epub
 
падключыць
слоўнікі

Маргарыта Прохар

Сіняя птушка, альбо Спроба несур'ёзнага дэтэктыва

1
2
3
4
5
6
7
8
9


Преступление не может совершать выдающаяся

личность. Никаких суперменов. Преступник

всегда ниже, а не выше, чем самый обычный

человек.

Агата Крысці

 

1

 

Марк увайшоў у пакой і ўключыў святло. Ён не любіў той паўзмрок, які заўсёды ўтварала Лора. «Зялёная лямпа, як у Ільіча», - кпіў ён з яе так званай паэтычнай атмасферы, як і з таго, што яго жонка - сапраўды вядомая паэтэса.

Вось і цяпер яна незадаволена павярнулася да яго, прымружыўшы ад раптоўнага святла вочы.

- Газеты прынёс?

- І гэта замест прывітання... - прытворна ўздыхнуў Марк.

Лора падышла бліжэй і пацалавала яго ў шчаку.

Марк усміхнуўся:

- Ведаеш, я нават верш цяпер прыдумаў. Першы радок - слухай: «Халодны жончын пацалунак...», - з падвывам пачаў дэкламаваць ён.

- Блазнота! - рассмяялася Лора. - Лепш ідзі на кухню вячэраць. Дарэчы, чаго сёння так позна?

- А ты нічога не ведаеш? - пытаннем на пытанне адказаў Марк.

Лора ўздыхнула.

- Куды нам, паэтам, паспець за ўсякімі спецыяльнымі карэспандэнтамі, - такім своеасаблівым чынам прыгадала яна прафесію мужа.

Увогуле, увесь гэты год, напачатку якога яны пажаніліся, Марк і Лора часта перакідваліся нязлоснымі жартамі адно да аднаго. Больш за ўсё, праўда, трапляла Лоры. Вось і цяпер яна чакала, якую шпільку ёй у адказ пусціць Марк. Але яму сягоння, відаць, было не да шпілек.

- Каля прыватнага кафэ «Сірыус», ля аднаго з ваенных ведамстваў, вечарам нехта застрэліў старшага лейтэнанта, аднаго з ахоўнікаў, Азарыча. Дарэчы, гэта наш сусед.

- Такі чорны, з вусікамі?

- Чорны і з вусікамі.

Лора памаўчала. Потым, прыйшоўшы ў сябе пасля такой неверагоднай навіны, запытала:

- Дык хто ж яго мог забіць?

- Гэтае пытанне, відаць, стане новым галаўным болем для нашай міліцыі, - і дадаў ужо больш мякка: - Не нам пра гэта думаць, Лора. Не мне і не табе.

Але яна раптоўна расхвалявалася:

- Ты дзіўна разважаеш, Марк! Так нельга...

Ён перапыніў яе:

- Так разважаюць усе. Усе разумныя людзі. Ніхто не бяжыць закрываць сабой усе дзіркі. Каб я быў такім ідэалістам, як ты, то даўно б узначальваў які-небудзь фонд дапамогі пацярпелым ад перабудовы бабулькам і карміў іх маннай кашай з лыжачкі.

- Ой, не магу! - з'едліва азвалася Лора. - Якія перлы гумару! Ты выпадкам не здымаешся ў якой-небудзь сатырычнай перадачы?

Марк прамаўчаў, падышоў да акна і адгарнуў фіранку. У начной цемры ціха ішоў снег. Сняжынкі кружыліся ў няяркім бляску ліхтароў, некаторыя ліплі да цёплага шкла і мякка, бязгучна гаслі на ім.

Ціха падышла Лора, прытулілася да пляча. Яе каштанавыя валасы лёгкай хваляй кранулі ягоны твар. Лора глядзела на вечаровы снежны карагод.

- Сіні снег... - задумліва прамовіла яна.

- Белы, - паправіў Марк. - Снег заўсёды белы.

- Няпраўда. У кожнага свой снег. Вечаровы снег - сіні.

- Сіняя птушка... - без усялякай сувязі прамовіў Марк.

Лора рэзка павярнула твар.

- Ты ведаеш?

- Што? - не разумеючы, спытаў ён.

Лора замаўчала, задумліва паглядаючы на снег за акном.

- Дык што такое, усё-такі? Я хачу ведаць, - настойваў Марк.

- Ды так, дробязнае. Проста пачала адну невялічкую паэму. Называецца «Сіняя птушка». Аб тым, як холаду і абыякавасці супрацьстаіць надзея. Вера ў вечнае дабро. Вера ў шчасце. Бо сіняя птушка - сімвал шчасця.

Марк маўчаў, думаў над гэтымі яе словамі і глядзеў, як дзіўна пераліваюцца ў рэдкім святле кволыя сняжынкі.

Потым павярнуўся да Лоры.

- Мір?

- Мір, - адказала яна, і яны разам пайшлі на кухню - вячэраць.

Есці Марк асабліва не хацеў: амаль чатыры гадзіны ён са здымачнай групай і з міліцыяй, перашкаджаючы адно аднаму, таўкліся ў кафэ «Сірыус». Безумоўна, разгублены дырэктар кафэ чэх Мрочэк вырашыў запрасіць міліцыю на «перакус», для якога ахвяраваў не адну бутэльку найлепшага шампанскага, не гаворачы пра іншае. Марк са смехам успамінаў, як даведзены да вышэйшай кропкі гаспадар, пераблытаўшы міліцыянераў з тэлевізіёншчыкамі, запрасіў апошніх на званы «перакус».

- Няхай паны афіцэры праходзяць, - лісліва прамаўляў ён, звяртаючыся на самой справе да журналістаў.

«Паны афіцэры», хітра перамігнуўшыся, прайшлі на кухню. Падман выявіўся толькі тады, калі дапівалі трэцюю бутэльку хвалёнага шампанскага.

Марк згадаў гэта, калі Лора паставіла разаграваць катлеты і грэчку.

Каб была яго воля, Марк адмовіўся б не толькі ад супу, але і ад катлет, грэчкі, нават ад чаю з Лорынымі «фірменнымі», як жартавала яна, піражкамі - ён і без таго адчуваў сябе набітым да самага верху ласункамі з «Сірыуса». Але Марк ведаў, ніякіх адмоў Лора не прымае: у такім выпадку яна лічыць, што Марк не хоча есці, бо яна дрэнна прыгатавала. Тут уступае ў дзеянне комплекс: паэтэс ніколі не лічаць добрымі гаспадынямі. Лічаць, што яны ў час прыгатавання ежы думаюць пра свае вершы, рыфмы, метафары, а ў выніку могуць перасаліць-недасаліць, пераварыць-недаварыць. Вось ужо цэлы год Лора бясстрашна змагалася з такім меркаваннем, таму адмовіцца ад вячэры, як некалі жартаваў Марк, «смерти подобно».

За вячэрай абмяркоўвалі дробязныя сямейныя праблемы. Лора скардзілася, што ізноў працякаюць краны на кухні, і сказала, што хутка выйдзе новая кніжка яе вершаў. Для Марка, які ўзмоцнена працаваў сківіцамі і разважаў, калі пойдзе ў эфір іх рэпартаж пра «Сірыус», дзве навіны зліліся ў адну, і ён доўга не мог зразумець, якія краны працякаюць у новай кніжцы. Спачатку падумаў, што гэта новамодная літаратурная метафара - зрэшты, у сучаснай літаратуры хапае і не такога. Але ж Лора ніколі не пісала ў новамадэрнісцкім стылі. Урэшце ён разабраўся, што ўсё дзейнічае асобна: краны працякаюць самі па сабе і кніжка таксама выходзіць сама па сабе.

Марк незадаволена кіўнуў галавой.

- Не ўмееш ты, Лора, паведамляць людзям навіны. Па-першае, гаворыш сабе пад нос, па-другое, пастаянна імкнешся сумясціць несумяшчальнае.

- Магчыма, з будучага месяца пайду да цябе на курсы.

На экране скакалі рэшткі нейкага мульціка. Марк пакруціў настройку і ўладкаваўся на рыжай канапе насупраць. Лора спынілася ў дзвярах.

- Дык вы нават рыхтавалі рэпартаж? Значыць, гэта даволі неардынарная падзея?

Марк усміхнуўся, як усміхаюцца малому дзіцяці, калі яно запэўнівае, што сонца хаваецца на ноч у садзе.

- А ты думала, што ў нас кожны дзень забіваюць парачку «спецназаўцаў»? Сядай, будзеш глядзець.

Лора пакорліва прытулілася побач, нібы малое кацяня. Марк пагладзіў яе валасы і прытуліў да сябе.

На экране з'явіўся дыктар.

- Сёння адбылася трагічная падзея ля кафэ «Сірыус». Ахвярай невядомага злачынца стаў старшы лейтэнант Аляксандр Азарыч, які ў васемнаццаць гадзін вечара выйшаў з кафэ на бакавую вуліцу, што вяла да ваеннага ведамства, дзе ён служыў ахоўнікам. Відавочна, што забойца добра арыентаваўся ў гэтым раёне. Міліцыя з самага пачатку ўзяла сітуацыю пад кантроль і праводзіць аператыўнае расследаванне. Сям'ю загінуўшага наведаў намеснік міністра ўнутраных спраў, выказаў спачуванне, а таксама ўпэўненасць, што забойца будзе абавязкова пакараны.

Услед за гэтым паведамленнем дыктар замяніўся карцінай заснежанага лесу і першымі акордамі, якія абвяшчалі заключную старонку «Навін» - прагноз надвор'я. І ўсё. Ніякага рэпартажу. Ніводнага кадра. Скупы пералік фактаў, ды і той няпоўны.

Марк чакаў, што Лора запытае пра рэпартаж. Але яна запытала зусім іншае:

- Яго бацькі жывуць разам з ім?

- Не. Недзе ў Пінскім раёне. Кватэры ж усім далі нядаўна.

Лора цяжка ўздыхнула.

Марк не стаў напамінаць ёй пра рэпартаж. Не яе гэта справа. Так будзе спакайней. Няхай лятае ў ружовых аблоках сваіх вершаў. Было б недаравальным глупствам і неабачлівасцю ўмешваць гэтае летуценне і безабароннае стварэнне ў такія рэчы. Марк чамусьці цяпер, нібы наноў, прыгадаў іх першую сустрэчу. На Нарачы. Там ён адпачываў кожнае лета ў студэнцкім лагеры. Тое лета было апошнім студэнцкім - пяты курс. Кароткі чэрвеньскі адпачынак - і на працу. Асабліва не пашыкуеш, але ўсё ж... І Марк у тое лета асабліва, нібы кроплямі, мерыў асалоду ад загару, ад купання ў адстаялай летняй вадзе, ад рыбалкі на світанку, калі на хвалі праз туман кладзецца яшчэ слабы, самы першы водбліск малінавай зары і вогненна ўспыхваюць у ім бронзавыя, загарэлыя гонкія ствалы нарачанскіх соснаў.

Ужо напрыканцы сваіх так называемых канікулаў, калі да ад'езду засталіся лічаныя дні, пайшоў моцны дождж. Лівень. Марк якраз плаваў непадалёк ад берага, таму хутка выскачыў з возера, азірнуўся. На возеры вецер круціў лодку. Нават сюды, да берага даносіўся дзявочы візгат. Не раздумваючы доўга, Марк разам з Валерам Казакевічам - сваім сябрам і аднакурснікам, з якім яны і цяпер разам працуюць, - кінуўся ізноў у ваду.

Лівень хлыстаў у вочы, плыць было цяжка. Але ўсё ж яны перамаглі. Марк і Валера ўскочылі ў лодку і вёсламі хутка падагналі яе да берага.

Адну з выратаваных імі дзяўчат звалі незвычайна - Лора, другую, яе сяброўку, больш будзённа - Алена. Пасля хлопцы даведаліся, што Алена і Лора - філалагіні.

- Няхай квітнее дружба народаў і дружба факультэтаў! - бадзёра абвясціў Марк і разам з Казакевічам дапамог дзяўчатам выйсці з лодкі.

Праз год яны адсвяткавалі вяселле Валеры з Аленай, а крыху пазней Марк ажаніўся з Лорай.

Усялякае ў жыцці бывае. Усякае, рознае. Нават самае неверагоднае. Але звычайна, усё ж, самае верагоднае.

Марк уздыхнуў. Ён заўсёды ў жыцці верыў у сваю шчаслівую зорку. З самага маленства. Ды і цяпер ён напэўна ведаў: выпадковых сустрэч не бывае. І з Лорай, ён быў упэўнены, яму пашанцавала ў жыцці. Канечне, пара бясконцых пацалункаў і мілаванняў прайшла. Але само каханне засталося. Недзе жыве яно ў запаветным куточку яго загартаванага ўсякімі жыццёвымі выпрабаваннямі сэрца. Цяпер ён не ведаў, што б рабіў без Лоры, надумай яна куды-небудзь знікнуць.

Тут думкі ізноў пераключыліся на рэпартаж. Што ж такое? Не, так не жартуюць. Правільней, так жартуюць, калі ёсць на гэта даволі важкія прычыны.

«Так можна бог ведае да чаго дадумацца!..» - абарваў сам сябе Марк.

Каб неяк унікнуць небяспечнай тэмы, пайшоў у Лорын пакой.

 

Милая, милая, милая,

Как я тебя люблю!.. -

 

ціха спяваў магнітафон.

Лора сядзела ля стала і чытала карэктуру, пагойдваючы нагой у мяккім шлапаку з чырвоным бубончыкам. Марк міжволі ўсміхнуўся. Прысеў насупраць і запытаў:

- Як справы ў рэдакцыі?

Лора, не адрываючыся, памахала перад сабой рукою, нібы адганяла муху. Марк зрабіў выгляд, нібыта пакрыўдзіўся такімі адносінамі да сваёй персоны.

- Цікава, чым вы ўвесь дзень займаецеся ў рэдакцыі? Ці ты перакваліфікавалася ў журналістку-надомніцу? Яшчэ адна прафесія-унікум, - Марк засмяяўся.

Цяпер пакрыўдзілася Лора. З помслівым задавальненнем Марк адзначыў, што яна нарэшце адарвалася ад сваіх бясконцых папер.

- Ты вельмі добра ведаеш, што я амаль увесь дзень сяджу дома, таму што... - пачала яна.

- Таму што гатую есці і ўвогуле вяду ўсю гаспадарку, - скончыў Марк.

- Гатую есці і вяду ўсю гаспадарку, - пацвердзіла яна.

- Як кожная творчая асоба, - з іроніяй дадаў Марк.

- Як кожная творчая асоба. Якая таксама чалавек, жонка і гаспадыня, - упэўнена паўтарыла Лора.

Тут яны смяяліся разам. Потым «творчая асоба», склаўшы лісткі паперы ў папку і назваўшы ўсё гэта яшчэ адным сварлівым артыкулам Веркі Шугалавай, які што чытай, што не чытай, - усё роўна шэф скажа ставіць у нумар, адклала папку ўбок.

Потым прысунулася бліжэй да стала, паклала на паліраваную паверхню рукі, зусім як школьніца, і, пранікліва паглядзеўшы мужу ў вочы, спытала доктарскім голасам:

- Што вас хвалюе, Марк Аркадзевіч? - і сама ж адказала: - Хвалюе знікненне рэпартажу. Дакладней, прычына яго знікнення. І вы прыйшлі, каб я вас крышку развесяліла, развеяла змрочны настрой і пасяліла звыклую ўпэўненасць у заўтрашнім дні, перакрэсліўшы ўсе падазрэнні ў гэтым выпадку. Але гэта - нялёгкая справа. Толькі сляпы можа не заўважыць, як зацяняюць забойства Азарыча. Праз тыдзень-два яно ціха, мірна і прочна асядзе на ілістым дне закрытых спраў. Але хто прыкрывае справу? Значыць, нехта ў пэўных колах звязаны з забойствам.

- Лора!.. - павысіў голас Марк.

- Не крычы на мяне! Я ведаю, што гавару!

- Якраз і не ведаеш, што ты гаворыш і ў якую справу лезеш са сваёй паэтычнай гарачнасцю!

- Ты са сваім Казакевічам аброс тлушчам, як белы мядзведзь у Запаляр'і.

- Слухай, Лора, - больш прымірэнча пачаў Марк. - Давай кожны будзе займацца сваёй справай. Добра? Ты пішы сваю «Сінюю птушку», а я як-небудзь сам разбяруся са сваімі рэпартажамі.

З гэтымі словамі Марк пайшоў на кухню паставіць на пліту чайнік.

Чай пілі моўчкі, кожны думаў пра сваё. Марку не даваў спакою гэты пракляты рэпартаж. Ён доўга не мог заснуць, варочаўся ў начной цішы спальні.

Так, Лора сказала правільна: камусьці выгадна замяць гэтую справу. Але каму? Цікава было б, канешне, высветліць так, між іншым, не падымаючы лішняга шуму. Было б добра, каб пра гэта не ведала Лора, і зусім выдатна, калі б яна ўвогуле забылася на сённяшнюю размову.

Нічога путнага больш не прыдумаўшы, Марк заснуў.

 

2

 

Прачнуўся ад таго, што нешта заляскала высока, мусіць, пад самым дахам дома - і сціхла. «Вецер грыміць пажарнай лесвіцай», - падумаў і канчаткова абудзіўся. Марк заўсёды прачынаўся рана, акрамя суботы і нядзелі. Асцярожна выключыў будзільнік, каб не турбаваць Лору. Ціха падняўся і выйшаў на балкон. Усё цела працяў холад. Але Марк даўно прывык да гэтага. Са студэнцкіх гадоў ён займаўся такой аздараўленчай фізкультурай: у любое надвор'е выходзіў зранку на свежае паветра і падымаў гіры. З таго часу ён не памятаў, калі апошні раз хварэў: хваробы абміналі яго.

Было зусім шэра. За ноч вецер намёў вялізныя гурбы снегу ля варот. Марк з незадавальненнем падумаў: ну вось, прыйдзецца ізноў барахтацца ў сумётах, каб выйсці на вуліцу.

Ён зрабіў лёгкую размінку і ўзяў у рукі гіру. У гэты момант у двор, з натугай выбуксоўваючы па снежных гурбах, заехала машына: яна заўсёды зранку забірала з бакаў смецце.

Загарэліся фары. Моцныя струмені святла вырвалі з цемры чатыры ржавыя бакі. Машына пад'ехала бліжэй. Хутка высунулася аўтаматычная «лапа» і падхапіла першы бак.

Марк трэніраваў левую руку, падымаючы гіру, і адным вокам звыкла сачыў за машынай. Яна апаражняла перадапошні, трэці, бак, калі раптам нешта чорненькае і бліскучае ўпала аднекуль зверху і, перакруціўшыся ў паветры, трапіла якраз у адкрыты люк машыны. У гэты ж момант «лапа» перакуліла ў люк смецце з бака. Захлопнулася крышка, шафёр, нічога не заўважыўшы, убраў «лапу» і завёў матор. Паволі, як парадны катафалк, машына з уключанымі фарамі закалывалася па снезе на вуліцу.

У Марка перахапіла дыханне. Гіра з грукатам грымнулася аб балкон. Дык вось як... Падзеі прымаюць нечаканы паварот і развіваюць шалёную хуткасць. Марк быў упэўнены, што тое чорненькае і маленькае, якое ўпала з нечага балкона ў люк - не што іншае, як пісталет нейкага малога калібру, падобны на дамскі. Нічога больш дакладнага ён сказаць не змог. Марк не дужа разбіраўся ў зброі.

Што ж, даволі арыгінальны і беспамылковы спосаб. Засталося высветліць, з пісталета якога калібру быў забіты Азарыч, скласці двойчы два і атрымаецца, што забойца або яго пасобнік жыве ў іх доме. Прычым можна дакладна вызначыць, што жыве ён на сёмым ці восьмым паверсе, бо сам Марк - на шостым, ніжэй. «Вось табе і на! - думаў ён, расціраючыся рушніком у ваннай. - Трэба ўсё ж неяк паціхеньку высветліць, што да чаго. Але толькі ціха. І Лоры - ні слова».

Марк разагрэў на кухні сняданак і еў, слухаючы апошнія навіны па радыё. Зноў перадалі кароценькую зводку навін пра «Сірыус», праўда, крыху дапоўніўшы. «Як паведаміла балістычная экспертыза, - чытаў дыктар, - стрэл быў зроблены ў спіну з невялікай адлегласці з дамскага пісталета або з пісталета малога калібру. Па гэтай прычыне галоўны следчы Іван Сідарэнка, які курыруе гэтую справу, лічыць, што здарэнне не мае ніякіх адносін да вайсковай службы старшага лейтэнанта Азарыча. Следства працягваецца».

Марк нахмурыўся. Нешта не спадабалася яму ў гэтай зводцы. «Як жа, "не мае ніякіх адносін да вайсковай службы"! - з'едліва разважаў ён. - Па-першае, быў забіты ў бакавой вуліцы, якую ведаюць пераважна афіцэры з ваеннага ведамства. Па-другое, аб гэтым было перададзена ўчора вечарам, прычым позна вечарам. І тут - здрасце! - раніцай чуеш зусім адваротнае».

Сённяшні выпадак з выкінутым пісталетам яшчэ больш упэўніў Марка ў ягонай здагадцы. У іх доме жывуць пераважна вайскоўцы. Асабліва на сёмым і восьмым. Увогуле, гэта дом, прылічаны да ваеннага гарадка. Кватэра ў ім засталася Лоры ў спадчыну ад яе дзядзькі - маёра Фаменкі, хударлявага, даволі злоснага старога, які назло дзецям, што не любілі яго, а ён іх, перапісаў кватэру на пляменніцу.

А ўвогуле, хто яны, яго суседзі?

Марк спытаў сам сябе і спыніўся, нават забыўшы працягнуць левую руку ў рукаў пінжака, які апранаў у гэты час. Сапраўды, хто? Нават прозвішчы ўсіх не ведаў.

Глянуў на гадзіннік: ужо палова восьмай. Трэба хутчэй збірацца. Сёння ён ішоў на працу з цвёрдай мэтай зайсці да галоўнага і асцярожна высветліць наконт рэпартажу. Марк выключыў радыё, пакінуў на стале запіску Лоры, калі чакаць. Потым апрануў скуранку, шапку, узяў свой дыпламат і пальчаткі і выйшаў з кватэры, ціха прычыніўшы за сабою дзверы.

 

3

 

Дарогай яго не пакідала гэтае пытанне: хто выкінуў пісталет сёння ўранку?

Марк пачаў перабіраць у памяці тых, каго ведаў з жыхароў іх дома. Паступова, пакуль тросся ў мёрзлым трамваі, намалявалася пэўная схема. Аказалася, што амаль усіх ён, як гэта ні дзіўна, ведае.

На шостым ягоны сусед Азарыч, жыў адзін. Акрамя таго, Верхавенка, з якім Марк гуляў пару разоў у шахматы. Даволі сур'ёзны, хітраваты і прыжымісты. Вельмі востры розум. Не дзіва, што ў свае сорак тры гады - палкоўнік. Дарэчы, служыць у тым жа міністэрстве, што і Азарыч, але, канешне, далёка не ахоўнікам. Цікава было б даведацца, якую пасаду займае. Але гэта, мусіць, непасрэднага дачынення да справы не мае. Галоўнае - даведацца пра тых, хто жыве вышэй: на сёмым, на восьмым. У сорак першай - малады лейтэнант Гурэвіч з пушыстымі вусамі, равеснік Азарыча. Таксама з міністэрства, ахоўнік. З ім - жонка, паўнаватая, жвавая, як калабок. Здаецца, родам яны з адной вёскі. Двое хлапчукоў - дзеці - адзін падобны да бацькі, другі - да маці: шчаслівае гарманічнае супадзенне. Будучыя лейтэнанты-ахоўнікі - гонар бацькі.

Іх суседзі - нейкая бабулька, прозвішча якой ніхто не ведаў, тыпу «бабушки под антресолями», з якой у свой час вымушаны быў пазнаёміцца Астап Бендэр. Бабулькі не ведалі, але затое ведалі яе сібірскую кошку, якую ў пад'ездзе называлі сібірскай язвай: кошка любіла спраўляць свае вялікія і малыя каціныя справы ў родным пад'ездзе, таму, пакуль бабульку сур'ёзна не папярэдзіў дворнік, стаялі такія пахі, што не прайсці. З бабулькай і яе кошкай, здаецца, усё ясна.

Трэцяя кватэра на сёмым - ваенны хірург Дзячэнка. Увогуле, як зразумеў Марк, усе ваенныя, што жылі ў іх доме, з таго ведамства, дзе служыў Азарыч. Дзячэнка - не выключэнне. І ўсе, безумоўна, ведалі кафэ «Сірыус» і бакавы завулак - самы кароткі шлях да будынка. Гэта насцярожыла на самым пачатку.

Дзячэнка... Рыжы здаравіла з шаляпінскім басам і вусамі а-ля Тарас Бульба. Здаецца, ён гаварыў, што родам з Украіны. І прозвішча падыходзіць. Толькі што гэта дае? Нічога. Ніякай сувязі. Усе яны ведалі Азарыча і служылі ў адной установе. Але ж за гэта не абвінаваціш у забойстве. Абсурд.

Трамвай добра трасянула на павароце, што Марк ледзь не ўткнуўся носам у замарожаную шыбу. У вагоне нехта вёз сабаку, і той загаўкаў на ўвесь вагон. Лязгалі дзверы. Звінелі шыбы. Марк адчуў, як ад усяго гэтага свінцовай цяжкасцю пачынае налівацца галава. «Спакойна, не звяртай увагі! - супакойваў сам сябе. - Цяпер паехалі на восьмы. Так, першая кватэра там...»

Але дадумаць не далі: нейкі п'яны равянуў у самае вуха, каб Марк перадаў талончык, і адначасова на нагу наступіла нейкая бабулька. Усе «радасці» паездкі ў «абчэственным» транспарце нібыта змовіліся абваліцца на Марка.

У давяршэнне няшчасцяў пяць хвілін стаялі, бо адключылі ток. Праклінаючы ўсё на свеце, Марк выйшаў на наступным прыпынку: добра, што не трэба ехаць далей.

З пляцоўкі скочыў прама ў сумёт, потым усю дарогу тупаў па ўбітай, абледзянелай сцежцы пасярэдзіне тратуара - абіваў снег. Дрэвы стаялі ў інеі - той дзівоснай акрасе зімы, дзеля якой можна было б сцярпець лішні холад гэтага дня. А сёння, і сапраўды, было сцюдзёна. Мароз шчыпаў твар, нават балюча рабілася вачам. І вакол такая бель - слепіць. Марк узрадаваўся, калі, нарэшце, дайшоў: сёння дзень не для прагулак. Таргануў на сябе дзверы і апынуўся ў прасторным фае. Праходзячы міма паста аховы, звыкла казырнуў, усміхаючыся, Сярожы Андросіку - сёння дзяжурыў ён.

Ліфт бясшумна падняў Марка на патрэбны паверх. Выходзячы, нос у нос, што называецца, сутыкнуўся з Казакевічам. Ён камандаваў двума рабочымі, якія вывозілі нейкую вялікую скрыню.

- Ой, Марк, ты заўсёды дарэчы! - згледзеўшы сябра, крыкнуў Валера. - Падтрымай, калі ласка, ліфт - мы зараз закацім гэтую штукерыю.

- А што гэта? - пацікавіўся Марк.

- Сам не ведаю! - Валера паціснуў плячыма. - Проста падышоў шэф і гаворыць: пакіруй тут, пакідаю пад тваё пільнае вока.

- Шэф у сябе ў кабінеце?

- Быў.

Рабочыя нарэшце закацілі скрыню ў ліфт. Валера ўскочыў у кабіну разам з імі, кінуўшы Марку:

- Буду праз пяць секунд.

- Чакаю.

Лязгнулі дзверы ліфта.

Марк падышоў да акна, пачаў разглядаць нанесеныя на шыбу марозам узоры: розныя елачкі, узгоркі, ромбікі, кветкі. Гледзячы на такую шыбу, можна ўявіць безліч карцін - узоры, калі добра прыгледзецца, паслужліва паўтораць ваш малюнак. Ці гэта толькі здаецца?

Марк крыху прымружыў вочы. Вось цёмны вечар. У неонавых агнях свеціцца кафэ. Дзверы адчыняюцца і зачыняюцца, глытаючы марознае паветра. За столікамі шумна. У кожнага свая кампанія. Цікава, чаму Азарыч сядзеў за столікам адзін? Так сказаў гэты чэх, а яму не адмовіш у назіральнасці. Поўнае кафэ знаёмых. І столік у вуглу. Адзінокая фігура маладога лейтэнанта - спіной да залы. Кубак кавы. Два кубкі. Нарэшце ён выйшаў з кафэ. Цёмны завулак. Пад нагамі рыпіць снег. Рыпіць залішне моцна для аднаго. Але Азарыч, відаць, не заўважыў гэтага. Тады аб чым ён думаў, чым быў так страшна захоплены, што нават не азірнуўся? Не азірнуўся, каб у апошні момант паглядзець у вочы свайму забойцу. Стрэл у спіну... Так страляюць тыя, хто якраз і не жадае, каб бачылі ягоныя вочы, - так страляюць сябры... Таму што, калі ў чалавека няма ворагаў і гэтага чалавека забіваюць вось так - стрэлам у спіну ў цёмным завулку, - трэба шукаць ворагаў сярод ягоных уяўных сяброў, з кагосьці сарваць маску.

- Што задумаўся? - з кабіны ліфта выходзіў, усміхаючыся, Казакевіч.

Відовішча разляцелася на кавалкі. Марк расплюшчыў вочы, страсянуў галавой. Валера падышоў бліжэй, паціснуў руку. Потым пакорпаўся ў кармане, дастаў мяты пачак «Беламора» і закурыў, разганяючы рукой дым. Марк кінуў курыць два гады назад, але час ад часу звычка давала аб сабе знаць. Вось і цяпер ён не адмовіўся ад папяросы, прапанаванай Валерам.

- Наш рэпартаж вылецеў у трубу...

- Ведаю. Не адзін ты разумнік, - Валера насупіўся.

- І ты, канешне, сёння з раніцы запытаў у шэфа...

- Запытаў. А як жа! - не адмаўляўся Валера.

Марк унікліва глянуў яму ў вочы і падагульніў:

- Мяркуючы па тваім выглядзе, атрымаў шчаўчок па носе.

- Яшчэ які! «Паднялі буру ў шклянцы вады!» - вось што ён мне сказаў.

Яны абодва рассмяяліся, але лягчэй ад гэтага не стала. Марк пачакаў, пакуль Валера дакурыць другую па ліку папяросу, і разам з ім пайшоў у студыю.

 

4

 

А ўвечары, змагаючыся са сном, Марк сядзеў на кухні перад кубкам астыўшага чаю і перабіраў свае думкі.

