Максім Танк

Мой хлеб надзённы

Непакой за цябе, зямля мая,

За твой ураджай, спакойны сон,

За дрэва кожнае ў гаях,

За весьніх песень перазвон,

Непакой за цябе, зямля мая, –

Мой хлеб надзённы.

 

Часамі ён горкі ад пылу быў,

Часамі салёны ад сьлёзаў быў,

Часамі гарачы ад пораху быў,

Але і салодкі ад дружбы быў

Мой хлеб надзённы.

 

I не кладзіце мне хлеб другі

У кайстру, калі я ў дарогу іду,

На стол, калі бяседу вяду,

На сэрца, калі на ім рукі складу.




Крыніца: http://www.rv-blr.com/vershu/view/952

Беларуская Палічка: http://knihi.com