія існавалі тады пры многіх установах.

Паштоўкі не прыносілі нічога суцяшальнага. Пра геройскую смерць Ігната Мацвеевіча пад Харкавам дазнаўся з газет. Як яму адказалі з міністэрства, пенсіі па загінуўшым камдыве ніхто з сямейнікаў не атрымліваў, выходзіць — і ўдавы жывое не было.

Апошні след да Веры губляўся. Усё ж Малевіч з патайнай надзеяй паехаў на бераг славутага возера пагасцяваць з камандзірамі брыгад, атрадаў і проста з радавымі незлічонай партызанскай арміі.

Слаўны падрыўнік, маладжавы чалавек з зоркай Героя, успамінаў, як грымелі справы ягоных людзей па ўсёй нашай зямлі. І назваў Верына прозвішча.

Малевіч ускочыў, не даў скончыць слова:

— Дзе ж яна, дзе?

Адказ быў кароткі і сумны: загінула смерцю адважных — вярталася ў атрад з весткамі аб сувязных, і яе пазнаў паліцэйскі. Але падрыўнік помніў толькі прозвішча, імя тае партызанкі ён ці забыў, ці не ведаў, а воблік — вочы, рост, колер валасоў — нічога не захавалася ў памяці.

І ўсё ж Усевалад жыў чакаючы. Дзень вечарэўся і запальваў зоры над заслонай ночы, неўзабаве адтуль, пабліскваючы расою, выпырхвала раніца, выкалошвалася ў новы дзень, і ён спеў у заўсёдных турботах і клопаце, неўзаметку адплываючы туды, дзе клубіліся і асядалі вечныя змрокі мінулага.

Гэтае неадхільнае чаргаванне дзён і начэй найбольш адчувалася і ўзрушвала Усевалада, калі заставаўся адзін і, змораны ад сумятні на рабоце, браўся за інстытуцкія падручнікі. Так і чалавечае жыццё, думалася яму, выйдзе з цемры, падыхае малую хвіліну на святле дый зноў кіруецца назад. Думалася, пакуль не пазбыўся надакучлівых разваг за падрыхтоўкай задання па філасофіі: гэтаксама лічылі старажытныя, і многа вякоў назад!

 

11

Што Веру бачылі ў гарадку пры немцах, гэта была чыстая праўда. Яна сядзела зараз пры Малевічы і расказвала сама. Пераканаўшы маці ехаць адну, а яны з Васілём, маўляў, з’явяцца следам, дачакалася-такі брата: яго таварышы па рыбалоўству рассыпаліся хто куды, даблукаў дадому і ён.

Дружныя з маленства, брат і сястра хутка зразумелі адно аднаго і не спяшаліся нікуды выбірацца. Гарадок стаяў пры бойкай шашы, якраз там, дзе вялікая рака прымае ў сябе меншую. Вакол пашумлівалі бары, хапала ў іх патайных палян і неправідных гушчараў, шмат было недаступных імшарын і балоцін. Сама зямля, без асаблівых захадаў, была гатова даць бой і надзейны прытулак, і спрыяла яна свайму, а не прышламу, дык не магло не узнікнуць тут сілы, якая б не падсыпала жару пад бакі ворагу, не бунтавала б ягоных намераў атаўбавацца і гаспадарыць.

А калі так, дык гэтай сілаю павінны стаць яны, сын і дачка чырвонага камандзіра. З дзіцячай упэўненасцю вырашылі, што і пачынаць, і рабіць усё на шкоду акупантам належыць менавіта ім. Заставацца на той самай кватэры было нельга, гэта зразумеў бы і кожны, меў ці не меў ён уяўленне аб канспірацыі. І яны сышлі, прытуліліся ў сям’і фельчара, чыя дачка — «Помніш, Ксенька?» — пыталася Вера ў Малевіча — была яе сяброўкай, а найбольш — Васіля. І думала, поўная маладой адвагі да барацьбы, гэтаксама, як і яны.

У гарадку, ды амаль адначасна ва ўсіх паселішчах краіны, адбылося тое самае, што можна назваць словам «самаўзгаранне», пашырыўшы яго сэнс і перанёсшы ў сферу духоўнага жыцця. Не чакаючы штуршка і падказкі старэйшых і вопытных, хто меў адпаведныя даручэнні і на чые плечы была ўскладзена адказнасць, моладзь адчула ў сабе столькі веры і сілы, што пачала дзейнічаць сама, стварыла падполле.

Хто не быў камсамольцам, стаў ім, камсамольцы — духам і розумам дараслі да камуністаў, а разам усе — сталі абаронцамі Радзімы, у кім яна і мела тады найпільнейшую патрэбу.

Упершыню давялося жыць праўдамі і няпраўдамі, як кажуць, хітруючы і выкручваючыся. Гэта было прыкра і цяжка. Вера і Васіль прайшлі абавязковую для насельніцтва рэгістрацыю, не трапілі пад мяцёлку ў час вывазу моладзі ў Нямеччыну і, само сабою, усяляк ухіляліся ад работы на акупантаў. Не абышлося тут без Ксенінага бацькі: бальніцы свае ён не пакінуў і ў патрэбную хвіліну мог абвясціць каго хочаш хворым, не паскупіўшыся на даведку з пячаткай.

Жывіліся яны ўсе перацягнутымі са старой кватэры запасамі гаспадарлівай Верчынай маці. Спатрэбіліся, дый яшчэ як, слоікі з варэннем, грыбамі і марынадамі, крупы, мука і асабліва — дзежачка свайго засолу сала, да якога быў ахвотнік Ігнат Мацвеевіч. Потым пакрысе пачалі спродваць адзенне, матчына і сваё — з бацькавай формай на рынак не вельмі паткнешся.

Але гэта было — бытаванне. Тое, чым жылі і дыхалі яны, прага да барацьбы і да перамогі, вылівалася, бадай, у тыя самыя формы, як і ў іншых гарадах і ў іншых юнацкіх падпольных групах. Здабылі і настроілі радыёпрыёмнік, следам за першай злоўленай перадачай з Масквы на платах забялелі напісаныя ад рукі зводкі Савецкага Інфармбюро. Учынілі некалькі абрываў тэлефоннай сувязі — работа Васіля! — і нават удалося падпаліць цыстэрну гаручага ў тупіку на чыгунцы.

А найбольш радаваліся і ганарыліся яны, калі, пасля бяссоннай, поўнай асцярогі і патайнага клопату начы, на цэнтральнай вуліцы гарадка з саменькай раніцы 7 лістапада страпянула крыллем аж пяць чырвоных сцягоў. Ну, хоць ты апрані ўсё лепшае ды выходзь на дэманстрацыю спяваць даўнія, неўміручыя песні рэвалюцыі, смяяцца, адчуваючы плячо таварыша, падхопліваць уздымныя заклікі на ўсю звонкасць юнацкіх галасоў.

Зрабілі-такі свята! І ў найчарнейшую часіну нядолі. Але іх працавала ўжо не трое: за кожным стаяла новая тройка, а за тою — яшчэ адна. Гэта і прыхоўвала Васіля з Верай, і ў той жа час пагражала большай небяспекай ім, дзецям вядомага камандзіра і камуніста.

Іх ведалі, паказвацца ў людныя месцы трэба было з асцярогай.

Немалою ўспамогай сталася тут адна, здавалася б на першы погляд, невялікай вагі акалічнасць. Ігнат Мацвеевіч і яго сяброўка, як і многія, хто аб’ядноўваў свае лёсы ў першыя паслякастрычніцкія гады, не пераступалі загсаўскага парога, лічачы, што добрая згода і каханне мацуюць сям’ю лепш за самую магутную паперчыну. І хоць Васіль з Вераю ў школе праходзілі як Дзмітрусёвы, па бацькавым прозвішчы, у метрыках яны былі запісаны на маці — Кашалёўскія. На гэта прозвішча і былі выпраўлены ў гарадской управе патрэбныя для пражыцця ў акупацыі дакументы.

Малевіча падкінула з месца.

— І ты жыла па іх пасля вайны? — спытаў аглушаны.

Разгадка іхняга расстання, разгадка марнасці ягоных пошукаў прыйшла сама сабою, трагічная ў сваёй прастаце і недарэчнасці.

Вера нізка нахіліла галаву. Трэба зразумець: стала вядома — да іх ніколі не абзавецца бацька. Не толькі цела, нават труны не бачылі: яго накрыла снарадам каля назіральнага пункта. Забыць утрату, хаця б сцішыць боль ад яе, не хапала змогі. Такая раптоўнасць: смяяўся, цалаваў у апошнім лісце ўсіх — і ўсё, няма. Прымаць знакі пашаны і ўвагі, чуць прозвішча дарагога чалавека, адгукацца на яго, а тым больш выпраўляць новыя дакументы — дзе было ўзяць сілу на ўсё гэта? І яны засталіся жыць пад матчыным прозвішчам, перабраліся з абласнога ў непрыкметны, далёкі ад усіх родных вачэй гарадок. Праўда, іх расшукалі, выплацілі за ўвесь час пенсію, але гэта пазней, значна пазней.

— Каб ты толькі ведала, што нарабіла! Балючае маё, неразумнае маё дзеўчанё! — усяго і мог вымавіць прыгнечаны пачутым Малевіч.

Уявіліся бясконцыя тыдні чакання, ні на хвіліну не прысынаўшыя душэўныя сілы, калі ён кідаўся на кожны пробліск надзеі, бег за далягляд, як дзіцёнак, спадзеючыся, што вунь там, дзе неба сыходзіцца з зямлёю, адкрыецца нарэшце чаканая знаходка! Але колькі ні бяжы, канца зямлі няма і няма, над галавою той самы сіні паўмісак неба, а ты пад ім,— адзін, і ў які бок ні глянеш, аднолькава далёка да яго абапёртых на лясы і азёры берагоў.

Праз якую кару было ўсё гэта? За якія правіны разлучыліся два чалавекі, што і ўявіць не маглі, як не разам сустрэць усход сонца, не разам спыніцца перад карцінай ці вавёркай на дрэве, не падзяліць радасці напалам ад чаго-небудзь убачанага ўпершыню.

І раптам лёс узяў, паставіў іх тварамі ў розныя бакі і жорстка штурхнуў: ідзі, не азірайся!

Малевіч разумеў усё: збег абставін, душэўную разгубленасць асірацелых жанчын, важкія, а на рэчы жорсткія спробы Веры і маці ўцішыць няўцешнае гора, і што ж? Замест адной страты стала аж дзве!

Першая радасць сустрэчы пачала саступаць месца гаркоце, хоць не клікалі яе на вочы ні Вера, ні Усевалад. Пачалі хадзіць па пакоі, які ўжо здаваўся пустым і няўтульным, дарма, што нейкі момант назад хвалілі мілы прытулак за дах над галавой, за вераснёвую ноч у вокнах і сляпучы ліхтар на другім баку вуліцы. Яны снавалі з кута ў кут, сутыкаліся на скрыжаванні сваіх дыяганальных пуцін, спыняліся, як невідушчыя, ды зноў спяшалі разысціся і, невядома ад каго, утаіць, не паказаць слязу.

Дзіўна, але чаго не здараецца ў жыццёвых нягодах, калі слабейшы пачынае даваць рады мацнейшаму. Так і тут: першая ахамянулася Вера:

— Севал, ты чуеш? Тады быў чэрвень сорак першага, Севал. А зараз — верасень. І пяцьдзесят шостага. І ў нас з табой — не скажаш, што чэрвень. Верасень, Севал, верасень...

— І на людзях жаўцее лісце? — горка пажартаваў Малевіч.

— І жаўцее, і ападае,— Вера адкінула сівую пасму валасоў.— Ты ж адразу прыкмеціў гэта, я сачыла за тваімі вачыма. Але ты не так зразумеў мяне, мілы. Мілы, не зважаючы ні на што. І навек заплюшчыўшы вочы, я ўсё роўна скажу табе — мілы...

— Не трэба пра восень! — Малевіч схапіў Веру за плечы, узняты вялікаю пяшчотай яе слоў. А сам гаварыў не выбіраючы: — Што, верасень толькі малоціць і важыць? А хто арэ і сее, не ён?

— І за гэта — мілы. Не адвык разумець мяне. Ты падумай, не спяшайся. Што будзе, калі такою парою пачаць усё спачатку? Не позна?

— Не!

Малевіч не разважаў, і ў перадранішняй цішыні адказ яго прагучаў аглушліва цвёрда.

— Дзівадла, дзівоснае дзівадла! Паўтара дзесяткі гадоў не бачыліся, а чалавек хоць бы на столечкі,— Вера паказала таўшчыню пазногця,— змяніўся, не! І ты, мусіць, дагэтуль верыш,— яна засмяялася,— нібыта найкаротшая адлегласць паміж двума пунктамі...

— Простая лінія,— не даў скончыць Малевіч, так жа голасна і непарушна сур’ёзна.

— Нават у нашым негеаметрычным выпадку? Даруй, але ўявім: ты і я — два пункты, праўда? А простая паміж намі не вычарцілася, дзве рысы пайшлі ў розным кірунку. Зараз шчаслівая ці нешчаслівая акалічнасць замкнула іх. Чакаць трываласці ад выпадковага супадзення цяжка...

— Чаму? Мы сталі тварам адно да аднаго і ўжо ідзём насустрач. Пастулат не траціць сілы... Чорт ведае што! Гаворым, як быццам даводзім тэарэмы.

— Вось-вось,— Вера паківала галавою,— доказы — магутныя. А калі і дзе пачуцці вымагалі доказаў і лічыліся з імі?

— Тут і даводзіць няма чаго...

— Севал! Больш ніводнага слова, абяцаю. У нас ёсць час разважыць і падумаць. Да вечара, да майго цягніка. Увесь дзень — наш. Ніводнай хвіліны — нікому. Правядзём яго, як быццам не разлучаліся. «Як быццам не праходзілі гады і не прамылі рэчышча расстання»,— я часта напяваю гэтыя словы.

— А потым?

— Ты зноў патрабуеш доказаў, Севал? — Вера на момант задумалася.— Потым ты правядзеш мяне на вакзал, і мы на ўсё забудземся. І дамо слова ніколі не шукаць сустрэчы. Хутчэй за ўсё — будзе так. Зрэшты, наперадзе цэлы дзень. Давай спадзявацца на яго ласку.

 

12

Малевіч ішоў выконваць сваё камандзіровачнае даручэнне. Ступаў як не сваімі нагамі: а можа вярнуцца?

Чаму не паслухаў Веру? Ну, і што б здарылася? З’явіўся б на тую фабрыку заўтра: план бы не загрымеў і свет не перавярнуўся б. А так адкрадае ад сябе паўдня. Каб жа не чакаў такой часіны, не смаг па ёй, а то...

Вера не спахмурнела, аднак лёгкі цень прабегся па абліччы, калі ён сказаў, што мусіць ненадоўга пайсці.

— А мы ж дамаўляліся, Севал, нікому ніводнай хвіліны,— нагадала і спахапілася: — Што я кажу! Мы — дарослыя людзі. Ды ў цябе заўсёды было развітае пачуццё абавязку...

І заўсміхалася, загадала не спяшацца, але прыходзіць як мага хутчэй... Відаць, зразумела... Не можа ён трымаць у марным чаканні людзей, што паслалі, маюць на яго надзеі. А потым — гэты Дзякуйчык. З’явіцца на фабрыку, не знойдзе Малевіча і разнясе на хвасце — маўляў, загуляў, з кім не здараецца! Але каб і таго Дзякуйчыка не было, ён усё роўна зрабіў бы таксама.

Развага развагаю, а ішоў і ўшчуваў сябе: не мог забыць пасмутнелыя Верыны вочы, асабліва трывожна прыгадвалася яе развітальная ўсмешка, на самым парозе...

У заводскім двары ад фантанчыка насустрач усхапіўся Дзякуйчык.

— Не спадзяваўся на вас так рана,— з усмешачкай пачаў ён.— Ну і залавілі красуню.

Дзякуйчык намерыўся чапнуць Малевіча за плячо, той папярэдліва адступіўся.

— Чаго вы? Нашаму брату-мужыку гэта не ў ганьбу. Бачылі-бачылі... Мы там у садзіку перакусвалі... Прыемна, на ветрыку, у зеляніне... Адкрытая такая верандачка, вядома, з падачай... хе-хе... гарачага ліманаду. І раптам — вы з дамамі. Ш-ша, не турбуйцеся. Не ў такое вока ўвайшло, каб праз язык вырвацца. Мур! — Дзякуйчык пастукаў кулаком у вузкія грудзі.— Магіла сакрэтаў...

