Мартын Вальзэр

Аўтапартрэт у жанры дэтэктыву

Наш сябра зьдзейсьніў бяскрыўднае злачынства. Ён лічыць сваё злачынства бяскрыўдным. Ён, прынамсі, удае, быццам лічыць сваё злачынства бяскрыўдным. Ён не гатовы прызнаць, што ягонае злачынства можа быць сур'ёзным, цяжкім злачынствам. Ён робіцца вельмі чульлівым, калі хтосьці заводзіць гаворку пра ягонае злачынства. Нават калі хто-небудзь згадвае ягонае злачынства, выказваючы поўнае разуменьне і талерантнасьць, ён узьвіваецца. Якім бы чынам ні згадвалі ягонае злачынства, ён рэагуе неадэкватна.

Ёсьць толькі адна магчымасьць схіліць яго да мякчэйшай рэакцыі: трэба без канца хваліць яго за ягонае злачынства. Трэба ўдаваць, што мы так захопленыя ягоным злачынствам, што нават не знаходзім словаў. Толькі тады ён усьміхаецца — як трынаццацігадовая дзяўчынка, якой сказалі, што яна выглядае ў сто разоў спакусьлівей, чымся Мэрылін Манро ў свае лепшыя часы. Даводзіцца трываць гэта пэўны час, гэтае запінаньне-ад-захапленьня. Даводзіцца трываць, аж пакуль яму самому не абрыдне. Праўда, гэта можа зацягнуцца надоўга.

Усьміхаючыся вось так, ён хоць і паказвае, быццам яму няёмка, што яго так хваляць, ды толькі па ім відаць, што нішто ў сьвеце не падабаецца яму больш за гэтае няёмкае пачуцьцё. Відаць, што ён пярэчыць хвальбе толькі для таго, каб заахвоціць нас да новых пахвалаў. Пакуль ён удае, што ня можа прыняць гэтай хвалы, думае ён, мы ня можам кінуць хваліць яго. Мы мусім спачатку, думае ён, пераканаць яго сваёй хвалой у тым, што ён яе заслугоўвае, тады толькі мы можам кінуць хваліць яго. Такім чынам, ён не дае пераканаць сябе, а працягвае ўдаваць, быццам яму няёмка, што яго так хваляць. За злачынства! Толькі падумайце!

Так, так, кажам мы, можа быць, але па-першае, гэта, мабыць, бяскрыўднае злачынства, па-другое — і толькі гэта мае значэньне — якім чынам ты ажыцьцявіў злачынства! Тваё злачынства — мастацкі твор! Вялізны мастацкі твор! Злачынства, не злачынства, для нас мае значэньне форма, ня зьмест! І як ужо даўна не было нічога падобнага да гэтага твайго злачынства! Ён усьміхаецца, працягвае пярэчыць, кажа: не, не, маўляў, я сам проста ня магу забыць, што зьдзейсьніў злачынства! Так, кажам мы тады, дык хто ж без заганы?! Ці можа ён назваць каго-небудзь, хто гуляе пэўную ролю ў гісторыі чалавецтва і ня зьдзейсьніў якогась злачынства! Ужо гуляць, ці хацець гуляць пэўную ролю ў гісторыі чалавецтва — пачатак кожнага вялікага злачынства...

Вось так мы ўгаворваем яго. І так ён пярэчыць, увесь час усьміхаючыся, шчасьліва і па-дзявоцку. Мы, гэта значыць, ягоныя сябры, мы — людзі, што зь якіхсьці прычын шкадуюць яго. Некаторыя з нас спакваля пачынаюць нават ненавідзець яго. Яны папросту сытыя па горла тым, што хтосьці хоча, каб яго ўвесь час хвалілі за нешта, што ўсё-такі ёсьць і застанецца злачынствам, хай нават — магчыма — бяскрыўдным. Але бяскрыўднасьць гэтага злачынства гэтаксама маладоказная, як і яго цяжкасьць. Галава заточыцца, калі паспрабуеш разабрацца ў гэтым злачынстве. Пра яго ўжо пішацца не адна кандыдацкая дысэртацыя.

