epub
 
падключыць
слоўнікі

Маргарыта Прохар

Фантазіі для скрыпкі кахання

Тралейбус спыніўся. Дзяўчына ля вадзіцельскай кабіны, відаць, убачыла праз шыбу аўтобус на прыпынку, хацела пераскочыць - ірванула ў адкрытыя дзверы, але - о, няўдача! - зачапілася сумачкай, завагалася, і аўтобус ад'ехаў.

Рыхард націснуў кнопку на пульце, і дзверы зачыніліся. Ён паглядзеў у шкельца на засмучаную дзяўчыну.

- Наступны прыпынак - «Азёрная». Будзьце асцярожныя, выходзячы з тралейбуса.

Пачуўшы гэтыя словы, дзяўчына павярнулася да яго, можа, палічыла, што ён смяецца з яе. А ён назіраў за ёй у шкельца. Звычайнае аблічча. Толькі вусны крыху прыпухлыя, як у дзіцяці, і пасмачка фарбаваных пад каштан валасоў непакорліва час ад часу закрывае вочы, замінаючы гаспадыні лёгкага палітону і злашчаснай сумачкі колеру бэзу.

Рыхард часам назіраў за пасажырамі на прыпынках. Маршрут ён ведаў амаль на памяць, песні, што гучалі ў прыёмніку, за змену чуў не адзін раз, таму час ад часу спыняў вока на сваіх выпадковых падарожных, што выходзілі, заходзілі, ехалі, потым зноў выходзілі і заходзілі новыя.

А дзяўчына ўсё стаяла, прытуліўшыся шчакой да поручня вадзіцельскай кабіны.

Рыхарду стала яе шкада. Ён нават хацеў дагнаць гэты злашчасны хуткасны аўтобус, у які яна так імкнулася перасесці. Але... Але тады яна, радасная, знікне, а ён чамусьці цяпер вельмі хацеў, каб яна праехала ў яго тралейбусе яшчэ хоць некалькі прыпынкаў. Дзіўнае жаданне, і ён разумеў гэта. Але Рыхард прывык, што яго лічылі дзіваком. Ён апраўдваў сябе:

...кожны чалавек павінен калі не жыць, то хаця б думаць так, як хоча, і не трэба штосьці даказваць, абвінавачваць ці апраўдваць. Жыццё толькі адно, і выбар адзін. А каму з нас у гэтым жыцці не хочацца цуду? Зрэшты, свет уяўны, створаны табой у тваім уяўленні, заўсёды лепшы за свет сапраўдны, за свет рэчаіснасці. І, можа, няпраўда, што ёсць дзеці і ёсць дарослыя. Гэта штучныя межы. Нішто не праходзіць, усё застаецца з намі. Як вера ў казку ў дзяцінстве, так і вера ў будучыню ў дарослых. Звіняць казачныя званочкі імгненняў, але не ў кожнага ёсць абсалютны слых, каб пачуць і прыкмеціць сваю казку, свой самы важны момант, нарэшце, каб пачуць лёгкія крокі кахання...

Над светам закружыў снег, такі няшчасны сакавіцкі снег: бязмэтна падае ён у вясновыя калюжыны, на мокрую дарогу, мокне камякамі, і тады здаецца ад шоргату шын, што тралейбус нібыта едзе ўзброд праз раку. Цяжкі час для пешаходаў - час прамоклых паліто, штанін, чаравікаў і дрэннага настрою. Рыхард уключыў «чысцільшчыкі» - працерці шкло. Глянуў: дзяўчына падалася да дзвярэй. Ну вось і ўсё... Ён не можа выйсці і правесці яе дамоў, запытаць, як яе завуць, ці радуецца яна вясне. Замест гэтага ён скажа:

- Наступны прыпынак - «Заводскі». Своечасова аплочвайце праезд.

І знікне ён, і знікне яна ў апошнім снезе зімы. На гэтым прыпынку выходзілі амаль усе, вось і цяпер засталося некалькі пасажыраў. Яшчэ два рэйсы - туды-назад, парк, і ён вольны: ускочыць таксама ў які-небудзь запознены тралейбус і дапаўзе на ім, хуткім, як чарапаха, да знаёмага прыпынку - двух мокрых кіёскаў на начной вуліцы...

