Максім Танк

Над магілай Багдановіча

Прагучыць сірэна ў порце часам.

Кіпарысаў дрэмле ціхі сад.

Дрэмле Ялта, па крутых тэрасах

Льецца вішань белы вадаспад.

 

Тут вясна асыпала ўсё цьветам,

I цяжэй знайсьці ўчарашні сьлед.

Хоць над раньнім курганом паэта

Напісалі імя і санэт.

 

Што ж... мае спазьніліся так годы,

А твае так рана адцьвілі –

Сёньня разам выйшлі б мы да ўсходу

Прывітаць радзімы караблі,

 

Рокат мора, збуджанага ветрам,

Воблакаў ключ сіні і зару,

Што зь вяршынь асьнежаных Ай-Петры

Кожны дзень плыве на Беларусь.

 

Цішыню прадвечнага спакою

Кіпарысы вартай сьцерагуць.

Але, пэўна, калі гром прыбою

Змоўкне і растае ў пене гул, –

 

Чуеш ты, як звоняць сосны ціха,

Як, палі вітаючы свае,

Недзе ўнучка слуцкае ткачыхі

Пра вясну шчасьлівая пяе.




Крыніца: http://www.rv-blr.com/vershu/view/35623

Беларуская Палічка: http://knihi.com