epub
 
падключыць
слоўнікі

Маргарыта Прохар

Там светліцца восень...

Гэты белы квіток ён заўважыў адразу. Падняў, агледзеў: так і ёсць, білет. Іван Данілавіч азірнуўся, але наўкола нікога, вакзальная зала пустая.

Ён падышоў да акна, угледзеўся ў білет. На ім быў пазначаны час: 18.00. Іван Данілавіч зірнуў на гадзіннік: цяпер палова шостай. Што ж, ён пачакае...

Стоячы ля акна, ён адразу прыкмеціў гэту стромкую бярозу, што расла побач з будынкам вакзала. Цяпер, у канцы верасня, была яна агніста-жоўтай, яркай, здавалася, спявала нейкую журботную песню.

На вуліцы грымелі трамваі, вецер гнаў услед ім разам з пылам жаўталісце. Зрэшты, бяроза рассыпала сваё залатое багацце паўсюль: на вакзальны дах, на тратуар, на дарожку ля святлафора. Часам лісты зрываліся і ляцелі ў суцэльны паток машын, і ён зносіў іх.

І штосьці роднае, штосьці бязмерна дарагое нагадала Івану Данілавічу гэтая адзінокая прывакзальная бяроза. І з сумам, са шчымлівай радасцю ўспомнілася: стромкі шлях, што вядзе ўдалеч, і абапал яго - бярозы, агністыя восеньскія бярозы... А далей - вёска, таксама ў бярозавых прысадах. Светлая ад бяроз, залатая яго зямля, родны, бясконца родны край.

І міжволі нахлынулі ўспаміны, далёкія, з самых глыбінь сэрца. Гэты белы квіток і бяроза нагадалі, зноў прынеслі ў душу знаёмы падворак, засыпаны шапаткім бярозавым лісцем, - залаты дыван перад хатай, і сад, барвова-жоўты сад, быццам вялізнае гарачае вогнішча. І вакол - тонкі гаркавата-сумны пах, восень, восень...

Чамусьці ён больш за іншыя любіў гэтую пару - час, які спалучае радасць і боль, сум і ўсмешку. Ён быццам у думках клікаў яе, залатую, агністую восень тых гадоў, што даўно прайшлі, і - ён ведаў цяпер пэўна - яны былі самыя шчаслівыя ў яго жыцці. Колькі лагодных і ясных вечароў правёў ён пад ціхай, асмужанай залатой красой бярозай каля яго дома! Колькі разоў ішоў ён дамоў светлым залатым шляхам, пад шум лістападу, лавіў жоўтыя лісты - да наступнага верасня. І добра было на душы, думалася светла і ясна, сэрца было адкрыта дабру і веры...

А сад, дзівосны барвовы сад, ружовае ад вечаровага сонца павуцінне і цішыня, роздумная асенняя цішыня, толькі калі ідзеш, шапаціць-гаворыць з табою лісце.

І ніколі, ніколі ў жыцці яго не пакідалі гэты ўспамін і тое невыказнае, шчымлівае пачуццё любові да роднага - да маці, зямлі, бяроз і восені...

А лёс падхапіў яго, як той жоўты бярозавы лісток, і панёс у свет, у свет далёкі і чужы, далёкі і чужы для яго самога, для яго мар. Але так сталася і так ёсць, і нічога ўжо не зробіш. І нават са сваёй невялікай настаўніцкай зарплаты ён усё ж выкройвае грошы - на вяртанне і сустрэчу з родным... Вось і сёння ён зноў сабраўся ехаць дадому, у сваю залатую восень, на сваю залатую зямлю.

Адарваў ад успамінаў голас:

- Вы білета не бачылі?

Перад Іванам Данілавічам стаяў поўны мужчына ў бліскучай скуранцы, з імпартным партфелем у руцэ. Наеты твар яго быў чырвоны, успатнелы, рэдкія валасы прыліплі да лысіны - відавочна, спяшаўся, бег.

Іван Данілавіч працягнуў яму білет. Той пачаў узрадавана дзякаваць:

- Думаў, не найду ўжо, плакалі, значыць, грошыкі, - тут яго і без таго чырвоны твар зрабіўся зусім малінавым, аж нават бурачковым. - Дзякую! - Ён на імгненне перавёў дыханне і загаварыў зноў, але ўжо цішэй, нейкім прыдушаным, непрыемным шэптам: - А я, ведаеце, па прадукты выбраўся. З жонкай. Старыя мае ў вёсцы свінню свежаваць надумалі. Проста так мы рэдка ездзім: далёка, ды і, сказаць па праўдзе, што там у той вёсцы? Жывуць там бацькі, то няхай сабе і жывуць. Стары крыху прыхварэў, пісалі, але на ўсё воля Божая... - Ён не то ўздыхнуў, не то пазяхнуў, адкрыўшы верхні рад залатых зубоў. - Часта не наездзішся: грошай не хопіць - беднасць, самі ведаеце. Яшчэ раз за білет дзякую... Зрэшты, як вас па бацьку?

- Іван Данілавіч.

Той аж падскочыў:

- Дык мы з вамі - цёзкі?

Іван Данілавіч нічога не адказаў, паціснуў плячыма. Гэта размова яму не зусім падабалася, і добра, што хутка аб'явілі пасадку на нейкі аўтобус, куды пабег і гэты яго выпадковы суразмоўца, напаследак зладзеявата неяк развітаўшыся.

І, гледзячы на яго імпартнае адзенне і наеты твар, Іван Данілавіч з сумам падумаў: сапраўды - беднасць. Душы нашай беднасць...

А за акном шумела бяроза, спявала і клікала, хвалявала чулае сэрца. Сыпаўся і здаваўся бясконцым лістапад, вечным і нязгасным, як само святло, прыносячы боль і радасць, сумненне і надзею...

Іван Данілавіч выйшаў з будынка. Кудысьці далёка-далёка адышоў ад яго горад: ён не чуў ні звону трамваяў, ні грукату машын. Ён ішоў, ішоў насустрач светламу лістападу, насустрач сваёй бярозе, сваёй залатой восені, сваёй залатой зямлі...


2000-2008?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая