epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Танк

Працягласць дня i ночы

Памыляюцца тыя,

Хто ўсё яшчэ верыць,

Быццам

Працягласць дня і ночы

Падпарадкуецца

Астранамічным разлікам.

 

I я так думаў,

Пакуль аднойчы не пачуў,

Як, вяртаючыся з поля,

Спявалі нашы дзяўчаты:

«А я дня укарачу

I да ночы прытачу...»

 

Божа!

Якія гэта былі дзяўчаты!

Кожная з іх

Не толькі магла

I дзень укараціць,

I ноч прадоўжыць,

Але і ашчаслівіць

На ўсё жыццё.


1989

Тэкст падаецца паводле выдання: Родная літаратура: хрэстаматыя для 11-га кл. агульнаадукац. шк. / склад.: У.А.Дзіско, М.І.Мішчанчук, Т.М.Саўчук. – Мінск: Універсітэцкае, 1998
Крыніца: скан