Міхаіл Лермантаў

Дзіцяці

Ахоплены былым юнацкім хваляваннем,

З патайнай радасцю, патайным трапятаннем,

Чароўнае дзіця, я позірк твой лаўлю...

Калі б ты ведала, як я цябе люблю!

Як любы мне твае і ўсмешкі маладыя,

І вочы жвавыя, і кучары льняныя,

І звонкі галасок... Ці праўда? кажуць, ты

Падобна да яе... Бяда! ляцяць гады:

Пакуты на яе пячаць сваю паклалі;

Ды мары светлыя той вобраз захавалі

У памяці маёй; плынь часу не кране

Ягоных рыс. — А ты, ці любіш ты мяне?

А можа да пяшчот маіх ты неахвочы?

А ці не часта я твае цалую вочы?

А можа я апёк шчаку тваю слязой? —

Ды з маці гаварыць пра гэты клопат мой

Не след… Дзеля чаго?.. Узрушыш ты, няйначай,

Яе спакой сваёй размоваю дзіцячай.

 

А мне ты праўду ўсю скажы. Калі з табой,

Укленчыўшы, яна вячэрняю парой

Перад маўклівымі стаяла абразамі,

І словы дзіўныя шапталі вусны самі,

І ўсе знаёмыя імёны ўслед за ёй

Ты ціха паўтараў — скажы, у момант той

Нікога больш яна між іх не ўспамінала?

Бляднеючы, яна, магчыма, вымаўляла

Яшчэ адно імя... Яго сягоння ты

Не згадвай. — Што імя? не больш, як гук пусты!

Нічога хай табе не скажа гэта слова...

Але калі яго, як-небудзь, выпадкова,

Пазнаеш ты, дзіця, — свайго маленства дні

Ты ўспомні і імя таго не пракляні!

 

1840



Пераклад: Аркадзь Куляшоў

Беларуская Палічка: http://knihi.com