epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхаіл Лермантаў

Суседка

Не відаць мне ўжо волі ніколі,

Дні турэмныя крочаць паволі;

І ў акне халадок сінявы,

І стаіць пры дзвярах вартавы!

 

Я б памёр пад аховаю гэткай,

Каб не радасць сустрэчы з суседкай!..

На зары мы прачнуліся з ёй,

Я кіўнуў ёй здалёк галавой.

 

З ёю нас разлучыла няволя,

Паяднала агульная доля,

Парадніла жаданне адно,

Ды за кратамі гэта акно;

 

Сяду я ля акна нерухома,

Волю позірку даўшы, вядома.

Вось насупраць акно яе: стук!

Прывітання сяброўскага гук.

 

На мяне паглядзела шальмоўка!

Да далонькі прыпала галоўка,

І, нібы незнарок для вачэй,

Хустка ўпала з дзявочых плячэй.

 

Цяжка дыхаюць бледныя грудзі,

І не знаюць староннія людзі,

Што сумуе суседка мая

Гэтаксама па волі, як я.

 

Не сумуй, дарагая суседка...

Зажадай — і адчыніцца клетка,

І, як птушкі, з табою пырхнём

Мы ў шырокі прастор за акном.

 

Для мяне ключ у бацькі ўкрадзі ты,

Вартавых баляваць пасадзі ты,

А таго, што стаіць ля дзвярэй,

Сам скручу, ноч была б пацямней.

 

Дачакайся ж ты часу такога,

Напаі свайго бацьку старога,

Ды павесь ты хусцінку знарок

На акно, каб я ўбачыў здалёк.



Пераклад: Аркадзь Куляшоў