epub
 
падключыць
слоўнікі

Марыя Канапніцкая

Вольны найміт

З польскай — М. Канапніцкай

 

Па вузкай сцежцы, ўздыхаючы цяжка,

Між грэчак, жыта — сяўбы рук мазольных

Бледны, апрануты рванай сярмяжкай,

Шоў найміт вольны.

 

Год той быў цяжкі: улевай тапіла

Пасевы, руні — й даспець не даспелі;

Зямелька ў слёзах чуць-чуць урадзіла

Салому й зелле.

 

З хаты, падаткамі труднымі змучан,

Выгнаны, там не пакінуў нікога...

Зямлі горсць толькі ўзяў у анучу

Й пайшоў дарогай.

 

Капалі росы з зялёных бярозаў,

Жалейка граннем вітала бяздольных...

Стаў, палой світкі сівой абцёр слёзы

Ён — найміт вольны!

 

Вольны, бо з путаў, ў якіх быў закуты

Родны загон, крывёй зліты чырвонай,—

Ўжо яго збавіла гэтай пакуты

Стацця закону.

 

Вольны, бо ўжо не было каму надта

Сена падкінуць, папасвіць уночы;

Вольны, бо кінуць мог кут сваёй хаты,

Калі захоча.

 

Вольны, бо ўжо ён не мае цяжару,

Хіба на плечах каса й торба з хлебам.

Сярмяга у латах ды вечная кара —

Боль, што жыць трэба.

 

Вольны, яго бо апошні з сіротаў,

Што вясной спух з голаду, больш не дыша,

Стары сабака застаўся пад плотам

І вые ў цішы.

 

Вольны! — бо можа йсці ці стаяць дрэвам,

Клясці скрыготам вячыстага болю;

Можа захлынуцца плачам ці спевам,

Даруе доля.

 

Можа замерзнуць, як рэчка ад лёду,

Біць галавой аб сцежку, рваць грудзі,—

Ад сонца ўсходу да сонца заходу

Змены не будзе.

 

Загон ўбогі для ўбогай той хаты,

Імшары, верас, луг, змыты расою,

І хоць не будзеш знаць цэлы год хлеба,

Ідзі з касою!

 

Чаго ж стаіць ён? — то ж вольны, як вецер,

Хоча жыве хай, а хоча ўмірае;

Ці пойдзе ў працу, ці хопіцца смерці,

Ніхто не дбае.

 

І хоць раздзёр бы сябе напалову,—

Не запытаюць аб долі мазольнай...

Хоць бы паў трупам, не скажуць ні слова...

Ён найміт вольны!

 

[1935]


[1935]

Пераклад: Янка Купала
Тэкст падаецца паводле выдання: Купала Я. Поўны збор твораў. У 9 т. Т. 5. Вершы, пераклады 1930 - 1942. Мн., Маст. літ., 1998. -278 c. [4] л. іл.
Крыніца: скан