epub
 
падключыць
слоўнікі

Марыя Канапніцкая

Родны дом

З польскай — М. Канапніцкай

 

Ці любіш дом? свой родны дом,

Што ўночку — летавай парой —

Шаптаннем ліп варожыць сном,

Слязу салодзіць цішынёй?

 

Ці любіш дом? сваю страху?

Што многа лет гняце ў маху

Крывых варот нізкі парог,

Што ласкай сцелецца да ног?

 

Ці любіш дом? аджыўчы пах

Пракосных зёл, наспелых ніў

І ружы цвет, што ў кальчуках

Сваю прыгожасць засяліў?

 

Ці любіш дом? свой родны дом,

Што гул жывых сасон вярхоў,

І духаў стогн, і віхраў хор

Пералівае ў тваю кроў?

 

Ці любіш дом? свой родны дом,

Што ў часе бур, плакучых хмар,

Калі ў душу ударыць гром,

Нясе прытульны думкам чар?

 

Раз любіш ты і ўсёй душой

Пад гэтай хочаш жыць страхой,—

Кут бацькаў сэрцам сцеражы

І сэрца ў ім навек злажы.

 

[1909]


[1909]

Пераклад: Янка Купала
Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910. - Мн.: Маст. літ., 1996. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан