epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхаіл Лермантаў

Паэт

Кінжал мой зіхаціць аздобай залатой;

      Клінок надзейны, без заганы;

Захоўвае булат гарт таямнічы свой —

      Усходам ратным дараваны.

 

Нямала зім і лет ён конніку ў гарах

      Служыў без платы за паслугу;

Правёў ён страшны след не па адных грудзях

      І не адну прадраў кальчугу.

 

Ён забаўкі дзяліў, як паслухмяны раб,

      Крывёй змываў абразы сорам;

Багатая разьба ў той час яму была б

      Ганебным і чужым уборам.

 

За Церакам яго казак адважны ўзяў

      На трупе ворага халодным,

І доўга ён пасля адкінуты ляжаў

      У гандляра мяху паходным.

 

З героем слаўны шлях прайшоўшы на вайне,

      Ён родныя пакінуў ножны

І цацкай залатой зіхціць на дыване,

      Нікчэмны і бездапаможны!

 

Яго з увагаю і клопатам былым

      Рука не лашчыць баявая,

Ніхто не чысціць сталь і надпісы на ім

      У час малітвы не чытае.

 

У спешчаны наш век хіба не так, паэт,

      Сваё ты страціў прызначэнне,

Не падначальваеш уладзе лірнай свет,

      Прадаўшы золату натхненне?

 

Бывала, мерны гук тваіх магутных слоў

      Вёў ратнікаў на поле бітвы,

Быў неабходны ён, як чара для сяброў,

      Як фіміям дзеля малітвы.

 

Твой верш, як божы дух, лунаў над грамадой

      І рэхам дум высакародных

Гучаў, нібы набат, на вежы вечавой

      У дні і свят і бед народных.

 

Ды надакучыў нам твой просты, горды сказ,

      Нас вабяць штучнасці падманы,

Як драхлая краса, хлуслівасцю акрас

      Наш свет стары падфарбаваны.

 

Ці ты прачнешся зноў, абсмеяны прарок?

      Альбо, пакліканы да бою,

Ты з ножан залатых не вырвеш свой клінок,

      Да рэшты з’едзены іржою?..



Пераклад: Аркадзь Куляшоў