epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Удоўчына гняздо

 

 

— Вось дзіва,— з таемным выглядам шапянуў Косцік, мой нястомны напарнік у паходах з вудаю,— пад нашу хату лётае салавей.

«Наша хата» — вясёлы дамок, дзе не першы раз даводзілася летаваць,— стаяла на пясчаным узгорку зусім недалёка ад рэчкі. Загончык бульбы, далей лапіна асакі з аерам у грузкай балоціне, і ўжо кучаравы, быццам наплоены, алешнік выходзіць на патужэўшы бераг — там Свіслач.

Пад вечар нам чуваць, як пляскае па вадзе рыба, разгуляўшыся ў цёплай тумановай пары. Гэта, вядома, калі не выступаюць незлічоныя хоры жаб. Яны забіваюць нават пушчаную на ўсю магутнасць радыёлу з суседняга двара. Шчымлівы голас неўціхана пяе з рання да вечара:

 

Мой хлопчык мілы,

Кладуся спаць,

Не маю сілы

Цябе чакаць.

 

Пласцінка, відаць, знарок падбіралася для хлапчукоў і дзяўчатак з дзіцячага сада, які нядаўна пасяліўся ў нашых суседзей. Добра, што малыя спяць моцна і не чуюць далейшых падрабязнасцей, бо той нядбайны хлопчык усё ж такі з’явіўся, і ўсё, чаму належала адбыцца, адбылося.

Вестку пра салаўя Косцік прынёс мне потайкі, бо не хацеў уводзіць у вушы Саньку і Верачцы, сваім меншым браціку і сястры. Праз нясталы ўзрост — дзяўчынцы было сем, а хлопчыку ішоў пяты год — у іх абуджалася не зусім здаровая цікаўнасць да птушак, і асабліва да птушанят. Парушыць гняздо — не парушаць, але пачнуць назаляць, глядзець дзесяць разоў на дні, і птушка як бачыш адцураецца.

— Салавей? — перапытаў я.— А што ты думаеш, напэўна, ён прылятае браць урокі спеваў у радыёлы.

Косцік пакрыўдзіўся.

— Вы ўжо скажаце! — махнуў ён рукою.— Можа я ўжо салаўя з мухалоўкаю пачаў блытаць.

Уласна кажучы, асаблівых падстаў сумнявацца не было. Пад саменькімі нашымі вокнамі добра кусціўся малады сліўняк, а ўздоўж драцяной агароджы шчыльна стаяў, вызверыўшыся калючымі лапамі, агрэст. Там ветрала нявыграбенае леташняе лісце, а пад ім былі цэлыя спраты наземнай жыўнасці — чарвей, лічынак і розных іншых прысмакаў салаўінага стала. Можна было смела заставацца на жыццё, хіба што крыху шумнавата магло здацца тут: пасвіствалі шынамі, праслізгваючы па асфальце, машыны, шчабятаў, спяваў, плакаў дзіцячы садок, ды яшчэ тая няшчасная радыёла.

Назаўтра мы з Косцікам сядзелі на лаўцы ў прыхатнім цяньку. Было пасля паўдня. Мы спазніліся на снеданне і цяпер чакалі, парадкуючы снасць пасля ранішняй лоўлі: навешвалі ямчэйшыя грузілы, умацоўвалі кручкі, спехам навязаныя, замест ушчэмленых у карчах і ў шчупаковых пашчах.

Раптам Косцік угнуўся, неяк адразу паменшаў ледзь не ўдвая і тузануў мяне за рукаў. Песенька, якую ён насвістваў, змянілася іншым, добра знаёмым гукам: на яго з усіх ног кідаюцца гаспадыні даганяць закіпеўшае малако:

— Ш-шшы-шыі!

Я павёў вачыма за хлопцавым пальцам. Над кустом баярышніку павісла, ледзь зыбаючыся ў паветры, птушка. Зрабіўшы выгляд, нібыта садзіцца, яна лёгка дакранулася да калючай верхавіны і ў момант саслізнулася ў ніжэйшы, заценяваны ярус куста.

