Мялецій Сматрыцкі

Трэнас

Раздзел I, у якім змяшчаецца плач або нараканне святой усходняй царквы на сваіх адступных сыноў.


Раздзел I, у якім змяшчаецца плач або нараканне святой усходняй царквы на сваіх адступных сыноў.

Гора мне беднай, гора няшчаснай, ах, з усіх бакоў з маіх уладанняў абрабаванай! Гора мне на свецкае асмяянне аголенай, з якой сцягнуты шаты! Гора мне, нязносным цяжарам апанаванай! Рукі ў аковах, ярмо на шыі, путы на нагах, ланцуг на бёдрах, меч над галавою абасечны, вада пад нагамі глыбокая, агонь на баках незгасальны — адусюль крыкі, адусюль страх, адусюль праследванні! Бяда ў гарадах і весях, бяда ў палях і дубровах, бяда ў гарах і зямных бяздоннях! Няма ніводнага месца спакойнага ці надзейнага прытулку! Дзень у пакутах і ранах, ноч у стогнах і ўздыханнях! Спякотнае лета пазбаўляе мяне прытомнасці, лютая зіма даводзіць да смерці, бо бездапаможна цярплю галізну і да смерці бываю праследаванай. Раней чароўная і багатая, цяпер знявечаная і ўбогая! Некалі каралева, якую кахаў увесь свет, цяпер жа ўсімі адвергнутая і засмучаная! Падыдзіце да мяне ўсе, хто жывы, усе народы, падыдзіце, усе грамадзяне зямлі, паслухайце майго голасу і спазнайце, чым я была раней, і падзівіцеся! Цяпер я стала пасмешышчам усяго свету, а перад тым — здзіўленне людзям і анёлам! Упрыгожаная была лепш за ўсіх, грацыёзная і мілая, чароўная, як ранішняя зорка на ўзыходзе, прыгожая, як Месяц, пераўзыходзячая ўсіх, як Сонца, адзіная дачка ў сваёй маці, абраная той, што нарадзіла мяне, адзінай галубкай, нявінная, без адзінай плямінкі ці заганы, ці яшчэ чаго-небудзь падобнага. Міро — імя маё, крыніца вод жывых — так клічуць мяне. Калі ўбачылі мяне дочкі Сіону, то прадраклі мне быць самаю благаславёнаю каралеваю. А, карацей кажучы, там я была паміж дочкамі Сіону, чым быў Ерусалім сярод усіх гарадоў яўрэйскіх; і што лілея сярод церній — такою і я была паміж нявінніц. За гэтае хараство пажадаў кароль прыгажосці маёй, самы чароўны з усіх сыноў чалавечых, і, пакахаўшы, вечным сямейным абетам паяднаў з сабою. Дзяцей нарадзіла і выхавала, але яны адракліся ад мяне і сталі прычынаю майго пасмешышча і глумлення, бо знялі з мяне маё адзенне і нагую мяне з дому майго выгналі, адабралі ўпрыгожанні цела майго і пазбавілі галаву маю яе чароўнасці. Чаго ж ужо больш?! Удзень і ўначы клапачуся пра маю бедную душу і пастаянна пра згубу маю думаю. О, вы, што стаіце перада мною, вы, якія пазіраеце на мяне, паслухайце і разважце, дзе ёсць яшчэ большая скруха, чым мая, дзе ёсць яшчэ такое гора і смутак, як пакуты мае?! Дзяцей нарадзіла і выхавала, а яны выракліся мяне і сталі прычынаю майго заняпаду, — таму і сяджу цяпер як адна з лямантуючых удоваў, яшчэ нядаўна ўладарка ўсходу і заходу Сонца, паўднёвых і паўночных краёў. Удзень і ўначы плачу, а слёзы па ланітах маіх як патокі рэк цякуць, і няма ніводнага, хто б суцешыў мяне — усе адступіліся ад мяне, усе пагарджаюць мною. Родныя мае далёка ад мяне, сябры мае сталі ворагамі, сыны мае, пазайздросціўшы племю яхідны, істоту маю заразлівымі джаламі працінаюць.

Слухайце жалобную аповесць маю ўсе народы, прыслухайцеся ўсе, хто жыве на зямлі! Сыны і дочкі мае, якіх я нарадзіла і выхавала, пакінулі мяне і пайшлі за тою, якая імі не пакутвала, каб удосталь насыціцца яе тлустасцю! Святары мае аслеплі, пастыры мае, не жадаючы ведаць, што размова ідзе пра душу, знямелі, старцы мае падурэлі, юнакі мае здзічэлі, дочкі мае кінуліся ў распусту, і ўсе з адзіным намерам, выракшыся Бога і яго праўды, згаварыліся супраць маёй душы. Разінулі свае пашчы і, свішчучы, скрыгочуць на мяне сваімі зубамі, гавораць: «Вось ужо і прыйшоў той дзень, якога мы чакалі, пойдзем і знішчым яе, і выкаранім з зямлі памяць аб ёй!». Замест кахання ганьбяць мяне, за дабрату маю злосцю мне плацяць і нянавісцю ўзнагароджвалі каханне маё. Замест каштоўных шат маіх усклалі на мяне здрахлелае лахмоцце, і я ператварылася ў пасмешышча. О, пакута душы маёй, гора мне абшарпанай, гора мне адвергнутай, ад пастаянных слёз прытупілася вастрыня зроку майго, растрывожана маё нутро, спыняецца ў пакутах жыццё маё, і годы мае ва ўздыханнях, праходзяць як дым дні мае, а косці мае як ссохлыя скваркі, як пасечанае сена, і звяла сэрца маё, ад голаснага плачу майго прысохлі косці мае да майго цела. Ашчэрылі на мяне свае пашчы, якія напоўнены здрадлівымі і вераломнымі словамі; узялі сякеры ў рукі свае і шукаюць мае душы, каб яе загубіць. Адусюль сеці, усюды ямы, адусюль ядавітыя джалы. Там — драпежныя ваўкі, а там — рыкаючыя львы, з гэтага боку ядавітыя цмокі, а з таго — васіліскі раз’юшаныя. Не знаходжу, да каго можна было б звярнуцца, не ведаю, куды магу пайсці, да каго прыхіліць сваю галаву, да каго падацца пад абарону. Ці не ёсць гэта, о неба і зямля, новая пакута і нечуваны смутак, што дзяцей нарадзіла і выхавала, а яны адракліся ад мяне. Аднаму мужу дзевіцаю пашлюбеная, за аднаго выдадзеная замуж, ад аднаго зачала, у адным чэраве насіла, адным малаком карміла, аднак розных звычаяў (о, гора) сыноў на сорам і пакуту маю бачу. Няма нікога, хто быў бы паслядоўнікам бацькі, няма ніводнага, хто бы ішоў за маці. Чаго ж больш?! Пазайздросціўшы вырадкам і падазроным людзям, навастрылі языкі свае супраць бацькоў. Бацьку сарамацяць, маці даводзяць да слёз, бацькоўскай навукай пагардзілі, зняважылі мацярынскі клопат, — усе разам адступілі і сталі непатрэбнымі. Няма з такога мноства ніводнага, хто б чыніў добрае! Гора бясплоднай, гора бясчаднай, як гаворыцца ў Законе: «Пракляты кожны, хто не пакіне ў Ізраілю нашчадкаў!» А наколькі большае гора і двайное зло злых звычаяў, з двудушнасцю, па сваёй волі нашчадкаў-неслухаў пакінуць, ад якіх бацьку сорам, а маці зняслаўленне бывае, бо, як гаворыцца, жыць будзеце, калі людзі, якія бачаць вашыя добрыя ўчынкі, хваляць бацьку вашага. Што ж скажу, калі бачу гора, пра тых, хто не зганьбаваў бацьку разам з маці. Як вядома, сын мудры і паслухмяны — павага бацьку, а калі ж дурань і ўпарты, — то прарочыць ганьбу сваёй маці. Ужо колькі разоў за сваё жыццё самыя розныя пакуты зносіла, мноства самай рознай непавагі ад дачок сваіх перад Законам і ў Законе нацярпелася, аднак яны нішто ў параўнанні з цяперашнімі пакутамі і ганьбаю. І ўсё гэта ад таго, што жывуць па закону граху, камень за пазухаю сваёю насілі, з-за чаго не маглі ні пра волю Божую дасканала ведаць, ці дасканала выконваць. А цяпер, пранікнуўшыся каханнем, якое б вызваліла іх ад цяжару, і ўсе іх грахі ўзяла на сябе, і нясу іх, і ўступілася за іх перад Богам айцом, сабрала іх і заклікала, апраўдала і благаславіла, аднак ніводная з гэтых літасцівых ахвяр не была аддзячана прыхільнасцю, і не было праяўлена ніякай удзячнасці. Але што? Замест дабрадзеяння і ўдзячнасці — няўдзячнасць і пагарда. Што ж у тым пачынанні? Што ж магу сказаць пра тое? Нічога іншага, апрача таго, што лепей бы мне сапраўды было памерці без нашчадкаў, чым бачыць непакорлівасць і бязбожнасць дзяцей, якія ім сталі вышэй усялякіх дароў, і выстаўлялі яны іх з большай удзячнасцю свету, які паказаў ім у гэтым найлепшыя прыклады, і гэтага фальшу яны цвёрда трымаюцца. Што ж сталася? Куды яны звярнуліся? Якою дарогаю пайшлі? Лепей, вырашылі, Валаамаву волю выконваць, чым Божую, вырашылі Валаамаваю дарогаю ісці хутчэй чым вернаю прарока Божага, адкінутыя ад сэрцаў цяжары ў другі раз займелі, аддаліся непаслушэнству і чым далей, тым большаму злу навучаюцца. Заклікаў не слухаюць, абранасцю пагарджаюць, даравальнасць і благаславенне адвяргаюць, карацей кажучы, за дабро злом плацяць.