Малевіч па шчырасці пасміхнуўся сам сабе: «Ніякі ты, браток, не мур. І як табе не тлумач, не паверыш...»

— Пайшлі рабіць справы,— мыркнуў ён, крыху перачакаўшы ўедлівую балбатню.— Паспрабуем прабіваць сапраўдныя муры.

—Ух, у гарачай вадзе купаны! Прысядзем, Усевалад Макаравіч.— Дзякуйчык паказаў столік з крэсламі ў цяньку.— Шкада вас, хапаецеся не з таго канца. Хочаце ламаць шапку перад кожным сталом, чакаць прыёму ў дырэктара... Пераконваць, даводзіць і... вярнуцца з пустымі рукамі.

— А як па-вашаму?

— Справа ўжо зроблена... напалавіну. Калі вы не выкрыеце мяне...

— Я ў жанры даносаў не працую.

— Так і лічыў: чалавек высакародны, буду мець падтрымку. У аддзеле збыту ёсць карысны дзядзька. Спатрэбіцца і надалей. Мы ўчора залажылі падмурак і крыху замачылі. Хочаце спаткацца?

— Піць? — непрыязна пацікавіўся Малевіч.

— Размаўляць,— памяркоўна паправіў нейчы голас.

Малевіч не заўважыў, як да фантанчыка падышоў танклявы чалавек, нейкага мышастага колеру ад валасоў да чаравікаў. Добразычліва адрэкамендаваўся і з відавочным задавальненнем агледзеў Малевіча:

— Чуў, што вы вельмі просты... Але каб настолькі!.. Не чакаў, яй-права, не чакаў...

Малевіч не выказаў ні радасці, ні нездавальнення з прычыны новага знаёмства: ліха ведае, як тут трымацца. Дзякуйчык павёў гаворку напрасцяк:

— Мы абуваем ім дзве машыны...

— Як гэта абуваем?

— Надзейна, як належыць: у новую яраслаўскую гуму, даём гарантыю на атрыманне балонаў... Тады яны ўвечары пачынаюць адгрузку абівачнага матэрыялу нам. Сёння — усё, што знойдзецца на складзе, а далей — па графіку, акуратненька.

— Што ў вас там, шмат балонаў? Узяў і адразу абуў?

— Ні вы, ні я, ні ён,— Дзякуйчык паказаў на танклявага забеспячэнца,— нічога нідзе браць не будзем. У наш аддзел збыту адсюль прыедзе афіцыйны прадстаўнік,— ён зноў торкнуў пальцам у бок танклявага,— з афіцыйнай просьбай. А задаволіць яе дапаможаце вы, вашым аўтарытэтам. Пераканаеце, так сказаць, наша начальства. Тады — афіцыйнае пералічэнне грошай з рахунку на рахунак, і машыны бягуць па шашы... Падыходзіць? Лады — з крыса ў крысо.

Не будучы ў захапленні ад выкладзенай з такім бляскам аперацыі, Малевіч спытаў:

— Значыць, склад не пусты, матэрыял усё ж такі ёсць?

Танклявы зрабіў загадкавыя вочы і ў знак згоды кіўнуў галавою.

Малевіч моўчкі падняўся.

— Хочаце рвануць да дырэктара? Шчасліва! — забеспячэнец паблажліва рагатнуў.— Слухайце, што будзе далей: дырэктар выклікае мяне, я паказваю яму накладную на матэрыял. А яна пакуль што аформлена іншаму прадпрыемству... І больш матэрыялу — ні сантыметра. Усё... Ідзіце, псуйце сабе і свайму заводу.

Малевіч стаяў, як абвараны. Узяць бы за каўнер свайго Віцьку Дзякуйчыка і гэтага мышастага ды скалануць, ды патрэсці, пакуль не павысяваюцца з іх душы. А што з гэтага? Яны ж не саромеюцца і не баяцца, гавораць і пазіраюць у вочы. Сведак няма, дый што, каб былі? Упрэшся ў непрабіўны мур махінацый, узаемных паслуг, далікатна кажучы, а матэрыял — цю-га! — даганяй, ліха ведае дзе.

Якраз пра гэта і завёў Дзякуйчык.

— Разумееце, Усевалад Макаравіч! Мы дзейнічаем толькі ў інтарэсах нашых прадпрыемстваў: узаемныя паслугі. Асабіста ніхто з гэтага нічога не мае.

Дзесьці ў словах Дзякуйчыка чуліся рэзоны. Хіба тут фармальна што-небудзь супрацьзаконнае? Не, усё роўна патыхае здзелкаю, а што можа стаяць за ёю? Малевічу з яго непасрэднай неспрактыкаванасцю было не дашукацца. Пачуўся зусім безабаронным, зрабілася яшчэ больш прыкра ад гэтай свае жыццёвай някемлівасці, ад немагчымасці пайсці напралом супроць прайдзісвецкай гульні.

Гарчэй запякла і кінула ў гарачыню прыгадка — Верына ўсмешка на парозе. Сядзіць тут нямаведама чаго, слухае нямаведама каго, кола ж круціцца міма ягонай волі. Дарма марнуецца час, а там — чакаюць! Дый хіба не чакаў і ён, не стараўся наблізіць гэту хвіліну? Чаму ж зараз, калі яна прыйшла сама, з’явілася неўспадзеўкі, не толькі не імкнецца затрымаць яе, а выпускае з рук?

Гэта адчуванне, як знешне ні супраціўляўся Малевіч, дапамагло ліпучым словам суразмоўнікаў, абвалаклі-такі пакрысе, здаўся на ўгаворы. Дык бяда вас бяры! Ён падтрымае просьбу фабрыкі, але патрабуе накладную на матэрыял аформіць зараз жа, пры ім, і адгрузку пачаць сёння ж. Чакаць болей немагчыма.

Мясцовы забеспячэнец не хаваў задавальнення, ён як быццам загадзя ведаў — ягонае перацягне.

— Тады,— устаў і Дзякуйчык,— добрую справу належыць добра абмыць...

Малевіч мімаволі памацаў кішэню, дзе ляжалі даўно адкладзеныя грошы: а можа сустрэнецца шарсцяны гарнітурчык сыну. Рух гэты не застаўся незаўважаным.

— Не турбуйцеся, будуць цэлыя,— папярэдзіў забеспячэнец,— вы тут госці. Загадчык адной харчовай установы — мой сябар. Так сказаць, узаемныя паслугі...

Малевіч адмовіўся настолькі рашуча, што запрашэння не паўтаралі. Зрабіў непатрэбны візіт дырэктару, прасачыў за рухам накладной на склад і ўжо не ішоў, а бег да дома, дзе пакінуў Веру.

 

13

Трывожнае пачуццё памацнела яшчэ ў калідорчыку. Верыных рэчаў, раскладнога партфеля-чамадана і плашча, на вешалцы не было. Некалькі крокаў да дзвярэй у пакой не гасла надзея: напэўна, выйшла куды ў горад, бо казала на снеданні: «Я і ў абед буду цябе карміць, Севал. Проста веры даць не магу: мы — за адным сталом, разам ямо хлеб. Мне ж так хацелася: сесці з табою поруч, разламаць скібку і ўкусіць з аднаго кавалка. І так — кожны дзень, і ўсё жыццё».

Прыгадка з’явілася імгненна і гэтак жа знікла. Увайшоў у пакой і па збянтэжаным твары Мані зразумеў: чакаць няма чаго.

Выслухаў бязладныя тлумачэнні: Вера пазваніла дамоў і адразу пабралася на самалёт. Прыкусіў губу, не дазволіў сабе, хоць і хацелася, запытаць, як тады ў юнацтве: «І нічога не пераказала, не напісала мне?» Каб пераказала, дык бы перадалі, а Маня маўчала і, відаць, была звязана абяцаннем маўчаць. Каб унікнуць роспытаў, жанчына пачала накрываць на стол: «Перакусі трохі, мне весялей будзе, муж у адпачынку, надакучыла адной».

Малевіч сеў і машынальна пацягнуў з акна фатаграфію. Глянуў — і абудзіўся ад здранцвення: Вера! Такая яна была першакурсніцай, гэтак жа акурат завязаны два банты абапал галавы.

Але гэта была яна і не яна. У рысах дзяўчынкі гадоў чатырнаццаці, чыё аблічча так выразна свяціла з фатаграфіі, уладна праразаліся нейчыя іншыя рысы.

«Бацькавы»,— з гаркотай падумаў ён і тут жа злавіў сябе на тым, што гэта дзяўчынка стульвае вусны і крышку жмурыцца, як нехта яму добра вядомы. Толькі не Вера. А хто тады? Ды не хто іншы, як ён сам, Усевалад Малевіч, на першым студэнцкім пасведчанні.

Ён верыў і не верыў у тое, аб чым пачынаў здагадвацца, адганяў палючую думку, а яна не адганялася. Мала чаго бывае на свеце, у каго толькі часам не ўдаюцца дзеці! «Ані ў бацьку, ані ў маці, а ў краўца, што спаў у хаце»,— прыгадалася прыказка.

Перавярнуў фота, папрасіў у Мані дазволу і прачытаў надпіс: «Манечка! Вось яна, мая дачушка-сястрыца!» Ніжэй стаяла В з тлустай кропкай, Вера любіла падпісвацца гэтак, адной літарай.

Што яна замужам, Малевіч дазнаўся пад час начное гаворкі. Чаму тады піша: «Дачушка-сястрыца»? Што гэта магло б значыць? З новай сілай ажылі і так не змоўкшыя падазрэнні — ён не здолеў, не асмеліўся ні пра што болей спытацца ў Веры.

Па гадах і падабенстве дзяўчынка на фатаграфіі магла быць ягоным дзіцем. Але ці ж давала зачэпку на гэта іх кароткая горкая блізкасць у апошні дзень перад ростанню?

Маня нічым не парушала бязгучнай размовы Малевіча з самім сабою. Яна глядзела на яго са спагадай, можна было заўважыць, што жанчына то парываецца нешта сказаць свайму ўзрушанаму аднакашніку, то стрымлівае сябе. Нарэшце, яна прыкмеціла: аблічча ў таго пасвятлела — мусіць, здагадаўся.

А Малевіч абвяшчаў сваю здагадку ледзь не ўголас: так! Іначай і быць не можа: у яго з Вераю дачка! І Вера, смешная, упартая, залатая, не магла ўтаіць, але не магла і сказаць проста, а зараз дае яму знаць праз фота.

— Праўда, Маня, праўда?

Прачытаўшы па вачах, што не памыляецца, выбег на вуліцу, не падзякаваўшы, не развітаўшыся.

У гасцініцы засеў за тэлефон: апошні самалёт з горада адляцеў, цягнік — позна вечарам. А ён на той самай адлегласці ад Веры, як і быў, можа яшчэ далей. Куды паляцела, як цяпер шукаць яе? Калі яна замужам, пэўна, носіць іншае прозвішча, не матчына і не тое дзявочае, па якім столькі папашукаў яе Малевіч.

