epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхайла Грамыка

Аўтабіяграфія

 

Я ўзяўся пісаць «Старонкі сямейнай хронікі», дзе хачу досыць падрабязна расказаць пра сваё жыццё. З гэтай прычыны тут я намячаю толькі галоўныя вехі.

Мой дзед паходзіў з ваколіцы Грамыкі на р. Бесядзь (прытока Сожа). Малазямелле і дрэнная глеба прымушалі частку сыноў амаль кожнай сям’і пакідаць бацькаву гаспадарку і падавацца ў гарады: Гомель, Магілёў, Кіеў. Тут з іх выходзілі дробныя чыноўнікі, прыказчыкі, чыгуначнікі. Вось жа мой дзед Гаўрыла Данілавіч і яго сыны зрабіліся разначынцамі. Родны дзедаў брат Іван Данілавіч і лінія яго сям’і заставаліся ратаямі — хлебаробамі. Дзед служыў у Гомелі. Ажаніўся з каталічкай.

Памёр 26-ці гадоў. Бабка выйшла замуж у другі раз за беларуса — католіка Невяровіча, і сям’я пераехала ў Вільню. У час упартай русіфікацыі абодвух праваслаўных хлопчыкаў з ахвотай прынялі ў духоўнае вучылішча, каб вырваць з-пад уплыву «польскай» сям’і. Уладзіміру было 12 гадоў, Аляксандру— 10, калі адбывалася паўстанне 1863 года. Бацькаў айчым прымаў у ім актыўны ўдзел. Ужо ў школьным узросце я чуў ад бабкі і бацькі апавяданні пра трагедыю паўстання. Асвятляліся людзі і падзеі з розных пунктаў гледжання. Бабка — з поўным спачуваннем; бацька — як праваслаўны рускі «патрыёт». Я цалкам прымаў бабчына асвятленне: шкадаваў «палякаў» і абураўся на казакаў. Хутка пасля паўстання Невяровіч памёр, і бабка вярнулася з дзецьмі ў Гомель. Дзядзька Уладзімір пачаў служыць чыноўнікам, але хутка пераключыўся на прыватную адвакатуру. Браўся за рызыкоўныя справы адсуджваць зямельныя валоданні на карысць нашчадкаў, якія страцілі свае правы. Меў поспех, бо выявіліся ў яго значныя юрыдычныя здольнасці, хоць меў ён асвету ўсяго тры-чатыры класы віленскага духоўнага вучылішча. Бацька пайшоў валанцёрам у полк. Прымаў удзел у турэцкай кампаніі 1877 — 1878 гг. Быў пад Плеўнай. Вярнуўся з паходаў у званні фельдфебеля, вельмі ганарыўся балгарскімі, румынскімі і сербскімі медалямі. Пасля вайны браўся за розныя службы, жыў і ў радні ў Грамыках, выконваючы сялянскія работы, памагаў большаму брату ў ягоных адвакацкіх справах.

Маці маёй ледзь споўнілася шаснаццаць год, калі выйшла замуж. Яна карэнная гамяльчанка з сям’і гарадскога служака Іллі Гаўрылавіча Акушкі. Гэны мой дзед быў католікам з уніятаў. Бабка з матчынага боку, Наталля, родам Клімовіч, была праваслаўнай. Гэта так было тыпова для значнай часткі беларусаў — гараджан. У год, як мне нарадзіцца, дзядзька Уладзімір набыў зямлю каля сяла Чорнае ў былым Рэчыцкім павеце. Надумаў будаваць хутар. Гаспадарыць пасадзіў малодшага брата. Пакуль будаваўся дом, бацька і маці жылі ў сяле. Тут я і нарадзіўся 12 лістапада (31 кастрычніка ст. ст.) 1885 года і запісаны ў прыходскай царкве. Імя далі ў гонар матчынага дзеда, майго прадзеда Міхайлы Клімовіча. Мне было каля трох гадоў, брату чатыры-пяць месяцаў, калі памерла маці. Пахавана яна на вясковых могілках таго ж Чорнага. Хутка дзядзька прадаў хутар. Бацька з дзецьмі перабраўся ў Гомель. Праз пяць гадоў ажаніўся ў другі раз. Заступніца матулі, мачыха, аказалася супраць народных казак сардэчнай жанчынай. Праз усё жыццё з намі яна не рабіла розніцы паміж пасынкамі і роднымі дочкамі. Бацька атрымаў пасаду даверанага і ўправіцеля маёнтка ўдавы магілёўскага настаўніка семінарыі. Толькі па «сегрэгацыйных», як у наш час назвалі б іх, законах царскай дзяржавы звычайны настаўнік і яго ўдава праз «юрыдычнае» ашуканне купца-яўрэя змаглі атрымаць лясныя абшары больш як на дзесяць вёрст. Фальварак каля вёскі Іванішчавічы ў Быхаўскім павеце быў у поўным заняпадзе. Бацька з усёй шчырасцю і ўмельствам узяўся наладжваць гаспадарку. З сямі да трынаццаці гадоў я пражыў багатым на ўражанні жыццём. У гэты час сям’я наша не адчувала матэрыяльнай нястачы. Блізкае знаёмства з нашай прыродай, сялянамі, мовай, рознабаковымі праявамі гаспадаркі, непасрэднае назіранне за дзейнасцю бацькі заклалі ў маю душу пэўныя асновы светапогляду. Толькі значна пазней я даведаўся, што далёка не кожны «аканом» ходзіць з касой першым у касавіцу; падае снапы ў барабан малатарні; вучыць, як крыць гонтамі страху, як рабіць прышчэпы. .. [...]

Дастатак дазволіў паслаць сыноў у гімназію. Калі я перайшоў у трэці клас, бацька, расквітаўшыся з памешчыцай, пераехаў у Магілёў. Тут набыў невялікі, але ладны дамок, прыбудаваў кухню і пакоі для дзяцей. Пры доме быў кветнік і фруктовы сад на 12—15 сотак. Тут я правёў гімназічныя гады, праводзіў большую частку студэнцкіх вакацый. Першыя два-тры гады гарадскога жыцця сям’я яшчэ мела дастатак. Бацька спрабаваў займацца адвакатурай. Але яму не так шанцавала, як дзядзьку Уладзіміру. Ужо з шостага класа я пачаў займацца рэпетытарствам. У пятым класе ўвайшоў у нелегальны вучнёўскі гурток, які пазней узяла пад свой кірунак Магілёўская арганізацыя РСДРП (бальшавікоў). З гэтага часу пачаліся разыходжанні з бацькам па палітычных поглядах і перакананнях. Пазней гэтыя разыходжанні прымалі часам амаль драматычныя формы.

У 1905 годзе я паступіў у Маскоўскі універсітэт на медыцынскі факультэт. Недахоп сродкаў у бацькі (было ўжо трое сясцёр) і малыя заработкі рэпетытарствам прымусілі перайсці на прыродазнаўчае аддзяленне фізіка-матэматычнага факультэта, дзе можна было прыязджаць здаваць экзамены.

Рэвалюцыйны, бурны канец 1905 года я правёў у Маскве. Усерасійская стачка. Маніфест 17 кастрычніка. Вялікая на той час маніфестацыя пахавання Баўмана. Снежаньскія барыкады...

Пасля разгрому рэвалюцыйных дружын на Прэсні я выехаў з Масквы. [...]

У 1906—1907 гг. я ўваходзіў у аграрную групу Магілёўскай арганізацыі РСДРП (бальшавікоў). Агітавалі па вёсках, па мястэчках.

Пасля аднаго такога выезду я захварэў на запаленне лёгкіх. Доктар раіў пажыць на поўдні. Бацькі паслалі мяне ў Растоў і Грозны, дзе асталявалася матчына радня. Гэтыя абставіны, ранняя першая жаніцьба, патрэба хутчэй закончыць асвету — адхілілі ад выканання рэвалюцыйных даручэнняў.

У 1911 годзе я атрымаў дыплом.

У Віленскай акрузе мне ў пасадзе настаўніка сярэдняй школы адмовілі. На пазычаныя пад працэнты грошы я паехаў у Адэсу, дзе жыла сям’я знаёмых па Маскве курсістак. У гэтым горадзе пражыў 10 гадоў, выязджаючы на лета ў Беларусь.

Пасля Лютаўскай рэвалюцыі беларусы-бежанцы арганізаваліся ў Адэсе ў таварыства «Гай». Далучыўся і я да культурна-асветнай працы сярод землякоў. Улетку 1921 г. з групай настаўнікаў пераехаў у Мінск.

Настаўніцкая група наша — «адэсіты», як пачалі нас зваць,— адразу рассыпалася па кватэрах. Мне дастаўся пакойчык на другім паверсе досыць вялікага дома, які нядаўна гарэў.

Жыццё ва ўсіх галінах толькі-толькі наладжвалася. З'язджаліся па закліку урада з усіх бакоў: з Петраграда, Масквы, Урала. Не было памяшканняў для школ і ўстаноў. Будавалі спачатку невялікія і невысокія камяніцы, рамантавалі і пашыралі старыя асабнякі. Напрыклад, у архірэйскім асабняку размясціўся Народны камісарыят асветы.

Было мне 36 гадоў. Але і ў маладзейшыя гады я не адчуваў такога ўздыму жыццёвых сіл, працаздольнасці і творчага захаплення, як тады... Прычыны? Першая — апынуўся я ў родным асяроддзі. Праўда, ужо з 1917 года я пачаў працаваць у арганізацыі беларусаў-бежанцаў «Гай», а пазней — у бежанскіх школах дзіцячага гарадка імя ІІІ Камуністычнага Інтэрнацыянала. З тых часоў я ўжо не аддзяляўся ад нашага народнага жыцця. Другая прычына — жывое акружэнне. Якое то было акружэнне! Я ўглядаўся ў постаці Янкі Купалы, Якуба Коласа, Змітрака Бядулі, Цішкі Гартнага, Максіма Гарэцкага і многіх хоць і меней выдатных, але патрэбных для паўнаты і магутнасці «хору» і «аркестра». Дадаць трэба таксама палітычных дзеячаў-камуністаў, праз якіх толькі і магла рэалізавацца вялізная культурная праца.

З той жа восені 1921 года я пачаў выяўляць сябе ў двух кірунках: навукова-педагагічным і літаратурным. Часам даручаліся мне і адміністрацыйныя абавязкі, напрыклад, школьная інспекцыя, праца ў дырэкцыі тэатра.

Адразу я пачаў выкладаць геалогію і мінералогію ў Белпедтэхнікуме. З дня яго заснавання працаваў у Інстытуце беларускай культуры. Мікола Азбукін і я — галоўныя аўтары нашай навуковай тэрміналогіі ў галіне геаграфіі, геалогіі, грунтоў і хіміі.

Пасяджэнні ў Інбелкульце, на якіх нязменна прысутнічалі Янка Купала, Якуб Колас і выдатнейшыя знаўцы нашай мовы, з месяца ў месяц узбагачалі мае веды моўных законаў. Я пачаў адчуваць грунт, калі пераходзіў да паэтычнай творчасці.

Я рос пад даглядам праслаўленых сыноў нашага народа, якія прыхільна, спрыяльна адносіліся да мяне.

На другі ці трэці год перайшоў ва універсітэт на кафедру геалогіі, кіраўніком якой быў вядомы прафесар, пазней акадэмік Мікола Фёдаравіч Бліадухо. Па яго планах я рабіў маршрутныя выхады і выезды. Прайшоў, між іншым, па беразе прыгажуні Проні ад вытокаў яе каля г. Горак да злучэння з Сожам пад Слаўгарадам (былое мястэчка Прапойск). Пісалася пра мае адносіны да вынаходак нафты ў Рэчыцкім раёне. Справа ў тым, што М. Азбукіну і мне даручана было абследаваць пачатковым маршрутам гэты раён. Верагодна, што ўжо ўлетку 1930 года мы ўгледзелі б некаторыя адзнакі нафты. Памаглі б і распытванні насельнікаў. Магчыма, што ўжо тады па нашых запісах пастаўлена была б буравая разведка. Але наш маршрут быў нечакана спынены.

Культурна-нацыянальнае будаўніцтва ішло між тым поўным тэмпам. Мне прыйшлося ўзяцца за свае дысцыпліны, у выніку чаго надрукаваны былі два падручнікі: «Уводзіны ў крышталеграфію» і «Уводзіны ў мінералогію». Выдадзены яны былі добра, з фотаздымкамі.

Трэба дадаць і трэці момант, спрыяльны для творчасці. Перажываў я ў той час рамантыку кахання. Пры гэтым «лірыка» яго пераходзіла момантамі ў «драму». З Лідай Рытар, якая стала маёй жонкай, мы працавалі разам у Адэсе ў школе-камуне. Прыехалі таксама разам. Яна ставіла па школах-інтэрнатах змястоўныя і вясёлыя вечары самадзейнасці, на якіх часта бывалі Купала, Колас, Бядуля, Чарвякоў і інш. Ці дзіва, што хутка пайшлі ў мяне цэлыя раздзелы вершаў, паэмы («Крылан»), драмы («Над Нёманам»). Так, увесь раздзел старога выдання «Плыні» над назвай «Рытмы кахання» адбівае асабістыя перажыванні. Або невялічкая паэма «Пад бубянцы» (закончана была 8/VI 1922 г.). Пісалася яна ў драматычныя моманты.

У кастрычніку 1923 года нарадзілася наша «пярвушка» Расціслава. «Аа-аа, Росценька! Ляжы, лялька, просценька!» — піша 37-гадовы бацька, для якога яна першая жывая радасць. Так з’явілася паэма «Над калыскай» («Дзіця» — у старым выданні). [...]

У маленькім пакойчыку флігелька, што стаяў на двары дома цешчы артыста Грыгоніса, пісалася больш вялікая паэма «Крылан». Хатка была падзелена пераборкамі на «каюткі». Усю каютку займаў ложак.

Ці не ў той флігелёк зайшоў да нас Якуб Колас? Ці не там паспрачаліся мы аб памерах нашых паэм — «Сымона-музыкі» і «Крылана»? Літаратурны «хлапчук» гарэзліва пераконваў сталага майстра скарачаць ягоную славутую паэму. Прымітыўна-рамантычны «Крылан» і стала-рамантычны «Сымон-музыка»! Толькі нябачнае падтрыманне малой істоты, якая лямантавала на шырокім ложку, магло падбіць мяне на такую гарэзнасць.

У 1926 годзе быў напісаны невялічкі верш «Марынка», які звярнуў на сябе прыхільную ўвагу крытыкі1. Можна падумаць, што верш гэты прысвячаўся другой нашай дачушцы. Але Марына, цяпер доктар гістарычных навук, нарадзілася толькі ў 1927 годзе.

Неяк у маі 1925 года пазванілі мне: «Дзядзька Грамыка! Заўтра 20-годдзе літаратурнай дзейнасці Янкі Купалы. Выручайце. Трэба даць у газету прывітанне». Што тут зробіш. Праз дзве гадзіны быў напісаны і перапісаны верш «Янку Купалу».

Яшчэ ў Адэсе ўлетку 1917 года я пачаў спрабаваць сябе як беларускі пісьменнік. Першай такой спробай, калі не лічыць некалькіх вельмі прымітыўных вершаў, была п’еса «Змітрок з Высокай Буды». Друкавалася яна ў газеце «Вольная Беларусь» у 1918 годзе. П’еса з драматычным уздымам, але наогул досыць слабенькая па структуры і моўным афармленні. Е. Міровіч пачаў быў рыхтаваць яе да пастаноўкі, але хутка ад яе адмовіліся, і добра зрабілі.

З таго часу Я. Купала, М. Красінскі і іншыя настойліва раілі, каб я не кідаў спрабаваць сябе ў драмах. У выніку такіх шчырых сяброўскіх парад з’вілася яшчэ пяць п’ес. Вялікі і разам з тым вельмі сціплы і патрабавальны да сябе Я.Купала казаў, нібыта мне больш «удаюцца» жаночыя тыпы, чымся яму.

У 1929 годзе надрукавана была асобнай кніжкай драма «Каля тэрасы». З поспехам прайшла яна сезон на сцэне 2-га Беларускага дзяржаўнага тэатра. Галоўную ролю — матроса Барыкі — з уздымам праводзіў незабыўны К. Саннікаў. П’еса ў першым друкаваным варыянце мае значныя недахопы і «сырая», але яе дынаміка адпавядае рэвалюцыйнаму ўздыму Кастрычніка. Цяпер я значна перарабіў гэту п’есу, і яна зацікавіла некаторыя калектывы народных тэатраў.

У «Полымі» № 7 за 1929 г. была надрукавана мая камедыя з жыцця студэнтаў «Віно бушуе».

Драма «Над Нёманам» перароблена мной з паэмы «Леснічанка». Матэрыял для паэмы і драмы падказала мне жонка, якая ведала добра на Нёмане месцы, дзе адбываліся паказаныя падзеі. Ставіў п’есу Е. Міровіч, і яна карысталася поспехам. На анкетнае запытанне сярод камсамольцаў, якая п’еса найбольш спадабалася ў мінулым сезоне, большасць адказала: «Над Нёманам». У драме выступала амаль уся трупа 1-га Беларускага дзяржаўнага тэатра (цяпер тэатр імя Я. Купалы), бо ў ёй 21 дзеючая асоба, апрача эпізадычных. На памяць прыходзяць некаторыя ролі. Правадыра паўстанцаў іграў У. Крыловіч; польскага афіцэра Вацлава Ржэвуцкага, які перайшоў на бок паўстанцаў,— Б. Платонаў; ксяндза — Ф. Ждановіч; дачку асадніка Тэклю — мая сястра Кацярына Грамыка. У сучасны момант адзін машынапісны экземпляр п’есы захоўваецца ў мяне, другі — у бібліятэцы тэатра.

