epub
 
падключыць
слоўнікі

Маргарыта Прохар

Сустрэча на дарозе

Ад шашы Аркадзь павярнуў на знаёмую дарогу паўз вёску. Яму даўно падабаўся гэты шлях, які праходзіў па ўзгорках над Нёманам. Чыстая магутная рака светла люстрылася ў зеляніне берагоў, дыхала прахалодай пасля гарачага дня. Часта хавалася яна ў густыя купы лазняку і прылескаў, а потым ізноў вырывалася на прасцяг і ўдалечы злівалася з небам, поўным такога ж мяккага блакіту, як і яна сама.

Аркадзь ехаў паволі, не спяшаючыся, а часам нават спыняўся на беразе, там, дзе прыгажосць Нёмана найбольш кранала сэрца. Тады ён садзіўся проста на пагорак, у густыя травы, што прапахлі сонцам, пчоламі і мядовым кветам, садзіўся і моўчкі слухаў, як гамоніць зямля: хутка-хутка, прызыўна засакоча ў пругкай вечаровай цішы конік, аб чымсьці ўздыхне старое прыдарожнае дрэва, зашэпчуцца спуджаныя ветрам лазнякі, і з іх гушчэчы лёгка вырвецца, пырхне ў неба легкакрылая птушка і зальецца ўвышыні песняй - чыстай, звонкай, поўнай такога бязмежнага шчасця, радасці, хараства, што, слухаючы яе, міжволі згадваеш бесклапотнае сваё дзяцінства.

Аркадзь надоўга запыняўся тут у такія хвіліны. Яго не абцяжарвала адзінота - наадварот, ён імкнуўся да яе. З нейкага часу заможнае ягонае жыццё перастала здавацца яму такім ужо прыемным. Аксана прынесла ўладкаванасць, той дабрабыт, якога ён, Аркадзь, ніколі не бачыў у сваім жыцці. І кватэра, і машына - жончыны. Але яна ніколі не ўпікнула гэтым Аркадзя. Такім чынам, усё было ў яго, а ў душы такое адчуванне, быццам забралі апошняе...

Здавалася б, так імкнуўся да багацця, заможнасці, а калі прыдбаў, калі толькі б жыць і жыць - няма ўжо і ахвоты... Вось і ўцякае пры першай жа магчымасці за горад, на Нёман. І нічога не можа зрабіць з сабою, перайначыць, хоць адчувае: крыва, нядобра пайшло жыццё, нібы непрыкметна сапсавалася, саскочыла нейкая важная спружынка ў ягоным адладжаным механізме. Якраз з таго часу, калі ён назаўсёды развітаўся з Таняй... Толькі ён не любіў успамінаць пра тое, бо адразу ж сэрца сцінаў боль, рабілася тужліва і горка. І ўсё ж не вытрываў, ціха прашаптаў аднымі вуснамі, нібы паклікаў: «Таня...»

Дзяўчына яго юнацтва, небагатых, але такіх шчаслівых студэнцкіх год - шчаслівых, таму што поўніліся святлом іх сустрэч, чаканняў, надзей... Ён і цяпер яе кахае, падсвядома, нязменна. Самае вялікае шчасце - гэта калі ён сустрэў яе, самая вялікая бяда - калі прамяняў на Аксаніна багацце. А цяпер не вернеш, цяпер не паправіш...

Але сэрца не слухалася, не жадала слухацца.

«Таня, Таня...» - шаптаў ён прыдарожным бярозам, што ляцелі насустрач. Дзе яна цяпер? Аркадзь не ведаў, і ад гэтага на душы зрабілася яшчэ больш сумна.

Ціхі вечар лёгкімі ценямі клаўся на дарогу, на светлыя ўтравелыя пагоркі, на сінюю далеч рэчкі. Усё вакол замірала, нячутна падкрадвалася ноч. Найперш яна акрыла імглой лясы абапал шляху, рабіла іх чорнымі, страшнымі, непрыступнымі. У вёсках, праз якія ён праязджаў, у цені прысад хаваліся хаты, брахалі на ноч сабакі, сустракаючы незнаёмую машыну.

Дзесьці далёка, у самай глыбіні цёмнага неба, засвяцілася першая зорка. Даўно пара было вяртацца ў горад. Але Аркадзь не зварочваў, усё ехаў і ехаў наперад, нібы нейкая сіла цягнула, клікала яго.

Жаночую постаць заўважыў не адразу. Маладая, высокая, у светлай летняй сукенцы, каштанавыя валасы адцяняюць прыгожы, чымсьці знаёмы твар, і вочы, карыя вочы, як... як у Тані. Аркадзь прыгледзеўся: Божа мой, дык гэта ж і сапраўды Таня!

Машына прытармазіла. Нібы падхоплены пругкай, радаснай хваляй, Аркадзь выскачыў са свайго «опеля». Са здзіўленнем Таня пазірала, як бег да яе незнаёмы чалавек. А потым... потым пазнала. Але твар застаўся па-ранейшаму спакойным, толькі нібыта акрыў яго няўлоўны, лёгкі цень даўняга застарэлага смутку. Першым парушыў маўчанне Аркадзь:

- Добры вечар... Танюша...

- Добры вечар.

Пад ясным позіркам яе вачэй Аркадзь раптам сумеўся, зніякавеў. Лепш бы яна не адказвала зусім, чым глядзела на яго так... Што было ў яе позірку, Аркадзь, хутчэй за ўсё, і сам не змог бы вызначыць. Дакор, крыўду - гэта ён зразумеў бы. Але Таніны вочы гаварылі яму пра штосьці большае. Ясны, спакойны пагляд нібы аддаляў Аркадзя, ператвараў усё тое, што яшчэ некалькі хвілін назад так хвалявала яго, здавалася жывым і нязгасным, у рэшткі мінулага, у здабытак тых год, якія ўжо адышлі.

А можа, перад ім проста стаяла зусім іншая Таня - колькі часу прайшло, колькі ўсяго змянілася? І ўсё ж, і ўсё ж... Усё ж ён не мог паверыць, што ў сэрцы яе больш не засталося ні кроплі ранейшага пачуцця. Ён жа, Аркадзь, памятае...

Яны па-ранейшаму маўчалі, уражаныя гэтай сустрэчай, не ведаючы, як ім цяпер адносіцца адзін да аднаго. Таня схіліла галаву, як рабіла заўсёды, калі на душы ў яе было цяжка. Ад гэтай знаёмай, згаданай цяпер яе звычкі, Аркадзь адчуў, як болем паласнула сэрца. Яго агарнула незвычайная пяшчота, замілаванасць.

- Чаму ты адна тут, на дарозе, у такі час? - міжволі ў голасе яго прагучала трывога.

Таня падняла вочы:

- Хачу пад'ехаць да Стоўбцаў.

- Дамоў?

- Дамоў.

Аркадзь з радасцю адчыніў дзверцы «опеля». Таня села побач, але Аркадзю ізноў не даваў спакою гэты яе задумлівы, нібы заглыблены ў сябе позірк. Ён уключыў фары. Палосы святла вырывалі з цемры чорныя сілуэты дрэў, купы лазняку, падобныя да зданяў.

Над зямлёй нячутна ўзышоў месяц - стала святлей. Аркадзь збоку паглядзеў на Таню. Гады не вельмі змянілі яе. Той жа родны, мілы твар, любімыя вочы. За гэты час яна, бадай, папрыгажэла...

- Ты цяпер у Стоўбцах?

- Так. Жыву там, а працую ў школе на вёсцы. - Памаўчаўшы, яна дадала, задумліва аглядаючы начны шлях: - Я замужам, Аркадзь.

Ад гэтых слоў ён адчуў, нібы штосьці перавярнулася ў сэрцы, заныла тупым, застарэлым болем, і ён не знайшоў нічога лепшага, як сказаць банальнае:

- Даўно?

- Два гады.

Вось як... Два гады. Адразу пасля таго, калі ён пакінуў яе дзеля Аксаніных грошай.

Відаць, Таня зразумела яго пачуцці, таму голас яе гучаў ужо больш мякка, больш лагодна:

- А як ты? Шчаслівы?

Лепей бы яна не пытала пра гэта. Аркадзь міжволі горка ўсміхнуўся:

- Няўжо не бачыш? Няўжо я падобны да шчаслівага чалавека?.. - Памаўчаўшы, дадаў з дрогкай надзеяй у голасе: - Ведаеш, я ўсё цябе ўспамінаў. Увесь гэты час... Нават зараз, дарогай, калі ехаў сюды. Эх, каб можна было вярнуцца назад, змяніць...

Ён паглядзеў на Таню. У глыбіні яе вачэй чытаўся смутак. Яна адвяла пагляд, сказала з болем:

- Позна. Цяпер позна. Позна і немагчыма.

Туга, адчайная туга, непраходная, як густы белы туман, ахапіла Аркадзева сэрца. Ён раптам адчуў, як нібыта міма яго хуткім крокам пранёсся прывід шчасця. Ён быў зусім блізка, толькі працягні руку... Але ён, Аркадзь, тады не падаў рукі свайму шчасцю... А цяпер, як сказала Таня, позна. Позна і немагчыма. Ён зірнуў на яе такі блізкі і адначасова такі далёкі твар. Позіркі іх нечакана сустрэліся. У іх свяцілася не памерлае за гэтыя гады ранейшае непагаснае каханне. І незвычайна добра, светла зрабілася на душы ад гэтага самага дарагога ўспаміну.

Набліжаліся агні горада: хутка Стоўбцы, хутка іх новае развітанне. Калі яны сустрэнуцца ізноў і ці варта гэта, ці варта наноў будзіць у сваім сэрцы боль?

Дык для чаго была прыгатавана лёсам гэтая сустрэча на дарозе? Толькі цяпер Аркадзь зразумеў: гэта пакаранне, ягонае пакаранне. Больш цяжкага немагчыма прыдумаць...

Блякла свяцілі гарадскія ліхтары, абапал высіліся гмахі з безліччу квадрацікаў святла - вокан. Таня жыла на далёкай ад цэнтра вуліцы ціхіх драўляных дамкоў з кветкамі і палісадамі. Ля аднаго з іх машына прыпынілася. Аркадзь уздыхнуў: вось яно, развітанне... Ён павярнуўся, каб у апошні раз глянуць на каханую. Раптам Таня нахілілася да яго, хутка абняла і пацалавала - адчайна, пяшчотна. Аркадзь не паспеў апамятацца, як бразнулі дзверцы машыны і Таня знікла ў цемры.

Даўно заціхлі яе лёгкія крокі на вуліцы, зарыпелі, зачыняючыся, весніцы, але Аркадзь усё сядзеў у машыне, не маючы сілы і жадання кудысьці ехаць. На яго вуснах гарэў гэты апошні Танін пацалунак - дараванне яму, хоць ён і не заслугоўваў яго, гэтага даравання.

Аркадзь не ведаў, колькі прабыў на гэтай ціхай вуліцы, самай шчаслівай для яго, бо тут жыве Таня...

Потым, неяк перасіліўшы сябе, паехаў. Не ведаючы, зрэшты, і сам - па што і навошта...


2000-2008?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая