epub
 
падключыць
слоўнікі

Маргарыта Прохар

Знаходка

Андрэй Васільевіч і яго жонка Любоў Захараўна даўно чакалі гэтай нагоды: нарэшце ім выдзелілі ўчастак пад уласную дачу, кіламетрах у трыццаці ад сталіцы. Людзі сталыя, ужо ў гадах, яны ў гэты дзень радаваліся так, як ніколі ў маладосці. Былыя вяскоўцы, Андрэй і Люба доўгі час з цяжкасцю прывыкалі да горада, да пылу, летняй задухі, пастаяннага шуму, руху, грукату. Цяпер у іх з'явілася магчымасць пабудаваць свой невялікі дамок, дзе можна правесці лета сярод спакою і цішыні прыроды. Але нялёгка было пабудавацца ў пачатку 90-х гадоў, бо і дошкі, і цэгла былі таварам даволі дэфіцытным. Таму Андрэй Васільевіч вельмі ўзрадаваўся, калі патэлефанаваў іх даўні сябар са Стоўбцаў і назваў вёску, дзе можна было купіць матэрыял на дачу.

І вось зялёным летнім ранкам, калі горад яшчэ толькі абуджаўся і не было даўкіх натоўпаў, Андрэй Васільевіч з жонкай селі ў электрычку, што ішла ў Стоўбцы. За вокнамі мільгалі радасныя шумлівыя бярозы, у вагон залятаў свежы лугавы вецер, бегла за цягніком сонца, высвечвала залацістыя палі збажыны, гонкія сосны, цэлае мора сосен, што калыхаліся ў ясным спакойным небе. Пахла смалой-жывіцай, водарам баравых траў, свежасцю, расістым ранішнікам. Андрэй Васільевіч з жонкай якраз сядзелі ля акна і, адчуваючы гэты светлы спакой прыроды, нібы адпачывалі душою. Да таго ж, прыходзілі мары аб сваім невялікім дамку сярод такой жа непарушнай адвечнай цішыні, прыгажосці краю: перад домам будзе сад, кіпучы, ружова-белы, пахкі ўвесну і поўны залатых, сакаўных яблыкаў увосень; у палісадніку - абавязкова кветкі, познія астры і вяргіні, у траўні і ўлетку - белыя і чырвоныя півоні.

Рухаўся цягнік - змяняліся краявіды, перад вачамі нібы праходзіла ўсё хараство краю.

У Стоўбцы прыехалі праз дзве гадзіны. З электрычкі трэба было перасесці на прыгарадны аўтобус і ехаць яшчэ хвілін сорак да той вёскі. Пакуль чакалі аўтобуса, аглядалі горад, дакладней, прывакзальную яго частку, потым доўга сядзелі ў цяньку пад ліпамі.

У вёску прыехалі ў полудзень. Было ціха, толькі зрэдчас з пашы падавалі голас каровы - статак заўважыў незнаёмых, што ішлі ад лесу.

Вёска спадабалася: акуратныя хаты, гаспадарка, дрэвы ля сядзіб. Увесь настрой, праўда, сапсаваўся, калі даведаліся, што патрэбных ім людзей сёння няма - значыць, яны толькі дарэмна патрацілі час. Ну, што ж, няма дык няма. Уздыхнулі, сабраліся назад. Ізноў ішлі па сцежцы праз лес, ізноў чакалі аўтобус. Ён прыехаў праз гадзіну, калі ўжо добра нагрэла зямлю сонца і набірала моц спёка. У аўтобусе - поўна людзей, Андрэй і Люба ледзь уціснуліся туды. Прайшоўшы крыху, Люба апынулася ля жанчыны, побач з якой на сядзенні ля акна месцілася нечым напакаваная сумка. Яна здзівілася міжволі: як так, сумкі на сядзенні, а людзі стаяць? Да таго ж, адчувала страшэнную стомленасць, зморанасць ад гэтага клапотнага дня, таму ветліва папрасіла жанчыну:

- Можа, вы крыху пасунецеся?

Адарваная ад гучнай размовы з суседкай наперадзе, жанчына злосна зіркнула на Любу і гэтак жа рэзка адказала:

- Хочаш - сама там сядай, а я са свайго месца не крануся.

З цяжкасцю Люба прасунулася пад акно, села. У шыбу моцна свяціла сонца, сляпіла вочы. Вакол стаяла гамана: гучна перагаворваліся жанчыны, у тым ліку яе выпадковая няветлівая суседка - Аніта, як яе называлі падчас размовы. Зрэшты, Люба не прыслухоўвалася да гутаркі. Расшпіліла басаножкі, вызваліла ацёкшыя ад хадзьбы ногі, заплюшчыла вочы і так сядзела да таго часу, пакуль не прыехалі ў Стоўбцы. Гэта быў апошні прыпынак, таму ўсе хутка пачалі пакідаць аўтобус. Люба дачакалася, пакуль Аніта выйдзе са сваёй сумкай, і тады пачала абувацца, але апухлыя ногі не ўлазілі ў вузкія басаножкі, і Люба важдалася з імі даволі доўгі час. Усе ўжо даўно выйшлі, сышоў і шафёр з пуцёўкай. Андрэй чакаў жонку пад акенцам аўтобуса, праз хвіліну перапытваў:

- Ну як, хутка ўжо?

Люба не адказвала, упарта стараючыся зашпіліць басаножкі. У рэшце рэшт ёй гэта ўдалося, і яна з палёгкай паднялася з месца. Тут толькі заўважыла побач, дзе сядзела Аніта, маленькую касметычку. З чыста жаночай цікавасці адкрыла яе і... нават дыханне перахапіла: касметычка была поўная грошай! У тыя гады пяць-сем тысяч рублёў - вялікая сума, роўная кошту цэлага дома ў горадзе ці добрай машыны. Усхваляваная, Люба хутчэй пакрочыла з аўтобуса, падышла да Андрэя.

- Глядзі! - і адкрыла касметычку, заадно расказаўшы пра сваю суседку. - Ну, што будзем рабіць?

- Што рабіць? Бяры, ды паехалі, - узлавана адказаў Андрэй Васільевіч. - Я ўжо адной аддаў пяцьсот рублёў, якія знайшоў у сталовай. Цэлы дзень увесь аддзел пацяшаўся.

Так, Люба добра памятала гэтую гісторыю, пасля якой Андрэй тыдзень хадзіў пахмурны і называў сябе дурнем. Не тое што яму патрэбныя былі тыя грошы, не, бо кватэра ў іх ёсць, заробак неблагі, дзеці забяспечаны, а таму, што так аднесліся да гэтага ўчынку. Андрэй нават сам прызнаваўся, што выглядала гэта даволі смешна ў наш час... І вось цяпер ізноў, нібы паўтарэнне. Не дзіўна, што ён так зрэагаваў.

Узялі тую касметычку, пайшлі паволі да станцыі, сур'ёзныя, задуменныя. Раптам Люба спынілася, запытала:

- Ну, як табе, які настрой?

Андрэй уздыхнуў:

- Што тут і гаварыць... Пагана... А табе?

- І мне таксама.

Спыніліся. Памаўчалі і, нібы адчуўшы агульныя думкі, павярнулі назад, да аўтобуса. Калі падыходзілі, адразу заўважылі тую жанчыну, Аніту. Расхрыстаная, хустка збілася з галавы на плечы, яна з усіх сіл бегла да аўтобуса, на якім нядаўна прыехала. Уляцела, агледзела сядзенне - і зноў выскачыла, ашалела азірнулася і ўпала на зямлю, стала біцца галавой. Вочы былі ў той момант такімі, нібы чалавек з'ехаў з глузду.

Люба падбегла да яе, запытала:

- Што вы шукалі?

Тая прасіпела:

- Грошы! Дзе мае грошы?! У Стоўбцах хату прадала, схавала ад мужыка-п'яніцы ў касметычку, прыехала - і няма! Згубіла, дурніца! - Яна пачала рваць свае пасівелыя валасы на скронях і лямантаваць.

На хвіліну прыпынілася, згледзеўшы рэч, якую ёй працягвала Люба, - касметычка, яна! Аніта ўсхапілася з месца, вырвала яе з рук, адкрыла: усё на месцы... Нават не падзякаваўшы, пабегла да пакінутых дзесьці на вакзале сумак.

Андрэй падышоў да жонкі, скрывіўшыся, сплюнуў.

- Ну і пагана, ну і пагана, эх...

Моўчкі ішлі да электрычкі. Калі заходзілі ў вагон, заўважылі, што іх даганяе тая жанчына. Дабегла і ўпала на калені, пачала цалаваць ім ногі, маліцца. І так на кожнай станцыі. Электрычка спыняецца - яна на калені: моліцца, верачы і не верачы, што ў наш час так проста могуць вярнуць гэткія вялікія грошы.

- Мусіць, вы багатыя? - пыталася яна ў Любы і Андрэя.

- Ды не. Але ж гэта не нашыя грошы. Так што мы не абяднелі. Чужое багацце шчасця не прыносіць.

Але жанчына, адчувалася, не верыла ім, шукала нейкую іншую, скрытую прычыну. Праехала яна з імі некалькі прыпынкаў да Менска на электрычцы, малілася, плакала, цалавала рукі і ўсё ніяк не магла паверыць: ёй вярнулі яе грошы. Не схавалі, не збеглі з імі - вярнулі...


2000-2008?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая