epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхаіл Лермантаў

Радзіма

Люблю радзіму я любоўю трапяткою!

Яе не пераможа розум мой.

Ні славай, купленай крывёю,

Ані паданнямі мінуўшчыны сівой,

Ані даверлівым і гордым супакоем

Не захапляюся я з радасным настроем.

 

Але люблю я стэп, пустынь пяскі,

Яе палёў халоднае маўчанне,

Яе лясоў бясконцых калыханне,

Вясновых рэк яе люблю прастор марскі...

Дарогай палявой я ехаць на калёсах

Люблю і заўважаць, пад колаў мерны бег,

Лучынныя агні яе маркотных вёсак

У цемені начной і думаць пра начлег;

Люблю дымок на раздарожжы,

Агеньчык, што расклаў абоз,

І на пагорку ў жоўтым збожжы

Сям’ю бялявую бяроз.

З увагай, многім не знаёмай,

Гляджу на поўнае гумно,

На хату, крытую саломай,

І з аканіцамі акно;

І ў свята, вечарам імглістым,

Глядзець да поўначы гатоў

На скокі з тупатам і свістам

Пад гоман п’яных мужычкоў.



Пераклад: Аркадзь Куляшоў