Птушка насцярожана паблісквала ва ўсе бакі чорнымі кропелькамі вачэй. Прарабляўся звычайны манеўр: перад залётам у гняздо трэба было ўпэўніцца, ці не пагражае адкуль небяспека. Цяпер і я мог як след разглядзець нашу госцю. Шэрае пяро ў крыльцах няўлоўна пераходзіла ў колер балотнай руды, грудзінка са светлага аксаміту была злёгку кранута жаўтаватым пэндзлем. Косцік не памыліўся — салавей!

Пакуль я перадаў гэта хлопцу, нават не пошапкі, а толькі позіркам, салавей вылецеў з куста, зноў на хвіліну павіс, пазыбаўся і знік за аконнаю ліштваю так хутка і непрыкметна, быццам растаў ці выпарыўся на сонцы. Праз некаторы час над пярынкай, што вытыркала са шчыліны паміж сцяной і ліштвай, з'явілася зграбная галоўка, уважліва агледзела нас і панадворак ды так і застыла напагатове, каб, калі што якое, узляцець.

Гэта была ўжо сапраўдная нечаканка. Каб салавей загнездаваўся на доме, такога не даводзілася чуць. Здзіўлення дадала нам і Косцікава маці. Яна, яшчэ капаючы грады, прыкмеціла, што ў гняздо пад акном лётае адна птушка, а не дзве, як бывала раней.

Мы ўзяліся назіраць. Дзён праз два ўсё пацвердзілася. Сапраўды, у птушкі не было пары. Можа, яе сябар трапіў у сіло да аматара салаўіных спеваў або, яшчэ горш, у лапы драпежніку, які не надта разбіраўся ў тонкасцях птушыных рулад, а больш падабаў свежую дзічыну.

Сапраўды, каб не няшчасны выпадак, нашто спатрэбілася б салаўісе рабіць гняздо высока на сцяне, калі наўкол ставала густых недаступных кустоў?

Да апошняй версіі схіляўся Косцік і адкрыта вінаваціў у гэтым злачынстве шэрага ката, які чамусьці насіў жаночае імя Дуся. Гэта быў пострах ваколічных мышэй і пацукоў, але сапраўдны бандыт з пункту погляду дзікіх і свойскіх птушак. Ён не размінаўся з галубамі, дабіраўся нават да качыных гнёздаў на балоце і выпіваў яйкі.

За Дусем лічыліся сотні буйных і дробных крадзяжоў. Ніхто з яго супляменнікаў так спрытна не ссоўваў кружкі з гладышак, каб злізаць смятану. Ніводзін ваколічны кот не адважваўся спусціцца ў калодзеж і выкрасці прывязаную на шпагаце свежыну. Але вяршыняй Дусевых рабункаў быў крадзеж мяса з летняй куханькі, дзе яно кіпела ў вялікім чыгунку. Гаспадыні былі схільны растлумачыць прапажу ўдзелам звышнатуральнай сілы, але зірнулі на імгненна патаўсцеўшага ката — мяса было каля двух кіло! — і зразумелі.

У вольны ад грабежніцтва час, пэўней, калі дбайнасць гаспадынь рабілася непрабіўная і не было лягчэйшага спосабу здабыць ежу, Дуся ішоў на рэчку рыбачыць. Ён ускокваў на камень, што вытыркаў з вады недалёка ад берага, садзіўся і чакаў. На яршоў і іншую драбязу кот не кідаўся — нашто дарма замочваць лапы і паўкажушак, але краснапёрак і падлешчыкаў узнізваў на кіпцюр амаль без промаху. Дык што значыла такому прайдзісвету з невыгойнымі шрамамі на мордзе ад вясновых баталій, што значыла яму злавіць малую, безабаронную птушку!

Словам, салаўіха жыла адна. Двойчы на суткі — адразу пасля паўдня і перад вечарам, калі сонца пераходзіла на вокны і моцна награвала гняздо,— птушка выбіралася ў кароткую вандроўку. Ніхто не з’яўляўся падмяніць яе ў цяжкім клопаце выседжваць дзяцей, каб раптам не перарвалася жыццё пад тонкай лупінкай. Ніхто не турбаваўся даць ёй адпачынак, каб злётала трохі размяць крылы і пашукаць якога наедку. Ніхто не абзываўся да яе нават ціхім ціўкам, а не тое каб любоўным посвістам, хоць шмат якія салаўі спявалі ў садах і ў прырэчным хмызняку, цешачы сваіх сябровак, абы весялей было выконваць ім матчыны абавязкі.

Усе турботы даводзілася перабываць адной, і салаўіха нейкім чынам упраўлялася гэтак хутка праветрыцца і падсілкавацца, што я не паспяваў прабегчы газету.

Мы з Косцікам не здолелі надоўга захаваць свой сакрэт. Хутка гісторыю адзінокай салаўіхі ведаў увесь дом. Дзеці назвалі гняздо ўдоўчыным і абвясцілі яго пад цімураўскай апекай. Верачка павесіла на баярышніку фанерку і не забывалася насыпаць туды зярнят і наліваць свежай вады ў шкляную сальнічку.

Нам удалося ўбачыць, што салаўіха не грэбавала дапамогай: яна злятала з гнязда і ласавалася крупамі, а часам і грэцкай кашай.

Хлопцы ўжылі адпаведныя захады і да драпежніка з жаночым імем. Яму было ўрачыста агалошана, што найдрабнейшы замах на ўдоўчына гняздо пацягне за сабой пакаранне смерцю праз павешанне на варотах.

Не ведаю, памагло такое сур’ёзнае папярэджанне ці проста кот не разнюхаў, што ў яго пад носам вылупіліся маладыя птушкі, але ўсе пяцёра ўдоўчыных дзяцей бесклапотна дажылі да канца чэрвеня, калі прыйшла пара вучыцца лятаць. Праўда, на маці іхнюю страшна было зірнуць: пер’е тырчала ва ўсе бакі, як прылепленае, быццам яна абсыхала пасля вялікага дажджу. Падняць наўзлёт такую плойму ўжо ж нялёгка. Каб не Верчына падкормка, птушка знебылася б зусім.

Вылецеўшы з гнязда, птушаняты яшчэ доўга трымаліся каля нашай хаты. Яны карміліся ў садку, заглядвалі і на кармушку, а начавалі ў баярышнікавым кусце: там было найбольш бяспечна.

Аднойчы на захадзе сонца мы былі ўзнагароджаны за ўвесь час асочвання і апекавання птушак. Усё на той жа лаўцы паміж сасною і бярэзінай, адкуль вяліся нашы назіранні, сядзелі Косцік, Верачка і я. У баярышнікавым кусце нешта заварушылася, і мы заўважылі, як з галінкі на галінку перабегла маладая птушка, па ўсім відаць — подлетак.

— Ффіід! — абазвалася яна вельмі нясмела і змоўкла, нібы здзівіўшыся, няўжо гэта сама вінна, што выпусціла з дзюбкі такі слаўны гук.

— Кроэк! Крок! — пачулася ўжо куды смялей і выразней.

Косцік затуліў рот рукою.

— Салавей р-робіць пер-ршы кро-ок! — перадражніў ён спевака.

— Фіід! Крок! Ффіід! Кррок! — паўтарыў салавей і паслухаў сам сябе.

Выходзіла як належыць!

От табе і ўдоўчына гняздо!

Самое ўдоўкі мы так і не ўбачылі. Мусіць, яна слухала першы сынаў канцэрт дзесьці ў публіцы і, шчаслівая, прыціскала да вачэй мокрую ад слёз хустачку.

1963


1963

Тэкст падаецца паводле выдання: Лужанін М. Збор твораў: У 4-х т. Т. 4. Кароткія аповесці; Апавяданні; Вершы і паэмы; Роздумы і турботы. - Мінск, Мастацкая літаратура, 1981. - 623 с.
Крыніца: скан