epub
 
падключыць
слоўнікі

Максім Танк

Завушніцы

О, колькі раз прасіў я

Назначыць мне спатканьне;

О, колькі раз хацеў я

Прызнацца ёй у каханьні!

Ды ўсё перашкаджалі,

Калі дзяўчыне верыць,

То павадак вясновы,

То прымаразак-шэрань.

Але і я – упарты.

I каб свайго дабіцца,

Прасіў я шчыра майстра

Зрабіць ёй завушніцы.

На гэтых завушніцах

Я напісаў закляцьце –

Усё, што не сказаў ёй,

А ў чым хацеў прызнацца.

Сягоньня не ўцячэ ўжо

Ад слоў маіх гарачых

Ні ў час, калі сьмяецца,

Сьпявае або плача.

Ні ў час, калі прыляжа,

Змарыўшыся, зьмярканьнем, –

Зьвіняць ёй завушніцы

Ўсё пра маё каханьне.


05.06.1959

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: http://www.rv-blr.com/vershu/view/950