epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхаіл Лермантаў

Малітва («Я, маці боская, нізка схіляюся...»)

Я, маці боская, нізка схіляюся

Перад табою сягоння з малітваю,

Не аб ратунку прасіць я збіраюся,

Не з пакаяннем і не перад бітваю,

 

Не за душу сваю вечна пустынную,

Не за вандроўніка ў свеце бязроднага;

А я дзяўчыну ўручаю бязвінную

Цёплай заступніцы свету халоднага.

 

Дай жа для сэрца яе незласлівага

Ты спадарожнікаў, поўных сардэчнасці,

Не пашкадуй ёй юнацтва шчаслівага,

Старасць трывожнай пазбаў небяспечнасці.

 

Тэрмін наблізіцца часу апошняга,

Ноччу маўклівай, парою світальнаю,

Лепшага з лепшых анёлка нябёснага

Ты адашлі па душу па крыштальную.



Пераклад: Аркадзь Куляшоў