 

* * *

 

Гэты дом пужаў усіх сваіх наведвальнікаў рэхам. Ад крокаў, кашлю, неасцярожнага руху. Дом быў стары, але, відаць, вельмі хацеў жыць: прапускаў чужое жыццё праз сваё - свае сцены, дзверы, свой голас.

А Каця любіла гэтае рэха, гэты голас дома, як любяць голас сябра. Мабыць, любіла таму, што ён быў з ёю з дзяцінства і ўсе, хто нарадзіўся і зараз жыў у гэтым доме, таксама любілі яго і яго рэха. Але іх было цяпер не так многа. Прыезджыя пужаліся рэха, даўно хацелі зрабіць рамонт, каб пазбавіцца яго. Каця не разумела іх: можна ж проста пакінуць тое месца, дзе ты не можаш жыць, дзе ты чужы.

Яна дастала ключ з сумачкі, што так падвяла яе сёння, адкрыла дзверы. Насустрач ёй кінуўся кот, замуркаў, пацёрся аб нагу: прасіў есці.

Зазваніў тэлефон.

- Кэт, дзе ты прападаеш?

- Я доўга ехала ў тралейбусе...

- Кэт, Слава арганізоўвае вечар. Ты будзеш?

- Я доўга ехала ў тралейбусе... І...

- Гэта я чуў.

- Разумееш, я не хачу ехаць назад... Мне так добра, што я дома...

- Я прыеду за табой. На такім жа тралейбусе, - ён засмяяўся.

Гудкі.

Дзіўна, ён нават не захацеў даведацца, ці згодна яна некуды ехаць з ім. Кэт... Зрэшты, усе называлі яе па-рознаму. Мама называла яе Катрын, тата - проста Кацяй. Але іх больш няма. І яна заблыталася ў імёнах і ўжо не ведала, хто яна, якое яе імя, таму кожнаму называлася па-рознаму, а гэта вельмі небяспечная справа: другое імя - і ты гэта не ты, а іншы. За гэта Алег называў яе дзівачкай. А вось ён не быў дзіўным, дзіваком ці дзівакаватым. Ён быў рэальным і практычным. Чамусьці ўсе такія людзі здаваліся Катрын выразанымі з дрэва. Яна так уяўляла іх у дзяцінстве. Чаму? Мабыць, на гэта зараз цяжка знайсці адказ. Праўда, ужо два гады як яна не стараецца знайсці адказ ні на адно пытанне. Марная справа - апраўдваць, асуджаць, тлумачыць.

...Чалавек павінен калі не жыць, то хаця б думаць так, як хоча. Жыццё толькі адно, і выбар адзін. А каму з нас у гэтым жыцці не хочацца цуду? Зрэшты, свет уяўны, створаны табой у тваім уяўленні, заўсёды лепшы за свет сапраўдны, за свет рэчаіснасці. І, можа, няпраўда, што ёсць дзеці і ёсць дарослыя. Гэта штучныя межы. Нішто не праходзіць, усё застаецца з намі. Як вера ў казку ў дзяцінстве, так вера ў будучыню ў дарослых. Звіняць казачныя званочкі імгненняў, але не ў кожнага ёсць абсалютны слых, каб пачуць і прыкмеціць сваю казку, свой самы важны момант, нарэшце, каб пачуць лёгкія крокі кахання...

І яшчэ ёсць кропка, мяжа, за якою рэальнае жыццё траціць для чалавека сэнс.

 

* * *

 

Тралейбус прабіваўся праз мокры снег. Сур'ёзны малады мужчына ў чорным паліто з букетам чырвоных, як перастаялая кроў, ружаў, нервова барабаніў пальцамі па вадзіцельскай кабінцы.

- Талон.

Рыхард выдаў яму талон. Мужчына выйшаў на тым прыпынку, дзе выходзілі амаль усе.

