epub
 
падключыць
слоўнікі

Маргарыта Прохар

Чужы чалавек

1
2
3
4
5
6
7


1

 

У той дзень, як заўсёды, Наташа выйшла на працу рана: ісці да школы далекавата, а спазняцца яна не прывыкла. У Сяргея сёння выхадны, таму Наташа пайшла адна.

Яна любіла гэтыя маўклівыя, ціхія вераснёўскія раніцы, калі спіць яшчэ іх невялікі прырэчны гарадок, сонна сцелецца над ім лёгкі белы туман, а над паркам гарачае, агністае, як восень, залатое паўстае сонца. Разам з ім золатам успыхвае асенні парк, свецяцца клёны і бярозы, да сонца працягваюць сваё трапяткое лісце асіны, вялікае, нібы чалавечыя далоні. З шумам зрываюцца з дрэў пераспелыя каштаны, шпокаюцца аб зямлю, вырываюцца з калючага панцыру і коцяцца на сцежку, пад родныя дрэвы, зарываюцца ў сухі, прапахлы восенню жоўты дыван з лісця. Бывае, хваляй набяжыць непрагрэты яшчэ з раніцы вецер, і за ім, нібы шкадуючы чагосьці, уздыхнуць дрэвы і пасыплецца, закружыцца з ціхімі прышэптамі лісце, пакорліва ападзе на зямлю, на сухія памерлыя травы і стане такім жа - ссохлым і нежывым. Зрэдку прабяжыцца па ім сонечная ўсмешка - і згасне, знікне высока ў дрэвах, заззяе ў радаснай, жывой яшчэ лістоце, панясецца ў неба...

І горкія, і радасныя гэтыя дні - першыя дні восені. Радуюць яны залатой цішынёй, спакоем сэрца, светлымі сонечнымі днямі, светлым сваім роздумам. Але нейкі сум, незразумелы і няясны, ахоплівае сэрца, сціскае яго, і прыходзіць роспач, здаецца, марным было жыццё, што не спраўдзіла, не здзейсніла яго самага галоўнага і вялікага, а чаго - не ведае сэрца, не ведае і сумуе, дзіўнае, незразумелае чалавечае сэрца, як і гэтая, горка-радасная загадкавая восень...

Думкі прыходзілі і прыходзілі, кружылі, як няспешнае восеньскае лісце, і за імі Наташа не заўважыла, як дайшла да павароткі ў школу. Было бязлюдна і ціха, толькі сыпаўся лістапад; у першых проблісках сонца, асвечаная ім, над паркам высілася, сягаючы ў неба, царква. Крыж ззяў у сонцы, залаты, зіхатлівы. Царква была на ўзгорку, таму ўзвышалася над паркам, над чырвона-жоўтымі дрэвамі, прыносіла ў гэтую восень сваё святло і спакой.

Узбоч ад яе, па занесенай лісцем сцежцы, ішоў мужчына год трыццаці, высокі, чарнявы, з прыемнымі рысамі твару. У руцэ ён трымаў пажоўклы кляновы лісток і, гледзячы на яго, чамусьці задумліва ўсміхаўся.

Па тым, як ён ішоў, час ад часу аглядаючы наваколле, Наташа зразумела - не мясцовы. І сапраўды, калі ён параўняўся з ёю, адразу ж запытаў:

- Прабачце, не падкажаце: ці далёка да школы?

Наташа паказала рукой на высокі белы будынак у залатых каштанах, якія краналіся лісцем акон і разам з сонцам іскрыліся так агніста і ярка, што здавалася, быццам гарэла шкло. Незнаёмы толькі прамовіў:

- Хораша як! Незвычайна.

Наташа згадзілася. Разам пайшлі сцежкай, і залатое, нібы акрыяўшае ад сонца, лісце шабуршэла пад нагамі. Зрэдку праносілася над імі якая-небудзь цікаўная птушка і знікала ў жаўталісці, толькі было чуваць, як доўга не магла яна супакоіцца, сустрэўшы так рана людзей, - голас яе рэхам адгукаўся ў парку.

Дарогай Наташа і незнаёмы разгаварыліся. Высветлілася, што гэта новы настаўнік матэматыкі Андрэй Іванавіч Някрасаў, прыезджы. Так, размаўляючы, хутка дайшлі яны да школы і развіталіся, разышліся па сваіх кабінетах.

 

2

 

А вечарам, правяраючы сшыткі, Наташа смяялася, пераказваючы Сяргею гэтую дзіўную сустрэчу.

- А прозвішча, прозвішча, ведаеш, якое? Ну, угадай! - Яна хітра паглядзела на мужа.

У пакоі было цемнавата: гарэла толькі адна настольная лямпа, павялічваючы цені на сценах, гарбаціла Сяргееў нос, рабіла яго вузкі твар яшчэ больш непрыгожым. І, можа, ад гэтага, а можа, ад той абыякавасці, з якою, адарваўшыся ад рукапісаў, ён адказаў: «Напэўна, Ламаносаў, ці як?», яе ахапіла раздражненне. І, успомніўшы светлыя вочы новага настаўніка, яна сумелася, ёй нават стала сорамна. Але за гэтыя сем год сумеснага жыцця Наташа навучылася хаваць свае пачуцці, хоць гэта, ведала, нядобра. Але што зробіш: не стане ж яна паўтараць Сяргею на кожным кроку, што не кахае яго. У такіх выпадках яна або адмоўчвалася, або старалася не падаваць выгляду. Вось і цяпер роўным, нават залішне спакойным голасам яна сказала, каб скончыць гэтую размову:

- Не смейся. Ён Някрасаў. Андрэй Іванавіч, - потым з прыхаванай усмешкай, дадала: - Вось табе гатовы сюжэт для апавядання: Някрасаў - матэматык і гэтак далей.

Але Сяргей раптам адшукаў у яе голасе не насмешку, а нешта іншае. Пакрыўджана спытаў:

- Можа, ты ў яго і закахалася, што хваліш паўгадзіны?

Наташа чамусьці, нечакана для сябе, раптам уся зачырванелася, апусціла галаву ў сшыткі (добра, што лямпа свяціла няярка - не відаць). Сяргей, здавалася, не заўважыў ці, заўважыўшы, нічога не сказаў. Моўчкі ён мякка правёў рукой па яе валасах і пайшоў у залу. Адтуль праз якую хвіліну пачуўся голас малой Юлькі:

- Тата, уключы мульцікі! Ну ўключы-ы!..

- А ты ўрокі зрабіла ўжо?

- Ага.

- Тады давай разам пачытаем, а потым будзем мульцікі глядзець, - Сяргей гаварыў да дачкі мякка, добра, і на сэрцы ў Наташы міжволі пацяплела.

Хутка яна пачула звонкі Юльчын голас. Дачка чытала прыемна, неяк распеўна расцягваючы словы, як і яна, Наташа, у далёкім сваім дзяцінстве:

- Увосень дрэвы зрабіліся жоўтымі. Стары парк пастарэў яшчэ больш. Сцежкі замяло лісцем. Тады са сваёй вялікай нары выйшаў гном. Яго звалі Сум. І раптам усім на зямлі зрабілася сумна-сумна... Усім хацелася радасці, але яе не было. Быў адзін сум...

Наташа нават устрапянулася ад гэтых слоў, быццам штосьці ўкалола сэрца. «І чаго заўсёды не хапае чалавеку?» Пытанне, зададзенае самой сабе, так і засталося без адказу. Думкі чамусьці пабеглі ў парк, у шэпт жаўталісця пад нагамі, у сухую вераснёўскую цішыню, у стомленае, негарачае, такое ж жоўтае, як лістапад, сонца над паркам...

Калі Наташа ўпершыню прыехала ў гэты горад, яе здзівіў і паланіў назаўсёды гэты ўтульны кляновы парк ля школы. Асабліва ўвесну і ўвосень. Вясною яна, здавалася, расцвітала і красавала разам з ім, як разам сумавала восенню. Вясна была бесклапотная і радасная, восень - роздумная і клопатная, калі прыходзілі невясёлыя думкі пра марны, растрачаны час жыцця, туга па чымсьці невядомым, няясным, пра што шаптаў і залаціста-барвовы клён пад акном, і парк, і лістапад, і гэты вераснёўскі вецер...

Сем год назад, у першы свой настаўніцкі верасень, Наташа ўбачыла Сяргея. Ён стаяў ля залатой прышкольнай бярозы, высокі, няўклюдна сагнуты, смешны ў сваёй нязграбнасці. Выратоўвала яго толькі шчырая ўсмешка. Наташа ні да гэтага, ні пасля не бачыла такой - светлай-светлай, бясконца цёплай і добрай. Такімі ж былі і яго вочы, лазурковыя вочы на не вельмі прыгожым твары. Як толькі яна яго ўбачыла, адразу ж ахрысціла дзіваком. Але ўсю кплівасць здымала ягоная ўсмешка і вочы. За гэта, мусіць, ён і спадабаўся ёй тады.

Каб толькі не гэтая мужава падвойная - і ў школе, і дома - праца, ад якой не адарваць, з-за якой ён адчуваў сябе вінаватым перад ёю, але пакінуць не мог, як нельга змяніць, зыначыць дадзеную табе душу. Раней яна захаплялася мудрасцю яго апавяданняў, той павагай, якая ад Сяргеевай славы бліскала і на яе. А потым стала сумна, стала нецікава: школа, сшыткі, дом, вечна заняты чымсьці муж. Сталі здавацца нуднымі і Сяргеевы творы, і ён сам, і гэтае жыццё ад восені да вясны. І Наташа пачала жыць сама сабой, сваімі думкамі, сваімі марамі, сваімі невялікімі радасцямі. Сяргей кахаў яе па-ранейшаму, і яна гэта ведала. Толькі ягонае каханне больш не кранала сэрца, наадварот, Наташа лавіла сябе некалькі разоў на думцы: няхай бы яго не было, гэтага кахання. Тады прасцей, тады яна не адчувала б сябе такой вінаватай...

А ў суседнім пакоі нараспеў чытала Юлька Сяргееву казку пра Сум, што прыходзіць увосень, пра Боль, які пабудаваў сабе дамок у сэрцы чалавека, і Надзею, што абярнулася птушкай і недзе лятае, лятае і кружыць над восеньскім паркам...

І Наташа, слухаючы яе, так і заснула, схіліўшыся над сталом са сшыткамі, і ў сне яна камусьці ўсміхалася, хораша, лагодна... Яна не чула, як у пакой увайшоў Сяргей, роздумна і пяшчотна паглядзеў на яе, выключыў настольную лямпу, каб не біла святлом у вочы.

Наташа спала, спала і сніла, нібыта яна закахалася ў прыезджага настаўніка і яны разам гуляюць па парку, іх светламу восеньскаму парку. І чамусьці ён, яшчэ нядаўна зусім незнаёмы ёй чалавек, здаўся надзіва прыгожым, шчырым і добрым... Ці гэта яна хоча ўявіць яго такім? А дзесьці далёка-далёка ад іх стаіць Сяргей, але Наташа не бачыць ні выразу твару, ні яго самога, толькі разумее, што там Сяргей, стаіць, чакае...

З гэтай думкай яна і прачнулася, здзіўлена ўспомніла сон і задумалася, гледзячы ў цёмны квадрат акна, за якім калыхаўся позні восеньскі вечар.

 

3

 

Праз тыдзень быў суботнік: школьнікі выйшлі зграбаць лісце ў парку. Было шумна, гаманліва, чуліся жарты, смех, як заўсёды, калі разам збіраецца столькі людзей.

А Наташы было крыўдна з-за таго, што вынішчалася, гінула гэтае восеньскае золата, дзеці страсалі каштаны, гаркава дымілі першыя кастры. Але каму скажаш пра тое, хто цябе зразумее?

Яна і думаць забылася пра новага настаўніка, таму здзівілася, калі згледзела яго побач.

- Суседзямі будзем, - весела зазначыў ён, паказваючы на свой участак, размешчаны побач з тым, дзе працаваў Наташын клас.

Наташа кіўнула галавой, нават хацела адвярнуцца, але Андрэй падышоў бліжэй і, нечакана для яе, уздыхнуў:

- Шкода. Парку шкода. Усё прыгожае да таго часу, калі яго не кранаецца чалавек. Так і парк. Абскрабуць, надымяць, павытоптваюць...

Наташа толькі здзіўлена пазірала на яго: няўжо і праўда так думае?

У гэты час адзін з хлапчукоў памкнуўся залезці на дрэва, згледзеўшы на адной з галін вялікі каштан. Андрэй кінуўся ўслед за ім, злавіў і пакараў.

Праз хвіліну прыбег раззлаваны Сяргей, падобны да нахохленага вераб'я, і задыхана пачаў выгаворваць:

- Эх вы, педагогі! Што ён тут такое нарабіў, каб так... За каштанам палез - гэта ж дзеці. Для іх любая крыўда - самая балючая.

Наташа адвярнулася, раззлаваная гэтым нечаканым абвінавачваннем. Адвярнулася - і сутыкнулася твар у твар з Андрэем, які ўсміхнуўся ёй, падтрымаў за руку. І гэта яго ўсмешка, і дотык, і імкненне трымацца заўсёды побач з ёй, гэтыя пастаянныя сустрэчы то ў калідоры, то ў настаўніцкай - усё стала ёй зразумелым, гарачай хваляй радасці і страху заліло, запаланіла сэрца, чырванню ахапіла твар, і па гэтым ён зразумеў, што яна ўсё ведае, пра ўсё здагадалася. Наташа баялася азірнуцца назад, туды, дзе стаіць Сяргей, бо ён адразу ж заўважыў бы, прыкмеціў. Але і стаяць так, твар у твар, было цяжка. Наташа бачыла Андрэеву збянтэжанасць, яго вочы прасілі літасці, глядзелі ўсё гэтак жа - закахана. І самае страшнае: Наташа адчула, што ёй прыемны гэты позірк, яго прыгожы твар, сустрэчы з ім... Але цяпер... Як быць цяпер? І тады яна глянула на яго, стараючыся надаць позірку строгасць і дакор. Але нічога не выйшла, ды і не магло выйсці: яна не змагла схаваць свае думкі. Іх позіркі сустрэліся, і гэта надало Андрэю ўпэўненасці: ён павярнуўся так, каб не бачным быў яе твар, сказаў, звяртаючыся да Сяргея:

- Я думаю, што дрэва таксама трэба берагчы, не ламаць, не нішчыць. Гэта пойдзе яму на карысць.

Сяргей толькі ўздыхнуў:

- У вас, мабыць, крэўная сувязь з дрэвам: магчыма, драўлянае сэрца.

І пайшоў, няўклюдны, высокі, раздражнёна ўзмахваючы рукой.

Наташа была раззлавана гэтай абразай, а больш - самім Сяргеем, параўнаннем яго, непрыгожага, нават нязграбнага, і Андрэя, статнага, высокага, чулага да яе. Але ў сэрцы варухнулася вінаватасць, нібы напамін. І, адчуваючы яе, Наташа, не зірнуўшы на Андрэя, адышлася да купкі настаўніц. Але ўвесь час яе не пакідала адчуванне, што ён глядзіць ёй услед, назірае за ёй. У рэшце рэшт, яна не вытрывала і азірнулася: ён і сапраўды пазіраў на яе. Таму бачыў, як яна азірнулася, паглядзеў прама ў вочы.

 

4

 

З гэтага часу пачаліся іх сустрэчы, нібыта нязмушаныя, выпадковыя. Андрэй радасна ўсміхаўся, вітаўся, але яна або адказвала афіцыйна, або зусім не адказвала. Але гэта, яна бачыла па яго твары, зусім яго не бянтэжыла: ён ведаў, заўважаў, мабыць, па яе вачах, па няўдалых спробах надаць непрыступны выгляд, што яна зусім неабыякавая да яго, як хоча гэта паказаць. Аднойчы Наташа запазнілася ў школе: факультатыў, дадатковыя заняткі. У школе не было нікога: набліжаўся вечар. Яна скончыла запісваць у журнал і хацела ісці дадому, калі хтосьці ціха пастукаў у дзверы класа. Наташа здзівілася, але адказала:

- Заходзьце.

Прамовіла і сумелася: раптоўная здагадка мільганула ў сэрцы, і яно затрапятала, забілася моцна-моцна. Так, гэта быў ён, Андрэй. Прыйшоў. Вось ён ідзе да яе, спыняецца побач.

- Добры вечар... Наташа...

Яна не адказала. Тады ён абняў яе, прытуліў да сябе, пацалаваў у вочы. Так і стаялі яны ля акна, глядзелі, як падае залатое лісце з каштанаў, як згасае, знікае за шатамі дрэў чырвонае сонца.

Разам яны ішлі па ціхім восеньскім парку, маўчалі, але маўчанне гэтае не гняло, наадварот, было ў Наташынай душы надзіва хораша і цёпла...

З таго дня яна часта заставалася ў школе да вечара. Проста сядзела ў сваім кабінеце, марыла і чакала. І ён прыходзіў, і разам яны ішлі праз парк, што зіхацеў у апошніх сонечных промнях...

 

5

 

Так працягвалася нядоўга. Праз паўтара тыдня вечарам прыйшла раззлаваная Сяргеева маці. Наташа правярала ў Юлькі ўрокі, Сяргей быў на кухні. Як толькі Наташа пачула голас свекрыві, адразу адаслала Юльку ў бацькаў кабінет, а сама стала ля акна, сціснуўшы рукі. Але і там была чуваць гаворка з кухні.

- Учора і сёння зноў бачылі. Ідуць, цалуюцца. Ты хоць раз спытаўся, дзе яна па вечарах ходзіць?! Дык спытайся!

- Мама, ціха, прашу вас! - гэта Сяргееў голас, Наташа нават здзівілася гэтым яго словам, гэтаму клопату пра яе.

Але свякруха гудзела далей:

- Чужы ёй чалавек. Прыехаць не паспеў, з'явіцца не паспеў... Не паглядзела, што сем гадоў разам пражылі, дык не - чужы ёй патрэбен!..

- Мама! Ідзіце, я прашу вас, я сам разбяруся!

- Пусці мяне, я ёй сама ўсё выкажу, я з ёю, бессаромніцай, пагавару!

- Мама! Я не хачу з вамі сварыцца, таму не ўмешвайцеся. Сказалі - хопіць. Я разбяруся сам. Гэта мая сям'я. Калі ласка, ідзіце дадому.

На развітанне свякроў толькі ляснула дзвярыма. І цішыня. Напружаная, трывожная цішыня. Наташа прытулілася лбом да халоднага шкла, чакала, калі зойдзе Сяргей і што тады будзе...

За акном стаяла непраглядная цемра, толькі рэдка мільгацелі зоркі і ў цішыні ласкава і пяшчотна шаптаў залатым лісцем малады клён, нібы паўтараў, бясконца паўтараў: чужы чалавек... чужы чалавек... чужы... чужы...

І Наташа злавіла сябе на думцы, што зноў думае пра яго. Андрэй... Прыгожы, разумны, уважлівы да яе, ніякі не чужы, гэта Сяргей чужы, вечна са сваімі рукапісамі. Вось ён - чужы ёй. І прыйдзе зараз, будзе крычаць, абурацца.

- Хоць сам вінаваты...

- Так, я вінаваты. Сам вінаваты.

Наташа спужана азірнулася. Побач стаяў Сяргей. Яна і не заўважыла, што выказала апошнюю думку ўголас.

Ён прытуліў яе да сябе, пагладзіў мяккія каштанавыя валасы, паглядзеў у любімыя карыя вочы. І ў Наташы раптам зрабілася цёпла-цёпла на сэрцы, нібы штосьці даўняе, застылае і халоднае адтала, знікла. Дык вось ён які, Сяргей... Яна і не ведала, што ў яго можа быць такое каханне... Наташа сумна ўсміхнулася сабе, зразумеўшы раптам: ёй проста не хапала мудрасці, звычайнай жыццёвай мудрасці, яснасці, разумення... Як тады, калі Юлька чытала казку пра Сум, Боль і Надзею. Цяпер яна ведала, што гэта была Сяргеева казка, казка пра яе... Пакуль не позна, трэба развітацца з Андрэем. Бывай, каханне! Але такое жыццё: у яе свая сям'я, Юлька. Як яна не падумала аб гэтым тады, раней? Запаланіла сэрца хваля пяшчоты і ўдзячнасці да мужа: добра, што Сяргей дараваў... Яна павярнулася да яго:

- Я скажу яму, каб ён адсюль з'ехаў.

- Я веру табе.

- Усё-такі?

- Усё-такі веру.

Наташа паглядзела на яго. Сяргей усміхнуўся, шчыра ўсміхнуўся.

У пакой раптам убегла Юлька. У яе блакітных каральках-вочках свяцілася радасць.

- А вы памірыліся? Ура! Мама з татам памі-ры-лі-ся! - і яна заскакала, затанцавала.

Наташа падхапіла дачку на рукі, закружыла па пакоі. Потым яны разам гулялі з дачкою ў «словы». Выйграла Юлька, і таму ўвесь вечар радасці яе не было мяжы.

 

6

 

Андрэя Наташа сустрэла па дарозе ў школу. Сказала адразу ж, без прывітання:

- Пра нашы сустрэчы ведаюць. Вам неабходна з'ехаць адсюль, калі вам неабыякавы мой лёс.

- Наташа...

- З гэтага дня - Наталля Іванаўна.

- Добра. Я зразумеў. - І ён узлавана пакрочыў, пакінуўшы яе адну ў ранішнім парку.

Наташа здзівілася: такога яна не чакала.

Яна ўздрыгнула, нібыта на яе дыхнула чымсьці халодным і чужым... І раптам успомніўся той восеньскі дзень, парк, дрэва і пакараны хлапчук... Яна памылілася ў ім яшчэ тады, захапілася знешнасцю... Ну, што ж... Усё скончылася. Шкадаваць няма аб чым. Хіба аб тых мінулых гадах, растрачаных на сум і бязмэтныя пошукі невядомага шчасця... Шчасця, якое побач...

Андрэй ішоў, нават не азірнуўся ні разу: пакрыўдзіўся. Наташа падумала: чужы чалавек. Сапраўды чужы. А раней яна лічыла наадварот. Ды і ці магла яна зразумець яго за тыя некалькі кароткіх сустрэч? Ва ўсім вінаваты сум, восень, неразуменне сваёй душы.

Шаптаў над галавою парк, сыпалася жаўталісце, нібы залаты дождж з сіняга неба.

Наташа сумна ўсміхнулася сваім думкам, паволі накіравалася ў школу, зайшла па дарозе ў клас за журналам у настаўніцкую. Ён, Андрэй, быў тут. Але Наташа на яго нават не паглядзела. Ілюзія кахання знікла, як знікае, незаўважна і ціха, апошні жоўты лісток з дрэва. Пасля ўрокаў яе чакае светлы, добры парк...

 

7

 

Над паркам усё кружылася восень...

З лёгкім шэптам зрывалася і падала на зямлю сухім залатым дажджом кляновае лісце. І вецер быў па-вераснёўску цёплы, прыемны, як і гэты пах восені - тонкі, крыху гаркавы ад перасохлага лісця, лёгкі і няўлоўны, як восеньскі сум, як восеньская радасць...

Наташа і Сяргей ішлі знаёмым паркам. Пакорліва шапацеў пад нагамі сухі кляновы дыван, лісце з дрэў падала на плечы, на незашпіленае паліто. Ёй здавалася, што сёння быў нейкі дзіўны, незвычайны дзень, быццам зашмат было ў ім святла, радасці і чагосьці няяснага, чароўнага, патрэбнага сэрцу... Яна нават не вытрывала: адпусціла раней свой адзінаццаты клас, а сама, адно накінуўшы паліто на плечы, выбегла са школы. У парк, у восень...

А ля дзвярэй яна сустрэла мужа, ён чакаў яе. Яны пайшлі разам, слухаючы шэпт лісця, думаючы аб тым, што ў гэтую восень нарэшце яны знайшлі адзін аднаго. І нешта шаптала ім светлае кляновае лісце, шумелі залатой мяцеліцай бярозы, замяталі горыч і сум, пакідаючы людзям познюю ўсмешку і святло...


2000-2008?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая