epub
 
падключыць
слоўнікі

Маргарыта Прохар

Скрыпка на асфальце

1
2
3
4
5


1

 

Ранні зімовы прыцемак акрываў горад. У ружовым святле ліхтароў бачна было, як кружыўся, падаў на асфальт снег. Здавалася, што горад схаваны пад белай пухнатай шапкай. Мутнае, бясколернае неба абыякава глядзела на зямлю, скаваную марозамі, на людзей, што мітусіліся на вуліцах, настаўлялі ад снегу каўняры паліто. Холадна і няўтульна было гэтым вечарам у горадзе.

Але раптам аднекуль прарваліся гукі светлай і адначасова сумнай мелодыі. Яна то аддалялася, то, падхопленая з новай сілай, нібы абуджаная жывым дыханнем, узносілася ізноў увышыню, лунала над заснежаным, стомленым светам...

Гэта ў цёмным і халодным падземным пераходзе іграла, плакала скрыпка. Стары музыкант, сівы і прыгорблены жыццём і часам, нібы пераказваў ёй свой лёс, і светлае і горкае злучалася ў адзін прарэзліва-журботны матыў і адбівалася ў сэрцы балючай незагойнай ранай. Ля ног старога ляжаў цёмны футарал ад скрыпкі, і там віднелася некалькі скамечаных грашовых паперак, і музыкант час ад часу кідаў на іх сумны позірк.

У пераход спускаліся людзі, але, пачуўшы тужлівы голас скрыпкі, чамусьці ішлі шпарчэй, угінаючыся і не гледзячы на старога музыку. Але ён таксама стараўся не зважаць на іх: душы яго было цяжка... Насупраць, за шклянымі марознымі шыбамі, у самотнай пакоры безнадзейна пазіралі на людзей дарагія зімовыя ружы. Яны выклікалі шкадаванне ў старога музыканта, як і тыя маладзенькія елкі, што час ад часу праносілі прахожыя: стаялі апошнія дні перад Новым годам, і горад звыкла ўбіраўся гірляндамі і агнямі, што мёртва свяціліся ў марозным вечаровым паўзмроку. І чамусьці не было адчування свята, бо свята - гэта шчасце, радасць, а якая радасць у старога музыканта, перад якім у цёмным футарале ляжыць пара скамечаных паперак - не хопіць нават на хлеб...

За змерзлымі шыбамі маркоціліся кветкі ў сваім шыкоўным бліскучым убранні, і, зноў глянуўшы на іх, стары змяніў мелодыю: скрыпка зайграла нешта бравурнае, вясёлае, бадзёрае, але выйшла так фальшыва, ненатуральна, што, здавалася, ружы яшчэ больш паніклі, і, уздыхнуўшы, скрыпач зайграў ранейшую мелодыю. Ціха і павольна, як снег над зямлёй, ападалі ў цішыню гукі, нібы бруілася чыстая і светлая крыніца ці спяваў над вясновым полем ранішні жаўранак...

Ад холаду стылі пальцы і балелі ад доўгага стаяння ногі. Ён прыхінуўся да сцяны і зайграў зноў. Скрыпка супакойвала, суцішала боль, разам з ім яна ўспамінала мінулае, шчаслівае і нешчаслівае, але роднае і светлае, якім заўсёды бывае голас памяці...

Яму ўяўляўся зялёны шумлівы сад далёкага маленства, чыстае неба, падобнае да жытнёвых васількоў, і яркае-яркае гарачае летняе сонца, што несла ўсмешкі і цяпло, аж плавілася ў вачах, гарэла жоўта, агніста... Ці гэта так яму здавалася? Але ў вачах плыло жоўтае мора, іскрыстае, сонечнае, засцілала змрок...

Падаючы, ён пачаў хапацца за сцяну, але рукі толькі слізгалі ў чорнай бездані, не знаходзячы апоры. З апошнім жалобным звонам упала, ударылася аб асфальт скрыпка, адкацілася ў цёмны вугал, але доўга яшчэ звінела струна, кранутая ў апошні момант рукою старога музыканта.

 

2

 

Вакол яго пачаў збірацца натоўп. Маўчалі, глядзелі на старога музыку, скурчанага на асфальце, з носа яго тоненькім струменьчыкам цурчэла кроў. Нехта ахнуў:

- Забіўся!

І, нібы абуджаныя і вернутыя да рэальнасці гэтым воклічам, людзі пачалі разыходзіцца. Толькі пажылая жанчына, што прадавала ружы ў кіёску насупраць, няўпэўнена прамовіла:

- «Хуткую» трэба б...

Высокі мужчына ў чорным паліто адно махнуў рукой на яе словы:

- Якую «хуткую?» Не бачыце, што ён ужо ўсё?..

Але нехта такі пайшоў да тэлефона, патэлефанаваў.

«Хуткая» прыехала праз хвілін сем. З машыны выйшаў малады лекар. Ён падышоў да старога музыканта, прысеў, пакратаў пульс, прамовіў, звяртаючыся да санітараў:

- Жывы. Укладвайце - і ў машыну.

Задумліва, са шкадаваннем глядзеў ён на гэтага пакінутага лёсам старога чалавека, якога перакладалі на насілкі. Калі старога музыку неслі да машыны, ён раптам прыўзняўся, паглядзеў у цёмнае аснежанае неба, на «чырвоны крыж» «хуткай» і, занепакоены, з намаганнем, напружваючыся, вымавіў: «Скрыпку... скрыпку вазьміце. На асфальце... засталася. Скрыпка... на асфальце...» Лекар азірнуўся, але побач нічога не згледзеў, ніякай скрыпкі не было. Праз некалькі хвілін машына ўжо імчала старога музыканта да бліжэйшай бальніцы...

А скрыпка засталася ляжаць на асфальце, забытая ў халодным вячэрнім змроку, і, здавалася, ледзь чутна ўздрыгвала струнамі ад раптоўнага подыху сцюдзёнага ветру, што часам залятаў у гэты цёмны пераход...

 

3

 

- Пусціце, доктар!.. Я ж не хворы. - І ён ізноў закашляўся, і насоўка афарбавалася ў чырвоны колер.

- Куды я вас пушчу? Самі бачыце, што яшчэ лячыцца і лячыцца. - Лекар з трывогай паглядзеў на яго насоўку, на схуднелы завостраны твар.

Але стары музыкант стаяў на сваім.

- Нельга мне тут залежвацца, зразумейце: дома сын, інвалід, хадзіць не можа, галодны, - і ён заплакаў. - Я для яго... Стары я для аркестра, адыграў там сваё, дык вось прыходзіцца так... пад старасць. А сын... сэрца рвецца... Голас у яго вельмі музычны - талент. Але каму патрэбны спявак-інвалід. Эх...

Цяжка і балюча было слухаць гэтую споведзь старога хворага чалавека, музыканта. Нікому не патрэбны пустыя словы спачування, і лекар гэта ведаў, таму ён проста сказаў:

- Пра сына паклапоцімся. А вы лячыцеся. І дзеля яго, і дзеля сябе...

 

4

 

Гэтай ноччу ізноў свяцілі за вокнамі ліхтары і кружыўся ў іх бляклым святле снег. На плошчы мільгацела каляровымі агнямі навагодняя ёлка, загадкава і казачна ўсміхалася ўсім.

А ў трэцяй палаце, ля акна, спаў музыкант. Яму сніўся чароўны, светлы сон - сон-мара. У гэтым сне ён іграў на сваёй скрыпцы ў каралеўскім аркестры. У новым фраку стаяў ён сярод іншых музыкантаў, і спявала яго скрыпка, натхнёна, светла. Ён быў шчаслівы, таму што мог тварыць, аддаваць усю душу музыцы, без цяжкіх паўсядзённых клопатаў пра хлеб надзённы, без халодных і стылых жабрацкіх пераходаў...

О, яго мастацтва, яго музыка!.. Цяпер сэрца і думкі аддадзены толькі ёй, ёй адзінай!..

Іграла скрыпка: чаргаваліся мелодыі Чайкоўскага, Вердзі, Глінкі... Яму здавалася нават, што сама яго душа была падобна струнам. Мелодыя ўзносіла яго ўсё вышэй і вышэй у нябёсы, да святла... Адтуль яго клікаў, вабіў да сябе журботна светлы, чысты голас скрыпкі.

 

5

 

А раніцай яго знайшлі нежывым: цёпла свяціўся твар, нібы ў апошні момант прыйшло да старога музыканта яго шчасце. Відаць, яго душа ўрэшце спаткала сваю радасць, споўніла мару, пазбылася гора зямнога.

І, гледзячы на яго, лекар раптам адчуў, як на вочы нагортваюцца слёзы. Як жывы, нанова ўзнік, уваскрэс у яго памяці той вечар: холад, цёмны пераход і скрыпка, кінутая на асфальце...


2000-2008?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая