Міхаіл Скрыпка

Свіння і Баран

Свіння, задраўшы лыч угору,

Да Барана зайшла ў кантору.

Зарохкала: «Пасаду мне, пасаду...»

Куды б вы думалі? —

У грады!

Баран, абклаўшыся паперамі па вушы,

Убачыў у свінні не лыч, а капялюш.

Ён нават капытом не рушыў,

Спакойна бэкнуў ёй: «Бяру,

Таварыш Хру...»

Праз нейкі час,

Залезшы ў агарод,

Свіння пусціла лыч у ход,

Спаласавала ўсё ушчэнт.

Пасля яшчэ,

Зрабіўшы разварот,

Перакуліла плот...

Калі прынеслі акт аб шкодзе

У агародзе

        Барану,

Той прачытаў і вокам не міргнуў,

Прамармытаў: «Н-ну-н-ну...

Дык як жа так? Чаму ж?

А капялюш?..»

 

Як ты свінню не апранай

I як не кліч —

Заўсёды памятай

Пра лыч.




Крыніца: Скрыпка, Міхаіл Аляксандравіч. З сэрцам і перцам : Байкі,вершы,фельетоны,мініяцюры / Міхась Скрыпка. - Мн. : Маст.літ., 1987. - 319с.,1л.партр.

Беларуская Палічка: http://knihi.com