У такой дабрачыннасці сыноў у доме сваім гадавала, у такой чалавекалюбнасці дзетак маіх у чэраве песціла, якія цяпер нутро маё разгрызаюць і імкнуцца давесці мяне да смерці. Яны, што ніколі не былі вінаватымі і пад апекаю, загады не выконвалі. І не дзіўна, што іх сэрца было такое жорсткае, што, пазіраючы, не бачылі і, слухаючы, не чулі. Цяпер стаіць ён сам, даўца апекі, старанна выконвае, заклікае і падае руку дапамогі, слых для слухання адкрывае і зянніцы для празрэння адвярзае. Не толькі яму, аднак, непаслухмяныя і непакорлівыя, але і добраахвотна адвёўшы вочы свае, хаваюцца ад дабрыні Пана свайго і ў недасягальныя бездані сягаюць. Ах, цяжка мне, сапраўды, з гэтымі непакорлівымі нашчадкамі, як цяжка з гэтым ядавітым племем гідры! Хто ж майго пароўну не падзеліць гора?! Хто ж мне плакаць не дапаможа?! Сыноў нарадзіла і выхавала, а яны ад мяне адракліся і ядавітыя джалы языкоў сваіх на мяне высунулі. Спачатку яны пасланцоў і слуг слухаць не хацелі, а цяпер сам Пан прыйшоў, сам заклікае і вучыць, каб, абцяжараныя бярэмем грахоў сваіх, у ім прабывалі. (Той, якому павінна было быць аддадзена паслушэнства, Панскі голас — самы праўдзівы і важны). Што ж на гэта вырадкі? За егіпецкімі казанамі і часнаком хутчэй захацелі падацца, чым за каштоўнай вячэрай вапіючага Бога. Дзе ж цяпер тыя часы, у якія я нараджала мучанікаў?Дзе ж тыя годы, у якія я праведнікаў і набожных у доме сваім хавала? Дзе ж тыя благаславеныя ўсім светам дактары, апосталы? Дзе іх праведныя нашчадкі, пастыры і настаўнікі? Вы цяпер патрэбныя любым і верным сынам маім. Вас услаўляю, вамі ганаруся, прыхільнікамі Айца вашага, у вас — мая ўцеха, тыя, якія душы свае за мяне аддавалі, справядліва прысталі да Айца свайго і цвёрда яго трымаліся. Пазнайце, што летарасль не можа сама па сабе даваць пладоў, калі не будзе трымацца ў віннай лазе. Вас ні смерць, ні жыццё, ні анёлы, ні пасады ці вялікія дзяржавы, і ні меч, і ні агонь, ні цяперашнія каштоўнасці ні мінулых часоў, ні горы, ні бездані ці якія-небудзь іншыя рэчы не маглі адлучыць ад літасці Божай. Вы, калі можна так сказаць, супраць Елісеевай адданасці — Аўраамавыя казлы, чэраву, свайму Богу, і мамоне служачымі і ваўкамі замест пастыраў аказаліся. Вас трэба ўтаймоўваць як дзікіх оўнаў і адлучыць ад авечак як спаршывеўшых бараноў. Вы — падобныя зраненаму самарыцяніну, раны якога трэба залячыць, акропліваючы маслам і віном. У вас няма адзінага погляду на палажэнне і пасады. У вас і раб, і свабодны ў Хрысце збавіцелю ў аднолькавым стане, — што датычыцца навукі, выпраўлення, навучання. Пры вашым жыцці царква Бога жывога, люд абраны займела — каралеўскіх святароў бязгрэшных і недатыкальных. Вашы Богам натхнёныя пісанні няўвядальнай духоўнай мудрасці лілеяй і да сённяшняга дня пра вас памяць чыняць, быццам бы былі і некуды адыйшлі. Вы ерасеархаў з асяроддзя верных Богу выгналі, вы кукаль пустазельны паміж пшаніцаю выпалалі, вы ўвесь гэты свет і ўсё што на ім займелі, вы — набожнага жыцця прыкладныя настаўнікі, вы бязбожнай існасці адданыя пакаральнікі, вы словам і справаю пастыры, ведаючы, што свецкія не столькі словамі, колькі справамі вышэйстаячых да дабрачыннага навучання схільныя. «Пачаў жа, — гаварыў святы Лука, — Хрыстос пан тварыць і вучыць, дарогаю стоп якога і вы, йдучы, творыце і навучаеце». Бо дзеля таго да вас Хрыстос прыйшоў, каб вы працягвалі шлях стоп яго. О, годная пахвалы вера ваша і шчодрае любові сэрца! Дзе ж цяпер Васілій: ён за асаблівыя старанні і руплівасць пра статак Хрыстовы Вялікім названы? Дзе Амвросій, медыяланскі епіскап, і святы Іаан, ад златанёслых промняў нябесных і яго навукі да пакаяння Златавусным названы? Дзе Еранім, выдатнейшы талкавацель богаданых пісанняў, дзе Кіпрыян, верныя ерэтычных плявелаў знішчыцелі? Гэты, адзначым, бязбожнага Навата, а той ілжывага Пелагія, ваяўнікоў Пісьма Святога, праклялі. Дзе Афанасій і Кірыл, александрыйскія патрыярхі, і Грыгорый, назіанскі епіскап — мужныя рыцары свайго Айца, чулыя мае заступнікі, ясназзяючыя свяцілы трох першых святых усяленскіх сабораў, якія Арыя, Македонія і Несторыя, выкрутлівых ерасеархаў з іх сектантамі евангельскім мячом пасяклі і, пракляўшы іх, ва ўладу сатаны аддалі? Няхай жа кожны з іх, не палохаючыся чалавечага аблічча і, акрамя ўсяго, не аглядаючыся ні на якія пасады і асобы, сённяшнім ератыкам, што трывожаць іх маці ўдзень і ўначы, за якую яны мужна аддалі свае душы, смела скажа: «Загадвае вам Дух святы, праклятыя сектанты-новакрышчэнцы Арыя, каб вы больш Сыну божаму, што сядзіць па правіцы Бога айца, спрадвечнай адзінства славы не разрывалі, нагаворваючы на яе». Былі тыя часы калі, не былі, але ж каб да страшнага, паводле заслуг, выцякання ўнутранасцей, з Арыем, патронам вашым, не прыйшлі і, разам з тым, у тленным цела вашага смуродзе, бязбожныя душы вашы ў вечна трывалым смуродзе не прапалі, загадвае вам Хрыстос пан, Цэрынсія паслядоўнікі і абаронцы Македонія, якія добраахвотна і свядома Духу божаму супраціўляючыся, поўную ўладу яму ў Святым пісьме адыймаеце і з лёгкасцю падвяргаеце сумненню яго ўладу, адвяргаеце ісцінасць яго навукі, называючы Святое пісьмо васковым носам, традыцыі і тленныя мандаты главы вашага касцёла ўзвялічваеце над ім. Дзе ж да гэтага і іншае славутае войска Хрыста, якое ён, на ўсіх усяленскіх і партыкулярных саборах растаўляючы, пастаянна пры святой праўдзе душы свае аддавалі, праўдзівыя, гавару, сапраўднага Пісьма божага выкладаўцы, каб сённяшнім свайго духа поўным мудрагэлям, паслядоўнікам гавару, мізэрнасці Несторыя, таксама стаічную фатальную неабходнасць зыходу ў царкву божую уносячым і прычынаю граху і згубы людской богахульнікам (богазневажальнікам, блюзнерцам) з евангельскім мячом ад авечак Хрыстовых дарогу заступілі?Дзе ж, акрамя гэтых яшчэ, ясназзяючыя Заходняга касцёла свяцілы Геласій і Леў, благачэслівыя рымскія епіскапы, каб высокасцю свайго стану, дасведчаныя ў царкоўных справах, сённяшніх епіскатоў, якія, сталіцу іх апанаваўшы, Хрыстовыя законы і запаветы ламаюць, згодна сваіх сумніцельных ідэй, направілі, каб сказалі: «Няхай вам замкне вусны Ісус Пан, людзі граху, сыны згубы, якія супрацівіцеся Богу і ўзносіцеся над усім тым, што завецца Богам ці за што Бога хваляць, якія, сеўшы ў касцёле Божым як богі, на святасць Тайнай вячэры Панскай пасягнуўшы бязбожна, келіх найдаражэйшай крыві яго, а затым і наследаванне вечнага жыцця нявінным душам людскім адмаўляеце і Арыстоцелевым вашага мудрагелістага розуму духам супраціўляецеся Хрысту Пану, калі пры падаванні хлеба сказаў: «Гэта ёсць цела маё», а пры падаванні келіха: «Гэта ёсць кроў мая» — быццам бы не мудра тое ўчыніў, самі будучы неразумнымі, той адзіны хлеб узяўшы ў рукі, супрацьлегламу навучаеце: «Гэта ёсць і цела і кроў мая». Хіба ж вы не ведаеце, што ў гэтай справе не ваша дрэннае разуменне, але неадменны Запавет Хрыста патрэбен быць захаваны і што адной і той жа святасці разарванне — акрамя вялікага значнага святатацтва быць не можа, і што тым знакам блюзнерцы і зводнікі верных Богу, у чым, калі не апомніцеся, то вечнага агню кара да абразумення вас прывядзе. Дзе ж, нарэшце, і апошняга веку сыны, якія разам з іншымі душы свае за мяне на смерць аддавалі? — Максім благачэслівы, Іаан з Дамаску і Тэафілакт, епіскап Балгарскі, Марк Эфескі і Ніл Фесаланікейскі, якія ва ўсім годныя гэтых старых тэолагаў, стаўшы хорам, сённяшнім матэолагам ашчэраныя на праўду пашчэнкі закрылі, гаворачы: «Няхай вам загадае Бог айцец праз адзіна роднага сына свайго, рассейвальнікі праклятага блюзнерства Савелія і маніхейскай бязбожнасці адзінакроўныя, якія Духа святога ад Айцовай і ад сынавай іпастасі, быццам бы ад адной асобы паходзіць, насуперак Пісьму божаму навучаеце, а адтуль адна прычына ....... Айца і Сына, Святому духу прыпісваючы. Двум асобам істотна адрозным гвалтоўна ў адну існасць зліванне чыніце ці захоўваючы ў цэлым раздзяленне асоб, адну прычыну бажэственасці Айца самога вызнаючы, якія без паведамлення другім асобам існасць сваю ў сабе маючым дзве ў бажаство ....... ўносіце. Калі ж ад гэтага блюзнерства вы не адступіце, ад чыстых рук маіх, маці вашай, чысцоваму агню, д’яблу і яго анёлам у градучы век для ачышчэння навекі аддадзены будзеце.

