Міхай Эмінэску

Лучафэр

Паэма

Жыла ў далёкія часы

спрадвеку тут, напэўна,

дзяўчына боскае красы -

патомная царэўна.

 

Расла адна, ёй на зямлі

амаль ніхто не роўня:

ні сонца досвітнага лік,

ні ў зорным небе поўня.

 

Кажнюткім вечарам яна

з'яўлялася з-за люстраў

да проймы золкага вакна

Лучафэру насустрач.

 

Глядзела ўдаль, дзе зноў і зноў

трымцеў ён зіхатліва

і караваны караблёў

па промню вёў імкліва.

 

За ноччу ноч, міналі дні -

у сэрцы сум хаваўся,

і сам Лучафэр з вышыні

ў царэўну закахаўся.

 

Калі ж да самага відна

ў палоне летуценняў

аб зорцы марыла яна, -

знікалі гукі, цені...

 

Ён, углядаючыся ўніз,

неміласэрна блішча,

ледзь толькі ўбачыць між байніц

дзявочае аблічча.

 

*

 

І вось, як полымя, за ёй

струменіцца па зале -

то затрапеча над сцяной,

то са сцяны спаўзае.

 

А як прымоўкнуць гукі ўсе,

калі засне дзяўчына, -

імкнецца прагна да яе

рукамі і вачыма.

 

Адлюстраваны, ён ураз

развее морак ночы,

і ўздрыгваюць - нібы ў адказ -

яе спрасоння вочы.

 

Усмешку шле яму, і ён

мігціць - як цень ад здані,

спяшаецца за ёю ў сон

і ловіць шэпт адданы.

 

І сэрца б'ецца ўсё званчэй,

калі яна ўздыхае:

«О, валадар маіх начэй!

Прыйдзі. Я так чакаю!

 

Лучафэр!.. Родны мой, прашу:

сыдзі ў мае пакоі.

Хачу, каб ты маю душу

навекі супакоіў!»

 

Ён бласлаўляе споведзь-крык

сваім мігценнем зорным...

І раптам, бы маланка, знік

у акіяне чорным.

 

Там, дзе пагашаны агні

на сотні міль наўкола, -

з непераможнай глыбіні

ўстае прыгожы волат.

 

Азораны, ідзе праз лёд,

трымае прад сабою -

са дна - блішчастае жазло,

спавітае травою.

 

Ён - бытта воін пры мячы,

упэўнены, сабраны,

і сіні саван на плячы

тугім вузлом сабраны.

 

З жазлом ва ўчэпістых руках

юнак нячутна крочыць.

На бледным твары мерцвяка

гараць адчайна вочы.

 

«Адтуль, дзе лёс мяне насіў,

дзе ззяў я без патрэбы,

сышоў я, сын стыхійных сіл -

дзіця вады і неба.

 

Каб любавацца не здаля

маглі красой дзявочай,

маім святлом уся зямля

світаць сягоння хоча!

 

Ідзі са мной, сваіх забудзь

дзеля любві нябеснай.

Лучафэр я, а ты мне будзь

жаданаю нявестай.

 

У мой каралавы сезам

ты ўвойдзеш каралевай,

аддам усё табе і сам

схілюся - як прад Евай».

 

«О, ты лагодны - як у сне

анёл, што ўцёк з няволі;

ды ў твой палац, адкрыты мне,

я не ўвайду ніколі.

 

На глыбіні ці ў вышыні

ты паблажэў - не знаю...

Мне холадна ў тваім агні,

ты мёртвы, я - жывая».

 

*

 

Мінае дзень, і два, і тры -

як светач непагасны,

зноў над аблокамі зары

ўзышоў Лучафэр ясны.

 

Зноў вызваляецца ад сну,

хоць памяць і смуткуе, -

неспадзяваную вясну

яе душа святкуе.

 

«Лучафэр!.. Родны мой, прашу:

сыдзі ў мае пакоі.

Хачу, каб ты маю душу

навекі супакоіў!»

 

І вокамгненна ён пагас,

працяты палкім болем,

і неба скурчылася ўраз

ад незямной юдолі.

 

Кружыўся полымны язык

і бушаваў, барвовы, -

ды пасярод хаосу ўзнік

юначы лік суровы.

 

Над кучаравай галавой -

карона залатая:

то рассыпаецца расой,

то промнямі ўзлятае...

 

Але, кароны апрача,

няма ў абліччы руху.

Пад цёмным покрывам плашча

бялеюць воскам рукі.

 

І толькі горача блішчаць

агромністыя вочы.

Іх позірк - верыць і кахаць

да забыцця - ахвочы.

 

«Адтуль, дзе лёс мяне насіў

як спадара самоты,

сышоў я, сын астральных сіл -

сын сонца і цямноты.

 

Хадзі са мной - людзей забудзь

дзеля вясны нябеснай.

Лучафэр я, а ты мне будзь

адданаю нявестай.

 

Анёл у локаны твае

ўпляце вянкі сузор'яў,

пяшчотай-ласкай абаўе

і назаве сястрою».

 

«О, ты цудоўны! Я і ў сне

аб гэтым жа малюся...

Але ў палац, адкрыты мне,

яшчэ ўвайсці баюся.

 

Ад пачуцця, як адкрыцця,

мне страшна - хоць і страсна

ўсе струны зморана трымцяць

журбою невыказнай».

 

«Чаму ж тады, мая мілосць,

гучыць твой плач з амбону?

Я неўміручы - быў і ёсць,

ты ж - смертная да скону».

 

«Не ведаю, дзе сіл займець,

каб выказаць прызнанне.

Цябе хацела б зразумець,

ды сэнсу слоў не знаю.

 

А сапраўды маёй любві

ты носіш вобраз светлы, -

спусціся з неба і жыві

між нас, як рыцар смертны».

 

«Ты неўміручасці маёй

за пацалунак хочаш?

Ну што ж, я прад такой цаной

не апускаю вочы.

 

Зноў нарадзіцца на зямлі

мне будзе вартай платай.

Вярнуся, вольны назусім

ад вечнасці праклятай.

 

Забуду ўсіх сяброў маіх,

пакорна ўдзячны лёсу...» -

Ён так сказаў і ў той жа міг

надоўга знік з нябёсаў.

 

*

 

Глядзеў пажадліва даўно

паж Каталін вясёлы,

што ў кубкі разліваў віно

гасцям падчас застолля, -

 

лісліва пазіраў у твар

царэўне - як ва ўгоду -

красун-манюка і махляр

без роду, без пароду.

 

І колер шчокаў і пагляд

ягоны красамоўна

як гаварылі: быў бы рад

зрадніцца з ёю кроўна.

 

«Якою ружай расцвіла!

Ёй быць маёй дазвання!

Заняцца з ёй пара прыйшла

навукаю кахання».

 

І вось абняў, калі адзін

быў ля яе ў пакоі...

«Чаго ты хочаш, Каталін?

Пакінь мяне ў спакоі».

 

«Чаго хачу? Такі мой сказ:

каб ты не сумавала

і каб з усмешкай хоць бы раз

мяне пацалавала».

 

«Аб тым і слухаць не магу,

юрлівец бессаромны!..

Я ў сэрцы вернасць зберагу

Лучафэру ўсё роўна».

 

«Не можаш слухаць? Выкінь прэч

старыя забабоны!

Ты мне ў каханні не пярэч,

бо тут свае законы.

 

Так у спакуснае сіло

ляцяць нясмела птахі...

Сваю ж руку, нібы крыло,

ты мне давер без страху.

 

Я дакранаюся і - глянь! -

бяру цябе за плечы.

Хутчэй на пальчыкі прыўстань

маім губам настрэчу.

 

Калі схілюся - твар наблізь

і раз, і два, і тройчы...

Вось так бы вечна зверху ўніз

глядзецца вочы ў вочы.

 

Чаму ж разгублена стаім

нібы на паўдарозе?

Хай пацалункі - мой з тваім -

зліваюцца ў знямозе!»

 

Яна глядзіць на блазнюка

і слухае здзіўлёна:

то ўверх узнімецца рука,

то ападзе бязвольна...

 

І кажа так яна хлапцу:

«Мы змалку побач разам.

Ты быў калісьці шалапут,

цяпер жа ты - пралаза!

 

Ды ўстане там, дзе ноч лягла,

Лучафэр зіхатлівы -

бяскрайнім будзе далягляд,

і мора, і залівы...

 

Мне сэрца поўніць смутак-жаль

і слёзы позірк засцяць,

калі імкнуцца хвалі ўдаль,

шалеючы ад страсці.

 

З якой любоўю незямной

ён свеціць мне здалёку!

Ды промень мілы нада мной

не падуладны воку.

 

Ён супыняе шпаркі бег

пакутлівага ззяння,

і мы асуджаны навек

таміцца без спаткання.

 

Таму й цягну я ношу дзён,

нібы ў пустэльні страшнай,

пакуль не завітае ў сон

цень мары недасяжнай».

 

«Дзіця, забудзь пра міражы!

Пакінем замак цесны

і ў невядомы свет збяжым

ад мітусні балеснай.

 

Мы будзем слаўна жыць удвух,

не ведаючы гора;

не будзе мучыцца твой дух

па безнадзейных зорах...»

 

*

 

Ляціць Лучафэр. Небасхіл

накрыў крылатым ценем.

І Млечны Шлях пад шорах крыл -

як вечнае імгненне.

 

Над ім - нязведаны сусвет,

унізе - вір сузор'яў.

А ён - як бліскавіцы след

між той і гэтай прорвай.

 

Застыў ён, злы на вышыню,

і праз касмічны морак

убачыў - як упершыню -

з'яўленне новых зорак.

 

Яны плывуць удалячынь

усцяж прасторы млечнай,

між туманоў і аблачын...

А ён - куды імкнецца?

 

Куды ляжыць яго палёт -

без часу, без граніцаў?..

Туды, дзе нават кволы плод

не можа нарадзіцца.

 

Нішто - прад шэраю зарой,

абложна - як у пушчы,

і цемры страшнае зяўро

ў хаосе невідушчым.

 

«Прашу мяне, мой валадар,

ад вечнасці пазбавіць,

і род людскі за гэты дар

цябе навек праславіць.

 

Ты можаш дараваць жыццё,

і смерць наслаць ты можаш...

Дык забяры ў мяне - што ёсць,

дай іншы лёс мне, Божа!

 

А я ўзамен - бяссмерця німб,

каб збыцца ад вярыгаў.

Ты надзялі мяне адным -

адным кахання мігам!

 

Перажагні апошні раз

упэўненай рукою,

бо, створаны ў спакойны час,

я прагну зноў спакою».

 

«Ты - сын агню і сын вады,

хаўруснік розных лёсаў;

пакуль далёка да бяды -

не патрабуй дзівосаў.

 

Ты чалавекам хочаш стаць,

ва ўсім з людзьмі зраўняцца?

Ім наканована ўміраць,

як потым - нараджацца.

 

Змяняецца ад веку ў век

іх нораў акаянны.

Як хваля - кожны чалавек

у тлумным акіяне.

 

Каму - чакаць канца-бяды,

хто - стрымгалоў з адхону.

А мы - усюды і заўжды,

не ведаючы скону!

 

Зіма вянчаецца вясной -

ні волі, ні спакою.

Пагасне сонца - раніцой

запаліцца другое.

 

Яму стагоддзямі гарэць

над зорнасцю гарэзнай.

Што нараджаецца - памрэ,

каб потым уваскрэснуць.

 

А ты - Лучафэр, ім жа будзь,

ты пан сабе і служка.

Мой ясны свеце, не забудзь

парады гэтай слушнай.

 

Табе на голас дам правы -

стыхіі голас спеўны,

што горы, лес і паплавы

стварае з белай пены.

 

А пажадаеш моц займець

і ўладу без каварства, -

бяры найлепшую з зямель,

будуй айчыну-царства.

 

Я войска дам і караблі,

каб ты прайшоў, як воя,

удаль і ўшыр па ўсёй зямлі...

А смерці - не вымольвай!

 

І - можа, досыць слёзы ліць

па колішняй планеце?

Глянь зверху, калі так баліць:

што робіцца на свеце!»

 

*

 

І зноў Лучафэр як не свой:

з глухога абажура

струменіць шчырае святло

спакойна і панура.

 

Зара пагасла. Вецер сціх,

і ў цемрадзі халоднай

адзін бязлюдны маладзік

дрыжыць на гладзі воднай.

 

Відно ад бляску - прад вадой

часінай вечаровай

аблічча пары маладой

у засені ліповай.

 

«Дай прытуліцца да грудзей

пад гэтым небам ясным,

о ты - мілейшая з людзей

у парыванні страсным!

 

Як сэрцу нерушна, калі

яно ў святле цвярозым!..

Сваім дыханнем наталі

маю душу і розум.

 

Няхай ад роспачы любой

ратуе нас яднанне, -

найпершая мая любоў,

апошняе жаданне!»

 

Глядзіць на іх, як на святых,

Лучафэр неспадзеву:

вязьмом спляліся пальцы іх,

юнак цалуе дзеву.

 

Упаў пялёсткавы туман -

цнатлівы і спакусны,

і асыпаецца духмян

на рукі іх і вусны...

 

Ды, не чакаючы відна,

яна ўзнімае вочы,

і да Лучафэра яна

шле свой прывет дзявочы:

 

«Па тонкім промні слізгані,

мой светач, развітальна,

каб дні заззялі - як агні:

світальна і святарна!»

 

Ён, як бывала, затрымцеў

натхнёна і сурова -

нібыта зноўку захацеў

пачуць жывое слова...

 

Але не стаў насустрач плыць,

не ўпаў на дно марское:

«Усё адно табе, з кім быць -

з другім або са мною.

 

Я тут нічым не памагу,

жыві па-чалавечы.

А я іначай не магу,

мне холадна, я - вечны».

 



Пераклад: Мікола Федзюковіч

Беларуская Палічка: http://knihi.com