epub
 
падключыць
слоўнікі

Маргарыта Прохар

Холадна

«...Адкуль бярэцца гэтае прыкрае пачуццё віны, адчуванне таго, што ты вінаваты перад іншымі, перад самім сабой?

І чаму, калі сыходзіш ад людзей, з якімі нейкі час быў разам, нехта з іх абавязкова скажа ці падумае: здраднік. Нібы пакладзе кляймо: сёння ты быў сябрам, а заўтра ты - здраднік.

Але так не бывае, калі яны любілі цябе, так бывае, калі не любілі...

Зрэшты, у кожнага свае апраўданні...»

Але чаму пра гэта падумалася менавіта сёння? Хаця ў памяці свае сцежкі, свой нябачны час...

За акном шумяць каштаны. Белыя суквецці іх, падобныя да свечак-пірамід, адгарэлі яшчэ ў траўні, і зараз, нібы зялёныя пальчаткі, лісце хавае маленькія ў калючай і ў такой жа зялёнай, як яны самі, шкарлупіне круглыя і дробныя, быццам няспелыя яблыкі, каштаны. Увосень, калі сухім залатым дажджом асыпаецца лета, каштаны выспеюць і пачнуць ападаць, нечакана зрывацца з галін, з трэскам разрываючы кволае рыжае шкарлупінне і ляскочучы па асфальце, доўга каціцца па ім - бліскучыя, карычневыя, нібы круглыя шакаладныя цукеркі.

Гавораць, што такія восеньскія каштаны, калі іх пакладзеш у кішэню, прыносяць добры настрой і адчуванне шчасця. Вера не асабліва прыслухоўвалася да гэтага, але чамусьці рукі самі цягнуліся да каштанаў. Яна клала іх у сумку - адзін-два, - і так яны і ляжалі там, чакаючы другой восені, высыхалі, чэзлі, браліся сухімі баразёнкамі-зморшчынкамі. Але найбольш за ўсё Вера любіла, калі дрэвы-каштаны толькі-толькі пачынаюць зацвітаць на пачатку траўня і з'яўляюцца тады якраз тыя белыя «свечкі», як яна іх называла.

У такія дні яна заўсёды рана прыходзіла на працу. Ішла пустым гулкім калідорам, падымалася па лесвіцы, слухаючы адзінокае рэха крокаў. Прайшоўшы ў свой кабінет, адразу ж імкнулася да акна, адкрывала старыя рамы і доўга стаяла, гледзячы ў бела-зялёнае мора суквеццяў і лісця, дыхаючы свежым водарам белых кветак, і пах гэты здаваўся ёй такім жа белым, чыстым, святочным, і на душы рабілася лёгка і па-сапраўднаму, па-вясноваму, радасна і шчасліва. І непрыкметна - у такім жа прыўзнятым добрым настроі - праходзілі дні.

Пралятала вясна, і жыццё нібы запавольвала крокі, цішэла, нарастала гарачыня. У рэшце рэшт з'яўлялася лета з асляпляльным сонцам, задухай і доўгачаканымі вечарамі - лёгкімі, напоўненымі цёплым мядовым водарам кветак, які адчуваеш нават у горадзе. Вось і зараз паволі надыходзіць адзін з такіх вечароў. Вера прайшлася па кабінеце, крыху затрымалася ля акна. З вуліцы дыхнула прахалодай, а ў небе - шараватым, нібы засланым туманам - больш не было відаць ніводнага з тых пухкіх бялесых аблокаў, якія несупынна плылі ў ясным гарачым блакіце днём і раз-пораз закрывалі сонца.

Слухаючы, як паволі ўсё навокал цішэе з надыходам вечара, нібы акунаючыся ў жаданую прахалоду, Вера толькі цяпер пачула, як яна стамілася. Ад усяго: ад працы, ад бясконцых мітрэнгаў і навалы дробных клопатаў кожнага дня. А больш за ўсё насцярожвалі раптоўныя, нечаканыя хвалі адчаю, неспакою, тугі, якія захлыналі сэрца. Часта гэта здаралася падчас самай што ні ёсць бяскрыўднай гутаркі. Нейкае слова, пагляд, рух... ды і яна сама, зрэшты, не ведала - што... Яно налятала, як подых халоднага, сцюдзёнага ветру, і Вера ўздрыгвала; пасля, каб ніхто не заўважыў, непрыкметна нахіляла галаву, прыкрываючы рукою вочы, слухаючы, як унутры ўсё то ледзянее, то раптам усхопліваецца нервовым, надрыўным, падобным да ўнутранага плачу, узрушэннем.

