Міхайла Грамыка

Пясняр сноў і чараў. Пра творчасць Максіма Багдановіча

 

Надзвычайна радуе вока від дагледжанага саду, поўнага яблык, ігруш і чырвона-крывавага вішання. Нас супакойваюць гэтыя салодка-карысныя вынікі чалавечай пільнай працы — культуры. Але ці не болей узрадуецца вока, убачыўшы сярод такога саду газоны ружовых пялёсткаў, сінькаляровых віолаў і вострых пахам гваздочкаў... Як цягнемся мы да гэтых кветак усёй сваёй істотай і адпачываем адразу... Так, тут добра, тут ужо заможнасць тых, хто гаспадарыць,— бо тут ужо зарадзілася пекната!..

Такой поўнай клюмбай квяцістага згуртавання азначаецца паэзія М. Багдановіча сярод працавітага саду нашае літаратуры.

Ён прайшоў сваё кароткае жыццё ў «зачараваным» царстве ідэалізаванай ім бацькаўшчыны, з нізкай жамчужын-вершаў, якія, нібы пацеркі, перабіраў, звяртаючыся ў песнях-модлах да бога хараства.

Ён мала ведаў рэальную бацькаўшчыну працы й змаганняў. Замест галасоў стогну й барацьбы яму чуўся сумны, маркотны лясун — гэты праабраз вечнай прыроды,— які іграў на нацягнутых струнах танкаствольных хвоек...

Калі іграе лясун-прырода, тады ўсё засынае: і рака, і каласы ў палёх, і няведама, што дрыжыць па лісцях лазняку —

 

Кроплі слёз, ці халоднай расы...

 

Гарачыя слёзы чалавечых вачэй і халодныя росы прыроды аднолькава блізкія гэтаму чуламу ўспрымальніку.

Прырода жыла перад ім мо болей, як перад іншым песняром, бо ён насяляў яе не толькі сваім перажытым, але і ўсім глыбока мінулым народнае творчае фантазіі.

Вось чаму возера сярод бору — гэта люстра, пакінутае лесуном-прыродай, каб паэт мог агледзець у ім увесь свет, усю тую дрыжачую, прамяністую матэрыю, якая, як русалка, блутае свае косы ў сеці-думкі... А белы месяц-фантазія ловіць у гэтыя сеці русалку... І ноч шапоча ім: «Засніце!»

І спіць усё ў яго зачараваным царстве: і асака, і лаза зялёная, і хваля, што ціха коціцца... усё навокал.

Толькі сам пясняр, «заварожаны вячэрняй цішынёй», зліўшыся пачуццём з прыродай, чуе, як «дрыжаць ад ветру зоркі»... Крыштальна-дзяціная душа! Каб чуць гэта, трэба не мець гневу ні проці каго. Ды на каго злаваць грамадзяніну «зачараванага царства»? Хто захоча пакрыўдзіць яго? Хіба «сінявокая» ноч, што па мяккай траве праходзіць... А за ёю туман «быццам дым сіняваты з кадзіла». Ніхто яго не скрыўдзіць, бо ён усім скажа: «Добрай ночы!» І сумна паплыве маладзік у небе вячэрнім, зялёным, як лёд». Бледна-сіні месяц сярод зялёнага, як лёд, неба! Хто бачыць такія колеры, колеры мудрасці й спакою, той мае права

 

Кінуць думкі аб долі гаротнай,

Хоць бы на момант спачыці душой.

 

О, як любілі хворыя грудзі жыццё! Вядома, сваё жыццё,— пекнаты і хараства! Жыццё на волі, дзе над галавой:

 

Дубоў павець.

Віднеюць неба, горы, поле

Праз лісцяў сець.

 

Тут, у яго жыцці, усё добра:

 

...І блеск, і цень,

Той дзень, што мае нарадзіцца,

І знікшы цень.

 

М. Багдановіч — зачараваны месяцам «самнамбул».

 

Месяц выплыў над змрочнай, заснуўшай зямлёй

І павёў яго ў цёмную даль за сабой,

І прывабіў да мглістай, халоднай вады,—

Сэрца білася рыбкай у сеці тады.

Але месяц правёў праз раку светлы шлях.

І развеяўся з сэрца дрыжачага жах.

Зіхацела яна — серабра пуціна,

Увадзіла ў той край, дзе пануе вясна,

Доўга, доўга цябе ён чакаў і шукаў,

Але вось час жаданы нарэшце настаў...

І пайшоў ён па шляху, пайшоў аж да дна:

Агарнула яго цішына, глыбіна!..

 

Уся паэзія паэта-«самнамбулы» ў гэтым вершы. Месяц — гэта яго паэтычнае натхненне. Яно вывела яго да мглістай вады жыцця. І забілася рыбкай сэрца песняра перад гэтым бягучым жыццём-ракой, дзе столькі віроў барацьбы й няпраўды. Ён знайшоў дно, але не звычайнае тваністае дно абывацельства... яго дно — цішыня пазнавання, у якім зараджаюцца зерні немінучай будучыні.

Паэт не дажыў да пары рэальна далучыцца да закладання цаглін будучыні — вось чаму з такой парыўнасцю ён зацікавіўся «Старой Беларуссю». У цішы гэтай мінуўшчыны ён хацеў знайсці той пластычны матэрыял, з якога іншыя маглі б ляпіць сучасныя сацыяльныя формы. Гісторыя паглыбляе сучаснае. Яна дае перспектыву ціхіх, як прысады, вякоў. Ён любіў уяднацца ў гэтыя прысады, каб разабрацца ў гаманлівым, але яшчэ не выразным у яго часы жыцці. Зацікавіўшыся каранямі, ён тым самым як бы прапанаваў зірнуць і ў другі бок народнае культуры, у ствол і галіны, дзе пачынаюць покацца адросткі маладых пралетарскага характару патрэб.

Мінулае ў Багдановіча не толькі апісваецца: яно жыве, праўда, без спарахнелых ужо костак... Яно жыве, бо пясняр аджывіў у ім пекнату.

«Так, рупная пчала ўмее мёд сабраць і з горкіх кветак».

Праз вякі прайшлі запісы і творы... І чаму ж не можа паўстаць з глыбокага гістарычнага сну і дзейнік усяго гэтага — чалавек!

«Парой ён спыніцца, каб лепей завастрыць пяро гусінае, і гляне... Светла сонца стаўпамі падае праз вузкае ваконца, і круціцца ў іх прыгожы, лёгкі пыл; рой хмарачак плыве; шырокімі кругамі ў небе ластаўкі шыбаюць над крыжамі. А тут, каля акна, малінаўка пяе і стукае жаўна...»

Калі так моцна жыве мінулае, то і тое, чым мы напаўняемся сёння, таксама пранясецца праз вякі — вось думка, выплываючая з вершаў Багдановіча.

Правадыр «зачараванага царства» быў надзвычайна вострым эстэтам. Усё пекнае і пластычнае вабіла яго: глыбокая думка, музычны твор, золак, майская раніца, іскрыстае віно!

«Мудрай прамовы мёд залацісты поўныя соты» — яму былі «даспадобы» — «але не меней сэрцу панадны мёд сваім хмелем, светлым і тонкім».

Гэта старажытны грэк у беларускай вопратцы... Толькі грэкі ўмелі так разумець і любіць жыццё. Нездарма наш беларусін-грэк любіў песняра Анакрэона:

 

Бледны, хілы, ўсё ж люблю я

Твой і мудры, і кіпучы верш, Анакрэон!..

Верш такі — як дар прыроды,

Вінаграднае, густое, цёмнае віно:

Дні ідуць, праходзяць годы,—

Але ўсё крапчэй, хмяльнее робіцца яно!

 

Сам пясняр, як ні жадаў,— не мог выпіць поўную чару жыццёвага хмелю... Апрача хваробы, пяшчотнасць, нейкая дзявочая сарамлівасць і глыбокі сум, што агортваў яго, калі ён выходзіў з свайго зачараванага краю ў край праўдзівы,— зрабілі тое, што й самае жывучае з пачуццяў — каханне — ператварылася ў вобразы глыбока драматычныя. «Дзве хмары — грымотная і празрыстыя — жадалі зліцца... ужо чырванелі ад жару... Але далёка іх вецер разнёс, наляцеўшы нячутна. Дробным дажджом над зямлёй, як слязамі, адна пралілася... Гулкім раскатам грымотаў другая ў адказ адазвалася...

І паасобку загінулі хмары бяздольныя тыя, чуючы ў небе, як вецер над смерцю іх радасна вые...»

* * *

Што мы, рэальныя працаўнікі, штодзённыя цагляры, зможам знайсці ў паэзіі «сноў і чараў»?

Мы знойдзем багата чаго карыснага. Надзвычайна выяўлены індывідуаліст і эстэт, Багдановіч не замкнуўся ў сваёй асобе. Творачы хараство, ён добра ведаў, што гэтым хараством не кожны можа і мае права карыстацца. Што трэба яшчэ шмат зрабіць... Каб толькі хапіла сілы змагацца з «грамадскім горам».

Але ён ужо і тады ведаў, што пад шэрым попелам няяснасці тагачасных палітычных адносін, «чырвоны жар гарыць».

Мы, пралетарыі, якія ўжо навучыліся любіць і разумець хараство, павінны берагчы і пільнаваць зярняткі яго, каб перадаць іх тым, што яшчэ толькі праціраюць вочы свае запатнелай далонню.

1923 г




Беларуская Палічка: http://knihi.com