epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхайла Грамыка

Старонкі сямейнай хронікі

Частка першая
  І. АГУЛЬНАЕ
  ІІ. КРЫХУ ГІСТОРЫІ
  ІІІ. СЯМЕЙНЫ «ПЕРАПЛЁТ»
  IV. «ДЗЯДЗЯ ВАЛОДЗЯ»
  V. МАТУЛЯ. СЯЛО ЧОРНАЕ
Частка другая
  І. ЦЁЦЯ АНЯ
  ІІ. ІВАНІШЧАВІЧЫ


Частка першая

 

І. АГУЛЬНАЕ

Продкі мае з бацькавай лініі — карэнныя насельнікі ваколіцы Грамыкі (Старыя Грамыкі, Новыя Грамыкі) на рэчцы Бесядзь (прытока Сожа вышэй Гомеля).

У гэтай ваколіцы, як і ў іншых бліжэйшых (Жалезнікі, Цярэшкавічы) з даўніх часоў асталяваўся такі звычай: частка сыноў заставалася на бацькавай зямлі гаспадарыць; адзін-два падаваліся ў Гомель, Кіеў, Магілёў. Прычына — малазямелле і пясковая глеба. Пры малым развіцці прамысловасці ў гэтых гарадах такія выхадцы, «ізгоі» маглі ісці толькі на розныя службы: у дробныя чыноўнікі, прыказчыкі, дарожнікі. Хто меў магчымасць скончыць гарадское вучылішча (вышэйшае пачатковае), прымаўся ў юнкерскае і выходзіў у пяхотныя афіцэры.

Мой дзед, Гаўрыла Данілавіч, быў якраз такім «ізгоем». А ягоны брат, Іван Данілавіч, заставаўся да канца жыцця «ратаем», поўнакаштоўнай «зямельнай сілай».

Я так і не мог дазнацца ад бацькі, кім служыў у Гомелі мой дзед. Ведаю толькі, што памёр вельмі маладым—26-ці гадоў. Мусіць, служыў дробным павятовым чыноўнікам. У прыгарадзе Гомеля — Беліцы — нарадзіўся мой бацька і яго старэйшы брат.

Усе Грамыкі спрадвеку лічыліся праваслаўнымі. Але мой дзед узяў сабе за жонку каталічку, якая паходзіла з сям’і выхадцаў з Захаду. Ёй было 30 гадоў, калі яна засталася з двума хлопчыкамі — Уладзімірам і Аляксандрам. Бабуля Караліна, застаўшыся маладой удавой, выйшла замуж другі раз за «апалячанага» беларуса — католіка Невяровіча, таксама ўдовага. У яго былі дзеці — сын і дачка. Сям’я перасялілася ў Вільню.

Бацькаў айчым прымаў актыўны ўдзел у паўстанні 1863 года. З дзіцячых гадоў я чуў ад бабулі і бацькі, што ў іх хаваліся паўстанцы.

Вядома, што ў тыя часы праводзілася рашучая русіфікацыя. Абодвух праваслаўных хлопчыкаў-сіротак з ахвотай прынялі ў духоўнае вучылішча1, каб «вырваць» з польска-каталіцкай сям’і. Бацька прайшоў два класы; дзядзька Уладзімір, здаецца, крыху болей.

Я быў у сярэдніх класах гімназіі, калі бацьку патрабавалася трымаць экзамен на «першы класны чын». Ён звяртаўся да мяне па некаторых пытаннях гісторыі, геаграфіі, геаметрыі, што ўваходзілі ў праграму. Але пісаў бацька лепей за мяне па почырку ды і па грамаце на букву «яць», хоць граматычных правілаў і катэгорый не ведаў.

Недахоп школьнай асветы абодва браты дапаўнялі самаадукацыяй праз разнастайнае чытанне, хоць і бессістэмнае. Апрача газет бацька наш калі-нікалі чытаў і такія раманы, як «Великий Розенкрейцер» Саліаса, а са мной разам — нават «Тараса Бульбу», з якім у думках, напэўна, параўноўваў сябе.

Што да дзядзькі, дык той налягаў выключна на юрыспрудэнцыю, аб чым далей.

У часе паўстання Уладзіміру было дванаццаць год, Аляксандру — дзесяць.

У духоўным вучылішчы ўсе палітычныя падзеі тлумачыліся, вядома, з пазіцый праваслаўя і рускага самадзяржаўя. А дома ў «матушкі» і айчыма чыталі каталіцкія кантычкі і маліліся за паўстанцаў у той час, як пад вокнамі праходзілі казацкія патрулі, Уладзімір больш жыццёва дасціпны і прыстасаваны, досыць хутка вызваліўся і ад абрадавага праваслаўя, і ад спецыфікі тагачаснага патрыятызму. Аляксандр, больш наіўны і шчыры, стараўся і ў жыцці праводзіць тое, што закладалі ў душу яго віленскія настаўнікі.

І вось здарылася так, што па-рознаму асвятлялі драму паўстання ён, мой бацька, і ягоная маці, бабуля Караліна. З бацькавых слоў выходзіла, што паўстанцы ўцякалі «до лясу», як толькі бачылі казакаў. Расказваўся належны анекдот. Бабуля з захапленнем апавядала пра вялізныя народныя маніфестацыі за горадам, пра тое, як мужчыны вырывалі коллі з парканаў і адбіваліся ад коннікаў, а жанчыны тыркалі ім у бакі свае зонцікі.

Я, малы хлопчык, туліўся да ўлоння бабулі, слухаючы яе, і ўсёй дзіцячай душой быў разам з паўстанцамі, разам з «палякамі», гатоў быў кідацца на жандараў, на казакаў.

Тут ужо бяссільныя былі бацькавы анекдоты.

Вядома, апавядалася ўсё гэта не адначасова, і кожны быў упэўнены ў моцы сваіх слоў на душу дзяцей — слухачоў. Бабуля Караліна ўжывала выразна акцэнтаваную руска-беларускую мову з падмешкай польскіх слоў. Яна хадзіла ў касцёл, малілася па польскім малітоўніку.

Але лепш за яе ведала нашу мову малодшая бабуліна сястра — бабуля Амалія. Ад яе наслухаўся я багата народных казак ды жартаўлівых апавяданняў на тэмы біблейскіх легенд, калі адну зіму да гімназіі жыў у Гомелі ў яе кватэры. Драўляны старэнькі флігелёк на два пакойчыкі з цёмнай прахадной кухняй. Абстаноўка беднаватая, але цёпла, утульна ў маім куточку за перагародкай, дзе я займаўся з рэпетытарам. Таксама за бабуліным сталом, калі яна ў параўнанні з роднай бабуляй, «шырокая», паважна разлівала каву ці гарбату. Тут я чуў словы — «шуфляда», «коўдра», «рушнік», «пакой» і багата іншых, якія не ўжываліся ў нас дома. Слоўная аснова і гукавы лад мовы маіх дзядоў у значнай меры закладаліся ў бабулі Амаліі.

Бацька наш добра ведаў народную мову, але ў сям’і культываваўся «чистый русский язык».

Вярнуўся назад. Мусіць, хутка пасля паўстання 1863 года памёр бацькаў айчым. Бабуля Караліна вярнулася з Вільні ў Гомель разам з дзецьмі: двое родных сыноў ды няродныя — дачка і сын Невяровічы. Бабуля любіла іх не менш за родных. Тут сваю ролю выявіла рэлігійная злучанасць.

Дачка Невяровіч выйшла замуж за дарожнага майстра. Яе дзецям бабуля старалася дапамагаць. Бацька і дзядзька Уладзімір таксама адносіліся да дзяцей «сястрыцы Насценькі», як да родных пляменнікаў, дапамагаючы матэрыяльна. Старэйшы з іх, Антон Сяўрук, скончыў Гомельскую гімназію, пасля універсітэт, з якога на некалькі гадоў выключаўся за ўдзел у студэнцкім руху. Нарэшце, быў земскім урачом. Я быў у чацвёртым класе, калі ён заехаў да нас у Магілёў перад службай. Насіў яшчэ студэнцкую шэрую тужурку. Прыгожы, цёмна-русы з невялічкімі кучаравымі «бачкамі», ён зрабіў на мяне значнае ўражанне сваёй вытрыманасцю і разумнай размовай, якая не цалкам падабалася майму бацьку. Я даў сабе зарок зрабіцца доктарам. Дык вось, зноў назад.

Дзядзька Уладзімір пачаў служыць у Магілёўскай Казённай палаце, адначасова займаючыся юрыдычнай самаадукацыяй. Бацька паступіў у пяхотны полк. Палкоўнік не хацеў прымаць яго за маларосласць. «Вырасту!» — абяцаў добраахвотнік.

Калі на Балканах пачаўся славянскі рух за вызваленне, бацька кінуўся ў сербскія валанцёры. Старэйшы брат толькі ўхмыляўся: «Ты, Аляксандр, бяры турак у палон, а я ім буду галовы адсякаць!»

Сербская вайна перарасла ў руска-турэцкую. Бацька перайшоў у грэнадзёрскі полк. Быў пад Плеўнай, дайшоў да Адрыянопаля, бачыў востраў Суматракі на Эгейскім моры.

З дзяцінства наслухаўся я ад яго вайсковай героікі пра паходы і бойкі: пра Скобелева і Гурку, пра Асманпашу, які бараніў Плеўну, пра Сулейман-пашу, які, абуўшы знарокам турэцкія лапці, выхваляўся, што скіне рускіх з Шыпкі. Гэты паша «выразаў» нібыта балгарскі горад Эскізагры — 25 тысяч жыхароў! У апавяданнях бацькі была і праўда, былі і тыповыя для таго часу салдацкія байкі.

Доўга пад уплывам гэтай усёй «іліяды» я марыў зрабіцца ваякам, генералам «Скобелевым».

У добрым настроі, сабраўшы вакол сябе дзяцей сваіх, бацька спяваў паўстанцкі балгарскі гімн: «Шуми, Марнца окровавлена! Плаче вдовица, люто ранена. Марш-марш, генерале наш! Марш-марш, добры войницы!» У яго былі сербскія і балгарскія медалі і румынскі крыж. Надзяваў ён іх ва ўрачыстыя дні.

Вярнуўся ваяка з паходаў 1877—1878 гг. усяго толькі ў чыне фельдфебеля (сучасны старшына).

Некаторы час бацька заставаўся ў грэнадзёрах. Затым спрабаваў розныя службы. Напрыклад, цягніковага кандуктара. Жыў і ў Грамыках, і ў сваёй цёткі, бабулі Амаліі, пакуль яна жыла на хутары. Дарма не жыў: фізічна дапамагаў у сельскіх работах.

 

1 Тагачасныя духоўныя семінарыі, якія рыхтавалі свяшчэннікаў, дзяліліся на чатырохкласныя духоўныя вучылішчы і шасцікласныя семінарыі. Усяго трэба было вучыцца дзесяць гадоў.

ІІ. КРЫХУ ГІСТОРЫІ

Некаторы час я вельмі ганарыўся сваімі продкамі. Менавіта тым, што яны не былі ані панамі-прыгоннікамі, якія карысталіся працай замацаваных да іх сялян, ані гэтымі бязвольнымі. Неяк на першым курсе Маскоўскага універсітэта (1905 год, а не 1906, як пішуць у маёй біяграфіі), зайшоўшы ў бібліятэку, убачыў у круглай зале на стэлажах вялізныя тамы энцыклапедыі. Зацікавіўся, бо бачыў такое кніжнае дзіва ўпершыню. Адно-другое слова... «Громыко»: «Старинная литовская дворянская фамилия». Здзівіўся. Значна пазней я растлумачыў сабе. Тэрмін «літоўскі» трэба разумець не ў этнічным сэнсе, як «народ», «німудр», але выключна як назву дзяржавы (Беларуска-літоўскай).

Вядома, што яшчэ ў часы Пушкіна «Літвой» называлі і ўсю Польшчу («Волнения Литвы»...).

Што да «дваранства», то тут зблытана пэўная палітычная вольнасць некаторай часткі земляробаў з класава-прывілейным станам,— я ніколі не чуў пра Грамык-абшарнікаў, якія мелі б прыгонных. Хто ж былі продкі тых, што абраблялі пясковыя глебы па Бесядзі, што часткова прымушаны былі пакідаць свае ваколіцы? Можа, проста «шляхта»?

Наўрад ці так. У асноўнай масе польска-літоўская шляхта, або здрабнелыя паны, якія ўсё ж карысталіся ў мінулым хоць малым лікам прыгонных, або сяляне, якія атрымалі вольнасць за вайсковую службу.

Другая адзнака «шляхты» — цяга да польскіх паноў у сваім побыце, у сваёй веры, у мове. Нічога падобнага не было ў ваколіцах Грамык, Жалежнік, Цярэшкавіч ды і іншых па Бесядзі і Сожы.

Спрадвеку трымаліся праваслаўнай веры, амаль не ўжывалі польскіх слоў; у быце, вопратцы хутчэй адчуваўся ўплыў Украіны або Расіі. Між іншым, не насілі звычайных на Магілёўшчыне белых даматканых світак і шапак-магерак. Адзежай паходзілі хутчэй на «шчарсуноў» з заходняй Міншчыны.

Я тлумачу справу так. Беларуска-літоўскія дзяржаўцы (Гедымінавічы) сялілі на сумежжах з рускімі княствамі вольных людзей, надзяляючы іх зямлёй. За гэта насельнікі павінны былі ставіць дзяржаве ў часе ваеннай небяспекі збройнае апалчэнне. У мірны час людзі памянёных ваколіц былі звычайнымі земляробамі, жылі з ральніцтва і досыць заможна. У некаторых адносінах стан іхні можна параўнаць з украінскім або рускім казацтвам. Але была і пэўная розніца. Казакі ў асноўнай масе набіраліся з беглых прыгоннікаў, якія ратаваліся ад паноў «за парогамі». Або — маскоўскія людзі рознага звання, якія пасоўваліся ў стэпы збройнымі ватажкамі, «каланізавалі» цалінныя прасторы на Доне, Волзе ды іншых паўднёвых рэках.

А вось на Сожы, Бесядзі аселі па ваколіцах людзі «тутэйшыя», не беглыя з розных краін. Яны з самага пачатку, мусіць, мелі пэўныя граматы з азначэннем зямельных правоў і дзяржаўных абавязкаў. Часы ішлі. Літва злілася з Польшчай, пазней — з Расіяй. Сем’і разрасталіся, надзелы драбіліся.

З’явілася новая праслойка — «выхадцы», «ізгоі». Ніколі не чуў я ні ад бацькі, ні ад каго іншага, каб на гаспадарках Грамыкаў карысталіся батракамі. У «прымы» прымалі. Гэта было. Безумоўна, «чысціня» крыві продкаў не змагла захавацца. Гэтым вельмі быў незадаволены наш бацька. Усе звычайныя парушэнні маральнага і грамадскага «кодэкса» ў Грамыкаў тлумачыў ён «мешанінай крыві». Але прагледзеў тое, што сам быў тыповым «мяшанцам». Ды і дзяцей меў ад дзвюх жонак, зусім не «грамычанак». Па ваколіцах большасць жыла заможней за асноўнае сялянства Магілёўшчыны. Хаты — прасторнейшыя, святлейшыя, коні мацнейшыя, колы ў калёсах на жалезным хаду, замест лапцяў — змазаныя боты, замест белых світак і магерак — кажухі, пінжакі, картузы. Чаму так? Першапрычына, што ваколіцы не ведалі прыгону. Другая — што «ізгоі» не адрываліся канчаткова ад радні.

З Гомеля, Магілёва, Кіева ішлі падарункі і грошы. Уся гаспадарчая энергія сям’і цалкам скарыстоўвалася.

 

ІІІ. СЯМЕЙНЫ «ПЕРАПЛЁТ»

Не ва ўсе куткі і закуткі свайго жыцця дазвалялі дарослыя заглядваць нам, малым. А калі мы ўзрасталі, было нялоўка дапытвацца да таго-сяго.

Усё ж можна паставіць галоўныя вехі на жыццёвым шляху старэйшага пакалення. Трэба тут сказаць крыху аб пэўным сямейным «пераплёце».

Сястра бабулі Караліны, бабуля Амалія, якая ўпаміналася, выйшла замуж у сталым ужо веку за дробнага хутараніна Міхайлу Клімовіча. Яго можна было б назваць «шляхцічам», каб ён быў католікам з польскім уплывам. Хутчэй за ўсё Міхайла Клімовіч належаў да той немнагалікай праслойкі беларуска-літоўскіх здрабнелых «дваран», якія захавалі старажытную веру, народную мову і свае звычаі, у поўную процілегласць панам і магнатам. Ён быў удовым, меў дачку і сына.

Дачка Наталля выйшла замуж за карэннага гомельца, дробнага служаку гарадскога магістрата, Ілью Акушку (Окушко). Тыповы беларус з уніятаў, Ілья Гаўрылавіч Акушка, пасля «дабравольнага» ў 1839 годзе «звароту» уніятаў ва ўлонне праваслаўнай царквы, пачаў хадзіць у касцёл, гаварыў на мяшанай беларуска-польскай мове. Дзве яго дачкі ад Наталлі Клімовіч раслі гомельскімі «паненкамі». Часта бывалі яны ў свайго дзеда на хутары каля ваколіцы Цярэшкавічы.

У гэты час бацька мой жыў тут жа ў сваёй роднай цёткі Амаліі. Вядома, вясковае знаёмства, сямейная супольнасць!

Малодшая гамяльчанка Алена (Леначка) усім сваім шчырым сэрцайкам захапілася ладным бывалым ваякам, які апавядаў пра далёкія краіны, пра незвычайныя падзеі. А як добра танцаваў польку! І як умеў шпарка «пракаціць» па ваколіцы на маладым кані!

Каротка кажучы, Леначка Акушка, шаснаццацігадовая русалачка, супраць волі бацькоў звязала жыццё сваё з чалавекам на 14—15 гадоў старэйшым, які меў ужо жонку, праўда, у разводзе.

Натуральным вынікам гэтага, не зусім звычайнага на тыя часы, кахання быў аўтар цякучых старонак «Сямейнай хронікі».

Вось жа. Мая бабуля з матчынага боку, Наталля Міхайлаўна Клімовіч-Акушка, прыходзілася падчарыцай маёй бабулі Амаліі, роднай сястры бабулі Караліны. Іначай: бацькава цётка зрабілася «бабуляй» ягонай жонкі Алены. Трэба адзначыць, што бабуля Амалія вельмі добра адносілася да сваёй няроднай унучкі, маёй матулі Леначкі. Таксама была прыхільная да яе і родная мая бабуля Караліна.

 

IV. «ДЗЯДЗЯ ВАЛОДЗЯ»

У сямейнай хроніцы ўсяго «клана» — Грамыкі, Акушкі, Клімовічы — значную ролю мае Уладзімір Гаўрылавіч Грамыка, наш «дзядзя Валодзя».

Гаварылася ўжо, што абодва браты вучыліся ў Віленскім духоўным вучылішчы. У абодвух рана праявілася здольнасць да тлумачэння і практычнага скарыстання заканадаўства. Асабліва выдаваўся Уладзімір. Нейкі час пасля вяртання бабулі Караліны з дзецьмі з Вільні, ён служыў чыноўнікам Казённай палаты ў Магілёве. Ужо на службе пачаў выступаць прыватным адвакатам па розных дробных справах. Начальству не падабалася сумяшчэнне. На заўвагу начальніка ён досыць гарэзна адказаў: «Вашы чыноўнікі занадта доўга сядзяць за чаем і займаюцца пустаслоўем. Я выконваю ўсю работу за тры гадзіны. На трыццаць рублёў жабрачыць не магу». Але — правілы, парадак!

Давялося пакінуць палату, а разам з ёй і дзяржаўную кватэру. Уладзімір Грамыка не шкадаваў ні формы, ні чыноўніцкай залежнасці. Я памятаю яго толькі ў штацкім сурдуце ды ў дабротным брылі.

Выступленні яго спачатку толькі перад «мировым судьей» былі досыць паспяховымі. Далей — болей. Здараліся салідныя ганарары. «Слава» расла. З Магілёва дзядзька пераехаў у Гомель, дзе бліжэй была радня. Многа часу аддае на самаадукацыю: чытае юрыдычныя творы, дастае старыя выданні законаў. Гарэлкі ані ў губу, у карты не гуляе.

Адно — «жаночы пол» да канца жыцця застаецца для дзядзькі Уладзіміра прывабнай сілай.

Трымаючыся з гонарам, незалежна, ён разам з тым меў здольнасць падыходу да людзей розных станаў. З панамі ён размаўляў на добрай польскай мове; селяніна-магілёўца ў белай світцы разважаў пры выпадку нечаканым жарцікам на ягонай мове; якога-небудзь фурмана з Рагачова ці Вежкі даводзіў да смяшлівага здзіўлення, пачаўшы ў дарозе пытацца ў таго пра інтымныя сямейныя адносіны, пра яго «балабосту» ды на акцэнтаваным местачковым жаргоне. У Гомелі сярод яўрэйскага абывацельства Уладзіміра Грамыку характарызавалі вышэйшай формулай.

Калі дадаць да ўсяго вонкавы выгляд — чарнявая «асірыйская» барада пры сініх вачах, тонка паўднёвы колер твару без смуглаты, нейкая самавітая, «арыстакратычная» постаць — дык будзе досыць зразумелым той «крэдыт», якім карыстаўся дзядзька сярод радні і ў розных колах, з якімі меў практычныя справы.

Хутка Уладзімір Грамыка перайшоў да досыць рызыкоўных юрыдычных вопытаў, «стратэгія» якіх атрымала, нарэшце, такія формы.

Звяртаюцца да яго якія-небудзь браты Случаноўскія, дваранскія «недараслі» па 25—27 гадоў. Яны лічаць сябе нашчадкамі значнага маёнтка, якім валодаў колісь іх дзед ці прадзед. У сучасны момант маёнткам валодаюць часткова манастыр, часткова былы ўправіцель ці які спрытны бакавы нашчадак. Кваліфікаваныя адвакаты, да якіх уперад звярталіся «недараслі», адмаўляюцца ўзяцца за няпэўную справу. Дваранчыкі выглядаюць беднавата. Авансам з іх нічога не возьмеш. Прыйдзецца ўзяць братоў на свой кошт: трэба ж і касцюм, каб паявіцца ва ўстановах, трэба падкормліваць... Тое-сёе пераспытаўся прыватны адвакат, паглядзеў у нейкія паперы, што прынеслі нашчадкі... Нішто! Трэба ўзяцца, трэба рызыкаваць! Поўная даверанасць, у якой пералічаны ўсе правы адваката, прадбачаны ўсе магчымасці, падпісана па ўсіх тагачасных законах.

Адвакат пачынае «ваяж» — Магілёў, Кіеў, Варшава, Пецярбург... Варушацца архівы манастыроў, пастановы ўрадаў аж да часоў Кацярыны ды Станіслава Панятоўскага... Пераглядаюць сенацкія тлумачэнні і г. д.

У поўную напружанасць дапамагаюць Уладзіміру Гаўрылавічу малодшы брат, мой бацька, які да пэўнага часу быў пад аўтарытэтам свайго «непараўнальнага» Уладзіміра, ды яшчэ адзін чалавек.

Гэта быў пісьмавод Уладзіміра Гаўрылавіча, малады, вельмі сухапары і вузкагруды яўрэй, сарамлівы і ціхі. Звалі яго Іофін. Прозвішча гэта было тады Іофе ці імя — так я і не дазнаўся ніколі.

Іофін цалкам быў адданы свайму патрону. Ён выконваў па заданню Уладзіміра Гаўрылавіча нават вельмі «щепетильные» справы. Ды не толькі пісьмаводам, быў і даручным. Ён і «гувернёр» для большых дзядзькавых дзяцей, ён і «нянька» для малых. У ролі «гувернёра» Іофін хадзіў з большымі ў царкву, бо дзядзька не лічыў магчымым губіць свой час на праваслаўныя абрады, а цётка Маша, сама з лютаранскай сям’і, уся пагрузла ў дамаводстве ды чаканні чарговага Уладзіміравіча. Даходзіла да кур’ёзу. Стаіць крыху рудаваты яўрэй з дзецьмі ў царкве, стараецца не звяртаць на сябе ўвагу. У пэўны момант свяшчэннік узглашае: «Оглашенним изидите!.. Елицы вернии господу помолимся».

Формула такая мела практычнае значэнне толькі ў першыя вякі хрысціянства. «Оглашенными» называліся яшчэ не падрыхтаваныя кандыдаты да прыёму ў лона царквы.

Дык вось мой стрыечны брат Мікола (Коля), які быў, мусіць, ужо ў трэцім класе, дзе праходзілася богаслужэнне, звяртаецца да гувернёра: «Іофін, ты чуеш? Ты аглашэнны,— выходзь з царквы!»

«Коля, што ты робіш? — шэпча бядача.— Ты звяртаеш на мяне ўвагу, сароміш!»

Такі чалавек, пакуль не ажаніўся, многа гадоў быў верным дзядзькавым памочнікам.

Адкуль жа дзядзька здабываў грошы, каб весці складаны юрыдычны працэс ды жыць у гэты час з мнагадзетнай сям’ёй? Трэба было апрача паездак ды жыцця па гасцініцах, наймаць землямераў, даручаць кваліфікаваным адвакатам частковыя выступленні і г. д. Словам — грошы і яшчэ раз грошы! Праўда, пакуль цягнуўся галоўны працэс, дзядзька не адмаўляўся і ад больш дробных спраў. Але, праходзіў год-два, а то дык і ўсе тры. Сям’я ўзрасла нарэшце да васьмярых Уладзіміравічаў. Сам «галава» патрабуе на сябе «ільвіную» долю. Заўтра кухарка спытаецца на базар... А тут з Кіева Іофін шле тэлеграму: даведаўся пра дзень пасяджэння Судовай палаты, калі будзе разглядацца канчаткова прэтэнзія братоў Случаноўскіх. Трэба ехаць самому.

Даўно ўжо ён, Ул. Грамыка, выкапаў у кацярынінскіх законах не адменены пасля Кацярыны яе нашчадкамі адзін надзвычайна патрэбны артыкул, якім ён і «казырне» нечакана! Здабывае яшчэ 100—200 рублёў, пакідае з іх крыху дома... Цётка Маша гатова трымаць свайго Валодзю за фалды сурдута... Паехаў!

Праходзіць тыдзень-два... Тэлеграма з Кіева ў Гомель: працэс выйграны... Цётка Маша бяжыць з тэлеграмай да крэдытораў, зноў пазычае, мо апошні раз? Усё ж — адкуль крэдыт?

Напрыклад. Памірае Міхаіл Клімовіч, мой прадзед па матчынай лініі. Бабуля Амалія застаецца ўдавой. Як ужо тлумачылася раней, яна ж родная цётка Уладзіміру і Аляксандру. Нашчадкі Клімовіча прадаюць фальварак каля Цярэшкавіч, каб падзяліцца спадчынай. Дастаецца пэўная частка ўдаве. Любімы Валодзя тут як тут. Ці ж можа ашукаць ён? Ці ж можа не выйграць справу, за якую ўзяўся такі разумны, такі шчаслівы пляменнік? А выйграе — «азалаціць» цётку! Ну, а пакуль што прыйдзецца перабрацца ў Гомель, у стары флігелёк, на два пакойчыкі з пераборкамі, з прахадной цемнаватай кухняй. Як ужо гаварылася, я пражыў у гэтым флігельку адну зіму перад гімназіяй. Доўг пляменнік будзе выплачваць праз усё жыццё даверлівай цётцы.

Былі і іншыя крыніцы крэдыту. Уладзімір Гаўрылавіч умеў пераканаць і Акушку-старога, і некаторых з больш заможных Грамыкаў. Давалі пазыку пад добры працэнт, вядома, гомельскія дзялкі-стараверы і яўрэі. Дык вось,— справа выйграна. Галадранцы-панічы Случаноўскія робяцца ўласнікамі прадзедаўскіх лясоў ды поймаў. Бярэ сваю долю, дый добрую долю, адвакат,— усё абгаворана, усё прадбачана. Дзядзька выплочвае найбольш вострыя пазыкі, але далёка не ўсе. Крэдыт аднаўляецца. Атрыманая доля лесу прадаецца ці закладваецца, каб жыць з дастаткам, каб было з чым брацца за новую падобную справу. «Ланцуговая рэакцыя» праз усё жыццё Уладзіміра Грамыкі, пакуль ланцужок не разрываецца. Але пра тое — далей.

Нястрымны дэспат дзядзька ўсё ж асноўныя сродкі аддаваў «законнай» сям’і. Але нямала перападала і «ўбок», бо гэты «асірыец» з твару быў вельмі ласы, як гаварылася, да жаночых прываб. Ужо ў сталым узросце я даведаўся, што меў недзе, здаецца, у Кацерынаславе (сучасны Днепрапятроўск) прыгожую стрыечную сястрыцу, якая па лініі сваей маткі была крэўнай нашчадніцай біблейскіх гераінь — Сары ды Рахілі.

Наш бацька ніяк не ўспрымаў і не дараваў такія паходжанні свайго брата-шэфа.

Добры сурдут, харковае футра, бабровы каўнер — такім прыязджаў з Гомеля ў Магілёў «дзядзя Валодзя». Запрашае дзяцей у нумар гасцініцы. Тут на стале, на падвакеніцы раскладзены прывабныя пірожныя, яблыкі, грушы... Бяры не лічачы! Дома, праўда, былі свае яблыкі, але пірожных калі-нікалі перападзе па адным...

 

V. МАТУЛЯ. СЯЛО ЧОРНАЕ

У год, калі мне нарадзіцца (1885), у пару кахання Леначкі Акушка і Сашачкі Грамыкі, дзядзька Уладзімір набыў каля сяла Чорнае зямлю: ці то купіў, ці то адсудзіў у мясцовага памешчыка. Надумаў будаваць у досыць прыгожым месцы над азярком дачу-хутар. Брата пасадзіў гаспадарыць.

Уладзімір даваў сродкі. Аляксандр аддаваў усю гаспадарчую здольнасць і спрытнасць. Амаль уласнымі рукамі насадзіў наш бацька малады сад над стромкім берагам возера, зрабіў прышчэпы. Разам з майстрамі абчэсваў, пілаваў, габляваў, лавіў блешняй рыбу. Так хацелася яму пажыць тут спакойна са сваёй Леначкай.

Яна з ахвотай пакінула ў Гомелі бацькоў, у якіх не сустрэла ані разумення, ані спачування свайму сардэчнаму захапленню.

Пакуль будаваўся дом, жылі ў вёсцы. Тут, пэўна, і з’явіўся іхні першачок, запісаны ў прыхадной царкве Міхаілам, у гонар, як раней я казаў, матулінага дзеда, майго прадзеда Клімовіча.

З вёскі перайшлі ў новы дом. Памятаю высокі ганак, светлыя пакоі. Бацька дзівіўся, калі я апісваў пазней план дома, бо мне не было поўных трох гадоў, як выехалі з хутара.

Нядоўга пажыла матуля ў новым доме, пагуляла ў маладым садзе над возерам. Каханы часта адлучаўся па братавых справах. Заставалася з бабуляй Каралінай ды з гарбаценькай добрай нянькай, якую прывезлі ад Акушак. Яна выпеставала і матулю, і мяне.

Ужо студэнтам апошняга курса я атрымаў ад другой бабулі, Наталлі Акушка, лісты нябожчыцы матулі. Бабуля Наталля прыехала ў Маскву лячыць ад слепаты свайго малодшага сына, майго «дзядзю Ваню», ветэрынарнага ўрача. У Маскве бабуля захварэла і памерла на 82-м годзе жыцця.

Дык вось. З гэтых пажоўклых старонак, пісаных амаль дзіцячым почыркам, адрасаваных з вёскі ў Гомель да бацькоў, да сястры і брата, ішоў няспынны сум, адзіноцтва, непакой за «дружочка Сашачку», за дзіця сваё.

Пакінула матуля сонечныя праменні, калі ёй ледзь споўнілася дваццаць год. Засталіся два хлопчыкі: мне было каля трох гадоў, брату чатыры-пяць месяцаў.

Застудзілася матуля, нядоўга пахварэла на запаленне лёгкіх. Лячыць тады такія хваробы амаль не ўмелі, ды і лекары былі далёка.

У памяці маёй застаўся адбітак: светлы пакой, пасярод на высокім ложку спіць родная-родная істота...

«Чаму мама так доўга спіць?» — звяртаюся з балючым пытаннем да бацькі, да бабулі Караліны, да гарбаценькай добрай няні.

Пахаваў бацька сваю падружку на вясковых могілках. Агарадзіў дубовай агароджай. Паставіў дубовы крыж. У крыж уставіў невялікі фотапартрэт пад шклом.

Набожныя жанчыны з вёскі Чорнае доўга прымалі гэты партрэт за абразок нейкай святой.

Хутка пасля смерці матулі дзядзька прадаў хутар дзеля новых планаў. Бацька з хлопчыкамі перабраўся зноў у Гомель. Я жыў або ў цёткі Машы, або ў дзеда Ільі ды бабулі Наталлі Акушак. Вобраз старога чалавека, які падсаджваў мяне на руках, каб я дастаў з дрэва грушу, трымаўся ў маёй памяці.

Я перайшоў ужо ў чацвёрты клас гімназіі. Прыехалі дыліжансам з Магілёва з братам у Гомель у госці. Дзядзя Валодзя надумаў павезці нас ды свайго сына Мікалая ў сяло Чорнае. Спыніліся ў пачатковай школе. Мы спалі на падлозе на саломе, дзядзьку паставілі ложак. На другі дзень пайшлі на могілкі. Дзядзька заспрасіў свяшчэнніка. Адслужылі паніхіду. Я схіліўся на калені перад запыленым партрэцікам...

Што прымусіла чалавека, які не выконваў рэлігійных абрадаў, прыехаць сюды, прывезці дзяцей, выстаяць без брыля паніхіду? Ён жа так бярогся паветра, прастуды.

Мо нейкі водгук сумлення, адказнасці за раннюю смерць, за адзіноцтва нябожчыцы? Чужая душа — цемра!

Ніколі пазней я не меў магчымасці і выпадку наведаць куточак бацькаўшчыны, у якім нарадзіўся, дзе вечна пачывае нейкая фізічная частка роднай істоты, зліваючыся з роднай глебай.

Ад старога сяла Чорнае, мусіць, нічога не засталося. Ані ад могілак, ад дубовага крыжа з партрэцікам... Новая вёска з новай, мусіць, назвай. Гэта не блага. Але памяць аб родных, дарагіх сэрцу людзях павінна праходзіць нерухома праз нашае жыццё і злівацца ў адно аблічча з роднымі нівамі.

 

Частка другая

 

І. ЦЁЦЯ АНЯ

Гадоў пяць бацька жыў удовым. Ні свайго кутка, ні сям’і. Двое хлопчыкаў жывуць на людзях, хоць і не чужых.

Неяк трапілася заехаць аж у Растоў, мусіць, па адвакацкіх дзядзькавых справах. На вуліцы выпадкова сустракае ён дзяўчыну, у якой прызнае зямлячку Ганну Шышкіну. З сям’ёй Шышкіных бацька быў знаёмы здаўна, бо прыходзілася заязджаць на паштовую станцыю па Гомельскай шашы, дзе Шышкін служыў наглядчыкам. Заязджалі і з нябожчыцай нашай матуляй і з яе сястрой.

«Анечка Шышкіна!» — спыняе дзяўчыну на растоўскай вуліцы незнаёмы барадаты мужчына. Яна здзіўлена ўглядаецца.

— Аляксандр... забылася як па бацьку.

— Ён самы, «дзядзя пуд»! — смяецца мужчына, і Ганна Шышкіна канчаткова пераканалася, што не чужы спыніў яе, а знаёмы ўсёй яе бацькавай сям’і, якога празвалі жартам «дзядзя пуд» за тое, што вельмі многа мог з’есці рознай стравы.

Праз паўгадзіны зямляк Аляксандр Гаўрылавіч быў хлебасольна прыняты ў кватэры старэйшай дачкі Шышкіных, Марыі.

Пайшлі ўспаміны і прыемныя і сумныя. Пасля смерці бацькі сям’я Шышкіных перасялілася на поўдзень. Марыя была замужам таксама за беларусам Шымковічам, аўдавела. Двое дзяцей пры ёй. Браты служаць: старэйшы Антон на тарговай прыстані ў Наварасійску, сярэдні Мікалай — памочнік начальніка невялікай станцыі чыгункі; малодшы Генадзь скончыў настаўніцкі інстытут і атрымаў пасаду ў Луганску. Ганна жыве ў заможнай сям'і ў якасці бонны пры дзецях.

«Нікуды не гадзіцца такая справа!» — упаўголаса думае госць з далёкай роднай Гомельшчыны. Сёстры пераглядаюцца... Госць наведвае іх кожны дзень. А праз які тыдзень плоўненскі ваяка робіць штурм на ціхі куток зямлячак: «Прапаную сябе мужам Ганны! Згодны?» Ціхі куток збянтэжана заварушыўся...

— Двое дзяцей, і да іх мачыхай?

— Не мачыхай, але другой маці для сіротак. А для мяне — падруга і паўнапраўная гаспадыня! — паралізуе адмоўны адказ Аляксандр Гаўрылавіч.

Перад вачамі абедзвюх сясцёр паўстаў вясёлы жартаўлівы чалавек, якога прымалі ў Шышкіных, як роднага, які сябраваў і з бацькамі, і з братамі іхнімі, і з імі, дзяўчатамі.

Марыя амаль адразу дала згоду на шлюб і заставалася для нашага бацькі шчырай швагеркай, а для нас — ветлівай «цёцяй Марусяй».

Што да галоўнай гераіні скараспелага рамана, то бацька памылкі не зрабіў. Да канца жыцця свайго (памерлі ў адзін год і ў адзін месяц) Аляксандр і Ганна заставаліся вернымі адзін аднаму таварышамі ў жыццёвай барацьбе. Для мяне і брата ў асобе «цёці Ані», як мы нейкі час называлі яе, бацька знайшоў у праўдзівым значэнні замену роднай матулі. Для яе не было розніцы, што мы абодва хлопчыкі, што яе родныя дачушкі, нашыя сястрыцы. І так праз усё жыццё яе! Хай давеку будзе добрая памяць аб табе, цёця Аня, што з заслуговым правам атрымала ад нас святую назву «мама»!

Вянчанне адклалі, бо жаніху трэба было вярнуцца ў Гомель, справаздачу зрабіць брату, а галоўнае — прывезці адтуль шафера. Як? Няўжо сярод растоўскіх знаёмых ды і радні не знайшлося чалавека патрымаць вянец над галавой нявесты? Знайшоўся б, вядома, але Аляксандру Гаўрылавічу падумалася, каб вянец трымаў яго першачок, яго любы сыночак Мішук! Надумалася, значыць, павінна адбыцца. Ці трэба казаць, якое ўражанне зрабіла гэта жаніхоўская ўхвала на растоўскую новую радню, а крыху пазней — на гомельскі ўвесь «клан»! Ды ці жартачкі адмахнуць з Растова ў Гомель назад у тагачасным цягніку: лічы — трое сутак туды, трое назаді

Усе тры мае бабулі завохкалі:

— Надумаўся! Везці мальца ў Растоў на халеру!

Ішоў 1891/92 год — эпідэмія халеры на поўдні, з цэнтрам якраз у Растове. Бацька адбіваўся ад роднай маці, ад цёткі, ад братавай, ад Акушак.

— Бог не выдасць, свіння не з’есць! Сырой вады піць не будзем, з базара не абмыўшы варам таксама!

І вось я ў Растове. І вось сямігадовы хлопчык трымае вянец, а сам стаіць у царкве на зэдліку, на здзіўленне натоўпу, якога набралася досыць, так што прыйшлося паставіць пераносную загародку, каб натоўп не збіў свяшчэнніка і вянчальных.

Жылі ў кватэры цёці Марусі Шымковіч. Бацька ўстанавіў пэўны рэжым, але елі і кавуны і дыні, хоць з двара час ад часу выносілі нябожчыка. Усё ж не абышлося без напружанага моманту ў сям’і.

Пяцігадовая дзяўчынка цёці Марусі, Зіначка, па недагляду паела тлустых калдуноў ды запіла сырой вадой. Вядома: парнела, схаладзела... Папулярны ў той час у горадзе доктар зірнуў, махнуў безнадзейна рукой і пайшоў на выхад. Але павярнуўся ў калідоры і сказаў:

— Паспрабуйце пакласці ў гарачую ванну, як можа вытрымаць рука!

Вось жа! Гарачыня вырвала Зіначку з ледзяных абдымкаў азіяцкай зладзейкі! І Зіначка засталася, каб праходзіць жыццё сваім шляхам, досыць «гарачым» часамі, як тая ванна, досыць «зімным» часам, як тая «азіятка».

Вярнуліся мы ў Гомель утраіх. Радня сустрэла «мачыху» не надта ласкава, братовыя, гэта значыць цёця Маша і цёця Аня, не сышліся характарам. Акушкі, натуральна, дзьмуліся. Але родная бабуля Караліна прыняла нявестку як належыць. Таксама і бабуля Амалія аднеслася да жонкі любага пляменніка сардэчна. Мы нават пасяліліся на нейкі час у яе цесненькай кватэры.

 

ІІ. ІВАНІШЧАВІЧЫ

Дзяціная воля,

Няспынны голас, —

Адыдзе нядоля,

Як успомню пра вас!

 

У Гомелі пражылі нядоўга. Трэба было недзе асталявацца ўласнай сям’ёй. Не без «саліднай» адвакацкай дапамогі дзядзькі Уладзіміра бацька атрымаў пасаду аканома і даверанага па вялізнай зямельнай і лясной гаспадарцы магілёўскай абывацелькі, удавы настаўніка семінарыі Трускоўскага.

Толькі пры парадках і законах расійскіх цароў магло стаць юрыдычным фактам, што звычайны «разначынец», выкладчык нейкай дысцыпліны ў духоўнай семінарыі, зрабіўся валадаром некалькіх тысяч дзесяцін лясных масіваў, палёў і лугоў.

Дакладна я не ведаю, але справа гэтая мела, мусіць, такую гісторыю. Маёнтак Іванішчавічы каля вёскі той жа назвы ў Быхаўскім павеце некалі належаў польскаму пану. Пасля паўстання 1863 года маёнтак быў канфіскаваны і перапрадаваўся. Апошні валадар прадаў свае абшары, галоўным чынам лясныя, купцу яўрэю. У купца былі грошы, ды не было права валодаць зямлёй. Ён даверыўся «сумленнаму чалавеку» — а як жа: настаўнік духоўнай семінарыі! — ён даў таму грошы (можа, пад нейкі вексель). Настаўнік «купіў» маёнтак. Купчая, усе дакументы ў «парадку»: ашуканага купца адсунулі ўбок, і Трускаўскі, які далей магілёўскіх прыгарадаў, мусіць, і не выходзіў, стаў памешчыкам! Не ведаю, ці зазірнуў ён калі ў фальварак, бо хутка памёр. Нашчадкамі яго зрабіліся — жонка, тыповая «чыноўніца»-мяшчанка ды двое сыноў-гімназістаў.

Дык вось бацька наш, атрымаўшы нечаканую такую грунтоўную пасаду, не разважаючы доўга, забраў жонку, нас, хлопчыкаў, бабулю Караліну і на шэсць гадоў асталяваўся на добрае жыццё.

Ён як бы знайшоў самога сябе: было дзе разгарнуць сваю гаспадарчую і арганізацыйную здольнасць; было дзе выявіць тыя рысы характару, натуры, якія ішлі ад яго продкаў-хлебаробаў.

Што да мяне асабіста, дык Іванішчавічы далі непараўнальныя ўражанні прастору і хараства нашых гоняў і першае знаёмства з народам у працэсе яго пазямельнай працы.

Прыняў бацька фальварак ды і ўсю гаспадарку вялізнага маёнтка ў поўным заняпадзе. Дагэтуль сядзеў на ёй арандатарам нейкі няўдалы і лядашчы шляхціц. Ён жыў нейкі час і пры нас у меншым флігелі, у якім пасля яго пасялілі нас, дзяцей.

Наколькі нядбалы быў гэты, досыць яшчэ малады і фізічна моцны чалавек, сведчыць хоць бы тое, што пасля яго выезду застаўся ў пакойчыку за пераборкай ягоны ложак, які стаяў на бярозавых слупах. Гэта азначала, што сцены флігеля дрэнна трымалі цяпло, і гаспадар залазіў на ложак аж пад столь.

Арандатар доўга не здаваў спраў, і нашаму бацьку прыйшлося амаль сілком «выкурваць» яго.

Памятаю сцэнку: праз шчыліну дашчаных варот, якія вялі з двара ў абору, цягнуць новую дошку ў два бакі — бацька з двума работнікамі і арандатар са сваімі падручнымі. Бацька перацягнуў, але крыху акрывавіў рукі, бо дошка была шурпатая.

Большасць будынкаў прыходзілася перакрываць, нават і галоўны флігель, у якім пасялілася сям’я.

Флігель быў невялікі, дробнашляхецкага гатунку: чатыры пакойчыкі, адкрытая тэраска.

Бацька ўзяўся прыбудаваць кухню і сталовую. Гэтая прыбудова з новага бярвення так і заставалася як бы прылепленай да старых сцямнелых сцен. Кухня была вялізная, з вялікай печкай, на якой маглі спаць двое-трое. Дашчанымі пераборкамі з кухні выдзялялася камора з акном, у якой жыў з жонкай галоўны работнік Іван Бушыла, а таксама аддзялялася маленькая частка, на якую выходзілі пячныя чалеснікі, у якой звычайна гаспадарыла сама «маладая пані» (або «барыня»), гэта значыць наша былая цёця Аня.

Дзверы вялі з гэтай часткі кухні проста ў сталовую. Сталовая, спланаваная, як і кухня, нашым бацькам, уяўляла доўгі пакой з адным акном, якое выходзіла на возера, і дзвярамі на тэрасу. Ані сенцаў, ані тамбура! Узімку халодная шэраватая пара проста ўрывалася ў пакой, калі ўваходзіў хто з дарогі ў футры. Дзверы, праўда, былі абабіты лямцам і звычайна ўваходзілі ў сталовую ў зімовую пару праз кухонныя сенцы і кухню. Ну, а ўлетку затое дзверы з тэрасы ў сталовую амаль не зачыняліся, бо народу назбіралася сесці за вялізны стол досыць. Пра гэта далей.

Бярвенчатыя сцены сталовай былі пабелены па гліне. Калі першай нашай сястрычцы Верачцы было за паўтара гады, яна выкалупала ў гэтай атынкоўцы раўчучок на роўні свайго росту: была ў яе нейкая патрэбнасць есці гліну з вапнай.

Са сталовай вялі дзверы ў «галоўныя» пакойчыкі: першы ад сталовай нейкі невыразны, праходны, з акном на тэрасу, займаў ложак, але не заўсёды; стаялі тут рундукі пад зімовую вопратку, просты стол. З гэтага пакоя ўлева дзверы вялі ў пакой, які можна было б назваць і канторай і кабінетам.

Тут бацька за простым сталом займаўся час ад часу гаспадарчымі падлікамі; тут вёў гаспадарчыя гутаркі з галоўным работнікам Іванам Бушылам, з лесніком, карчмаром і іншымі гэтага «ранга» людзьмі. Адно акно выходзіла на возера, як і са сталовай. Пакой гэты адбіўся ў памяці чамусьці як цемнаваты.

З прыходнага пакою проста ўваходзім у гасціную. Не трэба ўяўляць сабе ў ім мяккую мэблю, дыван на падлозе і г. д. Пакой быў досыць светлы, бо меў тры акны, але амэбляваны вельмі сціпла: канапа, перад ёю стол, некалькі крэслаў, невялічкая шафа, здаецца, з кнігамі; на сценах некалькі гравюр.

Як-ніяк гэта была «гасціная», у якой можна было прыняць рэдкіх паважаных гасцей, напрыклад, свяшчэнніка з даўгамохскай царквы з яго пападдзёй. Толькі раз гэты парадны пакойчык быў практычна скарыстаны: у ім паставілі мой ложак, калі я моцна захварэў на шкарлятыну. Паўтара месяцы праляжаў і прасядзеў я ў пакоі, праз які нам дазвалялася толькі праходзіць у спальню бацькі і маці. Вузенькі, з адным акенцам на тое ж возера, пакойчык гэты здаваўся самым цёплым узімку, самым утульным. Такім ён быў і для бацькоў нашых. Яны знаходзілі ў ім адпачынак пасля клапатлівага дня. Тут стаяў, між іншым, камод, спадчына нябожчыцы матулі. Бацька вельмі даражыў гэтай памяткай. Мама Аня таксама адносілася да яго з вялікай увагай. Яго перавезлі і ў горад. Мэбля гэта, зробленая проста, але дабротна, з ліпавага дрэва, пакрытая чорным лакам, мела тры ніжнія шуфляды для бялізны і адну верхнюю для дробных каштоўных рэчаў. Задняя палавіна гэтай шуфляды была падзелена на глыбокія дробныя скрыначкі з вечкамі. Нейкі вясковы майстра апрацаваў скрыначкі акуратна, пафарбаваў жоўтым лакам. Але, дзіўная рэч: у цэнтры кожнага вечка была вылуплена перачынным ножыкам неакуратная ямінка. Ямінкі гэтыя рашуча дысгарманіравалі з усёй шуфлядай, з усім камодам. Хто так сапсаваў добрую мэблю? З якой прычыны?

Толькі ўжо ў горадзе, калі я быў у трэцім класе, бацька расказаў: дзядзя Валодзя, у адсутнасці брата, зацікавіўся «сакрэтнымі» ячэйкамі, вечкі якіх адчыняліся асобнай «хітрай» прыладай. Бесцырымонна дзядзька пачаў калупаць іх нажом. Дзядзькава няўрымслівасць абурала ў свой час нашага бацьку і таму асабліва, што гэта здарылася яшчэ пры матулі, якая вельмі горасна перанесла такі ўчынак. Кожны раз, як адчынялася верхняя шуфляда камода і я глядзеў на «параненыя» скрыначкі, нейкі боль за матулю ўздымаўся ў маім сэрцы і нейкае незразумелае сямейнае няладдзе ўзнікала ў выабразі.

З апісанага галоўнага флігеля пяройдзем у меншы, у якім прайшла большая частка нашага іванішчавіцкага дзяцінства. Калі асноўны флігель з яго тэраскай-ганкам, з прыбудаванай сталовай і кухняй мелі дробнашляхецкі выгляд, то меншы мала адрозніваўся ад звычайнай вясковай хаты: вышэйшы, праўда, даўжэйшы ды вокны большыя.

Без ганка дзверы адчыняліся ў кухню-сенцы. Звычайная печка, ложак, лаўкі. Адсюль дзверы ў досыць светлы пакой. Адно акно глядзела праз агародзік на галоўны флігель па той бок шырокага двара, другое выходзіла ў сад. За пераборкай — вузенькі пакой з акном таксама ў сад. Сцены пабелены. Грубка адна на абодва пакоі.

Улетку ў гэтым флігелі начавалі апрача мяне з братам дзеці цёці Марусі з Растова. Яна кожнае лета прыязджала гасцяваць у Іванішчавічы. Калі гасцявала і Мар’я Баляслаўна, даўняя сяброўка маміна, то яна з дачкой, годам старэйшай за мяне, таксама ўладкоўваліся ў нашым флігелі.

Звычайна і цёця Маруся і Мар'я Баляслаўна засядзяцца ў галоўным флігелі пасля вячэры: чытаюць уголас, у карты гуляюць. Тады трое хлопчыкаў — я, Лёня растоўскі, брат Шура 6—7 гадоў — і дзве дзяўчынкі — Зіначка, што перанесла халеру, ды Жэня ўкладаліся спаць без дарослых. Або калі і наглядаў хто з іх, дык хутка знікаў, упэўнены, што дзеткі спяць. Але дзеткам гэтым яшчэ доўга не спалася, хоць лямпу і гасілі. Тады на падлозе, дзе покатам укладаліся ўсе пяцёра, пачыналася нейкае асаблівае жыццё, не падобнае да таго, якое ішло ўдзень, пад сонцам. Асновай гэтага жыцця было імкненне ўсебакова «пазнаць» прыроду, сутнасць фізічную дзвюх галін адзінай чалавечай істоты — мужчынскую і жаночую, якія трымаліся пакуль на стадыі хлопчыкаў і дзяўчынак. Нечакана адкідаліся коўдры або прасцірадлы, а часам ускідваліся і кашулькі. Тады вочы прагна шукалі пэўных мясцінак, чакаючы чагось нечаканага, хвалюючага.

Вядома, пачынальнікамі «шуканняў» заставаліся хлопчыкі. Аб’ектыўна магу адзначыць, што я заставаўся найменш актыўным у гульні на падлозе. Мусіць, менш «генавага» тэмпераменту, больш сарамлівасці. Лёня і асабліва мой брацік, жвавы Шурачка, ставілі пытанне рашуча і ясна: «Пакажы!»

Зіначка, дык тая з’яўлялася перад хлопчыкамі, як старажытная Фрына. А вось Жэня рашуча адмаўлялася паказацца ў такім выглядзе, і Лёня, які добра ведаў сваю сястрыцу, так і не дачакаўся параўнаць яе з Жэняй.

Вядома, у накіданых вышэй формах дзіцячага пазнавання сваёй прыроды было досыць такога, што прымушае задумацца педагога і псіхолага. Але ўсё ж яно здасца наіўным у параўнанні з тымі «пазнавальнымі вопытамі», якія ўносіліся ў нашае дзіцячае жыццё хлапчукамі Пецькам ды Грышкам Трускоўскімі, нашчадкамі вялізнага маёнтка, калі яны прыязджалі на канікулы ў Іванішчавічы. Пра гэта далей.

У асенне-зімовую пару, калі госці раз’язджаліся, да нас з братам, каб не былі адны ў флігелі, далучалі маладых работніц, дзяўчат Фроську ды Вольгу ці іншую якую. Тады, на шырокіх нарах, на якіх спалі з аднаго боку дзяўчаты, а мы з братам з другога, «пазнаванне» адбывалася хіба толькі ў дыдактычнай форме. Сярод восеньскай ночы чулася дзявочая размова інтымнага гатунку. Памятаю, напрыклад, такі шэпт: «Я кажу яму: ну, годзе ўжо, Саўка! Ідзі дадому! А ён просіцца: «Яшчэ трошачку, Фросечка, паляжу каля цябе!» — «А як жа ён уваходзіць у хату?» — «Як! Праз акно, вядома. Бацькі спяць на палку, я на лаўцы пад акном...»

І вось у маім уяўленні, калі не моцна спіцца, афармляюцца фантастычныя тлумачэнні пачутых слоў: «праз акно»... «Яшчэ трошачку паляжу каля цябе»...

Так было, мусіць, дзве апошнія зімы. Калі бацька прывёз з Магілёва рэпетытара, ён пасяліўся з намі. Скончыліся таямнічыя шэпты на шырокіх нарах, спыніўся цёплы, прыемны подых, які ішоў ад здаровых чыстых дзявочых целаў.

Сям’я аканома, упраўляючага, была, вядома, у стане «паноў» ці «паўпанкаў», хоць бацька наш не любіў, каб называлі яго «панам», а толькі па імю і па бацьку. Нас звалі — Міша, Шура. Толькі пасварыўшыся, вясковыя хлапчукі дражнілі: паніч, паніч, з...ы лыч! А брата — «Шурачка, авечачка!», бо памяншальнае імя ў нас для Аляксандра, Алеся — Саша, Лесік.

Дык вось, я кажу, што спаннё ўпокат з вясковымі дзяўчаткамі, побач з пэўнымі педагагічна-адмоўнымі бакамі, мела і станоўчыя. Яно падтрымлівала сувязь «панічоў» з народам, яно станавілася ўпрытул як бы з «народным целам». І я лічу, што такая блізкасць была адным з падсвядомых падгалоскаў майго пазнейшага народна-дэмакратычнага светапогляду.

Некалькі слоў пра план фальварка. Нейкае злучэнне салідных, разлічаных на гаспадарчы размах будынін і агульнае ўражанне чагосьці далёка не панскага, дробна-шляхецкага. Ані прысад, якія падводзіліся б да ганка з белымі калонамі, ані каменнай брамы, ані кветнікаў, ані альтанак.

Ужо пры бацьку адноўленыя вароты з дзвюх шулак з перакладзінай вялі на шырокі чатырохкутны двор, процілежны ад варот бок якога быў адгароджаны ад саду. Двор не брукаваны, улетку пакрыты траўкай, увосень досыць гразкі. Пасярэдзіне — калодзеж з доўгім жоравам і цэбрам. Пры калодзежы карыта, у якім узімку паілі толькі коней. Для кароў і свіней карыта стаяла на другім двары, на аборы. На «чысты» двор гэтую патрэбную вельмі, але не дужа «выхаваную» жывёліну не пускалі. Улева ад варот двор замыкаўся чыстымі адрынамі з засекамі пад збожжа і асобна пад мякіну з мукой. Адрыны стаялі досыць высока над грунтам і таму мелі перад дзвярамі памосты. Пад простым кутком да адрын, аддзеленая загароджаным прамежкам, стаяла стайня з цаглянымі слупамі, разлічаная на стаенных коней, а ў той час — добры прытулак для чатырох-пяці не надта каб «выглядных», але досыць дагледжаных дружных рабацяг. Ад стайні была адгароджана «вазоўня», значную частку якой займала дапатопная музейная карэта, якая колісь вазіла «сапраўдных» паноў, а зараз абадраная, ужо без сядзенняў, але яшчэ з вялізным дышлам, яна добра служыла нам, дзецям, у фантастычных падарожжах.

За вазоўняй незабудаваны прамежак, як бы кароткі правулак, ішоў да азёрнага, досыць стромкага спуску. Над гэтым спускам знаходзіліся вельмі патрэбныя ў жыцці, але далёка не эстэтычныя будовінкі, з двара амаль што і непрыкметныя. А за правулкам новай кухні пачынаўся галоўны флігель. Ён як бы замыкаў левы бок двара. Ад галоўнага флігеля да нашага «дзіцячага» флігеля цягнуўся плот, які аддзяляў двор ад саду. Пасярэдзіне гэтага плота — садовыя вароты. Яны якраз прыходзіліся насупраць уязных у двор варот, аб якіх ужо гаварылася.

Дзіцячы флігель ствараў чацвёрты бок нашага «чыстага» абшарнага двара. Флігель гэты непасрэдна пераходзіў у другую «чорную» кухню-хату з сенцамі, з куросаднем. У чорнай кухні гатавалі бульбу свінням, замешвалі пойла каровам, шаткавалі капусту, рабілі іншыя гаспадарчыя справы. На вялізнай печцы ды па лавах спалі тут у халодную пару работнікі эканоміі «другога ранга», напрыклад, высокі сутулы пастух Змітрок, яго падпасак Іванчык, першы мой сябра ў гульні, што не пашкодзіла яму скалоць мне ў сяброўскай бойцы кавалак разца. За кухняй-хатай ішоў дашчаны паркан з веснікамі, аб якіх гаварылася вышэй, у сувязі з «бойкай» нашага бацькі з арандатарам.

А далей — глухая бярвенчатая сцяна хлявоў, якія стваралі асобны двор, так званую абору. Двор гэты меў таксама выгляд чатырохкутніка. З трох бакоў яго выходзілі вароты з хлявоў і свінарняў у сярэдзіну двара. Выпускалі жывёлу толькі праз адны вароты на праезд, на выган. Чацвёрты бок двара-аборы быў заняты паветкамі пад дровы, пад калёсы і сані. Заднія сценкі паветак выходзілі ў сад. Абора высцілалася ўзімку саломай. Сюды выпускалі з хлявоў жывёлу, каб напаіць з вялізнага дашчанага карыта. Ваду прывозілі ў бочцы з прудка. З карытам гэтым, умацаваным на козлах, звязаны вельмі ж вострыя моманты нашых гульняў і забавак. А як жа! Бугай Міхей, «паша» ўсяго хлеўнага «гарэма», выходзіць на салому, пароўквае, азіраецца. «Быська, быська! Міхей, Міхей!» — раздаюцца задзірныя галаскі.

Ён з хвіліну пазірае на гарэзнікаў. .. Рэўкнуў, узняў капытом салому... Момант, і рушыў на ворагаў! Але ворагі ўжо пад карытам, а Міхей з разбегу раптам супыніўся перад моцнымі дошкамі...

Вядома, бацька забараняў нам займацца такой «гульнёй». Але спакуса «вострасці» настолькі вялікая, што нават сынок Міша, які звычайна не парушае бацькавых загадаў, не меў волі адыходзіць ад «гульні» з бугаём.

На галоўны, «чысты» двор выпускаліся толькі коні,— пакачацца. Тут і паілі іх узімку каля калодзежа, тут і запрагалі. З аборы дапускалася цялё, якое паілі каля кухоннага ганка. Мы стаялі вакол і лашчылі яго, пакуль яно сваёй яшчэ «наіўнай» пысай сёрбала пойла. Дапускалася сюды час ад часу і салідная «мамаша» са сваімі 8—10 ружовенькімі парсючкамі, каб яна, паклаўшыся на бок сярод двара, блажэнна рохкаючы, дазваляла сквапным рыльцам церабіць мнагалікія істокі цякучай белай жывільнасці.

Ну, вядома, два султаны-пеўні час ад часу пачыналі бойку за валоданне прывабнымі рознакаляровымі «дамамі», якія досыць абыякава праходзілі міма сваіх «павяліцеляў». І толькі калі заўважалі кроў, падымалі голас. Але да смяротнага канца дуэль чырвонага і чорнага «рыцара» не даходзіла, бо паяўлялася таўстуха Марфа, якая назірала байцоў з кухоннага акна, і аблівала іх вадой.

Хадзілі па двары гусі, качкі, калі вярталіся з возера, клекатаў індык, надзімаючы чырвоныя мясістыя завушніцы, ды парка цэсарак адчувала сябе тут чужакамі, бо наш бацька прызнаваў толькі гусей, хоць і ганяў іх з аўсоў, ды яшчэ добрых пародлівых курачак. Індыкі, цэсаркі — гэта была пэўная суступнасць па жаданню «маладой пані», як называлі работнікі нашу мамашу.

Але досыць сярод жывёліны! Хутчэй туды, дзе можна было разбегчыся, наладзіць гульню!

Сад займаў значную плошчу—каля дзевяці дзесяцін,— але ў ім ніколі не гулялі па прысадах дарослыя, не запрашалі туды і гасцей, бо прысад ніякіх не было, калі не лічыць кароценькую з маладых яшчэ ліп, якая ішла ад варот садовых да капцільні.

Сад малады яшчэ, яблыневы: ані груш, ані вішняў я не памятаю ў ім. Толькі і бяды нам! Затое ж — разгон! Як пусцішся ўгрунь ад капцільні па сцежцы між дрэў да самага пералазу на дарогу, якая тут кутом пераходзіла ў вясковую вуліцу! А тут ужо і першыя хаты-двары. А насустрач хлапчукі з двароў. Пералазім у сад з імі да капцільні, адтуль на возера, на чарот, на вір... Калі даспявалі яблыкі, бацька дазваляў збіраць падалкі. Трэсці дрэвы не дазвалялася ні нам, ні вясковым. Пасля другога «спаса», гэта значыць 15 жніўня старога календара, здымалі першы збор. Заставалася позняя антонаўка. Некалькі мяшкоў адвозілі ў Магілёў Трускоўскай. Бочачку яблыкаў мачылі на зіму. Астатняе ішло ў страву і ўжывалася на хаду, у «вітамінозным» выглядзе, хоць ні гэтага слова, ні разумення і не было яшчэ ў тыя часы.

Не памятаю, каб з боку вёскі здараліся наскокі на сад. З бліжэйшымі вясковымі дзецьмі мы дзяліліся яблыкамі. Яны ж навучылі нас затое, як з зялёнага недаспелага ды зрабіць такое, што можна грызці, хоць і сціскае часам дзясны аскоміна: пабіць яблычка з усіх бакоў кійком.

Бацька сам частаваў спелымі яблыкамі самавітых сялян, якія прыходзілі па справах.

Сад, мусіць, прызначаўся былымі гаспадарамі з мэтай рыначнага тавару, але быў мала дагледжаны. Бацька таксама мала ўвагі аддаваў яму. Садоўніка не было. Стары Хвядос быў адначасова і вартаўніком, які ўначы абыходзіў сад і двор, і падкладаў з восені ў капцільні ў агонь елкі, каб капціліся вяндліна ды каўбасы.

Дрэвы крыху абкопваліся, крыху бяліліся вапнай; на зіму абкладаліся ад зайцоў калючымі лапінамі. Не было гутаркі аб прышчэпах, аб палепшанні гатункаў. Дзіўна! Наш жа бацька насадзіў сад на дзядзькавым хутары Гарадок, каля вёскі Чорнае, дзе я нарадзіўся.

У часе напісання гэтых радкоў, я атрымліваю лісты ад настаўніцы Чарнянскай школы, у якіх яна піша, што сад той захаваўся і краязнаўцы-вучні збіраюцца прыслаць мне яблыкаў з яго.

Другім месцам для дзіцячых гульняў і разгонаў было «гумнішча». Калі прабегчы ад садовых варот праз двор, зірнуўшы ўлева на «наш» флігель, «чорную» кухню, вароты на абору, а ўправа — на галоўны флігель, вазоўню са стайняй, міма свірнаў, ды ў галоўныя вароты, ды праз іх, праз дарогу ў фортку, або зусім ужо вясковыя веснічкі, калі яны былі адсунуты, чакаючы воза з сенам або драбін з пожняў,— дык улётаеш у новы свет захаплення. Але чакайце! Што ж гэта за дом ля самых веснікаў, вузенькім палісаднічкам аддзелены ад дарогі? Ён выглядае вышэйшым за жылыя флігелі і нібы навейшым. І ў тыя часы, калі я прабягаў міма яго на гумнішча, і зараз, калі з сівой барадой трымаю аўтаручку, я так і застаюся без адказу, для каго і для чаго прызначаўся гэты «новы» дом, як вызначалі яго ў фальварку?

Бліжэй за ўсё ён нагадваў яўрэйскі местачковы будынак, у якім можна было мець шынок. А можа, прызначаўся для канторы? Уваход з вуліцы праз ганак. Нейкі пярэдні пакойчык, за ім кухня і выхад на гумнішча. З прыхожай — вялізны пакой з досыць вялікімі вокнамі, за пераборкай — яшчэ пакой, меншы. Сцены пабелены, але нязграбна, неакуратна. Мэбля? Вялізны стол пасярэдзіне большага пакоя, лавы, зэдлікі... І ўсюды нейкі непрыемны пах ці то вапны, ці то мокрай цэглы.

Узімку тут схіляліся над планамі каморнікі. Тут яны і жылі. Улетку на які месяц, ды і то не на кожнае лета, наязджала сама ўласніца дзевяці тысяч дзесяцін абшараў Юлія Рыгораўна Трускоўская. Тады гэты нязграбны дом прыводзіўся, мусіць, у парадак, неяк жа мэбляваўся. Але тады мы, малыя, не забягалі ў яго. Не памятаю, каб Юлія Рыгораўна заходзіла да нас. Нейкія дзіўныя адносіны! Уладарка не выяўляла аніякіх уладарскіх правоў і трымалася хутчэй як нейкая часовая госця ці дачніца. З ёю жылі і яе сынкі Пецька ды Грышка. Без маткі яны жылі з намі ў флігелі.

Самай вялізнай будынінай на гумнішчы была пуня. Уся на моцных дубовых шулах, паміж якіх шчыльна закладзены бярвенні, саламяная страха, добра дагледжаная, яна ляжала на нутраных шулах, перакладзінах, страпілах. Двое парных наскрозь варот, гліняны роўны ток... Нарэшце, вялізнасць, умяшчальнасць будыніны рабіла на дзіцячае ўяўленне вялікае ўражанне. На вялікдзень і аж да касавіцы і зажынак пад страхой пуні падвешваліся арэлі, на якіх з захапленнем гушкаліся хлопцы і дзяўчаты як фальварковыя, так і вясковыя. Наш бацька сам, сваімі моцнымі рукамі, правяраў надзейнасць гэтых арэляў: як закінуты вяроўкі праз самую высокую перакладзіну, як працягнуты яны праз дзіры шырокай дубовай дошкі. Ён адчуваў адказнасць за хлопцаў і дзяўчат. А было аб чым непакоіцца, бо гушкаліся аж пад «канёк». А колькі было смеху, жартаў, часам не зусім... літаратурных прымавак, калі дзяўчаты ўзносіліся ўгару, а хлопцы — Саўка, Грышка, Іванчык сядзелі ўнізе! А мы, малыя, тут як тут! І гэтая «зямельная» маладосць, такая прыбраная на вялікдзень ці ў нядзелю ў чыстыя кашулі даматканага палатна... І гэтая мова, не кранутая яшчэ горадам ці царскай службай,— усё прышчаплялася да вачэй, да вушэй, да маладых душ!

Задняй сцяной пуня выходзіла на досыць высокі і стромкі бераг рачулкі, што цякла праз вёску, уздоўж саду праз возера-пруд, збягала са стаўкоў, прыводзіла ў рух колы млына і сукнавальні, утвараючы ніжэй прудок, і вось тут за пуняй чыстым струмком бегла за гумном між лугоў аж да вёскі Слабодкі і гублялася ля нас. За пуняй, пад старымі ліпамі, што стаялі волатамі над рачулкай, ішла гульня. Тут з жэрдачак і дранак будаваліся нашыя будкі, якія выабраза пашырала да вежаў і замкаў. Адсюль выязджалі на «парках» і «тройках», каб угрунь праскочыць праз гумнішча, двор, трапіць у сад або звярнуць улева на млын і праз мост да кузні і далей...

Якімі жывымі здаваліся нам у 8—9—10 гадоў выразананыя з маладых ліп і бярозак «коні», якія мелі тыя самыя назвы, што і сапраўдныя,— «гняды», «цыганок»...

Цікавы псіхалагічны факт: калі я трапіў упершыню ў Траццякоўку, праз сем гадоў пасля Іванішчавіч, і ўбачыў белага каня пад Дабрынем Мікітавічам на вядомай карціне Васняцова, то адразу ўспомніў свайго белага, бярозавага коніка, а з ім паўстала і пуня, і гумнішча, і ўся дзяціная вясковая розгуль!

Мастацкі твор славутага майстра і дзяціная творчая здольнасць злучыліся ў адно цэлае!

Я падкрэсліваў ужо, што бацька ў поўную меру знайшоў прыстасоўку сваіх гаспадарчых здольнасцей. Прыходзілася ўздымаць усё. Амаль на ўсіх будынках страха працякала. Трэба перакрываць гонтамі або драніцамі. Майстроў сярод іванішчаўцаў не было, бо ўся вёска — і хаты і гумны — спрадвеку крыліся саломай.

Бацька лазіў на страху, паказваў, як устаўляць ганціны адна ў адну, як «прышываць» іх цвічкамі.

З першых дзён вылучыўся сярод падабраных работнікаў Іван Бушыла. З налёту ён пераймаў ад управіцеля ўсе навыкі і стасункі. Хутка Іван вызначыўся не толькі як галоўны работнік, але нават і як намеснік управіцеля, калі Аляксандра Гаўрылавіч выязджаў у Магілёў.

Вышэй сярэдняга росту, сухарлявы, з правільнымі рысамі твару, невялічкай цёмна-русай бародкай і сінімі славяна-беларускімі вачамі Іван Бушыла, каб апрануць яго належна, лёгка сышоў бы за настаўніка гімназіі. Столькі было ў гэтага малапісьменнага маладога іванішчаўца нейкай нутраной прыроджанай інтэлігентнасці, столькі добразычлівай усмешкі! Управіцель цаніў Івана і давяраў яму. А той адказваў шчырым стараннем ва ўсіх галінах запушчанай гаспадаркі.

Малодшы брат, Хведар, быў пастаўлены пры конях і, пакуль не ўзялі яго ў армію, выязджаў на козлах у горад. Управіцель і ажаніў абодвух братоў: Івану сасватаў прыгожую пад стаць яму Ганну, а Хведару дасталася каранастая Мархва.

Ганна была падручнай памочніцай нашай мамашы па дамавой гаспадарцы. Абавязкі Мархвы пашырыліся на ўсю абору, на ўсю малочную гаспадарку і «чорную» кухню. У падпарадкаванні Мархвы былі яшчэ дзве дзяўчыны. Не дужа салодкая доля дасталася вясёлай Мархвушцы, як забрылі лоб яе Хведару. Жыла яна і працавала ў фальварку ў стане салдаткі, на якую меў права прылюдзейна паглядаць і хлопец, і мужчына.

Памятаю такую сцэну. На другі ці трэці год нашага асталявання ў Іванішчавічах заявіўся ў нас бацькаў дальні пляменнік Міцька (з боку цёткі Машы, жонкі дзядзькі Уладзіміра). Чаго ён апынуўся ў нас? Можа, бацька надумаў зрабіць з гэтага недавучкі-шляхцюка падмогу сабе па кіраванню маёнткам? Калі так, дык Аляксандра Гаўрылавіч хутка ўпэўніўся, што выбар яго няўдалы. Фізічна развіты, досыць прыгожы Міцька гэты стаўся вялікай спакусай для дзяўчат і маладух фальварковых і вясковых. Разам з ім гасцявала ў нас і ягоная матка. Чакалі яе неяк узімку з горада. Бацькі ў гэты час у фальварку не было. Ноч, завіруха, а матухны няма! Міцька і кідае рэпліку: «Баюся не столькі за мамашу, як за сваю тройку: заморацца коні!» Тройка была іхняя, уласная, з хутара пад Гомелем.

Нарэшце і матушка і сынок сабраліся дадому. Тройка добрых коней гатова. У вазку сядзіць захутаная цёця Варвара. Міця апрануты ў дублёны кажух, падперазаны на вузел. У руцэ бізун. Пытаецца: «Дзе ж Мархута?» Яе клічуць. Міця абдымае салдатку пры ўсіх, цалуе... Жвава меціцца, падхапляе лейцы... бізун свішча ў паветры. Тройка рванула вазок... Мархута выцірае хусткай вочы і бяжыць у дом, бо не паспела апрануцца.

Як сёння бачу белы картуз на перадзе лініі касцоў-іванішчанцаў. Яны адзін за адным упэўнена, нізка бяруць касой сакавітую траву. Вось-вось самы высокі нагоніць управіцеля. Давядзецца, мусіць, яму саступіць убок. Ды куды там! Паркалёвая ў кветачках кашуля і белы картуз шырокім размахам ідуць і ідуць сабе ўперад! Я тут, на гэтых лужках, што цягнуцца ўздоўж правага берага рачулкі, ніжэй млына і моста. Перапынак. Звонка точаць косы. Некаторыя з касцоў адыходзяць, каб пакляпаць іх. Я чую гутарку ўпаўголаса: «Такі ўправіцель гаспадарку не запусціць! Не тое, што той шляхцюк!», «Нашую работу разумее, нібы сам з мужыкоў», «Кажы! Каб з мужыкоў, дык бы...», «Ціху, пачуе!», «Не любіць, каб панам называлі. Я, кажа, не паляк!», «Барынам, значыцца, каб!» «Гаворыш!» — злуецца на маладога касца яго бацька.— «Аляксандра Гаўрылавіч,— во як!»

Я чую ўсю гэтую гутарку, і мне робіцца прыемна, і я ганаруся сваім бацькам. Упершыню тады паўстала ў мяне пытанне: хто наш бацька, усе мы? Упершыню я зразумеў, што не ўсе ўправіцелі, аканомы аднолькавыя.

Самы дальні лужок пад лесам ляжыць у пакосах. Іван вядзе туды дзесятак дзяўчат і маладзіц з граблямі.

Мусіць, нейкія вольныя жарты адпускае гэты Іван, бо ў хустку смяюцца некаторыя. Пачула б твая Ганна, надзёрла б табе хахол, хоць і смяялася б сама!

Для нас, малых, пачалася пара пераездаў на сене. Перавозілі яго ў пуню ў драбінах: двое драбін у парку коні. Бацька ці Іван закідваюць нас высока на сярэдзіну. Як цікава глядзець адтуль! Нават млын, сукнавальня, будынкі здаюцца нізкімі. А ў пуні скочыш на ўкладзенае сена і пачынаеш «памагаць» разносіць прывезенае па ўсіх кутках. Ходзіш босы, бо бацька не дазваляў таптацца нават у лёгкіх дзіцячых чаравічках. За дзень пераедзеш з лугоў у пуню разы тры.

1962—1969 гг.


1962-1969

Тэкст падаецца паводле выдання: Грамыка М., Родная пушча: П'есы, вершы, паэмы, успаміны, лісты / Уклад. С.П. Шушкевіч; аўтар прадм. С.С. Лаўшук. - Мн.: Маст.літ., 1987. - 461 с.
Крыніца: скан