Такіх у цяперашні час патрабую я сыноў, якія б без усялякага гледжання на асобы, бязбожна на Бога хулячых напраўлялі, а тых, хто б на родных сваіх братоў скоса глядзеў, дамы іх смела каралі. «Не да сану вам, — як гаворыцца, о, разумнага статку Хрыстова пастыры і настаўнікі, калі вашай чуласці і вернасці Сына божага абраніцца даручана, па найменні быць пастырамі, а па сутнасці драпежнікамі, якія самі ў зле сваё жыццё праводзіце і даручаным вам распусна жыць дазваляеце!» Айчынай укрыжаванага ажырэўшы і закаснеўшы, не шкадуеце няшчаснага па ўсіх сектах распылення сыноў Божых, — вось чаму вы ваўкі, а не пастыры, Хрыстом тытулуецеся, а на самай справе волю антыхрыста на зямлі выконваеце. Дай то Божа, каб на малацэ спыніліся, але ж прагнеце крыві.

Такіх, гавару, патрабую я цяпер сыноў, на такі майго разарвання час, такіх дзетак здабываю, якія б не толькі блюзнерцам распусныя вусны замкнулі, але таксама і сваіх ад самага вышэйшага да самага ніжэйшага, ад архіерэяў да ўсіх, што пад іх уладаю знаходзяцца іерэяў, разам і з даверанымі іх уладзе людзьмі справядліва і па меры заслуг іх ушчувалі, каралі і напраўлялі. Але дзе ж такіх знайду? Хіба што з неба трыумфуючых заклічу?! Але гэта немагчыма. Можа ў айчынных краінах пашукаю? Няма ніводнага. Усе супраць мяне, нібыта супраць той, якая імі ніколі не пакутвала, паўсталі. Усе ўзброены, як на галоўнага ворага ўзбунтаваліся і шукаюць душы маёй на пагібель. Няшчасная ж я маці, што ж я зрабіла такога, што нязноснае праследаванне ад сваіх уласных сыноў цярплю. Што ж я зрабіла вартага смерці, што жыцце маё знаходзіцца ў небяспецы? Адныя дасаджаюць мне па свайму нядбальству, другія невыносным сваім глумленнем. Гэтыя нязносныя сваім праследаваннем, а гэтыя адракаюцца ад непрыязлівасці — якія, калі прыйшлі ў багну злосці (такая ёсць прырода злосці), занядбалі. Але паколькі пачаткам усякай справы ёсць слова, і перш, чым што-небудзь пачнецца, папярэднічае гаворка, прыслухайцеся да мяне ўважліва, каб збаўленая ў жалобе, у якой пачала, працягвала.

Годная ўвагі рэч, каб я не ў гарачцы ў паважнай з маімі сынамі справе абыходзілася. Дзеля справядлівасці, ды і сама на мне мая жалоба патрабуе, каб я з пільнасцю (з развагай) узважыла рэчы, адкуль так шмат мае сыны спадкавалі злых звычаяў, з якой прычыны такая бязмежная нянавісць супраць сваёй маці апанавала дзяцей? Пра гэта, сапраўды, варта мне падумаць, перш чым навекі адракуся ад іх у мацярынскім горы, з’едзеная сардэчным болем у спакутаваным сэрцам маім праклёне, і аддам бацькоўскаму пакаранню, ці яшчэ раз да некаторых, што займаюць высокія пасады, на якіх азіраецца малодшая брацця, уступлю і пра вяртанне з імі пагавару. Хіба тады, засаромеўшыся аблічча маці сваёй, і засмуцяцца пра пакуты той, якая імі пакутвала, і слязьмі яе, сэрца сваё змякчыўшы ў пакоры, абдымуць яе ногі, зведаюць, што лепш ім было не нараджацца, чым папасці пад караючую руку помсты ўсемагутнага Бацькі. Той, хто здаўна ведае мае пакуты, міласэрнасцю аднак да гэтага часу затрыманы чакае, — хіба што калі ўбачыць, то будзе пакутаваць. Але ўжо скора выпушчу з вуснаў страшнае слова, калі яшчэ што-небудзь цяжэйшае не прыдумаю з імкненнем злых у зле забыць, і памяць пра іх віхрам па ветры развею так, што і месца, на якім жылі, ніхто не пазнае. «Страшная бо рэч, — як гаворыць святы апостал, — папасці ў рукі Бога жывога».

Дык жа ўнікну ў прычыну іх непрымірымай злосці: ці ўзялі ад бацькі па прыроджанаму праву, ці ад маці паводле выхавання. Бо як добры плод сведчыць пра добрае дрэва, так і добрыя паводзіны дзяцей апавядаюць пра добрае жыццё бацькоў. Так і наадварот, злосці бацькоў прыпісваюць тое, што асуджаецца ў нашчадках. Але нічога падобнага не знойдзецца ў бацькоў, бо бацька добры, ціхі, сціплы, лагодны, ласкавы, пакорлівы і ажно да смерці паслухмяны; а маці чыстая, святая, нявінная, пяшчотная і ветлівая. Бацька мудры, справядлівы, шчодры, міласэрны, не паспешлівы на гнеў, ахвочы да ласкі, не вельмі строгі і не навечна ў гневе. Маці дзеталюбная, яна павучае, клапоціцца пра сваіх, паслухмяная ажно да крыві і ўсялякімі дабрачыннасцямі праз таго, хто яе звязаў шлюбам, упрыгожаная і ўзбагачаная. Вось чаму ні бацькоўскае прыроджанае права, ні мацярынскае малако не былі прычынаю такой вялікай злосці нашых дзяцей.

Няхай жа будзе так, што мы, бацькі, прыроджаным правам не з’яўляемся прычынаю іх злосці, аднак па прычыне занядбання -- добрага выхавання — будзем. Ні ў якім разе! Бо бацька, без перастанку галосячы, кліча: «Ідзіце да мяне, наследуйце мне, чыніце волю маю, памыйцеся і ачысціцеся, адкіньце злосць ад душ вашых і будзьце святымі, як і я святы, і знойдзеце спакой, удастоіцеся благаславенства, атрымаеце карону жыцця». А маці пра што: слухайце, дзеткі, бацькоўскага голасу, прыслухайцеся да слоў радзіцелькі вашай, трымайцеся з намі і ўсялякіх даброт шчодрасцю багатымі будзеце. А вы, што ўжо грахом параненыя, ад нас адступілі, вярніцеся да Айца, і ён вас прыме, учыніце плады, годныя пакаяння, бо ўжо сякера да карэння дрэва прысланёна, паколькі кожнае дрэва, якое не дае добрага плоду, ссякаюць і кідаюць у агонь. Ужо таксама падыходзіць Айцец, лапата якога ў руцэ яго, і вычысціць гумно сваё, і збярэ пшаніцу ў свіран свой, а плявёлы спаліць агнем непагасальным. Такімі пастаяннага навучання словамі ўсіх разам дзетак нашых павучаем, такое буйнай іх маладосці выхаванне даём. Аднак здрадлівае іх сэрца менш за ўсе хоча ўзрушыцца да гэтага. І гэта ёсць простая да ўсіх разам навука. Асобна ж кожнага стану дзень і ноч напамінанні чынім.

Вы, княжаты і абраныя, судзіце божым судом давераных вам падданых, асцерагаючыся таго, каб не давялося вам тым самым судом быць асуджанымі. Не ўскладайце на іх вялікай даніны, ведаючы, што і вам Пан увесь ваш доўг дараваў і чынш за вас заплаціў. А калі што робіце хаваючыся, не гаварыце: «Хто ж нас бачыць?». Бо Айцец ваш знаходзіцца на небе, які ўсё бачыць і ўсё, што хоча, чынiць. Вы, архісвятары і святары, і настаўнікі разумнага статку оўнаў Хрыстовых, стойце непарушна ў дараванай вам ад Бога веры, уважліва клапаціцеся пра давераных вам авечак, мужна супрацьстойце тым, хто спрабуе парушыць праўду. Неспакойных скарайце, пацяшайце маладушных, невукаў навучайце, свавольных i непакорлiвых рабiце сцiплымi i стрымлiвайце, слабых лячыце, тых, хто супрацiўляецца, утаймоўвайце. Будзьце прыкладам верных у размове, у абыходжанні, у літасці, у веры, у чысціні.Трымайцеся чытання, напамінання, навукі, прапаведуйце слова, настойвайце ў час і не ў час, дакарайце, пагражайце, прасіце з усялякаю цярплівасцю і навучаннем, бараніце слабых, а непрыстойных напраўляйце, бо вы — соль зямлі і светласць свету. Вас паставіў Дух святы, каб вы пасвілі статак Хрыстовы, які ён набыў сваёю крывею. Дык будзьце ж тады беззаганнымі, цвярозымі, кемлівымі, пачцівымі, чыстымі, гасціннымі, здатнымі да навучання, не п’яніцамі, не забіякамі, але ціхімі, не сварлівымі, не срэбралюбцамi, домам сваім добра кіруйце. Вы ж — сляпыя вачамі, кульгавыя нагамі, рукі патрабуюць павадыра. Вы — вартаўнікі пры варотах і ключары Царства нябеснага. Вашым рукам даверана сіла звязвання і развязвання. Вы з’яўляецеся святарамі Бога найвышэйшага, што маеце дар сябе і іншых пасвячаць, а таму з пільнасцю клапаціцеся, каб нядбальства слепатою і ў сон ляноты пагружаныя, і саміх вас, і давераных вам у неадольную бездань укінуўшы, вечным пякельнага балота смуродам не апаганілі тых, якіх нявінная кроў з рук вашых будзе накіравана.

А да простага люду праз тыя словы напамінанне і навука. Усякая душа няхай будзе пакорная вышэйшым уладам, бо абраныя не страшныя для добрых учынкаў, але для злых. Ці хочаш не баяцца ўлады? Рабі дабро і атрымаеш пахвалу ад яе, бо яна з’яўляецца слугою Бога табе на дабро. Калі ж будзеш рабіць благое, бойся, бо Ён не на дарма меч носіць. Дык аддавайце ж тады ўсім тое, што павінны, што Божага — Богу, а што Цэзарава — Цэзару, каму даніна — таму даніна, каму гонар — таму гонар, нікому нічога не будзьце павінны, толькі каб любілі адзін другога, ва ўсім падабайцеся сваім начальнікам, не нагаворвайце, не ашуквайце, але ва ўсіх справах паказвайце сапраўдную вернасць. Абраным вашым духоўным, якія сеўшы на Хрыстовым стальцы, таму ж вас, чаму і Хрыстос, вучаць, будзьце паслухмянымі, бо яны адчуваюць як тыя, якія за вас абавязаны даць адказ, ды каб з радасцю тое рабілі, а не ўздыхаючы. Ведайце іх і тым больш шануйце ў літасці за іх работу. Бо гэткая ёсць воля Божая, каб мы, чынячы дабро, затыкалі вусны невуцтву неразумных людзей як вольныя, а не як тыя, што маюць волю для прыкрыцця злосці, як слугі Божыя ўсіх паважайце, брацтва любіце, Бога бойцеся, царовы гонар шануйце. Слугі, будзьце адданыя панам сваім ва ўсялякай боязі, не толькі добрым і лагодным, але таксама і прыкрым, бо тое таксама любасць, калі хто дзеля Божага сумнення пераносіць гора, церпячы несправядлiва. Бо што за пахвала, калі вы грашыце і, будучы вінаватымі, церпіце, але, калі, робячы дабро, праследванні цярпліва зносіце, дык гэта люба Богу. Вы ж на тое і пакліканы, бо і Хрыстос цярпеў за нас, пакінуўшы вам прыклад, каб вы ішлі па стопах яго, які не зрабіў ніякага граху, і няма подступу ў вуснах яго. Такія нашы паўсюдныя і пастаянныя павучанні і напамінанні да сыноў, з якіх кожны ясна ўбачыць можа, што мы, бацькі, як правам прыроджаным да злосці нашых нашчадкаў прычынаю не былі, так і занядбаннем павучання і добрага выхавання да таго не былі нагодаю. Бо і ўсіх разам без усялякага погляду на асобы, і кожнага асобна без усялякай ліслівасці прабіраем, караем, напамінаем і павучаем. Аднак, як бачым, яны, затыкаючы, заткнулі вушы свае, каб не чуць голасу нашага. Каго ж гэта больш непакоіць? Каму гэта большага болю дадае? Каго страшней мучыць? І каму гатуе самае небяспечнае жыццё? Гэта я, засмучаная, бедная і самая нешчаслівая з усіх матак, якая, куды толькі не павярнуся, — усюды сыны мае здраду гатуюць. Тут непераадольныя ямы капаюць, там драцяныя сеці закідваюць, адсюль ядавітыя джалы выпускаюць, а адтуль смяротны яд выліваюць, адныя яўна, другія патаемна, некаторыя ліслівасцю, а некаторыя пагардаю, аднак усе аднолькава пасягаюць на маё жыццё, усім адна маці ў нянавісці. Хіба ж я баюся? Хіба палохаюся? Ніколькі. На тым трымаюся, што няхай прыйдзе каторы і завостранае жалеза ў самлелае сэрца маё ўваткне. Няхай падыдзе і збалелае жыццё маткі сваёй адбярэ, няхай здзекуецца над целам спакутаванай радзіцелькі. Бо лепш смерць, чым недастойнае жыццё, і больш міла мне раз гвалтоўную смерць прыняць, чым праз бязбожнасць сыноў маіх штодзённа пакутліва паміраць. О, гора сплаканаму майму жыццю. Бяда целу майму ад нязносных балесцяў. Але каб яшчэ пашукаць смяротную крыніцу, адкуль заразлівая злосць на сыноў маіх выплыла, цяжкі стан мой трэба на хвіліну стрымаць, каб у гарачлівасці перад пазнанннем ісціны не выракці на іх праклёну. Бо а ні паходжанне, ні выхаванне бацькоў не з’яўляецца прычынаю — тое ўжо зразумела. Трэба, каб іх саміх, у наследаванні ўказанай Айцом дарогі, нікчэмнае нядбальства і распуснае непаслушэнства да слухання паданага ў мацярынскай навуцы ў іх асяродак унесці, што не інакш разумею як духоўную разам з цялеснаю гнілізну, з-за якой а ні душа не здатна да паслушэнства, а ні цела не свабодна да выканання. Бо, слухаючы, — не чуць — духоўная гнілізна, а слухаць і не выконваць — цялесная. З-за нядбальства ў паслушэнстве вынікла гнюснасць у вучэнні, з гэтага паходзіць жорсткая беспакаранасць, з яе выйшла празмернае гультайства. Гэта было прычынаю мярзотнай пагарды. Ад гэтага кораня вырасла непрыязлівасць. Яна была крыніцаю праследавання, якое я цяпер пастаянна і ўдзень, і ўначы цярплю. І праследаванне таксама было прычынаю той такой вялікай іх злосці, якое тым больш узвышалася, чым глыбей павінна было ўпасці, бо іншай, акрамя гэтай, прычыны шукаць не трэба, паколькі нядбальства і беспакаранасць з’яўляюцца маткаю непаслушэнства, гультайства, гнюснасці, абыякавасці і ўсялякага грубага няведання, з якіх, як з крыніцы, усялякая злосць выплывае. О, загнілай, гнюснай вады крыніцы! О, ядавітаю труцізнаю вады напоўненая студня!

Цяпер жа, знайшоўшы прычыну, мне хочацца адразу ведаць, да каго найперш з сыноў маіх завітаў такі патрэбны госць? І якога з іх да паслухмянасці найперш зацягнуў, у якога сабе жытло абраў і дом Духа Божага ў дом свету гэтага перайначыў? Ці ўсіх разам апанаваў, або па аднаму пад сваю ўладу падбіваў? Няўжо найперш ярмо сваё на каркі княжат і абраных абраў? Ці можа над іх падданымі паклаў пачатак? Аднак усялякаму начальству гэтая справа не прыстойная, — наследаваць тую ж прастату, у якой бачыць сваіх падданых, бо іх усялякая неасцярожнасць, і іх паходжанне, і выхаванне абышлі, і каб тыя, якія павадырамі, заступнікамі і абаронцамі простага люду быць маюцца і якія ўсялякай чысціні і разумнасці з дзіцячых гадоў прызвычаіліся, жыццё і звычаі сваіх падданых маглі наследаваць. А калі не падданых, пэўна тады самых абраных тая жорсткая патрава апанавала, а пры іх і тых, якія былі пад абаронаю іх улады, загарнула, — у вядомай ступені справа падобная. Аднак бачу яшчэ адну перашкоду, і яна не меншая, — калі княжата і абраныя не з’яўляюцца такою ўладаю, каб знешне і ўнутрана, гэта значыць, свецкімі і духоўнымі справамі паводле сваёй волі маглі кіраваць. Што ж датычыць свецкай улады: паколькі паны, — то і загадваюць; што ж да духоўнай: паколькі сыны, — павінны слухаць, і тая крыўда нядбальства не з’яўляецца, як бачу, цялеснай, але духоўнай, таму не ў іх, але ў іншым месцы трэба шукаць.

Каго ж мне найбольш не хапае, на каго тое неспакойнае зло найперш абапіраецца, каго яшчэ прагледзела? Плаці, хто на пляцы, як гаворыцца, той вораг, на кім меншае падазрэнне, той, відаць, і злачынцу хавае. Дзе найменш спадзявалася, там у траве вужа знаходжу. Відаць спярша пякельным тым сілам далі сябе злавіць тыя, якія славяцца павадырамі ўсяго грамадства, што тая хвароба як рак па ўсім целе распаўзлася, і якім дадзена ўлада над людскімі душамі, якім слуга і пан, вольны і нявольнік павінны аддаваць паслушэнства і якім давераны ключы царства нябеснага. Сярод іх адныя з’яўляюцца святарамі, а іншыя архісвятарамі — усе аднолькава пастыры разумных авечак Айца свайго і настаўнікі малодшай сваёй брацці, сыноў маіх павадыры і апекуны. Бо ім княжата і абраныя, багатыя і ўбогія, маладыя і старцы ў справах духоўных пасля Пана Бога павінны аддаваць паслушэнства. Гэта тыя, якім сказана: «Што звяжаце на зямлі, тое будзе звязана на небе». Тыя, што яўна можам бачыць, нядбайным ужываннем улады ключоў не толькі іншых, але і саміх сябе перш звязалі і, перад малодшаю браццяю неба замкнуўшы, самі засталіся на падворку. Бо, вяжучы цяжкія ёрмы, усклалі на плечы людскія непасільную ношу, а самі не хочуць і пальцам крануць яе. Як відаць,

давераныяягняткі ў аднолькавае з імі нядбальства трапілі, а ўскладзеныя ёрмы з плеч скінуўшы, пакахалі ляноту, у якой зараз з пастырамі сваімі гінуць у сарамоцці, і мяне, матку сваю, што іх да колішняй пакорлівасці і ўважлівасці вядзе, праследуюць і імкнуцца згубіць. Праз тое і гора ім, што зачынілі царства нябеснае перад людзьмі, бо самі не ўваходзяць і другіх увайсці не пускаюць. Гора ім, бо пажыраюць душы авечак Айца свайго і пашыраюць шаты свае, распускаюць падолы плашчоў сваіх і, працінаючы каморы, палыкаюць вярблюдаў, — гэта сляпыя павадыры, якія, усеўшыся ў сталіцы Маісея, дрэнна навучаюць і дрэнна чыняць і прагнуць, каб іх называлі рабінамі. Ці не дзіўная гэта і жалобная рэч перад Богам, што і тыя самі, якім дадзены ў рукі лякарства і давераныя ім авечкі — запаршывелі, і якім пра другіх апека і пільнасць даручаны, тых саміх нядбальства найперш апанавала. О, царкоўныя лямпы, о, філяры Божага дому, о, пастыры авечак Хрыстовых, о, настаўнікі і павадыры малодшай вашай брацці, як жа вы ўтылелі і патлусцелі і забыліся на Бога, збавіцеля вашага.

Гора вам, пастыры, што распалохалі і разагналі статак авечак маіх і хваробаю нядбальства іх заразілі, за што будзе над вамі самы строгі суд і двайное пакаранне. Калі зветрае соль, чым жа будуць саліць, яна ўжо ні навошта непатрэбная, хіба толькі яе выкінуць прэч на патаптанне людзям. Зветраная соль, пацямнелыя светачы, згаслыя лямпы, раз’юшаныя начальнікі, аслеплыя павадыры, вы ў бездань нядбальства ўпалі, куды і давераных вам авечак цягнеце. Што ж адкажаце ў той час, калі прыйдзе Айцец ваш і Пан для справаздачы вашай, сыноў і слуг сваіх, калі спытае пра давераныя вам таланты? О, цяжка мне, матцы, будзе ў той дзень, калі буду глядзець на пагібель сыноў маіх. Гора мне будзе ў тую гадзіну, калі сыны мае і сыны Божыя, якія Евангельскай светласці яснасць добраахвотна згасілі, будуць увержаны ў пякельны агонь. Хто мяне пацешыць у тую гадзіну? Хто стрымае патокі слёз маіх? Гора мне няшчаснай, што нарадзіла сыноў на пакуту сабе і дачок на раны мае! Лепш мне, сапраўды, было заставацца бясплоднаю, чым глядзець на такія шчыльныя раці бязбожных сыноў. Лепш, сапраўды, і ім было не прыходзіць на свет чым, нарадзіўшыся, спадкаваць вечную згубу, у якой лепш будзе Садоме і Гаморы, чым гэтым. Бо слуга, які ведае волю Пана свайго, а не робіць паводле яе, будзе моцна пакараны.

О, архісвятары і святары, настаўнікі і пастыры авечак Айца вашага, дакуль жадаеце быць нямымі, дакуль бязлітасна авечак палыкаць будзеце? Не супакойваецеся на малацэ і воўне, якія лупіце, кроў п’яце, а мяса на з’ядзенне воранам і ваўкам выкідваеце. Самі знямелі і іншым гаварыць забараняеце. Хіба ж столькі статку авечак у царкоўнай аўчарні было ў не такія аддаленыя часы? Ці столькі роду Божага ва ўладу і кіраванне вам было дадзена? Спіце, пастыры, а вораг чуе. Храпіце, вартаўнікі, а Сатана як леў авечак хапае і адных вядзе да вечнай згубы, а другіх у сарамотныя мукі, а Божых і вашых ворагаў павялічваецца. Затыкаеце вушы, бо не хочаце слухаць Айца, які гаворыць: «Сыне чалавечы, я паставіў цябе вартаўніком дому Ізраілевага і ты будзеш чуць з вуснаў маіх слова і прапаведаваць яго ад мяне. Калі я скажу беззаконніку: «Беззаконнік, ты смерцю памрэш», а ты не будзеш нічога гаварыць, каб перасцерагчы беззаконніка ад шляху яго, то беззаконнік памрэ ў граху сваім, але кроў яго спытаю ад рукі тваёй». Сапраўды, строгае слова і страшны прысуд. Хіба не баіцеся ці не палохаецеся страшнага гэтага дня, у які за давераны вам статак павінны даць адказ. Благі слуга і лянівы, бо, маючы грошы мае, належала аддаць іх тым, што імі гандлююць, і я, прыйшоўшы, дастаў бы маё з прыбыткам. Вазьміце ж тады ад яго гэты талант, а нягоднага слугу кіньце ў цемру, — там будзе плач і скрыгат зубоў.

Дзе цяпер светачы без заганы, якія б не сабе дагаджалі, але даверанаму ім статку так, як ад іх найвышэйшы архісвятар патрабуе і, як вышэй у навуцы да іх успамінала, клопат і старанне мелі. Цяпер такія настаўнікі, якіх прыстасавалі да сябе сыны мае паводле свайго жадання, лашчаныя па слыху, якія ад праўды слых адвярнулі, а звярнуліся да казак. Саміх сябе, свет, славу, багацце і раскошу больш чым Бога і збавенне людское мілуюць; некалі мелі прыклад пабожнасці, аднак ад яе сілы і супрацівіліся праўдзе — людзі скажонага розуму і падазронай веры. Але больш не калачуся, бо шаленства іх будзе ўсім навідавоку, паколькі не нябеснымі, але зямнымі думкамі напоўніліся. Праз іх прыйшоў да мяне не голад, але голад на слова Божае, не прага вады, але смага Евангельскай пропаведзі. Адабраныя ад мяне прарок і настаўнік, пазбавілася я павадыра і пастыра: многа цяпер пастыраў па імені, але мала па справе. Бо некаторыя з цяперашніх пастыраў разумнага статку Хрыстовага хіба што над неразумным статкам аслоў могуць быць годнымі пастырамі. Што ж яшчэ? Гэта не пастыры, а драпежныя ваўкі, не павадыры, а галодныя львы, якія адных авечак самі без шкадавання пажыраюць, а другімі цмокавы пашчы без літасці затыкаюць. О, няшчасны статак, хіба настаўнікам і пастырам можа быць той, хто сам нікол не вучыўся? Які не ведае, што Богу вінен, а што блізкаму свайму? А што ўжо давераным яму авечкам? Які з дзіцячых гадоў сваіх не навукаю Святога пісання, але іншаю нейкаю духоўнаму стану непатрэбнаю забаваю, або ў нікчэмнасці малады век страціў. А калі надакучыў яму недахоп у пажыве і адзенні, і нястача пачала шыю круціць, узяўся прапаведаваць, не ведаючы, што такое пропаведзь, і не разумеючы, як яе трэба чытаць. Але адныя з корчмаў, другія з двара, гэтыя з войска, а некаторыя з пабораў без усялякага выбару, без усялякага добрага сведчання з дапамогаю золата і серабра ў дом Божы увергліся. Таму не дзіўна, што, як нягодныя, з сорамам з яго павыпадалі. І сталі апастатамі праўды Божай і здраднікамі даверанага ім статку. Гора ўбогім ягняткам, якія маюць такіх пастыраў. Гора тым, што ідуць за такімі павадырамі, якія самі, будучы сляпымі, гэтых у тую ж яму бездані спрабуюць спіхнуць. Гора і вам, з-за нядбальства якіх гэтыя ўвайшлі ў дом Божы. Гора вам, што спусташаеце дамы Божыя, бо і самі ад яго знішчаны будзеце. Гора вам, Айцы, якія самі, не навучыўшыся быць сталымі, айцоўскім імем дзетак маіх зводзіце. Гора вам, Айцы, якія ўласных сваіх нашчадкаў добра не выслухаўшы, злой умяшчальні прыклады з сябе падаеце. Гора праклятым вашым Сімонам, ад якіх вы ўзялі духоўнае пасвячэнне на тыя пасады, якія ведаю, што не для годнасці вашай, і не для таго, каб выконваць просьбы брацці, вас рукапалажылі, але для неабходных вам ласункаў, для хцівага жадання грошай, прагнучы якіх адышлі ад праўдзівай веры і ўцягнулі сябе ў многія хваробы.

Святыя апосталы ў паўсядзённай службе сталам, а не ў пропаведзі слова Божага, — для наракання грэкаў супраць яўрэяў, вы, што хочаце настаўляць дыяканаў, мужы, брацця, гавару, заўважце паміж сабою мужоў, якія маюць добрае сведчанне, напоўненых Духа святога і мудрасці, якіх бы мы над тою справаю паставілі. А цяпер на малітву, на службу Божую, на шанаванне святынь, што даюць жыццё, без абрання і ўсялякага вопыту (не ўспамінаю пра напоўненасць Духам святым і мудрасцю) прымаюцца і для пропаведзі слова Божага пасылаюцца. Вось такіх маю пастыраў і настаўнікаў. Вось такіх маю павадыроў і абраных. Самі здыхаюць з голаду, а другіх карміць парываюцца. Самі аслеплі, а хочуць быць павадырамі для іншых. Самі кульгаюць на абедзве нагі, а для другіх хочуць стаць падпораю. Самі невукі, а іншых павучаць адважваюцца. О, нядбайны, перакручаны, о, бязбожны звычай рукапалажэння! «Рукі хутка ні на каго не ўскладай, — гаворыць апостал, — і не будзь супольнікам у чужых грахах». А ў другім месцы: «Я пакінуў цябе, Ціт, у Крыце дзеля таго, каб даканаў недавершанае, выправіў і паставіў на месцах святароў, як я табе загадаў». Калі хто ёсць без заганы — муж адной жонкі, што мае верных сыноў, якія не абвінавачаны ці падданы празмернасці. Бо біскуп павінен быць без заганы, як ключар Божы, без пыхі, не гняўлівы, не спіты, не ваяўнічы, не хцівы да агіднага прыбытку, але гасцінны, добры, цвярозы, справядлівы, святы, стрыманы, які б трымаўся верных слоў, што адпавядаюць навуцы, каб мог павучаць згодна праўдзівай навукі і пераконваць тых, хто ёй супраціўляецца. Сённяшнія мае епіскапы і архіепіскапы ўсю тую апостальскую навуку за сябе закінуўшы, нагамі яе, як не вартую ўвагі, аслепленыя хцівасцю да срэбра, патапталі. Такі гэтага часу мудры святар і дасціпны, які тое мае, што мог бы і свайму епіскапу, хаця аддалены ад спраў царкоўных, пазычыць, каб быў ізноў вернуты.

Гора мне, даверанай нядбайным работнікам! Гора мне, ненажэрным ласунам аддадзенай у апеку! Бяда вам, што прадаеце, і вам, што купляеце дар Духа святога — серабро ваша будзе вам на згубу. Не хочаце ведаць праўды — не хочаце бачыць і няпраўды. Не хочаце разумець, адкуль тыя, што вам даюць, набываюць, з якога промыслу багацеюць. Малако дояць з авечак, воўну стрыгуць, скуру лупяць і прадаюць, самі іх мясам кормяцца, кроўю ўпіваюцца, а вам з шчодрасці таго мяса і звыш меры нявіннае крыві ўдзяляюць. О, брыдкастаўнікі, а не настаўнікі, гасільнікі, а не свяцільнікі, імпастыры (ілгуны. — У. К.), а не пастыры, епіскаты, а не епіскапы, адступіліся ад закону волі Божай, абдурманілі душы свае праклятаю мамонаю гэтага свету, спакусілі прыпраўленаю машкарою Хрыстовыя авечкі, зацьмілі заразлівым сваім нядбальствам яснасць Евангельскага свету. Што будзеце рабіць у той час, калі будзе адабраны ад вас вінаграднік і аддадзены іншым работнікам, а вы, злыя, няшчадна знішчаны будзеце? Што скажаце, калі вам будзе адмоўлена? Вы з’яўляецеся сынамі бацькі вашага д’ябла, ідзіце, праклятыя мною, не ведаю вас! Што адкажаце, калі моўлена будзе: «Звязаўшы ім рукі і ногі, укіньце ў цемру бяздонную — там будзе плач і скрыгат зубоў»?! Гора вам будзе, сыны мае, у той час, гора і мне: вам, што будзеце цярпець нязносныя мукі, і мне, калі буду глядзець на вечную вашу згубу. О, епіскапы, епіскапы, сыны, якія пагардзілі айцом і маткаю, дзеці, народжаныя і выхаваныя ў царскіх палатах, а цяпер да корчмаў і шалашоў сваёю воляю прываблёныя. Дакуль вы будзеце спаць сном ляноты? Дакуль гнюсу нядбальства ад вачэй сэрцаў вашых не абатрэце? Прыйдзіце да чатырохпаточных вод Евангельскіх прарокаў і абмыйце гразь прастаты вашага розуму! Хіба ж вам яшчэ мала той каштоўнай страты, якую я зношу, дзякуючы вашаму нядбальству; такую вялікую золата, серабра, перлаў і дарагіх каменняў, якімі я Айцом вашым на працягу колькіх дзесяткаў гадоў як найслаўнейшая каралева была аздоблена, згубу?

Дзе зараз той каштоўны каменьчык, як свяцільнік ззяючы карбункул, які я паміж іншымі перламі, як сонца паміж зорамі, у кароне галавы маёй насіла — дом князёў Астрожскіх, які бляскам светласці старажытнай веры сваёй над усімі іншымі свяціў? Дзе і іншыя дарагія і таксама каштоўныя той жа кароны каменні, дабрародныя рускіх князёў дамы, неацэнныя сапфіры, бясцэнныя дыяменты, княжаты Слуцкія, Заслаўскія, Збаражскія, Вішнявецкія, Сангушкі, Чартарыйскія, Пронскія, Ружанскія, Саламярэцкія, Галаўчынскія, Крошынскія, Масальскія, Горскія, Сакалінскія, Лукомскія, Пузыны і іншыя без лічбы, якіх пералічваць паасобку была б доўгая справа? Дзе пры гэтых і іншыя неацэнныя мае скарбы, радавітыя, гавару, слаўныя, вялікадумныя, моцныя і старадаўнія, ва ўсім свеце ў добрай пашане, праслаўленыя адвагаю і мужнасцю народу рускага дамы — Хадкевічы, Глябовічы, Кішкі, Сапегі, Дарагастайскія, Войны, Валовічы, Зяновічы, Пацы, Халецкія, Тышкевічы, Корсакі, Храбтовічы, Трызны, Гарнастайскія, Бокіі, Мышкі, Госкія, Сямашкі, Гулевічы, Ярмалінскія, Чалганскія, Каліноўскія, Кірдзеі, Загароўскія, Мялешкі, Багавіціны, Паўлоўскія, Сасноўскія, Скуміны, Пацеі і іншыя? Не ўспамінаю тут шырокай у межах Расійскай зямлі княстваў і паветаў шаты маёй, убранай незлічонымі перламі і рознага колеру каменьчыкамі, якімі я заўсёды сябе ўпрыгожвала. Аднак жа вы мяне, злачынцы, з такой пышнай шаты маёй абдзёрлі і над бедным целам маім, з якога вы ўсе выйшлі, здзекуецеся смехам і кпінамі. Але пракляты кожны, хто адкрывае на знявагу голае цела сваёй маці, праклятыя і вы, што з нагасці маёй насміхаецеся і пацяшаецеся. Прыйдзе той час, калі вы ўсяго гэтага саромецца будзеце. Лепей бы вам і сапраўды было не пазнаваць светласці праўды, чым, пазнаўшы яе, адкінуць, загасіць і заглушыць. Хіба ж ты пастыр, што пастырствам сваім ганарышся, а згубай авечак абражаеш Бога?! Які ж ты святар, што выхваляешся сваім пасвячэннем, а адракаешся памазання святасці Божай?! А ні жыццё, а ні звычаі, а ні абыходжанне, а ні адзенне не сведчаць пра вас як пра абраных. Ні мудрасць, ні навука, а ні размова пра пасвячэнне і пастырства вашае — не сведчаць. У жыцці вы карчмары і купцы, у звычаях — дамаседы, у размове — невукі, у абыходжанні — крывадушныя лісы, у адзенні — драпежныя ваўкі! Што ж я скажу яшчэ пра прыкметы вашага розуму? Мудрасць ваша, уменне, размова — бязглуздыя, марныя і распусныя, забавы — непрыстойныя, у якіх і вы самі, і тыя, што вас пераймаюць, — гінеце. А для чаго ж праз Бога з’яўляешся святаром? Для чаго ж пастырам? Пасланы іншых пасвячаць, а ты сам ад ног да галавы абгаджаны ляжыш. Нагляд за пастырствам табе давераны, а ты сам змучаны голадам здыхаеш. О, свяціцелю, з усіх бакоў абгаджаны! О, пастыру, з голаду струхлелы! Які ж ты свяцільнік тым, што знаходзяцца ў цемнаце прастаты? Якое ж ты вока, што не даеш пазнаць святога Евангелля заслепленым?! Ты ж — тая рука, што падводзіць у бездань улады сатаны ўпаўшых. Калі Бога няўважныя сыны не баіцёся, хаця б пасаромейцеся людзей! Бо чалавечай крэўкасці ўласціва падзенне, але, упаўшы, не ўстаць — толькі самай сатанінскай зацвярдзеласці. Хаця а адзінаццатай гадзіне годна ў вінаградніку Пана свайго паслужыце, каб з тымі, што пачалі працаваць ад першай гадзіны і цэлы дзень зносілі сонцапёк, узялі аплату. Усцешце сардэчныя ўздыханні хаця б пры канцы жыцця маткі вашай, абатрыце заплаканыя вочы радзіцелькі сваёй, каб калі-небудзь крывавыя слёзы яе не ўпалі на вас, а лямант маці вашай вас не згубіў. Не тытулам, але самою справаю пажадайце быць святарамі, не слоўцам, але ўчынкам старайцеся быць настаўнікамі. Каму ж я гэта гавару, да каго ж я звяртаюся? Да жалезнай сцяны, ці я іх на вецер пускаю? Бо калі я ім пра тое гавару, быццам бы размаўляю са спячымі, якія на канцы аповяду пытаюць: «Ты штось гаварыў?» Лепей бы мне было сапраўды соль і руду жалезную ў нетрах насіць, чым з бессаромнымі зласліўцамі і непакорлівымі сынамі размаўляць.

Каму ж ад гэтага бяда? Мне. Каму гора? Мне. Каму цяжка? Мне. Каму пакуты? Мне. Я — пагарджаная, я — зняважаная, я — выгнаная, я — абылганая. Бяда і вам, што пагардзілі мною, гора і вам, што зняважылі мяне, цяжка і вам, што мяне выгналі, пакута і вам, што мяне абылгалі. Бо сыноўняя бязбожнасць — непачцівасць да бацькоў. А матчына пракляцце — пагібель сынам. Дасціпны сын, адзін раз пачуўшы мудрае слова, ухваліць яго і прыме. А вы, дурні, пастаянна слухаеце мае словы, але яны вам не падабаюцца, і назад іх адкідаеце. Гавару вам мудрае слова штодзень з прарокаў, гавару вам з апосталаў, нарэшце, і збавенную Пана нашага і Бога Евангельскую навуку заўжды кладу перад вамі. Гэта тая самая мудрасць, якая гэтага свету розумы ў глупства ператварыла і без якой ніхто мудрым не быў і не мог ім называцца, набыццё якой ёсць больш вартае, чым купля за золата і срэбра. Яна каштоўнейшая, чым перлы, дарагія каменні і ўсе гэтага свету іменні. Па яе правіцы — доўгалецце, а па левым баку — багацце і слава. Дарогі яе — дарогі прыгожыя, а ўсе сцежкі — спакойныя. Тым, хто ёю загараецца, — будзе дрэвам жыцця, а тыя, што здабылі яе, — будуць благаславёны. Гэта я вам на кожны дзень утлумачваю. Дзень і ноч аб гэтым я вас прашу. Хто ёсць найменшы між вас, няхай прыйдзе да мяне, і тыя, што хочаце розуму, — ідзіце самі, ешце ж мой хлеб і піце віно, якое я вам згатавала. Адкіньце дзяцінства і будзеце жывымі, хадзіце па шляхах праведных і вечна будзеце царстваваць. Але скажа хто з сыноў маіх: «3-за чаго ж такім строгім гневам распалілася сэрца маці нашай? Чаму так гарачліва на дзетак сваіх наракае? За што такім заразлівым пракляццем сябе і нас, сыноў сваіх, абцяжарвае? Не ўласціва гэта мацярынскай літасці, бо ведае добра, што немагчымая рэч знайсці між людзьмі чалавека без граху: усе той недахоп церпім, усе носім ярмо той няволі, бо ні адзін не можа быць без граху — толькі сам Бог».

Лепей бы мне было ісці разам са сваімі дзеткамі, і лагоднейшы спосаб для наракання змагла б знайсці. Бо я не з’яўляюся мачахаю, але — маткаю, і мы не пасынкі, а сыны. Розгі трэба было ўжыць для пакарання, а не жалезную палку, хатняе прабіранне, а не ўсяму свету агалошанае пракляцце. Якая ж маці і калі пачцівасць дзетак сваіх асуджала? Якая ж радзіцелька пракляццем сваіх сыноў Сатане на знішчэнне душы і цела аддавала? Гэта не толькі мацеры, але мачасе не ўласціва. Што ж я на гэта адкажу? Адкуль здабуду словы? Даў бы то Бог, каб не мела што адказаць. Лепш бы мне сапраўды па нагавору знаходзіцца ў тым, пра што гаварыла, чым на самай справе. Аднак цяжка мне праз тое, што ўсё гэта праўда, пра што гавару, што не выдуманы аповяд, які тут прыводжу, пра што лепш бы мне было маўчаць: само іх праўдай пераможанае сумленне павінна сведчыць. Бо сам толькі Бог без граху, а ўсе людзі — падлеглыя граху. Хто ж таго не ведае?

Створаныя па вобразу і падобнасці таго, хто парадзіў Адама, і, аднак, у незаконнасці пачатыя і ў грахах нарадзіліся. Хоць жа вас, што былі ў ганьбах і грахах вашых, у якіх некалі хадзілі паводле веку гэтага свету і паводле князя моцы гэтага паветра, духа, які цяпер паказвае сілу ў сынах недаверства, між якімі і вы ўсе ўбіраліся паводле жадання цела вашага (выконваючы волю цела і вашых думак) і былі па паходжанню сынамі гневу; як і іншыя. Але Бог, які багаты ў міласэрнасці, па вялікай сваёй літасці, якою вас узлюбіў, калі вы былі змёрлымі ў грахах, ажывіў усіх вас у Хрысце, ласкаю якога вы збавёныя, і разам з імі ўваскрэсіў і пасадзіў разам на нябёсах у Ісусе Хрысце. І таму не варта было вам хадзіць так, як ходзяць паганцы ў марнасці сваіх думак, маючы скажоны цемнатою розум, аддаленыя ад Божага жыцця за няўменне, якое ім уласціва з-за засляплення сэрца іх, якія, упаўшы ў роспач, падаліся самі ў распусту, каб чыніць усё нячыстае і грэшнае. Але вы не такому навучыліся ў Хрыста, калі яго слухалі і калі ў ім навучаныя, каб з сябе злажылі, паводле ўчынкаў, старога чалавека, які псуецца з-за аблудных жаданняў, і каб аднавіліся духам розуму вашага і ўвасобіліся ў новага чалавека, які створаны паводле Бога і жыве ў справядлівасці і святасці праўды. Бо як праз адступнасць аднаго чалавека Адама на ўсе людзі прыйшло асуджэнне на смерць, гэтаксама праз справядлівасць аднаго чалавека Ісуса на ўсе людзі прыйшло збаўленне ад смерці.

Я ж тады вас нарадзіла па вобразу і падобнасці другога Адама Ісуса, які мяне абраў сабе каханаю і выдаў сябе за мяне, каб мяне асвяціць, ачысціўшы амыццём вады ў слове жыцця. І чаму ж я, будучы чыстаю і святою, як жа вас нячыстых і праклятых спарадзіла, тым жа вас ачышчаючы і асвячаючы, чым і сама ачышчаная і асвечаная, вадою, гавару, і Духам, якімі калі хто адроджаны не будзе, сынам маім не з’яўляецца і не ўвойдзе ў царства Бога Айца, але пяройдзе ад смерці першай да другой смерці, якая горшая за першую. Не існуеце ўжо больш пад Законам, але пад Благадаццю. Тыя, хто нарадзіўся пад Законам, айцоўскі грэх за сабою цягнуць, што нараджаюцца пад Благадаццю, ужо больш не бываюць абцяжараныя ярмом граху. Я ж вас пад Благадаццю нарадзіла, а не пад Законам, на свабодзе вас выхавала, а не ў няволі, светласцю вас асвяціла, а не пакінула ў цемры. Таму трэба было вам паводзіць як сынам светласці ва ўсялякай дабратлівасці, у справядлівасці і ў праўдзе, ведаючы, што падабаецца Богу, а не звязвацца з непрыстойнымі ўчынкамі цемры, але хутчэй яе караць. Але, гаворыце, няма ніводнага чалавека без граху, апроч самога Бога, які перамог грахі свету, і быць не можа, бо і справядлівы, не гаворачы пра грэшнага, сем разоў на дзень падае, — прызнаю гэта і я. Але ж гавару і тое, што справядлівы, паслізнуўшыся, хутка, не так як вы да гэтага часу пра тое, каб падняць галаву і ўстаць, зусім не думаеце. Пануе грэх у смяротным целе вашым, каб вы былі паслухмянымі яго жаданням і выдалі члены вашыя зброі грахоўнай несправядлівасці. Вы ж павінны жыць паводле духа, а не паводле цела, бо, жывучы паводле цела, памрэце. І тыя — у Хрысце, якія і цела сваё ўкрыжавалі з захапленнямі і жаданнямі, жывучы духам, згодна духу і паступаць павінны. Няўжо не ведаеце, што ўсе мы, якія ахрысціліся ў Хрыста Ісуса, у смерць яго ахрысціліся? Бо будзеце з ім разам пахаваны Крыжом на смерць, быццам бы Хрыстос паўстаў з мёртвых праз хвалу Айцоўскую дзеля таго, каб вы таксама ў аднаўленні жыцця хадзілі, ведаючы тое, што стары чалавек наш разам з ім укрыжаваны, каб было страчана цела граху, каб мы больш не служылі граху. А калі ж каму надарыцца ўпасці ў грэх, спавядайцеся ў грахах сваіх (верны і справядлівы Пан), бо адпусціць грахі вашыя і ачысціць вас ад усялякай няправасці. Адкуль можна ўбачыць, што не грэх, але пастаяннае ў ім знаходжанне з’яўляецца прычынаю другой смерці. Калі ж хто грашыць наўмысна, то, пазнаўшы праўду, — тыя ўжо не будуць ахвяраю за грахі, але будуць мець нейкае страшнае чаканне суду і прыкрасць агню, які пажрэ ворагаў. Праз тое і мяне, засмучоную, не грахі вашы на такі спосаб прабірання ўзрушылі, але пастаянная ваша трываласць у грахах, і не толькі такое доўгае трыванне ў грахах, як штодзень зыходжанне да горшай злосці, за што вартыя карання не жалезнаю розгаю, але адрачэння і праклёну душы і цела, — годныя дубіны. Ведаю, што з’яўляюся маткаю, а вы былі маімі дзеткамі, але ж калі выракуся і адыдуся ад вас, зраблю гэта ў горкасці сэрца, пагарджу вамі, адракуся ад вас, пракляну і ўсім народам аддам на ганьбу, і ў той час не захачу а ні больш называцца маткаю вашаю, а ні быць. І яшчэ большае, калі звярнуся да свайго абранага, а да вашага айца — той вас адкіне, адрачэцца і на вечную страту знешняй цемры аддасць, дзе будуць вечныя мукі і пастаянны скрыгат зубоў. Пад той час скажаце: «Бяда той, што нас спладзіла, гора той, што нас карміла, лепей бы нам было не радзіцца, чым дастацца таму месцу вечнага адрачэння. Ах, таму дню, у які мы нарадзіліся! Гора зямлі, па якой мы хадзілі, небу, што нам свяціла! Бяда і нам, што мы пакінулі маці нашу. Цяжка і нам, што мы не слухалі загаду Айца нашага і хадзілі па волі нашага жадання». Прасіць будзеце, і ніхто не адзавецца, крычаць будзеце, а ніхто да вас не падыдзе. Бо як вы Айца вашага і Матку пакінулі, гэтаксама і ад іх адвергнутыя і ў вечную забыцця няпамяць кінутыя будзеце. Хіба ж адзін раз дома сама вас дакарала, а не публічна на рынку? Хіба ж адзін раз спакойна сама вас прасіла, каб вярнуліся да мяне? Хіба ж таксама зусім нядаўна братоў вашых да вас не пасылала, каб перапрасілі мяне, і, вашай уважлівасцю страты мае ўзнагародзіўшы, засталіся каля мяне, і пра злое маё больш не думалі? Ці не гаварыла вам пра злачынствы вашы, якімі і мяне, і саміх сябе зганілі, і ці не гаварыла вам, што недарэмна кідаецеся на мяне з завостранымі языкамі, ведаючы пра маю непераможнасць? Што ж мне ад вас за пастаянны мой клопат пра вас прыдалося? Што? Тое, сапраўды, што недзе мудрэц сказаў: «Сам сабе той крыўду чыніць, хто вучыць насмешніка. А хто граміць словам бязбожніка, сам сабе пляму здабывае». Бо гаворыце: «Мы грашылі, а што нам за тое дрэннага сталася?» Бо Пан цярплівы. А я вам сказала: «Не гаварыце гэтага — вялікая міласэрнасць Пана — злітуецца над мноствам грахоў нашых». Бо ёсць у яго літасць, але ёсць і гняўлівасць з запальчывасцю на грэшнікаў, і тое, калі раптам надарыцца, сапраўды размяце вас пад час помсты. Таму не дадавайце граху да граху, але дабрынёю дабрыню падтрымлівайце. Што ж я пакараннем маім справіла? Што ж караннем словамі ў вас збудавала? Бачу, што не толькі пра выпраўленне не думаеце, але штораз у большую злосць упадаеце. Дакуль сцены душ вашых схіляць будзеце, пасля няшчаснага ўпадку якіх, разумееце, што іх не падымеце. Але дарэмныя вашы думкі, марныя вашы роздумы, бо як толькі раптам хто-небудзь паміж вас упадзе і між тых, хто стаіць, вялікая бездань будзе, такая, што ні ім да вас, а ні вам да іх немагчыма будзе прайсці. І пад той час скончыцца справа ваша адплатаю.