Вярнуцца, паспрабаваць распытацца ў Мані? Сказала б тады, каб што магла. Не такая ў іх дружба з Вераю, нічога не скажа без дазволу сяброўкі.

Ён убачыў увачавідкі твар дзяўчынкі на фота, успомніў гатунак паперы, карычняваты фон і нават большае, самае важнае з таго, што мог успомніць. Ліловы штампік на адвароце пад надпісам сведчыў: «Фотаатэлье г. Вічуга».

Пагасіў папяросу і пачаў супакойвацца. Не ведаючы яшчэ, што зробіць, як пагоніць яго вецер утрапення, рады быў аднаму: след не згубіўся.

Тым часам яна, праз каго ўзгарэлася ўся гэта душэўная ўструшня, пабыўшы ў аэрапорце і прыняўшы нечаканае рашэнне, вярнулася ў горад. Сядзела ў паштовым аддзяленні на першым паверсе новага дома, усяго за нейкія два кварталы ад гасцінічнага нумарка, дзе дасмальваў другі пачак папярос Малевіч.

Вера пісала ліст да маці. І, як здагадаўся Малевіч, сапраўды ў Вічугу, дзе працаваў муж і яна сама.

Пісала, рвала напісанае, то плакала крыху, то пасміхалася, мармычучы нешта ўголас, на здзіўленне паштовых дзяўчат. А больш думала. У думках дагаворвала свайму Севалу ўсё, чаго не сказала — аднаго не змагла, другога не паспела. Ён жа, святая душа, вылажыў усё даастатку!

Фатаграфія дачкі, падараваная Мані, не была, як думаў Малевіч, пакінута ў якасці весткі і нейкага знаку для яго. Наадварот, Вера намагалася ўтаіць, чыя дачка гадуецца ў яе сям’і. Каб Севал, барані божа, не дазнаўся, што ягоная. Хто ведае, што можа пачацца тады: за ім і за ёю стаяць людзі, з кім іх звязалі гады жыцця, і калі не светлыя, дык уцешныя часіны. Яна не хоча і не можа быць вінаватая перад яго сям’ёю. І так даволі ўжо віны перад ім самім: стаілася пад невядомым прозвішчам, не адгукнулася, калі шукаў, а магла ж, магла, павінна была і сама гукнуць яго.

Не гукнула. Вось і цярпі, і адказвай адна, бо ён жа, казаў, пайшоў на шлюб, страціўшы апошнюю надзею сустрэцца.

Усевалад не ведаў, што адбывалася пасля таго, як маладыя падпольшчыкі так слаўна адзначылі чырвонымі сцягамі Кастрычніцкае свята. Да іх ужо знайшло дарогу партыйнае падполле і ўзяло пад апеку. Было вырашана і загадана: першай тройцы моладзі — Васілю, Веры і фельчаравай дачцы Ксені неадкладна перабірацца ў партызанскі атрад і быць гатовымі да перакідкі ў іншае месца. На даляглядзе ўзнікла пагроза: Ксенінага бацьку заспелі ў бальніцы на прыхоўванні лекаў і перавязачных сродкаў; арыштаваць не арыштавалі, а на заметку ўзялі.

Тады акурат і з’явілася ў гарадок уласнай персонай тая самая цёця Даша, што моцна хварэла перад пачаткам вайны і выклікала на развітанне Веру са сваёй маці. Хвароба адпусціла яе, а наўкольныя няшчасці зрабілі рухавай, здольнай на нялёгкае падарожжа з Чарнігава, дзе хапалася за сэрца цяпер другая сястра, млеючы ад невядомасці, як там маюцца яе дзеткі, Васіль і Вера, ці жывыя хаця.

Спрактыкаванае цётчына вока адразу прыкмеціла, у якім становішчы Вера. Калі тое самае пацвердзіў фельчар, у чыім доме яны ўсе жылі, цёця Даша катэгарычна заявіла: Вера паедзе да яе дамоў, каб там быць пад матчыным наглядам. Ёй далікатна далі зразумець, што ў Веры ёсць абавязкі, а таму без дазволу нікуды рухацца не можа.

Цётка, што называецца, стала на дыбкі. Найвышэйшая ўлада на свеце — матчына, гэта ўлада перададзена ёй, і, як сабе там хто хоча, будзе так, як сказала яна.

Што ж датычыць абавязкаў, дык хіба можа быць размова: Вера сама дзіця і чакае дзіцяці. Першага! Як можна кідаць яе ў небяспеку, у хваляванні? І, калі хочаце, найвышэйшы абавязак — узгадаваць чалавека. Іншая справа, калі ўсё добра абыдзецца, тады хай думае пра абавязкі. Ёсць у яе брат, ёсць бацька, яны падтрымаюць гонар сям’і.

Гаварыла-гаварыла і дамаглася-такі свайго. Кіраўніцтва падполля вырашыла перавесці да партызанаў толькі Ксеню і Васіля, прычым Ксеня пайшла пад ягоным прозвішчам, што мімаволі ўвяло ў зман славутага падрыўніка, і ён пасля расказваў, як загінула дзяўчына, называючы не яе сапраўднае прозвішча. Следам ашукаўся і Малевіч.

Цётка, па ёй адной вядомых шляхах, на ўсіх магчымых і немагчымых у акупацыю сродках транспарту, месяцы праз два дабралася з Верай да Чарнігава — там ужо чакалі-прачакаліся іх у вялікай тузе і трывозе.

