epub
 
падключыць
слоўнікі

Міхась Кацюшэнка

Падарожжа па старому завулку

Дзень выдаўся проста на здзіўленне — бязветрана, марозік зусім лёгкі, толькі крыху шчокі пашчыпвае. Іваноў павольна крочыць вуліцай, мошчанай круглай галькай. Абапал вітрыны, быццам ідзеш па дне старога, абшарпанага акварыума — надпісы на іх амаль сцерліся, і толькі здагадвацца можна, што гэта «майстэрня гадзіннікаў», а не «...стэрня ...дзіннікаў».

Гэта яго вулачка. Ён тут вырас, дзяцей выгадаваў, адсюль ваяваць пайшоў. Колькі ўжо гадоў мінула, як пераехаў у новы раён, у прасторную з усімі выгодамі кватэру, пераехаў з дзецьмі і сваёй старой жонкай, але як толькі выдаецца вольная хвіліна, ідзе на сваю вулачку. Моцна трымае яго гэта месца.

Па небе праплылі калматыя аблокі, і скрозь іх, высветліўшы старую вулачку і вітрыны, балюча разануўшы па вачах, ірвануўся сонечны прамень. Іваноў на імгненне прыжмурыў вочы, усміхнуўся. Побач, рукой да яе падаць, была шавецкая майстэрня Антона. Зрэшты, гэта вельмі гучная назва. На рагу каля самай аптэкі, заціснутая з усіх бакоў старымі сценамі дамоў, стаяла, пафарбаваная ў бледна-зялёны колер будка, дзе Антон кожнаму, хто меў патрэбу, мог зрабіць дробны рамонт абутку. Ну, а яму, Іванову, ён любую старызну, на якую і глядзець не хочацца, даводзіў да ладу.

Іваноў уявіў, як усміхаецца яму Антон.

Сцёртыя, адпаліраваныя да бляску камяні завулка зведалі босыя хлапечыя ногі — яго і Антона. Яны жылі ў адным доме, біліся за сваю вуліцу адным гуртам і на завод цагельны, што стаяў да вайны зусім побач, разам хадзілі. Антон быў адным з першых у горадзе рэгбістаў. Раней яны і слова такога не чулі, пакуль не з’явіўся тут француз Жан — ён прыехаў устанаўліваць абсталяванне на гарбарным заводзе. Жан і арганізаваў каманду па рэгбі. Іваноў таксама ганяў мяч.

А можа, і не было ўсяго гэтага? Ногі паволі набліжаюць яго да майстэрні Антона, хоць і шпарчэй хочацца яму ісці, хочацца перагнаць усіх прахожых, большасцю чамусьці маладых. З Жанам яны зноў сустрэліся праз колькі гадоў. Да таго часу Антон прывык да свайго становішча і калі-нікалі гаварыў Іванову:

— Лепш бы мяне, Алёха, вайна пабіла, як цябе, з усіх бакоў, а ногі пакінула.

Француз прыехаў на бліскучай, на ўсю шырыню іхняй вулачкі, машыне, і яе адразу ж абступілі хлапчукі. Іваноў таксама спыніўся. Яго адшукаў у натоўпе ўнук Антона і пракрычаў:

— Гэта той самы француз, той самы!..

Іваноў нічога яшчэ не зразумеў, ён пайшоў да будкі шаўца і ўбачыў, як сівы тоўсты мужчына ціскае ў абдымках Антона і плача. Яны потым цэлы дзень пілі віно, пілі без абмежаванняў і боязі перад жонкамі і ўрачамі, пілі, як у маладосці. Аказалася, што француз цяпер працаваў у Маскве карэспандэнтам. Ён прасіў прабачэння, што раней не мог прыехаць, жыццё кідала яго па ўсім свеце.

Потым у вячэрняй газеце надрукавалі інтэрв’ю з французам Жанам, яго фатаграфію змясцілі. Француз гаварыў аб сваёй колішняй любві да Расіі і яшчэ аб тым, што Мінск яму асабліва дарагі — тут прайшло юнацтва, засталіся сябры. Ён гаварыў, што яго сябрам, Антону і Іванову, горад і краіна абавязаны сваёй прыгажосцю, што такія людзі, як яны, перамаглі фашызм.

Да Антона пайшло адразу шмат кліентаў, яны трымалі ў руках газеты, і хто-небудзь адзін чытаў той кавалак, дзе пісалася пра Антона і Іванова. Антон сядзеў, глядзеў перад сабой, зрэдку хмурыўся, а часам усміхаўся і да канца дня ўжо не рамантаваў абутку. Іваноў таксама прыйшоў да яго з газетай і таксама чытаў тое месца, дзе пісалася пра іх, а Антон пытаўся:

— А можа, гэта і сапраўды так, га? — і стукаў сябе кулаком па пратэзах.

На майстэрні Антона замок. Відаць, захварэў. Звычайна ў такі час у Антона самая работа.

Іваноў дайшоў яшчэ да адной вітрыны і раптам блізка-блізка ўбачыў у ёй сваё адлюстраванне — паліто выглядае вялікім пацёртым мяшком, заяц на шапцы паліняў. Даўно думаў апрануцца як след, ды ўсё замінка выходзіла — дачцэ паліто справіць трэба, а ў зяця з яго ста рублямі ў месяц вечныя праблемы, унучка ў школу ідзе — таксама дапамагчы трэба, не хоча ён, каб Ганна, жонка яго, зусім у старую бабулю ператварылася, таксама растраты... І былі яшчэ ў яго растраты. Ніхто не ведаў пра іх.

Нядаўна далі яму прэмію вялікую, дык і яе не на сябе патраціў...

Іваноў адвярнуўся ад акна, што выходзіла ў густы парк. За паркам была яго вулачка — старыя, цудам уцалелыя ў вайну дамы. У апошні час з-за вечных клопатаў ён бываў тут рэдка, ды вось зноў лёс прывёў.

Іваноў глыбока ўздыхнуў, пачаў разглядваць невялікія трэшчыны на белай столі. Калі яму не дазвалялі варушыцца, ён паспеў вывучыць столь, як ваенную карту. Іншы раз бачыліся ў ёй рэкі, азёры, складзены з дробных палосак, штрышкоў узнікаў раптам твар знаёмага чалавека, якога ён тысячу гадоў не сустракаў і нават не ўспамінаў пра яго...

Але сёння столь была шэрая і невыразная. Колькі людзей, прыкаваных да пасцелі, гэтак жа, як ён, разглядалі яе?

Іваноў зноў цяжка ўздыхнуў.

— Вам кепска? — пачуўся голас суседа па палаце.

— Сон прысніўся,— сказаў Іваноў.

Маўчанне. Сусед амаль бязгучна кашлянуў некалькі разоў. Іваноў ведаў — у яго чацвёра ўнукаў, персанальная пенсія і інфаркт — другі раз...

— Я ніколі нічога не баяўся, паверце мне,— гаварыў сусед, павярнуўшыся да Іванова.— Ні работы, ні дрэнных людзей, і смерці таксама. І цяпер не баюся. Ведаю толькі — не вырвацца мне з гэтага белага меха жывым. Дзе вы бачылі, каб з рэанімацыі выбіраліся? Вам прасцей — ёсць шанс. Я тут другі раз, і трэцяга не будзе.

Іваноў ражком прасціны сцёр пот з твару. Няма чаго яму сказаць суседу. Ён смерці баіцца, а сусед самому сабе хлусіць, што не баіцца. Праўда, аказваецца, выгляд у яе не такі ўжо і страшны, як людзі малююць. Хіба вясёлка можа быць страшнай? А да яго смерць з’яўлялася ў выглядзе вясёлкі вось ужо каторы раз. Упершыню ён убачыў яе тады, тры тыдні назад. Заглянуў да знаёмай прадаўшчыцы, каб кофту купіць. Іваноў стараўся трымацца спакойна, як належыць, падзякаваў прадаўшчыцы за блакітную імпартную кофту, узяў скрутак пад паху і выйшаў з магазінчыка. Толькі непрыкметна для сябе паскорыў крок, быццам уцякаў ад некага, і думаў, як хутчэй дабрацца да Антонавай майстэрні, каб у яго скрутак на нейкі час пакінуць. Ён праціскваўся праз шчыльны натоўп прахожых, расштурхваў іх лакцямі, і апошняе, што ён убачыў перад тым, як зямля знікла з-пад ног, быў твар нейкага рыжага хлапца ў куртцы з маланкай і з маленькай дзяўчынкай на руках. Хлапец глядзеў на Іванова з нейкім здзіўленнем, і Іванову нават захацелася спытаць, чаму ён здзіўляецца, але не паспеў...

У бальніцы ён апрытомнеў і адразу не мог зразумець, дзе знаходзіцца. А калі зразумеў — пачаў рукой мацаць вакол, ён нават спытаў, дзе яго скрутак. І тады ён упершыню пачуў голас суседа па палаце. Сусед неяк няясна перапытаў, што мае на ўвазе Іваноў.

Ён, відаць, зусім не чакаў, што ягоны сусед з тварам мерцвяка, нерухомы, каля якога бясконца круціліся ўрачы, сядзелкі, калі-небудзь загаворыць.

Іваноў тады не паспеў нават добра зразумець, што можа адбыцца з-за гэтага скрутка. Ён зноў страціў прытомнасць. Пасля ўжо ён прыдумваў розныя варыянты наконт скрутка. Значыць, ён паваліўся, яго паднялі і адвезлі або аднеслі ў бальніцу. На скрутак маглі не звярнуць увагі. Адкуль ім ведаць, што ў ім кофта за сорак рублёў, да таго ж імпартная і колеру прыемнага — сіняя ў белую клетачку, і што Іваноў збіраў на гэту кофту грошы цэлыя тры месяцы, але з дзесяткай усё роўна не выкруціўся і ўзяў яе ў свайго зменшчыка Дзімкі Бурага. Дзімка аж рот разявіў ад здзіўлення — Іваноў, той самы Іваноў, які яго вось ужо гадоў пяць настаўляе, такі сем’янін, што любая баба пазайздросціць, раптам неяк крадком, каб ніхто не чуў, папрасіў пазычыць яму чырвонец да палучкі або крыху пазней, калі нарад няўдала ім закрыюць.

— Відаць, гульнуць вырашыў, Сямёнавіч? — здзівіўся Дзімка Буры.— На гарэлачку пацягнула...

— Каб цябе так усё жыццё цягнула,— прабурчэў Іваноў і, сунуўшы дзесятку ў кішэню камбінезона, пайшоў ад яго.

Цяпер у яго былі сорак рублёў, і ён мог ісці ў магазін на сваю вулачку, дзе яму абяцалі імпартную кофту. Але ён так і не данёс яе да майстэрні Антона.

Ноччу Іваноў чуў нейкі рух у палаце, быццам нехта па ёй хадзіў узад-уперад, аб нечым нягучна размаўляючы. Але вачэй ён, як ні стараўся, расплюшчыць не мог. Сон яго быў цяжкі, і хоць бы на імгненне вырвацца з яго было нялёгка.

Раніцай ён павярнуў галаву налева — на яго вулачцы нічога не змянілася, паўзлі па ёй трамваі, прахожыя запаўнялі іх, спяшаючыся схавацца ад дробнага частага дажджу, потым — направа. Ложак быў пусты. Іваноў раптам ясна ўспомніў, што так і не даведаўся прозвішча суседа па палаце. І імя таксама не даведаўся. Не да знаёмства ім было. Няўжо назаўсёды суседа павезлі?

Сястра прачытала гэтае нямое пытанне ў вачах у Іванова і сказала, каб ён не хваляваўся — суседу было кепска, але цяпер ужо лепш, і яго зноў вярнулі ў палату.

— Гэта добра,— усміхнуўся Іваноў.— Значыць, мы з ім пазнаёмімся яшчэ.

Сястра так нічога і не зразумела з ягоных слоў. Яна пакарміла Іванова з лыжкі маннай кашай, дала выпіць малака. Еў Іваноў старанна, так, каб ні малако, ні каша не сцякалі ў яго па падбародку. Ад напружання твар Іванова пачырванеў, увесь ён спацеў, быццам ад непасільнай работы.

Сястра сказала, што ён проста малайчына. Калі б усе былі такія пакорлівыя, паслухмяныя і да ўсяго яшчэ старанныя, яна б у два, а то і ў тры разы менш стамлялася на рабоце. Іваноў спачатку заўсміхаўся, забыўшыся нават у гэты момант пра пусты ложак справа, а пасля сказаў, што ляжаць у такіх палатах ён прывык, толькі не ў бальніцах, а ў шпіталях. Як толькі ён пачаў гаварыць, сястра замахала рукой, маўляў, шкодна яму гэта, але потым прысела і сказала, каб ён расказваў нядоўга, яе за гэта ўрач будзе папракаць.

У вайну Іваноў у пяхоце служыў, што гэта такое, яна, сястра, павінна па кнігах ведаць ды па фільмах. Спачатку Іваноў шчасліўчыкам лічыўся — кулі міналі яго. Пасля кожнай атакі, гэта калі ў сярэднім браць, на полі каля палавіны людзей заставалася, а трэцяя частка трапляла ў шпіталь. А ён у атаку ішоў без страху — ведаў, нічога з ім не здарыцца. І наогул ён шчаслівы быў. Аднойчы пасля дзвюх бяссонных начэй зваліў іх сон у кароткіх перапынках паміж баямі. Ліў дождж, і салдаты забраліся пад танкі. Іваноў таксама ўладкаваўся пад танкам, а потым сказаў сваім хлопцам, што яму тут горача, лепш пад дрэвам спаць, паветра шмат, гэта нічога, што дождж. Тыя засталіся, а Іваноў у лес падаўся. Прачнуўся ён ад моцнага выбуху. Бомба трапіла ў той самы танк. А назаўтра ў баі яго моцна бразнула аб зямлю. Як ні месяц у шпіталі праваляўся, з гэтага ўсё і пачалося. Шрамаў на целе ў яго — лічы не злічыш.

— Таму і прывычна мне тут, у палаце,— сказаў Іваноў.— І з лыжачкі мяне шмат разоў кармілі.

Сястра пайшла, і Іваноў першы раз заўважыў, што паходка ў яе зусім як у Зіны. Вядома, здалося, ён проста пра Зіну падумаў. Ён і расказваць сястры пра вайну пачаў, каб перавесці думкі свае на іншую тэму — ад смерці, раненняў, розных там выпадкаў, але не змог.

Яму было зусім кепска. Там у шпіталі з тыдзень не прыходзіў да свядомасці. Выкрыкваў каманды, лаяўся, быццам ішоў на суцэльны вогненны шквал, плакаў — але сам нічога гэтага не чуў. Ён вырваўся з крывавага небыцця. Дзяўчына ўсміхалася яму, а ён ледзь выціснуў з сябе:

— Дзе я?

Гэтай дзяўчынай была медсястра 12-га ваеншпіталя Зіна. Ён ад сораму заплюшчваў вочы, калі яна падстаўляла пад яго судно, здымала з яго чорныя ад запечанай крыві бінты. Ён бачыў яе і быў упэўнены, што жыве, што зноў стане на ногі... І не толькі яму так здавалася. Іх шмат было ў палаце. Самых розных — з адарванымі нагамі і выбітымі вачыма, аглухшых і знямелых, і з усімі яна была аднолькавая, але так, можа, здавалася ім, але не Іванову.

Так пачалося ў яго маўклівае і безнадзейнае каханне. Ён тады не думаў пра гэта, дыктаваў пісьмы жонцы, якія пісаў за яго бязногі лётчык, але чакаў кожнага яе прыходу. Калі кульгаць навучыўся на сваіх аслабелых нагах, запрасіў яе прайсціся па шпітальнаму парку і, узмакрэлы ад бяссілля, прытуліўся да дрэва і гаварыў такія словы, якіх нікому да гэтага ніколі не мог сказаць. Нават сваёй Ганне, якую і да вяселля кахаў, і потым, калі дзяцей яму нараджала, і на вайне... Да таго часу, пакуль Зіну не сустрэў.

Потым ён пайшоў на фронт, зноў яго раніла, зноў валяўся ён ужо ў іншых шпіталях — і ўсё пісаў, пісаў ёй пісьмы. А неўзабаве і вайна скончылася, паехаў ён дамоў і страціў Зінін след. Пачуў пра яе гадоў праз дзесяць пасля вайны. У горадзе, дзе жыла Зіна, аказаўся ў Іванова саслужывец. Ён і напісаў — жыве Зіна цяжка. Пахавала мужа і засталася з двума дзецьмі.

І адразу ажыў у сэрцы стары боль, быццам учора толькі са шпіталя выпісаўся. Праз саслужыўца даведаўся Зінін адрас, пачаў грошы пасылаць, колькі мог — дзесяць, пятнаццаць рублёў у месяц. Антону толькі пра гэта сказаў. Антон не здзівіўся, сказаў:

— Цяпер ад сваіх дзяцей уцякаюць на край свету, а ў цябе ж з ёй нічога не было.

— Было, Антон. Каханне было.

Яна прыслала яму некалькі пісьмаў на рабочы адрас, маўляў, шалёны, навошта мне твае грошы, у цябе ж сям’я і сам жывеш, ад сябра твайго ведаю, не соладка.

Так у яго з’явілася тайна ад жонкі, дзяцей. Калі гаварыла Ганна, што грошай не хапае, ён вочы адводзіў убок...

Часу з той пары прайшло шмат. Відаць, і ў яе ўжо ўнукі ёсць. Успомніў, як у шпіталі адзначалі дзень нараджэння. Дату забыць не мог — хутка пяцьдзесят. Вось і назбіраў на кофту, толькі да пошты не данёс: ударылі разнаколерныя знічкі ў вочы і зямля паплыла з-пад ног.

У адзін з дзён, калі за акном імжэў дробны дождж, у палаце з’явіўся сусед — бледны, з завостранымі рысамі твару.

— Ну, вось і норма,— сказаў Іваноў, калі яны засталіся ў палаце адны.— Я ведаў, што вы вернецеся, ведаў!

Сусед прамаўчаў. Позірк яго саслізнуў з Іванова і цяпер лунаў у няпэўным месцы.

— Я думаў, што не паспею пагаварыць з жонкай. Я адчуваў — мне неабходна з ёй пагаварыць. У той момант ведаў пра што, а цяпер, паверце, не ведаю. Можа, пра дзяцей, пра ўнукаў, а можа, яшчэ аб нечым... Раскайвацца няма ў чым. Быў адзін момант, даўно, два дыханні побач, зусім побач, дрыготка ў руках, у сэрцы. Але я ўстаяў. Дурное слова «ўстаяў», асабліва зараз, і наогул, але так было.

«А я з маной і памру,— падумаў Іваноў.— Жонка будзе думаць, які ён быў добры, слёзы будзе праліваць, у магілу следам за труной кідацца, ёй будуць соваць насоўку, змочаную нашатыром, побач з ёй будуць дзеці і ўнукі, яны таксама будуць у слязах і ў страшэнным горы, а ён...»

— І мне трэба пагаварыць з жонкай, абавязкова трэба,— сказаў Іваноў.— Я-то веру, мы адсюль абавязкова выберамся, але на ўсякі выпадак пагаварыць трэба. Пастараюся папрасіць урача, каб жонку заўтра прапусцілі.

— І я хачу жонку ўбачыць. Няхай не сумняваецца, што жывы я,— сказаў сусед па палаце.

Іваноў раптам успомніў:

— А мы ж з вамі так і не пазнаёміліся,— і адрэкамендаваўся: — Пётр Лукіч Іваноў.

— Мікалаеня Аляксандр Сцяпанавіч,— прагучала ў адказ.— Мне з вамі лягчэй. Ад вас жыццём патыхае.

— Дык вось, Аляксандр Сцяпанавіч, давайце скажам урачу, што нам з жонкамі во як пагаварыць трэба,— Іваноў правёў рукой па горле.— Гэта, маўляў, нам самае лепшае лякарства...

На здзіўленне, ім вельмі хутка ўдалося ўпрасіць урача.

І назаўтра з самай раніцы (і як толькі даведалася, пэўна, кожны дзень парогі ў клініцы абівала) на табурэтцы ля ложка Іванова сядзела яго жонка.

Перад гэтай сустрэчай Іваноў усю ноч не спаў, варочаўся, крактаў, абдумваючы, як ён адкрые ёй самую галоўную сваю тайну і расправіцца такім чынам з хлуснёй, што не дае яму спакою ні на хвіліну. Ад бяссонніцы ў Іванова рэзала ў вачах, самі вочы, напэўна, былі чырвоныя, але жонка яму пра гэта не гаварыла, яна, наадварот, суцяшала яго:

— Выглядаеш ты, Пецечка, лепш. Значыць, на папраўку ідзе. Галоўнае — табе зараз не хвалявацца.

— Як дома справы?

— Усё добра, усе здаровыя, усе цябе дамоў чакаюць. Так, кофта якраз Надзейцы прыйшлася. Я мерала, але мне яна малаватая.

Іваноў адвёў галаву ўбок, паглядзеў у акно, за якім зноў была шэрая, дажджлівая імгла, і ціха сказаў:

— Пагаварыць нам трэба, Ганна. Сур’ёзна пагаварыць. Мне трэба сказаць табе нешта вельмі сур’ёзнае....

Ёй гэтыя словы было дзіўна ад яго чуць, але яна і выгляду не падала, сказала:

— Пагаворым, Пецечка, абавязкова пагаворым, у нас яшчэ будзе час, шмат часу...

— Сёння трэба, Ганна, сёння! — настойваў ён на сваім.

— Пачакай, Пецечка, ты адпачывай лепш. Прыйдзеш дамоў, і мы з табой нагаворымся. Працаваць ты больш не пойдзеш, так што часу ў нас хопіць.

Ён сказаў на гэты раз крыху рэзкавата:

— Ды не разумееш ты, вінаваты я перад табой. Выпадак адзін быў, дакладней, яго, выпадку, не было, але я сустрэў...

Ён адчуў на сваёй шчацэ дотык губ сваёй жонкі, потым яшчэ раз і яшчэ.

— Я пайшла дамоў, Пеця. Урач прасіў доўга не затрымлівацца. Не магу я яго падводзіць, слова дала. Дома, Пецечка, пагаворым, усё мне раскажаш, а цяпер не хвалюйся, адпачывай.

Унізе, у шырокім і пустым холе бальніцы, да жонкі Іванова падышла другая жанчына, пажылая, са стомленым, шэрым тварам.

— Яму лепш,— сказала жонка Іванова.— Ён хацеў мне пра вас расказаць.

Яны выйшлі на вуліцу.


1979?

Тэкст падаецца паводле выдання: Кацюшэнка М. Адзін дождж на ўсіх: Апавяданні. - Мн.: Маст. літ., 1979.- с. 79-90
Крыніца: скан