epub
 
падключыць
слоўнікі

Маргарыта Прохар

Насустрач сонцу

На падворак падалі, зрываючыся з даху, кроплі талага снегу - халодныя слёзы зімы. Часта прылятаў і садзіўся на прымайстраваную ля акна дошчачку з пакрышаным хлебам шустры, мокры і па-веснавому вясёлы верабей. Ён радасна шчабятаў, падскокваючы на дошчачцы, а пасля пералятаў на галінку старой грушы гэтак жа нечакана, як прылятаў да акна. Верабей аблюбаваў гэтую вясковую хату даўно, яшчэ з зімы. Андрэй тады папрасіў брата зрабіць для гэтага госця штосьці накшталт кармушкі. Не ўхваляючы такую забаву, Кастусь, аднак, выканаў Андрэеву просьбу. Так і з'явілася пад акном дошчачка, на якой цяпер завіхаўся няўрымслівы верабей. У гэтыя сакавіцкія дні ён быў надзвычай радасны і ўсхваляваны, як быццам хацеў сказаць свайму сябру-чалавеку: «Вясна прыйшла, браце!»

Андрэй назіраў за верабейкам, і міжволі ссохлыя і збалелыя вусны хлопца кранала лёгкая ўсмешка, крыху радасная, крыху сумная. Пасмачка чорных валасоў упала яму на вочы, але ён павольным рухам аслабелай рукі адкінуў яе са свайго спатнелага бледнага твару.

Раптам прамень сонца ўдарыў у шкло, падфарбаваў у акне галінкі грушы, чорны, з белымі плямамі ўзгорак на даляглядзе, строй бяроз на ім і глыбокую, бяздонную сінь неба над акрыялай зямлёй.

Сонца ішло на захад: канчаўся дзень. Андрэй некаторы час назіраў, як яно знікае ў голлі бяроз, высвечваючы птушыныя гнёзды.

Раптоўна зірнуўшы зноў на дошчачку, ён заўважыў, што верабейка знік. Тады Андрэй крыху прыўзняўся на ложку, каб паглядзець, дзе ён, яго вясновы сябар, але адразу ж паваліўся на бок: надта страшна апякло сэрца, заныла ў грудзях. Да таго ж яшчэ адчуў гарачыню: падымалася тэмпература. Перачакаўшы боль, Андрэй лёг так, каб было відаць, як заходзіць за пагорак сонца, як робяцца то чырвонымі, то шэрымі, то жоўтымі аблокі, талы снег у двары, старая груша.

Ён ляжаў і думаў, імкнуўся як мага паўней уваскрэсіць у памяці сваё мінулае, што было, і што магло быць, і што будзе... «Вось ты, Андрэй, і дажыўся, - сумна падумаў пра сябе. - Ляжыш, хварэеш і чакаеш, калі здарыцца нарэшце трэці ўдар, трэці інфаркт, з якога ўжо і не выкараскаешся...»

Так, ён не цешыў сябе ілюзіямі: у гэтую вясну ён памрэ. Але з такой думкай ужо неяк змірыўся, найбольш засмучала тое, што ў такія ясныя сакавіцкія дні, калі абуджалася ўсё наваколле, ён з-за нейкай яшчэ падхопленай ангіны - як у дадатак да хворага сэрца! - не мог выйсці на вуліцу, у поле, у лес, падыхаць свежасцю сапраўднай вясны...

...Здарылася так, што ў студзені, месяц таму, Андрэй прыехаў да брата. Нельга сказаць, каб Андрэй і Кастусь дужа сябравалі паміж сабой, але гэта не вынік якойсьці патаемнай варожасці. Проста яны былі зусім рознымі людзьмі - па-юнацку гарачы, няўрымслівы Андрэй і спакойны, няспешны, разважлівы Кастусь. Агульным было бадай толькі адно: з дзяцінства яны хварэлі на сэрца і лекары настойліва раілі ім спакойны, пазбаўлены трывог і клопатаў лад жыцця. Але дзе ты знойдзеш яго ў наш час? Кастусь, аказваецца, знайшоў, хоць ён, Андрэй, не зайздросціў ягонаму жыццю. Сам Андрэй з дзяцінства марыў пра падарожжы, і гэтая рамантыка з цягам часу не пакінула яго: эканомячы на ежы, вопратцы, ён, такім чынам, адкладваў з зарплаты грошы. Як яму сказаў лекар, за кошт свайго здароўя. Але хто ў маладосці думае пра спакой і здароўе! І тут Андрэй запярэчыў сабе: Кастусь думаў! Андрэй жа прамяняў бы ўсё спакойнае Кастусёва жыццё на некалькі паўгалодных, трывожных, але яркіх гадоў!

