epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхаіл Лермантаў

Барадзіно

«Скажы мне, дзядзька: хоць шугала

Агнём Масква, ды каштавала

Французам страт яна.

Былі ж хвіліны баявыя,

Ды, кажуць, не абы-якія!

І помніць нездарма Расія

Пра дзень Барадзіна!»

 

— Так, знаў людзей я ў нашым часе,

Парода волатаў звялася,

Не той народ — не вы!

Цяжкая іх сустрэла доля:

З іх мала хто вярнуўся з поля…

Каб не святых нябёсаў воля,

Не аддалі б Масквы.

 

Мы доўга моўчкі адступалі.

Злаваліся, баёў чакалі

Вусатыя дзядзькі:

«Што ж? На зімовыя кватэры?

Хіба варожыя намеры

Стрымаь не могуць афіцэры

І рускія штыкі?»

 

І вось знайшлі мясціну ў полі:

Ёсць развінуцца дзе на волі!

Збудованы рэдут.

Не будзе ворагу спагады!

Ледзь ранак асвятліў гарматы

І цёмна-сіні лес зубчаты —

Французы тут як тут.

 

Забіў зарад я ў жэрла туга

І думаў: пачастую друга!

Чакай, братик мусью:

Што хітраваць, выходзь да бою;

Ужо як рушым мы сцяною,

Ужо адкажам галавою

Мы за зямлю сваю!

 

Два дні са стрэльб мы білі ўдала,

Ды сэнсу ў страляніне мала.

Чакаўся трэці дзень.

Скрозь гаманілі, як на вечы:

«Час дабірацца да карцечы!»

І вось на поле грознай сечы

Упаў паўночы цень.

 

Я лёг паспаць каля лафета

І песні чуў да ранку — гэта

Узрадваўся француз.

А наш бівак маўчаў пагрозна:

Хто ківер чысціў свой дапозна,

Хто злосна штык вастрыў і злосна

Кусаў даўжэзны вус.

 

Ледзь ранне неба асвятліла,

У рух прыйшла двух станаў сіла;

За радам рад пайшлі.

Быў наш палкоўнік зухаваты:

Слуга цару і брат салдатам…

Шкада: загінуў над булатам.

Спіць у сырой зямлі.

 

Сказаў ён, бліснуўшы вачамі:

«Браткі! Ці ж не Масква за намі?

Памром жа пад Масквой,

Як нашы продкі паміралі!»

І мы памерці абяцалі,

І клятву гэтую стрымалі

Мы ў Барадзінскі бой.

 

Праз дым, што засцілаў абшары,

Французы рушылі, як хмары,

І ўсё на наш рэдут.

Уланы а яркімі значкамі,

Драгуны з конскімі хвастамі,

Ўсе прамільгнулі перад намі,

Перабывалі тут.

 

Не бачыць вам таго ніколі!..

Сцягі, што цені, беглі ў полі

З бугра і да бугра,

Карцеч над намі візгатала,

І сталь штыкоў калоць прыстала,

І ядрам лётаць замінала

Крывавых цел гара.

 

Зазнаў чужынец, тройчы кляты,

Што значыць рускі бой зацяты,

Наш рукапашны бой!..

Зямлю трасло — як нашы грудзі,

Паблыталіся коні, людзі,

Цяжкіх гармат тысячагуддзе

Вісела над зямлёй…

 

Ды вось сцямнела. Але новы

На ранку бой пачаць суровы

З нас кожны быў гатоў…

Затраскаталі барабаны —

І адступілі басурманы.

Тут пачалі лічыць мы раны,

Лічыць сваіх сяброў.

 

Так, знаў людзей я ў дні былыя,

Асілкі не абы-якія,

Не гэткія, як вы!

Цяжкая выпала ім доля:

З іх мала хто вярнуўся з поля.

Каб не святых нябёсаў воля,

Не аддалі б Масквы.



Пераклад: Аркадзь Куляшоў