epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Кацюшэнка

Начная гісторыя

У Мінску, у сваім дванаццаціметровым пакойчыку ў агульнай кватэры, зайшоўшы ў якую адразу можна было вызначыць, што жыве тут адзінокі мужчына, Пятроў радаваўся блізкай сустрэчы з сястрой, якую не бачыў паўтара года. Пасля таго як памерла маці (бацька, паранены на фронце, сышоў у магілу раней), яны засталіся адны, без бацькоў. Па характару Надзя нечым нагадвала Пятрову маці — мяккая, працавітая... Цяжка прыйшлося б яму без яе падтрымкі. Асабліва аднойчы, калі ў інстытуце справы былі кепскія, дый з грашыма цяжкавата было і ён збіраўся ўзяць дакументы і пайсці на завод.

Пасля ў іх сям’і прыбавіўся яшчэ адзін чалавек — жонка Пятрова. Праз год Надзя паехала ў Маскву вучыцца ў аспірантуры, выйшла там неўзабаве замуж. Цяпер яна кандыдат навук, у яе двое амаль дарослых дзяцей, і часта, седзячы ў адзіноце ў сваім паўпустым і вечна запыленым пакоі, Пятроў самотна ўспамінаў нібыта нядаўняе і ў той жа час незваротнае юнацтва.

Надзя пісала, што ён усё больш аддаляецца ад яе. Водпуск свой яна правяла з мужам у Карлавых Варах. Пятроў і зусім абышоўся без водпуску — рыхтавалася здача новага цэха і вырвацца яму з завода не было як. У Пятрова з дзяцінства выпрацавалася рыса характару, з якой ён страціў усякую надзею развітацца калі-небудзь — ён не выносіў, калі што-небудзь важнае для яго рабілася ў яго адсутнасць.

Камандзіроўка ў Маскву, якая надарылася нядаўна, узрадавала Пятрова. Ён даў сястры тэлеграму, а сам пабег па магазінах — што б гэта прывезці ёй у падарунак. Накупіў рознага — што-небудзь ды падыдзе.

Поезд набліжаўся да Масквы, і Пятрова ахоплівала ўсё большае хваляванне — а што, як не сустрэне? Не так даўно сястра пісала, што набылі яны з мужам невялікую, але дагледжаную дачу і каб ён прыязджаў да іх у водпуск. Сапраўды, што можа быць лепш за дачу — лес навокал і рачулка непадалёк... Зараз хоць і восень — цеплыня. У самы раз на дачы жыць. Раптам яны не ў Маскве і тэлеграмы яго не атрымалі?

Пятроў выйшаў з поезда. Агледзеў людзей на пероне. Нумар вагона ён паведаміў. Лепш за ўсё стаяць на месцы і чакаць. Ён так і зрабіў, але да яго ніхто не падышоў.

Перон апусцеў. Пятроў злаваўся на сябе за тое, што на ўсякі выпадак не забраніраваў гасцініцу. Давядзецца правесці ноч на вакзале, бо ўладкавацца ў Маскве ў гасцініцу не проста.

Ён прайшоўся ўздоўж перона, прысеў на лаўку. Было ціха. Людзі ў вакзале — Пятроў зазірнуў туды праз акно — патрохі прыладзіліся. Адны спалі на лаўках ушчыльную адзін да аднаго, другія, не знайшоўшы месца, хадзілі між радоў. На пероне засталася толькі жанчына. На выгляд ёй можна было даць гадоў пад сорак. Была яна ні худая, ні поўная, твар тонкі, нервовы. Па ім прабегла ўсмешка, калі яна перахапіла позірк Пятрова.

— Поезд спазняецца? — спытаў ён нечакана для сябе.

— Не. Вось-вось павінен прыбыць. Калінінградскі...

— А мяне не сустрэлі...— уздыхнуў Пятроў і замаркоціўся.

Яна супакоіла:

— Можа, праспалі. Восенню звычайна добра спіцца.

Больш гаварыць ім не было пра што, і Пятроў пайшоў у буфет купіць цыгарэт. Ён пачуў, як дыктар аб’явіў па вакзале, што прыбывае поезд з Калінінграда. Пятрову чамусьці захацелася паглядзець, каго сустракае гэта жанчына. Яна стаяла далёка ад платформы. Па ўсім можна было здагадацца, што яна не ведае, у якім вагоне прыбывае той, дзеля каго яна не заснула ў гэту ноч.

Поезд спыніўся. Міма ішлі людзі, і яна напружана ўглядалася ў іх твары. Але вось нікога не засталося.

— Не прыехалі,— сказала яна Пятрову.— У мужа промысел закончыўся. У нас дагавор ёсць — ён прыязджае, не папярэджваючы. Мне здавалася, ён прыедзе сёння.

Пятроў паспрабаваў суцешыць:

— Нічога. Заўтра ён абавязкова прывязе вам свежай рыбкі.

Яна ўсміхнулася і кіўнула яму галавой.

— Усяго добрага,— сказаў Пятроў.

— А як жа вы? — раптам спахапілася яна.— Так і будзеце начаваць на вакзале? Тут жа прысесці нават няма дзе.

— Мне не прывыкаць,— схлусіў Пятроў.

— Вось што,— сказала яна рашуча.— Я жыву недалёка. Кватэра вялікая. Месца знойдзецца.

Пятроў спачатку разгубіўся ад такіх слоў, але знайшоўся:

— Адмаўляцца не стану. У маім становішчы гэта смешна.

Яны ехалі ў таксі. Пятроў уяўляў, як бы на ўсё гэта паглядзела яго былая жонка. О, як бы абуралася яна! Перад ім узнік на імгненне скрыўлены злосцю яе твар. Яна цярпець не магла любых праяў амаральнасці, а потым усіх здзівіла, пайшоўшы ад Пятрова да нейкага ўрача. Тлумачэнняў Пятроў не чакаў. Ён раптам зразумеў, што для яго гэта не было ўдарам. Ён толькі пакутаваў ад разлукі з сынам — суд пакінуў яго маці. Пятроў нічога не змог перамяніць. Неяк у дзень нараджэння сына ён купіў падарунак і пайшоў да сына. Падышоўшы да кватэры, ён пачуў музыку, смех. Хацеў было павярнуць назад, але ўзяў сябе ў рукі і пазваніў. Дзверы адчыніла яна. Сказала не вельмі гучна:

— Гэта яшчэ што? — і зачыніла перад носам дзверы.

Падарунак ён пакінуў ля ўваходных дзвярэй...

— Вось тут,— сказала раптам яго выпадковая знаёмая шафёру.

Калі яны ішлі да пад’езда, Пятроў раптам прыпыніўся, успомніў:

— Мы ж з вамі не пазнаёміліся.— І назваўся: — Аляксандр Данілавіч.

Яе звалі Аленай Міхайлаўнай.

Яны ўвайшлі ў кватэру. У ёй было надзвычай чыста. І ніводнай лішняй рэчы. Яму ўспомнілася абыякавасць жонкі да іх жытла, поўны развал у сваім халасцяцкім пакойчыку...

— У вас хораша,— сказаў ён шчыра.

Яна ўсміхнулася:

— Няма каму непарадак рабіць. Заўсёды адна.

Ён хацеў спытаць, чаму ў яе няма дзяцей, але своечасова спахапіўся.

У пакоі стаяў накрыты стол. Яна спытала:

— Хочаце есці? Толькі шчыра...

— Не, я ў вагоне перакусіў,— сказаў Пятроў, думаючы, што садзіцца яму за гэты стол ніяк нельга. Але яна пасадзіла яго за стол і, калі пачалі есці, сказала:

— Заўтра я яго сустракаць не пайду. Інакш засну ў класе.

— Вы настаўніца?

— Так, малодшых класаў. Мае вучні заўсёды ўсё заўважаюць. Ад іх нічога не схаваеш.

Пятроў дастаў з партфеля бутэльку каньяку і паставіў на стол.

— Няхай гэта бутэлька будзе некранутай. Маракі народ рэзкі, а Масква можа раптам аказацца цесным горадам. І дрэнныя тады мае справы.

— О, вы асцярожны чалавек,— засмяялася Алена Міхайлаўна.

Ад каньяку яна адмовілася, і Пятроў адзін выпіў кілішак.

— Ну, а цяпер ваша чарга пра сябе расказваць. Хто вы па спецыяльнасці?

— Інжынер. Самы галоўны на адным маленькім заводзіку.

І раптам ён пачаў расказваць ёй пра новы цэх, пра ўсе цяжкасці, выкліканыя будаўніцтвам, пра тое, што ў Маскве яму пазарэз трэба выбіць нейкае абсталяванне, пра тое, як спачатку не разглядзеў ён у новым дырэктары чалавека творчага і нават счапіўся з ім...

У Пятрова прапала боязь, што ён развучыўся размаўляць з жанчынамі. Ён прапанаваў ёй:

— Давайце вып’ем, каб ваш шчасліўчык-муж не прымусіў вас доўга чакаць.

Яна раптам перамянілася ў твары, падперла рукой падбародак, паглядзела некуды ўбок. Працягвалася гэта нейкае імгненне.

— Вашай жонцы добра,— сказала яна.— Ёй не прыходзіцца чакаць вас. Калі б вы толькі ведалі, як гэта жудасна чуць па радыё паведамленні аб штормах.

Пятрову вельмі захацелася расказаць ёй, што жонкі ў яго няма і сына цяпер таксама, лічы, няма і як не хочацца яму ісці кожны вечар у свой пакой — пусты, запушчаны, і таму гатовы ён сядзець на заводзе з раніцы да ночы, абы не быць сам-насам... Але было позна, дый навошта ёй ведаць пра ўсё гэта?

Алена Міхайлаўна дастала чыстую бялізну, паказала на тахту:

— Сцяліцеся.

Яна пайшла ў свой пакой, а Пятроў, засынаючы, успамінаў сваю першапачатковую няёмкасць і думаў, што ён нават не правінцыяльны, а зусім дзікі чалавек.

Прачнуўшыся раніцай, ён знайшоў на стале запіску: «Сняданак у кухні. Абавязкова паснедайце. Дзверы добра зачыніце. Усяго вам самага добрага».

Пятроў штурхаўся ў метро і думаў, што раскажы ён гэту гісторыю каму-небудзь — не павераць. Ён зайздросціў мужу Алены Міхайлаўны — капітану рыбалавецкага судна. Відаць, ён па-сапраўднаму шчаслівы...

І не дадзена было ведаць Пятрову, што аднойчы муж Алены Міхайлаўны вярнуўся, як звычайна, з плавання, але да яе не паехаў...

Трэцюю восень яна часта вяртаецца адна з вакзала. У дні, калі паязды прывозяць маракоў у водпуск...


1981?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кацюшэнка М. Дні, як усе іншыя: Аповесці і апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 222 с.
Крыніца: скан