І цяпер, заплюшчыўшы вочы, ён згадвае сцюдзёныя хвалі Балтыкі, цюльпаны Галандыі, галандскія каналы, пясчаныя дзюны Паўночнага мора, ангельскі ранішні туман, акуратныя зялёныя газончыкі і неба, усюды неба - час сонечнага заходу, сіняе, як мора, - неба, куды хацелася ўзняцца і ляцець, ляцець... Услед за птушкамі - у дзіўныя, нябачныя краіны, якія, тады ён верыў, чакаюць яго...

Андрэй толькі ўздыхнуў, і ўсё ж ён ні аб чым не шкадаваў: каб можна было жыць, то ён пражыў бы сваё жыццё гэтак жа.

Так і ў той дзень. Студзеньскі, незвычайны. Незвычайны хаця б ужо толькі таму, што быў як вясновы: сышоў снег, прасыхала зямля, блакітнае, як у сакавіку, неба. Толькі лёд не ўсюды растаў: ён захаваўся на возеры, слабы, крохкі, моцны толькі з выгляду.

Была нядзеля, і школьнікі гулялі на беразе. Андрэй хадзіў непадалёк, радуючыся такому надвор'ю, хоць любіў і зіму, рыпенне снегу пад нагамі. Увогуле, ён лічыў, што «у природы нет плохой погоды», ёсць толькі дрэнны настрой у чалавека. Паглыблены ў свае думкі, ён адразу пачуў крык:

- Памажыце! Пама... це... Тану... ух!..

Не раздумваючы, Андрэй скінуў вопратку і кінуўся ў ледзяную ваду возера.

Дабраўся да малога, праплыў з ім да берага некалькі метраў, але каб не пакліканыя на дапамогу больш моцныя, чым ён, вясковыя хлопцы, то, відаць, захлынуўся б у гэтым возеры разам з тым, каго збіраўся ратаваць.

Пасля яго схапіла ангіна, якая, як сказаў лекар, «зрабіла негатыўны ўплыў на сэрца», і ў выніку - інфаркт, другі інфаркт, трэцяга, ён ведаў, не вытрымае...

Злёгку рыпнулі дзверы, і ў пакой увайшоў Кастусь.

- Як ты? - асцярожна падыходзячы, спытаў ён.

Андрэй уздыхнуў.

- Так... Пакуль жыву.

Кастусь пастараўся падбадзёрыць:

- І будзеш жыць. Вылечышся!

Андрэй толькі ўсміхнуўся:

- Куды мне! Я сваё аджыў. Толькі вось табе клопат.

- Ладна, гэта нічога, ты ж мне брат як-ніяк.

Андрэй зацікавіўся:

- А каб не брат, проста чалавек, то што?

Кастусь раптам усхваляваўся:

- Зноў ты сваё. Думаеш пра мяне: вось, тыповае мяшчанскае жыццё - дом, спакойная бухгалтарская работа, сям'я, гаспадарка. Не хацеў табе гэта гаварыць, але ты першы пачаў. Не так ты, Андрэй, жыў. Ні кала ні двара, і здароўе - галоўнае! - не бярог. Усё рамантыка, рамантыка... Эх! Што з тае рамантыкі, сам бачыш...

Андрэй адчуў, як нешта гарачай хваляй закіпае ў сэрцы. Так было заўсёды, калі ён імкнуўся даказаць камусьці сваю праўду. Дрыжачым ад хвалявання голасам спытаў:

- Ведаеш, Кастусь, што б я найбольш хацеў у жыцці? Зрабіцца птушкай. Узляцець у гэтае неба, ляцець далёка-далёка, сінім небам, над морам і лесам, над нашай зямлёй... І ўвосень, і ўвесну, улетку і ўзімку, быць заўжды ў палёце. Ты скажаш, што я дурань, але... Я ўсё ж мару толькі аб гэтым! - Памаўчаўшы, дадаў: - Ведаеш, ёсць такое павер'е: пасля смерці чалавека душа яго абарочваецца ў птушку, адлятае... - тут Андрэй закашляўся. Адкашляўшыся, раптам спытаў: - А ты, Кастусь, чаго хацеў бы ў гэтым свеце найбольш?

Кастусь маўчаў. У ягоным маўчанні не было ні злосці, ні абурэння, ён проста думаў, думаў сапраўды аб тым, чаго б яму хацелася ў жыцці. А жыве ён, здаецца, нядрэнна, усяго хапае, рэдка што турбуе, у падарожжы не цягне... І ўсё ж нешта падказвала яму, што, мабыць, не зусім добра, калі ты ўжо ні аб чым не марыш, нічога не жадаеш. Вось і яго сыны: малодшы - дык той выліты Андрэй, вечна чымсьці зацікаўлены, такі ж хуткі. А старэйшы, наадварот, больш падобны на яго, Кастуся, такі ж разважлівы, павольны...

Думаючы гэтак, Кастусь не заўважыў, як Андрэй заснуў. Ціха, каб не разбудзіць брата, ён выйшаў з пакоя, упершыню чамусьці незадаволены сабой і сваімі думкамі.

Каб супакоіцца, пайшоў у сад. Пахадзіў там па падсохлых сцежках, па-гаспадарску аглядаючы ўсё. Раптам падумаў, што ён, брат, усё ж цікавы, своеасаблівы. Не такі, як усе. Не ва ўсім, канечне, правільны, і ўсё ж... Усё ж нешта ў яго жыцці ёсць.

...У адзін сакавіцкі дзень, адчуваючы сябе намнога лепш, Андрэй паклікаў брата:

- Ведаеш, хачу на вуліцу выйсці - вясну паглядзець.

Кастусь доўга не згаджаўся, адгаворваў брата.

- Зноў карціць захварэць?

Андрэй сам устаў, апрануўся і паволі пакрочыў з хаты. Кастусю нічога не заставалася, як суправаджаць яго.

Над зямлёю стаяла сонца, яркае, радаснае. Андрэй нават вочы прыжмурыў - такое цёплае, прамяністае! А вецер, вясновы свежы вецер, дыхнуў прама ў твар, быццам ведаў, што патрэбны ў гэты час чалавеку. А навокал усё свяцілася, радавалася, святкавала: і светлае неба, і дрэвы, і зямля...

Браты прыселі на лаўку каля хаты. І тут - адкуль ён толькі ўзяўся! - з'явіўся той знаёмы Андрэю шустры верабейка, што часта прылятаў на дошчачку ля акна. Андрэй усміхнуўся, убачыўшы птушачку. Але раптам яго ўвага скіравалася на іншае: у небе ляцелі птушкі, вярталіся з далёкіх краёў на радзіму.

Кастусь здзіўлена пазіраў на брата: той раптам збялеў, як палатно, ад болю сцяў вусны. Але праз імгненне ўсё прайшло. Андрэй прагаварыў:

- Думаў ужо, што ўсё - паміраю. І тут успомніў: сад... саду ж я яшчэ не бачыў, як ён... цвіце, - дыханне ў Андрэя яшчэ было цяжкае. - Сад... белы... цвіце. І пялёсткі... як лебядзіныя крылы... белыя-белыя. І пах... вясны... чысты... садам пахне... кветкамі. І птушкі ў садзе. - Ён, зачараваны, пачаў глядзець угару.

...А птушкі ўсё ляцелі і ляцелі ў блакітным, як вымытым, сакавіцкім небе. І раптам адна аддзялілася, закружыла над імі, бы заклікаючы з сабой кагосьці з тых, хто быў на двары. Заклікаючы ў неба. Кастусь, як заварожаны, глядзеў на тую птушку і ўспамінаў Андрэева паданне аб тым, што птушкі - гэта чалавечыя душы, якія адлятаюць.

Звонка дзвынкнула ў цішыні, адарваўшыся з галінкі старой грушы, кропля. Кастусь схамянуўся, з трывогай азірнуўся на брата: лёгка-лёгка, паволі, як падраненая птушка, апускаўся Андрэй на зямлю, рукою хапаючыся за сэрца, штосьці бязгучна шапталі яго вусны. І раптам стала ціха-ціха, нават птушкі, здавалася, змоўклі там, у небе, толькі адна - супадзенне гэта ці не, - адарваўшыся ад усіх, хутка ляцела і ляцела насустрач сонцу...


2004?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая