epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Лужанін

Выбух

Бліснуў, загрукатаў,

Выкуліў кубак ставу,

Быццам душу дастаў

Усерджаны Кракатау

І паваліў з хрыбта

Дымнае гліны лаву.

 

Ссыпаўся друзам гмах

З горадавага цела.

Змогшы да ўзлёту страх,

Стаўшы ад жаху смелай,

З ластаўкамі ў лістах

Ліпа на дах ляцела.

 

Дрэва было ў агні,

Але ў смяротным стане,

Выпрастаўшы карані,

Голлем агонь хвастала.

 

З чорнае вышыні

Біў і біў Кракатау.

 

З неба — малы павук,

Д’ябал з маторам — зблізку,

Выпаліў сіняву —

Цесна ў паветры прыску.

 

Помню — колькі жыву! —

Бомбы.

Апошнія.

Ў Мінску.

 

 

1975


1975

Тэкст падаецца паводле выдання: Лужанін М. Збор твораў: У 4-х т. Т. 4. Кароткія аповесці; Апавяданні; Вершы і паэмы; Роздумы і турботы. - Мінск, Мастацкая літаратура, 1981. - 623 с.
Крыніца: скан