epub
 
падключыць
слоўнікі

Марыс Друон

Начны патруль

Афіцэрам было забаронена хадзіць вечарам па баявых пазіцыях.

Лейтэнант Сэрваль закончыў агляд сваіх фарпостаў і выйшаў з адзінокага закінутага хутарка, дзе размясцілася група сяржанта Дэршо.

— Халера! Як хутка цямнее, — сказаў Сэрваль.

— Я паклічу колькі чалавек. Яны правядуць вас, — прапанаваў сяржант.

— Не, не, Дэршо. Не трэба. Ужо тры ночы ніхто з вас не спаў. Людзі стаміліся. Я вярнуся адзін.

— Гэта небяспечна, лейтэнант. Тут столькі патрулёў, — настойваў Дэршо.

— Не хвалюйцеся, сяржант. Дарогу я ведаю. Яшчэ трохі відно. І потым, у мяне кольт...

Прывычным рухам ён паляпаў па кабуры.

Стаяла цёмная студзеньская ноч, і толькі ад снегу адбіваліся цьмяныя водбліскі. Сэрваль накінуў на гімнасцёрку кажушок і пайшоў па канаве, што цягнулася ўздоўж дарогі. Ісці было хоць і цяжэй, чым па дарозе, затое не так чутна была хада.

«Два кіламетры — дробязь, — думаў ён. — А байцам давялося б адмераць усе чатыры...»

Кожны раз, калі пад яго ботамі патрэсквалі камякі змерзлай травы, афіцэр міжволі ўздрыгваў. Ісці па цаліку ды ў такой цемры было няпроста.

«За букам будзе хатка, за хаткай — белы слуп, за ім — паварот...»

Сэрваль бачыў, як з цемры памалу набліжаліся да яго гэтыя знаёмыя арыенціры.

Паварот быў самаю небяспечнаю мясцінаю на гэтым маршруце. Ужо многа разоў былі там сутычкі з патрулямі. Сэрваль на хвіліну спыніўся, агледзеўся.

Нічога падазронага.

Зноў пайшоў. Спераду ў яго вісеў кольт. Кабура на ўсякі выпадак адшпіленая.

Сэрваль вельмі любіў гэты буйнакаліберны пісталет. Ім карыстаўся яго бацька яшчэ ў мінулую вайну. Можа, праўда, грувасткі і зацяжкі...

«Калі ты пацэліш хоць бы ў руку, чалавек упадзе ад страшэннага болю, — тлумачыў маёр Сэрваль, аддаючы кольт сыну. — Беражы яго. Ён двойчы выратаваў мяне. Вярніся з ім, як гэта зрабіў калісьці я. Гэта ўсё, чаго я табе жадаю».

Сэрваль на хаду паклаў руку на шурпатую рукаяць пісталета.

Паварот застаўся ззаду. Не варта было так хутка ісці і баяцца.

Цяпер перад сабою Сэрваль бачыў плот. За плотам павінна быць разбураная сцяна.

За некалькі метраў да сцяны лейтэнант упаў на зямлю і выхапіў пісталет.

Злева ад яго бліснуў праменьчык электрычнага ліхтарыка. Гэтага было дастаткова: «Варожы патруль». Сэрваль здзівіўся, што прашаптаў гэтыя два словы, быццам папярэджваючы некага, хто быў за ім.

Паспрабаваў вызначыць дыстанцыю: каля ста метраў. Патруль не мог заўважыць яго, бо за паваротам хаваў яго плот. Ён перачакае колькі хвілін, а потым зноў пойдзе. Абы толькі гэты патруль.

Зноў бліснуў ліхтарык. На гэты раз ужо бліжэй. Патруль, відаць, ішоў якраз на яго. Колькі ж там чалавек? З цяжкасцю ўдалося разгледзець, што па полі рухаліся тры чалавечыя постаці. Тры згорбленыя цені ішлі адна за адной. Яшчэ пучок святла. Непадалёку ад дарогі, адразу за сцяной, стаяла сіласная вежа. Патруль і выйдзе недзе адтуль. Сэрваль, лежачы ў канаве, думаў, што яго не заўважаць: аўчына ў снезе.

«Перавага ў таго, хто стрэліць першы», — сказаў сам сабе Сэрваль.

Ён, нібы драпежнік, які вось-вось нападзе на сваю ахвяру, увесь сціснуўся ў кулак.

У цвёрдым поступе ценяў адбылося нейкае замяшанне. Потым — зноў упэўненыя крокі. Патруль знік за сцяною.