Праўда, ніколі ніхто гэтага не заўважаў. Усе лічылі яе надзвычай вясёлай, прыемнай, абаяльнай.

І толькі адзін чалавек заўважыў тое, што не бачыў ніхто - выпадковы наведвальнік, які прыйшоў падпісаць нейкую паперу. Яна пачала чытаць, і раптам яе ахапіла гэтая ледзяная нервовая хваля, і Вера ніжэй нахілілася да стала, хаваючы бледны, напружаны твар.

- Вам дрэнна?

Яна ўздрыгнула ад гэтага пытання і разгубілася. Каб неяк усё ж патлумачыць сітуацыю, сказала:

- Мне проста холадна.

- Давайце я зачыню акно.

- Добра.

Пакуль зачынялася старая скрыпучая рама, Вера здолела перамагчы здранцвенне. Але толькі пасля, успомніўшы свае словы, здзівілася: ёй у тую хвіліну і сапраўды было вельмі холадна - унутры...

Наляцеў вецер, і зноў зашумелі каштаны, нібы закалыхалася цёмна-зялёнае мора.

Вера хвіліну моўчкі пастаяла ля акна, а потым пачала збірацца. Усе ўжо даўно пайшлі: было а сёмай гадзіне. Вера часта гэтак затрымлівалася пазней за ўсіх: не любіла пакідаць няскончаныя справы назаўтра.

Праўда, сёння затрымалася па іншай прычыне: проста хацелася пайсці адной, пабыць у цішыні.

Дамоў вырашыла ісці пешшу: было недалёка. Яна выбрала шлях праз парк. Дрэвы закрывалі вечаровае, аднак яшчэ даволі гарачае сонца, таму было прыемна ісці ў гэтай створанай імі лёгкай паўзмрочнай прахалодзе. Знікала стомленасць, на душы станавілася спакойна, добра.

Вера перайшла на вузкую сцежку, якая выводзіла да тралейбуснага прыпынку на вуліцы. Раптам пачула крокі. Хтосьці спяшаўся, магчыма, даганяў яе. Вера не вытрывала і азірнулася.

Побач з ёю спыніўся высокі хударлявы мужчына гадоў трыццаці пяці. Светлыя, коратка пастрыжаныя валасы і незвычайныя - шляхецкія - бародка і вусы, прычым яны яму вельмі пасавалі. Твар інтэлігентны, добры. І ўсмешка прыязная.

- Добры вечар! - першым павітаўся ён.

- Добры вочар! - адказала Вера і таксама ўсміхнулася - іранічна.

Незнаёмец нечакана патлумачыў:

- Вы прабачце, я, відаць, памыліўся. Вы вельмі падобны да адной маёй знаёмай.

Вера прамаўчала.

- Я падумаў, што гэта яна, і таму кінуўся даганяць...

Ён стаяў і моўчкі глядзеў на яе.

- І чаго вы чакаеце? - насмешліва запытала Вера.

- Яшчэ раз прашу прабачэння... - І ён памкнуўся пайсці.

Вера зрабіла крок, аднак неспадзявана зачапілася за корань дрэва - гладкі, выбіты не адной парай ног, - і ўпала б, каб не яе выпадковы сустрэчны: ён паспеў яе падхапіць.

Вера войкнула ад болю ў назе, нават слёзы паказаліся ў вачах.

- Баліць? - спачувальна запытаў мужчына, падтрымліваючы яе пад руку.

Вера маўчала, слухаючы боль, які паволі цішэў, адыходзіў некуды ўглыб. Яна ступіла раз-другі і з палёгкай уздыхнула: абышлося, вывіху няма.

- Я вас правяду, - прапанаваў мужчына, - раптам што...

Вера толькі паціснула плячыма: ёй было ўсё роўна.

Давялося пазнаёміцца: ён назваўся Віктарам, сказаў, што працуе інжынерам у фірме, назвы якой Вера не запомніла. Ды яна асабліва й не слухала. Ёй нечакана падумалася: як дзіўна перакрыжоўваюцца лёсы, паўтараюцца сустрэчы. Мінулае не хоча заставацца ў мінулым...

...У такі ж цёплы летні надвячорак - ужо так даўно-даўно, нібыта было ў іншым, не ў тваім, а ў зусім чужым жыцці, - яна, Вера, нядаўна скончыўшы інстытут, крочыла палявою, у жыце, сцежкай да вёскі, у якую прыехала настаўнічаць. «Студэнтачка», - ласкава называлі яе, - танклявую, худзенькую дзяўчынку, якая сама знешне не адрознівалася ад тых дзесяцікласніц, у якіх была настаўніцай. Але гэта - пасля... А напачатку была сцежка ў жоўта-залатым жыце, звонкі бярэзнік ля незнаёмай, амаль схаванай у зеляніве садоў вёсцы. Вера заблукала тады ў тым ціхім бярозавым гайку і прысела перадыхнуць на паваленую, дзе-нідзе струхлелую і ацярэбленую мурашамі і караедамі бярозу. І толькі тут яна заўважыла непадалёк чалавечую постаць. Вера не ведала, ці радавацца, ці не з такой нагоды.

Чалавек павярнуўся. Гэта быў высокі хударлявы хлапец прыкладна яе ўзросту. Твар сур'ёзны, няўсмешлівы, і цёмныя валасы, здавалася, яшчэ больш падкрэслівалі гэта. Вочы задумліва аглядалі наваколле. Над галавою шумеў гай, і хлопец, здавалася, чуйна прыслухоўваўся да гэтага пошуму, нібыта слухаў толькі яму вядомы голас.

Вера, назіраючы за ім, абаперлася на сухую галінку. Галінка з трэскам зламалася. Хлопец азірнуўся і ўбачыў Веру на паваленым дрэве, якая схапілася, каб не зваліцца, за голле алешніку, што рос побач.

Яны павіталіся, і Вера папрасіла падказаць ёй, як прайсці ў вёску. Аказваецца, ён таксама ішоў туды.

- Ігар Гаўрылюк, настаўнік, - назваў сябе.

Вера ў адказ заўважыла, што, мабыць, іх шэрагі з сённяшняга дня папоўняцца: яна таксама, відаць, будзе працаваць у іх школе ў Бярэзніках.

Ён толькі кіўнуў галавой, але нічога не сказаў. Вера таксама не наважылася пачынаць якую-небудзь гаворку, таму далей ішлі моўчкі.

Хутка яны выйшлі на дарогу, якая вяла праз гай. Пясчаную, прыкатаную, дзе-нідзе ў выбоінах. З поля дыхнула пераспелым жытам, распараным ад сонца. Па ствалах бяроз абапал дарогі беглі сонечныя палоскі святла, збягалі ўніз, хаваліся ў травах.

- Ну як, падабаецца тут? - раптам запытаў Ігар, аглядаючы шырокі абсяг палёў - залатых і бясконцых, з адзінокімі купкамі дрэў між іх.

- Хораша... - згадзілася Вера, дыхаючы цёплым, прывольным ветрам поля.

Яны выйшлі да вёскі. Але спачатку ўбачылі сад - вялікі яблыневы сад з водарам белага наліву ў жніўні: сумна салодкага, як адыходзячае лета, - мядовы, сонечны водар наліўных, жоўта-белых яблыкаў. Яблыневы сад заўсёды чамусьці нагадваў Веры дзяцінства. На лета яна ездзіла ў вёску, калі яны яшчэ не прадалі там дом. І ў вёсцы быў сад: высокія-высокія грушы і яблыні - ад белага наліву да позніх антонавак, якія Вера каштавала ўжо не ў садзе, а з вялізных скрынак, якія прывозіў ім дзед.

А белы наліў - жнівеньскі белы наліў - яна любіла сама збіраць уранні - крамяныя, халаднаватыя і мокрыя ад расы яблыкі.

Альбо - увечары, калі заходзіць за дрэвы сонца, і яблыкі становяцца залатымі, ружовымі, казачнымі. А потым прыходзіць ноч, і ў яе цішыні, напоенай водарам саду, добра моўчкі сядзець і слухаць, як падаюць, зрываючыся з галін, яблыкі...

Убачыўшы яе міжвольнае захапленне садам, Ігар спытаў:

- Прыгожа?

- Так, - шчыра прызналася Вера і ў сваю чаргу запытала: - А вы даўно тут?

- Нядаўна, з год. - Ён замаўчаў, аб нечым задумаўся, аплятаючы вакол пальца зялёную сцябліну. Пасля дадаў: - Цяпер мне здаецца, што трэба любіць не толькі тыя мясціны, дзе ты нарадзіўся, але і тыя, куды цябе скіраваў лёс: там, дзе ты сёння. Гэта вельмі важна: усюды сваё хараство, свая радасць. І ты проста вучышся любіць, і сэрца тваё ад гэтага робіцца чыстым і спакойным.

- Вы, аднак, філосаф, - Вера ўсміхнулася.

- Гісторык. Па адукацыі. Хаця мы ўсе ў пэўны час свайго жыцця становімся філосафамі.

Вёска была як вёска: хаты з агародамі, прысадамі, а далей - палі нашы.

Вышлі да будынка школы - двухпавярховага, сучаснай планіроўкі. Вера нават здзівілася: думала ўбачыць звычайную хату.

Прыйшлі ў настаўніцкую. Вера пазнаёмілася з такімі ж маладымі, нядаўнімі выпускнікамі інстытута, настаўнікамі. Высокі чарнявы хлопец з птушыным носам назваўся Сяргеем, а светленькая дзяўчына са смешнай кароценькай грыўкай над вачыма - Кацяй. За сталом чытаў газету трэці - юнак у акулярах, Сямён, сарамлівы, ціхі, з мяккім, цёплым характарам.

Чаму гэтыя першыя хвіліны знаёмства, тое першае ўражанне так урэзалася ў памяць?..

У жыцці кожнага чалавека ёсць знаёмыя, а ёсць сябры, з якімі табе добра не толькі гаварыць - проста маўчаць, якія цябе разумеюць і якіх разумееш ты, якія давяраюць табе і якім ты давяраеш. І за тыя паўгода працы яны, маладыя, сталі такімі добрымі, шчырымі сябрамі. Дык чаму, чаму ўсё так здарылася? А можа, гэта яе выдумкі, нічога не адбылося, ніхто ні ў чым яе не абвінавачвае, а прычына ўсяму - лёс, які рана ці позна раскідвае людзей, як вецер лісце? І гэта ўсе разумеюць, і толькі яна не можа з тым змірыцца. Але чаму засталася гэтая прыкрасць, чаму хочацца зноў вярнуцца туды і нешта патлумачыць, апраўдацца? Але...

- Вы мяне не слухаеце?

Вера страпянулася. Яны, аказваецца, падышлі да тралейбуснага прыпынку. А яна не заўважыла і нічога не чула. І так заўсёды, калі пачынала ўзгадваць тыя далёкія гады і той час...

Яна ўздыхнула і сказала:

- Так... Успомніўся выпадак...

Ён прамаўчаў.

- Мне - далей, праз вуліцу, - патлумачыла яна. - Тут блізка, так што не турбуйцеся...

- Не, я правяду.

Вера толькі паціснула плячыма: няхай.

Яны спыніліся ля святлафора. І Вера хутчэй не ўбачыла - адчула яго позірк. Так калісьці глядзеў Ігар - закаханымі, цёплымі вачыма. Аднойчы, калі яму таксама здавалася, што яна гэтага не бачыць, не ведае...

Ігар... Яна і да гэтага часу не можа сябе зразумець. Ды і ці было каханне? І ніхто з іх пра яго не гаварыў, і прызнанняў не было. А вось яна не можа забыць... І разумее: гэта смешна, ніхто пра такое не помніць, трэба стаць як усе, яна ж сучасны чалавек. Але штосьці не адпускае - там, глыбока ў душы... Стаць як усе... А можа, гэта толькі здаецца, што ўсе - шчаслівыя і нікога не трывожыць памяць?..

А ім было так добра разам... Ніколі ні з кім Веры не было гэтак добра. Ігар часта пасля сваіх урокаў заходзіў да яе ў кабінет. Яны доўга гаварылі - пра ўсё: пачынаючы ад надвор'я і заканчваючы абмеркаваннем Голдынга ці Брэдберы. І ніхто з іх так і не сказаў галоўнага. Ды і не магла яна тады і падумаць, што ніхто не здолее заняць ягонае месца ў яе сэрцы: шчыры, у многім наіўны, безабаронна адкрыты. Яна была больш практычнай, больш абачлівай. Але ці выратавала яе гэта? Чаму зноў і зноў яна вяртаецца думкамі туды, у тое далёкае, сваё, нібы пакінуўшы там, у мінулым, штосьці такое, без чаго яе сёння - як рака без вады, як птушка без крылаў, як халоднае сонца? Так, халоднае сонца. Ці халоднае сэрца. Для чалавека гэта тое самае.

Вера адарвалася ад успамінаў, калі падышлі да яе дома - старой сяміпавярховай будыніны. Развіталіся ля пад'езда.

- Бывайце, - проста сказала Вера.

- Бывайце... - у ягоным голасе яна адчула сум.

Аднак не азірнулася. Хутка зайшла ў пад'езд і зачыніла дзверы. А ноччу не магла заснуць: наноў успамінала тое, даўняе. За акном забарабаніў дождж. Вера паднялася, каб зачыніць фортку. Некалькі кропель упала ёй на руку - начныя, халаднаватыя, нібы зусім не летнія.

Раптам успыхнула, нібы одум: зрэшты, чаго яна перажывае? У яе ж усё ёсць. Усё тое, пра што яна марыла калісь як пра штосьці нязбытнае. Дык чаму так пуста, адзінока, чаму ёй холадна гэтак?.. У яе ўсё ёсць.

Вера прытулілася лбом да начнога шкла, і ёй упершыню за столькі год захацелася - як у дзяцінстве - заплакаць...

Прайшло тры дні пасля той дзіўнай сустрэчы ў парку. Вера і забылася пра яе за клопатамі, справамі. Напомніў тэлефонны званок. Тэлефанаваў Віктар, запрашаў вечарам у кавярню.

- Як вы даведаліся нумар тэлефона? - строга запытала Вера.

- Гэта няважна. Дык вы прыйдзеце?

Вера ўсміхнулася сама сабе. Што ж, гэта ці незаймальна. І яна згадзілася.

Віктар чакаў яе ля ўвахода: нібы памаладзелы ў белай кашулі, акуратна падстрыжаны вусы і шляхетная бародка. Праўда, усмешка, якою ён сустрэў яе, была нейкая вінаватая, асцярожная.

Яны занялі столік ля акна. Афіцыянт прынёс шампанскае.

- За нашу сустрэчу! - прамовіў Віктар.

- За нашу выпадковую сустрэчу, - іранічна ўдакладніла Вера.

Віктар сумеўся. А потым сказаў праўду. Аказваецца, офіс фірмы, у якой ён працуе, непадалёк ад іх, у адной з тых шэрых будынін, што насупраць. І ён часта бачыў, як Вера вяртаецца дамоў, альбо спяшаецца на працу. Карацей кажучы, ён закахаўся і не знайшоў ніякага іншага спосабу знаёмства, акрамя гэтай па-хлапечы арганізаванай сустрэчы, за якую зараз сам сябе дакарае і просіць у яе прабачэння.

Вера з цікавасцю разглядала яго. Нечым падобны да Ігара. Гэтаксама чырванее, такі ж няўмелы, няздатны на самыя простыя і бяскрыўдныя хітрыкі.

Напачатку яны гаварылі абы пра што: проста ветлівая размова двух чужых людзей. Потым Віктар ажывіўся і расказаў, як стаў інжынерам.

- Спачатку вучыўся на юрыста. Пасля паспрачаўся з выкладчыкам і кінуў універсітэт. На наступны год падаў дакументы ў політэхнічны...

Вера здзівілася: хто б мог падумаць, што часам за мяккасцю, ціхмянасцю хаваецца такая цвёрдасць, такая вытрымка характару! Яе, Веру, лічылі на курсе самай смелай, самай рашучай. Аднак атрымалася наадварот - тады, у тым далёкім годзе, успамінаў пра які яна ніяк не можа пазбавіцца.

...Яны, маладыя, не любілі дырэктара. Ды і не толькі яны, а нават многія са старых выкладчыкаў. Прыдзірлівы да нудоты, рэзкі, часам, раззлаваўшыся з-за дробязі, мог чалавеку нагаварыць такое... Аднак выступаць супраць яго баяліся, бо меў нейкія моцныя знаёмствы ў раёне. Але выпадак, калі ён пачаў пры вучнях крычаць на Лідачку - маладую сарамлівую выкладчыцу музыкі, - абурыў усіх. Лідачка прыбегла ўся ў слязах у настаўніцкую. Там у той час былі Ігар і яна. Канешне, суцяшалі як маглі. А ўвечары сабраліся ўсе маладыя настаўнікі і вырашылі на сходзе адкрыта і шчыра выказаць усё тое, што раней гаварылі толькі між сабой.

А ў той дзень прыехала якраз праверка. Былі на Верыных уроках, хвалілі і сур'ёзна паабяцалі, што змогуць з вясны перавесці ў горад: адкрывалася вакансія. А тут гэты сход... Вера доўга думала, вагалася і ...не пайшла. Спаслалася на тое, што падскочыў ціск (гэта і сапраўды часта з ёю здаралася - спадчыннае). Але тады ён якраз быў у норме. Яна проста не пайшла. Пасля даведалася: многія з настаўнікаў проста не пайшлі, гэтак жа «захварэлі», як і яна.

Дырэктара тады не знялі. Толькі праз год, калі адкрыліся нейкія яго фінансавыя махінацыі. Вера даведалася пра гэта, калі была ўжо ў горадзе.

Аднак хопіць успамінаў. Яна сама тады вырашыла так, а не інакш. Яна сама выбрала такі шлях. Ёй па ім ісці...

У кавярні яны з Віктарам пабылі нядоўга: гаварыць асабліва больш не было аб чым, і Вера не хацела, каб ён падумаў, што нешта для яе значыць - больш, чым проста знаёмы.

Пасля, як выйшлі з кавярні, Віктар сказаў:

- Прабачце, зусім забыў, што абяцаў занесці сябру часопіс, ён вельмі прасіў. Не пашчасціла яму: трапіў у аварыю, пералом нагі. Ляжыць у бальніцы, сумуе. Я хуценька забягу, гэта побач, - і ён махнуў рукою ў бок бальніцы. - Вы пачакаеце?

І Вера, незразумела для сябе, прапанавала:

- А даваце зойдзем разам. Гэта лепш, чым я буду чакаць на вуліцы.

Зрэшты, ёй асабліва і не трэба было нікуды спяшацца.

У палаце амаль усе ложкі былі занятыя. Нягучна іграла радыё. Трое чалавек спалі. Адзін чытаў дэтэктыў і еў размяклыя ад спёкі суніцы з вялікай талсркі, над якою кружыла муха. Пяты, той, хто быў ім патрэбны, ляжаў ля акна - там, дзе іграла радыё.

- Ігар, прывітанне! - Віктар памкнуўся да ложка.

Хворы павярнуўся.

Вера ўздрыгнула ад нечаканасці. Яна адчула, як ад хвалявання хутчэй забілася сэрца: Ігар! Узмужнелы, пастражэлы твар, лёгкія зморшчыны. Але гэта ён, той, далёкі і неспадзявана блізкі цяпер, - Ігар.

Ён, відаць, так і не заўважыў яе, адразу ўбачыўшы Віктара.

- Як маешся?

- Паціхеньку... - Ігар уздыхнуў. - Ляжу, як апошні лайдак.

Вера ціхенька выйшла, асцярожна, бязгучна прычыніла за сабою дзверы. Амаль бегла па калідоры, ледзь знайшла лесвіцу, што вяла ў вестыбюль.

На вуліцы пахаладала. Крапчаў вецер. Глуха шумелі каштаны. Пацямнелае неба абяцала дождж. І ён не прымусіў чакаць. Кроплі былі халодныя. Чамусьці ўспомнілася бабуля Ганна з далёкай вёскі, дзе прайшло Верына дзяцінства, дзе застаўся сад з крамянымі яблыкамі белага наліву, якія з шумам падаюць уначы, зрываючыся з галін, і праз сон добра слухаць, як яны коцяцца па сцежцы, у траве... Бабуля Ганна гаварыла: «Увесну дажджы свежы, улетку цёплыя, увосень халодныя...»

«Цяпер лета, а дождж - як увосень...» - падумала чамусьці Вера.

Наляцеў дажджысты вецер, і яна закрылася ад яго парасонам, азябла павёўшы плячыма: холадна...


2000-2008?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая