Над балотам гудзе завіруха...
Ведзьмай носіцца з краю да краю
І змятае з зямлі жыцця пацяруху...
Неба свінцовым дажджом палівае.
Бура ломіць дубы і бярозы-сталеткі,
Выварочвае хвоі з карэннем...
І ўзыходзяць з-пад снегу чырвоныя кветкі,
Непагоды шалёнай насенне.
Мы засыпаны снежнымі іскрамі,
Ломім ногі ў галлі буралому...
Крычым сонцу: «Блізка мы, блізка мы!
К свету Вялікаму! Новаму!»
Нам не страшна мяцеліца смерці
І напевы хаўтурныя ветру...
Ўсё жыццё нам прыходзілась мераць
Агнявыя балоты і нетры.
Завіруха як свішча - мы слухаем...
Песцяць сэрца жалобныя песні...
Свет стары яна смела парухае -
Гэта бура зімы напрадвесні.
Падарожны не згіне ў мяцеліцу,
Шлях ён знойдзе ў тумане балота...
Тут адважнаму путніку верыцца,
Што ўжо хутка міне яго слота.
Сонца гляне - асвеціць палеткі,
Згіне з сэрца бязмерная скруха...
Закрасуюць з-пад снегу чырвоныя кветкі,
Сціхне плакаць жыцця завіруха.
1922