Застаўся восьмы паверх... Хто ж там мог ведаць Азарыча?

Ваенны пенсіянер са смешным прозвішчам Карабок? Адзінокі. Удавец. Служыў у міністэрстве. Хто яго ведае... Пакуль можна паставіць пытанне.

Марк уздыхнуў.

Альбо ўзяць Віцю Астраўца. Вясёлы, свойскі хлопец, дакладней, усюды свой, нездарма «падвізаецца» ў фінансавым аддзеле. Нядаўна ажаніўся.

Суседняя з ім кватэра пуставала: лейтэнант Асташынскі з'ехаў у камандзіроўку ў пачатку лютага. Хоць з гэтага можна зняць падазрэнне. Значыць, калі падагульніць, з сёмага - двое: лейтэнант Гурэвіч і ваенурач Дзячэнка, бабульку ён не ўключаў; з восьмага - пенсіянер Карабок і «фінансавы геній у ваенных справах». Такім чынам, чатыры кандыдаты на электрычны стул, калі мераць амерыканскімі меркамі, а калі нашымі - то на «вышку». «Хрен редьки не слаще» - ёсць у рускіх правільная прыказка на гэты выпадак.

Засталося высветліць, хто з іх быў у «Сірыусе» ў той дзень? Хаця, зрэшты, забойца мог не быць у кафэ, а пільнаваць на вуліцы.

Марк задумаўся.

Лепш за ўсё, вырашыў ён, пачаць з таго, што вядома яму. З пісталета. Яго мог выкінуць любы з гэтых чацвярых. Але ж, каб выкінуць, трэба адкрыць акно альбо выйсці на балкон. З форткі так дакладна не пацэліць. Крыху ўбок - і пісталет апынуўся б у двары. Рызыка ёсць. Альбо той, хто кідаў, быў упэўнены ў сваім уменні і сваёй сіле. Хутчэй за ўсё так. І гэта паказвае на чалавека трэніраванага - вайскоўца. Але ж усе чацвёра - вайскоўцы альбо служылі ў свой час. Што ж, гэтую версію прыйдзецца адкінуць. Цяпер - акно альбо балкон. Добра было б высветліць, у каго расклеена акно альбо балкон. Але як высветліць? Тут трэба памочнік, бо не з усімі Марк знаёмы. Гэта ж не прыйдзеш да людзей, якія цябе не ведаюць, і не станеш правяраць, дзе ў іх заклеены на зіму вокны, а дзе не?

Памочнік... Лора? Не, Лору лепш не ўмешваць у тое, што невядома чым можа скончыцца. І ўвогуле, калі на тое пайшло, навошта ён зараз сядзіць тут, у кухні, позна вечарам і, як сапраўдны сышчык, распрацоўвае план таго, як знайсці забойцу Азарыча? Яму гэта трэба? Адказ ясны: не трэба. Можа, яго прымушае нехта займацца гэтым? Не прымушае. Дык навошта?

Марк абхапіў галаву рукамі.

Лора? Можа, ёсць тут і Лорын уплыў. Але... Трэба прызнацца - упершыню ў жыцці захацелася рызыкнуць. Трэба ж хоць раз высунуцца са свайго ўтульнага і забяспечанага кутка ў жыццё. Пытанне толькі ў тым, ці хопіць у яго сілы дайсці да канца... Магчыма, ён накапае столькі бруду, што самому стане страшна. Успомніўся раптам дзед з прынямонскай вёскі, куды на жніво выязджала ўся іх здымачная група. Марк шукаў старшыню мясцовага калгаса і разгаварыўся па дарозе з дзядком, увішным такім, руплівым, нават адукаваным - адчувалася па мове. Падчас размовы той бухнуў такую фразу: «Звонку ўсё здаецца раем, а падыдзеш бліжэй, сутыкнешся сам... Вы яшчэ не ведаеце, колькі ў людзей на душы ўсякага бруду...»

І вось цяпер ён, Марк, сам, па ўласнай ініцыятыве, як пішуць у дэтэктывах, лезе ў гэты людскі бруд, корпаецца ў бруднай бялізне. Але і гэта будзе нішто ў параўнанні з тым, калі ён раптам сваімі пошукамі накліча «скандал в благородном семействе» - буру ў палітычнай шклянцы вады.

Але сёння, відаць, не той дзень, калі варта прыслухоўвацца да парад шэфа. «Што ж, наперад, храбрая мышка!» - падумаў і ўсміхнуўся.

Марк падняўся і пайшоў у гасціную, насвістваючы матыў арыі «Тарэадор, смялей у бой!» - Марк калісьці ў дзяцінстве нават скончыў музычную школу, і яго маці заўсёды ганарылася гэтым больш, чым ягоным дыпломам аб заканчэнні журфака.

- Лора! - паклікаў Марк.

У калідоры чуліся галасы, і ён здагадаўся, што нехта прыйшоў.

Лора стаяла ля дзвярэй і ветліва ўсміхалася пажылому, стрыжанаму бобрыкам чалавеку ў пуховым світэры і адпрасаваных да вастрыні ў стрэлках штанах. На левай руцэ бліскаў масіўны гадзіннік з бранзалетам, хутчэй падобным на кастэт. На твары вылучаўся нос з уладнай гарбінкай і глыбока запалыя вочы. Шчокі пераразалі рэдкія і частыя зморшчыны. Але яны нейкім невядомым чынам толькі маладзілі твар, надавалі яму ўладнасць і сілу.

Марк адразу пазнаў палкоўніка Верхавенку, які жыў на іх шостым паверсе.

- Заходзьце, Іван Валяр'янавіч.

- Дзякую, я на хвілінку.

Лора пайшла ў свой кабінет, пакінуўшы Марка з госцем.

Яны прайшлі на кухню.

Верхавенка адразу перайшоў да справы.

- Тэлевізар барахліць. Мне гаварылі, што вы майстар на ўсе рукі.

Марк усміхнуўся.

- Сёе-тое магу. Не больш. Але паглядзець варта. Зараз пойдзем. Лора! - крыкнуў ён. - Я на хвілінку да Івана Валяр'янавіча.

- Добрая, ветлівая жанчына ваша жонка, - пахваліў Лору Верхавенка, і Марку стала прыемна, хоць ведаў, што такія пахвалы - звычайная даніна этыкету.

У Верхавенкі была трохпакаёўка. Жыў ён адзін: жонка памерла, сыны служылі ў Маскве. Абстаўлена кватэра з някідкай раскошай: Верхавенка разумеў сэнс у рэчах. Усё адно да аднаго, падабрана ўмела.

Марк прайшоў у спальню, дзе стаяў тэлевізар. Няспраўнасць была пусцяковая, і Марк справіўся хутка. Пакуль рамантаваў тэлевізар, перабіраў усе «за» і «супраць» таго, каб расказаць палкоўніку ўсё, што ён ведаў. А чаму і не? Ён - чалавек ваенны, разумее ў такіх справах больш, чым Марк. Да таго ж Марк канчаткова заблытаўся ў гэтых чатырох падазроных, як у чатырох соснах. Справа вельмі завязла - ні ўзад ні ўперад. А Верхавенка мог дапамагчы наладзіць сякія-такія знаёмствы з жыхарамі сёмага і восьмага паверхаў, а заадно праверыць гэтыя клятыя вокны - заклеены яны ці не.

І калі Верхавенка прапанаваў выпіць чаю, Марк не адмовіўся: якраз ёсць час абмеркаваць справу.

Ён прысеў ля акна. З-пад адгорнутай фіранкі глядзела халодная зімовая ноч. На пліце закіпаў, пасвістваючы, пыхкаючы белай парай, чайнік. Палкоўнік дастаў з буфета кубкі, цукар і чай.

- Любіце з пірагом? Ці з пячэннем? - запытаў ён у Марка.

Марку было ўсё роўна, і на стале з'явіўся вялікі пухкі пірог, начынены вішнёвым варэннем і макам. Гледзячы на яго, Марк не мог не ўспомніць чуткі, што палкоўнік мае маладую палюбоўніцу. Ды і пірог - справа рук хутчэй яе, чым палкоўніка. Аднак Верхавенка расчараваў яго:

- Люблю кухарыць. Асабліва пячы такія вось пірагі. Дзіўны занятак для мужчын, ці не так?

- Асабліва для ваеннага, - уставіў Марк. - Ніколі ў жыцці не паверу, што любімы занятак афіцэра - пячы пірагі. Есці - другая справа.

Палкоўнік усміхнуўся і патлумачыў:

- Жонка была слабой паварыхай, вось я і прызвычаіўся сам да гатавання.

Верхавенка разліў чай у кубкі, нарэзаў пірог. Пакаштаваўшы, Марк падумаў, што нават Лорыным «фірменным» піражкам далёка да яго. Чалавек, які так смачна і з такім натхненнем гатуе, відаць, сапраўдны жыццялюб - любіць пажыць не абы-як.

Цэдзячы чай, Марк думаў, як лягчэй падступіцца да пытання, якое яго хвалявала. Урэшце выбраў верны і надзейны спосаб - пачаць усё спачатку.

- Наколькі ведаю, у вашым ведамстве служыў Азарыч? - асцярожна запытаў ён, намацваючы глебу.

Палкоўнік, здавалася, зусім не здзівіўся пытанню.

- Так. Маеце рацыю. Але чаму вас гэта цікавіць?

Тут Марк пачаў расказваць.

Палкоўнік уважліва слухаў, памешваючы лыжачкай чай. Зрэдку ківаў галавой - не то пацвярджаючы, не то падбадзёрваючы. Потым сказаў:

- Дакладна не заўважылі, з якога паверха кінулі пісталет?

- Не.

- Ладна... Зробім, відаць, наступнае. Я пастараюся ўсіх чацвярых сабраць у сябе. Згуляем у шахматы. Дык вось, заадно пагутарым. Я пастараюся, каб стрыжнем размовы стала забойства Азарыча. Паглядзім, як адрэагуюць. Пасля, пазнаёміўшыся, вам няцяжка будзе зрабіць ім візіты. - Памаўчаўшы, пахваліў: - Вельмі лагічна разважаеце, Марк. Адразу вылучым гэтых чацвярых.

- Ува мне прападае талент сышчыка! - усміхнуўся Марк.

- Ну што ж, тады чакайце, як кажуць у дэтэктыве, сігналу.

Марк развітаўся з гасцінным гаспадаром і пайшоў у сваю кватэру.