Дом у чарговы раз напалохаў яго рэхам. Як толькі Кэт жыве ў гэтым доме? Колькі разоў ён прапаноўваў ёй пераехаць...

Ён пазваніў. Доўга не было чутно ні гуку. Нарэшце яму адчынілі. Са шкадаваннем ён адзначыў, што Кэт вельмі бледная, відаць, хвароба не адпускае яе.

- Ты стамілася?

- Не ведаю.

- Я ехаў на тралейбусе.

- Ты герой, я знаю.

Алег павесіў паліто, паставіў у вазу ружы, прысеў на канапу. Ён думаў, яна скажа што-небудзь, але яна маўчала. Ён не здзівіўся: з ёй бывала такое. Але ён любіў яе. Любіў яе бледнасць, яе бездапаможнасць, яе дзіцячыя вусны. Не раз пытаўся: навошта яму гэта? Яе трэба забыць, чым хутчэй, тым лепш для яго. Але ён не мог яе кінуць. Напачатку была прычына: хто ёй дапаможа? Але... але яна нават не хавала таго, што не кахае. Ён быў для яе як сябра, а хацеў быць для яе ўсім...

Кэтрын глядзела на яго і думала:

...ён мне як сябра, але хоча быць усім, жыць толькі для мяне. І каб усё было як ва ўсіх. Як ён прывык. Але ж ён заўсёды хацеў валодаць усім цалкам. Захапіць, валодаць і ахоўваць. Алег і не здагадваецца, што ўсё не заўсёды проста, не пакутуе ад пытання: а што пасля? Ён і не здагадваецца, што, каб захаваць каханне, трэба ўмець ахвяраваць сабой і стрымліваць сваё сэрца. Адкрыўшы яго поўнасцю, адкрыўшы сябе, ты нічога не пакідаеш для будучыні. Каханне - яго трэба піць, як дарагое віно, але ўсё роўна, як ні адцягвай момант, надыходзіць ап'яненне. І каханне заканчваецца гэтак жа: надыходзіць перанасычанасць адно адным. Нельга затрымлівацца, трэба разыходзіцца ў час, калі яшчэ можна захаваць у душы апошнюю кропку віна кахання - свой цёплы ўспамін пра яго...

- Трэба збірацца, Кэт. У нас мала часу.

- Чаму, у нас хапае часу... Жыццё...

...Алег думае, чаму я не люблю яго. Ён жа столькі для мяне зрабіў. Каб любілі за колькасць зробленага, ён атрымаў бы каханне ў дзесяцікратным памеры. Але ніхто не ведае, чаму прыходзіць каханне. І яна не ведае. Самы просты адказ: проста так. Сказаць яму? Не, лепш не трэба.

- Ты сёння хадзіла да лекара?

- Хадзіла. Ён сказаў, што ўсё нармальна. І я бегла цэлы прыпынак, а пасля ехала на тралейбусе і наважылася нават перайсці ў хуткасны аўтобус. Але дзвярыма зашчаміла сумачку... Ты не злуешся на мяне, Алег? Я сёння такая нядобрая...

За гэтую хвіліну пяшчоты ён быў здольны дараваць ёй усё. Яму было добра, утульна побач з ёй.

...Яму так добра са мной. А мне?.. Чаму ён для мяне такі чужы? Я павінна любіць яго, але не люблю. Можа, таму, што ён добры толькі са мной. А так ён другі. Можа...

- Я люблю цябе, Кэт, - ён пагладзіў рукой яе валасы. - Мне пара. Не ездзі на тралейбусе.

 

* * *

 

Рыхард вярнуўся дамоў у сем гадзін. Дзіўна, але, пакідаючы тралейбус у парку, ён убачыў ля кабіны шматок паперы. Ледзь разабраў: «Кэт, я дасылаю табе...» Гэта ўсё, што ён мог разабраць. Кэт... Дзіўнае імя. Але і ў яго таксама. Бацькі назвалі ў гонар нейкага разведчыка. Але ён не стаў ваенным. Ён хацеў быць музыкантам. І ён збег са свайго маленькага бесталковага гарадка, як толькі скончыў школу. Але «ніхто яшчэ не навучыўся жыць толькі з музыкі», як гаварыў ягоны сябра, таксама музыкант, яго пасля забралі ў войска. Ён застрэліўся, знік і жыў, мабыць, толькі ў яго, Рыхарда, памяці, як і яго словы: «Жыццё - адны фантазіі... Фантазіі для скрыпкі кахання». А Рыхард жыў, вадзіў свой тралейбус. Зрэшты, занятак, якім ты зарабляеш сродкі на ежу, не мае для тваёй душы вялікага дачынення. Асабліва, калі яна страціла ўсё - мінулае, мару, а значыць, і будучыню. Яе ўжо нічым нельга больш пакрыўдзіць. І зараз цябе цікавіць толькі адно: колькі яшчэ ты зможаш вытрымаць на гэтай зямлі? Ёсць, праўда, адзіны сродак - лёгкія крокі кахання. Іх чакаеш да апошняга, верыш, што ёсць таксама нехта, падобны да цябе...

Каб пазбавіцца гнятлівых разважанняў, ён уключыў музыку і наліў у фужэр віно. Ён любіў віно...

 

* * *

 

Кэт уключыла музыку і наліла віно ў фужэр.

...Яна любіла віно. Яно сагравае, растоплівае ўнутры лядзяшак холаду. І добра засынаць, калі за вокнамі вецер, невядома што - зіма ці вясна... І яшчэ яна чамусьці падумала, што заўтра ізноў паедзе на тралейбусе. Будзе глядзець на дарогу... наперад. Той раз яна прачытала на таблічцы імя вадзіцеля з сумным тварам. У дзяцінстве яна чамусьці хацела закахацца ў мужнага чалавека з самотнымі вачыма. Прынца, рыцара, пакутніка...

 

* * *

 

Рыхард здзівіўся, калі ізноў убачыў ля сваёй кабінкі Кэт. Яна гэтак жа трымалася за поручань, як першы раз. І побач быў аўтобус. Рыхард акуратна прытармазіў, каб яна магла пераскочыць. Але яна не захацела. Яна паехала з ім далей. І кожны дзень яна ездзіла на яго тралейбусе. Яны не рабілі спробы загаварыць, пазнаёміцца. І Рыхард адчуў.

...што пачаў з радасцю чакаць новага дня і Кэт. Проста бачыць яе. Не набліжацца. Набліжэнне знішчае казачную сілу ўяўлення, прыводзіць да расчараванняў. А расчаравання ён баяўся больш за ўсё. Ён баяўся болю ў сэрцы. Няхай усё будзе проста так. Зрэшты, якая розніца, чым яна займаецца, дзе жыве, чытае яна Тургенева ці Чэйза...

 

* * *

 

...Кэт адчула, што ўранку яна пачала прачынацца з радасцю. Спачатку яна не разумела чаму. Пасля нешта мільганула ў свядомасці. Тралейбус, гэты дзіўны вадзіцель з імем Рыхард, што ўвесь час так самотна глядзіць на яе. Ён не імкнецца пазнаёміцца. Гэта добра. У гэтым ёсць таямніца, загадка. Набліжэнне знішчае казачную сілу ўяўлення, прыводзіць да расчараванняў. А расчаравання яна баялася больш за ўсё. Баялася болю ў сэрцы. Няхай усё будзе проста так. Зрэшты, якая розніца, чым ён займаецца, дзе жыве, чытае Тургенева ці Чэйза...

 

* * *

 

Вясна ўпарта адбірала ў зімы свой горад. Яе пераможныя войскі - ручаі, сонца - знішчалі снег. Прыйшло Восьмае сакавіка, і Рыхард вырашыў падарыць кветкі Кэт. Ён зранку купіў вялікі букет белых шабо і паставіў у сваёй кабіне. Яна ўбачыць іх і зразумее, што гэта для яе. З хваляваннем Рыхард чакаў прыпынку, на якім, як заўсёды, з'явіцца Кэт. Аднак яе доўга не было, і ён спыніў тралейбус, чакаў. Пасля схадзіў у кіёск за цыгарэтамі. Калі вярнуўся, адчуў, што пасажыраў нервуе затрымка руху. Што ж, яны ні ў чым не вінаватыя. І ён паехаў, праўда, не закрываў пярэднія дзверцы. І тут убачыў яе: яна бегла, спяшалася. Ён спыніўся, Кэт ускочыла ў тралейбус. Рыхард заўважыў, што яна вельмі бледная і ледзь не задыхаецца ад бегу, пасля яна пачала кашляць. І ён зразумеў, што Кэт чымсьці вельмі хворая... Кэт павярнулася і паглядзела на кветкі. Яна зразумела, што гэта для яе і, - усміхнулася... Упершыню ён убачыў, як яна ўсміхаецца.

І ўсю дарогу яна прастаяла побач, ля яго кабінкі, гледзячы на кветкі... Пра што яна думала, Рыхард не ведаў, але адчуваў, што яна хоць крыху, але думае і пра яго...

Гэты дзень быў шчаслівы, як ніколі, сапраўдны святочны дзень. Адзін. Таму што ён марна і доўга чакаў яе ў наступныя дні, але яна не ішла. Так доўжылася тыдзень: ён чакаў, а яе не было... Няўжо ён чымсьці абразіў яе? Гэтыя кветкі... Усё ж гэта быў нейкі крок да яе. Крок, які, можа, не трэба было рабіць... Пры ўспаміне пра Кэт у Рыхарда сціскалася ад нейкага ўнутранага болю сэрца. Ён не хацеў, каб было так. Але... Позна, і не трэба нічога высвятляць. Як нельга набліжацца - сэрцам да сэрца. Хаця... Яно заўсёды адбываецца - набліжэнне. Каханне. Дарагое віно...

 

* * *

 

Калі Рыхард упэўніў сябе, што Кэт больш не прыйдзе, яна з'явілася. Адчыніла дзверцы яго кабінкі і сказала толькі два словы: «Я хварэла». Ён кіўнуў. Ён адчуваў яе позірк на сабе, і яму было добра. Чалавеку так мала трэба для шчасця... Толькі каб верылі, думалі пра яго і любілі. Усё астатняе - мітусня.

Кэт выйшла на сваім прыпынку. Але заўтра яна прыйдзе ізноў. Заўтра...

 

* * *

 

Заўтра выдалася сонечным і цёплым. Рыхард ехаў і ўсміхаўся сам сабе ў люстэрка. Пад'язджаючы да прыпынку, убачыў, як Кэт перабягае вуліцу. Але што гэта?.. Грузавік! Няўжо вадзіцель сляпы?.. Чорная аграмадзіна машыны закрыла Кэт.

Рыхард кінуўся з тралейбуса - за ёю. Падбегшы, ён убачыў натоўп і на асфальце - нешта, аблітае крывёй.

- Яна... яна будзе жыць?

- Вы што!.. Насмерць...

Рыхард няўцямна глядзеў на вясёлае неба, на сонечныя зайчыкі ў заплямленай крывёю траве.

- Эй, з дарогі!.. - крыкнуў нехта.

Рыхард абярнуўся. Машыны, што стоўпіліся з-за аварыі, разварочваліся. Адна з іх набірала ход. Але Рыхард не зрушыўся з месца, нават крыху падаўся наперад. Як вадзіцель ён ведаў, што пры такой хуткасці нельга спыніць машыну адразу. Ён ведаў і чакаў...

- Ідыёт! Ён мог бы жыць...

«Ідыёт... Быццам ён не ведаў, што мог жыць. Дакладней, зноў існаваць...»

У апошнія імгненні ён думаў пра Кэт. Што гэта было?.. І слабеючымі вуснамі прашаптаў, успамінаючы сябра:

- Нічога... Проста... фантазіі. Фантазіі для скрыпкі кахання...


2000-2008?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая