epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Кацюшэнка

Адкрыццё

Парывісты, з падвываннем вецер гнаў па голай зямлі завею, што нервова клалася ў лагчыны, віхрылася слупом і мчалася далей, уздоўж дарогі, што звівалася паміж пагоркамі з рэдкімі пералескамі, за адзінокімі згорбленымі вербамі. У кузаве машыны, знешне шчыльна абцягнутай брызентам, было ветрана. Холадам цягнула з усіх нябачных шчылін, і Самончык стараўся глыбей уцягнуць галаву ў каўнер старога, паношанага кажуха. Сабакам таксама было холадна, яны ціснуліся да ног, стараючыся адагрэцца, але з гэтага нічога не выходзіла, і яны час ад часу пачыналі бегаць па кузаве. А можа, яны не знаходзілі сабе месца зусім не з-за холаду, а ў прадчуванні вялікай работы ў загоне, бо сабакі былі на выгляд і па шматслоўных рэкамендацыях паляўнічых сапраўднымі прафесіяналамі — худымі, паджарымі, з падцягнутымі жыватамі і рэзка акрэсленымі рэбрамі, са слядамі ран на мордзе, спіне. Самончыку здавалася, што сабакі паглядаюць на яго недружалюбна, быццам адчуваючы навічка, нават больш — вялікага прафана ў паляванні. Самончык сядзеў моўчкі, амаль не прымаў удзелу ў размовах, калі можна было назваць размовамі рэдкія рэплікі яго спадарожнікаў. Думак не было ніякіх, наступіла ў душы нейкае незразумелае зацішша, і Самончык быў гатовы спаць бясконца, тым больш што па целе пачала разлівацца цеплыня ад выпітай гарэлкі, і скразнякі, пругкія струмені маладога ветру турбавалі яго ўсё менш, станавіліся незаўважнымі, нават прыемнымі.

— Ну як, не шкадуеш, што паехаў? — каторы ўжо раз пытаўся ў Самончыка яго стары прыяцель Дзмітрый Аляксеевіч Шалан, знешне прамая яму процілегласць, доўгі, худы, з маршчыністым прадаўгаватым тварам, абветраным на рыбалках і паляваннях.

— Вядома, не шкадую, — адказваў Самончык.

Калісьці, у вельмі далёкія часы, падрабязнасці і дэталі якіх усё радзей і радзей ажывалі ў памяці, рабіліся расплывістымі, з іх адыходзілі, быццам раствараліся ў адным класе ў драўлянай, пленнымі немцамі складзенай школе, у ціхім гарадку, што згубіўся сярод лясоў і балот у глыбіні Беларусі, потым лёс іх надоўга разлучыў. Самончык закончыў архітэктурны, цяжка яму гэта далося, даводзілася разгружаць вагоны па начах на таварнай станцыі, каб як-небудзь жыць не надгаладзь, а потым, у пачатку пяцідзесятых, пачаў нажываць гіпадынамію ў адной з шматлюдных праектных арганізацый і, нягледзячы на доўгія гады службы ў ёй, так у прынцыпе і застаўся амаль радавым праекціроўшчыкам, узначаліў у выніку групу, да чаго за столькі гадоў мог даслужыцца любы.

Шалан падаўся ў інстытут, і таксама ў політэхнічны, але пасля года галоднага жыцця забраў дакументы і паехаў у ваеннае вучылішча, адслужыў дваццаць пяць гадоў у аддаленых гарнізонах, за мяжой, потым, выйшаўшы ў запас, вярнуўся ў родныя месцы, пачаў работу ў сацстраху, атрымаў кватэру ў Мінску, і зноў іх дружба ўзнавілася сама па сабе, хоць сустракаліся яны зрэдку, у асноўным толькі на святы. Шалан быў заўзятым паляўнічым, рыбаком, у любую вольную мінуту прападаў на дачы, выводзіў там нейкія невядомыя гатункі яблык, ігруш, сам навучыўся скрыжоўваць розныя гатункі, успомніўшы, відавочна, прафесію свайго дзеда, меў парнік, які даваў яму ранняй вясной пятрушку, агуркі, памідоры. Па сутнасці, у гэтым было ўсё жыццё Шалана. У Самончыка усё было інакш — ні захаплення рыбалкай або паляваннем. Дачы не было, а толькі маленькая трохпакаёвая кватэра ў блочным доме з пастаянным папаўненнем людзей, насяляючых яе... Калісьці, гадоў дваццаць назад, атрымліваючы яе, Самончык быў шчаслівы, дзіва што — перайсці з пакоя на агульнай кухні, ды яшчэ ў доме барачнага тыпу, бярвенчатым, пачарнелым ад часу, прапахлым кухняю і мытай бялізнай, набітым незлічонай колькасцю людзей, у такі палац з дзвюма дочкамі і жонкай! Цяпер Самончык быў загнаны з жонкай у самы маленькі пакой, у дзвюх іншых жылі дочкі з мужамі і дзецьмі. Часта па начах Самончык прачынаўся ад крыкаў унукаў, нярэдка ўзнікалі сваркі паміж сёстрамі, зяцямі, адзін з якіх, муж малодшай, Кацярыны, — Віктар часта выпіваў, яго работа гэтаму садзейнічала, ён быў забеспячэнцам на мясакамбінаце, а муж старэйшай дачкі, Сямён, па спецыяльнасці ўрач, чалавек з усіх бакоў станоўчы, калі і піў, дык толькі армянскі каньяк у малых дозах, кожную раніцу бегаў на зарадку, гуляў у тэніс і лічыў Віктара «практычна чалавекам ніжэйшага саслоўя, пігмеем».

Да Самончыка ў Сямёна, чалавека, які разлічваў на поспех у жыцці і ў гэтым поспеху ніколькі не сумняваўся, былі таксама свае, асаблівыя адносіны. Яго злавала, што Самончык ніяк не можа ў сваім інстытуце дабіцца расшырэння кватэры, яго абыходзяць людзі, якія ў тры разы менш працуюць, а Самончык не можа стукнуць кулаком па стале і патрабаваць свайго, нават больш таго, ён зачастую згаджаецца, што ёсць людзі, яго саслужыўцы, якія маюць большую патрэбу ў расшырэнні, чым ён, што яму ў прынцыпе не да спеху, можна і яшчэ пачакаць гадок-другі. Віктар Самончыку больш падабаўся, з ім можна было пра ўсё пагаварыць па-чалавечаму, ён многае па-сапраўднаму разумеў у жыцці, можа, яшчэ і таму, што ў адрозненне ад піжона па натуры Сямёна сам, без чыёй-небудзь дапамогі, вывучыўся ў інстытуце, да таго ж быў сірата, вырас у дзетдоме, але вось ад кілішка ніяк адмовіцца не мог, і здаралася, падвыпіўшы, моцна шумеў, аднойчы нават усчаў бойку з Сямёнам, і Самончыку разам з жонкай і дочкамі давялося іх разводзіць. Да Віктара жонка Самончыка Варвара Мацвееўна падысці не давала, іх дружбу перапыняла як магла, баючыся, што і Самончык таксама, як бывала ў далёкай маладосці, пачне выпіваць, а ў яго ж сэрца хворае, і ныркі трывожаць, і бяссонніца адолела.

Шалан, даведаўшыся аб жыцці Самончыка, жахнуўся:

— Ды ты, Андруха, так і закіснеш у сваёй багадзельні, калі я цябе на прыроду не выцягну, — гаварыў ён. — Няма чаго табе па суботах, нядзелях дома сядзець, нервы псаваць. Я табе вуды падару, а потым і стрэльбу набудзеш як-небудзь і зразумееш, што набыў другую маладосць. А наогул трэба было табе тады са мной у ваеннае падавацца. Свет бы пабачыў, па гарадах-сёлах пажыў бы, я цяпер, маючы немалую пенсію, у росквіце гадоў хадзіў бы ў пенсіянерах, плюс некаторыя зберажэнні на чорны дзень і клапаціўся б толькі аб жыцці на сваё задавальненне. Так, адбахаў я, трэба сказаць, парадкам, не таю — заелі ўсе гэтыя палігоны, бясконцыя ночы на вучэннях, праверкі ды такое, што табе нават і не снілася. А цяпер — баста. Не ўяўляю, як ты яшчэ амаль дзесяць гадоў да пенсіі круціцца, як блін на патэльні, будзеш. Я б ад тугі памёр.

Самончык толькі ківаў галавой і адказваў:

— Я гарады хацеў будаваць, у Сібір марыў скокнуць, а тут жаніцьба, сам ведаеш, Варвара мая на трэцім курсе зацяжарыла, дзеці пайшлі, усё накрылася. І праектую я ўсё жыццё бытавыя склады, збожжасховішчы. Хто ведаў, што так атрымаецца. Гэта дрэнь справа, калі займаешся тым, што табе не па душы. Іншы раз так моташна становіцца, змяніць нічога ўжо нельга. Позна, вельмі позна.

 

Вецер нечакана сціх. Сонца палосамі высвечвала ўчасткі лесу. Снежная кухта на дрэвах пачала мігцець асляпляльным святлом. Лясны наст зрабіўся яркім, сярэбраным. Там-сям бачылася звярыная сцежка, але гэта было ўсё не тое. Адзін з паляўнічых, пахмурны чалавек з чырвоным тварам, перасечаным сінімі пражылкамі, пэўна, галоўны ў кампаніі, стукнуў кулаком па кабіне.

— Хто разам у нумар пойдзе? — спытаў ён.

— Я, — адразу ж адгукнуўся Шалан. — Вось з ім, — кіўнуў ён на Самончыка, — мы разам.

— А ён страляць хоць умее? — чырванатвары мужык недаверліва паглядзеў на Самончыка.

Самончык сумеўся, потым няўпэўнена прамовіў:

— Ведаеце, не даводзілася, як гэта ні смешна, толькі хіба ў ціры, з пнеўмацічкі.

— Э-э справа так не пойдзе, — пачаў чырванатвары, абводзячы позіркам усю кампанію — яшчэ трох мясцовых мужчын, Шалана і Самончыка. — А калі сякач вось такім клыком пойдзе, — ён маляўніча сагнуў руку ў локці, — тады што?! Я ні за кога адказваць не збіраюся, мне яшчэ жыць хочацца на волі. Прамахнешся, і лічы — пуза распората, а з тваёй, дзядзя, кваліфікацыяй ад секача на дрэва не ўзлезеш.

— Ды кінь, Антон, не пудры людзям мазгі. Па слядах — тваім секачом тут і не пахне. А калі выбежыць каторы, дык Андрэй Максімавіч яго прыкмеціць. Вока, сам ведаеш, у яго пільнае, і прамашак за ім не лічыцца.

— На самай справе, чаго ты завёўся, Антон? — абурыўся Шалан, якога тон Антона, відаць, самога спачатку збянтэжыў. — Усё добра будзе.

— Ну, добра, — махнуў рукой Антон. — Давай хоць спачатку пакажам яму, як страляць, а то возьме ненарокам ды ў каго-небудзь з нас пальне, а то ў сябе, што не лепей.

Саскочылі на зямлю. Сабакі кінуліся выпісваць кругі вакол машыны, абнюхваючы кожны куст. Яны чакалі каманду і паводзілі сябе больш нецярпліва, чым людзі. У Самончыка здранцвелі ногі, яны здаваліся яму ватнымі яшчэ, відаць, і ад няўпэўненасці, якая была выклікана прадстаячым выстралам.

— Ружжо трымаць трэба заўсёды дулам да сябе і не ўбок, а ўгору. Зараджаць трэба вось так, — Антон тлумачыў, а Самончык адчуваў сябе пад позіркамі паляўнічых шкаляром, яго пульхныя шчокі, расчырванелыя ад марозу, яшчэ больш запунсавелі. Ён уяўляў, якімі б словамі ахрысціў яго зяць Віктар, каб стаў сведкам гэтага ганебнага для Самончыка моманту.

Шалан стаяў убаку і быццам бы ўнутрана насміхаўся, ва ўсякім выпадку, твар яго меў іранічны, як здавалася Самончыку, выраз.

Нарэшце ён прыціснуў ружжо да пляча і пачаў цэліцца, як вучыў яго Антон, у вершаліну разлапістай, пакрытай шчыльнай шапкай елі. Ён націснуў на курок, яго моцна, як яму здалося, ударыла ў плячо, і адразу ад выстралу заклала вушы. Самончык убачыў, як з елкі, быццам пры запаволенай здымцы, пасыпаўся снег, паляцелі сукі, галінкі.

— А што, нічога бахае! — усклікнуў Шалан. — Калі так справа пойдзе, ён секача раней за ўсіх пакладзе.

Самончык цяжка дыхаў, быццам прабег некалькі кіламетраў, выціраў пот, што выступіў на твары, і адчуваў нейкую незразумелую палёгку — пачуццё няяснай віны перад паляўнічымі.

— Заставайцеся тут, — сказаў Антон. — Яшчэ два нумары, метраў за сто пяцьдзесят кожны развязём. Будзьце ўважлівыя, я тут на тым тыдні сахатых бачыў. Мы пойдзем у заслон, я і Колька.

Самончык з Шаланам засталіся, астатнія ўскочылі ў кузаў, і машына кранулася. Толькі сабакі засталіся на зямлі, пабеглі следам за машынай.

— Ну вось ты і паляўнічы, — Шалан засмяяўся, пляснуўшы Самончыка па плячы. — Сам таго не разумееш, у якое вялікае, адчайнае братэрства ўступаеш, якое жыццё перад табой, хоць і пазненька, але не позна, дзякуючы мне, пачынаецца. А то прама перад мужчынамі няёмка, чалавеку пад палціннік, а ружжо ў руках трымаць не можа.

— Ды ўжо не самым лепшым чынам усё атрымалася, — згадзіўся Самончык. — Але ўсё гэта глупства, я навучуся страляць. Не так гэта ўжо складана, а вока ў мяне пакуль яшчэ не старэчае, наганю.

Яны стаялі пад высокай елкай, вакол было ціха, быццам усё замерла, быццам у прыродзе ўсё спынілася.

— Цудоўны дзень. Я так даўно не быў у лесе, — са шкадаваннем прамовіў Самончык, — толькі хіба ў санаторыі паўтара года назад. Але ж які там лес, усе пасля працэдур давяцца па кустах гарэлкай, гарлапаняць, навакол абрыўкі газет, шклянкі-бляшанкі. А вось так, ды яшчэ зімой, даўно не быў, успомніць нават не магу калі...

— А я кожны тыдзень два дні, і ўсё тут, больш ведаць нічога не хачу. А пасля работы, бывае, выскачу на Мінскае мора, плоткі там добра бяруцца. Летам на лодцы, а ўзімку палонку свідрую. І больш ведаць нічога не хачу. Забяры ў мяне ўсё гэта, Андруха, дык я адразу памру, кулю сабе ў лоб пушчу, — Шалан гаварыў, кожнае слова вымаўляючы пераканана, быццам з ім нехта спрачаўся, — я даўно зразумеў ужо — трэба займацца сабой, жыць больш на прыродзе. А астатняе так, для бачнасці.

— Я цябе не зусім разумею, што ты маеш на ўвазе пад астатнім?

— А тое, што ў жыцці надрывацца на рабоце асабліва не трэба. Толку ніякага. Толькі матор калі-небудзь лопне, як мыльны пузыр. Ведаеш, дзеці іх вельмі добра налаўчыліся пускаць, нават трубачкі спецыяльна для гэтага прадаюцца. Я яшчэ ў арміі быў, калі зразумеў — каб генералам стаць, трэба во як надрывацца! — стаў служыць ціха, спакойна. Нервы на дробязі не траціў, а калі здарылася магчымасць — ірвануў у загадчыкі клуба, зманіў начальству, што, маўляў, калісьці някепска на гармоніку пілікаў у дзіцячыя і юнацкія гады, а таксама на акардэоне, памятаеш, іх пасля вайны, нямецкіх, было — хоць гаць гаці. Настаў час у запас ісці, мае таварышы баявыя галаву ламаюць, ах, ды мы яшчэ маладыя, ах, ды яшчэ сіл поўныя, як жа мы будзем на гражданцы, як адвыкнем ад напружанага ваеннага жыцця... А мне, наадварот, гавораць, заставайся, служы, нядрэнна гэта ў цябе выходзіць, дый служба для маёра няпыльная, клубам загадваць, а я ні ў якую — пайшоў у запас. Нашы многія падаліся хто на будаўніцтва, хто на завод, а я ў кантору страхаўшчыком уладкаваўся. Паперы перакладаю да 18.15 і айда дамоў — сваімі справамі займацца. Нервы спакойныя, страўнік напоўнены. А ў цябе ўсё пасяджэнні, мясцкомы, усё ў нерабочы час, а потым яшчэ ў калгас гоняць сена касіць, кармы нарыхтоўваць. А толку ж колькі, жыццё міма праходзіць.

— Асабліва спрачацца з табой не буду, — Самончык крыху адышоў убок, потым вярнуўся зноў да Шалана. — Справай я, безумоўна, займаюся дробязнай, не па сэрцы яна мне. А калі працуеш, трэба працаваць, проста так грошы не плоцяць. Ды колькі людзей вось так адбывае час на рабоце, а нічога, працуюць... Хоць нешта ж трэба рабіць.

Шалан зняў ружжо з пляча, павесіў яго на сук.

— Глянь на гэтых мужыкоў. Кожны з іх імкнецца справай выгаднай для сябе, а не для дзядзькі займацца. Свіней не кормяць, а мяскам, да таго ж дзікім, каўбасамі свойскімі круглы год забяспечаны, па магазінах іх бабы не лётаюць. Гэта толькі ў газетах пішуць — браканьеры, браканьеры... Плявалі яны на гэта...

— Як гэта — браканьеры, — затрывожыўся Самончык, — я цябе не разумею, Андруха. Ты ж казаў — усё нармальна, ліцэнзія ёсць.

—Ды ёсць ліцэнзія, на секача ёсць, сам бачыў, хіба так бы сунуліся ў лес, але гэта ліцэнзія адмазка адна, калі за руку схопяць, так, на ўсякі выпадак... А мяска нікому не пашкодзіць, і тваёй араве таксама.

Неўзабаве пачуўся брэх сабак, потым паказаліся яны самі, а праз некалькі хвілін з лесу выйшлі разгарачаныя Антон і яго напарнік па загону Колька, мужычок з выгляду дробненькі, але цягавіты, вынослівы. Гэта можна было зразумець па тым, як ён дыхае — роўна, быццам і не было ззаду добрага дзесятка кіламетраў. Антон жа дыхаў перарывіста, да таго ж быў яшчэ і злосны.

— Пуста-пуста, як у даміно, — сказаў ён, сплёўваючы, — трэба ехаць далей. Месцы нармальныя і для дзіка і для лася, але пуставата. След вялі і згубілі, відаць даўні.

Калі сабралі ўсіх, вырашылі перакусіць яшчэ раз. Самончык толькі зараз адчуў страшэнны голад і што засмактала пад лыжачкай. Антон хуценька арганізаваў імправізаваны стол на скрыні, што стаяла ў кузаве, вываліў на газету вэнджанае сала, шынку. Шалан дастаў з рукзака бутэлечку «Белага бусла». Елі моўчкі, засяроджана.

— Зараз паедзем кіламетраў за дзесяць адсюль, а там месцы ёсць надзейныя. Але таксама — як пашанцуе, — Антон паглядзеў на Самончыка і спытаў раптам зусім дружалюбна: — Ну, як паляванне?

— Добра, вельмі добра, — шчыра сказаў Самончык, — цяпер абавязкова паступлю ў вашы вучні.

Антон зарагатаў, гулка паляскаў сябе па ляжках.

— А вы вось у гэтых лясных бадзяг спытайце, што з імі было ўчора, пазаўчора, тыдзень назад, месяц, паўгода і гэтак далей... — ён абвёў усіх выпрабавальным позіркам, — нічога не скажуць талковага. Таму што дні такія — гэта дробязь, пустата і туга адна, а вось пра паляванне яны адразу ўспомняць, і дзецям апішуць, ды з такімі падрабязнасцямі, што ахнеш...

— Пасля палявання, асабліва калі з мясам ласіным вяртаемся, дык і да бабы больш цягне, — сказаў Колька, перакуліўшы ў рот паўшклянкі каньяку. — Вам, таварыш, трэба ведаць — звярынае мяса моцна садзейнічае нашай мужчынскай сіле. Адно сказаць — зверам становішся, вітаміны ў гэтым мясе асаблівыя, без хіміі і розных там бройлерных таблетак.

— Колька, га, Колька, ты свайму новаму сябру лепш раскажы пра адну сваю сустрэчу з секачом, — у Антона пасля гэтых слоў раптам заскакалі маршчынкі па ўсім твары.

Колька нетаропка размяў цыгарэту, набраўшы поўныя лёгкія дыму, выпусціў яго, усміхнуўся нейкай сваёй думцы.

— Вы вось, не ведаю, як вас завуць...

— Андрэй Максімавіч, — падказаў Самончык.

— Дык вось, Андрэй Максімавіч, — працягваў пажылы шчуплы чалавек, якога ўсе астатнія чамусьці называлі Колькас, — вы, пэўна, пакрыўдзіліся, калі Антон, даруй яму божа, пачаў злавацца, што ў брыгадзе вашай, скажам так, навічок з’явіўся. А справа тут няпростая. Кожны з нас пра сябе можа расказаць гісторыю хоць бы адну за ўсё жыццё, калі на валасок ад смерці або ад поўнага ў лепшым выпадку інвалідства быў. Вось і мне давялося. Стаю адзін у нумары, цыгарэту пасмоктваю, хоць рабіць гэтага, звычайна, не трэба, але ўжо вельмі сумна стала, трэці загон, а ўсё пуста. І раптам чую шоргат. Ідзе на мяне прама сякач, здаравенны, іклы тырчаць вялікія, я ружжо ўскінуў — асечка, на другі курок — міма, а ён ужо вось побач. Я ўбок адляцеў і на дрэва ўзляцеў імгненна, як цыркач, які па канаце. Ружжо выпала, вядомая справа, шапка таксама з галавы далоў. Сасёнка тоненькая, ён яе б’е, ікламі пора, я гайдаюся ў розныя бакі. Закрычаць хачу, а голасу няма, прапаў, толькі сіплю, нейкія незразумелыя гукі з глоткі вылятаюць. Нарэшце пракрычаў я, Антон метраў за шэсцьдзесят быў, пачуў. Удала зайшоў, з тылу, секача паклаў. Вось як бывае. А, Андрэй Максімавіч, пры вашых сацнакапленнях вы на дрэва не ўзлезлі б, вось і развітвайся з жыццём.

Антон падняўся:

— Досыць лясы тачыць, а то праз мінуту мне яшчэ захочацца кілішак прапусціць, і канец, лічы, паляванню. Паехалі!

Зноў Самончык аказаўся адзін з Шаланом, зноў пайшлі ў загон Антон і Колька і зноў прыйшлі пустымі. Зрабілі яшчэ адзін заход — і таксама няўдалы. Паляўнічыя былі злосныя, ушчэнт знясіленыя.

— Паехалі да мяне, — сказаў Антон. — У мяне ёсць чым закусіць, нават кавалак ласінай печані застаўся. Замочым як след няўдалае паляванне, — ён сплюнуў. — А дзень які! Ніколі мне ў такі дзень так не шанцавала.

— І мне таксама, — згадзіўся Колька. — Дый чалавек вось, — ён кіўнуў у бок Самончыка, — падумае, што лгуны мы, паляўнічыя.

— Ды кіньце вы, усякае бывае! — супакоіў іх Шалан. — Калі што, дык мы і заначаваць можам, а заўтра з раніцы зноў.

— Не выйдзе заўтра, — сказаў вадзіцель, самы маўклівы з усіх, які і загаварыў упершыню. — Машыны заўтра не будзе, а пешшу і сунуцца няма чаго.

— Чорт з ім, паехалі, — згадзіўся Шалан, — калі не пашчасціла, паехалі, замочым гэту справу як след.

Самончык адчуў стому ва ўсім целе, хоць і прайшоў ён, у адрозненне ад загоншчыкаў, не шмат. Як ва ўсіх гіпертонікаў, у яго шалёна калацілася сэрца ў грудзях, круцілася ў галаве.

— Вы стаміліся, — сказаў Самончыку Антон. — Сядайце ў кабіну. Я таксама туды сяду. Можна лічыць работа закончана.

Рушылі. Дарога то ўзнімалася рэзка ўгору, то апускалася ўніз, перабягаючы з пагорка на пагорак. Нездарма гэтыя месцы назвалі беларускай Швейцарыяй. Самончыку стала крыўдна, што ён так рэдка бывае ў лесе, усё горад, тралейбусная цесната, натоўпы ў магазінах, хатнія непрыемнасці. Пры ўспамінах пра ўсё гэта яму цяжка зрабілася дыхаць, і ён ірвануў каўнер кашулі так моцна, што адскочыў гузік, ударыўся ў ветравое шкло, пакаціўся пад ногі.

Антон, здавалася, гэтага не заўважыў, ён трымаў перад сабой ружжо і глядзеў у адну кропку, быццам стаіўшыся. Вадзіцель, як і раней, маўчаў, Самончыку ўжо здавалася, што ён і зусім ніколі рота не адкрываў, што ён проста нямы. Самончык пачаў пагружацца ў дрымоту. Ён не ведае, колькі прайшло часу, як не можа вызначыць гэтага чалавек, які толькі што спаў. Прачнуўся ён ад крыку, нават не ад крыку, а ад неверагоднага ляманту:

— Стой! Стой! Каму кажу, стой!

Самончык расплюшчыў вочы і прама перад сабой убачыў скажоны твар Антона — вочы вытрашчаны, жылы надутыя. Убачыў на імгненне — адчыніліся дзверцы, і Антон вываліўся на снег. Самончык глянуў улева — вадзіцель з ружжом быў ужо на снезе, ён нават не зачыніў дзверцаў, пабег за Антонам. Сабакі несліся наперадзе па рэдкім ельніку. З кузава следам за імі кінуліся Колька і Шалан. Неўзабаве ўсе зніклі ў лесе. Самончык цяжка спусціўся на зямлю, закурыў «беламорыну». Відаць, яны заўважылі звера, думаў ён, інакш і быць не магло, так усе занерваваліся, які твар быў у Антона, які твар, у такое імгненне ён мог бы пусціць кулю ў каго хочаш, ягоны твар быў скажоны нейкай нябачнай звярынай страсцю да забойства. І ўсе астатнія — як яны пабеглі ў лес, нягледзячы на выпітую гарэлку, узрост...

Хвілін праз дзесяць удалечыні прагучалі стрэлы — адзін, другі, трэці... Самончык напружана ўглядаўся, потым, быццам ачуняўшы, пайшоў насустрач, цяжка ступаючы па снезе, задыхаючыся ад хуткай хадзьбы, а затым і наогул пабег.

Неўзабаве з-за дрэў насустрач яму выскачылі вадзіцель і Колька.

— Ну як? — выдыхнуў Самончык.

— Парадак. Там убачыце. Ну і махіну завалілі. Шалан ваш прама ў вока засандаліў... Вы ідзіце, мы зараз, мігам злётаем за нажамі. Трэба хуценька свежаваць. У ім кілаграмаў, мусіць, чатырыста, не менш.

Самончык, усё больш задыхаючыся, ішоў па лесе, яму пачынала ўжо здавацца, што ён збіўся з дарогі, заблудзіўся, стрэлы пачуліся так блізка, мінутах у пятнаццаці хадзьбы, дый Колька з вадзіцелем так хутка вярнуліся, а ён усё ідзе, ідзе, ногі становяцца ватнымі, пот цячэ па спіне ручаямі.

Нарэшце ён убачыў усё. У ельніку ляжала нешта карычневае, вялізнае. Самончык не мог адразу зразумець, што гэта. Шалан і Антон, разгарачаныя, з расшыранымі вачамі, чырвонымі тварамі, нават не пазналі Самончыка.

— Нажы дзе, колькі можна цягнуцца?! — зароў на яго Антон, суправадзіўшы ўсё гэта трохпавярховым матам.

— Я, я, пачаў Самончык. — Яны т-там пайшлі, хутка будуць...

Самончык, трымаючыся за дрэвы, падышоў бліжэй. Закінуўшы галаву, з адкрытымі вачамі, дакладней, адным вокам, у ельніку ляжаў лось. Ён быў ужо мёрты, але не зусім, жыццё яшчэ цеплілася ў ім — з адкрытага рота валіла пара, быццам лёгкія працягвалі пампаваць паветра, дрыжэлі мышцы ног, жывата... Лось быў вялізны. Самончык ніколі не бачыў так блізка лася і не ўяўляў, што гэтыя звяры могуць быць такімі вялізнымі.

— Ну, як, га?! — Шалан ударыў лася ў жывот ботам, лось здрыгануўся, ірванулася ўперад зведзеная сутаргай нага. — Не ўцёк, гад, ад мяне не ўцячэш! Трое і ішло — лось, ласіха і ласяня. Ён іх наперад прапусціў, хацеў ірвануць убок, каб след замесці, але пралічыўся.

Антон курыў, прыкладам адганяў сабак, якіх прыцягваў пах свежай крыві, і бясконца мацюгаўся, праклінаючы вадзіцеля і Кольку, якія ўсё не неслі нажоў, сякеры.

— Добра, што месца ціхае, цудоўнае месца, ад дарогі далёка. Машыну трэба адагнаць, вялікая машына, прыкметная, — гаварыў Шалан, азіраючыся па баках.

Самончык яшчэ раз глянуў на крывавую пляму на снезе і адышоўся ўбок. У яго заныла нешта ў сэрцы, зрабілася моташна.

З’явіліся з вялікімі нажамі шафёр і Колька.

— Ты стой і глядзі, стой і глядзі, — паўтараў Шалан Самончыку. — Гэта сапраўдная школа. За такія ўрокі вялікую плату бяруць.

— Машыну адганіце! — буркнуў Антон. — І варушыцеся, варушыцеся. Галоўнае — хутка ўсё зрабіць.

Мужыкі ўзяліся за работу. Лася павярнулі на спіну, і Антон загнаў ножык пад скуру, адзін рух і — быццам расшпіліўся вялікі замок, агалілася брушына, скура папаўзла ў розныя бакі. У нос ударыла прытарна-салодкім пахам, затузаліся, захадзілі нервовым цікам у розных месцах участкі яго жывой ткані. Антон перарэзаў ласю горла, і Самончык убачыў, як ударыў у снег гарачы струмень крыві.

У Самончыка пачало круціцца ў галаве, зямля пахіснулася ў розных плоскасцях, пераварочваючы дрэвы, неба. Яго ванітавала. Сабакі брахалі, раздзіралі паміж сабой кавалкі мяса, і на Самончыка ніхто не звяртаў ніякай увагі. Крыху ачуняўшы, ён падышоў, хістаючыся, нібыта п’яны, тузануў Шалана за локаць, прахрыпеў:

— Гэта жудасна. Давай паедзем. Гэта трэба спыніць. Гэта забойства...

Шалан павярнуўся да яго, увесь заляпаны крывёй, з акрываўленым нажом у руках.

— Ды што ты, Андруха, ашалеў?

— Давай паедзем, хутчэй адсюль, пакінь гэта. Гэта жахліва, — да Самончыка пачаў вяртацца голас. — Ты ж сад свой любіш, парнічок, а жывы лось — гэта таксама сад, толькі жывы, як мы з табой, дык за што ж яго губіць. Уяві, што я тваю яблыньку ў садзе тваім ссек, га? Шкада? А тут на дармаўшчыну, на халяву, хапай мяса і жры... Так?

Шалан адштурхнуў Самончыка з такой сілай, што той рухнуў спіной на снег, а ён прашыпеў:

— Адчапіся, не будзь бабай!

Антон сплюнуў:

— Мне гэта размазня адразу настрой сапсавала. На які хрэн такіх з сабой браць?! Каб прадаў усіх заўтра? Няхай сваёй бабе соплі ў спадніцу пускае, а не тут! — І дадаў: — Дайце яму самагонкі шклянку, няхай супакоіцца, з ім трэба спяшацца.

Шафёр падхапіў абмяклага Самончыка пад пахі, адвёў убок, наліў поўную накрыўку ад біклагі самагонкі, сам уліў яму ў рот. Самончык закашляўся, але не супраціўляўся, набраў прыгаршчу снегу, набіў ім рот.

— Сядзі, сядзі, адпачывай, — выдыхнуў шафёр. — Не для цябе гэтая справа.

Ён пайшоў, а Самончык у паўзабыцці сядзеў не варушачыся. Хутка ўсё было скончана, тушу разабралі, закінулі ў кузаў, скуру прысыпалі снегам, кішкі і галаву таксама.

— Пад раніцу нічога не будзе, ваўкі ўсё сажруць. Дый снег ідзе. Трэба зматвацца, — сказаў Антон. — А гэтага псіха, — ён кіўнуў на Самончыка, — са мной у кабіну, і вачэй з яго не спускаць, пакуль не апрытомнеў. Такая размазня шкоды не прынясе, не страшны ён, а ўсё ж...

Спыніліся ў лесе на палянцы кіламетраў за дваццаць. Усё мяса выцягнулі на снег і пачалі дакладнымі ўдарамі сякеры дзяліць на роўныя часткі па колькасці паляўнічых. Потым усё гэтак жа хутка запакавалі ў цэлафанавыя мяхі. Мяхоў было пяць. Адзін з іх прызначаўся Самончыку. Потым у хаце ў Антона пілі самагонку, закусвалі яе смажанай, вельмі смачнай ласінай печанню. Самончык піў, еў ні з кім не размаўляючы.

— Ачуньвае дзядзька, ачуньвае, — Колька моцна пляснуў Самончыка па мяккім плячы. — Увачавідкі разумнее.

Гадзін праз пяць, далёка апоўначы, Самончык аказаўся перад дзвярыма ўласнай кватэры, перад ім стаяў мех з мясам, які яны ўдвух з Шаланом ледзьве зацягнулі на трэці паверх.

Самончык пазваніў. На парозе ўзнікла яго жонка з устрывожаным тварам.

— А вось і мы! — радасна ўсклікнуў Шалан. — Віншую цябе з сапраўдным мужам-паляўнічым.

Жонка Самончыка адхіснулася ад меха з мясам.

— Так многа! — на твары яе разгубленая ўсмешка.

— Так... многа... — прамармытаў, ледзьве варушачы языком, Самончык. — На цэлую зіму хопіць...


1988

Тэкст падаецца паводле выдання: Кацюшэнка М. Урок маўчання: Раман, апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1988. - с. 296-309
Крыніца: скан