Цяпер уся Сэрвалева ўвага была скіравана на сцяну. Ён чуў, як білася яго сэрца, хоць страху не было.

«Адны людзі баяцца толькі спачатку, другім страшна ў час самога здарэння, да трэціх страх прыходзіць аж тады, калі ўсё ўжо адбылося. Да апошніх належу і я».

Ва ўсякім разе, ён быў упэўнены, што зможа ўлажыць гэтых трох. Абы... абы толькі не з'явіўся новы патруль, каб агледзець сцяну з другога боку. А такі варыянт таксама мог быць. Сэрвалю вельмі карцела азірнуцца. Аднак адзіны рух мог выдаць яго, і ён глыбей загробся ботамі ў снег, каб патруль не згледзеў на падэшвах плешак ад цвікоў.

Метраў за 30 ад яго зноў з'явілася постаць. Цяпер ужо добра былі відаць плечы, каска. Постаць зрабіла рух рукой і падалася ўніз па схіле. Тут жа да яе далучыліся яшчэ дзве.

Патруль праставаў да яго канавы. Снег парыпваў пад ботамі ў людзей.

«Ну, я ім! Я ім зараз пакажу!»

З гэтага моманту Сэрваль ужо не думаў, што можа з'явіцца другі патруль; ім завалодала прадчуванне паядынку. Добры стралок, ён усё прыкідваў свае шанцы:

«Іх трое. У мяне 9 куль. Плюс элемент нечаканасці».

У постацяў нешта бразнула. Сэрваль здрыгануўся.

«Дурань!» — падумаў ён абыякава.

«Няхай яны толькі дойдуць да канца сцяны. Толькі не страляць раней...»

Цалкам была відаць толькі першая постаць, дзве другія паказваліся то тулавам, то каскай, то нагою.

«Калі б яны ішлі не ланцужком...»

І вось нібы спецыяльна, як і хацеў Сэрваль, постаці перагрупаваліся: цяпер спераду, плячо ў плячо, ішлі двое.

«На вуглу... выпускаю 4 кулі. Потым выскокваю... яшчэ 3 кулі. Эх, каб яшчэ аднаго і ў палон захапіць...»

Момант выстралу набліжаўся.

«На вуглу», — паўтараў Сэрваль, стрымліваючы сваё нецярпенне.

Ён пачаў цэліцца, прыкрываючы кольт левым рукавом.

Ціканне наручнага гадзінніка было невыноснае. Сэрваль адчуў, што правае перадплечча нібы акамянела. Спатрэбілася напружыць усю сілу, каб вывесці яго з гэтага здранцвення. Палец быў на курку. Яшчэ чатыры метры... тры...

Людзі спыніліся і сталі шаптацца.

Сэрваль ужо збіраўся стрэліць, як постаці нечакана скіравалі на дарогу, перасеклі яе і сышлі ў канаву з другога боку дарогі.

Лейтэнант зразумеў, што яго акружаюць і перавага перайшла да ворага. Але падняўшы галаву, ён убачыў, як постаці аддаляліся.

Бліснуў ліхтарык, яшчэ раз... і цені зніклі ў маўклівым заснежаным полі...

Да сваіх Сэрваль вярнуўся страшэнна раззлаваны. Расказаў пра здарэнне.

— І як, дурань, я залішне доўга чакаў. А яны ўцяклі з-пад самага носа.

— Эх ты... Ляснула твая падзяка! — сказаў яму, смеючыся, малодшы лейтэнант Дзюманцье.

Праз некалькі дзён афіцэры паставілі недалёка ад сталоўкі мішэнь...

— Сэрваль, ану, паспрабуйце! Уявіце, што перад вамі тыя вашы постаці, — сказаў яму капітан.

Лейтэнант стаў метраў на 15 ад мішэні. Падняў да ўзроўню пляча свой кольт, прыцэліўся... Пачуўся моцны шчаўчок.

Дзюманцье павярнуўся.

— Ну, дарагі, з такім трэскам вас маглі б тады засекчы...

Сэрваль збялеў, рукі дрыжалі.

— Што здарылася? Вы не будзеце страляць, Сэрваль? — папытаўся капітан. — Што здарылася, лейтэнант?

— На мяне напаў такі страх. Кольт не страляе.

І, дастаўшы нож, Сэрваль нервова пачаў адвінчваць рукаяць пісталета. Там была зламаная спружына.



Пераклад: Леанід Казыра