З усіх маіх п’ес найболей творчых сіл і часу патрабавала гістарычная драма «Скарынін сын з Полацка». Па стылю яна таксама найбольш апрацаваная. Яна вытрымана была ў памеры пушкінскага «Барыса Гадунова». Памятаю толькі пачатак: «На вежы выбіла чатыры, а доктара ўсё няма з друкарні... І ўчора так, і сёння — кожны дзень!» — скардзіцца служанцы адданая Францішку ягоная жонка. П’еса была пастаўлена ў 1-м Беларускім дзяржаўным тэатры ў юбілей 400-годдзя скарынінскіх выданняў у віленскай друкарні. На афіцыяльным тэатральным экземпляры п’есы стаяў штамп: «Дазваляецца да пастаноўкі на адзін раз». Гэта дало зачэпку добраму сябру майму Міколу Азбукіну пусціць жарцік: «Тваю п’есу будуць ставіць кожныя 400 гадоў!» Аўтарскае права на «Скарыну» я перадаў Беларускай Акадэміі навук. Адзіны ўласны экземпляр выпрасіў у мяне навуковы супрацоўнік акадэміі Мік. Шчакаціхін. Усе іншыя загінулі разам з рознымі архівамі ў час Айчыннай вайны.

Да тэатральнага жыцця я меў дачыненне не толькі як драматург. Уваходзіў я ў склад дырэкцыі 1-га Беларускага дзяржаўнага тэатра. Цёмная зала ў часе генеральных рэпетыцый бачыла мяне, мусіць, не радзей, чым геалагічны кабінет універсітэта.

Было так. Узімку — падрыхтоўка і заняткі са студэнтамі. У вольныя хвіліны — крыху вершаў. Часам накідваўся план п’есы. Здаралася, што напісаны былі першыя дзеі, але напісанае адкідалася і пачыналася занаў. Канчатковая апрацоўка адкладвалася на летні адпачынак. На ўлонні прыроды, дзе-небудзь у Калодзішчах або ў Астрашыцкім Гарадку, канчалася пад восень тая ці іншая п’еса.

Апошняя п’еса мая — «Воўк» — рыхтавалася Е. Міровічам да пастаноўкі ў сезон 1930/31 гг. Па горадзе былі расклеены афішы. Пра гэта інфармавала мяне жонка. Сам я не меў ужо магчымасці бачыць тыя афішы, а п’еса не ўзышла на сцэну.

З 1931 г. я жыў у Івана-Вазнясенску. У 1936 г. пераехаў з сям’ёй у запалярны Кіраўск, дзе раней асталявалася большая з сясцёр. Тут матэрыяльна нам жылося добра. Я працаваў у горным тэхнікуме, жонка — завучам у школе. Тут у нас нарадзіўся сын. Пасля паветранай бамбардзіроўкі Кіраўска 28 чэрвеня 1941 года пачалася эвакуацыя. Я апынуўся ў Пермскай вобласці (Чусавы Гарадок). Праз год пераехаў да сям’і ў Удмурцію. Меў розныя пасады. Нарэшце асталяваўся выкладчыкам Удмурцкага педагагічнага інстытута. Большая дачка выйшла замуж у 1945 годзе за інжынера і пераехала з Іжэўска ў Казань, а пазней пад Маскву. За ёй падалася малодшая і жонка з сынам. Я заставаўся ў Іжэўску да 1948 года. З восені 1948 па 1952 год зноў працаваў у Запалярным горным тэхнікуме. З 1952 года выйшаў на пенсію.

Спрабаваць сябе ў літаратуры пачаў яшчэ студэнтам. Пісаў вершы, невялікія навелы. У 1913—1914 гг. задумаў вершаваны раман, які так і не скончыў.

Поўны разварот некаторых літаратурных здольнасцей праявіўся толькі тады, як перайшоў у творчай працы на мову сваіх дзядоў.

1965—1967 гг.

1 Дарэчы, гэты верш разам з большым крыху вершам «Ванда Карсак» толькі і ўвайшоў з усіх маіх рэчаў у «Анталогію беларускай паэзіі».


1965-1967

Тэкст падаецца паводле выдання: Грамыка, М. Родная пушча: П'есы, вершы, паэмы, успаміны, лісты / Уклад. С.П. Шушкевіч; аўтар прадм. С.С. Лаўшук. - Мн.: Маст. літ., 1987. - 461 с.
Крыніца: скан