epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Танк

Хоку

* * *

 

Рэкі, як людзі,

сьпяшаюцца да акіяну -

сваёй нірваны.

 

* * *

 

Неразлучнымі

толькі пакінуў нам Буда

Жыцьцё і Сьмерць.

 

* * *

 

Бічую, бы Ксэркс,

мора за разьбітыя

мае караблі.

 

* * *

 

- У будучыню

ды на раскрышаных крылах? -

сьмяецца сьлімак.

 

* * *

 

Быццам той алень,

што згубіў панты,

бягу і падаю.

 

* * *

 

Набыў ракаўку.

Цяпер я - не самотны.

Гавару з морам.

 

* * *

 

Над Фудзіямай -

драконы бліскавіцаў.

Цьвіце сакура.

 

* * *

 

Пацеркі пэрлаў -

сьлёзы асірацелых

рыбацкіх удоў.


1990-1996?

Тэкст падаецца паводле выдання: Круглы год. Менск, Літаратура, 1996.
Крыніца: скан