Заліўшыся слязьмі з радасці і засмучэння, Верына маці пачала дбаць пра лёс дачкі. Вось як не пашанцавала! Не пачынаўшы жыцця, ужо надламала яго. Што ж ёй рабіць? Не навек жа вайна. Трэба будзе вучыцца, думаць пра сям’ю, а ў яе на руках бязбацькавіч. Дарма чакаць, што вернецца той Севал з такой крывавай куламесы. Дый каб вярнуўся, вельмі ж няўклюдны ён, чысты вятрак на гарадской вуліцы.

І маці вырашыла: прыняць грэх, як ёй здавалася, на сябе. Брыдкавата, вядома, перад людзьмі, але перамаргаецца неяк. Дзеці, праўда, параслі, дый яна яшчэ не старая: як пойдзе, бывала, круціць вальс або польку з сваім Ігнатам Мацвеевічам, дык і маладыя камсастаўскія жонкі не здыхаюцца. Дзе ж ты, Ігнатка? Вось, каб сядзеў поруч, дык, пэўна, нешта б разумнейшае прыдумаў. І як сказаў бы, так яно і было б. Але іншы клопат у яго: вядзе салдатаў у баі чырвоны камандзір і вернецца з перамогай або ніяк. А ягонай жонцы трэба хавацца самой ды яшчэ прыхаваць ад цікаўных вачэй неасцярожны ўчынак дачкі. Няхай яна пасядзіць дома, а напрадвесні патрымае з месяц каля грудзей малое, далей — не яе клопат з дзіцем. Не такі час, каб маладыя спадзяваліся на нейчыя рукі, трэба самім прыкласці сілу, вызваляцца з-пад ворага.

Так вось і з’явілася «дачушка-сястрыца» Гэлька. Сакрэту гэтага не ведаў ніхто, толькі дзве бабкі ды цяпер Маня.

Ні вярнуцца ў гарадок, ні ўвайсці ў падполле на месцы Веры так і не ўдалося. Пасля смерці бацькі, ужо генерала, камандзіра гвардзейскай дывізіі, іх усіх вывезлі на Вялікую зямлю, пазней яны выбралі сабе аселасць у Вічузе.

«Мамачка! — пісала Вера.— Хуценька збірайся і прыязджай сюды з Галькай назусім. Я не звар’яцела, не асуджай мяне да часу. Табе будзе добра ў нашым старым гарадку, нам жа так шчаслівіла тут некалі. Праца для мяне ёсць, яшчэ лепшая пасада на хімічным камбінаце. І пра кватэру не турбуйся: на першы час прытулак дае мая сяброўка, а да Новага году справім уваходзіны пад сваім дахам. Пра ўсё гэта я дамовілася так жа цвёрда, як і вырашыла застацца, сёння, сустрэўшы ў аэрапорце, я думала адлятаць у Вічугу, ведаеш каго? Тваю добрую знаёмую і маю, убачыш яе хутка сама і будзеш рада. Вось яна і ёсць дырэктар хімічнага камбіната, паважаны тут усюды чалавек. Не скажу, каб без яе рады і ўдзелу ў маім лёсе я адважылася на тое, што раблю.

Мамачка! Не плач і зараз нічога не пытайся. Я павінна была б прыехаць і сама сказаць усё Паўлу. Але ён такі добры, такі адданы нам усім, што баюся — як убачу, не збяру сілы расстацца. Калі не зможаш сказаць яму і ты, пакажы гэты ліст, дарагая. І пра Гэльку ўсю праўду скажы — уведае, якая я кепская, і пачуецца лягчэй. Я іду ні да кога і ні да чога, я проста не магу любіць яго, як бы хацела, дый ён варты большага. Хай даруе, што некалі падала руку на жыццё, а як жыць пад адным дахам далей? Праз павагу, у імя набытай звычкі? Цяпер ты згадзілася са мною, мамачка? Трэба ж паглядзець праўдзе ў вочы.

Я ўбачылася тут з адным чалавекам; ён, здаецца, ніколі не глядзеў іначай: толькі праўдзе і толькі ў вочы. Гэта — сама праўда, такое вялікае, чыстае дзіця.

Не палохайся, мамачка, якраз таму і я не звяжу свайго лёсу з ім, хоць бы і ўдалося дацягнуцца да яго цудоўнай даверлівасці і прастаты. Пралётнае захапленне — запозна для мяне, а каб хтосьці праз мяне адчуваў сябе нешчаслівым, не хачу.

Скажаш, раблю нешчаслівым Паўла? Не, мамачка, я вызваляю яго ад вялікага няшчасця няшчырасці. Ён маладзейшы за мяне гадамі і, мусіць, душою. У жыцці многа шчасця, толькі трэба не біцца за яго, не здабываць наўзахапкі, а проста ўбачыць — каторае тваё: яно пасміхнецца насустрач. Спадзяюся, стане радасці і на Паўлаву долю.

А мне даволі таго,што падараваў аднойчы лёс,— здаецца, усяго адну жменьку, а істота дасюль поўная.

І ведаеш, мамачка, што яшчэ зробім? Я стану для Гэлькі маці, а ты, мая нестарэнькая, як і належыць, бабулькаю. Ад каго нам хавацца, які сэнс, дый ці быў гэты сэнс калі-небудзь? І хай дзяўчынка ведае ўсё.

Бывай здарова, мая светлая мамачка, бедная мая! Колькі ты перацярпела праз сваю неспакойную дачку! Абяцаю больш не засмучаць цябе, родненькая. Абдымаю і чакаю, не баўся».

 

14

Малевіч на парозе аддаў сыну шыкоўнага шэрага каня. Мікітка кінуўся паіць і карміць свайго рысака ды паскакаў у двор хваліцца бацькавым падарункам. А бацька стаяў у калідоры, не распранаўся, не выпускаў партфеля з рукі і ўсё ніяк не мог павітацца з жонкай. Яна здзіўлена паглядала, потым затрывожылася.

— Ты нездароў, Сева?

Малевіч пайшоў у пакоі, як і быў, у плашчы. Спыняўся каля кніжных паліц, этажэркі з прыёмнікам, каля ўсіх абвыклых рэчаў, нібыта бачыў іх упершыню ці развітваўся назаўсёды.

— Ці не прынесці табе капылы? Падобна, ты збіраешся нас пакінуць,— у жарце пачуўся раптоўны адчай здагадкі.

Малевіч абсунуўся на першае бліжэйшае крэсла і глядзеў на жонку не міргаючы.

— Толькі ты і магла так адчуць,— вымавіў нарэшце.— Ты адна, Надзея. Лепшая з усіх, чулая. І засталася б такою для мяне, пакуль жыву... Каб...

— Не перасільвайся, Усевалад,— жанчыніны шчокі ўзяліся ў чырвоныя плямы.— Табе гэта задорага. Мне даволі таго, што сказаў, а сыну...

Такой размовы не магло не быць, надыходзіў самы скрутны момант. Малевіч усю дарогу дадому ўяўляў, як яны загавораць пра сына, не мог уявіць, і зараз спалохаўся ад гэтага ўпамінку.

Сын, хлопчык Мікітка! Гарцуе недзе наўскач на сваёй слухмянай канячцы, блізкі ў бесклапотнасці да бацькі, не сённяшняга, на жаль, а таго, што зусім нядаўна сам палез на каруселі, каб суцешыць нейчую растрывожаную душу.

А «дачушка-сястрыца»? Не бачаная яшчэ дзяўчынка з бантамі наўкол галавы. Якая ўцеха будзе ёй? Каму павінна аддаць перавагу бацькава сэрца?

— Зразумее і сын,— да Малевіча вярнуўся голас,— калі вырасце... Іншая справа, ці даруеце вы мне, абое. Напэўна, не. Сам вінаваты, не пра ўсё расказаў табе, Надзея. Я ведаў: кахаць — гэта раз і назаўсёды, але думаў — мінулае не вернецца... А яно...

Малевіч пачаў ад самага пачатку: з вядомага, як некалькі дзён назад прыехаў у гарадок, да невядомага і яму, і ёй, калі давялося адступіцца на пятнаццаць гадоў у маладосць.

Вярнуўся ў сённяшняе ён аж пад раніцу. Малы салодка спаў і, напэўна, не першы раз імчаўся ў атаку на чале атрада чырвоных коннікаў. Двое дарослых знайшлі ў сабе сілу паўсміхацца яму і пацалаваць, кладучы ў ложак адважнага ваяку.

Жанчына глядзела некуды праз Малевіча.

— Ідзі,— павольна вымавіла яна.— Табе трэба ісці туды. Ты не можаш зрабіць іначай.

Малевіч нахіліўся і пацалаваў ёй у руку. Усё аддавалася на яго волю: бяры горкае і жаданае права ўстаць і назаўжды зачыніць дзверы ў гэты дом. Спакуса зрабіць гэтак зноў паўстала так уладна і так неадольна, што ён з усяе сілы схапіўся за поручні крэсла. •

Адчуваў, зараз скажа нешта па-дзіцячы простае і ў той жа час жорсткае, але перасіліць сябе не мог.

— Я не пайду нікуды. Яна не пажадала гэтага, не пачакала мяне зусім трохі. Відаць, не можа дараваць сабе, што не дачакалася некалі.

— І ты вярнуўся толькі таму? Тады пайсці змушана я.

Магчымасць даравання за нязроблены ўчынак аддалялася, і Малевіч з той самай жорсткай простасцю запытаў:

— Хіба для сына гэта не адно і тое ж? Падумай, уяві, што ты так нічога і не дазналася. Мог жа я прыехаць і змоўчаць. А ці гэта было б лягчэй і лепш?

Жанчына падняла галаву. Першы раз за ўсю гэту бясконцую размову вейкі ў яе здрыгануліся, зліпліся ў мокрыя акварэльныя пэндзлікі. Вочы бліснулі надзеяй, напамянуўшы, як блішчыць пад месяцам расянае лісце.

Малевіч адчыніў акно ў рэдкі туман вераснёвай раніцы. Не ведаў, які з сябе і ў якім баку ад іхняга дома той горад, куды ён выбіраўся ехаць і не паехаў, але ўяўляў, што глядзіць акурат на не пагашаныя там пасля ночы агні. Думка на чыгуначных колах загрукатала туды па прасторах радзімы, у яе пажоўклых беразаках, каля чырвоных рабін пры будачках дарожных майстроў, уздоўж прыпыленага цягніковым пытлем алешніку.

У выснажанай хваляваннем, ахаладалай ад турбот і бяссоння істоце стала раптам цяплей. Не так ужо і далёка, дзесьці поблізу ад Волгі, абуджаецца, жмурыць супроць сонца шыбы невялікі рускі горад са спеўным, невядома як узнікшым імем — Вічуга!

Хай гадуецца здаровенек — перахаваў жа ў сабе незабыўнае, недасяжнае.

І ў душы, мусіць, бралася на дзень.

1970

 


1970

Тэкст падаецца паводле выдання: Лужанін М. Збор твораў: У 4-х т. Т. 4. Кароткія аповесці; Апавяданні; Вершы і паэмы; Роздумы і турботы. - Мінск, Мастацкая літаратура, 1981. - 623 с.
Крыніца: скан