Наш сябра падазрае, што мы ўсе яго ненавідзім, што мы ўсе хлусім, што нашая хвала — толькі хлусьня. Мы, натуральна, пярэчым. Ён жа сьцьвярджае, што насамрэч мы ўсе на баку інспэктара. І што аднойчы мы ўсе адкрыта перакінемся да інспэктара і забясьпечым яму тую рэшту доказаў, якой яшчэ не стае да поўнага выкрыцьця. Інспэктар, такім чынам. Вялікі праціўнік нашага сябры. Ён увесь час гаворыць пра гэтага інспэктара.

Вельмі мала хто з нас ведае інспэктара асабіста. Нам застаецца, такім чынам, толькі тое, што нам распавядае пра інспэктара наш сябра. Але кожны раз, калі ён згадвае інспэктара, ён кажа: я нічога не магу сказаць пра інспэктара, мы праціўнікі, гэта змаганьне не на жыцьцё, а на сьмерць. Я не хацеў змаганьня, інспэктар распачаў змаганьне. Усё-такі я зьдзейсьніў злачынства, гэта слушна. Няхай і бяскрыўднае злачынства, але злачынства. Зрэшты, хіба злачынства можа быць бяскрыўдным?

Калі тое, што я зьдзейсьніў — злачынства, тады, напэўна, усё адно, бяскрыўднае яно ці не бяскрыўднае. У параўнаньні з кімсьці, хто ня зьдзейсьніў ніякага, я злачынца. А для інспэктара існуюць толькі злачынцы ды бязьвінныя, а да бязьвінных я, безумоўна, не належу, таму інспэктар перасьледуе мяне, таму мы змагаемся адзін з адным, таму не пытайцеся ў мяне, што за чалавек гэты інспэктар, я гэтага ня ведаю, я ведаю толькі, што ён інспэктар, ушчэнт і дазваньня інспэктар.

Калі наш сябра пачынае гаварыць пра інспэктара, ён ужо ня можа спыніцца.Мы, зыходзячы галоўным чынам зь ягонай інфармацыі, бачым усю справу так: інспэктар хоча выкрыць і такім чынам абясшкодзіць нашага сябру. Міма ўсяе павагі, якую наш сябра адчувае да аналітычных ды лягічных здольнасьцяў інспэктара, ён усё-такі ня можа прыбегчы да яго і распавесьці яму ўсё, што той хоча пачуць. Гэта значыла б здацца. Наш сябра кажа, што раней ён часта адчуваў спакусу наведаць інспэктара й поўніцай адкрыцца яму. Раней ён лічыў інспэктара прыязным чалавекам. Ледзь ня кімсьці накшталт лекара. Але з таго часу ён, відавочна, набыў такі досьвед што да інспэктара, што ён бачыць: яму застаецца толькі змаганьне.

Цяпер ён ужо ня лічыць, што інспэктар перасьледуе злачынства. Інспэктар перасьледуе людзей, кажа ён. Інспэктар шчасьлівы кожнаму, хто мае хоць найменшае дачыненьне да якога-небудзь злачынства, бо тады яму зноў ёсьць каго перасьледаваць. Але замест таго, каб быць удзячным за тое, што яму зноў ёсьць каго перасьледаваць, гэта значыць, замест таго, каб пры перасьледзе часам прымружыць вока ці хоць раз спыніцца на ўтульную пярэрву, ён ужо ня ведае межаў, як толькі ў яго зьявілася падазрэньне. Пры гэтым у яго няма нічога, апроч ягоных падазрэньняў. Ніякіх доказаў. Падазрэньне ды руціна — вось усё, што ён мае.

Доказаў няма, кажа наш сябра. Ёсьць, вядома, адзін вялікі доказ — злачынства. Злачынства адбылося. Яно ляжыць проста навідавоку ва ўсіх нас. Тое, што злачынец — наш сябра, таксама ясна. Кожны з нас гэта ведае. Інспэктар таксама гэта ведае. Але яму трэба яшчэ і даказаць гэта. І таму, што ён ня можа гэтага зрабіць, ён такі злосны. Таму ён так зацята перасьледуе нашага сябру. Прызнаньне — вось чаго хоча інспэктар. Магчыма, тады ён нават паставіў бы крыж на ўсёй гэтай прыгодзе з прычыны нязначнасьці. Не, кажа наш сябра, калісьці і я так думаў, раней. Цяпер я ведаю, што гэта абсалютнае змаганьне. Ну, можа не абсалютнае, але сур'ёзнае змаганьне.

Інспэктар — злачынца, якому хапіла мужнасьці, каб нешта зьдзейсьніць. Вось жа ён і стаў на бок закону й парадку. Яшчэ больш імаверна, што інспэктар перасьледаваў бы мяне, што б я ні ладзіў. Ягоны досьвед зрабіў зь яго кагосьці, хто мусіць перасьледаваць такога, як я. Мой досьвед зрабіў зь мяне кагосьці, хто мусіць аднойчы выбіць у гэтага інспэктара люльку з пашчы.

Натуральна, ён мае люльку. І адмысловы капялюш. І маленькую машыну, якую можна паркаваць дзе-любя. І жонку, якая не губляе цярплівасьці й не пужаецца, нават калі ён праз усю ноч не вяртаецца дадому. І ірляндзкага сэтэра, які заўсёды паскугольвае ад адданасьці, калі ягоны гаспадар ранішнім прыцемкам вяртаецца дадому. Наш сябра ведае кожны крок, які робіць інспэктар, і кожнага ягонага начальніка, і кожнага супрацоўніка.

Наш сябра, строга кажучы, куды больш пільна сочыць інспэктара, чымся інспэктар яго. Апошнім часам у нас нават склалася ўражаньне, што ён упікае інспэктару нядбайнасьць. Інспэктар замала пераймаецца ім, так ён кажа. Мусіць, тут ход толькі пра новы від змаганьня, кажа ён. Інспэктар хоча справакаваць мяне. На жаль, наш сябра ня можа адказаць на стрыманасьць інспэктара тым жа. Ён гутарыць пра інспэктара тым больш, чым менш той пераймаецца ім. Міжсобку, гэта значыць, калі нашага сябра няма, мы кажам: інспэктар перамог.

Спадзяемся, што ён пра гэта ня ведае, кажам мы. Мы баімся, што наш сябра разбурае свой апошні шанец. Калі б ён здолеў авалодаць сабой, калі б ён кінуў урэшце бегаць за інспэктарам, калі б ён здолеў трохі больш пасьпяхова супрацьстаяць свайму прымусу ўвесь час гаварыць пра сваё стаўленьне да інспэктара, тады была б яшчэ спадзяванка, што інспэктар не даведаецца, наколькі ён ужо перамог нашага сябру. Проста калі ён аднойчы даведаецца пра гэта, ён будзе здатны абыходзіцца з нашым сябрам, як захоча. А што тады ён будзе здатны да ўсяго, мы ведаем. Гэтаму ёсьць прыклады.

Калі інспэктар дазнаецца, што адолеў каго-небудзь з тых, каго ён перасьледуе, тады толькі бачна, чаго ён дамагаецца. Потым ён абыходзіцца са сваёй ахвярай зусім як котка з мышай. Ён ня хоча пазбавіць сваю ахвяру сонечнага сьвятла, ён таксама ня хоча зусім прыкончыць яе. Нішто не цікавіць яго болей, чымся рухі ягонай ахвяры. Калі затым партнэр проста ляжыць, параліжаваны ці мёртвы, ва ўсялякім разе, болей ня здольны варухнуцца, гэта псуе інспэктару настрой гэтаксама моцна, як нерухомасьць мышы — котцы. Сапраўды, столькі ж было зроблена дзеля мышы. Яе толькі жартам пакусвалі, перакідвалі з лапы на лапу, уцягнуўшы кіпцюры... І што робіць гэтая паскудная істота? Ляжыць покатам, не гуляе больш, бастуе, сыходзіць, пакідае цябе сам-насам са сьветам, пазбаўленым усякае чароўнасьці.

Разглядаць дачыненьні паміж інспэктарам і нашым сябрам як дачыненьні паміж коткай і мышай больш чымся законна. Хіба мыш ня ёсьць своеасаблівым злачынцам, для перасьледу якога выкарыстоўваюць котку? І не зважаючы на гэта, ніхто з нас не бярэ выключна бок коткі. Мыш грае нам на нэрвах, а котка грацыёзна рухаецца. Але ж гэта далёка ня ўсё! Варта паглядзець, як мыш нерухома ляжыць паміж застыглымі ў чаканьні лапамі!

Пэўны час справа была зусім дрэнь. Наш сябра ўжо не варушыўся. Ён гаварыў толькі тады, калі яго прасілі прамовіць, нарэшце, хоць адзін сказ. Ці такім чынам ён хацеў конча стрэсьці зь сябе інспэктара? Ці ён хацеў, каб інспэктар уклякнуў перад ім і папрасіў, каб ён перастаў разбураць чары і сабатаваць жыцьцё? Фаза поўнай нерухомасьці была, мабыць, апагеем змаганьня. Такое пакутлівае для гледачоў, для нас, сяброў, здранцьвеньне было парушанае інспэктарам. Ён, мусіць, згледзеў недзе новы рух. Маладую мыш, так бы мовіць. Сымпатычнага маладога злачынцу.

Наш сябра, адразу як інспэктар перастаў зважаць на яго, пачаў ганяцца за ім, быццам бы ён цяпер быў інспэктарам, а інспэктар — злачынцам. Маўляў, інспэктар перайшоў на танцавальны крок з таго часу, як палюе гэтага маладзёна. Маўляў, гэта выглядае так, быццам ён захапляецца тым, каго перасьледуе. У яго, нашага сябры, таксама спачатку было такое ўражаньне, быццам інспэктар перасьледуе яго, бо захапляецца ім. Таго, што ім не захапляюцца, а перасьледуюць, наш сябра дайшоў значна пазьней. Маўляў, толькі праз быцьцё-перасьледаваным у ім абудзілася сумленьне. Раней ён лічыў сябе маладым, сымпатычным ды таленавітым. Толькі зь цягам часу ён заўважыў, што яго перасьледуюць як злачынцу.

Між тым наш сябра кінуў перасьледаваць інспэктара. Цяпер ён сядзіць дома й летуценіць аб тым часе, калі інспэктар яшчэ паляваў яго. Вось то быў час! Ягоныя словы гучаць цяпер так, быццам гэта было больш танцам, чымся перасьледам. Танцам, што падобны да бою на рынгу, ды ўсё ж застаецца танцам. Наш сябра цяпер лічыць сябе пераможаным. Інспэктар страціў усякую цікавасьць да яго. Для чалавека, для якога быцьцё-перасьледаваным сталася зьместам жыцьця, гэта, відавочна, самае горшае.

Наш сябра гадзінамі распавядае пра бесхарактарнасьць ды непаўнавартаснасьць інспэктара; але калі нехта з нас хоць кіўком галавы пагодзіцца з гэтым, ён абураецца ды пачынае бараніць інспэктара ад нас. Наш сябра зрабіўся цяпер зусім невыносным. Мы ў думках зычым нашаму сябру хуткага ды шчасьлівага канца.

 

1978



Пераклад: Алесь Пяткевіч

Беларуская Палічка: http://knihi.com