А я веру таму, хто мяне пакахаў і хто сябе за мяне аддаў, што ён сам дужаю правіцаю сваёю мяне падыме і самым пільным работнікам аддасць сваю вінніцу; зрабі ж так, усемагутны Божа, перад самаю святою вялікасцю якога са страхам падаю і скрушным сэрцам і плачлівым голасам дабрыню, якую нельга выказаць, клічу.

Ты — сам Кароль вечнай пахвалы, уладыка неба і зямлі, трон якога нельга ахапіць думкаю і славу зразумець, перад якім стаіць з бояззю і дрыжаннем войска анёлаў і ўсіх нябесных царстваў, слова якога праўдзівае, а аповяды вечныя, загады яго моцныя, а расправа страшная. Той, якога погляд высушвае бездані і гнеў робіць змарнелымі горы, а праўда выдае сведчанне. Ты, гавару, той, што з усіх лясоў зямлі і з усіх яго дрэў абраў адзіную вінніцу і з усіх кветак свету абраў сабе адзіную лілею, і з усіх марскіх віроў напоўніў сабе адзіны паток, а з усіх будаваных месцаў пасвяціў сабе сам Сіён, а з усіх нябесных птахаў назваў сабе адзіную галубку, а з усяго створанага быдла абраў сабе адзіную авечку, а з усіх народаў, што размножыліся, абраў сабе адзіны люд новага Ізраіля, гэта значыць мяне, царкву сваю, якую ад пачатку да сённяшняга дня дзіўным наглядам і неспасцігальнай глыбінёю цудаў тваіх захоўваць прывык пасярод яўных, патаемных, унутраных і знешніх ворагаў цэлаю і непарушнаю. І тым мяне здаўна і вечна прывілеем адарыць вырашыў, каб я прапаведавала ў праследаванні, памнажалася ва ўцісках, узвышалася ва ўбогасці і пагардзе гэтага свету, перамагала, церпячы, трыумфавала, крыўды і абразы зносячы, расла і буйна квітнела, акропленая пакутніцкаю крывёю, і ў гэты час найбольш тваёю дапамогаю ўзмацнялася, калі самым пэўным упадкам сыны гэтага свету з павярхоўных кан’юнктур прывыклі мне пагражаць. Ты сам і цяпер паглядзі міласэрным вокам на мяне, на жаль, які нельга выказаць словамі, на ўціск і мукі мае, і аблегчы, калі на тое воля твая, крыж, што ўскладзены на мяне, сціш плач, зміры сардэчны мой боль, што прычыняюць уласныя мае сыны. Прыйдзі з Лівану, прыйдзі мне на дапамогу, няхай засарамацяцца і адыдуць назад тыя, што шукаюць душы маёй і востраць на мяне бессаромныя свае языкі: ва ўсім я толькі ў табе самым давер і надзею бачу, да цябе самога ва ўсялякіх пакутах і балесцях уцякаю, бо многа дагэтуль уціскаў і праследаванняў не толькі ад чужых, але і ад тых, што выйшлі з унутранасцей маіх, нацярпелася і цяпер цярплю, аднак жа ад цябе не адступілася, не працягнула рук маіх да Бога чужога, непарушнаю за дапамогаю тваёю стала і стаю на той моцнай апоцы, на якой ты пажадаў, каб я грунтавалася. Не страціла і ніводнай аблудай і ерэтычнай заразай не спаганіла той шаты, якую ты мне сам падараваў, — з найвышэйшай тэалогіі ўтканай веры ў цябе, непадазронай, не знявечыла яе людскімі выдумкамі і новых штохвілін пераменлівымі законамі і традыцый пярэстасцямі. І хаця ж многа бязбожных і злачынных дзяцей маіх наследуюць, аднак не я таму прычынаю, але яна паходзіць з іх крывадушнага розуму, з іх недаверства, з іх пыхі; з іх амбіцыі, з іх схільнага да багацця і раскошы гэтага свету сэрца, якія цеснаю і вострым цернем напоўненаю дарогаю да жыцця вечнага ісці не схацелі: на шырокую і вольную (якою многа іх ідзе) падаліся дарогу і, падаўшыся, былі б радыя ўсіх за сабою пацягнуць, а мяне, матку сваю, на сорам, ганьбу і згубу вечную адправілі. Не дапушчай жа бязбожным сынам, каб з майго ўпадку, маці сваёй, весяліліся. Аднак, усемагутны Пане, не цяпер наведай дубінаю знішчэння неправеднасці іх, але ўстрымай правіцу тваю на малы час дзеля мяне, што выйшла на помсту, бо яшчэ раз пайду да іх і нагадаю ім, калі да канца жыцця свайго апамятаюцца і прыйдуць, і паклон вінаватасці мне аддадуць, з якімі будучы ўжо ў згодзе і ў супольнай міласці, стану перад абліччам тваім і зноў у радасці і весялосці імя тваё святое славіць і ўзносіць разам з імі буду.

О, цяпер ужо іду і прашу тваёй невыпаведнай дабрыні, пашлі ім дар Літасці і Міласэрнасці свае, а сэрца іх сапраўдным розумам напоўні. Распалі ў іх агонь літасці тваёй, каб, слухаючы, разумелі, зразумеўшы — прынялі, прыняўшы — пакутавалі, а праз пакуту каб нябесным тваім жыхарам весялосць учынілі. І паколькі ісці да іх задумала, трэба паразважаць, да каго найперш пайду, каб не распачынаць надарэмнай працы.

Калі ж да простага люду пайду, баюся, каб, убачыўшы мяне, па прастаце і дрэннаму свайму розуму не наскочылі на мяне і рук сваіх у мацярынскай крыві не абмачылі, бо сэрца слугі — цвёрдае і словамі не можа быць навучана, бо хаця што і зразумелае, аднак ні ў якім разе не прыме. Ці пайду таксама да княжатаў, абраных і паноў; на тых, калі б таксама і хацелі добра мяне выслухаць і пры мне застацца, не да канца залежыць, бо падданыя іх не ў справах духоўных павінны ім быць паслухмянымі, але толькі ў свецкіх. Да тых, як бачу, ісці мне трэба, што кіруюць душою, бо і сама справа, пра якую ідзе гаворка, — духоўная. Што і слушна з той прычыны зраблю, бо праз каго прыйшло сапсаванне, каб праз таго ж і выпраўленне адбылося, і якія пачаткам і прычынаю да злога іншым былі, каб праз іх усе да добрага змаглі быць вернутымі. Бо гэта тыя, старанню якіх усе душы давераныя, тыя, якія дарогу праўды на языку насіць абавязаліся і вочы якіх авечак сцерагчы абяцалі. Да гэтых мне след ісці, з гэтымі мне варта гаварыць. Дазволь жа тады, Суцяшальнік Духа святога, спачатку да іх завітаць і змякчыць іх зацвярдзелыя сэрцы, каб прынялі мяне з удзячнасцю і з пільнасцю выслухалі. А я станаўлюся перад тымі, што мянуюцца біскупамі айчыннай маёй спадчыны Расійскай зямлі, і звяртаюся да старэйшага з іх.




Крыніца: http://www.philology.bsu.by
Пераклад: Уладзімір Кароткі

Беларуская Палічка: http://knihi.com