Было ўжо даволі позна - адзінаццаць гадзін. Заўтра зрання Лора паедзе на два дні на семінар маладых, будзе вучыць юных паэтаў пісаць вершы. Гэта таксама была адна з тэм, на якую ўсялякія Маркавы кпіны забараняліся.

Марк зазірнуў у кабінет: Лоры не было відаць. Ён прыслухаўся: з ваннай даносіўся шум і плёскат вады - значыць, Лора там.

Крыху пасоўгаўся па кватэры. Заўтра субота... На працу не трэба. Да таго ж, Лора загадала не праводзіць. Вернецца рэйсавым увечары.

Думкі мітусіліся то туды, то сюды, як цягнік з п'яным машыністам па рэйках.

Усё часцей і часцей Марк лавіў сябе на тым, што ціха і непрыкметна Лорына «літаратуршчына» зацяняе ягоную журналісцкую працу, становіцца больш вядомай. Ён добра памятае, як увосень да іх на студыю зайшоў нехта з радыё, разгаварыліся і, калі Марк назваў сваё прозвішча - Аляшкевіч, - той сказаў: «А, ведаю. Паэтэса ёсць такая, Аляшкевіч».

Марк нахмурыўся: ён не прывык, каб яго ўспрымалі толькі таму, што ён муж Лоры, муж паэтэсы. Ён заўсёды быў упэўнены, што будзе зусім наадварот. Але наадварот чамусьці не атрымалася...

І цяпер ён ведаў чаму: ён заўсёды ганяўся за двума зайцамі - хацеў дасягнуць поспеху і славы і адначасова хацеў пазбегнуць рызыкі. А так не бывае. Калі ты верыш у сваю шчаслівую зорку і марыш чагосьці дасягнуць - ідзі да канца, і горыч старту абернецца ў такой жа меры слодыччу фіналу. Мы ўсе спаборнікі ў гэтым жыцці. І жыццё - гульня для загартаваных, бо лёс - гэта чалавек. І пытанне не ў шчасці ці няшчасці, пытанне ў тым, ці хопіць моцы выстаяць супраць сваіх слабасцей і супраць чужой, варожай сілы...

Марк падышоў да акна, рэзка адхінуў штору.

На небе свецяць зоркі. Зямля злілася з небам - суцэльная чорная бездань і хліпкія зорачкі ўвышыні. Магчыма, гэта праўда, што ў чалавека жыве падсвядомае імкненне да смерці і ён змагаецца з ім усё жыццё...

- Чаму ты такі пахмурны? - Гэта Лора. Такая смешная і падобная на дзяўчыну ў лёгкім халаціку і з бігудзямі на галаве.

Яна адыходзіць: з папярэдняга вопыту сумеснага жыцця ведае, што яго лепей не чапаць у такі момант.

Сіняя птушка.

Птушка кахання.

Птушка шчасця.

Птушка мары.

Марк да болю сціснуў вусны. Штосьці гняло, не давала спакою. Як так можа быць, разважаў ён, што ў яго, моцнага, загартаванага, аказваецца, менш сілы, чым у такой кволай на выгляд, як Лора...

Але на сёння хопіць змрочных думак. Пачакаем, што заўтра скажа палкоўнік.

 

5

 

Суботу Марк прысвяціў генеральнай уборцы кватэры. Гэтым, як ні дзіўна, заўсёды займаўся ён.

Пасля абеду пазваніў Казакевічу ў бальніцу: аперацыя - язва страўніка. Дакурыўся Валера...

Потым соўгаўся па кватэры, паглядзеў фільм. На экране нейкая маладая спявачка, апранутая ў рэшткі адзежы - відаць, модна, - галасіла што ёсць моцы - інакш гэта і назваць нельга, - калі пазванілі ў дзверы.

Марк пабег адкрываць. Палкоўнік - так і ёсць.

- Дзень добры, Іван Валяр'янавіч!

- Добры.

Марк выключыў тэлевізар, прапанаваў палкоўніку прысесці на канапу.

- Ёсць навіны?

- Ёсць. Прычым добрыя.

- Яны згадзіліся?

- Так.

Марк памаўчаў, чакаючы, што палкоўнік раскажа сам. Так і адбылося.

- Гадзін у шэсць у мяне. Час падыходзіць?

- Падыходзіць.

Марк падняўся.

- Я ваш даўжнік.

Палкоўнік у здзіўленні ўскінуў бровы.

- Як разумець?

- Разумець проста: вы застаяцеся ў мяне на каву.

- А, гэта... - яны разам рассмяяліся.

Марк прайшоў на кухню і прыняўся гатаваць.

У хуткім часе яны ўжо сядзелі за сталом. Марк падаў Верхавенку кубак гарачай кавы і бутэрброды. Верхавенка дзьмуў на гарачую каву, каб крыху астыла.

- Скажыце, а вы часта наведваецеся ў «Сірыус»? - між іншым запытаў Марк.

Палкоўнік ледзь не разліў пітво. Марк кінуўся на дапамогу.

- Нічога, нічога... - супакоіў палкоўнік, падтрымліваючы кубак.

Моўчкі прасядзелі яны хвіліны дзве. Палкоўнік супакоіўся і ўжо даволі энергічна размешваў каву лыжачкай, калі Марк паўтарыў сваё запытанне.

- «Сірыус»... Ну хто ж з нас не ведае «Сірыуса»? Яго даўно пара назваць прываенным кафэ, - Верхавенка крыва ўсміхнуўся. - Праўда, у той дзень, калі забілі Азарыча, я не быў там. Службовыя справы, самі разумееце.

Марк кіўнуў. Больш пытаць не было аб чым. Марк спадзяваўся, што Верхавенка раскажа яму што-небудзь важнае пра кафэ, але палкоўнік маўчаў. Марк не стаў настойваць, ведаючы са свайго журналісцкага вопыту, што гэтым нічога ўсё роўна не даб'ешся.

Моўчкі яны дапілі каву, і палкоўнік, моцна паціснуўшы Маркаву руку, падаўся да выхаду, яшчэ раз напомніўшы:

- Чакаю ў шэсць гадзін.

Марк кіўнуў.

Да шасці гадзін заставалася яшчэ процьма часу. Раптам прыйшла ідэя: а чаму б не наведацца самому ў гэтае кафэ? Ідэя спадабалася. Пасядзець, паслухаць, яшчэ раз апынуцца ў той атмасферы, дзе Азарыч адзінока цадзіў сваю каву за пару хвілін да смерці. Толькі вось праблема: Мрочэк мог даведацца, што гэта ён, журналіст. У такім выпадку добра дапамагалі кускі клейкага пластыра, які Марк парасклейваў па ўсім твары - на верхняй губе, пад вокам, на падбароддзі і шчацэ - так, што цяпер яго і маці родная не пазнала б.

Накінуў куртку, выйшаў і зачыніў кватэру.

Мароз не спадаў. Снег бадзёра хрумсцеў пад нагамі. Белае неба злівалася з белай зямлёй, з заінелымі дрэвамі, з занесенымі снегам будынкамі. Марк убачыў, як падыходзіць патрэбны яму тралейбус, і кінуўся бягом па слізкай сцежцы. Задыханы, ускочыў у салон. Зачыняючыся, бразнулі дзверы, зашчыміўшы кавалак рукава скуранкі. У такім выглядзе Марк праехаў першы прыпынак, на якім выйшла ледзь не паўтралейбуса, так, што нават можна было прысесці. Марк уладкаваўся ля акна і пачаў глядзець скрозь адталую ад цёплага чалавечага дыхання шыбу. За вокнамі праносіўся заснежаны горад. Бель. Снег. Белыя ў снезе людзі. Белыя ў снезе машыны.

Марк любіў вось так сядзець у тралейбусе ўвесну, глядзець праз акно на квітнеючыя зелянінай вуліцы, асабліва незнаёмыя, упершыню ўбачаныя. Паэзія хараства і навізны... Увогуле, вясна. А тут цяпер адзін толькі снег і няма ратунку ад снегу і сляпучай белі. Горад - нібы ў блакадзе ў гэтых снежных акопаў і ледзяным холадзе. «Вайна за вясну, - падумалася раптам. - А што - вельмі нават у цэль! - і паўтарыў: Вайна за вясну. За сінюю птушку». З гэтай згадкай успомніў пра Лору. Здаецца, ёсць у яе нейкі талісман - сіняя фарбаваная птушачка з волава - падарунак кагосьці са шматлікай арміі Лорыных цётак, дзядзек, бабуль, дзядуль і проста прыхільнікаў.

Марк саскочыў на пятым прыпынку і азірнуўся. Не вельмі мнагалюдныя вуліцы. Пара заснежаных крамак. Вялізны будынак ваеннай установы крыху ўбаку. «Сірыус» - адрамантаванае былое кафэ «Планета» - прымасціўся да гастранома, з якога зараз выходзіць бабулька з паўпустой авоськай.

Марк павярнуў да «Сірыуса». Сцежка, што вяла да яго, даволі ўтаптаная. А за кафэ - тая бакавая вулка, што вядзе да будынка ваеннага ведамства.

Марк адчыніў дабротныя дзверы. Наведвальнікаў мала, але і тыя - па ўсёй зале. Да якіх непрыкметна падысці? Марк пашукаў вачыма і стаў хутка ацэньваць. Урэшце, спыніўся на дваіх у левым вуглу за столікам. Вайскоўцы. Нешта сур'ёзнае абмяркоўваюць.

Марк паціху падышоў і сеў за столік. Да яго даносіліся абрыўкі размовы, у якой ён нічога не разумеў.

Падышоў афіцыянт ва ўніформе «Сірыуса». Марк заказаў каву.

- Магчымасці павялічыліся.

- Але прыспешвае час...

- Але... Час... Але... - згадзіўся ягоны субяседнік.

Яны ўсё яшчэ не заўважалі Марка. Ён нібы ўнурыўся ў столік, нават баяўся дзьмухнуць на каву, каб не спудзіць тых, за столікам наперадзе.

Той, што сядзеў спіной да Марка, высокі, кашчавы, працягнуў:

- Перавод будзе на днях. Маэстра запэўнівае, што ўсё атрымаецца.

Другі падняў галаву ад кубка і заўважыў Марка.

- Яшчэ адзін, - Марк пачуў яго злобны шэпт і зрабіў выгляд, што спужаўся - перанёс каву далей, за суседні столік. Калі ён абярнуўся, вайскоўцаў ужо не было.

Ён задумліва памешваў чорнае месіва лыжачкай. Кава была горкай: Марк заўсёды клаў тры лыжачкі цукру, але тут не пакладзеш - не дома на кухні.

Значыць, так... Ён паспрабаваў сканцэнтравацца на тым, што пачуў. Але нічога не выходзіла. Адзін хаос.

У кафэ ўвайшлі з марозу яшчэ трое ў форме лейтэнантаў, шумна акупіравалі столік пасярод залы. Іх смех і перагаворванні збівалі Марка з думкі. Проста пасядзець і проста паслухаць цяпер не здавалася такой ужо простай справай. Гэтае кафэ не створана для таго, каб у адзіноце цадзіць каву і пазіраць у акно. І - адзінокі Азарыч сярод вечаровага тлуму...

Марк глянуў на гадзіннік: чатыры без сямі. Пара. Ён заплаціў і пайшоў да выхаду.

Адразу пасля цёплага ўтульнага кафэ мароз балюча шчыпянуў адагрэтыя шчокі і нос. Марк пацёр іх рукавіцай.

У горадзе запальваліся ліхтары: у зімовы час хутка цямнее. Шэры морак сведчыў аб набліжэнні яшчэ аднаго вечара.

З неба ціха патрусіў снег. Марк наставіў каўнер і прыспешыў хаду. На ўсякі выпадак азірнуўся: вуліца па-ранейшаму заставалася пустой, ніхто яго не праследаваў. Загарэўся зялёны. Да прыпынку павярнула цэлая чарада тралейбусаў. Марк пабег, каб паспець, таму што пасля будзеш мерзнуць паўгадзіны, тупаючы на адным месцы і нецярпліва выглядаючы з-пад каптура кіёска. Гэта ж заўсёды так: як не паспяваеш - дык з-пад твайго носа цэлая чарада пройдзе, а калі стаіш і чакаеш - хоць бы адзін...

 

6

 

Дома Марк пераапрануўся, прыняў душ і павячэраў, разагрэўшы нешта са шматлікіх гатункаў Лоры, якія яна пакінула, ад'язджаючы.

Без пяці шэсць. Марк быў падрыхтаваны.

Адчыніў Верхавенка.

- Праходзь, чакаў. Тут ужо Дзячэнка сядзіць, пазнаёмішся.

Яны прайшлі ў гасціную. Ля тэлевізара сядзеў мажны рыжавалосы мужчына ў спартыўным касцюме і шлапаках самага апошняга, які толькі магчымы, памеру. Гэтыя шлапакі можна было з поспехам абуць на мядзведжыя лапы. Увогуле мужчына чымсьці нагадваў славутага Міхайлу Міхайлавіча з дзіцячых казак. Калі ён падняўся, каб павітацца з Маркам, спружыны канапы жалобна зарыпелі.

- Андрэй Астапавіч, - і ён грузна апусціўся зноў на канапу, якая ўзвізгнула ў адказ.

Марк у сваю чаргу таксама назваўся.

- Астатнія хутка падыдуць, - запэўніў Верхавенка, паглядаючы на гадзіннік. - А пакуль можна згуляць партыйку. - І ён падсунуў дошку з акуратна расстаўленымі шахматнымі фігуркамі - для Марка і Дзячэнкі.

Ім нічога не заставалася, як пачаць гульню.

Марку дасталіся белыя, і ён пахадзіў першы - перасунуў пешку з першага рада. Дзячэнка падумаў-падумаў і зрабіў тое ж самае. Марк непрыкметна ўсміхнуўся: Дзячэнка гуляе ў шахматы, як Астап Бендэр у Васюках, - не надта.

Яшчэ больш здзівіўся Марк, калі Дзячэнка першы пачаў размову пра Азарыча.

- Вы сусед Азарыча? - запытаў ён.

- Сусед. Праз сценку і ёсць кватэра лейтэнанта.

Дзячэнка згодна кіўнуў.

У Марка нарадзілася адчуванне, што яны памяняліся месцамі - новаспечаны сышчык і яго падазроны. Марк пахадзіў яшчэ адной пешкай і хітра задаў папераджальнае пытанне:

- Вы цікавіцеся Азарычам, таму што былі ў «Сірыусе» тым вечарам, калі яго забілі?

Цяпер падышла чарга ўсміхацца рыжаму хірургу.

- Зусім не. Я рэдка бываю ў «Сірыусе». Гэта прывілея халасцякоў, у якіх хапае грошай. У мяне ж усе выдаткі ідуць на ўтрыманне прыгожай жонкі - на яе ўборы.

- Дык вы не былі каля «Сірыуса» ў той вечар? - перапытаў Марк.

- А як жа - быў. Толькі я не маю моды страляць у завулках маладых лейтэнантаў з дамскіх пісталетаў. Што датычыцца мяне, то я зайшоў у гастраном - гэта каля «Сірыуса», - у голасе Дзячэнкі чулася раздражненне, і Марк адчуваў, што яшчэ адзін крок - і хірург з падазронасцю запытае:

- Вы што - сышчык?

Але ж Дзячэнка быў у той вечар ля «Сірыуса»... І Марк рызыкнуў:

- Усё-такі Азарыч - даволі нядрэнны афіцэр.

Дзячэнка надзіва міралюбіва паціснуў плячыма і дадаў:

- Нішто сабе... Ён у мяне з тыдзень у шпіталі ляжаў - я ж працую яшчэ і там.

- Што такое?

- Пералом рукі ў яго быў. Самы звычайны. У лістападзе ўдарылі маразы, скальзота, снег - упаў неасцярожна на руку і зламаў. Але ён хутка выкараскаўся - жывучы. Хто б тады мог падумаць, што такому браваму і сур'ёзнаму хлопцу хутка паміраць?

Дзячэнка ўздыхнуў і перасунуў на дошцы яшчэ адну пешку.

З горам папалам дайгралі партыю ў нічыю. Ад гэтага Дзячэнка павесялеў. У чаканні другіх «шахматыстаў», якія меліся прыйсці ўвечары, Верхавенка і Марк з хірургам уладкаваліся на кухні. Палкоўнік падміргнуў і дастаў з шафы бутэльку каньяку. Дзячэнка ацаніў гэтую ахвяру з боку палкоўніка і павесялеў яшчэ больш. Аднак радасць яго была нядоўгай: не паспеў ён узяцца за другі кілішак, як у кватэру Верхавенкі пазванілі. Гаспадар пайшоў адчыняць.

Хутка ў кухню даляцеў капрызны жаночы голас, які межаваўся з голасам палкоўніка. Дзячэнка дзіўна насцярожыўся, потым падняўся і выйшаў у калідор. Марк пачуў, як гаварыла жанчына:

- Андрэй! Добра, што хоць тут цябе знайшла. Я іду ў магазін, а ты паглядзі за Толікам.

- Света, але ж ты ўжо хадзіла ў гэты пракляты магазін сёння ўранку! Колькі можна...

Яго бас патануў у хуткім неразборлівым патоку слоў, якія жанчына абрушыла на грэшную рыжую галаву ваенурача другога рангу.

Каб не рабіць у чужой кватэры гармідар, Дзячэнка быў вымушаны скарыцца. Ён наскора развітаўся з палкоўнікам і зачыніў дзверы. Але яшчэ доўга чуўся на лесвічнай пляцоўцы прарэзлівы голас ягонай жонкі.

Верхавенка вярнуўся на кухню.

- Паслухаўшы гэтую прэлюдыю да вялікай сямейнай сваркі, міжволі парадуешся, што жывеш адзін. Дарэчы, у Дзікенса адзін з герояў яго «Запісак Піквікскага клуба» дае падобныя ж настаўленні сыну: «Калі табе раптам калі-небудзь пераваліць за пяцьдзесят і ты адчуеш жаданне ажаніцца з кімсьці, то зачыніся ў сваім пакоі, калі ён у цябе будзе, і глытні атруту не раздумваючы. Атруціся, мой хлопчык, атруціся, і пасля ты аб гэтым не пашкадуеш», - Верхавенка зрабіў артыстычны жэст рукой.

Гэтую патэтычную прамову палкоўніка перапыніў званок у дзверы. Хутка ў кухню ўвайшлі Гурэвіч і Віця Астравец.

Пакуль Гурэвіч шумна вітаўся з палкоўнікам і Маркам, раздуваючы свае пышныя вусы ў такіх жа пышных фразах, якія, напэўна, па ягоным меркаванні, павінны былі лічыцца перламі гумару, Астравец спрытна і - галоўнае - непрыкметна ўладкаваўся на месца Дзячэнкі ля кілішка з каньяком. Палкоўнік толькі падзівіўся такому спрыту і ўсміхнуўся. Віця кіўнуў Марку, як знаёмаму, і перакуліў кілішак, скарыстаўшы вядомы тост:

- За нас з вамі і за чорт з імі!

Усе засмяяліся.

Задаволены такім удалым пачаткам, Віця Астравец пацёр рукі і прамовіў:

- Ну, а цяпер за шахмацішкі! Я - папярэджваю - таксама прафесіянал, а не які там напаўдохлы аматар.

- Не крыўдзі хлопцаў, - пасміхаючыся, адказаў Верхавенка.

Віця хутка перавёў на яго погляд сваіх вострых, як два бурава, насмешлівых вачэй.

- Ха, аматары! Так я і паверыў. Асабліва ў ваша аматарства, палкоўнік.

Усе перайшлі ў гасціную. Верхавенка паслужліва паставіў фігуры для Марка і Астраўца, а потым разам з пышнавусым лейтэнантам пайшоў дапіваць каньяк.

- Гэй, вы! - крыкнуў ім услед Астравец. - Пакіньце на маю долю.

- Калі і пакінем, то не табе, а Карабку! - адказаў Гурэвіч.

- Які там яшчэ Карабок! Карабок астматык: яму нельга.

Тут ён пераключыў увагу на дошку і задумаўся над ходам Марка. Нарэшце нейкая ідэя знайшлася, і ён перасунуў сваю пешку, нейтралізаваўшы белага каня, які пагражаў яго каралеве.

Марк зразумеў, што размаўляць з Астраўцом трэба даволі абачліва: гэта не Дзячэнка, які адразу выклаў карты на стол з дзіцячай наіўнасцю. Таму падышоў здалёк.

- Калі вы ігралі з Азарычам у шахматы, ён таксама ўжываў гэты ход? - Марк паказаў перамяшчэнне Віцевай пешкі.

Марку не па сабе стала ад рэзкага, пранізлівага позірку Астраўца.

- Азарыч ніколі не гуляў у шахматы, - падкрэслена, выдзяляючы кожнае слова, сказаў Астравец. - Ён заўсёды называў іх гульнёй патэнцыяльных пенсіянераў. Сам жа ён гуляў у іншыя гульні, корчыў з сябе чэкіста. Дарэчы, хто вам сказаў, што Азарыч любіў гуляць у шахматы?

«Уліп!» - падумаў Марк.

Выкарыстаўшы ўсе свае артыстычныя здольнасці, ён зрабіў выгляд збянтэжанага ягняці, але бачыў, што Астравец усё роўна не паверыў.

- Журналіст, значыць... Толькі я скажу вось што: гэтакімі справамі займаюцца людзі, разумнейшыя за нас з вамі, таму што ў іх больш інфармацыі, чым у дзесяці Астраўцоў і дзесяці Аляшкевічаў... - Памаўчаўшы, дадаў: - Ведаў я Азарыча. Мы з ім розныя людзі. Пасварыліся калісьці. Але пачуў гэтую вестку ў кафэ - стала неяк не па сабе. Праз хвіліну да мяне падышоў Гурэвіч, разам выпілі, пасумавалі крыху.

Марку стала ясна, што цяпер распытваць Гурэвіча няма сэнсу. Вось толькі ці быў ён добра знаёмы з Азарычам?

- Гурэвіч таксама ведаў лейтэнанта?

- Ды вы і гэтага не знаеце? Гурэвіч - напарнік Азарыча. Яны ахоўнікі. Прычым разам заканчвалі «ваенку».

Марк уздыхнуў: усе, каго ён ні пытаўся пра Азарыча, былі знаёмы з ім і, па сутнасці, знаходзіліся непадалёку ад «Сірыуса» на момант забойства. Калі яшчэ Карабок заявіць аб гэтым, то...

Заверашчаў званок.

Астравец падняўся.

- Куды вы?

- Пайду. Гэты Карабок, адчуваю, ізноў атруціць вечар. Стары самаўлюбёны асёл. Верхавенка часам запрашае яго замест клоўна. Што да мяне, то я яго цярпець не магу, - і дадаў, папраўляючы каўнер: - Не крыўдзіцеся на мяне, калі сказаў не тое, што хацелі б пачуць. Бывайце, - і ён цвёрдымі крокамі пашыбаваў да выхаду, прапусціўшы ў пакой Карабка і Верхавенку.

Карабок меў усе атрыбуты старасці, якія даволі паслядоўна праяўляліся на ягоным твары ў выглядзе розных мяшочкаў, безлічы зморшчынак і ружовенькіх румянцаў.

Убачыўшы Марка за шахматнай дошкай, Карабок доўга глядзеў на ўсё гэта сваімі бясколернымі вачыма, а потым махнуў рукой, нібы адганяючы муху.

- Толькі не прымушайце мяне гуляць у гэтую дурную гульню... - заверашчаў ён.

- Чаму? - здзівіўся Верхавенка.

- Адзін раз згуляў з гэтым абармотам Астраўцом. Болей не хачу.

Марк пайшоў, што называецца, ва-банк:

- А з Азарычам не гулялі?

Акуляры Карабка паволі папаўзлі наверх.

- Не. Я яго амаль не ведаў. Толькі, калі хварэў я, ён мне дапамог паднесці сумку ад гастранома. Ветлівы малады чалавек. Цяпер такіх мала.

Каб не даць яму загрузнуць ва ўспамінах, якая была моладзь у яго часы і якая яна сёння, Марк хутка запытаў:

- А больш вы з ім не сустракаліся?

- Чаму ж... Ён заходзіў. Прыносіў лекі. Я ж хворы чалавек.

- А ў «Сірыусе» хоць раз былі?

- Навошта? У свой час там было кафэ «Планета». Пасля работы я часта туды заходзіў. А цяпер хаджу толькі ў гастраном, там неблагі выбар. Вось і тады, калі Сашу застрэлілі, я быў там.

Марк уздыхнуў: яшчэ адзін!

- Пройдзем на кухню, - прапанаваў гаспадар.

Але тут адбылося нечаканае здарэнне. За сценкай, там, дзе кватэра Азарыча, нешта ўпала і са звонам разбілася.

- На кухні ў яго залішне лёгкая паліца, - пракаменціраваў Верхавенка. - Ён гаварыў мне калісьці, што заўсёды б'ецца посуд. Хацеў замяніць, але не паспеў.

- Азарыч? - Марк запытальна паглядзеў на палкоўніка.

Верхавенка згодна кіўнуў.

Каб перапыніць няёмкую паўзу, якая ўсталявалася пасля гэтага невялічкага здарэння, ён падышоў да піяніна, прыўзняў крышку і ўзяў пару акордаў.

- Вы іграеце? - здзіўлена запытаў Марк.

- Іграю. Нават выступаю з канцэртам на так званых урачыстых вечарах. Што вам найграць?

Марк задумаўся, потым няўпэўнена прапанаваў:

- Што-небудзь з Бетховена ці Агінскага?

- «Лунная саната» Бетховена?

Але тут запратэставаў Карабок.

- Саша любіў «Развітанне з радзімай» Агінскага. Давайце ў яго памяць.

- Добра, - і, рэзка павярнуўшыся да піяніна, Верхавенка зайграў.

У цішыню, нібы дзве чыстыя слязіны, упалі першыя гукі. Марк павярнуўся да акна, каб ніхто не мог бачыць ягонага твару.

Светлая мелодыя ляцела ўвышыню. Смелымі, лёгкімі акордамі яна то набліжалася да вяршыннай кропкі, то раптоўна ападала ўніз, нібы падраненая птушка. Здавалася, светлай тугой гукаў яна ахінае ўвесь прастор, усе бачныя і нябачныя далягляды: і неадрыўна родныя лугі, палі, узлескі, і азёры, і рэкі з апошнім плачам кнігаўкі - усё, усё самае дарагое было адзначана тугой апошняга развітання.

Марк стаяў ля акна, слухаў гэтую шчымлівую мелодыю тугі па радзіме, і паступова з ягоных вачэй пачынала спадаць покрыва невядомасці. Нібы кавалкі дзіўнай мазаікі, усё тое, што ён чуў і бачыў за гэтыя дні, складалася ў адно, счэплівалася ў сваёй простай і дакладнай паслядоўнасці. І тое, што з гэтага вынікала - смутнае, ледзь акрэсленае, - палохала Марка. Праўда, была адна дэталь, якую ён хацеў бы высветліць, - вокны. Але ён ужо здагадваўся, да якога выніку ўсё гэта прыйдзе. І таму яно палохала яшчэ больш.

...Апошні акорд прагучаў рэзка, быццам некуды праваліўся, - у бездань жыцця, у слепату ночы, у бясконцы калодзеж нашых неспакойных думак.

Над горадам палалі марозныя зоркі, расплываліся залатымі круглякамі на заінелых шыбах. Усё акрывала чорная непраглядная цемра.

- Што з вамі, Марк? - трывожна запытаў Верхавенка.

Марк махнуў рукой у адказ: маўляў, не варта ўвагі.

Яны пайшлі на кухню, дзе Верхавенка прапанаваў чай з малінавым варэннем.

Карабок працягнуў руку да кухоннага акна.

- Дуе, - незадаволена сказаў ён. - Я свае яшчэ ў кастрычніку як зашпаклюю, што толькі ў красавіку адлепліваю. Магу параіць, як найлепш уцяпліць, - і ён пачаў падрабязна апісваць свой спосаб.

Марк падумаў, што візіт да Карабка непатрэбны: ясна, што ён і шчэлачкі незаклеенай не пакіне, не тое што акно адкрыць пасярод зімы. Але...

Што ж, табы трэба ісці да канца. Марк падняўся, падзякаваў за прыемны вечар і выйшаў з кватэры палкоўніка.

Крыху пастаяў на лесвічнай пляцоўцы, супакойваючы дыханне. Потым няспешна стаў падымацца на сёмы. Дзячэнка і Гурэвіч. Да каго найперш? Якраз насупраць - кватэра Гурэвіча. Марк пазваніў. Дзверы адчыніла жонка лейтэнанта - мілавідная жанчына з крыху сарамлівай вясковай усмешкай на вуснах. За крысо яе халата чапляўся малы карапуз у расшпіленай кашульцы. Перш чым паспела штосьці спытаць маці альбо сказаць Марк, малое, хітра бліснуўшы бусінамі-вочкамі, прамовіла:

- Плівет!

Пачуўшы гэта, Марк падумаў, што з гэтага малога баявітага стварэння, відаць, выйдзе нешта больш прабіўное і самастойнае, чым будучы лейтэнант-ахоўнік.

- Плівет, - адказаў яму Марк і звярнуўся да збянтэжанай жанчыны: - Ці дома Фёдар Іванавіч?

- Федзя? Федзя ў Астраўца. Віця Астравец. Жыве на восьмым, - патлумачыла яна.

- А ён доўга будзе?

- Не ведаю... - жанчына паціснула плячамі.

- То, можа, лепш, калі я пачакаю? - І Марк зрабіў крок да дзвярэй.

Жанчыне нічога не заставалася, як прапусціць яго. Пакуль яна займалася кухоннымі справамі і дзецьмі, Марк паціхеньку перасоўваўся па кватэры. Дзіўна, але ўсе вокны ў Гурэвічаў былі шчыльна заклеены. Прычым, было відаць, - заклейка даўняя, яшчэ восеньская.

Марк, каб не марнаваць часу, прайшоў на кухню і сказаў яшчэ больш здзіўленай гаспадыні, што перамяніў свой намер: чакаць не будзе, а пойдзе да Астраўца.

Але да Астраўца ён не пайшоў.

Спачатку пазваніў у кватэру Дзячэнкаў. Яму адчыніў сам хірург. Узрадавана запрасіў заходзіць.

- Тсс! - прашаптаў ён, калі яны апынуліся ў калідоры. - Толік урэшце ўгаманіўся і спіць. - І хірург на дыбачках пайшоў па дывановай дарожцы.

Марка прабіраў смех пры адным паглядзе на тое, як падобны да мядзведзя Дзячэнка спрабуе ісці на дыбачках.

Па шчаслівым для Марка выпадку яны апынуліся ў кабінеце хірурга - адным пакоі, які выходзіў вокнамі ва ўнутраны двор. Яны ўсе былі заклеены.

Марк крыху пагаварыў з Дзячэнкам і, спаслаўшыся на неадкладныя справы, пайшоў.

Заставалася кватэра Астраўца. Астравец і Гурэвіч гулялі ў карты, калі падышоў Марк.

- О, нашага палку прыбывае! - адзначыў Астравец, картуючы калоду.

Яны згулялі партыю. Астравец перамог. Марк непрыкметна падышоў да акна. І тут заклеена... Нібы ўтыкнуўся ў мёртвую сцяну.

- Давай яшчэ адну згуляем, - прапанаваў Астравец, не хаваючы задавальнення ад перамогі.

Марк адмовіўся.

- Пайду пагляджу, можа, Лора вярнулася, - сказаў ён.

 

7

 

Лора і сапраўды вярнулася. Кватэра была адчынена.

- Лора! - паклікаў ён.

- Я пераапранаюся. Як справы? Чаму такі нездаволены голас?

Марк прысеў на канапу. Раптоўна пачала балець галава. Ён нахіліўся да мяккай спінкі канапы і пачаў церціся шчакой так, як у дзяцінстве.

У свядомасці мільгалі ўрыўкі сённяшніх сустрэч, нібы асобныя кадры з кінастужкі: драпежная ўсмешка Астраўца, бравыя вусы Гурэвіча, двое за столікам у «Сірыусе», снег на трамвайным шкле, твар Карабка, вальс Агінскага, Азарыч, шаляпінскі бас Дзячэнкі, выразны гук разбітага посуду ў пустой кватэры Азарыча...

- Ты чаму не адказваеш нічога? Табе дрэнна?

Лора, пераапранутая ў халат, стаіць побач, вось яна прыклала руку да яго гарачага лба. Здаецца, ён трызніць...

Марк рыўком ускочыў на ногі. Яшчэ б хоць адну хвіліну спакою! Трэба дадумаць... Ён адчуваў, што тое, чаго ён шукае, - зусім на паверхні, вынікае з назбіраных ім выпадковых і невыпадковых фактаў.

Лора загрымела посудам на кухні - пакрыўдзілася.

Марк адчуў, як зліпаюцца павекі. «Не, толькі не спаць! Трэба дадумаць... дадумаць...» - І ён праваліўся ў трывожны, неспакойны сон. Прачнуўся дзесьці праз паўгадзіны. Побач сядзела Лора, гладзіла яго руку.

- Што здарылася, Марк? - спытала яна, убачыўшы, што ён прачнуўся.

- Нічога. Проста ператаміўся за тыдзень.

Ён бачыў: не паверыла. Але цяпер - усё роўна.

Марк падняўся з канапы, уключыў тэлевізар. Футбол. Можа, гэта дасць хоць якую разрадку.

Лора прынесла з кухні чай і пару бутэрбродаў.

Марк адпіў глыток. На экране лётаў мяч. Марк паціхеньку захапіўся гульнёй.

 

8

 

Спаў ён трывожна, сны былі ўсе жудасныя, быццам іх падбіраў люты вораг. Ён сніў сённяшні вечар у перавернутым выглядзе, у сне шукаў тое, чаго не здолеў знайсці ў рэальнасці.

Прачнуўся нечакана, пасярод ночы. У вокны біў вецер, сыпаў у шыбы сухім, шалясткім снегам.

Марку падалося, быццам нешта загрымела ўверсе. «Пажарная лесвіца. Вецер», - падумаў Марк. І тут жа, адначасова з гэтай думкай, да яго нібы прыйшло азарэнне. Ён зразумеў усё тое, што не мог зразумець раней, чаго не хапала для паўнаты, яснасці карціны. Ён ускочыў з ложка. Абудзілася і Лора, уключыла настольную лямпу.

- Што ты, што з табой? - сонным голасам спытала яна.

Марк абхапіў галаву рукамі і стагнаў, ківаючыся, як маятнік. Лора схапіла яго за рукі.

- Супакойся, супакойся! Марк! Што з табой? - голас яе зрываўся ад хвалявання.

Марк прыняў рукі ад твару. Нечакана захацелася ўсё расказаць - усё-ўсё! Збавіцца ад гэтага кашмару. Каб стала лягчэй. Ён паглядзеў на Лору, на яе збялелы твар.

- Я ведаю, хто забіў Азарыча.

Лора маўчала, асэнсоўваючы гэтую неверагодную навіну. Тады ён расказаў усё, збіваючыся і замаўкаючы ледзь не пасля кожнага сказа. Спачатку расказаў пра пісталет.

- Толькі я думаў, што яго нехта кінуў з сёмага ці восьмага паверхаў. Але ва ўсіх заклеены вокны яшчэ з восені. І цяпер я ўспомніў, ад чаго абудзіўся ў тое ранне: грукала пажарная лесвіца. Значыць, той, хто кінуў пісталет, не жыў ні на восьмым, ні на сёмым. Ён скарыстаў пажарную лесвіцу і выкінуў зброю з даху. Хто ж гэта быў? Я ўспомніў «Сірыус», размову, падслуханую выпадкова: «Перавод будзе на днях. Маэстра гаворыць, што ўсё атрымаецца». Перавод - гэта грошы для ваеннага ведамства, таму што тыя, хто пра гэта гаварыў, служаць там. Напрошваецца вывад: нехта арганізоўвае выкраданне грошай. Хто ж такі Маэстра? Каго маглі так назваць ваенныя? Таго, хто выступае альбо добра іграе - на піяніна, напрыклад. Даволі незвычайны занятак для вайскоўца. А на піяніна добра грае сусед Азарыча, Верхавенка. Ты спытаеш - матыў? Ён ёсць. Калі я быў у Верхавенкі, у кватэры Азарыча нешта ўпала - даволі выразны гук. Цяпер ты разуееш? Азарыч мог падслухаць выпадкам, як хтосьці размаўляў з Верхавенкам наконт той справы. І ён, як самы апошні дурань, сказаў аб гэтым палкоўніку, які прызначыў яму сустрэчу ў «Сірыусе», на якую не прыйшоў. Таму Азарыч і быў адзін, таму і не падышоў да знаёмых. А ў бакавым завулку яго чакаў Верхавенка. Нават пісталет падабраў не вайсковы - усё чын чынам... Дарэчы, гэта ён не даў тады дазволу на рэпартаж. - Што цяпер рабіць? - з адчаем спытаў Марк.

- Трэба расказаць тым, хто займаецца гэтай справай.

- Заўсёды ты параіш такое, што лепей удавіцца.

- Не, як сабе хочаш, а гэта ты павінен зрабіць. Забойца не застанецца непакараным.

- Але ж Верхавенка - палкоўнік... Хто мне паверыць...

Лора звузіла вочы.

- Ну і што. Гэта не значыць, што ён анёл альбо што ён не можа здзейсніць забойства.

- Не пайду! - цвёрда адказаў Марк.

Цяпер раззлавалася Лора.

- Ах, так!.. Добра. Я з'еду. Хопіць.

І яна стала спешна збірацца: апранулася, навяла макіяж, пакідала неабходныя рэчы ў сумку. Марк паспрабаваў адвесці яе ад дзвярэй, але яна рэзка вырвалася: відаць, не жартуе. Ну не біць жа яе, на самой справе?..

Ён уздыхнуў, пачуўшы, як лязгнулі, зачыняючыся, дзверы. Усё. Пуста. Марк глянуў на гадзіннік: чатыры раніцы. Лора яшчэ паспее на ранні цягнік на дачу ля Пухавіч.

- Эх, звязала нялёгкая! - сказаў услых пра Верхавенку. Пасля доўга сядзеў ля чорнага замарожанага акна і перажываў, пакутаваў з-за гэтай сваркі з Лорай.

 

9

 

Так, Лора кінула яго, з'ехала на іх дачу ля Пухавіч. Ён уявіў сабе, як ідзе яна адна з сумкай па заснежанай дарозе, як уваходзіць, стомленая і знясіленая, у пусты халодны драўляны дамок сярод маўклівых высокіх снягоў-сумётаў. Лора, Лора! Марк адчуў, як нешта сціснулася ад болю ўнутры. Дурань, які ён быў дурань, што расказаў ёй усё! І зарок сабе даваў не гаварыць - і на табе! Заракалася свіння не хадзіць у агарод...

За акном слаба ружавела неба. Праз абледзянелае акно амаль нічога не было відаць. Толькі ўверсе, там, дзе фортка, віднеўся дзіўна сіні, лазурковы, па-веснавому сіні, акрайчык неба. «А хутка ж, і праўда, вясна»... - раптоўна падумаў Марк і адчуў, як памякчэла, нібы ўсміхнулася штосьці ў душы. Вясна... Азарыч не дажыў да гэтай вясны. З'ехала з-за яго, Маркавага, маладушша ў халодныя Пухавічы Лора. З чым застаўся ён сам? І тут толькі зразумеў ясна і акрэслена: ні з чым... Ён грэбуе самім сабой. Баязлівец! Слова ўдарыла, як токам. Стала душна. Марк ірвануў каўнер кашулі. Не, хопіць! Хопіць дрыжаць за ўсё на свеце! Хопіць баяцца, каб куды не ўляпацца! Урэшце, трэба пачынаць жыць.

Фортка зрабілася сіняй-сіняй, і Марк зразумеў, што дзесьці ўвышыні, прарваўшыся скрозь снежныя аблокі, у горад ішло сонца. На раму акна нечакана прызямлілася маленькае птушаня. Пухнатае, рухавае. А ў сінім водсвеце форткі яно раптоўна стала таксама казачна сінім, вясновым.

«Сіняя птушка! - успомніў Марк. - Птушка надзеі. Птушка кахання. Птушка шчасця».

Цяпер ён канчаткова зразумеў Лору, сябе, многае з тых кароткіх, напружаных дзён. Чалавек усё жыццё вучыцца яму, жыццю. Вучыцца жыць. Вучыцца кахаць. Вучыцца быць чалавекам сярод людзей.

Марк апрануў свой парадны гарнітур: сёння ён пойдзе і ўсё раскажа - так, як раіла яму гэта зрабіць Лора. А потым паедзе ў Пухавічы - ратаваць ад халодных снягоў сваю сінюю птушку, сваё каханне, сваё жыццё.

Выходзячы, Марк яшчэ раз азірнуўся: на фортцы шчабятала пухнатае, радаснае, зусім вясновае сіняе птушаня...


2000-2008?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая