Максім Танк

Спатканьне

– Ну што ж, кажы, што ў вас чуваць? –

Пачаў стары пра сенажаць,

Успомніў жыта і авёс...

А вочы... мокрыя ад сьлёз...

А потым я загаварыў:

– Нічога, год я перажыў.

Ды не адзін – сядзіць нас шмат, –

Прывыклі трохі і да крат...

Ну, як там мама і сястра?

Пара ўжо на зіму араць.

I як там кратаецца дзед?

Ім занясі ад нас прывет!

– Нічога, мы-то жыць жывём, –

Вось ты тут сохнеш за муром...

Я ў торбе сухароў прынёс, –

А вочы мокрыя ад сьлёз...

– Ня плач! Мы вернемся вясной

I ў поле выйдзем грамадой,

Сустрэнем новы ўсход зары, –

Ня плач і не бядуй, стары!

Вясною сьветлаю з-за крат

Зь сяўнёю, поўнаю зярнят,

Нас выйдзе шмат, як цёмны бор,

На скібы чорныя разор...

Стары, я знаю, верыць мне

I сам гаворыць аб вясьне,

Здаецца, падужэў, падрос,

Хоць вочы мокрыя ад сьлёз...




Крыніца: http://www.rv-blr.com/vershu/view/953

Беларуская Палічка: http://knihi.com